Людміла Рублеўская АЛІГ’ЕРЫ Ў ЛУЖЫНЕ Дарожныя нататкі.

Людміла Рублеўская

 

АЛІГ’ЕРЫ  Ў  ЛУЖЫНЕ

 

Адно пафаснае падарожжа

Пабачыць Венецыю і памерці…

Не тое, каб я была настроеная настолькі радыкальна.

Хаця адна мая сяброўка і сцвярджае мройна – ах, якая была б рамантычная смерць! – але смерць прыгожай не бывае. Дый Іван Бунін, чый аповед нарадзіў рамантычны вобраз “смерці ў Венецыі”, апісаў даволі прыкрае здарэнне і даволі гідкага героя…

У нас, кніжных, свая пыха – мы, маўляў, і так усё ўявім. Вунь адлюстроўваў Пушкін італійскія ды гішпанскія ночы, хаця вальнадумны мулат быў невыязным з імперыі, і нам даволі ўяўнага. Але…

Забыць Венецыю, а заадно і Рым,

І Дрэздэн, і Верону, і Варшаву.

Ёсць толькі неба, шэрае, як дым,

Над горадам, з якога не з’язджаюць…– пісала я калісьці ў тузе па няздзейсненым, не бачыўшы ніводны згаданы горад.

Ці варта здзяйсняць? Ці варта правяраць, наколькі адпавядае фантазія сапраўднаму? Ці не расчараваўся б нашчадак беларускіх інсургентаў Аляксандр Грын, калі б патрапіў у Зурбаган, ці пазнаў бы Маркес сваё Маконда, а іспанскі канкістадор – Эльдарада?

Але мы наважыліся на вандроўку.

І вось вам — Польша і Чэхія транзітам… Мільгаюць вострыя шпілі храмаў і двухпавярховыя акуратныя дамкі, кукурузныя і сланечнікавыя палі па-вангогаўску пераліваюцца зялёна-жоўтым, скураныя пантофлі, купленыя за злотыя на памежным рынку, дазваляюць адпачыць ад туфляў, чэшскія ёгурты замяняюць абед на колах… Варшава, Брно… Бокам, спехам, маргіналіямі… Ускраіны гарадоў паўсюль падобныя: распісаныя графіці шэрыя бетонныя паверхні, маленькія крамкі з цыгарэтамі і сланечнікавым алеем…

Ад Чэхіі Беларусь атрымала нават пачатак уласнага кнігадрукавання. А яшчэ шмат, шмат чаго. І гусітаў-прапаведнікаў, якія круціліся пры вялікім князі Вітаўце, і суполку беларускіх студэнтаў 1920-х, якія, як прынята ў беларусаў, разбіліся на групоўкі і пачалі між сабой грызціся. Раман аднаго з іх, з нетутэйшым прозвішчам Вальтар, называецца “Роджаныя пад Сатурнам”. Віктар Вальтар памёр ад сухотаў, не заспеўшы Другую сусветную і сталінскія рэпрэсіі, якія дашугавалі да Чэхіі. Тады ў Празе паэтку Ларысу Геніюш, якой дастаўся архіў БНР, і яе мужа-доктара не змаглі абараніць суседзі ад “арганістаў”, і беларусы атрымалі “Споведзь”, напісаную ў сталінскіх лагерах.

Мы ж атрымалі ў чэшскім гатэлі наранак сасіску і булку з джэмам.

А першы прыпынак наш быў у Бадэне. Вядома, многія турысты пачалі шчабятаць падвойнае “Бадэн-Бадэн”. Аказалася, той, падвойны, у Германіі, гэты – “сольны”, у Аўстрыі, пад Венай. Знакамітыя тэрмальныя воды смярдзяць на ўвесь гарадок серавадародам. Калісьці ў іх папраўлялі здароўе рымскія легіянеры, плёхаліся Моцарт і Бетховен. Вундэркінд Амадэй напісаў тут кантату «Аве Верум Корпус», якую выканаў у мясцовым саборы, і месцічы ад тае пары лічаць, што твор належыць ім. Глухаваты Бетховен сачыніў на другім паверсе сціплага жоўтага дамка Дзявятую сімфонію, выклікаючы абурэнне суседзяў гучнай ігрой. Геній запісваў народжаныя натхненнем радкі проста на аканіцах, і гаспадар ягонай кватэры, каб адпомсціць неспакойнаму кватаранту, аднойчы зняў гэтыя шыбы і прадаў разам з нотамі.

Цяпер на доме шыльдачка… Турысты задзіраюць галовы да вакна і прыслухоўваюцца. Ціха гудзе кандыцыянер.

З прысвечанага 9-й сімфоніі фільма “Лекцыя нумар 21” італьянскага пісьменніка Бенаквіста, які падаўся ў рэжысёры, я даведалася, чым жа Бетховен гэтак назаліў гаспадару і іншым кватарантам. Калі Людвіг аглух, то, подчас працэсу сачынення адной рукой граў мелодыю, а другой з усяе моцы малаціў па піяніна – каб ніхто не мог разабраць, што ён сачыняе, і не скраў музыку.

Доказ — “Ода радасці”, асноўную тэму якой можна сапраўды лёгка сыграць пальцамі адной рукі.

Хваравіты Бетховен дакладна прымаў ванны ў бадэнаўскіх тэрмальных водах. Там жа лекаваліся і дамы – толькі абавязаныя былі апрануцца ад горла да пятак. Моцарт, напрыклад, прывозіў сюды лячыцца сваю жонку Канстанцыю.

З дамскім адзеннем звязаная і мясцовая легенда пра князя, у якога разбойнікі, два браты, захапілі жонку, а заадно яе тры спадніцы. Жонку вярнулі, спадніцы таксама, праз дзевяць месяцаў княгіня, якая доўга лячылася ад няплоднасці, нарадзіла спадчынніка – вядома, усё спісалі на лекавыя вартасці мясцовай вады.

Ха-ха… Браты- разбойнічкі, падобна, палепшылі княскую пароду. Але на гербе Бадэна даволі фрывольная выява – пара сужонцаў сядзіць у балеі. Плоднасць аднаўляюць, трэба думаць.

Смярдзючую цуд-ваду з фантанчыкаў лепш не піць. Не тое, што казляняцем станеш, але ж гэта лекі, рэкамендацыі доктара трэба…

Прыбіральня ля плошчы з аўтастаянкай бясплатная, але ля ўваходу, на століку, талерка: хто колькі адшкадуе. “Руса турыста” ў асноўным не адшкадоўваюць. Малады акуратны хлопец, што працуе ў прыбіральні, пабачыўшы, што кладу ў талерку еўра, здалёк крычыць сваё “данке шон!”

У краме Бадэна набылі некалькі круглых мініяцюрных бутэлечак з лікёрам “Моцарт”. Моцарт на цукерках, Моцарт на кубках… Бетховена чамусьці амаль няма, і нават Ёгана Штрауса – а гэта ж і ягоная “рэкламная вотчына”! Менавіта тут ён пачаў сачыняць, сварыўся з бацькам, які страшэнна не хацеў, каб сын рабіўся музыкам і складаў яму канкурэнцыю, нават разбіў аб сцяну купленую сынам скрыпку… Дарэчы, месца дзеяння аперэты “Лятучая мыш” – Бадэн, і вобраз п’янага начальніка мясцовай турмы, які скардзіўся, што зняволеныя разгойдваюць казематы, спісаны кампазітарам са свайго сябрука, які сапраўды загадваў турмой.

А вось і крама з нацыянальным адзеннем. Яно вельмі дарагое – натуральна ж, хэнд-мэйд. Але гэтыя сукенкі-спаднічкі-картовыя пінжакі мусяць мець усе праўдзівыя аўстрыйцы, і носяць іх з гонарам, і не толькі на святы. З немаўлячага ўзросту апранаюць у свойскае – гэта да спрэчкі пра беларускія вышыванкі.

Турыстаў абавязкова вядуць да фантану ў стылю арт-нуво: над марскімі пачварамі ўзвышаецца грацыёзная фігура Ундзіны… Гэта выява дачкі ўладальніка аўтазаводу. Дзяўчыну звалі Мерседэс, і ясна, чаму аўто, якія рабіў ейны татулька, пачалі называцца адпаведна. Фабрыкантава дачка песціць мармуровае цела пад аўстрыйскім сонцам, і яшчэ раз сведчыць, што “як маеш грошы – дык і сам харошы”…

Аўтобус наш польскі, кіроўцы – два палякі: мажны ўпарты Станіслаў і меланхалічны вусаты Лешак. Абодва робяць выгляд, што не разумеюць расейскай мовы (асабліва калі ў іх просяць, напрыклад, кіпню). Круцяць польскія пёсенькі і час ад часу ўключаюць фільм пра хрысціянскую каталіцкую місію. У групе некалькі расіянаў. А мы з сябрамі размаўляем на беларускай мове. І хутка ў аўтобусе яна пачынае гучаць усё часцей – людзі пачынаюць да нас звяртацца па-беларуску, падчас экскурсій падыходзяць, ціхенька прызнаюцца, як ім прыемна чуць родную гаворку, што яны і самі б рады, толькі развучыліся… Расіяне маўчаць, трымаюцца разам.

Аўстрыя падобная да дзіцячага канструктара – шчаслівы вялізны дзіцёнак гуляецца з рознакаляровымі дамкамі, перастаўляе белых пухнатых авечачак па ярка-зялёных лугах, грувасціць горы на горы, пускае па іх вадаспадзікі і аблокі… Здаецца, у аўстрыйскім лесе кожны камень час ад часу праціраюць ад пылу. А ў кожным гарадку – храм, побач – якісь замак ці кляштар, і цалкам магчыма, што ў тым замку на скале сядзіць барон у -наццатым пакаленні.

Дарэчы, прачытала, што сюды, у Альпы, цяпер цугам едуць тыя, хто хоча памерці. У Швейцарыі, здаецца, узаконілі эўтаназію, ну і… А што? Дэкарацыі спрыяюць. Успомніць “Чароную гару” Томаса Мана, “Жыццё ўзаймы” Рэмарка… Тут самае месца для запаволенага, адсланёнага згасання смяротна хворых – сярод застылай, эльфійскай прыгажосці над аблокамі…

У гатэлі над аблокамі, дзе мы начуем, ціха-ціха… Раніцай выйдзеш на тэрасу – я ў паштоўцы? Горы, зялёныя, нібы пафарбаваныя, лугі, авечачкі, пара цацачных домікаў…

Італія адразу змяняе карцінку… Як быццам гралі на флейце, а цяпер – на трубе, замест гуашы – алей. Жоўтыя дамы з чарапічнымі дахамі, платаны, якія ўтвараюць навес над дарогай – я напачатку была ўпэўненая, што ўсе гэтыя ўрачыстыя цёмна-зялёныя прысады вядуць да могілак, руіны крэпасцяў… Нездарма лічыцца, што малады мастак абавязкова павінен памаляваць тут – каб адчуць “адкрытыя фарбы”.

Польскія кіроўцы прывезлі нас не на той прычал, з якога мы павінны былі адпраўляцца ў Венецыю, давялося тэрмінова шукаць іншы човен.

Корпус нашага катэра з драўніны, пляскаты – адразу згадаліся галеры. Што ж, не ўсе прыплывалі ў горад святога Марка як жаданыя госці, некаторыя  — як рабы. На Корфу, дзе мы з сынам былі, венецыянцаў памятаюць як імперскіх захопнікаў, хоць і набудавалі яны там і крэпасцяў, і дамоў з калонамі.

Венецыя з усіх сілаў намагаецца прыпадобніцца стэрэатыпам пра яе. Гарбатыя мосцікі над цёмнай вадой каналаў? Калі ласка. Гандолы, сапраўды падобныя да чорных лакавых трунаў – параўнанне страшэнна абурае венецыянцаў – калі ласка. Карнавальныя маскі з пап’е-машэ і парцаляны, сцены, што нагадваюць пазелянелы, пацямнелы панцыр пракаветнай чарапахі, узорыстыя вакенцы з калонамі, быццам карункі старажытнага каўнера – калі ласка… Тое, што большасць масак зроблена ў Кітаі – справа іншая… Сапраўдную маску, зробленую майстрамі тут, на тваіх вачах, купіць дорага.

Венецыянак называлі залатавалосымі, меднавалосымі… Змрочны германец Дзюрэр, выхаваны ў строгім бюргерстве, быў пасланы ў абавязковае навучанне ў Венецыю… У яго ёсць партрэт венецыянкі – менавіта такой золатавалосай, пышнацелай, дзёрзкай… Гісторыкі любяць параўноўваць яго з партрэтам жонкі Дзюрэра – добрапрыстойнай фрау з пасагам, належнай пары для сумленнага рамесніка. Чорна-белая графіка скупа, з нядобрай прыдзірлівасцю выяўляе падслепаватую, хваравітую нямецкую кабету ў каптуры, побач з якой можна толькі з тугой успамінаць залатыя валасы дзёрзкай венецыянкі.

Дарэчы, той колер валасоў дасягаўся даволі непрыемным рэцэптам, са складнікамі кшталту аслінай мачы…

Міф пра тое, што Венецыя патроху сыходзіць у ваду, месцічы абурана абвяргаюць. Нікуды горад ільвоў, з прыпынкамі грамадскага транспарту на ўскрайку вады, не падзенецца!

Казанова, непрыгожы, але харызматычны і дужы авантурыст, напісаў цэлую кнігу пра тое, як збег адсюль, вось з гэтай венецыянскай турмы ў палацы Дожаў. Самазакаханы да хваравітасці скаральнік дамскіх сэрцаў, калі яго прасілі распавесці пра ўцёкі, патрабаваў для расповеду некалькі гадзінаў. А папросяць укласціся ў больш кароткі час — ганарліва адмаўляўся гаварыць увогуле нават дзеля каранаваных асобаў. У Венецыі лічаць, што ўцёкі былі інсцэніроўкай – насамрэч Казанову, груба кажучы, завербавала інквізіцыя, таму што да канца жыцця ён быў ейным шпіёнам.

Зняць гандолу каштуе каля ста еўра… Затое гандальеры, як і належыць, у паласатых строях і капелюшах, і калі не напяваюць, дык хаця б насвістваюць традыцыйныя песенькі… Стаць гандальерам можна толькі тады, калі хтось з іх памрэ і вызваліць месца ў цэху. Як у юрыстаў – кажа гід.

У знойдзеным гісторыкам Віталём Скалабанам страчаным рукапісе Максіма Танка – сцэнарыі фільма “Над Нараччу” — нарачанскія рыбакі плаваюць на чоўнах, як праўдзівыя гандальеры, спяваюць для беларускіх светлакосых прыгажунь… Ну і вядуць класавую барацьбу. Палескія “гандальеры”,  вымушаныя карыстацца чоўнамі падчас паводкі, таксама спявалі… Ды нават наш Менск ператвараўся часам у сапраўдную Венецыю – калі разліваліся Свіслач і Няміга.

Эх, каб толькі гэта былі не балаты і не застойная вада Плябанскіх млыноў, а мора! Можна колькі заўгодна, як Радзівілы ў Нясвіжы, загадваць пракопваць “венецыянскія каналы”, але калі іх не запоўніць мора – гэта будуць проста канавы.

Бронзавы кандацьер Калеонэ працы настаўніка Леанарда да Вінчы і Батычэлі, вялікага Верокіа (скульптар быў маленькім прыгорбленым таўстунчыкам) пагардліва паглядае на нас: а няма чаго вышукваць асацыяцыі там, дзе іх быць не можа! “Беларускі Бальзак”, “беларуская Венецыя”, “беларускі віскі”… Цьху!

Кандацьер ці не адзіны помнік урадаўцу, які ёсць у Венецыі – там “культ асобы” лічыўся непрыстойным, дожа абіралі большасцю галасоў, ён заручаўся з морам (кідаў у яго пярсцёнак) і з дапамогай святога Марка кіраваў горадам, як роўны сярод роўных (ліберум вета і шляхецкая вольніца Вялікага княства!)

Дарэчы, гандальерамі часта былі жанчыны!

У маладосці я страшэна марыла пра падарожжы… Намалявала свай аўтапартрэт “На фоне Еўропы”, выкарыстаўшы для гэтага малюнак з каробкі ад абутку беларускай фірмы “Марка” ( дзеля справядлівасці, успомню, што пачынала перамалёўваць дачка). Прыгожанькі такі гарадскі пейзаж з брукаваным пляцам, дамкамі з чарапічнымі дахамі і вежай… Для мяне гэта была такая “Еўропа ўвогуле”. На пляцы святога Марка ў Венецыі я нарэшце спалучылася з тым старым малюнкам на абломку тоўстай дошкі, да якой я так-сяк прыбіла падабенства рамкі…

І галубы тут, на пляцы Сан Марка, ёсць. Тлустыя, нахабныя. Абсядаюць каваныя ліхтары, быццам упэўненыя, што таксама могуць свяціцца.

Не памятаю, якую манетку я кінула з узбярэжнай – цэнты, злотыя ці ўкраінскія капейкі –  але вярнуцца хочацца, бы ў дом, які толькі на хвілю прыадчыніў для цябе дзверы, каб падражніць таямніцай і залатым святлом гісторыі…

Праблемы з каналізацыяй у горадзе святога Марка маюцца – не зліваць жа ўсё ў мора! Пахне там-сям адпаведна…

Тут пахаваны Іосіф Бродскі і Стравінскі… Бродскі, які абяцаў у вершы, што “на Васільеўскі востраў прыдзе ён паміраць”, спачыў тут. Вакол запаветаў і апошніх слоў вядомых людзей зашмат накручана… Смерці ўсё роўна, каму належаў сатлелы плоцевы мех, усе роўныя перад збуцвеннем і болем. Ну, сказаў адзін чувак у агоніі “Святла паболей!”, дык угледзяць у тым ці не заклік да асветы ўсяго чалавецтва… А ён проста паміраў, і ў вачах цямнела…

У венецыянскай вільготнай зямлі ляжыць стваральнік “Рускага балету” Сяргей Дзягілеў… Паміраў цяжка, ад фурункулаў – наступства дыябету. Запомніўся страшны эпізод з успамінаў Сяргея Ліфара, маладога танцаўшчыка і палюбоўніка Дзягілева. Ліфар даглядаў апекуна ў апошнія дні, Дзягілеў памёр у яго на руках… Калі труну паставілі для развітання ў праваслаўнай царкве Венецыі, Ліфар хацеў туды зайсці — але нешта не пускала. Нібыта нейкая сцяна… Раз за разам прыгажун спрабаваў апынуцца ў храме — і кожны раз яго нешта спыняла. Тады яго гэтак апанавалі жах і адчай, што хлопец закрычаў і бегма ірвануўся ў вароты, і прарваўся, і спыніўся ажно ля алтара…

На магіле Дзягілева на востраве Сан-Мікеле заўсёды ляжаць балетныя туфлі, напханыя пяском, каб не знёс вецер…

У Венецыі памерці прыкольна. Але не хочацца. Усё роўна не пахаваюць жа побач з Бродскім, а складуць твае неапетытныя парэшткі ў труну і адправяць на далёкую балоцістую радзіму, стварыўшы прыкрыя клопаты процьме народу, як было, калі геніяльнага мастака Селяшчука захліснула хваляй на пляжы Тырэнскага мора.

У часы дожаў выгнанне з гораду прыпадабнялася выгнанню з радзімы. Былі не італьянцы і не беларусы – а венецыянцы і палачане, міланцы і гарадзенцы… З маленькіх годнасцяў, з лакальных адданасцяў толькі і магла вырасці вялікая годнасць вялікай радзімы. Любоў да чагосьці агульнага, глабальнага ўвогуле нетрывалая, быццам нехта спрабуе нацягнуць плёнку на занадта вялікі шар, яна лопаецца, рвецца, і праз дзіркі вылазіць наша традыцыйнае беспамяцтва, манкурцтва, мара “зваліць”… “Радзімалюбоў” мусіць трымацца за нешта вельмі канкрэтнае: хату з надрапанымі на дзвярах рысачкамі, якімі бацькі адзначалі твой рост, закінуты вадзяны млын, на якім у маленстве гуляў у хованкі, фотаздымак прадзеда ў канфедэратцы, могілкі, на якіх ты расчысціў надмагілле пазамінулага стагоддзя і назаўсёды запомніў выбітае на ім чужое імя, якое больш не памятае ніхто ў свеце.

Венецыя, вольны горад, дзе больш не фарбуюць валасы ў мядзяны колер аслінай мачой, заваяваны турыстамі… Але леў святога Марка паглядае з калонаў і фасадаў, гатовы скочыць… Не патоне яна, Венецыя… І турысты не затопчуць. Для іх тут кітайскія маскі і габеленавыя торбачкі з выявай каналаў і палацца. А сэрца горада – там, пад брукаванкай, і мы не чуем ягонага размеранага, пагардлівага стукату. Камедыя дэль артэ працягваецца, і ніхто не ведае, што хаваюць маскі і касцюмы.

Прататып венецыянскай маскі, дарэчы – касцюм чумнога доктара. Жудкая скураная маска, падобная да пачварнага птаха: “дзюбу” набівалі вохкімі травамі, якія нібыта забівалі заразу.

У кавярні каля Сан-Марка замовілі спагеці… І нават не пацягнуліся да прынесенага афіцыянтам-азіятам слоіка з чымсьці белым і сыпкім, нібыта буйная соль… Калі спагеці з’елі, аказалася, у слоіку быў сыр, наструганы так дробна, як мы не звыклі, і ім належала страву пасыпаць.

А хутка спазналі на сабе, што такое італьянскі сняданак: булка з джэмам. Гаспадар маленькага прыдарожнага гатэльчыку, аплеценага вінаградам, нібы выйшаў з камедый Гоцца і Гальдоне. Сквапны карчмар… І каты ў яго худыя, як селядцы.

Вось толькі пра Венецыю… Пра сон,

Пра мора, смерць ад пацалунку мора,

Пра вітражы гатычныя вакон,

Каменных львоў і друкаваны дворык

Забыць, забыцца… Што Гекуба нам,

Што мы Гекубе? Гамлеты без трона…

А нас чакаў Вечны горад. Можна сказаць, прарадзіма. Беларускія шляхціцы ж верылі, што паходзяць ад рымскага арыстакрата Палямона, які ўцёк з радзімы і пасяліўся ў нашых балатах і пушчах, заснаваўшы племя сарматаў.

Пра “залаты яблык” на купале рымскага храма святога Пятра складзена шмат легенд і напісана мастацкіх твораў. У адным аповедзе маленькі хлопчык быў апантаны марай ухапіць той залаты яблык, так што, нібы лунатык, залез на купал храма і загінуў. Гэтак японскі паэт Басё марыў прайсці на месяцовай дарожцы на вадзе… Пайшоў, патануў…

Вядома, папсаваў усім уражанне ад Рыма Дэн Браўн сваймі псеўдагістарычна-містычнымі канструкцыямі… З аднаго боку, як бы папулярызацыя вядомых артэфактаў – Ватыкан, “Боская камедыя”, “Тайная вячэра” Леанарда… З другога боку – лухта запамінаецца мацней… Таемныя змовы, фанатыкі-забойцы, пасланні з мінулага… Таму ў мазгах нашых сучаснікаў утвараецца часам эзатэрычная каша. Нічога, Рым не такое перацярпеў ад пісьменнікаў і мастакоў!

Чаго я чакала ад Рыма? Наўрад таго, што ён пачнецца з паездкі ў метро, падчас якой мы маглі пераканацца ў тым, што італьянцы любяць адкрыта выказваць свае эмоцыі ( то цалуюцца, то лаюцца). Яшчэ — з мурынаў, якія бегаюць па вуліцах, прапаноўваючы хусткі з надпісамі “Рома” і пластыкавыя Калізеі… З чаргі ў Ватыкан, у якой можна прастаяць дзень… Што патрапіў у іншую дзяржаву, разумееш, калі праходзіш памежны кантроль – гэта падобна да аэрапорту. Пра тое, што дзесьці побач Папа, неяк не задумваешся – толькі паказваюць: вось там іх, пап, выбіраюць, вось на гэты балкон выводзяць… А гэтыя вароты замураваныя, адчыняюцца раз у дваццаць пяць гадоў, хто паспее праз іх прайсці – таму адпусцяцца ўсе грахі.

Пры нас вароты былі замураваныя. Не лёс.

У Ватыкане ўвесь час трэба нагадваць сабе: “Гэта не копіі. Гэта арыгіналы”. І Апалон Бельведэрскі, і Лаакаон, і Торс… Цікавы персанаж, дарэчы, згаданы Торс, “настаўнік” Мікельанджэла. Ганарысты Буанароці называў настаўнікам скалечаную антычную статую – ні рук, ні ног, такіх інвалідаў пасля вайны называлі “самаварамі”. Затое ў гэтым абрубку адчуваецца моц, рух, прыгажосць… Як сцвярджаў расейскі пісьменнік Міхаіл Анчараў, твор мастацтва адрозніваецца ад вырабу рамесніка тым, што кожная ягоная частка з’яўляецца асобным творам мастацтва – і каб знайшлі толькі рукі Венеры Мілоскай, быў бы твор “рукі багіні”. Так і Торс… Каго ён выяўляў, хто яго стварыў? Мы не даведаемся ніколі. Можа, пры жыцці ягоны скульптар быў не самым паважаным і знакамітым, можа, сам Торс быў дэталлю якой-небудзь грувасткай, пампезнай кампазіцыі, якая праслаўляла зямных уладароў ці багоў і не выклікала асаблівага эстэтычнага трымцення? Можа, пакуль яго вянчала галава, у яе твар многія хацелі плюнуць?

Дарэчы, яшчэ адзін дзіўны экспанат – вялізная бронзавая шышка пініі ў двары. Можна прыняць за твор сучаснага мастацтва – але гэта выраб антычнасці… Яе знялі ў свой час з маўзалея Андрыяна. Дантэ згадаў тую шышку ў “Боскай камедыі”. Твар аднаго з гігантаў, убачаных у пекле, шырокі і доўгі, як “шышка ў Рыме ля Пятрова храма”.

Мікельанджэла, дарэчы, зусім не збіраўся распісваць Сіксцінскую капэлу. Бо не лічыў сябе мастаком. Але Папа сказаў – “Малюй. Мы вырашылі, што ты мастак”. І маляваў. Доўгія гады распісваў купал, на вышыні, на будаўнічых лясах, задраўшы голаў, так, што скрывіў пазваночнік і сапсаваў зрок – вочы сталі расфакусаваныя, каб разгледзець, мусіў падымаць прадмет над сабой. Сябе вялікі фларэнтыец выявіў на фрэсцы ў выглядзе насельніка чыстца з садранай скурай, а свайго галоўнага ворага – кардынала-крытыкана – у самым нізе пекла, ды яшчэ абвітым змяёй. Прычым змяя кусае кардынала за самае дарагое для мужчыны месца. Калі фрэска была скончана, “герой” сцэны раз’юшыўся… І нічога. Папа толькі пасмяяўся, маўляў, каб Буанароці цябе ў раі намаляваў, дык я мог бы паўплываць, а ў пекле сувязяў не маю… Разумеў, што мастак мае права маляваць так, як ён хоча – бо толькі так атрымліваюцца шэдэўры.

Сіксцінская капэла – галоўная прынада турыстаў. Там нельга размаўляць (але размаўляюць). Нельга фатаграфаваць (але крадма фатаграфуюць). Нельга надоўга затрымлівацца (але мяне ледзь скранулі з месца). Калі стаіш пад “Стварэннем свету”, чамусьці жыццё замаруджвае крок. Часу проста няма.

А яшчэ ўразілі сцены капэлы – адразу ідзе распісаны Мікельанджэла купал, потым – карціны Рафаэля, Бацічэлі ды іншых, а потым – імітацыя занавесаў. Здаецца, сапраўды вісіць цяжкая узорыстая тканіна. Хоць носам ткніся у роспіс – не расчаруешся.

Млявая фігура Адама – гэта яшчэ матэрыял, пазбаўлены току механізм, моцная рука Стваральніка вось-вось “падключыць” стварэнне да сусветнай энергіі… І гэтая мізэрная і непераадольная адлегласць паміж іх пальцамі – як узмах ляза смерці, бо калі гэтая адлегласць ёсць, хоць на таўсціню воласа – жыцця яшчэ няма. Сэнс фрэскі, сэнс усяе Сіксцінскае капэлы – менавіта ў гэтай адлегласці, недавершанасці, у гэтым “вось-вось” – і дакрануцца, спалучацца дух і плоць, творца і стварэнне… Але – пакуль не… Ёсць толькі намер, толькі рух насустрач… І ў гэтым вялікая трагедыя мастакоў усіх часоў – немагчымасць абсалютнага авалодвання матэрыяй, ажыўлення яе.

П’ету працы Мікельанджэла ў храме Святога Пятра адгарадзілі куленепрабівальным шклом: адзін маньяк кінуўся быў яе разбіваць з крыкамі, што занадта праўдападобна. Глядзець невыносна. Шкло як бы і празрыстае, але штосьці важнае адбірае.

А вось да правай ступні бронзавага Святога Пятра дакрануцца можна: вядома, загадаўшы жаданне. Ступню станьчылі далоні вернікаў так, што праз пару стагоддзяў яна, відаць¸ сатрэцца дарэшты. Надмагілля апостала няма – вядома толькі, што храм пабудаваны над яго пахаваннем. А вось магіла Рафаэля ёсць: над ягонай плітой, у нішы, цалуюцца два залатыя галубы. Што ж, каханак булачніцы Фарнарыны для ўсіх увасабляе каханне і мілату. Хаця, як і ўсе мастакі эпохі Адраджэння, быў яшчэ тым прайдзісветам. Жывапісцы, скульптары, музыкі, філосафы, паэты біліся на кулаках, пілі і спакушалі жанчын, атручвалі ворагаў, інтрыгавалі… Беларускі шляхціц Міхайла Глінскі ў гэты час таксама спрабаваў сябе ў Італіі як мастак, маляваў рымскіх натуршчыц, потым спакусіў герцагіню, пляменніцу папы, потым у карчме даў па галаве куфлем нейкаму задзіраку, а той выявіўся сваяком дэкана ўніверсітэта, дзе Глінскі вучыўся… Давялося ўцякаць, уладкаваўшыся матросам на карабель. Каб пасля разбіць татараў пад Клецкам, перабегчы да маскоўскага цара і быць аслепленым у сутарэнні па загадзе роднай пляменніцы – расейскай царыцы…

Італія Адраджэння — гэта эпоха мецэнатаў, яна вымагала змагацца за цёплыя месцы. Леанарда да Вінчы, быў, дарэчы, не вельмі ўдалым кар’ерыстам. Плацілі яму менш, чым іншым знакамітым калегам, працаваў недаравальна марудна, дый з-за ягоных вечных эксперыментаў з фарбамі фрэскі асыпаліся.

Так, шаснаццатае стагоддзе для рымлян – не даўніна. Петрарка і Дантэ, блукаючы па гэтых вулках, бачылі тыя самыя дамы, і той самы Калізей, што і мы. “Сенатары то спяць, то зноў равуць, і топяць аднаго адзін прыгожа. А што паэты тут? Паэты – п’юць, ці паміраюць – той, хто піць не можа”. Калісьці я, начытаўшыся хронік Святонія, напісала драматычную паэму “Пасля Цэзара”, часы якой адбываюцца ў эпоху Актавіяна Аўгуста.

Мяне цікавіла, чаму ўсе кандыдаты на трон такія добрыя-душэўныя, а варта ім атрымаць уладу – ператвараюцца ў тыранаў? Я пісала пра Тыберыя, таленавітага смелага юнака, якому маці, уладная прыгажуня Лівія, здабыла інтрыгамі трон, пры гэтым забіўшы ў сыне веру і чалавечнасць. З паэмы пры публікацыі “вынялі” тост старажытнарымскага паэта “Што тут паэт? У гэтым сквапным свеце за тое плоцяць, што нясуць у дом. А вершы – гэта зоры, гэта вецер, імгненне, што застыла пад сцілом… Што можам паказаць мы багацеям? На твар багіні – толькі лёгкі след. Не напалохаюць герояў цені, якія ажыўляе кіфарэд…”

Немагчыма ў творчасці зусім пазбегнуць антычных матываў… Але гісторыя чалавецтва пабудаваная на тым, што час ад  часу нейкае пакаленне пачынае апантана абвяргаць і знішчаць тое, што створана папярэднікамі, абвяшчаючы гэта блюзнерствам ці “баластам на караблі рэвалюцыі”… Рым – выдатны прыклад таму. Рымляне паразітавалі на грэках, пераняўшы ў зваяваных іхнюю культуру, навуку і нават пантэон багоў – толькі памяняўшы Зеўсаў на Юпітэраў… Ну, гэта калі яшчэ не згадваць этрускаў, чые землі яны занялі. Калі запанавала хрысціянства – пачалі нішчыць статуі багоў і паганскія храмы… Нават сярод хрысціянаў былі прыхільнікі таго, што нельга рабіць выявы Бога… Мастацтва абвяшчалася грахоўнай раскошай, папы замаўлялі цудоўныя карціны, Саванарола іх паліў… Уся гісторыя – гэта вялікая сметніца, на якой мы знаходзім парэшткі, аскалёпкі, ашмёткі і па іх рэканструюем мінулае – на свой густ. Вось як тут – зазірнуў за вугал, на вузкую вулічку – а гэта вуліца Нагі. Дакладней, Ступака. Стаіць такі мармуровы, велічынёй з аўтамабіль… Кажуць, ад статуі Артэміды. Вуліца Коткі – і сапраўды, вось яна, маленькая, але ягіпецкая, котка, якой некалькі тысяч гадоў, сядзіць на карнізе і глядзіць белымі невідушчымі вачыма…

“Юпітэр, перад мармурам тваім віна адлею: Апалон – бяссілы… У вершах цэзар праслаўляе Рым узнёсла, аж да вогненнай магілы…”

Напэўна, каб прачуць — вось Калізей, Капітолій, Палацін, трэба было больш часу і моцы… Але пад вечар мы маглі толькі ўлегчыся на каменныя пліты пад сценамі амфітэатра, які памятаў Цэзара, Нерона і Спартака, і лена адбівацца ад нападаў азіятаў, якія настойліва прапаноўвалі пластыкавыя кубікі з выявамі рымскіх помнікаў па адным еўра…

Рома, ах, Рома… Радзівілы сталі князямі Рымскай імперыі – трэба ж было каралеўскім фаварытам здабыць прэстыжны тытул, каб падцерці нос магнатам, што лічылі сябе больш радавітымі. Пане Каханку жыў тут у выгнанні пасля паразы пад Слонімам у бойцы з войскамі Панятоўскага і расейцаў. Дзівіў італійцаў надзвычай тлустай ежай і пахвалёнамі, што мае “неразменны склют” – залатую манету, прычым велічынёй з жорнаў. У Рым у пятнаццатым стагоддзі ездзіў беларускі шляхціц Аляксандр Солтан, каб здабыць грамату ад папы, што ў Вялікім Княстве Літоўскім дазваляецца служыць па праваслаўным абрадзе – палякі-каталікі якраз пачалі “наязджаць”… Грамату здабыў, нават з’едзіў у Ерусалім і стаў рыцарам Гроба Гасподняга, але грамата не падзейнічала. У Вільні ў касцёлах Солтана абазвалі сабакам і не паверылі ягоным расповедам.

А вось падземны, катакомбны Рым мы не паглядзелі… Куды там… У Конан Дойла ёсць апавяданне пра помсту археолага. Ён заманіў суперніка, які загубіў ягоную нявесту, у сутарэнні, расказаўшы, што знайшоў месца служэння першых хрысціянаў… Сапраўды, знайшоў. І пахаванні, і падземны храм… Вось толькі пакінутая пад зямлёй ахвяра так і не выбралася наверх з лабірынтаў. Гэтак жа, як няшчасны Фартуната, замураваны ў італьянскіх катакомбах помслівым Мантрэзорам, героем аповеду Эдгара По “Бачоначак амантыльяда”.

Каменьчык ад Калізея адправіўся ў маю мінскую калекцыю камянёў.

Бывай, горад прыёмных сыноў ваўчыцы, Рамула і Рэма… Трошачкі ад цябе заўсёды будзе ў любым творы да сканчання чалавечае цівілізацыі, а мы, народ неўраў-ваўкалакаў і нашчадкі Палямона, гэта зразумеем лепей за іншых.

Па дарозе да наступнага гатэльчыку аказалася, што паны-кіроўцы няправільна занеслі ў навігатар назву мястэчка, у якім мы павінны начаваць. Ноч, італьянскія Альпы, вузенькія вясковыя дарогі, лес, мільгаюць разваліны крапасных сценаў і замкі… Сорак тры беларускія турысты згубіліся паміж расселін, скалаў і піній. Як у эпізодзе з аповесці Джэрома К. Джэрома пра ангельскі лабірынт, калі турысты ходзілі па коле, праходзячы ля аднаго і таго ж кавалка кінутай булкі, мы ездзілі па коле, пазнаючы адзін і той жа замак… Вось да Рыму трыццаць тры кіламетры… Праз гадзіну шыльда сведчыць, што да яго – трыцаць сем кіламетраў. Яшчэ праз гадзіну — трыцаць два. Як быццам Рома водзіць нас вакол сябе, навязаўшы на нябачную нітку. Дабраліся да начлегу толькі а палове першай ночы…

Калі рымскія цэзары хварэлі, да іх паслугаў былі тэрмальныя воды. Паводле легенды, тэрмы Сатурнія ўзніклі, калі Юпітэр шпурнуў дзіду ў змрочнага Сатурна ды не пацэліў, і з таго месца, куды зброя ўваткнулася, палілася гарачая вада. Ёсць тут, ніжэй, і спа-курорт, басейн якога запаўняе вада з чароўнай крыніцы. Але што тычыцца галоўнага вадаспаду Муліна ля старога млына, куды прывезлі нас – дык калі яго хацелі неяк асучасніць, пабудаваць памяшканні для наведнікаў, ну і, вядома, браць за купанне плату – месцічы зладзілі маніфестацыю пратэсту. І мы пабачылі тэрмы ў такім самым выглядзе, як калі ў іх плёхаліся этрускі ці лячыў скураную хваробу тыран Сула. Вадаспад гарачай вады, ад якой за вярсту пахне серавадародам, струменіць уніз з узгорка. З мінералаў утварыліся гэткія чашы, у якіх з задавальненнем сядзяць людзі… Мы прасядзелі дзве гадзіны. Літаральна не хочацца вылазіць. На дне – дзіўныя круглыя каменьчыкі, якія відавочна ўтварыліся з мінералаў і соляў, як утвараюцца ў арганізме чалавека. Здымкі з відамі тэрмаў Сатурнія дзіўным чынам нагадваюць карціну расейскага мастака Іванова “З’яўленне Хрыста народу”. Празрыстая вада, стракаты натоўп, хтось распранаецца, хтось хутаецца ў рушнік, адзежа раскідная па кустах і скалах… Іваноў большую частку жыцця правёў у Італіі, 20 гадоў маляваў эскізы да сваёй галоўнай карціны. Ці не можа быць, што прататыпам Іардану паслужылі тэрмы Сатурнія?

Праз партовы горад Чывітавек’ю проста праехалі – толькі прыхапілі экскурсавода. Хаця чакалася экскурсія. Аднак самае цікавае з гэтым горадзе, падобна, ягоная назва нібыта на птушынай мове. Падчас апошняй вайны ўсё разбамбілі. А вось па Грасэце мы прайшліся. Сярэднявечны гарадок, вакол якога захавалася высозная шырокая абарончая сцяна, якая ў плане ўтварае шасцікутнік. Па ёй можна гуляць, як па прысадах. Між дрэваў выставілі старажытнарымскія ванны. Турысты зараз жа паспрабавалі сфоткацца, залезшы ў іх. Быў у горадзе інстытут, які рыхтаваў рэстаўратараў – ды зачыніўся… Не грашовая спецыяльнасць. І экспанатаў археолагі навыкопвалі процьму – ляжаць у запасніках.

Наведвалі мы мястэчка ў час сіесты, а значыць, усё было, як вымершы. Нават гаварыць гучна было няёмка – нібы каго пабудзіш. У саборы трынаццатага стагоддзя – алтар Антонія Гіні і “Успенне” Матэа дзі Джавані… Увогуле, ад усведамлення мясцовага багацця проста дыханне перахоплівае – у любым, самым маленькім, мястэчку маецца якісь шэдэўр, за які наш нацыянальны музей душу заклаў бы, калі яна ў яго, вядома, ёсць… Джота, Батычэлі, Рафаэль, Фра Філіпа Ліпі, ці проста антычная скульптура, разваліны храма якойсці Мінервы…

У Грасэта ёсць турма і старажытны шпіталь Мізэрыкордыя, у якім зараз банк. Маюцца кляштары францысканцаў і кларысак… А як іначай – Святы Францыск Асізскі і ягоная сяброўка святая Кларыса — асобы ў гісторыі неаддзельныя. У маленькім храме францысканцаў вянчаўся артыст і спявак Андыяна Чэлентана. Ён сябруе з мясцовым пробачшам, вось і прыехаў… Каб ціха, без папарацы, ноччу ўзяць шлюб.

Там-сям у Італіі можна бачыць рэшткі памяці пра Мусаліні і фашыстаў. Рэшткі – таму што ўсё фашыстоўскае знішчаецца. Тут людзі таксама нацярпеліся… Помнік ля крапасной сцяны Грасэта, малацікавы шэры абеліск з пафаснымі арламі, відавочна ўзведзены ў часы Мусаліні, але ўвенчаны зоркай: пасля вайны, збіўшы ганебныя элементы, яго “рэабілітавалі”. Але ў адным месцы на сцяне мы ўсё-ткі пабачылі накрэсленую кімсьці свастыку: зараза гэтая час ад часу па ўсім свеце дае рэцэдывы.

Грасэта – гэта ўжо правінцыя Таскана… Калісьці тут было процьма малярыйных балатоў. Асушылі… Мясцовыя “людзі на балоце” забыліся, што такое твань і дрыгва. Аднаму з Габсбургаў, што асушыў тыя балаты, нават стаіць конны помнік на пляцы. Хоць дзесьці меліярацыя пайшла на карысць… Цікава, беларусы паставяць калі-небудзь помнік тым, хто асушыў іх балаты?

А раней тут заходзілася пасяленне этрускаў, якое называлася, між іншым, Руселы. Амаль па-славянску… На гербе горада – грыфон, які сведчыць, што гараджане паходзяць ад этрускаў. Калі беларуская шляхта лічыла, што паходзіць ад выгнанага рымскага князя Палямона, чаму яна не можа мець роднасныя сувязі з этрускамі?

Горад, дзе мы павінны былі спыніцца на пяць дзён, называецца Ліда дзі Камаёрэ. Насамрэч пасёлак Камаёрэ – вышэй, у гарах. А тут – пляжная зона. Мора ад нашага гатэлю “Перла дзі марэ” – зусім блізка. Пару хвіль… Але не ўсё так проста ў капіталістычным свеце: паколькі свайго ўчастку берага ў нашага гатэля няма, нам трэба паўгадзіны ісці да муніцыпальнага пляжу. Бясплатнага, а таму вузенькага, заціснутага між двума прыватнымі, зазвычай пустэльнымі, затое застаўленымі акуратнымі шэзлонгамі.

На вузенькай бясплатнай палосцы людзей, як камароў над дрыгвой. Адразу набягаюць мурыны, якія прадаюць посцілкі, сумкі і сонечныя акуляры. Маладая тайка ходзіць і прапаноўвае кропкавы масаж. А мы, белыя, паўночныя дзікуны, лезем у мора. На моры – хвалі. Вісяць сцяжкі – чырвоны і жоўты. Ніхто не купаецца. Але ў нас мала дзён у запасе і шмат стомы ад аўтобуса… Выратавальнікі, у асноўным чорнаскурыя, адразу проста свісцяць крэйзі турысто, што скачуць у крутых хвалях Лігурыйскага мора, потым ажно спускаюцца са сваіх вышак, стаяць на беразе, зусім па-італьянску жэстыкулююць, хапаюцца за галовы, зноў свісцяць… Але наша турыстычная група – у моры! Мы шчаслівыя!

Урэшце мы з мужам купляем у аднаго з настойлівых пляжных гандляроў ажно дзве вялікія посцілкі – чырвоную з чорнымі чарапахамі і белую, з выявай сонца месяцовага: надта нагадала сімвалы Францыска Скарыны. Так што цяпер у нас на канапе – посцілка, купленая на Лігурыйскім моры, у Тасканскай Рыўеры, у сенегальца-нелегала, зробленая, як засведчыў цэтлік, у Індыі, і выявіўшая скарынінскія знакі.

Дарэчы, нас адразу папярэдзілі, што калі прыйсці на пляж ноччу – штраф тысяча еўра.

Зразумела: ноччу выцягваць з хваляў ніхто не будзе… А твой труп – не самая лепшая рэклама курорту. Зноў успомніўся бедны Мікола Селяшчук…

Акрамя знаёмства з сіестай – дзесьці з гадзіны да чатырох горад  вымірае, удасканалілі прадстаўленне пра італьянскае меню. Сняданкі сапраўды сціплыя. Але далей… У “Перлу” нашу мы засяліліся ўвечары, і пайшлі на першую італьянскую вячэру адразу з аўтобуса, стамлёныя, галодныя. Вячэра расчаравала: рэстаран прыгожы, сталовых прыбораў перад кожнай талеркай шмат, а на стале толькі вялікія місы з салатай з памідораў і агуркоў, сала, нарэзанае так, што праз лусты можна чытаць, сыр, масла, хлеб… Ну, што ёсць, тым і паспрабуем наесціся. Пад дзікаватыя позіркі італьянскіх афіцыянтак усе наклалі сабе на талеркі па дзесяць лустаў сала ды горы памідораў… Пад’елі. Той-сёй сабраўся ўжо ў нумары… І тут афіцыянткі перад кожным ставяць па цэлай місе макарон з мясам і падлівай. Людцы павесялелі, зжэрлі макароны… Афіцыянткі прыбралі пустыя місы. І раптам – прэга, сіньёры – кожнаму нясуць па талерцы з двума кавалкамі мяса ды бульбай. Як у народнай казцы пра мужыка, якога пан узяўся пачаставаць да адвалу, а той толькі скажа –“усё, наеўся”, але наступнае блюда зноў падчышчае. А потым у сваё апраўданне паказаў эксперымент са збанам, поўным каменьчыкаў, у які, аднак змясціўся яшчэ збан пяску, а потым і збан вады.

З’елі і гэтую страву. А італьянкі нясуць па пірожным…

І так кожны вечар. Асабліва ўсіх напружылі макароны – абавязкова цэлая міса, ці з мясам, ці з крэветкамі – паміж салатамі і асноўнай стравай… Так мы зразумелі эмпірычным спосабам, что вячэра італьянцаў – гэта сінтэз абеду і вячэры. Да таго пачыналася яна позна, а восьмай. Была і яшчэ фішка: карміць – кормяць, а піць не даюць. Раніцай, за сняданкам, пі, што хочаш: сок, гарбату, каву… А за вячэрай – хочаш не на сухую жаваць макароны, купляй ваду ці віно за еўра… Паколькі рэстаранныя цэны нават на мінералку паўсюль даражэй за крамныя, нашы людзі ў большасці давіліся ежай, але пітво не замаўлялі. Цярпелі, каб у нумары выпіць свайго. А што ж, мы з постсавецкай прасторы, мы эканомныя!

Італьянка Бона Сфорца прывезла ў Польскую карону і Вялікае княства Літоўскае шмат новага – у прыватнасці, прывучыла месцічаў есці гародніну (дагэтуль, напэўна, лічылася, што расліны ядуць тыя, каму не хапае грошай на мяса). Паказала, як есці відэльцам (яны напачатку былі двузубымі). Прывезла новыя ўборы – сукенкі з дэкальтэ, напрыклад. Ну і разнастайныя атруты. А, з’язджаючы, прыхапіла з сабою вялікі кавалак дзяржаўнай казны (Боначка, што звезла золата бочачку).

Гародніны італьянцы ядуць шмат і цяпер. Асабліва ўразіў камбайн, які збіраў на полі памідоры. І смецяць італьянцы больш, чым немцы і аўстрыякі… Пластыкавыя бутэлькі і пустыя абгорткі на ўзбочынах дарог – не навіна… І пра тое, што ітльянцы –шумная нацыя, праўда. У доме насупраць нашага гатэлю немаладая кабета выходзіць на балкон і ўзахліп плача – у яе захварэла ўнучка. “Мама мія!”. Суседзі таксама павыходзілі на балконы і абмярковаюць, спачуваюць. “Мама мія!” І нібыта і не працуюць нідзе, адна сіеста. Але хтосьці стварыў жа гэтыя акуратныя жоўтыя дамкі з чарапічнымі дахамі паміж вінаграднікаў, нехта зрабіў цёмна-чырвонае і густое, як кроў, к’янці, і ўсе гэтыя дызайнерскія штучкі, якімі так прыемна прыкрашаць жыццё і якія спакушаюць у вітрынах крамак і крамаў…

“Мама мія!”

У нас жа як: калі хто крычыць на ўвесь двор – дык крымінальнік ці п’яніца. Вы заўважылі, што зніклі нават рытуальныя крыкі маці “Вася, ідзі дадому! Ганна, абедаць!”? Дзеці гуляюць не ў двары, а ў суседнім пакоі за кампутарам.

Вось у час сіесты – цішыня…

З нашага гатэлю чуваць, як б’юць званы на невялікай званіцы традыцыйнага светла-жоўтага колеру… Калі дабраліся да яе, пабачылі і храм, але ён быў часткай комплексу. Вялікі прыгожы дом, сад з масточкамі, ручаінкамі, альтанкамі паміж дрэваў… Вось святар з акуратным белым каўнерыкам размаўляе са старэчамі, якія сядзяць у альтанцы за столікам і папіваюць гарбату. Усе бабулькі з перманентнымі завіўкамі, кудзеркі падфарбаваныя ў прыемны сіняваты колер, у стыльнай адзежы… Перад намі быў дом састарэлых камуны Камаёры пры нейкай хрысціянскай міссіі.

І, дарэчы, разваліўся яшчэ міф пра Еўропу, якая не чытае.

Яшчэ як чытае. На кожным кроку кніжныя крамы, у якіх ёсць пакупнікі. На стэндзе бліжэйшай ад нас, выстаўленым на вуліцу – “Майстар і Маргарыта” Булгакава, “Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага, Рэмарк, Бальзак, і, зразумела, Дантэ… Ёсць букіністычныя крамы. Ёсць кніжныя развалы. Чытаюць на пляжах, чытаюць у рымскім метро… Прычым папяровыя кнігі.

Я выкупіла альбомы пра Таскану і пра аднаго з самых загадкавых мастакоў свету – Эшэра, майстра аптычных ілюзій. Кніга даследуе, адкуль Эшэр браў матывы сваіх карцін. Аказваецца, у сярэднявечных малюнках дастаткова падобных ілюзій, дый у самой прыродзе – варта ўгледзецца ў ліст манжэткі, усыпаны кроплямі расы. Ну і італьянскія мястэчкі ў малюнках Эшэра пазнаюцца.

А потым са мной здарылася Фларэнцыя.

У маім рамане “Скокі смерці” дзейнічае таямніча-злавесны сярэднявечны лекар Гервасі Бернацоні, які стварае гадзіннікі, здольныя выклікаць масавы псіхоз – скокі смерці. Лекар, якога паклікалі на службу ў Вялікае Княства Літоўскае, родам з Фларэнцыі, і ўвесь час па ёй сумуе. Напрыклад, сваёй палонніцы, беларускай дзяўчыне Анэце гаворыць: “ Ты ведаеш, што такое лімон, сіньярыта? Адкуль… У яго смак няспелага агрэсту. А колерам ён нагадвае сонца Фларэнцыі… Мія кара Фларэнца…

Бернацоні тужліва зірнуў у вакно, за якім згушчалася вечаровая цемра”.

Сонца Фларэнцыі сапраўды сляпучае… І сама Фларэнцыя асляпляе.

Менавіта тут, у царкве Санта Кроче, што азначае Храм Святога Крыжа, нарадзілася такая з’ява, як сіндром Стэндаля. Аўтар “Чырвонага і чорнага” выйшаў на ганак гэтага храма і страціў прытомнасць ад перанасычанасці прыгажосцю.

І я яго разумею. І сёння ля асноўных артэфактаў Фларэнцыі, асабліва на пляцы ля храма Санта Марыя дэль Фьёр, дзяжураць хуткія дапамогі. Людзі млеюць ад захаплення!

Калі ў Сіксцінскай капэле перахоплівала горла ад неверагоднай прыгажосці – а галоўнае, ад таго, што ведаеш столькі з гэтай прыгажосцю звязанага, і не верыцца, што сам гэта бачыш, то Фларэнцыя – уся як Сіксцінская капэла. Уся – музей…

Вось – змрочны дом, аблямаваны рабрыстымі ахрыстымі пліткамі, і табе гавораць, што ў ім, ву-унь за тым вакном, Леанарда да Вінчы маляваў Джаконду… А ў гэтай непрыкметнай цэрквачцы, сярэднявечнай, з нізкай скляпеністай столлю – трохі нагадвае полацкую Свята-Еўфрасіньеўскую царкву – пахаваная Беатрычэ. Тая самая, якой Дантэ прысвяціў “Боскую камедыю”. Вось і надмагілле, у нішы над падлогай. Беатрычэ, замужняя шматдзетная кабета, і не падазравала пра палкія жарсці аднаго дзюбаносага паэта… Але каля ейнага надмагілля – вялікі кошык, увесь напоўнены цыдулкамі ад закаханых. Просяць Беатрычэ, каб дапамагла ў сардэчных стравах. Вось вам яшчэ адзін прыклад, як мастацтва перамагае рэальнасць, а міф важней за факт. Да таго ж непадалёк, у дворыку, на брукаванцы паказваюць профіль Дантэ, утвораны расколінамі ў камні. Каб ён быў бачны – паліваюць вадой. Там увесь час стаіць лужынка. Сапраўды, калі прыгледзецца, можна ўбачыць на мокрым камні карыкатурныя абрысы: доўгі загнуты нос, запалы рот… Прыводзіць на памяць выяву беларускага мысляра-ерэтыка Сымона Буднага. Графічная, здзеклівая выява… Насамрэч гэта і была карыкатура — Буднага апаненты намалявалі ў пекле, пагружанага па горла ў пякельную лаву. Але гэта адзінае вядомае нам прыжыццёвае адлюстраванне мысляра. Цікава, каб не было ў Італіі вальнадумства побач з цемрашальствам, магчыма, што і ад Дантэ застаўся б толькі гэты профіль на брукаванцы – баяліся б ляпіць ды маляваць блюзнера-паэта.

Магілы Дантэ ў яго любай Фларэнцыі, якая асудзіла яго на выгнанне, няма. Ён пахаваны ў Равене. Але ў саборы-пантэоне Санта Крочэ сімвалічнае надмагілле Дантэ маецца, і помнік тут жа на пляцы стаіць. А вось Мікельанджэла тут пахаваны сапраўды. Сумныя скульптуры аўтарства Вазары, якія ўвасабляюць навукі і мастацтвы, схіліліся над апошнім прытулкам генія. Тадышні ўладальнік Фларэнцыі Казіма Медзічы літаральна выкраў цела велікага суграмадзяніна з Рыму, вывез кантрабандай. Пры жыцці ўпарты Буанароці адмаўляўся вярнуцца ў родны горад, пакуль там не будзе адноўленая рэспубліка. Думаю, другі вялікі фларэнтыец, Леанарда да Вінчы, таксама хацеў бы тут ляжаць, але лёс занес яго, састарэлага, згалелага, з партрэтам Моны Лізы пад пахай, у Францыю… Ляжыць тут, у Санта Крочэ, Галілеа Галілей, народжаны ў Пізе, які таксама пражыў большую частку жыцця ў Фларэнцыі. А вось і надмагілле Макіявелі… Які вынайшаў нялюдскія прыёмы існавання ўлады – і сам ад іх загінуў. Ці шавец без ботаў, ці ўсё-ткі не быў ён настолькі пачварай, як гэта ў нас замацавалася? Нездарма ж з Макіявелі сябраваў вялікі Леанарда…

Але самая важная магіла ў Санта Крочэ для нас – Міхала Клеафоса Агінскага. Таго самага, што напісаў паланэз “Развітанне з радзімай”. Цёмная каменная “рама”, бюст, светлая смуткуючая фігура прыгажуні… Ліцвінскага магната павінны былі тут паважаць – калі пахавалі ў Санта Крочэ… Магіла на тым баку храма, што й Галілеа Галілея. Адзін давёў, што зямля круціцца, другі – што жыць без роднай зямлі немагчыма.

Чаму творчасць мастакоў менавіта тае эпохі нас так вабіць, уражвае, здаецца таямнічай і неспасцігнутай? Так, яны змянілі тэацэнтрычную сістэму на антропацэнтрычную, і чалавек, яго цела, ягоныя эмоцыі сталі галоўнымі для мастацтва. Але ж яны засталіся людзьмі жорсткага часу, калі жыццё каштуе менш, чым прыгожая карціна… Калі загінуў хлопчык, якога Леанарда пафарбаваў у залаты колер дзеля свята, для вялікага мастака гэта была найперш навуковая загадка. У прынцыпе, усё чалавецтва можа ўявіць такім пафарбаваным у золата хлопчыкам – ён бегае, радуецца, што такі прыгожы, што ўвасабляе бога, і не здагадваецца, што бліскучая фарба стане прычынай ягонай пакутлівай смерці, доўгай агоніі, калі ніхто не здагадаецца сцерці хоць частку пазалоты.

Пераход ад Сярэднявечча да Адраджэння: фрэскі ў Санта Крочэ вялікага Джота. Жыцце святога Францыска распавядае не толькі пра падзеі, але і пра эмоцыі герояў. Дагэтуль мастакі і не высільваліся, каб перадаць пачуцці. А мне цікава: няўжо, чым бязлітасней час, тым прыгажэй атрымліваюцца карціны ў мастакоў? Вось цудоўная капліца, спраектаваная геніем-архітэктарам Брунэлескі. Але пахаванняў няма: род, які мусіў мець тут свае ўрачыстыя надмагіллі, быў да апошняга немаўляці выразаны за ўдзел у закалоце супраць усемагутных Медзічы. Герб апошніх можна сустрэць у Таскане паўсюль: сем (радзей – пяць) шароў на шчыце. Кажуць, шары мусяць увасабляць пчолаў.

Фларэнцыя моцна пацярпела ад паводкі 1966 года. Залатыя вароты баптыстэрыя з рэльефамі з жыція Яна Хрысціцеля 14 стагоддзя, якія Мікельанджэла называў “Брамай у рай”, зараз схаваныя, на іх месцы – лазерная копія. Яшчэ адна копія гэтых дзвярэй – у Казанскім саборы ў Санкт-Пецярбурзе (расейцы, калі ўзводзілі сваю “паўночную Венецыю”, пераймалі ўсё самае лепшае). “Укрыжаванне” Чымабуэ трынаццатага стагоддзя з капэлы Паццы падчас паводкі цэлы дзень праляжала ў гразі, думалі, не адновяць…

Дарэчы, рэстаўрацыя тут не прадугледжвае “вылізванне”: адноўленыя дамы, напрыклад, не ззяюць навюткай цэглай, як у нас. Успомніць ганебны выгляд Лідскага замка, дзе нават не спрабавалі падабраць цагліны, падобныя да аўтэнтычных, і “латкі” відаць за вярсту…

Канчаткова сіндром Стэндаля дагнаў мяне на пляцы перад Санта-Марыя дель Ф’ёр, храма ў гонар Мадоны з Кветкай, і званіцы Джота. Не тое, што страціла прытомнасць перад карункавым фасадам з пяшчотнымі ружова-белымі мармуровымі пералівамі – але горла зноў перахоплівала, і ўсхліпваць пачала. А паколькі муж прызнаваў толькі фота па тыпу “Тут быў Вася”, давялося цяжка — патрабаванні стаць у кадр былі недарэчы… Навошта ўзрушанай, заплаканай фізіяноміі псаваць нетутэйшую прыгажосць?

Тут, на пляцы, спалілі энтузіяста-мніха Саванаролу… Гэтак жа, як ён паліў кнігі і карціны, бо быў перакананы, што створаная рукамі чалавека прыгажосць ёсць грэхам, і раскоша ўвогуле – грэх… Больш за тое, палымянымі прамовамі з кафедры той самай дэль Ф’ёр ён змог пераканаць у гэтым саміх мастакоў – і тыя пакорліва прыносілі свае карціны для вогнішча…

Джыралама Саванарола, арыстакрат, які чатыры гады быў дыктатарам Фларэнцыі, рэспубліканец, што абвесціў каралём Фларэнцыі Ісуса Хрыста і напісаў кнігу “Аб пагардзе да свету”, быў арыштаваны, катаваны, павешаны і затым спалены… Чаму? А хто пацерпіць, калі да яго штодзень урываюцца ў дом увішныя хлопчыкі са спецыяльнага атраду тамтэйшых хунвэйбінаў, каб прасачыць, ці не носяць гаспадары каштоўных упрыгожванняў і ўбораў, ці не гуляюць у карты ці на музычных інструментах… Крамольныя прадметы канфіскоўваліся і спальваліся на “вогнішчы фанаберыі”, вось тут, на гэтым пляцы…

Памятаю, з якім пякучым пачуццём чытала даклады спецыяльных камісій начатку 1930-х пра вываз мастацкіх каштоўнасцяў з Гомельскага, Віцебскага, Магілёўскага і Мінскага музеяў у Ленінград, у распараджэнне таварыства “Антыкварыят”. Габелены фламандскай працы, гравюры Дзюрэра, персідскія гравюры… Колькі павывозілі з Беларусі тагачасныя Саванаролы! Колькі паскрадалі цягам стагоддзяў разнастайныя акупанты! І ў нас жа меліся палацы і замкі, магнаты і меценаты, з калекцыямі, якія славіліся на ўвесь свет… А цяпер мы ўздыхаем і зайздросцім, не падазраючы, што былі не менш багатымі… Нават працы ўласных мастакоў не змаглі захаваць, і нам цяпер прывозяць іх палюбавацца…

А на пляцы Сіньярыі зноў можна было страціць прытомнасць. Ну добра, Давід Мікельанджэла, што там стаіць – копія, гэта вядома… Арыгінал тут жа, побач, у музеі, і рэгулярна абрушвае людзей у стан несвядомасці, ніхто не ведае, чаму. Але іншыя скульптуры на пляцы – арыгіналы! І Персей Бенвенута Чэліні, і Геркулес Бандынэлі, і шмат чаго іншага…

Вядома, дужа хацелася паглядзець у галерэі Уфіцы “Звеставанне” да Вінчы і “Нараджэнне Венеры” Батычэлі – карціны, цытаты з якіх рассыпаныя па ўсёй Таскане… Але пайсці групай не атрымалася – не набралася жадаючых, бо чароўнае слова “шопінг”, вядома, больш прывабнае, чым слова “музей”… А пайсці самім? Вольны час, які нам далі, быў абмежаваны, а ў чарзе мы маглі страціць тры, чатыры гадзіны і так і не дастаяцца… І нам параілі пайсці ў палацца Піцці, дзе ў галерэі Палаціна таксама някепскі збор карцін. Шлях пралягаў праз мост Понтэ Век’ё. Гэта адзіны старажытны мост, які не быў падарваны падчас апошняй вайны – Супраціўленне выратавала. Калісьці мост пабудавалі Медзічы, каб пераходзіць з аднаго свайго палацу ў другі па сцецыяльнай галерэі, увешанай карцінамі. На першым паверсе мосту, як і колісь, ювелірныя майстэрні.

Адразу ўспомнілася, што бард Зміцер Сідаровіч, які памёр незадоўга да нашай паездкі, у “цывільным” жыцці працаваў галоўным інжынерам – праектаваў масты. І, напэўна, не аднойчы мы па іх праходзілі, не здагадваючыся, што ў іх канструкцыях гучыць музыка барда, дудара, паэта.

У палацца Піцці таксама доўгая чарга, але сюды асноўная плынь турыстаў не даходзіць – усе ломяцца ў галерэю Уфіцы, як у Луўры – да Джаконды. Так бы мовіць, адзначыцца. За дзесяць хвілінаў дастаяліся, узялі білет на маршрут нумар два – галерэя Палаціна, музей срэбра, музей касцюмаў і штосьці яшчэ… А што вы хочаце – багаты купец Піцці замаўляў Брунэлескі такі палац, каб вокны ў ім былі, як дзверы ў Медзічаў, а двор – як увесь Медзічаў палац. А пасля тут была каралеўская рэзідэнцыя, і каралі дадалі раскошы і прыбудоў…

Дарэчы, карціны тут і вісяць не па нейкім музейным прынцыпе, а так, як гаспадары вешалі.

Больш за дваццаць залаў, ад падлогі да столі ў некалькі шэрагаў завешаныя шэдэўрамі…  У асноўным эпохі Адраджэння.

Вось тут ліцвінскую пані зноў пацягнула на істэрычныя рыданні.

Я не ведаю, у чым сакрэт карцін менавіта гэтага перыяду, мастакоў менавіта гэтых школаў… Зноў паўтару — яны ў большасці не былі святымі, нейкімі асабліва чыстымі, узвышанымі… Распуснікі, грэшнікі, сквапнікі, уладалюбцы… Я памятаю, як абуралася працамі мастацтвазнаўцы Лосева, які пісаў, што гераіні Батычэлі – рахітычныя гараджанкі са скажонымі прапорцыямі, і расказваў, як вялікі Бенвенута Чэліні паламаў у чарговай бойцы нос вялікаму Мікельанджэла… Чаму менавіта праз гэтыя нявартыя інструменты выяўляецца тая дасканалая прыгажосць, пераўзысці якую немагчыма? Проста немагчыма! Цытаваць, інтэрпрэтаваць – так… Але не пераўзысці. А чаму асобныя абліччы з карцін скрозь некалькі стагоддзяў ГЛЯДЗЯЦЬ на цябе? Нават на адной, шматфігурнай, карціне можа адзін толькі персанаж на цябе сапраўды ГЛЯНУЦЬ…

Так, у аснове такой прыгажосці — рамяство. Напрацаванае цяжкой, настойлівай працай.

Але — і блюзнерства, адчайная смеласць. За любую такую карціну маглі спаліць. Выяўляць чалавека прыгожым, як Бог? Грэх! А яны, пабожныя і не самыя смелыя, выяўлялі – нібыта імі штось кіравала.

Там, у залах, сярод палотнаў Батычэлі, Рафаэля, Фра Філіпа Ліпі, Тыцыяна і Караваджа, Рубэнса і Ван Дэйка, Веласкеса і Рыбейра я атрымала тое, за чым ехала ў Фларэнцыю – эстэтычнае перанасычэнне. Пасля якога пачынаеш неяк па іншаму глядзець на ўсё.

Як?

Вось мы слухаем розныя асобныя музычныя інструменты. Мы іх нібыта ведаем, пазнаем… І раптам давялося пачуць аркестр, хаця пра сімфанічнае выкананне нават не падазравалі. Так і тут… Карціны раптам пачынаюць гучаць у магутнай сімфоніі… Узмацняючы адно аднаго, адцяняючы гучанне адно аднаго, зліваючыся ў нешта новае… Такое магчыма толькі тут, дзе ўсё ёсць інструментамі – столь, распісаная фрэскамі і ўпрыгожаная лепнінай, падлога, выкладзеная мазаікай, інтэр’еры каралеўскіх пакояў, нават пейзажы за вокнамі…

І яшчэ адно: мы ведаем з тае эпохі некалькі імёнаў, якія на слыху, якія зрабіліся моднымі… А ты стаіш у залах, дзе сотні, тысячы карцін не менш вартых, але імёны мастакоў табе нічога не гавораць. І разумееш па-іншаму гісторыю мастацтва ва ўсёй яе несправядлівасці. Напрыклад, мы якраз патрапілі на выставу Джакопа Лігоцы. Яго называюць “самым універсальным мастаком Сярэднявечча” – хаця ён жыў у адзін час з Вазары і Леанарда, якія ўвасабляюць Адраджэнне. Праўда, у ягоных карцінах сапраўды вводгулле “цёмных стагоддзяў”. Гульня са смерцю. Шкілеты, данс макабрэ… А яшчэ замалёўкі раслін і жывёл для атласаў і энцыклапедый (трэнд сезону – чароўны вялікавокі тушканчык). Эскізы княскіх убораў і шпалераў, келіхаў і графінаў у выглядзе дзівосных стварэнняў, кніжная графіка і абразы… Джакопа Лігоцы змяніў Вазары на чале Фларэнтыйскай Акадэміі мастацтва і дызайна… Ці многія ведаюць пра яго?

Калі мы дайшлі да залаў з сучасным італьянскім мастацтвам (гэта па тамтэйшых мерках дзевятнаццатае стагоддзе), было ўсё роўна што выйсці з прыветных марскіх хваляў на пляж. Цела вярнулася ў звыклы асяродак… Налілося цяжкасцю, адчула спёку…

Праз гэтыя залы мы проста прабеглі з адчуваннем падману.

У калідоры перад прыбіральнямі палацца Піцці вісяць карціны сучасных італьянскіх мастакоў-авангардыстаў.

Перад палацца, на адхоне, адпачываюць турысты. Адхон – з асаблівым пакрыццём, толькі знешне нагадвае асфальт: ён цёмны і не такі цвёрды. Паляжалі, зняможаныя, падумалі над жыццём.

Фларэнцыя, мія кара Фларэнцыя…

Мне заўсёды было цікава, як жыць у такіх месцах, калі – і гэта непазбежна – шэдэўры робяцца звыклай і нават абрыдлай рэальнасцю? Не думаю, што фларэнтыйцы ўвесь час перажываюць “сіндром Стэндаля” і плачуць ад узрушэння на сваіх пляцах… А ўвесь свет гэтым горадам скароны. Фларэнцыя стала месцам дзеяння папулярнай кампутарнай гульні “Асасін Крыд-2”, герой там нават забівае Саванаролу… У рамане Дэна Браўна “Інферна” сюжэт у асноўным таксама разгортваецца ў Фларэнцыі – тут шукаюцца разгадкі “Боскай камедыі” Дантэ, і злачынца труціць падземныя рэзервуары вады вірусам няплоднасці дзеля таго, каб чалавецтва не перавысіла межы сваёй папуляцыі… У Фларэнцыю вазіў свайго юнага протэжэ Сержа Ліфара Сяргей Дзягілеў, каб навучыць разумець мастацтва.

Думаю, і героі маіх твораў сюды вернуцца.

А наступная вандроўка наша была ў Пізу.

Вежа, якая падае… Адно з цудаў свету… Нават аматары шопінгу зацэняць. Экскурсія называлася “Вячэрняя Піза”. Паехалі ж удзень, гадзіны ў тры. Чаму меркаваўся вечар – зразумела: калі сонца заходзіць, мармур храмаў набывае пяшчотнае ружовае адценне, а ўночы вежу падсвечваюць… Мы гэтага не пабачылі.

Але і на дзённым сонцы Пізанская вежа выглядае файна. Не заўважыць яе цяжка: яна сапраўды высокая – уздым на вяршыню можа заняць хвілін сорак. І гожая, нібыта з каменных карункаў. Але ўражвае і храм, пры якім яна збудаваная, і баптыстэрый побач… Самае цяжкае – сфоткацца на фоне вежы так, каб не патрапілі ў кадр іншыя турысты. Іх тут, як блох. “Падпіраюць” вежу ў кадры, “трымаюць” яе на спіне ці на далані… Фотажабы з Пізанскай вежай даўно зрабіліся банальшчынай сеціва. Муж, праўда, сам не заўважыўшы, умудрыўся на адным кадры сфоткаць мяне так, што вежа стала працягам майго капелюша.

Пізанскі сабор неверагодна прыгожы. Паводле легенды, калі ён быў дабудаваны напалову, прыехаў рымскі папа, каб асвяціць будынак. Д’ябал раз’юшыўся і паспрабаваў зруйнаваць пабудову, учапіўшыся кіпцямі ў сцяну. Але малебен нячыстую сілу адпалохаў. Затое ў камені застаўся шэраг дзірак ад д’ябальскіх кіпцяў. Паводле легенды, той, хто зможа правільна гэтыя адмеціны пералічыць, здабудзе д’ябальскае шанцаванне. Толькі пакуль нікому не ўдалося. Колькі ні лічыш — вынікі ніколі не сходзяцца. Хаця студэнты перад кожнай сесіяй спрабуюць. Тут жа ўніверсітэт, праслаўлены імем Галілея, і ў студэнтаў шмат старых традыцый. Каб пашанцавала на іспытах, скачуць вакол сабору на адной ножцы, лічаць знакі ад кіпцяў д’ябла…

Дарэчы, наконт эксперыментаў Галілея – нібыта кідаў з Пізанскай вежы рэчы ды назіраў за траекторыяй палёту – месцічы кажуць, міф гэта. Хто ведае… Ёсць і другі міф: нібыта графаУгаліна, якога за ўдзел у змове замуравалі разам з ягонымі дзецьмі, тых дзяцей з’еў… Насамрэч хутчэй за ўсё на трупах знайшлі ўкусы пацукоў. Але вось на доме, дзе гэта адбылося, дасюль адмысловы металёвы кошык на прэнце —  там была выстаўленая галава пакаранага змоўшчыка.

Дантэ Аліг’еры гэтую гісторыю пераказаў у “Боскай камедыі”… Жорстка дакараючы пізанцаў.

Замураваныя персоны ёсць і на Беларусі – Гальшанскі кляштар хаця б успомніць… А вось Пізанскіх вежаў у нас, бадай, больш, чым адна – маю на ўвазе пахіленых помнікаў… Вежы навагрудскага і крэўскага замкаў куды бліжэй да згубы, чым Пізанская – яна, дарэчы, надзейна ўмацаваная нейкімі супер-пупер-тэхналогіямі, што ператварылі зямлю пад ёю разам з фундаментам у маналіт.

Негры-сенегальцы ўпарта прапаноўваюць нам парасоны з выявамі славутасцяў Італіі і сумкі… Сумку мы набылі ў Фларэнцыі, скасціўшы цану ад трыццаці пяць еўра да дванаццаці. Не тое, каб я ўмела гандлявацца, проста сумка была не так ужо і патрэбная, мы ўжо і ў аўтобус селі, а гандляр усё скакаў пад вокнамі ды паніжаў цану… Нарэшце я выпхнула мужа, каб выкупіў тавар. Белая сумка са штучнай скуры, распісанай пад старажытную карту, прыдалася, каб склаці набытыя сувеніры. Абрастаеш імі падчас паездкі, як карабель водарасцямі… А я яшчэ і каменьчыкі ды ракавінкі збіраю адусюль. Напачатку яшчэ памятала, адкуль што прывезла. Пасля падпісвала – маркерамі, алоўкамі… Вы спрабавалі пісаць маркерам на кавалачку старой цэглы? Вось-вось… Пасля разабраць немагчыма.

Піза адзначылася ў маёй калекцыі белым каменьчыкам.

А вось у Ліда дзі Камаёрэ мы напаткалі антыкварную крамку. Выпадкова. Спрабавалі дайсці да гор – надта спакусна яны высіліся, здаецца, зусім побач, але дайшлі толькі да шашы. Вось там і была гэткая драўляная хібара, застаўленая разнастайным барахлом, ад плеценых крэслаў да бляшаных цукарніц і пажаўцелых фатаздымкаў невядома каго ў рамачках. Тыповы рэпертуар блышынага рынку. Гаспадар гэтага дабра, хударлявы месціч сярэдніх гадоў, падобна, там і жыў, бо нават сіесту праводзіў, рыхтуючы на жалезнай старажытнай рагульцы гарбату. Там я і выкупіла падсвечнік – “кандэлябру” – з жоўтага цяжкога металу, хутчэй за ўсё – латунь, у выглядзе цмока з адкінутымі крыламі і выгнутай доўгай шыяй, за якую можна “кандэлябру” трымаць, як за ручку. Гаспадар запэўніў, што рэч прывезеная з горада Лукка.

І сапраўды – калі мы апынуліся ў гэтым горадзе, пабачылі дакладна такіх цмокаў: у ліхтарах на пляцы, на фасадзе старога банка, у рашотках… Гід нам адразу паведаміла, што лукіянцы – людзі непрыемныя, славяцца як сквапнікі і нядобразычліўцы. Так што не дзівіцеся, маўляў, калі на вас будуць скоса паглядаць і сварыцца – лукіянцы чужых не любяць. Спрадвеку гэта быў горад купцоў, якія ведалі галоўнае: няхай у іншых гарадах пасмейваюцца, але, калі сустракаешся з чужынцам, лепш апрануць на сябе старое падзёртае адзенне, а новае і багатае прыхаваць. Іначай чужы купец паглядзіць, што тут жывуць багатыя людзі, і наступным разам прывядзе сюды войска. Хіба такая ментальнасць не ўласцівая беларусам? Бабулі хавалі прывезеныя дзецьмі з горада транты “на лепшы дзень” альбо “на смерць”, пакуль тая адзежа не спарахнее ці моль не пажрэ. Прызнацца суседу, што ў цябе добры набытак – нізавошта… Лепш прыбядніцца, паскардзіцца на няўдачу…

На адным з пляцаў Луккі стаіць помнік правадыру-патрыёту, якога падчас аблогі выдалі ворагам, каб улагодзіць. Небараку ў палоне закатавалі і забілі. Дантэ выкрыў лукіянцаў у сваёй універсальнай паэме. Праз колькі стагоддзяў прададзенаму патрыёту на няўдзячнай радзіме паставілі помнік… Нічога не нагадвае?

Тым больш назва “Лукка” паходзіць ад слова “балота”. Горад будавалі лігурыйцы, і былі тут балаты. А яшчэ калісьці тут сустракаўся трыюмвірат – Цэзар, Крас і Пампей. Горад тады быў багаты і вялікі. Цяпер на месцы тутэйшага калізея – пляц, па краях якога, паўтараючы авальныя абрысы калізея, дамы… Звонку непаглядныя. Але з самымі дарагімі ў горадзе кватэрамі. Экскурсаводка кажа – лукіянец нізавошта не ахвяруе грошай на грамадскія патрэбы, кшталту рамонта фасаду…  Не ведаю, наколькі нагаворвала наша гід на месцічаў – у прынцыпе, нідзе нас не аблаялі. Хаця погляды сапрады сустракалі даволі калючыя: звычайна ўсе ў Еўропе ўсміхаюцца пры сустрэчы. А тут бабулькі, дзядулькі, раварысты і кіроўцы так паглядалі на зграю турыстаў, што перашкаджала ім рухацца па вузкіх брукаваных вулках, што непамысна…

У Лукке шмат дамоў-вежаў. На адным нават растуць дрэвы. Не абы-якія — дубы. На вышыні ў сорак чатыры метры. Кажуць, у пятнаццатым стагоддзі дубы тут ужо раслі.

На сцяне кафедральнага сабору Сан-Марцін – таксама цудоўнага, з ляпнінай, з карункамі калонаў – мы знайшлі выяву лабірынта. Надпіс сведчыць, што гэта схема менавіта таго лабірынта Дэдала, з якога выбраўся Тэсей, забіўшы Мінатаўра.

Ну, не ведаю…  Муж, павадзіўшы пальцам, неяк вельмі лёгка знайшоў з таго лабірынту выйсце. І без дапамогі Арыядны. Мусіць, яму падаравалі б жыццё за гэта – у лабірынт Дэдала заводзілі асуджаных на смерць, але той, хто з першай спробы выходзіў, атрымліваў памілаванне.

На пляцы бязрукі мастак малюе, заціснуўшы пэндзаль зубамі. Яго карціны тут жа можна купіць. Побач гітарыст – грае штосьці з Бітлз. Лукка – горад музычны. Адсюль родам кампазітар Пучыні. І помнік яму стаіць. І музей. І ў тэатры граюць ягоныя оперы. Пучыні вельмі шмат курыў, і бронзавы – працягвае згубную звычку, ад якой і памёр.

У вітрынах вабяць лукіянскія прысмакі: пірагі з зялёнай накрыпкай, кшталту шпінату, вялізныя булкі. Мы абедаем у рэстаранчыку –сэлфі, дзе працуюць афіцыянткі-палячкі. У кошт – даволі сціплы – уваходзіць шклянка к’янці.

Дарэчы, цэны ў “сквапнай” Лукке не такія ўжо высокія. Магчыма, таму, што тут не гандлююцца: лукіянцы ведаюць, што са сваймі гандлявацца бескарысна, і адразу ставяць пажаданую цану.

На руцэ скульптуры святога Мікалая, якая прыкрашае царкву імя святога — пярсцёнак з сапраўдным дыяментам. Прыгледзеўшыся, можна заўважыць востры бляск. А ў другой царкве ў шкляной труне спачывае святая Зіта – апякунка прыслугі: лёкаяў, пакаёвак, афіцыянтаў. Вось да каго трэба было звяртацца героям рамана Элізы Ажэшка “Хам” і аповесці Змітрака Бядулі “Салавей”!

Да святой Зіты мы не патрапілі, але Лукка, абнесеная старажытнай сцяной, запомнілася…

І вось жоўтыя дамкі і зялёныя вінаграднікі Італіі змяняюцца аўстрыйскімі пейзажамі. Потым – Баварыя…

Экскурсаводка адразу пачала гаварыць, што Мюнхен – не галоўная “калыска фашыстоўскага путчу”… Рэакцыя экскурсаводкі, рускай, якая даўно тут жыве і любіць Баварыю, зразумелая. У гісторыі горада ёсць ганебныя старонкі. Тут у ратушы гаварыў сваю чалавеканенавісніцкую прамову Гебельс, тут пачыналіся пагромы, на Каралеўскім пляцы нацысты палілі кнігі… Цяпер кожны год 9 лістапада ў ратушы нямецкія школьнікі зачытваюць спісы габрэйскіх дзяцей, якія загінулі падчас Халакосту, а на Каралеўскім пляцы ўсе, хто жадае, зачытваюць старонкі з кніг, якія падлягалі тады спаленню. Нам паказалі нават так званую “залатую дарогу” – калі Гітлер загадаў паставіць на пляцы помнік сваім “героям”, гараджане, каб не ўскідваць руку перад тым помнікам, абыходзілі пляц завулкам. Вось іхні шлях і пазначылі, вызалаціўшы каменьчыкі брукаванкі. І хаця завулак празвалі “Завулкам баязліўцам”, ён, як кажуць, лічыцца сімвалам грамадзянскай смеласці. Часам смеласць – і ў тым, каб проста ўхіліцца ад удзелу ў ганебным. Затое цяпер за любыя праявы сімпатыі да фашызму – ускідванне рукі, выказванне, ужыванне сімволікі – неадкладны арышт і турма, і апеляцыі не прымаюцца. Нас адмыслова папярэдзілі, каб хтось з турыстаў не пажартаваў па-дурному, бо тады не давядзеш, што проста жартаваў.

Тут доўга жыў у якасці дыпламата расейскі паэт Фёдар Цютчаў. Ажаніўся з графіняй Ботмер, пасля – са сваёй старой палюбоўніцай Дзёрнберг, сябраваў з Шэлінгам і Гейне… Наша гід па Мюнхене мастацтвазнаўца Вера Гітнікава сцвярджае, што бачыла арыгіналы рукапісаў Цютчава: ён пісаў на нямецкай не толькі публіцыстыку і крытыку, але і вершы! Прычым самыя цяпер вядомыя як руская класіка. Іх нібыта перакладала на рускую паэтава дачка, кшталту “Люблю грозу в начале мая”. Нічога, што тая навальніца была ў Баварыі? Праўда, большасць расейскіх літаратуразнаўцаў сцвярджаюць, што Цютчаў пісаў вершы па-руску, яго, наадварот, перакладалі на нямецкую… Спрачацца не буду, няхай даследуюць спецыялісты…

Сёння Цютчаву ў Мюнхене стаіць помнік, ёсць мемарыяльная пліта на доме, яго творчасць прызнаюць часткай нямецкай культуры…

Мюнхен сустрэў дажджом. І гэта пасля сонца Тасканы… Нядзеля, усе крамы да адной зачыненыя. Хоць праз вітрыны палюбаваліся і тут нацыянальным адзеннем: яно, як і ў Аўстрыі, абавязкова ёсць у кожнай сям’і. Шалёныя грошы каштуе хвост, які прычапляецца ззаду да мужчынскага капелюша. Носяць яго толькі сябры манархічнага клуба. Бачыш, што ідзе такі дзядулька, у шляпе з хвастом – неадменна які барон альбо граф. А банцік на поясе фартуха сведчыць пра становішча жанчыны. У залежнасці ад таго, дзе ён – справа, злева, спераду – значыць, яна замужняя ці не, і ці гатовая да знаёмстваў.

Апоўдні мы пабачылі прадстаўленне, якое разыгрываюць фігуркі гадзінніка гатычнага сабору на Марыенплац: кароль з каралевай назіраюць рыцарскі турнір, танцоры выковаюць маўрытанскі танец… Пытанне – хто быў першы з такім гадзіннікам, Прага ці Мюнхен, аказалася рытарычным. Пражскі гадзіннік “Арлой” – пятнаццатага стагоддзя, а сабор – “навадзел”, неаготыка… Лепш бы не гаварылі пра ягоны ўзрост, далібог! Расчараванне…

Удалося з сябрамі ў вольны час пасядзець у мюнхенскай піўной, і не абы-якой – “У францысканцаў”. Манахі першымі пачалі тут варыць піва. Добра, што хлопец з італьянскага клубу, куды мы напачатку ламануліся, пачуўшы запыты пра “бір” і “міт”, параіў перабрацца туды, дзе традыцыйная кухня. У прыбіральні піўной плату з наведнікаў збірае мажная немалдая руская жанчына, чые плечы абхінутыя стракатай хуткай. Яна беспамылкова пазне тым, з кім можна гаварыць без перакладу.

Калі нямецкія назвы за вакном змяніліся польскімі, адчылі сябе амаль дома.

У Беларусь прыехалі а чацвёртай ночы. Тут было цёмна і холадна, але гэта была радзіма, дзе ў дзяцей скончыліся вакацыі.

Забыць Венецыю… А заадно і Рым…

Не дачакаецеся.

 

2014

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.