«Апавесці пра векавечную плынь Хронаса». Архіўны дэтэктыў. Як Генадзь Кісялёў бараніў раман Караткевіча

«Апавесці пра векавечную плынь Хронаса». Архіўны дэтэктыў. Як Генадзь Кісялёў бараніў раман Караткевіча


«Гісторыкі — не садоўнікі і не батанікі. Расліннае царства (скажам так — па-старадаўняму) звычайна цікавіць іх толькі як фон, на якім адбываюцца гістарычныя падзеі. Але і ў іх ёсць дрэва, якому яны аддаюць многа ўвагі, каля якога ім даводзіцца шмат хадзіць і завіхацца. Гэта дрэва радаводнае».

Такімі словамі гісторык Генадзь Кісялёў пачаў адну са сваіх кніг… Дакладней, чарговы архіўны дэтэктыў — бо валодаў талентам ператвараць навуковыя манаграфіі ў захапляльныя творы, дзякуючы якім многія далучаліся да беларушчыны.


«Кротус Генус»

«Калі расказваю пра перыпетыі пошукаў, пра шлях да знаходкі, адчуваю, як мае ветразі напаўняюцца спрыяльным спадарожным ветрам».

Мне давялося неяк рабіць з Генадзем Васілевічам гутарку, у якой ён распавядаў пра свае пошукі аўтараў беларускіх ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Калі не чыталі ягоныя кнігі пра гэта, пачытайце — самае захапляльнае чытво. Разам з аўтарам вандруем, памыляемся, выходзім на новы след… Аднойчы Адам Мальдзіс пра даследаванне Кісялёвым скарынаўскай сімволікі сказаў, што той «нутром адчуваў непарадак у асэнсаванні спадчыны першадрукара». Чуццё ў яго сапраўды было!

Згадваецца Кісялёў у сатырычнай паэме «Сказ пра Лысую Гару», якая таксама доўгі час была ананімная.

«Адкрыцця аўтара

не зробіць —

Хоць зад натрэ

да мазалёў —

Ні крот Сцяпан

Александровіч,

Ні кротус Генус

Кісялёў!»

«Кротус Генус» — так пачалі жартоўна называць у сяброўскіх колах паважанага гісторыка, аддаючы даніну ягонай даследчыцкай учэпістасці, здольнасці адкапаць хоць з-пад зямлі патрэбныя звесткі… Прынамсі, менавіта так называў яго часам Уладзімір Караткевіч.

А цяпер давайце перанясёмся ў 22 лютага 1967 года.

Мінск, аб’яднанае пасяджэнне Cакратарыята, секцый прозы і крытыкі Саюза беларускіх пісьменнікаў пад старшынствам Івана Мележа. На гэтае мерапрыемства Кісялёў прыехаў адмыслова — з Вільнюса, дзе працаваў у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР. На пасяджэнні вырашалі лёс рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Гэта цяпер «Каласы» называюць самай прадаванай кнігай года ў Беларусі, а вядомыя людзі краіны бяруць удзел у чытцы гэтага твора на тэлекамеру. А тады вырашалася пытанне, ці выдаваць раман асобнай кнігай. Былі зацятыя праціўнікі гэтага. Тым больш Максім Лужанін напісаў закрытую рэцэнзію па заказе выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе на 74 старонках выказаў свае заўвагі. Асноўная — паказваецца не жыццё народа, а лёс княскай эксплуататарскай сям’і.

Караткевіч сам звярнуўся ў Саюз пісьменнікаў, каб крытыкі вынеслі вердыкт…

«Па дарозе ў «Бочу» нікуды не збочу»

Чаму Генадзь Кісялёў не мог не прыехаць?

Сустрэліся яны з Караткевічам у Вільнюсе, куды пісьменнік прыехаў, каб збіраць матэрыял для рамана «Каласы пад сярпом тваім». Кісялёў успамінаў першую сустрэчу ў архіве: «Я бачыў яго здалёку, мелькам. Быў ён тады хударлявы, таму падаўся больш высокім, як потым. Надта сур’ёзны, засяроджаны і нейкі прасветлены. Мне падалося нават — «не от мира сего». Тады мы з ім не пазнаёміліся, хоць імя яго я збольшага ведаў і нейкую цікавасць да яго меў».

Пазнаёміў Адам Мальдзіс, завязалася сяброўства. Кісялёў дапамагаў збіраць звесткі аб паўстанні 1863 года. Караткевіч зваў яго «Кісялявічусам» і не раз гасцяваў у ягонай кватэры. Вось што ўспамінае Адам Мальдзіс:

«У Вільнюсе мы найперш пайшлі да Генадзя Кісялёва, які жыў тады з маці ў старым, ледзь не рэнесансным дворыку па вуліцы Гедрыса. Амаль насупраць было кафэ «Бочу», якое Валодзя тут жа зарыфмаваў:

Па дарозе ў «Бочу»

Нікуды не збочу.

А чуць далей Дамініканскія муры, дзе Каліноўскі сядзеў у вязніцы, і Святаянскія муры, дзе яго арыштавалі.

Аднапакаёвая кватэра Кісялёвых, вялікая, але цемнаватая і халаднаватая, таксама нагадвала не то турэмную камеру, не то манастырскую келлю. Казалі, што раней тут жыла самая вучоная віленская манашка, а ўсе сцены пакоя былі абстаўлены кнігамі. Кніг хапала і цяпер, асабліва пра паўстанне 1863 года. І Караткевіч, ледзь увайшоўшы і павітаўшыся, ужо ўхапіў нешта ажно не адарваць, нават у час вячэры.

Назаўтра Кісялёў і яго сябар, гісторык Бікуліч, павялі нас у Святаянскія муры шукаць той дом і тыя сходы, на якіх здраджаны Кастусь Каліноўскі спакойна сустрэў са свечкаю ў руцэ царскіх жандараў, кажучы ім, што ён Вітажэнец. Апісанні сучаснікаў доўга не сходзіліся з рэальнасцю, бо прайшоў не адзін капітальны рамонт. Але нарэшце ў «дворыку Міцкевіча» канчаткова і цвёрда ўстанавілі: гэта было тут, у двухпавярховым флігелі справа. Усцешаны Караткевіч прапанаваў усім пайсці ў «Дайнаву», вялікі і мадэрновы рэстаран, упрыгожаны паганскімі ідаламі, пляцёнкай і свяцільнікамі-«павукамі». Валодзя жартам прасіў абмяняць яму ну хоць куточак з «Дайнавы» на які літоўскі па назве горад Ашмяны ці Ліду».

Вядома ж, на даследаванні Кісялёва істотна паўплывала старажытная Вільня… Тут ён сустракаўся з легендарнай Зоськай Верас, сябраваў з яе сынам Антонам, чый бацька, Фабіян Шантыр, беларускі публіцыст і грамадскі дзеяч, быў расстраляны яшчэ ў 1920-х. Нездарма пасля, у 1981 годзе, на 50-годдзе Кісялёва, калі той даўно ўжо будзе жыць у Мінску, Караткевіч і ягоная жонка падораць яму партрэт Кастуся Каліноўскага аўтарства беларускага мастака Пётры Сергіевіча, з якім Кісялёў сябраваў у Вільнюсе.

У адной з гутарак Уладзімір Караткевіч скажа:

«Перш за ўсё я імкнуўся праўдзіва перадаць дух таго складанага і супярэчлівага часу. Узнавіць дэталі мне дапамаглі архіўныя дакументы. Часам яны пацвярджалі тое, да чаго я ўжо раней дайшоў інтуіцыяй. Прывяду адзін прыклад, але не з «Каласоў…», а з «Нельга забыць». У пралогу да рамана расказваецца аб трагічнай гібелі паўстанца 1863 года Грынкевіча. Пісаў я гэтыя старонкі, пераважна абапіраючыся на мясцовыя паданні. Потым жа, на маё ўласнае здзіўленне, Генадзь Кісялёў паказаў мне ў Вільнюскім архіве дакументы пра рэальнага Грыневіча, расстралянага пры тых жа акалічнасцях, што і апісаныя мною ў рамане».

«Гэты раман — значная з’ява»

Падчас абмеркавання лёсу «Каласоў» выступленне Генадзя Кісялёва аказалася самым аўтарытэтным. Вось як яно гучала (у стэнаграме яно падаецца на рускай мове)

«Г.КІСЯЛЁЎ: Раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» з’яўляецца, бадай, першым буйным шматпланавым гістарычным раманам у беларускай літаратуры […]. Тым больш нам варта да гэтага твора праявіць беражлівае, уважлівае стаўленне, беражлівы падыход. Як кожны гістарычны раман, яго непазбежна варта ацэньваць з двух пунктаў гледжання: у мастацкіх адносінах і, па-другое, наколькі правільна адлюстроўваюцца […] гістарычныя падзеі. Што датычыцца ацэнкі рамана «Каласы пад сярпом тваім» у мастацкіх адносінах, то, я думаю, усе дружна пагодзяцца са мной, што раман напісаны выдатна. Уладзімір Караткевіч — выдатны мастак, выдатны майстар слова. Усё, пра што ён піша, ён гэта ярка, выразна бачыць і таму ўмее перадаць карціны, створаныя яго ўяўленнем, умее данесці іх да чытача. Другое пытанне: наколькі правільна адлюстроўвае гістарычныя ён падзеі […] у сваім рамане? Першая кніга рамана ахоплівае вялікі прамежак часу — з канца 40-х гадоў да 1861 года, да самага пярэдадня паўстання 1863 года… Мне прыйшлося падняць нямала матэрыялаў па паўстанні 1863 года […], і я магу сказаць, што Уладзімір Караткевіч вельмі правільна разабраўся ва ўсіх складаных супярэчнасцях гэтай эпохі, якую ён адлюстроўвае. Ён добра знаёмы з дакументамі, яму дапамагае ў многіх выпадках выдатная інтуіцыя мастака […]. Могуць спытаць, чаму аўтар абраў героем свайго рамана сына князя, хіба людзі з такой высокай лесвіцы хадзілі да народа? Мы ведаем: бывалі такія факты, і пісьменнік-дэмакрат Альгерт Абуховіч паходзіў з буйных памешчыкаў […]. Аўтару важна паказаць сувязь свайго любімага героя Алеся Загорскага з народам, што ад народа ён запазычыў свае найлепшыя рысы. Гэтае дзядзькаванне неабходна было аўтару, каб абмаляваць цікавую постаць дзеда Алеся Загорскага — старога Вежы. Ён — вальтэр’янец, чалавек незалежны, заўзяты ненавіснік усякага цемрашальства і рэлігіі. Нездарма аднаго свайго ўнука ён пакінуў у праваслаўі, а іншага хрысціць па каталіцкім абрадзе. Такі чалавек цалкам мог успомніць аб старым звычаі дзядзькавання і аддаць унука на выхаванне селяніну […]. Можа ўстаць пытанне такім чынам: а ці не занадта аўтар малюе моцным нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі ў той час? Такога папроку аўтару зрабіць нельга, бо 1863 год — гэта цікавы год, год імкнення рэвалюцыянераў зліцца з народам. І ў Беларусі гэта выявілася ў тым, што найлепшыя прадстаўнікі шляхты, якія былі апалячаныя, цалкам пераходзілі на бок народа. Асабліва добра я гэта зразумеў, калі, займаючыся біяграфіяй Арцёма Вігдарэўскага, выявіў яго словы, што «з беларушчынай я не разбратаўся, можа быць, дарэмна марную на яе сілы. Што ж рабіць? Нічога, пакамкаць шапку» […]. Калі я працаваў над біяграфіяй Арцёма Вігдарэўскага і пасля таго, як «Полымя» надрукавала ў скарочаным выглядзе раман Караткевіча, я здзівіўся, як Караткевіч, не будучы знаёмы з гэтымі матэрыяламі, мог уявіць сабе карціны грамадска-палітычнага жыцця таго часу. Я, вядома, мог бы назваць тыя ці іншыя невялікія адхіленні аўтара ад гістарычнай ісціны, але прынцыповых заўваг у гэтым плане ў мяне няма. Усё гэта дробязі, якія лёгка выправіць пры самай невялікай рэдакцыі. На завяршэнне я павінен сказаць, што раман Караткевіча — трэба гэта падкрэсліць — працяты гуманізмам, напісаны з яркіх інтэрнацыяналістычных пазіцый, працяты душэўным святлом, душэўнай чысцінёй аўтара. Гэта значная з’ява ў беларускай літаратуры, вялікі ўклад у беларускую літаратуру […]».

Раман удалося адстаяць, «Каласы» былі выдадзеныя — хоць аўтару давялося пайсці на кампрамісы, скарачаць, пагаджацца з праўкамі.

«Як бы не пашкодзіць часам, не адламаць, не адсекчы лішне якую галіну»

Дунін-Марцінкевіч, Вярыга-Дарэўскі, Альгерд Абуховіч, Францішак Багушэвіч, Альберт Паўловіч, Павел Шпілеўскі… Сотні імёнаў, створана ўражальная панарама XІX стагоддзя ў беларускай літаратуры, з якога на слыху было раней некалькі імёнаў… Помню, як вычытала ў кнізе «Героі і музы» пра мінскага музыканта Дамініка Стафановіча, настаўніка Станіслава Манюшкі. Кісялёў знайшоў дакументы, як той з жонкай адкрыў у Мінску жаночы пансіён і як быў капельмайстрам гарадскога аркестра, што размяшчаўся ў ратушы і іграў на адкрытай галерэі яе другога паверху… І такая яркая карціна старасвецкага Мінска ўявілася, што пасля ўвасобілася ў творах.

А вось у той жа кнізе Кісялёў зачапіўся за адзін радок: элегію Каратынскага паклаў на музыку селянін з Навагрудчыны Вінцэсь Клімовіч… І пачынаецца расследаванне! Клімовіч выявіўся паўстанцам, знайшоўся нават ягоны фотаздымак у следчай справе — модны гарнітур, ланцужок гадзінніка… Кісялёў высвятляе, што музыка да элегіі напісаная ў высылцы… Што брат і шаснаццацігадовая сястра Клімовіча таксама сасланыя ў Сібір…

«У трывалага дрэва гісторыі ёсць магутныя галіны, ёсць проста лісце. Усе разам яны ствараюць крону. Чым пышнейшая яна, тым багацейшы на духоўныя здабыткі народ… Зразумела, першы наш клопат — галоўныя галіны. Але і кожны найменшы атожылак шмат можа апавесці пра няспынны бег часу, векавечную плынь Хронаса, пра ўрокі мінулага, пра тое, «чым ёсць для народа ўпадак і хвала». І яшчэ баліць і рупіць — як бы не пашкодзіць часам, не адламаць, не адсекчы лішне якую галіну, ужо не гаворачы пра тое, як было, напрыклад, у часы сталінскіх беззаконняў або ў вайну, калі злыя перуны безупынна білі ў дрэва жыцця, калі Дрэва Беларусі страціла ці не ўсю зялёную чупрыну, — выратавалі толькі ўчэпістыя карані, што схаваліся глыбока пад зямлёй. Ачомалася, адышло Дрэва, зноў зашумела сакавітым лісцем».

Тое, што напісаў Генадзь Кісялёў пра галіны і атожылкі Беларускага Дрэва, не страціць каштоўнасці ніколі.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Апавесці пра векавечную плынь Хронаса»

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.