Вяшчун i мастак

На могiлках вёскi Войстам Cмаргонскага раёна ёсць напаўзруйнаваны склеп, а там на надмагiллi — надпiс:

«Зямляк, ушануй гэты помнiк!

Бо пад iм спачывае Вяшчун i мастак радзiмай дабрачыннасцi i пачуццяў Лiтвы.

А калi ў тваёй душы голас iх адзавецца,

З набожнай верай продкаў узнясi за iх твае малiтвы».

Гэта фамiльная пахавальня роду Ходзькаў, а надмагiлле — вядомага пiсьменнiка Iгната Ходзькi. Вядомы ён творамi на польскай мове, але жыў i ствараў на беларускай зямлi. З нагоды 225-годдзя пiсьменнiка давайце ўспомнiм некаторыя факты ягонай бiяграфii.

1. Абодва дзяды былi майстрамi гавэндаў

Iгнат Ходзька нарадзiўся ў вёсцы Заблошчына Вiлейскага раёна. Рана асiрацеў, выхоўваў яго дзед па мацi Мацей Вiдмант, майстар гавэндаў. Гавэндамi называлiся гiсторыi, якiя распавядалiся звычайна па вечарах, ля камiна цi печкi. Дзед па бацьку Мiхал Ходзька з сядзiбы Дзявятнi таксама быў знаным «гавэндарам».

2. Вучыўся ў Барунах з «iмператарамi»

У дзесяць гадоў Iгнат патрапiў на вучобу ў знакамiтую Барунскую базыльянскую школу на Ашмяншчыне. Пра тыя гады Iгнат Ходзька пасля напiша апавяданне «Баруны». Вучоба была нялёгкай: а 6.30 трэба было ўжо прысутнiчаць на службе ў храме. У кожным класе прызначаўся «iмператар» — вучань, якi дакладваў настаўнiку пра кожнага аднакласнiка, яго поспехi i злачынствы. А па суботах падводзiлiся вынiкi з дапамогай розгаў.

3. Вядомых Ходзькаў у той час было шмат

Род Ходзькаў даў ХIX стагоддзю цэлае сузор’е постацяў. Гэта паэт i фалькларыст Аляксандр Ходзька, лiтаратар i этнограф Дамiнiк Ходзька, гiсторык i выдавец Леанард Ходзька. Адзiн стрыечны брат Iгнацыя, паэт Мiхал Ходзька, iнсургент, з’ехаў у эмiграцыю, другi, Аляксандр, консул Расiйскай iмперыi ў Персii, перакладаў з персiдскага, трэцi, Юзаф, — вучоны-картограф i геадэзiст з сусветным iмем.

Найбольшы ўплыў на Iгната зрабiў ягоны дзядзька Ян Ходзька, былы фiламат i паўстанец, драматург i заснавальнiк масонскiх ложаў у Вiльнi i Мiнску. Дзядзька апекаваўся таленавiтым пляменнiкам, у Варшаве пазнаёмiў яго з лiтаратарскiм колам, i Iгнат патрапiў у таварыства шубраўцаў — лiтаратурнае аб’яднанне, дзе займеў мянушку «рыфмаплёт».

4. Уладзiмiр Караткевiч апiсаў Iгната Ходзьку як адмоўнага персанажа

У рамане Уладзiмiра Караткевiча «Каласы пад сярпом тваiм» мы сустракаем Iгната Ходзьку. Праўда, персанаж ён эпiзадычны i не станоўчы. Караткевiч апiсвае вiленскi салон Адама Кiркора, дзе ёсць «нейкi багацей» Iгнацый Ходзька, «паэтаў цёзка па прозвiшчы», якi асуджае Дунiна-Марцiнкевiча i Сыракомлю за пiсанне на «мужыцкай гаворцы». Вядома, гэта хутчэй умоўны вобраз. Наш Iгнацый Ходзька таксама быў не бедны, працаваў упраўляючым у радзiвiлаўскiх маёнтках, але з магнатамi параўнацца не мог. Праўда, ягоную рэпутацыю псаваў удзел у стварэннi вернападданнiцкага «Альбома» для расiйскага iмператара i чуткi, што сурова абыходзiцца з прыгоннымi.

5. Стварыў сядзiбу муз

Адам Кiркор у кнiзе «Живописная Россия. Литовское и Белорусское Полесье» сцвярджае: «Игнатий Ходзько — знаменитейший из польских повествователей. Его Obrazy litewskie снискали ему громкую известность. Друг и родственник (по жене) Одынца и Корсака, он под их влиянием сделался горячим сторонником романтизма, хотя прежде под влиянием дяди своего Яна придерживался классицизма… Игнатий Ходзько в полном смысле слова Литвин. Литва у него во всем как живая».

У трыццаць гадоў Ходзька, шчаслiва жанаты з Людвiкай Мацкевiч, асеў у вёсцы Дзявятня. Там утварыўся прытулак муз. Хто толькi нi бываў там — Адам Мiцкевiч, Уладзiслаў Сыракомля, Юльян Корсак, Адам Кiркор. А пра альтанку пад назвай «Гелiкон» Эдвард Адынец напiсаў верш:

Не шкадуй працы, мой Iгнацы,

Вешчую лютню вазьмi ў далонi,

А землякi цябе ўвянчаюць

Лаўрамi на тваiм Гелiконе.

6. Дапамагаў паэтэсе выдаць кнiжку

Аднойчы Iгнат Ходзька ўзяўся дапамагаць дачцэ сваiх сяброў з маёнтка Дабраўляны, юнай графiнi Габрыэлi Пузынi, якая пiсала таленавiтыя вершы. Прапанаваў выдаць зборнiчак. Але мацi паэтэсы абурылася: «Кабета найшчаслiвейшая, калi пра яе людзi не ведаюць i не гавораць». Ходзька запэўнiў, што вершы ў зборнiку будуць выключна рэлiгiйнага зместу.

Княжна Пузыня, якая праславiлася як пiсьменнiца Габрыэля Гюнтар, расказвала пра валун на дарозе ад яе маёнтка да Свiрскага возера, якi называўся Iгнатавым, бо там любiў сядзець Iгнат Ходзька.

7. Тужыў пасля смерцi дачкi

Аднойчы ў «Варшаўскiм штодзённiку» паведамiлi: Iгнацый Ходзька так затужыў пасля заўчаснай смерцi дачкi, што кiнуў пiсаць. Памёр Iгнацый у 1861 годзе.

Яго ўнучка Марыя ў Францыi пазнаёмiлася з удзельнiкам паўстання 1863 — 1864 гадоў Густавам Чаховiчам i выйшла за яго замуж.

cultura@sb.by

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.