ЛЮДМІЛА РУБЛЕЎСКАЯ ЗОРКАВЕД і ЗОЛАТА казка

Гэта незвычайная казка… Яе распавядае ў рамане “Авантуры Пранціша Вырвіча, канфедэрата і здрадніка” галоўны герой, доктар Баўтрамей Лёднік, сваёй дачушцы Сафійцы. У казцы Лёднік зашыфроўвае павароты ўласнай біяграфіі.

ЛЮДМІЛА  РУБЛЕЎСКАЯ

 

ЗОРКАВЕД  і  ЗОЛАТА

 

казка

 

Было гэта даўно-даўно, яшчэ за каралём Сасам, калі ў Дняпры плавалі вадзяныя змеі велічынёй з млын, а млыны малолі камяні. Навошта? А каб на хлебе з каменнай мукі гадаваліся волаты, моцныя, як валуны.

Жыў тады ў горадзе слаўным, дзе над ракою бялее храм з пяццю купаламі, чалавек, што хацеў навучыцца рабіць золата.

І калі ты думаеш, што той дзівак быў надта сквапны — памыляешся. Насамрэч ён быў шчаслівы хадзіць у лахманах і есці адну параную рэпу, абы пры гэтым у яго меліся кнігі і магчымасць лічыць зоры ды аблокі.

Ото ж любіў ён лічыць зоры ды аблокі! Колькі разоў ідзе, задраўшы голаў, спатыкаецца ды падае ў брудную калюжыну, месцічаў весяліць. Так што празвалі яго Зоркаведам.

Але на насмешкі ён нават не зважаў, бо акрамя мудрасці кніжнай ды навук розных нічым не цікавіўся.

Самым недасяжным, самым важным веданнем, даступным толькі абраннікам, тады лічылі ўменне ператвараць у золата простае жалеза альбо камень.

А Зоркавед, ясна, лічыў сябе такім абраннікам. Вывучыў усе трактаты вучоныя па стварэнні штучнага золата, ды ўзяўся за працу. Ды так, што спляжылася на доследы ўся ягоная маёмасць, і нярэдка снедаў ён сухой скарынкай, а вячэраў салодкай мрояй. Галоўнае — у шкляных колбах змешваліся ды віравалі рэчывы, гарэў агонь пад чыгуном, у якім варыўся не суп, а ўсялякае атрутнае расчынне. Хутка дакажа абраннік усяму свету, што самы разумны! І не было каму Зоркаведа спыніць, бо не меў ён у горадзе ні сяброў, ні сваякоў.

Нарэшце здабыў наш вучоны тры крупачкі золата, якія ледзь можна было разгледзець у вуголлі. Перасыпаў у бутэлечку, паўсюль з сабой насіў, ды пяшчотна разглядаў, як штучнае золата паблісквае ў попеле. А каб працягнуць доследы, пайшоў у пазыкі, абяцаючы ўсім, што хутка таго золата здабудзе цэлы воз.

Ды хто пазычыць грошай вар’яту за бліскучую парушынку?

Адзін толькі пан, багаты як цмок, што нават яблыкі ў сваім садзе загадаў пазалаціць, згадзіўся. Але ўзамен Зоркавед мусіў прывесці яму красуню з таго народу, што жыве ў аблоках ды завецца Сільфамі. Людзі ж верылі, што Зоркавед з Сільфамі, ды Гномамі, а мо і з Вужыным Каралём па начах каву п’е, як з простымі суседзямі.

Сільфаў завоблачных Зоркавед, адкак, ніколі не бачыў. Але пачытаў належныя трактаты і давай закляцці тварыць. Зірнуў у вакно — ці не спускаецца хто з аблокаў, а па вуліцы, вузкай, як розум дурня, ідзе яна. Сільфіда. Сінія вочы ззяюць, камяні пад чаравічкамі ад гонару свецяцца.

Кінуўся Зоркавед даганяць красуню.

Вядома, не была яна Сільфідай, а звычайнай дзяўчынай, дачкой мясцовага кнігара, які жыў побач з Зоркаведам і ў лаўцы якога Зоркавед не аднойчы набываў кнігі. Але здабывальнік золата ніколі не разглядаў звычайных людзей, хай бы яны і жылі па суседстве.

А тут упершыню разгледзеў…

І стаяў бы ён вечна пад кустом бэзу ля дому прыгажуні, і назіраў бы за ёю, дзівячыся і не разумеючы, што ж такое мяняецца ў ягоным сэрцы…

Бо вырашыў — не аддасць ён Сільфіду сквапнаму пану. Хай лунае яна на волі, бо нічога прыгажэйшага Зоркавед не бачыў ні ў аблоках, ні ў зорным небе. І ўсё роўна яму стала, ці гэта дзяўчына з неба, ці з суседняга двара. Бо яна заставалася для яго недасяжнай, як зоры і аблокі. Што ён мог ёй прапанаваць, акрамя трох крупачак здабытага золата, за якія не купіш і булкі?

А пан між тым прыехаў паглядзець, што ўдалося Зоркаведу. І заспеў яго пад кустом бэзу, і вочы ў Зоркаведа былі задуменна-шчаслівыя, і такія здзіўлёныя, быццам упершыню свет пабачыў.

Заўважыў пан, каго Зоркавед гэтак вызірае. І таксама аслупянеў. Сільфіда ці не, але неадменна гэтая прыгажуня мусіць быць ягонай!

Вось толькі шукальнік золата запярэчыў… Баяўся ён, што пан зробіць Сільфіду няшчаснай, пасадзіць на ланцуг. Гатовы быў на двубой пана выклікаць.

Такі шум усчалі, што ўся вуліца збеглася.

І вось стаяць яны абодва перад дзяўчынай, бездапаможныя перад яе сінім позіркам, і насмешна ківае ружовымі кветкамі над імі бэз.

Абяцае багацей, што ў ягоным доме прыгажуня будзе жыць у залатым пакоі, есці з залатых талерак і хадзіць у залатых сукенках.

–А ты што мне можаш прапанаваць?

Перавяла сіні позірк Сільфіда на Зоркаведа.

Той моўчкі палез у кішэню, дастаў бутэлечку, дзе ў чорным попеле паблісквалі тры залатыя парушынкі, адкаркаваў і высыпаў плён сваёй цяжкой працы на вецер… Можа, і даляцелі тыя залатыя парушынкі да аблокаў, дзе жывуць Сільфы?

І як ты думаеш, каго выбрала дзяўчына? Таго, хто складаў да яе ног дарагія скарбы, альбо таго, хто дзеля яе адмовіўся ад апошняга?

Дзяўчына была разумнай, і чытала Зоркаведа лепей, чым ён зоры… Ёй быў ясны ягоны ўчынак. Хлопец адмаўляўся надалей шукаць таямніцу здабывання золата. Таму што ўжо адкрыў яе, і ў ягоным сэрцы ўтварылася золата кахання. Цэлы цяжкі злітак.

Сільфіда ўзяла Зоркаведа за руку і павяла ў свой дом. Даўно варта было ім пагаварыць: ён кніжкі любіў, яна кніжкі любіла, дабраная пара, карацей.

А што пан? Пан, вядома, раззлаваўся. Хіба паны звыклі, каб у іх нейкія Зоркаведы Сільфідаў адбіралі? Кажуць, нашаму дзіваку давялося нават з шабляй у руках сваё золата абараняць. Але хто яго адніме, калі яно ў сэрцы?

Вядома, яны ажаніліся – дачка кнігара ды Зоркавед. Той жа, пакуль доследы свае рабіў, шмат чаму навучыўся. Любую фарбу мог змяшаць, любую найтонкую работу выштукаваць. Такія прыгожыя  вокладкі для кніг стаў ладзіць, што заказчыкі здалёк прыязджалі. Мусіць, і сам не адну кнігу напісаў.

А як жа зоры і аблокі? Іх можна лічыць і ўдваіх. Калі, вядома, пры гэтым не забывацца часцей пазіраць адно на аднаго ды на іншых людцаў.

 

Вам таксама можа спадабацца

1 каментарый

  1. Дзякуй вялікі, паважаная спадарыня Людміла, вашыя аповеды заўсёды трапяць у самае сэрца, ваша мова, як музыка, гэта вялікі дар, я рада, што адшукала вас і магу час ад часу атрымліваць сапраўдную асалоду чытання.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.