Людміла Рублеўская. Я – мінчанін.

Людміла Рублеўская

Я – мінчанін

Я правяду цябе па сваім родным горадзе, дружа…

Магчыма, гэта і твой родны горад, і ты таксама можаш з гордасцю сказаць: “Я – мінчанін”. І нават калі гэта не так, павер: гэты горад – самы прыгожы ў свеце.

Ты можаш запярэчыць мне: на свеце столькі гарадоў большых і старажытнейшых, дзе ёсць хмарачосы ў сотні паверхаў і помнікі гісторыі, збудаваныя тады, калі на берагах Свіслачы толькі пракаветныя сосны гайдалі на сівым галлі беларускае сонца…

Ці ведаеш ты сапраўднае аблічча свайго горада? Ці здагадваешся, што хаваецца пад шэрай роўняддзю асфальту, за каменнымі фасадамі дамоў, у карункавым прыцемку паркаў, памяць пра якія легенды там жыве? Гісторыя была да нас нялітасцівай. Наш горад шмат разоў знішчалі ворагі. Нават не часткова – цалкам, бязлітасна, так, каб не адрадзіўся… А ён адраджаўся. Нашы продкі прыходзілі на гэтае месца і адбудоўвалі дамы і храмы, млыны і бровары, брукавалі вуліцы і ладзілі кірмашы… Але мала, да крыўднага мала што засталося, каб сведчыць нам аб былых часах, аб слаўнай гісторыі Мінску. Здаралася, самі гараджане не надта дбалі аб захаванні старажытнага аблічча свайго горада – і такое больш не павінна паўтарыцца. Столькі герояў на працягу стагоддзяў гінула, каб на гэтым месцы квітнеў горад… Забыць сваю гісторыю – здрадзіць іх памяці.

Так давай жа пройдземся па драўляных насцілах, па бруку і па асфальце Мінску. І горад адкрые свае таямніцы.

 

Пачнем сваё падарожжа са знаёмства з “пашпартных дадзеных” горада.

Імя – Мінск (Менск, Менеск, Меньск).

Год нараджэння –1067.

Званне – сталіца Рэспублікі Беларусь.

Месцазнаходжанне – паўднёва-усходні схіл Мінскага ўзвышша.

Але калі ты ўяўляеш наш горад у выглядзе вялікага пляцу, памыляешся – у ім ёсць узгоркі і нізіны, розніца між якімі – 100 метраў. Самае высокае месца – паміж вуліцамі Ціміразеўская і Харкаўская, самае нізкае – у пойме Свіслачы ў мікрараёне Чыжоўка. Галоўная рака – Свіслач, у якую ўпадаюць прытокі Няміга, Вяча, Ратамка, Слепня, Трасцянка, Цна.

Жыве ў Мінску на сёння каля 1 мільёна 700 тысяч жыхароў. У ім больш 600 вуліц і праспектаў. Яго тэрыторыя падзяляецца на 9 раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны.

Як і кожная сталіца, Мінск мае свой герб і свой гімн.

Паглядзі, які прыгожы гэты герб: на блакітным, як вясновае неба, фоне Багародзіца, перад якой укленчылі два анёлы.

Прывiлей, права на герб Мiнск атрымаў 12 студзеня 1591 года. Але чаму на гербе нашага горада – выява Прасвятой Багародзiцы?

13 жнiўня 1500 года мiнчукi заўважылі дзiўнае святло над Свiслаччу, непадалёк ад таго месца, дзе зараз знаходзiцца мост, якi злучае Траецкае прадмесце i вулiцу Нямiга. Напэўна, было гэта яшчэ ўранку, калi не паспела добра развiднець… Людзi збеглiся, каб пагледзець на цуд, i ўбачылi, што хвалi Свiслачы вынеслi на бераг абраз з выявай Прасвятой дзевы Марыi. Паводле падання, абраз гэты быў намаляваны самiм святым апосталам Лукою. У 989 годзе князь Уладзiмiр Святаславiч вывез святыню з вiзантыйскага гораду Херсанэсу ў Кiеў. Але не менш, чым на Мінск, нападалi ворагi i на слаўны горад Кiеў… У канцы XV стагоддзя ўварваліся за гарадскія сцены крымскiя татары. Адзiн з рабаўнiкоў кiнуў абраз у Дняпро. І здарылася дзiва – той паплыў супроць цячэння… i патрапiў у Мiнск. Такiм чынам Мацi Божая стала заступнiцай нашага горада i ўсiх яго жыхароў. І сёння вы можаце паглядзець на яго, папрасiць дапамогi, калi прыйдзеце ў Кафедральны Свята-Духаў сабор. Цудадзейны абраз захоўваецца ў нефе злева ад алтара.

А гімн у нашага горада з’явіўся значна пазней, ужо ў ХХ стагоддзі. Напачатку гэта была проста песня, якую напісаў кампазітар Ігар Алоўнікаў на словы паэта Івана Панкевіча. На пачатку ХХІ яна стала гімнам горада.

 

Гімн горада Мінска

 

1
Краса беларускага краю
І творчае думкі ўзлёт,
Табе сваю песню складаю,
Мой горад герой-патрыёт.
Прыпеў:
Хай удалеч песня мчыцца
Над краінай дарагой.
Ты спявай, мая сталіца,
Родны сэрцу горад мой.
2
І паркі твае, і бульвары
Люблю я вячэрняй парой.
Паусюль закаханыя пары,
І шэпат, і смех над ракой.
Прыпеў:
3
Тваёй ганаруся я славай,
І рады я шчырай душой,
Што э гэтай красе велічавай,
Ёсць доля і працы маёй.
Прыпеў:

 

Ёсць у нашага горад свой Устаў, прыняты ў 2001 годзе. Калісьці былі ў Мінску войты, бургамістры, губернатары. Дарэчы, вядомае імя першага войта, які кіраваў горадам у пачатку ХVI стагоддзя – Гаўрыла Гарнастай. А сёння ў Мінску ёсць мэр, органы самакіравання – як даўней была гарадская рада. Сярод ганаровых жыхароў горада – мастак Міхаіл Савіцкі, артыст Расціслаў Янкоўскі, нобелеўскі лаўрэт у галіне фізікі Жарэс Алфёраў, трохкратны алімпійскі чампіён Аляксандр Мядзведзь, кампазітар Ігар Лучанок.

 

2. Паходжанне Мінска.

Мы адлічваем узрост горада, пачынаючы ад першай згадкі пра яго ў летапісах. Але насамрэч людзі на гэтым месцы жылі вельмі, вельмі даўно… Чаму яны тут пасяліліся? Напэўна, прывабілі іх чыстыя рэкі і поўныя дзічынай лясы… Вадзіліся тут і зубры, і мядзведзі. І яшчэ такія-сякія жывёлы. У 1908 годзе пры будаўніцтве Аляксандраўскай чыгункі знайшлі косткі маманта, тура і выкапнёвага каня. У 1923 годзе на правым беразе Свіслачы ў раёне Лошыцы – чэрап аўцабыка. Нават зусім нядаўна, у 70-х гадах ХХ стагоддзя на скрыжаванні вуліц Харкаўскай і праспекта Пушкіна, пракладваючы вадаправод, убачылі абломак біўня маладога маманта даўжынёй 82 см. Так што там, дзе ты зараз ходзіш у школу, магчыма, праходзіў мамант!

А першыя людзі пасяліліся каля Старажоўкі і ў раёне вуліц Ціміразева і Гвардзейскага завулка ў канцы 5 –пачатку 4-га тысячагоддзя да нашай эры. Ты толькі ўяві, якая даўніна! Людзі яшчэ не навучыліся рабіць бронзу. Затое з’явіліся першыя ветразі, а ў Старажытным Егіпце прыдумалі сонечны каляндар. У той час нашы продкі лавілі рыбу ў Свіслачы, палявалі на зубраў і вучыліся ляпіць збаны. Ёсць у Мінску і сапраўдныя курганы – напрыклад, у раёне праспекта Любімава.

Называўся наш горад у розныя часы па-рознаму. Менеск, Меньск, Менск, Мiнск… Адкуль такое iмя?

… Было гэта, калі на Беларусі раслі камяні і жылі волаты… Пасялiўся на беразе Свiслачы волат-млынар Менеск. Пабудаваў на рацэ свой млын на сямі калёсах… Ды не зерне перамолвалася ў чароўных жорнах – а… камянi. Здалёк даносiўся грукат волатава млына, баялiся ворагi нават блiзка падыходзiць… Была ў Менеска прыгажуня-дачка Менка. Гавораць, шмат хто са слаўных вояў аддаваў ёй сваё сэрца… Дзеля красуні і йшлі служыць да яе бацькі. Ноччу раз’язджаў Менеск па дарогах і збіраў дружыну. Пад ахову чарадзея-млынара і ягоных вояў адусюль прыязджалі людзі. Яны будавалі свае дамы ля млына, на берагах хуткай рэчкі, і паступова там узнік цэлы горад. Але звялiся волаты на Беларусi, перасталi расцi камянi, i рассеялася каменная мука з Менескава млына па берагах Свiслачы… Можа быць, каменьчыкi, што ты можаш убачыць там пад нагамi – з валуноў, патрушчаных у чароўных жорнах? Толькі прымаўка засталася – “Не пайду я да Менска ад шляху Віленска; а пайду па шляху Віленскім, спаткаюся з Менескам”.

Ёсць i больш звычайная версiя – нiбыта назвалi Менск ад слоў “мена”, абмен, бо прыязджалi на тутэйшыя кiрмашы купцы з усяго свету. Не дзіва – знаходзіцца наш горад на скрыжаванні гандлёвых шляхоў… Магчыма, i ў гэтай версii калiва праўды…

А вось у 16 кiламетрах на захад ад нашага горада, там, дзе цяпер музей народнага драўлянага дойлiдства Строчыцы, струменіць цiхая, амаль перасохлая рака Менка… Здаецца, дзе яна, i дзе наш горад? Але на берагах Менкi знайшлi старое гарадзiшча. Вось i ўзнiкла версiя: а раптам летапiсны Менск быў менавiта тут, на рацэ Менка, ад назвы якой i атрымаў сваё імя? А пасля таго, як ворагi напалi на горад i спалiлi яго дарэшты, людзi вырашылi не будавацца на папялiшчы, бо лiчылi гэтае месца ўжо выклятым, i перашлi на iншае.

Хто цяпер вызначыць, якая версiя больш праўдзiвая? Ну а Мiнскам старажытны Менск зрабiўся ў вымаўленнi палякаў. Такі варыянт i патрапiў на геаграфiчныя карты.

 

3. Няміга. Бітва на Нямізе.

Хто з мiнчан не любiць гуляць па ўзбярэжжы Свіслачы ў раёне Траецкага прадмесця, глядзець, як люструюцца белыя аблокi ў цёмнай вадзе? І гасцей у першую чаргу вядуць сюды, дзе адноўлены кавалачак старажытнага горада. Не дзiва, што прыцягвае гэтае месца – тут сэрца горада, тут яго дзядзінец, Замчышча… Ты не памылiўся – ад слова “замак”… Збудавалi Менскi замак у другой палове ХІ стагоддзя. Напачатку быў ён драўляны, потым з’явіліся мураваныя сцены. Як па нашых сучасных мерках – невялiкi, але моцны… І храм у ім меўся – Менская замкавая царква, ад якой сёння застаўся адзін падмурак. Вакол замка сяліліся рамеснікі, з’явілася пад аховай яго сценаў гандлёвая плошча – Ніжні рынак. Шмат аблогаў вытрымаў замак, шмат вояў абараняла яго… Сярод іх самы славуты – князь Глеб Менскі, сын полацкага князя Усяслава Чарадзея. Глеб любіў свой горад, і хацеў, каб ён узвысіўся і над Полацкам, і над Кіевам. Вось і даводзілася шмат ваяваць. Як і наступнікам Глеба – з усіх бакоў прыходзілі нападнікі на горад. Адам Кіркор, вучоны, які пісаў пра Мінскі замак ў канцы ХІХ стагоддзя, сведчыў, што ў равах, якія абкружалі яго, знайшлі некалькі каменных ядраў, адно з іх мела ў дыяметры да двух метраў. Уяві, якая вялізная мусіла быць гармата! А яшчэ Кіркор засведчыў, што з развалінаў замка мінчане ХІХ стагоддзя цягалі камяні, з якіх будавалі свае дамы… Так што і сёння ў падмурку якога непрыкметнага дома, напэўна, ляжаць камяні з мінскага замка.

Абаранялi замак i схiлы ўзгорка, i воды рэк. Злiвалiся тут дзве ракi – Нямiга i Свiслач. Апошняя i сёння – галоўная рака горада, а вось другую ты можаш заўважыць толькi калі падыдзеш з боку Траецкага прадмесця, ля кнiжнай крамы “Вянок”, i ўважлiва прыгледзішся да паверхнi Свiслачы каля мосту. З квадратнай чорнай адтулiны бетоннай трубы цячэ ў Свiслач струмень… Гэта i ёсць Нямiга – падземная паланянка. Летапiсная рака, якую ведаюць ва ўсiм свеце…

Гэта было ў 1067 годзе. Многія князі былі між сабой у сваяцтве, многія ваявалі між сабою. Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч напаў на Пскоў ды Ноўгарад. Палютаваў, павесяліўся сіле сваёй… Каб адпомсціць, кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч з братамі – пераяслаўскім князем Усеваладам ды чарнігаўскім князем Святаславам прыйшлі пад Менск, які тады падначальваўся Полацку. І наш горад расплаціўся напоўніцу за перамогу палачан… Усіх мужчын выразалі нападнікі, жанчын і дзяцей забралі ў палон… Падыйшло войска князя Усяслава, і 3 сакавіка 1067 года адбылася крывавая бітва…

Вось як апісаў яе аўтар знакамітага “Слова аб палку Ігаравым” :

На Нямізе галовы сцелюць снапамі,
Харалужнымі малоцяць цапамі,
Жыццё кладуць на таку злюцела,
Веюць душу ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
Не збожжам былі засеяны зноў –
Засеяны касцьмі сыноў.

Так і ўвайшоў наш горад у гісторыю – трагічнай згадкай пра братазабойчую вайну.

А як жа трапіла летапісная Няміга пад зямлю? Да канца ХІХ стагоддзя калісьці прыгожая рэчка ператварылася ў брудны раўчук… Але дастаткова было прайсці вялікаму дажду, як яна выходзіла з берагоў. Сто гадоў таму Свіслач і Няміга, разліўшыся, затаплялі цэлыя кварталы, цэнтр Мінска ператвараўся ў сапраўдную Венецыю, і жыхары плавалі там на чоўнах. Але наўрад спявалі, як венецыянскія гандальеры, – не да песень, калі затоплены твой дом. Нават гінулі людзі ў хвалях… І хаця пазней ад тых паводак засталіся адны ўспаміны, у ХХ стагоддзі ад неахайнай і непакорлівай рачулкі вырашылі… пазбавіцца. Замкнулі яе ў бетонную трубу. Але, можа быць, надыдзе час, і мінчане зноў змогуць любавацца славутай ракой? Было ж калісьці ў Нямізе столькі рыбы, што хоць рукамі лаві. А яшчэ вадзіліся ў ёй… цмокі. Прынамсі, ёсць сведчанні, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі ў тым месцы, дзе зліваюцца Няміга і Свіслач, лавілі дзіўных вялізных яшчарак з цёмнай лускою, тлустых, з чатырма кароткімі лапамі… Хто ведае, магчыма, далёкі продак гэтых істотаў і быў цмокам з беларускіх паданняў?

 

4. Ратуша. Магдэбургскае права.

Быў наш горад у ліку 15 мацнейшых гарадоў магутнай дзяржавы, Вялікага княства Літоўскага. 15 ліпеня 1410 года Менская харугва – атрад вояў з нашага горада – брала ўдзел у славутай Грунвальдскай бітве. Жылі ў Менску тады адважныя рыцары і чароўныя дамы, рамеснікі і купцы, манахі і лекары – такія, як і ва ўсіх гарадах сярэдневяковай Еўропы. І ў 1499 годзе па ўказе Вялікага Князя Літоўскага Аляксандра наш горад, як іншыя вядомыя гарады, атрымаў Магдэбургскае права.

Гэта значыла, што кіраваў цяпер горадам не князь, а магістрат, гарадская рада на чале з войтам. У раду абіраліся самыя паважаныя гараджане. Атрымліваў горад свой герб і сцяг. Каб Менск адпавядаў свайму новаму званню, там належала пабудаваць ратушу – будынак, у якім стане збірацца гарадская рада, а побач – хлебныя лаўкі, “пастрыгальную камеру” для раскрою тканінаў на продаж ды іншыя неабходныя для горада ўстановы. Паўстала ратуша на прыгожым, высокім месцы – Саборнай плошчы (зараз плошча Свабоды), а рынак каля яе назвалі Верхнім, у адрозненне ад старога, Ніжняга, што месціўся каля замка. Першую – драўляную – ратушу знішчыў пажар. І ў ХVI стагоддзі, і ў XVII-м адбудоўвалі сімвал гарадскіх вольнасцяў… У 1656 годзе маскоўскі ваявода пісаў свайму цару, што мінская ратуша “добре велика, каменная”. З’явіўся на яе вежы гадзіннік і звон. Збіраўся там радзецкі, або ратушны, суд, вырашаліся важныя справы… А якія святы ладзіліся на пляцы ля ратушы! Цэхі гандляроў і рамеснікаў – шаўцоў, залатароў, мечнікаў, рымароў – выходзілі кожны са сваім штандарам, у адпаведным сваёй гільдыі ўбранні, у яркіх жупанах ды куртках, пад звон бубнаў. Можна было паглядзець, як вандроўныя артысты разыгрываюць містэрыю пра цара Ірада, на штукарствы мядзведзяў – выхаванцаў знакамітай Смаргонскай мядзвежай акадэміі, падзівіцца на батлейку – беларускі лялечны тэатр.

А ў першай палове ХІХ стагоддзі, калі Мінск ужо быў горадам Расійскай імперыі і былым вольнасцям прыйшоў канец, чаго толькі не змясцілі ў старую ратушу – суд, гауптвахту, паліцыю, архіў, музычную школу і нават тэатр. Па святочных днях на галерэі другога паверха граў гарадскі аркестр. За час існавання ратушы горад палілі і руйнавалі і татары, і французы, і шведы, і рускія… Здараліся голад і пошасць, ад якіх вымірала большасць насельніцтва. Але якія б няшчасці не напаткалі мінчан, ратуша нагадвала ім слаўнае мінулае горада. Ды не ўсім гэта падабалася. На выданым у 1851 годзе загадзе пра знішчэнне мінскай ратушы меўся ўласнаручны подпіс цара Мікалая І. Падстава смешная – нібыта ратуша займае занадта шмат месца на плошчы… Насамрэч расійскія улады не жадалі, каб будынак і надалей нагадваў мінчукам “пра звычаі даўно мінулага часу, пра Магдэбургскае права”. Гараджане вельмі не хацелі выконваць гэты загад. На торг, дзе прадаваўся “выгадны заказ” на разбурэнне ратушы, ніхто не з’явіўся. Давялося звяртацца да вайскоўцаў.

У 1857 годзе сімвал гарадской незалежнасці знеслі…

13 верасня 2002 года быў пакладзены першы камень у падмурак Мінскай ратушы, якую вырашана было аднавіць. А сёння ты можаш прыйсці на плошчу Свабоды і ўбачыць прыгожы белы будынак з гадзіннікам. Ратушу Мінска, сталіцы незалежнай дзяржавы.

 

5. Свята-Петра-Паўлаўскі сабор

Кожны беларускі храм – не толькі сведка, але і ўдзельнік трагічных падзей гісторыі, кожны, як стары вой, мае “шнары”, сляды людской бязлітаснасці… Мінскія цэрквы, касцёлы, мячэці, сінагогі, кірхі… Многіх з іх ужо няма і следу.

Будавалі беларускія храмы і для духоўнай патрэбы, і для абароны ад ворагаў. Адзін з іх – Свята-Петра-Паўлаўскі сабор каля гандлёвага дома “На Нямізе”. Прыгледзься пры выпадку, якія ў гэтага храма магутныя муры, вокны-байніцы. Не аднойчы даводзілася гэтым мурам вытрымліваць аблогу… І прыхадняў, і сваіх жа землякоў іншай веры.

У XVI стагоддзі крымскі хан Мехмет-Гірэй спаліў Мінск, амаль усе жыхары былі знішчаныя або забраныя ў палон. Але горад паступова насяляўся зноў – каталікамі, уніятамі, праваслаўнымі… Апошніх было менш, бо каталіцкая царква ў дзяржаве пачала лічыцца галоўнай. Тады і аб’ядналіся мінскія праваслаўныя ў брацтва. І вырашылі на свае грошы збудаваць каменны храм і манастыр. Княжна Аўдоцця Друцкая-Горская, удава каралеўскага маршалка Багдана Сцяткевіча, падаравала брацтву ўчастак зямлі каля Свіслачы. Пачалося будаўніцтва… Шмат сустракалася перашкодаў. Але храм, асвечаны ў гонар апосталаў Пятра і Паўла, паўстаў, і манастыр, пры якім ён дзейнічаў, нават атрымаў ад караля Уладзіслава прывілей – адкрыць школу і друкарню. Аднак да канца ХVIII стагоддзя зусім заняпаў – у ім заставалася ўсяго 5 манахаў, а зімой унутры будынка ляжаў снег. Калі Мінск апынуўся ў складзе расійскай імперыі, у якой, наадварот, шанавалася праваслаўе, царыца Екацярына ахвяравала на аднаўленне храма 7000 рублёў серабром. А таксама падарыла тры невялікія срэбныя падсвечнікі і… свой асабісты гардэроб. Цікава, як яго скарысталі манахі? Але храм пачалі называць Екацярынінскай царквой. Калі ў 1797 годзе на богаслужэнні прысутнічаў імператар Павел І, будынак яму вельмі спадабаўся…

У 1812 годзе праз Мінск прайшла армія Напалеона. У Екацярынінскай царкве французы зладзілі лазарэт для сваіх салдат. Усё каштоўнае з убрання храма стала ваеннай здабычай. Кажуць, нават коней у святы будынак заводзілі…

Пасля вайны храм у чарговы раз адрамантавалі. Аднак улады аднялі ў яго званне кафедральнага, гэта значыць, галоўнага – палічылі, што знаходзіцца ў не вельмі зручным месцы. Затое перарабілі так, каб Екацярынінская царква была больш падобнай да рускіх цэркваў. Прыбудавалі купал, распісалі сцены… Па сведчаннях сучаснікаў, роспісы не саступалі фрэскам знакамітага маскоўскага храма Хрыста-Выратавальніка.

Але вось у Мінску ўсталявалася Савецкая ўлада. У 1930 годзе ў горадзе быў забаронены царкоўны перазвон. Екацярынінскую царкву падзялілі на тры паверхі і зладзілі склад. На першым паверсе захоўвалася сялёдка. Увесь царкоўны двор быў застаўлены бочкамі, ад якіх сыходзіў адпаведны пах.

Затое падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі людзі ўспомнілі пра Бога, у храм перанеслі найвялікшую святыню горада – Мінскі абраз Божай Маці.

Пасля Перамогі храм на пяцьдзесят гадоў ператварыўся ў архіў. Вакол паўставалі новыя дамы. Паглядзі, як заціснуты старажытны будынак паміж сучаснымі… Гэта не выпадкова – раз ужо дазволілі ацалець рэлігійнаму збудаванню, яно не мусіла прыцягваць увагі. Але на фасадзе старой царквы яшчэ доўга чытаўся надпіс: “Дом мой домам малітвы нарачэцца”. Як яе не замазвалі, праз нейкі час выяўлялася зноў. Словы былі прарочымі. На пачатку 90-х гадоў ХХ-га стагоддзя ў храме прагучаў першы малебен.

І сёння ты можаш прыйсці ў Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, і ўбачыць старажытныя роспісы, якія зараз аднаўляюцца, і пачуць, як звоняць на высокай вежы званы – гэтак жа, як шмат стагоддзяў таму.

 

6. Саборная плошча.

“Найцікавейшае месца ва ўсім горадзе, безумоўна, так званы Высокі рынак, да якога сыходзяцца ўсе галоўныя вуліцы і які абступаюць высокія дамы і гмахі. Размешчаны высока на пагорку, забрукаваны, шырокі – гэты рынак імпануе здалёк, добра бачны з прамых, як страла, прылеглых вуліц”. Так пісаў пра Высокі рынак, або Саборную плошчу, на пачатку ХІХ стагоддзя пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля. Зараз гэтае месца называецца плошчай Свабоды, хаця Саборная была куды большая. Тут стаялі храмы і манастыры, палацы арыстакратаў і дамы багатых гандляроў, рэстараны і магазіны мод, аптэкі і цукерні, тэатры і нават – у сярэдзіне ХІХ стагоддзя – драўляны будынак першага мінскага цырку… Калісьці быў і “каралеўскі двор” – там мог спыняцца кароль. На жаль, мала засталося сёння з тых будынкаў… Самыя прыкметныя – два кафедральныя саборы: праваслаўны Свята-Духаў і каталіцкі Марыінскі.

Гісторыя Марыінскага касцёлу пачалася, калі ў сярэдзіне ХVII стагоддзя біскуп І. Сангушка выкупіў у багатага мінчука Ягора Гегера ягоную сядзібу – невялікі палац на Высокім рынку. Там і вырашыў пабудаваць рэзідэнцыю магутны ордэн езуітаў: калегіум – навучальную ўстанову, манастыр, касцёл… Храм асвяцілі ў гонар Іісуса, Марыі і Барбары ў 1710 годзе. На адну з фасадных вежаў устанавілі гадзіннік, прывезены з Гданьску, а на другой – званы. Адзін з тых званоў, дастаўлены з Каралеўца, быў такі вялікі, што меў нават уласнае імя – Ян Салагуб. Пэўна, вялікі настолькі, што немагчыма было ім карыстацца! Бо па загаду біскупа Якуба Дадэркі з яго зрабілі два званы, адзін з якіх назвалі, зразумела чаму, Якуб. У школе чыталіся курсы граматыкі і філасофіі, існавала бурса – інтэрнат для бедных студэнтаў. У касцёле меліся прыгожыя роспісы, капліца з целам святога Феліцыяна, рыцара і пакутніка. Калі ордэн езуітаў у канцы XVII стагоддзя быў закрыты, храм захаваў сваё значэнне – ён стаў Марыінскім кафедральным саборам… У будынку калегіума падчас Паўночнай вайны спыняліся Пётр І, украінскі гетман Мазепа, у 1812 годзе – маршал Даву. Тут дзекабрыст Мураўёў напісаў “Паўночную праўду”, варыянт канстытуцыі для будучай рускай дзяржавы. Потым быў тут дом мінскага губернатара. Вежу калегіума з гадзіннікам ператварылі ў пажарную каланчу. У 1914 тут спыняўся цар Мікалай ІІ… Потым засядаў Часовы працоўна-сялянскі ўрад БССР… А цяпер у старажытных мурах – музычны каледж.

Яшчэ нядаўна пра былую славу муроў Марыінскага касцёлу мала хто здагадваўся. Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл зачынілі. У 1947-м у ім захоўваліся дэкарацыі тэатра імя Янкі Купалы. А потым, на працягу паўстагоддзя, знаходзілася ў ім спартыўнае таварыства “Спартак”. І там, дзе калісьці ўзносіліся малітвы, юныя мінчане трэніраваліся ў захватах і кідках на барцоўскіх дыванах. Будынак умуравалі ў шэраг іншых дамоў гэткім жа безаблічным каменным “простакутнікам”… Толькі нядаўна касцёл набыў сваё ранейшае аблічча, і цяпер здалёк бачныя яго вежы.

А ў будынку кафедральнага Свята-Духава сабора напачатку быў касцёл кляштара бернардзінак – манашак ордэна Святога Бернарда. Але пасля паўстання 1863-1864 гадоў для храма пачалася новая гісторыя. Манашак разагналі. У будынку працавала следчая камісія, і была нават вязніца. Сярод іншых паўстанцаў у мурах храма была зняволена дачка пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Каміла. Праз нейкі час у будынку размясціўся праваслаўны манастыр Святога Духа. А ў 20-х гадах ХХ стагоддзя ў скляпеннях храма зноў была вязніца, і там нават расстрэльвалі зняволеных. Тады крыжы на вежах храма змянілі два чырвоныя сцягі…

Сёння кафедральны Свята-Духаў сабор – адзін з прыгажэйшых будынкаў горада. На яго фасадзе – герб Мінска, Прасвятая Багародзіца з анёламі. Найвялікшыя святыні храма – гэта Мінская ікона Маці Божай , а таксама мошчы – нятленнае цела святой благавернай Сафіі Слуцкай, унучкі Анастасіі Слуцкай, пра подзвігі якой нядаўна зняты фільм. Сафія была апошняй з магнацкага роду Алелькавічаў. Яе багацце ледзь не стала прычынай крывавай вайны паміж апекуном Соф’і магнатам Геранімам Хадкевічам і бацькам яе жаніха, грозным ваяром Радзівілам па мянушцы Пярун. Але Сафія не магла дапусціць, каб з-за яе пакутаваў народ. Кажуць, менавіта яе малітвы спынілі сварку. Апошняя з Алелькавічаў стала жонкай Януша Радзівіла і памерла пад час родаў. Калі ты прыйдзеш у Свята-Духаў сабор, то можаш убачыць яе нятленнае цела ў бакавой нішы злева ад алтара. Гавораць, што Святая Сафія заўсёды дапамагае тым, хто моліць аб чыстым, шчырым каханні.

Шмат таямніц захоўвае Саборная плошча. Ёсць паданне, што калісьці ўсе яе храмы злучалі падземныя хады, якія існуюць і сёння, пад асфальтам і брукаванкай, побач з лініяй метро, якая зараз праходзіць проста пад гістарычным цэнтрам Мінска, праз яго гісторыю.

 

7. Кальварыйскія могілкі.

Калі ты спытаеш, ці ёсць у Мінску загадкавае месца, я параіла б табе схадзіць на Кальварыйскія могілкі. Адкуль таямніца побач з шумнай Ракаўскай шашой, у абкружэнні звычайных жылых кварталаў? Але варта зайсці за агароджу могілак, як ты трапляеш у іншую эпоху. Тут на магільных плітах выбітыя імёны, якія гучаць нібыта на фоне паланэзу і размеранай гаворкі свецкага салона: Вярыга-Дарэўскі, Вайніловіч, Абуховіч-Паўлікоўская…

Калісьці паэт Уладзіслаў Сыракомля, які наведаў Кальварыю напачатку ХІХ стагоддзя, заўважыў па дарозе цяністыя бярозавыя прысады і буйную збажыну. А этнограф Павел Шпілеўскі – арэхавы лес, багаты на грыбы і розныя ягады. Цяпер мы падыходзім сюды па звычайнай гарадской вуліцы. Сустракае нас белая ўяздная брама, змрочна-урачыстая, з барэльефамі, што выяўляюць атрыбуты смерці: перакуленыя паходні, дзіды… Як сведчыць надпіс на браме, пабудавана яна ў памяць шляхецкага сакратара Юрыя Кабылінскага ў 1830 годзе. Па цэнтральнай прысадзе падыходзім да касцёлу – ён адноўлены ўжо ў наш час. Але храм стаяў на гэтым месцы яшчэ ў XVII ст. Хаця самым старым помнікам, якія захаваліся на Кальварыі, 170 гадоў, могілкі тут з’явіліся нашмат раней. Паводле падання, хавалі тут 6 стагоддзяў. Кальварыя – гэта наша гісторыя. Тут ляжаць і праваслаўныя, і каталікі, і габрэі, што загінулі ў мінскім гета. Тут магілы паўстанцаў супраць царызму і царскіх чыноўнікаў, магілы салдат напалеонаўскай арміі, салдат аўстрыйскіх, польскіх, шведскіх і безыменныя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут – брацкія магілы савецкіх салдат.

На Кальварыйскіх могілках знайшоў спачын патомны мінскі шляхціч Янка Лучына, беларускі паэт, у сапраўднасці – Іван Неслухоўскі. А пад алтаром касцёлу пахавалі мастака Яна Дамеля. Гэта – майстра з сусветным імем, яго карціны на гістарычную тэматыку ёсць у лепшых галерэях свету. Калісьці захоўваліся яго творы ў Кальварыйскім храме, была тут і капліца, на фасадзе якой ён намаляваў велічную фрэску – выяву Галгофы, гары, на якой распялі Ісуса Хрыста. Назва “Галгофа”у старажытнаяўрэйскай мове мае тое ж паходжанне, што і назва “Кальварыя”у лацінскай – ад слова “чэрап”.

Надпісамі на старых помніках з намі гаворыць сама гісторыя… Ян Баляслаў Луцкевіч, паўстанец 1863-64 г., бацька Івана і Антона Луцкевічаў, якія на пачатку ХХ стагоддзя заснавалі ў Вільні газету “Наша Ніва”. Вайніловічы, фундатары Чырвонага Касцёлу… Падрадчык Пішчала, які кіраваў будаўніцтвам Пішчалаўскага замку, што і зараз стаіць у прадмесці Раманаўская Слабада…

А перад Кальварыяй месціўся яшчэ ў 40-х гадах мінулага стагоддзя маленькі летні дамок, у якім пасля рэвалюцыі пасялілася Пальміра Мрачкоўская, мастачка-пейзажыстка. Мрачкоўская была жонкай вядомага доктара Камоцкага і славілася сваёй невымернай дабрынёй – дапамагала бедным мастакам, вучыла сялянскіх дзяцей маляванню, утрымлівала бяздомных старых, падкормлівала бадзяжных сабак і катоў… Можна ўявіць, колькі жыўнасці збіралася ля яе дамка! У час вайны Кальварыю бамбілі.. Там і цяпер –варонкі ад выбухаў. Дом мастачкі загарэўся… І Пальміра не стала ўцякаць – таму што не захацела пакідаць свае карціны. Так і згарэла разам са сваймі творамі, якія для яе былі, відаць, як дзеці…

Калі вы хочаце лепш зразумець гісторыю свайго горада – схадзіце на Кальварыю, паблукайце пад яе старымі ліпамі… І не палянуйцеся прыбраць сухое голле з нечае забытае магілы.

 

8. Залатая Горка

Ля шумнага скрыжавання праспекта Францыска Скарыны і вуліцы Казлова, за шкляным будынкам Палаца мастацтваў знаходзіцца касцёл Святога Роха на Залатой Горцы. І вуліца побач называецца Залатая горка…

Адкуль такое дзіўнае, паэтычнае найменне? Вось што кажуць легенды…

Паводле адной з іх, на Залатой Горцы часта знаходзілі скарбы. Паводле другой – сюды зварочвалі з Ігуменскага тракту на адпачынак багатыя купцы, у якіх мелася дастаткова залатых манетаў. А можа, назва ўзнікла проста таму, што ўвосень узгорак ззяў ад “золата” клёнаў, што раслі на ім? А вось што гаворыць яшчэ адна легенда… У Менску часта здараліся пошасці, страшныя хваробы, ад якіх вымірала ледзь не ўсё насельніцтва. Пасля чарговай эпідэміі халеры гараджане вырашылі пабудаваць каменны касцёл замест драўлянай капліцы, якая стаяла тады на Залатой Горцы – верылі, што святыня абароніць іх ад новых пошасцей. Трэба было сабраць сродкі. Адзін доктар, выйшаўшы з капліцы, зняў плашч, разаслаў на зямлі і кінуў на яго некалькі залатых манет. Тыя, хто гэта бачыў, не засталіся абыякавымі. На плашч пасыпаліся залатыя, сярэбраныя, медныя манеты… Цэлая бліскучая горка… Так і назвалі ўзгорак, на якім быў пасля пабудаваны каменны храм – Залатая Горка.

Імя Святога Роха з’явілася ў гісторыі Мінску таксама невыпадкова. Хаця Святы Рох нарадзіўся далёка адсюль, у Францыі, у ХІІІ стагоддзі. Ён стаў манахам і ўсё жыццё прысвяціў догляду за цяжка хворымі. Напачатку ХІХ стагоддзя, калі лютавалі пошасці, аднаму з мінчукоў прысніўся дзіўны сон: паратунак прыйдзе ад Святога Роха, чыя драўляная статуя знаходзіцца пад руінамі старога касцёла ордэна баніфрантаў. Пасля доўгіх росшукаў статую знайшлі і ўрачыстай працэсіяй, праз увесь горад перанеслі ў капліцу на Залатой Горцы. Пасля гэтага пошасць спынілася.

А каменны касцёл на Залатой Горцы быў пабудаваны ў 1864 годзе. У яго двухпавярховай вежы склікалі на малітву званы “Леанард”, “Стэфан”, “Браніслава”. Былі ў касцёле прыгожыя роспісы. Асабліва прыцягвалі ўвагу алтары і шэсць гіпсавых выяў святых. Дзейнічала свая школа арганістаў. Каля касцёлу знаходзіліся вялікія могілкі – там хавалі і тых, хто паміраў падчас пошасці. Сучаснікі апісваюць шматлікія каменныя крыжы, радавыя капліцы… Цяпер на іх месцы – Палац мастацтваў.

Залатагорскаму касцёлу Святога Роха пашанцавала – ён не знік… Хаця перажыў некалькі рэстаўрацый. У чэрвені 1941 года ён амаль згарэў. А ў 80-х гадах мінулага стагоддзя будынак прыстасавалі пад залу камернай музыкі Беларускай філармоніі. Арган, які знаходзіцца у цэнтры алтара, лічыцца адным з лепшых у Еўропе. Не так даўно аднавілі ў касцёле і службы… Але па-ранейшаму туды можна прыйсці паслухаць канцэрт.

Цяпер, калі ты будзеш падыходзіць да касцёлу Святога Роха, успомні і тых мінчукоў былых стагоддзяў, якія ведалі, што варта аддаць апошнюю манету, каб далёкія нашчадкі маглі зайсці ў прыгожы храм. Ад магілаў іх не засталося следу. Але Залатагорскі касцёл яшчэ не аднаму пакаленню гараджан будзе нагадваць пра трагічныя і слаўныя старонкі гісторыі іх горада.

 

9. Лошыца

На паўднёвай ускраіне нашага горада, у сутоку рэк Лошыца і Свіслач, ёсць яшчэ адно таямнічае, авеянае паданнямі і легендамі месца – Лошыцкі парк. Мы прыязджаем туды паглядзець, як ладзяцца рыцарскія турніры, паблукаць па прысадах з магутнымі, маўклівымі старымі дрэвамі… Усё тут дыхае даўніной – сядзібны дом, у якім захаваліся ляпная столь, старажытная кафля, і нават сцяна з чырвонага дрэва з патаемнымі дзверцамі… Будынак вінакурні XVIII стагоддзя, руіны млына і капліцы…

Першая сядзіба ўтварылася тут яшчэ ў XV стагоддзі. Належала яна розным гаспадарам – князям Друцкім-Горскім, нашчадкам Усяслава Чарадзея, каралеўскаму генерал-ад’ютанту Станіславу Прушынскаму… Гасцявалі тут і апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў-Аўгуст Панятоўскі, і расійскі імператар Павел І. Натхнялі магутныя лошыцкія дрэвы і кампазітара Станіслава Манюшку, і пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча… Менавіта ў Лошыцы пад Менскам пасяліў Дунін-Марцінкевіч героя сваёй паэмы “Вечарніцы”. А напрыканцы ХІХ стагоддзя сядзіба перайшла да сваяка Прушынскіх Яўстафія Любанскага. Гэта быў чалавек адметны. Менавіта ён паспрыяў таму, каб Лошыцкі парк стаўся такім адметным – адусюль прывозілі туды саджанцы рэдкіх раслінаў. А яшчэ пан Яўстафій спансараваў няўдалы замах на мінскага губернатара Курлова. А паколькі быў натурай дзейснай, любіў усё новае, то захапіўся апошняй тэхнічнай навінкай свайго часу – веласіпедам. Любанскі ўзначальваў таварыства мінскіх веласіпедыстаў і ладзіў на сваёй сядзібе іх выступленні. Ажаніўся ўладальнік Лошыцы пазнавата, у 37 гадоў, а за жонку ўзяў юную прыгажуню, дваццацігадовую Ядвігу Кіневіч, дачку прадвадзіцеля мазырскай шляхты. Любіў і песціў маладую жонку надзвычай. Напрыклад, спецыяльна для яе прывёз з Японіі рэдкае дрэва – магнолію кобус, якая дасюль расце ў Лошыцкім парку…

У 1905 годзе святкаваўся дзён народзінаў пані Ядвігі. На пышны баль з’ехаліся госці… І аднаму з іх удалося скрасці сэрца пані. Каханне не схавалася ад цікаўных вачэй. Праз два месяцы цела Ядвігі Любанскай знайшлі ў Свіслачы, каля перакуленай лодкі. Нібыта ноччу на сцежцы спусцілася яна з крутога берагу (сцежка захавалася дасюль), села ў лодку… Але як адбылася трагедыя – не ведае ніхто. Вядома, найбольш падазрона выглядалі паводзіны мужа.

Яўстафій Любанскі страшэнна гараваў. Ён чамусьці загадаў закласці акно ў пакоі памерлай жонкі цэглай і з’ехаў на Каўказ, дзе хутка памёр.

Свінцовая труна з целам пані Ядвігі захоўвалася ў Лошыцкай капліцы. У 1935 годзе новыя гаспадары сядзібы ўзарвалі непатрэбны будынак, а труну пані Ядвігі адправілі на пераплаўку для акумулятараў машынна-трактарнай станцыі. Але гісторыя на гэтым не закончылася. Кажуць, калі прыйсці ў Лошыцкі парк з 10 да 11 вечара ў час цвіцення маньчжурскага абрыкосу, і пры гэтым будзе свяціць поўня, на яе фоне можна разгледзець выразны сілуэт жанчыны ў белым адзенні. Бачылі нібыта ў гэты час жаночы сілуэт і над вадой, дзе зліваюцца Свіслач і Лошыца. І кожны год прывезеная Яўстафіем Любанскім з Японіі магнолія кобус расцвітае ў дзень нараджэння пані Ядвігі.

Расказваюць страшныя гісторыі і пра разваліны Лошыцкіх млыноў. Млыны заўсёды лічыліся прытулкам нячыстай сілы. Асабліва небяспечна прыходзіць туды ўночы, калі свеціць поўня, ды яшчэ нападпітку… Кажуць, і цяпер некаторыя небаракі сустракаліся там з цёмнымі сіламі, ды пасля не маглі ўжо пра гэта распавесці.

Але звязаны з Лошыцай і рамантычныя павер’і, напрыклад, пра заручальны дуб, да якога і цяпер многія ходзяць прасіць дапамогі ў каханні. І не дзіва – расліны тут сапраўды нібыта напоўненыя незвычайнай сілай. Травы – вышэй чалавечага росту… Дрэвы – па тры-чатыры ствалы… Нездарма тут праводзілі свае эксперыменты з раслінамі навукоўцы. Адну старую ліпу, паваленую ветрам, распілавалі, палічылі кольцы – аказалася, дрэву 240 гадоў. Сакрэт, напэўна, у тым, што 10 тысяч гадоў назад менавіта тут спыніўся апошні ляднік. 32 віды глебы знайшлі на тэрыторыі Лошыцкай сядзібы!

Сёння Лошыца аднаўляецца і робіцца адным з любімых месцаў прагулак гараджан. Галоўнае – помніць, што не страшныя гісторыі мінуўшчыны, а наша сучасная неахайнасць губіць прыгажосць таямнічых месцаў.

 

10. Царква Аляксандра Неўскага і Вайсковыя могілкі.

Непадалёк ад Залатой Горкі, уздоўж трамвайных пуцей знаходзяцца Вайсковыя могілкі, а ў іх глыбіні прыгожы будынак з чырвонай цэглы – царква Аляксандра Неўскага.

У 1877 годзе пачалася руска-турэцкая вайна за вызваленне балгарскага народу. Бралі ўдзел у ёй і беларусы. 54-ы пяхотны Мінскі полк адным з першых фарсіраваў Дунай, вызваліў горад Свіштоў… І ў 1898 годзе на Вайсковых могілках замест драўлянага быў пабудаваны цагляны храм у гонар перамогі над туркамі і ў памяць беларусаў, што аддалі жыцці за волю братняга народу. У цэнтральным нефе дасюль – дзве мемарыяльныя дошкі з імёнамі 118 беларускіх жаўнераў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, якія загінулі пры ўзяцці Плеўны. Захоўваецца ў храме і паходная царква 119-га Каломенскага палка, унутры якой, на кардонках, таксама імёны загінулых.

Храму на Вайсковых могілках пашанцавала – ён ніколі не мяняў свайго аблічча, не мяняў свайго прызначэння. У час Вялікай Айчыннай вайны купал царквы прабіла бомба. Яна ўпала перад абразом Міколы Угодніка… І не разарвалася.

Вайсковыя могілкі – адно з тых месцаў, дзе нельга не пабываць чалавеку, які любіць свой горад. Першымі хавалі на гэтым месцы вояў, што памерлі ў Мінскім шпіталі яшчэ ў 40-х гадах ХІХ стагоддзя. З таго часу тут з’явілася шмат помнікаў. Менавіта тут пахаваныя вялікія беларускія песняры – Янка Купала і Якуб Колас. Купала, як вядома, таямніча загінуў у Маскве ў 1942 годзе, яго парэшткі перанеслі сюды ўжо пасля вайны. А вось на стэле са светлага каменя – барэльеф з выявай прыгожага юнака. Паэт Паўлюк Трус, аўтар бессмяротных радкоў “Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы”, што сталі вядомай песняй, памёр у 1929 годзе зусім маладым: паехаў на вёску збіраць матэрыял для артыкула і заразіўся тыфам. Спачывае тут і Кузьма Чорны, класік беларускай літаратуры, які пакінуў сваё здароўе ў турмах падчас сталінскіх рэпрэсій. І шмат хто з дзяржаўных кіраўнікоў і герояў вайны, у гонар каго названыя вуліцы Мінска – Чарвякоў, Апанскі, Варвашэня. А калі будзеце ісці па цэнтральнай дарожцы да храму, звярніце ўвагу на непрыкметную магілу, дзе на помніку значыцца – «Ивану Пулихову».

…1905 год. Па загадзе губернатара Курлова ля будынка вакзала быў расстраляны шматтысячны мітынг. (Дарэчы, цяпер на станцыі метро «Плошча Леніна» можна ўбачыць мемарыяльны знак «Курлоўскі расстрэл»). На абурэнне грамадскасці ўсяго свету мінскі губернатар зважаць не збіраўся.

27 студзеня 1906 года Курлоў выйшаў з храму на Саборнай плошчы. Бедна апрануты малады чалавек, які стаяў ля дзвярэй сабору, дастаў з кішэні загорнутую ў паперу бомбу і кінуў пад ногі губернатару. Бомба не разарвалася, Курлоў адразу ж сеў у экіпаж і з’ехаў… Але тэрарысту не ўдалося ўцячы. Яму трэба было прайсці паўз трох шаноўных гараджанак – маці і дзвюх дачок Старовых. Кабеты з крыкам учапіліся ў злачынцу… Збеглася паліцыя… Паліцмайстар Нораў загадаў весці арыштаванага, але пачуўся стрэл. Жанчыну, якая страляла ў паліцмайстра, таксама схапілі.

Высветлілася, што на жыццё Курлова замахваўся сын мінскага землямера-тапографа Іван Пуліхаў, якога выключылі з Пецярбургскага інстытуту і выслалі ў Мінск пад нагляд паліцыі. А ў Норава страляла Аляксандра Ізмайловіч, дачка генерала, які служыў на Далёкім Усходзе. Абодва злачынцы ўваходзілі ў партыю эсэраў.

Пуліхаў не прызнаў сябе вінаватым і быў павешаны на браме Мінскай турмы. Цела па загадзе ўладаў вісела там 4 дні.

Калі надарыцца – наведайце Вайсковыя могілкі Мінска.

 

11. Чырвоны Касцёл.

На плошчы Незалежнасці ён стаіць, як старадаўні рыцар у чырвоных даспехах сярод гарадскога тлуму і сучасных шэра-бетонных будынкаў. Чырвоны Касцёл, або касцёл святых Сымона і Алены. Немагчыма ўявіць наш горад без такой “візітоўкі”. А між тым касцёл мог знікнуць – яго хацелі знесці, каб не “псаваў” сваім выглядам галоўную плошчу савецкай рэспублікі, і пабудаваць на тым месцы вялікі кінатэатр. Або хаця б перарабіць так, каб не было падобна да касцёлу… На шчасце, разумныя людзі заступіліся – і вось сёння наш горад захаваў яшчэ адну прыгожую легенду…

У сям’і Вайніловічаў, багатых мінскіх арыстакратаў, раслі двое цудоўных дзяцей – Сымон і Алена. Пачатак ХХ стагоддзя. Яшчэ няма лекаў ад многіх хваробаў. Першым памёр чатырнаццацігадовы Сымон… А праз некалькі гадоў захварэла і Алена – разумніца, таленавітая мастачка, гонар бацькоў. Расказваюць, што аднойчы ў сне да Алены прыходзіла Маці Божая. Яна паведаміла дзяўчынцы, што тая памрэ, а каб бацькі лягчэй перажылі гора, яны мусяць пабудаваць касцёл… Такі самы, як Багародзіца паказала Алене. І там, у касцёле, бацькі будуць адчуваць прысутнасць сваіх памерлых дзяцей. Алена намалявала ўбачаны ў сне храм і памерла, не дажыўшы дня да свайго дзевятнаццацігоддзя.

Так Эдвард Вайніловіч і ягоная жонка, Алімпія з Узлоўскіх, у памяць сваіх памерлых дзяцей заснавалі Чырвоны Касцёл. Ён атрымаўся менавіта такі, якім бачыўся Алене. Бо Вайніловіч галоўнай умовай паставіў – каб ніхто не мяняў ягоны праект. Хутка паўставалі муры з незвычайнай чырвонай цэглы… І вось 21 лістапада 1910 года ўвесь горад сабраўся на асвячэнне новага храма.

Як і многія іншыя святыні Беларусі, перажыў касцёл Сымона і Алены цяжкія часы пры новай уладзе. У 1932 годзе яго зачынілі. Карыстаўся будынкам Дзяржаўны польскі тэатр БССР, потым – кінастудыя. А з пачатку 70-х тут знаходзіўся Дом кіно.

У 1990 годзе Чырвоны Касцёл зноў пачаў існаваць, як храм. Вярталася ранейшае аблічча, аднаўляліся інтэр’еры… Перад будынкам з’явілася бронзавая скульптура Міхаіла Архангела, які забівае пачварнага змея. А зусім нядаўна ў памяць Чарнобыльскай трагедыі з японскага горада, які таксама перажыў атамную катастрофу, на Беларусь быў прывезены помнік, які ўстанавілі перад Чырвоным касцёлам. Звон у чорнай арцы нагадвае – чалавецтва не мусіць забывацца пра трагедыі, якія спарадзіла сваёй жа неразумнасцю і жорсткасцю.

Пра Чырвоны Касцёл складзена шмат вершаў і песень. У яго дольнай зале, у сутарэннях – вялікая польская бібліятэка імя Адама Міцкевіча, тэатральная зала, дзе паказвае свае спектаклі беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч”, адбываюцца канцэрты духоўнай музыкі.

 

12. Дом Ваньковіча

Калі прайсціся па плошчы Свабоды і звярнуць на ціхую вуліцу Інтэрнацыянальную, былую Валоцкую, то ўбачыш невялікі старасвецкі будынак з мансардай – сядзібны дом Ваньковічаў, славутага роду мінскіх арыстакратаў. Збудавалі гэтую сядзібу ў прыгожым месцы, над поплавам Свіслачы ў канцы XVIII стагоддзя. Быў пры доме сад, у якім раслі нават грэцкія арэхі, у двары – флігелі, гаспадарчыя пабудовы, уяздная брама… Але археолагі знайшлі пад будынкам каменныя лёхі, падзямеллі яшчэ XVII стагоддзя. Гаспадары выкарыстоўвалі іх як падвал. Ці выпадкова Ваньковічы пасяліліся менавіта над таемнымі падземнымі хадамі? Хто ведае… Бо лёс гаспадароў сядзібы быў бурлівы. Меліся ў гэтым родзе і ваяры, як Уладзіслаў Ваньковіч, герой вайны 1812 года, і сябры тайных арганізацый, што змагаліся супраць царскай улады… Але самы вядомы з роду – гэта мастак Валенцій Ваньковіч. Яго творы знаходзяцца ў лепшых музеях Францыі, Англіі, Польшчы, Літвы, Расіі…. І ніводнага – на радзіме…

Валенцій Ваньковіч нарадзіўся ў 1800 годзе ў Ігуменскім павеце ў сям’і павятовага суддзі. У Віленскім універсітэце, дзе ён вучыўся, ён сустрэў шмат адукаваных, адораных людзей, шчырых патрыётаў, якія хацелі волі свайму народу, цікавіліся народнай творчасцю. Валенцій падзяляў іх ідэалы… Асабліва пасябраваў ён з вялікім паэтам Адамам Міцкевічам. Ва універсітэте ўтварыліся таемныя арганізацыі стутэнтаў: філаматы – тыя, што імкнуцца да ведаў, і філарэты – тыя, што любяць дабрадзейнасць. Але веды і дабрадзейнасць шанаваліся менш, чым паслухмянасць. Арганізацыі былі выкрыты. Кіраўнікі арыштаваны і сасланы. Ваньковічу пашанцавала – сябры адпрэчылі яго ўдзел у забароненых гуртках. І замест высылкі ён трапляе ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. З’явіліся сябры і там. Пазнаёміўся Ваньковіч і з Аляксандрам Пушкіным… Партрэты Міцкевіча і Пушкіна – самыя вядомыя карціны Валенція Ваньковіча. Партрэт рускага паэта таямніча знік.

Калі Ваньковіч вярнуўся на радзіму, у доме на Валоцкай утварыўся сапраўдны клуб інтэлігенцыі. Вечарамі збіраліся там кампазітар Станіслаў Манюшка, мастак Ян Дамель, паэт Вінцэнт Дунін – Марцінкевіч ды іншыя цікавыя асобы. Прыязджалі яны і ў маёнтак Ваньковіча ў Малой Сляпянцы. З’яўляліся знакамітыя госці з Расіі, з Польшчы. І гаспадар маляваў іх партрэты.

Памёр Валенцій Ваньковіч у Парыжы ад сухотаў, яшчэ не ў старым узросце, поўны творчых задум. Адам Міцкевіч, які да канца знаходзіўся побач з сябрам, сведчыў, што “у апошнія хвіліны перад смерцю ён з’явіўся, стогнучы, з вуглем у руцэ, крэмзануў па сцяне…” Пахаваны мастак у Парыжы, на могілках Манмартра Сен-Дэні..

Выхаваныя ў любові да роднага краю, сыны Валенція Ваньковіча сталі ўдзельнікамі паўстання 1863 г. Асабліва вылучыўся малодшы сын, Ян Эдвард, ляснічы, выдатны коннік, які жыў у Сляпянцы. Ён узначаліў Брэсцкую і Кобрынскую дружыны. Дзёрзкі быў ваяр, часта нападалі яго жаўнеры на сядзібы памешчыкаў… Менавіта тады, калі пасля здушэння паўстання маёмасць Яна Эдварда канфіскавалі, і знік знакаміты партрэт Пушкіна, намаляваны Валенціем Ваньковічам…

Цяпер у гарадской сядзібе Ваньковічаў – філіял Нацыянальнага мастацкага музея. Шкада, што рэканструкцыю дома зрабілі не лепшым чынам. Ён быў драўляны, і хаця ў Мінску амаль не засталося драўляных пабудоў XVIII стагоддзя, і канструкцыі дома былі яшчэ трывалымі, усё разабралі – да падмурка. І склалі наноў з сілікатных блокаў.

Адноўленая ў музеі традыцыя свецкіх вечарын – як і калісьці, тут можна паслухаць рамансы і сюіты, паглядзець на старажытныя танцы… Наведай пры выпадку канцэрты, якія тут ладзяцца, і ўяві сябе ў пазамінулым стагоддзі, калі ў гэтым доме ўмелі цаніць прыгожае і аддаваць жыццё за волю.

 

13. Траецкае прадмесце.

Калісьці гэтае прадмесце было самым вялікім у горадзе. Яшчэ ў ХІІ стагоддзі жылі тут людзі. Траецкая вуліца спускалася да Свіслачы, праз Хлусаў мост вяла да Ніжняга рынку… Тут праходзіў славуты Віленскі тракт. На гары, на вялікай брукаванай плошчы, віраваў Траецкі рынак – там, дзе зараз Оперны тэатр. Адны кажуць, што гара Траецкая атрымала сваю назву, калі ў XV стагоддзі ля Барысаўскай заставы збудавалі абарончы рэдут Святой Тройцы. Другія лічаць, што назву гары даў храм. Царква і манастыр з’явіліся тут таксама ў XV стагоддзі. Сёння іх няма. А тыя храмы, што ацалелі, пазнаць цяжка. Будынак манастыра базыльян, які ў 1630 годзе заснавала на Траецкай гары Марына Вяжэвіч, цяпер прыстасаваны пад адзін з карпусоў 2-й гарадской бальніцы. Будынак другога манастыра –марыявітак – напаткаў яшчэ больш нечаканы лёс. Манастыр пабудавалі ў 1811 годзе, размясцілі ў ім шпіталь для сіротаў і кінутых дзяцей. Праз паўстагоддзя ў тых мурах дзейнічала праваслаўная семінарыя… А зараз у перабудаваным корпусе – Сувораўскае вучылішча. У Траецкім была адчынена і першая ў горадзе аптэка. Дазвол на гэта даў у 1748 годзе кароль Аўгуст ІІІ гарадскому радцу Яну Давіду Шэйбе. Аптэка мусіла служыць “дзеля поратаванья здоровья людей духовного светского стану в том городе живущих так и для всего воеводства минского”.

Цяпер Траецкае – прыгожае месца, куды вядуць гасцей, дзе любяць бавіць час. А ў ХІХ стагоддзі жылі там людзі “сярэдняга саслоўя” – гандляры, рамеснікі, сяляне. Бадзялася тут шмат беспрытульнікаў, жабракоў, якія ўдзень сноўдалі па Ніжнім рынку і Траецкай гары, а начавалі ў прытулку на набярэжнай Свіслачы. Калі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя на Траецкую гару ўз’язджала конка, кандуктар спыняў яе і праводзіў пасажыраў бруднымі дварамі да мосту, пакуль вагон падымаўся наверх.

З Траецкім прадмесцем звязаны імёны нашых вялікіх паэтаў. Нездарма тут скрыжоўваюцца вуліцы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. На былой Аляксандраўскай набярэжнай здымалі кватэру бацькі Янкі Купалы. Паэту было тады восем, ён толькі пачаў хадзіць у школу. Бацька яго працаваў рамізнікам. Магчыма, даводзілася рамізніку Дамініку Луцэвічу падвозіць дырэктара гарадскога пачатковага вучылішча Адама Ягоравіча Багдановіча, які жыў таксама ў Траецкім. Тут, у доме на Аляксандраўскай, дзе на першым, мураваным, паверсе знаходзілася вучэльня, а на другім, драўляным – кватэра дырэктара, і нарадзіўся сын дырэктара, Максім Багдановіч. Дом, на жаль, не захаваўся, толькі шыльда на адным з будынкаў сведчыць пра месца нараджэння паэта.

У Траецкім стаяў і дом Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у якім пісьменнік жыў і працаваў з1847 па 1853 год. Перажыў дом пажары і бамбежкі, а ў 1961 годзе яго знеслі – каб вызваліць месца для адміністратыўнага будынку выставачнага комплексу.

На беразе Свіслачы ў Траецкім мелася і гарадская лазня. Пад час Вялікай Айчыннай вайны ў ёй была падпольная арганізацыя. Хаваліся падпольшчыкі і партызаны і ў зямлянках на беразе. Плошча Парыжскай камуны ля Опернага тэатру была абкружана калючым дротам – там трымалі савецкіх ваеннапалонных.

Магчыма, сёння праязджалі б мы паўз шэраг нецікавых дамкоў Траецкага прадмесця, не звяртаючы на іх асаблівай увагі. Але ў 80-х гадах мінулага стагоддзя было вырашана зрабіць тут турыстычны цэнтр, надаць гэтаму куточку горада старажытнае аблічча. Траецкае перамянілася непазнавальна. Дамы пафарбавалі ў яркія колеры, дахі пакрылі чарапіцай. Адчынілі кавярні і крамы. Цяпер тут можна наведаць музей Максіма Багдановіча і Музей гісторыі беларускай літаратуры, паглядзець экспазіцыю ў Доме прыроды і галерэю “Жыльбел” (дарэчы, у будынку былой сінагогі).

Доўга спрачаліся, як мусіць выглядаць астравок пасярод Свіслачы, які помнік на ім паставіць… Перамог праект, які ўшаноўвае памяць беларусаў, што загінулі на вайне ў Афганістане ў 80-х гадах ХХ стагоддзя. Цяпер гэты востраў называецца Востраў мужнасці і смутку. А ў народзе называюць яго Востравам слёз. На ім стаіць храм-помнік “Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі”. Ён нагадвае старажытную цэркаўку. На востраў часта кіруюцца вяселлі, і жаніхі абавязкова пераносяць сваіх нявест на руках праз прыгожы масток. І абавязкова падыходзяць на востраве да скульптуры смуткуючага анёла-хлопчыка.

 

14. Плошча Незалежнасці.

У 30-х гадах 20 стагоддзя, там, дзе сёння плошча Незалежнасці, на пачатку Савецкай вуліцы, між драўляных дамкоў стаялі два храмы – праваслаўны імя Казанскай Божай Маці і касцёл святых Сымона і Алены. Менавіта між імі было вырашана будаваць галоўны дом краіны – Дом ураду. Перамог у конкурсе на лепшы праект ленінградскі архітэктар Іосіф Лангбард, ураджэнец Бельску, што на Беласточчыне.

Той час здаваўся пачаткам зусім новага жыцця, таму і будынкі патрабаваліся незвычайныя, не падобныя да ранейшых. Светлыя, прасторныя, са складанай гульнёй формаў. Праект Дома Ураду, які прапанаваў Лангбард, сапраўды ўражваў… Гэта і па сёння самы вялікі будынак у беларускай архітэктуры. Вось толькі матэрыялаў не хапала… Тым больш тых, пра якія марыў архітэктар. Давялся будаваць са звычайнай цэглы. А калі ўспомніць, што першы вежавы кран у Мінску з’явіўся толькі ў 1940-м годзе, зразумела, як няпроста было ўвасобіць фантазію архітэктара. Але да свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, 7 лістапада 1933 года Дом Ураду быў адчынены, і на плошчы перад ім адбылася дэманстрацыя. А яшчэ праз тры гады храм Казанскай Божай Маці, што стаяў побач, быў узарваны. Пагроза была і над Чырвоным Касцёлам, але, на шчасце, разумныя яго змаглі абараніць.

Лангбард быў таленавітым архітэктарам. Хаця Дом Ураду вельмі вялікі, ён не здаецца грувасткім. Плошча перад ім была ў некалькі разоў меншая, чым сёння, па ёй хадзіў трамвай. Архітэктар задумваў, каб плошча тая злучалася з вакзалам, але так зрабіць не дазволілі. Цікава, што амаль такі самы Дом Ураду, толькі меншы, Лангбарду загадалі збудаваць у Магілёве. Гэта было ў 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, і мяжа апынулася недалёка ад Мінску. Савецкія ўлады мелі планы перанесці сталіцу Беларусі далей на Усход, у Магілёў… Але неўзабаве Усходняя і Заходняя Беларусь злучыліся. І Мінск апынуўся ў цэнтры БССР і застаўся сталіцай.

Лангбарду даручылі распрацаваць праекты яшчэ некалькіх вельмі важных будынкаў, якія зменяць аблічча горада. На падмурку былой Крыжовай царквы, ля архіерэйскага дома ўзводзіцца Дом Чырвонай Арміі – сёння гэта Дом афіцэраў. Паўстае будынак Акадэміі Навук з паўкруглай каланадай, падобнай да антычных храмаў. А на Траецкай гары – Оперны тэатр.

Лангбард задумваў пабудаваць тэатр, таксама падобны да антычнага, сапраўдны храм мастацтваў. На 3 тысячы гледачоў, велічны, у некалькі ярусаў, каб зверху было відаць усё Траецкае прадмесце, ды яшчэ са шматлікімі скульптурамі… Але такі праект падаўся занадта шыкоўным. Будынак тэатра “урэзалі” удвая, ад скульптур і амфітэатру таксама давялося адмовіцца… Лангбард вельмі перажываў. І не любіў скалечанае ўвасабленне сваёй задумы. Тым больш і дах мусіў быць не такі, як цяпер – у выглядзе конуса, а пляскаты. Цэнтр Мінску пад час вайны бамбілі так, што ён быў амаль увесь зруйнаваны. А Оперны тэатр ацалеў. Кажуць, калі Лангбарду пра гэта паведамілі, ён толькі сумна ўздыхнуў… Але мы, мінчане, павінны радавацца, што ў нас застаўся наш Оперны тэатр, велічны будынак на Траецкай гары, у атачэнні старых дрэў.

Дом Ураду падчас вайны мог таксама знікнуць… Немцы перад адыходам замініравалі яго, гэтак жа, як і Дом афіцэраў. Беларускія партызаны паведамілі пра гэта савецкаму камандаванню. Было вырашана паскорыць рух у Мінск танкавых частак і паслаць з імі брыгады размініравання. Танкі прарваліся ў горад і імкліва рушылі да цэнтру горада, каб захапіць урадавыя будынкі. Гэта ўдалося бліскуча. Да вечара 3 ліпеня Мінск быў цалкам ачышчаны ад ворагаў.

Сёння на Плошчы Незалежнасці – вялікае будаўніцтва. Там задумана зрабіць цэлы падземны горад – з канцэртнымі і выставачнымі заламі, крамамі і кінатэатрам. Напэўна, Іосіф Лангбард ухваліў бы гэтую ідэю.

 

15. Плошча Перамогі

Выява гэтай плошчы – візітная картка горада. А пачыналася нараджэнне яе аблічча не ў Мінску…

1943 год. Уральскі гарадок Троіцк, шпіталь… Холадна, няма святла… Цяжка паранены ў баях пад Смаленскам Георгій Заборскі малюе алоўкам на падрамніку, змайстраваным з дошак ад плоту… На шэрай паперы з’яўляюцца абрысы высокага абеліску… Гэта Помнік Перамогі, які будзе збудаваны ў родным Мінску. У тым горадзе, які зараз акупіраваны фашыстамі, у якім зараз гінуць людзі і руйнуюцца дамы…Але архітэктар Георгій Заборскі, вучань Іосіфа Лангбарда, не мае цені сумніву: будзе Перамога і будзе такі помнік!

Сваю задуму ён змог здзейсніць праз дзесяць гадоў, калі стаў лаўрэатам конкурса на лепшы праект помніка Перамогі ў Мінску.

Не толькі Заборскі – цэлая група таленавітых архітэктараў працавала над абліччам Плошчы Перамогі, якая тады называлася Круглай. Абеліск атрымаўся вышынёй 38 метраў (хаця ёсць чуткі, што павінен быў быць вышэй яшчэ на два фрагменты). Урачыстае адкрыццё адбылося 3 ліпеня 1954 года. Увесь горад сабраўся тады на Круглай плошчы. Паглядзець было на што. Ззяў Ордэн Перамогі, які ўвенчваў абеліск. Камень упрыгожылі арнаментам – грані абеліску нагадваюць рушнікі, што звісаюць уніз. Як вядома, рушнікамі беларусы заўсёды ўпрыгожвалі крыжы і абразы, на рушніках падносілі хлеб-соль дарагім гасцям. Рушнікі на абеліску Перамогі – дар беларусаў тым, хто вызваліў нашу зямлю. Унізе – чатыры бронзавыя гарэльефы: “9 мая 1945 года”, “Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Партызаны Беларусі” і “Слава паўшым героям”.

Узводілі абеліск не толькі беларусы. Граніт быў прывезены з Днепрапятроўска і Жытоміра, мазаіку для Ордэна Перамогі і бронзавае ліццё рабілі мастакі Ленінграду, разьбу па камні выканалі ўкраінскія майстры… У 1961 годзе ля абеліску Перамогі запалаў Вечны Агонь, сімвал памяці па тых, хто загінуў. У горадзе стала добрай традыцыяй, калі падчас вяселляў маладыя ўскладаюць кветкі да Вечнага Агню.

Але час ідзе, горад мяняецца. Зрушваюцца яго абрысы. Пад плошчай Перамогі прайшло метро. У 1984 годзе плошчу павялічылі – цяпер яна не круглая, а, хутчэй, авальная. А пад ёю – мемарыяльная зала, якая паўтарае абрысы плошчы.На сценах выбіты імёны 566 герояў Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь.

Наш горад яшчэ добра памятае вайну… Ёсць у ім шмат помнікаў, якія нагадваюць пра гэта. Ля Дома афіцэраў, на пастаменце – танк Т-34, у памяць пра тых танкістаў, што вызвалялі Мінск. У парку Марата Казея – помнік гэтаму юнаму партызану. Калі прайсці ў паўночную частку парка імя Чалюскінцаў, можна ўбачыць скульптуру смуткуючай жанчыны на тым месцы, дзе у 1942 годзе немцы расстралялі больш за 10 тысяч ваеннапалонных. У раёне вуліцы Мельнікайтэ, у так званай Яме – мемарыял у памяць яўрэяў, што загінулі ў Мінскім гета… Іх было каля сотні тысяч. У Масюкоўшчыне – помнік на месцы Масюкоўшчынскага лагера смерці. Побач з Мінскам быў і яшчэ адзін страшны лагер смерці – Трасцянец.

Нават калі проста прайсці па вуліцах горада, убачыш шмат шыльдаў і барэльефаў у памяць падпольшчыкаў – на будынку лакаматыўнага дэпо, чыгуначнага вакзалу, дрожжавага камбінату, піваварнага, гарбарнага, станкабудаўнічага заводаў, на доме друку, на будынку клуба вытворчага аб’яднання “Прамень”… Помнік ля Чырвонага касцёлу пазначае месца, дзе загінуў пры выкананні баявога задання адзін з кіраўнікоў мінскага падполля Уладзімір Амельянюк. На будынку вытворчага аб’яднання “Белвар” – барэльеф з выявай Трыфана Лук’яновіча, савецкага салдата, які выратаваў нямецкую дзяўчынку і якому пастаўлены помнік у Берліне. Перад будынкам навукова-вытворчага аб’яднання, якое носіць імя Мікалая Гастэла, помнік лётчыку-герою. На вуліцы Чыжэўскіх помнік на тым месцы, дзе ў 1943 годзе фашысты пакаралі смерцю трох падпольшчыц – Н.Майсееву, А.Чыжэўскую і М.Чыжэўскую, якія рыхтавалі забойства ката беларускага народа генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга. А даведацца падрабязней пра подзьвігі мінчан можна ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы.

 

16. Гарадскія скульптуры.

Акрамя велічных помнікаў у гонар вялікіх падзей і асоб, ёсць у кожным еўрапейскім горадзе скульптуры, якія ствараюць яго непаўторнасць, невялікія, “неафіцыйныя”, але асабліва любімыя. Ёсць такія і ў Мінску. Самая вядомая – гэта “Хлопчык з лебедзем”, фантан у былым Аляксандраўскім скверы, побач з тэатрам Янкі Купалы і Домам Афіцэраў. Яе аўтар – італьянец Л.Берніні. З’яўленнем фантана ў 1874 годзе адзначылі вялікую для горада падзею – адкрыццё вадаправоду. Дарэчы, з-за гэтай скульптуры сучасныя гараджане празвалі сквер “Панікоўкай” – у рамане Ільфа і Пятрова “Залатое цяля” ёсць такі персанаж, Панікоўскі, які спецыялізаваўся на крадзежы гусей. Вось дасціпныя мінчукі і ўгледзелі падабенства…

У Аляксандраўскім скверы ёсць і яшчэ адна нечаканая адметнасць, з якой звязана гарадская легенда. Каля тэатра Янкі Купалы стаіць невялікі прыгожы будынак, падобны да маленькага палацу. Праўда, прызначэнне яго зусім не рамантычнае – у ім размешчана… грамадская прыбіральня. А легенду расказваюць такую… Калі напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Мінску пачалі будаваць тэатр, адзін архітэктар сказаў, што зробіць гораду падарунак – пабудуе за свой кошт ля тэатра прыбіральню. Вядома, прапанова была з удзячнасцю прынятая… Дзівак-дойлід узводзіў абяцаны будынак надзіва дыхтоўным і прыгожым. І толькі праз нейкі час высветлілася, чаму. Незадоўга перад гэтым архітэктар пабудаваў маёнтак для нейкага пана. Атрымалася прыгожа, на італьянскі манер… Але заказчык майстра падмануў – не заплаціў за працу. Архітэктар паабяцаў, што адпомсціць. Новая гарадская прыбіральня ўяўляла з сябе паменшаную копію таго прыгожага маёнтка. Над панам пачалі смяяцца, гаварыць, што жыве ў прыбіральні… Урэшце ён быў змушаны прадаць свой новы шыкоўны дом за крыўдна малыя грошы і з’ехаў некуды за мяжу.

А вось гісторыя помнікаў сквера Саборнай плошчы нагадвае дэтэктыў. У 1901 годзе там на чорным гранітным пастаменце паставілі бронзавы бюст расійскага імператара Аляксандра ІІ. Ён нават падсвечваўся ў цемры двума электрычнымі ліхтарамі. У 1917 годзе, пасля рэвалюцыі, бюст з пастаменту знік. І на тым месцы быў устаноўлены помнік салдату-рэвалюцыянеру. Але, відаць, скульптура была зроблена з гіпсу, таму праіснавала нядоўга. І ў 1921 годзе на тым жа месцы з’яўляецца абеліск імя Мінскага Савету… Але зноў – з нетрывалых матэрыялаў. І ў 1922 годзе замест яго з’яўляецца помнік краўцу-рэвалюцыянеру Гіршу Лекерту, які быў павешаны за замах на віленскага губернатара. І гэты помнік “не дагадзіў” уладам. У 1939 годзе на яго месцы паўстаў фантан са скульптурай атлета, які цэліцца ў нябёсы з луку. І гэта не спадабалася… Атлет знік разам з фантанам.

Затое ў апошняе дзесяцігоддзе горад займеў шмат цудоўных скульптур, вакол якіх будуць складацца легенды. Напрыклад, у Міхайлаўскім скверы ля вуліцы Свярдлова з’явілася дзяўчынка з парасонам і мінчанка ў капелюшы, што сядзіць на металічнай лаўцы, гасцінна запрашаючы прысесці побач… Аўтар скульптур, Уладзімір Жбанаў, аздобіў і Камароўскі рынак – на прыступках сядзіць бронзавая гандлярка з семкамі. Аднойчы маладыя мінчане нават зладзілі тут флэш-моб – вясёлы розыгрыш, на які дамаўляюцца праз Інтэрнэт незнаёмыя людзі. Усе мусілі ў адзін час падысці да гандляркі і падарыць ёй… па чупа-чупсу. А вось з іншай насельніцай Камароўкі, Дамай з сабачкам, любяць здымацца і мінчане, і госці горада. Хаця побач прапаноўвае свае паслугі бронзавы фатограф. Ну а каня, што стаіць непадалёк, многія напачатку прымаюць за сапраўднага. Адпачывае сабе, звесіўшы галаву, пакуль гаспадар бадзяецца па рынку… Нельга не згадаць і пра невялікі помнік мастаку-вандроўніку Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці. Мастак, які нясе над сабой створаны ўяўленнем свет. Сваю рамантычную Беларусь.

 

17. Прамысловасць.

У ХVI-XVIII стагоддзях у Менску было больш за 20 цэхаў майстроў чатырох дзесяткаў прафесій. У 1591 годзе быў зацверджаны статут аб’яднання злотнікаў, кавалёў, меднікаў, слесараў, гадзіншчыкаў, мечнікаў. Уласныя цэхі заснавалі рымары, сёдзельнікі, партупейшчыкі, чахольшчыкі, цырульнікі, муляры, капялюшнікі ды іншыя рамеснікі, да якіх належаў кожны другі гараджанін. Дзейнічалі мукамольны і два папяровыя млыны, васкабойня, пастрыгальня сукна. Захоўвалі менскія майстры ўсе традыцыі еўрапейскага цэхавога брацтва, якое не даравала няякаснай працы. Але горад, шматкроць разбураны і спалены, паступова ператварыўся ў невялікае беднае мястэчка, загінулі яго майстры. Гаспадарка горада акрыяла, калі ў ХІХ стагоддзі тут скрыжаваліся дзве чыгуначныя лініі – Маскоўска-Брэстская і Лібава-Роменская. У 1895 годзе ў горадзе налічвалася 18 фабрык і заводаў. У 1913 – ужо 77 фабрык і 13 мануфактур. У 1883 годзе адкрыўся машынабудаўнічы завод таварыства “Якабсон, Ліфшыц і К”, цяпер – станкабудаўнічы імя С.Кірава, вагонарамонтны заводі. На пачатку ХХ стагоддзя былі ў нашым горадзе, сярод іншых, шпалерная фабрыка Кантаровіча, абутковыя фабрыкі “Арол” і “Хуткаход”, фабрыка жаночых грабеньчыкаў. На апошняй, якая знаходзілася на месцы сённяшняга стадыёну “Дынама”, працавалі спецыяльна запрошаныя майстры-французы. Першы паравы рухавік у горадзе быў устаноўлены на Мінскай ваеннай мукамольні ў 1887 годзе, там цяпер – адзін з карпусоў Мінскага халадзільнага камбінату. Адно са старажытнейшых прадпрыемстваў Мінска, якое дзейнічае дасюль – піваварны завод “Аліварыя”, або, як ён называўся раней, “Багемія”. Яго заснавала ў 1864 годзе мінская мяшчанка Р.Фрумкіна. Пасля валодалі ім граф Чапскі, потым – аўстрыйскія купцы Лекерты. Браты Лекерты мелі 4 вагоны-леднікі для перавозкі піва ў іншыя гарады, трымалі сваю карчму. Ёсць паданне, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі “Аліварыя” заснавала першае ў Мінску “метро” – з тэрыторыі заводу былі прарытыя два падземныя танэлі. Адзін з іх вёў на Камароўку, і купцы маглі проста з рынку заязджаць у прахалодныя скляпенні “Аліварыі” за свежым півам. А вось кандытарская фабрыка “Камунарка” пачала выпускаць сваю салодкую прадукцыю толькі ў 1930 годзе. Праўда, мінчане без салодкага не заставаліся ніколі. Дарэчы, адзін з крухмальна-патачных заводаў, “Сокал”, што на Ігуменскім тракце, належаў памешчыку Любанскаму з Лошыцкага маёнтка.

Ну а калі Мінск зрабіўся сталіцай, прадпрыемствы з’яўляліся ў ім адно за другім. Мінскі аўтамабільны завод быў заснаваны ў 1944 годзе, адразу пасля вызвалення горада. З таго часу аўтамабілі “МАЗ”, надзейныя, працавітыя волаты, сталі вядомыя ва ўсім свеце. Больш чым у 80 краінаў едуць нашы грузавікі! Трактары “Беларусь” Мінскага трактарнага завода таксама ведаюць паўсюдна. Працуе на гэтым заводзе зараз больш за 20 тысяч чалавек.

1953 год. Напярэдадні святкавання 36-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрыўся новы маршрут трамвая – ад трактарнага заводу да аўтазаводу. Калі трамвай пад’ехаў да кальца, там пасажыраў – трактарабудаўнікоў – чакалі з музыкай і кветкамі аўтазаводцы. Так было адзначанае вялікае свята: з варот трактарнага заводу выйшаў першы трактар. А цяпер лік перайшоў ужо за 3 мільёны…

Ахвотна купляюцца і сучасныя тэлевізары вытворчага аб’яднання “Гарызонт”, гэтак жа, як і халадзільнікі “Атлант” заводу халадзільнікаў. Не пералічыш усяго, што сёння выпускаецца на прадпрыемствах Мінска. Працягваюцца традыцыі старога Менска- горада майстроў.

 

18.Гандаль.

“Мінск са старажытных часоў славіўся сваім гандлем з Ганзейскімі гарадамі і з Усходняй Руссю “,– пісаў гісторык Адам Кіркор пра Мінск у першай палове ХІХ стагоддзя. На мінскіх кірмашах каго толькі не сустрэнеш! Тут меліся склады купцоў з усяго свету. Былі брукаваныя рынкі Высокі, Нізкі, Траецкі, Гандлёвы… На Рыбным рынку ля Екацярынінскай царквы, проста з драўляных масткоў, преракінутых праз раку, можна было купіць рыбу, толькі што злоўленую ў Нямізе. Яе было так шмат, што тую, якую за дзень не купілі, рыбары адпускалі назад у раку – прасцей было назаўтра налавіць новай. На малочным рынку ля Лаўскага мосту, побач з сённяшнім рэстаранам “Журавінка”, можна было купіць свежыя малочныя прадукты, якія прывозілі з маёнткаў і вёсак. На Конскім рынку штогод, на дзесятую пасля Вялікадня пятніцу ўчыняліся “дзесятухі” – кірмашы. А вось сёння самы вядомы рынак – Камароўка. Магчыма, назва Камароўкі пайшла ад мноства камароў, што лёталі над гэтай балоцістай мясцовасцю. Але ёсць і легенда…

Калісьці непадалёк ад Камароўкі стаяў Нікольскі храм. Пабудаваны быў ён на месцы могілак, дзе пахавалі Сеньку Сокала – лепшага воя мінскага князя Глеба Усяславіча. Аднак меў Сенька славу нядобрую – быў ён разбойнікам, назапасіў шмат каштоўнасцяў… Усе яны былі пахаваныя разам з ім. Але, відаць, нарабаванае і на тым свеце не дае спакою душы. І вось аднойчы на цвінтары Нікольскага храму сядзеў жабрак Хведзька Камар. Ён убачыў, што да царквы ідзе нейкі чалавек з цяжкім брудным мехам за плячыма… Раптам чалавек упаў. Хведар падбег да яго і ўбачыў, што незнаёмец нежывы. А ў ягоным мяху ляжаць залатыя манеты. Ад сквапнасці Хведар забыўся на ўсё. Схапіў мех і пабег у бліжэйшы лес, не разбіраючы дарогі. Вось і патануў у балоце. Тое месца сталі называць Камароўкай, а манеты, з-за якіх загінуў Камар, няйначай належалі разбойніку Сокалу. Можа быць, той сам і ішоў з імі да храма.

Дарэчы, менавіта на Камароўцы адбываліся першыя палёты на аэраплане ў Мінску! У 1910 годзе паспрабаваў узляцець над нашым горадам лётчык Манфельд. Але ў той час многім здавалася, што без дапамогі нячыстай сілы падазроная машына ў неба падняцца не можа. І калі самалёт уключыў рухавік, перад “нячыстай сілай” з’явілася бабулька з кадзілам і пачала яе хрысціць. Публіка рынулася на аэраплан, пачала хапаць яго за крылы, за хвост… Дваіх параніў прапелер… Але самалёт так і не ўзляцеў. Паліцыя ледзь абараніла летуна-гастралёра. А вось праз год палёт рускага пілота Утачкіна адбыўся, як мае быць. Пілот даляцеў да Камароўскага лесу (там цяпер універсам “Рыга”) і вярнуўся назад. Яго палёт нават зазнялі на кінаапарат мінскага кінатэатра “Гігант”.

Было ў Мінску і шмат крамаў, вялікіх і зусім маленькіх. У 90-ыя гады ХVIII стагоддзя ў Мінску было 89 крам, большасць – мураваныя. Уладзіслаў Сыракомля ўбачыў на Саборнай плошчы цудоўныя магазіны братоў Вянцкоўскіх, галантарэйны Айзенштата, магазіны замежных напояў і магазін мод пані Дэльпачэ… А ўвогуле ў той час, як паэт Сыракомля прыязджаў у Мінск, гэта значыць, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, у нашым горадзе мелася ўжо 423 купецкія крамы.

Мінск заўсёды быў горадам шматнацыянальным. У 1506 годзе князь Міхаіл Глінскі разбіў пад Клецкам войска крымскіх татар, а палонных пасяліў у Менску, у Татарскай слабадзе , гэта цяпер раён праспекта Машэрава. Тут праходзіла “мяжа аседласці”, месца, дзе дазвалялася жыць у Расійскай імперыі яўрэям. У ХІХ стагоддзі былі часы, калі больш паловы жыхароў Менску былі яўрэямі. У канцы ХХ стагоддзя ў раёне сучасных вуліц Карла Лібнехта і Волаха было дазволена пасяліцца калоніі немцаў-лютаран. А чым больш у горадзе рознага люду – тым спрыяльней для гандлю. Два разы на год у горадзе праводзіліся кірмашы – летні і веснавы. Веснавы працягваўся два тыдні. А на пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску можна было набыць усё, што жадаецца душы – ад нафтапрадуктаў і швейных машынак “Зінгер” да цэйлонскай гарбаты і парыжскай бялізны. У краме Натуса на рагу Захар’еўскай прадавалася найсучасная тэхніка – фотаапараты, машынкі-друкаркі, веласіпеды, грамафоны, першыя электрычныя прылады… Цяпер на месцы гэтага магазіна – дом з уваходам на станцыю метро “Кастрычніцкая”. Насупраць знаходзіўся магазін французскага адзення, побач – там, дзе цяпер кветкавая крама, – прапаноўваліся навінкі варшаўскай моды. А на месцы сённяшняга Саюза кампазітараў, на плошчы Свабоды, быў склад гумавых вырабаў таварыства “Расійска-амерыканская гумавая мануфактура Бруднера”. Фірма “Менск-аўтамабіль” прапаноўвала аўтамабілі. Быў гандаль і незвычайны… У маі адзначалі “дзень белай кветкі” – імі упрыгожвалі вітрыны, вокны, экіпажы. Грошы, атрыманыя ў гэты дзень за продаж белых кветак, ішлі на лячэнне бедных, дапамогу бальніцам.

Пасля рэвалюцыі прыватныя крамы і мануфактуры зніклі. Гандаль сталь дзяржаўным. Сёння ў Мінску 2191 магазін і 22 рынкі. Самыя вядомыя з магазінаў – гэта ГУМ, ЦУМ, Гандлёвы дом на Нямізе, універмаг “Беларусь”… Вялікія рынкі паступова пераходзяць за мяжу горада, так, як гэта зроблена ў іншых гарадах свету. З’явяцца ля кальцавой дарогі і вялізныя гіпермаркеты.

 

19. Транспарт.

Карэта, брычка, каляса, тарадайка, тарантас, фаэтон, модная карыёлька-двуколка… На чым толькі не ездзілі па дарогах Беларусі! У ХІХ стагоддзі з’явіліся дыліжансы і амнібусы. Прайшла праз Мінск чыгунка… А вось з’яднаныя чыгунка і амнібус і ўяўляюць сабой конку – першы грамадскі транспарт, які з’явіўся ў нашым горадзе. Некалькі коней цягнулі па рэльсах вагон з імперыялам, адкрытай пляцоўкай наверсе. Адкрыццё конкі было вялікай падзеяй для горада. Яно адбылося 10 мая 1892 года. Газета “Минские губернские ведомости» пісала: “На вуліцы Захар’еўскай выстраіліся цёмна-сіняга колеру вагоны метраў восем даўжынёй, запрэжаныя парамі коней. Вагоны летнія, адкрытыя. Ветрык развявае паласатыя фіранкі на вокнах, вупраж прыкрашаная стужкамі і кветкамі”. Ездзіла конка ад вакзалаў – Брэсцкага і Віленскага – да Саборнай плошчы. Абслугоўвала толькі цэнтр. А на ўскраінах па ранейшаму цёмныя, небрукаваныя вуліцы патаналі ў брудзе. Пасля 1920 года гарадскія дарогі пачалі даводзіць да ладу. Конка пачала ездзіць далей. Рабочым выдаваліся бясплатныя талоны для праезду да месца працы. Аднак коней мусіла замяніць тэхніка. І ў 1927 годзе было прынята рашэнне аб закрыцці мінскай конкі.

А вось першы таксіст з’явіўся ў нашым горадзе ў 1906 годзе, раней, чым у Маскве. Атрымаў дазвол у гарадскіх уладаў… І ў першы ж дзень працы, праязджаючы па цэнтральнай вуліцы (цяпер Карла Маркса) урэзаўся ў тэлеграфны слуп.

Можа быць, таму ў 1913 годзе ў Мінску было ўсяго 13 таксі?

23 кастрычніка 1924 пачаў развозіць пасажыраў першы мінскі аўтобус. Можна было праехацца ад вакзалу да Камароўкі за 24 капейкі, ці скарыстацца “лазенным” маршрутам – ён вазіў у лазню на Кастрычніцкай усіх жадаючых памыцца з Камароўкі і плошчы Свабоды.

Але сапраўдным цудам для мінчан стаў пуск трамвая. У іншых вялікіх гарадах Расійскай імперыі трамвай пачаў хадзіць яшчэ ў ХІХ стагоддзі. А ў Мінску гэта здарылася 13 кастрычніка 1929 года. Падзея трактавалася як вялікая перамога савецкай улады. На ўсім шляху трамвая, які ішоў ад вакзалу па вуліцы Савецкай, стаялі людзі, кідалі ў вокны вагона кветкі. Цэлы дзень трамвай вазіў усіх бясплатна. Паэт Паўлюк Трус прысвяціў яму паэму “Дзесяты падмурак”. Трамваі выкарыстоўвалі і як грузавы транспарт: менавіта з іх дапамогай будавалі Камсамольскае возера, вазілі пясок, цэмент, дошкі для плаціны. У дзень, прызначаны для адкрыцця возера, пачалася вайна. Акупанты паспрабавалі аднавіць рух трамваяў… Але трамвайшчыкі ўтварылі падпольную арганізацыю. Вагоны часта псаваліся, сыходзілі з рэек. Часам у вагон “Толькі для немцаў” заходзіў афіцэр, выпадкова ўпускаў з рук шакаладку альбо цыгарэты… Потым выходзіў – і раздаваўся выбух. Гэта падпольшчык Мікалай Кедышка пакідаў міны для ворага.

Пасля Перамогі рух трамваяў аднавілі. Трамвай дзейнічае і сёння. Але больш часта мы карыстаемся тралейбусам. Ён пабег па нашых вуліцах толькі ў 1952 годзе. Ад пачатку гэта быў грузавы транспарт. Існаваў нават тралейбус “асобага прызначэння” – яго экіпаж тлумачыў пасажырам правілы дарожнага руху.

Наш горад імкліва рос… І транспарт патрабаваўся імклівы. Першы камень будучай станцыі метро быў закладзены ля парку Чалюскінцаў у 1977 годзе. Глеба, на якой стаіць наш горад, вільготная, балоцістая… Таму метро ў нас неглыбокае, будуецца адкрытым спосабам. У працы над абліччам станцый удзельнічалі лепшыя архітэктары і мастакі Беларусі. Стараліся, каб афармленне адпавядала назве. Калоны станцыі “Плошча Перамогі” нагадваюць святочны салют, калоны станцыі Кастрычніцкая ў разрэзе маюць форму пяціканцовай зоркі і завяршаюцца “паходняй”, на станцыі “Няміга” вісіць падабенства старажытнага чоўна… 18 сакавіка 1984 г. першы цягнік прайшоў ад станцыі “Парк Чалюскінцаў” да “Інстытута культуры”.

Было ў Мінску два чыгуначныя вакзалы – Віленскі і Брэсцкі. Вакзалы лічыліся не самымі лепшымі – 2-га разраду. Той вакзал, які служыў мінчанам апошнія дзесяцігодзі, збудаваны пасля рэвалюцыі, быў больш дыхтоўны… Але невялікі. І хаця ён меў гістарычную каштоўнасць, з 2000-га на яго месцы – сучасны будынак, які нагадвае шкляны палац.

 

20. Тэатральнае і музычнае жыццё.

Хто ведае, калі на плошчах Менску пачалі разыгрываць містэрыі, з’явіліся вандроўныя артысты і лірнікі? Са старажытнасці паходзіць беларускі лялечны тэатр батлейка. Назва яго – ад слова “Батлеем” , “Віфлеем”, горад, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос: самым папулярным батлеечным прадстаўленнем быў спектакль пра Божае нараджэнне. І саму батлейку рабілі ў выглядзе маленькага храма. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі на Каляды, па ўспамінах беларускага вучонага А.Уласава, у Мінску “ на рагах вуліц стаялі вечарам з чырвонай лятарняй наверсе батлейкі на санках… Быў цэлы цэх батлейшчыкаў з “вучонага сасловія менскіх шаўцоў. “ Існавала нават такая прафесія – мадыстка для лялек гэтага тэатра. Але нейкі паліцмайстар забараніў батлеечныя прадстаўленні. І цудоўная традыцыя знікла. Гэтак жа пачалі пераследваць лірнікаў – музыкаў, зазвычай сляпых, якія спявалі старажытныя беларускія балады пад гранне ліры і без якіх немагчыма было ўявіць сабе менскі кірмаш.

У другой палове ХVII стагоддзя ў езуіцкім калегіуме на плошчы Свабоды меўся школьны тэатр. У сур’езных п’есах, якія там паказвалі, былі ўстаўкі-інтэрмедыі, вясёлыя сцэнкі на беларускай мове. Меўся тэатр і ў будынку ратушы. Потым пад гарадскі тэатр перабудавалі дом шляхціца Яна Байкова на той жа Саборнай плошчы. А ў 50-х гадах ХІХ стагоддзя ў адной з камяніцаў на плошчы Свабоды, нягледзячы на забарону, паказалі першы беларускі спектакль – оперу “Сялянка” на словы Дуніна-Марцінкевіча і музыку Станіслава Манюшкі. Дарэчы, абодва аўтары жылі ў Мінску. І сёння ў Купалаўскім тэатры можна паглядзець спектакль “Ідылія” – сучасную пастаноўку той самай оперы. На жаль, будынак, у якім адбылося прадстаўленне, знішчаны напрыканцы 80-х ХХ стагоддзя. Ён знаходзіўся каля кансерваторыі. А вось той будынак, у якім сёння Купалаўскі тэатр, не мяняў свайго прызначэння. Яго збудавалі ў 1890 годзе дзякуючы клопатам князя Трубяцкога. З цяжкасцю ўдалося адваяваць месца для гарадскога тэатру ля Архіерэйскага дому – тэатр лічыўся месцам “грахоўным”, і будаваць яго належала на пэўнай адлегласці ад храмаў. На заснаванні прысутнічаў Вялікі князь Уладзімір з жонкай, якія паклалі ў падмурак некалькі залатых манет. Вось толькі менчукі не спяшаліся наведваць свой тэатр ні ў старым будынку, ні ў новым. Пераважна таму, што было забаронена даваць спектаклі на польскай і беларускай мовах. Але з’яўляюцца першыя беларускія тэатральныя трупы – Ф. Ждановіча, Ф. Алехновіча, У.Галубка. У 1911 годзе ў зале гасцініцы “Парыж” адбыўся спектакль беларускай трупы Ігната Буйніцкага па п’есе Каруся Каганца “Модны шляхцюк”. Беларуская мова гучыць у залах і на вуліцах… У 1917 годзе і на сцэне Мінскага гарадскога тэатра загучала наша мова, і тэатр зрабіўся любімым месцам гараджан. Менавіта ў яго будынку ў 1917 годзе адбыўся першы Усебеларускі кангрэс, на якім беларусы заявілі пра сваё жаданне стварыць незалежную дзяржаву.

І песні спявалі ў нашым горадзе спаконвеку. Гэта былі не толькі вясёлыя простыя песні, пад якія танчылі ў корчмах, але спевы на шмат галасоў, як у Грузіі. Ужо ў XIV-XV стагоддзі ў Мінску існавалі школы царкоўных спеваў. Напрыканцы XVII стагоддзя пры двары мінскага ваяводы К. Завішы створаны аркестр, які выконваў духоўныя творы і беларускія народныя песні і танцы. У1803 годзе ў Мінску меўся гарадскі аркестр, якім кіраваў Вікенцій Стафановіч. Брат Вікенція Дамінік ладзіў сімфанічныя канцэрты. У 1872 годзе адкрылі вучэльню арганістаў. “Мінск наш кругом весяленькі”,- пісаў Дунін-Марцінкевіч: музычныя і тэатральныя вечары ў старажытным горадзе ніколі не былі рэдкасцю. Уменне граць на музычных інструментах, спяваць лічылася абавязковым для ўсіх са шляхетнага саслоўя. І не толькі “мясцовымі сіламі” даваліся канцэрты. У гатэлі “Еўропа” штовечар граў венскі дамскі аркестр. Даваліся спектаклі і канцэрты ў Амерыканскім клубе. Былі і шматлікія курсы, на якіх за невялікую плату маглі навучыць “оперным спевам”. Ну а пасля рэвалюцыі ўтвараюцца адзін за адным аркестры, хоры, ансамблі. У. Тэраўскі арганізаваў Беларускі народны хор. У 30-х з’яўляецца беларускі балет і беларуская опера… Ларыса Александроўская, незвычайна прыгожая і таленавітая спявачка, робіцца кумірам мінчан. Сёння на конкурсе імя гэтай спявачкі выяўляюцца новыя таленты.

Цяпер у Мінску 11 тэатраў. З тых, што мы яшчэ не згадвалі, варта назваць Музычны тэатр на плошчы Клары Цэткін, драматычны тэатр імя М.Горкага (ён знаходзіцца ў будынку былой сінаногі). А Маладзёжны тэатр размясціўся ў будынку былога Дома культуры работнікаў гандлю, збудаванага на заараных Старажоўскіх могілках. Побач з ім – тэатр Сучаснай беларускай драматургіі. Есць у Мінску тэатр юнага гледача, тэатр лялек, канцэртныя залы… І калі вы будзеце наведваць іх, успамінайце і людзей, што ў неспрыяльных умовах заснавалі нацыянальнае мастацтва.

 

21. Літаратурнае жыццё.

Пачаўся адлік гісторыі нашага горада дзякуючы літаратурнаму твору – “Слову аб палку Ігаравым”. І шмат месцаў Мінска звязана з гісторыяй літаратуры. Яшчэ ў XVIII стагоддзі пры ваяводскай школе тут існаваў літаратурны гурток, і ў Вільні выдалі яго зборнік пад назвай “Паэтычныя забаўкі моладзі ў мінскіх школах”.

А ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя беларускае паэтычнае слова напоўніцу загучала ў свецкім салоне мінчука Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Тут бываў цвет гарадской творчай інтэлігенцыі, прыязджалі слынныя госці… У пачатку 80-х у горадзе з’явілася першая газета “Минский листок”. Па ўспамінах сучаснікаў, “гэта была навіна як першыя майскія перуны. Менчукі са слязамі прасвятлення і радасці чыталі “наш” лісток. “. У першым нумары газеты быў надрукаваны верш паэта Янкі Лучыны, (ён жа – мінскі інжынер Іван Неслухоўскі). Верш называўся “Не ради славы иль расчета”. Газета выходзіла на рускай мове, але дзякуючы намаганням патрыётаў, у першую чаргу Антона Слупскага, удалося заснаваць пры ёй беларускамоўны літаратурны дадатак – «Северо-Западный календарь». Там друкаваліся вершы Янкі Лучыны, паэма Дуніна-Марцінкевіча “Гапон”, ананімная паэма “Тарас на Парнасе”, верш Янкі Купалы “Мужык”.

Каб даведацца пра літаратурнае жыццё Мінска, трэба прайсціся па яго музеях. Між цяністых дрэў парка Янкі Купалы – двухпавярховы шэры будынак, музей паэта. Гэта яго адноўлены дом, які быў знішчаны падчас бамбёжак. Калісьці ў госці да Купалы прыходзіла ўся літаратурная грамадскасць, любіла бываць моладзь. А калі Свіслач разлівалася так, што нельга было прайсці – то маладыя паэты і начавалі там. Цётка Уладзя, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, шмат зрабіла для ўтварэння гэтага музея, доўгі час кіравала ім. У парку ёсць фантан, у які бронзавыя дзяўчаты пускаюць купальскія вянкі – паэт нарадзіўся на Купалле. І сам паэт тут жа, на п’едэстале, ля якога кожны год, да дня яго нараджэння, праводзяцца паэтычныя чытанні. А ў раёне Акадэміі Навук – дом-музей другога нашага класіка, Якуба Коласа. Перад домам – “дубовая падкова”, чатыры дубы і бярозка. Іх садзіў перад сваім акном сам пісьменнік. Дрэвы нібыта сімвалізавалі коласаву сям’ю: бярозка – жонка паэта Марыя, а сам паэт і тры яго сыны – магутныя дубы. Кажуць, што калі цяпер стаць у засені гэтых дрэў, то нават удзень можна разгледзець зоры. Ну а герояў твораў Якуба Коласа можна пабачыць на плошчы яго імя – Сымон-Музыка грае на скрыпцы, побач – бясстрашны партызан дзед Талаш, а між імі – задуменны Якуб Колас.

У Траецкім прадмесці заўсёды рады прыняць гасцей музей Максіма Багдановіча. А ў музеі гісторыі беларускай літаратуры вам раскажуць шмат пра якія цікавыя і трагічныя старонкі нашай культуры. Калі вы паедзеце на вуліцу Рабкораўскую, то ўбачыце там маленькі дамок – Беларускую хатку, філіял музея Максіма Багдановіча. Тут смяротна хворы Максім, прыехаўшы ў родны горад, не бачаны з ранняга дзяцінства, жыў на кватэры ў пісьменніка Змітрака Бядулі. Тут напісаў паэму “Страцім-лебедзь”, пра тое, што дзеля выратавання свайго народу варта ахвяраваць жыццём, не спадзеючыся на славу.

А калі вы пройдзеце па вуліцы Куйбышава, то на доме нумар 10 убачыце барэльеф з выявай прыгожай задуменнай жанчыны. Гэта вялікая украінская паэтэса Леся Украінка. Яна прыязджала ў Мінск даглядаць смяротна хворага на сухоты Сяргея Мяржынскага, публіцыста і рэвалюцыянера, якога аддана кахала. Мяржынскі высока цаніў Лесю, як сябра і паэтку, але яго сэрца належала іншай. І Леся пісала пад дыктоўку паміраючага лісты да суперніцы. Ля ложка хворага яна стварыла трагічную паэму “Апантаная”. Мяржынскага пахавалі на Старажоўскіх могілках, якія, як ты ведаеш, былі знішчаныя.

 

22. Мастацкае жыццё.

Калісьці выяўленчае мастацтва не лічылася за высакародны занятак. Мастакі, якія малявалі каралёў і князёў, нават не мелі права падпісваць сваіх карцін. Але ўжо з XVI стагоддзя мінскіх мастакоў запрашалі працаваць ў розных гарадах. Напрыклад, майстар Іеранім пакінуў па сабе памяць у Варшаве. Час мяняў адносіны да мастацтва, і мы ведаем імёны знакамітых мастакоў, што жылі і працавалі ў Мінску: Яна Дамеля, Валенція Ваньковіча, Чэслава Манюшкі, брата славутага кампазітара. Праўда, не ва ўсіх талентаў шчасліва складваўся лёс.

У ХІХ стагоддзі ў Мінску не было ніякіх мастацкіх навучальных устаноў. Выпускнік Пецярбуржскай Акадэміі мастацтваў В. Маас на свае сродкі ўтрымліваў пры летнім тэатры ў гарадскім садзе мастацка-сталярную майстэрню, дзе вучыў юных мінчан маляванню. І нават плаціў бедным вучням штотыдзень па 50 капеек, каб яны маглі наведваць заняткі. В. Маас спрабаваў атрымаць дазвол на адкрыццё мастацкай школы, казаў, што мінскія мастакі баталіст Папоў і акварэліст Сукоўскі гатовыя выкладаць там бясплатна… Дазволу не далі. Сёння не засталося ніводнай карціны Эраста Сукоўскага, які працаваў акцызным наглядальнікам. Вядомыя толькі назвы яго палотнаў – “Шлях у палескіх балотах у завіруху”, “Зімовая дарога на Палессі”… Цяжкой працай даводзілася зарабляць на жыццё і другому мінскаму мастаку, вучню Івана Рэпіна Л. Альпяровічу. У Мінску ён працаваў табельшчыкам на чыгунцы і памёр, не дажыўшы да 40, у нястачы. Яго карціны засталіся ў асноўным няскочанымі.

Але школа малявання ў Мінску ўсё-ткі была адкрытая – яе дарэктар А.Папоў, адзін з паплечнікаў В.Мааса, быў афіцэрам-артылерыстам, скончыў Акадэмію мастацтваў. Яго карціну купіў сам цар… Пасля “першай ластаўкі” мастацкія школы адчыняюцца адна за адной. Кіраваў такой школай Я. Кругер. Ён нарадзіўся і вырас у Мінску, вучыўся ў рэальнай вучэльні – гэта была ўстанова не для багатых. Але таленавітаму юнаку дапамаглі атрымаць адукацыю. Кругер вучыўся ў Парыжы і Петярбурзе, стаў вядомым… Яго школа знаходзілася на Петрапаўлаўскай вуліцы, насупраць сённяшняга Палацу прафаюзаў.

Сёння ў Мінску працягваюцца даўнія традыціі мастацкага навучання. Гімназія-каледж мастацтваў на Старажоўцы захоўвае памяць пра заснавальніка, мастака-педагога Сяргея Каткоўскага. Ёсць Мастацкі каледж імя Ахрэмчыка, шматлікія студыі… Ну і, вядома, мастацкая вучэльня і Акадэмія мастацтваў.

Маецца ў нашым гораде шмат музеяў і выставачных залаў. Самы вядомы – гэта, зразумела, Нацыянальны мастацкі музей. Яго заснавалі яшчэ ў 1939 годзе, але толькі пасля вайны ён займеў вядомы нам будынак. Падчас Вялікай Айчыннай вайны экспанаты не паспелі эвакуіраваць, і самае каштоўнае знікла. Але і сёння ў Мастацкім музеі ёсць на што паглядзець. Беларуская драўляная скульптура XVI -XVIII стагоддзяў, старажытныя абразы, карціны І. Хруцкага і Аляшкевіча, Язэпа Драздовіча і Філіповіча раскажуць вам пра асаблівасці айчыннага мастацтва больш, чым любая кніжка… Хапае ў музеі і твораў расійскага і заходне-еўрапейскага мастацтва. Цяпер там дабудоўваюцца новыя залы, каб можна было паказаць яшчэ больш з багатых запаснікоў музея. Цікавыя выставы адбываюцца ў Палацы мастацтваў на Залатой Горцы, у Музеі сучаснага мастацтва… Але калі надарыцца – наведайце і незвычайныя, камерныя мемарыяльныя музеі вядомых скульптараў Заіра Азгура і Алега Бембеля. Мала што можа гэтак яскрава расказаць пра мастака і яго эпоху, як ягоная майстэрня, дом, дзе ён жыў.

 

23. Новае аблічча горада.

Старажытныя камяніцы і будынкі з металу, шкла і бетону – такое аблічча ва ўсіх сучасных еўрапейскіх гарадоў. Такім робіцца і Мінск. Ён перастае быць горадам стандартных, нецікавых дамоў, якімі яго забудоўвалі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. Нават звыклы асфальт паўсюдна замяняецца на пліткі, імітуючыя брукаванку.

Новы вакзал, які пачаў дзейнічаць на мяжы тысячагоддзяў – гэта маленькі горад. Там ёсць крамы і кавярні, цырульні і аптэкі, і нават дзіцячы гарадок з атракцыёнамі, у якім можна прабавіць час усёй сям’і. На Кастрычніцкай плошчы не так даўно скончылі будаваць Палац Рэспублікі. Шмат спрэчак выклікаў гэты аб’ект, які ўводзіўся дзесяцігоддзямі, дапрацоўваўся, мяняў аблічча… Вядома, аблічча гэтае, грувасткае, простых формаў, не надта стасуецца з гістарычным цэнтрам. Але сёння вялікія залы Палаца, выставачная галерэя прымаюць мінчан і гасцей сталіцы. З’явіўся ў Мінску Лядовы палац, дзе круглы год можна катацца на каньках. Узводзіцца першы ў рэспубліцы аквапарк. А вось будынак Нацыянальнай бібліятэкі стаў агульнанародным праектам. Храм кнігі будзе нагадваць па форме дыямент, і наша галоўная бібліятэка зможа лічыцца адной з лепшых у свеце.

Будуюцца ў Мінску і новыя храмы. Напрыклад, у раёне плошчы Прытыцкага – сабор у гонар іконы “Усіх смуткуючых Радасце”, у памяць ахвяр Чарнобыльскай трагедыі.

Нядаўна ачысцілі русла Свіслачы. І чаго толькі не знайшлі ў глеі, што стагоддзямі назапашваўся на дне галоўнай ракі горада! Нават старажытны човен, на якім плавалі, можа, яшчэ воі князя Глеба Менскага. Новае аблічча набудзе і Стары Менск. Гістарычная частка горада зачыніцца для машын. Ёсць намеры схаваць частку вуліцы Леніна пад зямлю і зрабіць плошчу Свабоды пешаходнай зонай, вярнуць ёй былую велічыню. Уздоўж вуліцы Няміга паўстануць стылізаваныя пад даўніну будынкі, а праз вуліцу ад Гандлёвага дома на Нямізе перакінуцца два пешаходныя масты. Адновіцца старажытная вуліца Гандлёвая ўздоўж Свіслачы, у раёне рэстарана “Журавінка”. Калісьці там было мноства маленькіх крам, цырульняў, аптэк, іх гаспадары жылі на другіх паверхах дамоў. У сядзібе Ваньковічаў дабудуюць два флігелі, якіх сёння няма. Закінуты будынак побач з кафедральным Свята-Духавым саборам будзе адноўлены, і туды пераедзе Жыровіцкая духоўная акадэмія… Адновяць і разбураны гатэль “Еўропа” ля кансерваторыі. Калісьці ён быў самы вялікі ў Мінску, на пачатку ХХ стагоддзя ў ім дзейнічалі нават ліфты. Магчыма, убачым мы і самую старажытную царкву горада, ХІІ стагоддзя, ля ўваходу ў станцыю метро “Няміга”.

Усё, што войны, пажары або проста няўвага да гістарычнай спадчыны панішчылі, мусіць быць адноўлена. У гістарычным цэнтры Мінску павінен быць дух Беларусі. Кожны стары будынак – неацэнная і незаменная спадчына. Археолагі сцвярджаюць, што ў зямлі Замчышча, пад асфальтам Нямігі хаваецца яшчэ мноства сенсацыйных знаходак.

Цяпер, дружа, спадзяюся, ты будзеш гуляць па вуліцах, праспектах і скверах нашага горада з іншым адчуваннем. З разуменнем, што мы – толькі частка гісторыі свайго горада, і ад нас залежыць, як пра нас будуць меркаваць наступныя пакаленні гараджан.

Мінск прыгажэе і расце. Мінск захоўвае памяць стагоддзяў. Горад у сэрцы Еўропы, у сэрцы Беларусі – ён павінен быць і ў нашых сэрцах.

 

Крыніцы:

Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Мінск, “БелЭн”, 1999.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Мінск, “БелЭн”, 1999.

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск. – Мінск, Савецкая энцыклапедыя, 1988.

Храналогія гісторыі Беларусі. Мінск, “БелЭн”, 1992.

З. В. Шибеко. С. Ф. Шибеко. Минск. Страницы истории дореволюционного города. Минск, Полымя, 1990.

Живописная Россия. Литовское и белорусское Полесье. Репринтное воспроизведение издания 1882 г. Минск, “БелЭн”, 1994.

У. Сыракомля. Мінск. У кн. Уладзіслаў Сыракомля. Добрыя весці. Мінск, Мастацкая літаратура, 1993.

П. Шпилевский. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск, Полымя, 1992.

А. Дзярновіч. Менск: Горад і Час. У кн. Увесь Мінск. Мінск, Беларусь, 1993.

Мінск на старых паштоўках. (канец ХІХ-пачатак ХХ ст.). Мінск, Беларусь, 1984.

Е. Етчик. Минск от конки до метро. Минск, Полымя, 1991.

В. Грыцкевіч, А. Мальдзіс. Шляхі вялі праз Беларусь. Мінск, Мастацкая літаратура, 1980.

М. Ткачоў. Замкі і людзі. Мінск, Навука і тэхніка, 1991.

У. Мароз. Мінск старадаўні і малады. Мінск, Міжнародны цэнтр культуры кнігі, 2002.

А. Лакотка. Сілуэты старога Мінска. Мінск, Полымя, 1991.

Мінск учора і сёння. Мінск, Беларусь, 1989.

Аляксандр Уласаў. Дні жыцця. У кн. Шляхам гадоў, Мінск, Мастацкая літаратура, 1990.

Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 1995.

 

ХРАНАЛОГІЯ МІНСКА

1067

Першая летапісная згадка пра Мінск. Бітва на Нямізе між войскамі полацкага князя Усяслава Брачаславіча і князёў Яраславічаў.

1084

Захоп і зруйнаванне Мінску войскамі вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха

1116

Першая згадка пра Мінск, як пра цэнтр удзельнага княства.

1119

Уладзімір Манамах захапіў Мінск і забраў яго князя, Глеба Усяславіча, у палон, дзе той у хуткім часе памёр і быў пахаваны ў Кіева-Пячэрскай Лаўры.

1146

У Мінску княжыць сын Глеба Усяславіча Расціслаў.

XIVстагоддзе

1-я чвэрць. Мінск увайшоў у склад вялікага Княства Літоўскага

1387

Вялікі князь Літоўскі і кароль Польшчы Ягайла аддаў “горад Меньск”свайму брату Скіргайлу

1410

Удзел Мінскай харугві у Грунвальдскай бітве.

1418

Мінск належыць вялікаму князю Вітаўту

1444

У каралеўскай грамаце Мінск названы ў ліку 15 найбольш развітых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага

1499

14 сакавіка Мінск атрымаў Магдэбургскае права.

1500

З’яўленне цудатворнай іконы маці Божай Мінскай.

1505

Напад на Мінск крымскага хана Менглі-Гірэя. Вялікая эпідэмія маравой язвы.

1508

Аблога горада рускімі войскамі пад камандваннем Міхаіла Глінскага

1513

Адкрыты першы шпіталь для бедных і састарэлых.

1547

Моцны пажар, які знішчыў амаль увесь горад.

1552

Першая згадка пра мінскія цэхі.

1566

Утворана мінскае ваяводства.

1571

Гораду дарованы прывілей на правядзенне двух кірмашоў у год.

1582

Збудавана каменная ратуша. Іезуіты адчынілі калегіум.

1591

12 студзеня Мінск атрымаў прывілей на герб.

1592

Заснавана першае праваслаўнае брацтва.

1597

Выступленне гараджан супраць уніяцкага мітрапаліта Міхаіла Рагозы.

1603

Моцная пошасць.

1613

Заснаванне Свята-Петра-Паўлаўскага сабору.

1616

Выступленне гараджан супраць Брэсцкай уніі.

1633

Збудаваны манастыр бернардзінак.

1635

Урачы стварылі цэх цырульнікаў

1655-1660

У Мінску знаходзяцца рускія войскі падчас руска-польскай вайны 1654-1667 г.

1659

Адкрыццё першай аптэкі

1706

У Мінску спыняецца Пётр І пад час Паўночнай вайны 1700-1721 г. Моцная пошасць.

1707

Мінск захоплены шведскімі войскаміэ

1707-1711

Моцная пошасць

1710

Асвячэнне Марыінскага сабору рэзідэнцыі езуітаў.

1751

Узброенае паўстанне гараджан супраць гарадскога старасты.

1793

Мінск – у складзе Расійскай імперыі. Стварэнне Мінскай губерні.

1795

Адмена Магдэбургскага права.

1797

Пачала дзейнічаць Мінская губернская друкарня.

1803

Адчынена Мінская мужчынская урадавая гімназія.

1805

Заснаваны губернатарскі сад, цяпер – парк М.Горкага.

1812

Горад захоплены французскімі войскамі.

1820.

Закрыццё езуіцкай школы.

1825

Збудаваны Пішчалаўскі замак, у якім размясцілася турма.

1835.

Падчас кірмашу пачаўся моцны пажар, які знішчыў цэнтр горада.

1836.

Адчынена публічная бібліятэка.

1838

Выданне газеты “Минские губернские ведомости”

1840

18 жніўня Мікалай І выдаў загад пра забарону тэрмінаў “беларусы”, “Беларусь”.

1848

Эпідэмія халеры.

1852

21 лютага пастаўлена першая беларуская опера “Сялянка” на словы В. Дуніна-Марцінкевіча і музыку С. Манюшкі.

1863

У Мінску дзейнічаюць паўстанцкія атрады, самы буйны узначальвае А. Трусаў.

1871

Пачаўся рух па Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы праз Мінск. Адчынена першае фотаатэлье.

1872

Закладзены Аляксандраўскі сквер.

1873

Пачаўся рух па Лібава-Роменскай чыгунцы праз Мінск. Заснаваны Мінскі камерцыйны банк. Адкрыта вучэльня арганістаў.

1874

Пачаў працаваць вадаправод. У Аляксандраўскім скверы адкрыты першы ў горадзе фантан са скульптурай “Хлопчык з лебедзем”.

1879

Адкрытая музычная школа і 4-класная гарадская вучэльня.

1880

Заснавана Мінскае музычна-літаратурнае таварыства.

1881

Заснаваны машынабудаўнічы і чыгуна-медна-металургічны заводы.

1886

Выданне газеты “Минский листок”

1889

28 мая ў газеце “Минский листок” надрукавана паэма “Тарас на Парнасе”

1890

Дзейнічае тэлефонная сувязь. 5 чэрвеня адчынены будынак Мінскага гарадскога тэатра.

1898

Асвячэнне царквы Аляксандра Неўскага.

1891

26 верасня ў Губернатарскім садзе ( цяпер парк імя М. Горкага) адбыўся палёт аэранаўта Драўніцкага на паветраным шары і спуск на парашуце.

1892

Дзейнічае конка.

1894

Дала ток першая электрастанцыя.

1897

Падчас перапісу насельніцтва ў Мінску выяўлена 90 912 жыхароў.

1898

1-3 сакавіка адбыўся І з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі ў доме служачага чыгункі П. Румянцава на беразе Свіслачы.

1899

Заснавана жаночая гімназія

1900

Адчынена публічная бібліятэка імя А. С. Пушкіна

1905

На Прывакзальнай плошчы губернатар Курлоў загадвае расстраляць мітынг працоўных. Усеагульная забастоўка.

1906

Заснавана беларускае кніжнае таварыства “Мінчук”

1907

Заснаваны металаапрацоўчы завод “Гігант”.

1908

Выданне газеты “Минский курьер». Заснавана Мінская фельчарска-акушэрская школа.

1910

Асвячэнне Чырвонага касцёлу. Адчынены кінатэатр “Ілюзіон”.

1911

На Камароўскім полі здзейсніў палёт на аэраплане расійскі авіятар С. Утачкін.

1913

Выданне ў Мінску беларускага часопіса “Саха”.

1914

Адчынены Мінскі настаўніцкі інстытут. Выданне беларускага маладзёжнага часопіса “Лучынка”.

1915

У Мінску – штаб Заходняга фронту.

1916

Заснаванне клуба беларускай інтэлігенцыі “Беларуская хатка”.

1917

Створана гарадская міліцыя на чале з М.Фрунзе. Уладу бярэ Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У снежні ў будынку гарадскога тэатра праходзіць Усебеларускі з’езд, які разганяюць салдаты Мінскага гарнізону.

1918.

Мінск акупіраваны нямецкімі войскамі. Рада Усебеларускага з’езду абвясціла пра стварэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларуская мова абвешчана дзяржаўнай. Адчынены вышэйшая музычная школа і кансерваторыя. Створана камсамольская арганізацыя.

1919

1 студзеня абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка са сталіцай у Мінску. Прынята першая Канстытуцыя БССР.

1920

Пачатак дзейнасці трупы В. Галубка. Адчынены Беларускі дзяржаўны тэатр. Выйшаў першы нумар газеты “Савецкая Беларусь”.

1921

Заснаваны Беларускі дзяржаўны універсітэт. 21 красавіка выйшаў першы нумар газеты “Красная смена» (“Чырвоная змена”).

1922

Адчынены Інстытут беларускай культуры. Заснавана Дзяржаўная бібліятэка БССР імя Леніна (Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Выйшаў першы нумар часопіса “Полымя”.

1923

Дзейнасць беларускай літаратурнай арганізацыі “Маладняк”.

1925

23 лютага адчынены Дом Чырвонай Арміі (Дом афіцэраў).

1926

Падчас перапісу ў Мінску – 130 838 жыхароў. У кінатэатрах – першы беларускі кінафільм “Лясная быль”.

1929

На аснове Інбелкульту адкрыта Акадэмія Навук Беларусі. 13 кастрычніка адкрыта першая трамвайная лінія.

1930

Створаны Мінскі медыцынскі інстытут

1931

З 2 мая дзейнічае кандытарская фабрыка “Камунарка”. Заснаваны Мінскі педагагічны інстытут.

1932

26 лютага выйшаў першы нумар газеты “Літаратура і мастацтва”. Створана Беларуская дзяржаўная кансерваторыя.

1933

Адчынены Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета. Адчынены Дом ураду і помнік Леніну. Дзейнічае Мінскі аэрапорт.

1934

Адчынены стадыён “Дынама”.

1937

Адчынена Беларуская дзяржаўная філармонія. Заснаваны Інстытут фізічнай культуры. У горадзе – сталінскія рэпрэсіі. Толькі ў ноч на 7 лістапада арыштавана 60 чалавек.

1938

Заснавана Мінская вобласць. У Мінску тры раёны – Кастрычніцкі, Варашылаўскі і Сталінскі. Выйшаў першы нумар газеты “Сталинская молодёжь”(«Знамя юности»). Адчынена тэатральная вучэльня.

1939

Адчынена Дзяржаўная карцінная галерэя (Дзяржаўны мастацкі музей).

1940

Пачаў дзейнічаць Мінскі радыёзавод.

1941

22 чэрвеня – пачатак Вялікай Айчыннай вайны. 28 чэрвеня Мінск захоплены нямецка-фашысцкімі акупантамі.

1942

Выданне падпольных газет “Звязда “ і “Патриот Родины”. Дзейнасць мінскага падполля.

1943

22 верасня мінскімі падпольшчыкамі знішчаны генеральны камісар Беларусі В. Кубэ.

1944

3 ліпеня войскі 3-га і 1-га Беларускіх франтоў у выніку Мінскай аперацыі вызвалілі Мінск. Пачаў выдавацца часопіс “Беларусь”. Адчынены Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

1945

Выйшлі першыя нумары газеты “Зорька”, “Настаўніцкай газеты”, часопіса “Вожык”. Адчынены літаратурны музей Янкі Купалы. Адчынены Беларускі тэатральны інстытут.

1947

На мотавелазаводзе выпушчаныя першыя веласіпеды. На Мінскім аўтазаводзе выпушчаны першы аўтамабіль-самазвал МАЗ-205. Пачаў працаваць Дзяржаўны рускі драматычны тэатр. Адчынены Мінскі педінстытут замежных моў.

1948

Адчынены кінатэатр “Перамога”, выйшаў першы нумар газеты “Мінская праўда”.

1950

Адчынены тэатр лялек. На трактарным заводзе пачаўся выпуск трактароў “КД-35”.

1951

У Мінску з’явіліся яўшчэ два раёны – Фрунзенскі і Ленінскі. Адчынены Галоўны універсальны магазін (ГУМ). Выпушчана першая радыёла “Мінск-Р-7”. Заснавана Чыжоўскае вадасховішча.

1952

Адчынены новы мост праз Свіслач на Ленінскім праспекце. Пушчаны першы тралейбус. Адчыненыя кніжны магазін “Цэнтральны”. Устаноўлены помнік-танк ля Дома афіцэраў. Створаны Дзяржаўны народны хор пад кіраўніцтвам Г. Цітовіча.

1953

Выйшаў першы нумар часопіса “Маладосць”. Адчынена Мінская сувораўская вучэльня. Адкрыты Галоўпаштамт.

1954

4 ліпеня адкрыты манумент Перамогі на Круглай плошчы. Адчынены кінатэатр “Цэнтральны”.

1955

Адчынена дзіцячая чыгунка. Пачалі дзейнічаць камвольны камбінат і гадзіннікавы завод. Выйшаў першы нумар газеты “За вяртанне на Радзіму” (“Голас Радзімы”).

1956

1 студзеня – першая перадача мінскага тэлецэнтра. Адчынены Тэатр юнага гледача, Палац культуры прафсаюзаў. Заснаваны музей Якуба Коласа. Камароўская плошча атрымала імя Якуба Коласа.

1957

Сабраны першы 40-тонны самазвал МАЗ-530. Выйшаў першы нумар часопіса”Вясёлка”. Заснаваны Дзяржаўны музей БССР. Адчынены гатэль “Мінск”.

1958

Адчынены кінатэатры “Мір” і “Ракета”. Створаны сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё.

1959

Падчас перапісу ў Мінску – 509 500 жыхароў. Адчынены Дзяржаўны цырк БССР. Адчынены помнік піянеру-герою Марату Казею. У рысу горада ўвайшлі вёскі Дражня, Шэпечы, Лошыца, Мядзвежына, Вількаўшчына і іншыя.

1960

Выйшаў першы нумар часопіса “Неман”.

1961

3 ліпеня запалены Вечны Агонь ля манумента Перамогі. Заснавана выдавецтва “Ураджай”. У горада яшчэ адзін раён – Заводскі.

1962

Пачаў працаваць мінскі завод халадзільнікаў. Збудаваны аўтавакзал “Цэнтральны”.

1963

7 снежня ад Мінскага вакзалу пайшлі першыя ў рэспубліцы электрычкі па маршруце Мінск-Аляхновічы. Збудавана Мінская кальцавая дарога.

1964

Адчынены Цэнтральны універсальны магазін “Мінск”

1965

У парку М. Горкага адкрыты планетарый.

1966

Адкрыты кінатэатр “Партызан”і Мінскі палац спорту.

1967

Святкаванне 900-годдзя Мінску. Выйшаў першы нумар газеты “Вячэрні Мінск”. У рысу горада ўвайшлі вёскі Грэбелька, Чыжоўка, Чырвоная Слабада, Маляўка, Цівалі, Дварышча.

1968

Адчынена Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ). Пачаўся выпуск тэлевізараў “Гарызонт”.

1969

Утварэнне Першамайскага і Цэнтральнага раёнаў горада. Створаны ансамбль “Песняры” пад кіраўніцтвам Ул.Мулявіна.

1970

Адчынены Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі (цяпер – Музычны тэатр).

1972

У Мінску – больш за 1 мільён насельніцтва. Адкрыты помнікі Янку Купале і Якубу Коласу. На Мінскім трактарным заводзе выпушчаны мільённы трактар. Заснавана выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

1973

Адчынены Палац мастацтваў.

1974

Мінску прысвоена ганаровае званне “Горад-герой”. Тэлебачанне стала каляровым.

1975

Адчынены кінатэатр “Кастрычнік”. На Мінскім аўтамабільным заводзе выпушчаны 500-тысячны аўтамабіль. Адчынены Інстытут культуры.

1976

Адчынены новы будынак аэравакзалу і Дом літаратара. Адчыненыя кінатэатры “Кіеў” і “Вільнюс”. Забудоўваюцца мікрараёны Масюкоўшчына і Паўдневы Захад.

1977

Утварэнне Маскоўскага і Партызанскага раёнаў. Пачатак будаўніцтва Мінскага метрапалітэну. Выпушчаны першы каляровы тэлевізар “Гарызонт”.

1978

ВА “Гарызонт” выпусціла пяцімільённы тэлевізар. Пачаў дзейнічаў завод шампанскіх він.

1979

На паліграфкамбінаце ім. Я. Коласа выпушчана мільярдная кніга. Адкрыты Камароўскі крыты рынак.

1980

Адчынены гатэль “Планета”. Адчынены Камароўскі рынак. Мінск удзельнічае ў правядзенні алімпійскіх гульняў. З Масквы ў Мінск дастаўлены алімпійскі агонь. Адчынены кінатэатр “Масква” і універсам “Рыга”. Пачата рэстаўрацыя Траецкага прадмесця.

1981

Пачало працу выдавецтва “Юнацтва”. У парку М. Горкага адкрыты помнік Максіму Горкаму. Ля опернага тэатра адкрыты помнік Максіму Багдановічу.

1982

Адчынены тэатр-студыя кінаакцёра.

1983

Пачаў дзейнічаць аўтавакзал “Усходні”.

1984

Першы рэйс электрапоезда Мінскага метрапалітэну. Мінскі трактарны завод выпусціў двухмільённы трактар.

1985

На праспекце Машэрава адкрыты манумент “Мінск-горад-герой”.

1986

Збудаваны Палац моладзі і школьнікаў на Камсамольскім возеры. Першы спектакль паказаў Дзяржаўны маладзёжны тэатр Беларусі.

1987

На беразе Свіслачы адчынена 23-павярховая гасцініца “Беларусь”на 1000 месцаў. Распачаў дзейнасць тэатр-студыя “Дзе-Я?” ( цяпер – Новы драматычны тэатр Мінска).

1988

Мітынгі ў памяць сахвяр сталінскіх рэпрэсій. Выйшлі першыя нумары маладзёжнага часопіса “Крыніца”і часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе” (“Роднае слова”). З канвеера ВА “Гарызонт” сышоў 10-мільённы каляровы тэлевізар “Гарызонт Ц-355”. Адкрыты комплекс для правядзення міжнародных выстаў.

1989

Міжнародны аэрапорт “Мінск-2” прыняў першых пасажыраў. У выдавецтве “Юнацтва” выйшла 100-мільённая кніга. Пачаў выходзіць часопіс “Спадчына”.

1990

Выйшаў першы нумар “Народнай газеты”.

1991

Мінск становіцца сталіцай суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь. 8 снежня ў Траецкім прадмесці адчынены літаратурны музей Максіма Багдановіча. Заснаваны Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны і Акадэмія кіравання. Мяняюцца назвы: плошча Леніна робіцца плошчай Незалежнасці, праспект Леніна – праспектам Ф.Скарыны, вуліца Рэспубліканская – Гарадскім Валам.

1992

Заснаваны міжнародны экалагічны універсітэт імя А. Сахарава. Вуліца М. Горкага перайменавана ў вуліцу М. Багдановіча.

1993

Адкрыты помнік Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці. Пачала дзейнічаць другая лінія метрапалітэну. Адкрыўся Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

1995

У Мінску створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.

1996

Збудаваны мемарыяльны храм-помнік на Востраве мужнасці і смутку ў Траецкім прадмесці “Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі”.

1998

Пабудаваны Лядовы палац.

1999

На беразе Свіслачы ўстаноўлены помнік А.С.Пушкіну, дар Мінску ад расійскіх уладаў.

2000

Адкрыццё новага будынку Мінскага вакзалу. Завершана будаўніцтва Палаца рэспублікі.

2001

26 чэрвеня зацверджаны Устаў горада Мінска.

2002

28 сакавіка пачата рэканструкцыя плошчы Незалежнасці. 13 верасня на плошчы Свабоды пакладзены першы камень і капсула са зваротам да нашчадкаў у падмурак Мінскай ратушы. На скрыжаванні вуліцы Арлоўскай і праспекта Машэрава пачата будаўніцтва першага ў рэспубліцы аквапарку. На скрыжаванні вуліц Няміга і Раманаўская Слабада адкрыты помнік Адаму Міцкевічу.

2003

Адноўлены будынак Мінскай ратушы.

2004

Адкрыта мемарыяльная дошка на доме, дзе жыла Леся Украінка. Распачаў першы сезон Драматычны тэатр беларускай арміі.

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.