Проста сёння дзень пісьменніка

Як бы сёння дзень пісьменніка… Даволі абстрактнае паняцце, якое ўжываецца надзвычай вольна. Дакладна не прафесія. І не ганаровае званне, якое можна заслужыць. Малюск, які спараджае перліны, зусім не хоча гэтага рабіць. Бо перліна – гэта рэакцыя ягонага арганізму на іншародны прадмет, які патрапіў між створак ракавіны і спараджае боль. Малюск не можа іначай ад яго абараніцца, як ствараць вакол востраграннай пясчынкі з самога сябе прыгожую абалонку, пералівістую сферу асацыяцый і алюзій. Ён не працуе на ювелірную краму.

З раману “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію”.

Горыч i слодыч мёду,

якому не даў змясціцца

У Богам табе адведзеныя,

не залатыя соты,

Стануць тваёй атрутай.

Апошнiм глытком вадзiцы,

Якога не дапрасiцца

ад брата Лазара ўпотай.

Зямля ў крыжах, нiбы ў дзiдах.

Пустэча –  балючай болю.

Будуй высокую вежу

з наймоцнай слановай косткi –

Народжаны быць пчалою

Нiколi не зменiць ролi.

Ён мусiць збiраць да скону

зямлi сваёй водар Боскi.

I ўмерцi, не даляцеўшы

да самай апошняй кветкi,

I ўпасцi на стос паперы

на паўрадку, на паўфразе.

А вулей у тую хвiлю

не сцiх i на змiрг павекаў.

А вулей, твой мёд забраўшы,

не ўспомнiць цябе нi разу.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.