Цыкл вершаў “Расстраляным паэтам”

З раману ”Забiць нягоднiка”.
Цыкл вершаў “Растраляным паэтам”.

1
Вяртаць з небыцця вас не варта…
Вядома, не варта…
Вы ў неба сплылi — і забылiся нашых балотаў.
Дзе вулiцай вузкай
начная праходзiла варта,
Дзе крылы даюцца — ды лётаць чамусь неахвота.


Сцяну, быццам воспа,
пабiлi расстрэльныя кулi.
Выбоiны бачна —
а кроў пасплывала з дажджыма.
У жоўтым пясочку
паэты i каты паснулi,
I шашаль да нiмбу
залочаных з’еў херувiмаў.
У тэчках са справамi следчымi
спiць Незалежнасць,
Мiж шчырых даносаў,
нiбыта мiж скураў змяiных.
Рукою, да мура прыбiтай,
напiшуцца вершы.
I Бог Беларусь пералепiць з палепшанай глiны.

2

Выпiць атруту.
Нiчога не помнiць пра зоркi
У вiтражах ацалелага дому пакуты.
Поўня, нiбыта адзiнае злоснае вока
Чорнага звера, якi да гранiту прыкуты.
Выпiць атруту…
Мой келiх запомнiў адбiткi
Рук тваiх цёплых…
Мае ж схаладнеюць навечна.
Колькi разумных…
А мудрых няма, i вялiкiх.
Нас падзялiлi на спiсы, участкi i рэчы.
Зоркi шкляныя
працэджваюць погляды поўнi
Гэтак ашчадна,
як злая шынкарка — гарэлку…
Цемра i цiша.
Ты проста, як рану, запомнi
Вочы мае… I табой цалаваныя вейкi.

3
Жоўтае лiсце на чорным гранiце магiл —
Быццам для смерцi ляжаць залатыя манеты.
Неба крумкач атрасае з натомленых крыл
Проста на штучныя кветкi каля пастаменту.
Як прабачэння прасiць у таго, хто заснуў,
Цi — верагодней — прачнуўся ад нашае явы?
Лёс разбiваецца, як аб глухую сцяну,
Аб мiласэрнасць i штучныя кветкi дзяржавы.
Толькi рука твая — цёплая i пад дажджом —
Мне не дае саступiць са сцяжынкi да згубы.
Ходзiм па могiлках, быццам прыглядваем дом.
Толькi лiстотай яго не аплоцiш, мой любы.

4

Гэта гульня…
Усяго толькi — наша гульня.
Што нам да тых,
хто спрабуе зямлю перайначыць?
Альбарутэнii позiрк, як рана, гарачы,
Сонца мае… Ты забiла мяне, як ягня
На ахвярнiку белым…
I кроў — паласою — на белым…
Ваўкалакi правылi маю пахавальную ноч.
Час, як рана, загоiцца.
Лёс разаб’юць, як вакно.
Гэта толькi гульня…
I ўсяго толькi — мёртвае цела.

5

Рана на рану кладзецца, як лёд — на крышталь.
Падае сэрца ў халодную ямiну болю.
Сонца маё, мой далёкi святарны Грааль,
Я не пабачу цябе, я змiрыўся з “нiколi”.
Iншы, не спэцканы грэшнаю страсцю сваёй,
Не Ланцэлот, каралевай чужой цалаваны,
Пройдзе праз могiлкi, не сцеражоны змяёй,
Чару не вып’е з крывёю з уласнае раны.
Кропля атраманту ў шклянку — няма чысцiнi.
Блазнам не месца ў святынi. Смяротнае джала.
Мой беззаганны, на камнi дарогi зiрнi —
Кроў мая шлях для цябе на камнях пазначала.

6

Свечкi Дзядоў на магiлах трымцяць безыменных,
Вершы спалёныя ў восеньскiм лiсцi шапочуць.
Выбiты кулямi вашы iмёны на сценах
У сутарэннях, дзе сёння пяюць i рагочуць.
Кат дажывае, як пан, бiяграфiю ката.
Ведае — вулiца ў гонар яго назавецца.
Косцi паэтаў маўклiва ляжаць пад асфальтам,
Вецер да свечкi ляцiць, быццам куля — да сэрца.

7

Горыч i слодыч мёду,
якому не даў налiцца
У Богам табе адведзеныя,
не залатыя соты,
Стануць тваёй атрутай.
Апошнiм глытком вадзiцы,
Якога не дапрасiцца
ад брата Лазара ўпотай.
Зямля ў крыжах, нiбы ў дзiдах.
Пустэча — балючай болю.
Будуй высокую вежу
з наймоцнай слановай косткi –
Народжаны быць пчалою
Нiколi не зменiць ролi.
Ён мусiць збiраць да скону
зямлi сваёй водар Боскi.
I ўмерцi, не даляцеўшы
да самай апошняй кветкi,
I ўпасцi на стос паперы
на паўрадку, на паўфразе.
А вулей у тую хвiлю
не сцiх i на змiрг павекаў.
А вулей, твой мёд забраўшы,
не ўспомнiць цябе нi разу.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.