10 незвычайных артэфактаў Івана Шамякіна.

 29.01.2021 17:12

Сто гадоў беларускаму класіку…

Яго працавітасці зайздросцілі, зайздросцілі і колькасці важных пасад і прэмій. Хадзілі неверагодныя чуткі пра ганарары ад ягоных кніг — яны прадаваліся мільённымі накладамі па ўсім Савецкім Саюзе… Дзівіліся, як ён паспявае ахапіць «кан’юнктурныя» тэмы: Чарнобыль, гандаль дзецьмі, наркатрафік… Паглыбляецца ў праблемы архітэктуры і кардыёхірургіі… Раптам піша гістарычны раман пра вялікую княгіню Алену, жонку польскага караля Аляксандра… Успаміны пра Андрэя Макаёнка неспадзеўкі ператвараюцца ў шчырую «Аповесць пра сябра». Нечакана выдае дзённікі, на якія зноў жа хтосьці са згаданых там калег крыўдуе…

Але калі патрэбна была дапамога, тыя ж калегі беглі да Івана Пятровіча Шамякіна, першага сакратара праўлення Саюза пісьменннікаў, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, акадэміка — бо ведалі, што паспачувае, дапаможа… «Я любіў людзей і верыў ім» — напіша ён у дзённіках.

Здавалася б, пра такога значнага чалавека ўсё павінна быць вядома… Але зазвычай такое ўражанне ілюзорнае, і мноства фактаў, нават занатаваных у даступных крыніцах, застаецца на маргіналіях… Вось, напрыклад, ці ведалі вы, што ў вёсцы Карма ў Шамякіных было яшчэ другое прозвішча — Чарназёмавы? Іван Пятровіч згадваў: «Ніколі не маглі сказаць: «Ідзі пазыч у Шамякіных», заўсёды гаварылі: «Пазыч у Чарназёмавых», «жыве за Чарназёмавымі». Ці як аднойчы Іван Шамякін, яшчэ да дэмабілізацыі, «дрэнны плывец, ратаваў у Варце польскую дзяўчыну… Нас з полькай, якая так абшчапіла мяне, што скавала, несла на гэты разбураны мост. Адкуль узяўся наш кацер! Наканавана было доўга жыць».

Колькі ні перачытвай мемуары, успаміны, гутаркі, усплывае нешта нечаканае. Давайце зладзім своеасаблівую экскурсію па біяграфіі Івана Шамякіна з дапамогай артэфактаў, якія ён згадвае…


1. Дровы за патраву

Прайшло больш за дваццаць гадоў пасля таго, калі я адправілася на лецішча да Івана Пятровіча — браць у яго інтэрв’ю для часопіса «Крыніца». Яшчэ была жывая яго жонка, Марыя Філатаўна, пра якую ён таксама напіша кнігу — даніну памяці «Слаўся, Марыя!». У садзе паспявалі яблыкі, пісьменнік яшчэ толькі планаваў выдаваць свае дзённікі… Зразумела, у нейкі момант гаворка зайшла пра пачатак жыцця.

«Маё дзяцінства было падобнае на дзяцінства Якуба Коласа — бацька быў ляснік. Леснічоўка стаяла ў лесе, і я спазнаў адзіноту. Рана мяне прымусілі пасвіць каровы. Мучыўся я страшэнна. Машкары было, камароў… Каровы зазыкуюць, паляцяць, я іх пагубляю. Прыду дахаты, стану за вуглом і плачу — баюся, што бацька дасць лупцоўкі. Чакаю, каб маці выйшла, пашукала са мною тыя каровы…»

Гэтак распавёў Іван Пятровіч, але апусціў адну дэталь, пра якую згадвае ў сваіх дзённіках. Калі статак, не ўпільнаваны малым пастушком, разбрыдаўся, то псаваў чужыя палеткі. Пастушка абараняла маці. «Маці знаходзіла каровы, маці дамаўлялася з гаспадарамі, каму зрабілі патраву, неаднойчы, употай ад бацькі, адносіла мерку ячменю, грэчкі. Але часцей дазваляла набраць дроў з двара леснічоўкі».

Так дровы, назапашаныя ў двары суровага лесніка Пятра Шамякіна падчас шматлікіх канфіскацый, ратавалі будучага класіка ад лупцоўкі.

2. Цвічок

Чытаць ён навучыўся практычна сам, бацька паказаў толькі літары. А кніг заўсёды не хапала — хоць хлопец прачытваў усё, што было даступным, прасіў кнігі ў настаўнікаў. Усё жыццё ўспамінаў, як украў паэму «Мцыры». Упершыню «кніжны голад» наталіў, калі сям’я пераехала ў Пыхань.

І ў гэтым дапамог… цвічок.

«У другой палавіне дома, у якім пасялілі нашу сям’ю, размяшчаўся чырвоны куток лясніцтва. Ці не ў першы дзень я выявіў, што над лежаком грубкі, каля коміна, пад самай столлю ёсць шчыліна, праз якую мне, малому, можна пралезці ў гэты прывабны чырвоны куток, дзе — угледзеў я ўдзень — стаялі ажно дзве шафы з кнігамі…»

На няшчасце, адна шафа была зачыненая, але Шамякін лёгка адчыніў яе цвічком.

«І — о! — якое шчасце! Кнігасховішча! Я браў дзве-тры, засоўваў пад сарочку, узлазіў на шафу, адтуль на грубку і — у сваёй хаце».

Вядома, кнігі прачытваў і вяртаў на месца… Але аднойчы малога кнігалюба заспелі хлопцы. Ён схаваўся ў шафу, але прыхадні селі гуляць у шахматы і гулялі так доўга, што Іван заснуў.

«Ці то храпануў, ці ўдарыў нагой у сценку шафы — словам, неяк выдаў сябе. Соннага, мяне выцягнулі з кнігасховішча. Са слязамі пакаяўся я ў сваім «смяротным граху». Атрымаў літасцівае памілаванне. Больш за тое: дазвол хадзіць па кнігі праз дзверы».

Іван Шамякін, салдат Чырвонай (Савецкай) Арміі. 1940—1945 гг.

Іван Шамякін, салдат Чырвонай (Савецкай) Арміі. 1940—1945 гг.

3. Боты за пяць рублёў

Пасля школы Іван Шамякін паступіў у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Стыпендыі не хапала, на першых курсах, пакуль не пачаў падзарабляць, хлопец нярэдка галадаў. А дома і ў маці «не знаходзілася шматка сала, галкі масла, каб даць мне з сабой», так бедна жылі. Шамякін успамінаў, што «яшчэ ў 1939 годзе на спатканне да Машы я хадзіў у брызентавых чаравіках. Начышчу іх зубным парашком, адпрасую пад матрацам штаны — і «первый парень на деревне». Таму, вядома, падзеяй было, калі юнаку купілі першыя боты. Гэта быў сапраўдны рытуал: бацька «шкроб патыліцу перад паездкай у Дабранку», лаяў шаўца, які заламіў цану: ажно пяць рублёў! Але боты былі набытыя, і гэта стала падзеяй.

4. Зборнік Ясеніна

Шамякіна цягнула да літаратуры… Аднойчы адправіўся ў сцюжу ажно за восем кіламетраў у суседнюю вёску, бо туды мусіў прыехаць «сапраўдны пісьменнік» — ім аказаўся артыст-чытальнік. Ледзь не змерз па дарозе дахаты.

А аднойчы ўвесну школьны настаўнік павёў групу найлепшых сваіх вучняў па вясне на луг да рэчкі і таямніча сказаў: «Калі не выдасце мяне, прачытаю нешта цікавае». І прачытаў вершы Ясеніна. Шамякін прызнаваўся: «Заваражылі мяне, да таго я нідзе іх не сустракаў. Вельмі ж простыя, зразумелыя, такія, што дапасоўваліся да настрою, да майго замілавання прыродай».

Тады настаўнік пабаяўся даць зацікаўленаму вучню кнігу забароненага паэта. Але спатканне з Ясеніным адбылося пазней:

«Перапісаў я невялічкі яго зборнік і вывучыў вершы з яго на памяць толькі ў тэхнікуме. Адзін студэнт, нехта Кузьміч, «стары», гадоў на восем старэйшы за нас, армію адслужыў, меў зборнічак і — во хапуга, спекулянт! — за рубель мог даць яго на адну ноч: хочаш чытай, хочаш перапісвай. Я перапісваў да раніцы. У знак пратэсту хлопцы змовіліся ўкрасці ў Кузьміча гэты зборнік. Я быў супраць: помніў, як пакутаваў, украўшы «Мцыры». Мне прыгразілі, што калі выдам — буду мець «цёмную». Хлопцы такі адчынілі замочак на фанерным чамадане «старога». Безумоўна, не ад любові да паэзіі — ад таго, што страціў прыбаўку да стыпендыі, Кузьміч ажно заплакаў і пагражаў страшнай карай усім нам. А нас у пакоі было васьмёра. Хлопцы спалохаліся, што Кузьміч скажа дырэктару, а дырэктар, Аронаў, чалавек добры, педагог макаранкаўскай вывучкі, мог дараваць любыя студэнцкія штучкі, але кражы нікому не дараваў, тут жа выключаў. Вярнулі хлопцы Ясеніна, падлажылі прыватніку пад матрац. А калі Кузьміч знайшоў кнігу, трохі не далі яму кухталёў: маўляў, сам, гад, схаваў, а сумленных людзей абражаеш!»

5. Фінскі слоўнік

Падчас нашай сустрэчы на лецішчы ў Ждановічах Іван Пятровіч распавёў гісторыю, як напісаў апавяданне «У снежнай пустыні». Гэта было ў 1943 годзе. Шамякін служыў на Поўначы, друкаваў у газеце «Часовой Севера» вершы на рускай мове. «Паперу палітрук раздаваў нам толькі на пісьмы, па лісточку. Але выдалі нам руска-фінскія слоўнікі, набраныя дробным шрыфтам, і я падумаў, што калі зрабіць гусцейшымі чарніла, паўзверх тых руска-фінскіх слоў можна пісаць. На гэтым слоўніку і напісаў сваё апавяданне».

Іван Пятровіч падкрэсліў, што гэтае апавяданне дасюль уключае ў свае зборы твораў.

6. Фальшывы ліст ад жонкі

Калі Шамякін вучыўся ў школе вёскі Пыхань, пачаў цікавіцца дзяўчатамі. «Асабліва падабалася адна, беленькая, нават трохі рыжаватая, самая далікатная з іх — Маша Кротава. Праз сем гадоў яна стала маёй жонкай».

Сімпатыі паспрыяла здарэнне: Шамякін адрасціў доўгія валасы — быў такі перыяд бунтарства. Адмаўляўся стрыгчыся. Тады дырэктар прымусова пастрыг яго перад усім класам. Толькі Маша не рагатала сярод усіх, а спачувала аднакласніку.

Ажаніліся яшчэ да вайны, Шамякіну было 19 гадоў. Маша была студэнткай-медычкай. Марылі пра першынца, а тут — армія. Шамякін служыў у Мурманску, у зенітна-артылерыйскай часці. Пачалася вайна. «Недзе толькі ў канцы жніўня, калі быў здадзены Гомель, дайшло ў Мурманск апошняе пісьмо ад Машы з паведамленнем, што ў нас нарадзілася дачка, і я трывожна радаваўся, чамусьці вельмі ўпэўнены, што Маша эвакуіравалася. Не магла яна застацца ў акупацыі. Праўда, з’яўлялася думка, што не паспела яна з малым дзіцем выехаць, адступіць — і тады я халадзеў ад страху. Я шукаў яе па радыё. І дзесьці, здаецца, пад канец 1942 года нехта злосна пажартаваў: напісаў з Урала пісьмо ад яе імя. Почырк незнаёмы. Маша заўсёды была стрыманая ў выяўленні пачуццяў. А ў тым пісьме было многа ласкавых слоў, і яны здаваліся мне няшчырымі. Але, можа, гэтак яна згладжвае сваю віну? — пакутліва думаў я. Былі ў пісьме дэталі, якія не мог напісаць абсалютна незнаёмы чалавек. Загадкавае пісьмо. Шкада, што я не захаваў яго».

Марыя з дачкой Лінай аказаліся на акупаванай Беларусі, у вёсцы Пракопаўка. Шамякін да канца жыцця гадаў, хто мог тое пісьмо яму напісаць?

7. Мяшок кніг

Іван Шамякін прайшоў вайну, дэмабілізаваўся. Вяртацца дамоў было цяжка, цягнікі перапоўненыя, частыя перасадкі, даводзілася заскокваць у вагоны на хаду. А вайскоўцы яшчэ шмат чаго з сабой дадому везлі. «Адстаць боязна. Выменьвалі прадукты ў палякаў, аддаючы нямецкае адзенне, рэчы першай неабходнасці, якія так патрэбны там, дома, дзе ў зямлянках голыя маці, браты, сёстры. Помню, начальнік абозна-рэчавага забеспячэння старшына Дземчанка вёз нават мэблю… Вымусілі яго выменяць стол, крэслы. Усім вагонам націснулі».

Было пры сабе багацце і ў Шамякіна. Але дзіўнае — мяшок кніг: «Пабыўшы ў адпачынку, я пераканаўся, якое бяскніжжа дома. А мне трэба вучыцца! Я пісаў!»

Аднойчы вагоны правяраў патруль. Выкідвалі чамаданы, клункі.

«Старшына схапіў і мой мяшок, важкі. Закрычаў: «Барахольшчыкі! Ты глядзі — чаго ён напакаваў — не падняць». — «Там кнігі», — сказаў я. «Кнігі?» — вельмі здзівіўся старшына. Памацаў — кнігі. І разгубіўся. Не выкінуў мяшок і не выставіў гаспадара: роўныя па званні».

Гэта было радаснае вяртанне: «Дагэтуль помню незвычайнае, непаўторнае адчуванне радасці — я жывы! Я дома!! Адчуванне свабоды. Ішоў дванаццаць вёрст і падскокваў ад радасці, галёкаў на ўвесь лес, спяваў. Свабода! Свабода! І жыццё! Жыццё!

Іван Шамякін у студэнцкія гады. 2-я палова 1930-х гг.

Іван Шамякін у студэнцкія гады. 2-я палова 1930-х гг.

8. Жорны

Пасля вайны побыт наладзіўся далёка не адразу. Іван Шамякін пачаў настаўнічаць у вёсцы Пракопаўка Гомельскага раёна, дзе яго дачакалася жонка. У 1946 годзе паступіў на завочнае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага педагагічнага інстытута — як сам Шамякін тлумачыў, бо толькі настаўнікам тады можна было вучыцца завочна. «У 1946—1947 гадах нават мы з Машай, настаўнік і фельчар, жылі так, што на стале не кожны дзень быў хлеб, тагачасны — з прымесямі ячнай, аўсянай мукі, бульбы, па сутнасці, з мякінай, бо прасявалі такую муку не на сіта, а на самае рэдкае рэшата. Між іншым, на паёк часам прадавалі не муку, а збожжа, яго трэба было змалоць. Малолі ў жорнах, бо млын, здаецца, меўся толькі ў Грабаўцы ці Церусе. Не панясеш жа туды 18 кіло аўса! Далёка. Завозна. Круціць жорны вельмі цяжка. Машы адной не па сіле. Хадзілі ўдваіх. Помню, што для мяне гэта была самая пакутлівая работа. Не толькі з-за цяжкасці. Яна абражала мяне. Жорны меліся не ў кожнага. У гаспадара, да якога мы хадзілі малоць, былі мае вучні. Яны глядзелі, як настаўнік абліваецца потам, і — што думалі? Гаспадар пасміхаўся: «Весялей круці, Пятровіч!» Мне здавалася, што занятак такі, як нішто іншае, падрывае і аўтарытэт настаўніка, і аўтарытэт сакратара партарганізацыі. Але, як кажуць, голад — не цётка. Сам, можа, неяк і перабіўся б, але калі няма чым накарміць дзіця — чаго ні зробіш».

9. Панскі стол

Іван Шамякін прызнаецца, што заўсёды працаваў апантана: «Зараз сам здзіўляюся: адкуль браліся сілы, час?»

Калі яны жылі з жонкай на вёсцы, у якасці настаўніка і фельчара мелі на сям’ю пакойчык з печчу, адно акно, забітае фанерай. Зімою ў шчыліны шыб на стол, на рукапісы намятала гурбачкі снегу. Шамякін пісаў да трох ночы, седзячы ў шынялі, хукаючы на азяблыя рукі.

Затое ў пачынаючага пісьменніка меўся адмысловы стол!

«Стары, панскі, тры ножкі з фігурнай разьбой, паедзеныя шашалем, чацвёртая — неакораная бярозка. Стол быў падарункам Машы ад сельсавета, не магла фельчарыца жыць без стала. На гэтым стале напісаны апавяданні, «Глыбокая плынь». Дарэмна, калі пабагацелі і купілі новы стол (здаецца, у пачатку 1948 года), мы некаму аддалі яго, той «музейны» стол».

10. Кажушок

У канцы 1945 года часопіс «Полымя» змясціў аповесць «Помста», якую Шамякін напісаў у Германіі пасля заканчэння вайны.

А калі была надрукавана «Глыбокая плынь», гэта быў ашаламляльны поспех. Згаданы раман у 1951 годзе прынёс аўтару Сталінскую прэмію. Шамякіну было ўсяго трыццаць гадоў.

Мяняліся ўмовы, мяняліся і дэталі побыту.

«Больш як два гады не мог купіць паліто — хадзіў у шынялі. Толькі атрымаўшы 1200 рублёў ганарару за «Глыбокую плынь», я купіў на гомельскай таўкучцы кажушок. Звычайны, хатняга вырабу. Але ён запомніўся маім калегам. Яго доўга ўспаміналі. П’яны Бялевіч казаў: «Гэты кулачок у кажушку…» Нахабнік Кучар, які заўсёды піў за чужы кошт, асуджаў: «Ходзіць у кажуху, а ў рэстаране глядзіць, каб разлічыліся мы». А сам ён, Кучар, ніколі не разлічваўся. Кажушок гэты я насіў яшчэ першую зіму ў Мінску, хадзіў у ім у партшколу. Там, наадварот, папракалі: «Што ты паліто не купіш? Ганарары палучаеш!»

Першае паліто ўсё-ткі было куплена, багатае, «міністэрскае», з найлепшага раціну. Хоць Іван і Марыя доўга вагаліся — надта дорага каштавала, колькі разоў выходзілі з магазіна, пакутліва рашаючы задачу: купляць — не купляць?

Мы гутарылі з Іванам Пятровічам Шамякіным напярэдадні 2000 года… Магія лічбаў: пачатак трэцяга тысячагоддзя здаваўся ўсім пачаткам чагосьці зусім новага, адрознага… Хто чакаў канца свету, хто — нечуванага дабрабыту… На маё пытанне, чаго ад новага тысячагоддзя чакае ён, Шамякін адказаў сумна і мудра: «Я не лічу, што пачатак трэцяга тысячагоддзя — нейкая мяжа, за якой усё пачнецца наноў: і людзі будуць новыя, і ўлады. Нічога не зменіцца. Ну, я, можа, не дажыву, вы дажывяце. Вып’еце ў навагоднюю ноч келіх шампанскага. І ўсё пойдзе, як і йшло. Ну а ў перспектыве? Я па старасці скептык. Не лічу, што прыйдуць дабрабыт і шчасце. Будуць і войны. Нават баюся, каб не было вялікіх… Народу будзе станавіцца ўсё больш, зямля ўсіх пракарміць не зможа. Будуць багатыя, і будуць бедныя. Узмоцняцца класавыя супярэчнасці, могуць здарыцца і рэвалюцыі. Будзе ўсё, што было і ў ХХ стагоддзі».

Народны пісьменнік Беларусі Іван Пятровіч Шамякін трэцяе тысячагоддзе паспеў сустрэць. Ён пайшоў з жыцця ў 2004-м. Як напісаў у баладзе, прысвечанай ягонай памяці, паэт Віктар Шніп,

Жыццё пражыта, нібы зжата жыта,

Дзе жніўнае святло, нібы сляза,

І поўня ў небе, як свінцовы злітак…

Жыццё пражыта, ды яшчэ сказаць

Хапае што і ёсць каму паслухаць,

І гэта ноч, як вечная рака,

Якую п’еш, а ў роце суха-суха,

І, як крыло зламанае, рука

Не можа адагнаць туман, што блізка

Плыве з тых дзён, якія адышлі,

Дзе мама маладая над калыскай,

Дзе ў небе, як анёлы, жураўлі,

Што клічуць за сабой і горка плачуць,

Бо ведаюць — пражыта ўжо жыццё,

І хто ты ёсць, яны з нябёсаў бачаць,

І падае, нібы агонь, лісцё

Пад ногі нам, бо мы яшчэ жывыя,

Бо верылі і верым, што сляза

Душу, што ў Шлях сабралася, абмые,

А на Шляху даўно стаіць Марыя,

Празрыстая, як на крыжы раса…

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.