Людміла Рублеўская: Мае героі мной сапраўды кіруюць

https://zviazda.by/be/news/20201210/1607597444-lyudmila-rubleuskaya-mae-geroi-mnoy-sapraudy-kiruyuc?fbclid=IwAR37a-VHBNnsy40VIfDl-K3LSVAytInsmisEqaQq9Ege9-e05Br0ckIN96k

Пра гэтую тройцу — Пранціша Вырвіча, Баўтрамея Лёдніка ды іхнюю стваральніцу — пісьменніцу і журналістку Людмілу Рублеўскую — ужо ведаюць у Беларусі. Серыю авантурных раманаў чытаюць пераважна ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі, студэнты, старшакласнікі, аматары айчыннай літаратуры. Цяпер ідзе шырокі розгалас пра новыя раманы пісьменніцы. І рыхтуецца да выхаду на экраны мастацкі фільм, зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» (рэжысёр Аляксандр Анісімаў) паводле аднаго з іх.


Фота litvin.pl

Фота litvin.pl

Чытаць далей

Людміла Рублеўская Дагератып раман

Людміла Рублеўская

 

ДАГЕРАТЫП

 

Дэкадансны раман

КНІГА ЗНЕШНЯГА КОЛА

 

Раздзел першы. Пад’езд з шахматнай падлогай.

 

Гэта было ў той год, калі ўсе пачалі насіць кашулі ў краткі.

Быццам вуліцы запоўніліся каўбоямі.

Але пазнаваўся толькі статак.

Яшчэ ў той час у горадзе паўсюль замест асфальту клалі новую плітку. Дакладней, здзеклівае падабенства брукаванкі. Шэрыя ці ружаватыя бетонныя брускі мясцовай вытворчасці вельмі хутка трэскаліся, а паколькі зазвычай іх укладвалі ў вільготную зямлю — а халера яго чакаць, пакуль высахне, распаўзаліся ў бакі, як гнілое сукно, дыбіліся неахайнымі хвалямі, па якіх было нават весела скакаць. Тым больш у маіх Чаравіках. Менавіта так, з вялікай літары. Суперскія Чаравікі, якія ўдалося набыць хаця б ужыванымі, праз інтэрнэт, затое – чорна-бліскучыя, з цяжкой «жаўнерскай» скуры, прашытыя суворымі ніткамі… Хех! Навюткія такія ж за маю журналісцкую паўстаўку не купіш.

Дарэчы, яшчэ пашанцавала на гэтую паўстаўку, мне ж засталося апошні курс давучыцца, а ўжо цяпер не баліць галава пра размеркаванне.

Затое баліць – пра жытло. Праўда, якраз з’явіўся шанец гэтую праблему бліскуча вырашыць. Знаёмы хлопец з’язджае па нейкім гранце займацца сваёй біялогіяй-заалогіяй-пацукалогіяй, а паколькі акрамя тае пацукалогіі (ці прусакалогіі) нічога яго, падобна, па жыцці не цікавіць, прапанаваў сваю кватэру, у самым цэнтры места, абсалютова бясплатна ў карыстанне двум правінцыяльным студэнтачкам. На шчасце, Наста, мая сяброўка і суседка па здымным жытле, з’ехала на тыдзень да бацькоў, і ўсе ўражанні візіту – мне, мне адной!

Машыны ляцелі па праспекце так мэтанакіравана, быццам кожная везла сэнс жыцця, але мяркуючы па смуродзе, які пасля іх заставаўся, гэта быў не вельмі добры сэнс. Я дастала смартфон і патыцкала пальцам у экран, павялічваючы фрагмент карты з патрэбным мне домам. Ого, гэта той самы, з дзьвюма скульптурамі перадавых калгасніц на карнізе і кніжнай крамай на першым паверсе! Крутая кватэрка…

Чытаць далей