Людміла РУБЛЕЎСКАЯ РЭВІЗСКАЯ КАЗКА Кніжныя рэфлексіі

Бібліятэкі

Калісьці нямецкі пісьменнік Герман Гесэ пачаў свой твор “Кніжны чалавек” словамі “Жыў-быў чалавек, які ад жыццёвых бураў, што яго палохалі, яшчэ ў раннім юнацтве знайшоў сховішча ў кнігах”.

Ну, я таксама магу назваць сябе чалавекам кніжным. Можа, не ў тым сэнсе, што ад усяго хаваюся на старонках, ды як ты ў нашых варунках схаваешся, але што ў “сур’ёзных дарослых выдумках, якімі з’яўляецца літаратура”, знаходжу падтрымку – тое праўда.

А што хацець… З пяці гадоў — па бібліятэках. Запісвалася адразу ў некалькі. Бо ў мяне была дрэнная звычка – прачытваць усе прынесеныя кнігі за адзін раз. Тры, пяць кніжачак… Ад казак народаў свету да энтамалогіі для дзяцей. Развалюся на канапе – і пачынаецца насалода аж да ночы…

Аднаго дня насалоды мала, таму і ладзіла сабе некалькі ўгоддзяў кніжнага палявання.

Тады бібліятэкі былі проста ў дамах, у кватэрах першых паверхаў. Усё ўтульна, па-хатняму. Бібліятэкаркі зазвычай прыветныя пенсіянеркі. Мая бабуля, дарэчы, мела ў працоўнай кніжцы запіс пачатку 1930-х “ізбачка” – то-бок вясковая бібліятэкарка. Хоць адукацыі тае было – ЦПШ, альбо царкоўна-прыходская школа.

Потым, ужо калі нарадзілася я, бабуля працавала ў друкарні “Чырвоная зорка” прыбіральшчыцай і прыносіла часам дадому бракаваныя кнігі. Некаторыя нават без вокладкі. Так у нас з’явіўся раман “Джэн Эйр”. Гэта я ўжо адолела гадоў у дзевяць. Бо так, я расла, і кнігі станавіліся таўсцейшыя, і за адзін дзень па некалькі прачытваць не атрымлівалася. Здаралася, і адну не атрымлівалася, калі аб’ёмістая надта, кшталту той жа “Джэн Эйр”. Я злавалася, сляпілася з ліхтарыкам пад коўдрай у пагоні за фіналам… Прапускаць ні радка не дазваляў той самы спартовы азарт.

Шчаслівыя былі гадзіны…

Для кнігажэрцаў кшталту мяне дзейснае выслоўе, што мы  — не толькі тое, што мы ямо, але і тое, што чытаем. Тады, у дзяцінстве, у юнацтве, улюбёная кніга здавалася абсалютнай ісцінай. Яе герояў хацелася пераймаць, у тыя падзеі хацелася трапіць, аўтар здаваўся непарушным аўтарытэтам…

Але час рушыць усіх ідалаў.

І перачытваючы знакавыя ў юначым узросце творы, мімаволі расчароўваешся і з самога сябе дзівішся… Часам шкадуеш, што перачытаў. Як вось гэтае рамантычнае трызненне магло вызначаць мае ўчынкі, чаму я не разумела падбіўкі, таго падтэксту, які ўкладаў аўтар?

А чаго дзівіцца – для разумення таго падтэксту трэба было вырасці і добра сербануць жыццёвае, скажам так, мудрасці.

У васямнаццатым стагоддзі, калі беларускія землі далучылі да Расійскай імперыі, і ў нас з’явіліся так званыя “рэвізскія сказкі” – вынікі перапісу насельніцтва. А падчас тых рэвізій дробную шляхту, чыншавую ці дымавую, нярэдка маглі запісаць у сяляне, ну ці ў зямяне.

Літаратурных герояў, якіх ты калісьці ўзвёў у прывілегіраванае саслоўе, ледзь не каранаваў, таксама варта, відаць, час ад часу праводзіць праз рэвізію…

Ну і проста хочацца панастальгаваць па тым часе, калі так лёгка верылася, што фальговы дожджык з сапраўднага золата, а на ваце, якой абклеена карона Сняжынкі, блішчаць не аскалёпкі елачных цацак, а смарагды, рубіны і дыяменты…

Мушкецёры

“Прыгоды мушкецёраў” мне прынесла пачытаць мама. Пазычыла ў сяброўкі.

Яшчэ б – усе кнігі Дзюма дэфіцыт страшнейшы! Каб займець штось з ягоных твораў у хатнюю біюліятэку, трэба здаць дваццаць кіло макулатуры, атрымаць талончык на кнігу і чакаць чаргі, каб спраўдзіць. А ў публічнай бібліятэцы чарга расцягвалася на гады.

Я накінулася на літаратурны далікатэс… Не памятаю, за колькі часу паглынула. Памятаю, што пасля першага прачытання адразу ўзялася перачытваць. На старонках таньчыла марлезонскі балет смерць у карункавым каўнеры, але я не здольная была разгледзець пустыя вачніцы.

Тады яшчэ не было паняцця фанфікаў, але я іх сачыняла. З малюначкамі. Пра мушкецёраў.

Вырывала ліст з альбома для малявання, разразала напалам. На атрыманым аркушыку з аднаго боку малявала алоўкам найбольш экспрэсіўную сцэну прыдуманага раздзелу, з другога боку апісвала дробным-дробным почыркам прыгоды герояў, сярод якіх, вядома, быў адважны гасконец.

Дадаў жарсці чатырохсерыйны фільм-мюзікл, які мы хадзілі глядзець да адной з маіх сябровак, Жаны — у яе быў тэхналагічны цуд, вялікі каляровы тэлевізар “Гарызонт”, каляровыя тэлевізары  толькі пачыналі выпускаць.

Аднапакаёўка Жаны на першым паверсе была бедная і бруднаватая, з выцвілымі занавескамі, якімі па-вясковаму разгароджвалася прастора. Па адзін бок занавескі спалі бацькі, па другі – Жана з сястрой. Адзіны прывабны прадмет інтэр’еру – вялікі глянцавы плакат з японскай прыгажуняй на фоне квітнеючай сакуры, прымацаваны да выцвілых шпалераў. Такія плакаты прывозілі маракі, здабыць было нялёгка. У вёсцы замест такога плакату вісела б маляванка. 

Зрэшты, бацькі Жаны і былі з вёскі – прыехалі ў заробкі ў сталіцу, атрымалі кватэру за працу на шкоднай вытворчасці. Бацька, высокі, няўклюдны, з вялікімі спрацаванымі далоньмі пеклаваўся ў сталеліцейным цэху. Матка таксама працавала на заводзе, фармаўшчыцай, здаецца.  Бацька звычайна прапіваў заробак. Але атрымліваў добра, вось і вырашыў на нейкую там прэмію набыць гэты цуд — каляровы тэлевізар.

Мы глядзелі фільм кампаніяй з чатырох дзяўчатак. Зразумела, кожная абрала свайго героя. І сама сабой у мяне ўзнікла думка стварыць таемнае таварыства мушкецёраў.

Не, маню, не сама сабой – а пад уплывам кнігі беларускага пісьменніка Міхаіла Герчыка “Сонечны круг”. У ёй такія ж падлеткі ствараюць таемны ордэн, збіраюцца ў падвале, апрануўшыся ў прасціны і намазаўшы твары фосфарам, прыдумляюць розныя справы, кшталту падкінуць жабак у кватэру шкоднага аднакласніка…

Ну і бяды, што ў кнізе добрыя дарослыя перавыхоўваюць ордэнцаў, вяртаюць да сонца і правільных піянерскіх справаў… Мне да душы была менавіта тая падвальная рамантыка.

Вядома, я ўзяла сабе ролю д’Артаньяна. Іншыя сяброўкі сталі, натуральна, Атосам, Партосам і Арамісам.

Нашым улюбёным месцам гульняў тады былі застылыя горы шлаку ля недалёкай чыгункі. Я ўрачыста назвала іх Альпамі, і мы шалёна скакалі па іх у гумавых ботах, часам выклікаючы ў рэдкіх мінакоў бурклівае “выжедевочкі”.

Як належыць, я склала статут ордэна, намалявала каляровымі алоўкамі ягоны герб, а таксама клятву, пад якой усім належала распісацца. Ну нешта кшталту захоўваць таямніцу ордэна мушкецёраў, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, абараняць слабых, змагацца за справядлівасць… Ну што яшчэ ў рамантычную тынейджэраўскую мазгаўню прыдзе.

Усе дакументы мы ўрачыста засунулі ў шчыліну бетоннай агароджы ля чыгуначнай станцыі “Радыятарная”. Там належала захоўвацца ім вечна.

Пасля восьмага класу я са школы сышла ў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Потым была праца на заводзе “Гарызонт” у праектна-канструктарскім бюро, потым – Літаратурны інстытут… Час ад часу я ўспамінала пра схаваныя ў шчыліне кляйноды таемнага ордэна мушкецёраў. Хацелася пайсці, праверыць, ці на месцы… Так і не сабралася.

З маёй найбліжэйшай сяброўкай, якая абрала сабе быць Арамісам, пасварыліся не памятаю ўжо з-за чаго. Яна рана выйшла замуж, нарадзіла. Выдатніца, але пайшла вахцёрам у шпіталь. Атос, тая самая з каляровым тэлевізарам, уладкавалася на завод, у гарачы цэх, як бацькі. Мы не камунікуем. А Партос, худзючая хітраватая двоечніца, таксама дачка вяскоўцаў-чарнарабочых, якой мянушка “Партос” дасталася па астаткавым прынцыпе, нарадзіла ад багатага хлапца, якому ні яна, ні ейны сын былі не патрэбныя. Потым звязалася з крымінальнікамі і ўрэшце трапіла ў турму. Адзін за ўсіх не атрымалася.

А бетонны плот знеслі. Разам са схаванымі ў ім артэфактамі. І станцыі “Радыятарная” больш няма.

І вось цяпер, успамінаючы перыпетыі раману, дзіўлюся: які ж паганы той д’Артаньян! І ягоныя сябручкі не лепей. Маняць, спакушаюць кабетаў, выдурваюць грошы дзе можна, плююць на інтарэсы свайго народу… Прабрацца да ўпадабанай жанчыны ў цемры пад відам мужчыны, якога яна кахае… Вось вам д’Артаньян. А той высакародны Атос! Ну ўбачыў на сваёй пятнаццацігадовай жонцы, якая страціла прытомнасць, кляйно… Дык хаця б дачакайся, пакуль ачуняе! Не, павесіў непрытомную дзяўчынку, як сабаку… Цьху! Урэшце, уся гэтая кодла спрыяе каралеве, якая марыць, каб супраць іх жа краіны развязалі вайну… Здрайцы, далібог. Куды лепей выглядаюць нязломная Міледзі і разумнік Рышэлье. Як кажа інтэрнэтаўскі мем, ты робішся дарослым, калі табе пачынае падабацца ў рамане Дзюма кардынал – дзяржаўнік, якому маталі нервы чатыры алкаголікі, тры прастытуткі і дэгенерат у кароне. Проста паўзверх усяго гэтага – пафасныя фразы, прыгожыя жэсты, “усе за аднаго”… Серыял “Брыгада”. Каб гэта быў фанфік, пазначылі б сярод папярэджанняў – “шэрая мараль”.

А што з маім уласным фанфікам пра мушкецёраў?

Мы з мамай здалі яго ў макулатуру разам з газетамі і падшыўкай часопіса “Новый мир” дзеля талончыкаў на набыццё трохтомніка “Віконт дэ Бражэлон”, апошняй часткі сагі пра мушкецёраў.

Там д’Артаньян, дарэчы, выглядае яшчэ паганей. Спрыяе таму, каб падкласці пад караля нявесту адзінага сына найбліжэйшага сябра. Кінуты жаніх пасля загіне ад гора. А д’Артаньян зробіць кар’еру, дагадзіўшы каранаванаму юрліўцу.

Дарэчы, рэальны д’Артаньян, які пакінуў мемуары, яшчэ гідзейшы: ён быў шпіёнам, і шпегаваў на таго ж Рышэлье.

Лініі

Я не памятаю, калі прачытала “Маленькага прынца”. Шкалатой была дакладна… Бо не моцна ўразілася. Ну яшчэ над капялюшам, ён жа ўдаў, які праглынуў слана, пасмяялася.

Усё-ткі “Маленькага прынца” трэба чытаць у сталым узросце. Бо тады, у дзяцінстве, мне і малюнкі аўтарскія не зайшлі. А вось цяпер заходзяць яшчэ як. Сент-Экзюперы пакінуў карціну самага прыгожага і сумнага месца на зямлі. Малюнак з трох лініяў: два барханы ў пустцы і над імі пляскатая пяціканцовая зорка. Месца, дзе памёр Маленькі Прынц, каб зляцець на пакінутую ім родную планетку, да сваёй ружы.

Дастаткова трох звілістых ліній, каб намаляваць самае прыўкраснае і сумнае месца на зямлі.

Дастаткова трох ліній, каб абудзіць бясконцы ланцуг алюзій ды рэфлексій… Прынцаў і павінны забіваць пад пяціканцовымі зоркамі, ці не праўда?

Абарваныя пялёсткі

Кнігу Этель Ліліян Войніч “Авадзень” я прачытала першы раз у піянерскім лагеры.

У мяне не надта ўдалыя стасункі з піянерскімі лагерамі. Уласна кажучы, была ў іх двойчы.

Першы раз увогуле памятаецца цьмяна – маміна калега ўладзіла мяне па знаёмстве ў “Лясную казку”, разам са сваёй дачкой. Нас везлі на машыне позна вечарам, ледзь не ноччу. Памятаю лапы елак, што ў святле фар сашчапляліся над дарогай, як кашчавыя рукі вядзьмарак… Пернічны дамок чакаў наперадзе.

Лагер быў багаты. Нават шакаладныя цукеркі давалі.

Я прараўла там усе шэсць дзён, якія вытрымала. Пакуль проста з ранішняй зарадкі мама і бабуля, прыехаўшы ў адведкі, мяне не забралі. Памятаю, як паўзверх мокрых ад расы шортаў нацягвалі мне калготкі. Дзіця марозяць!

Другі раз быў свядомым выбарам. Лагер “Юбілейны” ад завода ацяпляльнага абсталявання, у інтэрнаце якога працавала выхавацелькай мама. Я сказала – “Еду”. Мне ўжо было трынаццаць, і я хацела выпрабаванняў і давесці, што магу.

Спалі ў вялізным бараку, прыбіральня на вуліцы, як і душ. Дурныя падлеткавыя гульні “хлопцы супраць дзяўчынак” з замыканнем ворагаў у вартавой будцы і кіданнем травой. КВЗ, для якога я пісала сцэнар, і “Зарніца”, ваенізаваная гульня, дзеля якой нас вывозілі ў багаты лагер “Лясная казка”.

Вядома, я знайшла ў “Юбілейным” бібліятэку. Вось там і трапіў мне ў рукі “Авадзень” Этэль Ліліян Войніч.

Кніга гэтая была дэфіцытам меншым, чым Дзюма, таму што перавыдавалася і перавыдавалася вар’яцкімі накладамі – дзеля рэвалюцыйнай рамантыкі.

У лагеры я не мела магчымасці заваліцца на канапу і чытаць да ночы. Таму “Авадня “ паглынала ўрыўкамі.

Гэтага было дастаткова, каб закахацца.

Як сёння сказалі б, у кнізе зашмат шкла. Ну ці не адно шкло.

Герой мужна пераносіць нясцерпны боль, здзекі і пакуты.

Прычым баліць адразу з усіх бакоў. Героя лупцуюць. Герой цяжка хварэе. Героя здрадзілі-кінулі ўсе. Ну вось проста ўсе. Сваякі, духаўнік, біялагічны бацька, каханая дзяўчына. Галоўнае – сцісне зубы і церпіць. Ды яшчэ і ўсміхаецца. Пры гэтым ён высакародны разбойнік… пардон, рэвалюцыянер, які таемна ўдзельнічае ў вылазках карбанарыяў. Паралельна інтэлектуал. Бліскучы публіцыст. Плюс прыгажун У першай частцы свайго жыцця – анёлападобны багаценькі хлопчык з верай у ідэалы. У другой частцы – байранічны такі, саркастычны тып са шнарам на твары і агнём… дзесьці там у сэрцы… у душы… у вачах… ну дзе ў рэвалюцыйнага героя воляю аўтара павінен гарэць-палаць гэты агонь.

Вярнуўшыся з лагера, я пабегла ў адну са сваіх гарадскіх бібліятэк, каб здабыць “Авадня”. Здабыла. Потым і набыла – дязкуючы маме і таварыству кнігалюбаў, праз якое ў працоўных калектывах распаўсюджваліся квіткі на дэфіцытную літаратуру.

Як я перажывала за таго прыгажунчыка Артура Бертана! Нагадаю сюжэт. Хлопчык-вазончык натхнёна распавёў, што ўваходзіць у таемную арганізацыю дзеля незалежнасці Італіі хітраму духаўніку, а той здаў усіх паліцыі. Артура абвяшчаюць здраднікам. Каханая дзяўчына таксама верыць у яго здраду і адвешвае аплявуху. А тут і сваячкі, багатыя англічане, заяўляюць, што ніякі ён ім не сваяк, а незаконнанарожданы сын гувернанткі і каталіцкага святара, і ці не пайшоў бы ты, праблемны прыжывала, сваёй горнай сцяжынкай падалей ад добрапрыстойнай сям’і, якая цябе прытуліла.

Але яшчэ больш я пераймалася за дарослага Авадня, якога не пазнае былая каханая, а ёй увесь такі круты і пашкамутаны… Усё завяршаецца пакутніцкай смерцю. І, як пісаў пра героя расейскі рэвалюцыянер Сцяпняк-Краўчынскі, які горача рэкамендаваў гэтую кнігу – “Ён прыўкрасны, пагрозны, невымоўна абаяльны, бо спалучае ў сабе абодва найвялікшыя тыпы чалавечай велічы: пакутніка і героя”.

Бляску дадавалі савецкія экранізацыі, дзе Авадня ігралі самыя прыгожыя акторы.

Прайшоў час… Я ўжо працавала літаратурным аглядальнікам у газеце. Адзначаўся юбілей твора Войніч, і я вырашыла яго перачытаць. Авой-авой! Як я магла гэтым захапляцца!

Зрпэшты, і аўтарка, дачка ангельскага прафесара, якая пашлюбавалася з рэвалюцыянерам Войнічам,  не так адназначна ўсё апісала… Мяне зачапіла дэталь – Авадзень любіць абрываць пялёсткі жывых кветак. Па гэтай дэтальцы яго і пазнае ўрэшце колішняя каханая Джэма. А яшчэ ў яго ёсць палюбоўніца – цыганка Зіта, якая шчыра яго кахае, а ён нават за жанчыну яе не лічыць. Так, карыстаецца целам. А ўсю сваю нянавісць ён скіроўвае на каго? На царкву.Бо ягоны біялагічны бацька – святар, які Артурам апекаваўся, хаваючы ў таямніцы сваё бацькоўства. А цяпер вось – япіскап… Авадзень любіць і адначасова ненавідзіць таемнага бацьку-святара. Ага, ты паміж Богам і мною выбраў Бога? Ну дык я знішчу Бога! І якая канчатковая мэта ў Авадня? Не, не вызваліць Італію. Не вярнуць сабе каханую жанчыну. А забіць Папу Рымскага. Як дзіця, якое выцялася аб дрэва і цяпер хоча спаліць увесь сад. Артур Бертан у крыўдзе на ўвесь свет. А хто вінаваты, што непрыстасаваны да жыцця хлапец апынуўся на вуліцы без грошай і не змог даць рады, бо нічога рабіць не ўмее? Аўтарка сыпле шкла з верхам: рабства на плантацыях, збіццё качаргою, праца клоўнам у балагане… А калі трэба падкрэсліць, які герой добры – оба-на, на вачах любай жанчыны выратоўвае беспрытульніка…

Падказку дае прызнанне героя, што для яго самае страшнае – гэта пустэча і цемра, якую адчувае ўнутры.

Авадзень мужна церпіць катаванні і гіне, прычым падчас расстрэлу ягоная мужнасць уражвае жаўнераў. Біялагічны бацька-біскуп вар’яцее і адмаўляецца ад Бога.

Не дзіўна, што раман вельмі любілі ў Савецкім Саюзе, а ў іншых краінах ён практычна невядомы.

Муж аўтаркі “Авадня” праславіўся не сваім бунтарскім мінулым. А дзейнасцю ў якасці бібліяфіла і антыквара, а яшчэ аўтара “Рукапіса Войніча”. Гэта самая загадкавая кніга свету – стылізацыя пад сярэднявечны трактат пра расліны. Вось толькі ні намаляваных раслінаў не пазнаць, ні мову, на якой трактат напісаны. Дасюль расшыфроўваюць…

Я часам лаўлю сябе на тым, што па дарозе рука цягнецца сарваць няўважна нейкую кветачку ці лісток… У юнацтве рвала. Камечыла ў пальцах, абрывала пялёсткі, упускала мёртвую зёлку пад ногі… Сёння спыняю сваю руку з пачуццём правіны. Калі не ўтрымалася, сарвала – прашу прабачэння ў дрэва ці кветкі. Бо на сёння мне лепей быць дзіваком, як Францыск Асізскі, чым героем, як Авадзень.

“Сарэалізм”

Калі мне было гадоў сямнаццаць, сяброўка, з якой разам вучыліся ў архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, прамовіла – “Не магу цябе зразумець”. Я ўрачыста адказала: “А ты пачытай “Чырвонае і чорнае “ Стэндаля – тады мяне зразумееш!”

Справа ў тым, што я была цалкам зачараваная вобразам Жульена Сарэля. Як ён сябе выхоўваў, як у таксічным чужародным асяродку прыкідваўся, каб выжыць, якая нянавісць да нясправядлівасці ў ім палала, і трэба было яе хаваць і напашваць для будучых подзвігаў… Вух!

І я ж таксама пачувала сябе ў таксічным чужародным асяродку, і рыхтавалася да подзвігаў, сачыняла ў стол бунтарскія вершы і аповеды і збірала факты пра хібы сацыялістычнай сістэмы, кшталту таемных крамаў для наменклатуры. А гэтае самавыхаванне волі Жульенаўскае! У пакаранне за тое, што дзесь прагаварыўся пра свае сапраўдныя погляды – месяц хадзіў з рукой на перавязі, удаючы пералом! Ці пакараць сябе забаронай гаварыць…

Я таксама давала сабе заданні – тры дні маўчаць. Або ноч не спаць. Суткі не есці. Схадзіць уночы на могілкі. Наперадзе чакаюць вялікія справы, трэба загартоўваць волю!

Добра, што па Чарнышэўскаму не самавыхоўвалася, там справа была пра ляжанне на дошцы з цвікамі…

Раман Стэндаля мне дала пачытаць іншая аднакурсніца, памятаю, што яе бацька працаваў у турме на Гусоўскага, якую пасля знеслі. Я чытала “Чырвонае і чорнае” на лекцыі па эканоміцы, прадмет гэты быў для мяне цёмнаю вадою ва аблацэх. Урэшце маю нязвыкла для абставін натхнёную фізіяномію, нахіленую над сталом, заўважыла эканамічка, прыгожая ўладная дама… Кнігу я трымала на каленях… Жульен Сарэль быў сканфіскаваны ў самым разгары свайго раману з мадам Рэналь.

Для мяне быў двайны, нават трайны шок… Сорамна перад аднакурсніцай, якая пазычыла кнігу – мне шапталі, вось ты дурніца, аддала б іншую кнігу, нашто гэтую працягнула… А мне ж выкладчыца сказала – дай, што чытала, а маніць кепска. Па-другое, а што далей з Жульенам Сарэлем? Аж пякло даведацца… Кніг Стэндаля ў краме не купіш – адзін рамесніцкі сацрэалізм на паліцах. Выручыла мама, прынесла “Чырвонае і Чорнае” з бібліятэкі інтэрната завода ацяпляльнага абсталявання, дзе яна працавала выхавацелькай. Том быў таўсцейшы, больш патрапаны, у гарчычнай вокладцы з чорнымі цісненымі літарамі… Да раніцы дачытала.

Па-трэцяе, мне замаячыла двойка па эканоміцы.

Вучылася я дастаткова добра, праўда, калі ў школе была выдатніцай, у тэхнікуме негуманітарныя прадметы, кшталту будаўнічых канструкцый, даваліся на чацвёрку. Ну не тое што лепей ніяк – але яны былі мне настолькі нудныя (эканоміка ўключна), што я ледзь змушала сябе не засынаць над крэсленнем эпюр і разлікамі прыбытку, і высільвацца дзеля выдатнай адзнакі не збіралася.

Дык вось, каб выручыць сканфіскаваную кнігу і выправіць адзнаку, дамовілася на бартэр: я размалявала для эканаміцы стэнд для вывешвання меню ў дзіцячым садку, куды, відаць, хадзіў ейны дзіцёнак. Набыла нават алейныя фарбы, якімі раней не карысталася. На дошцы ўсміхаўся вясёлы кухар, літары слова “меню” кругліліся жоўтым, як булачкі… Карацей, атрымала я свой трайбундэр (ненавіджу эканоміку, бухгалтэрыю і ўсе формулы на свеце), а таксама Стэндаля.

Якога тут жа вярнула аднакурсніцы, нават не разгарнуўшы.

А выданне, што прынесла мама, заныкала. Яно ў мяне дасюль засталося.

А вяртаючыся да таго выпадку, калі запатрабавала для разумення сваёй асобы чытаць раман Стэндаля… Мая сяброўка тады неяк вельмі мудра і трохі іранічна прамовіла: “Няўжо каб зразумець чалавека, трэба прачытаць кнігу?” Я прысаромелася і знізіла ўнутраны пафас.

А сёння згадваю той свой юнацкі перыяд “сарэалізму”… Ды Божа ж мой, які мярзотны персанаж той Жульен Сарэль! Прыкідвацца, ілгаць, спакушаць, нічога не даводзіць да канца, сілкавацца ўсведамленнем – я інакшы, вышэйшы, вось прыдзе час, і я здзейсню найвялікшы подзвіг… А ўсё звялося да таго, што прыстрэліў былую палюбоўніцу і пайшоў на гільяціну. Цалкам заслужана.

Перачытваць не хочацца… Як успамінаць уласнае юнацкае дурноцце.

Так што не раю, даражэнькія, каб зразумець мяне, чытаць Стэндаля!

Дасканалыя імгненні

Калісьці, начытаўшыся Сартра, пачала калекцыянаваць дасканалыя імгненні… Нагадаю – у рамане стваральніка экзістэнцыялізму “Ваніты” таксічная галоўная гераіня патрабуе ад героя, каб дарыў ёй дасканалыя імгненні. Для гэтага належала ў спрыяльныя хвіліны падбіраць толькі пэўныя словы, жэсты, позу… Не так рукой махнуў – дасканалае імгненне разбурыў. Няздара і паскуднік.

Галоўны герой усё не мог патрапіць у дасканаласць і ажно вар’яцеў, небарака…

Мне ідэя калекцыянавання дасканалых імгненняў зайшла. Для мяне гэта моманты нейкай экзістэнцыяльнай цішы і самоты ў незвычайным месцы. Калі сусвет замірае, а душа прыўздымаецца ад захаплення, як шарык, напоўнены геліем.

Для маіх дасканалых імгненняў трэба асаблівыя месцы. І не трэба сведкаў. Адхон над вечаровай ракой. Гонкія дрэвы, што абступілі з усіх бакоў, і пад шурпатай карою пульсуе іх смалістая кроў. Выёміна ў крапасной сярэднявечнай сцяне, дзе можна прыладзіцца з алоўкамі і альбомам. Вядома ж, сутарэнні, гарышчы, званіцы… Малой я любіла чытаць, ускараскаўшыся на шафу ці на каржакаватую яблыню ля дома. Лавіла свае дасканалыя імгненні.

Адно злавіла ў харвацкім Спліце, колішняй рымскай калоніі Салона, у палацы Дыяклеціяна. Імператар Дыяклеціян увайшоў у гісторыю як жорсткі пераследнік хрысціянаў. Але найчасцей яго згадваюць у сувязі з… капустай. Ну, вядомая гісторыя: на вяршыні славы імператар знудзіўся і заняўся даўншыфцінгам. З’ехаў у Спліт і пачаў агароднічаць. А прыдворным, які прыехалі ўгаворваць вярнуцца на трон, паўтараў адно: “Лухту вярзецё, от каб вы бачылі, якая ў мяне капуста ўрадзілася!”

Палац велізарны, гэткі каменны міні-горад… Найлепей захаваліся сутарэнні. Мы доўга блукалі па іх, сутыкаючыся з турыстычнымі групамі (найболей японцаў). Потым некуды звярнулі… Карацей, апынуліся ў пустой зале з нізкім каменным скляпеннем, і нават галасоў не чуваць.

Я ўгледзела ў сцяне спакусны вузкі ход… Паставіла сяброўку вартаваць, падлезла пад аксамітную стужку, за якую, ну вядома ж, нельга заходзіць, і ўшчымілася ў чорную шчыліну таемнага ходу – ледзь аднаму чалавеку змясціцца… Там былі прыступкі – яны вялі ўверх, але пад зусім невялікім схілам. Ход аказаўся кароткім. Заканчваўся тупіком. Але мне хапіла. Цемра і ціша. Я прысела на верхнюю прыступку. Напэўна, за маёй спінай знаходзіліся замураваныя дзверы. Сядзела ўнутры сцяны палаца рымскага імператара Дыяклеціяна і лавіла дасканалае імгненне. Час спыніўся. Уяўляла, хто мог ісці па гэтых прыступках, навошта… Прыслуга, якая насіла ў гаспадарскія пакоі з падвалу віно і аліўкі? Ці ў вязніцу з першымі хрысціянамі спускаліся каты?

Калі я вылезла, сяброўка была ўшчэнт знерваваная. Не ведаю, чаму я не падумала пра відэакамеры – але ці іх сапраўды не было, ці наглядчыкі не звярнулі ўвагі на выбрыкі замежнай цёткі… Ніхто не прыбег, не накрычаў, не штрафануў. У залах было па-ранейшаму ціха і бязлюдна. Мы выйшлі з палацу, і гарачае паветра пахла свежай капустай.

А ўсё астатняе з Сартра – так, засталося тэорыяй, якую , напружыўшыся, прыпомню. Фатум, што назірае за намі – Сартр замяніў ім Бога для атэістаў-падпольшчыкаў. Бо трэба ж верыць у нешта вышэйшае, калі тут, унізе, усё безнадзейна, і прыдзецца гінуць.

А з Дыяклеціянам Сартра з’ядноўвае, што як імператар адмовіўся ад трона, так і пісьменнік адмаўляўся ад усялякіх узнагарод, нават Нобелеўкі. А ў апошнія гады і ад атэізму адмовіўся.

Грын

Аляксандр Грын пачаўся для мяне з “Пунцовых ветразяў”.

Мне было мала гадоў, і мне не зайшло. Як і фільм, дзе прыўкрасную Асоль сыграла Анастасія Вярцінская, дачка знакамітага паэта і барда Срэбнага стагоддзя Аляксандра Вярцінскага.

Мая мама казала пра Асоль з фільма – “прыдурашная”. Мама не верыла ў прыкрасных прынцаў, якія прыедуць ці прыплывуць, выратуюць і ўсё дадуць. Яна лічыла, што жанчына павінна быць сама сабе гаспадыняй, усяго сама дамагчыся, сама сябе бараніць і ні на каго не разлічваць.

Я з мамай была згодная. І выглядаць у моры пунсовы ветразь не збіралася.

Пазней прыйшлі апавяданні… І мне ўжо як зайшло!

Я не ведала, што Аляксандр Грын – насамрэч Грынеўскі, нашчадак сасланых беларускіх інсургентаў. Я не ведала, што ён памёр з голаду, а жонку, правобраз Асоль, запратораць на дзесяць гадоў у сталінскія лагеры, а потым не дазволяць пахаваць ля мужа, і прыхільнікі зробяць гэта таемна, не паставіўшы шыльдачку.

Я не ведала, чаму мне так зайшлі апавяданні Грына.

Нашмат пазней дайшло – яны ж усе завязаныя на экскапізме! Уцёкі ад рэальнасці. Вось, адкрыецца шлях у Зурбаган, і пачнецца новае, яскравае, сонечнае жыццё!

Асабліва хвалявала апавяданне пра тое, як герой сустрэў дзесьці ў гарах мужчыну, які працаваў правадніком. Аказалася – зямляк. Той распавядае сваю гісторыю: жыў у расейскай глыбінцы, працаваў дробным чыноўнікам у нецікавай канторы. Жаніўся, займеў дваіх дзяцей. Жонка непрыгожая і звяглівая, дзеці хварэюць і просяць есці. Мужчына знудзіўся, скраў з касы грошы і ўцёк у экзатычныя далечы. Ну і пачалася рамантыка… Матаўся па свеце, спрабаваў розныя прафесіі, пакуль не асеў тут, у гарах.

Апавядальнік захапляецца персанажам: вырваўся з бруду і шэрасці, жыве поўным жыццём.

Добра ўспамінаць гэтае апавяданне ў моманты адчаю і безнадзейнасці. Заўсёды можна ўсё кінуць, уцячы падалей і зажыць па-новаму!

А сёння перачытваеш… Ну і паскудны ж персанаж. Ён жа нават на імёны жонкі і дзяцей забыўся. Што з імі сталася – яму ўсё адно. Яго радзіма – там, дзе яму прыемна і цікава жыць.

Колькі згубы ў такой філасофіі… А як жа “ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”?

А ніяк такім людзям Скарынаўскае мудраслоўе не адгукаецца.

Мне болей па сэрцу іншы аповед Грына. Пра чалавека, якога падманулі, распавёўшы пра цудоўны горад у сэрцы джунгляў.

Ён паверыў і пайшоў.

Праў шмат гаоў падманшчык сустрэў таго чалавека, якога адправіў на смерць і марныя пошукі. А той давай дзячыць.

Не знайшоў ён той прыўкрасны горад, зразумеў, што яго няма – і вырашыў яго збудаваць. І збудаваў. Бо нёс яго ў сэрцы сваім.

2026

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.