Выйшла мая новая кніга

У кнігу паэзіі «Сад камянёў» увайшлі лепшыя вершы Людмілы Рублеўскай, напісаныя на працягу сарака гадоў, пачынаючы ад першых публікацый. Філасофскае асэнсаванне свету, адвечных экзістэнцыяльных праблем —  жыццё і смерць, творчасць і прафанны свет, ахвярнасць і прагматычнасць — знітавана з асэнсаваннем шляхоў беларускай гісторыі, месца беларусаў у свеце, са шчырай любоўю да роднай зямлі. Толькі ад непаўторнай нацыянальнай культуры магчымы шлях ва Універсум, толькі ведаючы і шануючы гісторыю свайго народа, можа адбыцца асоба, сцвярджае аўтар сваімі творамі, якім уласцівы экзістэнцыйны роздум і напружаны псіхалагізм, рэфлексіўная медытатыўнасць і іранічны досціп.

https://izdatelstvo.by/catalog/khudozhestvennaya_literatura/1140

Чытаць далей

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ ГЛІНЯНЫ АНЁЛ

Гэта быў усяго толькі смешны гліняны анёл,

Пустацелы знутры, круглатвары і не фарбаваны.

Ад крыла адкалоўся кавалачак; трэшчыны-раны

На плячы засталіся, калі паваліўся пад стол.

Так, сямейная памятка. Хоць у сям’і аніхто

І не памятаў толкам, калі ён з’явіўся ў кватэры.

Прыкрываў на абрусе ён плямы, адцягваў парцьеры,

У далоні ўстаўлялі царкоўную свечку, і дом

Асвятляўся ціхмяным, таемным і цёплым святлом.

Час ад часу і ў гэтыя вокны ўлятала бяда.

І разгублена хтосьці шаптаў: “Ну завошта, як можна?”

І гліняныя крылы распростваліся асцярожна,

І аб іх разбіваліся звонку агонь і вада.

І празрыстыя слёзы цяклі з невідушчых вачэй.

Гаспадыня бурчэла пасля: “Зноў запэцкалі мухі!”.

А на свята якісьці юнак неабачлівым рухам

Збіў фігурку з паліцы і скардзіўся: “Пальцы пячэ”.

Аскалёпкі з падлогі змялі…  Невялікая згуба,

Не крышталь і не золата – гліна.

А ўночы чагось

Гаспадыня слязьмі прамачыла падушку наскрозь.

Толькі ведала: знік, адышоў нехта родны і любы.

Чытаць далей

Людміла Рублеўская АВАНТУРЫ ДРАГУНА ПРАНЦІША ВЫРВІЧА Кніга трэцяя.

ПРАЛОГ

Двубой скончыўся раней, чым анісавая аквавіта. Хаця драгуны коннай літоўскай харугвы пілі яе, як сухі жвір прагна выпівае кожную дажджынку прыпозненага летняга дажджу.

Гледачы не паспелі пабіцца аб заклад, хто пераможа, а малады падхаружы трапным ударам шаблі акуратна ўклаў свайго пышнавусага даўганосага суперніка на траўку – на аптэчны рамонак, настой з якога добра дапамагае ад ветраў у жываце, на трыпутнік, які карысны для зажыўлення ранаў ды ад кашлю, на цыкорыю з сінімі кветкамі, што ўпарадкуе жоўць… Туды ж, на ліцвінскі дзірван, адправілася шабля, выбітая з рукі пераможанага – уторкнулася ў вільготную ад цёплых летніх дажджоў беларускую зямлю, загайдалася, затрымцела ад ганьбы, люструючы бяссілым лязом неба і белыя хмаркі…

Чытаць далей