Первый биографический роман о Янке Купале был сожжен
35 гадоў таму адбылася падзея ў гісторыі беларускай літаратуры: у Маскве ў прэстыжнай серыі «Жизнь замечательных людей» выйшла кніга «Янка Купала». Гэта быў першы ў беларускай літаратуры біяграфічны раман-эсэ. Яго аўтар Алег Лойка, навуковец і паэт, выкладаў ва ўніверсітэце беларускую літаратуру, пра Купалу пісаў шмат. А вось замахнуцца на раман… Калі ж узяўся — прызнаваўся, што пісаў лёгка.
Факталагічны матэрыял багацюшчы. Лойка сустракаўся з людзьмі, што ведалі Купалу. Лявон Луцкевіч, сын аднаго з заснавальнікаў «Нашай Нівы», перадаў унікальныя матэрыялы. А як пісаць пра тую ж «Нашу Ніву», братоў Луцкевічаў ды іншых дзеячаў тае пары, калі яны лічыліся ворагамі савецкай улады? Нельга было згадваць пра спробу самагубства Янкі Купалы ў 1930-м, пра тое, як яго цкавала савецкая вульгарызатарская крытыка.
Аўтару рамана давялося ісці на кампрамісы. Браты Луцкевічы ператварыліся ў братоў Лапкевічаў, Вацлаў Ластоўскі, сакратар «Нашай Нівы», — у Ласоўскага. Аўтар намагаўся адмежаваць Купалу ад нашаніўцаў Луцкевічаў «як арганізатараў палітычнага руху». Тым не менш галоўныя вартасці кнігі засталіся нязменнымі: прыгожая, вобразная мова, Купала паказаны як жывы чалавек, са сваімі слабасцямі, з яркім характарам. Прагучала і пра цкаванне яго крытыкамі кшталту Лукі Бэндэ. Неверагодна смела было паказаць інтымнае жыццё класіка, напрыклад ягоны раман з Лаздзінай Пяледай, літоўскай паэтэсай і жонкай Вацлава Ластоўскага. Мабыць, упершыню было падрабязна расказана і пра раман з Паўлінай Мядзёлкай.
Пісьменнік Уладзімір Навумовіч успамінае, як Лойка жыў сваім раманам. «Алег Антонавіч сустрэў мяне аднойчы ашаламляльным паведамленнем: «А ў мяне ў Бараўцах здохлі каровы». Ніякіх Бараўцоў у яго не было, я ведаў, а таму зразумеў, што так пачынаўся новы раздзел рамана пра Янку Купалу».
Раман планаваўся да 100-годдзя паэта, меркавалася, што кнiга будзе перакладзена на рускую мову і выдадзена ў серыі «ЖЗЛ». Таму Алег Антонавіч пісаў пробныя раздзелы, якія пільна рэдагаваліся цэнзарамі. Рукапіс запатрабавалі паслаць у Маскву. Лойка ўспамінаў: «Колькі я папаездзіў у Маскву, колькі абабіў парогаў, колькі папісаў розных тлумачэнняў! Да юбілею Купалы кніга не выйшла, хоць у 1982-м была ўжо гатова, але набор быў рассыпаны. Пасля яе зноў набіралі. Выйшла пад новы 1983-і і адразу была арыштавана. Так пад арыштам і праляжала да 16 лютага 1983 года. Праўда, адзін экзэмпляр мне паспелі прыслаць, казалі пры гэтым: «Нікому не паказвай!»
На Беларусі шлях рамана быў яшчэ больш пакручасты. Пісьменнік Генрых Далідовіч успамінае, як Лойка прынёс рукапіс рамана ў часопіс «Маладосць» і які паднялі вэрхал пільныя навукоўцы. З другога боку, сам Далідовіч і некаторыя іншыя лічылі, што занадта чорнымі фарбамі абмаляваныя Луцкевічы і Ластоўскі. «Алег Антонавіч толькі смутна хітаў галавою і цяжка ўздыхаў: «Ведаю. Усё разумею… Але, на жаль, і я не магу і вы не зможаце інакш».
У беларускім варыянце раман называўся «Як агонь, як вада» — гэта і ад слоў верша Купалы «За свабоду сваю ўсёй душой пастаю: у агонь, у ваду я за ёю пайду», і ад разважанняў Купалы і Лаздзіны Пяледы пра стыхіі купальскага свята. Раман выйшаў у 1984 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Рэцэнзентамі сталі народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін і прафесар Мікола Грынчык, аформіў кнігу выдатны мастак Мікола Селяшчук.
І тут пачаліся непрыемнасці з іншага боку. Яшчэ жывая была сведка купалаўскіх часоў легендарная паэтка Зоська Верас. Яе дамок на ўскрайку Вільнюса празвалі «Лясной хаткай», там быў своеасаблівы беларускі клуб. Верас прачытала кнігу «Як агонь, як вада», моцна абурылася тым, як паказаў аўтар вобразы дарагіх ёй людзей — Луцкевічаў і Ластоўскага. І прыгаварыла раман да спалення — што і здзейсніла ля свайго дома.
Алег Лойка пра тое аўтадафэ даведаўся, вядома, перажываў. На пачатку 1990-х ён перапісаў раман, дадаўшы сто старонак і вярнуўшы героям сапраўдныя прозвішчы.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.