Біяграфія

Людмила Рублевская

         Людміла Рублеўская, сапр.: Людміла Іванаўна Шніп (5 ліпеня 1965, Мінск) — беларуская паэтэса, празаік, літаратурны крытык, журналіст. Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве, скончыла беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працавала загадчыкам аддзела крытыкі ў часопісе «Першацвет», загадчыкам аддзела мовы ў газеце «Наша слова», рэдактарам аддзела крытыкі, потым — літаратуры штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 2002 працавала літаратурным аглядальнікам газеты «СБ-Беларусь сегодня», з 2020 — загадчык аддзела культуры газеты “Звязда”. Аўтар больш трыццаці кніг, сярод якіх зборнікі паэзіі «Крокі па старых лесвіцах», «Замак месячнага сяйва», “Рыцарскія хронікі”, “Шыпшына для пані”, зборнікі прозы “Сэрца мармуровага анёла”, «Пярсцёнак апошняга імператара», «Ночы на Плябанскіх Млынах» ,”Сутарэнні Ромула” і інш, кніг гістарычных эсэ “Рыфма цаной у жыццё”, “Рыцары і дамы Беларусі” і інш. Таксама аўтар драматычных паэм «Пасля Цэзара», «Апошнія гастролі Агасфера” і інш. Як крытыку, ёй уласцівыя бесперапынныя пошукі новых шляхоў, форм, спосабаў прыцягнення ўвагі да беларускага прыгожага пісьменства як да актуальнага феномена сучаснай еўрапейскай і сусветнай культурнай прасторы, з’яўляецца мадэратарам і арганізатарам шматлікіх літаратурных дыскусій.
Паэзіі Людмілы Рублеўскай уласцівы экзістэнцыйны роздум і напружаны псіхалагізм, рэфлексіўная медытатыўнасць спалучаецца з іранічным досціпам.
У празаiчным цыкле “Старасвецкiя мiфы горада Б*” сiнтэзавала антычныя мiфы i рэалii беларускага мястэчка XIX ст. Гісторыяцэнтрычныя творы Людмілы Рублеўскай адкрываюць трагічныя старонкі беларускай гісторыі, даследуюць праблемы захавання нацыянальнай самабытнасці, культурнай ідэнтычнасці, а таксама захавання цэласнасці асобы ў таталітарным грамадстве. Пісьменніца займаецца тэмай сталінскіх рэпрэсій, у раманах “Забiць нягоднiка, альбо Гульня ў Альбарутэнiю” і “Сутарэнні Ромула” гэта разгортваецца ў паўнавартаснае мастацкае даследаванне. Дзеля дасягнення мэты аўтар звяртаецца да “гульнёвага” арсеналу постмадэрнісцкай літаратуры, актуалізуе асобныя матывы і вобразы “гатычнага” рамана, фэнтэзі, дэтэктыва, меладрамы. Дзеянне часта адбываецца паралельна ў розных часах, фантазія спалучаецца з дакументальнай асновай.
Кнiжка казак “Прыгоды мышкi Пiк-Пiк” — спроба стварэння сучаснай беларускай гарадской мiфалогii для дзяцей, “Карона на дне віра” – легенды і паданні пра паходжанне раслін з гатычнай афарбоўкай і экскурсам у гісторыю Беларусі. Авантурна-прыгодніцкі цыкл «Авантуры Пранціша Вырвіча», якая сёння карыстаецца вялікім чытацкім попытам у Беларусі, распавядае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі збеглага шкаляра Менскага езуіцкага калегіюму Пранціша Вырвіча і доктара з Полацку Баўтрамея Лёдніка.
Творы Людмілы Рублеўскай перакладзеныя на дзясяткі моў свету. Выйшла кніга “Гульня ў Альбарутэнію” ва Украіне (2012), “Прыгоды мышкі Пік-Пік” у Польшчы (2007).
Людміла Рублеўская кiруе суполкай маладых творцаў “Лiтаратурнае прадмесце”. Выкладае ў Школе маладога літаратара пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў.
Сябар Саюза беларускiх пiсьменнiкаў.
Лаурэат прэмii “Залаты апостраф” за паралельны раман “Золата забытых магiлаў”, лаурэат прэміі Францішка Багушэвіча за раман “Сутарэнні Ромула”, прэміі “Кніга году-2015” за раман “Авантуры студыёзуса Вырвіча”.
Уладальнік медаля Францыска Скарыны і прэміі Саюза журналістаў Беларусі “Залатое пяро”.

Ludmila Rublieuskaja

Born in 1965 in Minsk. She is a writer, poet and literary critic. She is an architect and philologist by education. She is the author of more than ten books of prose and poetry. She works in genres of popular fiction, producing widely varying types of historical novels, eg romance, crime and detection, horror. She has recently been writing a great deal for teenagers. She won the “Golden Apostrophe” Prize in 2004 and the Francishak Bahushevich Prize of the Belarusian-PEN Centre in 2011 for her novel Sutarenni Romula [The souterrains of Romulus]

Бібліяграфія.

 Зборнікі паэзіі:

«Крокі па старых лесвіцах» (1990)

«Адукацыя» (1990)

«Замак месячнага сяйва» (1992)

“Застаюся” (1996)

“Балаган”(2000)

“Рыцарскія хронікі” (2001)

“Над замкавай вежай”(2003)

“Шыпшына для Пані”. Вершы, эсэ.(2007)

“Вяртанне Інфанты”(2015)

Проза:

«Старасвецкія міфы горада Б». Апавяданні. (2002)

«Сэрца мармуровага анёла». Аповесці, апавяданні. (2001)

«Пярсцёнак апошняга імператара». Аповесці, апавяданні. (2005)

«Ночы на Плябанскіх Млынах». Раман, аповесці, апавяданні. (2007)

«Сутарэнні Ромула». Раманы. (2010)

“Сэрца мармуровага анёла”. Раман, аповесці.(2012)

“Дагератып”. Раман.(2017)

“Пантофля Мнемазіны”. Раман. (2018)

Серыя раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча»

1.“Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” (2012, 2020)

2.“Авантуры студыёзуса Вырвіча” (2014)

3.“Авантуры драгуна Вырвіча” (2014)

4.“Авантуры Пранціша Вырвіча, канфедэрата і здрадніка” (2017)

5.“Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара” (2019)

6.“Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі” (2020)

Мастацкая проза ў перакладзе на рускую мову:

“Пляска смерти”. Роман. (2011)

“Жених панны Дануси” . Повесть, рассказы. (2012)

“Авантюры Прантиша Вырвича, школяра и шпиона”. (2016)

 

Кнігі серыі “Ретро-библиотека приключений и научной фантастики» (рамка) выдавецтва “Престиж-бук” (Москва). Серыя “Все авантюры Прантиша Вырвича”

Т.1. “Авантюры Прантиша Вырвича”. Романы “Авантюры Прантиша Вырвича, школяра и шпика” и “Пляска смерти”. Москва, 2017.

Т.2. “Авантюры студиозуса Вырвича”. Роман “Авантюры студиозуса Вырвича”. Цикл рассказов “Старосветские мифы города Б.”  Москва, 2017.

Т.3. “Авантюры драгуна Прантиша Вырвича”. Роман “Авантюры драгуна Прантиша Вырвича”, повести “Дети гомункулуса” и “Сердце мраморного ангела”, цикл “Шляхетские рассказы”. Москва, 2020.

Т.4.”Новые авантюры Прантиша Вырвича и Чёрного Доктора”. Романы “Авантюры Прантиша Вырвича, изменника и конфедерата” и “Авантюры Вырвича из банды Чёрного Доктора”. Москва, 2020.

 

Кнігі серыі навучальнага чытання Іллі Франка.

 

1.“Белорусский с Людмилой Рублевской. Старосветские мифы города Б.» Москва, 2018.

2.»Белорусский с Людмилой Рублевской. Ночи на Плебанских мельницах». Москва, 2019.

У перакладзе на украінскую мову:

“Гра в Альбарутенію”. Раман, аповесць, апавяданні. Кіеў, 2012.

 

Кнігі для дзяцей:

“Прыгоды мышкі Пік-Пік”. Казкі. (Выданні 2000, 2007 (Беласток, Польша), 2008, 2018)

“Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны”. Казкі. (2008)

Драматургія (асобным выданнем):

“Людвіка і Фабіян”. П’еса на падставе архіўных дакументаў. Сумесна з В.Скалабанам. (2006).

 

Публіцыстыка і эсэістыка:

“Беседы о философах. От античности до эпохи возрождения”. Эсэ. (2004)

“Я – мінчанін”( на бел., 2003)

“Я – минчанин». (в перев. на рус., 2006).

«Время и бремя архивов и имён» (у суаўтарстве з В.Скалабанам). Эсэ па гісторыі беларускай літаратуры. (2009)

«Рифма ценою в жизнь». Эсэ па гісторыі беларускай літаратуры. (2013)

“Рыцари и дамы Беларуси. Книга 1”.(2013)

“Рыцари и дамы Беларуси. Книга 2”.(2016)

“Рыцари и дамы Беларуси. Книга 3».(2018)

http://naviny.by/rubrics/culture/2013/04/29/ic_articles_117_181632

Развітваючыся з гасціннай пісьменніцкай сям’ёй Людмілы Рублеўскай і Віктара Шніпа, я сказала: “Спадарыня Людміла, вашая кватэра складаецца з кніг, карцін і камянёў!”. “Дакладна, так і ёсць! Яшчэ рукапісы!” — адказала Людміла Іванаўна. Уваходзячы ў кватэру Людмілы Рублеўскай, трэба забыцца на час — цябе абавязкова зацягне бы ў вір: шматлікія партрэты і пейзажы на сценах, камяні і ракушкі з розных куткоў света, сотні прыемных дробязяў, што ствараюць творчы настрой і гаспадарам, і іх гасцям.


Па абодва бакі Кальварыі
Па абодва бакі ад Кальварыі

Аўтабіяграфія

1

Можа, у каго іншае меркаванне, але я веру, што мы нараджаемся менавіта там, дзе болей за ўсё патрэбныя.
Штопраўда, большасць бачыць сэнс жыцця ў тым, каб месца, якое яны ашчаслівілі сваім з’яўленнем, давала ім як мага болей усяго. Каб я была з такіх людей – таксама пачувала б сябе няшчаснай.
Але я шчаслівы чалавек. І я нарадзілася на Беларусі.
Магла нарадзіцца ў Францыі, Эстоніі, Фінляндыі, у Егіпце…
Дарэчы, пра Егіпет – я і праўда магла там нарадзіцца. Бацьку, інжынера, запрашалі на будаўніцтва Асуанскай плаціны – у той адрэзак часу Савецкі Саюз моцна сябраваў з радзімай фараонаў. Бацька не хацеў ехаць без маёй маці, а маці была цяжарная мною і ехаць таксама не хацела…
Урэшце Егіпет не пабачыў ніхто з вышэйзгаданых асобаў, а я амаль не бачыла бацьку – маці ў хуткім часе пасля майго нараджэння развялася, і ён паехаў кудысьці ў Мардовію ствараць трэцюю сям’ю… Маё з’яўленне, як вы разумееце, было не самым пажаданым эпізодам у ягонай бурлівай біяграфіі. З’явіўся толькі на маё шаснаццацігоддзе, каб падараваць нешта на памяць (выбралі гадзіннік), звадзіць да сябра, былога шафера, у міністэрства электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, распавесці пра сваю маці, якая была да вайны настаўніцай на Гомельшчыне, а ў вайну яе расстралялі немцы, і знікнуць назаўсёды, як фараоны з Егіпту.
Так, захаваўся яшчэ каляровы здымак – мы сфатаграфаваліся напамяць. Бацька – у самавітым касцюме, з ордэнскімі калодкамі – быў сувязным у партызанскім штабе, я – з кароткай стрыжкай, у кофтачцы, пашытай з бабулінай кашаміравай хусткі…

Мяне выхоўвалі маці і бабуля.
Маці, Галіна Міхайлаўна, працавала медсястрой у дзіцячым садку, хаця ў свой час скончыла журфак. Для дыпломнай працы яна абрала тэмай творчасць Даніэля і Сіняўскага, надзвычай папулярных тады журналістаў, якія пісалі кранальныя рэпартажы пра землятрус у Ташкенце.
Трэба ж было ім выявіцца злоснымі дысідэнтамі якраз перад тым, як маці надышоў час абараняць дыплом!
Кіраўнік збянтэжана раіў змяніць тэму… Але перапісваць было позна, і дзіва – дыплом неяк залічылі. Але на журналісцкую працу маму так ніколі і не ўзялі.
А ад бабулі Паліны ( насамрэч яе звалі Пелагея, але гэтага імя яна страшэнна не любіла, змушала ўсіх называць сябе Палінай) мне засталіся жменька беларускіх песнь – яна напявала асабліва падчас рэлігійных святаў, ціхенька, сама сабе… І расповеды пра тое, як падчас вайны яна з сястрой Вольгай і іх двое маленькіх дзяцей дайшлі пешкі з Ленінграду на Беларусь, на радзіму, у вёску Люці Пухавіцкага раёну. Каб апынуцца ў самым пекле, трапіць нават на нейкі час у канцэнтрацыйны лагер… І страціць спаленымі жыўцом адзінаццаць чалавек радні – усе Часлаўскія. У тым ліку мой прадзед Максім Часлаўскі, які да рэвалюцыі паспеў пабываць у Амерыцы, ведаў напамяць шмат вершаў і зладзіў для партызан маленькі млын… Мая маці была адзінай, каму удалося выбрацца з хаты, куды замкнулі вясковых дзяцей і спалілі. Маме было гадоў сем.
У пасляваенным Мінску мая радзіна жыла ў падвальнай кватэры ў доме на вуліцы Горкага, насупраць Опернага тэатру. У тым жа доме жыла сям’я Куляшовых.
Быў у маёй бабулі да вайны дом у Ленінградзе, дакладней, у прадмесці Вырыца – атрымала як службовую кватэру, бо працавала на чыгунцы… Пасля вайны туды засяліліся іншыя людзі, і калі бабуля з сястрой прыйшлі ў свой дом, на іх літаральна наставілі стрэльбу… Час быў суворы, справядлівасці не прадбачылася… І сёстры зноў вярнуліся на Беларусь.
А дом, дзе я нарадзілася, знаходзіцца зусім блізка ад Кальварыйскіх могілак. Можа, адзінае на той час месца, дзе захаваўся Дух Гораду. Дзе на помніках з цёмнага граніту віюцца вензеля беларускіх шляхецкіх прозвішчаў, дзе надмагіллі нагадваюць выкінутыя на бераг пасля буры чоўны, у вершалінах неабхватных старых ліпаў шуміць варонін горад, а тады яшчэ і запеклай крывёй чырванелі парэшткі касцёлу, які калісьці распісваў вядомы мастак Ян Дамель…
Чытаць я навучылася ў тры гады. І пачала чытаць усё запар… У дзесяць гадоў маёй любімай кнігай сталася “Джэн Эйр” Шарлоты Бронтэ, у адзінаццаць я адолела падручнік па філасофіі, забыты ў нас маміным стрыечным пляменнікам, які паступаў ва ўніверсітэт… Вельмі ўразіў раздзел пра ўнутраныя супярэчнасці сацыялізму.
Як могуць ставіцца ў звычайным “хрушчоўскім” двары да дзяўчынкі, якая падчас летніх вакацыяў на пытанне “Ці хочаш у школу?” адказвае равесніцам “Абсалютна – не, адносна – так”, можаце самі здагадацца.
Чытала я на рускай і на беларускай мове… Відаць, у той час, калі добрая кніга была страшэнным дэфіцытам, беларускамоўная была ўсё-ткі дэфіцытам меншым, бо “Прыгоды Мюнхгаўзена” і “Прыгоды Бураціна” я прачытала па- беларуску.
Вось толькі размаўляць на роднай мове мне не было з кім.
Улетку мы ездзілі ў вёску Люці, дзе жыла бабуліна сястра Ліда. Насупраць дому люляў таямнічыя туманы “выган”. Далей пачынаўся лес Белая лужа. Уночы да весніцаў маглі падыходзіць дзікі ці ласі… Бабулю Ліду яе дарослыя дзеці называлі на “вы”. Я ніколі ўвогуле не чула ў сваёй сям’і кепскіх словаў і да школы была ўпэўнена, што самае благое слова – “дурань”, і яго нельга вымаўляць.
Маці запісвала за мной вершы яшчэ тады, калі я не ўмела пісаць… Пасля я пачала запаўняць агульны жоўты сшытак сама… Час ад часу пісала і на беларускай мове – ніхто на гэта не скіроўваў, проста чамусьці адчувала патрэбу.
Калі сшытак запоўніўся цалкам, а я пачала складаць, як лічыла, сапраўдныя вершы, жоўты сшытак спаліла, як нявартыя дзіцячыя практыкаванні, за якія мусіць быць сорамна.
Беларусь я знайшла прыблізна ў той жа час, як і сапраўдную паэзію. Уладзімір Караткевіч і Максім Багдановіч – без іх я была б іншай… І, магчыма, не пісала б біяграфію для гэтай кніжкі.
А яшчэ быў у мяне зялёны сшытак вершаў, які таксама зведаў аўтадафе, але ўжо не ад маёй рукі. У доме ўвесь час вяліся сапраўдныя дысідэнцкія размовы – пра несправядлівасць савецкага ладу, пра тое, што бедныя і засталіся беднымі, а буржуі буржуямі. Таму гадоў з трынаццаці я пачала пісаць вершы кшталту “Черная “Чайка” летит по проспекту, черная “Чайка” везет пузатого, важного, лысого “некто” на семинар или слет”. Ну і пра “шамкающего вождя», ману, якую гавораць з трыбун і гэтак далей… Аднойчы, калі я вярнулася са школы, зялёны сшытак ляжаў на стале. Побач сядзелі перапалоханыя бабуля і мама, якія няўцямна спрабавалі мне тлумачыць, чым небяспечнае змесціва сшытку, а мне ж яшчэ жыць ды жыць… Карацей, сшытак знік.
Праўда, гэта неяк мяне не напалохала.
Увогуле, мне ў доме дазвалялася ўсё. Я магла маляваць на шпалерах. Крэсліць на падлозе крэйдай класікі і скакаць па іх… Ляжаць на шафе з кніжкай і будаваць з падушак ад канапы буданы…Раскладаць па ўсёй кватэры лялькі і разыгрываць бясконцыя спектаклі…
На вобраз “батаніка”, аднак, я не цягнула – з маёй любоўю да прыгодаў і ўвесьчаснай арганізацыяй усемагчымых імпрэзаў. Хатнія канцэрты з удзелам суседскіх дзяцей, самаробны лялечны тэатр, пракраданне без білету ў залу кінатэатра “Цэнтральны”… Я любіла блукаць па горадзе, зведваючы самыя нечаканыя ягоныя абліччы, і дома мяне ніколі не дапытвалі – дзе была. Дзякуй анёлу-ахоўніку, не трапляла ў непрыемныя прыгоды… Аднойчы проста пада мною ў цемры сашчыкнуліся стрэлкі чыгункі, якую мы з сяброўкай пераходзілі, і толькі нейкі інстынктыўны скачок выратаваў мяне. А неяк на дыскатэцы “Карчы”, у парку 50-годдзя Кастрычніка, мы патрапілі на першы ў Мінску выступ культурыстаў. Гэта былі хлопцы з беларускай хакейнай каманды. Праўда, мала хто разумеў, што і навошта яны дэманструюць – пра культурызм тады амаль ніхто на Беларусі не чуў. А пасля моладзь развярнулася ад сцэны і пайшла на ланцуг міліцыянераў, сценка на сценку… Добра, мы апынуліся з краю…
Калі я вучылася ў другім класе, маці паслала мой верш пра хмары, якія лятуць праз рэкі і лес і нямала пабачылі цудаў, у газету “Зорька”. Праўда, апошні радок пра цуды маці параіла замяніць на больш правільны. Напрыклад, пра шэрую даль шэрых нябёсаў. Замянілі.
З газеты прышоў ліст, дзе мне дзякавалі за верш, казалі, што ён спадабаўся, акрым апошняга радка.
А праз нейкі час я атрымала з рэдакцыі запрашэнне на пасяджэнне літаб’яднання, якое будуць праводзіць вядомыя беларускія паэты.
Пасяджанне мусіла адбыцца ў Палацы піянераў, дзе ні я, ні маці дагэтуль не былі. Мы доўга мясілі вясновае разводдзе, шукаючы гэны палац. Нас перапынілі два важныя, але нейкія разгубленыя дзядзькі, якія таксама шукалі Палац піянераў, і маці скіравала іх у тым напрамку, у якім, як мы лічылі, ён мусіць быць… Дзядзькі ажывіліся і прыспешыліся…
Але будынак аказаўся зусім у іншым баку.
У бібліятэцы Палацу сабралася з дзесятак юных паэтаў, усе старэйшыя за мяне, а будучых кіраўнікоў усё не было. Час ішоў, бібліятэкаркі хваляваліся. Урэшце, узяліся за справу самі, папрасілі юных талентаў агучыць свае творы (першую, вядома, мяне, як самую маленькую). Пачыталі, пахвалілі, разышліся.
Потым мы з мамай прыйшлі да высновы, што сустрэтыя намі і скіраваныя ў невядомасць дзядзькі і былі беларускімі паэтамі, што мусілі праводзіць літаб’яданне.
Маці пазнаёмілася з жанчынай, якая загадвала “масоўкай” на кінастудыі “Беларусьфільм”. Так у маё жыццё ўвайшло кіно (пра гэта – мае апавяданні “Масоўка”). Плацілі няшмат, але й гэтыя грошы не былі лішнімі. Таму маю радзіну – стрыечную бабулю Волю, маю маці й мяне можна пабачыць там-сям у кадрах старых фільмаў. Незвычайны свет, дзе палац аказваўся выбудаваным з упаковак ад яек, а ў партызанскай зямлянцы ладзілася грымёрка, здаваўся працягам прыдуманых мною сюжэтаў. Карнавал, без якога сумна жыць. Я была дзяўчынкай, якая падчас бамбёжкі бяжыць ля насілак з параненым партызанам. Была маленькай сялянкай, якая ставіць на полі снапы. Падчас начных здымак у фільме “Побач з камісарам” назірала за пажарам у сельсавеце, зладжаным падступнымі кулакамі. А ў фільме “Брама неўміручасці” па п’есе Кандрата Крапівы, яшчэ чорна-белым, я стаяла ў чарзе па бессмяротнасць да лабараторыі геніяльнага прафесара разам з бабуляй Вольгай. На мне была сіняя матроска, пашытая той жа бабуляй, выдатнай швачкай, а народ побач уздымаў да сафітнага неба павільёну транспаранты з патрабаваннем бессмяротнасці і па камандзе рэжысёра неміласэрна штурхаўся.
Не люблю стаяць у чарзе нават па бессмяротнасць.
Школа таксама не была маім улюбёным месцам. Раённая школка “рабочага гета”, як называлі вуліцу Бірузова ля завода ацяпляльнага абсталявання. Снег на ёй быў брунатны ад дыму з трубы згаданага заводу. Вядома, я была выдатніцай… Але часцей хварэла (што, цяжка было паскардзіцца раніцай на боль у горле?). Смярдзючы дым з трубы, частыя выступленні (я звонка чытала вершы і празаічныя прывітанні на ўсіх школьных імпрэзах) скончыліся ларынгітам.
І ў пяты клас мяне адправілі ў санаторна-лясную школу ў Ждановічах.
Падрабязней пра гэта – у цыкле маіх апавяданняў “Шкельцы”. Год на становішчы інтэрнацкага дзіцяці ды яшчэ ў будынку сярод лесу, непадалёк ад могілак, добра такі на мне адбіўся. Я цяжка засынаю, а тут даводзілася спаць у адным пакоі з дзесяткам дзяўчатаў, якім перад сном трэба было насмяяцца, нагаварыцца, і гэта зацягвалася за поўнач… Я купляла спакой тым, што расказвала на хаду прыдуманы чарговы раздзел раману ўласнага аўтарства. Гаварыла, пакуль усе не засыналі. Раманы былі доўгія, з надзвычай пакручастымі сюжэтамі – шпіёны, скрадзеныя дзяўчаты, варожыя базы на Месяцы, прывіды і пераваратні і ўжо не памятаю што…
Пасля я вярнулася ў сваю школу, якую бачыць не хацела, да аднакласнікаў, якія не хацелі бачыць мяне. Падлеткавы асяродак даволі жорсткі, але мне ўдалося сцвердзіць сваё месца. Прынамсі, нават з’арганізавала ў класе, які называўся “бандай”, сваю невялічкую “партыю” – “анархістаў”, якія не ўдзельнічалі ў жорсткіх гульнях большасці, але й не належалі да “шасцёрак”. Праўда, былі й станоўчыя прыдбанні на ўсё жыццё: перакананне, што на таварыша нельга даносіць ніколі, што часам лепей памаўчаць, чым выхваляцца ведамі, і ўстойлівая агіда да афіцыйных мерапрыемстваў для галачкі.
Але пасля восьмага класу са школы я сышла – выбралі з сяброўкай з магчымых прафесіяў сярэднеспецыяльных навучальных установаў самыя прывабныя.
Так я трапіла на архітэктурнае аддзяленне Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікуму. Выбар быў абгрунтаваны: я некалькі гадоў хадзіла ў ізастудыю гарадского дому піянераў да Кацярыны Міхайлаўны Мізінай. Маляванне было маёй другой любоўю (паралельна з літаратурай), і нейкі час я вагалася між імі… Але мая настаўніца, калі я пачала разважаць, ці не пайсці ў мастацкую вучэльню, сказала: “Ну і будзеш маляваць пушкі для запалак”… Гэты вобраз настолькі мяне напалохаў, што я пакінула такую думку. Калі няма ўпэўненасці, што ў прафесіі дойдзеш да вяршыні – ці варта пачынаць?
Я дыхала вершамі, яны ліліся, нібыта ім не будзе канца, кожную ноч я сядзела за пісьмовым сталом прынамсі да гадзіны ночы… Думаю, гэта самыя шчаслівыя гадзіны ў жыцці паэта. У той жа час, начытаўшыся “Чырвонага і Чорнага”, загартоўвала сілу волі ( тыдзень не размаўляць, схадзіць апоўначы на могілкі) і вяла адчайныя дзённікі. Хацелася перамен і подзвігаў.
Мама, мая першая і самая цярплівая слухачка, абзвоньвала рэдакцыі, шукаючы, да каго мне можна звярнуцца, каб паказаць вершы. І я трапіла да літаратурнага кансультанта газеты “Знамя юности” Уладзіміра Някляева. Жыццё набыло іншы рытм: напісаць за месяц-два вершаў, выбраць пару дзесяткаў лепшых, акуратна перапісаць на асобных лісціках і несці паказваць паэту.
У 1983 годзе у газеце “Знамя юности” быў надрукаваны мой першы верш. На рускай мове, кароценькі…
Я ішла па вуліцы, і мне здавалася, што ўсе павінны мяне пазнаваць – хаця фатаздымка майго на старонках газеты не змясцілі.
Як шкада, што пасля немагчыма перажыць тую ж вастрыню пачуццяў, як ад першага верша і першай кнігі.
Я скончыла тэхнікум, і мяне размеркавалі ў праектна-канструктарскае бюро вытворчага аб’яднання “Гарызонт” (стрыечны дзядзька Саша, сын бабулі Вольгі, дапамог). Прадпрыемства было рэжымнае, я ўпершыню апынулася за прахадной, калі спазненне на хвіліну рэгістравалася і цягнула за сабой вымову… Але ў бюро панаваў паўбагемны настрой. Ціхая фронда савецкай інтэлігенцыі. Падрыхтоўка чарговага “капусніка” альбо прыкольнай насценгазеты здавалася больш важлівым, чымся чарговы праект убудаванай шафы ці эскіз малюнка абліцоўкі цэху. Калі я прынесла ў гарызонтаўскую шматтыражку свае вершы, праз нейкі час ад мяне запатрабавалі прынесці чарнавікі… Вырашылі – чужыя творы збіраюся прыўлашчыць. Выручыла выразка са “Знамени юности” з маім вершам…
Праз год мяне запрасілі на рэспубліканскі семінар маладых літаратараў у Каралішчавічы. Для мяне – падзея надзвычайнай важнасці. Я ўпершыню апынулася сярод сваіх равеснікаў, якія таксама пісалі вершы, і пісалі іх на беларускай мове. А пасля я атрымала накіраванне ад Саюзу беларускіх пісьменнікаў у Літаратурны інстытут імя Горкага.
Напярэдадні ад’езду на іспыты я доўга блукала па Кальварыйскіх могілках, і, відаць, застудзілася. Таму ў Маскве ў мяне паднялася тэмпература. У інтэрнацкім пакоі не мелася коўдраў, замест іх даводзілася карыстаць паласатыя брудныя матрасы, сцены былі змаляваныя багемнай графікай, маладзенькія ўрачы, што прыехалі на “хуткай” ратаваць мяне, ушпілілі ўкол, ад якога я лячылася пасля месяц, але іспыты я здала на выдатна. І апынулася на аддзяленні паэзіі, на семінары Аляксандра Міхайлава і Галіны Сядых.
Масква часу перабудовы… Цэнтральны дом літаратараў, дзе Акуджава купляе пірожныя, і іх загортваюць яму ў адмысловы пакецік на шнурочку… Выступы Юрыя Кузняцова і скандальных Паршчыкава і Яроменкі… Аднакурснікі, якія яшчэ не падыйшлі да ідэі стварэння Ордэна куртуазных маеньерыстаў, але адзін з іх у гонар паступлення голіць галаву. За вакном майго пакоя на начах выяўлялася прывідным блакітным слупом Астанкінская вежа.
8 верасня мая новая сяброўка, расійская паэтка, пацягнула за кампанію знаёміцца з ейным земляком, на сёмы паверх нашага інтэрнату, дзе жыла эліта – навучэнцы Вышэйшых літаратурных курсаў. Усе “члены”, усе з кніжкамі… І хадзіць туды адной было страшнавата. Ейнага земляка не найшлі, і я ўспомніла, што паэт Яўген Міклашэўскі, які адказваў за працу з маладымі літаратарамі, параіў мне, калі якія праблемы ўзнікнуць, знайсці на ВЛК паэта Віктара Шніпа…
Вось і адшукала. Паэт, зусім не пагрозны, ішоў да нас па змрочным інтэрнатаўскім калідоры, з-за ягонае спіны свяціла сонца, і светлыя непаслухмяныя валасы здаваліся німбам.
Вочы таксама, здаецца, свяціліся…
Замуж ён мне пачаў прапаноўваць падчас другой сустрэчы.
Дзесьці праз паўгода я згадзілася.
На нашым вяселлі ў рэстаране гатэля “Мінск” шаферам быў паэт Леанід Галубовіч, сватам – паэт Мікола Мятліцкі, сярод гасцей можна было пабачыць паэтаў Алеся Пісьмянкова, Уладзіміра Марука і мастака Алега Карповіча, крытыкаў Яўгена Гарадніцкага і Тамару Чабан…
А тады я перавялася з Літаратурнага інстытуту на філфак БДУ, на беларускае аддзяленне. Як — трохі апісана ў аповесці “Пярсцёнак апошняга імператара”.
Пачыналіся “Тутэйшыя”, нефармальны літаратурны моладзевы рух, мы апынуліся ў яго плыні гэтак жа натуральна, як ручаіны цякуць у раку.
Хутка ў часопісе “Маладосць” з’явілася мая падборка вершаў. У аддзеле паэзіі працавала Яўгенія Янішчыц. Яна павінна была стаць і рэдактарам маёй першай кнігі ў “Бібліятэчцы часопіса “Маладосць”. Але калі рукапіс быў амаль падрыхтаваны, “ластаўка Палесся” з жыцця пайшла.
Кніжка выйшла ў свет у 1990 годзе. Тады ж мяне прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Наступная кніга, “Замак месячнага сяйва”, пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1992-м, а тады пачалося бяскніжжа і безграшоўе. У нас гадавалася двое дзяцей—Максім і Вераніка, мелася процьма творчага імпэту і аніякай бізнэсоўскай жылкі. Давялося працаваць карэктарам у газеце “Паляўнічы і рыбалоў Беларусі”, літкансультантам у “Народнай газеце” (дзякуй Валянціне Аксак, якая запрасіла на падпрацоўку). У часопісе “Першацвет” Алесь Масарэнка прапанаваў мне быць загадчыкам аддзела крытыкі. Сыну быў месяц, а я яшчэ наважылася здаваць сесію… І праца патрэбная была… Як я вытрымала тады – не ведаю.
Цікава, што на вокладцы самага першага нумару згаданага часопіса змясцілі мой малюнак пралескі, не скажу, каб надта прафесійны, але сімвал часам важней за факт. Праз некалькі гадоў мне прапануюць узначаліць гэты часопіс, і я на нейкі час пагаджуся. Прыдумаю новае аблічча, новую канцэпцыю…
Пасля “Першацвету” я апынулася загадчыкам аддзела мовы ў газеце “Наша слова”, потым перайшла загадчыкам аддзела крытыкі ў штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”… Сем гадоў правяла там. Гэта быў цікавы час і цікавы калектыў. З дарагіх мне праектаў – “Гарбата ў Шніпоў”. Гэткі дыскусійны клуб творчай інтэлігенцыі, якую я запрашала проста ў нашу хрушчоўскую кватэру, атрыманую ад Літфонду і якая (вось жа лёс!) таксама аказалася непадалёк ад Кальварыйскіх могілак, толькі з іншага боку. Хто толькі не сядзеў на нашай канапе! Матэрыялы, якія друкаваліся ў “ЛіМе” пасля дыскусій за гарбатай, напраўду люстравалі эпоху… Напэўна, кагосьці і моцна раздражнялі. У 2003 годзе я прыняла прапанову стаць літаратурным аглядальнікам газеты “Беларусь сегодня”. Там у мяне таксама ёсць падобная рубрыка, толькі яна стала феміністычнай і звузілася да трохкутніка – так і называецца: “Трыялет”.
З 2020 года працую ў газеце “Звязда”.
Прыемна было супрацоўнічаць з Паэтычным тэатрам аднаго актора “Зніч”, які ачольвае актрыса Галіна Дзягілева, я нават пабывала літсупрацоўнікам гэтага тэатру. Быў свой праект на радыёканале “Культура” – перадача па гісторыі беларускай мовы “Дзеяслоў”.
Але пісьменнік, які піша і не можа выдаць свае творы, адчувае боль проста на фізічным узроўні. У 2000-м годзе мы з Віктарам трохі падсабралі грошай і выдалі мізэрнымі накладамі па зборніку ў Полацку, у паэта Алеся Аркуша, які ўзначальвае там Таварыства Вольных літаратараў. Мой зборнік называўся “Балаган”.
Пасля мы пачалі карыстацца сямейным становішчам і эканоміць свой бюджэт, змяшчаючы па два зборнікі пад адной вокладкай. Некалькі з іх выдалі ў Маладэчне, з дапамогай краязнаўцы Міхася Казлоўскага, рупліўца і энтузіяста, які колькі ўжо гадоў выдае там цікавы альманах “Куфэрак Віленшчыны”.
Мне пачало не хапаць паэтычнай прасторы. Можа, з-за маёй цікаўнасці – заўсёды хацелася выпрабаванняў. З’явіліся драматычныя паэмы – першую, “Пасля Цэзара”, дзеянне ў якой адбываецца ў Рыме часоў Актавіяна Аўгуста, колькі разоў хацелі ставіць… Адзін раз быў ужо адзняты матэрыял для перадачы “Тэатр у фатэлі”, якую вяла тэатразнаўца Жана Лашкевіч… Але проста перад эфірам перадачу закрылі. Потым тэлефанавала рэжысёр з тэлебачання, але і гэта не здзейснілася… На экране з’явіўся відэафільм па адной з маіх наступных паэм, пра Сафію Слуцкую – “Апошняя з Алелькавіч”. Маладому рэжысёру Уладзіміру Луцкаму замест дэклараваных паўтарох гадзінаў урэшце вылучылі толькі дваццаць хвілінаў экраннага часу. Адзнятае ( у тым ліку ў Мірскім замку) давялося бязлітасна рэзаць, выкідваць цэлыя эпізоды… А шкада, фільм рамантычны, артысты выдатныя… Згадаю п’есу “Янук, рыцар Мятлушкі”, якую паставіў на сцэне Акадэмічнага тэатра Якуба Коласа знакаміты рэжысёр Віталь Баркоўскі – мы з дачкой Веранікай ездзілі на соты паказ яе ў Віцебск. П’есу “Амор ардэнс”, пра каханне Івана Луцкевіча і Юльяны Менке, паставіў Валянцін Ермаловіч у сваім народным тэатры ў Магілёве. Збіраўся ён ставіць і напісаную мною сумесна з гісторыкам Віталём Скалабанам п’есу “Людвіка і Фабіян”, пра расстралянага беларускага паэта і грамадскага дзеяча Фабіяна Шантыра і Зоську Верас, але не паспеў, памёр.
А проза пачалася з казак. Я вельмі хацела, каб дзеці мае жылі ў свойскім казачным свеце, і нанач расказвала ім прыгоды пра тлустую лянівую мышку, якая жыве ў нашай кватэры і штоноч выпраўляецца на пошук салодзенькага… Ну а тады з ёй адбываюцца розныя прыгоды.
Мая сяброўка, паэтка з Беластоку Міраслава Лукша, неаднойчы начавала ў нас і чула мае казкі… І папрасіла, каб я запісала іх для газеты беластоцкіх беларусаў ”Ніва”.
Так казкі пра мышку Пік-Пік пачалі з’яўляцца напачатку ў “Ніве”, тады на беларускім радыё, у розных дзіцячых выданнях, тады ў асобнай кніжцы…
Сёння ў мяне прозы напісана па аб’ёме, мабыць, болей за “паэтычную частку” (праўда, пісаць даводзіцца збольшага па начах, у вольны ад журналісцкай працы час). З любімага згадаю цыкл “Старасвецкія міфы горада Б”. Дзіўны сінтэз антычных міфаў і рэалій беларускага мястэчка канца XIX стагоддзя… З гэтымі аповедамі мне давялося выступаць і ў Нямеччыне, і , здаецца, прымалі добра… З рубрыкі, якую я задумала ў часопісе “Першацвет”, а тады давялося самой здзяйсняць, атрымаўся зборнік эсэ па гісторыі філасофіі, перакладзены на рускую мову. Напісалася і кніга краязнаўчых артыкулаў “Я – мінчанін”. Праца над гісторыяй Мінску выявілася і ў аповесці “Ночы на Плябанскіх млынах”, дзе я бязлітасна перамяшала ўласную фантазію, гарадскія паданні і гістарычныя факты. Для раману “Золата забытых магіл” давялося пазнаходзіць фактаў з гісторыі паўстання Каліноўскага… А раман “Забіць нягодніка” – самы цяжкі для мяне эмацыйна, бо перачытала сотні дакументаў часоў сталінскіх рэпрэсій… Пратаколы допытаў, лісты зняволеных, успаміны ацалелых… Немагчыма было выкарыстаць многія факты – бо нармальны чалавек не паверыць, што такое магло быць у рэальнасці, спіша ўсё на хворую аўтарскую фантазію. Здаралася, я прыдумвала нейкую дэталь – а яна пацверджвалася пасля дакументамі… Гэтак пацвердзілася ўбачаная мною ва ўяўленні сцэна смерці мінскага біскупа, замардаванага ў 1933-м, як высветлілася, непадалёк ад нашага дому… А вось гісторыя маладзенькага садоўніка з раману “Золата забытых магіл” крытыкі (нават вельмі таленавітая навукоўка з Кіева, даследчыца маёй творчасці) аднагалосна называюць прыдумкай – а я ўзяла эпізод з архіўных дакументаў 19 стагоддзя, ні адной дробязі не памяняла…
Што яшчэ раз, спадарове, ілюструе думку, што міф важней і прыймальней за факт.
У 2002 годзе мы з Віктарам распачалі тое, пра што даўно загаворвалі – абвесцілі аб пачатку працы у “ЛіМе” новага літаратурнага аб’яднання. Да нас пачалі патроху прыходзіць маладыя паэты. Дужа не хацелася, каб гэта было нешта звычайнае… Мы назваліся суполкай маладых творцаў і дэкларавалі сур’ёзную літаратурную вучобу. Мянялася назва – напачатку “Літаратурны квартал”, тады – “Літаратурнае прадмесце”… Мяняліся месцы збораў… З двух кіраўнікоў застаўся адзін, гэта значыць, я. Суполка прырастала сябрамі, выйшаў агульны зборнік з дапамогай пісьменніка Леаніда Дайнекі. З’явіліся непарушныя традыцыі, вандроўкі і святы, кшталту “Літаратурных Дзядоў”… Свой сімулякр, віртуальная паэтка Рагнеда Крышталюк, якая з’яўляецца ў выглядзе ружовага кітайскага парасону. І ўласная нонканфармісцкая літаратурная прэмія “Блакітны Свін” (дыплом плюс сто “чаго-небудзь”, напрыклад, алоўкаў).
Думаю, што паэт памірае тады, калі страчвае здольнасць да гульні і самаіроніі. Пакуль я на вачах публікі адчыняю ружовы парасон з двума аголенымі спіцамі і наўсур’ёз тлумачу, што гэта паэтка Рагнеда Крышталюк, а спіцы тырчаць, бо ў яе характар такі, я за сваё паэтычнае “сёння” спакойная.
Хочацца верыць, што нешта ўдалося зрабіць для паэтычнага “заўтра”, якое творыць моладзь з “Прадмесця”.
Праўда, ёсць у мяне падазрэнне, што калі Рагнеда кудысьці знікне, я прыдумаю што-небудзь (ці каго-небудзь) яшчэ.
Свет па-ранейшаму для мяне цікавы, Беларусь па-ранейшаму неспазнаная і адзіная ў свеце, сугуччы і сюжэты разлітыя ў прасторы, як водар восеньскага лісця альбо яблыневай квецені, а біяграфія… Ці можа яна мець адзіную інтэрпрэтацыю, хай не абсалютна, а хаця б адносна?