Людміла Рублеўская
АДЗІНКА
фантастычнае апавяданне
Вядзьмак сядзіць на лаўцы каля свайго пад”езда. У руках — кульбачка, твар — у цені вялізнага капелюша, ногі — у залапленых валёнках з галёшамі. Нават пад”ездныя п”яніцы даўно страцілі надзею займець ад гэтага глухога жабрака нейкую капейчыну — хоць выпрошвалі на “апахмелку” і ў скупечы-пракурора з першага паверха, і ў высокамаральнай піянерважатай з пятага. Вядзьмак адсутным позіркам глядзіць у сціснутую шматпавярховікамі далеч, і бліскучыя зялёныя мухі грэюцца на ягоным шырокім капелюшы.
Хоць Вядзьмак можа вокамгнена зрабіцца падобным вось да таго бізнесмена, што вылазіць з перламутравага “Мерседэса” ў швейцарскім плашчы, белай кашулі і гальштуку за сорак “баксаў”… Нічога не варта Ведзьмаку нарабіць сабе цэлы мех гэтых “баксаў” — як некалі рабіў залатыя дынары… Дык то ж было золата! А гэтыя паперкі… Цьху! Збяднеў свет, здрабнеў… І не адчувае больш Вядзьмак тае дзёрзкай, п”янкой прагі жыцця, якая штурхала яго на самыя неверагодныя ўчынкі і здзяйсненні і аднойчы аддала ва ўладу таго, чыё імя неназыванае….Але гэты той, Уладар Цемры, нічога дарэмна не дае…. Ён падзяліўся з Ведзьмаком сваёю ўладаю, але ўзамен пасяліў у яго душы пустэчу, страшную, халодную, безнадзейную… Якая ўсё пашыралася і пашыралася… І ўрэшце затапіла ўсю ведзьмакову істоту… Улада заставалася. Але Вядзьмак ведаў — варта яму ўжыць яе — і ўзрасце смяротны холад у душы. І наблізіцца на адпаведную адлегласць Яна… Смерць…
Да смерці Вядзьмак ставіцца, як чалавек з зубным болем да дантыста. З аднаго боку, ён ведае, што з візітам да доктара скончацца яго пакуты, але з другога боку, як мага далей адцягвае гэты візіт, баючыся новага непазбежнага і вострага болю… Як позна разумееш, што ў жыцці ўсё звязанае і за ўсё трэба расплачвацца. Свет — сістэма спалучаных сасудаў. Калі адвяргаеш дабро, яго месца займае зло… А пасля, калі зло адступае, дабро, якое вернецца на сваё месца, будзе, як палючы агонь. І будзе паліць, пракаляць грэшную душу, пакуль не выпаліць дарэшты праказу зла, усе язвы і пухліны. А калі хвароба сталася невылечнай, і метастазы зла працялі ўсю душу? Вечны агонь…
Вядзьмак прыплюшчвае выцвілыя вочы. Не, лепш сядзець пад ласкавым сонейкам на аблупленай лаўцы і адчуваць сябе жывым…
Да суседняга пад”езда зноў пад”язджае “іншамарка”. Стары павольна пераводзіць позірк на машыны, што выстраіліся ўзбоч дарогі. Поскудзь… Вядзьмак з бяссільнай злосцю і бясконцай нудою глядзіць на нумарную шыльдачку бліжэйшай машыны: “МІГ 99-99”. Дзевяноста дзевяць– дзевяноста дзевяць… Нумар недастатковасці. Ведзьмаку страшэнна хочацца дадаць да яго адзінку. Ну што б ад гэтага змянілася ў свеце? Пракляты свет… Пракляты двор… Праклятая машына… Пракляты нумар… Як быццам нехта не прычыніў дзверы, і з вузкай шчыліны б”е агідны ледзяны скразняк і вярэдзіць, і не дае адпачыць…
І Вядзьмак рашаецца. Намаганне волі нязначнае, як змірг — нават зялёныя мухі не ўзлятаюць з капелюша. І вось чорныя дзевяткі бліскучымі тлустымі п”яўкамі распростваюцца, змыкаюць галовы з хвастамі… Першая сціскаецца, скарачаецца… На акуратнай шыльдачцы — урачыстае і дасканалае 10-00. Але сіла, якая сышла ад Ведзьмака, застаялая, цёмная, няўрымсная сіла, не можа сканцэнтравацца і закончыцца ў адной — гэтай — кропцы… Як кругі ад кінутага ў ваду каменя, разыходзіцца яна па свеце і — да лічбаў нумароў усіх аўтамабіляў у свеце дадаецца адзінка… Усяго толькі адзінка… І ўсяго толькі на нумарах аўтамабіляў.
Ускраіна горада. Стандартны шматпавярховы мікрараён. Два міліцыянты спыняюць перламутравыя “Мерседэсы”. Дзень спякотны, і даішнікі выбралі месца непадалёк ад кіёска з квасам. Машыны праязджаюць рэдка, асабліва “Мерсэдэсы”. Нарэшце паказваецца адзін… Праўда, зусім не перламутравы.
–А ну, тармазнём…
Уладальнік машыны, лысаваты дзядзька ў сіняй майцы з надпісам “Мустанг” працягвае ўладарам дарогі адпаведныя дакументы.
–Звычайная праверка… Не хвалюйцеся, — малады даішнік абыякава разглядае дакументы, машыну… Раптам позірк яго ўсвідроўваецца ў тэхпашпарт так, што шафёр, яшчэ не ведаючы, што здарылася, напружваецца, як перад ударам.
— Не ваша машына.
— Прабачце…Тут нейкая памылка… Я на гэтай машыне ўжо чатыры гады езджу. Усе ведаюць…і дакументы…
–Вось-вось, дакументы…. У тэхпашпарце стаіць нумар сорак дзевяць–дзевятнаццаць, а на машыне які?
Шафёр выскоквае з машыны і няўцямна аглядае сваё ўладанне: 49-20. Ён працірае вочы, кратае рукой нумар, аббягае вакол машыны… Але хіба можна паверыць у ягонае мармытанне пра хуліганаў, якія толькі што, на хаду, памянялі шыльды?
— Спадар міліцыянт! На маёй машыне толькі што хуліганы памянялі нумар! — а гэта ўжо голас збоку. Чырванатвары дзядзька ў кашулі-”каўбойцы”, сапраўдны “шафяруга” з выгляду, ляціць да дарожных уладаў з-за кіёска з квасам… Старэйшы з даішнікаў інстынктыўна паварочваецца да службовай “тачкі”…
–Стась! Глянь на нумар нашай машыны! — міліцыянт чамусьці гаворыць шэптам, нібы баіцца наклікаць большыя няшчасці.
Праз паўгадзіны органы аховы правапарадку віруюць. Процьма затрыманых з-за падазрэння ва ўгоне, бясконцая колькасць заяў і тэлефонных званкоў пра хуліганскую змену нумароў… У атмасферы агульнай разгубленасці заўважаецца заканамернасць — цяперашнія лічбы нумароў на адзінку большыя за тыя, што былі на скрадзеных… Навіна збунтоўвае вуліцы. Аўтааматары кідаюцца да гаражоў. Вартаўнікі аўтастаянак зачыняюцца ў службовых памяшканнях пад аховай сабак. Шафёры адмаўляюцца выязджаць з падмененымі нумарамі. Адразу некалькі рэлігійных сектаў аб”яўляюць, што таямнічая з”ява — знак канца свету, а дзве секты абвяшчаюць аўтамабілі інструментамі д”ябла, што вядуць па пагібелі ўсё чалавецтва. Ва ўлётках, якія раздаюцца на аўтобусных прыпынках і ў падземных пераходах, прыводзяцца жахлівыя факты пра аварыі на дарогах і страхотлівыя лічбы загінуўшых людзей… Там-сям успыхваюць вогнішчы, чуваць выбухі… Гэта самадзейныя інквізітары паляць “спараджэнні д”ябла”. Транспартная сувязь перарываецца. Бо нянавісць, народжаная страхам і невядомасцю, перакідваецца на ні ў чым не павінныя тралейбусы, аўтобусы і трамваі… Уваходы ў метро кропяць свянцонай вадой і загароджваюць збітымі з дошак крыжамі.
Людзі кідаюцца ў крамы, на апошняе скупляюць прадукты, запалкі, мыла… Пасля ніхто нічога не купляе — а проста бярэ, што зможа. Уздоўж вуліц зеўраюць пабітыя вітрыны, сцелецца смярдзючы дым, чуюцца выбухі… Пад нагамі самотных прахожых храбусціць пабітае шкло, рассыпаныя крупы, нечыя акуляры… Урэшце ўвасабленнем зла лічыцца і падлягае знішчэнню само кола, і ўвогуле любы механізм…
Тое ж адбываецца ў іншых краінах. Больш-менш пазбеглі ўсеагульнага вар”яцтва толькі блаславёныя месцы, дзе тубыльцы звыклі перасоўвацца з дапамогай аленяў, вярблюдаў ды тым жа спосабам, што і прабацька Адам…
Але той час, якога ніхто не павінен ведаць, як сказана ў Бібліі, яшчэ не настаў. Складаны механізм быў сапсаваны недарэчным скрананнем аднаго шрубчыка… Вялікі Механік і Канструктар Сусвету прыбраў драбніцу, і зноў закруціліся ўсе колцы і спіралі, і Час Даданай Адзінкі быў адрэзаны і выкінуты з жыцця сусвету, як выразаюць з магнітафоннай стужкі змяты кавалак. Стужка склейваецца, касета ўкладваецца ў магнітафон, націскаецца адпаведная клавіша…
Зло вярнулася ў кропку сыходу, як джынг у бутэльку, непамерна памножанае, сканцэнтраванае і смертаноснае…
У двары шэрага пяціпавярховіка стаяць неклькі аўтамабіляў. Дзеці бегаюць каля іх, зазіраюць у бакавыя люстэркі… Маленькая дзяўчынка ў паласатых шортах выносіць з пад”езда вялікае вядро смецця, трымаючы абедзьвума рукамі чорнае пластмасавае восілка, дыбае ў бок смеццевых кантэйнераў… Высокі хударлявы алкаголік у пінжаку на голае цела спыняецца перад старым, які сядзіць на лаўцы перад пад”ездам у вялікім капелюшы, у валёнках з галёшамі…
–Слухай, стары, ну будзь ты хоць раз чалавекам… — бубніць п”яніца. –ну дай хоць на піва… Я табе заўтра вярну, чуеш ты, пень стары?
П”яніца пхае старога ў плячо. Стары, як лялька, бокам валіцца на лаўку, капялюш коціцца па зямлі, і зялёныя мухі абурана кружацца над ім.
–Ё-мае…– перапалохана мармыча п”яніца, адступае назад, спатыкаецца аб кульбачку, якая выпала з рук старога, і таксама падае, разумеючы адно — гэты ўжо яму не пазычыць…