Ахоўнік зруйнаванага замка. Чаму ваявода берасцейскі б’е гультаяватых будаўнікоў па патыліцы?
Які ж прыстойны замак без зданяў…
Тым больш калі яго аднаўляюць, укладваючы душу, — хіба не адшкадаваць прыгожых ды страшных легендаў?
Герб Любчы.
Любчанскі замак, што стаіць на пакручастым беразе Нёмана, паўстае зноў ва ўсёй красе намаганнямі валанцёраў. Тут вам распавядуць містычныя гісторыі —
і пра цмока, які ахоўваў гэтыя мясціны, але быў забіты чужынцамі, пра князя Міндоўга, які сустрэў каля ракі злавесную прыгажуню Марту, закахаўся, таму і назвалі мястэчка — Любч, Любеч. Пра дарожку з зялёных агнёў, што паказвае месца да скарбу. Ну, і пра прывід былога ўладальніка, які пільна сочыць за работай па аднаўленні замка. Як што не так зробіш — атрымаеш нябачнай рукой па патыліцы.
А пра беларускіх цмокаў толькі лянівы не чуў… І ў Свіслачы яны вадзіліся, і ў пячоры Высокай гары ў Мінску, і ў Лепелі, і ў возеры Нешчарда вадзяныя цмокі жылі… Паслухаць легенды, дык ледзь не ў кожнай вёсцы які-небудзь чарнакніжнік выводзіў цмока з яйка чорнага пеўня, панасіўшы тое пад пахай… Пра агні, што пазначаюць месца скарбаў, таксама паданняў хапае. А вось што датычыцца прывіда-ахоўніка… Ён асаблівы. Лічыцца, што гэты «нябачны прараб» — Ян Кішка, ваявода берасцейскі, пры якім замак і будаваўся.
Ян з «залатой моладзі»
Як мы з вамі ўжо ведаем, для з’яўлення прывіда трэба падстава: ці не завершаная персанажам справа, ці пасля ягонай смерці здарылася штосьці такое, што тую асобу пры жыцці моцна абурыла б.
Давайце падумаем, што магло б гэтак моцна раззлаваць пана Яна Кішку?
Па маці ён з Радзівілаў, а бацька быў такі багаты, што пакінуў, як кажуць, спадчынніку семдзесят гарадоў і чатыры сотні вёсак.
Любча была сярод іх… Але радавой сядзібай Кішкаў не лічылася, пераходзячы з рук у рукі. Альбрэхт Гаштольд перадаў горад сыну, Станіславу Гаштольду, які ажаніўся з сястрой Барбары Радзівіл Ганнай. То быў час уладнай каралевы Боны, якой прыпісвалі смерці шмат якіх магнатаў, што пераходзілі ёй дарогу… Прынамсі, і Альбрэхт Гаштольд тады неяк дзіўна хутка памёр, а за ім і малады Станіслаў, не пакінуўшы спадчыннікаў. Любча на нейкі час адышла дзяржаве, чытай — Боне, потым апекаваўся Любчай канцлер Павел Сапега… Пазней уладаром тут за свае заслугі стаў Станіслаў Кішка, вялікі гетман літоўскі.
Так што ягоны сын Ян Кішка быў з так званай залатой моладзі, атрымаў бліскучую адукацыю ў Еўропе… А адпраўлены быў у дзесяцігадовым узросце спачатку ў Швейцарыю, у Базель, у кальвінісцкую школу — таму што ў ягонага бацькі ў Віцебску важную вайсковую пасаду займаў швейцарац, які і павёз багатага недаростка адукоўвацца.
Потым Ян вучыўся па іншых гарадах… Цюрых, Рым, Неапаль, Балонья… Час еўрапейскага Адраджэння, час Рэфармацыі. З падарожжа Ян Кішка вярнуўся прыхільнікам пратэстантызму. А калі ў сямнаццаць гадоў атрымаў пасаду крайчага вялікага літоўскага, а ў васямнаццаць гадоў узначаліў атрад з 400 панцырных гусараў ды 120 італьянскіх алебардыстаў — увогуле магутнай персонай сябе адчуў… Ён удзельнічае ў паходзе Стафана Баторыя на Масковію. Хоць кароль быў зацяты каталік, ён вымушаны быў лічыцца з магнатамі розных канфесій… Дарэчы, ажаніўся Ян Кішка з дачкой праваслаўнага князя-асветніка Канстанціна Астрожскага, ваяводы кіеўскага.
Замак у Любчы.
Арыянскае гняздо і вежавы гадзіннік
Ян у сваіх маёнтках пачынае апантана падтрымліваць арыянства — адну з пратэстанцкіх плыняў, асуджаную як ерась яшчэ на Нікейскім саборы. На беларускіх землях у арыян было нямала вядомых прыхільнікаў, згадаць таго ж Сымона Буднага. Кішка мае вялікія планы, замяняе кальвінісцкіх пастыраў арыянскімі, будуе ў Любчы вялікі арыянскі збор, засноўвае тэалагічную школу. З’яўляюцца каменныя будынкі брацтва, школы, шпіталя. У 1582-м у Любчы нават адбыўся арыянскі Сінод. Дарэчы, і сам Ян напісаў некалькі тэалагічных трактатаў і ў тэалагічных спрэчках удзельнічаў: ён быў супраць радыкалаў у арыянскім руху. А ў гісторыі застаўся яшчэ і дзякуючы свайму выступленню на сойме 1589 года ў абарону верацярпімасці.
З’явіўся ў Любчы і будынак ратушы. Бо Ян у 1590-м дамагаецца ў Жыгімонта Вазы Магдэбургскага права для Любчы, якая займела герб: «у блакітным полі срэбная падкова з трыма залатымі крыжамі і дзвюма срэбнымі рыбамі». Прычым падкова са срэбнымі крыжамі ўзятая з герба самога Кішкі «Дуброва».
І, вядома, упрыгожвае мястэчка замак — згодна са знойдзеным флюгерам, датай ягонага нараджэння (а мо пачаткам будаўніцтва?) называюць 1581 год. На беразе Нёмана быў насыпаны вялізны пагорак, пачалі падымацца муры… Слынны гісторык Міхась Ткачоў датаваў пачатак будаўніцтва сярэдзінай шаснаццатага стагоддзя, арыентуючыся на гатычна-рэнесансны тып кладкі. Так што, хутчэй за ўсё, пры Яну Кішку на месцы замка ўжо нешта было. Замчышча абвялі ровам шырынёй да 30 метраў і глыбінёй ад 7 да 10 метраў, з чацвёртага боку замак ахоўваў Нёман. Як сцвярджаў Міхась Ткачоў у кнізе «Замкі і людзі», меліся дзве магутныя вежы. Адна з іх, мураваная — замак быў спачатку часткова драўляны, — мела чатыры ярусы бою, з байніцамі ружэйнымі ды гарматнымі. Вежу аздабляў нават гадзіннік — раскоша для XVІ стагоддзя.
Скандальны шлюб удавы
Ян Кішка памёр даволі, на наш сучасны погляд, рана — у сорак гадоў, на зыходзе «залатога», XVІ стагоддзя, 7 ліпеня 1592 года. Пакінуў запавет: у ягоных уладаннях павінна падтрымлівацца арыянства.
А вось нашчадка гетман не пакінуў. Сустракала там-сям згадкі пра дачку Ганну, але факт, што сына не было. Альжбета Астрожская засталася ўдавой з агромністымі ўладаннямі. На якія, вядома, адразу пачалі прэтэндаваць сваякі памерлага. Удава мела права толькі прыжыццёвага карыстання, так што распарадзіцца лёсам спадчыны не магла. Адзіным выйсцем быў новы шлюб.
І вось тут вымалёўваецца вельмі цікавая гісторыя, пра якую я вам ужо трохі апавядала. Апекуном Альжбеты пасля смерці мужа быў прызначаны яе сваяк, муж ейнай сястры-нябожчыцы Кацярыны Крыштоф Радзівіл Пярун. Вось ён да Альжбеты і сватаецца. На той час Пярун быў ужо тройчы ўдавец, з Кацярынай Астрожскай ажаніўся другім шлюбам і займеў ад яе сына Януша.
Крыштоф Радзівіл, які жаніўся на пляменніцы Яна Кішкі, вярнуў у Любчу кальвіністаў.
Крыштоф Радзівіл лічыўся скупечай, а яшчэ і зацятым кальвіністам. Ягонае жаданне займець уладанні Яна Кішкі было, вядома, і чыста матэрыяльным зацікаўленнем, але яшчэ і магчымасцю дабрацца да гнязда блюзнераў-арыян, з якімі кальвініст Пярун ваяваў.
Так што можна вытлумачыць ягоную трывушчасць у вайне за жаданы шлюб. Чацвёрты раз жаніцца лічылася вялікім грахом, патрабаваўся спецыяльны дазвол духоўных улад. Ні Папа Рымскі, ні праваслаўныя, ні браты-кальвіністы такога дазволу не далі, але Крыштоф Радзівіл павянчаўся.
Давялося высвятляць адносіны з двойчы цесцем, Канстанцінам Астрожскім, дзелячы пасаг Альжбеты. Пасля пэўных саступак Крыштоф Радзівіл нарэшце дабраўся да маёнткаў Яна Кішкі. І зноў парушыў усе правілы: напляваўшы на запавет нябожчыка, выгнаў арыян, пазачыняў іх друкарні, школы і манастыры… Замяняючы ўсё на кальвінісцкія ўстановы.
Так склалася і ў Любчы, якая на доўгі час перайшла ва ўладанні Радзівілаў. Кацярыну Пярун перажыў таксама, яна памерла ў 1599-м. Тады брат Яна Кішкі Станіслаў прэтэндаваў на ўладанне Любчай, але Пярун вырашыў усё хітра: ягоны другі сын Крыштоф, народжаны ад трэцяга шлюбу, з Кацярынай Тэнчынскай, ажаніўся з дачкой Станіслава Кішкі Ганнай.
Крыштоф таксама быў зацятым кальвіністам, і першае, што ён зрабіў у Любчы, — пераасвяціў арыянскі кляштар у кальвінісцкі.
Ягоны сын Януш захоча зрабіць Любчу рэзідэнцыяй для сваёй другой жонкі, дачкі малдаўскага гаспадара Марыі Лупу, запросіць італьянскіх архітэктараў, замовіць французскіх габеленаў і італьянскай мэблі на фантастычную суму, зладзіць тэатр — ажно дзве трупы…
Любча.
Пра колішняга ўладара, ваяводу берасцейскага і ягоныя памкненні ніхто і не ўспомніць.
Тым больш ужо ў наш час, пакуль не ўзяліся за справу энтузіясты з фонду «Любчанскі замак», ад замка заставаліся падмуркі…
Так што ў Яна Кішкі сапраўды ёсць важкія прычыны быць незадаволеным тым, як абышліся з ягонай спадчынай, і прыглядаць за ходам яе аднаўлення. Легенда пра «прывіднага прараба», які сочыць за будаўніцтвам замка і карае за непавагу да яго, мае падставы.
Ці верыць у тое — вырашайце самі.
Але ў любым выпадку абавязкова наведайце чароўны Любчанскі замак, які стаіць на высокім беразе Нёмана, а пры магчымасці — дапамажыце тым, хто яго ўзнаўляе.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ