Вар’ят, сын скупечы

https://zviazda.by/be/news/20210125/1611588561-varyat-syn-skupechy-tragedyya-knyazyou-masalskih

Мы з вамі неаднойчы гаварылі пра прывідаў беларускіх замкаў…

Аднак ёсць на Беларусі замак, які і сам называюць прывідам — а менавіта Ляхавіцкі. Калісьці магутны, прыгожы, а сёння нават месца, дзе ён знаходзіўся, дакладна не вызначана…


А колькі ў ім усяго адбывалася! Будавалі замак Хадкевічы, належаў ён Сапегам… Вытрымліваў аблогі, прырастаў вежамі, бастыёнамі і неверагоднымі гісторыямі. Быў сярод ягоных пазнейшых уладальнікаў і той, хто мог бы таксама зрабіцца прывідам, а яшчэ прататыпам да пушкінскай трагедыі «Скупы рыцар». Так, персанаж адметны… Вялікі гетман літоўскі, стараста віленскі…. Ды яшчэ пражыў ледзь не сто гадоў — на той час, а гэта васямнаццатае стагоддзе, амаль неверагоднае доўгажыхарства! Пры тым яснавяльможны Міхал Масальскі росту быў маленькага, ды яшчэ зусім шчуплы… Затое амбіцый ды энергіі мелася ў невялічкага пана з лішкам! Менавіта Міхал узвысіў свой род, сабраўшы незлічоныя багацці, займаючы адна за адной пасады, хаўруснічаючы то з аднымі палітычнымі партыямі, то з другімі… Як піша мемуарыст Лявон Патоцкі, «Амбітны і хцівы, ён чаго захацеў, тое атрымаў або жалезнай воляй, або з дапамогай спрыяльных акалічнасцяў, якія ўмеў выкарыстаць».

Госці едуць? Хаваемся!

Праславіўся ж ягамосць пан Масальскі не толькі амбіцыйнасцю, але і неверагоднай сквапнасцю. Як піша Патоцкі, «найбольш ён цешыўся з таго, што ў параўнанні з князем Каралем Радзівілам сукна на кунтуш яму трэба было на адзін локаць менш. A на доктара і аптэку за ўсё жыццё нічога не выдаў».

Калі пан сыходзіў з імшы, замест таго каб шчодра ахвяраваць на касцёл грошы, казаў, што ахвяруе малітву, а Пан Бог хай яму самому дасць талераў бітых, найбольш галандскіх. Нават на світу сваю асабліва не траціўся — і плаціў мала, і карміў дрэнна, хоць было іх у мэтах эканоміі ўсяго з дзясятак. Так што прыдворныя склалі жаласную песеньку пра свайго сквапнага гаспадара, за якім даводзілася цягацца ва ўсе падарожжы, а ён карміў адным крупнікам:

«Мы да Палонгі — крупнік за намі!

Мы да Мышы — крупнік за намі!

Мы да Слоніма — крупнік за намі!

Ад катла чорнага выбаў нас, Пане!

Ад гетмана нашага збаў нас, Пане!»

І гэта ўсё ў час, калі магнатэрыя спаборнічала ў марнатраўстве ды пышнасці баляў, калі вяселле альбо хаўтуры расцягваліся на год і дзеля пачастунку шляхты на кожны соймік выстаўляліся бочкі віна ды забіваліся валы, а разам з феерверкамі ўзляталі ў неба цэлыя вёскі — у грашовым эквіваленце… Калі шляхта жыла па святым сармацкім прынцыпе «Госць у дом — Бог у дом» і частаваць трэба было «з прымусам», пакуль апошні госць пад стол не зваліцца… Падчас калядных карнавалаў практыкавалі кулігі — цэлы караван шляхцюкоў ездзіў ад сядзібы да сядзібы. Аб’ядуць аднаго гаспадара да мышынага віску, забіраюць яго з сабою — і ў наступны маёнтак!

Яснавяльможны Міхал Масальскі ўвогуле ў госці ездзіць пазбягаў і да сябе нікога не запрашаў.

І вось уявіце сітуацыю: пану Міхалу паведамляюць, што да яго едзе сам Караль Радзівіл Пане Каханку! А той меў з сабою заўсёды не менш за сто чалавек світы. Зусім не пусціць у маёнтак нельга… Шчуплы Масальскі загадаў слугам сказаць прыхадням, што пана няма дома, а сам замітусіўся, не ведаючы, куды схавацца. Як апавядае гістарычны анекдот, самым надзейным месцам яму падалася… прыбіральня.

Між тым Пане Каханку лісліўцы-добразычліўцы са смехам пра ўчынак гетмана далажылі і нават паказалі схованку. Караль Радзівіл, як вядома, асаблівым тактам не вызначаўся, наадварот, быў аматарам грубаватых жарцікаў. Таму з задавальненнем папёрся проста да дзвярэй прыбіральні і давай грукацца, нібыта самому ўзнікла пільная патрэба. Давялося Масальскаму ў рэшце рэшт выйсці… Абодва магнаты зрабілі выгляд, быццам адбылося непаразуменне, і вось як Лявон Патоцкі апісвае іх дыялог:

«— Мне казалі, што пана няма дома, — адзываецца весела госць.

— Ёсць, — жаласным голасам адказвае гаспадар.

— Калі так, — дадае той, — то напрошваюся да вашэці на трыднёўку, падчас якой, калі будзе ласка, папалюем y яго кнеях, y спіжарні і склепах!

— Вядома, прашу заходзіць, — перапалоханы вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага прамовіў так ціха, што яго словы ледзь-ледзь можна было пачуць».

Клетка для Крысціны Ружы

Маларослы Міхал Масальскі меў чатырох сыноў і дачку, чые лёсы планаваў на карысць роду.

Адзін з сыноў, Юзаф, ажаніўся з Антоніяй Радзівіл, дачкой аб’яўленага вар’ятам князя Марціна Радзівіла. Князь Марцін захапіўся алхіміяй і таемнымі навукамі так, што сапраўды глузды паехалі. Каб прыпадобніцца старажытным мудрацам, выяўляў з сябе ў маёнтку Чарнаўчыцы ўсходняга ўладыку, завёў гарэм з няшчасных «кадэтак» — дзяўчатак хапалі па навакольных вёсках. А законную жонку, Бялхацкую, з дзецьмі, Антоніяй і Юзафам, трымаў у зняволенні, ледзь не на хлебе і вадзе. Юзаф вырас гарбатым з-за пабояў бацькі. Антоніі, старэйшай з дзяцей, пашанцавала — яе за тры гады да абвяшчэння бацькі недзеяздольным, у пятнаццацігадовым узросце выдалі замуж за Юзафа Масальскага. Безумоўна, пастараўся пан Міхал.

Другі яго сын, Ігнацы, быў скіраваны па духоўнай частцы — зрабіўся біскупам віленскім.

Трэці сын, Ян, пайшоў у войска, памёр бяздзетным. Мусіць, менавіта да яго адносяцца чуткі, што быў гулякам, распуснікам і марнатраўцам, бо ўзненавідзеў бацькавую прагу да грошай.

Ну а старэйшаму сыну, Казіміру, якому мусіў дастацца маярат, бацька, відаць, падбіраў нявесту неверагодна пільна — той ажаніўся ў 1746 годзе, на год пазней за Юзафа. Не мела значэння, зразумела, што Казімір быў непаглядны знешне — удаўся ў бацьку: малы, шчуплы, непрыгожы, ды яшчэ з хваравітаю скурай. Але, падобна, не меў бацькавага загартаванага характару ды магутнага здароўя.

У нявесткі Міхал Масальскі абраў Крысціну Ружу Сапегу — адну з самых зайздросных нявест. У пасаг за ёй давалі Ружаны. А Ружанскі палац — гэта рэзідэнцыя не горш за каралеўскую, уладальнік меў права называцца графам.

Натуральна, ні жаніха, ні нявесту асабліва аб схільнасцях не пыталі.

Месца, дзе, магчыма, стаяў Ляхавіцкі замак.

Месца, дзе, магчыма, стаяў Ляхавіцкі замак.

Будоўля на слязах і крыві

І вось Казімір Адрыян Масальскі прывёз маладую жонку ў Ляхавіцкі палац. Кажуць, што скупеча Міхал нават вяселле як след не зладзіў. Ні табе стрэлаў з гармат, ні балю. Зрэшты, вось што піша пра спосаб жыцця старога гетмана той жа Лявон Патоцкі (веры, праўда, яму, як і кожнаму белетрысту-рамантыку, не варта даваць шмат, прынамсі, ён блытае Казіміра Адрыяна з ягоным братам Юзафам).

«Сцены яго ляхавіцкага замка былі голыя, мэбля надзвычай сціплая, служба хадзіла ў несамавітым адзенні, і толькі падчас побыту ў сталіцы або падчас сеймаў надзявала гетманскія ліўрэі, якія не абнаўляліся на працягу ўсяго жыцця іx пана. Еў ён раз на дзень. A стол яго нязменна складаўся з cyпy і двух блюдаў, хоць бы да яго завітаў самы рэдкі і найдастойнейшы госць. І толькі тады на стале з’яўлялася адна бутэлечка слабога віна, бо звычайна ён піў толькі ваду, як сцвярджаў, «для здароўя». Калі ж дзесьці выязджаў, дык чатырохконнаю каляскаю. На стайні ён трымаў не больш за дванаццаць коней. Верхавога ніводнага, бо належаў да таго шэрагу гетманаў, якія на каня ніколі не садзяцца».

Дарэчы, ці не была такая стрыманасць прычынай моцнага здароўя гетмана? Бо добрым тонам тады лічылася жэрці тлустае колькі ўлезе, ды са спецыямі, ды віном наліваючыся… Дзіва што ў мемуарах шляхцюкі ўвесь час скардзяцца, што пакутуюць на страўнік, пячонку, ныркі…

Багатай спадчынніцы Крысціне Ружы адвялі цэлае крыло замка, але ў вялізных паўпустых змрочных пакоях наўрад ці яна пачувалася ўтульна. Тым больш што муж асаблівай увагі ёй не ўяўляў, бавячыся на паляваннях. Ды яшчэ ўзяўся перабудоўваць жончыны Ружаны, запрасіў дзеля гэтага каралеўскага архітэктара Яна Дэйбеля. І праяўляў сябе сынам свайго бацькі. Гісторык Пракаповіч сцвярджае, што каб здабыць грошай на будоўлю ў Ружанах, мясцовых сялян абклалі нечуванымі падаткамі — адных толькі грашовых пабораў было больш за пяцьдзясят. Плацілі за ўсё: за карыстанне ўласнымі жорнамі, за выраб алкагольных напояў, за права выйсці замуж у іншае графства, за карыстанне лесам. Жыхарам Ружанаў забаранілі ўваходзіць у пушчу, секчы дровы: «Нікому, ні пад якім выглядам без асобага дазволу гаспадара ці камісараў ягоных не выдаваць з лесу ніводнага сучка».

Мусіць, Крысціна не магла дачакацца, пакуль будоўля скончыцца і яна назаўсёды з’едзе з Ляхавіцкага замка.

Апошняе паляванне князя Казіміра

Але здарылася страшная гісторыя. Казімір Масальскі быў запрошаны ў Нясвіж, на паляванне да Радзівіла Пане Каханку.

Уласна кажучы, запрашалі ягонага бацьку — але стары гетман, натуральна, адмовіўся. Ну яго, марнатраўства гэтае, ды яшчэ, не дай Гасподзь, зноў Пане Каханку прыцягнецца пасля гасцяваць.

Адносіны паміж Масальскімі і Радзівіламі былі, як вы разумееце, складаныя. З аднаго боку, вечныя палітычныя ворагі, з другога, як уся магнатэрыя, у сваяцтве і час ад часу ў вымушаным хаўрусе. Жаніцьба Казіміра на Крысціне Ружы была косткай у радзівілаўскім горле, бо Радзівілы сваталі Крысціну за свайго родзіча. Пане Каханку яшчэ асабліва не любіў Масальскіх, бо тыя мелі дачыненне да расстрэлу ў Мінску ягонага ўлюбёнца і канфідэнта, пана Міхала Валадковіча.

Дык вось, паляванне пачалося ў дзень Святога Губерта, адных загоншчыкаў — мясцовых мужыкоў — было з тысячу. Казімір Масальскі жадаў паказаць сваю зухаватасць, бо лічыў сябе спрактыкаваным паляўнічым, хартоў улюбёных з сабою ўзяў… А тут і выпадак надарыўся: на Казіміра пайшоў вялізны мядзведзь. Масальскі стрэліў таму ў бок, але звер не ўпаў. Тады Казімір дастаў паляўнічы нож і падрыхтаваўся да бойкі… Але мядзведзя заваліў стрэлам гаёвы Сурвіла. Масальскі аддзячыў яму жменяй залатых манет.

Пане Каханку ўбачыў у гэтым здарэнні падставу высмеяць Масальскіх. І калі пасля палявання госці ўселіся за сталы, пахваліў мужнага Сурвілу за выратаванне «найбуйнейшай галіны гетманскага роду» (госці, паглядаючы на дробненькага Масальскага, сцішана рагаталі). А тады князь падарыў свайму гаёваму цэлы маёнтак і сто дукатаў.

Зразумела, Казімір быў прыніжаны і ўгневаны — ягоная жменька золата выглядала смешна ў параўнанні з Радзівілавай шчодрасцю, што адпавядала анекдотам пра скупасць Масальскіх. Казімір не застаўся на далейшыя забавы, адразу з’ехаў у свае Ляхавічы. Ясна, што быў страшэнна не ў настроі. Непадалёк ад дому кульгавы жабрак, які прытуліўся на мосце, хацеў выпрасіць у пана міласціны, ды паваліўся на сваіх мыліцах. Конь Масальскага спалохаўся і скінуў гаспадара, а гаспадар, не бачучы свету ад гневу, спусціў на жабрака сабак…

Кажуць, адразу ж паспрабаваў іх адагнаць — позна. Харты раздзёрлі калеку, а Масальскі ў непрытомным стане вярнуўся ў бацькоўскі замак. Замкнуўся ў пакоі, ажно бацьку давялося загадваць узламаць дзверы. Ды яшчэ нібыта калі харты з акрываўленымі пысамі забеглі ў пакой да Казіміра, той закрычаў «Ратунку!» і знепрытомнеў.

Потым Казімір, кажуць, з дня ў дзень хадзіў на месца здарэння, на той самы мост. Звар’яцеў.

Бітва за Ружаны

Крысціна год вазіла мужа па замежжы, у Варшаву, Берлін, Парыж, да найлепшых дактароў — дарэмна. Часамі той цяміў, а потым яму раптам пачынала здавацца, што яго цкуюць сабакамі, ён крычаў, хаваўся… Вось толькі прызнаваць яго вар’ятам іншыя Масальскія не жадалі — бо гэта дало б права Крысціне Ружы атрымаць развод і забраць свае Ружаны… Чаго, натуральна, больш за ўсё і жадалі Сапегі. Пачаліся доўгія суды-звады… Крысціна пераехала да сястры Ганны, якая была замужам за наваградскім ваяводам Юрыем Радзівілам, а калі, урэшце, з дапамогай канцлера Чартарыйскага атрымала развод, сышла ў віленскі кляштар бернардынак. Яна памерла ў 1772 годзе (у некаторых крыніцах — у 1774-м).

Казімір дажыў да 1766-га. Кажуць, прычынай смерці было тое, што калі ён па звычцы прыйшоў на мост, убачыў там нейкага жабрака з мыліцамі і вырашыў, што гэта прывід забітага…

Міхал Масальскі перажыў амаль усіх сваіх дзяцей. У 1762-м, калі памёр вялікі гетман Міхал Казімір Рыбанька, Масальскі з падтрымкай ворагаў Радзівілаў — Чартарыйскіх забраў гэту пасаду ў сына Рыбанькі, Пане Каханку. Да гэтага Міхал быў гетманам польным літоўскім, гэта трохі меншая пасада. А ў 1764-м менавіта ён запрасіў у Рэч Паспалітую расійскія войскі, каб падтрымалі абранне каралём стаўленіка Чартарыйскіх Станіслава Панятоўскага.

Памёр Міхал Масальскі ў 1768 годзе, Ляхавічы дасталіся ягонаму сыну, Ігнацыю, біскупу віленскаму. Апошнія гады гетмана праходзілі так, паводле Лявона Патоцкага: «цэлымі днямі гуляў, разгладжваючы дукаты і перамываючы талеры. Каля яго ложка стаяла вялікая бочка, напоўненая дукатамі, укладзенымі так хітра, што хоць адзін бок бочкі быў адкрыты, дастаць іx адтуль ніхто не мог».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.