КАРОНА НА ДНЕ ВІРА, альбо Казкі з хутара бабулі Юстыны

Людміла Рублеўская

КАРОНА  НА  ДНЕ  ВІРА, альбо Казкі з хутара бабулі Юстыны

Казкі

ЗМЕСТ

МЕЧНІК  ЯРМОЛ, альбо МЕЧ—ТРАВА

ВЯСЕЛЛЕ  ВЕДЗЬМАКА, альбо ЧАРНАКОРАНЬ  ПУРПУРОВЫ

АПОШНЯЯ  ПЕСНЯ   СКРЫПКІ, альбо ВАЛЯР’ЯН  ДВУХДОМНЫ

ЧУЖЫЯ  ВЕТРАЗІ, альбо ЛАДДЗЯН  ТРОХНАДРЭЗАНЫ

СКАРБЫ  ЗЕЛЬНІЦЫ  МАГДЫ, альбо ЛУННІК  АЖЫВАЮЧЫ

ПРАКЛЯТЫ  САД, альбо  БОЦІКІ  ПАЎНОЧНЫЯ

МЕЧ   У  МАГІЛЕ, альбо КАДЗІЛА  САРМАЦКАЕ

ЗАЛАТЫЯ  КОСЫ, альбо ЗВАНОЧАК  РАПУНЦЭЛЬ

МУРАД  І  АЛЕСЯ, альбо ТАЙНІК  СЭРЦАПАДОБНЫ

КАРАЛЕЎСКІЯ  КАРАЛІ, альбо КАСЦЯНЕЦ  НАСЦЕННЫ

НЕПРЫГОЖАЯ  НЯВЕСТА ПРЫНЦА, альбо  УВЯРЭДНІК  СКІПЕТРАПАДОБНЫ

ПРАЎДА  ЛІРНІКА  ВЕНАНЦЫ, альбо ЧЫСТАВУСТ  КАРАЛЕЎСКІ

КРЫЛАТЫ  ГУСАР  І  ПРЫВІД, альбо БЕЛАКАПЫТНІК ГІБРЫДНЫ

ЧАРОЎНЫЯ  АСТРАГАЛЫ, альбо ПЯРЭСНА  ЕЎРАПЕЙСКАЯ

ЗАБАБОННЫ  ЦЫРУЛЬНІК, альбо ЛІЛЕЯ  ЦАРСКІЯ  КУЧАРЫ

КАРОНА  Ў  ВІРЫ, альбо ГАРЛАЧЫК  БЕЛЫ

 

 

Жыве бабуля Юстына на хутары, на самым ускрайку лесу. А гадоў ёй, напэўна, столькі ж, колькі самай старой сасне ў гэтым лесе. Бо памятае бабуля Юстына такія даўнія часіны, калі кветкі былі людзьмі, а людзі ўмелі размаўляць з дрэвамі і птушкамі.

Ці было ад гэта шчаслівей людзям, дрэвам і птушкам – невядома. І ў той час людзі крыўдзілі адзін аднаго, і , вядома,  даставалася ад іх кветкам і звярам, рэкам і лясам… Нездарма каб знайсці патрэбную зёлку, бабулі Юстыне даводзіцца цяпер шукаць запаветныя мясціны, там, дзе не чуваць крыку пеўня. Бабуля – зельніца, і ведае, ад якой хваробы дапамагае якая трава.

Але сёння ёсць травы і кветкі, якіх нельга зрываць зусім – бо знікнуць, і збяднее Божы свет яшчэ на адну прыгажосць.

Ты скажаш, дружа, што не ўсе кветкі і травы прыгожыя?

А вось і памыляешся: як у душы кожнага чалавека схаваная дабрыня, так у кожнай жывой істоце схаваная прыгажосць і дзівосная гісторыя. Трэба толькі ўмець убачыць, умець пачуць.

А калі не ўмееш – распытай зельніцу Юстыну. Яна пасадзіць цябе за накрыты вышываным абрусам стол, паставіць перад табой кубак з духмянай гарбатай, настоенай на верасе і чаборы, і раскажа, адкуль узнікла якая кветка, якое чароўнае паданне за кожнай травой…

 

МЕЧНІК  ЯРМОЛ, альбо МЕЧ—ТРАВА

 

Кажаш, бег каля  возера і парэзаўся аб такую брыдкую, калючую траву… Ну, па-першае, ты ўжо вялікі, і не варта плакаць ад драпіны. Зараз прыкладзем да парэзу лісцік трыпутніка, і ўсё зажыве. А трава, якая цябе парэзала, зусім не брыдкая. Але праўда, што вострая, як лязо.

А калісьці на берагах нашых блакітных вазёр раслі толькі мяккія, пяшчотныя травы і кветкі. І так прыемна было збягаць проста з лясной сцяжынкі ў прахалодныя, чыстыя, як шклянка, хвалі. Ты ж ведаеш, што нашы, беларускія, вазёры самыя прыгажэйшыя ў свеце? Ці не таму на нашу зямлю ўвесь час прывабліваліся хціўцы-нападнікі?

На беразе гэтага возера стаяў замак. Паўз яго, паміж возерам і лесам, ішла дарога да багатых і прыгожых беларускіх гарадоў.    Князь і яго воіны, што жылі ў замку, ахоўвалі дарогу ад ворагаў. З аднаго боку ў гэтым ім дапамагалі хвалі возера, з другога – сцяна пракаветнага лесу. І самі воіны былі дужыя, як карабельныя сосны, і нястрымныя, як хвалі. Самым моцным сярод іх быў  княскі  мечнік, дужы рыцар па імені Ярмол.

Насамрэч паходжання быў ён зусім не рыцарскага, а нарадзіўся ў той самай вёсачцы, у якой жывуць зараз вашы бабуля і дзядуля. Але рос Ярмол такім кемным і дужым, што патрапіў на службу ў  княскае войска, адразу – як просты жаўнер, а потым сваёй адвагай заслужыў прыхільнасць князя і ўрэшце рэшт – рыцарскае званне.

Бо рыцарам можна нарадзіцца і ў курной хаце, і не меч, нават выкаваны найлепшымі майстрамі, дае воіну моц – а мужнае сэрца. Не раз біўся Ярмол паперадзе дружыны. Не раз ратаваў жыццё свайму князю.

Каханне таксама не ведае званняў. Ніхто не падазраваў, чаму мечнік Ярмол так часта просіцца ў начную варту. Думалі – хоча паказаць, як верна службу нясе. І толькі поўня, якая заглядала ў пакой адзінай княскай дачкі Галены, ведала таямніцу.

Ярмол і Галена сустракаліся так часта, як маглі, але досыць рэдка, каб прага новай сустрэчы палала ярчэй за самую зыркую паходню на сценах вартавых вежаў.

У каханні, вядома, вялікая сіла.

І вялікая слабасць – у ім жа.

Князь атрымаў звесткі, што зноў ворагі збіраюцца ісці праз наш лес на сталіцу вялікага княства. Пакуль што дарогі не пылілі, напад чакаўся праз некалькі дзён. І як заўсёды, Ярмол выклікаўся вартаваць ад поўначы да світання на вежы, якая стаяла над самым возерам і ў якой былі пакоі князёўны. А іншых вояў  прызначыў на тыя вежы, з якіх праглядалася дарога.

На гэты раз ворагі не пайшлі ні па дарозе, ні праз лес. Яны апоўначы прыплылі на чоўнах да сцен замка і закінулі на вышчарбленыя падчас шматлікіх аблогаў муры моцныя вяроўкі са сталёвымі крукамі.

А Ярмол, лепшы княскі рыцар, нічога не чуў. Ён глядзеў у бяздонныя вочы сваёй каханай, у якіх люстравался поўня, і чулася яму адна пяшчотная музыка мілосці. І толькі калі замест поўні убачыў ён у вачах каханай водбліскі пажару, зразумеў – адбылося непапраўнае.

Калі Ярмол уварваўся ў бойку, палова рыцараў была ўжо забітая, князь сканаў з варожай стралой у шыі, і надзеі на ратунак не  заставалася. Мечнік біўся, як  дзесятак вояў. Пачуццё віны памнажала яго сілы, але і пазбаўляла абачлівасці. Бо ў бойцы таксама патрэбная абачлівасць – калі, вядома, ты не хочаш памерці. Ярмол прапусціў моцны ўдар, і ўпаў ля сцяны замка, на беразе возера, якраз з таго боку, які ён мусіў ноччу вартаваць – і не  дапільнаваў.

Не, ён не загінуў. Але ці было яму ад гэтага радасці, калі, ачуняўшы, убачыў чорныя ад пажару муры замка, загінулых таварышаў… А калі ў роспачы азірнуўся, то заўважыў на хвалях возера , якраз пад вакном князёўны, нешта светлае – і  быў гэта яе вэлюм…

Што ж, чыстыя хвалі возера – лепей, чым палон або ганьба…

І тады Ярмол разам са сваім баявым мячом зайшоў у хвалі, на якіх ужо люстравалася барва ўзыходзячага сонца, і ў адчаі ўзмаліўся:

“Няма апраўдання мне… Няма меры віны маёй… Дык няхай, Госпадзе, у выкупленне буду я вечна абараняць гэты бераг, воды гэтага возера ад ворагаў, і не буду адпачываць ані ўдзень, ані ўначы, ані ў спякоту, ані ў холад”…

Словы, сказаныя ад паўнаты адчаю, не знікаюць марна. І мечнік Ярмол ператварыўся ў высокую цёмную траву, якая рэжа, як сапраўднае лязо. Паспрабуй, прабяжыся скрозь такія зарасці – адчуеш моц вартаўніка. Нездарма назвалі гэтую расліну меч-трава.

Але ты не бойся  ані траў, ані ворагаў. А калі здарыцца табе выбіраць паміж насалодай і цяжкім абавязкам, прыгадай мечніка Ярмола і меч-траву.

 

 

ВЯСЕЛЛЕ  ВЕДЗЬМАКА, альбо ЧАРНАКОРАНЬ  ПУРПУРОВЫ

 

Ты пытаешся, чаму, калі ўсе расліны – прыгожыя і добрыя, сярод іх ёсць атрутныя?

Нават у атрутнай расліне няма ні дабра, ні зла – дабро ці зло з яе дапамогай робіць чалавек. Нават самая моцная атрута можа быць добрым лякарствам – трэба толькі правільна ёю карыстацца. Ну а злы чалавек – той сапраўды з дапамогай зёлак шмат пакуты можа прынесці…

Жыў некалі ў гэтай пушчы такі злыдзень. Звалі яго Нічыпор, і з усяе акругі хадзілі да яго лячыцца. Але куды часцей, чым лячыцца, бегалі да Нічыпора па іншых патрэбах – кагосьці прысушыць да сябе, прываражыць, або, наадварот, пазбавіцца непатрэбнага кахання, зрабіць так, каб суседская ніва не ўрадзіла, а суседскія куркі несціся перасталі… Ды якіх толькі гадасцяў людзі адзін аднаму не зажадаюць! Нават гаварыць пра гэта брыдка.

І шмат каму дапамог спраўдзіць злыя пажаданні Нічыпор. Вось толькі людзі рэдка ўсведамляюць, што злыя пажаданні ніколі не прыносяць шчасця. Зло заўсёды вяртаецца туды, дзе было спароджанае.

Але ўсё роўна знаходзіўся нехта, хто, зваблены хцівасцю або крыўдаю, ішоў па змрочнай дарозе між сівых ялінаў да хаты ведзьмака, якая амаль хавалася ў зарасцях калючага глогу. І бедны, і багаты, і цёмны, і вучоны не ўберажоныя ад спакусы папрасіць дапамогі ў чорнай сілы. Не толькі пешкі прыходзілі да Нічыпора – прыязджалі да яго і ў карэтах.

Аднойчы такая багатая карэта спынілася перад Нічыпоравым домам. Пан, гаспадар карэты, не шкадаваў залатых талераў, бо не золата было  прычынай яго пакутаў, а каханне.

Ды каб сох пан па  якой радавітай паненцы – не так крыўдна было б. Але закахаўся ён у дачку вясковага каваля, вясёлую прыгажуню Агатку. Штопраўда, нават у каралеўскіх палацах не бачылі такога хараства, як у Агаткі. Але дарэмна распісваў пан дзяўчыне, як пекна стане выглядаць яна ў  панскіх строях, як паплыве лебедзем па бліскучым паркеце бальнай залі. Толькі смяялася дзёрзкая Агатка – не пасуюць лясной галубіцы павіныя пёры, не  нажыцца дачцы каваля ў княскім палацы.

І, вядома,  нават самыя вялікія багацці не разгладзяць зморшчаны, як печаны яблык, твар яе вяльможнага кавалера.

І пан толькі зубамі скрыгатаў ад таго, што Агатка – не ягоная халопка, і прамінулі тыя часы, калі панаў дзед мог  паслаць пахолкаў па любую дзяўчыну ў наваколлі, і ўвобмірг тыя кінулі б сплаканую красуню гаспадару пад ногі.

Цяпер жа заставалася пану спадзявацца толькі на дапамогу чорных сілаў. Бо і не патрэбная была яму сплаканая прыгажуня – хацеў ён убачыць у падобных на дзве цёмныя зоркі вачах любасць, пачуць хоць адно ласкавае слоўца…Ды каб спрах той ляснік Янка, які насіў пекнай Агатцы скуркі гарнастаяў і срэбных лісіц, і не аднаму багатыру лоб разбіў толькі за тое, што той прыпыніўся з мройным выразам твару насупраць кавальскае хаты.

Выслухаў Нічыпор панскія скаргі са сваёй заўсёднай змрочнай усмешкай, нават не зірнуў на жменю золата, што сыпануў госць на стол. Папрасіў якую-небудзь  рэч  дзяўчыны – і  пан дастаў з-за пазухі пунсовую хустку. Нічыпор падвёў пана да вялікага люстэрка, кінуў хустку у чару з вадою, сыпануў нейкіх зёлак, зашаптаў таемныя словы… Зашумеў за вокнамі лес, затрашчалі кусты глогу ля хаты, нібыта нехта прабіраўся  скрозь іх. Паверхня люстэрка пабегла хвалямі, як паверхня ракі, і скрозь пералівісты туман  паказаўся дзявочы мілы тварык… Здавалася, Агатка знаходзіцца тут, у хаце ведзьмака, але чамусьці нікога не заўважае, нешта задуменна напявае, пераплятае густую цёмную касу, часам усміхаецца патаемным думкам…

–Гэта твая каханая? – прыглушаным голасам спытаў Нічыпор.

–Так, яна!—з гонарам адказаў госць. – Ну што, прызнайся, стары, бачыў хоць калісьці падобную прыгажосць?

— Не, ніколі не бачыў я такой красуні,– павольна адказаў Нічыпор. – А я шмат бачыў прыгажунь на сваім вяку – і не толькі з гэтага свету. І яшчэ скажу. Не для цябе яна, пане.

–Што ты вярзеш?!!—абурыўся наведнік. – Я сюды прыйшоў не за тваімі павучаннямі! Не для мяне такая краля, бачыце… А для каго? Для гэтага лайдака Янкі?

–Ні для цябе, ні для яго, — пагрозна прагаварыў Нічыпор. – А для мяне. Так што забудзься і на кавалёву дачку, і на дарогу да майго дому.

Чым настрашыў Нічыпор госця – невядома. Але ехаў пан з нашага лесу так хутка, што ледзь з карэты не вываліўся. І адразу за мяжу з’ехаў. А ў наступную нядзелю адбылося дзіва – у вёсцы з’явіўся Нічыпор, якога там не бачылі, мусіць, гадоў трыццаць.

Але ж як і не было тых трыццацці гадоў! Выглядаў Нічыпор маладзец малайцом, гадоў — не больш саракоўкі. Плячысты, дужы, на чорных кудзерах –  атласная шапка, падбітая собалем, світка панская, боты – дык не ў кожнага пана такія. І нібыта сам увесь змяніўся. Усміхаецца, вітаецца, у карчму пайшоў, частуе ўсіх, усялякае цікавае расказвае — пра дзівосы, што на свеце дзеюцца. Памяць у людзей кароткая – хутка Нічыпор быў ужо лепшы сябрам у грамадзе. А як увечары выйшлі на вуліцу дзяўчаты, заспявалі песні, апынуўся  чараўнік перад хатай Агаткі. А вось і сама дзяўчына – як месячны праменьчык, стройная, гнуткая, беласкурая… Наблізіўся да Агаткі Нічыпор, сказаў нешта вясёлае, ласкавае, кветку дзівоснай прыгожосці падарыў – ды і пайшоў сабе. А Агатка тую кветку да твару паднесла, водар нетутэйшы ўдыхнула…

Тут і скончылася шчасце лясніка Янкі, ды і Агаткі таксама. Бо перастала  дзяўчына спяваць вясёлыя песні, толькі сумавала ўсё. Глядзіць перад сабою – і нібыта нічога не заўважае. Нават  вернага Янку.Толькі і вяртаецца да яе весялосць, як убачыць ведзьмака Нічыпора. А той ужо – часты госць у хаце. Падарункі носіць – уся вёска  збягаецца паглядзець на такое багацце. Кажуць, ужо і зямлі Нічыпор прыкупіў на ўзлессі. І новы дом будаваць збіраецца дзеля маладой жонкі… Бо справа, няйначай, да вяселля. І дарэмна маркоціцца Янка, дарэмна пераймае сваю прыгажуню ля веснічак – не глядзіць яна, не гаворыць, як  зачараваная…

А мо і сапраўды зачараваная? Але як тады справіцца з праклятым ведзьмаком? Таму варта зірнуць – і чалавек быццам камянее. Нават Янка  не змог абысціся з Нічыпорам, як з іншымі агаткінымі залётнікамі – пагляд у ведзьмака нібыта вастрыё дзіды, упрэцца табе ў грудзі,  і далей – ні кроку не зробіш, нібы сэрца працінае…

Толькі старая зельніца Франя змагла парадзіць Янку. Вядома, тая Франя была маёй пра-пра-прабабуляй. Але я не маю і дзесятай долі ейных ведаў. Дык вось, прыйшоў Янка да Франі са сваім горам. Заварыла зельніца госцю духмянай гарбаты, такой жа, як я заварваю вам. І сказала, што Нічыпор, няйначай, завалодаў нейкай рэччу Агаткі, і цяпер чаруе бедную дзяўчыну, засціць ёй вочы. Рэч тую Нічыпор пэўна носіць заўсёды з сабою. І калі яе адабраць, то Агатка выйдзе з-пад  ведзьмаковых чараў.

Задумаўся Янка, стаў назіраць за супернікам. І сапраўды – той увесь час нешта хавае на грудзях, за пазухай кашулі. Нейкі скрутачак нібыта.

Вось і запоіны ў кавалёвай хаце. Жаніх прыехаў на фурманцы, два кані вараныя –іскры з воч. Куфры с падарункамі, прысмакі да стала заморскія. Сядзіць Нічыпор – толькі вочы з-пад чорных брывоў бліскаюць, а побач Агатка – бледная, як веснавая кветачка, прыхвачаная марозам, глядзіць на Нічыпора, нібыта позірку адвесці не можа. Вось ужо віншуюць усе заручоных, падыходзяць з прыветнымі словамі…

Падыйшоў і Янка. Сціпла гэтак, нават з усмешкай – нібыта змірыўся, што не яму шчасце дастаецца.  Пакланіўся нявесце, вачэй не ўзняўшы. Працягнуў руку жаніху… А другой рукой – як шмаргане з ягонае шыі матузок, а на тым – скрутачак…

Як ён наважыўся, як вытрываў супрацьсілы ведзьмаковай – адно каханне ягонае ведае. Бо застаўся на далоні Янкі шнар – як ад распаленага жалеза. А са скрутачка  дастаў Янка пурпуровую хустку – тую самую, што калісьці сам каханай сваёй падарыў, а пасля Агатка ці то згубіла, ці скраў нехта.

Ускрыкнула Агатка, нібыта лацугі з яе цяжкія спалі, кінулася да Янкі свайго, словы кахання прамаўляючы. І Нічыпор закрычаў. Страшна, як звер лясны. Ды ў хустку ўчапіўся – але позна: толькі маленькі пунсовы лапік застаўся ў ягоных скурчаных пальцах. На вачах ва ўсіх пачаў вядзьмак рабіцца старым, нямоглым, нібыта ўсыхаў, і ўрэшце ўпаў на падлогу чорным сухім карэньчыкам з пунсовым пялёсткам.

Узяў нехта з гасцей чорны корань ды выкінуў за плот, на сметнік.

А на наступную вясну, калі Агатка з Янкам былі ўжо шчаслівай сямейнай парай, на сметніку ля кавалёвае хаты вырасла высокая дзіўная кветка. Зусім непрыгожая, непаглядная, але валодала яна вялікай лекавай моцай. Асабліва яе карэньчыкі. Нібыта выкупляла  зло,  утворанае колісь Нічыпорам.

Але ля хат усё-ткі не прыжылася кветка, паступова перабралася  ў лес, у хмызнякі. Там і цяпер можна яе сустрэць.

І назвалі  тую расліну – чарнакорань пурпуровы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

АПОШНЯЯ  ПЕСНЯ   СКРЫПКІ, альбо ВАЛЯР’ЯН  ДВУХДОМНЫ

 

Нездарма кажуць, што толькі той можа зразумець чужую бяду, хто сам такога пакаштаваў.

Нарадзіўся аднойчы ў звычайнай вясковай сям”і незвычайны хлопчык. Было яго сэрца адкрытае навакольнай прыродзе. Кажуць, умеў ён чуць не толькі спевы птушак, але і размовы дрэў, і  гуд падземных крыніцаў. І пяці год не было Валяр’яну, як зрабіў ён сабе першую дудачку – а колькі рабіў такіх пасля! А як паслухаў у карчме музыкаў, дык зладзіў сам сабе скрыпачку – з ліповае драўніны ды жылак. І ўжо як хораша ён на сваёй скрыпачцы граў!

Вёска ў той час  не заўсёды мела досыць хлеба. Таму на дзівакоў, якія лічылі аблокі і выразалі замест патрэбнага ў гаспадарцы начыння дудачкі, глядзелі непрыхільна, і горкі быў лёс адораных мастацкім талентам беднякоў. Але маленькаму Валяр”яну пашанцавала. Хаця не была яго сям”я заможнай, але маці і бацька любаваліся сваім пястунчыкам, і яго гранне на самаробных інструментах здавалася ім прыгажэйшым за гранне ўсіх на свеце музыкаў –  у якіх бы вялікіх гарадах свету тыя ні навучаліся.

Вось з такога вялікага горада і прыехала аднойчы ў вёску пані. І вёска, дзе жылі Валяр’янавы бацькі, і самі бацькі, і Валяр”ян належалі пані, як і багаты маёнтак, што колісь стаяў па той бераг рэчкі. Пані магла рабіць са сваёй маёмасцю, жывой і нежывой, што ён заманецца – прадаць, абмяняць, пакараць…Але пані рэдка бывала тут, дзе ўсё здавалася ёй дзікім і нецікавым.

Але калі праязджала пані праз вёску, пачула яна незвычайныя гукі – нехта граў на скрыпцы, ды так міла, так хораша. Гранне нагадала пані тую краіну,  у якой яна любіла жыць – на беразе цёплага мора, дзе растуць між развалінаў мармуровых храмаў кіпарысы і аліўкі, і дзе кожны сялянскі пастух ведае напамяць арыі з опер.

Пані загадала пад”ехаць да беднай мужыцкай хаты, адкуль даносілася музыка. І якое ж было ейнае здзіўленне, калі пабачыла, што граў на скрыпцы маленькі хлопчык,  неверагодна падобны на скульптуру Амурчыка, прывезеную пані з далячыні – светлыя кудзеркі, вялікія вочы, гарэзныя і мройлівыя, ружовыя шчочкі, мілая ўсмешка. А на прызбе сядзелі і з замілаваннем слухалі гранне  ліповай скрыпачкі бацька, маці і малодшая сястра хлопчыка, і спрацаваныя, чорныя рукі маці, не ў змозе заставацца без занятку, церабілі ў кошыку струкі фасолі.

Ды ці такое чароўнае дзіця можа заставацца ў гэтай жабрацкай хаце, сярод цёмных людзей, не здольных нават навучыць яго разумець літары?

Пані не зведала шчасця мець сваіх дзяцей, і прыхінулася яе сэрца да цуда-дзіцёнка з сялянскага двара. А тое, што мужык і мужычка слязьмі заліваюцца, не разумеючы шчасця свайго  сына – дык ці варта і зважаць…

І з’ехаў Валяр’ян з пані далёка-далёка, да цёплага мора, дзе ў пані таксама быў вялікі маёнтак. Кажуць, яшчэ большы і прыгажэйшы, чым тут. І доўгімі зімовым вечарамі ліла  Валяр’янава маці слёзы, прыціскаючы да грудзей самаробную ліповую скрыпачку.

Прайшлі гады. І вось аднойчы на гразкую вясковую дарогу выпраставала прыгожая карэта і спынілася перад адной з хацінак. З карэты выйшаў малады пан у нетутэйшай вопратцы, і каўнер яго кашулі нагадваў белую пену марскога прыбоя. Прыгожы быў пан – вачэй не адарваць, але бледны і ўсхваляваны. Дарэмна стукаўся ён рукою ў пальчатцы ў нізенькія дзверы – ніхто не адчыніў яму. З сілаю штурхануў – і ўвайшоў у цёмны пакой. На ложку ляжала хворая кабета, і слязінка, што блішчэла ў куце вока, здавалася на яе твары  адзінай адзнакай жыцця.

— Мама!—пан упаў на калені перед кабетай і пацалаваў яе спрацаваныя халодныя рукі.

Так, гэта быў Валяр’ян. Жыў ён у далёкай краіне з міласці пані вельмі добра, навучыўся і чытаць, і пісаць. А самае галоўнае – граць на розных музычных інструментах  так, што людзі дзіваваліся.

А ў той краіне людзей цяжка здзівіць добрым граннем, бо там усе — музыкі. І пані прымушала свайго выхаванца часта выступаць перад гасцямі, якіх збірала спецыяльна каб пахваліцца, які талент выратавала ад забыцця. І забараняла свайму музыку нават успамінаць пра неадукаваных бацькоў. Тым больш – паслаць вестку аб сабе або наведаць. Валяр’ян павінен быў назаўсёды забыцца пра   вясковае мінулае.

Але чалавек, надзелены талентам, звычайна надзелены і чуйнай душой. І душа тая ў Валяр’яна балела, бо не мог ён забыцца на родных, і нават праз многа гадоў  выган з рамонкамі і званочкамі, хуткая рэчка, у якой палошча косы віхла, заснежанае поле, ружовае на золку здаваліся яму прыгажэйшымі за кіпарысавыя гаі і сінія горы.  А дотык ласкавых матчыных рук сніўся яму па начах. І як толькі надарылася такая магчымасць – пані мусіла зноў наведаць   маёнтак, дзе ўпраўляючы надта ж заблытаў справы,—Валяр’ян прыімчаўся да бацькоўскае хаты. Але вёска за адсутнасць пані зусім заняпала, збяднела. Валяр’янаў бацька памёр. Не стала і сястрычкі. Маці ведала, што хутка сустрэнецца з імі. І дзякавала Богу, што даў ёй магчымасць перш, чым адысці ў лепшы свет, сустрэцца на гэтым са страчаным калісьці, але не забытым сыночкам.

Дарэмна Валя’ян горача шаптаў маці, што цяпер усё будзе добра, і ў маці будзе добрая ежа, і цёплая вопратка, і лекі – з апошнім уздыхам адляцела душа беднай сялянкі.

І Валяр’ян, складаючы ёй рукі на грудзях, як  загадвае звычай, убачыў пад коўдрай самаробную ліповую скрыпачку.

Калі слугі прыехалі па Валяр’яна (іх паслала раззлаваная пані, здагадаўшыся, што выхаванец без ейнага дазволу адправіўся ў вёску), то пачулі, што з мужыцкае хаты даносіцца дзівоснай прыгажосці мелодыя. І такая яна была тужлівая, столькі было моцы ў ёй, што  слугі, скамянеўшы, стаялі і слухалі, і нават самыя чэрствыя сэрцы ў гэты час спазнавалі шкадобу і ўладу чыстае красы.

Доўга гучала мелодыя, і раптам абарвалася. Слугі ўвайшлі ў хату і ўбачылі, што перед ложкам з мёртвай сялянкай  упаў малады пан, і ягоная скрыпка разбілася на трэсачкі.

Доктар сказаў, што ў маладога чалавека было слабое сэрца. Пані тут жа з’ехала, не пажадаўшы развітацца з няўдзячным музыкам, і Валяр’яна разам з маці пахавалі на вясковых могілках. Над магілай Валяр’яна не было ніякага помніка. Не было каму прыносіць туды букеты.  Паны, што захапляліся граннем юнага талента ў багатых залах, і не падумалі б шукаць яго апошні прытулак, каб аддзячыць за дакрананне да прыгажосці.

На магіле Валяр’яна вырасла кветка з  нязвыклым моцным водарам. І няма і пасёння ў прыродзе лепшага лякарства ад сардэчнай хваробы, як валяр’ян двухдомны.

 

 

 

ЧУЖЫЯ  ВЕТРАЗІ, альбо ЛАДДЗЯН  ТРОХНАДРЭЗАНЫ

 

Калісьці па нашай рэчцы пралягаў гандлёвы шлях. Плавалі па ёй купцы на сваіх вялікіх чоўнах – ладдзях, і горда надзімаліся ветразі, быццам лебедзі… Хаця гэта не зусім дакладнае параўнанне. І ведаеш, чаму? Лебедзь – белы, і ветразь,  думаеш ты, абавязкова   белы. Але даўней гэта было не так. Ветразі з цяжкіх ільняных тканін прыкрашалі, хто як мог і жадаў, і плылі яны над хвалямі, нібыта дзівосныя каляровыя кветкі або крылы матылёў.

Але ля нашай вёскі купецкія ладдзі не спыняліся. Яны кіравалі ў вялікія гарады, у багатыя краіны. Юнак па імені Ясь, які жыў у вёсцы, падоўгу глядзеў услед кожнаму караблю, нібыта спадзяваўся, што позірк прымусіць таго вярнуцца. Яська марыў пра далёкія краіны, мог бясконца слухаць расповеды выпадковых вандроўнікаў, і насіў пры сабе, як найвялікшую каштоўнасць, кавалак сапраўднай марской карты. На пажаўцелай шчыльнай паперы з абрысамі невядомага  вострава,  пасярод хвалістых рысачак, якія пазначалі мора, зяленым атрамантам была намаляваная жанчына-рыба. І Яська з такой цікаўнасцю раглядаў малюнак, што іншыя хлопцы жартавалі – мусіць, лёс яму ажаніцца з русалкай. А Яськава маці на такія жарты злавалася, і толькі ў ціхіх бяседах з сяброўкамі наракала, што ўсё – ад таго,  што нарадзіўся сынок на Граным, русалчыным, тыдні, і нарадзіла яго не ў ложку, а на беразе рэчкі, пад бярозай – русалчыным дрэвам, і  абмылі немаўля не ў прынесенай з калодзежа, гатаванай вадзе, а ў рачных хвалях. Нездарма ў малога гэткае ўмельства плаваць.

Падросшы, змайстраваў Яська човен, і цяпер амаль не бачылі яго дома. Праўда, сямейнікі на гэта асабліва не наракалі – столькі рыбы прывозіў Яська, нібыта самі русалкі зганялі яе ў нерат.

І толькі адна дзяўчына з тых, што заглядаліся на плячыстага, яснавокага Яську, магла пахваліцца, што плавала ў яго чоўне – ціхмяная Ганулька, зусім не падобная на гарэзную русалку, а хутчэй на стройную пышнакосую бярозку.

Неяк надарыўся адзін з рэдкіх выпадкаў — вялікі карабель пад чырвоным ветразем з намаляваным на ім вокам кінуў якар насупраць вёскі, і чарнабароды купец пракрычаў з палубы на ламанай мове просьбу – не ведаю, у чым адчулася нястача, але Яська на сваім чоўне хуценька прывёз купцам  патрэбнае, і падняўся на палубу – упершыню ў жыцці. І, вядома, толькі смерць магла яго цяпер з тае палубы сагнаць.

Яська сплыў на чужой ладззі, нават не развітаўшыся з бацькамі. Расказвалі, што капітан, які быў менавіта больш капітанам, чымся купцом, і любіў мора больш, чым грошы і чырвоны тавар, зразумеў тугу і апантанасць беларускага хлапчыны.

Дарэмна ціхмяная Ганулька праседжвала вечары над рэчкай, гледзячы ў той бок, куды назаўсёды сплыло яе шчасце.

Апошні раз аднавяскоўцы там і бачылі Ганульку – над глыбокім вірам, пад сумнай бярозкай.

Паплылі купальскія вяночкі па рацэ, а за імі гады, і патанулі ў віры адзін за другім. На нашу зямлю ў чарговы раз напалі ворагі. Палалі замкі, гарады і вёскі, не луналі над ракой вясёлкавыя ветразі купецкіх караблёў – страшныя знаходкі выкідвалі на бераг рачныя хвалі. І калі паказваўся нечы ветразь – вялікая трывога распачыналася між людзей, бо невядома было, ці гэта свае, ці ворагі. Адойчы праплыла ладдзя пад сцягам, на якім лунаў срэбны вершнік, сцягам нашага князя. Ветразь ладдзі быў прапалены , і сярод вояў  мелася шмат параненых. Карабель не затрымаўся, але з яго паспелі папярэдзіць мясцовых людзей, што следам плывуць варожыя караблі, і на іх – шмат вояў. Многа караблёў яны патапілі, многа нарабавалі дабра, і  пабралі палоных, і ўсё ім яшчэ мала. І заўтра, як даплывуць, спаляць яны вялікі горад, у якім зараз хаваецца шмат людзей.

Жыхары вёскі зрабілі, што маглі – увагналі ў дно ракі завостраныя ствалы соснаў, там, дзе з аднаго боку — вір, з другога – каменні. Тады наша рака была магутная і шырокая яшчэ больш, чым цяпер. Зусім перагарадзіць яе  немагчыма. Але цяпер праплысці па ёй мог толькі дасведчаны чалавек. Жанчыны і дзеці схаваліся ў лесе, мужчыны падрыхтавалі паляўнічыя лукі і стрэлы, абматаныя прасмоленай кудзеляй, і схаваліся ў прыбярэжным кустоўі, у спадзеве, што караблі трапяцца ў пастку і ворагі наблізяцца на адлегласць стрэлу.

Пад вечар паказалася ладдзя пад чорным ветразем, за ёй – яшчэ дзве.  У дно стукнулася вострая вершаліна…

Заваёўнікі былі сапраўднымі воямі – яны не разгубіліся, змаглі развярнуць свае караблі і ўратавацца. Аднак плыць далей было немагчыма.  І правадыр загадаў  ісці ў бліжняе паселішча і прымусіць жыхароў правесці караблі праз пасткі. І калі спатрэбіцца – то яны, тутэйшыя, усцелюць дно ракі сваімі целамі і аддадуць яе хвалям сваю кроў.

Што менавіта так і адбудзецца, ніхто не сумняваўся. І тады адзін з палонных, што сядзелі звязанымі на палубе, паважаны барадаты купец – яго не забілі ў спадзеве на багаты выкуп – крыкнуў, што гатовы правесці караблі па рацэ. Ён сцвярджаў, што добра ведае гэтае месца, бо сам нарадзіўся тут і знаёмы з кожнай водмеллю і з кожным вірам. Узамен купец прасіў, каб  яго адпусцілі і вярнулі частку адабраных у яго тавараў.

Правадыр чужакоў згадзіўся, купца развязалі, ён стаў ля стырна і паказваў шлях. Вось праплыла першая ладдзя паўз вострыя калы… Другая… Трэцяя… Палонны  ўпэўнена аддаваў каманды звыклым да гучання ў штармах голасам. Направа… Яшчэ правей… Раптам першая ладдзя здрыганулася, дно яе праламалася, за ёй пахіснулася другая ладзя, трэцяя.  Караблі выплылі проста на каменную водмель. І тут у чорным ветразі запалала вогненная страла.

Стрэлы сыпаліся і сыпаліся на караблі, але палонны гэтага ўжо не  бачыў. Як толькі ладдзі  апынуліся на камянях, ён скочыў у ваду і паплыў да супрацьлеглага берага. Даўно не люлялі яго гэтыя хвалі! Так, калісьці ён пагарджаў гэтай зямлёй. Яна здавалася яму нецікавай. І сапраўды, яму ўдалося пабачыць шмат дзівосаў і пабываць пад такімі нябёсамі, дзе зоркі – як кляновыя лісты, а матылі – большыя за птушак. Але загінуць  пашчасціць яму за родную зямлю, а гэта – самая  добрая смерць, і ён ні хвілі не вагаўся. Ён неаднойчы бачыў са свайго карабля, як лятуць над морам журавы – назад, да гэтых бяроз. Лятуць, знемагаючы, падаюць у бурлівыя хвалі… Але ніколі не застануцца на чужыне.

Вярнуўся і ён. Але ў дрэнную часіну.

Град стрэлаў абрынуўся на збеглага. І адна з іх дагнала яго – але тут адбылося нешта неверагоднае. Прынамсі, калі пра гэта расказвалі тыя, хто ацалеў, ім мала хто даваў веры. З віра паднялася жаночая постаць і захінула сабой плыўца. А ў наступнае імгненне і плывец, і прывідная жанчына зніклі ў глыбінях ракі.

Рэшткі трох варожых ладдзей доўга ляжалі на водмелі. А жыхары вёскі за тое, што спынілі нападнікаў, атрымалі ад вялікага князя прывілеі і сталі называцца панцырнымі баярамі – вольнымі пасяленцамі. Нажаль, праз пару стагоддяў ад тае вольнасці не засталося нічога, акрамя паданняў, у тым ліку і пра палоннага купца і русалку. Вядома,  сцвярджалі, што гэта быў няйначай як Яська. А русалка – яго колішняя дзяўчына Ганулька. Расказвалі і пра дзівосы, якія нібыта бачыліся ў віры пад паніклай бярозай. Але чалавек, які хоча цуда, здольны ўбачыць яго і ў ваде, і ў дрэве, і ў кветцы.

Бо калі на берагах ракі, там, дзе патанулі варожыя ладдзі, з”явіліся не бачаныя раней кветачкі, з вострымі пялёсткамі, нібыта скрываўленымі ўнутры, пачалі казаць, што гэта – душы тых, хто плыў на ладдзях. А іншыя пярэчылі, гаварылі, што кветачкі – дзеці Яські і яго русалкі-Ганулькі.

Так ці іначай, але назвалі кветку – ладдзян.

 

 

 

СКАРБЫ  ЗЕЛЬНІЦЫ  МАГДЫ, альбо ЛУННІК  АЖЫВАЮЧЫ

 

Беларусь калісьці называлі краінай замкаў.

Непадалёк ад нашых мясцінаў таксама стаяў вялікі замак. У той час, пра які я хачу распавесці, княжыў у ім вельмі багаты валадар. Каб ад багацця залежаў розум і дабрыня, не было б на свеце лепшага чалавека. Але, на жаль, золата не робіць розум бліскучым, а сэрца – залатым. Не любіў князь нікога і нічога ў свеце, акрамя грошай. Ён не жаніўся, таму што баяўся, што жонка і будучыя дзеці растрацяць яго скарбы. Адзіны пляменнік, шчыры юнак, які, асірацеўшы, папрасіў у дзядзькі прытулку, таямніча знік, і казалі,  апынуўся ў замкавых скляпеннях – вязня ўтрымліваць танней, чым княжыча.

Уладны скнара не заводзіў сяброў, каб не пазычалі, не збіраў балі – бо гэта ж марнаванне дабра. Княскі замак абыходзілі вандроўныя музыкі і жабракі, нават паломнікі па святых мясцінах, даць прытулак якім – абавязак кожнага гаспадара.

І калі пачалася вайна і кароль загадаў свайм рыцарам збіраць войска, князь пашкадаваў траціцца на ўзбраенне вялікага атраду. Сам ён не ваяваў, бо быў кульгавы ад нараджэння. Можа быць, ад тае кульгавасці  вырас ён злосным, падазронным – не ведаю.

Але як ні ашчаджаў князь свае грошы, яны нібыта раставалі. Кароль угневаўся на  скупечу і адабраў частку земляў.  Згалелыя сяляне плацілі ўсё менш і менш падаткаў, дый разбягаліся ў пошуках лепшае долі цэлымі вёскамі.

Князю хапіла б назапашанага, каб раскашавацца да канца жыцця. Але ад няўдач  ён зусім ашалеў, і за кожны шэлег гатовы быў перагрызці горла, і ўсё яму здавалася, што яго абкрадаюць, што вакол – злодзеі. Ён нават загадаў паставіць свой ложак у сутарэнні,  на скрыні з дукатамі.

Неяк наладзіць заняпалую гаспадарку, пабудаваць які завод ці заняцца гандлем князю і ў галаву не прыходзіла.  Золата  мусіла само  насыпацца ў рукі, і нямерана. Пачаў марыць пра скарбы. Адшукаў у замку старыя кнігі пра чарадзействы, распытваў слуг – ці не чулі пра закапанае багацце, пра нейкія таямнічыя разваліны ці курганы, у якіх пахаваныя каралі.

Урэшце  адна старэнькая кабета, трасучыся ад страху – бо гаспадара баяліся болей, чым смерці,– прызналася, што дзяўчынкай жывучы ў вёсцы, чула пра цудадзейны корань, які нагадвае формай чалавечую постаць і крычыць, калі яго выкопваеш. Корань той валодае моцай паказваць закапаныя скарбы.

Князь вельмі зацікавіўся. Але старая не ведала, дзе шукаць дзівосную расліну і як ёю карыстацца. Яна толькі ўспомніла, што ў вёсцы жыве зельніца Магдаліна,  якая ведае пра ўсе расліны на свеце. Мусіць, і пра той корань.

Князь не мог даць веры, што нехта, ведаючы такую таямніцу, не скарыстаецца з яе і будзе жыць у галечы. Але сквапнасць перамагла недавер. Хутка перад князем стаяла   сялянка-зельніца… Не, яна зусім не была старой, зморшчанай, у лахманах. Князь са здзіўленнем пабачыў маладую жанчыну, стройную і  вельмі прыгожую, з цвёрдым позіркам чорных вачэй, і вопратка яе была хаця звычаная сялянская, але на такой гордай паставе глядзелася як шляхецкая.

Асабліва злавала князя лёгкая ўсмешка, з якой глядзела на яго жанчына. Бач, зусім не баіцца… Відаць, сапраўдная чараўніца! Але ў такім разе і праўда можа падказаць патрэбную расліну!

Князь гатовы быў на дамову з самымі чорнымі сіламі. Гатовы быў аддаць жанчыну на самыя горшыя пакуты, пакуль не адкрые таямніцу.

Але страшыць зельніцу не давялося. Яна сама сказала,  што ведае ягонае жаданне, і таемны корань, што паказвае скарбы, будзе ў руках князя. Толькі не так проста атрымаць чароўны корань. Князю давядзецца прайсці шмат выпрабаванняў…

Кульгавы сквапнік загадзя быў гатовы на ўсё. Ён нават паабяцаў зельніцы ўзнагароду. Але Магда толькі насмешна зірнула ў вочы ўладара сваймі пякучымі цёмнымі вачыма і прамовіла, што ў выпадку ўдачы папросіць у князя не грошай, а тое, што яму зусім не патрэбнае.

І князь даў слова, што выканае просьбу Магды.

На паляне, абкружанай пракаветнымі соснамі, у яркім святле поўні чарнавокая зельніца і кульгавы князь стаялі перад пляскатым валуном, і поўня люстравалася ў вялікай чары з вадой, пастаўленай на каменны стол.

“Што выбіраеш, радзіму ці дукаты?”—строга прамовіла жанчына. І князь пабачыў у чары, нібыта ў круглым люстэрку, нашу прыўкрасную зямлю, як з птушынага палёту – яе замкі, палацы і храмы, бярозавыя гаі і цёмныя пушчы, чыстыя вазёры і магутныя рэкі…І такой прўкраснай была гэтая карціна, што ў князя ўпершыню ў жыцці варухнулася нешта падобнае да захаплення… Але злева пасыпаўся прывідны залаты дождж, і бляск ягоны зацьміў для князя ўсё. “Дукаты!Дукаты выбіраю!”

І адлюстраванне радзімы зацьмілася крывавым туманам. Князю на хвілю падалося, што ён бачыць, як рушацца храмы і гараць лясы, але тут жа ўсё растала ў святле поўні.

“Што выбіраеш – каханне ці дукаты?” – сурова спытала зельніца, і ў чары князь пабачыў аблічча той адзінай у свеце, што з любасцю глядзела на яго. Ён забыў яе імя, і ніколі не спрабаваў адшукаць… Але цяпер, гледзячы ў прамяністыя вочы, упершыню адчуў, што мог зведаць у жыцці — і не зведаў, якое шчасце яго прамінула…Але залаты дождж зноў  пераважыў, і постаць жанчыны растала.

“Ці аддасі гонар і сумленне за дукаты?” – князь нават раздумваць не стаў. “Дукаты! Дукаты!”– і працягнуў рукі пад прывідныя бліскучыя струмені.

Тады Магдаліна падняла з камня чару і выплюхнула ваду ў бок лесу.

“Мандрагора твая. Ідзі і вырві яе. Толькі рві з коранем, і не выпускай, пачуўшы яе голас. Выпусціш – страціш назаўсёды”.

І дзесьці ў  гушчары засвяціўся чырвоны агеньчык.  Сквапнік кінуўся туды, і хутка лес здрыгануўся ад страшнага крыку.

Князь хуткім крокам заходзіў у вароты замка. І рука яго прыціскала да сэрца нешта чорнае, падобнае да мёртвай птушкі.Сустрэчныя спалохана кідаліся ўбакі – бо вочы  гаспадара гарэлі, як у ваўка. З-пад зямлі князю прасвечваліся закапаныя скарбы, і ён ледзь стрымліваўся, каб не кінуцца да далёкіх агменяў ды не пачаць выкопваць   багацце голымі рукамі…

Тут князя дагнала зельніца Магдаліна і нагадала аб абяцанні. А прасіла яна сапраўды дзіўнае – аддаць ёй князева пляменніка, зняволенага ў сутарэннях.

Хутка дзве постаці, абняўшыся, выйшлі з замка і згубіліся ў лесе – апрануты ў лахманы, зняможаны мужчына і стройная жанчына з доўгімі чорнымі косамі. А князь, узяўшы некалькі слуг і  карэту, паехаў да  самага яркага падземнага агню, які так вабіў яго – на пагорку за полем.

Урэзаліся рыдлёўкі ў дзірван. Паляцелі ўбакі камякі зямлі…

“Дукаты! Дукаты!” – крычаў князь, і вочы яго гарэлі жоўты агнём, і ўсё менш быў ён падобны да чалавека. Бо хіба можа заставацца чалавекам той, хто адмовіўся ад радзімы, кахання, гонару і сумлення? І калі збліснулі ў яміне манеты, князь не вытрываў і кінуўся туды, апусціў рукі ў чорную зямлю… І раптам  ягоныя рукі ператварыліся ў карэнні. І ўсё цела скурчылася, счарнела, і на  глебу  ўпала нешта падобнае на абвуглены корч.

Праклятую яміну закапалі і паставілі на пагорку крыж. Замак адыйшоў у маёмасць кароны, потым заняпаў без гаспадароў. А пад крыжам на ўзгорку выраслі кветкі. Звычайнае путазелле, на якое ніхто не звярнуў увагі. Але ўвосень, калі збуцвелі, ссівелі травы, на высахлым сцябле пустазелля заззялі цудоўныя манеты.

Расліну тую ў розных мясцінах называюць па-рознаму. А па-навуковаму завецца яна – луннік ажываючы.

 

 

ПРАКЛЯТЫ  САД, альбо  БОЦІКІ  ПАЎНОЧНЫЯ

 

Прыгожая сіняя кветачка…Здавалася б, такая пяшчотная, такая ласкавая… А ў ёй цячэ страшная  атрута – аканіт. Ці можа  прыгажосць быць згубнай? Не спяшайся, не давай адказу, пакуль не паслухаеш гісторыю, якая здарылася ў нашых краёх шмат гадоў таму.

Прывёз мясцовы пан сабе жонку. Казалі – з далёкай халоднай краіны, дзе такая лютая зіма, што людзі не старэюць, бо кроў у іх замарожаная. Нездарма ж у пані была такая белая-белая гладкая скура з ледзь прыкметным румянкам, такія светлыя валасы, укладзеныя ў высокую прычоску, такія сінія-сінія вочы і ножкі                                   маленькія , як лебядзіная дзюба, абутыя ў зграбныя чаравічкі на высокіх абцасах.

Вядома, у нашых, беларускіх дзяўчат таксама светлыя валасы і сінія вочы, але прыгажосць пані была зусім не такой, як у нашых красунь. Нават пайшла пагалоска, што пані – несапраўдная, якаясь парцалянавая. Твар яе здаваўся застылым.  Не адбіваліся на ім ані гнеў, ані радасць, ані сум. І голас  пані заўсёды гучэў аднолькава  роўна і гучна… Аж трэсла бедных прыгонных дзяўчат ад тае роўнасці – лепей бы пані крычала на іх. Як пачуюць дробны стук яе абцасікаў – ледзь не млеюць ад жаху.

Гаварыла пані толькі на сваёй дзіўнай мове, а выконваць яе загады належала  дакладна . Іначай – пакаранне. Добра, калі побач ахмістрыня-немка, перакладзе. А то зразумей, куды гэта пані пальцам тыцкае, і што належыць з гэтым зрабіць.

Праўда, зрабіць трэба было найчасцей адно – вымыць, вычысціць, адшкрабсці. Пані любіла чысціню і парадак гэтак, як ніхто ў нашых  краях не бачыў.  Мясцовыя  звычаі здаваліся ёй дзікунскімі, а тутэйшыя людзі – сташэннымі неахайнікамі. І, вядома, пані лічыла абавязкам гэтых дзікуноў бязлітасна перавыхоўваць. Нават траву каля сядзібы пані загадала падстрыгчы менавіта паводле той   меркі, якую яна дала. І каб ні адна сцяблінка не насмелілася вытыркнуцца! Прыслуга апранула белыя фартушкі і каптурыкі, на якіх нельга было паказацца і ценю бруду. Старыя кілімы, разная дубовая мэбля, карціны ў цяжкіх , пацямнелых ад часу рамках адправіліся ў адрыну, а ў доме запанавалі светлыя колеры і чысціня… Такая, што  выпадковаму госцю страшна было крок ступіць па бліскучым, як жоўты лёд, паркеце. А перш чым сесці на бялюткае крэсла з залатымі кветкамі, хацелася пасцяліць насоўку.

Тым не менш госці ў доме збіраліся часта. І смешна было глядзець, як паны адзін перад адным стараюцца выклікаць усмешку  на вуснах прыўкраснай гаспадыні дома. Хто рамансы пяе, хто на фартэпіянах грае, хто дасціпнічае… А што карысці з тае ўсмешкі? Пані нават усміхацца як след не ўмела, скрывіць ветліва вусны  — і ўсё. А пан, яе муж, смяецца: “Мая Караліна – сапраўдная каралева. Яна вышэй за ўсялякія штукарствы”.

Толькі ільдзяная гэта была каралева.

Асабліва абурыў пані Караліну сад. А між тым у маёнтку сад меўся цудоўны. Кусты язміну і бэзу плылі, як бела-блакітныя караблі, ружы ўтваралі дзівосныя піраміды вакол аплеценых лазой калонаў. А клумбы! Якія толькі малюнкі не ўтвараліся з рознакаляровых кветак! Асабліва прыгажэў  сад увесну, калі квітнелі яблыні і вішні, якіх багата было насаджана. Даглядаў за садам малады Гальяш. Быў ён родам з вёскі, са звычайнай сялянскай сям”і . Але надзіва разумны і кемны.  Нават вывучыўся чытаць у дзячка з нашае царквы. А гожы які! За гожасць і ўзялі яго яшчэ хлопчыкам слугаваць у маёнтак, дзе ён адразу прыбіўся да старога садоўніка-немца. Так у Гальяша спрытна артымлівалася садоўніцкая справа, што немец шчыра палюбіў хлопчыка, вывучыў усяму, што сам ведаў.  І пасля смерці настаўніка Гальяшу даручылі панскі сад.

Але пані Караліну не ўсцешылі прыгожыя кветкі. Яна дакладна ведала, якім мусіць быць яе сад, і нават мела малюнак з нейкай кнігі – раўнюткія дарожкі, раўнюткія лініі кустоў, падстрыжаных пад грабеньчык, быццам цагліны.  Належала толькі выпісаць з-за мяжы майстра… Але запярэчыў пан. Навошта траціць вялікія грошы? Няхай пані перадасць  свой малюнак іх садоўніку, чалавеку простаму, але здольнаму. А той усё і зробіць.

Якое ж было здзіўленне пані, калі перад ёй паўстаў гожы, як малады кароль,  юнак з цёмнымі праніклівымі вачыма, ды яшчэ звярнуўся да яе на ейнай мове! Але гаварыў ён неадпаведнае. Маўляў, не варта знішчаць своеасаблівую прыгажосць  сада. А ссякаць квітнеючыя дрэвы ў гэтых краях увогуле  ўважаецца за страшэнны грэх. Пані глядзела на Гальяша, і ўпершыню ў яе рысах можна было прыкмеціць адценне пачуцця.. Якога? Складана сказаць. Чалавек часта сам не можа разабрацца ў сваіх пачуццях. Гнеў, трывога, здзіўленне, яшчэ нешта… Гэтак жа  незразумела ззялі і вочы маладога садоўніка.

Пані стаяла на сваім. Сад мусіць быць пераўтвораны.  Тады Гальяш прапанаваў – няхай  дадуць яму месяц, і ён зробіць у садзе такое дзіва, што пані сама не захоча гэта знішчаць.

Чаму пані пагадзілася? Уся прыслуга гадала – не магла даўмецца, чым крануў  ільдзяное сэрца гаспадыні садоўнік. Гальяш працаваў апантана, нават начаваў у садзе. Ці толькі сваё ўладанне ён хацеў абараніць, ці ставіў яшчэ якуюсь  мэту? Хто ведае. Хіба толькі тыя кветкі, якія ўласнымі рукамі ставіла пані кожны дзень у вазу на сваім століку.

Калі прамінуў месяц, пані сама прыйшла ў сад, каб паглядзець на абяцанае дзіва. Гальяш моўчкі пакланіўся і павёў  гаспадыню пад засень яблыняў. І пані Караліна не стрымала ўздыху: альтанка ў выглядзе сэрца, уся аплеценая ружамі, як чароўны куфэрак, уздымалася  над пышным кілімам кветак, і на тым кіліме можна было прачытаць прыгожа выпісанае імя : “Караліна”. Многа там, кажуць,  было яшчэ дзівосаў, але чаму  пані выйшла з саду хуткім крокам, і шчокі яе  ружавелі, як ніколі — не ведаў ніхто.

Пляткарылі, быццам бы нехта падгледзеў, як у альтанцы злучыліся на імгненне дзве постаці – але хто мог даць веры? Хіба Ільдзяная каралева магла цалавацца  з прыгонным садоўнікам?

Праз гадзіну Гальяша знайшлі ў той самай альтанцы – сядзеў, задуменны і маўклівы.  Чаму ён не ўцякаў? Бо шукалі яго, каб выканаць страшны загад пані. Садоўнік мусіў  назаўсёды застацца ў той  альтанцы. Сцерты з жыцця, як брудная пляма з чысцюткага туфліка. Пан быў у ад’ездзе, і не было каму заступіцца. Дый Гальяш нібыта не жадаў заступніцтва. Ён нічога не прамовіў, пакуль яго прывязвалі да калоны ў альтанцы. І потым, наступныя дні, калі ніхто не смеў наблізіцца да панскага саду, адтуль не даносілася ані стогнаў, ані крыкаў… Кажуць, пані гэтыя дні таксама не выходзіла са свайго пакоя. Бачылі, як яна ўвесь час стаіць перад вакном, за якім ззялі ружы і цямнела лісце бэзу, і ўглядаецца туды, дзе ў моры зеляніны і кветак памірае малады садоўнік.

А праз тыдзень  зашаргаталі пілы, застукала сякера … Сад  знікаў. А пані, усё гэткая ж гожая, спакойная і гордая, у белым касцюме, у  капялюшыку з бухматымі пер’ямі, садзілася ў карэту. І тут жа выскачыла з яе з жахлівым крыкам – а прычына была смешная: у карэце ляжала трохі  прывялая кветка ружы. Але пані паводзілася, быццам спаткала гадзюку. Ступіла на сцяжынку – зноў крык: ля дарожкі, між раўнютка падрэзаных травінак , стаілася маленькая  маргарытка…

Пан, калі вярнуўся з ад”езду, схапіўся за галаву. Прыгажуня жонка страціла розум: на месцы саду – заараная пустка, вакол маёнтку – пясок, і прыгонныя ходзяць, сагнуўшыся, выполваюць апошнія травінкі. А пані крычыць ад  страху ўжо ад парцалянавага кубка, на якім намаляваныя кветкі, ад узораў на шпалерах, што нагадваюць расліны… Зрывае з сябе сукенку, бо тонкі белы шоўк гэтак нагадвае пялёсткі ружы…

Гордасць, вядома,  можа перамагчы любую сардэчную пакуту. Але нікому не дадзена пераламаць сваю душу беспакаранна – як не можа існаваць кветка з пераламаным сцяблом.

Пахавалі пані на радавых могілках, на высокім беразе рэчкі. Тады на магіле Гальяша ўжо квітнеў малады ружовы куст.

На  магіле пані не было ані кветачкі, ані травінкі – толькі каменная пліта з анёлкамі , жалезны ланцуг ды жвір. Але раптам пачалі там вырастаць сінія кветачкі-гронкі.  Як іх не выполвалі  —  з’яўляліся зноў . Пачалі людзі гаварыць, што гэта пані спрабуе паказацца на свет у абліччы ненавісных ёй пры жыцці кветак.

Толькі не дарылі мясцовыя хлопцы гэтыя кветкі дзяўчатам – была расліна атрутнай.

Але любая атрута можа стацца  і зброяй, і лекамі.  І людзі навучыліся з дапамогай сіняй кветкі  спатольваць боль. А паколькі нагадвалі сінія кветачкі чаравічкі пані, то назвалі іх боцікі, боцікі паўночныя.

 

МЕЧ   У  МАГІЛЕ, альбо КАДЗІЛА  САРМАЦКАЕ

 

Калісьці нашы продкі верылі, што паходзяць ад сарматаў – старажытнага ваяўнічага племені. Асабліва шляхцічы любілі называць сябе  нашчадкамі сармацкай “залатой вольніцы”. І ў нашай вёсцы жыла калісьці  сям”я шляхціцаў-Гарэшкаў, з тых, каго называлі лапцюжнай шляхтай. Хадзілі ў той самай апратцы, што й мужыкі, гэтак жа ўраблялі свой надзел зямлі, і не  заўсёды мелі  кавалак сала да хлеба. Затое нават аручы зямлю, стары Гарэшка меў пры баку свой шляхецкі  меч. А хата ў  іх была, хоць і небагатая, але “на два канцы” – дзверы пасярэдзіне, ганак з драўлянымі калонамі і навесам. А суседзі-мужыкі мусілі звяртацца да Гарэшкі толькі “пан”. Бо, згодна  старому сармацкаму звычаю, у выпадку абразы пан Гарэшка, як праўдзівы шляхціц, мог любога з іх засячы сваім рыцарскім мечам. І, вядома, на самым бачным месцы ў хаце вісеў слаўны герб Гарэшкаў – з медзвядзём, што стаў на заднія лапы.

Ад усяго слаўнага роду Гарэшкаў засталося толькі трое –  стары пан Ладзіслаў, яго жонка Магдуля ды надзея роду — сын, Канстанцін Гарэшка. З маленства Кастусіка песцілі ды ўводзілі ў вушы, што ён – самы высакародны, самы разумны, самы прыгожы, самы дужы… І, зразумела, ажэніцца ён не йнакш як з князёўнай, і стане не менш, чым ваяводай або маршалкам. Вядома, гэткая важная асоба не мусіла пэцкаць рукі сялянскай працай – і Кастусік бавіў час, высакародна збіваючы палкай галовы дзядоўніка або седзячы з вудай над рэчкай.

Нарэшце паказаліся ў малодшага Гарэшкі на губе першыя вусы, а жаданая князёўна ўсё не аб’яўлялася. Час быў неспакойны, і на нашы землі  зноў прыйшлі ворагі. Князь збіраў войска, і пан Ладыслаў вырашыў, што няма лепшай нагоды для яго сына выявіць сябе, заваяваць славу і княскую ласку. Сапраўдны шляхціц – найперш вой! І пан Ладыслаў урачыста ўручыў  хлапцу іх радавы меч, стары,  але востры, як сама смерць.

Вядома, бацькі моцна пакутвалі ад думкі пра расстанне і небяспеку, але шляхецкі гонар – найперш! Канстанцін, які вылюднеў на той час на плячыстага і дужага, як  вол, дзецюка , і сам ірваўся ў лепшы, цікавейшы свет, здзяйсняць подзвігі.

Але подзвіг – гэта не ўся вайна. І не заўсёды сапраўдны подзвіг бачны і ацэнены. Беларускім вайскам даводзілася цяжка. Адзін за адным палалі мястэчкі і замкі, гінулі князі і простыя воі. Канстанцін Гарэшка бачыў, як смяротна паранены герой падае ў бруд, шэпчучы імя радзімы, і назаўтра пра яго  забываюцца. А багацей, які не ўмее трымаць у  руцэ меч і не падыходзіць да месца бойкі бліжэй, чым на адлегласць стрэлу, услаўляецца  за вялікага воя . Прагнасць і жорс ткасць ворага здавалася невымернай, і некаторыя пачалі страчваць надзею на перамогу… І нават на тое, каб  проста – выжыць. Юны Гарэшка не хаваўся  за чужыя спіны падчас бойкі, ён нават некалькі разоў вылучыўся сваёй адвагаю – але, не атрымаўшы жаданых узнагарод,  страціў  смак да гульні са смерцю. Вайна выявілася цяжкой працай, калі трэба было не толькі ўмець  хвацка  махаць шабляй,  але і цярпець  змору, голад  і сцюжу. А калі гарматы цэляць ледзь не ў галаву, якая розніца, чые рукі рыюць акопы – шляхецкія або мужыцкія.

І вось пасля асабліва жорсткай бойкі Канстанцін застаўся ляжаць па стаптанай чужымі коньмі зямлі. Не, ён не загінуў , толькі страціў прытомнасць з-за раны. А калі ачуняў і агледзеўся вакол, то пабачыў мёртвыя целы, крумкачоў і дым. Не відаць было за ўсім гэтым маршалкаўскай булавы і закаханай князёўны. Дурноцце…

І Канстанцін перавязаў сваю рану, на шчасце , лёгкую ,  і рушыў не шукаць свой полк, хоць  удалечыні даносіўся гук страшэннай бойкі  і крыкі аб дапамозе, а скіраваўся дадому, туды, дзе яго любілі, дзе ім заўсёды захапляліся і дзе ён быў самым лепшым.

Вёску, дзе жылі Гарэшкі , таксама не абмінулі нападнікі. Некалькі разоў жыхары  перабіраліся пад ахову замкавых сценаў і назіралі з–за іх, як гараць пакінутыя дамы. Але лёс быў літасцівы – і дом Гарэшкаў ацалеў, і  самі бацькі. Таму не было мяжы іх радасці, калі пабачылі сына жывым і здаровым.

Моўчкі выслухаў бацька  расповеды Канстанціна пра геройствы і нягоды, а таксама разважанні пра тое, што цяперака няма сэнсу ўвязвацца ў бойку — войска адступае, узнагарод ніхто нікому не раздае, толькі смерць можна зарабіць. Але гэта не надоўга – як толькі ворагі саслабнуць, а нашы пачнуць перамагаць,  як толькі прывядзе магутны князь  суседняй дзяржавы дапамогу – тады Канстанцін кінецца ў бойку,  і ўхопіць усё, што яму належыць за ягоную храбрасць. Вось якім мудрым вырас малодшы Гарэшка!

Доўга маўчаў пан Ладыслаў. Змрочна зірнуў ён на сына. Хіба ў сармацкім звычае – кідаць сваё войска ў цяжкую хвіліну? Хіба шляхціц ваюе не дзеля волі свае зямлі  і ўласнага гонару, а дзеля ўзнагарод?

Канстанцін са здзіўленнем усвядоміў, што родныя ім больш не захапляюцца і  нават дакараюць. Маці і тая спахмурнела і адышлася ў далёкі кут хаты. Што за прымхі? Ці бацькі шкадуюць, што іх адзінага сына не забілі ?

І тады стары Гарэшка са скрухай сказаў, што не вырасціў ён рыцара ў сваім доме. Вядома, Канстанцін абурыўся, і пачаў  зноў расказваць пра свае подзвігі ды наракаць на няўздзячнае вайсковае начальства.

Але  пан Ладыслаў рашуча ўзняўся .

— Пойдзем, праверым, ці годна ты захоўваў рыцарскі дух роду! Бяры з сабою меч.

Канстанцін паціснуў плячыма  і пайшоў за бацькам. Стары дзівак! Прывёў на могілкі, дзе пахаваныя многія пакаленні Гарэшкаў. Бацька і сын сталі на пагорку, які калісьці таксама быў магілай, і пан Ладыслаў прамовіў.

— Гэта – святая для нас зямля. Тут спачываюць слаўныя воі і чароўныя дамы.   У цябе ў руках  — іх спадчына: меч, з якім у руках адстойвалі гонар роду твой прадзед, твой дзед, я, твой бацька . На гэтым дзяржальне – цеплыня іх рук, на гэтым лязе – кроў іх ворагаў . Уваткні ж у гэтую зямлю зброю разам з той славай, якую ты здабыў.

Канстанцін ледзь не рассмяяўся. Але каб не крыўдзіць бацьку, зрабіў, як той прасіў. Але – вось  дзіва! Меч, уторкнуты  ў магільны пагорак, пачаў цьмянець, змяняцца… І  замест зброі на пагорку пагойдвалася высокая кветка з моцным сцяблом.

— Вось і вырашылася…– сумна зазначыў пан Ладыслаў , пакуль агаломшаны Канстанцін, якому адняло мову, спрабаваў  намацаць у зямлі  сляды зніклага мяча.—Не быць табе, сыне мой, рыцарам. Няма ў цябе цвёрдасці духу сапраўднага воя. Скончыўся слаўны род Гарэшкаў.  Так што ідзі, сыне, у  кляштар, і змяняй меч на кадзіла.

У кляштар Канстанцін, аднак, не пайшоў – занадта любіў ён сябе і асалоды жыцця. Але  і дома не застаўся.  І дзе згубіліся ягоныя сляды, не ведае ніхто.

А кветка, у якую ператварыўся стары меч Гарэшкаў, расце і дасюль. І завуць яе – сармацкае кадзіла.

 

 

 

ЗАЛАТЫЯ  КОСЫ, альбо ЗВАНОЧАК  РАПУНЦЭЛЬ

 

Ты, напэўна, ведаеш, што на  Беларусі былі такія самыя рыцары  і чароўныя дамы, замкі і  палацы, вялікія гарады і вясёлыя кірмашы, як і па ўсёй Еўропе. А які ж кірмаш без артыстаў і музыкаў! Прыязджалі вандроўныя акцёры да нас адусюль, паказвалі свае прадстаўленні на гарадскіх пляцах, у багатых палацах…

Запрашаў вандроўныя тэатры і пан, які жыў у палацы, што стаяў за тым лесам. Ад палацу нічога не засталося, адны камяні падмурка. Не засталося і памяці пра пана. Акрым адной гісторыі… Якраз пра тое, як  пад”ехаў аднойчы да варотаў замка дзіўны вазок, і дзіўна апранутыя людзі папрасілі прытулку. Былі гэта вандроўныя  акцёры. Яны гатовыя былі паказаць пану і панскім гасцям  самыя цудоўныя гісторыі – вясёлыя і  страшныя, пра няшчаснае каханне і пра хітры падман, пра караля і рыцара , сквапнага доктара і хітрага купца, злога разбойніка і добрага анёла. Сярод артыстаў вылучалася дзяўчына, якая іграла галоўных гераінь, якія або паміралі ад кахання, або шчасліва выходзілі замуж. Але  пра што б ні расказвала прадстаўленне, гледачы сачылі вачыма толькі за гэтай дзяўчынай, і кожнае слова з яе вуснаў адгукалася ў сэрцах. Ці была яна сапраўды незвычайнай прыгажуняй? Не ведаю, можа быць, і не. Прываблівала маладая актрыса сэрцы сваёй юнай весялосцю, дабрынёй, што свяцілася ў вялікіх блакітных вачах, і  гарэзнасцю, якая прымушала тыя вочы ззяць, як сонечныя прамяні ў ручаіне. І нават калі  дзяўчына не была на сцэне, усё роўна было чуваць яе прысутнасць– яна або нешта  расказвала, або спявала ці проста наігрывала на лютні – старажытным інструменце, чые струны гучэлі гэтак пяшчотна і таямніча. А як прыгожа таньчыла дзяўчына!  Маладую Агнесу любілі ўсе акцёры, асабліва смешны Марцэл, чарнявы і спрытны, як яшчарка, які іграў ролі блазнаў у сваім стракатым касцюме і рагатай шапачцы са званочкамі. Але Марцэл насмельваўся толькі паглядаць адданымі вачыма на сваю даму і смяшыць яе досціпамі ды жартамі.

Затое пан не лічыў патрэбным далікатнічаць. Вясёлая Агнеса спадабалася яму, і  вось ужо  лёкай перадае юнай актрысе загад: пасля прадстаўлення, як  сцямнее, прыйсці ў верхні пакой кутняй вежы, дзе ў пана мелася адмысловая апачывальня  з сіняй столлю, распісанай  залатымі зорамі.

Многа прыгонных дзяўчат і гэтых жа выпадковых госцяў, як Агнеса, хто з пакорлівасцю, хто са скрухай прыхозілі пад тое намаляванае неба.

Але Агнеса не хацела глядзець на залатыя зоры, калі над яе галавой  ззялі сапраўдныя, запаленыя самім Госпадам.

Ды не паслухацца пана было немагчыма. Удалося толькі адцягнуць прыкры візіт да апошняга дня гасцявання ў замку.

І вось пачалося апошняе прадстаўленне вандроўных артыстаў. Стаялі дзівосныя ліпеньскія вечары, калі купальская зеляніна буяе, нібыта ніколі не настануць халады, і русалкі бесклапотна бегаюць у празрыстых кашулях па высокай прыбярэжнай траве, срэбнай ад  расы.

На развітанне артысты паказвалі ўпадабаную ўжо гледачамі гэтага замка казку пра замежную красуню Рапунцэль, якую бацька зачыніў у каменым доме, а яна пакахала прыгожага рыцара і, каб ён мог падняцца да яе, апускала ў  акно свае доўгія-доўгія залатыя косы.

Вядома, ролю Рапунцэль іграла Агнешка.  У яе быў прыгожы парык, звіты з лёну. Рыцар з драўляным велізарным мячом падыходзіў пад вакно, прарэзанае ў дашчаным шчыце, і прамаўляў: “Рапунцэль, Рапунцэль, апусці да мяне свае косы!” І ўсё гледачы вельмі смяяліся, бо па косах Агнешкі-Рапунцэль рыцар узбіраўся, як сабака на дрэва. Толькі з дапамогай блазна-Марцэла ён ускараскваўся да сваёй каханай. Але зараз жа выскокваў вонкі, і ў вакне паказваўся раз”ятраны бацька красуні з прывязанай аўчыннай барадой  і пагрознай доўбняй у руцэ.

Прыслугу, якая таксама збіралася паглядець на вясёлых гасцей, асабліва смяшыла імя гераіні. “Рапаца, Рапуца”—паўтаралі яны кожны на свой лад, і нават між сабой называлі гэтак Агнешку. А пан задаволена паглядаў на сваю будучую  “здабычу”  і нават паслаў да дзяўчыны на сцэну сказаць,  каб  з”явілася ў вежу ў гэтым жа прыгожым касцюме.

Багатыя людзі ніколі не задумваюцца пра тое, што ва ўсіх людзей, жабракоў і магнатаў , аднолькавыя пачуцці. Што гонар можа хавацца і пад блазнаўскай адзежай, а каханне, здольнае на самаахвярнасць – у самым бесклапотным і вясёлым чалавеку.

Няўмольна набліжалася ноч. У небе запалілася першая зорка, няхітрыя прыстасаванні  акцёраў схаваліся ў вазку, але сёння не гучэлі смех і песні яго гаспадароў.  Жвавы Марцэл кудысьці знік, а Агнешка, захутаная ў доўгі плашч, панурыўшы галаву,  пайшла да вежы, не чакаючы, пакуль  за ёй з”явяцца прыслужнікі.

Калі гаспадар замка  скіраваўся да месца спаткання, то з задавальненнем убачыў, што красуня ўжо чакае яго. Прычым нецярпліва – вунь з вакна звешваюцца  светлыя косы Рапунцэль. Пан задаволена ўсміхуўся – чаго яшчэ чакаць ад валацужнай акцёркі! Трэба будзе добра ёй заплаціць за паслужлівасць. Ды яшчэ пасмяяўся з лёкаямі: ці не думае дурнічка наўсур”ёз, што ён, пан,  палезе па яе косах наверх, як у спектаклі! І што ж там за Рапунцэль такая была насамрэч у Нямеччыне – жанчына-волат, ці што, калі магла вытрымаць на сваіх косах вагу здаровага мужчыны?

У пакоі з намаляванымі на столі залатымі зорамі  пан убачыў, што яго красуня ўсё яшчэ стаіць, адвярнуўшыся да вакна. Не зварухнулася яна і тады, калі пан падазваў яе да сябе. Відаць, вырашыла пагуляць у сціпласць…

Але калі пан, трохі пачаўшы злавацца на непаслухмянасць,  наблізіўся да дзяўчыны сам і тузануў яе за плячо, то постаць красуні павалілася са страшэнным грукатам. І пан убачыў, што замест Рапунцэль-Агнешкі перад ім ляжаць пустыя рыцарскія латы, што звычайна стаялі ў далёкім куце пакоя,  доўгі плашч, парык з залатымі косамі і – самае абразлівае –   стракатая шапачка блазна са званочкамі. Ну і раз’юшыўся пан! Шпурнуў блазнаўскую  шапачку праз вакно ды пабег шукацыь ды караць…

Але караць не было каго – вазок  з артыстамі, як аказалася,  адразу пасля прадстаўлення з”ехаў, і слядоў яго ў наваколлі знайсці не ўдалося. Можа, бадзягі схаваліся ў лесе? Можа, кінулі свой скарб у балоце, дый рушылі пешкі? А  можа, былі ў акцёраў спачувальнікі і памочнікі сярод мясцовых? Хто ведае. Пан гатовы быў на косах акцёрскага парыка павесіць  і саму Агнешку, і блазна, які гэтак над ім насмяяўся. Бо няйначай  што гэта  Марцэл зайшоў у вежу пад выглядам  Рапунцэль, ён жа зрабіў яе чучала і апусціўся па косах  ў сад. І пакінуў пану на памяць шапку блазна са званочкамі.

Пан загадаў спаліць тую шапку разам з усім, што засталося ад шкадлівай Рапунцэль —  гэта ён таксама  павыкідваў у сад. Там, дзе гарэла вогнішча, выраслі вясёлыя сінія кветкі, падобныя на званочкі. І людзі ў замку, якія не забыліся на артыстаў, пачалі іх называць, вядома, каб не чуў пан,  званочкамі  Рапунцэль.   І казалі, што  цёплымі купальскімі начыма чуваць, як кветкі ціха пазвоньваюць , нібыта смяюцца .

 

 

 

 

 

 

 

 

 

МУРАТ  І  АЛЕСЯ, альбо ТАЙНІК  СЭРЦАПАДОБНЫ

 

На Беларусі жывуць не толькі беларусы. Дзеці розных народаў знаходзілі тут свой прытулак, і спаконвеку павялося, што ўсе жылі мірна, паважалі  адзін аднаго, разам баранілі гэтую зямлю ад нападнікаў.

Многія вёскі на нашай зямлі маюць назву Татары, або Татарскія. Беларускія татары змагаліся разам з беларусамі  пад Грунвальдам супраць  крыжакаў,  старажытныя кнігі нашых татар – кітабы – напісаны арабскімі літарамі, але на беларускай мове. Славіліся  людзі з гэтага народу як добрыя майстры, працавітыя і сумленныя.

Было такое паселішча  і ў нашых мясцінах. Побач,  аддзеленыя невялікая паласой лесу , стаялі две вёскі – беларуская і татарская. Жыхары іх сябравалі, размаўлялі на адной мове, бралі ваду з адной ракі. Моладзь  разам ладзіла пагулянкі. Адзінае, даўней не было такога, каб браліся шлюбам, хто  звяртаецца да Бога па-рознаму.

Але ж хіба загадаеш сэрцу! І малады Мурат шчыра пакахаў блакітнавокую Алесю. І Алеся прыхінулася сэрцам да чарнавокага хлапчыны, гэткага спрытнага і дужага. Бацька Мурата гадаваў коней – кажуць, у яго былі  лепшыя коні не толькі ў акрузе, але, мо, і па ўсёй Беларусі. І  калі Мурат скакаў на сваім улюбёным вараным з бацькавага табуна, здавалася, быццам гэта імчыцца чорны віхор. Не быў бедным і бацька Алесі  — піва, што варылі на ягоным бровары, успамінаюць і дасюль. Такое, маўляў, было густое,  што пакладзі ў куфаль манету – не патоне.

Мурат і Алеся доўга  хавалі сваё каханне ад усіх. Але  ж гэта ўсё роўна, як хаваць у сувоі гарачы прысак. Урэшце першым наважыўся Мурат – але варта было яму толькі рэкнуць пра шлюб з беларускай дзяўчынай, абрынулася навальніца бацькоўскага гневу. Супраць звычая! Нібыта звычаі прыдумваюць не людзі. І нібыта звычай – гэта кавалак  хлеба або ўратаванне для душы.

Мурат гатовы быў адмовіцца ад бацькоўскага бласлаўлення і бацькоўскага багацця. Але дарэмна ўпрошвала Алеся сваіх бацькоў: што за зяць-басурманін! Ніколі ў іх вёсцы такога не было!

Давялося закаханым перажыць горкія часы. Алесю больш не пускалі на вячоркі ды ў карагоды, дзе яна і пазнаёмілася з Муратам. А хлапца бацька ўсё часцей адсылаў  з коньмі ў далёкія  вандроўкі па справах гандлёвых.  Адзіная была радасць для  хлапца і дзяўчыны – падысці ўпотайкі да вялізнага каменя, што стаяў на раздарожжы між іхнімі вёскамі, і  дастаць са сховішча пад  ім чарговую цыдулку.

Гэтак аднойчы атрымала Алеся пасланне ад Мурата. Здавалася, што дрэнна, але цяпер сталася яшчэ горш. Бацька прымушаў  Мурата жаніцца – раз ужо таму не церпіцца. Дзяўчыну высватаў у багатага суродзіча недзе ў суседнім павеце. Паводле звычаю, Мурат нават аблічча сваёй нявесты не мусіў бачыць да вяселля. Але хлопец гатовы быў лепш памерці,  але не звязаць свой лёс з іншай.

Алесіны бацькі таксама не дрэмлюць: то аднаго хлапца Алесі нахвальваюць, то другога…

Не было  іншага выйсця , як уцякаць.

Ужо дамоўлена ўсё было між хлопцам і дзяўчынай, ужо хаваў пад  сабой камень апошнюю цыдулку, у якой Алеся паведамляла Мурату, дзе і калі ім належыць сустрэцца…

І невядома, ці знайшлі б закаханыя шчасце ў чужой далёкай старане, але матка Алесіна зацікавілася. Чаго гэта дачка ўсё кіруецца за вёску, на раздарожжа. Ці не сустракаецца  там са сваім чарнявым?

Не. Падыдзе да  камня , нахіліцца, ды вяртаецца дадому. Што за чарадзейства?

Дадумалася кабета памацаць пад каменем, дзе схілялася яе дачка. А  там,  схаваная травой, у камяні – расколіна, а ў расколіне —паперка.

Замкнулі Алесю ў пакоі – хто ж зважае на дзявочыя слёзы? Бацькі, вядома, заўсёды лепш ведаюць, як іх дзецям будаваць сваё жыццё і з кім жыць. Дарэмна чакаў Мурат з двума самымі хуткімі коньмі ў прызначаным месцы. Чакаў, пакуль не пабачыў, што над вёскай каханай уздымаюцца слупы дыму.

Гэта не быў проста пажар. У чарговы раз на нашую  зямлю напалі ворагі. Якая  розніца, з Усходу яны былі, з Захаду або з Поўдня – аднолькава бязлітасна рабавалі, забівалі  ды палілі, лічачы, што  гэтая зямля  мусіць належаць ім. У такія хвілі  не было ані конюха, ані півавара,  ані каваля,  ані шаўца – усе былі воі.  Мужчыны і жанчыны побач уздымаліся на абарону сваіх дамоў. Але не заўсёды ўдавалася адстояць сваё. Вось і цяпер занадта дужае было войска, і чужынцы, прагныя да здабычы, пачалі ўломвацца ў свірны і паграбы, хапаць прыгожых дзяўчат… Бацька Алесі яшчэ бараніў свой дом разам са сваймі работнікамі. Алеся дапамагала, як  магла, але пачала ўжо  болей спадзявацца на кінжал, схаваны на грудзях, які адзіны мог уберагчы ад ганьбы.

Але  тут пачуўся шалёны пошчак коней і крыкі. Алеся вызірнула ў вузкае вакенца – і сэрца яе закалацілася: на дапамогу суседзям скакалі жыхары вёскі за лесам, і наперадзе ехаў малады чарнявы хлопец, узброены шабляй.

Жыхары двух вёсак, аб’яднаўшыся, прагналі ворагаў. Вядома, шмат хто быў паранены , былі  і загінуўшыя. Але сем’і Алесі і Мурата ацалелі. І хіба можна глядзець коса на таго, з кім плячо ў плячо  біўся супраць смяротнай небяспекі? З бацькам  Мурата і бацькам Алесі  менавіта так і атрымалася.  І хутка абедзьве вёскі гулялі на вяселлі.

Сям’я  у Алесі і Мурата атрымалася на зайздрасць усім – штогод па сыне. Было каму і піва варыць, і коней гадаваць.

Але ўспамін пра перажытае не знік.  І калі вяселле ехала з аднае вёскі ў другую, маладыя папрасілі спыніцца ля каменя на раздарожжы, які быў сведкам і памочнікам іх кахання . І Алеся адшпіліла ад гарсэту белую шаўковую  кветачку  і паклала ў іх тайнік – няхай і камень даведаецца,  як шчасліва скончылася гэтая гісторыя!

А на наступны год ля каменя вырасла кветка з пяшчотнымі  белымі пялёткамі і зялёнымі пругкімі лістамі, падобнымі да сэрцайкаў. Адразу ў вёсцы пачалі гаварыць, што кветачка дапамагае ў сардэчных справах. Прыме дзяўчына  яе ў падарунак – значыць, кахае.

Вось і назвалі яе тайнік сэрцападобны.

 

 

 

КАРАЛЕЎСКІЯ  КАРАЛІ, альбо КАСЦЯНЕЦ  НАСЦЕННЫ

 

Ты думаеш, папараць – звыклая нам разлапістая расліна, прыкрашаная толькі паданнем пра тое, што раз на год яна цвіце? І памыляешся. Папаратнікаў насамрэч вельмі шмат, яны розныя, і  адзін да аднаго не падобныя… Ёсць сярод іх нават такія, што могуць расці на камянях – на адхоне скалы ці на муры… Адкуль такое ўменне ў, здавалася б, лясной расліны?

Што ж, і чалавек, здараецца, у хвілю адчаю і небяспекі набывае неўласцівыя яму раней якасці.

Памятаеш, калі мы з табой хадзілі на кірмаш у наша мястэчка, ты пытаўся ў мяне, што гэта за разваліны там на ўскрайку – дзве мураваныя сцяны на расколатым падмурку, ганак, па якім цяпер узыходзіць толькі вецер, ды неба замест даху?

Чатыры стагоддзі таму быў гэта вялікі каменны дом, які належаў старасце гэтага мястэчка. А местачковы староста – гэта быў чын немалы. Абіраўся ім самы паважаны жыхар наваколля… Зазвычай быў ён і самы заможны. Так ужо павялося – што павага і заможнасць у грэшных вачах людскіх знітаваныя. Але пан староста Астафій  Вярыга мог выклікаць павагу не толькі таму, што валодаў сапраўды вялікім багаццем. Паспеў ён слаўна паваяваць, пра што сведчылі шнары на суровым цёмным твары, і не цярпеў няпраўды – ні ў чым, нават у самай дробязі. Пераканацца ў гэтым маглі ўсе месцічы – бо старосту належала быць яшчэ і суддзёю. Заступаўся Астафій Вярыга, згодна Статута Вялікага княства Літоўскага, за сіротаў і ўдовіц, не баючыся багатых і ўплывовых іхніх крыўдзіцеляў, але здаралася і так, што за малую правіну кагось асуджаў на суровую кару – бо лічыў, што перад вачыма неба нават думка пра грэх роўная граху, і нават малы дамешак бруду не дазваляе назваць ваду чыстай. Напэўна, цяжка жылося разам з такім суровым чалавекам. Але пра гэта ніхто дакладна не ведаў – бо жонка пана Астафія, ціхмяная хударлявая пані Зоф’я, ніколі не скардзілася на мужа… Дый увогуле пачуць ад яе слова мала каму даводзілася. Затое паненка Марыська, дачка старога суддзі, сакатала, як малое галчаня. Дый чарнявенькая была, як галчаня —  у бацьку ўдалася.  І хаця цаніліся ў той час беласкурыя й белагаловыя кабеты з цнатлівым пунсовым румянкам, але смуглявенькая  Марыся з бліскучымі чорнымі косамі, укладзенымі ганарлівай каронай на галаве, многім хлапцам падавалася сапраўднай каралевай. Яна нават бацьку свайго амаль не баялася. Хаця, вядома, гаварыць у яго прысутнасці такама старалася меней: бо справа кабеты – маўчаць і слухацца бацьку альбо мужа.

Таму юнакі, хаця й апякалі вочы аб Марыську, але цудоўна ведалі: руку сваю аддасць яна таму, каму загадае бацька. Ну а сэрца насмешніцы Марыські не належала нікому. Бо акрым насмешак ніводзін заляцаннік ад яе нічога не чуў. І гэтак жа ўсе ведалі, што малады Міхал, лепшы вой  асабістай аховы пана старосты, закаханы ў дачку свайго гаспадара, як ластаўка – у неба.  Ніхто, аднак , не мог папракнуць юнака ў дзёрзкасці – ён нават размаўляць не наважваўся са сваёй зоркай. Толькі глядзеў… Што ж, бедны шляхціц, сірата баз маёнтку і багатых родзічаў не можа спадзявацца на каханне дачкі магната. Ды й сам Валовіч здагадваўся пра пачуцці свайго любімага воя – і паблажліва ўсміхаўся, гледзячы, як той, мужны і непахісны падчас ваенных выпрабаванняў, пакутліва чырванее, калі ў залу лёгкай хадой заходзіць Марыська… А для той што бацькаў слуга, што слуп – усё адно.

У мястэчка прыйшла незвычайная вестка:  хутка тут спыніцца дэлегацыя, што кіруецца да самога караля! Кароль жэніцца, і ў падарунак нявесце вязуць незвычайна прыгожыя і дарагія каралі, замоўленыя каралём дзесьці на Усходзе ў вядомага майстра – з камянямі, якіх у Еўропе няма, з выкладзеным з каляровых перлінаў каралеўскім гербам… Цэлы атрад рыцараў ахоўвае  гэтую нечуваную каштоўнасць. І , вядома, самы надзейны будынак у горадзе , каб атрад мог пераначаваць – дом пана старосты.

Вярыга з пашанай прыняў гасцей… Увесь вечар тыя, каму пашчаслівілася, любаваліся каралямі будучай каралевы, выстаўленымі на аксамітнай падстаўцы у адмысловым куфэрку . А на нач суддзя паставіў такую ахову, каб і мыш не праслізнула, ні ластаўка не праляцела. Вакол дома – кола вояў, у доме – варта, ды яшчэ ў пакоі з каралямі – ніводнага вакна… І даў пан Вярыга сваё шляхецкае слова гасцям, што ніводная рука не дакранецца каралеўскага падарунка, ніводнае вока зламысніка не зможа на яго зірнуць…

Але калі раніцай госці прыйшлі забіраць куфэрак з каралямі, адзін з іх заўважыў, што ўпрыгожванне ляжыць на аксаміце не так, як яго паклалі ўчора. Другія прыгледзеліся… І праўда! Ноччу нехта кранаў каралеўскі падарунак. Ганьба! Пан Вярыга запалаў гневам, як сухі трыснёг, і крыкнуў, што абавязкова знойдзе злачынцу, адсячэ яго здрадлівую руку, выкале вочы і вырве падступнае сэрца… Госці пачалі супакойваць пана – усё-ткі нічога не знікла… І падарунак у цэласці… Падзяквалі за гасціннасць – і з’ехалі. А суддзя пачаў допыт. Вядома, падазрэнне ўпала на хатніх. Вярыга сабраў усіх у зале  – у тым ліку  жонку і дачку. Калі ніхто дабраахвотна не прызнаецца – пан гатовы быў на любы спосаб. Напрыклад, старажытнае выпрабаванне з кавалкам распаленага жалеза – толькі невінаваты бесперашкодна возьме яго ў рукі. Марыська, пачуўшы пра жалеза, ціха ўскрыкнула. Пан Астафій падазрона паглядзеў на дачку. Пад ягоным цяжкім позіркам тая ледзь не самлела… Працягнула ўмольна рукі… І тут наперад выступіў Міхал.

— Гэта я вінаваты.

Пан Астафій уразіўся: навошта ягоны вой чапаў каралі? Хацеў скрасці?Але Міхал сказаў толькі, што ніколі не бачыў такой прыгожай рэчы, вось і спакусіўся разглядзець пабліжэй.

Гэта было не вельмі падобна да праўды. Але пан Аўстафій, раз’ятраны дарэшты, вынайшаў сваё тлумачэнне: нягоднік проста хацеў зганьбіць яго перад гасцямі, адпомсціцца за якую крыўду.

Усе ўгаворвалі Вярыгу не караць Міхала надта строга. Не такі страшны ўчынак, дый прызнаўся сам. Але суддзя быў няўмольны.

На гарадскім пляцы – там, дзе цяпер рынак, беднаму юнаку адсеклі руку, выкалалі вочы… А калі кат вырваў з ягоных грудзей яшчэ жывое сэрца, шмат хто з месцічаў не змог стрымаць слязу… Хаця людзі на той час бачылі жорсткасці куды больш, чым ты сёння бачыш у страшных фільмах, і пакараннем злачынцы іх уразіць было цяжка. Але надта ж дробнай побач з пакараннем выглядала правіна юнака. Дый ці была тая правіна – шапталіся людзі…

Мусіць, заставаліся сумнівы і ў пана Астафія… Таму што калі ён прыйшоў з плошчы дадому, змрочны, як хмара, і сустрэўся паглядам са спалоханымі вачыма дачкі, то спыніўся, і ягоны позірк, здаецца, прыгінаў яе да зямлі… Суддзя сказаў дачцы, што будзе чакаць яе праз гадзіну ў пакоі без вокнаў.

Марыська ўвайшла, як заўсёды, лёгкай хадою, нават усміхаючыся. Пан Астафій мераў пакой цяжкімі крокамі.

— Ты нічога не хочаш мне расказаць, Марыся? – сурова спытаў ён. Паненка збялела, але усмешка не сышла з яе вуснаў. А пан суддзя працягваў.

— Нягоднік, якога сёння пакаралі, быў вінаваты. Але не ў тым, што было абвешчана. Ён бачыў, хто ўвайшоў у пакой з каралямі, бо я сам ставіў яго на варту перад тым пакоем. Ён дазволіў злачынцу зайсці і не выдаў яго. Але ён, бязмозглы дурань, які страціў розум ад дзявочых вочак, не мог аднаго: прымерваць жаночыя каралі на сябе. Так,так. Я адразу заўважыў, што зашчапка ўпрыгожвання зрушана – нехта ёю карыстаўся. І гэта магла рабіць толькі дзяўчына. Разбэшчаная дзяўчына, якая вырашыла, што ёй усё дазволена…. Так, Марыська?

Паненка ўпала на калені…

Суддзя не стаў слухаць яе апраўданняў. Ён выйшаў з пакоя і замкнуў яго…  Сцены ў доме пана старасты былі тоўстыя. І крыкі раставалі сярод іх, як адліжны снег.

Тыя, хто праязджаў раз гэтае мястэчка праз год, дзівіліся: дом пана старосты стаяў з забітымі аканіцамі. Пусты… Усе Вярыгі ляглі ў радавы склеп на мясцовых могілках ад незразумелай пошасці, і два анёлы вартавалі іх парэшткі. Сёння няма ні тых анёлаў, ні склепу Вярыгаў – усё панішчыў час, а дакладней, дурныя людзі. А на мурах закінутага дому – яго палічылі праклятым, і ніхто не зажадаў там сяліцца – вырасла разлапістая расліна, падобная на папараць… Асабліва шмат яе было там, де ў разруйнаваным будынку знайшлі чалавечыя косткі. Ад гэтага, альбо не – але вучоныя людзі назвалі расліну касцянец насценны. Нават там, дзе няма за што, здавалася б, зачапіцца, ён вырастае – як праўда з’яўляецца на вытаптанай маной паверхні часу.

 

 

 

 

НЕПРЫГОЖАЯ  НЯВЕСТА ПРЫНЦА, альбо  УВЯРЭДНІК  СКІПЕТРАПАДОБНЫ

 

Вядома, няма дзяўчынкі, якая б не марыла быць прынцэсай, і хлопчыка, які б не марыў быць прынцам. Але хіба стаць прынцам азначае стаць шчаслівым, а прынцэсай – займець добрае сэрца і прыгажосць? Быў у нашага караля сын, наследнік, улюбёнец бацькоў. Не вызначаўся ён, калі папраўдзе, ні казачнай прыгажосцю, ні волатавай моцай, ні асаблівай мудрасцю. Але звык да таго, что калі з ім хто з прыдворных кавалераў біўся на шпагах – то абавязкова вельмі хутка аказваўся пераможаным. А калі настаўнік спрабаваў чамусьці яго навучыць – то вельмі хутка разводзіў рукамі ды абвяшчаў пані каралеве, што сын яе занадта разумны ды высакародны хлопчык, каб засвоіць гэткую простанародную навуку, як матэматыка альбо граматыка… Зразумела, юнаму бэйбусу не прыходзіла ў галаву, што яму паддаюцца і хваляць, бо не хочуць непрыемнасцяў. А маці шчыра лічыла, што яе ненаглядны сынок ад прыроды ведае ўсе, што належыць ведаць каралю. Калі войска выйгравала бойку, прынцу абавязкова ўрачыста ўручаўся найвышэйшы ордэн – хаця ўся ягоная заслуга была ў тым, што ён трохі пажыў у шаўковым намёце на бяспечнай адлегласці ад поля бою ды праехаўся на кані перад шыхтамі рыцараў, што адпраўляліся аддаць жыццё за радзіму.

Неўпрыкмет прынц ператварыўся з капрызлівага дзіцяці ў капрызлівага юнака. І хаця ад смакотнага печыва, да якога прынц быў вялікі ахвотнік, ягоная пастава нагадвала ігрушу, найлепшыя прыгажуні каралеўства дарылі яму палкія позіркі, і кожная была б шчаслівая стаць ягонай абранніцай – не дзеля кахання, вядома, а дзеля кароны ды каралеўскага скіпетра. Але прынц не спяшаўся абраць кагосьці сваёй нявестай. Хоць каго ўжо яму толькі не сваталі – партрэты дзяўчат каралеўскае крыві прывозілі адусюль: з Нямеччыны і Ангельшчыны, Вугоршчыны ды Маскоўшчыны… Ясная справа, галоўнае — дзяржаўныя інтарэсы… Але прынц усё роўна патрабаваў, каб нявеста была не толькі радавітай, але і гожай.  Ды роўнай сабе па гожасці ён не знаходзіў.

Пачалі збіраць для прынца звесткі пра ўсіх самых прыгожых дзяўчат і ў самім каралеўстве, і маладому бэйбусу гэты дужа спадабалася. Ён так увайшоў у смак, што пачаў сам аб’язджаць княскія ды шляхецкія балі – нібыта каб выбраць сабе нявесту, а насамрэч каб яшчэ больш упэўніцца ў сваёй непараўнальнасці – вядома, правінцыйныя паненкі гатовыя былі са скуры вылузацца, абы звярнуць на сябе ўвагу высокага госця. Дый прыгажунь сярод іх выявілася куды больш, чым у каралеўскіх палацах. Вось так прынц патрапіў на баль да нашага мясцовага князя. Яго замак стаяў вунь за тым лесам, змрочны, з магутнымі мурамі і вартавымі вежамі – уладальнік не любіў усялякіх новаўвядзенняў, і нават вопратку насіў, якую насілі прадзеды, так званую сармацкую. Ці варта казаць, што й усе хатнія князя мусілі прытрымлівацца тае самай даўніны – і ў адзежы, і ў звычаях.

Князь, вядома, гасцінна прыняў маладога госця, з якім, дарэчы, быў у далёкім сваяцтве. Ды і госць асабліва нос не задзіраў, бо князь быў вядомым вайскаводцам і ваяром, і нават сам кароль яго паважаў і трохі асцерагаўся ягонага суровага нораву. І патаемна радаваўся, што гэты суровы ваяка не любіць свецкага жыцця і амаль не выязджае са свайго мядзвежага кута.

Прынцу загадзя падрыхтавалі спіс мясцовых прыгажунь. Ён сядзеў на пазалачаным крэсле, прыгажуні па чарзе падыходзілі, прадстаўляліся, кідалі на прынца хто палкі позірк, хто сарамлівы. Хто чырванеў, хто гарэзліва ўсміхаўся… А госць шэптам абмяркоўваў са сваймі сябрамі гэтых правінцыялак: у той ногі, відаць, крывыя, у гэтай губы як лапаты. У той нос задоўгі… А апранутыя як – нібыта ў прабабулек пазычылі. Над адной паненкай асабліва пацешыліся – строй чорны, як ва ўдовіцы. Каўнер пад горла, ніякіх упрыгажэнняў, гладка зачасаныя чорныя валасы, ніякага намёку на кудзеркі, і – Бог ты мой! – каптур!  Нібыта паненцы паўсотні гадоў! А тая як і не адчувае насмешных позіркаў, спакойна падыйшла – як праплыла, пакланілася. Нарэшце падняла вочы… А вочы якія! Як дзве цёмныя зоркі! Цікава, каб апрануць гэтую панну па модзе, у гарсэцік… Нават сябрукі прынца языкі праглынулі, разглядаючы такую пекнасць…

Але панна Анэля, дачка гаспадара замка, гарсэцікаў не насіла – а толькі старадаўнія строі, што пасавалі сціплай кабеце-ліцвінцы. І ад гэтага ніколькі не пакутвала. Бо ўспадчынніла ад бацькі суровы горды нораў, і лічыла адзіна вартымі якасцямі рыцара мужнасць ды сумленнасць. Таму спешчаны прынц у карункавым каўняры, падобным да жорнаў, не выклікаў у дзяўчыны нічога, акрым стрыманай пагарды – усё-ткі каралеўская асоба… А прынц вырашыў зрабіць нечаканую літасць для гэтай смешнай дзікункі – перамовіцца з ёю колькімі паблажлівымі словамі. Але ў словах Анэлі не гучэла звыклага  каралевічу захаплення… Каб ён мог паверыць, што можа не спадабацца дзяўчыне – дык пакрыўдзіўся б. А так вырашыў адно – дрэнна выхаваная. Але ўсё-ткі было ў абліччы дзяўчыны нешта такое, што не давала прынцу яе забыць. Цэлую ноч снілася яму дачка ўладальніка замка ў розных, самых модных, строях… І адразу бачылася, што няма роўных такой красуні.

Так  затрымаўся юны каралевіч у замку старога рыцара. І наўрад ці можна было сказаць, што ён закахаўся – не, але надта ж яму карцела пабачыць у вялікіх спакойных вачах дзяўчыны тое ж захапленне, што й у вачах іншых дзяўчат – наперабой стараліся дагадзіць, смяяліся над жартамі госця, распытвалі пра ягоныя вайсковыя подзвігі… А Анэля толькі усміхнецца куточкамі вуснаў ды пазірае некуды ўбок… І гэтак жа адводзіць вочы адзін з мясцовых рыцараў, па мянушцы Ясень.

Скуль было ведаць каралевічу, што Ясень і Анэля даўно ўжо бачаць адзін аднаго ў снах, і сам князь быў бы не супраць аддаць дачку за гэтага мужнага рыцара.

Але й стаць цесцем будучага караля… Ад такога не адмаўляюцца. Таму, хаця й не па нораве князя былі легкаважныя паводзіны прынца ды ягонае світы, але за гонар лічыў іх у сябе прымаць, і зацікаўленасць прынца Анэляй таксама лічыў за гонар. Вядома, і адзінага непрыстойнага слова на адрас дачкі нават ад каралевіча не паярпеў бы… Але  венцаносны бэйбус сам гэта цудоўна разумеў, і з паненкай быў выключна ветлівы. Чуткі пайшлі ажно да сталіцы, уся дзяржава чакала, чым скончыцца зацягнутае гасцяванне…

І цямнеў тварам Ясень, разумеючы, што супраць такога заляцанніка ні шчырае каханне, ні рыцарская адвага не дапамога.

І тады сябрук ягоны, вясёлы Януш, паэт і лютніст, суцешыў рыцара: ёсць выйсце…

Гуляў каралевіч з паненкай па прысадах, пачціва трымаючы свой капялюш, упрыгожаны залацістымі бухматымі пер’ямі, у руцэ, і расказваў нешта забаўнае. Анэля моўчкі слухала, апусціўшы вочы… За парай ішла цэлая плойма прыдворных .

“Фу, якая непрыгожая паненка з каралевічам ідзе…”—раптам пачуўся нечы шэпт за спіной каралевіча. Той азірнуўся, але не змог вызначыць, хто шаптаў. Скрывіўся каралевіч, рушыў далей…

“І як гэта каралевіч закахаўся ў такую страшную?”–“У яе твар смуглявы!”– “У яе вочы занадта цёмныя!”

Шэпты чуліся ўжо нібыта з усіх бакоў.

Каралевіч спахмурнеў. Больш за ўсё на свеце ён баяўся падацца смешным. Зірне на Анэлю – сэрца замрэ! А ўспомніць насмешныя шэпты – здаецца, і сапраўды дзяўчына непрыгожая…

Змоўк прынц… І ўсё яму здаецца, што людзі вакол таксама смяюцца , што ён такую непрыгожую дзяўчыну выбраў з усіх найлепшых прыгажунь.

Павярнулі назад…

“Непрыгожая!”

Ці зноў нехта шапнуў, ці прынцу падалося – але ён спыніўся. Зласліва кінуў у калюжыну свой шыкоўны капялюш,  не развітаўшыся з дзяўчынай, подбегам пасунуўся да замку – і адразу ж ад’ехаў.

Кажуць, што ў хуткім часе ажанілі прынца з нейкай шведскай прынцэсай. На партрэце прывабная была. А прыехала – такая ж таўсманная, як і прынц… Ды назад не адашлеш – давялося жаніцца.

Анэля пабралася з Ясенем. На вяселлі граў лютніста Януш і славіў у песнях гожасць нявесты. І князь, калі й шкадаваў, што не стаў цесцем караля, дык усё-ткі радаваўся шчасцю дачкі. А капялюш, што кінуў прынц на траву, падабралі дзеці… Такія ж, як вы. І пабачылі, што растуць пад ім дзіўныя кветачкі, залацістыя, як пер’і на капелюшы, ды падобныя да каралеўскага скіпетру — ганарлівыя, як той каралевіч-увярэднік.

Яны й цяпер растуць на балоцістай глебе, падалей ад людскога вока – нібыта ад сораму хаваюцца.

 

 

 

ПРАЎДА  ЛІРНІКА  ВЕНАНЦЫ, альбо ЧЫСТАВУСТ  КАРАЛЕЎСКІ

 

Не вер таму, хто кажа, што каралямі могуць быць толькі тыя, што жывуць у палацах, ядуць з залатых талерак і едуць на белым кані на чале пераможнага войска.

Быў у нашых краях кароль, які хадзіў у лапцях і падранай світцы, і калі не пускалі яго пераначаваць добрыя людзі – задавольваўся стогам сена альбо закінутай адрынай. Але ўсе звалі яго каралём – каралём лірнікаў. Ты, вядома, ведаеш, што былі на Беларусі такія вандроўныя музыкі, што захоўвалі з веку ў век песні пра волю і пакуты, пра подзвігі і вялікія бітвы нашага народа. Не абыходзіўся без спеву і грання лірнікаў ніводзін кірмаш, ніводнае самавітае застолле.

Зазвычай лірнікі былі сляпыя і старыя, але лірнік Венанцы, пра якога мы гаворым, быў малады і відушчы. Ягоныя вочы былі зялёныя, як лісты чарохмі, прамытыя дажджом. Казалі, што Венанцы належаў не да самага апошняга ў свеце роду, але збяднелага ўшчэнт, так што нашчадкаў пазбавілі шляхецтва. У Венанцы не было ні дому, ні сваякоў, ні каня, ні мяча – толькі ліра ды гучны голас, а яшчэ слава чалавека, які ні разу ў жыцці не сылгаў. Але мелася адно дзівацтва ў Венанцы, якое не маглі яму дараваць — ніколі ў жыцці не браў ён у рукі зброі, нібыта гідзіўся. А што гэта за мужчына, які не ўмее ваяваць? Юрад, няйначай. Але і баязліўцам не назваць было Венанцыя – падчас вайны ён ішоў разам з войскам і скадаў песні пра тое, што бачыў. І калі нехта паказаў спіну ворагу, няхай ён нават вялікі князь – на першым жа прыпынку пра гэта прагучыць у чарговай песні. Спрабавалі Венанцы падкупляць – каб праслаўляў чыесьці подзьвігі, спрабавалі палохаць — дарэмна… Ды што паробіш з гэтым дзіваком, худым, як бізун, з празрыста-даверлівымі зялёнымі вачыма, не ад свету гэтага. Колькі запрашалі застацца ў палацах, не бадзяцца – ні разу не пагадзіўся. Грошай кашэль насыпеш яму – адну залатоўку сабе пакіне, астатняе кіне ў пыл. Ліра, маўляў, багацця не любіць. Недарэмна хадзілі чуткі, што вучыўся Венанцы ў прывіднага музыкі Бана Жвірбы, што жыве між дрыгвой і верасовай пусткай .

І вось аднойчы запрасіў Венанцы на бяседу ў свой маёнтак слаўны харунжы Кміціц. Праспяваў Венанцы ўжо нямала баладаў, калі Кміціц прамовіў да яго просьбу: уславіць юную паненку Кміціцаву, прасватаную нявесту. Дзяўчына, грэх благое слова сказаць, гожая, як рамонак,  ды ціхмяная. Выйшла да гасцей па просьбе бацькі – паслухаць песню пра сябе. Сядзіць у куточку, вочы апусціўш… Нават на жаніха не глядзіць. І жаніх тут жа — падхарунжы Даніла. Здаровы, чырванашчокі… Асушае чару за чарай ды задаволена будучай жонкай любуецца.

На надта ахвотна ўзяў лірнік свой інструмент. Паглядзеў сумна на дзяўчыну, на чарнавусага пана Кміціца, зірнуў і на маладога зеленавокага воя, маўклівага, як камень, што сядзеў напрыканцы стала перад поўнай чарай, у якой за ўвесь вечар не паменшала віна.

Не ведала ліра Венанцы сумненняў. Не ведала яна няпраўды…І загучэла песня… У якой гаварылася і пра гожую паненку, па якой сохнуць малойцы… І пра тое, што ніхто не ведае, каму яна свае сэрца падарыла – ні бацька, ні жаніх. Толькі плюшч, што абвівае яе вакно, мог бы пажаліцца, што па начах абрываюць яго парасткі нечыя моцныя рукі… Ды поўня, што свеціць у кожнае вакно, раскрыла б, хто абдымае паненку, абяцаную іншаму…

Зашапталіся госці зласліва, і не адзін з іх паглядаў у бок маладога воя — закаханыя толькі думаюць, што іх таямніца схаваная ад людскіх вачэй. Пачырванеў ад гневу і жахлівых падазрэнняў жаніх, узняўся з крэсла пагрозны Кміціц.

— Ці праўда тое, што ты зараз праспяваў нам, музыка?

З губ Венанцы гатовя былі сарвацца строгія словы – ён жа ніколі не ілгаў. Але сустрэўся вачыма з паненкай… Столькі адчаю, жаху і малення было ў гэтым позірку, што Венанцы ўпершыню ў жыцці адчуў сумненні, якіх не ведала ягоная ліра. Апусціў вочы… Яшчэ раз зірнуў на няверную нявесту… І самі сабой выгаварыліся неверагодныя словы:

— Гэта няпраўда… Я ўсё прыдумаў…

— Ах ты нягоднік…

Венанцы выганялі з дому, як апошняга злодзея. Падхарунжы Даніла яшчэ і натоўк юраду ў каршэнь за абразу сваёй нявесты. Вядома, удзячны погляд паненкі таксама застаўся ў памяці Венанцы… Але яму гэта ўжо было не важна.

Усё было скончана. Ён зылгаў.

Венанцы, кароль лірнікаў, зняважаны і спустошаны, сышоў падалей ад людзей. На лясной паляне, у святле поўні, ён паклаў у духмяныя травы сваю абражаную ліру, ад праўды якой адрокся. І пайшоў, не азіраючыся. Ён ведаў, што ніколі больш не будзе спяваць, таму што сапраўдная песня творыцца толькі чыстымі ад маны вуснамі…

Але Бог сам аддзяляе праўду ад маны. Згубную праўду ад выратавальнай маны – таксама.  І песня лірніка Венанцы не замоўкла. Яна засталася ў пошуме травы, разлапістай, як дарагія карункі, што вырасла там, дзе Венанцы пакінуў сваю ліру. Траву назвалі чыставуст каралеўскі, але Венанцы наўрад пра гэта даведаўся. Таму што ніхто яго больш не пабачыў. Але, магчыма, ён усё-ткі зразумеў, што ліра ягоная на яго не скрыўдавала – бо ў месяцовыя ночы над зарасцямі чыставуста можна пабачыць прывідную постаць. Светлую-светлую, з туману і месяцовых промняў, у якой угадваецца чалавек, што прыціскае да грудзей ліру.

 

 

 

КРЫЛАТЫ  ГУСАР  І  ПРЫВІД, альбо БЕЛАКАПЫТНІК ГІБРЫДНЫ

 

Вайна — гэта заўсёды гора. Каму пра гэта ведаць, як не нам, што жывуць на скрыжаванні дарог, у сэрцы буры…  Сведкі таму — зруйнаваныя палацы і вежы, чые камяні назаўсёды пачарнелі ад згубнага агню, і нават стагоддзі дажджоў не маюць моцы адолець гэтую чарнату… Сведкі таму — курганы, насыпаныя над героямі, што аддалі жыццё, баронячы свой народ, і безыменныя магілы, ліку якіх не ведаюць нават зоры нябесныя… Але ёсць і іншая праўда — вояў, для якіх вайна рабілася іх жыццём, крывавым святам…

Шмат стагоддзяў таму праязджаў праз наша мястэчка атрад крылатых гусараў — так называлі іх, бо за спінамі насілі ўпрыгожванне з арліных або жураўліных пёраў, падобнае да крылаў. Бралі ў гэты атрад адважных і адчайных. Самыя радавітыя шляхціцы імкнуліся патрапіць туды, але радавітасць не была там галоўнай вартасцю. І часта здаралася, што княжыч біўся побач з сынам збройніка, які здабыў сабе шляхецтва мечам, і захіналі яны адзін аднаго ад варожага ляза, а пасля бойкі, скрываўленыя, але шчаслівыя перамогай, пілі з адной чары і дзялілі апошні глыток віна… Між бойкаю і бойкаю адлегласць у гэтых ваяроў была часам карацейшай за гарачы пацалунак, таму кожная хвіля выпівалася імі да донца… Пан Стахор Крыга ведаў, як змусіць час запалаць, як зыркая паходня. Каханне прыгожай дзяўчыны, віно, двубой.. А галоўнае — шал бойкі. Можна было падумаць, што Крыга гадаваўся не ў калысцы, а ў сядле каня, і замест бразготкі ў яго была шабля. Не быў ён княжычам, не быў збройнікам, бацька ягоны, бедны шляхцюк, памёр, і радавое гняздо Стахора спалілі ворагі. На вартавой вежы, якая адна засталася на папялішчы, як адзіны зуб у роце жабрака,  вырас палын… Але гусар і не думаў сумаваць, што застаўся без дому. Шчодрыя ўзнагароды караля цяклі ў яго між пальцаў, як вада, а сярод забітых акрым чужынцаў значыліся і свае — і задзіракі, і проста тыя, каму не пашанцавала патрапіць пану на вока, калі пан быў не ў гуморы… Не дзівіся — час быў жорсткі, і адбіраць жыцці не лічылася вялікім грахом, калі ты — шляхціц, вой і гатовы кожную хвілю сустрэцца са смерцю…

А Аленка, дачка лапцюжнага шляхцюка з нашай вёскі,  была самім жыццём. Можа быць, які прыдворны знаўца жаночае прыгажосці сказаў бы, што яе твар недастаткова белы, а пальчыкі недастаткова тонкія —  Аленцы не было як хавацца ад сонца і насіць з маленства пальчаткі. Звыкла яна і да чорнай працы, але гэта не згасіла ні на промень ейную светлую ўсмешку і не змяніла ні адной рысачкі ейнай гожасці. Так, цяжка ўсміхацца, калі вакол — вайна і пажарышчы, калі ў любы дзень у твой дом можа ўварвацца вораг, а мужчын, здольных бараніцца, у вёсцы амаль не засталося. Але як не ўсміхнуцца прыгожаму рыцару на белым кані, з лемпардавай скурай на плячы, з арлінымі крыламі за спіной і ў шлеме з бліскучым грэбнем! Пан Стахор адразу прыкмеціў шэравокую ладную дзяўчыну ў сінім гарсэце,  што стаяла ля брамы старой сядзібы, як бярозка… Колькі ўжо дзявочых вачэй гэтак жа блішчэлі пры поглядзе на баявітага гусара! Крыга іх усіх і не памятаў. А навошта? Сёння жывы, а заўтра ідзеш на піва да кашчавай… Не жаніх ён, не муж… Але калі наступнай раніцой ля крыніцы ў яго вочы зазірнулі шэрыя вочы Аленкі, нешта нібыта зварухнулася ў сэрцы Стахора… І ён зняў з сябе залаты спадчынны медальён у форме сэрца і надзеў на дзяўчыну, што падарыла яму сваё каханне. Бо болей нічым аддарыць не мог.

“Я заўсёды буду чакаць цябе”… Гэта яна прамовіла, ці бярозка прашаргатала, ці крынічка прагаварыла?

Ускочыў гусар на свайго белага каня, затрапяталі за спінай арліныя крылы, ап’яніў пах хуткай бойкі… І нават не азірнуўся Крыга на тую, што пакідаў ля крыніцы…

Чамусьці здараецца так, што смерць першым абірае таго, хто ад яе спрабаваў схавацца, а таго, хто сам намагаецца выхапіць з ейных рук касу, абыходзіць.  Пан Стахор ліў кроў, як ваду — і варожую, і сваю, але заставаўся жывы. Толькі сівыя ніткі перавілі ягоныя чорныя валасы, і ля сініх вачэй з’явіліся зморшчыны. Ды яшчэ ўлюбёная шабля чамусьці стала цяжэйшай, чым раней… Чарговая вайна скончылася… І ўрэшце Стахору прыйшлося змірыцца з тым, што настала пара сыходзіць з войска. Развітвацца з крылатымі гусарамі… Іншыя зайздросцілі: жывы! Другія за спінай смяяліся: хіба гэтак сыходзіць гусар? Толькі ў сырую зямлю варта! Крыга сам калісьці так бы смяяўся. Але жыўцом у зямлю не ляжаш. Багацця вялікага не назапасіў, пасадаў не  далі — з-за буйнага нораву пан Стахор нажыў шмат ворагаў.  Жанчыны… Што ж, іх таксама было шмат, але цяпер ні да воднай вяртацца не хацелася. І чамусьці пан Стахор усё часцей успамінаў дзяўчыну ля крыніцы…Сам не разумеючы, чаму. “Я заўсёды буду чакаць цябе…” Шмат разоў чуў ён падобнае. Але толькі яе словы ўвесь гэты час гучэлі ў галаве. А ён жа нават назву вёскі забыўся! І паехаў гусар шукаць Алену, сваю выпадковую каханку… Вось так — часам дастаткова адной ночы, а часам – мала цэлага жыцця, каб пазнаць у іншым палову ўласнае душы. Вядома, спадзявацца не было на што. Крыга  разумеў, што Аленка ўжо не маладзенькае дзяўчо, і магла даўно быць замужам, альбо памерці… І нават калі яны сустрэнуцца — ці ўспомніць яна сама яго? Ці не адвернецца з крыўдай? Але – хоць паглядзець яшчэ раз у тыя шэрыя вочы!

Зноў белы конь нёс гусара па тых мясцінах, дзе калісьці праязджаў ён малады і баявіты. І нічога не пазнаваў Стахор.  Папялішча за папялішчам… Руіны за руінамі…  Рэдкія ацалелыя сядзібы… Урэшце стамлёны рыцар пачаў думаць, што ўжо ніколі не знойдзе тую, каго шукае. Прывабнасць жыцця згасала ў ягоных вачах. Што застаецца? Увязацца ў якую апошнюю бойку. Апошні раз праліць кроў… І праліць да рэшты. Не лёс яму зладзіць уласнае гняздо…

А лес абступаў гусара, як цёмная пагрозная сцяна. Ну дык што ж, не першы раз яму начаваць пад самым высокім дахам на свеце — небам, кінуўшы пад бок лемпардавую скуру… А вось і палянка зручная, і крынічка побач… І бярозкі вакол… Якраз як у тым месцы, дзе правёў ён, як цяпер разумее,  самую пяшчотную ноч у сваім жыцці…

Языкі полымя скакалі на вуглях вогнішча, нібыта п’яныя госці таньчылі на прыпозненым вяселлі. Крыга моўчкі глядзеў на белыя ствалы бярозак, і здавалася яму, што бачыць цені забітых сяброў, усіх тых, што былі дарагія яму… ”Гарматы змоўклі, шаблі ў похвы леглі… Дзе вы, сябры мае? Трава над вамі… Да Бога Вашы душы адляцелі,  я ж прыпазніўся з-за Чароўнай Дамы…”

Раптам між бяроз сапраўды мільганула белая постаць. Сэрца пана Стахора замерла. Постаць затрымалася, наблізілася… І ў свеце згасаючага вогнішча рыцар пабачыў Аленку. Такой самай, як яна яму запомнілася. Толькі на гэты раз у белай сукенцы і ў вяночку з лілеяў, ды з залатым медальёнам у выглядзе сэрца на шыі. Стахор павольна ўстаў… Нейкі час спатрэбіўся, каб туман у вачах разамгліўся, і бясстрашны вой пільней разгледзеў госцю. Дзяўчына цяжка дыхала, яе  сукенка была падраная аб кустоўі, а вялізныя шэрыя вочы глядзелі на рыцара з адчайнай надзеяй.

— Гэта ты, Аленка…– прашаптаў непаслухмянымі вуснамі рыцар. Не дарма ён быў крылатым гусарам – вядома, ён усё зразумеў, наслухаўся падобных аповедаў ля паходных вогнішчаў, але ж прагнаў боязь. Відаць па ўсім, што гэта няшчасная душа памерлай прыйшла па яго. Падобна, памерла Аленка ў хуткім часе пасля іх спаткання. Пахавалі яе ў белай сукенцы і ў вяночку з лілеяў, як нявесту — значыць, не распавяла нікому, што аддала свой гонар заезджаму вою. А памерла ці не з-за кахання да яго — вунь як глядзіць… І медальён на шыі… І, ясна, душа ейная пакою не знайшла — вунь як змучаная, бедная. Ён вінаваты… Ён адкажа.

І Крыга цвёрдым голасам прагаварыў:

— Што я магу зрабіць для цябе, любая мая?

Госця ў белым глыбока ўздыхнула.

— Якое шчасце, што я вас сустрэла… Там… На вёску напалі. Калі ласка… Памажыце…

Што ж, гэта будзе найлепшым выкупленнем! Дзякуй табе, Аленка! Ён будзе біцца нават з тысячай дэманаў! А калі упадзе забіты ў слаўнай бойцы, іх душы з’яднаюцца.

Арліныя крылы затрапяталіся за спіной гусара, скура лемпарда легла на плечы… Дзяўчына ў белым лёгка, як птушка, ускочыла за ім на спіну белага каня…

Дым слаўся над хатамі, над старой сядзібай, у браме якой тырчэла палаючая страла. Агонь пажарышчаў высвечваў жорсткую бойку. Хаця абаронцаў было вельмі мала, а ворагаў шмат. Крыга звыклым вокам прыкмеціў, што дапамога патрэбная перш за ўсё маладому хлапцу, на якога накінуліся ажно пяцёра латнікаў. На светлых валасах хлопца запеклася кроў ад раны, але ён адчайным намаганнем стрымліваў ворагаў, і меч яго мільгаў, як маланка.  Відаць, напад адбыўся нечакана — бо ні на кім з месцічаў не было узбраення. Багатыя строі, перавернуты стол с белым абрусам, раскіданыя па траве кветкі… Увогуле, падобна, што тут гралі вяселле.

Гучны крык крылатага гусара змусіў усіх аслупянець — што ж, ад гэтага крыку слупянелі нават янычары, турэцкія забойцы… Вецер свістаў у арліных крылах за спінай, шабля Стахора піла чужую кроў, нібыта згаладалася… Цякла на кірасе і кроў ягоная. Страла сядзела ў плячы… Што за клопат? Глядзі, Аленка, на свайго суджанага… Ты ж ніколі не бачыла яго ў бойцы? Ён не баязлівец.

Урэшце лязганне зброі сціхла. Апошні вораг цалаваў нерухомымі вуснамі тую зямлю, якую спадзяваўся зганьбіць ды прыўлашчыць. Смерць здаволілася і пачала пералічваць сваю здабычу. Конь пад Стахорам упаў на калені, потым паваліўся зусім, і рыцар згасаючым позіркам пабачыў у белай скуры баявога сябра глыбокую рану. Што ж, верны баявы таварыш, і ты сыходзіш разам са мной…

Рыцар перавярнуўся на спіну – паміраючы, трэба глядзець у неба… Ён не ведаў, калі і куды знікла Аленка, якая сядзела за ягонай спінай — у прывідаў свае шляхі. Вось бы пабачыць яе хутчэй… Хоць і не зямнымі вачыма…

Але Крыга пабачыў дзяўчыну яшчэ зямнымі вачыма. Аленка нахілілася над ім з пяшчотнай трывогай. Ля яе над параненым стаяў светлавалосы хлопец.

— Зараз мы перавяжам вам рану! Цяпер усё будзе добра!

Пан Стахор паспрабаваў усміхнуцца. Але зараз жа ўсмешка ягоная знікла. Побач з Аленкай з’явілася другая Аленка. Толькі больш сталая, у цёмнай сукенцы, з валасамі, сабранымі ў строгую прычоску… Але з гэткімі ж вялікімі шэрымі вачыма, што глядзелі з незвычайнай любасцю.

— Ты вярнуўся! Любы мой! Адзіны! Мой герой! Я ніколі не пераставала цябе чакаць! Ты здагадалася, Ксеня? Гэта твой бацька!

І пан Стахор зразумеў, што паміраць яму зусім не ў час.

А раз рыцар нешта пастанавіў, так і будзе.

І не паспелі звяць апошнія летнія кветкі, а ў старой сядзібе гралі адразу два вяселлі. Юнай Ксені са светлавалосым воем — гэта іх свята перарваў падступны напад, і Ксенінай маці, Алены, з крылатым гусарам Стахорам Крыгай.

Белага каня пахавалі ля крыніцы, пад бярозамі. І хутка там пачалі расці кветкі з лісцем у выглядзе , адны казалі, вялікіх сэрцаў, другія — капытоў каня. Кветкі гэтыя расцвітаюць у красавіку, пурпуровыя, як кроў, і пышныя, як султан на шлеме гусара. Назвалі кветку белакапытнік. Ніколі не рві яе — у памяць пра баявога таварыша нашага продка і таму, што расліна гэта зараз вельмі рэдкая.

А медальён — вось ён. Дастаўся мне ад бабулі. Той – ад яе бабулі. Потым пяройдзе да цябе. І абавязкова паспрыяе  вялікаму і вернаму каханню.

 

 

 

 

 

 

ЧАРОЎНЫЯ  АСТРАГАЛЫ, альбо ПЯРЭСНА  ЕЎРАПЕЙСКАЯ

 

Часам я здзіўляюся, як мала трэба, каб загубіць чалавека! Гэта можа зрабіць нават маленькая зёлка, вагі якой не адчувае даланя. А часам — два маленькія кавалачкі косткі. Ты не разумееш, пра што я табе кажу… Але нават твой равеснік, хлопчык, які жыў чатырма стагоддзямі раней, ведаў, што такое гульня ў косткі. У любой прыдарожнай карчомцы заўсёды сядзелі яе аматары, выкідваючы на стол з “вежачкі” — адмысловай скрынкі — па чатыры косткі, якія называліся астрагалы. У залежнасці, як яны выпадалі, вызначаўся той, хто выйграў. Гулялі, вядома, не на пацалункі… На грошы. Толькі ў кляштарах, каб забава гэтая ня ўводзіла мніхаў у грэх, гулялі “на цноты” — філасофскія разважанні ды малітвы… Вось што не пашкодзіла б жыхару нашае вёскі Анціку Карбачу. Ужо й дарослым стаў, а ўсё не стаў Антыпам — Анцікам клікалі… Бо якая павага да чалавека, якога акрым гульні нічога не цікавіць! Вядома, быў бы Анцік селянскім сынам, якому трэба цяжка працаваць і думаць пра хлеб, гэткая блазнота не палезла б у галаву. Але бацька Анціка быў улюбёным панскім лоўчым, лепей яго ніхто ў акрузе не мог зладзіць паляванне ці адлавіць рэдкую птушку або жывёліну… Таму жыў Анцік у вялікай новай хаце, амаль шляхецкай, еў дзічыну, згатаваную прыслугай, насіў шаўковыя кашулі… Ды яшчэ меў грошы, каб прайграваць іх у косткі.

Не сказаць, каб пан лоўчы добра глядзеў на сынавы гулі. І лаяў яго, і па-добраму ўшчуваў, і пытлю даваў папругаю. Нарэшце паслаў вучыцца ў Полацкую бурсу … Адтуль Анцік прыйшоў босы і без дыплому: замест каб вучыцца, кідаў косткі. Нават падчас урокаў схітраўся. Памочнік у паляўнічай справе з Анціка таксама ніякі… Лесу баіцца. Ідзе па дарозе, кветачкі збірае, песні пяе. Расліну якую невядомую ўбачыць — адразу людзей распытвае, за кніжкі хапаецца: што за цуда?  Дзівачына… Ну але ж сын ёсць сын… не выганіш… І маці, дурная кабета, заступаецца. Вось маці і намовіла : каб сынок узяўся за розум, трэба яго ажаніць! А то хутка сівець пачне, а ўсё з дзяцінства не выйдзе. Разумныя прыгожыя жонкі не аднаго боўдзілу ў спраўнага гаспадара ператварылі. Вось і нявеста на прыкмеце маецца: дачка лясніка Кася. Сям’я бедная, дзяцей адзінаццаць… Кася за шчасце павінна лічыць, што выйдзе замуж за такога прыгажуна і багацея, як Анцік.

Што ж, ляснік сапраўды не спрачаўся. Парадніцца з панам лоўчым — чым кепска… Праўда, і радавацца асабліва не выпадала: надта ж нехлямяжы зяць… А Кася — і прыгажуня, і разумніца, і работніца, і верніца вялікая… Няўжо дурны Анцік не ацэніць?

Анцік асабліва, праўда, не спрачаўся — жаніцца дык жаніцца… Але на другі ж дзень пасля вяселля ўзяў жончыны завушніцы з перлінамі ды панёс у карчму. Нешчаслівы дзень аказаўся — выпала на анцікавых костках “сабака”, самы дрэнны расклад, на ўсіх астрагалах адна лічба. Ды яшчэ адзінка. І перайшлі завушнічкі маладзічкі да нейкага прыблуднага цыгана ў чырвонай кашулі…

Так і пачалося Касіна замужняе жыццё. Не сказаць, каб муж крыўдзіў — часам з ім дык нават добра было. Вясёлы, песні пяе, казкі расказвае, кветачку нейкую сінюю сарве, падорыць… А назаўтра, глядзіш — два рушнікі вышываныя, новыя проста з камоды зніклі. Вернецца позна, сумны, як ноч… Кася ўшчуваць — а ён абшчаперыць яе ды загалосіць:

— А жоначка ты ж мая… А разумніца ж ты мая… Прыгажунечка ты мая… Пашкадуй мужанька свайго нешчаслівага…

Кася і растане. Як злавацца на такога? Дзіця дзіцем…

А Анцік давай яшчэ распавядаць, што вось аднойчы выкінецца на ягоных астрагалах “Венера” — самы лепшы расклад, калі кожная костачка кладзецца адмыслова, на іншы бок, і выйграе ён шмат-шмат грошай, і пабудуе для любай жоначкі палац, і купіць ёй залатыя чаравікі і дыяментавую карону, а яшчэ абавязкова — незвычайнай прыгажосці птушку паўлін. Як у князя ў Нясвіжы. Выйдзе ягоная Касенька ў ружовы сад у сваіх залатых чаравіках, а насустрач ёй па дарожцы з белых каменьчыкаў паўлін ідзе, і хвост у яго як веер царыцы волатаў.

Патрэпле Кася мужа па рудых кудзерах:

— Не трэба мне залатых чаравікаў. Мне гаспадар у хату патрэбны, муж самавіты…

Так і жылі. Але аднойчы жорсткая багіня Фартуна павярнулася да Анціка спінай ды так і застыла, паскудніца, нібыта лічыла, што ейная спіна ды тое, што ніжэй, самая выгодная для сузірання частка. Раз за разам косткі выкідвалі “сабаку”, як праклятыя. Анцік ужо і пляваў на іх, каб удачу вярнуць, і ў будку да сабакі падкладваў, нават не паленаваўся ў сарочына гняздо залезці і туды на нейкі час свае астрагалы падкінуць, як забабоны гульцоў раюць. Дарэмна. А сябры застольныя пад’южваюць: “Не ўпусці свой шанец, не кідай гульню — пасля няўдалай паласы абавязкова вялізны выйгрыш будзе!”

Рэч за рэччу з Касінага і Анцікавага пакою знікалі… І ўрэшце бедаку давялося залезці ў матчын куфар і забраць прыхаваны на чорны дзень мяшэчак з золатам.

А калі поўня, воўчае сонца, зірнула абыякавым жоўтым вокам на пушчу, у якой адны засыналі, а іншыя абуджаліся — Анцік сядзеў на пні пасярод паляны ў адчаі, такім чарнюткім, што ні поўні, ні зораў нябёсных не заўважаў. Засталося матчына золата ў карчомцы… Там жа, дзе нядаўна й небагаты жончын пасаг.

Не адразу заўважыў Анцік, што  проста перад ім нехта стаіць.  Падняў галаву — Крывая Агрыпіна. Старая, кашчавая, страхотная, як кажан, ды яшчэ, кажуць, вядзьмарка. Глядзіць жоўтым, як поўня, адзіным вокам, што, здаецца, таксама свеціцца з-пад кусцістай брыві.

— Ну што, пане, усё майно прасвістаў? Бо дурны — не ведаеш, дзе шукаць дапамогі. Думаеш, чаму ў цябе іншыя выйграюць? Бо кожны да мяне схадзіў ды атрымаў шчаслівыя косткі.

Анцік ускочыў у радасным спадзеве.

— Даражэнькая пані, ды каб я ведаў раней! Як бы і мне займець шчаслівыя косткі?

Засмяялася Агрыпіна, быццам дрэва сухое зарыпела.

— Няма нічога прасцей! Прынясі мне толькі тую кашулю, у якой спіць твая жонка. І калі не баязлівец — атрымаеш астрагалы, якія раз за разам будуць выкідваць “Венеру”.

Не сказаць, каб Анцік зусім не засумняваўся. Звязвацца з вядзьмаркай… Ды яшчэ жончыну кашулю для чагосьці ёй перадаваць… Але спадзеў адыграцца, вярнуць спляжанае дабро, нарэшце паказацца перад вачыма сваякоў чалавекам удачлівым, самавітым, спраўдзіць усе абяцанкі наконт паўлінаў і залатых чаравікаў! Уга!

І Анцік пабег дахаты. Пракраўся ў свай пакой. А Кася, бедная, не распранаючыся, на падушку прылягла — мужа няўдалага чакаючы. А вось і кашуля яе на камодзе ляжыць… Нічога, жоначка, я табе хутка палац збудую!

І Анцік панёс Касіну кашулю Крывой Агрыпіне.

Вядзьмарка чакала там жа, дзе Анцік яе сустрэў. Схапіла кашулю кашчавай рукою, рассмяялася.

— Ну, пайшлі косткі табе здабываць!

І павяла Анціка туды, дзе былі старыя могілкі.

Анцік і ў лесе не надта утульна сябе адчуваў, а тут — могілкі! Ноч, крыжы, нейкая птушка кугікае, нечыя чорныя крылы, здаецца, вось-вось па валасах прашаргацяць…

Агрыпіна прывяла Анціка да капліцы — ніхто ўжо не памятаў, хто там пахаваны, герб на яе франтоне асыпаўся, засталася толькі каменная выява чэрапа. У парослай мохам сцяне чарнела вузкая адтуліна — як байніца ў сцяне вартавой вежы. Агрыпіна наблізіла да яе страхотны свой твар, нешта пашаптала і звярнулася да спадарожніка.

— Цяпер сунь туды руку, хапай тое, што патрапіцца — толькі не спалохайся, не ўпусці… Іначай удачу сваю ўпусціш назаўсёды.

Пераляканы Анцік абцёр з ілба халодны пот… Ну, не адступаць жа… Паўліны, палацы, залатыя чаравікі…І сунуў руку ў выбоіну. Пальцы адразу ж намацалі нешта жывое, неверагодна агіднае, ад віску заклала вушы… Нечыя кіпцюры — ці іклы — учапіліся ў даланю. Анцік сціснуў істоту з усяе моцы…

— Выцягвай!

У Анцікавай руцэ быў заціснуты велізарны, ледзь не з курыцу, кажан. Яго крылы білі па руцэ, як два чорныя ветразі.

— Душы яго!

Анцік заплюшчыў вочы і з усяе моцы сціснуў горла пачварыны. Рукі ўжо ўсе былі ў глыбокіх драпінах… Але нарэшце невыносны віскат сціх, Анцік адплюшчыў вочы…

Агрыпіна задаволена хітала галавой.

— Цяпер пакладзі на гэты камень…

Анцік паслухмяна паклаў мёртвага кажана на нечую магільную пліту. Агрыпіна дастала з кішэні маленькую бутэлечку, пырснула на забітую пачварыну нейкай цёмнай вадкасцю. Істота пачала скурчвацца, паваліў смярдзючы дым… Калі ён развеяўся, на магіле засталіся ляжаць чатыры косткі.

— Ну што, бяры сваё шчасце! — насмешна прамовіла Агрыпіна. Анцік схапіў астрагалы — на імгненне падалося, што яны вельмі гарачыя, аж апякаюць руку, — пакруціў, падкінуў… Нічым не адрозніваюцца ад звычайных костак!

— Ну, удачы ў гульні!

Анцік краем вока заўважыў, што вядзьмарка некуды аддаляецца, але яму ўжо было ўсё роўна. Ён пабег… куды б вы думалі? Правільна, у карчомку.

І не выходзіў адтуль цэлы тыдзень. Там еў, там спаў… А найбольш, ясна — гуляў. З вежачкі раз за разам выпадалі ягоныя косткі, усе крычалі: “Венера! Віват пану Антыпу!” А перад Анцікам расла гара залатых дынарыяў.

І сядзеў бы там шчасліўчык яшчэ невядома колькі, каб не бацька, які вытурыў з-за стала ў каршэнь.

— Табе зараз дома трэба быць, боўдзіла, ля жонкі!

Анцік ішоў за маўклівым і змрочным панам лоўчым,   прыціскаючы да грудзей цяжкі мех з выйгрышам, у кішэні ляжалі шчаслівыя астрагалы… Вось зараз ён здзівіць ды ўзрадуе Касю!

Але Кася ляжала ў ложку бледная, як вытканая ёю з найлепшага лёну кашуля.

— Вось, Анцік, злягла я, немаведама чаму…  Відаць, паміраць давядзецца. Што ты без мяне рабіць будзеш?

У Анціка і мех з золатам з рук вываліўся.

— А я спадзявалася дзіцятка табе нарадзіць…

Як пачуў гэта Анцік, у яго і ногі падкасіліся, і сэрца нібыта парвалася… Упаў ён на калені ля ложка, і слёзы з ягоных вачэй, як гарох, лінулі.

— Што ж я нарабіў! Касенька, любая! Гэта ж я, дурань, вінаваты! Гэта я цябе са свету зжываю! Вой, галава мая дурная! Пайду ўтаплюся!

Ледзь супакоіла яго жонка, каб нарэшце змог ён распавесці пра сваю дамову з Крывой Агрыпінай. І… што б вы думалі? Даравала ды пашкадавала. Няма сілы большай, чым дабрыня ды любасць. Дастаў Анцік з кішэні праклятыя косткі, хацеў іх у печку кінуць — а яны да далані быццам прыраслі… Аддзіраеш — кроў ліецца.

— Вой, пайду за сякерай. Адсяку сваю руку здрадлівую! — лямантуе Анцік. Прыкрыкнула Кася з апошніх сілаў на нехлямяжага мужыка.

— Засіліцца — справа няхітрая. Найперш з жыццём сваім разбярыся.  Напачатку пайдзі ў царкву, пакайся, пастаў свечкі ўсім святым, асабліва памаліся святому Кіпрыяну і святой Юстыне, што ад злых чараў бароняць. І абавязкова папрасі ў царкве грамнічных свечак. А тады зрабі вось што…

Анцік ішоў праз цёмны лес да хаты Крывой Агрыпіны, згінаючыся ледзь не ўдвая — бо нёс на спіне барану. А тут яшчэ страхі начныя. То вочы нечыя жоўтыя з пушчы паглядзяць, то кажан у валасы ўблытаецца… Добра, не такі вялізны, як той, якога Анцік выцягнуў са сцяны капліцы. А потым дарога праз могілкі пайшла… І астрагалы паганыя ў кішэні  давай падскокваць, варушыцца, як прусакі. За ногі нешта кусае. Мярцвяк руку кашчавую з магілы высунуў ды пальцам грозіць. Ну й нацярпеўся гулец! Раней дык і паловы дарогі тае не прайшоў бы. Але як падумае пра жоначку сваю — дык і памерці ад жалю да яе ды ад злосці на сябе не страшна.

А вось і хата Крывой Агрыпіны. Гарыць у вакне цьмяны агеньчык… Падпоўз Анцін да ганку і, як навучыла Кася, паклаў проста пад дзвярыма барану. Найлепшую пастку на русалак ды чараўніц. А сам у вакно глядзіць… Бачыць — Агрыпіна ўздзявае на сваё счарнелае цела Касіну кашулю, па каўняры валошкамі вышываную … І зараз жа нібыта сілай наліваецца. Скура бялее, косткі выпростваюцца, з валасоў сівізна знікае, ледзь не да пятаў кудзеры, як чорны шоўк… Не прыгажуня — але жанчына ладная і не старая. І абодва вокі — толькі па ранейшаму жоўтым злым агнём гараць. Круціцца вядзьмарка ў Касінай кашулі, смяецца, гладзіць сваё памаладзелае цела… А тады — шусь у дзверы! І тут жа ў баразну і ўблыталася ўсімі сваймі кудзерамі. Верашчыць, тузаецца — а рады не дасць. Тут Анцік і выскачыў:

— Здымай кашулю жончыну, вядзьмарка паганая!

Агрыпіна вачыма зыркнула.

— Табе што, золата надакучыла выйграваць? Як кашулю забярэш — і астрагалы чароўныя знікнуць, і болей  ні разу ў жыцці ў гульні не пашанцуе. Падумай, гатовы ты да гэтага? Урэшце, калі ў золаце пачнеш купацца — за другую жонку каго захочаш возьмеш, хоць князёўну. На руках цябе насіць будзе, не тое што гэтая ганарліўка-разумніца. Ты ж не так ужо ўпадаў за ёю, хіба хто не ведае — бацькі ажаніцца змусілі. Што яна табе?

— Ах ты, паскудніца! — зароў Анцік. — Ды я за Касеньку сваю жыцця не пашкадую! Здымай кашулю!

— Як я здыму, ёлуп? Вызвалі мяне адразу…

Але Анцік быў жонкаю добра навучаны. І, хаця вядзьмарка выкрыквала страшэнныя праклёны ды пагрозы і кідалася на яго з кіпцюрамі, запаліў грамнічную свечку ды злаўчыўся падпаліць на ёй тонкі лён. Заверашчэла ведзьма, пачала з сябе вопратку, ахопленую святым агнём, здзіраць… І Анцік да сябе ірвануў …

Калі парваная, абгарэлая кашуля засталася ў руках нечаканага госця, Агрыпіна страшна закрычала, яе цела зноў пачало скурчвацца, цямнець, страчваць гожасць і моц… Гэта было так агідна, што Анцік павярнуўся і пабег назад. Калі дарога выпраставала да могілак, у кішэні нешта зноў заварушылася і быцца агнём пачало пекчы — Анцік вывернуў кішаню, і адтуль выпала чатыры вялізныя чорныя рагатыя жукі, якія імкліва зарыліся ў могілкавую зямлю. Перахрысціўся былы гулец ды пашыбаваў дахаты.

Кася ў хуткім часе акрыяла. А вядзьмачка знікла. Праўда, дзіўная рэч — пад дзвярыма ейнай хаты ляжала барана з ублытаным у зубцы мёртвым велізарным кажаном. Нехта ўгледжваў у агіднай пысе кажана падабенства з рысамі Агрыпіны — тым болей кажан быў аднавокі, але хіба разумныя людзі вераць ў такія забабоны? А Анцік пра ўсё, што адбылося з ім, маўчаў. Дый, можа, не дарэмна Бог такія выпрабаванні спасылаў яму — бо узяўся мужык за розум. Костак у ягоных руках болей ніхто не бачыў. Праўда, і да палявання ахвоты не з’явілася — нацярпеўся страху ў лесе, дый шкада бязвінных істотаў забіваць. Затое садоўнікам Анцік зрабіўся знакамітым. Як вырастуць у яго ружы — не ружы, капуста! Ды не проста так — а па-вучонаму ўсё робіць. Кніжкі з-за мяжы выпісвае. Зімой лімоны навучыўся вырошчваць! Князі наперабой заказвалі Анціпу — так пачалі яго называць — рэдкія кветкі ды расліны. Ну й плацілі дынарамі… І вось аднойчы Анцік прынёс любай Касі цяжкі куфэрак, у якім на аксамітнай падушачцы ляжалі залатыя туфлі.

Абулася Кася ў гэтыя туфлі, паспрабавала прайсціся. Рассмяялася…Ну, мужанёк, ну фантазёр! З чыстага золата туфлі адліць — з месца не скранешся! Няхай стаяць у серванце за шклом, хату ўпрыгожваюць. Сачыць толькі, каб дзеці, гэткія ж фантазёры, як бацька, прымерваць не пачалі ды нейкія іншыя фокусы з імі выкідваць.

І паўліна Анцік аднойчы для Касенькі прывёз… Праўда, бедная птушка ніяк не хацела раскрываць свой чароўны хвост, толькі крычала дзень ды ноч агідным пранізлівым голасам… А дзеці ёй пернікі носяць ды цукаты, а самі так і цэляцца пяро з хваста тузануць. Так што Кася загадала адвезці падарунак назад, дзе браў, у княскі звярынец . Вядома, Анцік паслухаўся. Бо жыў жончыным розумам і з гэтага толькі радаваўся.

А як жа тыя грошы, што Анцік у карчме выйграў? А ён у той жа дзень, як у вядзьмаркі жончыну кашулю адабраў, занёс свой мех на бераг рэчкі, дзе самыя віры, дый сыпануў туды грэшнае золата.

Здаецца, і не бачыў ніхто… Але чамусьці людзі заўсёды даведваюцца, дзе можна здабыць дармовае багацце. Многія спрабавалі ныраць, даставаць дынарыі… Але ніводнага не дасталі. Затое з’явіліся на вадзе жоўтыя кветачкі з пялёсткамі, падобнымі да залатых манетаў. Нібыта прыгожыя кветачкі, але насамрэч атрутныя. Лепей не зрываць. Анцік, які яшчэ ў бурсе лаціну вывучыў, называў гэтыя кветачкі неяк хітра, а ў нас назвалі іх проста — пярэсна, альбо купальніца. А па мне, дык жывая кветка куды лепей, чым мёртвае золата, якое толькі ў грэх уводзіць. Анцік гэта добра зразумеў. І цяпер, калі ты пройдзешся па нашай вёсцы і агледзіш гародчыкі, то ўбачыш шмат якія незвычайныя кветкі, што ў іншых мясцінах не сустрэнеш.

 

 

 

ЗАБАБОННЫ  ЦЫРУЛЬНІК, альбо ЛІЛЕЯ  ЦАРСКІЯ  КУЧАРЫ

 

Мы з табою ведаем шмат гісторый пра тое, якія цуды можа рабіць просты чалавечы давер. Але часам, дружа ты мой, не пашкодзіць і засумнявацца… Асабліва дзе тычыцца ўсялякіх прыкметаў, забабонаў ды варажбы.

Стагоддзі тры таму жыў у суседнім мястэчку цырульнік Мялешка. А цырульнік у мястэчку чалавек паважаны — не толькі фрызуру зрабіць, але й хворы зуб выдзерці можа, і кроў пусціць… Не палохайся — гэта такі быў лекавы сродак: лічылася, што калі ў хворага выпусціць трохі благой крыві з вены, то яму адразу палепшае.

Мялешка майстрам быў спраўным. Любата паглядзець, як працуе над чарговым аброслым шляхцюком ці мяшчуком: лысіна ў вянку рудаватых кудзераў блішчыць, як новая манета, абвіслыя вусы варушацца, як жывыя, нажніцы ў спрытных руках  так і скачуць — быццам сталёвы цвыркун.

Адзітная загана мелася ў Мялешкі — надта верыў у прыкметы. Нават самыя бязглуздыя. У панядзелак, напрыклад, ніколі не мяняў адзежы — бо гэты дзень быў калісці прысвечаны богу Хорсу, і калі нешта пераапрануць, то ўвесь тыдзень будзеш часацца. Цераз ганак заўсёды пераступаў з правай нагі. Калі непадалёк спяваў певень, Мялешка адразу пачынаў даведвацца: на варотах птушка сядзела альбо на плоце, дзюбай да хаты або хвастом, чорная альбо белая… Калі з брамы, ды дзюбай да хаты — госць прыедзе … А калі певень чорны — няброжчыка праз гэтую браму панясуць. І ўжо ніколі ніхто не змусіў бы Мялешку выправіцца ў шлях да першага крыку пеўня — гэта ж адразу нячысціку ў зубы! Месяц таксама важны быў гадальшчык: злева яго пабачыць — да няшчасця, справа — да ўдачы. А калі над галавой, ды яшчэ ветах — хавайся ў бульбу… Маладзік убачыш — пакланіся, а то грошы страціш. Кажуць, Мялешка таму й не жаніўся, што калі аднойчы ішоў з нявестай-карчмароўнай пад руку, ім дарогу перабез заяц. Да таго ж злева направа… І кульгавы на адну нагу… А карчмароўна, хоць і ў дзеўках заседзелася, так ужо ж Мялешку падабалася — на галаву за яго вышэйшая, рукамі не абхапіць. Дасюль пабачыць здалёк — уздыхне ды адвернецца. Але кульгавы заяц!.. Не, не варта з лёсам спрачацца. Яшчэ Мялешка ніколі не стрыг рудых наведнікаў — хоць сам меў валасы колеру медзі. Не тое, што адразу адмовіць — але абавязкова нешта здарыцца. Нажніцы затупяцца, рука забаліць, вочы запарушыліся.. Пачакае, пачакае чалавек ды сыдзе да іншага пастрыгальніка… Нават да прыгожых цёмных з мядзяным адлівам валасоў маладога шаўца Яраша Мялешкавы нажніцы не дакраналіся, хаця Яраш быў сябрам ягонага найлепшага сябрука, паважанага ўладальніка шавецкай майстэрні Кандыбы. Добра яшчэ, сам Кандыба быў лысы, як калена, і на паслугі цырульніка не прэтэндаваў. Бо як Мялешку без кампаніі! Надта любіў. Пад вакном яго лавачкі стаялі, столік… І не было дня, как б не збіраліся там аматары паслухаць ды пагаварыць пра розныя дзівы. А заадно ці пастрыгчыся, ці зуб хворы палекаваць, ці якую парфуму новую набыць. І сям’я Кандыбаў тут жа — і шавец, і жоначка ягоная пухленькая, і сынок Яраш… А ўжо як Мялешка любіў гаданні! І на зорах, і на воску, і на костках жывёлаў, і на пяску, і на вадзе, і на ценю ад палаючай паперы… Грошай з яго павыцягвалі чмуты ўсялякія нямерана. Колікі загаворанага дабра мелася ў Мялешкі! Корань  мандрагоры, які, калі яго выцягваеш з зямлі, крычыць, бы немаўля, і прыносіць уладальніку мудрасць (сусед Кандыба запэўніваў, што гэта хутчэй за ўсё ссохлы карэньчык хрэну). Жалуды з дрэва Перуна, маленькія і чорныя, што ратуюць ад навальніцы ( як вызначаў іх паходжанне Кандыба, лепей не будзем згадваць). Пад ложкам Мялешкі ляжала падкова, загорнутая ў чырвоную анучу — сродак ад пажару.  Як толькі кірмаш у мястэчку — там і Мялешка шукае чарговую варажбітку альбо чорнакніжніка, якія разам з жанглёрамі ды мядзвежымі павадырамі прывезлі ў горад крыху шалапутства, весялосці ды таямнічасці… Ведама, што можа падказаць балаганны чарнакніжнік —  не сядай з левага кута стала, ёсць у цябе таемны нядобразычлівец, абавязкова сустрэнеш багатую даму, якая цябе палка пакахае… Аднойчы, праўда, на чарговым кірмашы з’явілася старая цыганка, якая ўгадвала — нібыта за спіной у цябе ўсё жыццё стаяла. Раскіне карты, зірне у вочы — і ўсё… Вядома, Мялешка, ледзь пачуў пра дзіўную варажбітку, тут жа да яе кінуўся. Адстаяў чаргу да намёту з цёмна-сіняй тканіны ў залатыя зоры, паклаў два дынарыі на столік, застелены чорным аксамітам, сустрэўся з пранізлівым паглядам цёмных вачэй варажбіткі… А тая карты раскінула, дый і кажа:

— Лёс твой у тваіх руках, цырульнік. Як толькі пастрыжэш цара, так і галава з плеч паляціць.

Выйшаў Мялешка з намёту, знямелы ад здзіўлення і трывогі. З аднаго боку, якім чынам цар патрапіць да местачковага пастрыгальніка? З другога — хто яго ведае, можа, абшчыкаеш якога пеўня на абед — а гэта сам курыны Цар Будзімір… І Мялешка яшчэ пільней пачаў прыглядацца да кліентаў. Якога заезжага госця, ды калі той яшчэ багаты, пра ўвесь радавод параспытвае — ці часам не мае права чужынец на якую карону… От Кандыба смяяўся над баязліўцам!

— Мялецій, глянь, глянь за вакно: цар да цябе ідзе стрыгчыся! Не пастрыжэш — галаву адсяче, пастрыжэш —  таксама галаву адсяче. Хіба тваімі крывымі рукамі царскай асобе фрызуру рабіць? Лепей бы да карчмароўны скадзіў. Сядзіць ля вакенца з раніцы да вечара, цябе выглядае…

Мялешка злуецца, але церпіць. А тут і новы кірмаш. І разам з мядзведзямі ды гандлярамі прыехаў у мястэчка сапраўдны тэатр. Паказвалі артысты на дашчанай  сцэне пасярод пляца гісторыю Трышчана і Іжоты, і пра Аніку-воіна, і “бажэсцвеннае” — пра цара Давыда, які закахаўся ў чужую жонку, і  святых пакутнікаў Барыса ды Глеба, падступна змардаваных братам. Артысты былі амаль усе студэнтамі з Кракава, пакуль вакацыі — на заробкі паехалі. І — нечуваная справа — меліся сярод іх дзяўчаткі, ці сёстры, ці нявесты… Вясёлыя, з галасамі, як у жаўроначкаў, адна бялявенькая, другая — чарнявенькая… Артысты адразу палюбілі  збірацца ў цырульні Мялешкі.  Ён рады, што новыя слухачы ёсць, распавядае пра розныя прыкметы, а тыя яму — пра ўсялякія цуды ды прароцтвы з усяго свету. Акрым усяго, фрызуры, парфума, памада — як без гэтага відачынцам абысціся? Кандыба з маладым Ярашам тут жа. Асабліва вакол прыгажуна Яраша дзяўчаткі тэатральныя віліся. Мялешка толькі пасмейваўся: у аўторак з хлапцом пазнаёміліся — значыць, не выйдзе доўгага знаёмства. У адной, бялявенькай, радзімка на левай скроні — заўсёды будзе мець таемнага каханка. У другой, чарнявенькай — ледзь заўважныя вусікі на верхняй губе. Значыць, брахлівая жонка атрымаецца, мужыка замучае. Нават кароль  Ягайла на старэйшай князёўне Гальшанскай не жаніўся, бо вусікі такія заўважыў, — узяў не такую прыгожую, маладзейшую сястру Соф’ю, але затое без вусікаў. А дурны Яраш не заўважае нічога, закахаўся. І нават не зразумела, у якую дзеўку больш.

А тут бяда з тэатрыкам сталася. Князь сваю летнюю рэзідэнцыю наведаў ды засумаваў, і запрасілі вандроўных артыстаў паказаць сваё майстэрства. Гэта ж грошы пасыплюцца, пашчасціла! А ў дзень перад прадстаўленнем студыёзусы тэатральныя з карчомкі забыліся ў час выйсці. На сцэну трэба — а трое ўстаць не могуць, пасля таго, як са шкляным богам цалаваліся. Двух так-сяк Мялешка на ногі паставіў адварамі, расціраннямі ды іншымі, больш грубымі, сродкамі, а адзін так і ляжаў, неба шчаслівымі ашклянелымі вачыма сузіраючы ды мармычучы нешта пра херувімчыкаў , якія яму на залатых крылцах зараз куфлі піва прынясуць. Учапіліся бялявенькая ды чарнявенькая ў Яраша.

— Міленькі, даражэнькі, пайшлі! Усё падкажам на сцэне. Справішся! Дзязька Мялешка, любенькі, падстрыгіце толькі ягоныя кудры — а то нават з-пад парыку відаць будуць.

Цырульнік і так, і гэтак аднекваўся. Але гастралёркі пераканалі яго, што Яраш зусім нават не руды, гэта ж колер спелага каштану. І цырульнік падстрыг маладога шаўца, і гарэзная моладзь панеслася на свае ігрышчы.

Не сказаць, каб пасля гэтага Мялешка быў у гуморы. Рудога пастрыг — цяпер дакладна не пашанцуе. Хаця валасы рудыя Мялешка старанна змёў, і закапаў іх з левага задняга кута хаты, ля сабачай будкі, і паліў тое месца адварам чарнакораня, каб няшчасце да месца прывязаць. Але не прайшло і гадзіны, зноў прыбягаюць тэатральныя дзяўчаты. Аказваецца, адзін з тых двух, каго Мялешка на ногі паставіў, зноў з тых ног зваліўся.

— Дзядзечка, міленькі! Нам такі, як вы, патрэбны — каб невысокенькі. Мы ж вас пераапранем — ніхто і не пазнае! І гаварыць вам нічога не трэба! Выйдзіце на сцэну, пастаіце — і ўсё. Пяцьдзесят дынарыяў атрымаеце!

Столькі Мялешка за месяц зарабляў. Не паспеў цырульнік асэнсаваць, што адбываецца, а ўжо стаяў у цёмным пакоі, куды даносіўся гоман шляхетнай публікай з глядзельнай залы, а спрытныя маладыя рукі апраналі на яго нейкія балаханы. І ўрэшце нават на галаву ўдзелі балахон з дзірачкамі для вачэй, а зверху паставілі яшчэ нейкі цэбар. Бедны Мялешка праз дзірачкі амаль нічога не бачыў. А дзяўчаткі шэпчуць:

— Мы вас і выведзем на сцэну, і назад адвядзем… Не бойцеся…

Здаецца, на сцэне ігралі нешта “бажэсцвеннае”. Мялешка толькі адзін раз ажывіўся, калі пачуў пра гаданне на зорах і чарнакніжніка, якога цар Ірад выклікаў на сцэну.

Тут дзяўчаты падхапілі Мялешку і павялі… Мялешка пакорліва стаў, дзе яго паставілі, і раптам праз дзірку пабачыў Яраша… Малады паскуднік сядзеў на драўляным троне, і на чорным парыку, які прыкрываў ягоныя рудыя кудзеры, высілася карона з залачонага кардону! Цар Ірад! Ён, Мялешка, сёння пастрыг цара Ірада! Смерць ягоная блізка!

А вось і яна, смерць… У белым балахоне з намаляванымі косткамі з касою… Каб не прамаўляла голасам п’янага студэнта, дык Мялешка і зусім самлеў бы.

— Сякі галаву чарнакніжніку! — закрычаў цар Ірад.

Смерць замахнулася сваёй зброяй… І раптам як дасць па цэбару, што ў Мялешкі на галаве! Цэбар і пакаціўся… І цырульнік пабачыў, што зроблены ён дакладна ў форме вялізнай галавы — з пукатымі вачыма, носам-бульбінай ды патламі з конскага хваста.

Смерць падхапіла Мялешку пад рукі і пацягнула з сабой. У зале пачуўся гучны смех ды воплескі.

Цырульнік, ужо без тэатральных балаханоў, сядзеў на лаўцы пад сваім вакном і ніяк не мог ачомацца. Што адбылося? Дык, выходзіць, прароцтва ўжо спраўдзілася? Які цар — такая і галава…

У гэты дзень Мялешка на пару з сябрам Кандыбам выпіў цэлы жбан моцнай медавухі. І першы раз за доўгія гады не ўслухоўваўся, у якім баку загарлае певень, і так і не запомніў, з якой нагі, уваходзячы, пераступіў ганак уласнага дому.

Назаўтра тэатр з мястэчка з’ехаў. Яраш пасумаваў, пасумаваў, дый пачаў насіць кветкі да вакна дачкі каваля, не чарнявенькай, не бялявенькай, а рудзенькай. І рваў ён кветкі звычайна на цырульнікавым двары, ля сабачай будкі — бо нідзе болей такіх не расло. Вялізныя рудыя кветкі-лілеі з закручанымі пялёсткамі, падобныя да кудзераў. Так іх і назвалі — царскія кудзеры.

Цырульнік нікому не распавёў, адкуль у яго ўзялося насенне гэтай гожай расліны. Але, паколькі мы з табой пра гэта ведаем, значыць, усё-ткі прагаварыўся. Можа, жонцы — былой карчмароўне? Усё-ткі ажаніўся з ёй Мялешка. Бо пасля выпадку з царскімі кучарамі перастаў так ужо пільна верыць прыкметам. Калі лёсу ўсё роўна, галава на тваіх плячах ці цэбар — дык чаго загадзя баяцца?

 

 

КАРОНА  У  ВІРЫ, альбо ГАРЛАЧЫК  БЕЛЫ

 

Прыгожая наша зямля! Не дзіва, што нараджаюцца на ёй прыгожыя людзі. Такія, як дачка млынара Адэля. Млын стаяў  на беразе нашай ракі, вунь там, дзе цяпер  пра яго нагадваюць толькі некалькі гнілых бярвенняў. А быў час, ехалі да млына  з усіх навакольных вёсак. Весела грукаталі жорны, імклівыя струмені сцякалі з кола, і людзі казалі, што нават вадзянік дапамагае млынару Богушу. Але найбольш прывозу стала на млыне, калі  падрасла  млынароўна Адэля. Вось дзе, расказвалі  старыя людзі,  каралеўна была! Стан, як у бярозкі, вочы ясныя, твар беленькі.  Як убярэцца ў сукенку з залатымі галунамі, упрыгожыцца вяночкам  — сапраўды, хоць стаў яе на стол пасярод хаты ды кленчы ад  замілавання.

Бо нашто такая ганарлівіца ды гультайка яшчэ прыдатная, абгаворвалі прыгажуню  вясковыя кабеты. Ні  жаць, ні прасці, ні есці зварыць.Толькі любавацца на яе і застаецца.

Але многія хлопцы гатовыя былі  і на такое – жаніхі так і круціліся ля млына, і як пабачаць сваю красуню – дык слодыч такая, нібыта яна  іх ужо і мёдам пачаставала, і блінамі з мачанкай.  А млынароўна адно што палье кветкі ў гародчыку, ды і сядзе перад вакном, гледзячы ўдалеч.

Усе ведалі, каго яна выглядае. Вядома ж,  каралевіча! Убілі ж дзеўцы ў галаву, што яе лёс – жыць у палацы. Вось і чакала, пакуль на галаву яе ўскладуць карону .

Каваль Янка, вядома, мог ускласці на яе залатыя косы толькі вяночак з пяшчотных кветак. Затое быў Янка прыгожы, дужы і працавіты. І толькі такая  ганарліўка, як Адэля, магла пагарджаць падобным кавалерам.

І як толькі Янка ні стараўся! Каваў для  сваёй каханай скрыні з цудоўнымі ўзорамі, купляў для яе на кірмашы шаўковыя хусткі … Усё дарэмна. Урэшце ў адчаі спытаў хлапец Анэлю, чым ён можа заваяваць яе сэрца. Анэля раўнадушна падняла на каваля свае вялізныя сінія вочы і прамовіла:

— Падорыш мне каралеўскую карону – пайду за цябе.

Жартачкі – кралеўская карона! Гэта ж не сукенка,  не чаравічкі, нават не палац. Замаркоціўся Янка. Зразумеў, што не заваяваць яму красуні. І  з’ехаў, ды не проста з’ехаў , а пайшоў на вайну.

Мінуў год, другі… Вось ужо і дзесятак набег. Усе Адэліны равесніцы павыходзілі замуж за простых хлопцаў, хто – шчасліва, хто – меней шчасліва. Ва ўсіх падрасталі дзеткі.  Пачалі ўжо пасмейвацца   над  млынароўнай, што заседзелася ў дзеўках з-за сваёй фанабэрыі.

Але Адэля не надта сябравала з вяскоўцамі. Таму, можа, нічога і не ведала пра плёткі. Гады для яе беглі незаўважна, як вадзяны струмень у коле  млына. Усё гэткая ж ганарлівая была яе постаць, і ўсё гэткае ж гожае аблічча. Яна не заўважала, як старэў бацька, як усё ніжэй згінаўся пад цяжарам мяхоў, не зважала на тое, што амаль  перасталі ўздыхаць  пад яе вакном хлопцы…

Але вось  зашумела вёска, загула: вярнуўся з вайны каваль Янка! Ды не  простым жаўнерам – а уланам!  На кані, шлем з пер’ямі, шабля пры баку … Толькі не было ў Янкі ранейшай весялосці ды яснасці. Мундзір ягоны, хоць і з залатымі галунамі, быў пацёрты, твар учарнеў, нібыта ад дыму, і шнары  сведчылі, што  Янка не хаваўся  за спіны іншых падчас бойкі.

Усе чакалі, што каваль адразу пабяжыць да млынароўны.  Дый  тая, можа, больш прыхільна паглядзіць  на былога кавалера, што вярнуўся такі героем.

Але Янка зачыніўся ў кузні. Цікаўныя бачылі, як ён прыводзіць да ладу занядбаную кавальскую гаспадарку, рыхтуе інструманты. Вось ужо і агонь запалаў,  загрукала жалеза… Што Янка там каваў? Чаму кінуўся за працу, ледзь парог роднае хаты пераступіўшы? Ніхто не ведаў.

Але праз два тыдні да млына прыйшоў госць. Высокі плячысты жаўнер у мудзіры трымаў у руках каваную скрыню.  Млынароўна, як і дзесяць год таму, моўчкі пазірала праз вакно удалеч, адкуль мусіць  з’явіцца  яе цудоўны лёс.

На жаль, мала хто пазнае свой цудоўны лёс у ягоным сапраўдным аблічы – бо абліччаў тых можа быць мноства. Млынароўна раўнадушна паглядзела на Янку.  Раўнадушна  зірнула і  на куфэрак у ягоных руках. Але калі вечка куфэрка адчынілася, Адэля  раптам уся страпянулася, вочы яе запалалі… У куфэрку ляжала сапраўдная каралеўская карона – залатая, упрыгожаная каштоўнымі камянямі і перлінамі. Яна ззяла, нібыта адбітак сонца ў рачных хвалях. Адэля дрыготкімі рукамі дастала з куфэрка сваю  мару, павольна ўсклала цяжкі  сімвал улады на сваю горда ўзнятую галаву…

Янка  тужліва і захоплена глядзеў на сваю каралеву.

— Якая ты прыгожая, мая каханая. Ты сапраўды магла б быць каралевай – так пасуе табе карона. Я выканаў тваё жаданне – гэтая карона дакладна такая ж, як у нашага караля. Цяпер ты пойдзеш за мяне, маё шчасце?

Адэля ганарыста зірнула на каваля.

— Дзякуй за падарунак. Карона амаль як сапраўдная. Амаль… Бо хіба ёсць пры ёй каралеўства? Хіба шлюб з табой узвядзе мяне на трон? Ці хаця б у княскі палац? Змяняць млын на кузню – невялікі гонар.

Зусім сцямнеў з твару Янка. Доўга глядзеў ён на дзяўчыну. І  маўчанне яго был цяжкое, як навальніца.

— Праўду кажуць,– нарэшце вымавіў ён,—што з твару вады не піць. Галоўнае – добрая душа. Каб зрабіць  табе гэтую карону, я тысячу разоў пабачыў смерць. Я ўваходзіў у чужыя палацы, дзе  мармуровая падлога была слізкай ад крыві. Я ўварваўся ў  скарбніцу самога султана – адтуль вось гэты смарагд на тваёй кароне і  гэты шнар на маім твары. Мяне лічылі сквапнікам, бо замест узнагарод і прывілеяў я заўсёды прасіў  падараваць мне золата і дыяменты. Які ж я быў сляпы! Карона нікога не зробіць каралём.  І тым больш не падорыць кахання.

І Янка сарваў з галавы Адэлі залатую карону, хуткім крокам падыйшоў да ракі і шпурнуў здабытак многіх цяжкіх гадоў у вір, у самае глыбокае месца. Быццам маланка палыхнула ў  хвалях.

Ускрыкнула Анэля, кінулася да ракі. Зазірнула ўглыб – але там была адна халодная цемра. Паглядзела на госця –  ды ўбачыла толькі ягоную спіну: Янка цвёрдым крокам ішоў у бок вёскі, каб ніколі не вярнуцца да таго месца, дзе пагасла ягоная мара.

І  тады першы раз Адэля адчула ў душы невымоўную скруху. Першы раз варухнуўся ў душы страшны сумніў і нелюбоў да сябе. Дзяўчына апусцілася на калені над вірам, і слёзы самі сабой паліліся з прыгожых сініх вачэй, што ўмелі паглядаць гэтак ганарыста  і раніць сэрцы наіўных. Слёзы раскаяння падалі ў вір, і паступова ў яго глыбінях пачало ўтварацца святло. Светлая пляма ўсё ярчэла, набліжалася да паверхні вады, і ўрэшце з цёмных хваляў вынырнула цуда – белая кветка,  падобная да каралеўскай кароны.

Кветка нарадзіла іншыя кветкі, і дзяўчаты вечарамі прыходзілі любавацца, як развінаюцца пяшчотныя снежныя пялёсткі. Назвалі кветку гарлачыкам – бо нагадвала яна па форме гарлачык, збанок. Гэта, вядома, не такая высакародная рэч, як карона, але затое сумленна служыць добрым людзям. І няма ў спёку лепшага падарунку для жняі, чым гарлачык з прахалодным малаком.

Але рваць белыя  гарлачыкі лічылася грэхам. І яны спакойна гайдаліся на хвалях. Гэта цяпер людзі не зважаюць на наступствы, думаюць толькі пра тое, як  займець самому і пабольш,  і не відаць сёння гарлачыкаў на нашай рацэ.

Ты пытаешся, што ж далей сталася з Адэляй ды Янкам? А ты спытай пра гэта ў кагосьці з Кавалёвых – людзей з такім прозвішчам шмат у нашай вёсцы. Можа хтосьці з іх успомніць пра сваіх пра-пра-пра –бабулю і дзядулю, Янку і Адэлю. Так, Адэля зразумела, якую карону і якое каралеўства мог падарыць ёй Янка – вянец кахання ярчэйшы за сонца.

І ты, калі ўбачыш раптам белы гарлачык, гэтак падобны да кароны, не спяшай забіць яго, сарваўшы, абы на кароткі час прыўлашчыць сабе. Лепей палюбуйся ім, каб яго прыгажосць назаўсёды  засталася ў тваім сэрцы, як і  любоў да Радзімы.

 

ЗМЕСТ

 

МЕЧНІК  ЯРМОЛ, альбо МЕЧ—ТРАВА

ВЯСЕЛЛЕ  ВЕДЗЬМАКА, альбо ЧАРНАКОРАНЬ  ПУРПУРОВЫ

АПОШНЯЯ  ПЕСНЯ   СКРЫПКІ, альбо ВАЛЯР’ЯН  ДВУХДОМНЫ

ЧУЖЫЯ  ВЕТРАЗІ, альбо ЛАДДЗЯН  ТРОХНАДРЭЗАНЫ

СКАРБЫ  ЗЕЛЬНІЦЫ  МАГДЫ, альбо ЛУННІК  АЖЫВАЮЧЫ

ПРАКЛЯТЫ  САД, альбо  БОЦІКІ  ПАЎНОЧНЫЯ

МЕЧ   У  МАГІЛЕ, альбо КАДЗІЛА  САРМАЦКАЕ

ЗАЛАТЫЯ  КОСЫ, альбо ЗВАНОЧАК  РАПУНЦЭЛЬ

МУРАД  І  АЛЕСЯ, альбо ТАЙНІК  СЭРЦАПАДОБНЫ

КАРАЛЕЎСКІЯ  КАРАЛІ, альбо КАСЦЯНЕЦ  НАСЦЕННЫ

НЕПРЫГОЖАЯ  НЯВЕСТА ПРЫНЦА, альбо  УВЯРЭДНІК  СКІПЕТРАПАДОБНЫ

ПРАЎДА  ЛІРНІКА  ВЕНАНЦЫ, альбо ЧЫСТАВУСТ  КАРАЛЕЎСКІ

КРЫЛАТЫ  ГУСАР  І  ПРЫВІД, альбо БЕЛАКАПЫТНІК ГІБРЫДНЫ

ЧАРОЎНЫЯ  АСТРАГАЛЫ, альбо ПЯРЭСНА  ЕЎРАПЕЙСКАЯ

ЗАБАБОННЫ  ЦЫРУЛЬНІК, альбо ЛІЛЕЯ  ЦАРСКІЯ  КУЧАРЫ

КАРОНА  Ў  ВІРЫ, альбо ГАРЛАЧЫК  БЕЛЫ

 

 

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.