«Падарожнічаць хацела б паўсюль, а жыць толькі ў сучаснасці»
Гістарычныя раманы і аповесці Людмілы РУБЛЕЎСКАЙ крытыкі параўноўваюць з творамі Караткевіча, бо ў іх тыя самыя невычарпальная цікавасць да мінуўшчыны, мастацкія акалічнасці, пераплеценыя з рэчаіснасцю. Дакладней, рэчаіснасць, паяднаная з прыдумкай. Пісьменніца атаясамлівае твор з садам, які расце сам па сабе, а з другога боку — гэта лагічная канструкцыя, якая не павінна развальвацца. І героі там паводзяць сябе так, як ім хочацца, аўтар не заўсёды можа зрабіць з імі тое, што задумае.
— Не крэслю схем на паперы, проста адчуваю, дзе ўмацаваць сюжэт, каб не разваліўся, дзе завяршыць ці надбудаваць. Але сад мае быць жывым, — пераканана Людміла Рублеўская. — Як сказаў французскі паэт Жак Прэвер, твор — гэта намаляваная клетка, у якую трэба заманіць жывую птушку.
ЗАПАМІНАЮЦЦА чытачам не толькі выкшталцоныя сюжэтныя лініі, непрыдуманы каларыт стагоддзяў і эпох, цікавосткі з жыцця магнацкіх родаў, але і самабытная беларуская мова пісьменніцы. Хаця нарадзілася аўтар у Мінску, вучылася ў Маскоўскім літінстытуце імя М. Горкага, мела не занадта беларускамоўны асяродак, і зрэшты слоўныя скарбы давялося спасцігаць самой. А цяга да беларускасці пачалася, калі яшчэ падлеткам паехала на экскурсію ў Вільню. У зносінах з тамтэйшымі захацелася паказаць сваю самабытнасць і загаварыць па-свойму.
— Разуменне «хто ты ёсць» узнікае якраз падчас сустрэчы з іншым «я». Менавіта тады і зацікавілася: хто мы і якая гісторыя ў нашага народа? Да гэтага чытала раманы Вальтэра Скота, а пазней пераканалася, што шмат цікавага адбываецца не толькі на еўрапейскіх скрыжаваннях, але і на нашай зямлі, — даводзіць Людміла Рублеўская. — Калі чую енкі пра лёс беларускай мовы, не губляю аптымізму, таму што маю ўласны прыклад. Я сапраўды дзіця асфальту, але і дзіця кнігі, чытала з трох гадоў. Паспрыяла тое, што ў маім маленстве, хоць на добрыя выданні быў вялікі дэфіцыт, іх можна было набыць у перакладзе па-беларуску — «Прыгоды Бураціна», «Прыгоды Гулівера», «Прыгоды Мюнхаўзена», народныя казкі. Таму мову заўсёды добра разумела.
У школе дзяўчынка зачытвалася нефармальнай літаратурай і бегла да бібліятэчных паліц, дзе знаходзіла хоць бы Станіслава Лема. Светаўспрыманне перавярнуў Уладзімір Караткевіч, паэзія Максіма Багдановіча. Ужо з дзяцінства рабіла першыя вершаваныя спробы, а ў чатырнаццаць гадоў пісала па-руску і па-беларуску. Памятае, як пакутліва прыходзілі словы. У 1985 годзе пачынаючую паэтку запрасілі на семінар маладых літаратараў у Каралішчавічы — на былую дачу Якуба Коласа.
— У гэтым драўляным доме я ўпершыню агучыла свае беларускамоўныя вершы, ды не ўмела іх правільна вымаўляць. Рыгор Барадулін глядзеў на мяне вялікімі вачыма — маўляў, добра піша, а вымаўляць не ўмее. Па выніках семінара на тэлебачанні чытала верш, прысвечаны Караткевічу: «Леаніды лятуць, Леаніды». Такім чынам патрапіла ў беларускамоўны асяродак. Канчатковы пераход да мовы адбыўся, калі паступала ў Маскве ў літінстытут імя Горкага на аддзяленне паэзіі. Нібыта па разнарадцы, там былі прадстаўнікі з усіх саюзных рэспублік, усіх нацыянальных меншасцей і з братніх сацыялістычных краін — ад Румыніі да В’етнама. Самаідэнтыфікацыя праявілася там цалкам, бо ўсе стараліся выкарыстоўваць сваю мову. У інстытуце сустрэлася з будучым мужам — паэтам Віктарам Шніпам, з’явілася з кім размаўляць па-беларуску, і так на ўсё жыццё, — усміхаецца Людміла Рублеўская.
Заўсёды шукае новыя моўныя сродкі — у пачутым, прачытаным, мемуарах, слоўніках, выпісвае і запамінае. Менавіта таму некаторыя словы ў творчасці пісьменніцы адразу не зразумееш, трэба, як кажуць, «загугліць». А нешта наогул прыдумляе сама — прыказкі, прымаўкі ці параўнанні:
— Хай мова багацее, яна мае вялікі патэнцыял для словаўтварэння. Неяк рыхтавала ўрывак са свайго рамана пра Пранціша Вырвіча для агульнанацыянальнай дыктоўкі, дык спецыяльна выкарыстала слова «цікавостка», наконт паходжання якога многа спрэчак, але хай прымусіць задумацца, што ў мове не ўсё так лінейна, і яна жывая з’ява.
НЕ ўсё лінейна і ў пяцітомным рамане «Авантуры Пранціша Вырвіча», дзе віруе жыццё XVIII стагоддзя. Серыял па гэтым творы зняла кінастудыя «Беларусьфільм», у сакавіку адбыўся папярэдні паказ поўнаметражнай версіі. Гэта не першая спроба экранізацыі па творчасці Рублеўскай, стужка паводле драматычнай паэмы «Апошняя з Алелькавічаў» пра Сафію Слуцкую выйшла акурат 20 гадоў таму. Адметна, што тады і часткова цяпер здымкі адбываліся ў Мірскім замку. Да прапановы экранізацыі рамана пісьменніца напачатку аднеслася скептычна, бо не верыла, што гэта ўдасца:
— Чула водгукі, што мае раманы кінематаграфічныя: чытаеш, як фільм глядзіш. Але іх ніколі не здымуць, бо як можна аднавіць тое, што апісваецца. Напрыклад, «жалезную чарапаху» — машыну па схеме Леанарда Да Вінчы, крылатых гусараў, карэты, замкі… Я і праўда мала паверыла, але згоду дала, бо лепш паспрабаваць і пашкадаваць, чым наадварот. Пераканалася ў плёне, мабыць, тады, калі ў вялізным павільёне «Беларусьфільма» пабачыла, як брыгада майстроў шчыруе над той «жалезнай чарапахай». У кнізе яна аздоблена паравым рухавіком, так і зрабілі — унутры кацёл, гарыць агонь, страляюць гарматы.
Здымкі прайшлі за два гады, а папярэдні паказ паспеў адбыцца да каронавіруснай эпідэміі, поўнаметражная стужка з’явіцца ў пракаце ў кінатэатрах, пазней па тэлебачанні пакажуць серыял. Такога ў нашым кінематографе яшчэ не было, заўважае Людміла Рублеўская:
— Васямнаццатае стагоддзе, экшн, каскадзёры, бліскучая акцёрская ігра, народныя артысты нават у маленькіх эпізодах. Каларыт і цудоўная музыка — саундтрэк, які рабіў Віктар Капыцько, сама б хацела пракручваць на смартфоне. З народнымі інструментамі ўдзельнічаў Яраш Малішэўскі, ён склаў песню для фіналу, дзякуючы яму ў фільме гучаць мандаліна, дуда, варган і старажытная ліра.
— Вы звяртаецеся да тых жа падзей, якія цікавілі Караткевіча, напрыклад, паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноў- скага ў рамане «Золата забытых магіл». Таксама абралі гістарычны жанр, каб паказаць самабытнасць беларускага народа?
— Так, гэта надзвычай прыдатны інструмент, каб працаваць на нацыянальную ідэю. І мой выбар абсалютна не штучны, пішу, што падабаецца. Пасля цікава чытаць крытыкаў, з кім яны мяне параўноўваюць, якія тэрміны вынаходзяць і як вызначаюць жанрава. З усім магу пагадзіцца: неарамантызм — на здароўе, постмадэрнізм — добра, гісторыяцэнтрычны раман — не бяды. Усё гэта другасна, галоўнае — свет, дзе я магу пажыць і сказаць важнае для мяне.
— Многа пішаце пра Вялікае Княства Літоўскае, у нейкай ступені яго ідэалізуеце. Аднак па жыцці таго ж Лёдніка з «Авантур…», прададзенага ў рабства, бачым, што ў той час таксама жылося няпроста.
— У мастацкім творы мадэль мовы і быцця пісьменнік прапускае праз сябе. Рэальна адчуваю атмасферу і эпоху, якую апісваю, — да пахаў і гукаў. А што тычыцца ідэалізацыі, без яе таксама ў пэўным сэнсе не абысціся, бо маем справу з сімваламі, архетыпамі, абагульненнем. Не ўхваляю гедыністычны прынцып, таму мэта маіх герояў не набыццё, а стварэнне дзеля іншых. У серыі пра Пранціша Вырвіча на здымачнай пляцоўцы артыстам шмат тлумачыла, чаму, скажам, Лёднік, якога прадалі ў рабства, не ўцёк, не пабіў Вырвіча. Сэнс і ў ментальнасці эпохі, адсутнасці цялеснай недатыкальнасці і права на асабістую прастору. Прычынай і іншая сістэма каштоўнасцей, іншае ўспрыняцце — Лёднік выбраў для сябе пакору за пагарджэнне доктарскім пакліканнем, адчуваў сябе вінаватым за заняткі магіяй і алхіміяй. Пранціш яго ставіць на калені, прымушае цалаваць сабе руку. Выключнасць маіх герояў — у сітуацыі, абсалютна натуральнай для таго часу, яны абодва адчуваюць няправільнасць сваіх учынкаў.
— Ці ёсць тая эпоха, у якую жадаеце перанесціся?
— Пападарожнічаць хацела б паўсюль, але жыць толькі ў сучаснасці. Васямнаццатым стагоддзем захапілася пасля кнігі Адама Мальдзіса і пакуль пісала «Авантуры…» — столькі правяла там класнага часу. Але толькі ўявіце: перанесліся мы туды, напрыклад, на тутэйшы баль — радасць для дзяўчат. Якраз цяпер рыхтую шостую кнігу пра Вырвіча і апісваю такое свята на падставе рэалістычных мемуараў. Гарсэт з кітовага вуса і на металічным каркасе зацягнуты так, што ўздыхнуць цяжка. Многа цяжкіх спадніц на абручах. Толкам не пачухаеш галаву з-за парыка, прычоска каштавала дорага і рабілася не на адзін дзень — таму спалі, падклаўшы пад шыю валік ці ўвогуле седзячы. З маленства дзяўчаты для зграбнай ножкі насілі трохі завузкія чаравічкі. Бялілы, чырванілы, сінілы са шкодных матэрыялаў раз’ядалі скуру на тварыках… З сабой заўсёды блыхалоўка, а дрэнны пах адганялі рэзкім парфумам або спаленымі зёлкамі. Вокны прытым у пакоі не адчыняліся — няма чаго выстуджваць, вакол дым, смурод і пот, а трэба танчыць. Нездарма Бутрамей Лёднік на адным з такіх баляў выбівае аконнае шкло. Вось вам і тагачасная рамантыка!
Фота з уласнага архіва Людмілы РУБЛЕЎСКАЙ