“Не ганяйце па хаце родную маці…”
За гарбатай у Шніпоў
Лім, 20 верасня 1996 года
Самыя цікавыя размовы адбываюцца на канапе за кубкам гарбаты. Ідэя абнародавання “кулуарных”, сяброўскіх размоў-спрэчак творчых людзей не новая. Захады падобныя рабіліся і на старонках “ЛіМа”. А ў сённяшнім нумары ёсць заяўка распачаць пастаянную рубрыку, заснаваную на такіх публікацыях. Тым больш, што ёсць творчая сям’я, якая заўсёды можа прадаставіць сваю канапу, гарбату і гасціннасць філосафам, крытыкам і пісьменнікам, якіх салам не кармі, гарэлкай не паі – дай пагаварыць на літаратурныя і калялітаратурныя тэмы.
На канапе ў кватэры паэта Віктара Шніпа і паэтэсы Людмілы Рублеўскай, рэдактара аддзела крытыкі “ЛІМа” (якая, дарэчы, і “нясе адказнасць” за ўзнікненне такой рызыкоўнай ідэі) сабраліся літаратуразнаўца, загадчык кафедры славістыкі БДУ Іван Чарота, філосаф, супрацоўнік часопіса “Крыніца” і газеты “Культура”, у якой вядзе літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО”, Валянцін Акудовіч, малады крытык Ірына Шаўлякова і празаік Барыс Пятровіч. Зачэпкай для першай размовы стаў ліст без зваротнага адраса, атрыманы “ЛіМам”, аўтар якога, відавочны дылетант у тэорыі літаратуры, рабіў закіды сучасным беларускім літаратарам у злоўжыванні “паўтарыцельным курсам”, захапленні фарматворчасцю пры адсутнасці дастатковай распрацоўкі зместу, і, як вынік, другаснасці нашай літаратуры і лёгкасці ўпісаць сваё імя ў яе скрыжалі. Размова на канапе ў Шніпоў, зразумела, выйшла за межы абмеркавання праблем злашчаснага ліста. Было закранута столькі праблем сучаснай літаратуры, што гаспадары не паспявалі мяняць касеты ў дыктафоне. Пад канец размовы, якая даўно ўжо перавысіла ліміт чыстых касет, адбылося абмеркаванне назвы навароджанай рубрыкі.
Прапануем чытачу пазнаёміцца з поглядам на сучасную літаратуру з другога паверха, з канапы ў кватэры Шніпоў.
Людміла Рублеўская. Мне здаецца, што ў лісце ёсць намёк перш за ўсё на нашу беднасць, адсутнасць адбору. Але ці не ёсць гэтая беднасць уяўная, ці не ёсць гэта наш комплекс правінцыйнасці?
Іван Чарота. Магу прывесці факт – хто хоча, няхай аналізуе. Гадоў шэсць таму на міжнароднай піьменніцкай сустрэчы адбыўся вечар паэзіі “менш прызнаных літаратур” (так далікатна было сфармулявана). На гэтым вечары былі прачытаны пераклады вершаў Максіма Танка і Анатоля Сыса. Больш за дзесятак літаратур было там прадстаўлена, каля сарака літаратараў. Але пасля імпрэзы падыходзілі да мяне яе ўдзельнікі і з захапленнем казалі: “Няўжо яшчэ ў нейкага народа можа быць такая паэзія?”
Валянцін Акудовіч. І бедныя мы і не бедныя… Што тычыць выйсця на сусветны ўзровень – праблема ў тым, што рынкі захоплены. У Еўропе – найперш італьянскай, французскай і нямецкай літаратурамі. І не тое, каб літаратур іншых народаў там спецыяльна не хацелі заўважаць – гэта адбываецца аўтаматычна.
Беднасць наша сапраўды ў тым, што нас мала. Тая частка нацыі, з якой выходзяць літаратары і якую складаюць спажыўцы літаратуры, дзесятая частка мільёна… Так, у нас не запоўнены многія формы. І гэтая незапоўненнасць – выдатная для творчага працэсу. Куды ні пойдзеш – усюды цалік, распрацоўвай.
Віктар Шніп. У нас многія пісьменнікі пайшлі з жыцця з адчуваннем, што яны ў літаратуры стварылі нешта непаўторнае, адметнае. І цяпер хоць мы і адзначаем іх юбілеі, але творы іх не перавыдаваліся і перавыдавацца, відаць, не будуць. І магчыма, цяпер, з пісьменнікаў, якім трыццаць – сорак гадоў, пачынаецца новая літаратура, у якой ёсць і эксперыменты, і традыцыя. Не ссякнуць гэтыя парасткі сёння – разаўецца вялікая беларуская еўрапейская літаратура. А тое, што было, калі можна так сказаць, у большасці грунт, на якім расце новае. Аднак адны з нас стараюцца засвоіць усё, што было, другія адмаўляюць, не чытаючы. Я асабіста лічу: трэба ведаць усё, што было створана на той мове, на якой ты сам пішаш.
Барыс Пятровіч. Што тычыцца папрокаў у “паўтарыцельным курсе” нашай літаратуры… Думаю, найперш гэта закід да тых маладых пісьменнікаў, што спрабуюць пісаць “не так, як усе”. Але Багдановіча ў свой час таксама папракалі ў фарматворчасці, дэкадэнцтве…. Больш таго, можна сказаць, што пасля Бібліі – усё паўтарэнне. Паўтараюцца не толькі сюжэты, паўтараюцца агульнапрынятыя формы, жанры – раман, аповесць, апавяданне… Але чамусьці “чапляюцца” менавіта да пісьменнікаў-наватараў, шукаюць паўтарэнні ў іх творчасці. Хоць самі словы “наватар”, “авангардыст”, “мадэрніст” гавораць зусім пра іншае. І таму ва ўсе часы павінны былі аб’ядноўвацца ў суполкі не пісьменнікі-рэалісты, а наватары. Каб сцвердзіць сябе і даказваць сваю неабходнасць, проста магчымасць існавання ў літаратуры. Вось як “ бумбалітаўцы” цяпер…
Валянцін Акудовіч. Што ж, ідэалізаваць Багдановіча таксама не трэба. Паспешліва наконт паўтарыцельнасці было ім сказана. Уся літаратура – паўтарыцельная. Адзін з грузінскіх паэтаў-рамантыкаў вярнуўся дадому пасля вучобы. Бацька-князь пытаецца: “Чым ты, сынок, думаеш займацца?” – “Ды так, бацька, пісаць буду”. – “Ты што, сынок, здурнеў? Біблія напісана. “Віцязь у тыгровай скуры” напісаны… Што ты яшчэ хочаш напісаць?” І Дантэ паўтараў, і Шэкспір паўтараў… Блок неяк пра працэсы літаратуры сказаў прыкладна так: Эсхіл горшы за Дантэ, Эўрыпід за Эсхіла, Дантэ за Еўрыпіда, Сервантэс за Дантэ, Шэкспір за Сервантэса… Вось вам і прагрэс у літаратуры.
Людміла Рублеўская. Дарэчы, у адным з артыкулаў лімаўскага партфеля ёсць думка, што недасканаласць нашай сучаснай літаратуры ў тым, што літаратары не маюць спецыяльнай літаратурнай адукацыі, як у свой час расійскія арыстакраты кола Пушкіна, калі на экзаменах трэба было чытаць свае оды, а ў нас няма ўласнага літінстытута, літаратурных курсаў, дзе б навучалі пісьменніцкаму рамяству, падобна таму, як балерыны адпрацоўваюць свае па, што няма ў літаратуры звязак настаўнік – вучань…
Іван Чарота. Ідэя стварэння ў нас такой установы насілася ў паветры. Але я скептычна да гэтага станавіўся і стаўлюся.
Барыс Пятровіч. Настаўніцтва не трэба адмаўляць – у добрым сэнсе… І шкада, што ў нас няма такіх традыцый. З гісторыі бачым, што часцей пісьменнікі падтрымлівалі “землякоў” і гадавалі графаманаў. А добрыя прыклады… Вось называюць Арлова вучнем Караткевіча. Але гэта відавочна ж не так.
Валянцін Акудовіч. У рускай літаратуры падобная ж сітуацыя, у адрозненні ад японскай, дзе без настаўніка ты проста не можаш з’явіцца і займець сваё месца ў літаратурным працэсе.
Іван Чарота. Хрэстаматыйны прыклад – Горкі і вучні. Цэлая плеяда, што кармілася з ягонай рукі. А што выйшла? Скажам, Фёдар Гладкоў, які кусаў за тую самую руку?
Валянцін Акудовіч. Настаўнік павінен хацець, каб вучань яго перарос.
Людміла Рублеўская. Вы бачылі такіх настаўнікаў сярод пісьменнікаў? У глыбіні душы ніхто так не думае.
Барыс Пятровіч. Найлепшымі настаўнікамі часцей былі не вядомыя літаратары, а проста высокаадукаваныя людзі…
Людміла Рублеўская. Павінны быць не настаўнікі, а, так бы мовіць, інстытут літаратурнага патрыяршаства.
Ірына Шаўлякова. Я ведаю, што сярод маіх равеснікаў тыя, хто хоць раз пагаварыў з Брылём, засталіся пад вялікім уражаннем. Я прачытала ў “Полымі” яго “З людзьмі і самнасам” – мне плакаць хацелася ад усведамлення, што гэтаму чалавеку ўжо 80 гадоў. У пэўнай часткі дваццацігадовых ёсць адчуванне, што існуюць патрыярхі.
Барыс Пятровіч. Атрымліваецца, што ў нас няма не настаўнікаў, а вучняў…
Ірына Шаулякова. Наконт гэтага хацелася б параўнаць дзве кнігі – ужо згаданую Брыля і “Аратай, які пасвіць аблокі” Барадуліна. І там, і там – рэфлексіі. Але якія розныя! У Барадуліна – думка, што маладыя не хочуць вучыцца, паўтараецца на кожным кроку. І выклікае не тую рэакцыю, на якую ён разлічваў. Можа, гэта ў мяне пазіцыя ўзросту – але сказаць моладзі “якія ж вы…” справа густу. Стварыўся стырэатып: вось, маладыя не хочуць, маладыя адмаўляюць. А сярод іх цяпер шмат такіх, для каго традыцыя мае вялікае значэнне.
Валянцін Акудовіч. Да звязкі “настаўнік – патрыярх” я хацеў бы дадаць яшчэ адну катэгорыю, якая, мне здаецца, больш істотная, чым і настаўніцтва, і патрыяршаства, пра якую ў нас практычна не гаварылі. Гэта – арганізатар літаратуры ці, іначай, літаратурны менеджэр. Доўгі час такім арганізатарам ў нас быў ідэалагічны апарат. Сёння такая катэгорыя людзей з’явілася: Сяргей Дубавец, які арганізаваў спачатку “Тутэйшых”, а потым “Нашу ніву”, цяпер – другую “Нашу ніву”; Алесь Аркуш, які стварыў Таварыства вольных літаратараў, якое выпускае часопісы, кніжкі і г.д.; Алесь Масарэнка, хаця ён і са старой структуры, але з тых людзей, якія арганізоўваюць літаратурны працэс маладых. Пэўным чынам такая тэндэнцыя праяўляецца і ў Ігара Бабкова, магчыма, і ваш пакорлівы слуга мог бы сябе прылучыць да гэтай кагорты. Арганізатар нясе пэўную ідэалогію – не ў палітычным сэнсе. Крытык жа не фармуе літаратурны працэс. Ён можа яго толькі асэнсоўваць, аналізаваць.
Іван Чарота. Мне здаецца, адбылася пераакцэнтоўка. Не крытык упраўляе літаратурным працэсам, а крытыка ў сукупнасці. Расстаўляючы пэўныя арыенціры – хоча ці не хоча, ствараючы пэўную аксіялогію – гэта слабы твор, гэта моцны. Што тычыцца асоб, якія называліся, ёсць прэцэдэнты стварэння літаратурных асяродкаў, калі хочаце – груповак. А ў гэтым я бачу як станоўчае, так і адмоўнае. Аднойчы я дазволіў сабе дабрадушную рэпліку: калі Таварыства вольных літаратараў ладзіла вечарыну ў Нацыянальнай бібліятэцы, і давалі слова Алесю Разанаву – “нявольніку сярод вольных”. Наколькі больш волі ў гэтага Алеся параўнальна, скажам, з другім Алесем – Аркушам, якому дэклараваць вольнасць у шыльдзе – гульня. У вельмі значнай ступені.
Ірына Шаўлякова. У мяне з сабой, дарэчы, ёсць нумар “Литературной газеты”, у якім дыскусія двух крытыкаў – Аляксея Варламава і Алега Паўлава. Адзін выводзіць тэорыю “масонскай змовы” крытыкаў. Расійская літаратура саслабла, крытыкі, якія ўступілі ў змову, прыдушылі яе, і цяпер дыктуюць сваю волю. А другі аўтар мякка пярэчыць, што ў тым, што літаратура саслабла, вінаватыя усё-ткі пісьменнікі…
Іван Чарота. Ёсць і тут прыклады. На памяці ўсіх, як эпахальным творам зрабілі “Дзяцей Арбата”. А твора ж няма! Але тыраж узняўся на мільёны. Мне даводзілася ледзь не сварыцца з калегамі: няўжо вы не бачыце, што гэта слабы твор і ў ім няма таго, што яму прыпісваюць. Але не мог пераканаць – яны чыталі артыкулы, што ўхвалялі “Дзяцей Арбата” як эпахальны твор! І сёння, хацелі б мы ці не хацелі, але на пэўныя крытычныя выказванні і аўтарытэты чытач усё роўна абапіраецца. Ёсць такая статыстыка: з кожнай сотні твораў, што з’яўляюцца, толькі адзін можа перажыць дзесяць гадоў. Да абаронцаў ТВЛ я неаднойчы звяртаўся з пытаннем: “Колькі год існуе групоўка? Назавіце адзін твор за ўсе гэтыя часы, які здольны перажыць дзесяць гадоў?” Глухое маўчанне ў адказ.
Валянцін Акудовіч. Пытанне некарэктнае. Хто вызначае крытэрыі? А, можа, той твор яшчэ проста не напісаны.
Іван Чарота. З усіх кніжак, якія выдадзеныя, не маглі назваць?
Валянцін Акудовіч. Ведаеце, Іван Аляксеевіч, вось я, напрыклад, да Леры Сом асаблівай увагі раней не праяўляў. А вы, напэўна, і імя такога не чулі. Але я ведаю маладых людзей, якія амаль абагаўляюць яе.
Іван Чарота. Між тым увесь працэс дае нейкае адчуванне значнасці. Згадайма 60-я гады, Андрэя Вазнясенскага. Рэтраспектыўна гледзячы, бачым: слабыя творы. Але і ў канцы 60-х і ў 70-я столькі было курсавых, дыпломных прац па яго творчасці. Другі прыклад: з’яўляецца “Прощание с Матёрой” Распуціна – і адразу ўваходзіць у літаратурную свядомасць, у спадчыну…
Валянцін Акудовіч. Літаратура шасцідзесятых і наша сённяшняя літаратура – розныя рэчы. Сёння, калі дзесяць-пятнаццаць чалавек ведаюць адзін верш, гэта ўжо вядомасць…
Барыс Пятровіч. Чаму пра гэтыя праблемы не гаворыць літаратурная крытыка? Не называе творы, якія заслугоўваюць увагі? Калі меркаваць па крытыцы – дык ці ёсць сёння беларуская літаратура наогул?
Людміла Рублеўская. Крытыку ў нас часта блытаюць з літаратуразнаўствам. А гэта розныя рэчы. Пад рубрыкай “крытыка” друкуюцца навуковыя артыкулы або проста інфармацыя аб выхадзе той ці іншай кнігі.
Ірына Шаўлякова. Я цяпер раблю на “Радыё-два” сваю праграму, у якой спрабую адрэагаваць на тое, што з’яўляецца ў часопісах, на новыя кніжкі. Але як цяжка шукаць крытычныя матэрыялы на гэтыя творы! Заўважыла, што знайсці што-небудзь цікавае можна найперш у газетах. У часопісах жа, дзе крытыка, здавалася б, павінна быць сталай, няма нічога, што аператыўна і аб’ектыўна адгукалася б на творы.
Барыс Пятровіч. А на апошнім з’ездзе Саюза пісьменнікаў адзначылі, што ў саюзе больш за сто крытыкаў… Фактычна, кожны трэці сябар Саюза пісьменнікаў – крытык.
Ірына Шаўлякова. Чаму ўсе мае знаёмыя купляюць “Литературную газету”? Таму, што выйшаў новы раман, скажам, Пялевіна, адкрываеш «Литературку» – там дзве розныя думкі пра яго…
Людміла Рублеўская. Людзі ў нас не ўмеюць спрачацца, баяцца дыскусій.
Іван Чарота. Склалася так, што калі я думаю інакш, напрыклад, за Валянціна Акудовіча, нас ужо лічаць ворагамі. Гэта і правінцыйная традыцыя, і ўжо нацыянальная.
Віктар Шніп. Гэта гаворыць пра дэфіцыт выданняў. Трэба, каб у аўтара была магчымасць выбіраць, калі ў адным, няхай будзе, па выразе Бабкова, “рытуальная злосць”.
Ірына Шаўлякова. Я не злосная ў крытыцы, я пішу “па прыколу”, іранічна. Мне цікава пачуць рэакцыю самога аўтара, а для гэтага варта і зачапіць.
Людміла Рублеўская. Але ж у аўтара яшчэ не выпрацавана адэкватная рэакцыя на такую зачэпку. Ён ведае: калі яго пакрытыкавалі на старонках друку, на яго абрынуліся ўсе, калі пахвалілі – усе хваляць.
Віктар Шніп. Недзе ў пачатку васьмідзесятых гадоў надрукавалі ў “Полымі” вялікую падборку маладых паэтаў. А ў “ЛІМе” іх усіх разбілі. І хутка, здаецца, у “Звяздзе” ці ў “ЛіМе” з’явіўся ліст-артыкул за подпісам амаль дзесятка вядомах пісьменнікаў, у якім абвяргаўся той крытычны матэрыял, і маладых літаратараў “вярталі ў стан таленавітых”.
Валянцін Акудовіч. Хачу некалькі слоў сказаць пра некаторых з цяперашніх маладых, а менавіта пра “Бум-Бам-Літ”. Карысць гэтай суполкі ў тым, што тут упершыню адбыўся працэс дэсакралізацыі інстытута патрыярхаў. Вы можаце ўявіць Івана Анатольевіча Брыля ці таго ж Разанава, якія на сцэне Дома літаратараў грукаюць у тазік? І тут рэч не ва ўзросце, а ў пераасэнсаванні ролі літаратара.
Людміла Рублеўская. Я ўсё-ткі ўспрымаю гэта толькі як перыяд іх творчасці. Яны павінны з “Бум-Бам-Літа” натуральным чынам вырасці.
Валянцін Акудовіч. Я б да гэтага так адназначна не паставіўся. Хтосьці вырасце, але… Творчасць самакаштоўная ў той акцыі, у якой адбываецца. Калі яны потым будуць раманы пісаць, гэта таксама будзе каштоўна. Тазік – не балея, у якой купаюцца, а пасля з яе вырастаюць.
Людміла Рублеўская. Мне здаецца, гэтых аўтараў ўспрымаюць толькі ў сукупнасці. А паасобку, кожнага, іх не ведаюць. Увогуле – я магу сказаць нешта пра іх творчасць. А паасобку яны як бы не існуюць. Можа быць, справа ў тым, што яны паставілі сябе ў межы “Бум-Бам-Літа”, і калі было б не так – мы б ўжо мелі некалькі імёнаў, а так – маем “Бум-Бам-Літ” увогуле з тазікам ўжо набрыняла новым.
Іван Чарота.“Бум-Бам” ёсць, а ці ёсць “Літ”? Тое, што “літ” – вымушае быць кожнаму паасобку. Але ці ёсць “літ”? Я не ўпэўнены. Дам паралель. У маей вёсцы 50-х гадоў перад тым, як пачыналіся танцы, хлопцы-пярэстаркі, выпіўшы, скакалі, дурыліся і адыходзілі. Нармальныя танцы праходзілі без іх. Тыя хлопцы і не збіраліся танцаваць па-людску, альбо не ўмелі, альбо саромеліся. Разам з тым карцела паказаць сябе. Калі я гляджу на “Бум-Бам-літаўцаў”, якраз пра гэта згадваю.
Віктар Шніп. Значыць, пасля грукату ў тазік павінна з’явіцца і сапраўдная музыка?
Іван Чарота. Павінна! А калі не? А раптам не яны будуць танцаваць? Яшчэ адна паралель бліжэйшага часу. У верасні 1970 года ў інтернаце БДУ на Паркавай была створана першая рок-група – “Лэдбэжэн” (што перакладаецца проста – лайдакі), студэнтамі філфака другога курса, ваш пакорлівы слуга ў іх ліку. Самі выдумлялі тэксты, музыку, аранжыроўкі – і для тазіка, і для каструлі, і для расчоскі. Гралі, спявалі, на ўвесь інтэрнат. Але ў замкненым коле. Сёння сярод “Бум-Бам-літаўцаў” ёсць аспіранты-літаратуразнаўцы, і, як мне падаецца, для іх ужо блізка тая мяжа, на якой яны павінны вызначыцца – ці развітанне з “Бум-Бам-літам” ці з тымі перспектывамі, якія яны сабе вызначылі ў якасці сур’ёзных навукоўцаў.
Валянцін Акудовіч. Адно другому не пярэчыць. “Землю попашет, попишет стихи…” Папрацуе з нейкай нагоды, потым прыйдзе, грукне ў тазік… У традыцыйнай літаратуры вылучыцца вельмі складана. Праз моўную эквілібрыстыку, эксцэнтрыстыку – хутчэй. А кагосьці традыцыйная літаратура проста не задавальняе.
Барыс Пятровіч. Добра было б, каб у той жа постмадэрнізм ішла моладзь, якая добра ведае традыцыйную літаратуру, прайшла ўсе ступені літаратурнага развіцця.
Віктар Шніп. Пачаць з чорнага квадрата – гэта прасцей простага.
Людміла Рублеўская. Як могуць узнікаць такія суполкі ўвогуле? Я бачу тры прычыны: ідэалагічна-палітычная, як у “Тутэйшых”, або мясцовы фактар – па прыкмеце адзінства месца, як “Полацкая ляда”, або суполкі маладых, якія яшчэ не маюць месца ў літаратуры і спадзяюцца ў сукупнасці нечым зрабіцца, абапіраючыся на эксперыментатарства.
Валянцін Акудовіч. Я б пагадзіўся часткова. Першы шлях – ідэалагічны, другі – прасторавы, трэці – эстэтычны шлях, і не выключаю яшчэ этычны – нейкая суполка ствараецца па агульнасці этычных поглядаў. Што можа стварыцца ў бліжэйшы час, для чаго наша культура ўжо выспела? Ну, калі б сшытак “ЗНО” ў газеце “Культура” закрылі б, я б стаў выпускаць часопіс “ЗНО-2”, у якім любы постмадэрніст, любы авангардыст мог надрукаваць свае творы, і дзе б іх ацэньвалі не ў сістэме мер традыцыйнай літаратуры. Мог бы ўзнікнуць філасофскі часопіс, але прастора яшчэ не падрыхтаваная. А больш я, шчыра кажучы, не ведаю незапоўненых нішаў. А калі іх не бачна, значыць, у бліжайшыя дзесяць гадоў з’яўленне прынцыпова новай суполкі мала верагоднае.
Іван Чарота. Што тычыцца талаграфавання прасторы, тут я згаджаюся. Што тычыцца асаблівых мерак – не. З’яўляюся традыцыяналістам і лічу, што традыцыі выпрацаваны літаратурай за тысячагоддзі, і ацэньваць любую з’яву мы мусова будзем – хочам ці не хочам – згодна тых самых крытэрыяў, якія акрэсліваюцца іманентнымі, унутранымі законамі развіцця. Я думаю, што існуе універсальная сістэма дзеля ацэнкі кожнай з’явы. У мінулым побач з рэалістычнымі было дастаткова зусім не рэалістычных твораў. Колькі таго ж сімвалізму, недасягальнага цяперашняму ўспрыманню, у “Слове аб палку Ігаравым”, у летапісах, колькі там сімвалаў, якіх мы не можам расшыфраваць, зразумець, бо яны на тым узроўні сімволікі, успрыманне якой намі страчана. Я займаўся пытаннем авангарда літаратуры пачатку стагоддзя. І ў беларускай літаратуры ўслед за рускай былі такія спробы. Але яны скончыліся нічым. Бо матывацыя абсалютна разыходзілася з тымі прынцыпамі, якія патрабаваліся для адраджэння беларускай нацыянальнай літаратуры.
Барыс Пятровіч. На свой час аўтар “Слова аб палку Ігаравым” таксама быў авангардыстам. Як і Пушкін. І сучасны аўтару крытык мог бы так раскрытыкаваць “Слова аб палку Ігаравым” – каменя на камені не пакінуў бы… Паколькі літаратура пашыраецца, засвойвае новыя абсягі, павінна і крытыка пашырацца, шукаць, мець новыя крытэрыі і меркі.
Ірына Шаўлякова. На апошняй студэнцкай канферэнцыі ў БДУ на секцыі тэорыі літаратуры адбылася спрэчка. Я паспрабавала супрацьпаставіць тое, што новыя крытыкі англа-амерыканскай школы называюць акадэмічным літаратуразнаўствам, і новую крытыку. Бо гаварыць пра постмадэрнісцкі раман у крытэрыях акадэмічнага літаратуразнаўства ўсё роўна, што пра філасофскія катэгорыі – тэрмінамі кулінарнай кнігі. На што была зроблена заўвага: а што я маю на ўвазе пад акадэмічным літаратуразнаўствам? Новая крытыка за мяжой выкладаецца ва ўніверсітэце, яе ўжо можна назваць для Англіі акадэмічнай. Проста для таго, каб чалавек мог успрыняць мастацтва постмадэрну, ён павінен умець абстрагавацца ад усяго свайго ранейшага вопыту.
Людміла Рублеўская. Усё-ткі існуюць вечныя катэгорыі, ад якіх ніхто не абстрагуецца: прыгожае – брыдкае, маральнае – амаральнае. Гэты момант мне цяжка ўсвядоміць у эстэтыцы постмадэрнізму. Такія катэгорыі павінны існаваць, калі ад іх спрабуюць абстрагавацца, то адвяргаючы прыгожае, прыходзяць да непрыгожага, адвяргаючы маральнае – да амаральнага…
Ірына Шаўлякова. Гэтыя крытэрыі ўсё-ткі для кожнага індывідуальныя.
Іван Чарота. Мы зацыкліліся на наяўнасці стылёвых фармацый: абавязкова антыка, рэнесанс, класіцызм… Неабавязкова! Гэта тое самае, што патрабаваць ад кожнага чалавека, каб ён абавязкова прайшоў яслі, дзіцячы сад, пачатковую школу, сярэднюю, універсітэт, аспірантуру і крэматорый… Мы прынялі схему, а чамусьці не ставіцца пытанне, наколькі яна ў прынцыпе ўласцівая кожнай нацыянальнай літаратуры. Асабліва славянскім літаратурам, у якіх зусім іншыя заканамернасці развіцця. Калі мы прымаем гэтую схему, прымаем і тое, што існуюць літаратуры вядучыя і “вядомыя”. Наконт гэтага давялося сварыцца нядаўна на маскоўскай міжнароднай канферэнцыі… Для мяне няма такой класіфікацыі літаратур, культур. Культура або ёсць, або яе няма. Яна развіваецца толькі па ўнутраных законах і самадастатковая.
Валянцін Акудовіч. Вось цікавае пытанне: ці дастатковая наша літаратура для нас? Калі яна дастатковая для нас, мы, значыць, “впереди планеты всей”. Таму што французы скардзяцца, што іх літаратуры ім недастаткова, усе скардзяцца, а нам хапае….Даганяйце нас…
Іван Чарота. А мы скардзімся больш за французаў, значыць, і тут мы наперадзе…
Барыс Пятровіч. Можна быць крытычным і самакрытычным, але калі мы выходзім у свет, то павінны мець нешта за душой…
Валянцін Акудовіч. Літаратурныя імперыі хочуць панаваць над усімі. Французская літаратурная імперыя, расійская літаратурная імперыя… Могуць уключыць у свой склад, але не дазволяць, каб, скажам беларуская літаратурная імперыя ўзнікла.
Іван Чарота. Тут існуе несупадзенне дзвюх аксіалагічных сістэм. І бяда – самаадчуванне кожнай невялікай нацыі ў суіснаванні з вялікімі. У “Заканадаўчых” літаратурах – то Грэцыя, то Рым, то Германія, то Францыя, то Лацінская Амерыка. І меншым народам трэба разумна да гэтага ставіцца.
Валянцін Акудовіч. Чым імклівей развіваецца літаратура, тым бліжэй яна да смерці.
Людміла Рублеўская. Гэта значыць, што ў нас наперадзе яшчэ вялікая перспектыва?
Іван Чарота. Каб таго ж Максіма Танка мела нацыя “заканадаўчай” літаратуры, яго бачылі б зусім інакш.
Валянцін Акудовіч. Мяне неяк запыталіся: чаму беларусы не маюць пісьменніка – Нобелеўскага лаўрэата? Калі б Кузьма Чорны жыў у Францыі ў сярэдзіне стагоддзя, то пісьменнік з такім патэнцыялам, калі ці не кожнаму віднаму французскаму пісьменніку давалі Нобелеўскую прэмію, напэўна быў бы Нобелеўскім лаўрэатам. У свеце ведаюць Барбюса, Хемінгуэя, а Гарэцкага з яго “На імпералістычнай вайне” нават беларусы ведаць не хочуць.
Іван Чарота. Мне нагадвае гэта такую сітуацыю… У вельмі багатага дырэктара саўгаса – шафёр. Саўгас – мільянер, дырэктар – уладар вобласці… Шафёр, нежанаты хлопец гадоў дваццаці пяці, жыве з маці. Вось ён ездзіць з гаспадаром, які п’е, балюе. А затым хлопец вяртаецца дахаты і маці сваю ганяе па хаце, б’е і крычыць: “Ну чаму ты не дырэктар саўгаса?” І мы сваю літаратуру б’ём – “Чаму ты не еўрапейская?” Як аўтар ліста, з якога пачалася размова…
На гэтым гутарка за гарбатай у Шніпоў не скончылася. Скончыўся толькі гэты яе сканцэнтраваны пераказ. Удзельнікі літсалона дамовіліся сустракацца раз на месяц і на кожнае “пасяджэнне за гарбатай” запрашаць новага цікавага субяседніка.
Таму – да сустрэчы на старонках “ЛіМа”.