Спецкурсы і спецсемінары па беларускай літаратуры для спецыяльнасці 1-21 05 01 Беларуская філалогія (літаратурнарэдакцыйная дзейнасць) : вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне / склад.: Г.А. Гладкова, Г.В. Навасельцава, В.Ф. Падстаўленка. – Віцебск : ВДУ імя П.М. Машэрава, 2022.Тэма 3 МАСТАЦКАЕ ЎЗНАЎЛЕННЕ ЖАНРАВАГА КАНОНА Творы з раманнай серыі Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» (2012), «Авантуры студыёзуса Вырвіча» (2014), «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча» (2014), «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» (2017) вызначаюцца праблемнатэматычным адзінствам. Перавага аддаецца мастацкай падзейнасці, пісьменніца балансуе на мяжы прыгоды і фантасмагорыі, што і заяўлена ў аўтарскім вызначэнні жанру. Значную эстэтычную ролю адыгрывае суб’ектыўны, эмацыйна афарбаваны аповед ад імя непасрэднага ўдзельніка ўсіх падзей Пранціша Вырвіча – аднаго з галоўных герояў, скразнога персанажа, дзякуючы якому названыя раманы ўтвараюць адзінае мастацкае цэлае. Жанравы падыход, актуальны ў сучасным айчынным літаратуразнаўстве, дазваляе вызначыць эстэтычныя ўласцівасці раманнай серыі як адзінага мастацкага цэлага. Творчая манера пісьменніцы вызначаецца актыўнымі літаратурнымі пошукамі, паслядоўным зваротам да мастацкіх эксперыментаў. Як слушна зазначае Д. Я. Бугаёў, тэорыя літаратуры пакуль што не зафіксавала такой мастацкай формы, як паралельны раман, аднак гэта форма ў аўтаркі атрымалася. Нельга не пагадзіцца, што ідэя рамана – гэта адказнасць нашчадкаў за справы продкаў, пераемнасць мінулага, сучаснага і будучага, што ў творы асэнсоўваюцца гістарычныя карані беларусаў [3, с. 208]. В.У. Барысенка падкрэслівае мастацкую значнасць паказу «духу гісторыі, атмасферы таямнічасці» ў рамане «Скокі смерці», дзе пераасэнсоўваецца класічны гатычны канон [2, с. 85]. Трапна заўважае Л.В. Алейнік, што пераважная большасць твораў пісьменніцы «вобразна інтэрпрэтуюць падзеі даўніны, разглядаюць іх скрозь прызму міфапаэтычнага асэнсавання» [1, с. 17]. Даследчыца ўдакладняе, што ў рамане «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» пры дапамозе шматлікіх мастацкіх прыёмаў ствараецца сацыякультурны кантынуум мінулага. Думаецца, адносна ўсіх вышэйназваных твораў не будзе перабольшваннем сказаць, што багата выкарыстаны гістарычны матэрыял задае пэўныя каардынаты для чытацкага ўспрымання, аднак выконвае якасна іншую функцыю, чым у класічнай гістарычнай прозе. Звяртаецца Людміла Рублеўская і да ўвасаблення некаторых вядомых гістарычных асоб, у прыватнасці, эпізадычна, але сэнсава ёміста раскрывае вобраз Кацярыны ІІ. Пісьменніца ўдала пазбягае сацыяльнага клішэ, якое звычайна ўскладняе мастацкі паказ герояў, што неаднаразова рабіліся прадметам увагі розных аўтараў. Згодна з ідэйнай задумай рамана, палітычная дзейнасць расійскай імператрыцы інтэрпрэтуецца ў святле амурных спраў. Так, Кацярына сочыць за падзеямі ў Рэчы Паспалітай, дзе з-за вядомага грамадскага бязладдзя справы ўсё больш пагаршаюцца. 11 Асобныя ўплывовыя магнаты імкнуцца стаць яе каханкамі, бо гэта азначае палітычную падтрымку, якая вырашае надзвычай шмат. З расійскай імператрыцай сустракаюцца і галоўныя героі, яе прыхільнае стаўленне вырашальна ўплывае на іх лёс. Такім чынам, у раманнай серыі па-мастацку раскрываецца цэласны малюнак мінулага праз норавы, звычаі, паводзіны тыповых прадстаўнікоў найперш шляхецка-магнацкага саслоўя. Гістарычны фон, прыгодніцкая падзейнасць, значная аўтарская ўвага да фантасмагарычнага зместу абумоўлівае ўстолівую чытацкую цікавасць. Людміла Рублеўская паслядоўна распрацоўвае характары двух галоўных герояў і скразных персанажаў, Пранціша Вырвіча і Бутрыма Лёдніка, першы з якіх увасабляе адметныя рысы розных узроставых катэгорый, другі выступае шмат у чым ідэалізаваным вобразам. Для паказу гэтых герояў выкарыстоўваюцца пазнавальныя творыя характарыстыкі сусветна вядомых вобразаў, такіх як д’Артаньян і Фаўст. Раманы «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», «Авантуры студыёзуса Вырвіча», «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча», «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» не з’яўляюцца гістарычнай прозай у класічным разуменні гэтага паняцця, выяўляюць характэрныя прыкметы розных жанравых прыналежнасцяў. Творы гэтай серыі ў цэлым адпавядаюць аўтарскаму азначэнню раманаў «прыгодніцкіх і фантасмагарычных», у чым і заключаецца жанрава-стылёвае наватарства Людмілы Рублеўскай. Разам з тым у названых мастацкіх палотнах рэпрэзентуюццца некаторыя паказальныя рысы авантурнага рамана і рамана выхавання, што ілюструе мастацкую ўзнаўляльнасць жанравага канону. Дзякуючы творча паказанаму гістарычнаму каларыту, адметна ўвасобленаму сацыякультурнаму кантынууму мінулага раманы выконваюць культурна-асветніцкую функцыю, абуджаюць цікавасць шырокай аўдыторыі да гістарычнай спадчыны, на філасофскім узроўні рэпрэзентуюць нацыянальны змест. Пісьменніца ненавязліва імкнецца пераканаць, што спазнанне мінулага, культурнай спадчыны беларусаў можа вызваліць сучаснага чалавека ад стэрэатыпнага мыслення, падказаць шлях да маральнага самаўдасканалення. Такім чынам, раманная серыя Людмілы Рублеўскай ілюструе творчую плённасць мастацкага сінтэзу гістарычнага, прыгодніцкага, фантасмагарычнага зместу. Павышаная ідэйна-мастацкая роля надаецца скразным персанажам, што абумоўлівае першасную ўвагу да духоўнага свету героя, суб’ектыўна афарбаванае ўзнаўленне падзей, выяўленне сюжэтнага руху ў залежнасці ад асобаснага сталення. Літаратура 1. Алейнік, Л.В. Сучасная беларуская проза для дзяцей і юнацтва як сродак інкультурацыі (на прыкладзе рамана Людмілы Рублеўскай «Забіць 12 нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію») / Л. В. Алейнік // Веснік БДУ. – 2014. – Сер. 4. – № 1. – С. 16–20. 2. Барысенка, В.У. Гістарычны жанр на сучасным этапе. Традыцыі і наватарства / В.У. Барысенка // Сучасная беларуская літаратура і працэсы славянскага культурна-цывілізацыйнага ўзаемадзеяння: матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. (да 80-годдзя НАН Беларусі), Мінск, 28 мая 2008 г. / Ін-т мовы і літ. імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі. – Мінск, 2008. – С. 83–87. 3. Бугаёў, Дз. Беларускі дэтэктыў Людмілы Рублеўскай / Дз. Бугаёў // Полымя. – 2006. – № 7. – С. 207–212.