Сёння мы з вамі адправімся ў яшчэ адзін беларускі «запаведнік для прывідаў і зданяў».
Чорны замак Альшанскі. Месяц нырае ў хмарах.
Вежы туманныя ў змроку сны аб мінулым мараць.
Слухаюць вецер золкі, вой далёкі ваўчыны,
Слухаюць, як на мурах са страху трасуцца асіны…
У, як ціха і мёртва! У, які змрок глыбокі!
Ціха! Ты чуеш здалёку ў аркадах бязгучныя крокі!
Кожную поўнач такую ў замку, што стыне ад жаху,
Па галерэях праходзяць дама з чорным манахам.
Ну што, успомнілі цудоўны раман Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», напісаны ім у якасці падарунка для жонкі Валянціны, якая надта любіла дэтэктывы?
Руіны Гальшанскага замка хаваюць у сабе не адну таямніцу.
І ў гэтым яшчэ адна ўнікальнасць Гальшан: легенда літаратурнага паходжання пачала ўспрымацца як фальклор! Кранальны сюжэт пра адважнага шляхціца-паўстанца Валюжыніча, яго каханне да Ганны-Гардзіславы, жонкі акрутнага князя-здрадніка, смерць закаханай па́ры ў замураванай вежы — усё прыдумка Уладзіміра Караткевіча. Але, мусіць, няма такога экскурсавода, які б не распавядаў гэтую гісторыю на фоне жывапісных руін замка і ацалелага кляштара.
Перабор з легендамі
Тут столькі страшных гісторый, што, здаецца, нехта выпадкова сыпануў іх на старыя муры ажно з лішкам. Пра жонку аднаго з будаўнікоў, якую замуравалі ў сцяне, каб перастала абрушвацца, — сапраўды ў муры кляштара ўжо ў наш час знайшлі ў нішы шкілет жанчыны, і сапраўды пасля гэтага па сцяне пабегла трэшчына, якую немагчыма знішчыць. Што ж, у сусветным фальклоры — ад Афрыкі да Скандынавіі — існуе шмат павер’яў пра тое, што, каб важныя збудаванні — мост, вежа, мур — трымаліся, патрэбна ахвяра. Найлепей — добраахвотная, але абавязкова пахаваная жыўцом. Рэалізму жудаснай гісторыі надае дакладная дата, калі мусілі завяршыць работу: 6 жніўня 1618 года, у дзень прыезду ўладальніка замка Паўла Стафана Сапегі.
Яшчэ ёсць у Гальшанах таемны пакой у кляштары з дзіўнай рабрыстай столлю, дзе людзі то адчуваюць бязважкасць, то бачаць здані. Мне пакой шмат якімі прыкметамі нагадвае алхімічную лабараторыю — быў час, калі алхіміяй займаліся ў кожным палацы і кляштары. Ёсць ужо не эзатэрычная, але захапляльная гісторыя пра тое, як састарэлы кароль Ягайла, якому тэрмінова патрэбны быў спадчыннік, па намове стрыечнага брата Вітаўта пасватаўся да старэйшай княжны Гальшанскай, але пабачыў, што ў яе маюцца ледзь прыкметныя вусікі, што ёсць адзнакай жарснай натуры, спалохаўся і зрабіў каралевай яе малодшую сястру, менш гожую, але без вусікаў, княжну Соф’ю.
Не ведаю, ці бачаць у Гальшанах Чорнага Манаха. А вось пра Белую Даму ўвесь час чуваць. То ў тым самым алхіміяным пакоі ўзнікне, то па калідорах кляштара праплыве, то каля замка лунае.
Вядома, найлепш перажагнацца ды пажадаць пазбегнуць такіх сустрэч, нават уяўных. Але паколькі кожнае паданне мае нейкую факталагічную падставу, давайце падумаем, хто б мог быць той Белай Дамай, ды і наколькі фантастычную гісторыю распавёў Караткевіч?
Уладзімір Сымонавіч так апісвае ўладальніка замка, які прычыніўся да з’яўлення прывідаў: «Князь быў скупы і жорсткі стары звер — па ўсіх канонах гэтага жанру». Яшчэ падказка — у Гальшанскіх сутарэннях гісторык Антон Косміч бачыць надмагільны помнік князю: «На высокім, метры ў два вышынёю, ложы з дужа-дужа рэдкага зялёнага мармуру ляжаў у паставе спячага чалавек у латах. Меч ляжаў пры баку, шалом адкаціўся набок. Магутная пастава, шырачэзныя грудзі, доўгія зграбныя ногі».
Мужчына сапраўды быў відны.
Сапраўды, існуе мармуровае надмагілле аднаго з уладальнікаў Гальшан, таго самага, пры якім замуравалі ў сцяну жанчыну, — Паўла Стафана Сапегі. І сапраўды па-гатычнаму страшнае. Князь у позе спячага рыцара, у поўным узбраенні. А з ім — яго тры жонкі ў манаскіх строях. І гэтак жа, як у помніка з рамана, выявы пашкоджаныя, некаторыя часткі паадбіваныя… Жудаснае відовішча, карацей.
Уладзімір Караткевіч неадменна бачыў гэтае надмагілле, калі сачыняў сваю гісторыю. Дый аблічча князя — «каржакаваты чарнявы чалавек. Вузкія вочы. Жорсткі прыкус вялікага рота», «Крый божа нават у сне ўбачыць такое падабенства сатанінскае. Твар як з медзі літы, чорныя вусы, чорныя, але ўжо з сівінкай хвалістыя валасы, рот цвёрды, вочы колеру сталі, пранізлівыя. Вусны крывяцца, як дзве змейкі» — можа, пры пэўнай эмацыянальнай зададзенасці, стасавацца з вядомым партрэтам Паўла Стафана.
Не ўсе згодныя, што князь, які перажыў трох сваіх жонак, быў злодзеем. Хтось з сучаснікаў ліслівіў — «беззаганны рыцар». Але былі досыць трывалыя чуткі, што Павел Стафан атруціў свах сужонак, што на ім ляжыць праклён, і князь — беларускі варыянт знакамітага французскага арыстакрата Жыля дэ Рэ па мянушцы Сіняя Барада.
Праклёны Гальшан
Нядобрая слава ў Гальшанскага замка ўзнікла яшчэ тады, калі Паўла Стафана на свеце не было. Гальшаны з XІІІ стагоддзя належалі старажытнаму роду, заснаванаму легендарным князем Гольшам, з гербам «Гіпацэнтаўр». Калі Алена Гальшанская выйшла замуж за дзеда нашага героя, якога таксама звалі Павел Сапега, прынесла яму ў пасаг радавое гняздо. Паколькі род Гальшанскіх звёўся, апошнім прадстаўніком мужчынскага полу быў бацька Алены, князь Сымон Гальшанскі, нібыта і ўзнік праклён на наступных уладальніках. Нібыта мог валодаць гэтым месцам толькі той, хто меў прозвішча Гальшанскі.
Іншыя праклёны спарадзілі дзеянні самога Паўла Стафана. Калі яму было пятнаццаць, сын намесніка менскага патрапіў у «пакаёвыя» да караля Стафана Баторыя.
Баторый быў зацятым каталіком, і сын праваслаўных бацькоў Павел Стафан Сапега пераняў веру і імпэт свайго патрона. Так што ў свой час парушыў волю бацькі, Паўла Сапегі, чый тастамент перадаваў праваслаўным брацтвам Вільні некаторую маёмасць. Павел Стафан загадаў выгнаць праваслаўных з тых будынкаў, і быў пракляты пакрыўджанымі вернікамі. Потым Сапега, зноў жа ў жаданні падлагодзіцца да караля, выгнаў з Гальшан кальвіністаў, адабраўшы іх храм. І зноў пайшлі чуткі пра праклён.
Вечны супакой Павел Стафан Сапега знайшоў побач з усімі трыма жонкамі.
Яшчэ адзін тагачасны цень, які лёг на род Сапегаў, датычыцца малодшага брата Паўла Стафана, Яна Станіслава Сапегі, які ў сваіх маёнтках зацята паляваў на ведзьмаў і ведзьмакоў. А ўвайшоў у гісторыю дзякуючы ганебнаму працэсу супраць Раіны Грамычынай-Манкоўскай. Раіна была жонкай праваслаўнага святара Марціна Грамыкі і народнай лекаркай. Яе паклікалі ў палац, да захварэлага сына Яна. Але дзіця памерла, як толькі Грамычына зайшла ў дзверы. Зразумела, гаспадар, і без таго «павернуты» на чарадзействе, палічыў гэта віной вядзьмаркі. Раіну катавалі два гады, прызнання не дабіліся. Нягледзячы на тое, што многія выступалі ў яе абарону, «чарнакніжніцу» спалілі. Перад смерцю яна пракляла род Сапегаў — «каб ім было, як мне». У праклён верылі, тым больш хутка па гэтай лініі род Сапегаў перарваўся.
Кандыдаткі на ролю Белай Дамы
«Хацелася яшчэ раз акінуць позіркам увесь гэты чыгунна-чорны гмах. Пры месячным святле. Я азірнуўся. Там, дзе падала святло, чэрнь была з адлівам у блакітнае. У зацемненых месцах, у нішах і на галерэі панавала безвыходная цемра, так што раптам уставала перад вачыма своеасаблівая рэльефнасць гэтай махіны.
І тут я не паверыў сваім вачам. У цёмным правале галерэі, ад вонкавых сходаў, што вялі на яе, павольна паўзлі два цені, цьмяна-светлы і чорны».
Згадзіцеся, умеў Уладзімір Сымонавіч ствараць гатычненькую атмасферу!
Давайце ж пазнаёмімся з жонкамі Паўла Стафана Сапегі, што ляжаць побач з ім на надмагіллі.
Ажаніўся князь у трыццаць чатыры гады, што на той час лічылася зусім сталым узростам. Першая жонка, Рэгіна з Дыбоўскіх, была ўдавой літоўскага падскарбія Дзмітрыя Халецкага. Яна памерла неўзабаве пасля вяселля. Павел Стафан, можа, ад гора, можа, каб уцячы ад нядобрых размоў — князя абвінавачвалі ў тым, што кепска абыходзіўся з Рэгінай і ўрэшце атруціў, — адправіўся ў паломніцтва ў Рым. Нават пусціў чутку, што хоча ў манахі пастрыгчыся. Але нібыта адгаварыў і суцешыў радавітага паломніка сам Папа Рымскі.
Праз пару гадоў Павел Стафан ажаніўся другі раз. Зноў пастараўся ўзяць пасаг паболей. Венгерка Эржы, дачка Францішка Вежэлені, прыдворнага Стафана Баторыя, прынесла мужу вялізныя маёнткі і добрыя сувязі. Эржы пражыла ў шлюбе з Паўлам Стафанам даўжэй за іншых — трынаццаць гадоў, нарадзіла яму трох дачок.
Пасля яе смерці Павел Стафан неўзабаве зноў ажаніўся. Быў ужо немалады, да таго ж аднарукі — скалечыўся падчас Смаленскага паходу. Але зноў шукаў нявесту пабагацей. Удава літоўскага харужага Андрэя Валовіча Кацярына пражыла з Паўлам Сапегам адзінаццаць гадоў, але спадчынніка так і не нарадзіла.
Чацвёрты раз Павел Стафан ажаніўся ў шэсцьдзесят пяць гадоў з удавой ліўскага старосты Адрыяна Радзімінскага Соф’яй. Гэтым разам, відаць, на багатую нявесту разлічваць не даводзілася: за князя — Сінюю Бараду проста баяліся выходзіць. Соф’я, падобна, пагадзілася таму, што пасля смерці мужа была ўся ў даўгах.
Ёй пашанцавала болей за іншых — Сапегу перажыла. Казалі, тройчы ўдавец проста пераблытаў кубкі, у адным з якіх было налітае жонцы атручанае віно.
Зрэшты, інфернальнасці Паўлу Сапегу дадавалі чуткі… пра ягоную бессмяротнасць. Па мерках часу ён пражыў дастаткова доўга. І нярэдка, каб перайграць палітычных ворагаў, выдаваў сябе за гэткага нядужага старэчу, які адной нагой у магіле. А ледзь спатрэбіцца — раз, і прыляцеў на сойм ці каранаванне, бадзёры ды крыклівы. Яго нават афіцыйна двойчы аб’яўлялі мёртвым, кароль раздаваў ягоныя пасады. А потым, калі ўгневаны «нябожчык» з’яўляўся пры двары, палохаючы людцаў, ад яго мусілі адкупацца ўдвая большымі прывілеямі.
Таямніцы смерцяў
Апошняя жонка «чорнага ўдаўца» пасля ягонай смерці прадала Гальшаны ягонаму брату і выйшла замуж за маладога прыгожага пана. То-бок хацела, каб болей нага яе не ступала на праклятае месца. Дзве дачкі Паўла Стафана сталі манахінямі, трэцяя памерла ў шлюбе бяздзетнай.
І вось цікавая тэорыя гісторыка Льва Гуніна. Ён звярнуў увагу, што Павел Стафан пачаў будаваць новы замак (уласна кажучы, гэта менавіта яго руіны мы сузіраем) у 1610 годзе. Паколькі сапраўды быў неверагодна сквапны, будаваў у доўг, замак пры ягоным жыцці так і застаўся няскончаны. Але ў дабудаванай частцы паспела пажыць апошняя жонка, Соф’я. Можа, таму і ацалела? Усе ж першыя тры, якія жылі ў корпусе старога замка, трацілі здароўе ад нейкага нездаровага ўплыву будынка. Сам Павел Стафан большую частку жыцця правёў у іншых месцах: войны, падарожжы, прыдворнае жыццё. А як затрымліваўся ў гняздзе вымерлага роду Гальшанскіх — і сам захворваў.
Дык хто ж нібыта з’яўляецца ў вобразе Белай Дамы Гальшанскага замка? Рэгіна з Дыбоўскіх, венгерка Эржы, Кацярына, удава Валовіча? І ці не блукаюць уяўныя цені ўсіх трох княгінь Сапегаў там, дзе шмат пакутавалі і загінулі, магчыма, ад рукі хатняга тырана?
Прынамсі, галоўнае — беларуская гісторыя чарговы раз даказвае, што ў ёй ёсць свае рыцары і дамы, зладзеі і героі, не менш цікавыя, чым у гісторыях усіх іншых еўрапейскіх народаў. А мы павінны ратаваць муры, захоўваць легенды і верыць у сваю Беларусь.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ