Рэцэнзія на раман “Пантофля Мнемазіны”

Юлія АЛЕЙЧАНКА

РЭЦЭПТЫ ШЧАСЦЯ

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ ПАНТОФЛЯ МНЕМАЗІНЫ Мн., Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018.

Жывучы ў нашай «напаўвіртуальнай» рэальнасці, можна часам паверыць у немагчымае, вярнуць незваротнае… Але як жа быць з пачуццямі, памяццю, болем? Як не страціць аблічча ў гульнях лёсу? На старонках новага дэтэктыўнага, рамантычнага, псіхалагічнага рамана Людмілы Рублеўскай такіх «рэбусаў» — безліч. Як і планаў: часавых, прасторавых, ментальных… «Пантофля Мнемазіны» — кніга пра кожнага з нас. Пра ўнутраную свабоду, выбар шляху самапазнання. Які проста немагчыма прайсці без усведамлення сваіх каранёў, глыбокага аналізу нашай складанай эпохі… Таму і балюча адгукаюцца, дзіўна пераплятаюцца з сучаснасцю рэпрэсіі 30-х гадоў, «справа ўрачоў»… Генная памяць — мацнейшая за час. Як мацнейшае і каханне, што жыло нават у сталінскіх засценках. Што застаецца і пасля фізічнай страты аб’екта кахання… «Багіня памяці Мнемазіна носіць пантофлі са свінцовымі абцасамі. Ступае мякка, на дыбачках, а націсне пяткай — і струшчыць усё», — прамаўляе лірычная гераіня рамана, маладая дызайнерка Вірынея. Бо разрывае яе сэрца памяць пра нібыта загінулага пры дзіўных абставінах мужа. Вельмі кароткае сямейнае шчасце, прыкрае паніжэнне на працы, пошук сябе ў прасторы фэнтэзі, у сеціве… Жыццё Вірынеі змяняецца цалкам пасля таго, як яна бачыць у метро чалавека, дзіўна падобнага да каханага Корвуса… «Сюжэтаў, як закаханая дзяўчына ідзе па слядах свайго зніклага прынца, хапае. Старажытныя немцы верылі, што віхура — няшчасная жонка, якая шукае мужа, нават і цяпер называюць тую з’яву Windsbraut, «нявеста ветру». Пяшчотная прыгажуна Псіхея, каб вярнуць свайго

Амура, аж у царства мёртвых датупала па ваду са Стыкса. Наша Вужыная каралева, дарэчы, таксама мужа страціла і жаласна клікала яго з дрыгвы», — Людміла Рублеўская традыцыйна ўводзіць чытача ў шырокі культурны, міфалагічны падтэкст падзеі… Дэтэктыўны сюжэт пошукаў Вірынеяй мужа — толькі своеасаблівая «падсветка» падзей глабальных… Сакрэтная лячэбніца, рэдкія архівы, «авантуры збеглых нябожчыкаў» — колькі таямніц, часам і агідных, і пачварных чакае яе на гэтым складаным шляху. Натуралістычнае, пачуццёвае, падсвядомае ўтвараюць сабой сумесь вельмі моцную па сіле ўздзеяння на чытача. Чаго вартая толькі сцэна сустрэчы з сіямскімі блізнючкамі, што ва ўяўленні Вірынеі ператвараюцца ў істоту, вартую сярэднявечных жахаў… «Творчасць — гэта вынік генератыўнага патэнцыялу таемных — мужчынскіх ці жаночых — сіл прыроды, працы душы творцы, яго інтэлекту, плюралізму нацыянальнага, індывідуальна-псіхічнага і сацыяльна-грамадскага вопыту», — адзначыла яшчэ некалькі гадоў таму Таццяна Кабржыцкая, аналізуючы асаблівасці гістарычнай прозы Людмілы Рублеўскай. І сапраўды, поліфанізм меркаванняў, выдатна акрэсленыя гендэрныя тыпы персанажаў, нязменнае глыбока інтэлектуальнае напаўненне твораў і шырокі гістарычны кантэкст заўсёды былі вызначальнымі рысамі творчай манеры пісьменніцы. І па-заліхвацку закручаны сюжэт яе новага рамана — таму самае яскравае пацверджанне. Як пераплятаюцца ўсе апавядальныя планы, вы здагадаецеся толькі ў самым канцы…

Полымя,№4

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.