«Сдвину в пропасть сталактиты…» Пакручастыя дарогі Анатоля Дзеркача


Давайце параўнаем дзве цытаты… Вось першая: 


«У Міколы буракі —

Без папа і цуда —

Не узняць у дзве рукі:

Важаць па поўпуда!»

Вось другая: 

«Догорают последние свечи.

Замирают прощальные зовы.

И грядущих величий предтечи

Для кладбищенских склепов готовы».

Якімі вы ўяўляеце аўтараў гэтых строф? Ці шмат у іх агульнага? 

А ці можаце ўявіць, што і першы, і другі верш напісаў адзін чалавек?

А між тым, гэта так… Аўтар абодвух вершаў — Анатоль Зіміёнка, вядомы як беларускі паэт Анатоль Дзяркач. Імя практычна забытае… А між тым асоба надзвычай цікавая! Давайце адновім факты яго жыцця з дапамогай дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. 

Сям’я вальнадумцаў

Пачнем цытатай з метрыкі: «…тысяча восемьсот восемьдесят седьмого года апреля шестого родился, а двадцать шестого крещён Анатолий; его родители: штатный сельский фельдшер Еремичского пункта, Новогрудского уезда, Минской губернии Григорий Игнатиев Зимионко, православного вероисповедания и законная его жена Каролина — Мария Карлова, римско-католического исповедания…»

Заўважце адразу незвычайнасць: бацька — праваслаўны, маці — каталічка. Грыгорый і Марыя мусілі моцна кахаць адно аднаго, калі прыналежнасць да розных канфесій ім не перашкодзіла…

Але калі Анатолю Зіміёнку было чатыры гады, ён асірацеў. І аказаўся на выхаванні старэйшай сястры Валерыі. Розніца ва ўзросце была вялікай: сястра ўжо працавала настаўніцай у вёсцы Турэц. 

Яшчэ заўважым, што сямейка была дужа вальнадумнай. У 1904-м, калі Валерыя з малодшым братам пераехалі ў Мінск, яе арыштавалі за рэвалюцыйную дзейнасць. Яна загінула ў Мінскай турме. Старэйшага брата, Аляксандра, яшчэ раней выслалі ў Іркуцкую губернію. 

Цікава, што Аляксандр Зіміёнка значыцца ў спісе выпускнікоў Мінскай духоўнай вучэльні, у выпуску 1889 года ён сярод удастоеных пераводу ў 1 клас духоўнай семінарыі па першым разрадзе. А вось ён у разрадным спісе вучняў духоўнай семінарыі, у трэцім класе, па выніках 1891-1892 навучальнага года… Але, мяркуючы па ўсім, будучы святар аддаў перавагу рэвалюцыйнай дзейнасці перад духоўнай кар’ерай.

Зразумела, і малодшаму Анатолю лёсам было наканавана зрабіцца змагаром. Калі сястру арыштавалі, ён застаўся ў Мінску без сродкаў існавання… Як пісала яго дачка, «Захапіўшыся рэвалюцыйнай дзейнасцю, напярэдадні першай рускай рэвалюцыі 1905 года ў сутычцы з паліцыяй у гарадскім садзе быў паранены. З прастрэленай нагой ён трапіў у турму. На ўсё жыццё застаўся кульгавым. Прасядзеў у турме каля двух гадоў. Пасля, улічваючы яго маладосць, турэмнае заключэнне яму замянілі наглядам паліцыі аж да Кастрычніцкай рэвалюцыі». 

Юнаку пашанцавала — дзякуючы аднаму лібералу-чыноўніку, уладкаваўся сакратаром у гарадскую управу. А паралельна пісаў вершы… 

У архіве-музеі літаратуры і мастацтва ёсць стос аркушаў з яго вершамі 1904-1917 гг. на рускай мове, некаторыя надрукаваныя яшчэ на друкарцы з яццю. Вершы чуллівага, рамантычнага юнака, даволі пераймальныя, нагадваюць то Надсана, то Севяраніна… 

«Солнце сердце погубило.

Ночь глухая даст звезду.

Это будет. Это было.

Сам я к гибели пойду.

Сдвину в пропасть сталактиты.

Шторы вечности спущу.

Нектар жизни недопитый

По пустыне расплещу».

У 1907-м на старонках ліберальнай газеты «Голос провинции» з’явіўся верш Зіміёнкі: «На кострах врагам на страх Мы снесём все пытки. Друг! Не тронь — пускай огонь Обратит нас в слитки!». 

Былі і іншыя публікацыі… У 1912-м годзе ажаніўся, любай Шурачцы прысвяціў шмат лірычных вершаў… І каб не рэвалюцыя, не ўтварэнне беларускай савецкай рэспублікі і ўсплёск нацыянальнай культуры, магчыма, застаўся б Аляксандр Зіміёнка правінцыйным рускамоўным паэтам, пра якога б не ўспомнілі…

Таямніца майстэрні Катарбінскага

Невядома, што паслужыла першым штуршком, каб пачаць пісаць на беларускай мове… Але з’явіўся на свет паэт-сатырык Анатоль Дзяркач. Псеўданім з сэнсам: дзяркач — венік з дубцоў, якім вымятаюць смяццё…

І вершы былі такія ж жорсткія — народніцкія, з грубым гумарам… Тут ужо не Надсана, а Дзям’яна Беднага згадваеш.

Але ёсць у спадчыне Анатоля Дзеркача цудоўны, на вялікі жаль, прызабыты твор у прозе — «Абразкі з жыцця Палесся». Напісаны ў 1920-м годзе, напоўнены лірыкай і нейкай талстоўскай філасофіяй… Што ні персанаж, беларускі мужык — проста Платон Каратаеў з «Вайны і міру». Ёсць там раздзел «Кальск», чарговы прыпынак героя-вандроўніка: 

«Вось мы ўжо і ў Кальску. Выпраг Яўхім каня, а я хаджу па вялікім садзе. Каля пустога вялікага дома ліпы старыя шумяць, забіты вокны, скрозь іх нічога не відаць… Нехта ідзе высокі худы, падазрона вочы глядзяць з-пад сваіх брывоў.

— Добры вечар! — здымаю я першы перад ім шапку.

— Вечар добры! — адказвае. — Адкуль самі, ці здалёку? — пытае.

— А як вам, пане дабрадзею, сказаць? — адпавядаю я. — Здалёку ці не здалёку, але ад раніцы едзем i вось тутака прымушаны адпачыць.

— Што ж, добра, дык прашу да мяне ў хату, — адказвае мой новы знаёмы.

— Дзякую, я вось сад аглядаю, — кажу я. — Вельмі добры!

— Праўда, сад добры, — згаджаецца ён.

— А што ў гэтай хаце? — зноў пытаю.

— Эх, — уздыхае ён, — у гэтай хаце жыў вялікі чалавек — «художнік» адзін, пэўне, бачылі яго малюнкі, абразы ён усё маляваў, Катарбінскі прозвішча яго.

— Катарбінскі? — здзівіўся я. — Дык ён тутака жыў?

— Але жыў, гэта ж студыя яго, — адказаў ён і ўздыхнуў.

— Ці не можна было б паглядзець яе ў сярэдзіне? — запытаўся я.

— Чаму не? Але ўсё, што было ў ёй, зніштожана… Пойдзем, ключ разам ca мной.

— Чаму зніштожана? — запытаўся я.

Мы ўвайшлі ў сярэдзіну таемнага дома праз вузкія з шыбамі дзверы і апынуліся ў вялікай зале ў два прасветы.

— Вось гэта і ёсць яго студыя, — паказаў ён на пустыя сцены.

Я стаяў і дзівіўся: на падлозе ляжалі паламаныя рамы, рваная папера, валяліся пэндзлі, фарбы, банкі з-пад аліў, ну, быццам хто пагром вялікі ўчыніў у студыі маляра.

— Што дзівіцёся? — запытаў мой правадыр. — Гэтак зрабілі тыя, што людзей да святла, да сонца вялі.

— Хто? — не зразумеў я яго.

— А яны! Тыя, што рай на зямлі абяцалі!

— А-а! — уцяміў я. — Дык вось вы, братачкі мае…

Я доўга стаяў, як акамянелы, i зразумець i да гэтага часу не магу, навошта дзеля шчасця i святла народа зніштажаць тое, на чым не раз вочы гэтага самага народа маглі б адпачыць, адпачыць на пекным малюнку мастака?

Я выйшаў адтуль з цяжкай думкай. Сонца закацілася, i замест яго месяц свяціў. На высокіх ліпах пеў салоўка. Было ціха вакол. Ветрык гуляў, лісткі калыхаў. На невялічкай сажалцы, як у люстры, з неба зоркі свяціліся.

— Пойдзем у хату, — пазваў мяне мой новы знаёмы. — Вось тутака праз сад бліжэй! — i мы пайшлі».

Па-першае, гэта вельмі вальнадумна — заўважылі іронію наконт тых, што абяцаюць рай на зямлі? Па-другое, вельмі каштоўна для мастацтвазнаўцаў. Бо гаворка аб прызабытым сёння мастаку польскага паходжання — Вільгельме Катарбінскім. Ён быў надзвычай папулярны ў эпоху арт-нуво, маляваў містычныя карціны, выявы якіх распаўсюджваліся на паштоўках. Набыў маёнтак на Случчыне, у Кальску, дзе працаваў у 1890–1910 гады. Менавіта беларуская старонка яго жыцця, як сцвярджае мастацтвазнаўца Надзея Усава, самая цікавая і амаль невядомая. 

Катарбінскі сапраўды маляваў абразы, рабіў фрэскі ў Траецкім касцёле ў суседніх з Кальскам Старчыцах. А яшчэ разам з Васняцовым, Несцеравым, Урубелем распісваў Сабор Святога Уладзіміра ў Кіеве, а на карціне Васняцова «Царэўна Несмяяна» намаляваны ў вобразе вусатага шляхціца. 

У Кальску Катарбінскі абсталяваў велізарную майстэрню. Пасля рэвалюцыі, магчыма, у 1918-м, перавёз сюды частку сваіх твораў з Кіева. Куды падзелася калекцыя? Даследчык Палеес калісь зрабіў выпіску з дакумента 1919 г. пра Мінскі абласны музей: «Нядаўна са Слуцка была вывезена інструктарам музея т. Кастэлянскім вялікая галерэя карцін мастака В.А. Катарбінскага ў колькасці 282 палотнаў, якія захоўваюцца ў памяшканні музея». 

8 жніўня 1919 года Мінск занялі польскія войскі, і карціны Катарбінскага, хутчэй за ўсё, былі вывезены ў Польшу. Сёння толькі адна карціна, «Пейзаж», ёсць у фондах нашага Нацыянальнага мастацкага музея.

Сяброўскія шаржы

А вось сяброўскія шаржы 1930-х на вядомых беларускіх пісьменнікаў з часопіса «Піянер Беларусі». Маляваў іх Мікалай Малевіч, а вершаваныя часткі падпісаныя ініцыяламі А.З. Усяго такіх шаржаў у архіве пяць: на Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Янку Маўра, Аляксея Талстога, Алеся Якімовіча. Аб’ядноўвае «ахвяр» тое, што ўсе яны — аўтары нядаўна надрукаваных твораў для дзяцей. Вось, напрыклад, эпіграма на Якуба Коласа мае эпіграф: «У мінулым годзе выйшла паэма для дзяцей Якуба Коласа „Міхасёвы прыгоды“, якую з вялікай цікавасцю чытаюць піонеры і школьнікі». Верш гучыць так: 

«Стары Талаш наш не старэе

Ні з галавы, ні з барады…

Малым і тым пісаць умее —

Ён майстра ў нас на ўсе лады!»”

Шарж на Міхася Лынькова мае такую прадмову: «Яшчэ даўно, гады тры таму назад, Міхась Лынькоў абяцаў напісаць для рэбят. Як добра ведаюць нашы чытачы, ён сваё абяцанне выканаў з поспехам, нават перавыканаў».

І эпіграма:

«Ён слоў не любіць так кідаць

І не гуляе ў пагулянку:

Праз год, праз два, праз тры, праз пяць,

Але спаўняе абяцанку!»

З малюнка зразумела, што гаворка — пра аповесць Лынькова «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў».

Шарж на Янку Маўра прысвечаны яго кніжцы «ТВТ», на Алеся Якімовіча — публікацыі ў часопісе «Піонер Беларусі» вершаванай казкі «Каваль—Вярнідуб», на Аляксея Талстога — датычыцца «Прыгод Бураціна»… Эпіграма на Талстога дасціпна абыгрывае прозвішча пісьменніка:

«Для старых пісаў ён шмат ,

Але ўспомніў і рабят:

Сеў, падумаў, напісаў —

І нічуць танчэй не стаў!»

«А.З.» — гэта Анатоль Зіміёнка. А тэма дзіцячай літаратуры ўзнікла таму, што Дзяркач працаваў у часопісе «Піонер Беларусі». Сам шмат пісаў для дзяцей, тым больш у сям’і падрастала дачка Тамара. А яшчэ менавіта ён пераклаў на беларускую мову «Кім быць» Маякоўскага, «Мыйдадзір» Чукоўскага, творы Агніі Барто, Самуіла Маршака, Дзям’яна Беднага ( якога відавочна пераймаў).

«Воз дзясятак назбіраў гною для рассады»

Да таго, як у 1929-м трапіць у «Піонер Беларусі», Дзяркач працаваў у газеце «Беларуская вёска», рэдагаваў дадатак да газеты «Звязда» — сатырычны часопіс «Дубінка». Кожнае месца працы накладала адбітак на выбар тэм. У архіве захоўваюцца рукапісы двух паэм Зіміёнкі. «Агро-паэма» «Міколава гаспадарка» апісвае, як добра вядзе сваю гаспадарку селянін Мікола і ягоная жонка Марына. «Не! Мікола не кулак, у таго не столькі, Ён — найболей — серадняк і не болей толькі». 

Замест таго, каб выкрываць нядбайнасць сялян, Дзяркач апісвае пастаральны ідэал, як Мікола «попел ночвамі цягаў у катух — на грады, воз дзясятак назбіраў гною для рассады», як у яго «вуллі як каплічкі», «у сем пудоў адна аўца». Магчыма, абраную форму ўтопіі патлумачаць радкі прадмовы:

«Каб ніхто не даў па карку

Небарацы Дзеркачу

І адразу гаспадарку

Стаў весці, як я хачу».

Паэма выйшла ў 1927-м годзе. У тым жа годзе было прынята рашэнне аб стварэнні калгасаў, а ў 1928-м — аб масавай калектывізацыі. Так што паэма хутка стала неактуальнай, там згадваюцца толькі кааператывы. А праз год-другі такое захапленне гаспадаркай адзінаўласніка ўвогуле будзе немагчымым. Мікола і Марына ў бліжэйшай будучыні мусяць усе свае вуллі, авечкі і буракі аддаць у калгас… Ды яшчэ неадменна атрымаюць кляймо «кулакі», не выратуе ўдзел у кааператыве і званне «серадняка».

Другі рукапіс — паэма 1930 года «Бог удвох», якая «ставіць сваёй мэтаю — у старой баечнай форме даць новую антырэлігійную і палітычную сатыру». Паводле сюжэту, на зямлю спускаюцца Бог і святы Пётр. Трапляюць яны ў Заходнюю Беларусь, дзе апынаюцца ў польскай турме, вытрымліваюць катаванні, нават расстрэл, пасля якога цудам застаюцца жывымі. Пасля пераходзяць у Савецкую Беларусь, дзе таксама, схопленыя памежнікамі, апынаюцца ў турме… Толькі больш утульнай, чым польская, і з ветлівымі допытамі. «Сцены выбелены бела, добра вымыта падлога». Хлеб аржаны даюць, і вошы — не тыя, што ў польскай турме, дробныя, як мак. 

На ўсялякі выпадак, Дзяркач не вельмі пераканаўча тлумачыць: “Бог і Пётра», якія дзейнічаюць у Польшчы, а пасля ўцякаюць за савецкую мяжу, — гэта не богі (бо іх няма і ніколі на свеце не было), а двое звычайных сялян. Яны толькі выдаюць сябе за багоў, каб паглядзець на справе, што з гэтага выйдзе — ці вераць у бога самі паны, ці толькі хлусяць народу”.

Дарэчы, у працяг тэмы польскай турмы: у 1932-м годзе ў Маскве выйшла брашура Анатоля Дзеркача «Интервенция и оккупация в Белоруссии».

Ад турмы да турмы

З прадмоў да твораў складаецца ўражанне, што Зіміёнка ўсяго асцерагаецца… 

Асцярога была не дарэмнай. Звернемся да ўспамінаў Сяргея Грахоўскага пра сакратара часопіса «Піонер Беларусі» Хведара Клімянка: 

«Рэдакцыі піянерскіх выданняў былі ў доме № 25 на Камсамольскай вуліцы, змяшчалася там і бухгалтэрыя выдавецтва „Чырвоная змена“. Амаль усе пісьменнікі часта заходзілі туды. Клімянок іх ведаў у твар і на следстве назваў сваімі знаёмымі. Разам з Клімянком стыль-рэдактарам працаваў Анатоль Зіміёнка, вядомы як гумарыст Дзяркач. 

Недзе ў вёсцы на Жлобіншчыне Клімянок знайшоў зборнік з артыкулам Троцкага, прывёз у Мінск і паказаў таварышам па інстытуце. Неўзабаве пра гэтае рэдкае выданне даведаліся ў шэрым доме на Савецкай вуліцы, арыштавалі ўсіх, хто яго толькі бачыў. Узнікла версія, што раскрыта трацкісцкая арганізацыя. Але ў пастку трапілі толькі жаўтаротыя юнакі. Не салідна. Патрэбны лідар. Успомнілі старога Зіміёнку з нейкім цьмяным мінулым. Вось і знаходка!» 

Анатолю Дзеркачу был тады пад пяцьдзясят… Потым Грахоўскі згадвае, як апынуўся ў адной камеры з вядомым палярнікам Язэпам Сцяпурам, якога арыштавалі, як яшчэ дарэвалюцыйнага знаёмага Зіміёнка: «Некалі Сцяпура і Зіміёнка спачувалі эсэрам. Калі гэта было, яны ўжо не помнілі самі, а для следчых яны былі знаходкаю, як натхняльнікі і кіраўнікі контррэвалюцыйнай групы».

У новых засценках «кіраўніку трацкісцкай групы» Анатолю Зіміёнку давялося перажыць тое, што і ягоным героям з паэмы «Бог удвох» — ажно да імітацыі расстрэлу, калі вязня вывозілі за горад і ставілі ля ямы. 

5 верасня 1937 года Анатоль Зіміёнка быў расстраляны ўзапраўду. У 1957-м яго рэабілітавалі. 

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.