Людміла Рублеўская Сэрца мармуровага анёла
Сэрца мармуровага анёла
аповесць
1
Люблю вандраваць.
Часам гэтая схільнасць ублытвае мяне ў авантурныя падзеі, якія не да твару такой самавітай асобе, як я, з навуковай ступенню кніжкамі і працай у сталічным музеі…
Ды не, гэта я перабольшваю наконт маёй самавітасці. Па-ранейшаму не паважаю сур’ёзных паседжанняў і павучальных размоў, увогуле цярпець не магу тое, што называецца «ўпарадкаванасцю». Акуратныя стосікі аркушаў і кніг на пісьмовым стале выклікаюць у мяне адно жаданне — зараз жа раскідаць іх. Утульна я адчуваю сябе толькі ў мастакоўскіх майстэрнях — там, дзе састаўленыя ўздоўж сцен кераміка і палотны, дзе на паліцах аскепкі невядомых пасудзін і дзівосныя букеты з сухіх кветак і птушыных пёраў… Дзе можна знайсці зусім нечаканыя прадметы — ад чалавечага чэрапа да ліхтара, з якім у мінулым стагоддзі абходчык чыгункі сустракаў цягнік… Дзе ў паветры, прапахлым алейнымі фарбамі, нібыта празрыстыя мятлушкі, лунаюць душы ненапісаных карцін. У антыкварныя філіжанкі нальецца кава, і пойдзе размова — пра Мастацтва…
Я — з тых, хто пры мастацтве… Як я хацела быць у ім! Але калі зразумела, што не магу быць сярод лепшых мастакоў, перавялася з мастацкага на мастацтвазнаўчае аддзяленне. Не ведаю, можа, і ўчыніла глупства… Але і на сваёй цяперашняй дзялянцы спрабую нешта зрабіць. «Жанчына з неўладкаваным лёсам» — так, здаецца, гавораць пра такіх, як я? Бліжэйшая сяброўка Нюта сцвярджае, што мой характар і вобраз жыцця проста не выцерпіць ніводзін нармальны мужчына. Цікава, хто, на яе думку, «нармальны мужчына»? Я — не ведаю.
Мае першае і самае моцнае каханне — Альберт Свянткоўскі, мастак. Пазнаёміліся мы з ім на першым курсе. Таленавіты быў вельмі. За талент яму ўсё прабачалі — і пропускі заняткаў, і дробныя хуліганскія ўчынкі кшталту намазанага фосфарам чэрапа ў лабаранцкай. Альберт і сказаў мне наконт маіх перспектыў у мастацтве. Гэта ў яго стылі — гаварыць, што думае, і рабіць, што хоча. Я не была настолькі амбіцыйнай, каб пакрыўдзіцца, тым больш ён зусім не хацеў мяне крыўдзіць. Каханне наша трывала да пятага курса. Да гэтага часу Свянткоўскі паспеў усвядоміць, што я абсалютна непрыдатная для таго, каб грэць яму пантофлі, падаваць каву ў ложак і прабачаць лёгкія флірты дзеля натхнення. Мая «незямная» прыгажосць засталася занатаваная на яго палотнах, а ў мяне застаўся ягоны стары эцюднік, якім я часам карыстаюся. Развіталіся па-сяброўску, ён нават зрэдку тэлефануе мне — па справах, зразумела. Адгадаваў бараду, дабіўся вядомасці, два разы развёўся і тры разы жаніўся… Але Бог з ім, з Альберцікам… Мы былі занадта маладыя, каб грунтоўна псаваць адно аднаму жыццё. А вось наступнае — і апошняе — каханне, Радаслаў Дудкоўскі, ледзь не пахіснуў маё аптымістычнае светаўспрыманне. Пасля таго як Свянткоўскі апошні раз выпіў у маім пакоі філіжанку кавы і дэманстратыўна памыў яе на развітанне — працэдура, якая ніколі дагэтуль не адбывалася без майго напамінку, — я падрыхтавалася да пажыццёвай самоты. Але Радаслаў, Радзік, быў поўнай супрацьлегласцю абцяжаранаму ўласнай геніяльнасцю Альберціку. Ён таксама мастак, і нават някепскі. У адрозненне ад шматколернага Альбертавага буйства Радзік успрымаў свет ахраматычна. Яго гравюры па-свойму стыльныя — акадэмічна правільныя і ў той жа час з нейкай дзівінкай, няўлоўнай няправільнасцю, ад якой звычайныя відарысы ператвараюцца ў снабачанні. Радзік пераканаўча давёў мне, што я — ідэал жанчыны ўвогуле і ягоны ідэал у прыватнасці. Ён прыходзіў у маю аднапакаёвую «хрушчоўку», якая засталася мне ад бабулі, з букетамі ружаў. Варыў украінскі боршч на пліце, якую я ўключала толькі дзеля таго, каб згатаваць гарбату. Заварваў зёлкі, калі я хварэла… Ну і, зразумела, занатоўваў для вечнасці маё аблічча ў чорна-белым варыянце. Карацей, усе сяброўкі і сваякі адзінадушна вынеслі вердыкт, што дурная буду, калі такога мужыка адпрэчу. З Радзікам мы дайшлі нават да загса… І тут пачалося. Высветлілася, што акрамя гаспадарчых здольнасцей, у майго мужа хапае комплексаў і неўрозаў, і я мушу штодзень падтрымліваць яго ў бязлітаснай і няўдзячнай барацьбе — «Радзік — супраць усяго свету». Таму што навокал усе былі зайздроснікі, паклёпнікі, хітруны, ілгуны, спрытныя бездары і кар’ерысты. Над імі ўзвышаўся, кшталту антычнай статуі Немезіды, бездакорны Радзік. Кожны дзень я мусіла выслухоўваць скаргі і жахлівыя падрабязнасці гэтай барацьбы. Цэлы год я ўспрымала мужа ўсур’ёз, як магла, спачувала, падтрымлівала, падзяляла абурэнне… Пакуль аднойчы не паназірала за ім сярод ягоных калег. Пасля я паспрабавала тлумачыць бескампраміснаму змагару, што спадар Н., магчыма, зусім не хацеў яго пакрыўдзіць, а спадарыня К. не падбіраецца да яго пасады… У такія моманты я з адзінага саюзніка ператваралася ў аднаго з ворагаў. І Радзік бег у сваю майстэрню — яна была якраз непадалёк, зачыняўся там і маляваў. Потым з’яўляўся задаволены, млявы і паблажліва дараваў мне. Відаць, для творчага натхнення яму неабходны быў выплеск адмоўных эмоцый. Колькі я перажыла — усё маё… Ён ваяваў з маім «мастацкім вэрхалам» і ўдзелам у экспедыцыях, напачатку нават штовечар пералічваў грошы ў маім кашальку і высвятляў, куды я столькі патраціла. І гэта можна было б дараваць, але Радзік не хацеў мець дзяцей. Ён лічыў, што свет занадта недасканалы, каб ствараць на пакуты яшчэ адну нявінную істоту. Спатрэбілася два гады, каб я ўсвядоміла, што маю справу з неўротыкам і эгацэнтрыстам, нягледзячы на тое, што ён варыў украінскі боршч і падносіў мне пантофлі.
Радзік павёў сябе высакародна і пакінуў мне прас і радыёпрыёмнік «Гарызонт». Астатнюю бытавую тэхніку і частку мэблі перавёз да маці, якая была на сёмым небе ад таго, што любы сыночак нарэшце пакінуў «гэтую змяю і п’яўку ў адной асобе».
Забылася згадаць, што часам Дудкоўскі забягае да мяне, каб упэўніцца, што без яго я не магу даць рады гаспадарцы і ўвогуле прападаю.
Пачалося ўсе з Альбертавага званка, гадзін у сем раніцы. Ды яшчэ цёмнай зімовай парой, хрышчэнскімі маразамі, калі нават з-пад коўдры не хочацца вылазіць.
— Кася, справа важнецкая! Ну ды прачынайся ж ты хутчэй. Цудко памёр. Які, які… Нічыпар Цудко з Наўя. Учора зямляк паведаміў. Засталіся калекцыі, карціны… Кландайк для навукоўца!
Я злосна намацала босай нагой пантофлю, якая схавалася пад скрыню з абуткам.
— Спачуваю, вядома, але… Памятаю я твайго Цудко. Думаю, калі ў ягонай калекцыі і было што вартае, даўно забраў якісьці музей. Куды ён толькі не звяртаўся са сваімі шэдэўрамі… Ведаеш, колькі такіх дзядзек з невыноснымі амбіцыямі па нашых вёсках ды мястэчках? Я іх бачыла досыць і без тваёй пратэкцыі…
Я ведала Альбертаву схільнасць да дзівакаватага дзядзечкі-земляка. Па-першае, таму, што зямляк, па-другое, Цудко ледзь не маліўся на знакамітага суродзіча і ладнае месца ў сваім музеі адвёў для матэрыялаў пра Альберта. Да таго ж рэгулярна друкаваў у раённай газеце водгукі на ўсе акалічнасці яго творчага шляху. Што ж, добрае слова і кату прыемна, і Свянткоўскі апекаваўся самадзейным калекцыянерам, які да таго ж, што самае страшнае, быў і самадзейным мастаком. Запрашаў на выставы ў сталіцу, прыводзіў на кансультацыю да мастацтвазнаўцаў — гэта значыць, і да мяне. На жаль, «адкрыцці» правінцыйнага энтузіяста не вытрым-лівалі прафесійнай праверкі, а яго ўласны жывапіс увогуле псаваў рэпутацыю. Таму я хаця і разумела Альберцікаў клопат пра спачылага, але не збіралася падзяляць яго.
— Старая, ты не ўяўляеш сабе, ад чаго адмаўляешся! Ды я сам бы паехаў, але сёння вечарам адлятаю ў Швейцарыю. Згодзен з табой, дзед быў страшэнным дылетантам, надаваў значэнне многім не вартым таго рэчам. Але, з другога боку, таму сапраўды унікальныя творы ён мог не ацаніць. Ты ж не была ў ягоным музеі, а я быў. Гэта такія сутарэнні, такія завалы матэрыялу… Зараз усё парасцягваюць, круцяцца там розныя падазроныя асобы, а шкада. З’ездзі хоць на пару дзён, зірні прафесійным вокам, можа, нешта адбярэш для свайго музея.
— Ды пры чым тут я? Няхай Цудкоўскімі скарбамі раённы музей зоймецца, як і належыць.
— Разумееш, дзед марыў, каб ягоныя экспанаты трапілі ў сталічны музей. А з раённым меў адносіны, мякка сказаць, складаныя. І ён сто разоў мяне прасіў — калі што, каб я сам паклапаціўся пра ягоныя зборы.
— Па-першае, зіма, а зімой па правінцыі ездзіць задавальнення мала. Па-другое, у мяне толькі пачаўся адпачынак. І я ведаю, як правяду яго. У цяпле на ўласнай канапе.
— Ну паслухай… Мы табе ўсё кампенсуем. Зайдзі ў Міністэрства культуры. Табе камандзіроўку аформяць аж на два тыдні! Рэкамендацыі да мясцовага начальства дадуць. Ну прашу цябе! Калі ты пашкадуеш, што з’ездзіла, я гатовы перапісаць сваю «Князёўну» ў зялёных танах.
Гэта было значнае абяцанне. Партрэт «Князёўны» — наш з Альберцікам яблык разладу. Відаць, да просьбы земляка Альберт ставіўся сур’ёзна.
— Не магу нічога сказаць пэўна. У мяне зусім іншыя планы. Вядома, я паехала ў забытае Богам Наўе, загубленае сярод лясоў і балот Заходняй Беларусі, страшэнна незадаволеная сабой і светам. Паехала, прыхапіўшы Альбертаў эцюднік (а раптам натхненне сыдзе?), не ведаючы, у якую гісторыю патраплю.
2
Наўе нічым не адрозніваецца ад мноства такіх жа маленькіх мястэчак Заходняй Беларусі. На цэнтральным пляцы па-ранейшаму па нядзелях і святах збіраецца кірмаш, вядома, не такі багаты, як некалі. Прадаецца цудоўная мясцовая кераміка, хаця сёння гэты промысел, якому не адна сотня гадоў, амаль знік. На керамічнай фабрыцы адключылі электрычнасць за даўгі, і рэшта майстроў абпальвае свае збаны і місы ў дзедаўскіх печках. Не шныраюць між кірмашнымі радамі шкаляры з мясцовай семінарыі, згаладалыя і гарэзныя… Даўно няма ні тае семінарыі, ні касцёла — толькі рэшткі сцен засталіся… Няма і царквы, што, як і належала, стаяла па другі бок пляца ад касцёла і гэтак сама была панішчаная на пачатку шасцідзесятых. На ўскраіне дзейнічае маленькая драўляная цэркаўка Святой Параскевы, а на другой ускраіне вернікі аднавілі касцёл Святога Станіслава. Затое цэнтр, вызвалены ад культавых будынкаў, прыўкрашае двухпавярховае збудаванне мясцовай адміністрацыі — прыемны афіцыйнаму воку прастакутнік з шэрай цэглы, са сцягам на даху і надпісам: «Слава трудовому народу» на фасадзе. Цікава, чым палічылі б гэты будынак былыя ўладары мястэчка, князі Палецкія? Стайняй? Памяшканнем для прыслугі?
Але мой шлях быў менавіта ў гэты будынак, да цяперашніх уладароў Наўя. Старшыня сельсавета, мажны мужчына, падобны да Фальстафа, ацэньваюча агледзеў маю постаць, захутаную па самы нос у футра. Да таго ж я абвязалася пуховай хусткай, а паўзверх нацягнула скураны капялюш з шырокімі брыламі… Плюс эцюднік ды сумка з выявамі пірамід і Неферціці, некалі прывезеная Радзікам з Егіпта. «Фальстаф» яшчэ раз зірнуў у мае паперы і, відаць, вызначыў мой ранг як досыць высокі для мясцовага маштаба — замітусіўся, запрапанаваў крэсла і гарбату і пачаў кудысьці назвоньваць, каб падрыхтаваліся да прыёму важнай госці.
Наўеўскі краязнаўчы музей, куды мяне адвезлі на старшынёвай белай «Волзе», месціўся ў былым панскім доме, сярод заснежанага поля наводшыбе ад Наўя. Бліжэйшы да яго будынак — царква Святой Параскевы. У Наўі ніколі не было ні палаца, ні замка, адзін гэты княжацкі паляўнічы домік, альбо летняя рэзідэнцыя, — не ведаю, як правільна называць. Лясы навокал багатыя, а трыста гадоў таму, мусіць, зубры ды сарны проста пад вокны падыходзілі. Наколькі я памятала па малюнку ў энцыклапедыі, дом невялікі, двухпавярховы, але жывапісны — мініяцюрная крэпасць са стылізаванымі абарончымі вежамі па кутах і вострым чарапічным дахам. Рэальнасць, вядома ж, аказалася куды больш сумнай. Княскі дом нагадваў арыстакрата, перавыхаванага рэвалюцыйным народам. Урачысты ганак з калонамі знік. Замест дахоўкі — звычайная бляха. Плінфа, з якой былі выкладзеныя сцены, хавалася пад слоем шэрай тынкоўкі. Вокны другога паверха забітыя дошкамі. Але была ў гэтым скалечаным доме і сумная ўрачыстасць даўніны, якую нельга знішчыць, як нельга высветліць да першапачатковай выразнасці фарбы на старой карціне.
Мы зайшлі ў будынак. Драўляная, даўно не фарбаваная падлога, зялёныя сцены ў цёмных рагах, лесвічны праём насупраць увахода таксама забіты дошкамі… Нядаўна тут была школка, дырэктарам якой і працаваў памерлы Нічыпар Цудко, — на дзвярах яшчэ захаваліся цьмяныя шыльдачкі: «4 клас», «Настаўніцкая»… Цяпер, як патлумачылі мае праважатыя, старшыня ды нейкая цётка, здаецца, культарганізатар местачковага маштабу, школу перавялі ў новы будынак, а гэты чакае рамонту — дах праваліўся.
Альберцік дарэмна турбаваўся — наплыву жадаючых прыўлашчыць прыхаваныя ў музеі багацці не назіралася. На дзвярах наўеўскай скарбніцы вісеў новенькі замок, ключа ад якога ні ў старшыні, ні ў цётачкі не аказалася.
— Зараз Вінцука знойдзем, вартаўніка, ён нам адчыніць… Вінцук, Вінцук!
Голас старшыні чамусьці гучаў няўпэўнена, а цётачка незадаволена зморшчылася. Каго можна клікаць у гэтым пустым, як разбіты збан, памяшканні? Успомніліся гісторыі наконт прывідаў у закінутых дамах… У паўцемры калідора нешта зашаргатала, дзверы з надпісам «Кабінет хіміі і біялогіі»раптоўна расчыніліся, і ў светлым праёме вымалявалася дзіўная постаць у ватніку і галёшах на вяровачках. Высокі нязграбны чалавек — ці прывід? — меў гадоў пад сорак. У цёмных доўгіх валасах і барадзе не заўважалася сівізны. Твар худы, а вочы ненатуральна светлыя і глядзяць спадылба, праз нерасчэсаныя пасмы… Проста ваўкалак нейкі, пярэварацень. Чалавек моўчкі, не павітаўшыся, глядзеў на нас.
Старшыня надаў голасу важнасці:
— Ну, Вінцук, адчыняй нам музей. Прадстаўнік з Міністэрства культуры прыехаў.
Барадаты Вінцук не выявіў энтузіязму.
Ён перавёў позірк на маю асобу, затрымаў яго на капелюшы і, гледзячы паўзверх маёй галавы, прагаварыў:
— Дазвол павінен быць… Спецыяльныя паперы. Без дакументаў не адчыню.
Цікава, які дазвол ён мае на ўвазе, санкцыю пракурора, ці што? Старшынёў твар пачаў налівацца чырванню, але я не стала спрачацца і працягнула пільнаму Вінцуку пасведчанне з працы і паперчыну з міністэрства. Вінцук вывучаў іх куды даўжэй, чым старшыня. Я толькі дзівілася, чаму начальства церпіць выбрыкі гэтага тыпа.
Цётачка нахілілася да мяне і амаль нячутна прашаптала:
— Не звяртайце ўвагі… Ён — таго… Ненармальны. Сваяк былога дырэктара школы.
Вось яно што… Сапраўды, лепш не сварыцца. Тым больш Вінцук, хоць і неахвотна, дастаў ключ, які захоўваў не ў кішэні, а на шыі — разам з яшчэ некалькімі ключамі, і дзверы скарбніцы адчыніліся. Не тое каб я была расчараваная… Проста такіх мясцовых музеяў я бачыла мноства. Рушнікі і стэнды са здымкамі герояў Вялікай Айчыннай вайны, драўляныя ступы ды іншыя гаспадарчыя прылады і абавязкова ў куце падвешаная калыска. Дапаўнялі інтэр’ер шматлікія пейзажы самога Цудко — зялёная траўка, сіняе неба, белыя аблокі, партрэты ўдарнікаў працы, ветэраны ў атачэнні піянераў… Адметнасцю былі хіба дзве карціны Альберціка, падараваныя землякам, — зразумела, не лепшыя ягоныя карціны, але талент не можа стварыць зусім банальную рэч. На адной з карцін я нават пазнала ўласныя рысы. Праўда, пазнаць было цяжка, — Альберцік маляваў персаніфікаваную зімовую ноч. Таму я здзівілася, калі Вінцук, які стаяў убаку і змрочна назіраў за нашымі перасоўваннямі па музеі, раптам хутка глянуў на Альберцікаву карціну, пасля — мне ў твар. І зноў утаропіўся ў прастору.
— Баюся, тут для мяне мала цікавага.
— Ды вы ў другую залу прайдзіце, — заспяшалася цётачка, а «Фальстаф» прагуў:
— Вінцук, адчыні…
На гэты раз вартаўнік не стаў спрачацца і марудзіць. Маленькія дзверы, якія я адразу не заўважыла, расчыніліся, і я зразумела, што знаходжуся ў свяцілішчы Наўеўскага краязнаўства — сярод экспанатаў цудкоўскай калекцыі. Сапраўдны правінцыйны свецкі салон дзевятнаццатага стагоддзя! У цэнтры — ломберны столік з інкрустацыяй і два прысадзістыя крэслы. Камоду з ручкамі ў выглядзе грыфонаў упрыгожвалі дзве фарфоравыя вазы, нібыта кітайскія, але хутчэй за ўсё падробка. Над імі несамавітым госцем у панскім доме стракацеў распісны дыван з лебедзямі і несуцешнай прыгажуняй у высокім каптуры… На сценах віселі карціны. Некаторыя я пазнала — Цудко прывозіў іх у сталіцу з надзеяй уразіць экспертаў. З партрэтаў у абдзёртых пазалочаных рамках на мяне, бязродную чужаніцу, узіраліся наўеўскія шляхціцы і іх жонкі.
Вар’ят між тым прынёс цэлае бярэмя папер — рэестр экспанатаў музея з падрабязнымі каментарамі Нічыпара Цудко, і паклаў на ломберны столік. Да гэтага дадаліся яшчэ нейкія папкі з малюнкамі, гравюрамі, плакатамі. Нічога, да вечара ўпраўлюся. Я рашуча пачала расшпільваць футра. Здаецца, цёпла, вунь і грубка ў куце. Маленькія жалезныя дзверцы ўнізе зачыненыя няшчыльна, і відаць жывая палоска агню.
— Да бліжэйшай станцыі падкінеце? — запытала я на развітанне ў старшыні.
Аўтобус у гэтае блаславёнае мястэчка прыходзіў раз на дзень, і мне не хацелася сядзець тут да раніцы. «Фальстаф» запэўніў, што ён і ягоны самаход да маіх паслугаў, і заспяшаўся па сваіх справах. Зазбіралася і кабета.
— Праз пару гадзінак зойдземся да вас, добра? А пакуль, калі што, Вінцук вам дапаможа. Чуеш, Вінцук?
«Ваўкалак» павольна хітнуў галавою і падыбаў з музея. Сапраўды, экземпляр… Ніколі не даводзілася заставацца сам-насам з вар’ятам.
— Ды вы не бойцеся, ён ціхі… Ніколі нікога не крыўдзіць. Жыве тут. Клічце яго смела, калі што спатрэбіцца.
Я засталася адна сярод старой мэблі і цёмных карцін. Было зусім ціха — аж у вушах звінела ад цішы. Мне нават прыйшло ў галаву, што Ваўкалак, як толькі выйшаў за дзверы, растварыўся ў паветры.
Я ўважліва перагледзела ўсё ў зале. Вядома, для раённага краязнаўчага музея многае было б каштоўным. Асабліва зацікавілі мяне дзве карціны, — абедзве я датавала канцом дзевятнаццатага стагоддзя. На адной — жанравая сцэнка з жыцця засцянковай шляхты пад назвай «Вяселле пад прымусам». Нявеста тэатральным жэстам захінала твар, у той час як бацькі гэткімі ж тэатральнымі жэстамі паказвалі ёй на адчыненыя дзверы, за якімі віднелася ганарыстая постаць жаніха ў сурдуце і капелюшы. Другая карціна, «Партрэт студэнта», падалася мне адразу больш старой. Яе паверхня была спрэс у павуцінні дробных трэшчынак, наўскос праз усё палатно бачыўся след ад драпіны. Але карціны маляваў адзін аўтар, які начытаўся гатычных раманаў і перанёс іх атрыбутыку ў свае творы. Студэнт на партрэце завёў вочы пад аблокі і абапіраўся адной рукой на чэрап, а ў другой трымаў сведчанне свайго студэнцкага становішча — падручнік па латыні. Драпіна перакрэслівала яго разумны, трохі нервовы твар, як сапраўдны шнар. Не, наш музей гэта таксама не возьме. Хаця… нешта ў гэтых палотнах ёсць. Нездарма ж яны прывабілі маю ўвагу. Аўтар быў таленавіты, але яму не хапала элементарнай «школы». Яшчэ адзін правінцыйны непрызнаны геній. Шкада, вельмі шкада… Некалі гэтак жа, можа, будуць гаварыць пра мае карціны, калі яны ацалеюць, і гэтак жа спачувальна адстаўляць іх убок.
Мае думкі перарваў раўнадушны голас:
— Не хочаце паглядзець запасныя фонды?
Я ажно падскочыла. Гэты Вінцук — сапраўды прывід. Як ён мог падысці так бязгучна? Але, значыць, убачанае мною ў музеі — не ўсё? Падобна на кітайскі куфэрак, адчыніш шуфлядку — за ёй хаваецца наступная. Ну так, Альберт нешта казаў пра «завалы матэрыялу»…
— А куды ісці?
— У гэтым жа будынку, у сутарэнні.
Цяпер вар’ят павядзе мяне ў сутарэнні… Можа, пачакаць мясцовае начальства?
Вінцук глядзеў паўзверх маёй галавы светлымі вачыма. Я ўсвядоміла, што не чую паху перагару — самага роднага, звыклага паху вясковых вартаўнікоў. І адзежа акуратная, хоць і дзіўная, усе гузікі на месцы. Валасы доўгія, зблытаныя, але чыстыя. І рукі чыстыя, белыя, з доўгімі пальцамі, неяк ненармальна яны выглядалі на фоне старой ватоўкі… Ды ён ненашмат старэйшы за мяне. Яму ад сілы гадоў трыццаць пяць.
— Я туды, у скляпенні, звычайна не пускаю нікога. Нічыпар Хведаравіч усё, што лічыў вартым, вынес сюды, у гэтую залу. Але вы можаце паглядзець. Не бойцеся, я ўзімку неагрэсіўны.
Трэба было чуць, як ён вымавіў апошнюю фразу, з якім тонкім сарказмам. Зусім не просты гэты Вінцук…
— Ну, наважвайцеся, — і ўсміхнуўся — так адкрыта і шчыра, што падалося: з-за ваўкалацкага аблічча вызірнуў зусім іншы чалавек.
І я рашуча паднялася.
Уваход у сутарэнні пачынаўся пад лесвіцай, што вяла на другі паверх. Насуперак маім чаканням, за абабітымі бляхай дзвярыма не аказалася паўцёмнага вэрхалу з плесняй і мышыным віскам. За першымі дзвярыма хаваліся другія — жалезныя, з засаўкай і двума замкамі. Як у сейфе. Электрычная лямпачка асвятліла вялікае памяшканне, застаўленае і заваленае прадметамі мастацтва (ці якія на погляд збіральніка мелі дачыненне да мастацтва). Але ў гэтым завале быў парадак. Уздоўж сцен, на стэлажах — папкі, скульптуры, укручаныя ў мешкавіну. Першае, што прыцягнула маю ўвагу, — мармуровы анёл, з непрапарцыянальна вялікімі, складзенымі на сэрцы далонямі, крыламі, падобнымі на змятую прасціну, і мужыцкім спакутаваным тварам. Ён стаяў на каленях, нахіліўшыся над неіснуючай труною, і безнадзейна смуткаваў.
— Са зруйнаванага касцёла. Частка надмагілля, — патлумачыў Вінцук і пачаў здымаць грубую тканіну са шматлікіх бясформенных фігур…
І ў мяне перахапіла дыханне. Гэта была драўляная скульптура — менавіта наша, беларуская, непаўторная. Не пазней семнаццатага стагоддзя. Раскрыжаваныя Хрысты, каструбаватыя, нязграбныя. Святыя Дзевы са складзенымі на грудзях рукамі. Майсей з вялізнымі рагамі-прамянямі на галаве… Кожная з такіх скульптур была больш вартасная за ўвесь кіч, сабраны ў залах наверсе. «Вядома, нічога дзіўнага, — з горыччу думала я, — што «вялікі знаўца» Нічыпар Цудко не палічыў патрэбным выстаўляць такое «ламачча» наверх». Вырабы мясцовых геніяў былі непараўнальна далёкія ад вытанчаных статуэтак а-ля антычнасць. Шэрае дрэва, паедзенае шашалем, пашкоджанні, часам значныя, надавалі скульптурам зусім нехлямяжы выгляд. Колькі падобных шэдэўраў загінула ў калгасных грубках — страшна ўявіць. Я наблізілася і са здзіўленнем заўважыла, што не так даўно дрэва апрацоўвалі нейкім кансервантам. Можа, Альберцік паклапаціўся? А Вінцук працягваў адкрываць багацці скляпення. Многае, што захоўвалася тут, было, відаць, вынесена з тых жа касцёла ды царквы. Перада мной, як у сне, узнікалі надмагільныя барэльефы, драўляная разьба частак алтара з ранамі ад барбарскай сякеры, фрагменты каваных агароджаў, кераміка — не такая, як наверсе, а вялізарныя гаршкі, дымленыя збаны з паадбіванымі горламі… Скрыня, напоўненая чарапкамі са слядамі ручнога роспісу, кавалкамі кафлі… Якое багацце! Я схапіла са стэлажа папку. Стос жоўтых, махрыстых па краях лістоў… Ды гэта ж «Рэвізская сказка» за 1802 год Наўеўскага павета! А побач стаяла чарка, непрыгожая, зялёная чарка — менавіта такія рабілі на гуце ў суседнім павеце чатыры стагоддзі таму… Падобныя ёсць не ў кожным музеі!
І гэты, з дазволу вашага, калекцыянер выставіў наверх, як найвялікшую каштоўнасць, штампаваную парцэлянавую пастушку, якой прыкрашала свой камод якая-небудзь нэпманша!
Ад абурэння я пачала разважаць услых, і вартаўнік сярдзіта азваўся:
— Наракаеце на дурнога дылетанта — не ўмеў ацаніць багацці, якімі валодаў, і шанаваў кіч? А вы ведаеце, што толькі дзякуючы такім «дылетантам», як Цудко, і захоўваецца большасць скарбаў нашай культуры? Не вы ж, прафесіяналы-тэарэтыкі, выкопваеце з кучы друзу чарапкі, не вы з-пад каўша экскаватара выносіце кавалкі старажытнай скульптуры… Урэшце, усе гэтыя рэчы стаяць тут, яны не выкінутыя на сметніцу, дачакаліся вас, каб вы пра свае «адкрыцці» у дысертацыі напісалі. І ўсё — дзякуючы вясковаму дылетанту.
Мой апанент распрастаў спіну, вочы яго свяціліся непадробным інтэлектам…
— Хто вы такі? — вырвалася ў мяне.
Вінцук адразу змяніўся, нібыта надзеў выпадкова згубленую маску.
— Вартаўнік я.
І адвярнуўся, пачаў старанна ўхутваць скульптуры радном. Але позна — цяпер я была ўпэўненая, што парадак у гэтым скляпенні быў невыпадковы і дрэва было адрэстаўрыраванае менавіта ім. Але паколькі ён не жадаў заводзіць са мной размовы на гэтую тэму, я мудра замаўчала і ўзяла са стэлажоў яшчэ некалькі папак. Вінцук адышоўся ў цемру далёкага кута, паваждаўся там і прынёс мне яшчэ нейкія паперы.
— І гэта пачытайце, вам цікава будзе.
Я выйшла за Вінцуком наверх, яшчэ раз падзівіўшыся фундаментальным дзвярам і адмысловаму набору замкоў.
А наверсе нас ужо чакалі. Фальстафаўская фізіяномія старшыні яшчэ больш ільснілася і расплывалася ва ўсмешцы. Мусіць, таму, што на гэты раз усміхаўся не толькі мне, але і іншым важным гасцям — найперш прыгожай жанчыне ў пясцовым футры. Калі я была ў вёсцы экзотыкай, дык гэтая кабета мусіла здавацца прыхаднем з іншага свету — не таго, адкуль прывіды, а таго, дзе ездзяць у студзені загараць на Гаваі, а ў ліпені адпачываюць на горналыжных швейцарскіх курортах… Жанчына нецярпліва пастуквала аб драўляную абдрапаную падлогу дасканалым боцікам з казачнай срэбнай скуры на высокім абцасе. Светлыя валасы гэтак жа дасканала закручваліся ў локаны, вялізныя шэрыя вочы раўнадушна-ўпэўнена пазіралі на свет. Твар з вытанчанымі рысамі здаваўся лялечным. Аднак угадвалася за гэтай лялечнай красою ўнутраная сіла, ці, хутчэй, уладарнасць. Таму я не адразу разгледзела двух спадарожнікаў прыгажуні, хаця яны таксама заслугоўвалі ўвагі,— бамбіза ў кажуху, не раўнуючы целаахоўнік, і дзядзечка ў доўгім чорным паліто з каракулевым каўняром і ў каракулевай шапцы. «Прынцэса» і яе світа… Старшыня мітусіўся:
— Вінцук, Вінцук, адчыняй хутчэй скляпенне! Вера Сцяпанаўна жадае паглядзець. Ну, хутчэй жа! Давай ключ, я сам адчыню, а то цябе не дачакаешся.
Я паглядзела на свайго нядаўняга экскурсавода і здзівілася. Ён стаяў ля сценкі, засунуўшы рукі ў кішэні ватоўкі, і такі каменны зрабіўся ягоны твар, нібыта ён сам быў часткай нейкага надмагільнага барэльефа.
— Не адчыню.
Мне падалося, што «Фальстаф» зараз лопне ад гневу.
— Ды ты ведаеш, каму адмаўляеш?
— У тым і справа, што ведаю.
«Прынцэса» толькі холадна ўсміхнулася. Бамбіза, відаць, сапраўды целаахоўнік, няспешна падышоў да вартаўніка і працягнуў далонь.
— Давай ключы. Сам дай, а то… Старшыня аж клекатаў:
— Цудко, няхай зямля яму пухам, нікога не пускаў… Цяпер гэты… Там жа адно ламачча, нікому не патрэбнае!
— Гэта не вам меркаваць.
Вінцук стаяў, як каменны рыцар. Бамбіза ўзяўся за яго ватоўку.
Не першы раз даводзілася назіраць такія сцэны… Праўда, звычайна «новыя беларусы» не сустракаюць супраціву — дый тут з боку мясцовых улад, відаць, не сустракаюць. Сунуць сто баксаў — і забіраюць бясцэнныя рэчы. А мы пасля разглядаем фотаздымкі ў каталогах замежных аўкцыёнаў, каб дапоўніць чарговы раздзел айчыннай гісторыі мастацтва. Ці яшчэ горш — забяруць старажытную скульптуру дзеля прыкрасы лецішча, скалечаць па сваім гусце, расфарбуюць, пагаблююць, не спадабаецца — знішчаць. У паціры, у якім прычасце выносілі, кактэйлі змешваюць. Спыніць іх не ў маёй уладзе, але на адкрыты скандал яны не пойдуць, дакладна. Я прадставілася, пералічыла ўсе свае рэгаліі і высокіх асоб, што мяне сюды накіравалі, і запэўніла, што пакуль не зраблю вопіс экспанатаў, якія ўяўляюць цікавасць для майго музея, пакуль не будзе складзены адпаведны акт аб перадачы азначаных рэчаў, ніякіх экскурсій не можа быць. Яшчэ што знікне, а мне пасля адказвай перад гісторыяй.
— Гісторыя перажыве, — прыгажуня працэджвала словы скрозь зубы. — Гісторыя не тое перажывала.
— Вельмі рады пазнаёміцца з вамі, калега, — гэта вылез наперад дзядзечка ў паліто. — Я таксама мастацтвазнаўца, эксперт сталічнага антыкварнага салона. Так што, думаю, мне…
— Абяцаю, калі адбудзецца інвентарызацыя, запрашу вас на агледзіны. А пакуль, выбачайце, я прадстаўляю інтарэсы дзяржавы.
Бамбіза рваўся ў бойку, але «прынцэса», відаць, перадумала, павярнулася на сваіх высокіх абцасіках і пайшла. На развітанне яна кінула доўгі позірк на Вінцука, які, аднак, аніяк не адрэагаваў.
«Фальстаф» пабег услед за гасцямі, пасля вярнуўся. Паколькі з двух аўтарытэтаў засталася толькі я, усё жаданне дагадзіць было скіравана ў адзін бок.
— Выбачайце, Кацярына Аляксееўна, за інцыдэнт. Проста людзі вельмі цікавяцца мастацтвам. А гэты… аблом… не пускае. Ну што здарылася б дрэннага, калі б людзі па-глядзелі?
— А хто гэтая аматарка мастацтва? Старшыня трохі замяўся:
— Жонка Вячаслава Бутава.
— Знаёмае прозвішча, па тэлебачанні часам рэкламны ролік круцяць. Страхавая кампанія ў яго, ці што?
— Так. Але, ведаеце, такія цудоўныя яны людзі, ну такія чулыя… Два гады таму зусім нечакана іх фірма дала нашаму пасёлку грошы на новую школу. Пяць гадоў адзін падмурак стаяў… А цяпер за год выштукавалі — не горш чым у горадзе школка!
Вінцук пачаў мыць уквэцаную нагамі сённяшніх наведнікаў падлогу, няспешна шоргаючы шэрай мокрай анучай. Чамусьці ягоныя мерныя рухі нагадалі мне Харона ў чоўне мерцвякоў.
3
Я ішла за старшынёй па рыпучым снезе — бялюткім, якога ў горадзе не бывае — і гадала, чым выкліканы інтарэс жонкі айчыннага фінансавага бонзы да сціплага местачковага музея. Тым больш да сховішча, у якім не было нічога, што магло б зацікавіць «новых беларусаў». Хутчэй яны маглі б паквапіцца на паліраваны сакрэтнік ці фальшывую кітайскую вазу. Нашто ім пашчапаная драўляная скульптура, чарапкі, надмагільныя камяні ці ржавыя краты, а тым больш мясцовыя архівы векавой даўнасці? Гэта ўсё сапраўды цікава, але толькі для спецыялістаў. Можа быць, варта было б сапраўды пусціць гэтую кампанію ў скляпенне, няхай паглядзяць і супакояцца. Надта ўжо мне не спадабаўся «прынцэсін» бамбіза.
Але я чамусьці ўстрымалася ад таго, каб выказаць слушную прапанову старшыні. З сельсавета патэлефанавала ў Мінск, дамовілася, што заўтра да мяне ў дапамогу прышлюць кагосьці з музея. Паабяцалі нават выслаць «рафік» па экспанаты, якія «мая мастацтвазнаўчая вялікасць» палічыць вартымі для перавозу ў музей сталіцы. (Мармуровага анёла і некалькі драўляных скульптур дакладна трэба будзе забіраць.) Гэта была вялікая перамога, відаць, падрыхтаваная Альбертавымі намаганнямі. Часам я нават шкадую, што вырасла ў Мінску. Прынамсі, ёсць амаль стопрацэнтная верагоднасць, што калі ты нарадзіўся ў вёсцы ці мястэчку і дасягнуў хоць невялікіх, але поспехаў у навуцы, мастацтве ці літаратуры, тваё імя будзе шанавацца на «малой радзіме», згадвацца ў рознага кшталту краязнаўчых выданнях як гонар раёна, а твой фотаздымак упрыгожыць стэнд школьнага музея. А ў нашым доме жывуць два кандыдаты навук, не лічачы мяне, доктар эканомікі, былая балерына, нават стары паэт-песеннік. І суседзі звяртаюць на нас увагі куды менш, чым на ўладальніка «форда» з другога паверха, які завёў серабрыстага колі і зрабіў у кватэры еўрарамонт. Так што пра ягоную круглую ванну з падводным масажам ведаюць усе чатыры пад’езды, а маю кнігу пра магістральныя міфалагічныя матывы ў беларускім мастацтве ХVІ стагоддзя не ведае ў доме ніхто.
Прыступы маніі вялікасці мне хаця і ўласцівыя, як і пераважнай большасці маіх калег, але звычайна не зацягваюцца. Я пачала знаёміцца са змесцівам вынесеных са скляпення папак. У адной былі стосы нудных справаздач — і тады існавала бюракратыя! Колькасць пудоў збожжа і коп сена, сабраных па губерні. Судовыя паперы, падабраныя зусім выпадкова, ніякай храналогіі ці сэнсавай сувязі, нібыта іх выцягнулі навобмацак са смеццевай кучы, хаця, хутчэй за ўсё, так і было. Некалькі «свецкіх альбомаў» павятовых паненак з бясконцымі ўклеенымі «голэмбямі,» анёлкамі і віньеткамі: «Анэля, мілая Анэля, цвіці, як ружа ў майскі дзень». На жаль, у кола знаёмстваў гэтых паненак відавочна не ўваходзілі ні паэты, ні мастакі нават сярэдняга ўзроўню. Нарэшце я ўзяла ў рукі невялікі стос жоўтых папер, перацягнуты выцвілай стужкай, які даў мне Вінцук. Калі на гэтых лістах замільгала прозвішча князёў Палецкіх, я зразумела, што натрапіла на цікавае. Гэта былі копіі афіцыйных папер і два асабістыя лісты, што тычыліся працэдуры разводу княгіні Палецкай, да шлюбу — Даратэі Вяржбіцкай, шляхцянкі, з князем Адольфам Палецкім. З запісу судовага паседжання, якое адбылося ў студзені 1910 года, вынікала, што княгіня Палецкая сама пачала справу аб разводзе. Муж здраджваў ёй з нейкай дзявіцай Ваўчок, зацята гуляў у карты, прамантэчыў усе сямейныя грошы. Так што і ў княгіні, і яе адзінаццацігадовага сына жыццё было не мёд. Да таго ж князь Палецкі ўладкаваў хлопчыка ў нейкую дабрачынную гімназію ў Вільні, і княгіня, у супярэчнасць мужу, лічыла, што дзіцяці там кепска і яго трэба неадкладна адтуль забіраць. Ну і яшчэ адзін довад — шлюб паненкі Вяржбіцкай і князя Палецкага адбыўся без згоды нявесты, але «пад нялітасцівым прымусам шляхціца Вяржбіцкага», бацькі нявесты, і самога жаніха. Паколькі няверны муж папракаў жонку-бунтаўшчыцу тым, што ўзяў яе за сябе «голую і босую», што азначала — без багатага пасагу, княгіня мусіла быць незвычайна прывабнай — іначай чаго б такі лавелас яе дамагаўся? Праўда, князь і сам даўно не меў таго багацця, якім валодаў некалі род Палецкіх, — мусіў жыць у Наўі, куды ранейшыя Палецкія выязджалі толькі на паляванне.
Чым далей я чытала паперы, тым менш сімпатыі выклікаў у мяне князь Адольф. Ён паліваў жонку брудам. І кахалася яна да вяселля з мясцовым доктарам, чалавекам «нядобранадзейным», і кепска выхоўвала сына, і не дбала аб гаспадарцы, і чытала не тыя кніжкі, і ездзіла без дазволу мужа ў вандроўкі… Чым скончылася судовая справа, з папер я не даведалася. Быў яшчэ ліст пана Вяржбіцкага, бацькі княгіні Палецкай, з папрокамі на адрас няўдзячнай дачкі, перасыпаны памылкамі і выразамі «клянуся крыжом твайго дзеда», «хай цябе ратуе ад граху крыж твайго дзеда». На канверце значыўся адрас наўеўскай паненкі Анэлі Дубоўскай з пазнакай: — «для перадачы Даратэі Палецкай». Гэта было ўсё, калі не лічыць паловы аркуша, выдранага з нейкага прыватнага ліста. Магчыма, ліста княгіні Палецкай да сяброўкі, таму што там згадваўся «бессардэчны чалавек, які не дае разводу толькі з-за жадання памучыць», а таксама «бедны хлопчык», якога маці не можа забраць дадому без згоды бацькі. Аркуш абрываўся на загадкавай фразе: «Талісман, што прыносіць нашаму роду адны няшчасці, хаця ты і раіла мне яго прадаць і скарыстаць грошы для паляпшэння майго бядотнага становішча, я нарэшце наважылася аддаць спачылым. Ім ён не прынясе таго зла, якое прыносіў нам».
Бедная княгіня… Мусіць, у яе сапраўды быў раман з мясцовым «нядобранадзейным» доктарам. Уяўленне паслужліва намалявала сцэну таемнага спаткання пад старым дубам, няўдалае выкраданне нявесты, дуэльныя пісталеты ды іншае сентыментальна-рамантычнае шалупінне. Тут жа па асацыяцыі я ўспомніла карціну, якую бачыла ў цудкоўскім музеі, «Шлюб пад прымусам». Цікава, магчыма, гэтая карціна мела рэальны прататып?
Пра ўсё гэта я думала ўвечары на мансардзе драўлянага дома, які належаў новаму дырэктару Наўеўскай школы Анатолю Андрэевічу. Менавіта тут мяне пасяліла начальства. Вядома, «умовы» знаходзіліся на двары, унізе шумна гулялі дырэктаравы дзеткі, ва унісон гулі тэлевізар і радыё… А гаспадыня з чыста беларускай гасціннасцю кожныя пятнаццаць хвілін «забягалася», каб удакладніць, ці не трэба мне чаго, ці буду я есці яешню са шкваркамі, ці лепш дастаць для мяне з каморы алею. За бяскрыўднымі гаспадарчымі пытаннямі праглядалася цалкам зразумелае жаданне бліжэйшага знаёмства. Але гэта ўсё-ткі быў асобны пакойчык, з акна якога бачыўся сярод заснежанага поля далёкі будынак былой школы. Я задуменна глядзела на цьмяны агеньчык у акне першага паверха, дзе, відаць, атабарыўся ваўкаваты Вінцук, і спрабавала ўявіць рэаліі местачковага жыцця стогадовай даўніны. Вось да ганка з калонамі пад’язджае экіпаж, падбягаюць слугі, з экіпажа грацыёзна выходзіць захутаная ў футра жанчына…
Тут мае мары перарваліся, таму што да панскага дома сапраўды пад’язджаў экіпаж, праўда, сучасны. Святло фараў выхапіла з цемры ўхутаныя ў прывідную шэрань постаці дрэў — ганаровую варту зачараванага замка… Хто і навошта ў такі час прыехаў у музей? Відаць, меў рацыю Альберт, калі казаў: — «Парасцягваюць…» Мільганула разумная думка: «Ну якая мая справа…»
…І я хуценька збегла ўніз. Не ведаю, якімі эпітэтамі ў думках узнагароджваў мяне гаспадар, дабрадушны аматар рыбалкі і Чэхава, але ўсё-ткі апрануўся і пайшоў са мною да былой школы.
Каля княскай рэзідэнцыі пабліскваў лакіраванымі бакамі шыкоўны джып. Мне падалося, што ў машыне сядзіць нехта ў серабрыстым футры. Праз адчыненыя дзверы школы чуліся галасы, дакладней, адзін злосны голас, і грукат. Я кінулася туды. Мой гаспадар сунуўся за мною, хоць я амаль фізічна адчувала ягоную неахвоту лезці не ў сваю справу. Сярод вестыбюля ўзвышаўся знаёмы бамбіза са світы шэравокай «прынцэсы». Ён, відаць, «крута» размаўляў з вартаўніком па тым жа пытанні, што і днём, таму што Вінцук, у раздзёртай на плячы сіняй кашулі, спрабаваў узняцца з падлогі, дзе, пэўна ж, апынуўся не па ўласным жаданні.
Пры нашым з’яўленні бамбіза неахвотна выціснуў усмешку:
— Трэба ж, зноў сустрэліся… А мы сюды па сумачку Веры Сцяпанаўны заехалі. Шукалі вось… Ну, добра, я пайшоў. Да сустрэчы, барадаты…
Мы не спрабавалі яго затрымаць. Аўтамабіль ад’ехаў. Дырэктар вылаяў гарадскіх бандзюг і пачаў нудна выгаворваць Вінцуку наконт дысцыпліны, відаць, спаганяючы злосць, што меў на мяне. Вінцук, не слухаючы начальніка, прамовіў мне абыякавае «дзякуй»і зноў зацяўся, як камень.
— Можа, у міліцыю паведаміць? Ці медыцынская дапамога вам патрэбна?
Вартаўнік моўчкі пахітаў галавой, а Андрэевіч ад маіх слоў усхваляваўся. Навошта шум падымаць? Вартаўнік сам вінаваты: пусціў чужых на аб’ект аховы.
Ну, не трэба дык не трэба… Сёння яны сюды наўрад ці вернуцца. Даме, напэўна, час ванну прымаць. Я не сумнявалася, што ў машыне сядзела «прынцэса».
Адыходзячы, я азірнулася на дом, які ў цемры набываў страчаную веліч. Скрозь дошкі, якія шчыльна закрывалі вокны другога паверха, у адным месцы прабіваўся праменьчык святла. Дзіўна… Можа, падалося? Не, свеціцца, праўда, толькі калі глядзець пад пэўным вуглом.
Дырэктару пра сваё адкрыццё я нічога не сказала. Па дарозе дахаты гаспадар, узрадаваны, што інцыдэнт вырашыўся, распавёў мне пра свайго папярэдніка на гэтай пасадзе. Цудко меў славу дзівака, хаця яго ў акрузе паважалі. Ён з няўрымснай энергіяй збіраў у свой музей старыя збаны і посцілкі, сямейныя архівы і рэшткі архіваў мясцовых устаноў. Калі руйнавалі царкву і касцёл з будынкам семінарыі, выцягнуў адтуль усё, што мог, дакладней, што там засталося. Драўляная скульптура, якую я бачыла, валялася ў сутарэннях касцёла, які з трыццаць дзевятага года і да свайго зруйнавання выкарыстоўваўся як склад. Андрэевіч быў яшчэ маленькім хлопчыкам, але памятаў, як бурылі касцёл, як Цудко ўгаварыў трактарыста і той перацягнуў адтуль да школы некалькі мармуровых скульптур і з дзесятак магільных пліт. З усяго захаваўся ў музеі толькі бачаны мной анёл ды тры надмагільныя пліты князёў Палецкіх. Астатнія, казалі, забрала раённае начальства. Я ведала, што гэта значыць — айчынныя нуварышы купляюць старыя каменныя надмагіллі, знішчаюць надпісы і выкарыстоўваюць для ўшанавання памяці памерлых сваякоў. Добры мармур набыць цяжка. А тут яшчэ і з гатовымі малюначкамі трапляецца. Вартаўнік з’явіўся ў школе два гады таму, Цудко ўладкаваў яго перад самай сваёй пенсіяй. Адкуль той Вінцук узяўся — ніхто не ведае; Цудко сказаў, што гэта ягоны далёкі сваяк. Па Наўі адразу пайшлі чуткі, што сваяк выйшаў з псіхіятрычнай бальніцы. Дый гэта ад пачатку было відаць, што чалавек «з прыветам», — з выгляду, як бадзяга, да сялянскай працы не змусіш, толькі дровы сячэ ды ўлетку траву пакосіць вакол школы. Ні з кім не гаворыць, ніхто да яго не прыязджае. Трэба будзе пераводзіць музей у новую школу, але там усё не змесціцца. Давядзецца аддаць большую частку экспанатаў у раённы музей. Рэчы ёсць прыгожыя, шафка, напрыклад, і вазы. Але без іх спакайней. А тады што з вартаўніком рабіць? І выгнаць шкада — прападзе чалавек, забамжуе.
Размова працягнулася за вячэрай, і гаспадыня, якая прадставілася мне як Мацвееўна, выказала сваю думку, што Вінцук той — блажэнны, бо кожны дзень у царкву ходзіць і нават бацюшку бясплатна дапамагае па царкоўнай гаспадарцы.
— Грашыў, відаць, шмат, — глыбакадумна заключыў Андрэевіч пасля трох чарак самагонкі, якую я адмовілася піць. — Калі чалавека нячысцік мучае, ён абавязкова ў царкву пацягнецца… Сабакам брахаць будзе, змяёй круціцца, але да царквы папаўзе…
Пасля такой эзатэрычнай скіраванасці я зразумела, што час укладвацца спаць.
Перад тым як улегчыся пад пуховую коўдру, таўшчыня якой была прапарцыянальная гасціннасці гаспадароў, я яшчэ раз зірнула на далёкі будынак школы і падумала пра святло на другім паверсе. Несумненна, там і схаваныя самыя каштоўныя экспанаты. Як бы толькі пераканаць вартаўніка пусціць мяне да іх?
4
Раніца выдалася сонечная, з марозам. Гаспадары даўно ўсталі і, відаць, паспелі зрабіць шмат патрэбных, спрадвечных гаспадарскіх спраў, пакуль я песцілася пад іхняй пярынай. Нават да маёй мансарды даносіўся пах аладак.
Андрэевіч падрыхтаваў мне сюрпрыз. Паколькі я ўчора так цікавілася асобай вартаўніка, ён схадзіў у новую школу і прынёс ягоную асабовую справу. І зараз сам вывучаў яе. Я ўзяла ў Андрэевіча шэрую папачку і ледзь не ўпусціла, прачытаўшы надпіс: «Віктар Іванавіч Палецкі, вартаўнік». Я зірнула на дырэктара, той толькі паціснуў плячыма.
— Я і сам не ведаў, што ў яго за прозвішча. Вінцук ды Вінцук. Хутчэй за ўсё, проста аднафамілец княжацкі. Апошнія Палецкія з’ехалі адсюль яшчэ ў трыццаць дзевятым, калі Саветы прыйшлі.
Пра жыццё Палецкіх да рэвалюцыі Андрэевіч ведаў мала. Чуў толькі пра старога князя, які надта любіў гуляць у карты, так што прайграў суседнюю з Наўем вёску нейкаму палкоўніку. Ды яшчэ той князь пад старасць звар’яцеў і пачаў «магілы выварочваць». Ці ён проста руйнаваў помнікі, ці захапляўся некрафіліяй, выкопваў трупы, аповеды не ўдакладнялі.
У асабовай справе аказался зусім няшмат звестак пра вартаўніка. Месца нараджэння — Мінск. У графе «адукацыя» — прочырк. Узрост — трыццаць пяць гадоў, значыць, усяго на пяць гадоў старэйшы за мяне. Спецыяльнасць і працоўны стаж — прочыркі, відаць, лічылася, што гэтага няма, як і хатняга адраса. Сямейнае становішча — халасты. Адзіная адметнасць — адзнака, што не прыдатны да вайсковай службы па стане здароўя.
Сёння пасля абеду мусіў прыехаць нехта з музея. Я спадзявалася на сваю сяброўку Нюту, якая пісала дысертацыю па кераміцы. А тут керамікі досыць.
Вінцук сустрэў мяне ветла. Ён нават змяніў прычоску, калі так можна сказаць пра ягоныя кудлы, — пасмы больш не навісалі над вачыма. Ад гэтага твар змяніўся — высокі лоб, вялікія светлыя вочы і просты нос… Можа, і князь… Ну, чакай, я цябе разгавару!
— Я ведаю, што вы з гэтых Палецкіх.
Вінцук адразу сцяўся, падобна смаўжу, які хаваецца ў ракавіну пры набліжэнні небяспекі. Ага, значыць, праўда!
— Няўжо вы думалі, што такі факт застанецца невядомым? Калі вам не хочацца «рассакрэчвацца», магу паабяцаць, што нікому больш не раскажу. Але я павінна ведаць — вы ж нездарма далі мне пачытаць сямейныя дакументы Палецкіх? Прызнаюся — мяне зацікавіла гісторыя княгіні. І я хачу ведаць працяг. А калі я чым цікаўлюся, не спыняюся ні перад якімі перашкодамі. Лепш, каб вы расказалі мне самі, чым я буду корпацца ў іншых, можа быць, неаб’ектыўных, крыніцах.
Вінцук зацягнуў паўзу на добрых пяць хвілін.
— Я мала што ведаю. Маці, праўда, часта расказвала пра сваю бабулю, якая развялася з мужам, князем Палецкім, і з’ехала ў Санкт-Пецярбург.
— Ну а далей што з ёй было? З яе сынам?
— Сына, майго дзеда, яна забрала з сабой, фактычна выкрала. Скончыла медыцынскія курсы. Усё жыццё працавала фельдчаркай. Замуж болей не выйшла. Князь другі раз ажаніўся, меў дзяцей. Здаецца, нехта з іх роду жыве ў Польшчы. Паколькі пасля разводу князь пазбавіў і былую жонку, і яе сына правоў на спадчыну, я ні на што тут прэтэндаваць не магу.
— Значыць, сюжэт карціны «Шлюб пад прымусам»— пра вашу прабабку?
— Яна сама яе малявала. І партрэт студэнта. Кахала гэтага чалавека яшчэ да замужжа.
— А пра які талісман згадвае ў лісце ваша бабуля?
— Крыж, фамільная каштоўнасць. Пераходзіў старэйшаму ў родзе. Лічылася, што ён прыносіць няшчасце. Прабабка пасля разводу яго выкінула.
Вінцук замаўчаў. Зноў адсутны позірк. Па рукаве княскае выцвілае ватоўкі поўз павучок.
— Цікава, а чаму вы даверылі мне свой сямейны архіў?
— Таму што добра вас ведаў.
— Як? Адкуль?! Альберт Свянткоўскі распавёў?
— Нейкім чынам так. Я партрэт ваш бачыў. А Свянткоўскі — таленавіты мастак, значыць, яго карціна расказвае больш, чым сам мастак мог бы расказаць пра сваю мадэль. Мне вельмі хацелася захаваць памяць прабабкі. Яна сапраўды была выбітным чалавекам. Цяпер, калі ведаеце яе гісторыю, і карціны вас зацікавяць. Упэўнены, недзе вы пра яе згадаеце.
Правільна думае. Шляхціцы з партрэтаў ухвальна глядзелі на Вінцука. Мне на хвілю здалося, што на ім гэткая ж старасвецкая вопратка, як і на іх, і ён таксама аддзелены ад мяне стагоддзямі… Таямнічы палац са схаванымі сямейнымі скарбамі і адданым вартаўніком…
— Што ў вас на другім паверсе? Філія музея? Зноў напружыўся.
— Нічога там няма. Там дах правалены.
А маніць не ўмее. Ненатуральна атрымліваецца.
Вінцук адчыніў дзверы скляпення. На мяне пацягнула волкім паветрам. Анёл утаропіў на нешта жахлівае белыя вочы, рот драўлянага Хрыста зеўрае немым крыкам, дальнія куты патанаюць у цемры… Я папрасіла княскага нашчадка вынесці наверх, у залу, тыя папкі, якія не перагледзела ўчора, і скрыню з чарапкамі. Рэестр экспанатаў, складзены Цудко, ляжаў на стале. Вінцук дапамог зручна ўладкавацца… І тут зусім побач ударыў звон. Зараз з’явіцца прывід Чорнага Манаха ці якой-небудзь Белай Дамы… Але звон ударыў яшчэ раз, гэтак жа адсланёна-няўмольна, і сціх. Я ўспомніла, што побач — царква Святой Параскевы. Значыць, з’яўленне прывіду пакуль адмяняецца.
Вінцук, аднак, занепакоіўся:
— Я пакіну вас на гадзінку? Айцец Павал чакае. Няёмка. Абяцаў дапамагчы яму пасля службы…
— Нічога, нічога, ідзіце, я сама спраўлюся. Праўда, мне яшчэ пра многае хацелася вас распытаць…
Але мае словы яшчэ больш прыспешылі вартаўніка. Праз акно я ўбачыла ягоную высокую, трохі прыгорбленую постаць — ён ішоў хуткім крокам у бок царквы. Вось і добра… У прысутнасці Вінцука я адчувала сябе няпрошанай госцяй. Так, ён абараняў музей ад уладных рабаўнікоў, так, за ягонай ваўкаватай знешнасцю ўгадваўся інтэлігентны — дакладней, былы інтэлігентны чалавек, у прастамоўі — «біч». Але нешта ён хаваў і ад мяне, а я не люблю заставацца ў невядомасці.
Я агледзела дошкі, што перагароджвалі лесвіцу на другі паверх. Гэтым шляхам не падняцца. Але хіба тут толькі адна лесвіца? І ў школе, па правілах пажарнай бяспекі, мусіць быць запасны выхад. Ну а ўжо ў княжацкім доме не можа быць адна лесвіца і для паноў, і для прыслугі. Я рушыла ў другі канец калідора. Аказалася, ён там не канчаецца, а заварочвае. У тупіку я знайшла маленькія дзверы без шыльды. Тузанула ручку… Тэхнічнае памяшканне. Я праціснулася між паламанымі партамі… Дзверы з павольным рыпеннем прычыніліся. Добра, ліхтарык з сабою. Ля сценкі — школьная дошка. Можа быць, я выйшла б з гэтага няўтульнага памяшкання, каб не ануча. Звычайная сухая ануча, якой колісь выціралі крэйду, пасля паклалі на палічку ўнізе дошкі, і яна так і прысохла. Чамусьці махры гэтай анучы матляліся, як ад моцнага павеву. Я з цяжкасцю ссунула дошку ўбок. За ёй пачыналася вузкая, як ход шашаля, вінтавая лесвіца, ад яе цягнула холадам. Урэшце, гэта мне цяжка адсоўваць дошкі, а дужы мужчына зробіць такое адным рухам.
Доўгі калідор на другім паверсе наводзіў на сумныя думкі — мусіць, так выглядаюць будынкі пасля бамбёжак. Чорныя бэлькі столі там-сям абрушыліся, пахіліліся да падлогі, быццам штандары перад жалобным шэсцем. Аднекуль сыпаўся дробны снег. Я прыкінула, дзе вечарам бачыла святло: трэцяе акно справа, адчыніла дзверы ў цёмны пакой і скіравала ўнутр прамень ліхтара… І аслупянела. Я знаходзілася ў майстэрні мастака. Звычайнай майстэрні, з маім улюбёным вэрхалам, з пахам фарбаў і пукамі пэндзляў у збанках і гаршэчках. Але не гэта ўразіла мяне. На мальберце стаяла няскончаная карціна. Я ніколі не бачыла нічога падобнага. Яе аўтар меў свой, адметны стыль — фантасмагарычны, з незвычайнымі спалучэннямі колераў, ясны і адначасова туманісты. На фоне начнога зімовага пейзажу, у якім угадваліся краявіды сучаснага Наўя, ляцела прывідная кавалькада паляўнічых — дамы ў сукенках з доўгімі вузкімі шлейфамі, у мехавых шапачках, вышытых перлінамі, з сокаламі на пальчатках, мужчыны ў чугах з пералівістых тканін, з павінымі пёрамі на шапках, узброеныя даўжэзнымі стрэльбамі з раструбамі на канцах. Гэта было захапляючае, вясёлае і трывожнае відовішча. Коні слізгалі па паветры, дамы смяяліся, а над соннай вёскай цягнуліся срэбныя ніткі правадоў электралініі, пакрытыя шэранню.
Ля сцен, павернутыя фарбаванай паверхняй ад гледача, стаялі іншыя карціны. Я пачала іх пераварочваць. Несумненна, яны належалі пэндзлю аднаго мастака, і гэта быў выбітны мастак. У святле ліхтарыка ўзнікалі новыя і новыя сюжэты. Якая фантазія! Якое майстэрства! Я так захапілася разглядваннем, што не зрэагавала ў час — дзверы раптоўна адчыніліся і святло ліхтарыка, ярчэйшага за мой, скіравалася проста мне ў твар і на некалькі імгненняў асляпіла. Калі б у мяне яшчэ былі сумнівы наконт уладальніка падпольнай майстэрні, цяпер іх не мусіла заставацца. Вочы Вінцука з-пад насупленых броваў гарэлі праведным гневам.
— Вы…вы… як вы маглі! Шпіёніць… Паверыў вам… Артыкулам вашым, партрэту… Шчыра збіраўся дапамагчы… А вы…
У небаракі аж рукі трэсліся ад абурэння. Зусім перастаў маскіравацца пад бажаволака. Але я не збіралася адступаць.
— Вы чакаеце, што я зараз пачну прасіць прабачэння і сцвярджаць, што я тут выпадкова, што я не хацела і таму падобнае? Памыляецеся. І апусціце нарэшце ліхтар, а то свеціце мне ў вочы, як на допыце.
Вінцук сумеўся ад майго ваяўнічага тону і скіраваў святло ліхтарыка ўбок, памацаў рукою недзе ў куце, і на столі запалілася лямпа дзённага асвятлення. А я працягвала сваю «псіхатэрапію»:
— Калі вы чыталі мае артыкулы, дык не маглі не зразумець, што я з сябе ўяўляю. Цікаўнасць — неад’емная частка маёй прафесіі. Я ніколі не спынюся на паўдарозе. Неінтэлігентна з майго боку? Магчыма. Мне не раз даводзілася неінтэлігентна дабівацца ісціны, як бы патэтычна гэта ні гучала. Вы, дарэчы, таксама неінтэлігентна мне зманілі, калі я спытала пра другі паверх. І, калі хочаце ведаць, мне вас ніколькі не шкада, і ніякай загадкі для мяне вы не ўяўляеце. Сярод маіх знаёмых дастаткова таленавітых няўдачнікаў-іпахондрыкаў. У мінулым годзе адзін паэт аб’явіў, што кідае пісаць вершы, купіў хутар і шукае там праўду жыцця. А ягоная жонка, мая каляжанка, акрамя дадатковых лекцый яшчэ і нешта рэдагуе па начах да страты прытомнасці, абы дзіцяці на лекі ад алергіі ды спецыяльную дыетычную ежу хапала. Хочаце, раскажу вашу жыццёвую гісторыю ў агульных рысах? Вы падавалі вялікія надзеі, вучыліся… не бяруся па вашай творчай манеры вызначыць, дзе, але ў вышэйшай творчай установе. Вас спасцігла вялікае расчараванне, мусіць, звычайная подласць з боку калег — такога хапае ў нашым блаславёным асяродку. Пасля гэтага вы не сталі зноў стукацца ў дзверы вялікага мастацтва, а вырашылі стварыць яго ўласную філію, гэткую рабінзанаду непрызнанага генія. Выяўляеце з сябе бясшкоднага вар’ята з пакалення «брамнікаў і вартаўнікоў», спажываеце разварыстую вясковую бульбачку і з горкай, але салодкай помстай у душы пішаце палотны, якія свет не заслужыў пабачыць. Вось вам «еще… минчук в Гарольдовом плаще».
Я нагаварыла шмат несправядлівасцей і чакала новага выплеску абурэння і абвінавачванняў у адрас недасканалага свету, персаніфікаванага ў маёй сціплай асобе, але я недаацаніла свайго знаёмца. Маю тыраду ён слухаў сапраўды трохі нервова, пакусваючы вусны, але пад канец супакоіўся і камічна развёў рукамі:
— Здаюся, здаюся. Меа сulра, меа массіма сulра.1 Вы сапраўды менавіта такая, якой я сабе ўяўляў. І я… напэўна, у нечым такі, як вы гіпатэтычна апісалі. Але нечага вы пра мяне не ведаеце. Таму давайце зачынім маю падпольную… дакладней, паддашную майстэрню і пойдзем уніз, у больш спрыяльныя для гутаркі ўмовы.
— Так, узімку вы сапраўды ціхі,— «ушчыкнула» я інтэлектуальнага вартаўніка.
Ён рассмяяўся так шчыра, па-дзіцячы, што я не магла таксама стрымаць смех. Магчыма, да паранойі тут справа не дайшла.
5
На інкруставаным ломберным століку, пакрытым выцвілай цыратай, дыміліся кубачкі з гарбатай на зёлках, у грубцы (шкада, камін не захаваўся) патрэсквалі дровы, з партрэтаў паглядалі вусатыя шляхціцы і шляхцянкі ў карункавых каўнярах, а насупраць мяне сядзеў у фамільным крэсле князёў Палецкіх прыроджаны Палецкі ў падранай ватоўцы. Што праўда, ягонае аблічча істотна змянілася. Зніклі ваўкаватасць і пустыя позіркі паўзверх субяседніка, змянілася і запаволеная гаворка. Вінцук з відавочным задавальненнем вяртаўся да манер выхаванага чалавека, элегантна адпіваючы гарбату з парцэлянавага кубачка з вензелем. Але што мяне найбольш падкупіла — ён працягваў размаўляць на беларускай мове, вельмі натуральна і прыгожа.
— Вядома, я «падаваў надзеі». Яшчэ б. Матуля з дзяцінства ўбівала мне ў галаву, што я незвычайнае дзіцё, што я мушу стаць вялікім чалавекам і гэтак далей. Акрамя мяне ў яе нікога на свеце не было, і ўсю энергію яна траціла на тое, каб «вывесці мяне ў людзі». Ізастудыя, спартыўная секцыя, музыка… Поўнае кола пакутаў юнага вундэркінда. Ад бацькі я нават прозвішча не ўспадчыніў — маці лічыла, што мне пасуе толькі княжацкае імя.
— Няшчаснае аранжарэйнае дзяцінства? Ні сябрукоў, ні дробнага хуліганства?
— Ну што вы, — рассмяяўся мой суразмоўца. — Усяго хапала. Я па натуры чалавек адкрыты… некалі быў. Да таго ж я ў дастатковай ступені валодаю самаіроніяй. Калі б не ўмеў час ад часу пасмяяцца над сабой, даўно б зламаўся. Карацей, рос такі мамчын сынок, удзельнічаў у выставах і конкурсах дзіцячага малюнка, пасля з лёгкасцю паступіў у акадэмію мастацтваў. Усё ў мяне было самае лепшае — верныя сябры, выбітныя перспектывы, і каханне было самае цудоўнае… Прыгажуня, якіх на свеце больш няма. Юная, пяшчотная, узвышаная… Як кветка. У кветкавай краме я яе і напаткаў. Яна стаяла за прылаўкам… Слова «прадаўшчыца» ці «гандлярка» занадта грубае. Багіня з ружамі. Я так і маляваў яе. Пажаніліся. У нас з маці была двухпакаёўка ў цэнтры, праўда, на першым паверсе, з відам на пункт прыёму шклатары. Віта мела толькі прыгажосць і цвёрды характар. Сапраўды цвёрды. Заўсёды ведала, чаго хоча, і ўмела гэтага дабіцца. Я верыў, што хутка пабудую для сваей багіні палац. На жаль, з маёй маці адносіны ў іх не склаліся ад самага пачатку.
— Чаму?
Вінцук уздыхнуў.
— Думаю, мама пагадзілася б толькі на нявестку з каралеўскага роду, і тое наўрад ці. Напэўна, і я быў вінаваты — па маладосці не надаваў значэння многім, як лічыў, дробязям. Віта вырашыла, што мы будзем здымаць кватэру. Тым часам я скончыў акадэмію, мне далі месца ў майстэрні, разам з двума крыху старэйшымі мастакамі. Будучыня мусіла быць цудоўнай. Але яе трэба было чакаць. А Віта чакаць не ўмела. Колькі трэба часу, каб мастаку дабіцца славы? Пяць гадоў? Дзесяць? Дваццаць? Я хацеў працаваць на мастацтва, Віта хацела, каб я працаваў на сямейны дабрабыт.
— Па-мойму, законнае жаданне ўсіх жонак, — не змоўчала я.
— Напэўна… Але тады я быў невыносным ідэалістам. І вось аднойчы прыходжу дадому, а мая багіня ляжыць, бледная, на ложку і плача. Абследаванне выявіла рэдкую смяротную хваробу. Тэрмінова патрэбна правесці курс ін’екцый. Лякарства такога ў нашых аптэках няма, толькі на чорным рынку можна купіць. Каштуе каля дзвюх тысяч долараў. Ні ў мяне, ні ў маіх сяброў такіх грошай пакуль не мелася. Ляжыць жонка, развітваецца са мною. Я пачаў меркаваць, у каго пазычыць, што прадаць. Ледзь не звар’яцеў. І тут якраз тэлефануюць. Прапаноўваюць выканаць адзін невялікі заказ для прыватнага калекцыянера, які заплаціць у валюце, і вельмі добра. Я расцаніў гэта як добры знак і заглынуў нажыўку разам з кручком. На шыкоўным лецішчы, пасля шампанскага з лёдам, прыветныя дзядзечкі ў гальштуках і белых кашулях паказалі мне абраз. Візантыйскі ўзор, чатырнаццатае стагоддзе. Цуд, а не работа! Пытаюцца: «Можаш копію зрабіць? Адзін дзівак замежнік хоча такі мець, а іх вывозіць нельга. Вось ён шукае, хто б напісаў падобны. Намалюеш — дзве тысячы баксаў твае».
— Божа мой, Віктар, і вы пагадзіліся?
— Не стану сцвярджаць, што быў настолькі наіўны, што не адчуў некаторую… падазронасць справы. Тым больш працаваць мяне папрасілі на тым жа лецішчы, ды яшчэ нікому пра сваю працу не расказваць, — замежнік, маўляў, ганарлівы, не хоча, каб ведалі, што ён копію дамоў вязе. Непрэстыжна гэта яму. Двое сутак не разгінаўся — зрабіў абраз, нахваліцца заказчыкі не маглі. Уручылі мне мае срэбранікі, і я палунаў да сваёй багіні… Было позна, я ўвайшоў ціха, каб не пабудзіць хворанькую маю, а яна па тэлефоне размаўляе… Я паслухаў і… Вядома ж, усё адбылося па сцэнарыі.
— Кантрабандысты?
— Так… І самага высокага палёту. Знайшлі да мяне верны ход. Віта толькі плячыма паціснула: чым, маўляў, кепска, грошы верныя, працы няшмат. Каб меў хоць крыху клёпак у галаве, каб можна было са мною па-дзелавому размаўляць, — не спатрэбілася б спектакль разыгрываць. Так што ўсё для маёй жа карысці. Цяпер увойдзем да дзялкоў у «долю». Я буду толькі маляваць, а ўсе «тэхнічныя падрабязнасці» — апрацоўка пад старажытнасць, кліентура, збыт, бяспека — справа «фірмы». А на мае перасцярогі ды ўшчуванні адно: «дах» гэтай «фірмы» так высока, што ніводзін міліцыянт у іх справы нос не суне. Будзем жыць прыпяваючы катэдж сабе пабудуем, машыну купім і гэтак далей. У маёй кветачніцы, аказваецца, быў распрацаваны падрабязны план на шмат гадоў наперад, калі мы што набудзем, калі народзім дзяцей, куды будзем ездзіць… І першы крок па яго выкананні ўжо зроблены. Я выслухаў і… пайшоў у міліцыю.
Я магла толькі развесці рукамі.
— Ваша мама сапраўды выхоўвала вас ідэалістам. Вас пасадзілі?
— Са мной ветліва пагаварылі, запісалі каардынаты лецішча, на якім я працаваў над абразом, прыкметы асоб, якія мяне наймалі… Вядома, пра ролю жонкі я не сказаў ні слова. Зманіў, што сам шукаў заробку і выпадкова натрапіў на гэтых людзей. Потым я доўга сядзеў у кабінеце следчага. Раптам заходзіць мая жонка з натуральным сумам на твары, за ёй некалькі жлабоў у белых халатах. Багіня са слязьмі ў голасе кажа ім, што я пакутую псіхічнымі адхіленнямі і апошнім часам знаходжуся ў дэпрэсіі. Перапрацаваўся, небарака, перахваляваўся… Мне ўшпільваюць супакойваючы ўкол, і… я апынаюся ў дурдоме. Я мімаволі жахнулася:
— Божа мой, сапраўдны дэтэктыў. Вінцук сумна ўсміхнуўся:
— Толькі без высакароднага сышчыка.
— Ну а потым, пасля лячэбніцы…
Твар майго субяседніка нібыта пацямнеў.
— Вы думаеце, гэтае «потым» настала так хутка? Для мяне гэта была вечнасць. Два гады. Што цікава, менавіта ва ўстанове для ідыётаў я нарэшце пачаў усведамляць, якім быў ідыётам да таго, як туды трапіў. Усведамляў, праўда, урыўкамі, у тыя моманты, калі маім мазгам было дазволена працаваць без транквілізатараў. Дарэчы, жонка некалькі разоў прыходзіла да мяне. Угаворвала далучыцца да «фірмы». Нават плакала. І я не ведаю, ці можна яе асуджаць. Ці можна асуджаць чалавека за тое, што ў яго іншыя погляды, чым у цябе, і ён перакананы ў сваёй праваце?
Жартуе, ці што?
— Ну, Вінцук… Віктар Іванавіч, з такой паблажлівасцю можна зайсці вельмі далёка. Злачынствы нельга апраўдваць тым, што злачынцы былі перакананы, што робяць правільна.
— Але ж Віта сапраўды нічога благога мне не хацела, — сур’ёзна патлумачыў Вінцук. — Яна шчыра верыла, што ўсяму віной — толькі мая упартасць. Думаю, я не быў ёй зусім абыякавы. Варта мне было пагадзіцца, і я выйшаў бы на волю і меў бы такое жыццё, якое Віта натхнёна абяцала мне. Але я сапраўды ўпарты. Ёсць межы, якія я не магу пераступіць проста таму, што перастану паважаць сябе. А з усіх няшчасцяў гэта для мяне — самае страшнае. Можна часам ненавідзець сябе, можна сумнявацца ў сабе… Але страціць унутраную павагу — нельга, гэта смерць, пачатак духоўнай пустэчы.
Апошнія словы прагучалі так, як павінны гучаць словы выпакутаванай веры.
Вінцук памаўчаў, адкінуў з ілба пасмачку валасоў і працягваў спакойным голасам:
— Апошні год Віта не прыходзіла. Са мной пачалі абыходзіцца менш жорстка. Я лічыўся ціхапамешаным, маляваў насценгазеты для ўсяе бальніцы, нават зрабіў роспіс у сталовай. І вось выйшаў я на волю. За той час, што быў фактычна ізаляваны ад свету, памерла маці — інфаркт.
Кубачак у руках Вінцука здрыгануўся, і ён паставіў яго на стол. Прымружыўся, як ад стрыманага болю…
— Сябры расказвалі, што яна прыйшла ў бальніцу адведаць мяне, ну ёй і паказалі сыночка — прывязанага да ложка, з пенай на губах і вачыма, што глядзелі ў розныя бакі. Наўшпільвалі ў мяне, напэўна, багата ўсялякай поскудзі… Я пасля бальніцы тры месяцы не мог чытаць. Проста не ўспрымаў сэнсу літар.
Вінцук зноў замаўчаў і раптам спытаў неяк дзіўна абыякава, гледзячы ўбок:
— Вам не надакучыла выпадкам мая споведзь?
У мяне перахапіла голас ад усведамлення, што ён, магчыма, першы раз камусьці ўсё гэта расказвае. Але я разумела, што гэты чалавек не хоча, каб яго шкадавалі. Таму толькі моўчкі пахітала галавою — маўляў, не надакучыла…
— Ну, што ж… Тады давайце налью вам яшчэ гарбаты… Тым больш дэтэктыўная частка сюжэта тут заканчваецца. Калі ажаніўся, Віту прапісаў да сябе, і аказалася, што цяпер у мяне н яма кватэры. Яе на законных падставах прадала па даверанасці клапатлівая жонка, і жылі там зусім іншыя людзі. Госць з дурдома зрабіў на іх тужлівае ўражанне. Людзі аказаліся някепскія, аддалі тое, што засталося з маіх асабістых рэчаў. Спакаваў я чамаданчык і пайшоў… Куды? Прыйшоў у сваю былую майстэрню. Сярод нашага брата хапае кліентаў псіхбальніцы, адзін Ван Гог чаго варты… Так што адхрышчвацца ад мяне не сталі, так я і пачаў жыць — у кутку. Нехта прыцягнуў старую канапу, нехта падзяліўся зімовым адзеннем… Кожны дзень прыходзіў хто-небудзь міласэрны з бутэлькай суцяшальнага рэчыва і, даведаўшыся, што я не п’ю, шматзначна ківаў галавою: ну так, «зашыўся» у бальніцы…
— А як жа карціны? — спытала я. — Чаму нідзе раней не бачыла вашых твораў? Іх немагчыма не запомніць, на любой выставе я іх вылучыла б…
— Карціны… — задумліва паўтарыў Вінцук. — Вядома, мне хацелася зноў пісаць, як хочацца выпрастаць доўга прывязаную ў сагнутым становішчы руку… Але я згубіў веданне — для чаго павінен гэта рабіць. Мусіць, я проста перарос самога сябе былога, як рак-пустэльнік перарастае сваю ракавіну… Тады ён выпаўзае з яе і, безабаронны, мяккацелы, паўзе і шукае новую, большую. Так зрабіў і я. Тым больш, пакуль я лячыўся ад наіўнасці, маё месца ў майстэрні было паабяцана аднаму графіку. Някепскі графік, дарэчы, толькі зануда. А тут я з’яўляюся… Графік палічыў, што гэта спецыяльна падстроена, каб яго пакрыўдзіць. Пачаў дабівацца справядлівасці. Палецкі, маўляў, хворы чалавек, нічога не піша, творча скончыўся, а яго выкарыстоўваюць, каб не даць развіцца магутнаму таленту графіка. П’янкі ўчыняюць кожны дзень, тлум… Пакрыўджаны нават прывёў цесляроў, каб яму адгарадзілі законную трэць майстэрні. Так што маю канапу не было ўжо дзе ставіць. Пасмяяўся я над гэтым змагаром і пайшоў у рэстаўрацыю.
— А як прозвішча графіка?
— Радаслаў Дудкоўскі.
Мне стала горача. Ну, Радзік, абаронца ісціны… Хаця… Хто абагаўляе мяшчаначку з кветкамі, хто захапляецца грамадзянскай пазіцыяй дробнага эгаіста…
Вінцук працягваў:
— Рэстаўрацыя — добрая школа. Я шмат ездзіў па краіне, па блізкім замежжы, працаваў у закінутых храмах, на вышыні, пад купаламі, калі, здаецца, за табой зблізку назіраюць вочы нябесных сіл. Стаў думаць пра Бога. І неяк па-новаму пераацаніў усё, што са мной адбылося. Я адчуў, што паступова набываю апірышча. Адчуў у сабе сілу пісаць… Але ніякага жадання вяртацца ў багемны асяродак у мяне не было. Знаёмая паэтка неяк казала мне: ёсць тры рэчы, якія нельга набыць стараннем. Мудрасць, мужнасць і пакора. Яны толькі даюцца нам звыш. У спрыяльны перыяд свайго жыцця я нічога з пералічанага не меў. Цяпер у мяне ёсць падставы чакаць, што мне нешта дасца. Прынамсі, пакора як абыякавасць да кар’еры ў любым выглядзе. Падчас працы ў адным з кляштараў Гродзеншчыны да мяне падышоў жвавы дзядзечка ў гадах. Пацікавіўся, ці я — Віктар Палецкі. У іх мястэчку быў княжацкі род з такім прозвішчам, можа, я маю адносіны да тых князёў… Гэта быў Нічыпар Хведаравіч Цудко. Нехта з мастакоў расказаў яму пра мяне, колішняга таленавітага юнака, які «загрымеў» у псіхушку, а цяпер зусім апусціўся. Слова за слова, і я пагадзіўся на месца вартаўніка школы і Наўеўскага краязнаўчага музея з правам мець майстэрню ў тэхнічных памяшканнях будынка. Нічыпар Хведаравіч быў душэўны чалавек, ён паабяцаў не афішыраваць, што я — з тых Палецкіх і што я — мастак, выдаў за сваяка, дапамог пазбегнуць некаторых фармальнасцей. Затое я не хацеў хаваць сваё мінулае. Цудко і сам лічыў мяне псіхам, ад якога няшмат толку. Напачатку я маляваў у сутарэннях. Потым, калі дах зусім абваліўся і школу перавялі ў новы будынак, абсталяваўся бліжэй да неба.
Я моўчкі глядзела на спакойны твар вартаўніка. Мне падалося, што дом Вінцуковых продкаў таксама задумліва маўчыць, нібыта ахоўваючы спакой свайго апошняга ўладара… На жаль, гэта была ненадзейная ахова. І прывідная ўлада.
— Слухайце, калі б вы пачалі прадаваць гэтыя свае карціны, вы б маглі купіць кватэру ў горадзе.
— А навошта?
— Тады дом у вёсцы, — раззлавалася я. Падумаеш, незразуметы Дыяген у бочцы з-пад мазуту.
Вінцук толькі ўздыхнуў:
— Справа ў тым, што мая эпапея яшчэ не скончаная. Але гэта доўгая гісторыя… А вам трэба працаваць. Ды і мне таксама.
Ну вось, зараз зноў замкнецца ў сваіх таямніцах… Я запэўніла вартаўніка, як магла, у сваёй шчырай зацікаўленасці. Або ён усвядоміў, што ад мяне не адмаўчыцца, або сапраўды яму трэба было выказацца, але зноў наліў у кубкі гарбаты і працягваў аповед.
— Цудко быў «завернуты» на адкрыцці мастацкіх шэдэўраў.
— Ведаю, нацярпелася ад яго энтузіязму.
— Ён натрапіў на след сапраўды каштоўнай, унікальнай рэчы. Ён жа збіраў сямейныя архівы, і сярод іх быў архіў павятовай паненкі Анэлі Дубовіч, сардэчнай сяброўкі маёй прабабкі Даратэі Вяржбіцкай.
— Гэта тыя паперы, што вы давалі мне чытаць?
— Так. Нічыпар Хведаравіч вычытаў у іх пра сямейны талісман Вяржбіцкіх — залаты крыж з вялікай чорнай перлінай.
— Пра перліну вы мне нічога не гаварылі, — пакрыўдзілася я.
— Зразумейце, чаму… Крыж падарыла аднаму з маіх продкаў, лоўчаму з-пад Наўя Грыню Вяржбіцкаму, сама каралева Бона. Нібыта за тое, што падчас палявання спыніў ашалелага каня, які ледзь не скінуў каралеву. Але была адна тагачасная плётка… Не ведаю, наколькі праўдзівая… Быццам на самай справе Грынь дагадзіў каралеве інакш. Узяў у яе маленькую бутэлечку з бясколернай вадкасцю і прыхапіў з сабою на баль да пана старосты мсцібогаўскага Рыгора Валовіча, які пра каралеву-італьянку дужа кепскія размовы вёў. Пасля таго балю пан Валовіч «смерцію хуткаю памрэ».
— Цалкам магчымая гісторыя, — пацвердзіла я. — Бона — з роду Сфорцаў, майстраў атручваць. І на нашыя землі прывезла італьянскія звычаі. Паатручвала ворагаў багата!
— Не ведаю, за забойства ці за выратаванне быў падораны крыж, але Грынь Вяржбіцкі загадаў пакласці каралеўскі падарунак сабе ў магілу. А ўдава была практычнай жанчынай… І крыж пачаў пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Вось толькі шчасця не прыносіў. Род заняпаў, і ў дзевятнаццатым стагоддзі сапраўды дайшоў амаль да жабрацкага становішча. Крыж з перлінай быў фактычна адзіным пасагам прабабкі. Калі прадзед прайграўся ў карты дашчэнту, то прымушаў маладую жонку прадаць ейны крыж ці хаця б перліну з яго. Сума была б і на тыя часы досыць вялікая. Прабабка адмовілася. Яна была гордым чалавекам. Падобна на тое, што яна паклала крыж у магілу Грыня Вяржбіцкага, як той і наказаў.
— Вось адкуль ваша непрактычнасць! Успадчыненая ад прабабкі,— пажартавала я.
— Напэўна, — засмяяўся Вінцук. — Але… З мясцовых аповедаў вядома, што пасля ад’езду жонкі прадзед зацята шукаў магілу старога лоўчага.
— І не знайшоў?
— Мяркуючы па ўсім, не.
— Чаму? Хіба не захавалася помніка, архіваў?
— Дзіўна, але, відаць, так. Нібыта нехта паклапаціўся, каб і памяці пра майго продка не засталося. Нічыпар Хведаравіч «дастаў» мяне сваімі роспытамі. Корпаўся ў архівах, звяртаўся па парады да розных знаўцаў. Аднойчы трапіў да вядомага мінскага антыквара. У таго былі спісы каштоўнасцей, месцазнаходжанне якіх сёння невядомае, хаця яны недзе ёсць.
Там значыўся крыж каралевы Боны з чорнай перлінай. Нават вага той перліны значылася.
— Чакайце, гэта ж колькі год таму крыжу? Не менш як чатырыста?
— Выходзіць, так.
— Хіба перліна не папсавалася за такі час? Вінцук паціснуў плячыма.
— Я не спецыяліст па каштоўнасцях… Але гаворка пра асаблівы, дужа рэдкі гатунак перлін. Мусіць, і якасці ў яго асаблівыя. Прынамсі, антыквар дужа зацікавіўся. Цудко «расцвіў» ад таго, што прафесіянал нарэшце жадае паслухаць пра ягоныя вышукі. Расказаў усё, што ведаў. І тое, што ў іх школе працуе вартаўніком нашчадак Палецкіх і Вяржбіцкіх, які такія-сякія звесткі пра радавыя таямніцы можа распавесці… Небарака марыў пра шыльдачку з яго імем у сталічным музеі і артыкулы ў навуковых часопісах. І не падазраваў, што мае справу са звычайным мафіёзі.
— Ну вось, а вы казалі, што дэтэктыўная частка скончылася, — папракнула я Вінцука.
Той паморшчыўся:
— Які там дэтэктыў… Гэта хутчэй «мыльная опера». Антыквар меў неафіцыйную гаспадыню, пастаянную кліентку, якая вельмі цікавілася старажытнымі каштоўнасцямі і заўсёды ведала, чаго хоча. Так у Наўі пачала з’яўляцца прыгажуня Вера Сцяпанаўна, жонка мільянера Бутава. Якая ведала, што хоча займець каралеўскі крыж, і ведала нашчадка Палецкіх… Якога вельмі хацела нарэшце «паставіць на месца»… Каб зразумеў, што ісціна — на баку моцных, тых, хто мае ўладу і грошы. Каб убачыць, як ён локці сабе кусае, што страціў сваю «багіню» з-за ўласнага глупства, што не захацеў паслухацца яе… І каб нарэшце паслухаўся.
— Жонка Бутава — ваша Віта?!
Вінцук не адказаў, падняўся і пачаў прыбіраць кубкі са стала, за якім яго прадзед, магчыма, і прайграў суседнюю вёску.
— Адчуваю сябе Атосам, які распавёў д’Артаньяну страшную таямніцу Мілэдзі…
— Калі ёй патрэбны крыж, чаму яна імкнецца патрапіць у скляпенне?
— Перш за ўсё, каб пераламіць мой супраціў. Шчасце яшчэ, што не ведае пра майстэрню, пра мае карціны. Па-другое, у скляпенні — архівы, фрагменты надмагілляў з касцёла. На месцы старых могілак нічога ж няма, бульдозерам раўнялі. Калі ўскрывалі труны, панаехала «людзей у цывільным». І як было каля касцей нешта каштоўнае — пярсцёнак ці крыжык — складалі ў спецыяльныя пакеты. Але антыквар, з якім гаварыў Цудко, сцвярджае, што калі б рэч такой каштоўнасці знаходзілася ў нечых руках, ён абавязкова ведаў бы.
— Гэта праўда. Мяне самую часам здзіўляе абазнанасць такіх дзялкоў, але магу пацвердзіць: у іх зарэгістраваныя ўсе вартыя ўвагі каштоўнасці і ў прыватных калекцыях, і ў самых патаемных сейфах дзяржавы, і ва ўладанні крымінальнікаў. І ўсе перасоўванні такіх прадметаў адсочваюцца. Так што паспрабуй збыць такому дзялку, скажам, сыгнет караля Жыгімонта Старога… Ён за камп’ютэр — і выдае табе, што такі сыкгнет належаў да сярэдзіны семнаццатага стагоддзя Сангушкам, пасля перайшоў як шлюбны падарунак у род Чартарыйскіх… А з верасня мінулага года належыць уладальніку валютнага стрыпціз-клуба бісексуалаў па мянушцы Рванае Вуха… Так што ў вас, даражэнькі, падробка!
Мы рассмяяліся, а пасля Вінцук неяк сур’ёзна сказаў:
— І самае паганае, што ўсё роўна яны прыйдуць і возьмуць, што хочуць. Але трэба, каб на іх шляху стаялі тыя, каго можна перамагчы, але нельга пераступіць. Цудко якраз такім і быў — з ім яны пралічыліся. Ганьба не ў тым, што ты слабы. Ганьба, калі ты не заступаеш шлях злу.
— Я згодна з вамі…
Мы паглядзелі адно аднаму ў вочы. Гэтыя вернуцца. Але саступаць ім нельга. Яны перамогуць. Але мы не павінны здавацца.
6
На панадворку пачуўся вясёлы голас:
— Кася! Ты дзе там, вандроўніца?
Нюта! Прыехала! Мая сяброўка, аддыхваючыся ўсім сваім пышным целам, увалілася ў княскі дом разам з невычэрпным запасам весялосці.
— О, чарапкі! Ай, які цуд, маёліка! Геральдычная кафля! О!
Я з цяжкасцю адарвала сяброўку ад скарбаў у скрыні, вынесенай са скляпення.
— Ты яшчэ паглядзіш, якая скульптура! А хто з табой прыехаў?
— Ну ты летуценніца. Начальства нашага не ведаеш. Зіма, дзеўкі грыпуюць, хто сюды пацягнецца? Падзякуй, што я прыехала.
Вінцук злавіў мой позірк, я неўпрыкмет кіўнула — маўляў, усё ў парадку, поўная канспірацыя, — і ён выйшаў, шоргаючы галёшамі на вяровачках.
Нюта недаўменна паглядзела яму ўслед:
— Хто гэта? Нейкі… нетутэйшы з выгляду.
— Вартаўнік мясцовы. Будзе нам дапамагаць.
Я ўгаварыла Нюту пачаць не з чарапкоў, а са скульптур. Каб справа ішла хутчэй, паклікала зноў насцярожанага Вінцука — н яма чаго выстаўляць сябе бажаволкам. Няхай дапамагае. Нічога з таго, што было ў скляпенні, Цудко ў рэестры не занёс. А трэба было занатаваць усе гэтыя багацці на паперы. Вінцук моўчкі цягаў фігуры, дапамагаў Нюце з абмерамі, я запісвала і рабіла прамалёўкі. Мы вырашылі, што забяром алтарную разьбу, некалькі драўляных скульптур, мармуровага анёла і тое-сёе з керамікі і шкла. Астатняе — варта перадаць у раённы музей.
Мы агледзелі надмагіллі. Пад адным з іх, чорным, з выявай перакуленай паходні, некалі спачывалі Ганна Даратэя Палецкая з роду Кішак і Антоній Валенты Палецкі, яе муж. Абое жылі ў васемнаццатым стагоддзі. Яшчэ адна пліта, з прыгожага шэрага, з ружовымі жылкамі мармуру была з магілы іх дачкі, Агнесы Палецкай, памерлай у шаснаццацігадовым узросце. Пліта была трэснутая напалам, відаць, таму яе і не забралі сучасныя марадзёры. У цёмным куце ляжала яшчэ адно надмагілле, на якім некалі, па старым звычаі, быў высечаны барэльеф у выглядзе статуі нябожчыка. Каму перашкаджала выява памерлага — невядома, але ад статуі добра захаваліся толькі ступакі ног, па якіх было зразумела, што тут ляжаў рыцар у поўным узбраенні. Відовішча жудаснае, нібыта сапраўдны зганьбаваны труп.
— Ну, дасць Бог, сёння збольшага ўсё агледзім, — прагаварыла Нюта, падвязваючы шчыльней вакол галавы стракатую хустку ў кветкі.— Заўтра і дахаты. Табе добра, ты вольны птах, а ў мяне дома кіндэры. Пакінь іх надоўга — невядома, што вытвараць. І бацька не ўпільнуе.
Вінцук павесялеў — цудкоўская калекцыя набывала афіцыйны статус. Заставалася агледзець анёла. Ён быў вялікі, у рост чалавека. Здавалася, яго немагчыма скрануць з месца — анёл схіліў калені ў самым куце, упёршыся крыламі ў сцены, там, дзе пачыналіся стэлажы. Вінцук памармытаў у бараду, прынёс тоўстую вяроўку і абкруціў анёла, які ў жаху пазіраў на свайго катавальніка белымі вачыма.
— Ён што, адзін збіраецца яго зрушыць? — прашаптала мне Нюта.
Та-ак, відаць, з мазгамі ў майго Монтэ-Крыста сапраўды не таго… Між тым Вінцук нацягнуў вяроўку, напружыўся… і анёл скрануўся з месца. Нюта таксама ўхапілася за вяроўку, учапілася і я. Анёл пасоўваўся наперад рыўкамі, нібыта грэшнік поўз на каленях да месца пакарання. Нарэшце ён спыніўся, якраз пад лямпачкай пасярэдзіне скляпення. Нюта па-сяброўску пхнула Вінцука ў плячо:
— Ну ты, Геркулес, спецыяльна трэніраваўся, ці што?
— А гэта я, каб пацвердзіць прымаўку — сіла ёсць, розуму не трэба, — прабурчэў задыханы Вінцук.
— Як, ты яшчэ і гаварыць умееш? — не прапусціла «ўшчыкнуць» наўеўскага мізантропа мая сяброўка.
Вінцук зачырванеўся, закашляўся…
І мы ўтраіх пачалі абмяркоўваць скульптуру. Відаць па ўсім, шаснаццатае стагоддзе. Вінцук заўважыў, што хаця майстар і мясцовы, і адчуваецца адсутнасць школы, аднак за ўзор узятая італьянская скульптура. У Гародні ў касцёле ёсць анёл дакладна ў такой самай позе.
— На жаль, — замагільным голасам абвесціў Вінцук, — мы, беларусы, вельмі любім наследаваць чужым узорам, замест таго каб працаваць, як Бог паклаў на нашу, беларускую, душу. Таму й атрымліваецца ў нас усё наперакасяк.
— Глядзіце, тут нешта напісана! — падала голас Нюта.
Сапраўды, злева, там, дзе засталіся рэшткі ад п’едэстала, на якім некалі стаяў анёл, віднеліся літары… Верхняя частка надпісу. Мы пачалі разбіраць яго, і ў нас атрымалася нешта накшталт «Segitur Nemupodus ultor atergo deus». На жаль, знаўцаў латыні сярод нас не было, і мы пачалі гадаць.
— «Deus» — гэта зразумела, Бог, «ultop», здаецца, ці то «гнеў», ці «помста»…
Вінцук уздыхнуў і наважыўся прызнацца пры Нюце:
— У мяне тут лацінскі слоўнік ёсць… Праўда, маленькі…
Па Вінцуковым слоўніку мы вызначылі, што «ultор» сапраўды значыць «помста», «seqatur» — «пераследуе». Слова «tergo» мы вызначылі як форму ад «tergum» — «спіна». У спалучэнні з прыназоўнікам «а» гэта мусіла значыць прыблізна «за спінай». Значыць, гнеў Божы пераследуе нейкага «немвподуса». Нічога падобнага на таямнічага «немвподуса» ў слоўніку не было.
— Або гэта значыць «грэшнік» ці «злачынца», або гэта нейкае асабістае імя або мянушка… — стомлена сказала Нюта.
— Можа… — пагадзілася я. — Немвподус… А можа, мы нешта не так прачыталі?
Вінцук зноў нахіліўся з ліхтаром да анёла, пашкроб літары пазногцем.
— Па-мойму, тут не «p», тут «r». Цяжка прачытаць, кавалак адбіты.
— Значыць, «немвродус»…
— Ну і што нам гэта дае? — скептычна зазначыла Нюта.
— Немвродус… Немврод… — мяне асяніла. — Радуйцеся, што я такая інтэлектуальная! Так называлі Ісава, брата Іакава, з біблейскай прыпавесці. Таго самага, які прадаў брату права першародства за талерку супу! Нават цытату памятаю: «Немврод — моцны паляўнічы перад Госпадам Богам!» Паляўнічы! Паляўнічы… Лоўчы! І помста Божая за неадплачанае злачынства!
Я пераможна зірнула на Вінцука. Анёл некалі вартаваў магілу лоўчага Грыня Вяржбіцкага!
— Ну вось і сапраўды знайшлі ключ ад таямніцы. Цяпер пастараемся высветліць, дзе раней гэты анёл быў. Андрэевіч, на кватэры якога я жыву, кажа, што памятае, як яго трактарам сюды валаклі.
— Які ключ? Што ты зноў за таямніцы развяла? — накінулася на мяне Нюта. Але я моўчкі складала паперы.
Андрэевіч, якога я нахабна выцягнула з утульнага кабінета новай школы, доўга вадзіў нас па заснежанай пустцы між прадуктовай крамай і нарыхтоўчым пунктам, дзе некалі знаходзіўся касцёл. Правільней, вадзіў адну мяне — Вінцук, які змяніў галёшы-пантофлі на валёнкі, моўчкі цёгся за намі, нібыта ў якасці носьбіта майго мальберта, а здарожаная Нюта пажадала мне хутчэй угаманіцца і пайшла адпачываць.
Мы знайшлі месца, дзе некалі знаходзіўся анёл, — не ў самім касцёле, а звонку, у нішы. Там захаваліся рэшткі сцяны. Што ж, месца вядомае. I што цяпер рабіць? Раскопваць гурбы?
7
У дырэктаравым доме Нюта пасябравала з гаспадыняй і дапамагала ёй чысціць бульбу. У такія моманты я заўсёды востра адчуваю сваю недасканаласць. Ну чаму я не здольная вось так нязмушана сыходзіцца з людзьмі, гэтак спрытна ўпраўляцца са спрадвечнымі жаночымі справамі… Ды яшчэ не ўмею схаваць, што ад гэтых спрадвечных… мяне нудзіць. На кухні накрылі стол. Нюта спявала народныя песні, на што яна вялікая майстрыха. Андрэевіч з жонкай на ўвесь голас падцягвалі. Дзеці смяяліся. Паласатая котка вуркатала і церлася аб ногі. Весела было… Як на хрэсьбінах у багатага суседа. Я ледзь выпрасілася да ложка, атрымаўшы ад Нюты абвінавачванне ў адарванасці ад народу.
Я стаяла ў цёмным пакоі і глядзела на будынак панскага дома. Снег блішчэў у блакітным святле месяца, як атлас. Я ўспомніла карціну Вінцука, і падалося, што над вёскай сапраўды ляціць прывідная кавалькада… Сэрца сціснула туга. Я ўявіла, як мой новы знаёмец сядзіць цяпер адзін у пустым доме сваіх продкаў, куды штохвілю могуць завітаць нягоднікі… Але, хутчэй за ўсё, ён — у сваёй майстэрні і працуе, адасоблены ад свету, недасяжны для зямнога і жорсткага. Я машынальна круціла ў руках ліхтарык. Націснула кнопку… Уявіла, як прамень ляціць, паступова рассейваючыся ў цёмным паветры, бяссілы асвятліць тое, што аддзелена ноччу… Раптам у далёкім акне былой школы таксама загарэўся і згас агеньчык ліхтара. Як быццам стукнуўся ў маё сэрца… Значыць, мы цяпер глядзім адно на аднаго, самотныя ў гэтай начы, у гэтым холадзе, у гэтым свеце…
Знізу даносілася песня пра Касю, якая пайшла воду браці. Я раптам адчула такую тугу, такую адвержанасць ад гэтага месца — са мной бывае, — што апранула футра і кінулася ўніз. Нюта, занятая размовай з Андрэевічам, няўважна зірнула на мяне праз прыадчыненыя дзверы кухні.
На ўсялякі выпадак я прагаварыла:
— Я хутка…
Няхай думаюць, што пайшла ў прыбіральню. Услед даносілася:
— Конь ваду п’е, п’е,
Ножкаю б’е, б’е.
Уцякай, Касенька,
Ён цябе заб’е.
Хай забівае,
Хай забівае.
Я нікуды не пайду,
Бо цябе кахаю.
Ціха… Толькі снег парыпвае пад нагамі, злятае срэбнымі мятлушкамі з чорнага неба. Зоры, знізаныя ў каралі сузор’яў, ажно сляпілі вока. Адчуванне дзіўнай волі пад гэтым цёмным небам, пад гэтымі вострымі зорамі, пах дыму, брэх сабак, светлыя адбіткі на снезе ад вокнаў зліваліся ў адну неверагодна жывую карціну, якую б я хацела — але ніколі не здолею напісаць.
За маімі плячыма не было магутнага дырэктара, таму я думала толькі асцярожна падысці да музея і паглядзець, ці няма слядоў новага нападу. Наблізілася да варотцаў і ціха стаяла, углядаючыся ў цёмныя вокны. Здаецца, усё нармальна. Снег замятаў ледзь бачную сцяжынку да дзвярэй. Раптам яны расчыніліся. На парозе стаяў Вінцук і моўчкі глядзеў на мяне. Я адчула сябе няёмка. Падумаеш, князь…
Пракрычала ад варотцаў:
— У вас усё ў парадку?
Ён падбег да мяне, заграбаючы снег галёшамі. Чамусьці выглядаў усхваляваным, нават голас дрыжэў.
— Я так часта доўгімі начамі стаяў перад акном, углядаўся ў цемру… Марыў, што да мяне вось-вось нехта прыйдзе. Нечая постаць выплыве з вераснёвага дажджу ці студзеньскай завірухі… І ведаў, што гэта толькі мары. І вось — вы…
Я не была падрыхтаваная да такіх рамантычных слоў і зусім разгубілася.
Вінцук, відаць, зразумеў, уздыхнуў і зноў загаварыў звыкла спакойна і крыху іранічна:
— Ведаеце, Кацярына Аляксееўна, я ціхі не толькі ўзімку. Абяцаю схаваць рамантычныя настроі ў кішэню ватоўкі. Князь Палецкі запрашае вас у свой палац, і можаце быць спакойныя за сваю рэпутацыю.
І раптам неяк па-дзіцячы пакрыўджана:
— Слухайце, я зараз змерзну.
Мы зноў сядзелі сярод карцін і старой мэблі. І… сварыліся. Я сцвярджала, што трэба найхутчэй абнародаваць інтрыгу з каралеўскім крыжам, магчыма, праз публікацыю ў прэсе. Арганізаваць раскопкі на месцы гіпатэтычнай магілы Грыня Вяржбіцкага. Карацей, зрабіць усё магчымае, каб каштоўнасць не трапіла ў мафіёзныя рукі. Вінцук, наадварот, прапаноўваў захаваць у таямніцы ўсё, пра што мы даведаліся, і пакінуць памерлым іх маёмасць разам з праклёнам.
— Грэх выцягваць з магілы на Божы свет тое, што вечна будзе несці з сабой спакусу сквапнасці і зайздрасці! Вы ўявіць сабе не можаце, які ланцуг злачынстваў можа за ім пацягнуцца! Нават калі, у лепшым выпадку, вы паспееце выкапаць крыж першай, наўрад ці вам удасца перадаць яго ў музей. У вас ёсць гарантыя, што не знойдзецца майстар, які заменіць яго падробкай? Вы ўпэўненыя, што нашы «органы аховы правапарадку» застрахаваныя ад элементарнай карупцыі ці шантажу, што вас жа не арыштуюць за зніклую таямнічым чынам каштоўнасць? У Льва Талстога ёсць прыпавесць пра двух святых манахаў, перад якімі зваліўся проста з неба мех з грашыма. Адзін манах кінуўся бегчы прэч. Другі падумаў, што хоць грошы і ад злой сілы, але могуць паслужыць дабру, і ўзяў іх. Пачаў будаваць лячэбніцы, раздаваць жабракам міласціну. Калі манахі сустрэліся зноў, выявілася, што той, што збег ад спакусы, захаваў сваю святасць, а другі, які ўзяў грошы, страціў яе!
— Вы проста іпахондрык! — крычала я. — Вы і з карцінамі сваімі так — нібыта талент дадзены вам для ўласнае ўцехі. Не вамі дадзена — не вам яго і хаваць ад людзей! І пра скульптуру — вы ж ведалі яе сапраўдную каштоўнасць, а дзеду не сказалі. Няхай бы стары пры жыцці парадаваўся.
— Чаму вы думаеце, што я не гаварыў? Ды хто ж вар’ята слухае. А карціны… Вы б хацелі, каб я зладзіў выставу, учыніў перформанс, уразіў артыстычны свет сваёй ватоўкай і галёшамі ў спалучэнні з вытанчанай каларыстыкай? Навошта? Для мяне нічога няма важней за ўнутраную волю. А сувязь з матэрыяльнымі рэчамі, прывязанасць да каштоўнасцей свету гэтую волю парушаюць. Як толькі чалавек перастае быць гатовым без жалю пакінуць усё, што мае, ён робіцца рабом гэтага!
— А хто вам даў права лічыць сябе вольным ад свету? — абуралася я. — Вы не змаглі стацца пустэльнікам, не падманвайцеся. Вас моцна трымаюць зямныя жарсці. А вы не думалі, што Гасподзь абраў вас сваім інструментам, каб праз вашы творы нешта дадалося да агульнай духоўнасці? Хіба можна адпрэчыць галоўны сэнс мастацтва — служыць камертонам прыгажосці, які настройвае душы на ўспрыняцце ісціны?!
Пан Палецкі толькі іранічна бліснуў вачыма.
— Сучаснае мастацтва ідзе хутчэй па шляху дэструкцыі, разбурэння прыгажосці, вам хіба не ведаць. І не трэба навязваць мне месіянства — цяпер гэта модна, але прэтэндаваць на званне «божага інструмента» — і грэх, і наіўнасць. Так што раю і вам адмовіцца ад гэтай ролі — бязгрэшнай статс-дамы, апякункі дабрадзейнасці пры каралеўскім двары. Вы праносіце сябе па жыцці, як чашу Грааль, вынайшлі для сябе высокі востраў. Быў у мяне сусед па псіхушцы, якому здавалася, што ўсё навокал бруднае, а ён адзін чысты. Так што небараку даводзілася сілком карміць і ўкладваць на ложак, бо ён баяўся запэцкацца. Як вы. Пакуль недасканалыя людзі, якія не могуць адрозніць Канта ад Конта, цягнуць на сабе жыццёвыя крыжы, кожны як можа, і ствараюць тое жыццё, без якога вы — проста мармуровы анёл без сэрца.
— Што?! Гэта я — без сэрца?
Мы злосна глядзелі адно на аднаго. Вось вам рамантычнае спатканне.
Мяне разабраў смех. Вінцук няёмка кашлянуў… і таксама рассмяяўся. Злосць знікла бясследна. Сапраўды, што нам дзяліць у гэтым свеце? У словах кожнага была горкая ісціна. Але крытэрыі, па якіх мы спрабавалі намацаць шлях да адзінай Ісціны, былі ў нас адны. Ёсць крыж, няма, ці нам кідацца ў залатую ліхаманку?
Княскі нашчадак раптам спытаў таямнічым шэптам:
— Падарожжы ў часе любіце?
Я няпэўна паціснула плячыма… Што ён прыдумаў? Вінцук падышоў да бронзавага падсвечніка, які стаяў на камодзе, і запаліў свечкі. А тады выключыў лямпачку. Па пакоі шаргатнуліся цені. Столь згубілася недзе ў вышыні. Цьмяна засвяціліся металічныя аздобы мэблі і рамкі карцін. А вочы на партрэтах зрабіліся бяздоннымі і жывымі. Так, жывымі. Я забылася, што яшчэ нядаўна паблажліва называла гэтыя карціны дылетанцкімі. Мне нібыта адкрылася іншае, сапраўднае, аблічча гэтага дома. Вінцук паднёс падсвечнік да аднаго з партрэтаў. На мяне сярдзіта зірнуў самавіты вусач, лысы, як медаль.
— Дазвольце прадставіць вам пана Кабылянскага, палкоўніка ў адстаўцы, уладальніка суседняй вёскі і заўсёднага партнёра майго прадзеда па картах…
Вінцук цырымонна пакланіўся. А я што, горш за Папялушку? І прысела ў рэверансе.
Ніколі не забуду той вечар. Мы, як дзеці, размаўлялі з партрэтамі, з вазамі, з мэбляй, смяяліся, прыдумлялі страшныя «гатычныя» гісторыі… Баль ценяў… Якія ніколі не пакідалі гэты дом, проста хаваліся па кутах. І гэта можа быць знішчана! Я пачала марыць, каб узамен за знойдзены крыж дзяржава выдзеліла грошы на аднаўленне дома і ўтварэнне ў ім вялікага музея.
— А галоўным экспанатам будзе прамы княскі нашчадак! Вінцук скептычна пахітаў галавой:
— Два гады таму ў суседнім мястэчку экскаватаршчыкі выкапалі скарб — спрэс золата, срэбра ды каштоўныя камяні. На некалькі сотняў тысяч долараў. Улады «пранюхалі», змусілі рабацяг здаць скарб і выплацілі на ўсіх… дзвесце долараў. На падставе афіцыйных актаў аўтарытэтнай эспертызы. І ў самых лепшых абставінах прабабчын крыж нават у музей не змесцяць — ён жа з-за каштоўнасці перліны трапіць ў дзяржаўны валютны фонд.
Мы ўселіся ў крэслы і чамусьці пачалі ўспамінаць свае жыцці. Я не заўважыла, як расказала Вінцуку пра Альберта, пра Радзіка… Пра свой няўдалы шлях у мастацтва… Чамусьці мне было лёгка расказваць яму ўсё.
Як ціха… Утульна… Толькі каміна ўсё-ткі не хапае. Пачуўшы пра маю настальгію па камінах, Вінцук адчыніў дзверцы грубкі, і агонь пачаў выконваць мне свой складаны рытуальны танец. Не хочацца зноў ісці на холад, але Нюта, напэўна, хутка заўважыць маю адсутнасць. Я прыўзнялася.
— Ну, мяне чакаюць…
Вінцук неяк дзіўна глядзеў на мяне. Як на кітайскую вазу. Раптам устаў, узяў са стала ліхтар.
— Пойдзем! Апранайцеся, там холадна… Гэта яшчэ што за фокусы?
— Паўгадзіны вы можаце ахвяраваць… Я толькі накідаю эскіз.
О, Госпадзе, чаму Ты спасылаеш мне адных апантаных мастакоў?
Я пазіравала для карцін самых розных. Але мастака, які б працаваў так, як Вінцук, я не бачыла. Здавалася, над ягонай калматай галавою распаўсюджваецца нейкае ззянне, як ад свечкі. Праз хвілін дваццаць я не вытрымала, каб не зірнуць на палатно… Мяне ўразіла, колькі ён паспеў за гэты час зрабіць — ужо вымалёўвалася будучая карціна… І мне захацелася, каб яна была скончаная. Я ціхенька вярнулася на крэсла.
Вінцук пісаў, нібыта ў апошні раз, і мармытаў сабе ў бараду:
— Дзёрзкасць… І безабароннасць… Так і належыць… Так і добра… Чысціня і наіўнасць… Але з горыччу, з горкім адценнем. Лазурак і залацістыя адценні… Толькі прасветы. Боязь жыцця — адкрытасць насустрач — і боязь… Канфлікт кармінавага і смарагдавага… Вар’яцкае спалучэнне…
— Слухайце, не магу ўсвядоміць, ці вы вар’ят, ці псіхатэрапеўт, — не вытрымала я.
Мастак ніяк не адрэагаваў на мае словы, час ад часу працінаючы мяне з-за мальберта позіркам.
Раптам унізе, на першым паверсе, нешта загрукала.
— Вінцук, чуеце?!
Не чуе. Я падбегла і патрэсла яго за рукаў.
— У доме нехта ёсць!
Вінцук апусціў пэндзаль і недаўменна паглядзеў на мяне. Дзесьці ўпала нешта металёвае. Вартаўнік кінуўся да выключальніка, патушыў святло і схапіў мяне за руку.
— Хадзем, толькі ціха!
— Можа, гэта Нюта мяне шукае? — няўпэўнена шапнула я, але зараз жа ўнізе пачуўся такі грукат, які неўзнарок нават Нюта не магла б утварыць. Мне зрабілася страшна.
Вінцук пацягнуў мяне за руку па цёмным калідоры, пасля па вузкай вінтавой лесвіцы… А ў доме чуўся пранізлівы жаночы голас:
— Я ведаю, што ты тут! Выходзь, пагаворым! Ты стаў баяцца мяне, Віктар? Не бойся. Мне ўсяго толькі трэба з табой пагаварыць! Я так больш не магу. Будзь разумны…
У канцы лесвіцы знаходзілася нізкае акно, забітае дошкамі. Вінцук адным рухам выламаў іх.
— Ну, усё, ідзіце… Тут невысока.
— А вы?
— Я вартаўнік. Як жа мне пакінуць давераны аб’ект? Не хвалюйцеся, нічога яны мне не зробяць, а ад свайго лёсу не ўцячэш. Давайце падсаджу… Ну…
Але не паспела я ўскараскацца на падаконнік, як перада мной узнікла страшная чырвоная фізіяномія з аптымістычнай усмешкай.
— Банжур, мадам. Куды спяшаецеся? І па сотавым тэлефоне:
— Гаспадыня, яны тут! Барадаты з нейкай бабай! Адкуль я ведаю, што за баба? Рудая, сімпотная. Добра, трымаю.
8
Шэравокая «прынцэса» глядзела на мяне з нянавісцю.
— Ты, даражэнькая, проста як прывід: калі ні з’явішся, тут як тут. Спадабалася, напэўна…
І прыгажуня некалькімі квяцістымі фразамі распісала, што канкрэтна мне спадабалася ў вартаўніку, а яму ўва мне, і хто я такая ёсць. Ад бруднай лаянкі я звычайна губляюся і адчуваю тужлівае неразуменне. Але тут мяне настолькі ўразіў кантраст між вытанчаным абліччам дамы і брудам, які ліўся з яе дасканалых вуснаў, што я проста з цікаўнасцю глядзела на яе, як на рэдкую жывёлу.
— Замаўчы, — жорстка сказаў Вінцук. — Не варта мераць іншых па сабе. Кацярына Аляксееўна займаецца тут сваёй навуковай працай. Ёй, дарэчы, час ісці. Яе чакаюць супрацоўнікі. Так што не рабі глупствы, няхай Кацярына Аляксееўна пойдзе, і абяцаю, што я пагавару з табой.
«Прынцэса» штучна засмяялася:
— Ну, па-першае, калі ўжо ты ўпершыню за два гады зрабіў мне такую ласку, што загаварыў са мною, то я падазраю, гэта не без уплыву тваёй навукоўкі. Па-другое, яна зараз пойдзе і падыме шухер, прывалачэ якога-небудзь ідыёта. І па-трэцяе, ёсць у нас меркаванне, што твая дамачка можа дапамагчы нам па адным цікавым пытанні. Так што няхай яна тут, у цёплым месцы, пасядзіць, пакуль мы паразмаўляем. І сядзіць ціхенька, а то мае хлопчыкі вельмі нервовыя…
На гэты раз з «прынцэсай» было трое «хлопчыкаў»-бамбізаў, не лічачы антыквара. Мяне ветліва правялі ў першую залу музея і пасадзілі на крэсла перад калыскай, так што я адчула сябе часткай экспазіцыі. На другім канцы залы антыквар, які час ад часу кідаў на мяне злыя позіркі, курыў і ціха перагаворваўся з чарнявым тыпам з баксёрскім прыплюснутым н осам. Яшчэ адзін «хлопчык», прыгажунчык з каротка стрыжанымі светлымі валасамі, забаўляўся тым, што круціў у руках ножык-«матылёк». Ну а той чырванаморды, што злавіў нас ля акна, відаць, па-ранейшаму ахоўваў дом ад непажаданых сведак. З другой залы пачуўся голас «прынцэсы». Мусіць, дзверы няшчыльна зачыненыя. Я схавала твар у каўнер футра, каб не выдаць сябе эмоцыямі, і прыслухалася. «Прынцэса», мяркуючы па інтанацыі, хвалявалася — ніколі б не падумала, што такая лялька можа хвалявацца.
— Ты нават не спрабаваў мяне зразумець. Як быў казлом, так і застаўся… (Умеюць жа некаторыя гаварыць квяціста!) Пажыў бы, як я, з бацькамі-алкашамі, у кватэры, дзе нават коўдры прапілі… Я табе сказала, што я з дзетдома, жыву на кватэры… Баялася, што ты пабачыш той бруд, у якім я жыву. Я нават зрабіла ўсё, каб маці і бацька не даведаліся, што я выходжу замуж, каб не дай Бог не з’явіліся на вяселле. Каб твая мамачка ў капялюшыку не пабачыла маёй маці ў паркалёвай хустцы. Ты ж быў прынц, паніч, узвышаная натура. Для ўсіх я была — Верка, для цябе назвалася Вітай. Дзе табе здагадацца, што я сукенку ў сяброўкі пазычыла, што, каб купіць сабе французскія духі — табе ж спадабаўся іх пах! — цэлы месяц аблічвала пакупнікоў, ружы другога гатунку падстаўляла да першага гатунку. Што дырэктар крамы аднойчы гэта заўважыў, і, каб замяць справу, мне давялося аддацца яму проста ў кутку крамы, пасля працы… А ты чакаў мяне на вуліцы, каб павесці да чарговых геніяльных знаёмых. А ты ведаеш, чаго мне каштавалі тыя візіты да геніяльных знаёмых? «Ах, Кандзінскі! Ах, Драздовіч! А вы чыталі апошнія вершы Разанава?«Яны думалі, я сціплая і маўклівая… А я слова баялася вымавіць… І ты яшчэ вучыў мяне размаўляць на гэтай калхознай мове. Ды яна мне дома абрыдла, мацюкамі перасыпаная! Ты ж не прыняў бы мяне такой, якая я была, ці не так?
— Табе вельмі хочацца, каб я быў вінаваты? Што ж, прызнаю сваю віну. Сапраўды, глядзеў на свет праз ружовыя акуляры. Але ты дарэмна баялася — я вельмі цябе кахаў. Ты магла разлічваць на мяне.
— Казёл! — злосна выгукнула Вера. — Ты хацеў бачыць багіню. Але якая б мыла табе шкарпэткі. Ну, што ж, я мыла твае шкарпэткі… І, ведаеш, нават шчаслівая пры гэтым была.
— Дык чаму ж не хапіла табе гэтага шчасця? Не толькі ж мыццё бруднай бялізны ў цябе было… Нашто спатрэбілася прадаваць мяне крымінальнікам?
— Дурань! Гэта самы звычайны бізнес. Ды я табе колькі пра гэта ўжо… А ты, калі ў мянтоўку пайшоў, думаў, што са мной зробяць?
— Я нічога пра цябе не расказваў.
— Я не пра міліцыянтаў,— што яны могуць, а пра тых… крымінальнікаў. Маё шчасце, што Бог даў мне прывабны тварык. Выкруцілася. Нават, як бачыш, угару пайшла.
— Віншую.
— І не трэба намякаць, што я — сцерва, а ты — святы. Колькі разоў я да цябе ў бальніцу прыходзіла, колькі цябе прасіла? Ты ж як слуп на сваім стаяў… Нават не размаўляў са мною. І вось, бачыш, чаго дабіўся — сядзіш тут, як воўк, ні працы, ні хаты. Якая шалава на ноч прыбяжыць — дык і рады. Але цяпер хоць паслухай… Таму што я больш прапаноўваць не буду.
Вера загаварыла ціха і горача:
— У цябе зараз ёсць шанец. Я ведаю, вы знайшлі месца, дзе тая залатая штуковіна. А можа, і сама яна ў вас? Антыквар кажа, яна тысяч на трыста баксаў пацягне. Мы яе прададзім і з’едзем разам за мяжу. Я — не дурная, даўно валодаю паловай акцый свайго благавернага. Калі хочаш ведаць, у нашым свеце я маю больш уплыву, чым ён. У мяне зараз у адным банку два мільёны баксаў. Ну а крыж — будзе твой пасаг. Я ведаю, ты не мог на мяне забыцца. Няма такога мужыка ў свеце, які б мог на мяне забыцца. Ты скажы толькі месца, дзе, на тваю думку, закапана тая халера. І хай яны капаюць. Папраўдзе, крыж для мяне — толькі падстава. Я нават не надта веру, што ён існуе. Ты толькі згадзіся… І мы з табой з’едзем. Куплю табе майстэрню, дзе захочаш, — у Парыжы, у Венецыі, у Швейцарыі… Зноў будзеш маляваць, твае карціны трапяць у лепшыя галерэі свету. Усё табе дам, што пажадаеш. Дурненькі мой…
Голас «прынцэсы» загучаў упэўнена-ласкава… Але адразу ж змяніўся. Відаць, Вінцук не адрэагаваў на яе ласку.
— Грэбуеш? Ды хто ты такі? Ты хоць разумееш, што варта мне пальцам кіўнуць і цябе зараз на кавалачкі настругаюць. І цябе, і тваю… А я — з усёй душой…
— Бедная, бедная Віта, — Вінцук гаварыў спакойна-спачувальна. — Ты так і не зразумела, што не ўсё ў жыцці можна купіць.
— Усё! І цябе куплю з вантробамі, і гэта куплю, і гэта… — пачуўся гук разбітага посуду. «Прынцэса» відавочна вырашыла спагнаць раздражненне на цудкоўскай калекцыі.
— Асцярожней, Вера Сцяпанаўна, гэта ўсё музейныя экспанаты, за захаванасць якіх я адказваю.
Відаць, Вінцук затрымаў яе руку, таму што «прынцэса» зашыпела ад злосці:
— Чапаць мяне!.. Паскуда! Хопіць здзекавацца, душу маю даставаць. Зверху ўніз паглядае, прынц! Ну, я цябе ўтаймую, як некалі сваю любімую аўчарку Бэтсі… Яна таксама некалі на мяне гыркала, а цяпер ногі мне ліжа. Дзімыч! Паша!
Целаахоўнікі кінуліся на вокліч гаспадыні. Пачуўся страшэнны грукат, і адзін з іх чамусьці адразу вылецеў праз дзверы назад, ударыўся аб старажытную ступу і з лаянкай зноў рынуўся ў бойку.
«Прынцэса» верашчала:
— За што я вам грошы плачу! Слабакі!
Антыквар непадалёку ад мяне спалохана прыціснуўся да сцяны. У залу прабег трэці «хлопчык», той, чырванаморды, відаць, выкліканы з вуліцы. Ну чаму гэты княскі дом стаіць наводшыбе! Каб хоць трохі бліжэй да жытла — такі вэрхал абавязкова б нехта пачуў… Зноў грукат, глухія ўдары, лаянка, вось быццам бы нехта ўпаў. Раптам пачуўся страшны хрыплы крык-стогн… Вінцук! Я ўскочыла — антыквар кінуўся да мяне з воклічам: «Сядзець!», але не паспеў: я ўварвалася ў залу… Вінцук ніцма ляжаў на падлозе. Чырванаморды ўпіраўся каленам у ягоную спіну і за валасы прыпадымаў яго твар ад падлогі, двое другіх выкручвалі вартаўніку рукі… А «прынцэса» стаяла перад ім і тыцкала ў твар вострым носам серабрыстага боціка:
— На мяне глядзі! На мяне! Яшчэ раз шокерам яго!
— Мадам захапляецца садамазахізмам? — я проста кіпела. — Магу падказаць адрасок аднаго мінскага клуба, дзе хапае вычварэнцаў, якія будуць лізаць вам боты. Яшчэ і грошыкі заробіце на калготы ў сетачку. А тут неяк непрыгожа выглядае…
Думаю, яна зрэагавала не столькі на сэнс маіх слоў, колькі на з’едлівы тон.
— Яшчэ адна «вумная»… Прыгод шукае на сваю… (тут была выдадзена чарговая порцыя лаянкі, якую не хочацца цытаваць). Зараз скажу Дзімычу, каб ён цябе задаволіў. Проста тут.
Прыгажунчык Дзімыч паглядзеў на мяне і расплыўся ва ўсмешцы:
— Як загадаеце, Вера Сцяпанаўна. Я гатовы.
Я зразумела, што гэта не жарты. Спадзяюся, мой твар захаваў выраз спакойнай грэблівасці.
— Крыж сапраўды існуе, — цвёрда сказаў Вінцук. — Ён у магіле Грыня Вяржбіцкага. Пад тым месцам, дзе стаяў мармуровы анёл. На плошчы, дзе рэшткі фундамента касцёла, прыблізна метр ад металічнага слупа…
— Той анёл, што ў скляпенні? — удакладніў антыквар. — Я так і думаў, што неабходна яго агледзець. На ім ці надпісы нейкія засталіся, ці таемныя сховішчы… А то важдаліся, далікатнічалі… — апошнія словы гучалі мяккім дакорам на адрас гаспадыні.
— Вера Сцяпанаўна, я ведаю! Яны там сёння паўгадзіны тырчэлі, пальцам у тое месца тыцкалі. Я добра запомніў, — радасна азваўся чырванаморды.
— Адпусціце яго, — загадала «прынцэса».
Вінцук, хістаючыся, падняўся. Відаць, Вера Сцяпанаўна спадзявалася, што яго словы — першы крок да згоды… З якімі ж нікчэмнасцямі яна мела справу, калі верыла, што прыніжэнне спараджае сімпатыю да больш моцнага! Вінцук зноў з каменным тварам утаропіўся ўдалеч. Гэты выраз, які сапраўды мог давесці да шаленства, відаць, быў добра знаёмы «прынцэсе» — яна зласліва прыкусіла губу і адвярнулася.
— Гаспадыня, выкапваць трэба, — азваўся адзін з наёмнікаў. Яго падтрымаў антыквар:
— У мяне ёсць план касцёла, дзе пазначаны надмагільны помнік у выглядзе анёла, так што заарыентуемся да сантыметра. Вера Сцяпанаўна, у нас жа самае сучаснае абсталяванне, найменшую металёвую рэч на адлегласці трох метраў вылічым. Зробім ціха і хутка. Паставім сцяжкі і шыльду: «Рамонт цепласеткі». Заўтра ж могуць набегчы розныя…
Антыквар ажно ўспацеў. «Хлопчыкі» таксама захваляваліся ад блізкасці грошай і цяпер на месцы не маглі ўстаяць, гатовыя бегчы і зубамі грызці мерзлую зямлю. Вера Сцяпанаўна паддалася неадольнаму прыцягненню дармовага багацця.
— Паехалі. Ягоная прабабка не магла ж капаць на тры метры. Недзе зверху на магілку, дурніца, кінула, каменьчыкам прыціснула, пясочкам прысыпала… А гэтых нельга выпускаць, пакуль не знойдзем. Дзе ключы ягоныя?
Чырванаморды паказаў гаспадыні звязак ключоў, якія звычайна віселі ў Вінцука на шыі.
— Падбярыце, які з іх ад скляпення…
9
За намі бязлітасна грымнулі дзверы. Я пачула, як Вінцук цяжка падымаецца, намацвае выключальнік. Запалілася святло. Я зноў пабачыла стэлажы, драўляныя фігуры, мармуровага анёла…
— Вы ўсё-ткі ім сказалі…
Вінцук памаўчаў, пасля прысеў на перакуленую драўляную святую Барбару.
— Там нічога няма.
Я са здзіўленнем глядзела на ягоны спакойны твар.
— Адкуль вы ведаеце?
Вінцук вытрымаў паўзу, павольна падняўся, узяў з падлогі жалезную штуковіну, відаць, таўкач ад старажытнай ступы, падышоў да мармуровага анёла і з сілай ударыў яго ў грудзі, у тое месца, што прыкрывалі складзеныя далоні. Я падышла і пабачыла, што там утварылася трэшчына. Але гэта ж немагчыма… Мармур не можа так трэскацца. Вінцук ударыў яшчэ некалькі разоў, пасыпаўся друз, і на грудзях анёла зазеўрала рана. Там нешта бліснула.
— Вось вам і крыж, і праклён роду Вяржбіцкіх разам з ім. Я аж захлынулася ад абурэння і здзіўлення.
— І вы ўсё ведалі?
— Даўно. Я заўважыў у гэтым месцы трэшчынку. Прыгледзеўся — аказалася, раствор. Некалі тут было акенца для лампады. Уяўляеце — анёл з палаючым сэрцам над магілай грэшніка? Але акенца замазвалі некалькі разоў. Відаць, мясцовыя святары палічылі, што дзірка ў скульптуры — нейкая кашчунная трактоўка, і загадалі заляпіць яе. Я ніколі не думаў, што прабабка, вытанчаная паненка, магла раскопваць магілы. Яна проста адбіла тут стары раствор, ці, хутчэй за ўсё, у ім ужо была трэшчына. Паклала крыж і замазала зверху новым слоем. Нездарма ж спрабавала сябе і ў скульптуры. А апошні раз закрываў гэтае месца я, два гады таму. Закамуфляваў так, каб не было магчымасці адрозніць ад іншай паверхні. Тым больш камень стары, вышчарблены.
— І вы не сказалі мне раней?..
— А навошта? Я застаюся пры сваёй думцы: такія рэчы толькі спараджаюць спакусу. Ад іх належыць пазбаўляцца. Не дарую сабе, што пасентыментальнічаў і не знішчыў гэтую штуку.
Я засунула руку ў рану на грудзях анёла і дастала крыж. Ён не быў вялікі — можа сантыметраў пяць у даўжыню. Упрыгожаны дробнымі каменьчыкамі, здаецца, аквамарынам. І ў цэнтры, як мёртвае вока, цьмяна паблісквала перліна памерам з вішню. Часта жэмчуг траціць сваю каштоўнасць у неспрыяльных умовах. Але перліна, на якую я глядзела, нават на мой неспрактыкаваны позірк, была цудам. Здавалася, з яе срабрыста-чорнай сферы выпраменьваецца сама цемра.
Я працягнула крыж Вінцуку:
— Што ж з ім цяпер рабіць? Перахаваць?
— Паглядзім…
Вінцук сунуў крыж у кішэню нагавіцаў.
— Я вельмі шкадую, Кацярына Аляксееўна, што вы патрапілі ў такую гісторыю. Гэта ўсё з-за таго, што я затрымаў вас дзеля карціны. Сапраўды, мастакі — эгаісты.
— Сама вінаватая. Прыйшла ў госці без запрашэння. Дарэчы, завіце мяне Касяй, не тыя абставіны, каб цырымоніцца.
— Добра, Кася… Даруйце, дарэчы, за тое, што я вам тады нагаварыў, пра чашу Грааля. Можа быць, гэта проста ад усведамлення, што ў мяне няма ніякіх шанцаў.
— Па-мойму, у нас абаіх цяпер аніякіх шанцаў… — прабурчэла я, прысаджваючыся на перакуленую скульптуру. — Як там абяцала ваша Віта, на кавалачкі нас настругаюць? І чаго вы прыбядняецеся наконт шанцаў? Такая жанчына вас любіць, ад кахання шалее. Праўда, з элементамі садызму, але ў гэтым можна нават своеасаблівую прывабнасць знайсці. Вінцука перасмыкнула.
— Не варта так жартаваць. Тым больш што… што я пакахаў іншую. Хаця апошнія восем гадоў не верыў, што гэта магчыма. Як у Булгакаўскага Майстра — каханне выскачыла з-за кута, як забойца, і ўдарыла нажом у сэрца… Не памятаю дакладна. Ну, нейкая такая рамантычная лухта. Ды не палохайцеся, Кася, я не збіраюся ўчыняць сцэну. І не хвалюйцеся, хутка ўсё скончыцца, вы вернецеся ў свой свет, напішаце доктарскую дысертацыю і наўеўскі дзікун выпарыцца з вашай памяці. Толькі не ўздумайце шкадаваць мяне. Я абсалютна самадастатковы.
Я хацела аджартавацца, але даўкі камяк перасеў у горле. А са мной што адбываецца?! Госпадзе, я ведаю яго ўсяго два дні!
«Самадастатковы»ў парванай кашулі стаяў каля стэлажоў, разглядаючы пыл на іх. Ды яшчэ пасля бойкі ён застаўся ў адным галёшы… Рамантычны, пасінелы ад холаду герой з ліхтаром пад вокам.
— Вось што, шаноўны князь у адной галёшы, калі вы не хочаце ў дадатак да кухталёў атрымаць які плеўрыт, прысаджвайцеся сюды і не пагрэбуйце накрыцца паловай майго футра. А то мяне ваш прывід па начах замучае.
Ссінелы князь Палецкі нейкі час павагаўся, пасля прысеў побач, абхінуўся маім футрам. І абняў, прыціснуў да сябе… Я адчула, як шалёна калоціцца яго сэрца… А можа, гэта стукае маё? Ці мы зрабіліся нечым адным, і сэрца ў нас адно, і адзін боль, і адно жыццё?..
…Толькі б гэтае імгненне ніколі не канчалася!
Наверсе бразнуў засоў.
— Сядзяць, як галубочкі… Давай, барадаты, выходзь, магілка твайго прадзеда даўно да нас абшуканая. І без фокусаў, у мяне электрашокер.
Мы зноў апынуліся пад позіркамі музейных партрэтаў — відаць, «прынцэсе» імпанавала арыстакратычная абстаноўка. Але я ўжо была іншай. Гэты дом і гэтыя партрэты не былі мне чужымі. Я стаяла каля дзвярэй, за маёй спінай дыхаў «прынцэсін» «хлопчык». Было страшна, вядома, але страх чамусьці згасаў перад дзіўным адчуваннем таго, што ўва мне ёсць нешта такое, што непадуладна нікому, агеньчык, які нельга загасіць нічым, нават смерцю…
Вінцук, зноў каменна-абыякавы, прытуліўся да грубкі. Языкі полымя, здавалася, хацелі выскачыць з адчыненых дзверцаў.
— «Прынцэса» злосна зірнула на Вінцука:
— Ты сказаў, што крыж ёсць. Некалі ты не ўмеў маніць. Навучыўся, ці што?
Ды ўжо наўрад ці навучуся, — спакойна сказаў Вінцук, раптам рэзка дастаў з кішэні руку з заціснутым крыжам, на імгненне затрымаў — каб усе пабачылі, што гэта, і кінуў крыж у агонь.
«Прынцэса» ахнула, «хлопчыкі»з лаянкай кінуліся да грубкі, але Вінцук нейкі час «трымаў абарону», адкідваючы іх прэч. Нарэшце яны, загіпнатызаваныя відовішчам знішчэнна багацця, уцямілі, што найперш трэба нейтралізаваць абаронцу. Зноў паўтарылася брыдкая сцэна з крутых дэтэктываў. Чаму я ніколі не займалася ўсходнімі адзінаборствамі! Чарнявы падонак! Я паспрабавала адцягнуць яго ад Вінцука, але ён адшпурнуў мяне, як кацяня. Тым часам падаспеў антыквар з нейкім прэнтам, пашарыў у вуголлях, і на падлогу ўпаў пачарнелы, аплаўлены крыж, з вугальком пасярэдзіне…
— Позна… — выгукнуў антыквар, падбег да паваленага Вінцука і з усяе сілы даў яму нагой у бок. — Паскуда!
«Прынцэса» маўчала. У яе быў нейкі разгублены выгляд. Я раптам убачыла, што яна ўжо не такая маладая і не такая ўпэўненая ў сабе… Яна глядзела на агонь, не ў змозе ўсвядоміць, што адбылося, як гэта чалавек спаліў трыста тысяч баксаў. Глядзела з нейкай наіўнай крыўдай, як дзіця, на вачах якога лопнуў цудоўны паветраны шарык. Нават рот у яе адкрыўся…
Можа, ад нерваў, не ведаю, але я рассмяялася. Вінцук прыўзняў галаву ад падлогі, паглядзеў падбітымі вачыма вакол, на твары, перакрыўленыя бяссільнай злосцю, і таксама засмяяўся. Так мы і хіхікалі, як два ідыёты, і не ведаю, чым бы скончылася гэтая сцэна, але ў дзвярах пачуўся магутны вокліч:
— Кася! Ты тут? Зноў прыгод шукаеш на сваю галаву? О, а народу колькі!
Гэта была Нюта, мая дарагая Нюта. Як яна пасля мне распавяла, сядзелі яны з Андрэевічам і Мацвееўнай да гадзіны ночы, прычым Нюта добра-такі апрацавала новага дырэктара наконт каштоўнасці музея і прэстыжнасці яго для ўсяго раёна, школы і Андрэевіча ў прыватнасці. І толькі калі Нюта пайшла класціся спаць, убачыла, што мяне няма. Андрэевіч успомніў, як учора я пацягнула яго ў музей ганяць гарадскіх бандытаў. Нюта ўстрывожылася. Безумоўна, пайсці ў такі позні час і так надоўга я магла толькі ў княскі дом. Але тут між Нютай і гаспадарамі разгарэлася спрэчка, ці я там бандытаў ганяю, ці ў мяне рамантычная прыгода, і іх прысутнасць будзе, мякка кажучы, залішняй. Мацвееўна была перакананая, што з кудлатым бажаволкам рамантычных пачуццяў у гарадской прыгажуні быць не можа. Нюта, з аднаго боку, ведала, што я не схільная да фліртаў і бегаць па начах на спатканні да малавядомых мужчын не ў маім характары. А з другога боку, перад ёй жа Вінцук выявіў сябе як адукаваны, хаця дзіўны чалавек. Яна нават лічыла яго цікавым. Нарэшце Мацвееўна паглядзела ў акно і сказала, што ў бок княскага дома едзе машына. І Нюта з Андрэевічам рушылі на выручку. Прычым Андрэевіч, якому надта не спадабалася фізіяномія ўчарашняга бамбізы, прыхапіў з сабою заспанага кума-ўчастковага.
«Прынцэса» на развітанне паглядзела на збіты твар свайго колішняга прынца, неяк сумна, тужліва паглядзела, і сур’ёзна прамовіла:
— Нешта не атрымліваецца ў мяне з табою. Мусіць, характары не супадаюць.
Гумарыстка. І пайшла на сваіх высокіх абцасіках у атачэнні панылай світы.
Вінцук нясмела зірнуў мне ў вочы — шукаў адказу: ці тое, што раптоўна нарадзілася між намі, яшчэ мае для мяне значэнне?
Паглядзеў, супакоіўся, нават заўсміхаўся.
А Нюта тым часам шчыра лаяла мяне, бязмозгую, за тое, што ўсё ў мяне не па-людску, усё я нарываюся на нейкія здарэнні і ніколі мне не пачаць нармальнае жыццё…
Мы ўгаварылі Вінцука пераначаваць у Андрэевічавага кума. Тым больш кум вельмі ўсцешыўся, што мы не збіраемся судзіцца з гарадской магнаткай, і абяцаў «спісаць» пабітыя вазы на няшчасны выпадак. Я вельмі баялася, каб бандзюгі не вярнуліся ды чаго не ўтварылі. Кум-міліцыянт уласнаручна зачыніў музей, засведчыўшы, што рэчы на месцы, агонь у грубцы патушаны, электраправодка ў парадку. Мы нават забілі акно, ля якога нас злавіў чырванаморды.
10
Раніцай падаў лёгкі снег, свяціла зімовае сонейка. Мы — Нюта, я і Андрэевіч — кіраваліся да панскай сядзібы. Насустрач нам няспешна, здзекліва няспешна праехала машына з зацемненымі вокнамі. Раптам у доме нешта выбухнула. З разбітых шыбаў паплыў чорны дым, такі недарэчны на фоне бліскучага снегу і блакітнага неба.
Мы на нейкую хвілю аслупянелі, пасля кінуліся бегчы… Я чамусьці была ўпэўненая, што Вінцук — там… Як жудасны акорд бязлітаснасці, ударыў царкоўны звон. Ад царквы бегла, спатыкаючыся ў снезе, знаёмая постаць… Вінцук! Ён быў на ранішняй службе! Дзякуй Табе, Госпадзе! І яшчэ дзякуй, што на вачах столькіх сведкаў — вартаўнік невінаваты! Ім не ўдасца «павесіць» на яго гэты пажар.
— Бензінам палівалі, сволачы, — безнадзейна заўважыў Андрэевіч.
Мы стаялі і глядзелі на полымя, якое высоўвала д’ябальскія языкі адначасова з усіх вокнаў. Вінцук паспрабаваў адчыніць дзверы і забегчы ў дом, але гэта было немагчыма. Заставалася стаяць побач і назіраць. Другі паверх, там, дзе знаходзілася майстэрня, ужо ўвесь выгарэў.
Я баялася глядзець на Вінцука. Яшчэ адзін удар пад дых… Ці вытрымае?.. Мне здавалася, ён зараз кінецца ў агонь. На ўсялякі выпадак я моцна ўхапіла яго за рукаў ватоўкі.
Вінцук адарваў позірк ад палаючага дома, абняў мяне за плечы.
— Скляпенне застанецца цэлым, там дзверы жалезныя. Забярэш і анёла, і скульптуру, і чарапкі.
Я зірнула яму ў вочы. Яны былі ясныя… Ён нават паспрабаваў усміхнуцца:
— Я ўсё роўна цябе намалюю. І не трэба зноў глядзець на мяне, як на няшчасную ахвяру. Я нічога не страціў. Усё — ува мне, са мною. Калі, вядома, ты… Ведаеш, ты мела рацыю. Унутраная воля — гэта глупства. Я пазбавіўся яе — і не шкадую, цяпер у мяне ёсць тое, што я баюся страціць, вельмі баюся.
Ага, сумняваецца! Вось і добра, у мужчыне нельга знішчаць паляўнічы інстынкт, боязь згубіць тваю прыхільнасць. Асабліва калі спадзяешся пражыць з гэтым мужчынам доўга-доўга, да канца зямнога жыцця — і сустрэцца ў нябесным. Ды калі яшчэ маеш справу з выбітным талентам. Ох, нялёгка мне з ім давядзецца…
Так што Нюта мела рацыю.
Якое там нармальнае жыццё…
Радаслаў Дудкоўскі, калі даведаўся, за каго я выйшла замуж, цэлы год аплакваў маю легкадумнасць ва ўсіх кампаніях. Праўда, другая жонка ад яго паспела ўжо за гэты час збегчы, так што ён хутчэй плакаў па сабе, незразуметым. Альберцік жа толькі канстатаваў:
— Я так і ведаў, што мне не давядзецца перапісваць сваю «Князёўну» ў зялёных колерах. Хаця, магчыма, і варта было б…
2000
3 каментарыя
У частцы 5, здаецца, прапушчана рэпліка ў дыялогу герояў:
— Вядома, я «падаваў надзеі»…
[— Няшчаснае аранжарэйнае дзяцінства? Ні сябрукоў, ні дробнага хуліганства?]
— Ну што вы, — рассмяяўся мой суразмоўца…
Дзякую, паправіла) Сапраўды было чамусь прапушчана…
Дарэчы, гэтая рэпліка адсутнічае таксама ў электроннай версіі аповесці ў анлайн-бібліятэках, у тым ліку на Беларускай Палічцы і Камунікаце.