У сутарэннях гісторыі і фантазій

№ 11 (1398) 16.03.2019 – 23.03.2019 г

Калі стала вядома пра экранізацыю “Авантур Пранціша Вырвіча” Людмілы РУБЛЕЎСКАЙ, знаёмыя з кнігай людзі адрэагавалі імгненна: “Ну нарэшце! Цікава, як гэта будзе?” Незнаёмыя задаваліся пытаннямі, хто такі гэты Пранціш і пра што ўвогуле фільм. “К” пагутарыла з пісьменніцай, якая часта наведвае здымачную пляцоўку, каб адказы атрымалі ўсе.

 

/i/content/pi/cult/736/15983/6.JPGЯкі сюжэт?

У аснову сцэнара, напісанага Валянцінам Залужным, пакладзена першая з пяці частак авантурна-прыгодніцкай серыі раманаў — “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”.

— Завязка такая: збеглы вучань Менскага езуіцкага калегіума Пранціш Вырвіч адпраўляецца ў падарожжа, — тлумачыць Людміла Рублеўская. — На пачатку свайго шляху ён спаткае карэту, уладальнік якой запатрабуе ад Пранціша прызнацца, колькі ў яго з сабой грошай. За адзін медны шэлег Вырвіч набывае сабе слугу — доктара Баўтрамея Лёдніка. Не хачу рабіць спойлераў, але скажу, што далей будуць бойкі і двубоі, беларуская карчма, вандроўка ў полацкія сутарэнні ды іншыя прыгоды. Папярэджваю: не варта звяраць фільм па тэксце. Усё ж такі, гэта адаптацыя матэрыялу для мовы кіно.

Ці рэальная гісторыя?

— Падзеі ў рамане адбываюцца ў XVIII стагоддзі. Я хацела паказаць тую Беларусь, пра якую пісаў Караткевіч і ў якую я таксама закахалася. Гэта эпоха герояў і авантурыстаў, войнаў і подзвігаў, палацавых інтрыг і дуэляў. Урэшце рэшт — незвычайна прыгожых касцюмаў. Але ж у мастацкіх творах ёсць месца фантазіі, — кажа пісьменніца. — Пра Беларусь тых часоў увогуле не так шмат напісана, але сёе-тое захавалася. Я вывучала мемуары, успаміны, даследаванні… І з артыстамі мы гаворым пра іх гістарычных прататыпаў. У фільме з’яўляюцца нават усім вядомыя Радзівілы: вялікі гетман Міхал Казімір Рыбанька (Віктар Манаеў) і ягоны брат Геранім (Вячаслаў Паўлюць). Ёсць там і Багінскія — гэта мадыфікацыя прозвішча Агінскія. Так я калісьці вырашыла перастрахавацца, каб не было да мяне пытанняў. Прыдумала, напрыклад, князю Багінскаму (Канстанцін Міхаленка) сястру Паланею.

Спадзяюся, што каларыт і атмасферу эпохі ў фільме ўдасца перадаць, і паглядзеўшы яго, многія захопяцца нашай гісторыяй. Як сказаў пасля прачытання адной маёй кнігі расійскі і беларускі пісьменнік Валерый Казакоў: “Хочацца быць беларусам”. Вось няхай бы і гледачы стужкі адчулі гонар за нашу багатую гісторыю і цікавых герояў.

Хто ж галоўныя героі?

Персанажаў у гэтай авантурнай гісторыі нямала, таму мы папрасілі аўтара даць характарыстыкі двум асноўным, а таксама іх дамам сэрца.

— Пранціш Вырвіч (Георгій Пятрэнка) — ужо з яго прозвішча і імя відаць, што гэта чалавек, які ўвесь час шукае сабе прыгоды. Гарэзнік, прайдзісвет, пры гэтым добры і сумленны хлопец, які не трывае несправядлівасці. Яму 18 гадоў. Паходзіць са збяднелай шляхты.

— Баўтрамей Лёднік (Іван Трус) — сын уладальніка гарбарнай майстэрні ў Полацку. Яму за 30 гадоў, гэта ўжо чалавек з біяграфіяй, які сам сябе зрабіў. Разумны і таленавіты, скончыў два еўрапейскія ўніверсітэты, даводзілася і на вайне быць, і ў каралеўскіх палатах. Але з-за сваёй прагі да ведаў, якая ў пэўны час дайшла да фанатызму, трапіў у непрыемнае становішча і страціў усё, што меў. Знешне стрыманы, але з выбуховым характарам. Таксама не церпіць несправядлівасці. Можна сказаць, што галоўны герой тут падвойны — яны ўдвох адзін аднаго дапаўняюць.

— Паланея Багінская (Ева Анікей) — маладая княжна, якая ўмее сябе па-свецку паводзіць і ведае сабе цану, але ўнутры яе жыве авантурыстка, гарэза-дзяўчынка. Як і Пранціш, яна прагне прыгодаў.

— Саламея Лёднік (Вераніка Пляшкевіч) — увасабленне мудрасці, жаноцкасці і адначасова інтэлекту. Фактычна становіцца лекаркай, імкнецца да ведаў. Але ў сваёй навуковай кар’еры сутыкаецца з небяспекай і неразуменнем — хаця па інтэлекце не саступае Баўтрамею Лёдніку.

Дык што, дзе і калі глядзець?

Здымкі будуць доўжыцца да канца траўня. На экраны ж “Авантуры” збіраюцца выпусціць дзесьці ў снежні. Мяркуецца, што для кінатэатраў падрыхтуюць поўны метр, а па тэлебачанні гісторыю пакажуць у чатырохсерыйным фармаце. Фільм здымаецца на рускай мове, але для яго рыхтуецца таксама і беларускамоўны дубляж.

— Наперадзе яшчэ шмат працы. Адчуваю сябе вельмі ўсхваляванай,  — прызнаецца Людміла Рублеўская. — Разумею, што вельмі мала хто з пісьменнікаў мог займець такі досвед — бачыць, як увасабляюцца сродкамі кіно твае фантазіі. Часам складана пагадзіцца з інтэрпрэтацыяй, а часам глядзіш і дзівішся: “Дык вось як яно выглядала…” Я задаволена выбарам галоўных герояў. На маю думку, пакуль што ўсё адпавядае атмасферы рамана.

Чаму гэта цікава?

— Па-першае, у фільме занятыя толькі беларускія артысты. Спадзяюся, што героі ў іх выкананні будуць улюбёнцамі публікі, — кажа пісьменніца. — Другі момант — у кадры Беларусь не ў лапцях, а Беларусь шляхецкая, еўрапейская, з развітымі гарадамі і замкамі. І беларусы, якія абараняюць свой гонар з шабляй. Па-трэцяе, мы пакажам неверагодна прыгожыя мясціны нашай краіны. Натуру для здымкаў XVIII стагоддзя шукалі ў розных кутках Беларусі — у Міры, Нясвіжы, Лідзе, Снове, Бабруйску, Гальшанах.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА

аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты “Культура”

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.