ЯШЧЭ АДЗІН ПАЭТ
Папяровыя птахі злятаюць у студню двара.
Між каменных скрыжаляў у рунах вакон і плакатаў.
Як няшмат патрабуецца
Для заканчэння дабра
Там, дзе вараць пяльмені і танную ладзяць гарбату.
Як няшмат патрабуецца, каб развітацца з сабой,
І з усім пагадзіцца, што чуеш ад больш сацыяльных.
Папяровыя птахі злятаюць. Пусцее пакой.
Адгароджаны душы нібыта пародаю скальнай.
Абібочына ты і лайдак, і нічога няма
На варыўні, пяльмені – і тыя даеў у суботу.
Ты з усімі згадзіўся, і з чорнага сшытку дарма
Птушаня папяровае шчыміцца, просіцца лётаць.
І дзяўбецца радком проста ў сэрца, крылаты байструк,
Нежаданы, няпрошаны, доказ, што ты нездаровы.
Крыж ваконнае рамы
Чамусьці выслізвае з рук,
І зніжаецца зграя тваіх груганоў папяровых.
МАНТРА ПРА ТАЛЕРАНТНАСЦЬ
На скрыжаванні вады і травы
Ціха канаюць зімовыя мары.
І мітусяцца ў адбітку царквы
Хамелеоны і саламандры.
Хто для міжчасся прыдатны найбольш,
Чымся істоты, што здольныя вечна
З ценем злівацца, рабіцца, як дождж,
І не згараць ні ў пажары, ні ў печцы.
Таньчыць на попеле і на крыві,
Камнем прыкінуцца шэрага мура.
Хамелеон навучае: “Жыві!”,
І саламандра гаворыць так мудра
Пра талерантнасць стыхіі агню
І прапаганду пра шкоду апёкаў…
Смерць уключаюць звычайна ў меню
У пераліку глінтвейнаў і грогаў.
Гэткі гарачы змяшаны напой
На завяршэнне застольнай бяседы.
Хамелеон будзе справа з табой,
А саламандра ад помніка — злева.
Далей – вясна… Вуглаватасць галін,
Шчырасць пупышак, нястоенасць свету.
Ты так не ўмееш, і ты не адзін,
Хто пабаяўся застацца паэтам.
Там, дзе мана пралілася, як воск,
Грае музыка панылыя мантры.
І працінаюць сусвет наш наскрозь
Хамелеоны і саламандры.
КАЛЯДНЫ КАРНАВАЛ
Балада
Маляваныя анёлкі плачуць срэбным канфеці.
У маёнтку адабраным
карнавалу час прайсці.
Гэта сведчанне, што новы
Гаспадар надоўга тут,
І ягоныя нашчадкі скажуць:
“Тут наш родны кут”.
Госці ў строях залачоных –
ззяе масак чорны шоўк.
Працякаюць цераз дзверы,
бы ў гадзінніку пясок.
Кружаць, кружаць, бы ў шампанскім
залатыя пухіры.
І ўсміхаюцца пыхліва новыя гаспадары.
А старыя – у Сібіры, у халоднай глебе спяць.
І на гэтым свяце здрады іх няможна ўспамінаць.
Як палалі іх парсуны, шафы, куфры, цэлы свет …
Толькі зброя засталася.
Зброя – гэта рарытэт!
Шаблі, дзіды, шастапёры – на кілімах, на віду.
Помняць Воршу і Дуброўна, Грунвальд, Сінюю Ваду.
Інсургентаў пассылалі – толькі помняць іх мячы:
На іх сталі прысягалі
хіжых прыхадняў сячы.
Карнавал шуміць у залах,
край маўчыць – бы ўноч кірмаш.
Ціха на сцяне маёнтка
ссунуўся стары палаш.
Закрычала мандрагора, упусціў Харон вясло.
І па мармуры каміну штось барвовае сцякло.
У зашклёнае вітрыне
варухнуўся арбалет…
І застаўся перад ганкам
строй стаяць пустых карэт.
ЗАМЕСТ РЭЦЭНЗІІ
Горкі плач – нацыянальная хвароба.
Чым яшчэ ля вострых зорак адагрэцца?
Запісацца ці ў ахвяры, ці ў халопы,
І свінцовай коскай прымарудзіць сэрца.
Плачуць гоні, плачуць коні і палеткі.
Хоць паэты прапісаны на асфальце.
Са свінцовых літарар набіраюць дзеткі
Альфабэту для сваёй айчыны-маці.
Плача каня, плача Аня і Алеся.
Так прывычней для айчынных менестрэляў.
І птушыны крыж ляціць у паднябессі –
Гэта хтосьці наша неба перакрэсліў.
А ў разоры між аблокаў пан Завальня
Перагнуўся ўніз, прыслухваецца чынна.
І на ўскрайку нашых вершаў ставіць смайлік.
Зрэшты, можа, проста плюнуў з аблачыны.
ТУТ-2
Сюды не заходзяць, таму што расчынены дзверы
Наросхрыст, наросхрыст расчынены дзверы і вокны,
І выдзьмута ўсё, у ва што заставалася верыць,
І выстыла ўсё – да бяспамяцтва, бездані, костак.
Аблокі плывуць, і нагадваюць брудную вату.
Млыны зруйнаваныя, жорнавы млеюць у твані.
Імя асабовае мелі званы і гарматы,
А нашы імёны агульныя, як прыбіральні.
Адны скразнякі, скрыжаванні, і шал паляўнічы
На змрочных балотах, на пустках смугі вераснёвай.
І блазны, і каты свае захавалі абліччы,
А тут – ні абліччаў, ні словаў, ні модлаў, ні мовы.
Сюды не заходзяць, тут проста жывуць і канаюць.
Прыходзь, называй нас, як хочаш, калі заманецца.
Гарыць жоўтым полымем лотаць у кожнай канаве.
І б’ецца няўмольна дрыгвы нескаронае сэрца.
МАЎЧАННЕ ЯГНЯТАЎ, альбо
ЦЫКЛ ПРА МЕРЦВЯКОЎ
1
Паміж асфальтам, небам і труной,
На вастрыі прыціхлага натоўпу
Мярцвяк ідзе ў метро, і пад нагой
Хрумсцяць мятлушкі мараў пра Еўропу.
Натоўп віруе, як пчаліны рой,
Ды не сабраны мёд з каменных кветак.
Ідзе на працу мёртвы наш герой,
На пластыкава-лічбавы палетак.
Каб хоць на міг адчуць усплёск жыцця,
Калі ад гневу загарацца вочы,
Калі ад бессэнсоўнасці жыцця
І насамрэч памерці ён захоча.
2.
“І толькі надпіс “Вераніка”, на дрэве ўрэзаны ў кары…”
М.Багдановіч.
Як казаў Блажэнны Аўгустын,
Верым мы таму, чаго не бачым.
У абдоймах лютаўскай вады
Не халодны ты і не гарачы,
Паядальнік піцы, вечны раб
Манітору. Офісны планктончык.
І навошта бог усходу Ра
Зазірнуць спрабуе ў нашы вочы?
Пакаленне Віяў… Прыраслі
Да клавіятур усе павекі.
Камяні вандруюць па зямлі,
Скрышаныя воляй чалавека.
Сцены замку лягуць пад асфальт,
Бронзавы паэт даўно праданы.
І навошта гэты дзікі сад,
Дзе няма імёнаў закаханых.
3
А ПА КАЛІ
Мы зварылі чарапахавы суп.
Свет пляскаты паляцеў, быццам фрызбі.
Я ў далонях жменю солі нясу,
Назапасіць перадохлую рыбу.
Месяц дзіркі мае ў сырным баку –
Беларускі заяц піва закусваў.
Былі войны і на нашым вяку,
Кубкі воцату гарчылі ля вуснаў.
Мы абрушылі уласны сусвет
Проста так, а не ў спадзеве на лепшы.
Паліць вершы палыселы паэт,
А яны не разгараюцца, вершы…
4
Я не чітал балады Оссіана…
О.Мандэльштам.
Халодным словам скальды не дасталі
Да выпаленых душ маёй эпохі.
Вадой на вугалях, крывёй на сталі
Растала памяць – і сцякла пад ногі.
Герояў цені водзяць карагоды
Вакод празрыстых вогнішчаў Вальгалы.
Мы словы адсылаем у паходы,
Заваяваць часы і нас уславіць.
Ды кволыя пасланнікі нямеюць
На паўдарозе да вучоных кафедр.
І валацуга, перабраўшы смецце,
Падвяжа чаравік струной ад арфы.
5.
Сядзі сабе на голлі
І ціхенька цікуй,
Як паляць ваша поле,
Як не хапае куль.
Сядзі сабе, шчаслівы,
Што ты не ўнізе больш,
І наша справядлівасць
Табе – ламаны грош.
Паціўкай. Крылцы вымкні –
Не зважаць на зямлі,
Дзе ў чорным павуцінні
Змаўкаюць і чмялі.
Адплакаў, адпакутваў…
Не адбіваўся, не –
Не Праметэй прыкуты –
Анучка пры сцяне.
Прасіўся, ціўкаў, ціўкаў…
Знялі зямную плоць,
І верабейкам ціхім
Зрабіў цябе Гасподзь