«Я не набыў вялікіх скарбаў, ні золата, ні дыяментаў, але ў мяне ёсць адна каштоўнасць — кнігі. Кнігі — мае сябры. Я збіраў іх усё жыццё і, як адзначаюць знаўцы, гэта, бадай, самая лепшая бібліятэка ў Мінску. Я падараваў сваіх сяброў вам, каб у іх з’явілася многа сяброў-чытачоў».
Гэтак выказаўся пісьменнік Янка Сіпакоў, калі перадаваў сваю бібліятэку землякам з Аршаншчыны, а было ў ёй больш за пяць тысяч тамоў… Пакінуў Сіпакоў і «падарожныя нататкі» па той бібліятэцы — эсэ «Мая бібліятэка», у якім цытаваў улюбёныя творы, пераходзячы ад паліцы да паліцы…
Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў… А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.
Калісьці англійскі даследчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін заўважыў: «У паслясталінскі перыяд эксперыментальная паэзія асацыявалася пераважна з фігурай Янкі Сіпакова, якога неаднакроць як расхвальвалі, так і бэсцілі».
Сапраўды, гэты сціплы, інтэлігентны чалавек, які пазбягаў тусовак і перформансаў, адважваўся ў сваёй творчасці на тое, пра што ў іншых і думкі не ўзнікала… Навошта эксперыментаваць, ламаць межы, наклікаць на сябе непрыемнасці ідэалагічнай цэнзуры, калі і так выдаюць і кормяць?
А ён то пісаў вольным памерам балады, то перакладаў Хлебнікава, то браўся за прыпавесці і фантастыку… Таму што калі паэт услухаецца ў жыццё, «абавязкова заўважыць, як віхуры сусветаў даўніх насілі яго калыску, як самі зоркі ўступалі яму месца».
«Люблю цішыню…»
Калі ён прыходзіў у мой колішні рэдакцыйны кабінет, заўсёды сумна здзіўляўся, як тут тлумна ды мітусліва… І праўда, заўважалася, як яму некамфортна ў такім месцы. І на пытанне інтэрв’ю, якое мы тады рабілі, — «Хто ваш найбліжэйшы сябар?», — Іван Данілавіч адказаў: «Цішыня. Таму што шум ды тлум — мае ворагі. Не ўваходжу ні ў якія тусоўкі, таму што яны — таксама шум».
Дарэчы, інтэрв’ю Сіпакоў даваць таксама не любіў. А на пытанне, ад каго ён стамляецца больш за ўсё, адказаў: «Ад цікаўнага чалавека».
У ім шмат было ад усходняй філасофіі з уменнем сузіраць, углядацца ў Сусвет, атаясамліваць сябе з каменем, дрэвам, ветрам, бачыць у кроплі мора… Згадзіцеся, далёка не кожны адкажа, што ягоны ўлюбёны пах — «тонкі пах квітнеючай бульбы. Гэта цуд…» А ўлюбёную пару года вызначыў зноў-ткі сімвалічна: «Цішыня жоўтай восені».
І не кожны ўмее, гледзячы на снегапад, бачыць асобныя сняжынкі — зусім як асобных людзей у натоўпе…
«Сняжынкі былі такія бязважкія, што не падалі на зямлю, а, наадварот, падымаліся ўверх. Некаторыя з іх мітусіліся, здавалася, зусім бязладна, таўкліся перад акном, і не трэба было ўважліва прыглядацца, што ім карціць зазірнуць у мой пакой. Я ж, пакуль яны мітусіліся за шклом, чакаючы сваёй чаргі, паспеў разгледзець, што яны крылатыя. І крылцы ў іх такія ж пухнатыя і бязважкія, як і яны самі».
Сузіраў ён снегапад, сузіраў і сады:
«На сад заўсёды прыемна глядзець.
Гляджу раніцою ў добрае, цёплае і сонечнае надвор’е. Навокал ціха-ціха, не варушыцца ніводзін лісток. І раптам, як усё роўна жывая, затрапеча, заб’ецца аж цэлая галінка ў нейкім сваім, толькі ёй вядомым клопаце, — ветру няма, а здаецца, што нехта дзьме на яе знарок.
Гляджу ўдзень, назіраю, як лапоча па лісці, па яблыках, сцякаючы пад іх кроплямі, буйны і халодны дождж, як амаль ад кожнай дажджыны ўздрыгваюць яблыкі — ці то і праўда ад кропель, ці гэта проста згінаюцца, хістаюцца, спружыняць танчэйшыя галіны.
Гляджу ўвечары, калі раптам памацнее чамусьці вецер — звычайна к вечару нармальныя вятры сціхаюць, — і любуюся, як асцярожна, плаўна — і гэта пад такім ветрам! — гайдаюцца галінкі яблынь: менавіта так, ласкава, маці люляюць на руках сваіх немаўлят. І думаю: «Ага, і яблыкі — гэта ж таксама дзеці яблынь, таму дрэвы так шануюць і берагуць іх».
Сусвет пачынаецца ў Зубрэвічах
«Маё карэнне — вёска Зубрэвічы, звычайная вёска на Аршаншчыне. Яна прытулілася да перасохлай Вуллянкі, якая ўспамінае, што была некалі сапраўднай ракою, хіба толькі падчас дружнага веснавога разводдзя».
Іван Данілавіч пяшчотна любіў свае Зубрэвічы. Прычым учыняў, як Несцерка, які на пытанне, дзе цэнтр зямлі, тыцкаў кіем сабе пад ногі: «Тут, дзе я стаю! Перамерай, калі не верыш!»
Ён усе адлегласці адмяраў ад роднай вёскі. Падчас купалаўскага юбілею пісаў эсэ пра маршрут «Ляўкі — Зубрэвічы», залічваючы Купалу ў землякі… У рамане-містыфікацыі ў апавяданнях «Зубрэвіцкая сага» стварыў неверагодныя гісторыі, дзеянне якіх адбываецца ў Зубрэвічах у розныя эпохі. Нават міфічнага летапіснага князя там пасяліў. «І не нейкі там князь, а Мітка Сякіра, Дзмітрый Зубрэвіцкі. Ён быў віднаю асобаю. Князь Дзмітрый жыў у XV стагоддзі, а яго добра памяталі і ў XVІ стагоддзі, і пазней. Ян Длугаш, вядомы польскі храніст, што пра Грунвальд пісаў, пра нашага князя ўспамінае, «Хроніку Быхаўца» згадвае… А жыў ён у Зубрэвічах. Тут яго маёнтак знаходзіўся».
Чаго толькі не адбывалася, паводле Івана Данілавіча, у ягоных Зубрэвічах! І ведзьмаў палілі, і паўстанцаў лавілі…
А вось у эсэ пра сваю хатнюю бібліятэку Сіпакоў заўважае на паліцы зборнік Гумілёва… А там згадка пра эфіопскага цара Менеліка.
«Цар цароў? Сам негус? Пра імператара Эфіопіі Менеліка ІІ я ўжо сёе-тое ведаў. Дзякуючы беларусу Аляксандру Булатовічу, — гусару, удзельніку Расійскага экспедыцыйнага корпуса ў Абісініі, які з войскам цара цароў прайшоў усю Эфіопію, аж да возера Рудольфа. У гэтым паходзе ён вёў эфіопаў! Булатовіч быў асабістым госцем Менеліка, Менелік узнагародзіў яго залатым шчытом і шабляю. «Я паслаў на вайну з расам Вальдэ Георгісам Аляксандра Булатовіча», — паведамляе цар цароў у Расію.
Булатовіч напісаў успаміны «З войскам цара цароў». Дзякуючы яму, чытаючы яго кнігу, і я прайшоў разам з імі той і складаны, і цікавы шлях па Афрыцы.
І таму каментарыі, якія зрабіў да паэмы «Мік» сам Гумілёў, мяне парадавалі, бо амаль усё з іх, што ён тлумачыць, я ведаў. Ведаў, што Аўта-Георгіс — ваенны міністр Абісініі, які вырас да гэтай пасады з рабоў; што Гурабе, маленькае негрыцянскае племя на паўднёвай мяжы Абісініі, якое захопліваў і Булатовіч; што Менелік — абісінскі негус; што негус — гэта цар; што Харар — горад у Абісініі: ад Харара да Энтата Булатовіч ехаў наперадзе войска; што тэдж — гэта абісінскае піва, любімы напітак эфіопаў.
Дзякуючы земляку мне ўдалося напісаць сваё афрыканскае апавяданне, якое ўвайшло ў кнігу «Зубрэвіцкая сага».
А калі ў гутарцы я спытала пра лецішча, Іван Данілавіч адказаў: «Ёсць у маіх родных Зубрэвічах старая, яшчэ дарэвалюцыйная, хата і сем сотак гарода каля яе. Вырошчвае там усё жонка. А я люблю садзіць усё, што расце. І якая розніца, што аддаваць зямлі: цыбулю альбо гарбуз, капусту ці памідоры, кабачкі ці агуркі. Галоўнае, каб зернейка прабілася на паверхню і, быццам два крылы, распасцерліся над зямлёй два зялёныя лісткі».
Дарэчы, сваю кнігу пра Беларусь ён назваў «Зялёны лісток на планеце Зямля».
«Сіпакоў даў ладнага выспятка паэтам майго пакалення»
Быў у Янкі Сіпакова вядомы зямляк, яшчэ адзін літаратар з пакалення шасцідзясятнікаў — Уладзімір Караткевіч, ягоныя карані таксама былі звязаныя з Аршаншчынай.
Здарылася так, што Сіпакову ў маладосці, яшчэ студэнтам БДУ, давялося зрабіць, так бы мовіць, экзістэнцыяльны выбар… Бо прапанавалі яму далучыцца да абуранага хору супраць «нацыяналіста» Уладзіміра Караткевіча, які ў сваіх творах «прапагандаваў буржуазную рамантыку». Сіпакоў браць удзел у цкаванні адмовіўся, хоць гэта пагражала выключэннем… Караткевіч пасля так падпіша яму сваю кнігу «Зямля пад белымі крыламі»: «Дарагому другу і земляку ва ўсіх сэнсах (і па зямлі і па сэрцу) Янку Сіпакову на добры ўспамін. Ул. Караткевіч. 21 лютага 1978 г.» Дарэчы, сваё эсэ «Зялёны лісток на планеце Зямля» Сіпакоў напісаў, безумоўна, пад уплывам таго эсэ, толькі адрасаваў больш маладому чытачу… А калі выйшла кніга Сіпакова «Веча славянскіх балад», Караткевіч напісаў на яе рэцэнзію, якую назваў «Справядлівасць». Там былі радкі: «Гэты хлопец, сам таго не жадаючы, даў ладнага выспятка паэтам майго пакалення, і ў тым ліку мне. І дзякуй богу. Свет, дзе няма месца нечаканасцям — гэта не свет. І кніга гэта добра паслужыць людзям і Беларусі».
Караткевіч расказвае, як браў «Веча» з сабою ў Крым, як зборнік чыталі людзі розных нацыянальнасцяў і заставаліся пад уражаннем. «Сібірак перадрукаваў “выбранае” на машынцы, ставячы адзінку замест «і». Ленінградзец завучвае «Лазню» і «Еш!» на памяць, просіць выправіць вымаўленне, перапісвае. І ўсе, чалавек дзевяць, просяць самую кнігу».
«Пра мастацкія якасці кнігі казаць не буду. Агромністая задача, якую ўзваліў аўтар на свае плечы, не магла быць выканана не мастаком. Скажу адно: нездарма пасля назвы стаіць не «вершы», а «паэзія». Гэта і ёсць сапраўдная, чыстай вады, паэзія.
І пад канец хачу дадаць яшчэ толькі адно.
Перасцярогу. І вельмі сур’ёзную. Па тым, як аўтар размахнуўся, як яму ўдалося ўдарыць, ён стварыў дзеля сябе і нас, дзеля грамадства адну з кніг свайго жыцця. Ці будуць у яго іншыя — залежыць толькі ад яго аднаго.
Але пасля такой кнігі ён проста не можа… ды не, проста ніхто ад яго не пацерпіць вершаў слабых, вершаў хаця б напалову хлуслівых, вершаў — фігавых лісцікаў».
«Веча славянскіх балад» сапраўды вытрымала выпрабаванне часам, хоць Караткевіч слушна заўважае, што гэта — «поўная жудасці, страшная кніга, нягледзячы на некаторыя рэверансы ў бок жарту, пераможнай песні і г. д…»
«Гэтая кніга ўся — адзін аголены нерв. Гісторыя пакуты… Вязні адкормліваюць, каб быў моцны дзеля расправы з наглядчыкам, вязня, не ведаючы, што ён правакатар («Еш!»).
Жанчыны труць перац (сыпаць у вочы гвалтаўнікам, таму што мужчыны пабітыя і бараніць няма каму). Адпраўляюць у выгнанне чалавека за тое, што ён хоча лётаць. Сляпы аркестр рабоў грае перад эмірам, ведаючы, што на эмірскі ложак усходзяць тыя, каго яны, рабы, любяць… Але пры гэтым «Валы» — гэта яшчэ і людзі, што йдуць на смерць. «Крылы» — гэта ўсё ж апафеоз чалавеку, які ўзляцеў. «Конь» — гэта яшчэ і разіншчына. «Рэха» — гэта яшчэ і гераізм адзіночнай барацьбы».
А галоўнае, што закранула Караткевіча ў «Вечы», — абвостранае пачуццё справядлівасці, якое не пакідае найлепшых людзей і ў самыя чорныя часы. Так, Караткевіч адчуваў у Сіпакову не проста сябра — але аднадумца, паплечніка, беларускага патрыёта… «Стой горда… Сёння яны запаляць з нас такі касцёр, які ім у вякі-вякоў не пагасіць».
Уітмен і голас травы
Калі Іван Данілавіч аднойчы прыйшоў у госці да суполкі маладых літаратараў «Літаратурнае прадмесце», адно з першых пытанняў — пра ягоныя пераклады… Бо гэта быў незвычайны выбар аўтараў: ад Хо Шы Міна да Уолта Уітмена… «Лісце травы» — твор-сімфонія, напоўнены філасофскай сімволікай і складанай мелодыкай… «Лісце травы» ў перакладзе Сіпакова выйшла ў «Мастацкай літаратуры» ў 1978 годзе (з выданнем праблем не было, бо Уітмен лічыўся прыхільнікам сацыялістычных ідэй). Але яшчэ ў 1969-м у часопісе «Маладосць» было надрукавана эсэ Сіпакова пра Уітмена «Вершаруб з доўгай выспы»: «У кожнага чалавека (тым больш у паэта), мусіць, бываюць такія моманты, калі ён раптам міжвольна адчувае, што жыццё пачалося не з тае хвіліны, калі ён нарадзіўся, што да яго было ўжо ўсё: і сама зямля, і людзі на ёй. І тады ён абавязкова ўзнімецца над звыклай зямлёю, каб зірнуць на яе і на сябе з вышыні стагоддзяў:
«Цяжка і доўга сусвет працаваў, каб стварыць, нарэшце, мяне…»
У Сіпакова вельмі шмат сугучнага з Уітменам… І не толькі ў любові да верлібра. «Дзе ты, мой непасрэдны свет высокай-высокай травы, далёкага неба і вельмі блізкіх кузюрак?!
Там трава настолькі высокая, што ты хаваешся ў ёй з галавою і, каб убачыць, куды адышлася маці, узнімаешся на дыбачкі, а мяцёлкі слёзак і цімафееўкі, таўкачыкі трыпутніку і шчаўлюку, чырвоныя, вялізныя мячыкі канюшыны, нагрэтыя сонцам, прыемна так казычуць твар, пакідаючы надоўга пах пылку, мёду, зяленіва і цеплыні» — гэта Янка Сіпакоў пра сваё дзяцінства. А ў «Зубрэвіцкай сазе» яго герой, «як нешта зразумеўшы», моўчкі загаварыў з травою.
«Трава таксама ж жывая, і ёй баліць. Колькі пакаленняў травы прайшло паперадзе вось гэтай купінкі! Кожную вясну нараджаліся травінкі, радаваліся свайму з’яўленню, квітнелі, цягнуліся да сонца, а ўвосень ціха, хоць і не заўсёды паслухмяна, паміралі — часам і з-пад сумётаў на маразы і завеі настойліва, як і цяпер вось, вытыркаліся зялёныя каснічкі».
Мора, якое заўсёды з сабою
Сіпакоў часта распавядаў гісторыю, як мог стаць мараком. Падчас вайны ён страціў бацькоў, іх пакаралі за сувязь з партызанамі. Яго з дзвюма ягонымі сёстрамі выхоўвала цётка Аляксандра Іванаўна, бацькава сястра. І вось пасля вайны прыйшла разнарадка на Аршанскі раён: дзяцей, круглых сірот, адправіць у нахімаўскую вучэльню. Выбралі Івана Сіпакова. Жылі бедна — цётка «ніколі не выбіралася з нядоімак, заўсёды была нешта вінавата дзяржаве: ці то воўну, ці то яйкі, ці то мяса. Мне нават самому давялося ссякаць свой сад — слівы, вішні і яблыні, — бо на той час кожнае дрэва было абкладзена такім падаткам, выплаціць які мы, канечне ж, не маглі… Але ж цёця мяне не аддала: «Ай, няхай будзе са мною».
«Нязведаная гэта штука — чалавечы лёс! А каб не пашкадавала, каб аддала? Можа, з мяне атрымаўся б нядрэнны марскі афіцэр і ў свой час я меў бы ўжо асабісты караблік і, як жартую сёння, кіраваў бы ім: «Лева руля! Права руля! Так трымаць!» Пра гэта думалася ва Уладзівастоку, на Ціхаакіянскім флоце, дзе я, лейтэнант запасу, праходзіў перападрыхтоўку і дзе мне было вельмі цікава пазнаёміцца амаль з усімі ваеннымі караблямі. Ды і марская форма, кажуць, мне была да твару…»
На пытанне пра інтэлігентнасць Сіпакоў адказаў, што гэта павінен быць нармальны, штодзённы і штохвілінны стан кожнага чалавека: далікатнасць, уважлівасць, прыстойнасць.
Што ж, ён быў інтэлігентным чалавекам, які звяртаўся да нас усіх:
«Спыніся хоць калі-небудзь, чалавеча. Азірніся на прыгажосць усяго, што каля цябе, над табою, пад табою. Пастой. Паглядзі, падумай.
Ты думаеш, што жыццё там,
куды ты бяжыш?
Не! Яно толькі з табой —
у тваіх думках і ў тваіх вачах.
Так што глядзі і думай,
пакуль жывеш.
Не спяшаючыся».
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ