10 знакавых мясцін Івана Мележа

Нават падчас круізу вакол Еўропы пісьменнік мроіў палескімі балотамі

«Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.»

Пазналі першы абзац самага, мабыць, вядомага твора беларускай літаратуры? Нават калі забыліся — можна здагадацца: «Людзі на балоце». Першы раман «Палескай хронікі» народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. «Людзі на балоце» — вобраз настолькі пазнавальны, што яго ведаюць нават далёкія ад беларускай літаратуры. Цяжка даць веры, што калі Мележ прынёс рукапіс у рэдакцыю часопіса «Полымя», у яго было пятнаццаць варыянтаў загалоўкаў. Вылучаў два: адзін нам знаёмы, а другі — «Туманы над багнай». Уявіце, каб Мележ спыніўся на гэтай назве, чаго мы пазбавіліся б!..

Ме­ма­ры­яль­ная дош­ка на до­ме па вуліцы Ян­кi Ку­па­лы ў Мiн­ску.

Ме­ма­ры­яль­ная дош­ка на до­ме па вуліцы Ян­кi Ку­па­лы ў Мiн­ску.

8 лютага Івану Мележу спаўняецца 100 гадоў. На так шмат наканавана яму было жыць і працаваць, памёр у 55. Але паспеў пападарожнічаць, і па створаным уяўленнем свеце, і па рэальным. Нават патрапіў у лік шчасліўчыкаў, якія на самым пачатку «адлігі», 4 ліпеня 1956 года, адправіліся з Ленінграда ў круіз вакол усёй Еўропы на цеплаходзе «Перамога» — менавіта пра той круіз фільм Гайдая «Брыльянтавая рука». Прычым Іван Мележ быў прызначаны старшым беларускай групы. Рым, Парыж, Амстэрдам, Стакгольм, Афіны… Вандроўка мары! Але ў падарожных нататках «Ліпень у дарозе» — абавязковай творчай справаздачы — аўтар, вядома, мусіў пільнавацца ідэалагічнай чысціні, не забываючы адпаведным чынам выказвацца: «Частка галандцаў вымушана гібець да сённяшняга дня на вадзе, у пабудовах, падобных ні то на баржы, ні то на лодкі». Ці не праўда, гучыць, як адсылка да «Людзей на балоце»? А паколькі працу над гэтым раманам Мележ якраз і пачаў, вярнуўшыся з еўрапейскіх прастораў, ці не ўспамінаў, сузіраючы амстэрдамскія каналы ды змаганне тамтэйшых людзей з вадою, роднае Палессе, параўноўваў з галандскімі рэаліямі… Але найбольш сілкавалі ягоныя творы ўсё-ткі іншыя падарожжы. Давайце наведаем разам з класікам дзесяць мясцін, якія пакінулі след у ягоным жыцці і ў ягоных творах.


1. Глінішча. Верталёт на школьным стадыёне

Му­зей Ме­ле­жа ў Глi­нi­шчы.

Му­зей Ме­ле­жа ў Глi­нi­шчы.

«Мяне як пісьменніка больш за ўсё сфарміравала іменна гэтае жыццё: Глінішча, Алексічы, Хойнікі, — вясковае, калгаснае жыццё, камсамольскае жыццё, школьнае жыццё».

Вядома ж, пачаць трэба з Глінішча — роднай вёскі Мележа, той, якую ён назаўсёды ўвекавечыў у «Палескай хроніцы». Гэта там «Людзі заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе…» Ёсць у ваколіцах Глінішча ігруша, пад якою сустракаліся героі рамана Ганна і Васіль. І сёння вам пакажуць возера, у якім хацела ўтапіцца іншая гераіня, Хадоська.

Мележ вельмі любіў бываць у роднай вёсцы. Пасля вайны, падчас якой Глінішча было спаленае, дапамагаў сваякам будавацца. І сам шчыраваў — хоць пасля ранення валодаў добра толькі адной рукой. Дарэчы, як сцвярджае дачка пісьменніка Ларыса Мележ, у сям’і існавала паданне — што род Мележаў паходзіць ад чэшскага збяднелага арыстакрата, які вучыўся з сынам мясцовага памешчыка ў Пражскім універсітэце, прыехаў з ім на Беларусь у якасці рэпетытара, закахаўся ў мясцовую дзяўчыну дый застаўся тут. Прынамсі, бацька Івана Мележа быў чалавек адукаваны і начытаны, сына настройваў, што трэба паступаць ва ўніверсітэт. Іван Мележ не аднойчы ўспамінаў пра воз кніг, які яму ў дзяцінстве прывёз у падарунак бацька.

Iван Ме­леж каля шко­лы ў Хой­нi­ках, дзе ён ву­чыў­ся.

Iван Ме­леж каля шко­лы ў Хой­нi­ках, дзе ён ву­чыў­ся.

Апошні раз Іван Мележ пабачыўся з землякамі незадоўга да сваёй смерці, у маі 1976 года. Ён быў ужо вельмі хворы. І Пётр Машэраў, які тады стаяў на чале рэспубліканскай кампартыі, вырашыў зрабіць падарунак пісьменніку, якога вельмі паважаў. Папрасіў паказаць на карце, дзе ж тое Глінішча… І даў свой верталёт, каб адвезці Івана Мележа з групай іншых пісьменнікаў туды. Верталёт прызямліўся проста на школьным стадыёне. Вядома ж, людзі збегліся з усяго наваколля.

2. Каранёўка. Млын і дзед Васіль

Яшчэ адна дарагая Мележу мясціна — радзіма ягонай маці, вёска Каранёўка. Паэт Мікола Мятліцкі піша: «Я бываў не раз у Каранёўцы, той вёсачцы за Глінішчам, якая і стала ў Мележа Куранямі, і бачыў на свае вочы: як геаграфічна дакладна ўвайшла яна ў «Палескую хроніку». Там ёсць і тая ж дарога на сенажаць, і тыя ж грушы на былых загуменнях, і тое ж поле каля цагельні. Дый тое ж не меней гразкае ў разводдзе і дажджы ўзбалоцце, дзе куранёўцы будавалі грэблю ў бок Алешнікаў — Алексіч. Дый прозвішчы ў Каранёўцы тыя ж, раманныя — Глушакі, Зайчыкі, Дзятлы»…

Сваячка Мележа Тамара Аляхновіч успамінала: «Ваня з дзяцінства быў дапытлівы хлопчык. За нашай вёскай знаходзіўся ветраны млын, які вабіў яго надзвычай цікавымі крыламі. У тры гады ён часта хадзіў туды адзін, каб яшчэ і яшчэ раз палюбавацца гэтым цудам. А аднойчы… пайшоў да нашага дзеда Дзяніса ў Каранёўку праз лес за пяць кіламетраў. Дзядулю Ваня вельмі любіў за тое, што ён быў добрым чалавекам, незвычайным майстрам-казачнікам, іграў на скрыпцы».

Дарэчы, згаданы млын і належаў дзядулю Васілю. Ларыса Мележ успамінае расповед бацькі, як раскулачвалі дзеда. Дом забралі напачатку зімы, сям’ю выселілі ў маленькі халодны хлеў. А што запомнілася — невядома навошта вынеслі ў сад добры дубовы стол і пасеклі сякерай.

Дарэчы, аднойчы маленькі Іван схітрыўся ўхапіцца за крыло ветрака і падняўся даволі высока… А калі ўпаў, доўга не мог аддыхацца.

3. Алексічы. Міканорава грэбля

Iван Ме­леж з баць­кам у Глi­нi­шчы.

Iван Ме­леж з баць­кам у Глi­нi­шчы.

Яшчэ адна вёска, апісаная ў «Палескай хроніцы», — Алексічы. Аўтар толькі трохі змяніў назву — на Алешнікі. Менавіта тут тры гады, з пятага па сёмы клас, давялося вучыцца ў школе і кожны дзень адмяраць доўгую дарогу. «Мераў кожны дзень — і ў студзеньскі сівер, і ў красавіцкае разводдзе, калі, дабраўшыся да ганка школы, чуў, як вада хлюпае ў лапцях, абцінае горача анучы. Цяпер сам здзіўляюся той — ад бацькоў і дзядоў, пэўне, — цярплівасці, з якой тады браў усе нягоды: не толькі не наракаў калі-небудзь, але нібы і не заўважаў іх. Маці потым, помню, дзівілася, са спачуваннем і задавальненнем: кожны дзень, ва ўсякае надвор’е, мокры, скалелы, у школу, са школы!»

У жніўні 1942 года Алексічы былі спаленыя гітлераўцамі. «Глінішча немцы спалілі як бы гуляючы, а к Алексічам і Каранёўцы прыкацілі — годам раней — з вялікаю сілаю, з гарматамі і кулямётамі, з падраздзяленнямі аўтаматчыкаў-людаедаў, — помсцячы за дружбу людзей з партызанамі, акружылі вёскі, пратупацелі шалёнай гайнёю з агнём, з выбухамі гранат, з аўтаматнымі чэргамі па дварах, па хатах, па полі — не абмінулі ні старых, ні груднога дзіцяці. Доўга-доўга звозілі людзі з навакольных вёсак трупы, збіралі абгаркі касцей у попеле пажарышчаў…» — піша Мележ.

Свайму сябру Янку Казеку Мележ паказаў апісаную ў рамане «Міканораву грэблю», пракладзеную праз балота паміж Каранёўкай і Алексічамі. Вазіў Мележ сюды і Міколу Аўрамчыка: «Звычайна, калі мы з Іванам прыязджалі ў гэтыя мясціны, ён ні разу не вёз мяне праз Алексічы. Абмінаў іх па дарозе ўзбалоткам, як калісьці Васіль, вяртаючыся з Юравіч з-пад арышту. Відаць, не хацеў вярэдзіць успамінамі шматлікія даўнія раны».

А яшчэ кажуць, што вобраз Ганны Чарнушкі спалучыў у сабе рысы двух рэальных прататыпаў. Гэта цётка празаіка, сястра ягонай маці з Каранёўкі, а яшчэ — аднакласніца Мележа ў Алексічах Алеся Бондар, якая пасля сямігодкі скончыла педтэхнікум і стала настаўніцай. Кажуць, што Іван вельмі сябраваў з Алесяй, было першае каханне, але разлучыла вайна.

Мележ збіраўся напісаць пра перажытае жыхарамі Алексіч, але не паспеў.

4. Хойнікі. Ноч у чарзе па цукар

Наведаем яшчэ адну мясціну — Хойнікі, дзе зараз стаіць скульптурная група герояў «Палескай хронікі». Тут Іван Мележ заканчваў школу. Менавіта падчас навучання ў Хойніках пачаў друкаваць вершы ў раённай газеце «Ленінскі сцяг».

Пом­нiк ге­ро­ям Ме­ле­жа ў Хой­нi­ках

Пом­нiк ге­ро­ям Ме­ле­жа ў Хой­нi­ках

Але час той быў нярадасны. Жонка Мележа, Лідзія Якаўлеўна, піша: «З сумам успамінаў гады вучобы ў Хойніках. У дзённіку за 30 кастрычніка запісана: «Жыццё… Успамінаю 1935-ы год, калі я ўсю ноч цалкам стаяў у кутняй краме на Савецкай, каб, атрымаўшы кілаграм цукру, спяшацца ў школу. Паўпрытомны стан ад недаядання, калі вочы пераставалі бачыць. Халодны ложак ля замерзлага акна, нацягнутае з галавой паліто». Расказваў, што жыў на кватэры ў далёкіх сваякоў, спаў на цвёрдай лаве ці ў кухні, ці ў калідоры пад халодным акном, зарабляў грошы тым, што дапамагаў сыну настаўніка выконваць хатнія ўрокі, быў рэпетытарам, як зараз гавораць. І гэта ў 14-15 год. Шчаслівы быў прыйсці за 15 кіламетраў дахаты на выходны ці ў канікулы, адпачыць, сагрэцца, паесці».

5. Туркі. Закапаныя рукапісы

Наступная мясціна, якую мы наведаем, — маленькі гарадок у Закарпацці. Менавіта тут апынуўся намеснік палітрука, баец 298-га горнаартылерыйскага палка 192-й горнастралковай дывізіі Паўднёва-Заходняга фронту Іван Мележ у 1941 годзе. Прызвалі яшчэ студэнтам першага курса ўніверсітэта. Давялося ўжо вызваляць Паўночную Букавіну.

Іван Мележ, хоць гэта было забаронена, вёў дзённік. Раніцай 22 чэрвеня 1941 года запісвае: «У 7 гадзін лагер паднялі па трывозе… У канюшні раздавалі процівагазы, патроны. З парку гарматы спешна перацягнулі да ракі… Каля 9 гадзін. Над канюшняй праляцеў нямецкі бамбардзіроўшчык, абстраляў нас. А мы, стоўпіўшыся, глядзелі на яго і не верылі. Над паркам ён развярнуўся і кінуў бомбы, пасля бамбіў горад…»

Вось тады Іван Мележ, як сцвярджае паэт Мікола Мятліцкі, закопвае ў падлеску каля граніцы скрутак з даваенным сваім скарбам — запіснымі кніжкамі, канспектамі, вершамі ў спадзяванні, што адступленне будзе нядоўгім, што ён неўзабаве вернецца назад. «Тое надарыцца толькі праз пятнаццаць расстайных год. Але ўжо гаёк не ацалее, памянёны скарб застанецца не адшуканым».

Дарэчы, усю вайну Мележ працягне весці дзённік, старонкі якога сёння можна прачытаць.

6. Растоў. Адратаваная рука

20 чэрвеня 1942 года пад Растовам будучаму класіку асколак авіябомбы раздрабіў правае плячо. 3 ліпеня, ужо ў шпіталі ў Есентуках, Мележ запіша: «Я ранены. Ранены цяжка, у плячо. Далёка ад фронту. Тады, калі, здавалася, быў зусім у бяспецы. Я ледзь не загінуў. У апошні момант я павярнуўся, і гэта мяне выратавала».

5 ліпеня занатоўвае падрабязнасці: «У Растове мне зрабілі аперацыю. Рабіў яе галоўны ўрач шпіталя Антонаў. Спачатку мне збіраліся ампутаваць руку, і я згадзіўся. У мяне было зусім разбіта плячо, і баяліся гангрэны. Але Антонаў забараніў рабіць ампутацыю. Ён сказаў, што рука спатрэбіцца, малады хлопец. Ён сам наглядаў за мной і сам зрабіў аперацыю».

Рука трымалася на сухажыллях, з дапамогай марлевай павязкі. Ды яшчэ кантузія з наступным зніжэннем слыху і зроку…

У шпіталі ў Растове Мележу трапіўся ў рукі нумар часопіса «Новый мир», з заключнай часткай «Ціхага Дона». Гэты раман будзе ездзіць з ім у валізцы вельмі доўга. Раненне пад Растовам змяніла ўсё жыццё… Менавіта ў шпіталях Мележ пачаў пісаць апавяданні — левай рукой. «24 жніўня. …пішу. Апавяданне! Проста гару ад хвалявання. Нават руку тузае боль. Але я спыняюся толькі на хвіліну. І далей. Здаецца, будзе штосьці вельмі добрае! Ва ўсякім разе я гару, як у полымі.

Як у ліхаманцы, галава, сэрца, увесь!

Што ж выйдзе з гэтага?»

І яшчэ адзін пазнейшы запіс: «І так, хвала Богу, што жыву. Мае равеснікі ў зямлі даўно. Тыя, з кім я першыя дні вайны сустрэў… Мог і я даўно ў зямлі быць. Станіна мяне выратавала. Не захіснуўся б за яе — усё, не было б такога пісьменніка — Івана Мележа. Ды і доктару дзякуй, што руку правую не адняў. Колькі рука тая пяром павадзіла, колькі напісала! А ў дактароў ва ўсіх перакананне было — адняць руку трэба. І толькі адзін доктар не згадзіўся з усімі, не даў адняць руку. І ён перамог. Другі раз я і пра літаратараў так думаю: трэба камусьці не згаджацца з усімі, ісці насуперак. І здараецца, той якраз і перамагае, хто ідзе не так, як усе…»

7. Бугуруслан. Прыгажуня Лідзія і празаічны дэбют

Пасля шпіталяў Мележ, прызнаны нягодным да фронту, патрапіў у Бугуруслан, там было адкрыта Цэнтральнае даведачнае бюро па эвакуіраваных.

Уражанне ад Бугуруслана ўраджэнца палескага Глінішча ад 16 кастрычніка 1942 года:

«Першае жаданне хутчэй павярнуць назад, пакуль не адышоў цягнік. Ухапіцца на хаду за поручні і імчаць куды заўгодна, абы не заставацца тут. Стоячы ў дворыку станцыі, аглядаюся. На шэрым схіле гары — наводдаль — маленькія дамкі, таксама шэрыя, непаглядныя»

Не з’ехаў. Тут чакаў лёс.

Мележ патрапіў на кватэру да сям’і няпростай — да сям’і патомных інтэлігентаў. Дачка гаспадыні, дзевятнаццацігадовая Лідзія Пятрова, заўважыла і незвычайнасць кватаранта…

Мне пашчасціла ў свой час сустрэцца з Лідзіяй Якаўлеўнай. Вядома, першае пытанне было пра знаёмства з Мележам і першае ўражанне…

— Звычайны хлапец, — задумалася Лідзія Якаўлеўна, — з рукой на марлевай павязцы, у салдацкай гімнасцёрцы і шырокіх матроскіх штанах. У яго рэчмяшку было толькі тры тамы «Ціхага Дона». Заўважала толькі, што кватарант увесь час нешта пісаў у нататніку і на планшэце з картай сцяжкамі адзначаў перамяшчэнні войскаў пасля кожнага паведамлення па радыё «У апошнюю гадзіну».

Кватарант таксама зрабіў высновы: «Лідзія — дзяўчына асаблівая! Трэба да яе ўважліва прыгледзецца!»

Мележу быў 21 год. На той час некалькі вершаў на рускай мове надрукаваў у «Бугурусланской правде», але Лідзіі, добра начытанай, з высокімі патрабаваннямі, яны не спадабаліся, пра што і сказала. Мележ пасля напіша пра адну з гераінь, у якой вывеў жонку: «Яна заўсёды была шчырай, рэзкай, прамой, усё цяжкое выварочвала, змушала прама глядзець. З ёй было жудасна, балюча і разам з тым радасна. Гледзячы на яе, ён захапляўся: вось такім і яму трэба быць…»

Лідзія Якаўлеўна каментавала так: «Чэхаўская «Душачка» з мяне не атрымалася, але каханне дапамагала пераадольваць жыццёвыя цяжкасці на працягу ўсіх 33 гадоў сумеснага жыцця».

Яны распісалася там жа, у Бугуруслане, нікому не сказаўшы. Ніякага вяселля не было. Блукалі па горадзе, стаялі на мосце цераз раку Кінель, сядзелі на беразе і глядзелі, як плывуць ільдзіны.

Былі вельмі шчаслівыя.

Першая празаічная публікацыя Івана Мележа таксама адбылася ў «Бугурусланской правде» — гэта было апавяданне «Апошняя аперацыя».

8. Сходня. Бульба ў мундзіры, немаўля і навука

Калі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт аднавіў работу на станцыі Сходня пад Масквой, Мележ вырашыў — абавязкова мусіць ехаць, давучвацца! Хоць у Бугуруслане прыстроіўся ў эвакуіраваны туды Малдаўскі педінстытут. Лідзія была хворая і цяжарная… Але туга па радзіме, па родным слове была неадольная, Мележ прыехаў у Сходню і быў залічаны адразу на трэці курс, да таго ж пачаў выкладаць ваенную падрыхтоўку. Калі прыехаў на зімовыя вакацыі ў Бугуруслан, дачцэ Людміле быў месяц.

Маладыя вырашылі, што мусяць уз’яднацца… Сабралі грошай… І Лідзія з маленькай дачкой, у лютым, адправілася ў Падмаскоўе. Дарога была жахлівая, да таго ж згубіўся багаж. Пасяліліся, у чым былі, на нечым лецішчы, дзе кватараваў Мележ. «У нашым прахадным пакоі ўсе зручнасці былі — студэнцкі ложак і галандская печка, у якой мы гатавалі ежу ў старым, пагнутым салдацкім кацялку. Толькі тады я і бачыла часам Івана Паўлавіча, занятага хатняй працай. Гатаваць ён умеў дзве стравы: кашу і бульбу ў мундзіры».

Затое там, сярод сваіх, Мележ акрыяў, актыўна пісаў, рабіў накіды да будучага рамана. А ў жніўні 1944 года «Сходня» вярнулася эшалонам з Масквы ў Мінск. Начальнікам эшалона быў студэнт 5-га курса Іван Мележ.

9. Місхор. Праца ў «прылазніку»

Першы ж раман — «Мінскі напрамак» — прынёс славу, жыццё стала куды больш дабрабытным. А вось здароўя не мелася… Івану Мележу неаднойчы даводзілася жыць у крымскіх санаторыях, пераважна ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры. Алена Васілевіч успамінае, як у 1974-м разам з іншымі беларускімі пісьменнікамі з Ялцінскага дома творчасці выправіліся ў Місхор да Мележа, дзе ён адпачываў з жонкай.

«Мікола Аўрамчык, па праве блізкага сяброўства, спытаўся ў яго, ці працуе ён тут, ці піша.

— Пішу раман. У «прылазніку»… — Усмешка яшчэ больш выяўляла хваравітасць яго твару.

Ён жыў тады ўжо ў «люксе».

Лаўрэат Ленінскай прэміі. Дэпутат Вярхоўнага Савета. Народны пісьменнік… У яго было ўжо ўсё: поспех, агульнае прызнанне, забяспечанае становішча, слава… Усё было! Не было толькі здароўя.

«Жытло» сапраўды было люксавае.

Гасцёўню абстаўляў адмысловы гарнітур з мяккай зручнай мэблі. Тэлевізар. На ўсю падлогу дыван. І, здаецца, нават хрусталь у серванце… Запрашаючы нас садзіцца, ён гэтак жа насмешліва, як і аб «прылазніку», паскардзіўся:

— А пісьмовага стала няма…

Была ў тым шыкоўным «люксе» яшчэ шыкоўная спальня, а пісьмовага стала не было. Ён павёў, паказаў нам, дзе ён «піша раман». Сапраўды ў «прылазніку». У цесным маленечкім пакойчыку (без акна) перад ванным пакоем стаяў невялічкі столік. Нават не пісьмовы, а занесены сюды, у гэты люкс, з такога незвычайнага выпадку, можа, з каморкі кастэлянкі ці сястры-гаспадыні…»

Дарэчы, менавіта Мележ выканаў заданне Літфонду — знайсці ў Ялце дом, у якім памёр Максім Багдановіч, паглядзець, у якім ён стане, каб пасля ўзбудзіць хадайніцтва аб мемарыяльнай дошцы.

10. Мінск. Шпацыры ў кампаніі зданяў

Першая мінская кватэра Мележа была на вуліцы Клары Цэткін. Потым пераехалі на Беларускую, цяперашнюю Ульянаўскую, у камуналку, дзе суседзямі былі ўдава Кузьмы Чорнага Рэвека Ізраілеўна і яе дачка Ірына. Потым сям’я перабралася на Карла Маркса, 36, затым на Інтэрнацыянальную ў вялікую чатырохпакаёвую кватэру. Апошняя кватэра Мележа — пяціпакаёвая, з асобным кабінетам і асобнай бібліятэкай, у доме па вуліцы Янкі Купалы, 7, насупраць парка Горкага.

Падчас размовы з Лідзіяй Якаўлеўнай я спытала, як Мележ ставіўся да горада — мы ж ведаем яго як песняра вёскі… Лідзія Якаўлеўна адказала, што ён любіў хадзіць па горадзе, заўсёды заўважаў прыгожыя будынкі, архітэктурныя дэталі, звяртаў на іх увагу спадарожнікаў.

А вось што расказваў Сяргей Грахоўскі: «Мы часта сустракаліся ў парку імя Горкага. Аднойчы бачу — шнуруе задуменны Мележ па шырокай алеі. Я павітаўся і хацеў прайсці міма, каб не замінаць засяроджанаму чалавеку. А ён запыніў сам. «Чаму вы адны гуляеце, Іван Паўлавіч? У Купалаўскім скверы нашы хлопцы ходзяць». — «А я не адзін, — адказаў Мележ, — вунь са мною колькі людзей, і ўсё землякі — глінішчанскія і юравіцкія, хойніцкія і каранёўскія. Гаворым і спрачаемся, нават сварымся часам». Ён усміхнуўся і хітра падміргнуў. Мне здалося, што сапраўды вакол цэлы натоўп яго герояў».

Што ж, можна ўявіць, што гэтыя героі і да сёння блукаюць па сцежках свайго стваральніка.

Адзін з апошніх запісаў Мележа: «Адламала галіну, на якой поўна зялёных яблык, я як гэтая галіна. Поўна ва мне задум, якія прападуць са мной».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.