Умацаванае, збудаванне
30 лістапада 2017 года ў музеі Максіма Багдановіча адбылося святкаванне 15-годдзя суполкі “Літаратурнае прадмесце”. Вечарына сабрала ўдзельнікаў суполкі розных гадоў – ад вытокаў да сучаснасці, а таксама гасцей, якія прыйшлі павіншаваць творчае аб’яднанне са святам.
Людміла Рублеўская, кіраўніца “Прадмесця”, прапанавала гасцям бенефіс сімулякраў суполкі: Рагнеды Крышталюк і Інькі (Янькі) ‒ ружовы і аранжавы парасоны адпаведна, распачала прэзентацыю імправізаваных індывідуальных дамоў удзельнікаў аб’яднання (малюнкі, фотаздымкі, аб’ёмныя мадэлі, калажы і інш.), з якіх збудавалася “Літаратурнае прадмесце”. Акрамя гэтага госці пазнаёміліся з персанажамі маскараду старога горада. Напрыклад, Аксана Спрынчан стала варажбіткай, Віктар Лупасін зрабіўся вандроўным менестрэлем, а Кацярына Тарасава (бадай, адна з самых маладых удзельніц сучаснага “Літаратурнага прадмесця”) ператварылася ў Барбару з Завішаў.
Вялі літаратурна-музычную праграму Яраш Малішэўскі, Аксана Спрынчан і Альжбэта Малішэўская-Спрынчан.
Выступалі Мікола Кандратаў, Віка Трэнас, Міхаіл Бараноўскі, Кацярына Тарасава, Павел Дарохін, Таццяна Пратасевіч, Антон Саладоўнікаў, Альжбэта Малішэўская-Спрынчан, Георгій Барташ, Вадзім Крук, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Андрэй Мельнікаў, Яраш Малішэўскі, Віктар Лупасін і гурт “Зеленахвостыя”. Акрамя таго, да мікрафона з віншаваннямі выйшлі прадстаўніцы мінскіх бібліятэк, якія ад вытокаў спрыяюць “Літаратурнаму прадмесцю”.
Кожны ўдзельнік святкавання прынёс з сабой не толькі вынікі сваёй супрацы з суполкай у выглядзе твораў, але і ўспаміны аб тым, з чаго пачыналася “Літаратурнае прадмесце” для кожнага, хто прыйшоў сюды. Віка Трэнас, між іншым, палічыла, што “Прадмесце” – палова яе жыцця.
Вечарына адбылася надзвычай цёплай і ўтульнай. Застаецца падзякаваць “прадмесцеўцам” за выступы, за добры настрой, пажадаць пашырэння, развіцця і росквіту на многія гады наперад!
Марына Варабей