Экскурсавод. Апавяданне.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Экскурсавод

апавяданне

Палкаводзец нічога не ведаў пра Паэта.

Не дзіўна — у часе яны амаль не сутыкнуліся. Паэт нарадзіўся ў старажытным радавым маёнтку на «заходніх крэсах» вялікай імперыі тады, калі састарэлы Палкаводзец, амаль аглухлы ад некалькіх кантузій, скручаны раматусам і цяжарам царскіх узнагарод, яшчэ наведваў велікасвецкія балі, але ўжо не для таго, каб танчыць. Палкаводзец уладкоўваўся ў ганаровым фатэлі, паблажліва прымаў ліслівыя кампліменты, якіх усё роўна не чуў, і доўга сядзеў так, сівы, няўклюдны пугач у яркім святле соцень свечак, усё яшчэ пагрозны і магутны… Ён спазнаў шмат славутых, амаль неверагодных перамог, і аднойчы пратрубілі яму залатыя трубы Нікі ў той мясціне, дзе суджана было нарадзіцца Паэту. Палкаводзец заняў пад свой штаб маёнтак недабітых ворагаў — дзеда і бацькі Паэта, і некалькі дзён яго дзябёлыя ад’ютанты забаўляліся стралянінай па залатых галоўках купідонаў на столі…

І гэта мінулася…

Уладары маёнтка вымалілі дараванне ва ўлад, і Паэт нарадзіўся і жыў у радавым гняздзе. Тут спазнаў першае нешчаслівае каханне, адсюль з’ехаў у вялікі свет, які не песціць ні паэтаў, ні палкаводцаў, але толькі — Імя. Паэт любіў сваю зямлю; дзівак — ён ажыўляў яе мову, яе абылганую гісторыю. І калі Айчына паклікала яго — пайшоў за яе ў безнадзейную, загадзя прайграную бойку. І загінуў. І імя яго засталося амаль невядомым.

Прынамсі, для мяне, калі я трапіла ў дом адпачынку, галоўны корпус якога месціўся ў старым маёнтку. Як маладому спецыялісту, на працы мне не маглі прапанаваць нічога больш шыкоўнага. Аднак і гэта было цудоўна — двухпавярховы доўгі будынак з беленымі калонамі хаваўся ў прысадах векавых ліп, пад вокнамі буяў бэз, за рэшткамі каванай агароджы пачынаўся адхон да рэчкі  — некалі яна па выкапаных ірвах мусіла аббягаць маёнтак. Але сядзіба, даўно аддадзеная на літасць усіх, не мае больш патрэбы ў стыхійных вартавых. Сцены пакояў пакрывала невыразная крэйдавая фарба, ляпніну на столі замазалі пабелкай так густа, што замест анёльскіх тварыкаў выяўляліся бясформенныя шэрыя камякі. Нас, новых «адпачываючых», папярэдзілі, што дом — помнік архітэктуры. А таксама, што ў галоўным корпусе працуе музей, прысвечаны асобе Паэта, які калісьці тут нарадзіўся.

Уваход у музей быў з асобнага ганка з калонамі, амаль схаванага ў бэзавых зарасцях. Паўцёмны пакойчык нібы з мінулага стагоддзя… Сціплая арыстакратычная мэбля, карункавыя сурвэткі, клавесін. З пажоўклых фотаздымкаў глядзяць светлыя, строгія твары: жанчыны ў цёмных сукенках з белымі каўнерыкамі і манжэтамі, мужчыны ў паляўнічых капелюшах і ў «канфедэратках»…

Якія тады былі твары!

І паўсюль — партрэты сумнага цемнавокага юнака.

Я здагадалася, што гэта і ёсць Паэт… Раптам падалося, што ён, гаспадар пакоя, вось-вось павінен зайсці сюды…

— Так, ён тут прысутнічае,— прагучаў голас аднекуль з цемры, і я ледзь не падскочыла ад нечаканасці.

Да мяне набліжалася хударлявая дзяўчына ў светлым шалі паўзверх зялёнай доўгай сукенкі — нібыта сама са старога фотаздымка.

— Я часта адчуваю яго прысутнасць тут… Ведаеце, ён любіў сядзець тут, ля акна. Глядзеў на бэз, пісаў лісты да каханай, вершы, прысвечаныя ёй… Вы ж, напэўна, чулі гэтую дзівосную гісторыю?

Я не чула. І ў аповедзе маёй нечаканай экскурсаводкі ажыў малады таленавіты нашчадак збяднелага, няўгоднага ўладам роду, безнадзейна закаханы ў багатую суседку. Мройлівы, хваравіты, але такі прыгожы і адчайна смелы. У яго былі далікатныя тонкія пальцы і лёгкая хада патомнага паляўнічага. Ён любіў кветкі касачы і мог гадзінамі — можа, пад уплывам нямецкіх рамантыкаў? — трымаць у руках сінюю кветку і ўглядацца ў яе…

Дзяўчына цытавала вершы — нязграбныя на сучасны слых, з нейкім ламаным рытмам і доўгімі, як павольны ўзмах антычнага вясла, радкамі.

— Ад яго засталося няшмат твораў. Але гэта быў Паэт.

Апавядальніца запаліла свечку ў маленькім жалезным падсвечніку, паднесла да партрэта, які хаваўся ў самым неасветленым куце. З паўзмроку ясна зірнулі цёмныя вочы… Не, не чорныя — цёмна-цёмна-сінія, як прадонне. Мая Радзіма — неспазнаная, неўсвядомленая — глядзела на мяне, у мяне.

Задаволеная эфектам, дзяўчына загасіла свечку, паставіла падсвечнік на высокі столік з вітой ножкай. Толькі тут я заўважыла, што ў экскурсаводкі моцна скошанае вока. Але гэта нібы і не псавала яе шырокі ў выліцах, мілы тварык.

— Запрашайце ўсіх астатніх у наш музей, калі ласка…

Я хадзіла туды кожны дзень. Дзяўчыну звалі Марына. Яна адна выхоўвала сына, трапіла сюды па размеркаванні з бібліятэчнага факультэта. Але ў бібліятэцы ёй цяпер маглі прапанаваць толькі палову стаўкі, і Марына ўхапілася за ідэю музея. Экспазіцыя ў гэтым пакойчыку створаная яе рукамі, многае адстоена ў жорсткіх «баталіях» з адміністрацыяй… Здавалася, для Марыны Паэт быў жывым, блізкім ёй чалавекам, так многа яна ведала пра яго і пра гісторыю краю, так натхнёна распавядала…

Непагоднымі начамі бэз цяжкімі гронкамі біўся ў шыбы майго часовага пакойчыка, і мроілася, што сам Паэт — там, у цёмнай пене лістоты і кветак, глядзіць на мяне глыбокімі, як прадонні азёр, вачыма.

Перад ад’ездам мы ўсе, «адпачываючыя», зайшлі ў музей да Марыны і напісалі шмат добрых слоў у кнігу водгукаў, і пакінулі для яе сыночка няхітрыя пачастункі — у каго што было.

І ад душы наламалі ў дарогу пышнага бэзу — дагані, суровая адміністрацыя!

І гэта прамінула.

Я доўга і пакутліва адкрывала для сябе сваю Радзіму. Загаварыла на яе мове, даведалася пра яе славутых палкаводцаў і паэтаў, памяць пра якіх згубленая ў цёмных пакоях закінутых маёнткаў і палацаў.

І заўсёды з прыемнасцю ўспамінала дні, праведзеныя ў доме адпачынку, паўцёмны музейны пакой і ўзнёслую дзяўчыну-экскурсаводку.

Лёс даў мне магчымасць зноў паехаць туды. На гэта раз — з сям’ёй. Вядома, у першы ж дзень мы накіраваліся ў музей. Знаёмы голас, дзверы расчынены, і — о цуд! — чуваць голас Марыны:

— Так, ён тут прысутнічае! Я часта адчуваю гэта. Па сведчаннях сучаснікаў, ён любіў сядзець перад гэтым акном, глядзець на бэз, на стройныя ліпавыя прысады — тады яны былі яшчэ зусім маладзенькія… Напэўна, старонні глядач ніколі б не падумаў, што гэты самотны мройнік можа быць мужным ваяром, бездакорным рыцарам свае Айчыны…

Мы ўвайшлі ў пакой. Перад невялікай купкай наведнікаў стаяла Марына. Распаўнелая, але гэткая ж узнёслая, у светлым шалі і цёмнай сукенцы, толькі валасы набылі парфумна-белы колер… Але… Хаця і мэбля, і клавесін, і сурвэткі засталіся на ранейшых месцах, усё не спазнавальна змянілася. На стэндах жаўцелі фатаграфіі з выявамі шыракатварых мужчын у гусарскай форме, у рамках пазалочанага багету красаваўся яркі батальны жывапіс, а з партрэтаў паглядаў не цемнавокі Паэт, а таўсматы сівы стары ў напудраным парыку і мундзіры, спрэс увешаны ордэнамі. І сталёвы пагляд з-пад кусцістых броваў…

— Што гэта?!

Марына пачула, перарвала натхнёны аповед і — зразумела, яна мяне не пазнала — адказала з лёгкім дакорам:

— Тут — музей Палкаводца. Вы, напэўна ж, чулі, што гэты вялікі чалавек нейкі час тут жыў?

— А як жа Паэт?

Марына спакойна патлумачыла:

— Некаторыя звесткі пра яго ёсць у мясцовым края­знаўчым музеі, у райцэнтры. На жаль, памяшканне не дазваляе нам пашырыць экспазіцыю.

Я паназірала за ёй — яна не прыкідвалася. Яна сапраўды была ўзнёслая і натхнёная. І ёй сапраўды было ўсё адно, ці захапляцца мясцовым Паэтам-інсургентам, ці Палкаводцам — утаймавальнікам паўстання. Вядома, другі пераўзыходзіў славаю першага…

У куце сядзеў светлавалосы падлетак і меланхалічна грыз чырвоны яблык. У хлопца былі гэткія ж блізка пасаджаныя вочы і шырокія выліцы, як у Марыны.

Нечакана падумалася, што, можа быць, Радзіма мая глядзіць на мяне не праз цёмныя вочы памерлага Паэта, а вось цяпер, праз шэрыя, блізка пасаджаныя вочы сына эксурсаводкі?

Мы больш не наведвалі музей. За вокнамі нашага пакоя, як і калісьці, віраваў бэзавы туман, цяжкія гронкі стукаліся ў вокны, асыпалі на падваконне духмяную расу, і можна было навыбіраць з іх на ўдачу колькі заўгодна пяціпялёсткавых кветачак…

І, зірнуўшы раптам у начную бездань лістоты, сустрэць нечы цёмны пагляд…

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.