Дзеці Гамункулуса. Аповесць.

Людміла Рублеўская

Прысвячаецца К.Г.Юнгу

ДЗЕЦІ ГАМУНКУЛУСА

Містычны дэтэктыў

Ад аўтара. Першая мая спроба аповесці, зробленая ў 2000-м годзе.

“ Гамункулус. — Ва ўяўленні непісьменных сярэднявечных алхімікаў — чалавекападобная істота, створаная штучна ў колбе. На самой справе ў колбе штучную істоту стварыць нельга. Гамункулусаў сінтэзуюць у спецыяльных аўтаклавах і выкарыстоўваюць для біямеханічнага мадэліравання.”
Браты Стругацкія.

ПРАЛОГ

Гамункулус пагойдваўся ўнутры шкляной сферы, напоўненай празрыстай зялёнай вадкасцю. Ён быў падобны да перакормленага апалоніка з ненатуральна вялікімі вачыма. Час ад часу з яго пульхных вуснаў адрывалася срэбная бурбалка і далучалася да іншых, што перлінкамі пакалыхваліся вакол.
Пан Твардоўскі раздражнёна патрос у руках сферу, і бурбалкі ўзвіліся завірухай. Але гамункулус ніяк не адрэагаваў. Дарэмна створаны кавалак штучнай плоці… Хіба варта было дзеля яго стварэння сядзець год у гэтым забытым Богам мястэчку, замкнуўшыся ад зваб свецкага жыцця ў прапахлым цвілой паперай і паленымі зёлкамі кабінеце! Не такі ён малады, каб ахвяраваць сваім часам. О, маладосць! Як добра, калі жаночы пагляд вабіць больш, чым усе прывілеі і вучоныя званні. І напляваць, што жывеш у краіне, якой кіруе слабы на галаву кароль і шалёная каралева-маці.
Ды няхай перагрызуцца яны над косткамі атручанай на прыступках трону прыгажуні, галоўнае — вярнуцца б гадоў на трыццаць назад… А цяпер нават у гэтай глухамані не ўцячэш ад рэха палацавых інтрыгаў. У шлях, зноў — у шлях, як Вечны Жыд! Няма часу на дапрацоўку, пераасэнсаванне і перажыванне.
Пан Твардоўскі адкаркаваў сферу з гамункулусам і падышоў да каміну. Але толькі сабраўся ён выплюхнуць змесціва сферы на гарачае вуголле, пранізлівы жывёльны крык, змяшаны з булькатаннем, ледзь не прымусіў славутага некраманта выпусціць каштоўную пасудзіну на каменную падлогу. Гамункулус усхвалявана хапаў ротам зялёную вадкасць, вочы яго, здаецца, яшчэ пабольшалі. Пан Твардоўскі здзіўлёна разглядаў плён свайго, здавалася б, няўдалага, вопыту.
–Вось як, жэўжык, ты, аказваецца, не зусім бязмозглае стварэнне. Што ж мне з табой рабіць? Чакаць тут, пакуль паразумнееш, я не магу. Узяць з сабой — клопату не абярэшся. Давядзецца табе, дружа, пазнаёміцца з якім-небудзь мясцовым калодзежам. Большага, выбачай, не магу для цябе зрабіць. Выжывеш — тваё шчасце.
Гамункулус павольна пагойдваўся ў зялёнай вадкасці, з яго тоўстых вуснаў зрываліся бурбалкі…

1
Пасля інстытута мяне “размеркавалі” на завод, які чамусьці называўся “скрынкай”. Чым займаліся на згаданай “скрынцы”, я, аднак, не скажу, бо раптам тэрмін захавання гэтай дзяржаўнай таямніцы яшчэ не скончыўся? Дэталі, з якіх на “скрынцы” рабілася “нешта”, стратэгічна важнае, з заводаў-”пабрацімаў” у розных кутках савецкай імперыі мусілі ўласнаручна вазіць так званыя “забеспячэнцы”. Такім чынам “скрынка” эканоміла грошы на перасылцы.
Штату аддзела забеспячэння не хапала, і на кожны аддзел “скрынкі” час ад часу прыходзіла разнарадка: паслаць свайго супрацоўніка ў камандзіроўку. Маршруты былі самымі рознымі: на поўдзень і поўнач, у вялікія гарады і маленькія, нікому не вядомыя. Што пасыльны мусіў прывезці, ён ніколі не ведаў: часам гэта быў маленькі пакунак, часам — некалькі вялікіх.
Прыходзіла “разнарадка” і на наша бюро. Мы займаліся аздабленнем працоўнага побыту — як маглі, прыўкрашалі інтэр’еры змрочных, як той свет, цэхаў “суперграфікай” — авангардысцкімі роспісамі, прыдумлялі ўзоры мазаічнай абліцоўкі “курылак” і прыбіральняў на аснове прац Малевіча і Кандзінскага ( баюся, што пра вытокі нашага натхнення дасюль ніхто не здагадаўся ). Рабілі эскізы мэблі, акварыумаў, фортачак і трансфарматарных будак… Бюро ў складзе трох канструктараў, трох архітэктараў і трох мастакоў трактавалася начальствам “скрынкі” як кампанія нахлебнікаў. Праўда, затое ў мінідзяржаве “скрынкі” мы лічылі сябе элітай і захоўвалі атмасферу перманентнага франдзёрства. Таму нашых супрацоўнікаў не шкадавалі адсылаць часта і надоўга.
Я зайздросціла “рэкрутам” службы забеспячэння. Вандроўкі ў невядомасць заўсёды неадольна прыцягальныя для маладых. Калегі вярталіся з далёкіх краёў стомленыя ад уражаняў. Расказвалі мала, так, каб нерасказанае вырастала да неверагодных спакусаў.
Нарэшце чарга дайшла і да мяне.
— Ну, Віка, адпраўляйся на “баявое хрышчэнне”,– падбадзёрыў мяне мой непасрэдны начальнік. — Глядзі, не закахайся ў каго па дарозе.
Яшчэ чаго!
Калегі давалі парады – што ўзяць з сабой, што цікавага можна будзе купіць там, куды я еду. Адзін толькі руды Жэнька, спецыяліст па напісанні лозунгаў, перастрэў мяне ў калідоры з нечаканай размовай:
— Адмовілася б ты лепш ад тае камандзіроўкі…
Аж рабацінкі на ягоным носе ад хвалявання пабялелі.
Пакуль я раздумвала, абурыцца ці рассмяяцца, Жэнька змрочна патлумачыў:
— Ты малая, не ведаеш… Да цябе на тваёй пасадзе працавала дзяўчына адна, Лера Засуліч. Мы з ёй аднакурснікі… Таксама ў камандзіроўку адправілі ў той горад. Як паехала – і з канцамі.
— Што значыць—«з канцамі»?
Жэнька паціснуў плячыма.
— Знікла.
Я паблажліва зірнула на майстра па святочных транспарантах. Гісторыю пра няўдалае каханне Жэнькі я пачула яшчэ ў першы тыдзень працы. Аднак нагадваць, што бедная Маша не проста знікла ў далёкім прыморскім мястэчку, а выйшла замуж за тамтэйшага, было занадта жорстка. Жэнька, відаць, зразумеў мае сумнівы і загаварыў спяшаючыся, таму непераканаўча.
— Ды мне тлумачылі, што яна нібыта закахалася, таму сюды не вярнулася…Лісты паказвалі… Яна яшчэ прасіла ў адным з лістоў даслаць ёй усе яе працы, што ў інтэрнаце захоўваліся – якая графіка была! І вось тры гады – ані згадкі пра Лерачку. Не веру, што яна нават прывітанне мне ні разу не перадала! Яна на цябе падобная была… Толькі з доўгімі светлымі косамі… Не едзь!
Буду я слухаць няўдачнікаў, якія няздольныя паверыць у сваё фіяска…

Білеты да горада, куды я накіроўвалася, прадаваліся чамусьці толькі ў чыгуначных касах для вайскоўцаў. Ехаць выпадала ўсю ноч у агульным вагоне, на драўляных лаўках. Але адна акалічнасць пераважвала ўсё — той горад знаходзіўся на самым беразе Мора! Нябачанага мною, але ўяўленага ва ўсёй рамантычнай магутнасці.
У вагоне над маім паліто сілуэту “трапецыя”, акуратна складзеным на краі драўлянай лаўкі, нейкая кабета павесіла торбу, з якой пачала капаць вадкасць, падобная на сапсаваны алей. І нараніцу правае крысо маёй “трапецыі” прыкрашала цёмная смярдзючая пляма. (Якая, дарэчы, так нічым пасля і не адмылася.)
Мястэчка падалося шэрым, няўтульным, зусім не падобным да тых гарадоў, што ведала я. Наколькі можна было разгледзець праз шчыльны туман, які хаваў далёкія краявіды, тут былі спрэс невысокія камяніцы з вузкімі падслепаватымі вокнамі і цёмнымі ад часу чарапічнымі дахамі. Але вуліцы такія вузкія, а дамы стаяць так шчыльна, што калі ідзеш між імі, яны здаюцца хмарачосамі, захіляюць амаль усё неба. І здаецца, што праз кожнае вакно ў цябе нехта ўзіраецца, можа быць, сам горад… На цэнтральнай плошчы красаваўся ўзор “аб’ёмнай рэкламы”, сімвал “заходняга ўплыву” — велізарны чаравік з указальнікам на абутковую краму. І галоўнае, што ўразіла адразу пасля таго, як выйшла з цягніка — пах мора. Не, я не ведала дакладна, як пахне мора. Але гэты цяжкі, ёдысты пах бясспрэчна нагадваў пра салёныя хвалі і свежую рыбу.

2

Патрэбны мне завод знаходзіўся на ўскраіне мястэчка, там, дзе вакол рэспектабельнай шматвяковай забудовы ляпіліся пачварныя наросты пяціпавярховых “хрушчовак”. Азызлая бледнатварая кабета ў прыёмнай дырэктара ўзяла заклеены канверт, які мне было даручана перадаць ад “скрынкі”, слізнула па мне вірлавокімі вачыма і правяла за начальніцкія дзверы.
Дырэктар узвышаўся над сталом чорнай камлыгай. Яго твар быў бледны і азызлы, як і ў сакратаркі, нават здавалася, з зялёным адценнем.
— Са “скрынкі” нумар ікс-ігрэк, значыцца? — голас дырэктара гучаў нізка і гугнява.–Добра, добра, даўно чакалі адтуль чалавека. Усё думалі, каго ж прышлюць. Ну вось, прыемна бачыць такога маладога сімпатычнага забеспячэнца….
— Я, уласна кажучы, не забеспячэнец… Я мастачка. Дызайнер па інтэр’ерах.
— Выдатна! Выдатна! Творчы чалавек, энергічны, светлая галава… Такія нам трэба. Га-га-га…— дырэктар засмяяўся, быццам жаба заквакала .– Але, даражэнькая госця, ваш заказ мы павінны яшчэ падрыхтаваць. Сабраць, так бы мовіць, усе камплектуючыя. Колькі часу гэта зойме, Ала Леанідаўна?
— Мінімум двое сутак, таварыш Рымант,– азвалася сакратарка.
— Ну вось, чуеце? Так што не спяшайцеся, юная госця, паглядзіце на наш цудоўны горад. Ён невялікі, затое амаль усе адзін аднаго ведаем, жывем, як дружная сям’я. Вось пабачыце. Думаю, сумна вам не будзе. А заўтра, у гэты ж час, сходзіце на склад, можа быць, усё будзе гатова.
Не сказаць, каб мяне моцна ўзрадвала перспектыва затрымацца ў гэтым шэрым слотным мястэчку, аднак жа сапраўды — чаму б не паглядзець на незнаёмыя краявіды. А галоўнае…
— У якім баку тут мора? Як да яго дайсці?
Дырэктар нібы падавіўся маім бяскрыўдным пытаннем і прыглушана адказаў:
— Мора? Да мора ехаць трэба. Але не такім жа надвор’ем.
— Ідзі, ідзі адсюль, — засычэла мне ў спіну сакратарка. — Таварыш Рымант вельмі заняты.

3

Гатэль знаходзіўся побач з заводам, у сумным шэрагу пяціпавярховых “хрушчовак”, і нічым сярод іх не вылучаўся, толькі вялізнымі літарамі назвы на фасадзе: “Салдуве”. Я ўжо ведала ад дырэктаравай вірлавокай сакратаркі, што гэта перакладаецца “салдаты” і мае ідэалагічна вытрыманы сэнс: менавіта пад гэтым мястэчкам у час апошняй вайны злучыліся ці то тры дывізіі, ці то тры франты, і такім чынам месца сталася сімвалам вайсковага братэрства. А вось і помнік, які таксама ўвасабляе згаданае братэрства. Насупраць гатэлю, на пустцы, тры манументальныя фігуры злучылі ўзнятыя ўгару вінтоўкі са штыкамі, якія нібыта ўтваралі пагрозны трызубец. Вось яны, “салдуве”… Ці то салдаты.
Але чым бліжэй я падыходзіла да манумента, тым больш мяне бралі сумнівы. Нейкія нестандартныя каскі ў гэтых “салдуве”, з брылямі, быццам рыбацкія башлыкі. І боты з халявамі вышэй каленяў. А адзін з гранітных герояў нават меў бараду…
Не, гэта ніяк не маглі быць салдаты. Тут, каля мора, мусілі стаяць рыбары. Тры рыбары. Прычым пад нагой аднаго з іх аўтар помніка намеціў рысы пераможанай марской пачвары. Груба высечаная з камня істота курчылася пад рыбацкім ботам, хапала паветра грыбастым ротам, бессэнсоўна вылупіўшы вочы…
Трэба будзе распытаць тубыльцаў пра гэты помнік.

Млявая адміністратарка няспешна запаўняла картку. Ну што яны ўсе ў гэтым горадзе такія млявыя, такія бледныя! Відаць, нездаровае паветра… Мне захацелася хоць трохі змусіць гэтую кабету з фарбаванымі хной валасамі, зачасанымі ў паважную піраміду, выявіць цікавасць да маёй персоны – бо яе нібы выцвілыя вочы глядзелі праз мяне, як праз фіранку.
— А з нашага горада да вас прыязджаюць госці?
Адміністратарка раўнадушна адказала:
— Прыязджаюць. Чаму ж не…
І зноў запанавала маўчанне. Сама па сабе прыйшла думка, як падоўжыць размову.
— А не памятаеце, дзяўчына, на мяне падобная, толькі са светлымі косамі, Валерыя Засуліч, спынялася ў вашым гатэлі?
Адміністратарка працягвала запаўняць фармуляр буйным роўным почыркам.
— Можа, і спынялася… З белымі косамі…Прыгожая… Сукенка са сланечнікамі… Толькі даўно гэта было.
Словы гучалі, як сказаныя аўтаматам. Але я зразумела, што мая суразмоўніца сапраўды памятае зніклую Леру. Калі так – была падстава запомніць! Усё-ткі прайшло тры гады.
— А вы не ведаеце, што зараз з гэтай маёй зямлячкай? Кажуць, яна ў вашым горадзе і засталася…
Мае роспыты нарэшце ўстрывожылі кабету, наколькі гэта было магчыма. Яна на хвілю адарвалася ад працы і зірнула на мяне, быццам я загаварыла па-кітайску.
— Я нічога не ведаю. У нас усё спакойна. У нас усім добра.
І выдала мне ключ, быццам ставячы вялікую тлустую кропку ў размове.
І зноў паглыбілася ў нірвану, пазіраючы санлівымі вачыма ў паветра.
Горад запаволенага часу і пустых вачэй…
Затое маёй суседкай па нумары аказалася вытанчаная маладая асоба, крыху старэйшая за мяне, у імпартовым джынсавым строі, які на той час быў сведчаннем сацыяльнага шляхецтва. Валасы чорнымі спіралькамі міла аздаблялі лялечны тварык з ненатуральна вялізнымі светлымі вачыма і пульхнымі вуснамі. Суседка прадставілася як “няшчасная камандзіровачная Аліна”, якой вельмі нудна ў гэтым паганым мястэчку. Але яна не дасць сумаваць ні сабе, ні мне, у чым я хутка пераканаюся. Не такі ў яе характар. І вельмі добра, што да яе падсялілі гэткую сімпатычную сучасную дзеўчыну. Мы тут разгорнемся…
Але я засмуціла вясёлую суседку. Я якраз не лічыла сябе “сучаснай”. Я нават пагарджала самой думкай пра тое, каб быць сучаснай. Мне не падабаўся мой час, мяне раздражнялі мае тупаватыя равеснікі, іх прымітыўныя заляцанні і галасы з какетлівым прыдыхам. Я любіла гуляць па вуліцах сама і апранацца ў доўгія спадніцы і вязаныя шалі. Не ведаю, ці ўдалося мне патлумачыць гэта джынсавай Аліне, але яна недаверліва фыркнула, падвяла яркай перламутравай памадай пухльныя вусны, пырснула на сябе французскай дальнабойнай парфумай і выслізнула за дзверы, даўшы мне магчымасць нарэшце выспацца пасля дарогі.

Прачнулася я ад адчування, што да майго твару датыкаецца нешта агіднае, слізкае і халоднае. За вокнамі шарэў туманісты надвячорак. Прычым за туманам нельга было разгледзець нават помнік тром рыбарам, хаця ён мусіў высіцца проста перад вакном.
У пакоі панаваў рэзкі ёдзісты пах, які перабіваў нават водар Алінінай парфумы. Гадзінаў шэсць вечара, мусіць… Цэлы дзень праспала. Паспею дабрацца да мора! Не можа быць, каб яно было далёка. Калі прыслухацца, чуваць рытмічны шоргат хваляў – быццам недзе побач дыхае гіганцкая жывая істота, непадуладная ні слабой чалавечай цывілізацыі, ні павярхоўнаму чалавечаму асэнсаванню.
Дзверы расчыніліся, у пакой уляцела Аліна.
— Што, сумуеш? Там такія хлопцы — таксама камандзіровачныя, з Рыгі. Запрашаюць нас у госці. У іх шампанскае, апельсіны, шакаладныя цукеркі. Нават магнітафон ёсць. Ды чаго ты саромешся? Не хвалюйся, я з сабой шмотак набрала, зараз падбярэм табе такую вячэрнюю сукеначку — як прынцэса будзеш!
Я моўчкі надзела боты, паліто сілуэту “трапецыя” з цёмнай плямай на правым крысе, накінула зверху шаль, уздзела ўлюбёны чорны капялюш і накіравалася да дзвярэй. Аліна дарэмна спрабавала спакусіць мяне вясёлкавымі перспектывамі сумеснай вечарыны з уладальнікамі магнітафона.
— Куды ты? Думаеш, кагосьці лепшага знойдзеш?
— Мора хачу паглядзець.
— Ты што, вальтанутая?– твар Аліны аж пазелянеў.– Якое мора? Яно далёка. Я тут ужо тыдзень жыву, ніякага мора паблізу не бачыла.
Але я не даслухала яе і выйшла з нумару. У калідоры стаялі двое мужчын самаўпэўненага выгляду. Адзін, вусаты, нават трымаў у руках ружу. Я зрабіла выгляд, што не заўважаю іх, і збегла па лесвіцы.
Адміністратарка ўнізе не сказала дакладна, дзе мора. Яна махнула рукою некуды ў бок цэнтра горада, і я пакіравалася туды.

4

Пусткі і “хрушчоўкі” змяніліся знаёмымі вузкімі вулачкамі і дамамі з чарапічнымі дахамі. Я блукала між цьмяных ліхтароў і вільготных сценаў, удыхаючы ёдзістае паветра. На вуліцах амаль не сустракалася людзей. Дый тыя праз вечаровую імжу здаваліся бясформнымі ценямі. Хутка я зразумела, што за мной нехта ідзе. Вада непрыемна хлюпала пад яго нагамі. Я звярнула ў завулак, бо не жадала парушаць адчування самоты і волі. Але крокі за спіной не сціхлі. Я азірнулася. Постаць у цёмным паліто наблізілася ўшчыльную.
— Мілая паненка, вы — госця ў нашым горадзе, праўда? У нас няма такіх цудоўных дзяўчат. Дазвольце, я раскажу вам пра горад, пакажу яго помнікі…
У святле ліхтара я разгледзела бледны прыгожы твар незнаёмца, светлыя, амаль як у рыбіны, вочы, стыльныя вусы… Здаецца, я недзе яго ўжо бачыла. Бландзін з рэкламнага плакату. Фу… Як вам растлумачыць… Не тое, каб я не любіла прыгажуноў, але чамусьці ўва мне сядзеў трывалы комплекс, што яны — не для мяне. Можа быць, таму, што фізічная прыгажосць нібыта абумоўлівае сіндром пераможнасці: вазьму, каго захачу. А я заўсёды лічыла сябе эксклюзіўнай. І яшчэ… Не, я нічога не мела супраць гэтага хлопца, ён быў ветлівы і інтэлігентны, і пачаў цікава распавядаць пра тыя будынкі, якія мы міналі… Але… Нешта адчувалася ў ім нежыццёвае, штучнае. Можа, у занадта светлых, нібы пустых, вачах, ці ў бляклых вусах над тоўстымі бледнымі вуснамі… А бландзін, выцягнуўшы з мяне звесткі пра маю прафесію, узрадваўся — ён сам мастацтвазнаўца, у яго падначаленні мясцовы мастацкі салон і выставачныя залы. Ён упэўнены, што ў такой цудоўнай дзяўчыны і малюнкі цудоўныя. Калі я толькі захачу, зладзіць маю персанальную выставу ў лепшай зале! А пакуль зойдзем у рэстаран…
Чым больш ён гаварыў, тым менш я яму верыла. Яшчэ раз прыгледзелася. Ды гэта ж той самы Алінін “камандзіровачны з Рыгі”, які стаяў з ружай у калідоры гатэлю! Чаму ж ён прадставіўся, як мясцовы мастацтвазнаўца? І няўжо ад гатэлю за мной ідзе? Я рашуча вызваліла локаць ад далікатнага дотыку і паскорыла крок. Нечаканы экскурсавод не адставаў. Нават выпрабаваная інтанацыя з атрутнай дазіроўкай пагарды і паблажлівасці выклікала ў яго толькі прыліў натхнення. Чужы горад, пустыя вуліцы…
— Мы апякуемся таленавітымі людзямі! Вось адна мастачка таксама да нас у камандзіроўку прыязджала, дык якую выставу мы ёй зладзілі! Можна сказаць, новае жыццё ў чалавека пачалося. Сам старшыня гарвыканкама ёй прэмію ўручыў. Тысячу рублёў!
Наперадзе ўзвышаўся будынак з цёмнай цэглы, круглае вітражнае акно свяцілася, бы куфэрак з каштоўнымі каменнямі. Касцёл! Дзверы прыадчыненыя…
— Не варта туды заходзіць, вы ж камсамолка! — гугнявіў мой бландзін. Ага, можа, хоць там ад тваёй увагі пазбаўлюся!
І праўда. Бландзін сунуўся быў за мною ў дзверы храма, незадаволена крактануў, нібы восеньская жаба, і знік у вулічным тумане. Дзякуй Богу…
Я агледзелася. У храмах я была лічаныя разы. Усе, што мае дачыненне да рэлігіі, здавалася мне не варожым, але іншасветным, і прыцягальным, і застрашальна вялізным і неспазнавальным.
У касцёле было святлей, чым на вуліцы, але лямпачкі ў стылізаваных пад падсвечнікі свяцільніках разганялі цемру толькі ў цэнтры памяшкання. Драўляныя лаўкі з высокімі спінкамі пуставалі. Па праходзе між імі да мяне ішоў хударлявы стары ў доўгім чорным адзенні з белым каўняром, з таўсценнай кнігай у руках. Я здагадалася, што гэта святар, значыць, прадстаўнік іншасвету. Зараз пачне лаяцца, што староннія ходзяць. Хутчэй адсюль выбірацца…
— Пачакайце, паненка!
Я насцярожана застыла на месцы. Святар быў зусім не падобны да астатніх бачаных мною жыхароў гэтага горада. Яго аблічча выглядала простым і нават жорсткім: цёмна-сінія разумныя вочы, строга падціснутыя вусны, цяжкі падбародак… Не святар, а вой. Вялікі інквізітар.
— Выбачайце, я проста хацеў папытацца, тая асоба… Той чалавек, што ішоў за вамі, ваш знаёмы?
Голас святара гучаў мякка і нават даверліва. Я раптоўна перастала баяцца і патлумачыла, што бландзін прычапіўся да мяне на вуліцы, я яго не ведаю і ведаць не хачу, я прыезджая, “камандзіровачная”, я трохі заблукала, а хацела толькі паглядзець на мора, бо ні разу не бачыла, а цяпер не ведаю нават, дзе мой гатэль. І ці ёсць тут мора…
— Мора ёсць, зусім побач, — стары дапытліва глядзеў на мяне.– Можа быць, вы яшчэ ўбачыце яго. У гэтым горадзе ўсё звязанае з морам. Тутэйшыя людзі — патомныя рыбары. І мой бацька быў рыбаром, і мой дзед, і дзед майго дзеда…
— А чаму ж Вы…– я сумелася ад уласнай недалікатнасці і замаўчала.
— Вы хочаце спытаць, чаму я парушыў сямейную традыцыю і стаў святаром? — усміхнуўся мой субяседнік.– Але ж і святы апостал Пётра спярша быў рыбаром. Гасподзь сказаў яму: “ Будзеш не рыб лавіць сваім невадам, а людскія душы”. Так што паводле слова Гасподняга кожны святар — гэта рыбар. Але калі вы ўжо завіталі ў гэты храм, дазвольце, я раскажу вам яго гісторыю. Прысаджвайцеся…– святар павярнуўся і кагосьці паклікаў.– Марцін! Вазьмі ў мяне малітоўнік!
Да старога падышоў высокі бялявы хлопец, таксама ў чорнай апратцы з белым каўняром, і пачціва ўзяў кнігу. Затым стары, як я зразумела, блаславіў яго, а маладзён… пацалаваў яму руку і пайшоў, не зірнуўшы на мяне. Трэба прызнацца, гэтае цалаванне рукі мяне шакіравала. Малады чалавек, амаль мой равеснік, цалуе руку — дзядзьку! Можа, і ад мяне гэта запатрабуюць? Жах… Але я ўсё-ткі прысела на цвёрдую лаву, і святар пачаў аповед.
— Да канца шаснаццатага стагоддзя тут стаяў дом, які належаў купцу Вайштацісу. Купец здаваў яго радавітым падарожным. Недзе ў 1560 годзе тут пад чужым прозвішчам спыніўся вядомы чарнакніжнік і астролаг пан Твардоўскі. Той самы, які па просьбе караля Жыгімонта Аўгуста выклікаў з таго свету дух няшчаснай каралевы Барбары Радзівіл. Яе атруціла свякруха, каралева Бона Сфорца. Спадзяюся, вы ведаеце гісторыю чароўнай Барбары?
Я адмоўна пахітала галавой. Скуль я магла пра яе даведацца, калі паводле школьных падручнікаў гісторыя Беларусі пачыналася з 1917 года? Святар ледзь прыкметна ўздыхнуў і працягваў.
–Сеанс спірытызму закончыўся скандальна: дух Барбары з’явіўся, але кароль парушыў забарону мага падыходзіць да прывіда, паспрабаваў абняць цень каханай і ледзь не загінуў. Твардоўскі вымушаны быў уцякаць. Амаль год ён пражыў у гэтым доме. Калі ўлады натрапілі на след славутага некраманта і той пакінуў месца свайго сховішча, у яго пакоі знайшлі шмат дзіўных і невытлумачальных рэчаў і прыладаў. А пасля пачалося нядобрае. Па начах у доме чулася кваканне жабаў, хаця вадаёмаў побач не было, толькі старая студня ў двары. Познія прахожыя бачылі каля яе сілуэт дзіўнай жывёлы, падобнай да вялізнай жабы і адначасова да тлустага чалавека. Неўзабаве Вайштаціс здаў гэты дом аднаму прыезджаму купцу-італьянцу. Па ўспамінах сына Вайштаціса, які пакінуў пасля сябе падрабязны дзённік, прыезджы быў вясёлым, поўным сілаў чалавекам, увесь час спяваў італьянскія песні. І вось ён… захварэў. Не тое, каб ён захварэў нечым… Ён проста зрабіўся іншым.
— Як гэта? Звар’яцеў, ці што?
— Ён перастаў спяваць, проста развучыўся. Зрабіўся бледным, нават з нейкім зеленаватым адценнем, азызлым, яго вусны пачалі павялічвацца, быццам набракаць, а вочы сталі лупатымі.
— А, ведаю, нам расказвалі на курсах медпадрыхтоўкі ў інстытуце. Гэта базедава хвароба, парушэнне дзейнасці шчытападобнай залозы. Яе выклікае недахоп ёду. Вядома, у старыя часы такога хворага маглі палічыць апантаным нячыстай сілай.
— Ёду тут хапае. І ў ежы, і ў паветры,– мой субяседнік задумліва глядзеў на алтарную сцяну, туды, дзе белы мармуровы Хрыстос раскінуў прабітыя цвікамі рукі, нібы захінаючы сабою наш грэшны свет ад неўсвядомленай намі, але вялікай небяспекі. — Італьянец проста пачаў рабіцца іншай істотай. Панічна баяўся мора. Хаця раней штотыдзень хадзіў на ўласнай шхуне ў суседні партовы горад за таварам. Ненавідзеў людзей, асабліва маладых. Змены адбыліся і з прыслугай — лёкаем, кухаркай, пакаёўкай. Насельнікі дома перасталі мець зносіны з людзямі. Жывёльная нянавісць і балотная хворая ціша абкружылі пракляты будынак.
— Ну і дзікунства! – не вытрымала я. – Людзей трэба было лячыць, а не пазбягаць іх!
Святар нахіліў галаву.
— Прычыны некаторых хвароб у даўніну разумелі лепей, чым цяпер. Прынамсі, калі зніклі двое дзяцей шаўца, якія любілі гуляць ля старой студні, у зарасніках бэзу, гараджане ведалі, што належыць учыніць. Пра гэта я не знайшоў пацверджанняў у дзённіку малодшага Вайштаціса, гэта проста мясцовая легенда — у пракляты дом прыйшлі тры рыбары. Лепшыя рыбары ўзбярэжжа, мужныя і набожныя людзі… Жабінае кваканне, гучнае, як брэх шалёных сабак і жудаснае, як скавытанне ваўкоў у Піліпаўку, усю ноч не давала заснуць жыхарам гэтай вуліцы. Той ноччу ўпершыню рыбары закідвалі свой нерат не ў мора. Яны шукалі ўлову ў старой студні ў двары дома купца Вайштаціса. І ўлоў у іх быў. Ды ніхто не пабачыў, што варушылася і вішчэла ў іхнім нераце. Нараніцу дом стаяў пусты, толькі ў каміне дагаралі вуголлі.
Ніхто не шукаў тых, хто знік у праклятым доме. Праз некалькі дзён па пастанове магістрату дом Вайштаціса быў выкуплены горадам за сімвалічную суму, і яго пачалі разбіраць па каменьчыку. Людзі працавалі моўчкі, зацята, не задаючы лішніх пытанняў, напрыклад, калі гэта сцены дома паспелі знутры абрасці балотнай плесняй. Разабралі ўсё, нават падмурак. Студню засыпалі і зраўнялі з зямлёй. І праз некалькі гадоў на сродкі парафіянаў на тым месцы пабудавалі гэты храм.
Стары змоўк і сядзеў, заплюшчыўшы вочы, нібыта сам быў часткаю інтэр’ера касцёла. Няўжо ён сам верыць у сваю казку?
— Дык хто сядзеў у студні?
— Правільней – не хто, а што… Стварэнне чалавека…
— Значыць, робат?
Стары рассмяўся:
— Вось яна, сучасная моладзь! У Святы Дух яны паверыць не могуць, а існаванне робата ў шаснаццатым стагоддзі ім зразумелае. Ну, добра. Ужо позна, вам, паненка, трэба вяртацца ў гатэль. Тут побач прыпынак аўтобуса, я пакажу патрэбны маршрут.

Прыпынак сапраўды аказаўся побач з касцёлам, толькі перайсці на суседнюю вуліцу, больш асветленую і людную. Бландзіна не было. Імжэў ледзяны веснавы дождж, а мой праважаты стаяў без капелюша, у сваёй чорнай адзежы, відавочна не вельмі цёплай. А мне ўсё не хапала смеласці сказаць яму, каб ён вяртаўся, што я і сама дачакаюся аўтобуса. Сам вінаваты: нагнаў страху сваімі казкамі…
— Скажыце, а той помнік, каля гатэлю… Гэта што, рыбары з вашай легенды?
— Ды не, не думаю. Помнік сучасны, створаны пасля апошняй вайны… І вось яшчэ што… Калі вам пакажацца ў нашым горадзе нешта дзіўным, напалохае, ці зноў да вас будзе нехта чапляцца — абавязкова прыходзьце да мяне ў касцёл. Я — айцец Петэр, мяне заўсёды можна знайсці ў храме. А вас як завуць?
— Віка…
— На ўсялякі выпадак, скажыце, Віка, у які нумар вас пасялілі…
Стары паглядаў на мяне так спачувальна-трывожна, быццам я збіралася не ў гатэль, а ў небяспечную экспедыцыю. Жоўты абадраны “Ікарус” вярнуў мне добры настрой. Якія сярэднявечныя жахі могуць існаваць каля гэтага звыклага транспарту? Вось ужо сапраўды, “опіум для народа”…

У нумары Аліны не было. Не было і яе рэчаў. Што ж, мусіць, перабралася да іншай суседкі, больш “сучаснай”. Я зачыніла дзверы на ключ і лягла ў халодны ложак. Усе гэтак жа ў пакой даносіўся рытмічны гул… Можа, працуе нейкая машына? За вакном вісела завеса шэрага туману. Непрыемна…
Толькі ўклаўшыся ў халодны ложак, я ўспомніла словы бландзіна пра прыезжую мастачку, якой зладзіў выставу. Ці не пра Леру Засуліч ён гаварыў? Напэўна, з ёй сапраўды ўсё добра, і жыве яна ў гэтым слотным гарадку, выстаўляецца, атрымлівае прэміі і зусім забылася на рудога Жэньку і стратэгічна важную «скрынку»? Вось толькі ад аднаго ўспаміну пра бландзіна мне чамусьці рабілася непамысна.
Сніліся мне пачвары, вірлавокія і губастыя, яны брыдка смяяліся, квакалі, датыкаліся да мяне халоднымі ліпкімі лапамі, падобнымі на чалавечыя рукі гэтак жа, як труна падобная да калыскі. І падаў на гэтыя стварэнні цяжкі нерат са срэбраных ніцяў, і ўсе не мог зачапіць іх, і ўздымаўся наверх, да ледзь бачнай плямы святла наверсе…

5

На заводскім складзе мяне ніхто не чакаў. Цэлую гадзіну я паныла чытала даступныя позірку фрагменты лозунгаў на састаўленых уздоўж сценаў паўцёмнага калідора запыленых першамайска-кастрычніцкіх транспарантах :“…ымем працоўную дысцыпліну!”, “…вечны саюз пралетарыята і калгаснага сялянства !”, “Слава Перамозе!”,”… партыя Леніна вядзе на…”. Паўз мяне час ад часу праходзілі качынай хадою кабеты ў зашмальцаваных сініх халатах. На мае нясмелыя “Паслухайце…”, “Скажыце, калі ласка …” у адказ гучала нешта незразумелае, што я перакладала як прапанову пачакаць.
Нарэшце мяне паклікалі. Бясколерны малады чалавек, можа быць, толькі крыху старэйшы за мяне, пагардліва абвясціў, што патрэбных маёй “скрынцы” дэталяў пакуль на складзе няма, але сёння пасля абеду іх павінны прывезці з адпаведнага цэху. Не раней як заўтра можна будзе іх запакаваць і забраць.
Службовец прагаварыў тое, што павінен, і ўтаропіўся ў мяне вадзяністымі невыразнымі вачыма. Я заўсёды губляюся ў тых выпадках, калі ад мяне чакаюць разумнай дзелавой фразы. Таму я не змагла ні заступіцца за інтарэсы роднай “скрынкі”, ні нават высветліць, што ж мне цяпер належыць рабіць. Малады чалавек нейкі час вывучаў мяне са слабой цікаўнасцю, асобна затрымаўшыся позіркам на пляме паліто, пасля моўчкі павярнуўся і знік за дзвярыма сваёй канторы. Прыгнечаная разварушаным комплексам непаўнавартаснасці, я пацягнулася ў напрамку прахадной. Туман навісаў так шчыльна, што карпусы завода здаваліся цёмнымі гарамі, і можна было ўявіць сябе на скалістым марскім беразе… Мора! Якраз сёння ў мяне ёсць час да яго дабрацца!
Я вырашыла, раз мне дасюль так не шанцуе, лепш ні ў каго не пытацца, а самой паспрабаваць знайсці жаданы шлях. Аўтобусы адзін за другім падрулівалі да прыпынку і апырсквалі мае бедныя боты бруднай вадой. Я спрабавала перакласці назвы на шыльдах аўтобусаў. На адным прачыталася нешта падобнае на слова “рыба”, але я не наважылася, адправіцца па такім няпэўным указальніку. На другім красавалася назва з некалькі слоў, адно з якіх гучала прыблізна як “маріне”. Што гэта, як не мора!
Нягледзячы на тое, што мястэчка было невялікім, аўтобус усе ехаў і ехаў, і нічога, нічога падобнага да марскога берагу не з’яўлялася за запырсканым бруднай вадою шклом. Невыносна панылае відовішча аднолькавых пяціпавярховікаў, тонкія пруткі голых дрэў там-сям, шчыльны туман і лужыны нагналі на мяне сапраўдную нуду. У салоне засталіся, акрамя мяне, толькі стары інвалід без адной нагі з сеткай, напоўненай пустымі бутэлькамі, і двое школьніц у аднолькавых рудых паліто, якія ўсю дарогу паглядалі на мяне і перасмейваліся. Канцавы прыпынак выплыў з туману ў выглядзе дыспетчарскай станцыі з шэрай цэглы і панылай пусткі вакол. Інвалід, з цяжкасцю перастаўляючы мыліцы, пад грукатанне бутэлек вылез з аўтобуса апошнім і пашыбаваў услед за дзяўчаткамі па вузкай сцежцы. Калі праходзіў паўз мяне, ціха прамармытаў праз перагар:
— Едзь дадому…
Бач, як не любяць прыезджых… Скрозь туман у тым баку, куды накіроўваліся мае спадарожнікі, віднеліся хацінкі паселішча. Да дыспетчарскай ішоў вадзіцель аўтобуса .
— Выбачайце, скажыце, калі ласка, дзе тут мора?
Вадзіцель нібы спатыкнуўся аб маё пытанне, неяк крыўдна засмяяўся і махнуў рукою ў той бок, адкуль я прыехала:
— Там, там… Не тут.
Я пабаялася адыходзіць ад транспарту, які даставіў мяне ў гэтае пустэльнае месца, і хвілінаў дваццаць стаяла на ўскрайку асфальтавай пляцоўкі пад пранізлівым ветрам. Нарэшце той самы шафёр заняў свае месца ў кабіне, і, даўшы час спалохацца, што паедзе без мяне, адчыніў дзверы аўтобуса.
Праз гадзіну я апынулася зноў перад прахадной завода. Наводдаль шарэў мой гатэль і помнік тром рыбарам. Калі б я ў той момант яшчэ захоўвала пачуццё гумару, я акрэсліла б свой стан як настрой татальнай адзіноты.
Але, на жаль, не толькі пачуцця гумару, але і банальнага сарказму, уласцівага кожнаму слухачу палітінфармацый, мне ў той нядобры момант не ставала. Нават стандартны нумар гатэля “Салдуве” падаўся жаданым прыстанішчам. Тым больш не пакідала адчуванне, што ўсе адразу пазнаюць ува мне чужую, звяртаюць увагу, прыглядаюцца, ацэньваюць.
Каб супакоіць недарэчныя падазрэнні, я нават спусцілася ў хол, дзе стаялі тэлефоны-аўтаматы, патэлефанавала ў адраснае бюро і папрасіла знайсці якія-небудзь звесткі пра Валерыю з дзявочым прозвішчам Засуліч, дваццаці пяці гадоў, родам з горада Б*, прафесія — мастачка…
І не здзівілася, калі мне паведамілі, што такой у гэтым горадзе ніколі не было.

6

У маім нумары пасялілася новая суседка. Я насцярожана паглядала на вялізную сумку ў чорна-белыя шашачкі і раскладзеныя на тумбачцы рэчы — кнігі, усе ў дэрмацінавых вокладках, як школьныя падручнікі, бутэлечкі з аптэчнымі наклейкамі, клубок зялёных махеравых нітак з уторкнутымі тоўстымі пруткамі, і гадала, з кім на гэты раз давядзецца мець справу. Біргіта Эдуардаўна — менавіта так экзатычна звалі новую суседку — аказалася жанчынай сярэдніх гадоў выключна хатняга тыпу: паўнаватая, з “хіміяй” на выбеленых валасах і ў трыкатажным касцюмчыку айчыннай вытворчасці. Хіба што вочы выдавалі незвычайнасць — вялікія, блакітна-зялёныя, з набраклымі павекамі, прычым ніжнія павекі былі большыя за верхнія. Ад гэтага здавалася, што Біргіта Эдуардаўна ўвесь час сонна прыжмурваецца. І ўсё яе аблічча мела адбітак гэтай санлівасці — запаволеныя рухі, манера гаварыць, расцягваючы словы.
Біргіта Эдуардаўна падзялілася са мной сваім меркаваннем наконт мярзотнага тутэйшага надвор”я і наконт адсутнасці ўсякага парадку на тутэйшых прадпрыемствах, і трэба сказаць, што яе меркаванне цалкам супадала з маім. Затым яна пашкадавала, што бессардэчнае начальства пасылае маладзенькіх спецыялістак у такія цяжкія няўдзячныя камандзіроўкі, і я адразу пачала шчыра шкадаваць сябе. Суседка дастала кіпяцільнік і прыгатавала нам гарбаты, расклала нарэзаны хлеб і хатнія катлеты з часнычком… Нарэшце мне пашанцавала ў гэтай вандроўцы . Можа быць, цяпер вырашацца і астатнія мае праблемы?
— А як адсюль дабрацца да мора?
— Да мора? — Біргіта Эдуардаўна здзіўлена паглядзела на мяне і адставіла шклянку з гарбатай на пісьмовы стол, які мы ператварылі ў абедзены. — Цябе цягне да мора? Як цікава. Трэба высветліць, якія асаблівасці твае кармы выклікаюць у табе гэтую прагу, а па-другое, чым табе гэта пагражае. Дай мне сваю далонь… Так… — Біргіта Эдуардаўна паварочвала прахалоднымі пальцамі маю даланю, як ліст, напісаны вельмі кепскім почыркам, і гаварыла, нібыта сама сабе.–Лінія жыцця аббягае пагорак Венеры і зліваецца з лініяй сэрца…Усе паказвае на адчувальную і меланхалічную натуру… Надзвычай развіты пагорак Месяца, які адказвае за інтуіцыю… На пагорку Юпітэра — крыж. Ты даб’ешся славы … Але я бачу прамое ўказанне на тое, што табе трэба пазбягаць кантактаў з адкрытай вадой. І лінія жыцця раздвойваецца каля вадзяной зоркі… Мусіць, у тваёй карме нешта неадпрацаванае штурхае цябе да самазнішчэння…
Слоўца “карма” я тады не ведала. Хіба што з націскам на другі склад.
Але я незнішчальна цікаўная. Я цікаўная, як цэлы тузін Еваў. Не, далека не ўсё я згаджаюся зведаць на ўласным вопыце. Шмат што ў гэтым грэшным зямным жыцці я грэбліва абыходжу, як брудную лужыну.
Але ж не кінуць цікаўны позірк на тое, што там, у брудзе, вышэй маіх сілаў.
І таму я без ваганняў праглынала эзатэрычную інфармацыю Біргіты Эдуардаўны. Суседка ўмела расказваць і ведала сапраўды шмат. Прачытаўшы на маіх далонях усё, што можна было, яна спытала, калі я нарадзілася. Склаўшы нейкім хітрым спосабам атрыманыя лічбы, вылічыла мой зменлівы характар і зоры, якія мне спрыяюць. Тады узяла з тумбачкі кнігі, запоўненыя табліцамі і схемамі — “табліцы Эфемерыд”, патлумачыла Біргіта Эдуардаўна. І я паназірала, як малююць касмаграму — першую ступень гараскопа.
Плынь інфармацыі працягвалася. Мне падалося, што паветра пакоя напаўняецца “існасцямі”, што празрыстыя “лярвы” прысмоктваюцца да маёй “аўры” — чаму я раней не здагадвалася, што яна ў мяне ёсць? І неяк душна мне зрабілася… Неяк не па сабе. Бліскучыя прароцтвы і афарыстычныя выказванні зліліся ў нейкі гіпнатычны гуд. Падобнае адчуванне, калі рамантычная цікавасць раптам змяняецца дзікім спусташэннем і прыгнечанасцю, я перажыла падчас студэнцкай практыкі, калі мы зладзілі ў сваім пакоі спірытычны сеанс. Нягледзячы на “хіханькі-хаханькі”, сподак пачаў борздка бегаць па размаляваным аркушы паперы, даваць даволі складныя, праўда, часам непрыстойныя, адказы на пытанні. І скончылася тым, што мы, маладыя інтэлектуальныя ідыёты, ужо не адгадвалі, хто з нас такім чынам над астатнімі жартуе, а тупа глядзелі на ашалелы сподак, ледзь дакранаючыся да яго пальцамі, хавалі страх і не ведалі, як скончыць гэты блёкат без нейкіх наступстваў.
Між тым Біргіта Эдуардаўна адкрывала перада мною іншыя кнігі, многія з якіх уяўлялі з сябе ўзятыя ў пераплёт ксеракопіі, паказвала дзіўныя малюнкі — пентаграмы, як яна казала, зачытвала невыказна агідныя фразы-заклёны… Гаварыла, як з іх дапамогай можна прыварожваць, караць, прымушаць да служэння сабе… Што менавіта заўтра Чорны Месяц — Ліліт — стане ў супрацьстаянне Зямлі, і гэта самы спрыяльны час для абуджэння сілы. І калі я хачу, яна зводзіць мяне на адзін сход, дзе перадаюць эзатэрычныя веды, і для мяне пачнецца новае жыццё.
Мара закамплексаванай дзяўчынкі — стаць усемагутнай чараўніцай. Але… Нешта ўва мне пярэчыла таму, што мне прапаноўвалася. Нездарма я амаль нічога не памятаю з пачутага тады. Біргіта Эдуардаўна пранікнёна зазірала мне ў вочы сваімі вачыма, напалову прыкрытымі ніжнімі набраклымі павекамі, натхнёна распавядала пра таемнасці, якіх я так прагла… Мне падалося, што твар у маёй суседкі зусім зялёны, а вусны расцягваюцца ледзь не да вушэй… “Госпадзе, не хачу… Госпадзе, што гэта за насланне?” — думкі мае рассыпаліся, як дзіцячая пірамідка. А суседка прапанавала, каб канчаткова пераканаць мяне ў існаванні нечага, учыніць спірытычны сеанс. Яна ведае, каго выклікаць…І адкуль. Жыў некалі ў гэтым горадзе адзін вялікі сярэднявечны вучоны, астролаг і алхімік….
Як толькі яна гэта вымавіла, мяне проста працяла ад страху. Я ўскочыла, нешта мармытнула і пачала апранацца. Біргіта Эдуардаўна спачувальна казала пра стому і шок ад нязвыклай інфармацыі, але насланнё ўжо прайшло. Да мяне нават вярнулася пачуцце гумару. Я паведаміла суседцы, што з’яўляюся дабравольцам атрада ваяўнічых атэістаў і выкарыстаю сённяшнюю размову, як ілюстрацыю падступнага заходняга ўплыву на нашу здаровую савецкую мараль. Біргіта Эдуардаўна разгублена засмяялася, пасля са злосцю загарнула кнігу. Я ледзь не бегма рушыла з гатэлю.

7
Я крочыла па вузкіх вулках старога места. Гэтаксама, як і ўчора, крапаў нудны дожджык, і з чарапічных дахаў спаўзаў туман. Гэтаксама прыветным рознакаляровым ліхтаром заззяла вітражнае акно касцёла. Я тузанула на сябе цяжкія дзверы з рэльефнымі крыжамі і ўвайшла ў храм. Усё, што тычылася гэтага месца і людзей, звязаных з ім, здавалася мне непарушным, незнішчальным, абароненым незямнымі сіламі. Таму, калі перад маімі вачыма паўстала ўражлівая перамена, я проста разгубілася, падумала, што патрапіла выпадкова ў іншае памяшканне. Але мармуровае распяцце на алтарнай сцяне, стылізаваныя пад падсвечнікі бра на сценах, доўгія драўляныя лаўкі былі тыя ж самыя. Толькі не было ўчарашняй цішыні і спакою. Па храме хадзілі людзі ў зашмальцаваных спяцоўках. Адны састаўлялі лаўкі, двое расцягвалі па сценах рулетку, а трэці, у паліто, хадзіў з нататнікам і запісваў вынікі вымярэнняў. Рабочыя гучна гаварылі, смяяліся. На каменных плітах падлогі, яшчэ ўчора вымытых да бляску, бачыліся брудныя сляды іх чаравікаў. Зверху ўпала нізкая нота аргану, другая… На хвіліну ў храм вярнулася былая веліч, але тут жа невідочны музыка зайграў бадзёрую піянерскую песеньку “Вместе весело шагать по просторам, по просторам, по просторам…” Спалучэнне глыбокага меднага голасу аргана з таннай мелодыйкай гучала настолькі дзіка, што я зразумела — здарылася нешта незваротнае. Вусаты дзядзька ў светлым плашчы, падобны да маржа, нёс маленькую тумбачку, накрытую барвовай аксамітнай накідкай.
— Выбачайце, а дзе святар гэтага храма, айцец Петэр?
Дзядзька спыніў на мне невыразны пагляд вадзяністых вочак.
— Там, дзе яму самае месца, фашысцкаму недабітку.
Мяне скаланула ад злосці, якая чулася ў гэтых словах. Так не стасавалася пачутае з воблікам святара.
— А ты што, маліцца да яго хадзіла? Не камсамолка, ці што?
— Я тут усяго дзень, я прыезджая, хацела паглядзець храм…– мармытала я, адчуўшы пагрозу — не містычную, як дасюль, а рэальную і да ванітаў знаёмую.
— А… Дык ты праз месяц сюды прыязджай. Тут будзе канцэртная зала. Усе пераробім, адладзім, як след. Музыку будзеш слухаць. Так?
Я выціснула з сябе ўсмешку. На аргане выконвалі нешта з рэпертуару Зыкінай. Далёкія хвалі вялікай рускай ракі Волгі ўдарыліся ў сцены прыбалційскага касцелу гучнымі акордамі. Я выйшла ў дождж і туман і прыгаломшана стаяла перад цяжкімі чорнымі дзвярыма, за якімі ўжо не было таямніцы і велічы.
Касцёл стаяў ушчыльную да суседніх дамоў. Мне захацелася абысці вакол яго, нібыта я спадзявалася знайсці старога святара. Я завярнула праз бліжэйшую арку на суседнюю вуліцу. За цаглянай сцяной узвышалася цёмная грамада храма. Нібыта там галасы, нейкі рух… Такой сталай дзяўчыне, як я, лазіць цераз сцены непрыгожа. Дый па фізкультуры ў мяне часцей “тройка” была. Але я ўжо згадвала пра сваю паталагічную цікавасць. Вуліца пустая, да таго ж туман… Сцяна старая, вышчарбленая… Шкада толькі манікюру — у той час я адрошчвала кіпцюры сантыметры па тры і пакрывала іх цёмным лакам. І заточвала востранька. Напэўна, у некаторых хлапцоў пры адным поглядзе на мае ручкі знікала ахвота знаёміцца. Дык вось, адзін кіпцюр пад час ускарасквання на сцяну надламіўся, не тое, каб зусім, але справа была дрэнь. Не, усё роўна не буду падразаць усе пазногці.
Я сядзела на версе старой сцяны і раздражнёна мацала надламаны пазногаць, нібыта спадзявалася, што ён зрасцецца. Адцягнутая асабістымі праблемамі, не адразу ўсвядоміла дзіўнае відовішча: у двары касцёла, зарослым кустамі і абкружаным з усіх бакоў сценамі, завіхаліся людзі. Яны зацята дзяўблі рыдлёўкамі вільготную, перавітую карэннямі траў і кустоўяў зямлю, быццам капалі магілу для толькі што забітага чалавека. Прынамсі, я, таемная аматарка дэтэктываў, так і падумала. Нават забылася на зламаны пазногаць. З тых жа дэтэктываў я ведала, што сведкаў падобных дзеянняў злачыннасці зазвычай чакае сумны лёс. Таму пастаралася ўладкавацца на версе сцяны — добра, яна была дастаткова шырокая — як мага непрыкметней, пад ненадзейным прыкрыццем кустоў. Пяцёра, захутаных у плашчы з капюшонамі, шчыравалі моўчкі. Мне падалося, што сярод іх — тры жанчыны. З-пад аднаго капюшона паказваліся чорныя кудзеркі, зусім як у маей выпадковай суседкі па гатэлі Аліны. А таго мужчыну, гэткага “апалоністага”, я дакладна ведаю. Гэта ж той самы “экскурсавод”, што чапляўся да мяне ля касцёлу!
Адна з фігур, няўклюдна таўсманная і кароткая, выпрасталася, схапілася рукой за талію. Ну вось, так і ёсць — вірлавокая сакратарка дырэктара завода, на які я камандзіраваная! Можа, і двух астатніх асобаў я ведаю? Не, гэта было б ужо занадта. З тымі я відавочна яшчэ не сустракалася.
Зямля разляталася ва ўсе бакі. Раптам рыдлёўкі стукнулі аб камень, і аматары-далакопы пераможна закрычалі. Не, не закрычалі — заквакалі, прысядаючы ад захаплення. Зараз жа рыдлёўкі пачалі рухацца яшчэ хутчэй. Падобна на тое, што тут збіраюцца не закопваць труп, а нечта адкопваць. Скарб?!!
Мае паддоследныя спынілі працу і пачалі нешта разглядаць у яме. Я перагнулася, як магла, па той бок сцяны. Што яны адкапалі? Нібыта каменны круг. Падобны на стары фантан. Ці калодзеж? Фігуры ў плашчах адступілі, даючы дарогу ўрачыстай дэлегацыі. Наперадзе ішоў дырэктар таварыш Рымант. Некалькі чалавек за ім, у капелюшах і пры гальштуках, неслі вялікія вянкі, упрыгожаныя чорна-чырвонымі стужкамі. Значыць, усё-ткі пахаванне?
Дырэктар спыніўся над раскапаным калодзежам, астатнія акуратна прыхінулі да старых каменняў вянкі і пачціва выстраіліся вакол. Дырэктар пачаў нешта гаварыць, узмахваючы рукой у цёмнай пальчатцы, быццам заклікаў кагосьці забіць. Слухачы адабральна ківалі галовамі, нарэшце ўсе разам ускінулі ў паветра сціснутыя ў кулак правыя рукі. Што за дзікунскія абрады?
Раптам яны павярнуліся ў мой бок і змоўклі. Мне бывала страшна ў маім жыцці. Пры маёй паталагічнай эмацыянальнасці напалохацца не цяжка. Але такі халодны жах, як тады, на версе сцяны старога касцёльнага дворыка, я адчула ўпершыню. Я літаральна саслізнула ўніз і кінулася бегчы. Помню толькі, як сумка біла мяне па боку, а надламаны пазногаць чапляўся за паліто. Мне здавалася, што за мной нехта бяжыць і вось-вось схопіць за рукаў.
Толькі на люднай вуліцы я прыпыніла бег. Сэрца калацілася, як шалёнае. І тут мяне нехта схапіў за рукаў…
Так, гэта быў эфект… І я ўжыла адзіны прыём, які магла: мая сумачка, напханая абсалютна непатрэбнымі самавітаму чалавеку рэчамі кшталту сімпатычнага чорненькага каменьчыка, са свістам урэзалася ў тое месца, дзе мог бы быць твар нападніка…
І такі патрапіла яму ў твар.
— Выбачайце, я не хацеў вас напалохаць,– высокі малады чалавек у доўгай цёмнай апратцы ў адной руцэ меў зашмальцаваны партфель, а другой трымаўся за нос. У мяне хапіла рэшткаў выхаванасці, каб прамармытаць:
— Даруйце…
— Я не хацеў вас напалохаць,– паўтарыў малады чалавек, на гэты раз з тонкім адценнем дакору.– Я толькі хацеў выканаць даручэнне айца Петэра. Ён учора размаўляў з вамі ў касцёле… Вас завуць Віка, правільна?
Сапраўды, гэты маладзён няйначай семінарыст ці нейкі там царкоўны прыслужнік. Здаецца, я нават бачыла яго там, у касцёле… Гэта ж ён цалаваў руку старому святару! Ну, нарэшце мне патлумачаць, што тут адбываецца! Я стамілася ад адчування няпэўнай пагрозы, ад пільных позіркаў у мой бок, ад недарэчнай думкі, быццам нечакана патрапіла ў нейкую п’есу, дзе ўсе іграюць адведзеныя ім ролі і змушаюць мяне іграць невядомую мне — маю.
З прывабнымі хлапцамі я не ўмела размаўляць нязмушана, але тут быў выпадак выключны: маладзён, хаця высокі, дужы і даволі сімпатычны, быў “касцёльным”, як бы “па-за гульнёй”, тут недарэчы ставаліся звычайныя падлеткавыя “правілы паводзінаў”, і можна было проста заставацца самой сабою. Да чаго гэта спрашчала справу! І праз некалькі хвілінаў мы з Марцінам — так звалі майго новага знаёмага — сядзелі у драўлянай альтанцы ўтульнага дворыка, і дождж стукаў у яе абабіты бляхай дах дробна і безнадзейна.

9

— Айца Петэра не першы раз забіраюць,– няспешна расказваў Марцін. — Многія ў горадзе не хацелі б бачыць яго тут. Спрабуюць знайсці падставы, каб абвінаваціць, што падчас вайны ён быў калабарантам. Але гэта дарэмна. Людзі ведаюць, што айцец Петэр — крышталёва чысты чалавек. Так што, я думаю, ён вернецца… Толькі куды? Горай за ўсё, што храм адабралі… Калі айцец Петэр сыходзіў, сказаў, што вы будзеце яго пытацца. А калі вы не прыйдзеце — каб я вас у гатэлі знайшоў. І перадаў, што лепш вам неадкладна з’ехаць адсюль.
— Лёгка сказаць — з’ехаць… Я ж у камандзіроўцы. Пакуль не атрымаю са складу дэталі, вярнуцца не змагу. Мяне звольняць! А што мне тут пагражае?
Марцін сцішана ўздыхнуў. Ну і флегматык! Кожнае слова ўзважвае.
— У гэтым горадзе здараюцца не вельмі звычайныя рэчы.
Я нецярпліва паціснула плячыма.
— Самае незвычайнае — што я ніяк не магу не тое што дабрацца да мора, але і даведацца, у якім яно баку, хаця горад знаходзіцца на самым узбярэжжы. І ваш ксёндз казаў, што тут жыве шмат рыбароў.
— Мой бацька таксама быў рыбаром, і дзед, і прадзед,– па ранейшаму роўным тонам зазначыў Марцін. — Але цяпер на нашым узбярэжжы нельга лавіць рыбу.
— Чаму?
— Чатыры гады таму тут адбылася аварыя. Якраз на заводзе, на які вас прыслалі. Небяспечныя хімікаліі выліліся ў мора. Дохлай рыбы ляжала на беразе столькі, што з-пад яе не было відно пяску. Чайкі прыляталі ў горад і падалі на дахі дамоў і на асфальт сотнямі. Людзі таксама былі атручаныя. Але паміралі не адразу. Людзі шмат могуць выцерпець атруты ў сабе. Мая маці таксама… хварэла…Балела галава, цяжка дыхалася. Усё стала цяжка — есці, гаварыць, глядзець…– Марцін упершыню прыкметна захваляваўся.– Звярнулася ў паліклініку, ёй паставілі дыягназ — ангіна з ускладненнямі.
— Дактары не разабраліся?
— Ну чаму ж, разабраліся… У тыя дні падобных хворых прыходзілі сотні… Але дактары — усяго толькі людзі. І ніхто з іх не хацеў мець непрыемнасцяў. Пра аварыю дасюль забаронена гаварыць, як і пра яе ахвяры.
— І што цяпер з вашай маці? Ачуняла?
— Памерла два гады таму.
— Выбачайце…
— Тады я кінуў універсітэт і вырашыў прысвяціць сваё жыццё Богу.
Аказваецца, мой “іншасветны” знаёмец паходжаннем з гэтага свету? І тое добра. Прызнацца, мне цяжка было “пераварыць” атрыманую ад касцёльнага Марціна інфармацыю. Не тое, каб я была закончанай ідыёткай — усё-ткі Булгакава чытала! — але ж мяне з дзяцінства прывучылі, што я жыву ў краіне самай гуманнай у свеце медыцыны. І, вядома, у гэтай краіне не адбываецца вялікіх аварый — тым больш катастрофаў. Дасюль не магу зразумець, як гэтая вера ўжывалася ўва мне з аповедамі шэптам пра аварыю на заводзе футаралаў, што адбылася некалькі гадоў таму ў маім родным горадзе. Паколькі афіцыйна пра яе нічога нідзе не паведамлялася, гісторыя абрастала міфамі. Дый што казаць пра міфы! Стрыечная сястра маёй маці таксама працавала на тым заводзе і ледзь паспела выбегчы з будынка. Яна расказвала, як дрыжэла зямля ў яе пад нагамі, і хто з яе калегаў пакалечыўся ці загінуў. Але — шэптам усё гэта расказвалася! А Марцін гаварыў уголас, як само сабой зразумелае.
— Айцец Петэр хацеў прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да нашай бяды, каб прымусіць улады хаця б пачаць лячыць людзей. З адной краіны нават даслалі сюды рэдкія лекі — а яны, гэтыя… зноў аб’явілі, што нічога страшнага не адбываецца, што ўсе чуткі пра катастрофу — не больш чым правакацыя. У горадзе занадта многа істотаў, якія ненавідзяць усё натуральнае, прыгожае і маладое, здольнае жыць і развівацца.
Цяпер вочы Марціна гарэлі сталёвым бляскам, светлыя валасы, стрыжаныя пад “вожык”, нібыта праменіліся, вусны падцяліся. Сярэднявечны фанатык-інквізітар. Словы пра сусветную супольнасць імгненна спарадзілі асацыятыўны шэраг: Ватыкан, ЦРУ, правакацыя… Нічога дзіўнага. Яшчэ нядаўна ў нашым бюро расказвалі, як у галоўны універмаг горада паступілі ў продаж з адной капіталістычнай краіны джынсы, а ў швах тых джынсаў знайшлі стужачкі, прапітаныя бацыламі ці то чумы, ці то сібірскай язвы. І не паспелі гэтыя чуткі змоўкнуць, як падчас чарговага размеркавання дэфіцыту на “скрынцы” у наш аддзел прынеслі некалькі пар супермодных красовак з карычневай замшы. Мы пачалі прымерку, і ў кожнай красоўцы вынайшлі па мяшэчку з паркалю, набітаму падазроннымі паўпразрыстымі шарыкамі. Мы доўга гадалі наконт іх прызначэння, даставалі шарыкі з мяшэчкаў філатэлістычным пінцэтам, эксперыментавалі з імі, як падказвала разняволеная фантазія… Але ўрэшце жарты зрабіліся зусім вымушанымі, жаданы дэфіцыт разам з падазронным начыннем аказаўся складзеным у адну кучу, і нехта пачаў шукаць тэлефон санэпідэмстанцыі. На шчасце, у пакой зайшоў нехта з суседняга аддзелу і патлумачыў, што ў жудасных мяшэчках — звычайны паглынальнік вільгаці, які ў цывілізаваных краінах укладваюць у кожную каробку з абуткам. Мы доўга смяяліся. Але я ўпэўнена, што ў некаторых застаўся ў душы паганенькі сумніў… Прынамсі, я, перш чым уздзяваць, апрацавала свае красоўкі знутры медыцынскім спіртам.
Я ўважліва агледзела майго знаёмца. З рукавоў чорнага балахону высоўваліся манжэты фланелевай кашулі ў клетачку, партфель відавочна належаў яшчэ Марцінавым продкам, а чаравікі мелі такі родны, абадраны выгляд, што ў фінансаванне сакрэтных службаў неяк адразу не паверылася.
— А пры чым тут студня каля касцёлу і ўсе гэтыя казкі?
— У прынцыпе, некалькі стагоддзяў таму ў горадзе адбылося тое самае, што і чатыры гады назад — няўдалыя эксперыменты чалавечай цікаўнасці спарадзілі катастрофу. Не ведаю, што праўда, што не, дакладна вядомае адно — пасля таго, як з горада з’ехаў чарнакніжнік Твардоўскі, у нашым горадзе пачалося нешта падобнае да эпідэміі. Я б назваў гэта — паразітаванне на духоўнай энергіі. Лягчэй за ўсё ахвярамі робяцца людзі з нізкімі духоўнымі якасцямі, хаця відавочна, гэтая… з’ява цягнецца да самых … як бы гэта сказаць… адухоўленых.
Марцін расказваў усё гэта надзвычай сур’ёзна і чамусьці ў цяперашнім часе. Можа, я б і пасмяялася над яго забабоннасцю, калі б… Калі б не вечарэла, не засцілаў свет вакол мокры панылы туман, каб не стукаў так жалобна дождж у абабіты бляхай дах альтанкі, каб не былі твары рэдкіх прахожых гэтак бледныя і азызлыя, быццам адлюстраванні ў лужынах.
— Гэта казка… Гэта ўсяго толькі казка… — паўтарыла я сама сабе напаўголаса, каб адагнаць ачмурэнне.
— Не хацеў бы вас зноў напалохаць, але духоўныя хваробы больш заразныя і жывучыя, чым фізічныя. Гэта — як чорная дзірка ўтвараецца ў чалавеку, адтуліна ў бясконцую пустэчу, якая патрабуе запаўнення… І людзі, дакладней, былыя людзі, з пустэчай у душы вымушаныя паглынаць духоўную энергію іншых людзей… Падобна дыябетыкам, якія жывуць дзякуючы ін’екцыям інсуліну.
Я не вытрымала і нясмела засмяялася.
— Проста нейкі горад вампіраў! У вас выпадкова лішняй звязкі часнаку не знойдзецца?
— Я не жартую. Я сам назіраў — чалавек перараджаецца за нейкі дзень, страчвае здольнасць кахаць, спагадаць, атрымліваць асалоду ад прыгожага. Адрозніваць зло ад дабра. І чым большую частку яго душы засмоктвае пустэча, тым больш ён нагадвае … нават не жывёлу — робата, аўтамат з адзіным інстынктам — самазахавання. На такога часнок не падзейнічае. Праўда, здараецца, што чалавек не вытрымлівае такіх раптоўных стратаў – і памірае. Можа, так яно і лепш, не палічыце за кашчунства. Але я абраў бы менавіта такі варыянт – калі што… Айцец Петэр казаў, што абарона павінна быць унутранай. Яны, як п’яўкі, прысмоктваюцца там, дзе на душы ёсць пашкоджанні…
— Якія?
Марцін паціснуў плячыма.
–Ну, напэўна, схільнасць да граху. Хаця кожны хрысціянін ведае, што няма чалавека бязгрэшнага. Мусіць, справа ў нейкай мяжы, за якую нельга пераступаць. Дарэчы, айцец Петэр гаварыў, што за вамі ішоў адзін з гэтых… як ён іх называе, гамункулусаў… Айцец Петэр сказаў, што ў вас ёсць абарона, але вы не ўсведамляеце памеру небяспекі. Рана ці позна вас зламаюць. Таму вам трэба з’язджаць. Бяда ў тым, што людзі за апошнія гады перасталі даражыць тым, што яны — людзі. Аказалася, што гамункулусам быць… зручна. А чалавекам — небяспечна і турботна. І мяжа між чалавекам, які не верыць у бессмяротнасць уласнае душы і яе боскі пачатак, і бяздушнай істотай, усё вузейшая.
— А чаму яны так баяцца мора?
— Не ведаю.
Я распавяла Марціну пра маю зніклую зямлячку. Марцін нічога пра яе не чуў, але абяцаў даведацца, што зможа. Калі сапраўды ў салоне была выстава, павінны застацца рэкламныя плакаты, запісы…
Зусім сцямнела. Дождж сыпаўся на дахі, на маршчыністыя твары лужын. Ксёндзаў вучань правёў мяне да гатэлю. Паколькі гэта не былі звычайныя “заляцанныя” праводзіны, мы вельмі цікава паразмаўлялі дарогай. Марцін расказаў пра мастака Чурлёніса, яго карціны-снабачанні — пра спячага караля і сонечныя дзьмухаўцы, блакітна-залацістую Цішыню і бэзавую Трывогу, сінтэз музыкі і жывапісу, пра які марыў мастак. А яшчэ Марцін выявіўся вялікім знаўцам легендаў і паданняў свайго народа — асабліва мне спадабалася легенда пра паходжанне бурштыну, пра вужыную каралеву Эгле, якая жыла ў палацы на дне мора. Я захацела намаляваць такую карціну — залатавалосая каралева на фоне сталёвых хваляў, кавалачкі бурштынавага палацу разлятаюцца па свеце. Марцін, дарэчы, патлумачыў, што нічога дзіўнага ў такой ягонай абазнанасці няма — ён амаль скончыў філфак і збіраўся стаць фалькларыстам, пакуль не вырашыў, што ягоны доўг — пайсці ў святары. Але ў семінарыю яго пакуль не прымаюць — кажуць, павінен быць выпрабаваўчы тэрмін, бо працяглы час быў адлучаны ад храма. Так што пакуль ён у касцеле “абслугоўваючы персанал” — робіць, што скажуць, і спасцігае касцёльную традыцыю.
А я распавядала беларускія чароўныя легенды, вычытаныя ў майго куміра Уладзіміра Караткевіча, пераказвала “Сівую легенду” і “Дзікае паляванне”, гаварыла, якія карціны збіраюся пісаць — серыю пра замкі Беларусі, цыкл па матывах народных казак… Толькі адзін раз мне зрабілася няёмка — зацікаўлены Марцін папрасіў што-небудзь сказаць на беларускай мове. А маё вымаўленне… Тады я не асвоіла нават “дзекання” і так і казала на лекцыях — “д-зе”. Праўда, так вымаўлялі многія мае аднакурснікі, уключна з выкладчыкам.
На развітанне Марцін паабяцаў падарыць мне ў якасці нагляднага матэрыялу для карціны кавалак бурштыну, які ён знайшоў на беразе мора.
Было крыху страшна вяртацца ў свой пакой. Здавалася, там ужо лунае выкліканы Біргітай Эдуардаўнай дух Твардоўскага. Ёдзісты пах у калідорах упершыню падаўся пахам смерці.
Але ў пакоі знаходзілася толькі спакаваная сумка суседкі. Кіпяцільнік, шклянкі, дэзадаранты, кнігі і цэлафанавыя мяшэчкі зніклі са стала і тумбачкі. Ну і добра. Можна адпачыць, агледзецца. Аказваецца, на маім паліто сілуэту “трапецыя” акрым плямы на крысе з’явілася ладная драпіна на левым плячы — так што ў трохкутнай дзірцы віднелася белая вацінавая падкладка. Халера… Гэта я там, на касцёльнай сцяне, “адзначылася”. Акрамя таго, грошай засталося дваццаць тры рублі пяць капеек. Калі адлічыць на зваротны білет, застанецца дзесяць рублёў. Нягуста. Я рашуча абрэзала ўсе свае шыкоўныя пазногці разам з надламаным і палічыла за лепшае ўкласціся ў ложак, каб па прыходзе спірытысткі зрабіць выгляд, што сплю. Да размоў з ёю мяне неяк не цягнула.
Аднак суседка так і не з’явілася. І, наслухаўшыся таемных шоргатаў у калідоры і далёкіх птушыных ускрыкванняў, дзесьці пад раніцу я абрынулася ў чарговы сон-жах.

9

Я прачнулася ад таго, што проста над маім вухам квакнула жаба. Зразумела, ніякай жабы ў пакоі я не ўбачыла, але настрой дню быў зададзены адпаведны. За ноч сумка ў шашачкі знікла. За вакном гэтак жа вісела завеса туману.
З Марцінам мы ўмовіліся сустрэцца ля прахадной завода. Але я заўважыла Марціна, толькі калі ён сам мяне паклікаў. Мой учарашні знаёмец быў у той самай доўгай чорнай апранасе і, відаць, каб не прыцягваць экзатычным знешнім выглядам увагу, хаваўся за кіёск “Саюздруку”.
— На заводзе знайдзіце бібліятэку, — зашаптаў Марцін ціха і хутка, так што ўва мне зноў ледзь не прачнулася шпіёнафобія,– папытайцеся бібліятэкара Ядвігу Янаўну. Скажыце, што вас паслаў айцец Петэр. Гэтая кабета вам дапаможа. Яна ж распавядзе нешта важнае і пра вашую зямлячку, Валерыя яе звалі, здаецца? І пастарайцеся, каб сёння ж закончыць усе вашы справы. Я буду чакаць вас тут у дзве гадзіны. Калі не дачакаюся, ці неяк размінемся, знойдзеце мяне ў касцёле святога Юрыя — на дзесятым аўтобусе да прыпынку “Кінатэатр “Мір”.
І знік у мокрым тумане. Можа, сапраўды ён “рука Ватыкана”?
Найперш я накіравалася на склад. Госпадзе, ну як жа тут няўтульна, змрочна, і чаго гэныя цёткі ў сініх халатах такія адначасова лянівыя і крыклівыя? На мой нясмелы стук у складскіх дзвярах з’явіўся той самы бясколерны малады чалавек :
— Няма дэталяў. Заўтра прыходзьце.
Ён быў такі раўнадушна-гжэчны, крыху грэблівы… І тут нешта ўва мне зрушылася. Ад усведамлення ўласнай бездапаможнасці і безнадзейнасці, ад адной думкі, што я ўжо ніколі не выберуся з гэтага гіблага мястэчка, мяне апанаваў адчай. Я прытрымала нагой дзверы склада, якія збіраліся вось-вось зачыніцца перад маім носам, і запатрабавала паказаць мне накладную майго завода. Сама праверу, чаго па ёй не хапае!
Памяшканне складу нагадвала пусты мурашнік. Кладаўшчык з нянавісцю корпаўся ў паперах, а я нахабна сачыла за працэсам корпання, зазіраючы цераз ягонае плячо. Як яму хацелася абвясціць, што маёй паперы няма! Але я першая ўбачыла аркушык са знаёмым фірмовым знакам, падобным да смаўжа. Па кожным найменаванні, якія мне нічога не гаварылі — нейкія транзістары-рэзістары — складаўшчык адмоўна хітаў галавой: гэтага ўжо няма, гэтых яшчэ няма, гэтыя ёсць, але мала. Я намаганнем волі здушыла слёзы і паведаміла, як магла цвёрда, што сёння ўвечары паеду дадому — з дэталямі ці без дэталяў. І напішу скаргу на працу іхняга аддзела забеспячэння.
Я пакінула свайго бясколернага, дакладней, пазелянелага ад злосці суразмоўцу. Не паспела прычыніць дзверы, ён кінуўся да тэлефону.
Дырэктарава сакратарка знаходзілася на сваім працоўным месцы. Пабачыўшы яе, я зноў адчула той містычны жах, які апанаваў мяне на касцёльнай сцяне. Зноў прыпомнілася цырымонія ля гамункулусавай студні. Сакратарка паглядзела на мяне вірлавокімі вачыма, і я мімаволі здзівілася, калі пачула з яе вуснаў не жабінае кваканне, а чалавечы голас:
–Дырэктар у камандзіроўцы.
Я папрасіла дазволу патэлефанаваць на свой завод. На мяне пасыпаліся дабразычлівыя пытанні: а навошта? Хіба мяне тут хтосьці крыўдзіць? Грошы скончыліся? Ну, давайце гэта выправім. Напішыце распіску, што просіце выдаць вам сто дваццаць рублёў за кошт пераразліку камандзіровачных. Вось папера.
Сто дваццаць? Мая зарплата ў месяц была сто пяць рублёў. Хто мне дома такія камандзіровачныя налічыць? Я адмовілася і ўсё-ткі запатрабавала доступ да тэлефону. Дзіва, сакратарка лёгка згадзілася, падсунула свае крэсла, і нават дапамагла адшукаць код. Больш за тое, нават выйшла з прыёмнай, каб не перашкаджаць! Я набрала нумар аддзела забеспячэння майго завода і выказала сваё абурэнне. Дамоў хачу! А ў адказ пачулася не менш энергічнае:
— Пад суд хочаш? Ты выконваеш дзяржаўнае заданне. Пакуль не выдадуць дэталі, будзеш там. Маладая, сям’і няма. Куды табе спяшацца? Грошы налічым, колькі трэба. А пакуль слухай мясцовае кіраўніцтва.
Я паклала трубку. Сумна. Верхняя шуфляда сакратарчынага стала прыадчыненая. Машынальна я пацягнула за ручку. Ат, калі ўжо быць нахабнай — дык быць. Нейкія паперкі… Лісты… Шыкоўная папачка з надпісам “Толькі для асоб з доступам № 1. Захоўваць у сейфе”. Бач, якія на ёй хітрыя зашчапкі… Мне пашанцавала, і папка раскрылася. Першым было падшытае пасланне за подпісам дырэктара маёй “скрынкі”. Відаць, таму папка і не ляжала ў сейфе, што сакратарка афармляла паперы. Ну, скарыстаемся выпадкам і прыступам нахабства…
Праз некалькі хвілінаў я ўжо нервова распытвала служачых у вестыбюлі галоўнага корпуса завода, як прайсці ў бібліятэку. Мне трэба было пагаварыць з кім-небудзь… з людзей.
Бібліятэка для мяне святое месца. Надзейнае сховішча ад абрыдлага тлуму. Скарбніца і гэтак далей. Таму я з задавальненнем адчула знаёмы з дзяцінства пах старых кніг. Маленькая ціхая кабетка з доўгім вострым носам старанна перапісвала ў чытацкую картку назвы яркіх томікаў фантастыкі. Мажны чытач у чорным працоўным халаце, зашмальцаваным да бляску, аматар згаданай фантастыкі, нецярпліва чакаў перад драўляным бар’ерам. Але я чакаць не магла.
— Скажыце, калі ласка, вы — Ядвіга Янаўна?
Маленькая бібліятэкарка, здалося, зрабілася яшчэ меншай і адказала амаль шэптам:
— Ядвіга Янаўна захварэла. Яе не будзе.
Затое мажны чытач не лічыў патрэбным далікатнічаць:
— З глузду з’ехала ваша Ядвіга Янаўна. Шыза разыгралася. Учора забралі проста з бібліятэкі ў дурдом. Я заўсёды казаў, што яна прыпыленая. Нейкую дурасціку пхне, каб чыталі. А што мне з гэтых ейных раманаў? Паспрабаваў раз чытаць — ледзь не заснуў. Тут за дзень у цэху наламаешся, хочацца хоць чаго вясёленькага. А яна лекцыі чытае. Дурная баба. Сама ад сваёй класікі шызанулася.
Мужчына працягваў абурацца, маленькая бібліятэкарка сагнулася над сталом так, нібыта жадала зліцца з драўлянай паверхняй. А я рушыла прэч. Прэч, прэч…

11

З паловы другой да двух я стаяла перад кіёскам “Саюздруку” і вывучала вокладкі перыядычных выданняў. Але думкі мае былі толькі пра адно. У галаве, як заведзеныя, круціліся халодныя фармулёўкі з прачытанага ліста: “ Згодна дамове ад такога чысла такога года… дасылаецца чалавек… выдатныя духоўныя і фізічныя дадзеныя… Перадаецца ў поўнае распараджэнне… Тэрмін выкарыстання — не больш за два тыдні. Належыць вярнуць у псеўдажывым выглядзе не пазней адзінаццатага красавіка. Мнеманічная анестэзія абавязковая.” Подпіс дырэктара майго завода і начальніцы аддзела забеспячэння. Пячаткі, штампы, рэгістрацыйныя нумары. Далей ішло некалькі дзесяткаў падобных дакументаў, з розных гарадоў, з рознымі прозвішчамі…Некалькі – таксама з майго заводу. Адзін дакумент тычыўся Валерыі Засуліч. Тэкст быў такі самы, што й на аркушы з маім прозвішчам, адзінае адрозненне – размашысты надпіс чорным атрамантам наўскос. Як крыўдна, што напісана на мясцовай мове… Што ж здарылася з мастачкай Лерай? І вельмі падобна, што тое ж павінна здарыцца са мной…
Мнеманічная анестэзія… Гэта, відаць, маецца на ўвазе штучнае амнезія — страта памяці. А што значыць “псеўдажывы выгляд”?
Можа быць, мне трэба было быць яшчэ смялейшай і скрасці тую папку ці хаця б пару дакументаў з яе? Але калі я пайду з такімі доказамі ў міліцыю, дык апынуся там жа, дзе і няшчасная бібліятэкарка Ядвіга Янаўна. Манія пераследвання.
Дзесяць хвілін на трэцюю… Пятнаццаць… Марцін не падобны да тых, што спазняюцца. Палова трэцяй. Сорак хвілінаў. Чакаць, відавочна, не мела сэнсу. Хутчэй у касцёл Святога Юрыя.
Касцёл падпіраў нізкае свінцовае неба, як саржавелы нож. З дзвярэй хуткім крокам выйшлі дзве знаёмыя мне асобы. Так, гэтага самага мужчыну ў капелюшы і шэрым паліто я бачыла, калі ён запісваў вынікі замераў у зачыненым храме. А той, вусаты, што побач з ім, прасвятляў мяне наконт айца Петэра і маёй камсамольскай несвядомасці. Калі яны тут, значыць — усё паўтараецца?
Пракляты горад. Я стаяла перад дзвярыма касцёла і не адважвалася ўвайсці. Я была ўпэўненая, што там пачалося ўжо бачанае мною разбурэнне. А Марцін… Няўжо мне давядзецца выслухаць, што ён забраны, як шпіён ці як вар’ят? А хутчэй за ўсё, так і ёсць.
Пакуль я гаравала, цяжкія дзверы раптоўна расчыніліся, і нехта ледзь не збіў мяне з ног. Марцін! Напэўна, каб валодаў ён знешнасцю Алена Дэлона і абаяльнасцю Дона Жуана Тэнорыа, я не магла б узрадвацца яму больш. Я нават адразу не ўсвядоміла, што ён страшэнна знерваваны,– ад светлых валасоў “вожыкам” проста іскры ляцелі, вусны дрыжэлі, рукі, здаецца, таксама, таму што ён два разы запар упусціў свой партфель на прыступкі ганку. Мае пытанні павісалі ў мокрым паветры. Марцін хуткім крокам рушыў прэч ад касцёлу. Я бегла побач, хаця ўжо адчувала некаторую няёмкасць ( ну як жа, з маім “комплексам прынцэсы” бягу за хлопцам!) Увогуле, заўважае ён мяне, ці не… Аказалася, заўважае. Пасярод вузкай вулічкі Марцін рэзка спыніўся:
— Мне сказалі больш не прыходзіць у касцёл! Ад мяне занадта многа клопатаў! Я кампраметую іх! Божа, Ты– бачыш! Што мне рабіць?
Як я змагла зразумець з адрывістых эмацыянальных выказванняў Марціна, сустрэтыя мною ля касцёла асобы сапраўды прыходзілі да яго, як набліжанага да айца Петэра. Учынілі допыт Марціну, Марцінаваму начальству, Марцінавым знаёмым. І гэта не першы раз. Таму начальства не прапанавала — не, толькі намякнула, што лепш было б для іх і для самога Марціна, каб ён часова перастаў сюды прыходзіць. Чаму б яму не скончыць сваю вучобу ва ўніверсітэце? А з цягам часу, калі праверыць сапраўднасць свайго паклікання, можа паступіць у семінарыю.
Марцін перажываў сапраўдны шок. Мы зайшлі ў маленькую кавярню — са сталамі з цёмнага дрэва, не пакрытымі абрусам, і такімі ж лаўкамі, з глінянымі кубкамі і бочкай, падвешанай пад столлю на ланцугах. Але Марцінава гарбата так і стыла некранутая. Ён усё расказваў пра свой шлях да Бога, як у дзяцінстве маці вадзіла яго ў касцёл, а бацька лаяўся на яе за гэта. І як пасля ён і сам пасміхаўся з “цямноцця” веруючых людзей. І толькі асабістае гора — смерць бацькоў — зноў прывяло яго да храма. І яшчэ засмучала майго знаёмца, што айцец Петэр, які быў сапраўдным аўтарытэтам для Марціна, чамусьці таксама сумняваўся ў тым, што яго вучань здолее несці крыж святарства.
— Ён казаў, я занадта страсны, — з горыччу гаварыў Марцін.– Што я… як гэта… эмацыянальны. І для мяне больш правільным было б здзейсніць сябе духоўна, не пакідаючы свету. Калі б працаваў дзеля культуры свайго народа. Вывучаў яго фальклор, як я і збіраўся рабіць.
Эмацыянальны? Што ж, цяпер я магла ў гэта паверыць. Я ведаю, што найлепшы сродак пераключыць увагу чалавека ад ягоных праблем — гэта прапанаваць яму іншыя праблемы. Таму я расказала пра падзеі на заводзе. Сродак аказаўся дзейсным. Марцін зараз жа забыўся на свае непрыемнасці.
— Віка, вы павінны неадкладна з’ехаць адсюль.
— Без дэталяў?
— Ды забудзьцеся вы на свае “камандзіровачнае заданне”! Хочаце дасягнуць “псеўдажывога стану”? Які ж я эгаіст… Толькі пра сябе думаю…
Марцін у прыпадку пакаяння з усяе сілы пляснуў па ілбе даланёю.
— Шкада, не даведаемся, што магла распавесці Ядвіга Янаўна пра пра вашую зямлячку. Але я пасля сустрэчы з вамі зайшоў у салон. Ані запісаў, ані плакатаў пра выставу Валерыі Засуліч не знайшлося, але кабеты-наглядчыцы ўспомнілі… Сапраўды, тры гады таму была ў нашым салоне выстава дзяўчыны з такім прозвішчам. Каляровая графіка, вельмі прыгожая, кажуць. Карціны развесілі па сценах, падрыхтаваліся…А тут напярэдадні адкрыцця прыходзіць сама мастачка. Абураецца, што так непрыгожа ўсё вісіць, карціны розных памераў. Загадвае зняць і… усе свае карціны абразае пад роўны квадрацік.
— Як гэта?!!
— А так… Кабеты кажуць, яны аж плакалі, калі глядзелі на гэты здзек. Угаворвалі… Але дарэмна. Ад некаторых асабліва вялікіх карцін толькі цэнтральны фрагмент застаўся. Затое ўсё вісела роўненька… Праўда, нядоўга. І больш пра Валерыю Засуліч у салоне ніхто не чуў. І я здагадваюся, чаму. Зараз жа пойдзем на вакзал! Патлумачыце на працы, што вінаватыя пастаўшчыкі. Вы ж не абавязаныя сама заключаць дамовы і “выбіваць” дэталі — вы ўсяго толькі кур’ер!
І сапраўды! Я падбадзёрылася. Відаць, суцэльны туман праклятага мястэчка ўвагнаў мяне ў такую безвыходнасць. Сесці на цягнік — і ўсё! Заўтра апынуся дома. І забудуся на камандзіроўку да неіснуючага мора, як на жахлівы сон.
— Толькі давай зойдзем у гатэль. Рэчаў мала, дробязі, але шкада пакідаць.
З шэрага неба замест абрыдлага дажджу пасыпаўся мокры снег. Мы крочылі праз гэтую брыдкую слату, якая хлюпала пад нагамі, як жаба, і хаця здавалася, што не будзе канца макрыні і шэрасці, але мы былі ўдвух. Я адчула, як Марцін сціснуў мой локаць, і чамусьці паверыла, што ўсё будзе добра.
Марцін застаўся чакаць унізе. Я ўзяла ў адміністратаркі ключ і бегма накіравалася ў нумар. Так, вось мая сумка. Піжама, зубная шчотка, паста, мыльніца, рушнік, пантофлі, раман Караткевіча… Здаецца, нічога не забылася. Ёсць жа такая прыкмета — дзе забудзеш якую рэч, абавязкова туды вернешся. Ну а сюды нізавошта не хачу яшчэ раз патрапіць! І я нахілілася, каб зазірнуць пад ложак — ці няма там якой маёй дробязі. У гэты момант дзверы пакоя зарыпелі, і я ўбачыла перад сабой заляпаныя гразёй жаночыя замшавыя боты на высокіх абцасіках. Боцікі, безумоўна, знаходзіліся на нечых нагах. Я прыўзнялася, каб павітацца з іхняй уладальніцай, але разгледзець яе не паспела. Нешта кальнула мяне ў перадплечча, і ў маёй галаве выключылася святло.

11

У дзяцінстве мы зрэдзь гулялі ў “зачараваную прынцэсу“– у піянерскім лагеры ці ў бальнічнай палаце, там, дзе было каля дзесятка дзяўчынак і надыходзіла спрыяльная для гульні “шарая гадзіна”. Адна з дзяўчынак, “ прынцэса”, сядала на крэсла, складвала рукі перад сабой, быццам на парце, і апускала на іх твар. Астатнія дзяўчынкі па адной падыходзілі да “прынцэсы”, клалі далоні ёй на галаву і казалі страшнаватыя фразы:
— Прынцэса памерла.
— Яе трэба хаваць.
— Хто яе пахавае?
— Хай чэрці яе хаваюць.
Пасля гэтага ўсе разам спрабавалі падняць “прынцэсу” выцягнутымі ўказальнымі пальцамі. Калі рытуал удаўся б, цела “прынцэсы” мусіла страціць вагу, лунаць у паветры.
На самой справе такога выніку, наколькі я ведаю, не дасягаў ніхто. Таму што галоўнай умовай было — не рассмяяцца. Але страшнаватая гульня заўсёды выклікала нярвовы смех у гульцоў, і ўсё канчалася тым, што “прынцэса” з рогатам падала на ложак.
Мяне часта з-за субтыльнасці целаскладу выбіралі на ролю “прынцэсы”. І я ніколі не забуду таго жахлівага адчування. Чамусьці галасы тых, хто гаворыць, пачынаюць даносіцца да цябе як скрозь вату, ты як бы не разумееш сэнсу слоў. Галава пачынае кружыцца, ты ўсведамляеш, што вось-вось правалішся ў невядомую бездань… І толькі смех, выратавальны смех вяртаў цябе на зямлю, на казённы ложак.
Я апрытомнела пасля апошняга наведвання гатэля “Салдуве” рыхтык як зачараваная прынцэса. Незнаёмы пакой… Не, не гатычны пакой з голымі цаглянымі ці каменнымі сценамі, з іржавымі ланцугамі на іх. Ён хутчэй нагадваў прыёмную бальніцы. Першае, што я ўбачыла, высокую шэрую столь з люмінесцэнтнай лямпай. Тады — сцены, пафарбаваныя брудна-зялёнай алейнай фарбай, высокае акно, да паловы таксама замазанае фарбай, над дзвярыма лямпа ў жалезнай сетачцы… Пахне хлоркай…
Я страсянула галавой, праганяючы рэшткі ачмурэння, і ўсвядоміла, што ляжу пад байкавай коўдрай на звычайнай бальнічнай кушэтцы, абабітай брунатным дэрмацінам. Што было дзіўным, дык… Акрамя бялізны, на мне не было нічога. Дэрмацін агідна прыліпаў да голага цела. Мая вопратка знікла. Абутку таксама не было відно. Нехта забраў нават зашчапкі з валасоў.
Я асцярожна паднялася з кушэткі. Перадплечча смылела. Ну, так, след ад уколу. Проста нейкі шпіёнскі раман. А можа, я звар’яцела? «Вальтанулася»? Вось і ўся разгадка. І нават не ездзіла нікуды…
Я рассмяялася, якраз, як тады, у дзяцінстве, калі гуляла ў “зачараваную прынцэсу”. На жаль, ад майго смеху зялёныя сцены не расталі, але мне зрабілася лягчэй. Смяюся — значыць, пакуль не “псеўдажывая”. А вось на зэдліку побач з кушэткай — як я не заўважыла адразу — напэўна, падрыхтаваная для мяне вопратка. Начная кашуля з белага паркалю. Нібыта новенькая. Дзіўны фасон — доўгая, шырокая, з доўгімі ж рукавамі. Затое дэкальтэ — як у прымадоны. Праўда, выканана зусім проста — гарлавіна сабраная ў дробныя складачкі. Што ж, давядзецца апрануць гэта…
Кашуля сапраўды аказалася доўгай — ледзь не па падлозе мяла. Я прайшлася па пакоі. Двое дзвярэй — за аднымі прыбіральня, другія, зачыненыя, відаць, у калідор. Я ўспомніла ўсе прачытаныя дэтэктывы і прыгодніцкія раманы. Адчыніць бы дзверы… Аднак адтуліны для ключа не відно. І — не, я не памылілася! — ручкі няма таксама. Нічога сабе! Калі я ў вар’ятні, дык неадменна ў аддзяленні для шалёных.
Я падсунула да акна зэдлік і паспрабавала дацягнуцца да яго. Пра свае фізкультурныя здольнасці я ўжо згадвала, але тут — са страху– як небудзь ужо выбралася б, нават праз фортку… Але мяне чакала расчараванне. Акно было так высока, што я не змагла дацягнуцца да яго краю нават кончыкамі пальцаў. Можа, кушэтку падставіць?
Але ножкі кушэткі аказаліся прыкручанымі да падлогі.
Раптам дзверы расчыніліся. Нізкі каржакаваты мужчына пхаў перад сабой сервіровачны столік з жалезнымі талеркамі. Прынамсі, мардаваць голадам мяне тут не збіраюцца. Прыемна і тое, што чалавек не ў белым халаце, а ў сінім швэдары… А то я б канчаткова пагадзілася з варыянтам вар’ятоўні.
Але калі гэты чалавек выпрастаўся і павярнуўся да мяне тварам, я ледзь не закрычала ад агіды і жаху. Не, не тварам… Хутчэй, мордай. Бледнай, нават зеленаватай мордай з велізарнымі адвіслымі вуснамі амаль ад вуха да вуха. Прыплюснуты чэрап. А гэтыя вочы з ненатуральна прыпухлымі павекамі… Мусіць, я ўсё-ткі ў “жоўтым доме”, а перада мной — прыслужнік са сталых пацыентаў?
Прыхадзень паставіў прывезенае на тумбачку і нейкі час моўчкі разглядаў мяне. Быццам страву…
— Дзе я знаходжуся? Чаму? Гэта бальніца? Я магу бачыць доктара?
Гэта ж я магла пытаць у сценкі. Прыслужнік моўчкі выйшаў, і за дзвярыма нешта зашаргацела. Відаць, зачынялася засаўка. Вось чаму няма адтуліны для ключа.
Але, аказваецца, выхаванне не выпускае нас са сваіх наманікюраных кіпцюроў нават у часы смяротнай небяспекі. Перад ежай трэба вымыць рукі… І я пацягнулася выконваць рытуал.
Я трымала далоні пад струменем гарачай вады, спрабуючы хоць трохі зменшыць унутраны холад – здавалася, страх ператварыўся ўва мне ў кавалак лёду. Мой позірк няўважна спыніўся на палічцы, дзе побач з бясформным кавалкам гаспадарчага мыла валялася нейкая мачалка… З кудзелі, ці што? Кавалак лёду ўнутры мяне варухнуўся вострымі гранямі. Я працягнула руку і ўзяла шэры брудны скрутак… Ён распрастаўся…
Я трымала ў руках дзявочую касу, ператвораную ў анучу для прыбіральні. Калісьці, безумоўна, светлую. І,вядома, не лялечную. Так, сантыментаў тутэйшыя гаспадары зусім пазбаўленыя.
Пры адным поглядзе на прывезеную ежу мяне ванітавала. Немаведама што ў яе падмяшана… А можа, і лепш адразу з усім пакончыць? Я ўзяла шклянку з кампотам і выпіла нагбом. Не паспела дапіць, як дзверы расчыніліся зноў. І я пабачыла вірлавокую завадскую сакратарку і… сваю апошнюю суседку па гатэлі Біргіту Эдуардаўну. Яны сталі перада мной — абедзьве такія падобныя, азызлыя, раўнадушныя, губастыя. У мяне нават голас перахапіла — якія могуць быць пытанні да гэтых істотаў?
У дзвярах чакаў жабінатвары прыслужнік. Сакратарка знакамі паказала мне, каб я паднялася. Цікава, яна таксама страціла голас? Ці ёй брыдка размаўляць па-чалавечы?
Я ўстала. Кабеты агледзелі мяне з усіх бакоў, расправілі складачкі на кашулі. Біргіта Эдуардаўна дастала з кішэні грэбень і прыгладзіла мае валасы, каб роўна леглі на плечы. Тады падштурхнула да дзвярэй.
Мы ішлі па доўгім пустым калідоры — не бальнічным, хутчэй канторскім, кабеты наперадзе, ззаду — жабінатвары. Лінолеум халадзіў мае босыя ногі.
Я маўчала. Страх мой дасягнуў, відаць, такой мяжы, калі ўсе жахі ўспрымаюцца досыць будзённа. Не схаваю, некалькі разоў я была гатовая запанікаваць, зараўсці, забіцца ў істэрыцы, кінуцца на гэтых істотаў, кусаць іх… Але надта ж не люблю меладраматычныя эфекты. Да таго ж, цеплілася кволая надзея, што Марцін штосьці прыдумае, каб вызваліць мяне.
Эгле, вужыная каралева… Валадарка нябачанага мною мора. Калі са мною зробяць тое, што яны хочуць, я ўжо ніколі не намалюю такую карціну. І ўвогуле, больш ніколі нічога не намалюю. Мільганула здрадлівая думка: жывуць жа і так… І добра жывуць… Можна нават прыстасавацца маляваць, і не маючы душы. Хіба мала я бачыла такіх мастакоў? І хіба мала ў іх прыхільнікаў? Парэжу свае карціны на роўненькія квадрацікі…Атрымаю прэмію… Але зараз жа працяў боль: не жыццё гэта. Не магу я так… Не хачу!
Мяне завялі ў вялікую залу з адзіным паўкруглым акном, якое пачыналася амаль ля самай падлогі. У акне быў вітраж з зялёных і чырвоных шкельцаў, падобны на тыя пентаграмы, якія паказвала мне Біргіта Эдуардаўна. Наколькі я магла зразумець, зале сапраўды пастараліся надаць гатычны каларыт, хаця густу ў гэтых істотаў відавочна бракавала. Першае, што прыцягнула ўвагу і прымусіла пахаладзець — нешта накшталт каменнага ложка пасярод залы. Ложак складаўся з тыповых гранітных плітаў, якія выкарыстоўваюцца для аздаблення парапетаў і вестыбюляў — колькі я малявала такіх інтэр’ераў! Нават маркіроўка на плітах захавалася, і гэта нейкім чынам змяншала мой апакаліпсічны жах. А вось што зусім не падабалася — дык тое, што з краёў “ложка”, прыблізна ў тых месцах, дзе апынуліся б шыя, запясці і ступакі, былі прыробленыя кольцы з арматуры, на іх матляліся гумавыя жгуты, якімі медыкі пераціскаюць артэрыі.
Толькі тут я заўважыла, што ў зале шмат людзей. Хаця — ці людзей? Можа быць, у вулічным натоўпе ці ў чыноўніцкім кабінеце кожны з іх падаўся б звычайным. Але цяпер, усе разам, яны рабілі жудаснае, пагрозлівае ўражанне — зяленатварыя, з пустымі пукатымі вачыма і адвіслымі губамі. Яны ўсе глядзелі на мяне і нібыта радаваліся — тупой радасцю жывёлы, якая збіраецца наталіць голад. Вось нехта, падобны да таго бландзіна, што чапляўся да мяне на вуліцы ля касцёлу. А вунь нібыта бясколерны хлопец з завадскога склада. А там ці не мая першая суседка па гатэлі Аліна? Можа, і не. Іхнія пысы зліваліся ў адзін размыты калаж. Прысутныя наблізіліся, але ўшчыльную не падыходзіў ніхто, быццам чакалі якойсці важнай падзеі.
Не жадаю нагадваць ахвяру. Ідыёцкая белая сукенка… Я незалежна скрыжавала рукі на грудзях і ўтаропілася ў столь, мімаволі ўслухоўваючыся ў гугнявыя галасы вакол мяне.
— Нарэшце дачакаліся сходу. Баяўся, не запросяць, забудуцца на старэнькага… Хы-хы-хы! А я яшчэ магутны.
— Ты, Іван Пятровіч, не магутны. Ты сквапны. Мінулы раз больш за ўсіх забраў.
— Хы-хы! Хто колькі можа, столькі і забірае! Такі закон!
— Нічога, тут на ўсіх хопіць. Многа лішняй энергіі. Многа. Аж віруе. Нашто ёй столькі.
— У цябе, Эдмунтас, было амаль столькі ж. Небарака. Ты тады сачыняў як гэта яе… Музыку!
–Му-зы-ка! Не памятаю. Што гэта?
— Камбінацыя вібрацыяў паветра. Ты займаўся тым, што сатрасаў паветра! Гы-гы-гы!
— Не памятаю. Дурноцце нейкае.
— А ты, Іван Пятровіч, хіба не назапашваў лішняй энергіі? Мітусіўся па свеце, шукаў, дзе паветра свяжэйшае. Гаварыў, абыду ўвесь свет, каб прыгажосць планеты ў душы сабраць. Нават кватэры не меў. Ха-ха-ха… Дурноцце.
— Але яна кволенькая. Энергіі шмат, але худая. Можа не вытрымаць кантакту. Памятаеш, было… На ўсіх тады не хапіла. Крыўдна.
— Кхы-кхы.. Канешне, крыўдна. Раз — і сышла энергія невядома куды.
— Чаму ў ёй столькі лішняга?
— Яна таксама займаецца пустым — камбінуе светлавыя рэфлексы рознай інтэнсіўнасці. Называецца — малюе.
— Навошта?
— А навошта яны ўсе жывуць? Для таго, каб назапашваць для нас энергію. Добры экземпляр. Светленькі.
— Пачынаецца наша гадзіна.
— Сёлета не гадзіна, а ўсяго сорак сем хвілінаў дзесяць секунд.
Я ўсвядоміла, што ўжо доўгі час гляджу ў адну кропку… Дакладней, на адно аблічча… да жудасці знаёмае. Гэта ж мой уласны адбітак, толькі ў крывым люстры! Не можа быць! Я ўглядалася ў знаёмыя рысы, пачварна скажоныя. Зялёныя вочы амаль хаваліся ў прыпухлых павеках, вусны расцягнуліся ў ідыёцкай усмешцы, шчокі спухлі… Фігура, калісьці, можа, і танклявая, зацягнута ў брунатны аксаміт. Затое золата паначапляна – як вітрына ювелірнай крамы. Лера Засуліч? Магчыма… А магчыма, і не – валасы штучна выбеленыя, аж бясколерныя, і завітыя ў спіралькі….
Раптам усе размовы сціхлі. Прысутныя расступіліся, і ў залу ўвайшоў таварыш Рымант, дырэктар завода. Усе ўскінулі рукі ў прывітанні. Дырэктар абыякава зірнуў на мяне. Я адчула, што мяне прыгінаюць да каменнага ложка. Эх, дзе мае ранейшыя востранькія кіпцюры!
Жабінатварыя спакойна рабілі сваю справу. Эластычныя жгуты шчыльна прыціснулі да каменю мае запясці і шчыкалаткі. Гэткі ж жгут перакінулі праз горла, так што я не магла прыўзняць галавы.
Біргіта Эдуардаўна абвясціла:
— Чорная Ліліт у апагеі!
Прысутныя азваліся радасным ускрыкам. Зноў прагучаў дырэктараў голас — напэўна, пажадаў усім прыемнага апетыту. Ложак абступілі з усіх бакоў, і тыя, хто стаяў бліжэй, паклалі на мяне далоні — халодныя і вільготныя. Столь захінулі агідныя пысы з пажадліва расцягнутымі вуснамі. Я заплюшчыла вочы. Што ж, болей ніколі мяне не ўсхвалюе партрэт Джаконды. У карцінах любімага Марцінавага Чурлёніса я ўбачу толькі бессэнсоўную камбінацыю светлаценяў. Музыка Моцарта і Бетховена падасца мне гэтак жа бессэнсоўнымі «камбінацыямі паветраных вібрацый», а кнігі Караткевіча — абсурднымі і шкодна сентыментальнымі. Я ніколі не здзейсню тое, што марыла здзейсніць дзеля свайго народа — не будзе тых карцін, якія бачыліся ў мроях. Я знікну… Я знікаю… Божа мой літасцівы, пашкадуй маю грэшную душу… Аднекуль у памяці ўсплылі словы малітвы — мусіць, чутай ад бабулі. Я малілася першы раз у жыцці — і ў першы раз зразумела велічны сэнс гэтага. Мне здавалася, што кожнае маё мысленнае слова ўзлятае наверх, як ззяючы шар, напоўнены адчайнай надзеяй, і, узлятаючы, цягне мяне за сабой з бездані…
Слёзы каціліся з-пад павек. Але цяпер не толькі шкадоба да сябе разрывала мяне — мімаволі злосць і гнеў на гэтых істотаў, на пустышак, спароджаных пустой цікаўнасцю чалавека, таксама змяніліся шкадобай. Калісьці яны ж былі такімі, якой была я!
Раптам засяроджаную цішыню змяніў здіўлена-злосны шэпт і выгукі расчаравання. Я нічога не магла зразумець, акрамя таго, што засталася, здаецца, ранейшай. Істоты расступіліся, я адплюшчыла вочы і зноў пабачыла над сабой шэрую столь, цяпер праз вясёлкавую прызму слез.
— Ён жа абяцаў!
— Чаму яе не падрыхтавалі? Яны павінны былі запрашаць на падрыхтаванага чалавека!
— Як тут падключацца — адусюль саслізгваеш. Гэта здзек!
Я не магла прыўзняцца і паглядзець на іх — гумавы жгут душыў горла. Але пазнавала іх па галасах. Вось гаворыць дырэктар:
— Я даручыў вам падрыхтаваць яе. Чаму не зрабілі?
— Яна была амаль гатовая! — гэта пакрыўджаная Біргіта Эдуардаўна.– Вы ж ведаеце, мы не маглі чакаць! Запасная асобіна стала зусім нявартай — праклятая бібліятэкарка аказалася інфарктніцай. А браць кагосьці больш нармальнага — дык у яго і запас энергіі нармальны, нават на аднаго не хопіць. Браць некалькіх нельга — усё роўна канал адкрываецца толькі адзін!
Сход злосна заквакаў.
— Ну, добра, што ж нам цяпер рабіць? — незнаёмы з’едлівы голас. — Мы з’ехаліся з усяго горада, мы ўсе прагнем. Мы не можам чакаць.
— Не можам! Не можам!– закугікалі вакол.
Натоўпам такіх эгаістаў кіраваць нялёгка. Правадыр не даў ім спатоліць голад — і бяда правадыру. Дырэктар, аднак, не разгубіўся.
— Ці-ха, ці-ха, мы нешта прыдумаем. Урэшце, і такі выпадак у нас ужо быў.
Яны пачалі аб нечым шаптацца. Я адчула, што мяне адвязваюць ад халоднага граніту. Выходзіць, не такія яны ўжо страшныя?
Я села. Прысутныя ўзбуджана хадзілі па зале, паглядаючы на мяне. Жанчыны і мужчыны, старыя і маладыя, модна апранутыя і не вельмі — іх проста распірала ад неспатоленага жадання. Некаторыя працягвалі ў мой бок рукі, быццам хацелі да нечага дацягнуцца, і пасля са стогнам – кваканнем апускалі іх, нібыта вакол мяне была нябачная сцяна. Сярод іх знаходзіліся былыя музыкі, былыя вынаходнікі, былыя аматары кніг і далёкіх вандровак. Але, напэўна, кожны з іх і тады валодаў якасцямі, якія сёння сталі ў ім асноўнымі і адзінымі… Ім, як п’яўкам, трэба хоць невялікі кавалак пашкоджаных тканак, каб прысмактацца, хоць якая слабіна душы. Лера Засуліч «купілася» на магчымасць лёгкай славы… Магла б, напэўна, «купіцца» і я, калі б гэтыя істоты былі разумнейшыя…
Няўжо ўва мне таксама ёсць нешта ад іх? Што яны ўгледзелі ўва мне? Чым спадзяюцца знішчыць мяне?
Дзверы ў канцы залы адчыняліся і зачыняліся, істоты выходзілі і ўваходзілі, нешта відавочна рыхтавалася. Таварыш Рымант, надзьмуты і паважны, стаяў наводдаль у атачэнні некалькіх падначаленых. Час ад часу да яго падкульгвала сакратарка за распараджэннямі.
Але вось хаджэнні туды-сюды прыпыніліся, і галасы змоўклі. Мяне прымусілі ўстаць і павярнуцца тварам да дзвярэй. І ў гэтыя дзверы ўвайшоў… Марцін.
Сэрца мае абрынулася, як пісалі старыя раманісты, у бездані адчаю. Сапраўды, я дасюль спадзявалася, што недзе там, на волі, Марцін клапоціцца пра мяне. І вось ён тут… Добра яшчэ, не ў ідыёцкай белай кашулі. Але і не ў ранейшай чорнай апранасе. Праўда, з гальштукам у колер пулаверу— а сярод маіх равеснікаў я ведала толькі аднаго, які насіў гальштук у паўсядзённым жыцці, сына састарэлага акадэміка. Марцін уяўляў новы для мяне тып маладога чалавека. Будучы святар… Удараць па правай шчаце — падстаў левую? Ці там у іншай чарговасці? Прынамсі, цяпер Марціну давялося праверыць гэты прынцып на сабе, бо правая шчака ў яго падазронна пачырванела, і на шыі выразна віднеліся нейкія драпіны. Але па ягоным задзірыстым выглядзе і насцярожаных позірках двух здаравучых істотаў, што ідуць за ім, не вельмі падобна, каб ён не паспрабаваў даць здачы.
Марцін убачыў мяне, і ягоная задзірлівасць згасла. Мусіць, я ўяўляла з сябе досыць жаласнае відовішча — босая, у доўгай белай кашулі, з распушчанымі валасамі, у атачэнні гэтых паскудных мордаў… І яшчэ я ўбачыла, ён спалохаўся, што я — ужо не я. Марціна падвялі блізка да мяне і паставілі з другога боку каменнага ложка. Ён стаяў, апусціўшы вочы, і цяжка дыхаў. Я зразумела, баіцца нават глянуць на мяне — а раптам сустрэне пусты позірк… І я нягучна гукнула яго.
— Эй, Марцін, я яшчэ тут! Чуеш?
Ён зірнуў на мяне з недаверлівай надзеяй. Я пастаралася ўсміхнуцца як мага больш весела.
— Я яшчэ памятаю вужыную каралеву! І ўсё яшчэ хачу да мора!
Твар Марціна засвяціўся. Ён выпрастаў сваю хударлявую высокую постаць і нават неяк пераможна агледзеў паганы сход. Адзін з тых, хто прывёў Марціна, са здзеклівай усмешкай шпурнуў на падлогу нешта металічнае. Гэта быў срэбны крыжык на парваным ланцужку, відаць, адабраны ў Марціна. Вось адкуль у таго драпіны на шыі… Істоты зашапталі з нянавісцю:
— Святар, святар!
— Не, ён не святар, ён вучань святара.
Раптам нехта істэрычна пракрычаў:
— Вы што, не бачыце? Гэта не святар, гэта рыбар!
Натоўп быццам працяла электрычным зарадам. Іхнія галасы амаль страцілі падабенства з чалавечымі:
— Ры-бар! Гэта рыбар! Нашчадак забойцы! Знішчыць рыбара!
Марцін расправіў плечы — а яны ў яго сапраўды шырокія! — і… засмяяўся, пагардліва так, пагрозна… Істоты інстынктыўна пасунуліся назад. Яны так баяліся і ненавідзелі, што, напэўна, адбылося б нешта страшнае, але сваіх падначаленых спыніў дырэктар Рымант.
— Ці-ха! Спакойна! Гэта ўсяго толькі малады чалавек. Маладзенькі. Маладзюсенькі. Неспакушаны. А гэта маладзенькая дзяўчынка. Худая, але сімпатычненькая. Праўда, сімпатычненькая?
Настрой натоўпа перамяніўся. Раты ашчэрыліся юрлівымі ўсмешкамі, галовы згодна заківалі.
— Так-так… так і трэба… гэта заўсёды дапамагае…
Што на гэты раз? Халодныя рукі літаральна здзерлі з мяне кашулю і ўсё, што было пад ёй. Я ўбачыла, што тое самае робяць з Марцінам, і заплюшчыла вочы. Мяне кудысьці падштурхнулі — я зразумела, што падштурхнулі бліжэй да яго. Я наважылася зірнуць — Марцін стаяў, заплюшчыўшы вочы, з адчайна чырвоным тварам. А вакол кугікалі і скакалі істоты, яны адпускалі непрыстойныя заўвагі, яны радаваліся, як могуць радавацца злыя дзеці, калі адрываюць жывым казюркам крылцы і лапкі.
— Паглядзіце, ён хоча яе! Будучы святар хоча яе! Хы-хы! А як жа абяцанне цэлібату? Ты мусіш быць цнатлівым, святар!
Я зразумела, што наша ратаванне — у нас саміх. Бо ім трэба той грэх, які народзіцца ў нас — а не прыйдзе ад іх! Не трэба вінаваціць сябе ў іхніх грахах! А ён жа думае цяпер, бедны, што гэта ён абражае мяне!
— Ведаеш, Марцін, мы ў інстытуце малявалі з аголенай натуры.
Марцін таксама наважыўся зірнуць на мяне. Я спакойна ўсміхнулася яму, і ён нясмела ўсміхнуўся ў адказ. Ну, сапраўды, знайшлі час камплексаваць! Мы цывілізаваныя людзі, і кантралюем свае інстынкты. Марцін, відаць, думаў гэтак жа і супакоіўся.
Але супакойвацца было рана. Дзяўчына з ярка нафарбаванымі вуснамі на паўтвара вынесла паднос з двума шпрыцамі, напоўненымі мутнай вадкасцю. Дрэнь справа…
Марцін адчайна зірнуў на мяне і паспрабаваў вырвацца з рук істотаў. Але яго трымалі моцна. Дырэктар стаяў перад намі і паблажліва ўсміхаўся:
— Бачыш, рыбар? У гэтых шпрыцах адно выбітное рэчыва. Вельмі каштоўнае. Многія людзі гатовыя плаціць за яго шалёныя грошы. А мы дамо табе бясплатна. І гэтай дзяўчынцы дамо. Вы закамплексаваныя, няшчасныя істоты, вы ўсё свае кароценькае жыццё душыце свае эмоцыі і жаданні. А навошта? Хіба ёсць нешта больш значнае, чым выкананне жаданняў? Хіба не патаемныя мары рухаюць чалавекам і ўсёй гісторыяй чалавецтва? І мы дапаможам вам здзейсніць вашыя жаданні. Маленькі ўкольчык… Зусім не балюча. І вы спазнаеце зямны рай. Які існуе на справе — у адрозненне ад прыдуманага нябеснага. Ты, рыбар, будзеш кахаць гэтую дзяўчынку моцна-моцна. І яна зусім не будзе супраць. Ваша энергія нарэшце вызваліцца — і мы яшчэ выберам, чыя будзе мацнейшай — твая ці яе! А можа, яны зліюцца ў адну плынь — магутную плынь, якая змые ўсе вашы маральныя бар’ерчыкі!
Істоты аж закугікалі ад радаснага прадчування. Марцін кусаў вусны і вырываўся, а дырэктар весяліўся:
— Вам спадабаецца. Яшчэ дзякуй скажаце. Мы нават зайздросцім вам, праўда?
Прысутныя згодна заківалі галовамі.
— Бачыш? Мы зайздросцім табе, рыбар, які марыў стаць святаром. Кожны з нас не супраць быць на тваім месцы. Але сёння, у святую нашу гадзіну, гэта мусіш зрабіць ты, хлопчык! Ну, вяртайцеся да прыроды!
— Хутчэй! — завішчэла Біргіта Эдуардаўна.– Хопіць балбатні! Час сыходзіць! Праз дваццаць хвілін пяройдзе арбіта Ліліт!
Істоты замітусіліся, зашумелі. Маю руку нечым перацягнулі вышэй локця і моцна трымалі. Сакратарка пацягнулася да падноса.
— Не!
Марцін з усяе сілы ірвануўся і выбіў нагой паднос. Шпрыцы стукнуліся ад каменную падлогу. Крык расчаравання пранесся па натоўпе жабінатварых.
— Другую порцыю! Хутчэй!
Але Марціна нібыта ўскінула нябачная сіла. Так, гэта быў рыбар, усе продкі якога прывыклі да змагання з марскімі пачварамі. Істоты разляцеліся ў бакі. Марцін лупіў па іх пысах, біў у адвіслыя жываты, а яны, усе каржакаватыя, поўныя жывёльнай сілы, расступаліся перад ім у спрадвечным страху. Гэта таксама быў рытуал. Але ж іх было шмат… Іх час сыходзіў, і яны помнілі толькі пра свой голад, пра пустэчу на месцы сваіх душаў, якая патрабавала запаўнення. Некалькі жабінатварых схапілі Марціна за рукі, за плечы, за шыю. Маладая дзеўка з чорнымі спіралькамі валасоў — усё-ткі гэта была Аліна — з ненавісным віскам падскочыла да Марціна і, як кошка, ударыла яго па твары кіпцюрыстай рукой. Праз лоб і шчаку Марціна працягнуліся глыбокія паралельныя драпіны. Па іх пацякла кроў.
— Засталося дзесяць хвілінаў!
Я адчула, як у маю рука ўваходзіць іголка. Да Марціна падбегла сакратарка са шпрыцом. Марцін адчайна азірнуўся — вакол тоўпіліся жабінатварыя, за спінай — вітражнае акно.
— Не будзе па вашаму!
І нечакана падаўся назад, да вакна. Пачуўся звон разбітага шкла. Мне пачало рабіцца нядобра, перад вачыма ўсё расплылося. Як у сне, бачыла: жабінатварыя глядзелі ўніз праз разбіты вітраж. Чула іх нялюдскія галасы:
— Падабраць яго! Можа, яшчэ жывы…
— Позна. Людзі збегліся. Пракляцце, пад’ехала “хуткая”! Яго забіраюць.
— Што рабіць?
— Час сышоў. Цяпер чакаць яшчэ тры месяцы.
— Пракляцце! Я зусім саслабну.
Галасы ператварыліся ў амаль неразборлівае мармытанне:
—Знойдзем у бальніцы… Мнеманічная анестэзія… Няўдалыя экземпляры… Усё ліквідаваць… Сыходзім, сыходзім, сыходзім…
І я канчаткова правалілася ў чорную пульсуючую бездань.

12

Я прачнулася ад таго, што ў вочы свяціла сонца. Ледзь пазнала пакой гатэля “Салдуве”, першы раз убачаны пры сонечным святле. Ну, так, я ў гатэлі. На мне мая піжама ў дробныя рамоначкі. Вунь на крэсле мая адзежа, на дыванку — мае пантофлі. Ну і жахі сняцца тут! І баліць усё — нібыта ноччу мяне цапамі малацілі… Хутчэй бы дадому…
Але як сёння тут светла, і які дзіўны шум ! Я падышла да вакна і расхінула шторы. І ледзь не захлынулася ад узрушэння — за вакном было мора!
Я спяшаючыся расчыніла шыбы і наколькі магла, высунулася вонкі — абы не вываліцца. Мора пачыналася метраў за дзвесце за помнікам тром рыбарам, ці то салдатам — іхнія сілуэты выразна бачыліся, асветленыя сонцам, на фоне сталёвых хваляў.
Мора было і такім, і не такім, як я яго ўяўляла. Яно не было добрым, і не было злым. У ім месціліся і пагроза, і надзея. Яно было занадта велічным, каб суадносіцца з якімі то ні было чалавечымі паняццямі. І яшчэ — яно, несумненна, было жывое. Яно дыхала, яно мела сваё меркаванне пра нашую вартую жалю цывілізацыю.
— Мора! Тут усё-ткі ёсць мора!
— Вядома, ёсць, калі на карце намаляванае, — ад гуку чужога незадаволенага голаса я ледзь не вывалілася з вакна. З падушкі суседняга ложка прыўзнімалася галава ў бігудзях.– І няма чаго гарлаць так рана. І не трэба вокны расчыняць наросхрыст — не лета. Госпадзе, прасіла ж пасяліць да ціхіх людзей, каб хоць выспацца далі пасля дарогі!
Апошнія словы прыпыніліся пазяханнем. Кабета павярнулася тварам да сцяны і нацягнула коўдру на вуха. Я ціхенька зачыніла акно і моўчкі пастаяла перад ім. Дзіўна, чамусьці не відно ніводнага карабля. А я заўсёды ўяўляла сабе мора з караблямі! І людзей не відно — бераг зусім пустэльны. Калі не лічыць каменных рыбароў. Нават чаек няма — а я ж нібыта чула іхнія крыкі! Хтосьці, здаецца, гаварыў мне нядаўна, што вада ля гэтага берага атручаная… Не памятаю.
Я пайшла ў ванны пакой. Зубная шчотка і паста на месцы… Не, ну трэба ж прымроіцца ўсякай пошасці…
Адміністратарка ўнізе незадаволена паклікала мяне:
— Тут вам ужо разоў дзесяць з завода званілі. Кажуць, ваш заказ даўно гатовы. Чакаюць вас.
Цікава, чаму адна згадка пра тое, што трэба ісці на завод, кідае мяне ў жах? Мусіць, зусім дасталі сваёй марудлівасцю.
Але цяпер усё рабілася аператыўна. Са складу вынеслі мой заказ — дзве вялікія скрынкі. А на родным прадпрыемстве абяцалі, што гэта будзе нешта зусім невялікае і лёгкае! А тут кожны пакунак — кілаграмаў па дваццаць. А ў мяне яшчэ ўсе кішэні і сумка набітыя марскімі каменьчыкамі і ракавінкамі — шкада, бурштыну не знайшла. Малады кладаўшчык патлумачыў, што ў скрынках насыпаныя дробныя дэталі — транзістары, рэзістары ды іншая трасца. І што ён уласнаручна, каб мне было лягчэй везці, дастаў гэтыя транзістары з асобных кардонных упаковак. І просіць быць асцярожнай, каб дэталькі не высыпаліся. А на таксі ён сам мяне пасадзіць.
Я адзначыла сваю камандзіроўку у сакратаркі дырэктара. І чаму гэтая няшчасная кабета прымроілася мне ноччу ў такім жахлівым выглядзе! Дасюль не магу глядзець на яе без дрыжыкаў.
Між тым сакратарка паставіла пячатку на маю паперу і нават прабурчэла нешта накшталт “У добры шлях”. Нібыта пажадала хутчэй вымятацца з іхняга прыветнага мястэчка. Так, прыкладнага забеспячэнца з мяне, відаць, не выйшла.
Таксі сапраўды чакала ўнізе. Ветлівы кладаўшчык не сказаў толькі пра тую акалічнасць, што за карыстанне мясцовым таксапаркам я мушу плаціць са сваёй худой кішэні. Добра, што не трэба цягнуць пакункі самой.
Затое калі таксіст паставіў мае скрынкі на брудную снежную кашу прывакзальнай плошчы, я сербанула напоўніцу. Па-першае, аказалася, што адразу дзве скрынкі я падняць не ў стане. Так і давялося рухацца — адну скрынку прасуну на некалькі метраў, бегма вяртаюся па другую. Ды яшчэ азіраюся — не дай Бог скрадуць! Што, калі тыя транзістары дарагія? Ніколі не расплачуся.
Калі да сярэдзіны перона заставалася яшчэ метраў дзесяць, мае высілкі заўважыў нейкі малады чалавек з рукой у гіпсе. Ён паставіў свой партфель проста ў снежную калатушу і падбег да мяне.
— Дазвольце, дапамагу…
Дзіўны малады чалавек. Інвалід, а дапамагаць бярэцца. Сталёвавокі, і ўсё аблічча строгае, сцятае, але ёсць і мяккасць у ім — мусіць, след добрага выхавання. Праўда, супярэчаць гэтаму паралельныя драпіны праз увесь лоб. У аварыю, відаць, трапіў? Снег сыпаўся на падстрыжаныя вожыкам светлыя валасы майго міжвольнага памочніка. Што ж, на злодзея ён не падобны.
— Пастойце, калі ласка, з гэтымі пакункамі, добра? Я па білеты збегаю.
Я стаяла ў чарзе ля касы і пакутліва ўспамінала, дзе я магла сустракаць гэтага высокага маладзёна. І ён так пільна на мяне глядзеў — аж сорамна зрабілася за пляму на паліто. Ды яшчэ і рукаў падраны — дзе я паспела яго падраць? Так і не ўспомніла, прыімчалася за скрынкамі — усе-ткі страшнавата на незнаёмага чалавека пакідаць казённую маёмасць. Маладзён стаяў там, дзе я яго пакінула.
— Дзякую! А вы таксама на гэты цягнік, да горада Б”?
— Так, на гэты цягнік. Але мне не да канца. Я выходжу нашмат раней. У горадзе В”. Скончыліся мае універсітэцкія канікулы. На два гады зацягнуліся. Пара брацца за вучобу. А вы… з камандзіроўкі, напэўна? Дзіўны ў вас багаж.
— Малады спецыяліст у якасці ўючнага вярблюда.
— На наш «знакаміты» завод ездзілі?
Чаго ён з такой пагардай пра роднае прадпрыемства?
— На завод. Гэта, па-мойму, самая вялікая тутэйшая адметнасць,–”падкалола “ я субяседніка.
— Не, наша адметнасць — мора, бурштын, рыбары.
Бурштын… Дзесьці тут я чула легенду пра паходжанне бурштыну. Залацісты палац на дне мора, Эгле, вужыная каралева… Па-мойму, я нават хацела напісаць такую карціну — я нават зноў бачу яе — сталёвыя хвалі, залатыя валасы Эгле… Мусіць, пачала разважаць услых, бо хлопец азваўся:
— У мяне ёсць з сабой кавалак бурштыну… Я знайшоў яго на беразе пару гадоў таму. Вазьміце, будзе вам у якасці нагляднага матэрыялу для карціны…
Хлопец, няёмка рухаючы адной рукой, расчыніў партфель і дастаў жоўты каменьчык памерам з каштан.
Госпадзе, ну чаму гэты маладзён мне такі знаёмы? І гэты сіняк на правай шчацэ… Э, ды ў яго і вусны нібыта разбітыя, і нос… А гэтыя паралельныя драпіны…
— Вы, напэўна, у аварыю трапілі?
Спытала — і сама зразумела, што не — з’явіўся туманны ўспамін: чарнавалосая пачвара б’е чалавека па твары кіпцюрамі… Звон разбітага шкла… Бурштын здаваўся ў далоні такім цёплым — сапраўды, кавалак сонца…
— Марцін!
Ён заплюшчыў вочы і патрос галавой:
— Я здагадваўся, што мы знаёмыя… Вось толькі не прыпомню, калі… Нешта з памяццю пасля няшчаснага выпадку… Але ў бальніцы мне заставацца нельга…
— Марцін! А што з айцом Петэрам?
— Ён здаровы, дзякую, — механічна адказаў Марцін і раптам выпусціў партфель і схапіў мяне за плячо здаровай рукой, наблізіў да сябе і пачаў прагна ўглядацца ў мой твар:
— Віка!.. Ты ўсё яшчэ носіш такую цяжкую сумачку?
І дакрануўся да свайго разбітага носу.
Я з палёгкай рассмяялася:
— І заўсёды магу даць ёю па пысе любому нахабніку!
Мае пакункі моклі ў снезе побач са старэнькім партфелем Марціна. Вакол мітусіліся людзі. Падыходзіў цягнік. Але мы не заўважалі гэтага.
2000

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.