Прызнанне ў каханні справа надзвычай інтымная. Але калі размова ідзе пра пісьменніцу Людмілу Рублеўскую – гэта старажытнае правіла не працуе
Хочацца прызнацца, ды яшчэ як! Па-шляхетнаму гожа, з той самай годнасцю і гонарам, рамантыкай і менестрэлямі, на адным калене і шабляй на баку… Каб і коні з карэтай, і тысячы кветак вакол. А яна такая: крышку паружавеўшая ад шчасця сціплая пісьменніца — пазірае з акенца старой вежы часоў ВКЛ… Шчэ не ведае, што я для яе цмока злавіў!
Менавіта такія пачуцці выклікае ў мяне аўтарка Людміла Рублеўская, якая стварыла самы паспяховы на сёння беларускі гістарычны раман “Авантуры Пранціша Вырвіча”. Гэта цудоўнае фэнтэзі заснаванае на рэальных падзеях сівой даўніны. Сам жа жанр гістарычнага раману адкрыў у айчыннай літаратуры геніяльны Ўладзімір Караткевіч. Дзякуючы спадарыні Рублеўскай жанр развіваецца і заваёўвае ўсё больш верных чытачоў. У літаратурных колах яе даўно называюць добрай паслядоўніцай нашага любімага класіка. З той толькі розніцай, што творы яе больш набліжаны да ўжо сучаснага жанру фэнтэзі і нават чымсьці нагадваюць Анджэя Сапкоўскага з яго знакамітым на ўвесь свет “Ведзьмаком”.
Героі Рублеўскай – спачатку зусім зялёны хлапчыска, але ганарлівы шляхціц Пранціш, і доктар, асоба таямнічая і нават містычная — Баўтрамей Лёднік — створаны так натуральна і настолькі жывымі, што адразу становяцца роднымі. Разам з імі на працягу чатырох кніг ты робіш дзівоснае падарожжа ў часы Рэчы Паспалітай… З героямі пачынаюцца адбывацца самыя розныя прыгоды на вялікім гістарычным поле. Дзе сустракаюцца ўсе – ад Радзівілаў да Кацярыны 2, ад цмокаў да чараўнікоў… Чытаць яшчэ цікавей, калі разумееш, што шмат якіх неверагоднасцей у кнізе спадарыня Рублеўская не выдумляла, а ўсё гэтае калісьці мела месца на нашай зямлі. Аўтарка спалучае дакладнасць фактаў гісторыі і адметна таленавіты мастацкі тэкст, які чытаецца вельмі лёгка. Кнігі літаральна праглынаюцца і шкадуеш, што так хутка. Карацей, хто любіць усю сакавітасць нашай мовы – вам таксама дакладна сюды! Паралелей з сучасным беларускім грамадствам хапае і яны вельмі відавочныя… Тут дзяленне на правільных і не правільных беларусаў, тых хто за караля і супраць, шляхціцаў і мужыкоў. Вечнае небяспечнае ваганне паміж рознымі палітычнымі саюзамі і дзяржавамі. Вуснамі герояў Рублеўская кажа пра многія сучасныя хібы ў краіне, але якія цягнуцца яшчэ з даўніны стагоддзяў. Напружаны сюжэт кнігі прасякнуты шчырым каханнем, сапраўдным мужчынскім сяброўствам, крывавымі двубоямі, падарожжамі, выкшталцоным гумарам і рознымі цікавосткамі…. Таму разлічана на шырокае кола чытачоў. Здаецца, пачынаючы з падлеткавага ўзросту і да бясконцасці. Нявольна закрадваецца думка, што па кнігах Рублеўскай атрымаюцца калі-небудзь выдатныя фільмы.
Трэба толькі дадаць, што закахаўся я ў Рублеўскую перш за ўсё, як у неверагодную прыгажуню –аўтарку… Верных і адданых чытачоў у Рублеўскай сапраўды шмат. А свайго рэальнага рыцара яна ўжо мае – гэта таксама вядомы паэт і пісьменнік Віктар Шніп. Гэта творчая менская сям’я, здаецца, яшчэ не раз здзівяць прыхільнікаў якаснай літаратуры на роднай мове. Такія справы, панове!
Пакінуць адказ