Дзень народзін на могілках. Верш

5.07.2017

Ну што табе яшчэ?

Ты п’еш сярод магіл.

На дзень народзін свой да мёртвага паэта

Прыйшла. Не супраць ён

паслухаць шоргат крыл

Або твае радкі з прастуджанага лета.

Ну што табе яшчэ?

Даволі слухачоў на могілках старых,

Заселеных адменна.

Падставіў твой паэт гранітнае плячо.

Нябожчык пры жыцці быў, кажуць, джэнтльмэнам.

Ад невідушчых воч пракісне аж віно.

А словы й без таго пракіслі і загаслі.

А што іх шкадаваць?

Змяшаюцца ў адно

Пітво, каб выпраўляць рацыянальнасць часу.

Каб хтось цераз гады – у твой таемны дзень –

Да помніка прыйшоў іх выдыхнуць у слоту.

Дапіта ўсё віно.

Рукой махае цень.

А заўтра – немата,

А заўтра – на работу.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.