АПАВЯДАЛЬНІЦКІЯ СТРАТЭГІІ Ў РАМАНЕ “ПАНТОФЛЯ МНЕМАЗІНЫ” Л. РУБЛЕЎСКАЙ
В.Ю. Бароўка Віцебск, ВДУ імя П.М. Машэрава
Людміла Рублеўская – адна з самых паспяховых і папулярных сучасных беларускамоўных пісьменніц. Сакрэт гэтага ў многім заключаецца ў яе апавядальніцкім майстэрстве, у апеляцыі праз праблематыку і прадуманае эстэтычнае ўвасабленне праблематыкі да шырокай чытацкай аўдыторыі. Апавядальніцкія стратэгіі пісьменніцы накіраваны на асэнсаванне айчыннай гісторыі, чалавечага лёсу, узроўняў чалавечай трываласці, на нязмушанае выхаванне чытацкіх густаў. Асэнсаванне апавядальніцкіх стратэгій сучасных беларускіх аўтараў найперш актуальнае ў нацыянальным літаратуразнаўстве для даследавання эстэтычнай ідэнтыфікацыі айчыннага прыгожага пісьменства, для вызначэння праспектыўных шляхоў яго рэпрэзентацыі ў культурна-камунікацыйнай прасторы ХХІ стагоддзя. Мэта дадзенай работы заключаецца ў выяўленні прыёмаў і функцый наратыўных стратэгій Людмілы Рублеўскай у яе новым рамане “Пантофля Мнемазіны” (2017). Матэрыял і метады. Матэрыялам для аналізу абраны раман пісьменніцы “Пантофля Мнемазіны”, галоўным чынам сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці твора. У дадзенай працы выкарыстаны элементы канкрэтна-гістарычнага, фенаменалагічнага, структурна-тыпалагічнага і дэскрыптыўнага аналізу. Вынікі і іх абмеркаванне.
Сучасная літаратура вымушана канкурыраваць з рознымі сродкамі масавай камуніцыі, найперш з такімі, як кіно, відэа, інтэрнет. У выніку літаратурацэнтрычнасць прыкметна стала саступаць свае пазіцыі ў культурнай свядомасці грамадства. Пісьменнікі ў такіх умовах імкнуцца вярнуць літаратуры чытача, сцвердзіць права мастацтва слова на паўнавартаснае існаванне ў сістэме культуры і масавых камунікацый. Сусветнавядомы сербскі празаік Міларад Павіч у “Рамане як дзяржаве” заўважыў, што сучаснаму аўтару жыццёва патрэбна новая тэхналогія напісання твора, што яму наўпрост, напрыклад, неабходна развіваць тэхніку нелінейнага аповеду: “Трэба стварыць такі твор, якім можна карыстацца як інтэрактыўнай прозай. Гэта патрабуе абсалютна іншай, новай тэхнікі напісання рамана або апавядання, – тэхнікі, якая загадзя прадугледжвае і забяспечвае розныя хады пры чытанні твора” [1, 20], бо “мы маем справу не з крызісам самога рамана, а з крызісам чытання рамана. Такога рамана, які нагадвае вуліцу з аднабаковым рухам. Гэта значыць з крызісам графічнага аблічча рамана. З крызісам – кнігі” [1, 35]. Асноўная ідэя М. Павіча зводзілася да высновы пра аб’ектыўную запатрабаванасць істотнага абнаўлення паэтыкі раманнай формы праз рэфармаванне найперш аповеду. “Пантофля Мнемазіны” – твор пра чалавека і яго магчымасці, дзе пісьменніца паспрабавала інтэрактывізаваць аповед, пераасэнсаваць традыцыйныя прыёмы мастацкага адлюстравання свету і чалавека. Раман звычайна атэстуюць як буйную празаічную форму, напоўненую шматтэмнасцю, шматгеройнасцю, выкарыстаннем розных мастацкіх сродкаў і прыёмаў. Істотная рыса “Пантофлі Мнемазіны” – металітаратурны план, дзе прыгожае пісьменства рэпрэзентавана феноменам дыялога пісьменніцкай і чытацкай свядомасці. Л. Рублеўская мадэрнізавала сістэму аповеду ў рамане. У “Пантофлі Мнемазіны” разгортваюцца тры пераплеценыя паміж сабой гісторыі: гісторыя стварэння рамана, гісторыя Вірынеі (Ірыны) Корвус і гісторыя выбітнага доктара Люцыяна Корвуса. Гэтыя гісторыі прачытваюцца адна праз другую, уваходзяць адна ў адну, адначасова яны адносна аўтаномныя. Сама гісторыя напісання рамана пра доктара Корвуса падаецца апавядальніцай у канцы твора. Пры гэтым сама апавядальніца падкрэслівае, што ў пісьменніцкай працы гістарычныя і біяграфічныя факты – гэта ўсяго толькі штуршок, імпульс для творчай дзейнасці, якая грунтуецца на аўтарскай канцэпцыі жыцця і прызначэння чалавека, на вымысле ў імя жыццёвай пераканаўчасці, дзеля грунтоўнага інтэлектуальнага і эмацыянальнага ўздзеяння на чытача, карэляцыі яго маральных установак. Па прызнанні аўтара як героя рамана, пісьменнік – чалавек дэспатычны, ён абсалютна вольна абыходзіцца з персанажамі і жыццёвымі фактамі. Для стварэння рамана аўтару найперш неабходна “фактуркі зараз нагрэбсці” [2, 160]. Багатая “фактурка” гісторыі барацьбіта за праўду і справядлівасць Люцыяна Корвуса дастаткова поўна пададзеная ў запісах рэпрэсаванага геолага, гераіняй-пісьменніцай карэктуецца, бо ў геолага Корвус адназначна прадставаў ахвярай жорсткіх
абставін: “І я разумела, што напісаць менавіта так, як вычытала ва ўспамінах геолага, я не змагу. Гісторыя майго героя будзе іншай. Так, балючай і трагічнай. Але іншай. І можа быць, хтосьці з тых, хто яе прачытае, аднойчы адмовіцца выбіраць між ролямі ката, здрадніка і ахвяры. Таму, што застанецца чалавекам. Проста чалавекам на сваёй зямлі. Ну, неяк так…” [2, 164]. Пісьменніца іранічна разважае сама з сабой пра тэхналогіі мастацкага адлюстравання і дэкларуе: “Хопіць пафасу? Альбо яшчэ падкінуць? Я магу. Вось толькі не магу забыцца на забытых” [2, 164]. Гісторыя Ірыны Корвус угрунтавана на адкрыцці мінулага, уласнага радаводу, на спасціжэнні складанага свету чалавечых узаемадачыненняў. Ірына – дызайнер і ў дадатак мадэратар сайта фанфікшан “Пад знакам Урабораса”, бо “ў фанфікшэне сумленней, чым на звычайным сайце пачынаючых літаратараў, які ў геніях, бы ў каросце” [3, 35]. Назва адкрытага Ірынай сайта шматзначная: Ураборас – змяя, што згарнулася ў пярсцёнак і кусае сябе за хвост, Ураборас сімвалізуе цыклічнасць быцця, рэпрэзентуе вечнасць і бясконцасць праз разбурэнне і стварэнне, праз жыццё і смерць. Назва сайта акцэнтуе множнасць варыянтаў лёсу аўтараў-пачаткоўцаў, а ў межах сюжэтнага ланцуга – абсалютна нечаканыя павароты чалавечых лёсаў. Змешчаныя на сайце матэрыялы пра Ордэн рыцараў-захавальнікаў памяці становяцца аб’ектам абмеркавання чытачоў. Высвятляецца, што іх слушныя заўвагі ўплываюць на выкладанне аўтарам фанфіка гісторыі Люцыяна Корвуса і яго знаёмых, карэктуюць наратыўную стратэгію. Каментарыі да тэкстаў аўтара, што абраў нік “Grjaznyj ubljudok”, ускосна характарызуюць і чытачоў беларускамоўнай літаратуры ў сеціве, сярод якіх ёсць выпадковыя і недалёкія людзі тыпу Трандуіла, рамантычная аматарка фантастыкі Fljor Delakur, аматар праўдападабенства Top Магутны, тэндэнцыйна настроены Racional, перакананы, што пра глабальныя рэчы можна чытаць толькі на “проза.ру”, а сюды “прыходзяць па рамантыку, чувак, ну ці паржаць” [3, 56]. Мадэратар сайта Ірына Корвус – асоба літаратурацэнтрычная, бытавыя сітуацыі яна любіць суадносіць з літаратурнымі сітуацыямі. Так, пра свой намер знайсці сляды знікнуўшага мужа з гумарам зазначае: “Сюжэтаў, калі дзяўчына ідзе па слядах свайго зніклага прынца, хапае” [3, 29]. У рамане шырока выкарыстоўваюцца рэмінісцэнцыі і алюзіі як літаратурнага, так сацыяльнага і бытавога плана на падзеі мінулага і цяперашняга часу. Пісьменніца дасціпна высмейвае некаторыя бытавыя і літаратурныя штампы, у прыватнасці, штамп пра пісьменніка-ўсяведа: першае ўражанне ад модна апранутай Ірыны ў пісьменніцы-апавядальніцы было негатыўным, бо па пісьменніцкіх мерках маладая асоба выглядала тыповай прыгожай дурніцай. Назва рамана – “Пантофля Мнемазіны” – яскравая маніфестацыя пісьменніцкага стылю Л. Рублеўскай, угрунтаванага на дарэчным выкарыстанні іранічнай метафары. Ірына Корвус як бы паміж іншым заўважае: “Багіня памяці Мнемазіна носіць пантофлі са свінцовымі абцасамі. Ступае мякка, на дыбках, а націсне пяткай – і струшчыць усё” [3, 29]. Л. Рублеўская ў працэсе мастацкага даследавання магчымасцей асобы аб’яднала ў творы элементы дэтэктыўнага, гістарычнага, сацыяльна-бытавога і фантастычнага раманаў. Заключэнне. Эксперыментальныя для беларускай прозы апавядальніцкія стратэгіі ў рамане Л. Рублеўскай “Пантофля Мнемазіны” заснаваны на ўліку сучасных умоў існавання літаратуры ў сацыякультурнай прасторы, класічных уяўленняў пра слоўнае мастацтва як чалавеказнаўства, разуменні яго герменеўтычнай функцыі як дамінантнай.
- Павич, М. Роман как держава / М. Павич. – М., 2004. 2. Рублеўская, Л. Пантофля Мнемазіны: раман / Л. Рублеўская // Дзеяслоў. – 2017. – № 5 (90). – С. 99–164. 3. Рублеўская, Л. Пантофля Мнемазіны: раман / Л. Рублеўская // Дзеяслоў. – 2017. – № 4 (89). – С. 5–81.