У рамках мінскай Бібліяночы ў бібліятэцы імя Янкі Купалы 20 красавіка прайшла імпрэза «Шпацыр па таямнічых месцах Менска» з паэтычным аб’яднаннем «Літаратурнае прадмесце» і паэтычным тэатрам «Арт.С». А Людміла Рублеўская разам з Рагнедай Крышталюк уручылі чарговую антыгламурную літаратурную прэмію «Блакітны Сьвін».
«Блакітны Сьвін» — літаратурная прэмія, заснаваная суполкай «Літаратурнае прадмесце» ў 2006 годзе. У беларускім літаратурным асяроддзі яна лічыцца самай вясёлай і нефармальнай, і адзінай антыгламурнай літаратурнай прэміяй. Надаецца за «нонканфармізм і здольнасць захаваць творчую „самасць“».
Людміла Рублеўская з Рагнедай Крышталюк
Як адзначыла Людміла Рублеўская, кіраўнік суполкі «Літаратурнае прадмесце», прэмія была ўтворана, каб супрацьпаставіць нешта пафасу тых сур’ёзных дзяржаўных літаратурных прэмій, якія на той час існавалі. І «Блакітны Сьвін» стаў своеасаблівай беларускай птушкай шчасця. Дарэчы, ёсць у яго і каханая. Гэта таксама выдуманы персанаж — Рагнеда Крышталюк, паэтка з Баранавіч, якая вучылася на філфаку (пры гэтым яе тры разы адтутль адлічвалі). А сама яна прадстаўлена ў выглядзе ружовага парасона.
Талісманы прэміі – Блакітны Сьвін і Рагнеда Крышталюк
Узнагароджанне прэміяй прайшло ў адзінаццаты раз. У мінулыя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся Аксана Спрынчан, Віктар Іваноў, Мікола Кандратаў, Маргарыта Аляшкевіч, Віка Трэнас, Наталля Кучмель, Юлія Новік, Яраш Малішэўскі, Павел Дарохін.
Прэмія носіць з большага жартоўны характар (зрэшты, на тое і антыгламурная). Тым не менш уручаецца яна за знакавыя дасягненні на ніве беларускай літаратуры і за ўклад у развіццё і прапаганду беларускай літаратуры. Жартоўны характар маюць і самі прызы. Да дыплома лаўрэат прэміі атрымлівае 100 якіх-небудзь прызоў на памяць: 100 алоўкаў, свечак, перапёлчыных яйкаў, пачак соку… Штогод нешта рознае, змесціва прыза вызначаецца галасаваннем.
З нечаканай узнагароды пачалася сёлетняя імпрэза. На адкрыцці мерапрыемства адміністрацыя бібліятэкі Янкі Купалы ўручыла падзяку выдавецтву «Мастацкая літаратура» праз галоўнага рэдактара выдавецтва Віктара Шніпа за сталае і плённае супрацоўніцтва. У сваю чаргу Віктар Шніп запрасіў чытачоў прыходзіць у бібліятэку — у госці да Купалы, да беларускай кнігі. Пры гэтым выказаў надзею, што і праз 500 год кнігі, якія мы чытаем сёння, будуць таксама кагосьці цікавіць.
Асноўную праграму адкрыла паэтка Аксана Спрынчан, лаўрэатка першай прэміі (2006 года), разам з мужам музыкай Ярашам Малішэўскім, уладальнікам прэміі 2016 года.
Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан
Між іншым, Аксана Спрынчан у 2006 годзе атрымлівала прэмію цяжарнай, стаў такім чынам адзінай лаўрэаткай, якая атрымлівала прэмію ў такім стане. А ўлічваючы, што наступны год быў годам Свінні, то і дачка ў яе адпаведна нарадзілася ў год талісмана прэміі. Дарэчы, дачка паэткі, Альжбэта, таксама выступіла на імпрэзе, зачытаўшы свой ужо апублікаваны верш.
Альжбэта Малішэўская–Спрынчан, наймалодшая выступоўца
Перад слухачамі са сваімі вершамі выступілі таксама паэты суполкі «Літаратурнае прадмесце» — Павел Дарохін, Мікола Кандратаў, Віка Трэнас, Таццяна Пратасевіч, Кацярына Тарасава (самы малады ўдзельнік суполкі).
Празаік Вадзім Крук распавёў цікавую легенду пра менскі «Хлусаў мост», які раней быў прыкладна на месцы таго моста, што знаходзіцца непадалёк ад помніка Максіму Багдановічу. Не менш уразілі і гарадскія гісторыі, што распавялі літаратурны крытык Наста Грышчук і паэтка Наталля Кучмель, якая таксама прачытала і свае вершы. Музычную атмасферу мерапрыемства ствараў музыка Яраш Малішэўскі, выступіў са сваімі песнямі і бард МіхаілБараноўскі.
На галоўную прэмію «Блакітны Сьвін» сёлета прэтэндавалі:
Алесь Емельянаў-Шыловіч (за пераклады сусветнай паэзіі)
Наста Грышчук (праект Haroshak.by)
Віктар Лупасін (за ўдзел у адборы Еўрабачання)
Ірына Карэліна (за прасоўванне беларускай мовы у межах праекта «Беларускiя ўiкенды»)
Юрась Нераток (стварэнне паэтычных альтэр эга)
Рагнед Малахоўскі (за вернасць ідэалам)
Таццяна Барысюк (праект «Таццянін дзень»)
Таццяна Пратасевіч (актыўны ўдзел у падрыхтоўцы літаратурных праектаў)
Антон Саладоўнікаў (паспяховы выступ у паэтычных фестывалях «Філатаў фэст» і «Мцыры»).
У выніку галасавання антыгламурную літаратурную прэмію «Блакітны Сьвін» сёлета атрымала Наста Грышчук, за праект Haroshak.by. Апроч дыплома, ёй, па традыцыі, уручылі і 100 «чаго-небудзь». Гэтым разам гэта былі 100 пачак сурвэтак, сярод якіх, між іншым, трапілася і пачка ў выглядзе 100 доларавых купюр. Прэмія для самой Насты стала сапраўднай неспадзянкай, бо яны на яе нават не разлічвала.
У спіс прэтэндэнтаў на прэмію «Ганаровы “Блакітны Сьвін”», якая даецца паралельна да проста «Блакітнага Сьвіна», сёлета ўвайшлі: Міхал Бараноўскі, Сяргей Шаматульскі, Аліна Длатоўская, Віктар Шніп і Мікола Адам. Ганаровага «Блакітнага Сьвіна» атрымаў бард Міхал Бараноўскі.
Узнагароджанне «Ганаровага “Блакітнага Сьвіна”» Міхала Бараноўскага
У дадатак да дыплома ён атрымаў з рук Віктара Шніпа падарунак ад выдавецтва «Мастацкая літаратура», тры кнігі — Максіма Гарэцкага, Янкі Купалы і Віктара Шніпа (са шчырымі пажаданнямі і подпісам ад аўтара).
Усяго ў мінскай акцыі «Бібліяноч-2018» прынялі ўдзел восем бібліятэк, кожная з якіх абрала сваю арыгінальную тэму. Нацыянальная Бібліятэка Беларусі абрала тэму «Паралелі часу», Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі (вул. Сурганава, д.15) тэму: «Гісторыя на сон будучы», Цэнтральная бібліятэка ім. Янкі Купалы (вул.В.Харужай, 16) — «Гарадскі квартал», Фундаментальная бібліятэка БДУ (пр.Незалежнасці, 4) — «Вакол святу за адну ноч», Навуковая бібліятэка БНТУ (вул. Я.Коласа, 16) — «Мінск», Цэнтральная дзіцячая бібліятэка ім. М.Астроўскага (пр. Газеты Праўда, 20А) — «Мільён прыгод», Дзіцячая бібліятэка №16 (вул. Якубоўскага, 32) — «Чытанне. Фантазія. Творчасць», Дзіцячая бібліятэка № 3 ім. А. Гайдара (вул. Бачыла, 2) — «Казачны свецік».
Фота аўтара