У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца Людміла Рублеўская.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
Звычайна кнігу прачытваю за пару гадзін. Але на сёлетняй кніжнай выставе набыла зборнік «Віленскіх лекцый па сацыяльнай філязофіі» Мэраба Мамардашвілі — і гэта з тых кніг, якія нельга прачытаць за пару гадзін. Разгортваю кожны дзень, асэнсоўваю чарговы кавалак… Яшчэ сёньня на маім стале — «Унутраны бок ветру» Міларада Павіча, кніга, якая мае два варыянты — жаночы і мужчынскі. Не навінка, але толькі цяпер дайшлі рукі — узяла дзеля рэцэнзіі ў сваёй рубрыцы.
На стаўбурку ля майго ложка — «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспэдыцыі ў Заходне-рускі край» 1877 году. Мне гэта падаравала мая былая студэнтка па Школе маладога пісьменьніка Зося Іванюціна, якая хадзіла на заняткі з унучкай Міланай. Зося — нашчадак вядомага філёляга, выкладчыка БДУ, які быў рэпрэсаваны, і гэтая кніга — адна з нешматлікіх, што ацалелі зь яго бібліятэкі ў высылцы. Чытаю там зьвесткі пра працэсы над ведзьмакамі ў XVIII стагодзьдзі на Валыні і Падольлі. Там таксама зьмешчана цудоўная падборка ўкраінскіх прымавак і прыказак.
Чытаю «Чырвоны аловак», нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР Аляксандра Гужалоўскага. Павучальна, абуральна, тое-сёе знаёма…
І ня вытрымала, набыла зборнік «Страдающее Средневековье» аўтараў вядомага пабліка. Вельмі сур’ёзнае дасьледаваньне сярэднявечнай іканаграфіі і яе дзівотаў.
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
Згадаю том «Язэп Драздовіч» выдавецтва ” Мастацкая літаратура», хоць выйшаў ня сёлета. Гэта проста космас: дзёньнікі, рукапісы, неверагодныя навуковыя трактаты, прычым факсыміле, рэпрадукцыі карцін, дасьледаваньні пра мастака… Маштаб асобы ўражвае. А гэтыя ягоныя прызнаньні пра візіянэрства! Як у снах — ці ў трансе — падарожнічаў на іншыя плянэты, у будучыню, бачыў каляністаў зь Зямлі…
Таксама важкі том «Гісторыя Сапегаў. Жыцьцяпісы, маёнткі, фундацыі» — велізарная колькасьць патрэбнага мне гістарычнага матэрыялу.
Зрабіла ўражаньне кніга Аксаны Данільчык і Віктара Жыбуля «Бліскавіцы» — анталёгія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага пэрыяду. Колькі імёнаў і горкіх лёсаў!
Кніга Гузель Яхінай «Зулейха адплюшчвае вочы”для мяне засьведчыла, што тэма сталінскіх рэпрэсій і генацыду не састарэла, і можа спараджаць мэйнстрымаўскія творы.
«Каханьне падчас халеры» Габрыэля Гарсія Маркеса. Рада, што зьявілася на беларускай мове.
Безумоўна, прачытала нашага набэліянта Сьвятлану Алексіевіч, «Час сэканд-хэнд».
Дэніэл Кіз, «Дотык». Гісторыя пра сужэнцаў, якія раптам даведаліся, што ў выніку няшчаснага выпадку атрымалі дозу радыяцыі. І цяпер іх лёс — быць ізгоямі.
Гюнтэр Грас, «Бляшаны барабан». Напачатку глядзела фільм, пасьля ўзялася за кнігу. Жорстка і ўражліва.
Зборнік Ейтса. Выбраныя вершы з сэрыі «Паэты плянэты» ў перакладзе на беларускую мову. Сама не чакала, што так зойдзе. Чытала ж і раней, на расейскай… Выдатная якасьць перакладаў. «Я крочыў берагам ракі па мокрых камянёх. Душу зачараваў заход, закалыхаў трысьнёг…» Зь першага радка да апошняга — захапляе.
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
Люблю шукаць у кніжных крамах і электронных бібліятэках новых для сябе аўтараў. Таму найперш пакладаюся на ўласнае чуцьцё. Выбіраю праз прачытаньне невялікага ўрыўка, што можна зрабіць проста ў краме. А чужыя парады часта мяне расчароўваюць.
Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…
У кнізе Франка Марэці «Дальняе чытаньне» знайшла шмат цікавых рэчаў… Марэці сьцьвярджае, што далёка сышоў ад успрыняцьця літаратуры як збору шэдэўраў, таму што 99,5 адсоткаў кніг, што выдаюцца ў сьвеце, абавязкова будуць забытыя. І толькі палова адсотка кананізуецца і пераходзіць да наступных пакаленьняў. І не заўсёды гэтае абранае — лепшае і больш арыгінальнае, чым забытае. Літаратура, паводле Марэці — «вялікае непрачытанае». Таму Марэці і прыдумаў тэорыю «дальняга чытаньня»: каб вывесьці нейкія заканамернасьці, дасьледнік мусіць прачытаць як мага больш з забытага. «Літаратура — як разьніца. А рэзьнікі на ёй — самі чытачы, якія чытаюць раман А (але не B, C, D, E, F, G, H…)».
У дзёньніку Карнея Чукоўскага 1901–1921 гадоў знайшла шыкоўныя апісаньні, як аўтар «Доктара Айбаліта» прыйшоў у госьці да сябра-камісара, і той прапанаваў замест рэстарана ці тэатра паехаць у крэматорый, якім загадваў. Модная была ўстанова ў пасьлярэвалюцыйнай Расеі. На шчасьце, піша Чукоўскі, якраз завезьлі дзевяць нябожчыкаў. У кампаніі была балерына Сьпясіўцава, а Чукоўскі адмыслова заехаў за дачкой Лізай, каб не прапусьціла відовішча… Напачатку савецкія печы не працавалі. Пасьля так-сяк іх распалілі, выбралі труп маладога чырвонаармейца, і ўся кампанія, прапускаючы наперад дам, праз шчыліны назірала, як у нябожчыка трэскаецца чэрап, узрываюцца вочы… Надзвычай яркая карціна, як страшная эпоха зьмяняе сьвядомасьць.
Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
«Ноч пяшчотная» Фіцджэралда і «Сьвята, якое заўсёды з табою» Гэмінгуэя. Пра што гэтыя раманы — ведала і нават магла пра іх паразважаць (амаль паводле П’ера Баяра «Мастацтва разважаць пра кнігі, якіх вы не чыталі»). Цяпер — перачытала і атрымала насалоду ад тонкасьцяў стылю, ад незвычайных вобразаў, ад атмасфэры, якую можна смакаваць, як добрае віно і сьвежае паветра.
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Я дастаткова ўсяядны чытач, таму што чытач прафэсійны. Я з задавальненьнем чытаю «Дзяцел і дупло» Віктара Жыбуля і «Лён» Анатоля Сыса, філязофскія вершы Тумаса Транстромэра і тонкую лірыку Марыі Вайцяшонак, чытаю Барыса Пятровіча і Ніла Геймана, Андрэя Федарэнку і Мо Яня, Алену Брава і Іэна Бэнкса, Гаралда Пінтэра і Андруся Горвата, Герту Мюлер і Альгерда Бахарэвіча, Эрленда Лу і Макса Шчура… Але нашто вам даўжэзныя сьпісы? Цаню больш за ўсё тых аўтараў, якія працуюць, не здраджваючы свайму таленту, не хапаючыся за каньюнктурныя, часовыя тэмы. Гэта як калекцыя эксклюзіўнай парфумы ці він… Няхай зьмесьціва налітае ў аднолькавыя ўпакоўкі, але і двух водараў і смакаў падобных не сустрэнеш. Вядома, люблю ўсё наша пакаленьне «Тутэйшых», якое ўзьнікла на пераломе эпох, у час зьменаў.
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
Чарлза Букоўскі «З нататніка ў вінных плямах». Неверагодная сумесь інтэлектуальных рэфлексій і панкаўскай брутальнасьці. «Зноў напіўся ў каморцы, прымроіліся Шэлі і юнацтва». Ці вось цікавая цытата: «Калі паэзія робіцца папулярнай да такой ступені, што дзеля яе набіваюцца кабарэ і мюзік-холы, нешта з гэтай паэзіяй ня так — ці з гэтай публікай. Альбо публіка глядзіць на паэта як на звыродца, на клоўна, які тузаецца пад джаз, і ягоны выступ яна запомніць, як імгненьне чагосьці дзіўнага-паміж-выпіўкай, альбо гэты паэт назнарок спускаецца да такой публікі, каб яе зачараваць».
Пасьмяялася і над старонкамі кнігі Майсея Кульбака «Зельманцы» — ёсьць там і трагічныя, і вясёлыя гісторыі, і сам адметны стыль з непаўторным габрэйскім гумарам.
Перачытвала Фазіля Іскандэра «Сузор’е Казлатура». Вельмі пазнаецца ўсё.
А яшчэ змусілі ўсьміхнуцца старонкі новай кнігі Віктара Шніпа, у якой вельмі шмат нашых агульных успамінаў — і так цікава і нечакана пабачыць нешта збоку, і дзіўлюся, колькі аўтар здольны заўважаць у звычайных рэчах незвычайнага…
Патрапіла на важкі том — «Дзёньнікі» Энды Ўорхала. Там шмат цудоўнага. «Віктар Х’юга, „Кансультант па пытаньнях мастацтва“, патэлефанаваў мне з Сан-Францыска, таму што я сказаў яму неяк, што мне вельмі спадабалася вітрына, якую ён аформіў, выкарыстоўваючы косткі індыка. І вось, аказваецца, нехта забраўся туды і скраў косткі індыка — і Віктар вырашыў, што гэта быў я». Насьмяшыла тое, як мільянэр Уорхал уперамежку з глямурнымі навінамі пра сябе зьмяшчае падрабязныя рахункі: на таксі 7 даляраў, збор за праезд мосту 75 цэнтаў, на чай кіроўцу 2,25 даляраў. А што хацець — хлопец з беднай эмігранцкай сям’і, які марыў пра прыгожае жыцьцё.
А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
Здаралася. Згадаю зборнік вершаў паэтаў, расстраляных у часы сталінскіх рэпрэсій. Проста камяк у горле… І чым лепшыя вершы, тым больш на вочы сьлёзы наварочваюцца. Усе гэтыя «Разважалі — быць нам ці не быць, шмат зрабілі — трэба шмат яшчэ зрабіць…» А гэтых людзей забілі, і нічога яны больш не пасьпелі…
Па-сапраўднаму расчуліла мяне адна дэбютная кніга Сяргея Шаматульскага «Яны». Хаця Сяргей — мой студэнт па Школе маладога пісьменьніка, і практычна ўсё ў зборніку я раней чытала… Ляканічныя простыя аповеды пра маленькіх людзей.
Яшчэ Анна Гавальда, «35 кіло надзеі». Кароткая гісторыя ад хлопчыка, які ненавідзіць школу, таму што яго лічаць там тупым. А ён проста іншы.
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
Калі Бобу Дылану прысудзілі Нобэлеўскую прэмію, вядома, вырашыла пачытаць набэліянта… На жаль, патрапілася проза «Тарантул» — у настолькі жахлівым перакладзе, што кніга толькі раззлавала. Паэзію Дылана я цаню, і магу толькі здагадвацца, якая ў арыгінале ідзе гульня сэнсаў у «Тарантуле».
Расчароўваюць кнігі добрых пісьменьнікаў, якія ў параўнаньні з папярэднімі кнігамі ня так цябе чапляюць. Гэтак адбылося з кнігай Рэя Брэдбэры «Лета, бывай!», якую ён склаў з таго, што рэдактары выкінулі з культавага і любімага мною «Віна з дзьмухаўцоў». Вось што я скажу — правільна выкінулі. Хаця Брэдбэры ўсё жыцьцё на рэдактараў крыўдаваў. Расчароўвае, калі выдаюць знойдзеныя дзесьці на гарышчах раньнія рукапісы, нейкія школьныя практыкаваньні любімых пісьменьнікаў, хаця самі аўтары іх да друку не плянавалі.
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Чытаю ўсе жанры. Акрамя модульнай, то бок масавай, літаратуры, усе гэтыя любоўныя раманы, на вокладках якіх паўголыя паненкі абдымаюцца зь піратамі, сагі пра злодзеяў у законе… Фэ-э…
Выданьні тыпу «Як зарабіць першы мільён, не працуючы» і «Як стаць шчасьлівым, выліўшы суседу на галаву начную вазу» таксама па-за маёй увагай.
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?
Як удаецца і калі ўдаецца. Папера, манітор… Абы кніга зацікавіла. А гэта здараецца ўсё радзей. Адзінае, што паралельна некалькі тэкстаў чытаць усё-ткі не люблю — з дзяцінства звыкла, прынёсшы зь бібліятэкі здабычу, не ўставаць з ложка, пакуль не прачытаю ад першай старонкі да апошняй. Найбольш чытаць (і пісаць) люблю ноччу. Калі ціха і самотна.
Рамантыка ў бэстыярыі
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Тое, што актуальна для мяне цяпер, грувашчу ля свайго ложка — на стаўбурку, на стале. Дзе што стаіць (ці ляжыць) з тамоў, проста памятаю, бо сыстэмы ніякай няма. Галоўнае — каб стос не валіўся. Кнігі — галоўныя жыхары ў нашай хаце, яны размнажаюцца, як прусакі. Яны за кожнымі зачыненымі дзьверцамі шафаў. Іхнія джамалунгмы стаяць ля сьценаў. Час ад часу ўчыняюць лавіны. Якая сыстэма, спадарове? Я перакананая, што калі табе вельмі патрэбная нейкая кніга, яна сама папросіцца да цябе ў рукі. Здараліся проста містычныя выпадкі. На дзень народзінаў Сыса, якога даўно ўжо не было сярод жывых, ба-бах — самы вялікі кніжны стос, у прамежку між шафай і бальконам, у рост чалавека — валіцца, і зьверху апынаецца, разгорнутая на добрым вершы — кніжка Сыса.
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
Люблю хорар. Ад По да Говарда Лаўкрафта. Аповеды пра прывідаў, мерцьвякоў, містыку. Праўда, набываю не бульварнае, а ўсё-ткі клясычнае чытво, кшталту Амброза Бірса. Гэтага ў мяне на паліцах поўна, праўда, сьціпла прыхаванае ў глыбіні шафы. А яшчэ — выданьні ўсялякіх сярэднявечных трактатаў, бэстыярыяў… Ну, а адкуль яшчэ браць калярытныя дэталькі для ўласных гістарычных твораў? Ёсьць трохі старых выданьняў. Напрыклад, школьны падручнік аўтарства Браніслава Тарашкевіча 1928 году, збор твораў Надсана 1917-га, дарэвалюцыйны падручнік па геаграфіі для гімназій з цікавымі маргіналіямі нейкага менскага шкаляра…
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
Ад Максіма Лужаніна, паэта часоў «Маладняка», атрымала ў падарунак дзёньнік князёўны-мастачкі Марыі Башкірцавай, дарэвалюцыйнае выданьне. Гэтую кнігу Лужанін набыў у даваенным Менску на барахолцы. Калі яго арыштавалі, кнігі забрала ГПУ. Потым жонка Лужаніна, Яўгенія Пфляўмбаўм, атрымала дазвол нейкую частку канфіскаваных кніг вярнуць. Прыйшла па бібліятэку з накоўдранікам. Цягнула ноччу праз увесь горад. Сярод тых кніг быў і дзёньнік Башкірцавай. Ня кажучы пра тое, наколькі гэта выбітная кніга сама па сабе! Як змушае азірнуцца на ўласнае жыцьцё і як падсьвечвае гендэрныя праблемы!
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
У аповесьці Ўладзімера Караткевіча «Цыганскі кароль» ёсьць пэрсанаж Мэдыкус, чалавек надзвычай адукаваны, разумны, біты жыцьцём, таленавіты, які з горкім сарказмам глядзіць на прафаннае атачэньне, і ўсё-ткі ў меру сваіх сіл спрабуе зьменшыць несправядлівасьць у гэтым сьвеце. Няхай коштам уласных пакутаў. Гэты пэрсанаж вельмі блізкі да ўлюбёнага героя маіх жа кніг — доктара Баўтрамея Лёдніка.
5 прычын пасябраваць з Вырвічам і Лёднікам
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
Чытала шмат, была запісаная адразу ў некалькі бібліятэк. Прачытанае звычайна заставалася ў памяці — усё. Найярчэйшыя кнігі дзяцінства — «Джэн Эйр» Шарлёты Бронтэ, прачытала ў дзесяць гадоў. «Авадзень» Этэль Ліліян Войніч, «Крыжаносцы» Сянкевіча… Ну, увесь стандартны набор — Дзюма з мушкецёрамі, Вальтэр Скот з рыцарамі, Жуль Вэрн з капітанам Нэма, Фэнімор Купэр са Скураной Панчохай… Былі казкі Астрыд Ліндгрэн, цудоўныя п’есы Шварца…
Частка кніг у нашай хатняй бібліятэцы была ў перакладзе на беларускую — прыгоды Гулівэра, Мюнхгаўзэна і Бураціна я прачытала менавіта на роднай мове. Рада, што казкі Андэрсэна я засвоіла ў неадаптаваным варыянце — адзін сваяк падарыў другі том збору твораў Андэрсэна, там ягоныя паданьні, легенды, прыпавесьці… Усё страшнаватае, з філязофіяй, чумой, катаваньнямі і трупамі… Дацкае дзікае паляваньне… Алхімік, які спляжыў багацьце, здабываючы філязофскі камень… Хельга, дачка конунга, якая ўдзень была злой прыгажуняй, а ўначы — добрай, але брыдкай жабай, яе адратаваў хрысьціянскі прапаведнік. Прывід забітага немаўляці ноччу на беразе мора шукаў маці, і яна памірае, капаючы яму ноччу рукамі у пяску магілу… Шмат хрысьціянскай павучальнасьці і містыкі, разваг пра мастацтва і грамадзтва… Карацей, шыкоўна!
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
Ніколі нікога не прымушала чытаць кнігі, ні чужыя, ні свае.
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
Небясьпечна разьвіртуальвацца з пісьменьнікамі, чые кнігі любіш. У жыцьці яны часта зусім не такія, якімі ўяўляюцца па сваіх тэкстах. Ян Парандоўскі згадвае, як сьвецкія польскія дамы пакутавалі, пабачыўшы аўтара жахлівых містычных вершаў Леапольда Стафа: невысокага, поўненькага ды жыцьцярадаснага. Я не хацела б пабачыць Караткевіча, асабліва такога, якім ён быў у апошнія гады. Нават спатканьне з Багдановічам мяне палохае: чалавек у цяжкой стадыі сухотаў — гэта зусім не звычайны рамантычны герой.
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
Ну, калі выбіраць, дык Ірвінга Стоўна. Але пісьменьніку, як Францу Кафку, трэба мець свайго Макса Брода, які ня толькі напіша біяграфію, але і рукапісы твае прыстроіць, і ня спаліць іх, нават калі загадаеш.
Што вы перачытваеце?
«Беларусь у люстэрку мэмуарнай літаратуры XVIII стагодзьдзя» Адама Мальдзіса, «Беларуска-крыўскі слоўнік» Вацлава Ластоўскага, «Успаміны Сапліцы» Генрыка Жавускага, «Усё альбо нічога» Варлама Шаламава, апавяданьні Карэла Чапэка, артыкулы Ўласа Дарашэвіча, дзёньнікавую прозу Віктара Шніпа, вершы Бродзкага.
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?
На стале ў стосе кніг, якія чакаюць прачытаньня — «Галасы» Макса Шчура, «Хроніка ў камені» Ісмаіла Кадарэ, «Яблычак» Сяргея Пясецкага, «Мужчына і жанчына ў эпоху дыназаўраў» Маргарэт Этвуд.