Людміла Рублеўская
“ЯНЫ”
Вершы пра фобіі і маніі
Прысвячаецца надмагіллям Готланда
ЧАЛАВЕК, ЯКІ БАЯЎСЯ СТАЦЬ ДРЭВАМ
Ён баяўся стаць дрэвам.
Бо чуў, як растуць карані,
Як у венах бяжыць не чырвоная кроў, а крыніца.
І ён плакаў празрыстай смалою
І яблыкі сніў,
І галіны, і птушак, што ў іх пажадалі гняздзіцца.
Ён баяўся стаць дрэвам.
І дрэвы зацята ссякаў.
Ён паліў іх у грубцы,
А попел ссыпаўся на ўзлеску.
Ён з камення свой дом збудаваў.
Еў з металу і шкла.
Нават ложак і стол
змайстраваў без адзінае трэскі.
А з драўніны рабіў абухі для сякераў – няхай
Служыць дрэва забойству падобных.
Ён марыў пра горад
Без травы і лістоты.
Баяўся патрапіць у рай,
Каб не ўбачыць, як голле
да Бога выпроствае вораг.
Ды аднойчы прысніў,
як сякера ўзмахнула ля ног –
Не, не ног, а камля…
Ён прачнуўся – хутчэй да люстэрка.
І адразу ўсвядоміў, якое ён дрэва. Ён – глог!
Вось лісток у валоссі,
А з вены прабілася кветка.
Ён умеў нішчыць дрэвы…
Вядома, з магілы яго
Вырас глог… І квітнеў,
Быццам белая ўпала залева.
Ён жа помніў,
як многа майстрачыў сякераў штогод.
Каб жа толькі ён ведаў,
Як добра, як слаўна –
быць дрэвам.