Людміла Рублеўская “ЯНЫ” Вершы пра фобіі і маніі

 

Прысвячаецца надмагіллям Готланда

“THEY”

Poems about phobias and mania

Dedicated madmary Gotland …

They were lying on the faded grass or stood lean to the rock. Runes and Latin words on their entwined in a maze, which only wandering ghosts, archaeologists and poets. Those at the entrance to the gargoyle-clad Cathedral, or the Cathedral, rubbed to Shine thousands of soles… So need to. That’s right. As rub off names, rub off sins… I stroked the cool stone bodies and tried to unravel the signs: here’s something similar to scissors… Here to peel off a sea monster… That bends the branches of the tree, Iggdrasil… Here, on an island in the middle of the cold sea, behind the old masonry with forty-four towers, in the middle of rocks, stones and roses, what were people afraid of, that lie under these tombstones? They whispered it to me in waves, leaves, rain and gravel… They whispered to me, “don’t worry… Have no fear…”

…Яны ляжалі на выгарэлай траве ці стаялі, прыхінутыя да скалы. Руны і лацінскія словы на іх спляталіся ў лабірынты, якімі блукаюць толькі прывіды, археолагі і паэты. Тыя, што пры ўваходзе ў аблеплены гаргуллямі сабор,  альбо ў самім саборы, да бляску нашараваныя тысячамі падэшваў… Так трэба. Так правільна. Як сцяруцца імёны, сцяруцца грахі… Я гладзіла  прахалодныя каменныя целы і спрабавала разгадаць знакі: вось нешта падобнае да нажніцаў… Вось лупіцца марская пачвара… Вось выгінае голле дрэва, ці не Ігдрасіль… Тут, на востраве пасярод халоднага мора, за старым мурам з сарака чатырма вежамі, пасярод скал, камянёў і ружаў, чаго баяліся людзі, што ляжаць пад гэтымі надмагіллямі? Яны шапталі мне пра гэта хвалямі, лісцем, дажджом і жвірам… Яны шапталі мне – “Не бойся… Не бойся…”

 

 

ЧАЛАВЕК, ЯКІ БАЯЎСЯ СПАЦЬ ЛЕЖАЧЫ

 

Ён баяўся спаць лежачы, верыў – душа адляціць.

Ён грувасціў падушкі, хапаўся за вострыя думкі.

Сэрца грукала ў рытме чужых баявых калясніц,

І ніколі дзіця да яго не працягвала рукі.

Ён ні разу з жанчынай на ложа граху не прылёг.

Раптам ляжа з якою – а тая акажацца Смерцю.

Фундаваў кляштары – каб яго дапільноўваў Пан Бог.

Замаўляў гараскопы і ездзіў у чорнай карэце.

Як чалец магістрату, законы хацеў працягнуць –

Хто прыляжа на траўку, сцябаць бізунамі ляніўца.

Ды аднойчы не змог, навет седзячы ў крэсле, заснуць.

І ўсвядоміў: сусвет нейкім спосабам перакуліўся.

І ніколі не стаць вертыкальна да гэтай муты,

Што завецца быццём і падманвае, бцццам кабета.

На магіле яго паляжаць так карысна тады,

Як ацёкі ў нагах.

Заўтра ж пройдуць.

Такая прыкмета.

 

 

 

ЧАЛАВЕК, ЯКІ  КІДАЎ  КАМЯНІ  Ў  МОРА

 

Ён каменне шпурляў у мора.

Кожны дзень. Хоць адзін. Бо верыў,

Што з глыжоў патанулых творыць

Для сябе пачвару-Хімеру,

Што аднойчы выпаўзе з хваляў

Паслухмяная ўсім загадам.

Мур магутны, як трэскі зваліць,

Як траву, патопча прысады.

Ён на ёй заявіцца ў горад,

І адразу станецца князем.

Нескароных – загнаць у мора,

Ці ў рабы, у блазны, у вязні.

Ён імперыю зладзіць лёгка –

Што супроць хімеры – адвага?

І вачэй не падыме лёкай

На свайго ўладара ад жаху.

І не ўспомніць, што той учора

На замову латаў адзенне.

А пакуль ён ходзіць да мора

І шпурляе ў яго каменне.

Ну а мора не дапаможа

Гадаваць анёла ці звера.

Ён аднойчы не ўзняўся з ложка.

І прыйшла да яго Хімера.

З надмагілля глядзіць уночы,

Распрасцёрла цяжкія крылы.

Ёсць прыкмета: Фартуны хочаш –

Кінь камень на тую магілу.

 

ЧАЛАВЕК, ЯКІ БАЯЎСЯ СТАЦЬ ДРЭВАМ

 

Ён баяўся стаць дрэвам.

Бо чуў, як растуць карані,

Як у венах бяжыць не чырвоная кроў, а крыніца.

І ён плакаў празрыстай смалою

І яблыкі сніў,

І галіны, і птушак, што ў іх пажадалі гняздзіцца.

Ён баяўся стаць дрэвам.

І дрэвы зацята ссякаў.

Ён паліў іх у грубцы,

А попел ссыпаўся на ўзлеску.

Ён з камення свой дом збудаваў.

Еў з металу і шкла.

Нават ложак і стол

змайстраваў без адзінае трэскі.

А з драўніны рабіў абухі для сякераў – няхай

Служыць дрэва забойству падобных.

Ён марыў пра горад

Без травы і лістоты.

Баяўся патрапіць у рай,

Каб не ўбачыць, як голле

да Бога выпроствае вораг.

Ды аднойчы прысніў,

як сякера ўзмахнула ля ног –

Не, не ног, а камля…

Ён прачнуўся – хутчэй да люстэрка.

І адразу ўсвядоміў, якое ён дрэва. Ён – глог!

Вось лісток у валоссі,

А з вены прабілася кветка.

Ён умеў нішчыць дрэвы…

Вядома, з магілы яго

Вырас глог… І квітнеў,

Быццам белая ўпала залева.

Ён жа помніў,

як многа майстрачыў сякераў штогод.

Каб жа толькі ён ведаў,

Як добра, як слаўна –

быць дрэвам.

 

ЧАЛАВЕК, ЯКІ  БАЯЎСЯ  ЗАМКОЎ

 

Калі ён нарадзіўся на свет, пракрычала сава.

“Ну і злодзей з’явіўся!” –

прысуд аб’явілі суседкі.

Будзе бачыць уночы,

Замкі, нібы вішні, зрываць.

Не ўтрымаюць такога

ні ямы, ні турмы, ні клеткі.

Ну а хлопчык рос ціхі,

любіў незабудкі і глог.

За матуляй хадзіў,

малітоўнік трымаўшы пачціва.

Ноччу спаў, і чужога не браў,

і аж млосна было

Ад абразлівых плётак

пра тое савінае дзіва.

Ён не злодзей!

Яму не патрэбны зямныя дары.

І таму ўсе замкі пазбіваў ён

у матчыным доме.

Парасчынены куфры і шафы –

прыходзь і бяры.

Ну а сам гаспадар

Можа спаць у куце на саломе.

Ён маліўся і шчодра адорваў усіх жабракоў.

І за клямкі дзвярныя не браўся,

пакуль не адчыняць.

І ўсё больш забываў

пра савой сапсаваную кроў.

Ды аднойчы пабачыў у храме чужую жанчыну.

Пераспелай ажынай блішчэлі каралі яе.

Ён уцяміць не мог,

як патрапіў іх зняць непрыкметна.

А пасля ён ляжаў і праз цемру начную глядзеў,

Ноч празрыстай была для яго да мядзянай манеты.

І, вядома, ізноў загукала насмешна сава.

І апошні замок

аказаўся не самым трывалым.

Ён лічыўся святым –

каля храму належыць хаваць.

Так ён там і ляжыць.

І сціскае ў далонях каралі.

На пліце мармуровай ад літараў толькі луска.

Бо ляжыць пры парозе, і ўсё пасціралі абуткам.

Тут укленчваюць часта,

як трэба што-небудзь шукаць.

Як памолішся шчыра –

прапажа і знойдзецца хутка.

 

 

ЧАЛАВЕК, ЯКІ НІКОЛІ НЕ СПЫНЯЎСЯ

 

Як вавёрка па вечным дрэве,

Як вада ў млынаровым коле

Ён накручваў свае імгненні,

Не спыняючыся ніколі.

Бо ў дзяцінстве яго спалохаў

Злы жабрак па сканчэнні месы:

“Ты памрэш, як пабачыш тое,

Што бяжыць і стаіць на месцы”.

Рамяство надзейнае – мытар.

Тут не ведаць нагам спакою.

Разбягаўся люд паспаліты

Перад ім, як перад чумою.

У суме скураной манеты

Падпявалі імклівым крокам.

Ён хадзіў, як ходзяць планеты,

Хвалі, яшчаркі і аблокі.

З вёскі ў вёску, з горада ў горад

Ён блукаў, як ходзяць праклёны.

Ды аднойчы пабачыў мора

І свой бег паламаў штодзённы.

Ён стаяў і глядзеў на хвалі.

Дні каналі ў халоднай пене.

А як ногі ўжо не трымалі,

У пясок ён лёг, нібы зерне.

Ну а мора ўсё бегла, бегла,

І на тым жа месцы стаяла.

І вятры пахавалі цела,

І манеты з ім пахавалаа.

Як ля мора падобны воску

Дзіўны белы каменьчык звабіць –

Кінь яго, бо мытара костка

Назаўжды спакою пазбавіць.

 

ЧАЛАВЕК, ЯКІ  ЧАКАЎ  НАЧНУЮ КАРАЛЕВУ

 

Лічыўся ён знаўцам атрутаў у гэтым мястэчку.

Хоць лекаў ягоных жадалі, бы яблыка – Ева.

У доме сваім не паліў аніколі ён свечкі,

Баяўся не ўбачыць прыходу Начной Каралевы.

Ён з радасцю з рук яе б выпіў любую атруту.

Хоць мог распазнаць, і ад кожнай прыдумаў бы лекі.

Ён дзеля яе адцярпеў бы любую пакуту.

Ён лекарам быў. А яна не была чалавекам.

Штомесяц груган прылятаў на яго падваконне

І зносіў на лапе бутэльку з чарговай замовай.

І лекар у цемры ляжаў, уяўляючы: сёння

Яго каралева яго ўспамінае хоць словам.

А потым, вядома, яго асудзілі. Як мага.

Забойцу бязвінных, які ад святла адвярнуўся.

А ён у вязніцы ўяўляў цёмных веек узмахі,

Блакітныя вочы, і плаўныя ўладныя рухі.

А потым па вуснах крывавая бегла залева.

І ў цемры сплаўляліся мроі, і крыкі, і стогны.

Ды ўсё, што пачулі на следстве – “Мая каралева…

Жыві, Бона Сфорца… Мая неўміручая Бона”…

“І косткі той Боны сгнілі ўжо” – яму гаварылі.

“Каму пасылаў з груганом ты праклятае зелле?”

А ёй паўтараў – пацалункі яшчэ не астылі

Начнога спаткання з рэгінай, начнога вяселля.

Яго надмагілле хавае не косткі, а попел.

У камні выбоіна, быццам адбітак кароны.

Сюды не з’яўляйся. Бо жахі начныя нагоніць

Раўнівая Бона, яго несмяротная Бона.

 

ЛЮДЗІ, ЯКІЯ БАЯЦЦА КАМЯНЁЎ

 

…Проста каменне…

А ты паспрабуй, прасачы,

Як запляліся расколінаў чорныя вены!

Ёсць па кудзелі сваяцтва, а ёсць – па мячы…

Ёсць – па каменні.

Мы ўсе сваякі – па каменні.

Глянь – за табою растуць надмагіллі, як лес,

Корнем адзіным спароджаны ў нетрах стагоддзя.

За чарапахай дарэмна бяжыць Ахілес,

Бо загразае ў тутэйшым маўклівым балоце.

На надмагіллі так зручна раскласці абед.

Што – камяні? Прамаўчаць, іх натура такая.

Там, дзе слімак пакідае свой прывідны след,

І для цябе ўжо рунічны камень вырастае.

Хтосьці, магчыма, над ім рассцілае абрус,

Чаркі рыхтуе, блазнуе, пільнуе імгненне.

Па надмагіллях ступае мая Беларусь.

Па Беларусі ступае мая Беларусь.

Пераплятаюцца чорныя вены камення.

 

10.07.2018-05.08.2018

Готланд

 

 

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.