Раздзел з раману “Сутарэнні Ромула”

Дзеянне гэтага раздзелу з раману “Сутарэнні Ромула” адбываецца ў 1937-м годзе.

Раздзел 10. Закон Януса

 

Захопнікі-рымляне старанна пераймалі ўсіх багоў зваяваных грэкаў, уладальнікаў вытанчанай культуры, толькі імёны ім свае давалі…  Замест Арэса – Марс, замест Зеўса – Юпітэр… А вось адзін бог быў фірменна рымскі, непаўторны… Двухаблічны бог Янус. Гэты бог, акрамя іншых важлівых справаў, ахоўваў ганак дому і выпраўляў у шлях. І кожны жыхар магутнай імперыі, асабліва ў часы, калі штодзень ён мог па загадзе імператара апынуцца ва ўласнай лазенцы з перарэзанымі на руках і пад каленьмі венамі, ведаў, што мудры бог Янус дае яму слушны прыклад: мець адзін твар – для дому, другі – для грамадства, дакладней, поліса. І той твар, з якім высоўваешся за ўласны парог вонкі, мусіць быць такі самы, як ва ўсіх добранадзейных грамадзянаў імперыі, спалучаючы гонар за прыналежнасць да магутнага Рыму і адданасць вялікаму імператару, роўнаму ўсім багам…

Алесь, пераступаючы парог аўдыторыі, у чарговы раз уявіў, як у яго з’яўляецца іншы твар… Сур’ёзны, добранадзейны твар савецкага выкладчыка педагагічнага тэхнікуму… Ці мог ён яшчэ нядаўна ўявіць, што пачне прыходзіць да сваіх вучняў уласным двайніком, пачувацца з імі не так, як у размовах з сябрамі? Ён калісьці і ўзяўся за выкладанне з устаноўкай – быць заўсёды шчырым і навучаць не літаратуры, а любові да літаратуры… Якія дыскусіі ўзнікалі на ягоных лекцыях! Вочы юнакоў і дзяўчатак, у большасці з вёскі, палалі такім энтузіязмам, што верылася – справа Язэпа Лёсіка,  Вацлава Ластоўскага, Гаўрылы Гарэцкага, пазбаўленых звання акадэмікаў, арыштаваных, сасланых, і, падобна, зніклых назаўсёды, не знікне… Калісьці, калі народны ўрад пастанавіў, што  навучанне мусіць быць на беларускай мове, хапіла тых, хто гэтаму супрацівіўся. “Кому нужны вместо аттестатов ваши “посьведчаньни”? Как можно преподавать “арыхметыку” на неразработанном, насильственно навязываемом населению  белорусском языке”? Алесь быў яшчэ на першым курсе, калі ў “Крестьянской газете” з’явіўся ліст ад грамадзянаў горада Полацка, горада Скарыны, аб тым, што беларуская мова – вымысел купкі нацыянал-шавіністаў, 90 адсоткаў насельніцтва рэспублікі размаўляе па-расейску, і нельга ж сур’ёзна лічыць за пісьменнікаў Якуба Коласа і Янку Купалу! Як ён тады абураўся разам з таварышамі! А старыя настаўнікі сабатавалі пераход навучання на беларускую, дый самі  сяляне, выпраўляючы дзетак у школу, злаваліся: гэтак мы й дома гаварыць умеем, а вы навучыце сыночка па-вучонаму! І тады сотні дзяўчат і хлопцаў з рабфаку пайшлі ў школы, выкладаць свайму народу і вяртаць яму яго годнасць, рабіць так, каб ён не знік… Бо калі знікне мова – непазбежна знікне, сальецца з іншым і народ… Алесь тады таксама з сябрамі пасля заняткаў ва ўніверсітэце бегаў выкладаць у школку…

Так, калісьці ён не баяўся нічога.  Мог у твар крыкнуць падонку, што той падонак. А цяпер часам ловіць сябе на думцы, што баіцца ўласных вучняў. Не ўсіх, некаторых… Шаснаццацігадовых камсамольцаў, якія гэтак жа шчыра змагаюцца супраць антысавецкіх праяў, як ён у студэнцкім юнацтве.

Першую частку лекцыі давялося саступіць зачытванню артыкула з “Комсомольской правды”  аўтарства маскоўскага журналіста Міхаіла Кальцова пад назвай “Свора кровавых собак”. Артыкул быў прысвечаны працэсу над трацкістамі-бухарынцамі. Вядома, Алесь мог запатрабаваць, каб гэта рабілі на спецыяльных гадзінах – на палітінфармацыі, на толькі што ўведзеных лекцыях па марксізме-ленінізме… Але гэтым ён бы выявіў, што не хоча слухаць пра суд над ворагамі, а паколькі ён  сам – пасля арышту, гэтак учыніць – падпісаць сабе прысуд… А як жа Вераніка і Ірынка?

І ён сядзеў з не сваім, уважліва-спакойным тварам, і слухаў. “…Когда встают прохвосты, которых судебный язык корректно называет подсудимыми, когда они встают и начинают, то с прибитым видом кающихся грешников, то с цинической развязностью кающихся негодяев, подробно рассказывать о своих чудовищных деяниях, — хочется вскочить, закричать, ударить кулаком по столу, схватить за горло этих грязных, перепачканных кровью мерзавцев, схватить и самому расправиться с ними. …Вот они сидят за прочным барьером, под стражей красноармейцев с винтовками, плененные, обезвреженные звери. А ведь они бродили на свободе!”.

Вяжэвіч глядзеў на твары сваіх студэнтаў, на якіх адбіткам гарэў праведны гнеў  журналіста, і вельмі добра ўяўляў, якім чынам былі атрыманыя гэтыя падрабязныя, жахлівыя паказанні падсудных… Так, гэта, безумоўна, ворагі ўлады, мацёрыя, зацятыя.  У адрозненне ад Зарэцкага, Галавача, Маракова, яго самога. Ды Алесь пакаштаваў працэдуру следства. Асабліва “кранула”, як былы наркам унутраных справаў Ягода, нядаўна ўсемагутны і пагрозны, у якасці змякчальных абставінаў успамінаў, што кіраваў будаўніцтвам каналаў, якія зараз з’яўляюцца “прыкрасай эпохі”. І прасіўся, каб яго паслалі на гэтыя каналы…

Каб Алесю матчына вера ў Бога – зараз папрасіў бы ў Яго адняць хоць на час заняткаў частку памяці… Замкнуць, як куфэрак з доказам забойства…

Лекцыя ўсё-ткі загінула не да канца. Засталося яшчэ хвілінаў пятнаццаць на расповед пра творчасць Якуба Коласа.

— Такім чынам, у паэме “Сымон-музыка” паэт таленавіта, з глыбокім псіхалагізмам паказвае нам пакутлівы шлях станаўлення таленту, праз непрызнанне, праз спакусы забяспечанага жыцця, праз сумнівы ў самім сабе…

Вучань з першага раду, яснавокі хлопец з акуратна зачасанай на бок цёмнай грыўкай, нібыта прыклеенай да ілба, адразу падняў руку:

— Аляксандр Антонавіч, але ў “Полымі” напісалі, што гэтая паэма Коласу не ўдалася, у ёй ён дапускае ідэалізм і містыку, і нават ужывае слова “бог”! Замест таго, каб паказваць барацьбу працоўных супраць эксплуататараў, малюе жабракоў, якія толькі стогнуць, плачуцца і знаходзяць ратаванне ў дурных фантазіях!

Суседка хлопца з грыўкай, гаваркая выдатніца Наста,  дзьмухавец з бялявенькімі пушыстымі валасамі і блакітнымі вялізнымі вачыма,   зараз толькі нізка апусціла галаву над сталом і сціснула тонкія пальцы, аж збялелі.

— Ды Колас увогуле замаскаваны вораг! – строга прамовіла чарнявая дзяўчына з такімі бялюткімі каўнерыкам і манжэтамі на брунатнай сукенцы, нібыта яны былі зробленыя з арктычнага снегу, асвечанага крокамі гераічных чалюскінцаў. –У яго месяц таму вобыск быў, зброю шукалі…

–Ілжэш, Калінкіна! – абурана крыкнуў з апошняй парты руды хлопец, шчодра ўсыпаны рабацінкамі, так што здавалася, быццам вакол яго болей сонца. – Якуб Колас – рэвалюцыянер, ён у Пішчалаўскім замку сядзеў! Ён клікаў беларускі народ да свабоды!

Дзяўчына строга падціснула і без таго вузкія вусны.

–Можаш не верыць, Гаўрылкін, але мы жывем непадалёк ад Міцкевічаў, і маю маці запрашалі падчас вышуку за сведку. Яна ўсё бачыла: як ваш Колас моўчкі стаяў тварам да сцяны, рукі ўгару, зусім як сапраўдны шпіён, а супрацоўнікі НКУС усё ў хаце пераварочвалі. Думаеш, калі б нічога не было, з класікам так бы абыходзіліся?

Вяжэвіч адчуў, як цёмная гарачая хваля гневу ахоплівае яго, яшчэ трошкі – і ён ганебна сарвецца… Стоп! Дурня і ў касцёле б’юць. Ты не бязмозглы  юнак, ты адказваеш за чужыя жыцці! І за… душы тых, хто перад табой. Каб ніхто з іх не ператварыўся ў … таксама ж камсамольцаў, якія дапытвалі Кузьму Чорнага і Міхася Зарэцкага, Валерыя Маракова і яго самога, Вяжэвіча, у Жоўтым доме, і каб не сталася нікому з  іх улюбёнай забавай гарлаць  абразы і пагрозы ў папяровы рупар, устаўлены ў вуха паддоследнага…

— Шмат хто з творчых людзей часам памыляецца, таму што творчасць – гэта няспынны пошук. Памятаеце, як у паэме Купалы гаворыцца – “Гуслям, княжа, не пішуць законаў”? У Пушкіна гэты матыў таксама гучыць – “Затем, что ветру, и орлу, и сердцу девы нет закона”… Паэт —  Сымон-Музыка, ён жыве, нібыта скуру садралі, пакутуе за тое, што іншы б не заўважыў, прапускае праз сябе боль эпохі. Нямецкі паэт Гётэ сказаў: “Расколіна прайшла праз сэрца паэта”. І калі ў яго ёсць сапраўдны талент і любоў да народу, ён усё роўна выпрастуе на правільны шлях. І гэта галоўнае. Якуб Колас публічна, у газеце, прызнаў свае памылкі і адмежаваўся ад іх, і для нас адно мусіць быць важным – яго таленавітыя творы…

— А вы таксама прызналі свае памылкі, Аляксандр Антонавіч?

Хлопец з прылізанай грыўкай не насмешнічаў, ён быў нават вельмі сур’ёзны і сур’ёзна чакаў адказу.

Вяжэвіч адчуў, што вось-вось забудзецца на парады Януса.

Яго выратаваў званок.  Лекцыя скончылася. Але не скончыўся дзень і час… Наперадзе чакаў чарговы сход выкладчыкаў і камсамольска-партыйнага актыву тэхнікума. Не ісці было нельга. А ісці – пакута невымоўная.

Яму дужа пашанцавала. Звычайна тых, хто пабываў пад следствам, нідзе не бралі на працу, знаёмыя перабягалі на другі бок вуліцы… Жонка сасланага Язэпа Лёсіка, Ванда Лявіцкая, дачка пісьменніка Ядвігіна Ш.  і маці трох малых дзяцей, так радавалася, калі ўзялі мыць посуд на адну з менскіх выстаў…  А тады іх сям’ю і з кватэры сагналі, і пашпарта спадарыні Вандзе не далі, і давялося з’ехаць у Паволжа… Але Вяжэвіч быў вызвалены дужа хутка, з працы яго нібыта і не звальнялі, і, надзіва, начальства паставілася вельмі добра. Вакол ягонай кар’еры арыштанта хадзілі розныя чуткі. Вядома, некаторыя пазбягалі Алеся – а раптам “недавыкрыты” вораг народу! Іншыя ж, якія лічылі сябе асабліва здагадлівымі, у прысутнасці Вяжэвіча стараліся сказаць нешта ідэйна правільнае, падкрэсліць, як усёй душой падтрымліваюць працу нястомных органаў па выкрыцці нацыянал-фашыстаў… І ад  няшчырага пафасу Алесю рабілася горш, чым ад спалоху іншых. А здаралася, да яго падыходзілі таемна, з просьбаю паспрыяць у вызваленні сваякоў альбо адвесці немінучую пагрозу ад сябе… І хіба хтосьці паверыў, што ён сапраўды не можа дапамагчы?  Але самае горшае – поўныя пагарды позіркі тых, хто яшчэ заставаўся на волі і не да канца зламаўся…

Толькі думкі пра сям’ю ратуюць. Ірынку абавязкова трэба аддаць у танцавальны гурток… Трэба ж, як прыгожа ў яе атрымліваецца – то паказвае, як таньчыць сняжынка, то ператвараецца ў пчолку, то ў ветрык… Нават Вераніка, калі глядзіць, проста расцвітае, усміхаецца, як калісьці – а яна нібыта развучылася шчыра, гарэзна ўсміхацца пасля ягонага арышту. Ходзіць, як цень… Некалькі разоў заставаў яе ў слязах – а пасля сустракаў такі вінаваты позірк, нібыта гэта яна яго катавала ў турме… Можа, справа ў жончынай новай працы – узялі сакратаркай у наркамат асветы. Як было адмовіцца ад такой выгоды? Занятая ўсяго да абеду, і тое не кожны дзень,  праўда, здараюцца вячэрнія паседжанні. Затое паёк – проста акадэмічны,  для дзяцей супрацоўнікаў – падарункі… Тканіну размяркоўваюць, абутак… Праўда, Вераніка чамусьці не любіць абновак, прынесла неяк панчохі – таненькія, як павуцінка, кінула ў шуфляду. Так і не адзела ні разу. Алесь неяк быў папрасіў – пафарсі хоць перад мужам… Адмовілася, як быццам прапанаваў дакрануцца да здохлай жабы. Можа, ёй варта вярнуцца выкладаць у школку?

На сходах Вяжэвіч змушаў сябе проста не слухаць, думаць пра сваё… Але на гэты раз саркафаг, у якім ён сябе замкнуў, не тое што даў трэшчыну – разляцеўся на друз… Бо абмяркоўвалі, што рана ці позна непазбежны перавод навучання ў тэхнікуме на расейскую мову. Пакуль яшчэ толькі некалькіх спецыяльных прадметаў. Гэта дасць выпускнікам магчымасць лягчэй асвойвацца ў вучэбных установах іншых рэспублік савецкай краіны, ды й час пазбавіцца штучных тэрмінаў, прыдуманых нацыянал-фашыстамі, што пісалі першыя беларускія падручнікі.  У нас інтэрнацыянал, усім трэба ісці да мовы, на якой размаўляў Ленін…

У шыбы ўдарыў мокрай лапай вясновы дождж. Вяжэвіч ускочыў з месца, ноздры ягоныя раздзімаліся:

— Гэта будзе здрада свайму народу! Здрада тым, хто загінуў у царскіх турмах, дамагаючыся права беларусаў мець свае школы і інстытуты! Нагадваю, дэкрэт аб беларусізацыі прымаўся Усебеларускім з’ездам Саветаў. Дзеці, якія навучаюцца на роднай мове, паказваюць найлепшыя вынікі ў ведах… Ачомайцеся! Як можна адмаўляцца ад таго, што далося такой крывёю! Ды ўспомніце верш Янкі Купалы да вялікарускага шавініста:

 

Ён, гэты скінуты сатрап,

Не знае, што ў свабодзе жыць,

Яму дай вісельню, дый каб

На ёй “языкі” ўсе ўшчаміць.

 

Не па нутру, як смерць, яму,

Што беларускае дзіцё

Бяжыць у сцюжную зіму

У школку пазнаваць жыццё.

 

Спужаўся, што хлапчук ў лапцях

Напаўадзеты вёскі сын,

У роднай мове ўчыцца мог?

О стыдна, рускі гражданін!

 

Язык твой царскі ён табе

Не выража, спакойны будзь!

Цябе  тваім жа у кляцьбе

Ён не забудзе памянуць.

 

Алесь не змог дачытаць апошнюю страфу –

 

“Былых не выклічаш вякоў,

І ты, Масквы кароннай гразь,

Парваных не скуеш акоў,

З якой брахнёю не вылазь!”.

 

Відаць, гэты верш ведаў не толькі ён, таму што з першых жа радкоў усчаўся такі вэрхал, такое абурэнне,  змяшанае са страхам, нібыта ў пакой запусцілі жывога грыфона… Прарвала ўсіх – не таму, што праглі вяртання ва ўлонне расейшчыны, а таму, што кожны, хто не запярэчыць, мог патрапіць у саўдзельнікі. Нават калі нехта палічыў Алесеў выбрык правакацыяй органаў – яшчэ больш напінаўся… Сход паступова пераўтвараўся ў выкрыццё канкрэтнага ворага, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Вяжэвіча. Які дапускае на ўроках нацыяналістычныя і ідэалістычныя выказванні, і скіроўвае вучняў убок ад генеральнай лініі, і насмешнічае над святымі для савецкага народу традыцыямі, і займаецца рэлігійнай прапагандай…

А ён, дурань, уяўляў, што навучыўся прыкідвацца і прыстасоўвацца! Алесь агледзеўся вакол… Некалькі выкладчыкаў, збялелыя, маўчалі і хавалі вочы… Астатнія… Ды што б ён зараз ні сказаў – яго проста не пачуюць.

Вяжэвіч падкрэслена лена падняў з падлогі свой партфель і, не азіраючыся, выйшаў з залы. Па ілбе каціліся кроплі поту. Што ж, рана ці позна гэтым мусіла скончыцца. Так, аднойчы з яго зрабілі здрадніка і правакатара. Але ж здраднікам ён ніколі не быў! Як угневаецца бацька!

На ганку Алесь трохі пастаяў, падставіўшы твар халодным кроплям дажджу, у якіх так хацелася адчуць прысмак вясны, але чулася толькі халадэча і туга.

— Таварыш Алесь, мне трэба з вамі пагаварыць…

Выдатніца Наста, нервова круцячы ў руках парусінавы партфельчык, стулілася пад маладой бярозкай, нібыта тонкае вецце, яшчэ не апранутае ў зялёны сает, магло абараніць ад дажджу. Алесь пакруціў галавой. Наіўнае дзяўчо… Лепей ёй цяпер не паказвацца побач з крамольным выкладчыкам. Але Наста ўжо падыйшла, так умольна гледзячы вялізнымі блакітнымі вачыма, што адмовіць было злачынствам.

— Добра, Наста… Гавары, што ў цябе за пытанне?

Дзяўчынка дрыжэла, але хутчэй ад нерваў, чым ад холаду.

— Толькі мама сказала, пра гэта няможна расказваць… А мне абавязкова… Я не магу… А каму, як не вам? Вы ж нікому, ніколі… Праўда? Толькі… давайце адыдзем.

Алесь адчуў сябе трохі непамысна… Нашто яму падлеткавыя таямніцы? Але паслухмяна рушыў да прысадаў, якіх не было відаць з вокнаў тэхнікуму. Сакавіцкае неба стваралася нібыта з цёмна-шэрага дыму… Колер марэнга…

— Ну, што здарылася?

Наста падняла на выкладчыка вочы, абведзеныя ценямі.

— У мяне бабуля на Цне жыве… Я ў яе кожныя выходныя бываю. Пазаўчора, у нядзелю,  мы пайшлі на Брод, коцікі ламаць… Ну, вербачкі. Не, не дзеля вербнай нядзелі, — спалохана удакладніла камсамолка. – Так проста, любім вербачкі… Я, сястра стрыечная, двое хлопцаў суседскіх… Раптам чуем – загулі машыны…  Едзе “эмка”, а за ёю тры “чорныя вораны”. Усе збеглі, а я спалохалася, не паспела, прысела ў хмызняках за насыпам пяску.  А “эмка” якраз туды пад’ехала, і выйшлі з яе чацвёра ў  вайсковым. Усе ў рамянёх, з партупеямі. Падыйшлі да насыпу, за якім я хаваюся, і заглядаюць уніз – а там, аказваецца, яміна вялізная. “Вораны” развярнуліся, сталі ў рад. Адзін з ваенных падыйшоў да “ворана”, расчыніў дзверцы і пачаў выводзіць адтуль людзей са звязанымі за спінай рукамі. А тады… падвялі іх да яміны — і  ў патыліцу… з наганаў… Жанчыны там былі… Усе так проста адзетыя, гавораць па-нашаму… Дзядзька ў лапцёх, як з машыны выйшаў, адразу – на калені, і давай благаць: “А людцы мае, а Божа ж мой, а што ж я кепскага зрабіў? У чым я вінаваты?” А яго – у патыліцу…

Дзяўчына закрыла твар рукамі, яе худзенькія плечыкі, абцягнутыя драпавым палітончыкам, пачалі ўздрыгваць. Алесь разгублена глядзеў на яе, не ведаючы, як вярнуць гэтаму дзіцёнку веру ў людскасць і савецкую ўладу. А калі яна гэта страціць… Як ёй далей жыць? Наста сутаргава ўздыхнула і зноў працягнула страшны расповед.

— Як цяпер бачу… Выведуць шэсць чалавек, рукі развяжуць… Паставяць на край яміны… Выводзяць і выводзяць… Страляюць і страляюць… Людзі лямантуюць, просяцца… А ваенныя толькі: ”Становись! Становись!” Я аж самлела. А некалькіх ужо мёртвых з машыны выкінулі. Засталося два чалавекі. Надта вымаляліся. Адзін зусім малады, на нашага Казіка подобны… З паралельнай групы… Тады ім кінулі рыдлёўкі, каб яміну закопвалі. Тыя пазасыпалі. І іх таксама прыстрэлілі. Пяском прысыпалі зверху… Пайшлі да машын. Я адпаўзаць, адпаўзаць… У лаўжы нейкія звалілася, у калюгу…

Надзея паглядзела ў вочы выкладчыку зусім не дзіцячым позіркам.

— У нас усе пра гэта ведаюць. Толькі так вось, як я, зблізку не бачылі. Крыкі ж далёка чуваць. Улетку зямля, бывае, “дыхае” над такімі ямінамі… Стогны з-пад пяску… Але ж хто пойдзе раскопваць?  У пасёлку таксама двое жывуць, з тых, што растрэльваюць… Яшчэ й хваляцца. Дзеўкі ёсць, што гараць выйсці замуж за нкусаўца. А гавару я вам вось чаму…

На мужчыну і дзяўчынку з шалёнай злосцю сыпануў халодны дождж, але яны гэтага не заўважылі.

— Калі выкінулі з машыны аднаго мерцвяка, ён якраз  на бок упаў, тварам да мяне, блізенька… І… гэта былі вы.

— Што? – не зразумеў Алесь. Але дзяўчынка ўпарта паўтарыла.

— Гэта былі вы. Толькі старэйшы, сівы зусім, і лоб увесь збіты.  Я пасля, як на наступны дзень у тэхнікуме вас пабачыла,  пералякалася. Я ж думала, вы мёртвы.

Ад страшнай здагадкі Алесь прыкусіў губу, каб не закрычаць, не спалохаць дзяўчо, але твар яго, відаць, змяніўся жахліва…

Наста жаласна ўсміхнулася.

— Ну, вось… Распавяла… Трохі лягчэй стала. Пайду…

Вяжэвіч пакутліва шукаў словаў – дзяўчынка ж таксама, відаць, спадзявалася нешта выратавальнае ад яго пачуць.

— Я ведаў таго чалавека, на мяне падобнага. Ён быў… добры чалавек. У кожным, самым крывавым часе, ёсць дабро… Павер, Наста, яно ёсць… Ёсць сумленныя, чыстыя людзі… Каханне… Трэба заставацца чалавекам. Заўсёды заставацца чалавекам. Чуеш?

Алесь змахнуў з вачэй салёны дождж.

— Быў такі беларускі паэт, Франц Савіч… Ён уваходзіў у падпольнае “Дэмакратычнае таварыства” у Віленскім універсітэце. Калі яго схапілі, яму было дваццаць тры гады. Яго страшэнна катавалі. Франц сядзеў у смярдзючай яміне, дзе яго заядалі вошы, у кайданах. А ён жа яшчэ і збіты быў увесь. Аднойчы паспрабаваў утапіцца ў збане з вадой, які яму прынеслі наглядчыкі – так баяўся, што не вытрывае, здасць таварышаў… Яго паважалі нават каты. Франца саслалі ў Сібір, у салдаты. А тады ён уцёк, далёка, на чужыну, і стаў доктарам. І лячыў людзей. І калі здарылася пошасць халеры, застаўся з зусім чужымі яму хворымі, і памёр, ратуючы іх… Не чакаючы ні славы, ні ўзнагароды.  Там нават не ведалі, як яго завуць.  Разумееш, пра што я?

Наста хітнула галавой, яе вочы нарэшце страцілі страшную пустэчу.

— Дзякуй вам.

У галінках дрэваў, чорны, голых, абуджаўся сок, жыццёвая сіла напаўняла мёртвыя пупышкі, і тыя рыхтаваліся выставіць свае слабыя, незнішчальныя зялёныя сцяжкі насустрач сіверу і залеве.

Алесь ішоў дахаты, і амаль нічога не бачыў перад сабою – слёзы, пякучыя мужчынскія слёзы, наварочваліся на вочы. А ён быў упэўнены, што Корб-Варановіча расстралялі яшчэ год таму… Неўзабаве пасля іх размовы, гэтак падступна ператворанай у данос. Прынамсі гэтак сказаў бацька. Схлусіў…

Алесю хацелася кагосьці забіць… Як калісьці ён хацеў знішчыць чалавека, якога пазаўчора закапалі ў халодны вясновы пясок. Значыць, Корб-Варановічу ўдалося пражыць яшчэ год… Як ён вытрымаў? Ці не зламаўся?

Алесю так і не ўдалося выканаць ягоную просьбу, сустрэцца з Марынай Корб-Варановіч. У Ленінград яна пакуль не вярнулася, адшукаць яе ў Саратаўскай вобласці не змог… А цяпер – ці застаецца на гэта час? Пасля сённяшняга сходу ў Алеся ёсць усе магчымасці легчы побач з  былым ворагам, і блакітныя вочы якой-небудзь вясковай дзяўчынкі, пацямнелыя ад недзіцячага жаху, будуць назіраць яго смерць з-за хмызнякоў…

Паэт можа перастаць пісаць вершы, але не можа пазбавіцца ад вобразаў, як віхла не можа ганарліва ўзняць угару свае тоненькія галінкі. Вяжэвіч уявіў, як адна з багіняў Парак, кашчавая старая з адзіным вокам у лобе, намацала ў агульным скрутку нітку ягонага лёсу, не залатую, не срэбную,  проста белую з прымешкам чырвонага суворую нітку, і прымерваецца ўжо бліскучымі, як водбліск сонца на вадзе, нажніцамі, каб перарэзаць… Алесь нават чуў глухі ляскат сталёвых лёзаў, ад якога  зводзіць сківіцы, як ад няспелай чаромхі.

Прынамсі, ён паспее пабачыць сваіх родных…

Ад Веранічынай працы ім далі ордэр на кватэру на ўскрайку горада, на Даўгабродскай, на першым паверсе цаглянага двухпавярховіка. Два пакойчыкі і кухня – гэта здавалася верхам раскошы! На кухні, за паркалёвай фіранкай, аказалася нават ванна – вялізная, чыгунная, на жалезных ільвіных лапах, з белым эмалевым пакрыццём спрэс у іржавых плямах… Для Ірынкі – лічы, возера, калі пару вёдзер вады  заліць…

— Тата! Я навучылася таньчыць, як рыбка!

Рыбка ты мая… Алесь падхапіў бялявенькае сваё цуда на рукі, пацалаваў у лобік… Ірынка не дужа ўдалася ў Вяжэвічаў – толькі валасы ды вочы ягоныя, і цяпер ужо зразумела, што спадчыннай мяккасці ў  рысах не будзе, і Алесь шчыра гэтаму радаваўся.   З характарам дзеўка вырасце, жвавенькая…

Вераніка паказалася з другога пакою. Як яна ўсё-ткі схуднела, аж пад вачыма – цёмна… Але ад гэтага яшчэ прыгажэй.

Можа быць, удасца неяк уберагчы яе, каб не перажываць ёй зноў грукат у дзверы, ператрус, арышт мужа… Вар’яцкая думка – пайсці самому ды здацца “ў апрацоўку”… Не засільвацца ж – маці ніколі не даруе. Колькі разоў паўтарала: няма страшнейшага граху, як адмовіцца ад дару Боскага, ад жыцця… Нават на крыжы ёсць надзея!

Калі б ён мог маліцца, як у дзяцінстве! Шчыра, з верай непарушнай і шчаслівай, звяртацца не да пагрознага цара нябёсаў – а да ўсёдаравальнага, усёразумеючага Айца…

…Калі магчыма, пранясі гэтую чару паўз мяне… Але няхай будзе, як ты хочаш…

Усё-ткі добра, што маці ўпотай ад усіх пахрысціла сваю ўнучку – прыйшла ў галаву настаўніка крамольная думка. Пахрысціла тут, побач, у Аляксандра-Неўскай царкве, якая адна й засталася дзейнічаць з усіх культавых пабудоваў… Алесь і Вераніка абураліся, але супакоіліся – што ж, забабоны жывуць доўга, а дзіцяці шкоды няма. А цяпер Алесь быў рады, што ў дачкі нябесны заступнік… Не, Вяжэвіч не збіраўся апраўдваць цемрашальства. Але… А раптам усё, у што ён верыў у дзяцінстве,  рай і апраметная, анёлы-ахоўнікі  і дэманы-спакушальнікі, Прасвятая Багародзіца і сонм святых угоднікаў, насамрэч існуе, як і Усёдаравальная Любоў і Страшны Суд?

Каб жа гэта было так…

Дзвярны званок разануў па вушах, як пугай. Яшчэ раз, яшчэ… Няўжо так хутка?… Вераніка пайшла адчыняць. Алесь схіліў галаву над пісьмовым сталом, ператварыўшыся ў слых. Вось бразгае замок… Рыпяць дзверы… П’яны голас бацькі.

Даўно ўжо ягоны голас не звязваўся для Алеся з радаснай палёгкай.

Старэйшы Вяжэвіч стаяў пасярод вітальні, трымаючыся рукой за сцяну.  Ён усё яшчэ быў дужы і прыгожы, калі не прыглядацца, і старонні чалавек мог і не зразумець, наколькі ён ва ўладзе шклянога бога. Ды Алесь выразна бачыў: твар азыз, скура робіцца пергаментна-жоўтай, на носе праступаюць юлёвыя прожылкі, цёмныя валасы адбягаюцца ад высокага ілба ўсё далей, а у светлых вачах – жудкая пустэча, як у наўца, які загінуў гвалтоўнай смерцю. Алесь чытаў пра вучоных, што намагаліся здабыць выяву, якую нібыта захоўваюць вочы мерцвяка – тое апошняе, што ён бачыў у жыцці. Што ж давялося пабачыць бацьку, пасля чаго ён, колішні, памёр?

Лепей не ведаць.

Антон Антонавіч Вяжэвіч утаропіўся цяжкім паглядам у сына.

— Што ж ты нарабіў, Сашка? Праўду кажуць – ратавалі вадзяніка ад вады, затапіў вадзянік гарады… Каму стала лягчэй ад тваіх палымяных прамоваў? Што зменіцца да лепшага? І да булавы трэба галавы…

Трэба ж, якая аператыўнасць… Даклаў нехта, куды трэба, пра сённяшні сход.

Вераніка спалохана спытала ў свёкра:

— Няўжо… зноў?

— Зноў! – злосна пасміхнуўся лекар. — І яшчэ як пракукарэкаў наш пястун паэтычны! Да Масквы дайшло. І на гэты раз ніхто не дапаможа. Ні мае сувязі, ні… твае, Вераніка.

Алесь змрочна прамовіў:

— Я не зрабіў ніякага злачынства.

Бацька засмяяўся, быццам ламалася сухое дрэва.

 

— Паляванне на ведзьмаў – вясёлы занятак,

Мерзлы бруд б’е фантанамі з-пад капытоў.

Нарадзіўся на свет —

дык ужо вінаваты…

Вінаваты стакроць, хто ў загон не пайшоў.

 

Та-ак, калі бацька пачынае цытаваць вершы, значыць, справа зусім дрэнь…

–Ты не сябе сёння загубіў… Ты ўсю сям’ю загубіў. Ты хіба сабе належыш? Дзеля чаго я і твая жонка душы свае заклалі, сябе прадалі, каб цябе, боўдзілу, ад смерці выкупіць? Каб ты героем непрызнаным беспакарана над травою лунаў, нехта мусіў у гразі папоўзаць! Ты пра гэта не задумваўся, лятун? І што, усё дарэмна?

Бацька стаяў, злёгку пахістваючыся, пасярод вітальні, вялікі, роспачны, варты жалю… А ягоныя словы, як кроплі кіслаты, раз’ядалі свядомасць, дастаючы да жывога…

— Пры чым тут Вераніка? – непаслухмянымі вуснамі прашаптаў Алесь, зірнуў на жонку… І скамянеў ад жаху: яна, скурчыўшыся, спаўзала на падлогу, закрыўшы галаву  рукамі, нібыта на яе сыпаўся гарачы попел.

— Веранічка! Што з табой? Ды яшчэ ж нічога не здарылася! –Алесь кінуўся дапамагаць, паднімаць… А яна з нейкім адчаем адштурхоўвала яго рукі, хавала твар:

— Не чапай мяне! Не датыкайся да мяне! Ты не разумееш… Ты нічога не разумееш!

А турэмны лекар зарагатаў страшным, пякельным рогатам…

Малодшы Вяжэвіч  застыў ад раптоўнай здагадкі.

— Ты… ты прасіла за мяне Хведара? Як ты магла!

Вераніка сядзела на падлозе, прыхінуўшыся да сцяны, яе прыўкрасны збялелы твар нагадваў маску. А голас быў мёртвы.

— Калі б я не была з ім, цябе б даўно забралі.

— Чакай, а праца твая… Усе гэтыя пайкі, какава, панчохі… Вячэрнія паседжанні… — Алесь чуў свой голас нібыта збоку.

— І ордэр на кватэру, і паблажлівасць твайго начальства ў тэхнікуме! — дакончыў з горкім здзекам Антон Антонавіч. – Толькі калі ты, смаркач, зараз уздумаеш разыгрываць Атэла – я цябе ўласнай рукой прыб’ю… Адзін ты, рыфмар недароблены, не бачыў, як твая каханая пяклуецца… Не хацеў бачыць, удумвацца… А цяпер позна. Вось жа пашчасціла мне на самагубцаў… Можа, хоць маці тваю паспею выцягнуць з дрыгвы, перш чым самога…

— А што з маці? – Алесь адчуваў сябе, як човен, на які зараз кінуць апошні камень – і пойдзе на дно.

— Верніца твая маці… — Антон Антонавіч раптам усхліпнуў.—Сёння на Аляксандра-Неўскую налёт быў. Забралі ўсіх… Святароў, харыстаў, прыхаджанаў… Абразы, шаты ў кучу сцягнулі, падпалілі… А Сафійка абраз проста з полымя выхапіла, пад кофту засунула… Няўжо спадзявалася, што не ўгледзяць? Вось і пацерпіць за веру сваю, як марыла… Вянец пакутніцкі атрымае… Я пабег пра яе дазнавацца. А там мне й пра цябе знаёмыя даклалі.

Голас Антона Антонавіча здрыгануўся. Турэмны лекар правёў рукой па твары, змахваючы слёзы, гора і прывід чалавечнасці.

— Адзінае, што можа нам усім яшчэ дапамагчы – аддай ім палову срэбнага кубка, якую ты ў мяне забраў. Я ведаю, вас  і абшуквалі, і распытвалі… Ды сэрца мне падказвае – затаіў ты кубак з нейкіх рамантычных меркаванняў. Нашто табе пакрываць графскіх вылюдкаў, Корб-Варановічаў? Яны над намі стагоддзямі здзекваліся. Дзе кубак?

Алесь упарта ссунуў бровы.

— Няма. І не будзе.

Старэйшы Вяжэвіч пільна ўгледзеўся ў твар сына.

— Няўжо цябе зачапіла раскрыццё родавых таямніцаў, усе гэтыя падземныя цэрквы, княскія магілы? Дурань! Сыдзеш разам з таямніцамі  ў зямлю, і нас пацягнеш…

— Кубка няма!

Бацька скрушліва ўздыхнуў:

— Парода… Ды не графская. Не спадзявайся – для Корб-Варановічаў мы назаўсёды – род прыслугі, ніжэйшы гатунак.  Дом, дзе можна спраўдзіць права першай шлюбнай ночы… Проста час ад часу трапляліся сярод Вяжэвічаў такія, якім здавалася, нібы могуць зраўняцца, парадніцца з гаспадарамі… Цягнула адно да аднаго, як смалу да абцаса. І што добрага? Нянавісць назапашваецца вякамі, адзін глыток любові не пазбавіць моцы возера атруты. Адна Вяжэвічаўна гадоў сто таму звязалася з графам Варановічам, што ў паўстанне падаўся, хавацца яму дапамагала, насуперак   сям’і пайшла, усё, што ні прасіў, рабіла, жыццём рызыкавала… А ён яе кінуў, як скарыстаную анучу, і пашлюбаваўся з князёўнай. І тады Вяжэвічаўна здала ўладам увесь ягоны атрад, на чале з камандзірам. За такое маглі ўзнагародзіць канфіскаванай маёмасцю бунтаўнікоў. А падманутая паненка ўзяла ды адмовілася. І маёнтак у Ройна дастаўся нейкім расейцам. А мог быць нашым. Нашчадкі доўга неразважлівую бабулю нядобрым словам успаміналі. Вось як…

Турэмны лекар змрочна агледзеў маладых.

— Шкада, унучку не пабачыў… Але, можа, гэта і да лепшага. Дзеці, яны адчуваюць, што ў дарослых на душы. Усё. Пайду ворагаў народу лячыць. Мог бы параіць збегчы, схавацца… Але пакуль не ведаю тых, каго б не знайшлі. А можа, табе пашанцуе? Калі ў Саранск які… У Казахстан…

Турэмны лекар паклаў на этажэрку пачак купюр, перацягнутых гумкай.

— Вось, болей не маю… Бывай, сыне… Наўрад мы на тым свеце сустрэнемся.

Дзверы зачыніліся. У кватэры запанавала ціша, якую парушала толькі вясёлае шчабятанне Ірынкі з-за зачыненых дзвярэй пакоя  — відаць, зноў вучыць сваіх лялек таньчыць балет. Вераніка ўсё гэтак жа нерухома сядзела на падлозе, і Алесь змог, хаця й не адразу, здушыць мужчынскі эгаістычны гнеў, выгнаць з уяўлення жахлівыя карціны, ад якіх вар’яцеюць – як тваю каханую лашчаць чужыя рукі… Замест гэтага засталіся толькі жаль і скруха, і каханне, якое ўсё даруе.

Алесь прысеў побач з жонкай, абняў… Вераніка, быццам не верачы, прыхінулася да яго, і мужчына адчуў, што яна ўся дробна дрыжыць…

— Не трэба нічога гаварыць, нічога тлумачыць… Гэта я не змог цябе абараніць. Прабач мяне, калі можаш… Калі выжыву – Вятрака прыб’ю ўласнаручна. Чэрап яго гнілы кулаком раструшчу, –Алесь з цяжкасцю перавёў дыханне, перанятае гневам. — Паслухай, дарагая… У мяне апошняя просьба. Знайдзі, калі ласка, Марыну Корб-Варановіч… Памятаеш, мы да яе ездзілі ў Ленінград? Можа, яна туды вернецца… І перадай вось што…

Алесь хутка зашаптаў ёй на вуха…

Вераніка недаверліва адсунулася, паглядзела на мужа.

— Так, гэта была ягоная просьба… І мая такая ж…

Алесь устаў, падняў жонку.

— Ну,  дзе мой турэмны клунак?

Гэта быў не жарт – апошні год, як і ў тысячах сем’яў, у Вяжэвічаў заўсёды ляжаў напагатове “турэмны клунак”: сухары, змена бялізны, цёплыя шкарпэткі… Вераніка ўпарта падкладала туды адзінае багацце – залаты пярсцёнак з заімглёным смарагдам, што дастаўся ад бабулі…

— Мы зараз жа павінны сабрацца ўсе! – як прачнуўшыся, горача загаварыла Вераніка. – Бацька твой сказаў – а раптам удасца? З гораду выберамся пешкі, пераначуем у маёй цёткі ў Воўкаўшчыне, а там – у Казахстан… Сядзець і чакаць смерці – горай за смерць!

Алесь адмоўна пахітаў галавою.

— Зловяць – тады і цябе арыштуюць. А Ірынка на каго застанецца?

Але Вераніка ўжо ліхаманкава забегала па кватэры, выкідаючы з шафаў на падлогу нейкія транты.

У дзверы не пастукалі – загрукаталі, нібыта ламіўся статак шалёных адзінарогаў…

— Ірынку трымай! – крыкнуў Алесь і сам пайшоў адчыняць.

Ім далі хвілю развітацца – ён пацалаваў Вераніку, дачку… Узяў свой клунак…

У “варанку” ён аказаўся апошнім – столькі было напхана людзей, што ўсе стаялі, прыціснутыя адзін да аднаго, як сцяблінкі лёну ў снапку. Мужчыны, жанчыны, старыя, маладыя, зусім падлеткі… Лямант, шэпты, праклёны, малітвы… Нехта ўвесь час трывожна ўскрыкваў проста ў Алеся над вухам:

— Цішэй! Сціхніце! Грамадзяне, давайце не ўсугубляць!

Нібыта крыкам тут можна было штосьці “усугубіць”…

Некалькі галасоў – падобна, святары ці пеўчыя – спявалі пакаянны канон. Проста карціна Босха ў зацямненні…

— Аляксандр Антонавіч! – таненькі галасок зрываўся ад слёз. Алесь азірнуўся, але што ўбачыш у цемры?

— Гэта я, Наста…

Божа мой, Божа, папусціў ты нам за грахі нашыя…

— Не бойся, Настачка!

— Ды што ж ужо… Як яно будзе, так і будзе… — з адвечнай пакорлівасцю патомнай беларускі прашапацелі словы.

Пакорлівасць, рахманасць, талерантнасць… Як жа без іх беднаму бульбаеду? Вось калі трэба  на кагось беларуса нацкаваць – яму ўбіваюць у голаў пра ягоныя мужнасць, гераічнасць і ахвярнасць. А калі ён гераічна, паліўшы сваёй крывёю ўласныя стаптаныя палі, пераможа – крыжакаў, татараў, французаў, сваіх жа братоў дзеля выгодаў чужога дзядзькі, яму зноў трындзяць пра талерантнасць і братнюю лагоду. А хто абароніць вось гэтую блакітнавокую беларускую дзяўчынку? За што ёй наканавана згінуць між бязлітасных шасцяронак бяздушнага механізму? Чаму беларусы вечна ядуць адзін аднаго па чужым загадзе? Каталікі—праваслаўных, праваслаўныя – уніятаў, шляхта – мужыкоў, усходнікі—заходнікаў… Вяжэвіч адчуў, як яго ахоплівае гнеў, б’ецца ў сэрцы, у скронях… Дурань! Які ён дурань! Што даў год прыстасавальніцтва, змірэння? Пакуты і ганьбу жонкі? У што ён сваёй баязлівасцю яе ператварыў!  Хоць бы вершы пісаў! А ён іх душыў у сабе, жывых, балючых… Усё!  Больш не дачакаюцца. Ані слова пакоры… Ані намёку на згоду… Хай робяць з ім, што хочуць.

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.