Дарогі шаўца, які не адбыўся

Поэт Микола Хведарович учился у Циолковского

Ля хат высокія сумёты,
Пад снежнай коўдрай спяць палі,
Вятры бяздомныя ля плота
З віхурай песню завялі…

Гэты верш вось ужо шмат гадоў вучаць дзеткі ў школах і дзіцячых садках. Але ў іх аўтара напісана і шмат дарослых твораў — чаго вартыя назвы зборнікаў «Тэмпы-кантрасты», «Баявыя песні» і нават проста «Ха». І падпісваўся ён часам «з прэтэнзіяй» — Себасцян Старобінскі. Нарадзіўся паэт, які ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як Мікола Хведаровіч, 115 гадоў таму. 

Давайце ўспомнім незвычайныя факты з яго біяграфіі.

1. Быў вучнем Цыялкоўскага

Канстанцін Цыялкоўскі

Сапраўднае прозвішча Хведаровіча — Чарнушэвіч. З’явіўся на свет ён у сялянскай сям’і з мястэчка Капыль, і ў дзяцінстве аддалі яго вучыцца на шаўца… Але ўсё пераламалі Першая сусветная вайна і бежанства. Мікола чатыры гады жыў у Калузе, у дзіцячым прытулку, і вучыўся ў гарадской вучэльні. Вучэльня знаходзілася ў двухпавярховым каменным будынку на рагу Нікіцкай і Малаткоўскай і знакамітая тым, што ў ёй у 1916 — 1917 гадах выкладаў матэматыку вялікі Канстанцін Цыялкоўскі. Так што Мікола Чарнушэвіч якраз стаў ягоным вучнем.

Хведаровіч пасля напіша паэму пра Цыялкоўскага і Калугу.

2. Стварыў з братам літаратурную суполку

Пасля вяртання з бежанства Хведаровіч ваюе ў атрадзе асобага прызначэння, заканчвае рабфак, друкуе вершы. А вось радкі з кнігі «Валерый Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст»: «1927 г. Н.Чарнушэвіч разам з Я.Бобрыкам, А.Гурло, А.Звонакам, Т.Кляшторным, І.Плаўнікам, Я.Туміловічам і М.Хведаровічам арганізоўваюць новае літаратурнае аб’яднанне «Пралетарска‑сялянская беларуская літаратурная суполка» — «Пробліск».

Н.Чарнушэвіч — гэта родны брат Міколы Нічыпар, паэт, драматург. Менавіта таму і давялося Міколу браць псеўданім Хведаровіч.

3. Падчас рыбалкі страціў сябра

Андрэй Александровіч

«Проблiск» праіснаваў нядоўга. Пасля былі суполкі «Маладняк», БелАПП, цікавыя творчыя паездкі, напрыклад па Сярэдняй Азіі. Наўрад маладыя паэты падазравалі, што наперадзе.

Як пісаў даследчык Леанід Маракоў, на пачатку ліпеня 1938 года ў нядзельную раніцу Мікола быў на рыбалцы ра­зам са сваім сябрам Андрэем Александровічам, намеснікам старшыні саюза пісьменнікаў. Да іх падышлі людзі ў форме і прапанавалі Александровічу прайсці з імі. Той сунуў Міколу вуды, папрасіў патрымаць: «Праз гадзіну вярнуся».

Не вярнуўся. Атрымаў пятнаццаць гадоў лагераў.

4. Захаваў перадсмяротны верш Міхася Чарота

Міколу Хведаровіча арыш­­­­та­­валі праз месяц пасля Александровіча, у жніўні 1938‑га. Яго брат Нічыпар, дарэчы, быў рэпрэсіраваны яшчэ ў 1930‑м. У сваіх успамінах Хведаровіч напіша: «У 1939 годзе я быў пераведзены ў адзiночную камеру. Уважлiва агледзеў сцены, шукаючы надпiсаў, i вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкалупаны нечым вострым на сцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маiм любiмым паэтам i другам Мiхасём Чаротам. Гадамi я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы:

Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!

Міхася Чарота расстралялі ў 1937‑м. Дзякуючы Хведаровічу яго апошнія радкі былі надрукаваны ў альманаху «Дзень паэзіі» ў 1965 годзе.

5. Пісьменнікі баяліся патрапіць у ягоную кнігу

Акрамя вершаў, Хведаровіч пакінуў успаміны. Калі ён пісаў кнігу «Памятныя сустрэчы», пайшла чутка, што лепей не трапляць у яе. Нібыта як напіша Хведаровіч пра каго, той у хуткім часе і з жыцця выправіцца. Вядома, быў гэта проста «чорны гумар», кніга выйшла і дасюль з’яўляецца неацэннай крыніцай звестак па гісторыі беларускай літаратуры.

Памёр Мікола Хведаровіч у 1982 годзе, пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Яго вершы можна знайсці ў школьнай праграме.

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.