Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
МАЎЧАННЕ МАНДРАГОРЫ
Аповед
Мандрагора крычала.
З крылцаў матылёў сцерушыўся каляровы пылок, і няшчасная жамяра пападала на зялёную траву праклятымі анёлкамі. Каб так умеў гарлаць ягоная мосць канцлер Астафій Валовіч альбо ягоная мосць Мікалай Радзівіл Руды, ганебны Люблінскі сойм прыпадобніўся б зграйцы прусакоў, якія ўцякаюць ад трапнага кідка гаспадарскага чаравіка ва ўсе шчыліны варыўні.
Але сойм адбыўся, ліцвіны патрапілі пад залачаны абцас Кароны, а асабліва наравістыя з дэпутатаў зарабілі выгнанне і блыталіся па свеце, як ваўкі, якім на шыі ўздзелі маністы са званочкаў.
Ды мізэрныя сутнасці кшталту бруднага карэньчыка са звяглівым характарам часам здольныя змяніць рух грувасткіх механізмаў цэлых дзяржаў. Варухнуцца лейцы — і зорнае кола выцісне іншую каляіну на чорнай далані вечнасці.
Хударлявага старога ў манаскай расе звалі Мнішак, і не быў ён ні італійцам, ні мніхам. Ён асцярожна выцягваў з чорнай зямлі белы падвойны корань, што пачварна нагадваў чалавечую фігуру. Учэпістыя жоўтыя пальцы старога, упэцканыя ў перагноі, не дрыжэлі ад вар’яцкага крыку. А што ж, васкавыя коркі для вушэй выпрабавалі яшчэ арганаўты, ратуючыся ад заваблівых спеваў сірэн.
Вучань старога чарнакніжніка Грэгар, нізкарослы і трапятлівы, як сітаўка, падставіў скураны мяшок. Туды і адправілася чароўная расліна, якая вырасла пад шыбеніцай. Праўда, ад тае шыбеніцы цяпер застаўся толькі згнілы слуп. Але аднойчы пасеянае зло не перастае прарастаць стагоддзямі.
Грэгар хуценька завязаў мех, быццам баяўся, што мандрагора выскачыць, выслізне, як ласка альбо гадзюка. Мнішак выпрастаўся, трымаючыся за паясніцу, асцярожна дастаў з вушэй васковыя коркі і шпурнуў у траву.
–Хутка вы зможаце схіліць да сябе любое сэрца і павесці за сабой любое войска, найяснейшы князь Вольша!
Малады рыцар у блакітным жупане, вышытым срэбрам, таксама вызваліў ад воску вушы – мандрагора, якую выцягваюць з зямлі, магла не толькі пазбавіць слыху, але й давесці да вар’яцтва. Зялёныя, як смарагд, вочы князя – адначасова жорсткія і наіўныя, як у дзікуна — уважліва вывучалі аскетычнае аблічча старога.
–Спадзяюся, ва ўсім гэтым няма ўдзелу нячыстай сілы і згубы для душы?
Мнішак адрывіста перахрысціўся ўпэцканай у чарназём рукою.
–Хоць мая манаская раса падманвае, бо я не мніх, але жыццё я прысвяціў Госпаду… і спазнанню таямніцаў ягонага свету. Тынктуру з мандрагоры робяць ва ўсіх кляштарах, і брыгіткі, і дамініканцы, і францысканцы, і спадчыннік прастолу святога Пятра такую ўжывае… Ні вашай душы, ні целу нічога не пагражае! Галоўнае, адпіваць трэба непасрэдна перад важнымі перамовамі, іначай настой траціць сілу…
У абыякава сінім небе кружляў сокал, падобны знізу да літары, з якой пачынаецца слова Вікторыя. Але да перамогі было далёка… Быў час паразы. Час, калі моцныя схіляюць галаву на плаху, каб не схіліць калені, а слабыя паміж вастрыём і дзяржальнам мяча ката абіраюць дзяржальна і самі караюць былых паплечнікаў. Час крыві, час Фартуны і прагі да ўлады.
Вольша адкінуў пяцярнёй валасы з ілба. Пальцы – арыстакратычна тонкія і моцныя, як належыць вою — былі знізаныя пярсцёнкамі. Нобіль і ў выгнанні павінен захоўваць гонар роду. Валасы светлыя, выбеленыя сонцам некалькіх краінаў, але некалькі жорсткіх войнаў яшчэ не ўпляліліся ў іх сівізной… У зялёных вачах маладога князя гарэла тая апантанасць, з якой і будуюць, і руйнуюць Вавілонскія вежы.
–Я адпомшчу за сваіх бацькоў і за братоў! Збяру войска, і вернецца залаты век княства!
Пальцы, знізаныя пярсцёнкамі, сціснулі маленькую шкляніцу, што вісела на шыі на тонкім срэбным ланцужку. Шкляніцу, падобную да ледыша на краі даху, упрыгожвалі срэбныя карункі ў выглядзе анёльскіх крылаў. Вадкасць у ёй не была атрутай. Такія шкляніцы-слёзніцы ўвайшлі ў моду ў Вялікім княстве дзякуючы каралеве-італійцы. У моманты найвялікшага гора ў гэтыя сасуды збіралі ўласныя слёзы – жонкі, каб паказаць, як гаравалі ў расстанні па сужонцах, удовы – у доказ гора, палкія кавалеры – дзеля сведчання кахання… Праўда, што насамрэч калбацілася ў шкляніцах апошніх – слёзы альбо падсоленая вадзіца – паспрабуй, правер… Было і яшчэ адно прызначэнне слёзніцаў – назапашваць слёзы гневу і роспачы, што могуць быць аплочаныя толькі крывавай помстай. Князь Вольша не плакаў, нават калі, ачуняўшы ад ранаў, даведаўся, што бацька і два браты забітыя, а ўладанні сканфіскаваныя на карысць Кароны – за “здраду”. У шкляніцы са срэбнымі анёльскімі крыламі гарчылі слёзы Вольшавай маці, што яна паспела выплакаць, пакуль не згасла сама, як забытая на падваконні свечка…
Тынктура мандрагоры, змяшаная з такімі пякучымі слязьмі, неадменна надзеліць уладальніка нечуванай уладай над душамі, якую мелі Аляксандар Македонскі, Барбароса, Карл Вялікі, па адным слове якіх тысячы радасна беглі ў безнадзейную бойку, як мурашы на сцяблу, нахіленаму над ручаінай, не зважаючы, што сцябло занадта кароткае, і напрыканцы чакае адхон і згубная вада… Кідаліся, рушылі, ірваліся, высцілалі сваймі трупамі дарогу для таварышаў – і перамагалі… Няма ў ліцвінаў такога правадыра, патрапіла калісь маланка ў вершаліну гонкай сасны, і застаўся толькі каржакаваты абсечаны наверсе ствол…
Нічога, князь Вольша можа такім правадыром стаць. Галоўнае, мандрагору знайшлі!
Стары Мнішак пастараўся, каб малады гаспадар не заўважыў у ягоным поглядзе цень горкай насмешкі. Колькі разоў бачыў стары, як рука, якой замахнуліся на Галіяфа, усяго толькі збівала шапку з галавы якогась з ягоных незлічоных слугаў… Колькі разоў адмыслова выкаваны меч, якім рыхаваліся здабыць карону, назаўсёды тупіўся аб карчомны стол альбо страчваў бляск у п’яной бойцы…
Мандрагора варухнулася ў скураным мяшку, як аглушаная, але яшчэ жывая змяя.
У мястэчку ля разбуранага замка, што калісь належаў продкам Вольшы, была ўсяго адна карчма, адна царква, адна сярэдняй злавеснасці вядзьмарка і адна прыгажуня, пад вакном якой шляхцюкі скрыжоўвалі шаблі ды спаборнічалі ў куртуазных прамовах. Так што падваконны дыярыуш з цукру вуснаў, зораў вачэй ды шоўку валасоў мог прагаўкаць напамяць нават мясцовы сабака…
Князь Вольша, пабываўшы ў карчомцы, не мог прамінуць куртуазны турнір – так, дзеля забавы, як, ідучы дваром, сарваць з куста парэчак гронку. Цёмныя, крыху санлівыя вочы мясцовай Чароўнай Дамы зірнулі з вакна з аблезлымі чырвонымі ваканіцамі, і сэрца рыцара не працяла ані маланка, ані залатая страла, хіба кальнула голка крыўды. Дачка нейкага войскага, які мусіў развозіць позвы мясцовай шляхце, адварочваецца ад маладога гожага князя, няхай і апальнага! Сведкі паблажлівыя ўсмешкі хаваюць. Стрэмка маленькая, але ж смыліць… Як заваёўваць трон, калі зваліўся са звычайнага зэдліка? Вольша намацаў на грудзях слёзніцу з тынктурай мандрагоры… Адна кропля – і дзеўка гатовая будзе русявымі косамі яму боты выціраць, а нахабныя местачковыя шляхцюкі – укленчыць перад будучым каралём…
Можа, так і сталася б – але не лёс быў князю Вольшы прамовіць ані слова, узмоцненага сілай мандрагоры, бо паслізнуліся ягоныя саф’янавыя боты на каменнным выступе пад прыгажуневым вакном. І, здаецца, і не высока падаць – але гахнуўся няспраўджаны кароль проста скронню аб лаўку, нацёртую да бляску азадкамі кавалераў, і зялёныя, як смарагд, вочы ўтаропіліся ў ліцвінскае неба здзіўлёна-разгублена: няўжо гэта ўсё? І поўз па мёртвай руцэ з пярсцёнкамі час, як матыль, з крылцаў якога абсыпаўся пылок.
Чарговая эскурсія заявілася ў правінцыйнае мястэчка на Кузьму ды Дзям’яна, што апякуюцца кавалямі ды швачкамі.
Але развучыліся маладыя кабеты ў гэтым мястэчку шыць жупаны, світкі ды андаракі. На мясцовы рыначак кожную суботу прывозілі дробныя гандляры транты, пашытыя ў Турэччыне ды ў Кітаі. Кофты з нашытымі блішчынкамі, нагавіцы з чорнай матэрыі, што агідна патрэсквала, калі пацерці, кажухі, якія з другога канца вуліцы ды ў прыцемку можна прыняць за зробленыя з сапраўдных скураў. І кавалі перавяліся. Няма каму служыць вогненнаму богу Жыжалю. Засталася адна царква, адна рэстарацыя для вяселляў, хаўтураў ды турыстаў, адна мясцовая краязнаўка, што матавілам матала нервы начальству наконт захавання “культурнай спадчыны”, ды замак, адну вежу якога паднавілі настолькі, каб вадзіць перад рэстарацыяй турыстаў. У вежы зладзілі музей, куды згрувасцілі ўсё, што змаглі: выпрашаныя ў сталіцы пару карцін з выявамі былых уладальнікаў замка, калаўроты-рушнікі, сабраныя па хатах. А галоўнае – рэчы са старой аптэкі, што яшчэ за палякамі працавала ў мястэчку. Маленькія вагі, ступкі, рознакаляровыя бутэлечкі для мікстураў, пушкі з пігулкамі, якія даўно страцілі лекавыя якасці…
–Гэтыя шпалеры былі моцнай атрутай, — танклявы голас старога загадчыка музея дрыжэў, быццам кола па брукаванцы, жоўтыя ўчэпістыя пальцы асцярожна трымалі за краёчак рарытэтны папяровы ашмётак.—У віктарыянскую эпоху ўвайшоў у моду зялёны колер, смарагдавы, малахітавы… А яго дасягалі з дапамогай мыш’яку, альбо, як называлі яго раней, аршэнніку. Гасцёўня, абклееная такімі шпалерамі, ператваралася ў смяротную пастку, загадкавыя смерці абсякалі адзін род за другім. Гаварылі пра фамільныя праклёны, помслівыя прывіды, зачараваныя дамы… А смерць хавалася ў прыгажосці шпалераў, парцьераў, дываноў… Нават альбом з каляровымі малюнкамі ў эпоху каралевы Вікторыі мог забіць – столькі ў ім утрымлівалася мыш’яку!
Малады чалавек з вачыма гэткімі зялёнымі, быццам іх колер утварыўся не без дапамогі мыш’яку, з моднай хіпстэрскай светлай бародкай уважліва азіраў прылады і сасуды, што грувасціліся на вузкіх сталах уздоўж сценаў, удаючы кабінет алхіміка. Раптам зялёныя вочы апантана бліснулі.
–Выбачайце, што гэта такое?
Экскурсавод змоўк, удзельнікі невялічкай экскурсіі – з дзясятак студэнтаў-медыкаў, якія не змаглі “адмазацца” ад пазнаваўчага падарожжа, незадаволена азірнуліся на аднакурсніка. Але ўслых абурацца не сталі: Алег Корвускі хлопец гарачы, ды й завязваць з ім размовы небяспечна. Завядзе ўлюбёную гаворку пра слаўныя часы Вялікага княства Літоўскага, каланізацыю ды тыранію, сам пад падазрэнне падпадзеш. Чаму такім, як Корвускі, вечна трэба больш, чым іншым! Колькі разоў ледзь не адлічылі за ўдзел у розных там пікетах…
Стары загадчык, аднак, не зазлаваў, пільна зірнуў на дзёрзкага наведніка, чый палец паказваў на мізэрны шкляны прадмет, падобны да ледзяша ў пацямнелых карунках аправы. Лядзяш быў пачэплены за ланцужок на звычайны цвік.
–Гэта слёзніца, малады чалавек, — нетаропка прагаварыў стары, яго аскетычны твар нібыта хаваў напружанае чаканне і надзею. – Адзін з самых цікавых экспанатаў. Шаснаццатае стагоддзе. У такі сасуд збіралі слёзы, пралітыя з нейкай важнай прычыны.
–Значыць, там па-ранейшаму – нечыя слёзы? – нецярпліва перапытаў малады чалавек, адкінуўшы з высокага ілба валасы проста пяцярнёй, на якой так і мроіліся пярсцёнкі. У шкляніцы сапраўды спачывала мутнае рэчыва.
Загадчык пакрывіў бледныя вусны ў падабенстве ўсмешкі.
–Невядома. Сасуд не адкаркоўвалі некалькі стагоддзяў, і мы не сталі. Ён герметычны, вялікая верагоднасць пашкодзіць каштоўную рэч. А зараз, — гід павярнуўся да іншых наведнікаў, — я пакажу вам сапраўдны атанор, алхімічную печ. Яна знойдзеная ў ацалелых сутарэннях замка.
Гоман сціх дзесьці ўнізе. У пакоі застаўся адзін зеленавокі юнак. Усё выявілася надта простым. Стары нават не зрабіў спробы змусіць нахабу пайсці з групай, хаця і кінуў на развітанне востры позірк на маладзёна, які ўдавана ўважліва вывучаў металёвую прыладу для фармавання лекавых свечак. Чаму слёзніца ніяк не ахоўваецца? Усё-ткі рарытэт… Можа, відэакамеры? Хаця ў правінцыйным музейчыку з аблезлым пластыкам і ад рукі напісанымі цэтлікамі – адкуль ім з’явіцца? А, усё роўна… Ужо ўвечары Корвускі апынецца вельмі далёка, некалькі важных перамоў — і імя новага нацыянальнага лідара хутка пачуе ўвесь свет! І вернецца слава народу, які гатовы адрачыся ад волі і імя. Бо ніхто не зможа не паслухацца чалавека, які пакаштуе тынктуру мандрагоры, настоеную на слязах!
Студэнт таропка дагнаў сваю групу. Сэрца калацілася, як меч аб чужыя даспехі. Слёзніца з чужымі слязьмі халадзіла пад кашуляй ільдзінкай.
Да цягніка заставалася паўтары гадзіны, і зеленавокі пайшоў у вакзальны буфет… Не забыўшыся замовіць там прадавачцы на беларускай мове “філіжанку кавы”, каб атрымаць асалоду ад разгубленасці і раздражнення яшчэ адной “не панімаю, гаварыце на чалавечаскім языку”.
А вось дзяўчына, што пацягвала гарачы шакалад, стоячы за столікам побач, на забаўны інцыдэнт не ўсміхнулася. Дзеўка як дзеўка, на вуснах размазаліся кроплі шакаладу, чырвоная, трохі палінялая куртка-пухоўка, санлівыя цёмныя вочы, русявыя валасы па-старасвецку заплеценыя ў касу. Корвускі сустракаўся з куды больш прыгожымі і ўжо, вядома, разумнейшымі, якія маглі паразважаць пра віталізм расстралянага крытыка Адама Бабарэкі, і пра апошні фільм Алекса Ванвармердама, і самі маглі з прыдыханнем папрасіць у кавярні філіжанку кавы.
Але гэтая дзеўка толькі слізнула па зеленавокім студэнце санлівым позіркам і адвярнулася… І на спробы загаварыць адмоўчваецца. Ды грэбліва адсоўваецца – ну так, Корвускі выпадкова скінуў локцем на мармуровую падлогу купленую ў буфеце канапку са склізкім салёным гурком і вяндлінай… Ведала б дурніца, хто з ёй побач! Чыё імя хутка стане вядомым усяму свету! Рука сама намацала пад кашуляй шкляніцу на пацямнелым срэбным ланцужку… Урэшце, трэба ж праверыць, ці праўда тынктура ў слёзніцы мае абяцаную моц, ці голас чалавека, які выпіў яе, здольны падпарадкаваць любога? Адна кропля… Для пробы… І выпраўляцца ў шлях без агіднага адчування паразы. Дробнай, нічога не вартай – але ж паразы!
Кропля была салёнай, як сапраўды сляза… П’янкое адчуванне ўласнай моцы змусіла выпрастацца, ганарыста расправіць плечы, пацягнуцца…
Гэта была не вельмі добрая ідэя. Чаравік паслізнуўся на салёным гурку і вяндліне з канапкі, скінутай на падлогу, рукі нязграбна ўзмахнулі, а скронь паляцела насустрач металёвай ножцы стала, выкаванай у выглядзе вычварнай расліны…
Хто наступіў на шкляны лядзяш, які вісеў на ланцугу на шыі няшчаснага маладзёна, цяжка сказаць: цікаўнага народу збеглася шмат. Празрыстая лужынка, усыпаная шкельцамі, высыхала на вачах.
Мандрагора маўчала.
2015