Иван Шамякин написал роман о семейной драме друга
«Урачы хаваюць свае памылкi ў зямлю, архiтэктары прыкрываюць плюшчом»
Андрэй Макаёнак са сваiм сябрам Iванам Шамякiным. 1981 год.
Гэта быў вельмi смелы на свой час i цiкавы твор. Герой, галоўны архiтэктар горада Максiм Карнач, на выбарах у важны партыйны орган бярэ самаадвод. Прычына — збiраецца разводзiцца з жонкай Дашай, а гэта пляма на рэпутацыi. З Дашай не жыццё — пекла. Карнач — творца, жонка — эгаiстка, усё трацiць на ўборы i касметыку, учыняе сцэны рэўнасцi, ганьбiць тое, што мужу дорага… Урэшце пiша на яго данос у партарганiзацыю. У рамане падымалiся i праблемы архiтэктуры: гарады забудоўвалiся аднолькавымi «каробкамi», функцыянальнае ставiлася вышэй за прыгожае.
У 1984 годзе ў часопiсе «Маладосць» Шамякiн друкуе дакументальную аповесць пра Андрэя Макаёнка «Тайна драмы: аповесць пра сябра»: «Цяпер я магу раскрыць адзiн творчы сакрэт. Вобраз Карнача ў «Атлантах i карыятыдах» я пiсаў з Макаёнка. I вобраз Дашы, жонкi Карнача, — з Лены (жонкi Макаёнка. — Л.Р.). Безумоўна, абое яны пазналi сябе i прынялi маю iнтэрпрэтацыю iх адносiн, прычыну разрыву».
Шамякiн нават надаў герою любiмае хобi Макаёнка — разьбу па дрэве.
У мемуарах «Начныя ўспамiны» пiсьменнiк удакладнiў, што задума ўзнiкла, калi прысутнiчаў на пасяджэннi бюро ЦК, дзе абмяркоўвалася застройка Паркавай магiстралi — сённяшняга праспекта Пераможцаў. Тры гадзiны гучалi вострыя спрэчкi.
«Я тады абдумваў новы раман. Вельмi хацелася напiсаць галоўнага героя з Андрэя Макаёнка. Характар! Асоба! Але якую пасаду яму даць? Мастак, жывапiсец? Вакол працы, жыцця, барацьбы мастака «накручваўся» сюжэт. I раптам там, на бюро, апалiла думка: не тое!.. Галоўны герой — галоўны архiтэктар горада!.. Толькi на такой пасадзе ён будзе ў гушчы жыцця, сярод праблем, якiя цiкавяць сотнi тысяч людзей!»
Андрэй Макаёнак, хаця пазнаў сябе ў вобразе галоўнага героя, назваў раман удачай аўтара.
Майстра сюжэта iнтрыгавала сiтуацыя: «Чалавек тыпу Макаёнка не дасць драмаць у кабiнетах нi чыноўнiкам Дзяржбуда, нi сваiм гарадскiм — камаўскiм, гарсаветаўскiм!.. I шырачэннае поле дзейнасцi, не толькi адмiнiстрацыйнай — творчай: сам праектуе, выкладае ў iнстытуце, рыхтуе маладыя кадры творцаў».
Макаёнак быў такi… Дастаткова згадаць, колькi нерваў папсаваў чыноўнiкам, калi ў часы «рэабiлiтансу» ўздумаў разгарнуць шырокую кампанiю па агучваннi iмёнаў даносчыкаў, якiя паклёпнiчалi на калег-пiсьменнiкаў.
«Гады на тры я стаў архiтэктарам», — прызнаваўся Шамякiн, маючы на ўвазе «пагружэнне ў матэрыял». Пазнаёмiўся з вядомымi дойлiдамi, вывучаў часопiс «Архитектура СССР», хадзiў на пасяджэннi архiтэктурнай рады.
У Беларускiм дзяр-жаўным архiве лiтаратуры i мастацтва захоўваецца аўтограф рукапiсу рамана «Атланты i карыятыды». Вось толькi на першай старонцы вы ўбачыце назву «Пластычная канструкцыя». Менавiта так мусiў называцца раман. У рукапiсе — 766 аркушаў, дата пачатку — 2.IX.71, дата заканчэння — 3.VI.73.
Першыя шэсць аркушаў аўтар выкраслiў.
Калi раман быў скончаны, Шамякiн даў тэкст на прачытанне прататыпу галоўнага героя.
«Даў Карнача i колькi дзён баяўся iсцi да сябра на дачу, а звычайна мы страчалiся штовечар… Андрэй з’явiўся сам з папкамi. Гаварыў з Машай пра бытавыя дробязi i нiчога — пра раман. А я не спускаў вачэй з папак. «Ну як?» — уголас спытаць баяўся, але настрой яго мне падабаўся. «Ну, сабака, распiсаў ты мяне».
Аднак Макаёнак абурацца на сябра не стаў: «Выстаўляй каньяк! За ўдачу!»
Водгукi на раман iшлi адусюль. Шамякiн занатоўвае: «Атланты» ўсе архiтэктары хвалiлi, i «блох» там вылавiлi нямнога».
Шлюб Андрэя Макаёнка, як i Максiма Карнача, распаўся. «Архiтэктурны» раман паўплываў i на сям’ю Шамякiна. Пляменнiца жонкi аўтара выбрала сваёй прафесiяй архiтэктуру, у iх утварылася цэлая архiтэктурная дынастыя. Дачка Таццяна, па яе прызнаннi, пад уплывам рамана бацькi зацiкавiлася архiтэктурай, абрала спецыялiзацыяй гiсторыю мастацтва. А Iван Шамякiн сам зрабiў праект рэканструкцыi свайго лецiшча, чым вельмi ганарыўся.
ДАРЭЧЫ
У 1980 годзе па рамане «Атланты и карыятыды» быў зняты 8-серыйны тэлесерыял. У ролi Максiма Карнача зняўся артыст Яўген Лазараў, у ролi яго жонкi Дашы — Ала Ларыёнава.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.