Людміла Рублеўская
ПАД ЗАЛАТЫМI ТРУБАМІ
Кінааповесць – фантасмагорыя па матывах гітарычных хронік
Імчыць вершнік. Мільгаюць магутныя дрэвы, узгоркі, палі…
Вершнік у ваўчынай скуры, накінутай на плечы, у скураным шлеме з рагамі час ад часу падносіць да вуснаў медны паляўнічы рог – на ім сляпуча ззяе адбітак сонца – закідвае галаву і трубіць. Гукі ўрачыста ўзлятаюць у неба. Над вершнікам кружляе чорны арол, які суправаджае яго.
– Так наш далёкі продак, найбліжэйшы радца вялікага князя Альгерда, за параду будаваць слаўны горад Вільню атрымаў ва ўладанні столькі зямлі, на колькі будзе чуваць гук ягонага рогу цягам дня… І герб наш адгэтуль – “Трубы”… І чорны арол – знак наш…
Вершнік працягвае свой шлях. Узнімаецца ў неба труба, на якой ззяе сонца… Кружляе ў небе чорны арол.
Высокі худы чалавек з груганом на плячы, захутаны ў манаскі чорны плашч з каптуром, з нянавісцю глядзіць на арла, які кружляе ў небе.
– Замнога табе гонару, паганец. Ніколі не дарую. Заўсёды буду стаяць на тваім шляху.
З пляча Вялікага Інквізітара зрываецца чорны груган. Узлятае ўверх, туды, дзе кружляе арол.
Зноў гучыць труба. Яе залаты бляск асляпляе, нагадвае кругі на вадзе… І застывае малюнкам на гербе “Трубы”, які вісіць над камінам.
1529 год. Гербавая зала ў палацы Радзівілаў.
Юры Радзівіл па мянушцы Геркулес, магутнага складу мужчына з рудаватымі валасамі і барадой, адкінуўшыся ў фатэлі з высокай спінкай, гартае цяжкі фаліянт. У Радзівіла перавязана рука – ён толькі што пасля чарговай бітвы. Вакол яго сядзяць і ўважліва слухаюць дзеці – Мікалай Радзівіл Руды і ягоны стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны, абодва падлеткі, трохі маладзейшая за іх Ганна Радзівіл, і анёлак дзевяці гадоў – Барбара Радзівіл. У крэсле сядзіць жонка Юрыя Радзівіла, Барбара Кола, уладная жанчына з цяжкім падбароддзем і бляклымі блакітнымі вачыма, яна вышывае. Паволі праступаюць на белым шоўку цяжкія гронкі рабіны, бы кроплі крыві. Ля крэсла стаіць паж, Міхал Рашчынскі, які па звычаі трымае малітоўнік сваёй пані і ўважліва прыслухоўваецца да размовы ля каміну. Міхал трохі па-падлеткаваму няўклюдны, але відаць, што вырасце вялікім, дужым, у ім адчуваецца незвычайная моц: і дзікая, мядзвежая сіла, і шчырасць, наіўнасць простай натуры. Ягоны позірк увесь час спыняецца на Ганне Радзівіл, танклявай, гожай, дзёрзкай, якая сядзіць збоку на лаўцы, і адзіная з усіх дзетак круціцца, відавочна нудзіцца ўрокам генеалогіі.
Радзівіл Геркулес працягвае аповед:
– Паводле легенды, наш продак, жрэц князя Гедыміна Ліздзейка, убачыў у прарочым сне Жалезнага Ваўка… Які паказаў месца для пабудовы Вільні.
Мікалай Чорны, хлопец з тонкімі рысамі твару, з “фамільным” радзівілаўскім гарбатым носам, па звычаі падмячае тое, на што іншыя не звярнулі ўвагі:
– Дык што, дзядзечка Юры, Радзівілы паходзяць ад паганскага жраца?
Геркулес паблажліва ўсміхаецца.
– Гэта толькі легенда. Насамрэч першым прыняў герб “Трубы” ваш прадзед, баярын Осцік… Ад назвы маёнтка Трабы. І было гэта пры слаўным князе Вітаўце… І няма, і не будзе роду мацней за наш… Пакуль Радзівілы трымаюцца разам. Як калісьці трымаліся мы – я, мой брат Ян, мой брат Мікалай, мая сястра Ганна Мазавецкая. Адзін я застаўся з іх. Ваш час. Ты, мой сын, Мікалай Руды, і ты, мой пляменнік, Мікалай Чорны, будзеце, як лязо і дзяржальна аднаго мяча.
Браты абменьваюцца позіркамі: адкрыты, шчыры твар гарачага па натуры Мікалая Рудога, засяроджаны, хітраваты — Чорнага.
Увесь гэты час Ганна круціцца на месцы, паглядае за вакно, дзе за ўзорчатымі рамамі пагойдваецца голле дрэў. Тузае на шыі медальён – срэбны арол са смарагдавымі вачыма. Дзяўчынка азіраецца на маці – тая прыдрамала ў крэсле, вышыўка з барвовымі гронкамі рабіны ляжыць на каленях. Пакуль бацька размаўляе з братамі, Ганна ціхенька ўстае. Барбара, якой таксама не вельмі цікава, спалохана глядзіць на сястру. Ганна жэстам кліча яе з сабой. Барбара адмоўна круціць галавою. Ганна ціхенька выслізвае з пакою. Мікалай Чорны кідае пільны хуткі позірк убок – але не выдае сястру. Уцёкі Ганны заўважае і паж Міхал.
Ганна выходзіць у сад. Прабіраецца між дрэў і кустоўя, расхінае голле, усыпанае квеценню, захоплена сочыць за матылькамі. У траве ёй трапляецца здохлая варона – дзяўчынка не выяўляе грэблівасці, схіляецца, тыцкае ў птушку прутком, заглядае ў мёртвае вока… Ёй цікава – што такое смерць? Відовішча дзіўнае: дзяўчынка-анёлак у белай сукенцы – і мёртвая варона… За княжной, хаваючыся за кустамі, крадзецца Міхал, які таксама пакінуў свой пост, скарыстаўшыся тым, што княгіня заснула. Міхал паглядае з-за голля, як маленькая танклявая княжна ў белай сукенцы гуляе па чароўным садзе. Відаць, што сад і ўвогуле палац толькі будуюцца. Там-сям груды камення, чуваць гукі будоўлі.
Між тым Ганна выходзіць на невялікую палянку, пасярод якой высіцца незразумелае збудаванне. Штосьці высокае, абстаўленае жэрдкамі. Гэта яшчэ не даробленая эолава арфа – вельмі складаная па задуме канструкцыя. Блішчаць паміж жэрдак яе пазалочаныя струны, але яшчэ не гучыць музыка ветру… Так, асобныя дзіўныя гукі, падобныя да жаласных крыкаў птушкі. Ля пастамента пакінутыя рабочымі інструменты, чарцяжы.
Збудаванне ўвенчвае выява арла, таксама не даробленая. Адно залатое пёрка дрэнна замацаванае, амаль адвалілася. Ганна спрабуе яго дастаць, ускараскваецца па жэрдках…
Усё збудаванне са страшэнным грукатам і звонам абрушваецца, Ганна з крыкам спрытна адскоквае – Міхал не паспеў кінуцца на дапамогу.
Да абрушанай эолавай арфы збягаюцца слугі, урэшце прыходзіць сама княгіня, Барбара Кола.
– Зноў шкода ад цябе, Ганна! Твой бацька ўлучыў вам увагу, нягледзячы на свае раны. А ты не цэніш. Цяпер не адкруцішся ад розгаў.
Ганна бялее. Наперад выходзіць Міхал:
– Ваша княская мосць, гэта мая віна. Я тут усё разбурыў выпадкова.
Барбара Кола грэбліва падціскае вусны:
– Ты? Што тут робіш? Здаецца, мой муж памыліўся, калі ўзяў цябе да свайго двара, Міхал. І каб не тое, што твой бацька загінуў, ратуючы князя… Спадзяюся, справядлівае пакаранне стане табе добрай навукай.
Спыняе позірк на медальёне, які ўпрыгожвае шыю Ганны.
– І колькі разоў табе казала. Не карыстайся гэтым ўпрыгожваннем. Яно… не пасуе юнай дзяўчыне.
Сад у замку Радзівілаў. Няўклюдны дзівакаваты вучань замкавага лекара Варакса Семяновіч падыходзіць да зруйнаванай эолавай арфы. Хапаецца за галаву, войкае… Перабірае ламачча. Асабліва пяшчотна збірае рэшткі арла, разглядае, дастае з кішэні чарцяжы, нешта звярае. З кустоў за ім назіраюць дзве камерысткі – Магдаленка і Зоська. Смяюцца. Магдаленка трапна прыцэльваецца і кідае Вараксу ў галаву сарваную з куста шыпшыніну. Варакса недаўменна азіраецца. Дзяўчаты, смеючыся, збягаюць.
Палац Радзівілаў. Пакой з вузкім вітражным вакном завешаны паліцамі з кнігамі і прыборамі для хімічных доследаў. Гаспадар пакоя, лекар Якаб Магнус, хударлявы, змрочны чалавек, за сталом, застаўленым колбамі з рэактывамі, пералівае штосьці з адной колбы ў другую. Дзверы раптоўна расчыняюцца, рука лекара ўздрыгвае, адна кропля праліваецца міма колбы. У пакой забягае Варакса.
– Настаўнік! Усё парушана! Гэты мядзведзь Міхал Рашчынскі! Эолаву арфу зваліў! Арла! Я не паспеў адладзіць механізм…
Магнус скрушна ўздыхае.
– Ты занадта мітуслівы для чалавека навукі, Варакса. Я табе колькі казаў – любы няўдалы дослед мусіць стаць пачаткам новага.
Варакса працягвае бедаваць.
– Яшчэ трохі, і я пабачыў бы, як удасканалены мною арол ганарліва крычыць і ўзмахвае крыламі!
Лекар асцярожна ставіць шкляніцу на стол.
– Яшчэ раз паўтару – ты невук, Варакса Семяновіч. І вучыцца не хочаш, хоць завеш мяне настаўнікам. Забыўся, як запускаў у сажалку механічную рыбу, якая адразу патанула? А як цудоўна стрэліў вынайдзены табою арбалет – на тры сажні, у спадніцу паненцы Магдаленцы?
Варакса чырванее.
– Гэта выпадкова! Я ўсё адно даб’юся! Мяне зробяць галоўным механікам каралеўскага двара!
Магнус незадаволена круціць галавой.
– Выкінь з галавы, недарэка! Цяпер бяспечней у звярынцы з адчыненымі клеткамі, чым пры каралеўскім двары, які запаланілі італьянцы. Штукароў ды забойцаў Сфорца ты не пераўзыдзеш.
На вучня перасцярогі не робяць уражання.
– Я ўсе іх штучкі разгадаю. Ды ў мяне самога столькі ідэй…
Хлопец дастае з-за пазухі стос спісаных паперак, перабірае з гонарам.
– Жалезны павук. Ён будзе замест крэсла, і зможа насіць гаспадара з пакоя ў пакой… Масянжовае вуха, з дапамогай якога будзеш чуць за тры вярсты…
Магнус перабівае вучня.
– Досыць! Тваё шчасце, што ніхто цябе ўсур’ёз не ўспрымае, Варакса. За такую прагу ўдасканальваць Божыя стварэнні можна патрапіць у сутарэнні на прэнт і дыбу.
Варакса асцярожна перапытвае:
– А праўду кажуць, настаўнік, што вы там пабывалі?
Магнус глядзіць на сваё запясце, на якім назаўжды застаўся след ад ланцугоў.
– Прага да ведаў можа шмат куды прывесці, хлопец, у нашы цёмныя часы.
Дзверы з грукатам расчыняюцца. Уваходзіць Юрый Радзівіл. Варакса спалохана кланяецца і выбягае, прыціснуўшы да сэрца свае схемы.
– Зноў падаслалі. На гэты раз прыкінуўся куафёрам. Адкуль каралева іх бярэ толькі, паўзуць, як гадзюкі…
Князь кідае на стол маленькую бутэлечку. Магнус бярэ яе спецыяльнай пальчаткай, асцярожна адкаркоўвае, капае змесціва ў адну з колбаў. Вадкасць мяняе колер.
– Паўтараюцца. Такім вас ужо спрабавалі атруціць.
Геркулес глуха ўдакладняе:
– Брата майго Яна такім жа?…
Магнус схіляе галаву.
– Так, ваша мосць…
– А… сястру Ганну з дзецьмі?
– Мяркуючы па тых сімптомах, што вы апісалі… Атрута, ад якой загінула княгіня Ганна Мазавецкая, была падобнай, але трохі іншай.
Радзівіл Геркулес тужліва глядзіць у вакно, за цьмянымі слюдзянымі шкельцамі гайдаюцца дрэвы, нібыта просяць дапамогі.
– Сястра патрабавала, каб яе называлі каралевай. Яна і была каралевай. Ганарыстай да немагчымага. Прыўкраснай да немагчымага.
1515 год. Макув-Мазавецкі. Палац князёў Мазавецкіх.
Вялікая светлая зала, нягледзячы на прысутнасць людзей, здаецца пустой. Паўсюль на доўгіх ваўняных нітках і срэбных ланцужках падвешаныя страўсіныя яйкі – найлепшы сродак ад сурокаў. Яны гойдаюццца ад скразняку. Пасярэдзіне пакоя – доўгі стол, застаўлены срэбным посудам. На чале стала, у крэсле з высокай разьблёнай спінкай, сядзіць Ганна Мазавецкая з Радзівілаў. Прыгожая ўладная жанчына з ганарыстым спакойным тварам. На яе грудзях – медальён у выглядзе арла, той самы, што мы бачылі ў яе пляменніцы Ганны Радзівіл. Княгіня есць смажаную перапёлку, акуратна, не спяшаючыся адшчыквае мяса, час ад часу апускае запэцканыя пальцы ў місу з вадою, якую паспешліва падносіць лёкай, што стаіць за крэслам. За спінаю княгіні, на сцяне – партрэт ейнага памерлага мужа, князя мазавецкага Конрада III Рудога. За сталом сядзяць прыціхлыя дзеці Ганны – падлеткі Станіслаў і Ян, а таксама іх старэйшыя сёстры Сафія і Ганна. Яны амаль не ядуць, намагаючыся схаваць спалох. Крэсла ля адной з талерак, справа ад гаспадыні, пустое, неахайна адсунутае. Той, хто мусіў там сядзець, фаварыт княгіні Анджэй Жэлінскі, прыгожы мужчына з нервовым капрызным тварам, узбуджана ходзіць па пакоі, падалей ад вокнаў. Некалькі лёкаяў ля сцен стаяць ціха, апусціўшы вочы, таксама спалоханыя, гатовыя ўцячы, як, відаць, зрабіла большасць прыслугі і ўсе прыдворныя. Карузлік у стракатым аксамітным уборы ў зялёна-чырвоныя ромбы, з велізарным карункавым каўнерам-жорнавам, раскладае на падлозе карты, ён адзіны, хто таксама, як і каралева, спакойны. Спалох прысутных не дзіўны: праз вокны даносіцца гуд абуранага натоўпу, пагрозлівыя выкрыкі.
Ганна Мазавецкая ўладна звяртаецца да фаварыта:
– Сядзь, Анджэй. Трымайся, як належыць рыцару.
Той адказвае раздражнёна:
– Няхай прабачыць ваша княская… каралеўская мосць, але мне цяжка захоўваць спакой, чуючы, што мяне патрабуюць разарваць коньмі. А яшчэ, здаецца, пасадзіць на палю, спаліць… І што там яшчэ прыйшло ў галаву вашым… пачцівым падданым.
Ганна адказвае спакойна-насмешна.
– Мог меней красці, ваша мосць. Не абражаць маіх пачцівых падданых.
Анджэй Жэлінскі ўскідваецца.
– Вушам не веру! Ты раней так са мной не размаўляла.
Старэйшы з сыноў, Станіслаў, юнак з прыгожым, але разбэшчаным, абліччам стукае па стале даланёй, з нянавісцю глядзіць на каханка маці.
– А ты, Жэлінскі, забыўся, з кім размаўляеш?
Анджэй, хаваючы гнеў, кланяецца.
– Даруйце, ваша вялікасць.
Звон пабітага шкла. У пакой залятае арбалетная страла, застрае ў адным са страўсавых яек, што вісяць у адмысловых срэбных сетачках. Гуд раз’ятранага натоўпу ў пакоі ўзмацняецца. Чуваць, як дзесьці б’юць цяжкім у дзверы. Усе ўздрыгваюць, толькі Ганна Мазавецкая быццам не чуе, працягвае няспешна есці, ды карузлік раскладае ды зноў змешвае карты. Наверсе ўвесь час апынаецца карта “вісельнік”.
Жэлінскі спалоханы.
– Можа, варта кінуць ім костку? Пакажыцеся… Хоць з вакна. Паабяцайце, што выканаеце штось з іх патрабаванняў… Зменшыць падаткі…
Ганна не перапыняе абед.
– Я іх уладарка. Мусяць цярпець.
– Ваша вялікасць, гэта неразумна…
– Неразумна было зашмат дазваляць табе. Чаму я не слухалася брата свайго Юрыя…
Раптам крычыць на Жэлінскага.
– Сядзь!
Жэлінскі ўздрыгвае, пакорліва сядае, але кавалак не лезе яму ў рот.
Станіслаў Мазавецкі гнеўна азіраецца на вакно, за якім не сціхаюць крыкі.
– Пані маці, я магу…
– Не можаш.
Станіслаў хавае гнеў. Усе працягваюць моўчкі есці пад строгім паглядам уладаркі. Разбіваецца яшчэ адно вакно. Страўсавыя яйкі ўсё больш разгойдваюцца на тоненькіх ланцужках. У паветры кружляе чорнае пяро гругана. За вакном гук бойкі, крыкі натоўпу трохі аддаляюцца.
Раздаюцца паспешлівыя крокі. Шырока расчыняюцца дзверы. У пакой забягае задыханы слуга.
– Ваша вялікасць, ліст ад вашага брата! Голуб толькі што прыляцеў…
Ганна з нецярплівасцю ківае. Слуга падае ёй маленькую цыдулку. Княгіня чытае, яе твар змяняецца ад нейкай злавеснай радасці. Усе, хто сядзіць за сталом, назіраюць за валадаркай з трывогай. Ганна заканчвае чытаць.
– Дзеці, пакіньце нас адных.
Усе паспешліва падымаюцца. Станіслаў Мазавецкі незадаволены.
– Ваша мосць, я цяпер паўналетні. Я князь Мазавецкі. Маю права…
Ганна ўладна перарывае:
– Ідзіце, мой сын. Што вам трэба будзе ведаць – я перакажу.
Станіслаў сыходзіць. Княгіня абводзіць паглядам слуг – тыя, спяшаючыся, выбягаюць за дзверы, карузлік пакідае на падлозе раскладзеныя карты. Наверсе – усё той жа Вісельнік і Дама Кубкаў. Жэлінскі запытальна глядзіць на каханку.
Ганна ўстае, хавае пераможную ўсмешку.
– Каралева памерла.
Жэлінскі пачціва хрысціцца, мармыча пацеры.
– Requiem aeternam dona eis, Domine, et lux perpetua luceat eis. Requiestcant in pace. Гэта зменіць нашы планы, мая пані?
– Так. Я стану каралевай Польшчы.
Анджэй у непаразуменні глядзіць на каханку.
– Ты звар’яцела?
– Жыгімонт Стары заўсёды паглядам мяне лашчыў. Ён любіць маё таварыства. Цяпер, калі я прапаную яму ў пасаг Мазовію… Бунтаўнікоў у крыві патаплю…
Анджэй у разгубленасці, хавае гнеў і страх.
– Што ты вярзеш?
Княгіня няспешна ходзіць па пакоі, разважае, нібы сама з сабою.
– Я слабая ці моцная… Слабая ці моцная… Барбара Запальянка не пакінула каралю спадчынніка. Жыгімонт ведае, што я магу нарадзіць дужых, здаровых сыноў. Я – Радзівіл. Браты падтрымаюць. Трон мой!
Жэлінскі падыходзіць, бярэ яе за плечы.
– Ганусю, а як жа я? Што з табой сталася? Дзе тая дзяўчынка, якую выдалі замуж за старога, брыдкага караля? Якую я аднойчы знайшоў у слязах на вежы, і адаграваў яе рукі пацалункамі? З якой мы лічылі знічкі і рвалі бэз?
Анджэй асцярожна лашчыць Ганну, нібыта спрабуе прыручыць. На імгненне жанчына паддаецца, у рысах твару сапраўды праяўляецца тая юная дзяўчынка… Але зараз жа ўладарка вылузваецца з абдымкаў.
– Тая дзяўчынка памерла, калі сёлета няўчасна зазірнула ў альтанку за бэзам….
Жылінскі збянтэжаны.
– Ганусю… Усё не так… Тая дурніца…
З-за вокнаў даносяцца выкрыкі “Жэлінскага на палю!” “Адабраць у каралевы ўладу!”
Ганна абмервае позіркам Анджэя.
– Кінуць костку ім, кажаш…
Фаварыт здагадваецца, аб чым думае каралева, адступае ў жаху, закранае страўсавыя яйкі, адхінае іх рукамі, заблытваецца ў ланцужках.
1516 г. Кракаў. Звярынец каралеўскага палаца. Пад дрэвам, ля клеткі, у якой мітусяцца малпы, застылі трое: Юры Радзівіл Геркулес, Ян Радзівіл Барадаты, прыгожы мужчына з тонкімі рысамі твару і цёмнай бародкай, і каралеўскі святар Ян Ласкі. Мужчыны напружана сочаць за парай, якая прагульваецца між клетак: Жыгімонт Стары і Ганна Мазавецкая. Нават здалёк чуваць звонкі смех Ганны, і заўважна, як зацікаўлены ёю кароль.
Ян Ласкі задаволены.
– Яго вялікасць прыслухаўся да маіх парадаў. З усіх кандыдатак Ганна Радзівілянка – першая.
Ян Барадаты не спяшаецца радавацца.
– Каб не сарвалася…
Геркулес прамаўляе з незразумелай тугою:
– Наша сястра – як салодкая мальвазія. Немагчыма адмовіцца, немагчыма не ап’янець. Жыгімонт ажэніцца.
Ласкі трывожна азіраецца на братоў.
– Паны абяцаюць, што з Жэлінскім скончана?
Геркулес ківае галавою.
– Скончана. Будзьце пэўныя, ваша правялебнасць.
Малпы кідаюцца на прэнты, трасуць іх, мітусяцца, адбіраюць адна ў адной ежу, штурхаюцца… Зусім як удзельнікі прыдворных інтрыгаў.
Ганна Мазавецкая і кароль стаяць каля клеткі з ільвом. Ганна фліртуе з Жыгімонтам, кароль не адводзіць ад яе вачэй.
– Я чытала ў бестыярыі, што леў – адзіны са звяроў, хто можа глядзець на сонца, не міргаючы…
Жыгімонт падхоплівае гульню.
– А з птушак такой якасцю валодае арол. Сімвал вашага роду.
Кароль падносіць да вуснаў руку Ганны. Тая гладзіць вольнай рукою свой медальён.
– Арол – мой знак… Леў – сімвал караля… Абодва не баяцца глядзець на сонца…
Жыгімонт пазірае ў вочы жанчыны.
– Яны шмат змогуць разам.
Ганна ўсміхаецца з абяцаннем.
– Несумненна. Я веру, што ў вашай вялікасці хопіць мудрасці… Пад вашым апякунствам, вядома… Але пакінуць у Мазовіі згодна звычаям кіраваць апошняга Пяста, майго сына. Як магутны леў, вы дапаможаце ўтаймаваць бунтаўнікоў, што насмеліліся выступіць супраць сваёй уладаркі… Я дам спіс… Дваццаць завадатараў трэба пакараць горлам… Думаю, плаха – найлепш… Сорак тры вартыя ганебнага слупа.
Ганна гаворыць усё гучней, яе вочы разгараюцца, грудзі ўсхвалявана ўздымаюцца… Жыгімонт адступае на крок, ён перастае чуць голас жанчыны, які раптам ператвараецца ў клёкат, яе вочы падаюцца яму палаючымі жоўтым агнём, твар і постаць змяняюцца… Кароль на імгненне ў жаху бачыць перад сабой жанчыну-птушку, вялізарную арліцу, якая б’е крыламі, разявае дзюбу і гатовая разадраць…
Кароль трасе галавой і праганяе ачмурэнне. Ганна Мазавецкая зноў міла ўсміхаецца…
Але ў Жыгімонта бясследна знік настрой да флірту. Леў у клетцы заціснуўся ў кут. Ганна працягвае руку да караля.
– Пакажыце ж мне адзінарога, ваша мосць… Мне расказвалі пра яго ўсялякія дзівосы…
Жыгімонт кранае вуснамі руку дамы, але не працягвае ў адказ сваю руку.
– Баюся, адзінарог не пакажацца нам, мая пані. Ён занадта пераборлівы ў сваіх знаёмствах.
1518 г. У малой зале Кракаўскага каралеўскага палаца сабраліся самыя важныя людзі каралеўства. Гэта першы прыём для эліты, у якім удзельнічае новая каралева – Бона Сфорца.
Уваходзіць кароль Жыгімонт Стары, ён вядзе Бону Сфорцу. Яна прыгожая, з залатымі валасамі, трымаецца ганарліва. У яе сукенкі моднае глыбокае дэкальтэ. Дамы перашэптваюцца, ківаючы на такі выклік мясцовым звычаям.
– Грудзі вываліла… Сораму няма… У іх у Італіі што, усе кабеты так ходзяць?
Кароль і каралева ўсаджваюцца. Усе схіляюцца перад каралеўскай парай. У першых шэрагах – Радзівіл Юры, ягоныя браты Ян Барадаты і Мікалай Радзівіл і сястра Ганна Мазавецкая. Непадалёк Альбрэхт Гаштольд, Канстанцін Астрожскі. Вылучаецца купка італьянскай світы каралевы.
Сярод іх – радца Боны Сфорца, лекар Луіджы Сфорца, у якім пазнаецца Вечны Інквізітар. Сфорца займае месца за крэслам каралевы.
Кароль паварочваецца да Боны:
– Тут сабраліся толькі самыя лепшыя і блізкія да трону. Дазвольце прадставіць вам, каралева, маіх верных паплечнікаў, першых людзей дзяржавы. Альбрэхт Гаштольд, ваявода полацкі… Першым клічу яго, бо толькі што вярнуўся ён з радаснай весткай – яго багатыры разбілі войска вялікага князя маскоўскага!
Да рукі каралевы падыходзіць Альбрэхт Гаштольд. Усе крычаць “Віват!”, твар Юрыя Радзівіла крывіцца.
– Канстанцін Астрожскі, вялікі гетман літоўскі! Ён прынёс нам слаўную перамогу пад Воршай!
Канстанцін Астрожскі падыходзіць да рукі каралевы пад “Віваты” прыдворных.
– Мікалай Радзівіл, ваявода Віленскі, вялікі канцлер, уладальнік тытула князя Святой Рымскай імперыі на Мядзелі і Ганёндзах!
Да каралевы падыходзіць Мікалай Радзівіл.
– Юры Радзівіл, мой даўні сябар, па мянушцы Геркулес. Ніводнай бойкі ён яшчэ не прайграў. Няхай жа і ў бойцы за сяброўскія пачуцці маёй каралевы ён не прайграе.
Радзівіл Геркулес падыходзіць да каралевы. Тая зацікаўлена паглядае на магутнага, віднага сабою рыцара. Геркулес прыкладаецца да яе рукі. Гаворыць па італьянску:
– Рады служыць маёй каралеве!
Каралева кідае скосы позірк на Луіджы Сфорца, той ледзь заўважна ківае.
– Мне вельмі патрэбны сябры пры маім новы двары.
Радзівіл пільна глядзіць у вочы каралеве.
– Маё сэрца адкрытае для шчырых пачуццяў.
Жыгімонт Стары працягвае прадстаўляць арыстакратаў.
– Наша добрая суседка, княгіня Ганна Мазавецкая, уладарка слаўнай Мазовіі.
Ганна Мазавецкая ганарыста падыходзіць, нізка кланяецца каралю і толькі лёгка ківае галавой каралеве, як ніжэйшай. Бона Сфорца ўгневаная.
Ганна вяртаецца да братоў. З нянавісцю паглядае на каралеву.
– Гэта я павінна быць на яе месцы. Я не разумею, чаму ён выбраў не мяне. Я прыгажэй. Я магла б прынесці яму ў пасаг Мазовію.
Ян Барадаты ўсміхаецца.
– Можа, каралю не спадабалася гісторыя з тваім каханкам Жэлінскім, сястра? Ты дала той нікчэмнасці такую ўладу, што падданыя паўсталі!
– Я іх уладарка. Я маці двух каралевічаў, удава Конрада Мазавецкага. Яны мусілі цярпець.
Геркулес скептычна круціць галавой.
– А вось кароль не хоча цярпець чыіхсьці выбрыкаў. Хаця з гэтай кабетай…
Юры сустракаецца позіркам з Бонай.
– Думаю, ён пашкадуе, што выбраў не цябе.
Луіджы Сфорца нешта шэпча на вуха каралеве, і тая ўтаропліваецца позіркам у Ганну Мазавецкую. Ганна з выклікам сустракае яе погляд. Блакітныя вочы і брунатныя вочы гараць аднолькавай нянавісцю.
Ганна няголасна кажа братам:
– Я ўсё адно не адступлю. Я слабая ці моцная? Італьянка вызваліць трон для мяне.
Юры Радзівіл пяшчотна прыабдымае сястру, нешта шэпча ёй на вуха. Ганна сціскае яго руку ў пошуку падтрымкі. Бона заўважае гэта. Яе твар на імгненне змяняецца ад гневу. Бона пераводзіць позірк на караля і бачыць, што ён таксама глядзіць на Ганну Мазавецкую з нейкай тугою.
Бона шэпча Вечнаму Інквізітару.
– Гэта жанчына занадта шмат сабе дазваляе. Не спускай з яе вачэй.
Між тым у зале пачынаюцца больш вольныя гаворкі. Каля караля і каралевы ўтвараецца кола просьбітаў і лісліўцаў, астатнія госці пачынаюць хадзіць па зале, размаўляць між сабою. Канцлер Мікалай Радзівіл – ля караля. Каралева час ад часу шукае позіркам Юрыя Геркулеса.
Да Яна, Юрыя і Ганны падыходзіць Альбрэхт Гаштольд. Ён звяртаецца да Яна з ледзь прыхаванай нянавісцю:
– Як ваша сямейнае жыццё, пан Ян?
Барадаты насцярожана глядзіць на Гаштольда.
– Дзякуй, ваша мосць, я шчаслівы.
– Цаной жыцця маёй няшчаснай сястры, вашай былой жонкі?
Ян бянтэжыцца.
– Паслухай, Альбрэхт… Ты несправядліва судзіш. Прысягаю, я не вінаваты ў смерці Лізаветы. Ты ж ведаеш, яна была слабая здароўем…
Гаштольд крывіць вусны.
– Слабая… Не надта ты думаў пра яе, калі з’ездзіў у сваты да Кішак, і замест таго, каб высватаць брату іх дачку, закахаўся ў яе сястру!
– Альбрэхт, у імя былога нашага сяброўства…
– Наша сяброўства з’елі паўтары гады турмы, куды мяне паклёпам засадзіў ваш брат Мікалай. І я нізавошта не паверу, што гэта проста супадзенне – калі ў той самы час ты пачаў пагарджаць маёй сястрой і адкрыта заляцацца да другой кабеты…
Твар Яна Барадатага, разумны, с тонкімі рысамі, адлюстроўвае сапраўдную пакуту.
– Усё не так…
Гаштольд паглядае з нянавісцю.
– Не дарую.
Сыходзіць. Юры Геркулес спачувальна кладзе руку на плячо брату, Ганна Мазавецкая кладзе яму руку на другое плячо. Зверху, невядома адкуль, спускаецца, кружляе пяро гругана.
1529 г. Палац Радзівілаў. На стале лекара Якаба Магнуса ў закаркаванай колбе павольна плавае, круціцца пяро гругана.
Магнус ціха пытаецца ў гаспадара замка:
– Ваша мосць Юры, вы носіце пры сабе безаар, які я вам даў?
– Нашу. Не грэбую. Не дарэмна ж я цябе, чарнакніжнік, з дыбы інквізітарскай у Фларэнцыі зняў. І тую тваю чорную вадкасць у віно сабе капаю. Псую добры смак. Мне ж іх вырасціць трэба… Дзяцей… Пляменнікаў… На злосць Боне Сфорцы, Гаштольдам, Астрожскім… Не дам ссячы дрэва роду майго…
Магнус падыходзіць да ўладара.
– Дайце яшчэ пагляджу вашу рану, пан Юры. Якраз намяшаў цікавую мазь…
Радзівіл Геркулес неахвотна здымае жупан.
– Зноў вядзьмарыш?
Магнус напружваецца.
– Я займаюся толькі навукай, ваша княская мосць. Прасвятой дзевай клянуся…
Радзівіл Геркулес з дапамогай лекара здымае кашулю, сядае ў крэсла. Магнус асцярожна прыбірае павязку, схіляецца над ранай. Радзівіл сціскае зубы, каб здушыць стогн.
– Не пераймайся, Якаб, я табе веру… Вось радца каралевы, Луіджы Сфорца, відаць, не верыць… Распытваў пра цябе… Што за ведзьмака Радзівілы прытулілі…
Рукі Магнуса, якія займаліся княскай ранай, на імгненне застываюць.
– Калі б мне давялося выбіраць паміж кампаніяй трохгаловага Цэрбера, раз’ятранага аспіда і сіньёра Луіджы, ён апошні, каго б я выбраў, ваша княская мосць. Упэўнены – гэтая бутэлечка, што вы мне сёння прынеслі, пабывала ў ягоных руках.
Геркулес задумліва глядзіць на пяро крумкача, што па-ранейшаму круціцца ў закаркаваным слоіку.
– Так і жывем, чарнакніжнік. Паміж цэрберам, аспідам і Сфорца. Складзі мне гараскоп назаўтра… Кароль кліча. Быць новай вайне. Хай будзе пракляты той дзень, калі на нашу зямлю ступіла нага італьянкі.
Магнус асцярожна забінтоўвае рану князя.
– Кажуць, напачатку Бона вас літасцівіла…
Геркулес сумна ўсміхаецца.
– Літасцівіла…
1521 г. Ноч. Прусія. Туман клубіцца, варушацца травы, крычаць начныя птушкі. З прывідных абрысаў вымалёўваюцца дзіды… Сілуэты людзей… І вось яны ўжо бягуць – моўчкі, з дзідамі і аголенымі мячыма.
Перад імі – варожы лагер тэўтонцаў. Нечаканы напад заканчваецца сечай, за пешымі налятае конніца. Чуваць спалоханыя выкрыкі на нямецкай мове, запознены гук баявой трубы… Гучыць баявы вокліч Радзівілаў – “Гэй, ліцвіны, Бог нам радзіць!”
Узначальвае нападнікаў Юры Радзівіл Геркулес. Ён выглядае сапраўды велічна, лёгка ўздымаючы цяжкі меч. Лязгаюць мячы аб мячы, льецца кроў, сцелецца туман, хаваючы людзей па пояс, нібыта бойка адбываецца на аблоках, у якой-небудзь Вальхале. Каля Геркулеса б’юцца два простыя воі з яго войска – Сымон Жух і Гальяш Рашчынскі. У нейкі момант Гальяш з крыкам “Бог нам радзіць!” захінае сабой Геркулеса і прымае ўдар мячом, які патрапляе яму ў бок.
Тэўтонцы бягуць. Чуваць крыкі: “Слава Юрыю Геркулесу! Слава непераможнаму! Бог нам радзіць!”
У небе кружляе арол.
1521 г. Кракаў. Каралеўскі палац. Баль. На падлозе валяюцца тэўтонскія штандары, па якіх усе з задавальненнем топчуцца. Грае музыка. Прыдворныя таньчаць. Відаць, што весялосць ужо ў апошняй стадыі – людзі нападпітку, размовы гучнеюць, кавалеры заляцаюцца да паненак. Да Юрыя Радзівіла, які стаіць з кубкам ля калоны, незаўважна падыходзіць дама ў масцы.
– Ваша мосць, з вамі хочуць пагаварыць. Будзе ласкавыя ісці за мной.
Геркулес не кранаецца з месца.
– Такім чынам запрашаюць альбо туды, дзе чакае стылет пад скабы, альбо палкія пацалункі.
Дама не крыўдуе.
– Выбіраць вам.
Юры Радзівіл глядзіць у блакітныя вочы, якія ззяюць праз проразі маскі, лёгка дакранаецца да залацістай пасмачкі, што выбілася з-пад капюшону. Радзівілу мрояцца даўно знаёмыя рысы…
– Mia bella signora… Una signora con i capelli d’oro…
Дама мімаволі цягнецца за яго ласкай. Радзівіл трасе галавой, скідаючы ачмурэнне.
– Вы моцна рызыкуеце, мая каралева. Не хачу, каб пайшлі нядобрыя чуткі. Вам варта быць каля караля.
– Не ведала, што непераможны Геркулес баіцца жанчын.
Сыходзіць. Геркулес задумліва глядзіць ёй услед, падносіць кубак да вуснаў.
1521 г. Белавежская пушча. Каралеўскае паляванне.
Маладая каралева падае з каня, які ашалеў ад спалоху. Жанчыну падхоплівае на рукі Юры Геркулес. Побач б’ецца ў агоніі цела дзіка, у якім застыла дзіда Геркулеса. Вялікія блакітныя вочы каралевы глядзяць на выратаваўцу з сапраўднай жарсцю.
– Гэта лёс… Я так даўно чакала… Мой рыцар. Мой Геркулес. Ты ні разу не згадзіўся на мае просьбы аб спатканні. Мне так патрэбны свой чалавек ля трону… А можа, пасля… і побач са мной. На троне…
Бона цягнецца да Юрыя, але той цвёрдай рукой адхінае яе.
– Я прысягаў каралю.
Бона Сфорца ўсведамляе, што гэты жаданы мужчына яе адпрэчыў.
– Каралю? Ці замест мяне ты зараз хочаш бачыць сваю зводную сястру? Відаць, праўдзівыя чуткі, што паміж вамі – не тое, што мусіць быць між сястрой і братам…
– Змоўкні, дачка міланскага купца!
– Ты разумееш, што адгэтуль я буду помсціць табе і тваім нашчадкам да апошняга калена?
– У такім выпадку ваш род перарвецца раней, чым наш.
Промні прасяваюцца праз густыя шаты так, што здаецца, вочы каралевы свецяцца, як у драпежнага звера.
– На што ты спадзяешся? Вам ніколі не ўдасца ўзысці на трон. Я ведаю, што вы пра гэта марыце. Ведаю пра сястру тваю, Ганну, якая так намагалася легчы пад Жыгімонта і распаўсюджвае пра мяне брыдкія плёткі з дапамогай брата-канцлера. Ведаю, колькі ў вас улады – столькі мусіць быць толькі ў караля. Апошні раз прапаную – будзь са мной. Ці я знішчу ўвесь ваш род.
– Мне дакладалі, што смерць майго брата, біскупа віленскага Войцэха, выглядала падазрона… Твая рука?
– Ты ніколі пра гэта не даведаешся. Хіба што… калі знікне апошні з вашага роду.
Радзівіл рашуча адхіляе ад сябе жанчыну.
– Мы – Радзівілы, ваша каралеўская мосць. Мы будзем вечна.
Варшава. Палац князёў мазавецкіх.
Невялікі паўцёмны пакой. Гараць свечкі. Ганна Мазавецкая за маленькім столікам раскладвае і змешвае карты Таро. Насупраць яе брат, Юры Радзівіл, з чарай у руцэ. Ганна бярэ з калоды карту Вісельнік, падносіць да свечкі на стале. Карта ўспыхвае, Ганна кладзе яе на срэбную талерку, глядзіць, як малюнак курчыцца. Твар Вісельніка нагадвае твар Жэлінскага.
– Я мусіла даўно прагнаць яго. Але я была такая самотная…
– Кожны ўладар самотны і моцны.
– Я не ведала, моцная я ці слабая… І цяпер не ведаю. Моцная… Слабая… Мая сям’я кінула мяне старому каралю, як кідаюць бяззубаму сабаку кавалак хлеба. Яго валасы пахлі павуціннем, у яго дыханні была магільная гніль, а скура на пальцах шорсткая, быццам кара…
– Дзякуючы яму ты стала каралевай. І… я быў зусім юны. Што я мог?
– Часцей прыязджаць…
Ганна нейкі час моўчкі раскладае карты.
– Ты дапаможаш мне? Ці па ранейшаму твая слабасць – залатавалосыя італьянкі?
Юры Геркулес адпівае віна, каб змагчы хваляванне.
– Яна зусім іншая. Але ты разумееш, наколькі небяспечная твая задума? Нашага брата Войцэха яна ўжо звяла са свету.
Твар Ганны робіцца жорсткім.
– Мікалай і Ян згадзіліся. Мы зганьбім каралеву так, што давядзецца яе адаслаць. Калі кароль не хоча мяне, я прапаную яму сваю дачку. Ты на маім баку?
Устае, падыходзіць да брата, бярэ яго за плечы.
Юры Геркулес адстаўляе кубак, абдымае Ганну за талію, прыціскаецца тварам да яе жывата.
– Я заўсёды на тваім баку. Мы – Радзівілы.
Палац Радзівілаў. Застолле з нагоды перамогі над тэўтонцамі. Гучаць выкрыкі “Віват Геркулесу, гетману польнаму!” “Віват ягонай мосці канцлеру Мікалаю!” Грае музыка, скачуць блазны. Усе тры браты Радзівілы тут, вясёлыя, упэўненыя. Ганна Мазавецкая побач з Юрыем Геркулесам. На яе час ад часу нядобразычліва касавурыцца Барбара Кола, жонка Геркулеса.
Мікалай Радзівіл дэманструе ўсім двузубы відэлец.
– Уявіце сабе, гэтая італьянка прывезла з сабою цэлую скрыню гэткіх д’ябальскіх вілаў і змушае ўсіх есці з іх дапамогай!
Ян Барадаты падхоплівае здзек:
– Відаць, гэтая смешная прылада нагадвае ёй пра месца, адкуль яе ўзялі – чысцец, дзе грэшнікаў поруць віламі.
Госці гучна смяюцца. Мікалай Радзівіл насмешліва збіраецца прадэманстраваць, як карыстацца нязвычнай прыладай. З удаванай цяжкасцю, пад ухвальны смех, наколвае на відэлец кавалак мяса. Кладзе ў рот з блазенскімі штукарствамі, пражоўвае.
Раптам яго вочы спыняюцца, дыханне пераймае. Рука губляе відэлец, які са звонам знікае пад сталом. Канцлер падае тварам на талерку. Яго рука ўздрыгвае, на ёй праяўляюцца чорныя плямы.
Радзівіл Геркулес кідаецца да брата, спрабуе прыўзняць… На талерку апускаецца чорнае пяро гругана.
У пакоі страшэнна надымлена – паляцца араматычныя свечкі. У ложку пад пышным балдахінам нерухомы бледны чалавек з чорнай барадой, тонкія рысы твару. Ён закрыты да падбароддзя шчыльнай парчовай коўдрай. Гэта мёртвы Ян Радзівіл па мянушцы Барадаты. Чаляднікі стаяць наводдаль, час ад часу заціскаючы насы. Жонка нябожчыка ўкленчыла і плача, ля яе двое маленькіх дзяцей – Мікалай Радзівіл Чорны і яго сястра Сафія. Да ложка хуткімі цяжкімі крокамі падыходзіць Юрый Радзівіл Геркулес.
– Падыміце коўдру.
Слуга нясмела пярэчыць:
– Ваша мосць, не варта… Смурод…
Радзівіл Геркулес гнеўна сціскае сківіцы.
– Адкрыць!
Двое слуг неахвотна набліжаюцца, хрысцяцца, адварочваюцца ад нябожчыка, адхінаюць коўдру… Геркулес рашуча адштурхоўвае іх, разрывае на грудзях памерлага брата кашулю, бачыць чорныя плямы на скуры. Дастае з-пад ягонай спіны нешта цёмнае… Круціць у руках… Гэта пяро гругана. Ламае яго, кідае на падлогу і хуткім крокам сыходзіць.
Кракаў. Каралеўскі палац.
Бона сядзіць у крэсле, захутаная ў футра. Яна цяжарная. Каля яе – Луіджы Сфорца. Перад Бонай, пакорліва схіліўшы галаву, стаіць прыгожая дзяўчына. Каралева кідае словы, як міласціну.
– Назавіся.
Дзяўчына намагаецца стрымаць спалох.
– Катажына Радзяеўская, ваша мосць. Плоцкая ваевадзянка.
Вечны інквізітар холадна ўдакладняе:
– Пазашлюбная дачка ваяводы плоцкага. Нядаўняя прыдворная дама княгіні Мазавецкай.
Бона ўладна глядзіць на госцю:
– Гэта праўда, што Ганна цябе выгнала з-за любошчаў са сваім сынам?
Катажына ўздрыгвае:
– Як перад Богам – нічога ганебнага я не дазволіла…
Бона перабівае.
– Бастардка. Жабрачка. Хочаш узняцца – дазволіш усё. Пакруціся… Хачу цябе лепей разгледзець.
Катажына, трохі збянтэжыўшыся, паварочваецца. Бона глядзіць ацэньваюча.
– Расшпілі сукенку.
Катажына разгубленая. Вечны Інквізітар падыходзіць, уладна расшпільвае карсаж, агаляе дзяўчыну да пояса, не выяўляючы ніякага мужчынскага інтарэсу. Бона аглядае яе халодным позіркам.
– Што ж, тваё цела дастаткова прыгожае. Пастарайся счараваць сыноў Ганны, апошніх Пястаў. Мы дамо табе такую магчымасць.
Катажына паспешліва апранаецца.
– Абаіх, ваша вялікасць?
– Абаіх.
Вечны інквізітар абыякава глядзіць на прыгажуню.
– Будзеш выконваць усё, што скажам. Ці памрэш.
Катажына пакорліва схіляе галаву.
Макув-Мазавецкі. Палац князёў Мазавецкіх.
Цёмны пакой. Гарыць у падсвечніку на стале самотная свечка.
Ганна Мазавецкая нерухома сядзіць за сталом, усыпаным перамяшанымі картамі Таро. Глядзіць у люстэрка, якое вісіць перад ёю на сцяне. Твар адбітка здаецца злавесным, у пачварных цёмных плямах. Ганна моўчкі здымае з сябе медальён у выглядзе арла, кладзе на стол. Адпівае віно з кубка. Адбітак у люстэрку зусім страшны, мёртвы.
Перад палацам князёў мазавецкіх – расталы снег, перамяшаны з брудам. Юры Радзівіл моўчкі глядзіць, як выносяць з брамы труну, ставяць на багата аздоблены катафалк. На зямлі ў падталым снезе застаюцца чорныя сляды. Крычаць вароны.
– Стойце…
Радзівіл падыходзіць да труны. Там ляжыць ягоная сястра. Юры гладзіць сястру па шчацэ, кранае валасы. Заўважае пад падушкай, на якой ляжыць галава нябожчыцы, нешта чорнае. Гэта пяро гругана. Геркулес, спяшаючыся, бярэ мёртвую руку, адцягвае рукаў – на белай скуры нябожчыцы чорныя плямы.
Спачывальня. Гараць свечкі. Побач з ложкам з балдахінам – столік, застаўлены рэшткамі добрай вячэры: графін з рэшткамі віна, пустыя кубкі, талеркі. На ложку – малодшы сын Конрада Мазавецкага Ян, на ім аголеная Катажына Радзяеўская плаўна рухаецца ў танцы кахання.
У пакой заходзіць старэйшы брат Яна Станіслаў Мазавецкі, пабліжаецца да парачкі, якая займаецца любошчамі, з сілай тузае Катажыну за валасы, так, што тая звальваецца з ложка.
– Ты, брат, вырашыў даядаць за мной недаедкі?
Ян ускоквае з ложка.
– Не твая справа!
– Маці памерла, думаеш, ніхто над табой больш не ўладны?
Станіслаў паварочваецца да Катажыны:
– А ты, самадайка, не змагла мяне акруціць, узялася за малодшага? Зараз загадаю адрэзаць нос і выкінуць голай на вуліцу!
Аднак на здзіўленне дзяўчына ні на імгненне не палохаецца.
– Не варта гневацца, што ў маім сэрцы – Ян, а не вы.
Ян захінае сабой каханку, пагрозна глядзіць на брата:
– Паспрабуй толькі! Я не цікаўлюся, хто ў тваім ложку, Стась, і ты не лезь у мой.
Нейкі час браты мераюцца позіркамі. Катажына злосна ўсміхаецца. Станіслаў разумее, што брат гатовы на ўсё, каб абараніць каханку.
– Дурань.
Станіслаў сыходзіць. Катажына пяшчотна абдымае Яна, шэпча яму на вуха.
– Ты будзеш лепшым каралём!
1526 г. Замак Радзівілаў у Дубінках. Фехтавальная зала.
Юры Геркулес у ятрасці камечыць атрыманы ліст, шпурляе на каменную падлогу. Хапае з падстаўкі меч і пачынае апантана біць па саламяных манекенах. Спыняецца, прыхіляецца галавой да манекену, спрабуе стрымаць плач.
– Вось і апошняга сына твайго няма, Ганна…
Апусцелая зала палаца князёў Мазавецкіх, дзе калісьці палуднавала княская сям’я. Пабітыя слюдзяныя вокны. Гайдаюцца на ланцугах страўсавыя яйкі. Амаль усе яны таксама пабітыя. Падлога з чорна-белых плітак засмечана. Мэбля вынесена. Няма стала, няма крэслаў. Толькі партрэт Конрада ІІІ змрочна паглядае са сцяны. Перарваўся род Пястаў.
Пасярод пакоя на падлозе сядзіць карузлік у трохі выцвілым уборы з зялёна-чырвоных атласных шматкоў і раскладае на плітах карты. Адну за другой пераварочвае выявы тварамі ўніз. Апошняя карта застаецца – Смерць.
– Шасцёра з нашага роду, Магнус. Ужо шасцёра. Каб не ты – было б больш…
Юры Геркулес тужліва ўглядаецца ў выяву чорнага арла. Лекар Магнус задумліва ківае:
– Я абавязаны вам жыццём, ваша мосць. Зраблю ўсё, каб у вашай сям’і не здарылася наступнай смерці ад атруты.
Варакса, стаіўшыся ў каморцы ля дзвярэй кабінета Магнуса, заваленай лабараторным рыштункам, трымае ля вуха нейкую дзіўную прыладу з мосенжу – відаць, тое самае штучнае вуха, ад яго цягнецца нейкі шнур да сцяны. Ясна, што вынаходнік падслухоўвае гаворку ў кабінеце. Пачутае моцна ўражвае яго, хлопец жахаецца, хрысціцца.
Ганна і Барбара крадма, схаваўшыся за кустамі, назіраюць, як гайдук Сымон Жух ля стайні б’е бізуном Міхала, які ляжыць на адмыслова прыстасаванай для пакарання слуг лаўцы, прывязаны за рукі. Міхал церпіць, сціскаючы вусны.
Сымон Жух прыгаворвае:
– Бацька, светлай памяці Гальяш Рашчынскі, табе б яшчэ не так усыпаў. Колькі казаў табе, Міхал – не знайся з княжычамі. Будзь падалей. Не роўня яны табе.
Барбара цягне Ганну прэч, тая адмоўна круціць галавой. Дзяўчынка сама не можа зразумець, што ў гэты момант адчувае – можа, трохі грэблівую цікаўнасць, як да той мёртвай вароны, можа, трохі шкадобы, але найперш – такое прыемнае пачуццё ад усведамлення, што хтось гатовы за яе пакутваць. Паўз месца пакарання праязджаюць на конях браты Руды і Чорны.
Мікалай Чорны кідае позірк туды, дзе б’юць Міхала.
– Ведаеце, ваша мосць, мой брат, калі выправімся на вайну, я б раіў вам узяць за збраяносца Міхала Рашчынскага.
Руды не звяртае ўвагі на экзекуцыю:
– Таго, што за княгіняй малітоўнік носіць? З чаго б? Мядзведзь пушчанскі…
Мікалай Чорны прамаўляе з горыччу:
– Мала верных людзей, пан брат. Да канца адданых, да смяротнай чашы. Калі б ля бацькі майго такія былі, ён жыў бы.
Руды здзіўлена паціскае плячыма – ён не разумее, пра што такое складанае гаворыць стрыечны брат. Яму хочацца аднаго – волі і славы.
Ён прыспешвае каня. Чорны даганяе яго. Яны імчаць у поле, Руды і Чорны, над імі кружляюць арол і груган.
Ганна і Барбара бегма вяртаюцца ў свой пакой. На выхадзе з саду іх заўважае Юры Геркулес.
– Падыдзіце.
Дзяўчаты пакорліва падыходзяць, прысядаюць у паклоне.
– Ваша маці распавяла мне пра тваю пракуду, Ганна. Не думай, што я не разумею, хто сапраўды вінаваты.
Юры падносіць руку да медальёна, які вісіць на шыі Ганны.
– Ты ведаеш, адкуль у цябе гэта?
– Так, ваша мосць. Ад маёй цёткі, яснавяльможнай Ганны Мазавецкай.
Юры Геркулес гладзіць пальцам срэбра.
– Яна прасіла аддаць гэты сімвал нашага роду маёй старэйшай дачцы. Каб яе ўчынкамі заўсёды кіраваў гонар роду. А не дзявоцкія капрызы. Ты зразумела?
Ганна пакорліва нахіляе галаву.
– Так, ваша мосць.
Юры Геркулес неахвотна адводзіць руку ад медальёна, адступае:
– Ідзіце.
Дзяўчаты сыходзяць, намагаючыся рухацца паважна, як належыць высакародным дамам.
Юры Геркулес тужліва глядзіць ім услед:
– Шкада, што ёй самой кіраваў не гонар, а сэрца. Слабая… І моцная…
Міхал прытуліўся да сцяны замка, пад кустоўем, скурчыўся… Раптам аднекуль зверху яму на галаву падае штось невялікае, але цяжкое.
Міхал падымае з травы залатое пёрка, круціць у руках.
Задзірае галаву ўверх. Там вакно – ніхто з яго не выглядае, але Міхал ведае, ад каго падарунак. Залатое пёрка радзівілаўскага арла пяшчотна прыціснутае да сэрца.
Варакса Семяновіч у сваёй каморцы, высалапіўшы язык, майструе нейкую дзіўную рэч са шкляных слоікаў, дроту, кавалачкаў тканіны і скуры.
– Павінен быць сродак, які затрымлівае любую атруту… Без яго больш за стол тут не сяду… Алхімія, магія… Купрум, аргентум, ферум… Пан Магнус адстаў ад сапраўднай навукі! Механіка – вось сіла!
Раптам праз вакенца проста на стол з прыладамі плюхаецца жаба. Варакса палохаецца, ускоквае, яго вынаходніцтва разлятаецца на кавалкі. За вакенцам чуваць звонкі дзявочы смех. Гэта Зося і Магдаленка.
– Ненавіджу гэтых шылахвостак!
1529 г. Кракаў. Па вузкай вуліцы перад каралеўскім палацам вельмі марудна рухаецца дзіўная працэсія.
Людзі ў белым адзенні, запырсканым крывёй, босыя, з аголенымі спінамі, пакрытымі крывавымі шнарамі. Паперадзе нясуць скульптурную выяву Багародзіцы, белы пастамент ахутаны чырвонымі стужкамі. Людзі пяюць пакаяльны псалом. Кожны трымае бізун, якім час ад часу б’е сябе па спіне. Крычыць груганнё. Усе аканіцы зачынены. Толькі нейкі дзівак апынуўся на вуліцы, выштурхнуты ў спіну з дзвярэй. Невядома, ці гэта чыйсьці жорсткі жарт, ці спроба змусіць баязліўца выканаць сваю прысягу і далучыцца да працэсіі? Небарака, прыгорблены, няўклюдны, мітусіцца, спрабуючы размінуцца з працэсіяй. Раптам ён падае, ягоная штаніна задзіраецца, і бачна, што на скуры праступіў крывавы пот – прыкмета ангельскай гарачкі. Людзі ў працэсіі заўважаюць гэта, хтосьці кідаецца ўбок, хтосьці працягвае фанатычна ісці і сцябаць сябе, напяваючы пакаянны псалом. Чалавек курчыцца, трасецца… Крывавы пот выступае на ягоным твары.
Каралева Бона Сфорца нервова хутаецца ў футра і глядзіць праз вакно, як унізе рухаецца працэсія флагелянтаў. За яе спінай – Луіджы Сфорца, Вечны Інквізітар. Па пакоі спалохана лётаюць, мітусяцца дробныя птахі.
– У пакой каралевіча птушак запускалі?
Вечны інквізітар ківае галавой:
– Так, ваша вялікасць. Яны сваімі крылцамі разгоняць благое паветра. Ангельская гарачка не прабярэцца ў ягоны пакой.
Бона не адрывае вачэй ад страшнага відовішча ўнізе.
– Я гатовая сама далучыцца да гэтых вар’ятаў з бізунамі, абы каралевіч не захварэў. Абы чырвоная стужка не запаўзла ў ягоны ложак. Калі наш адзіны сын памрэ… Асабліва пасля таго, як наш другі сын нядаўна памёр… Мяне з’ядуць, Луіджы.
На нейкі час у пакоі пануе маўчанне, толькі чуваць ускрыкі людзей і свіст бізуноў.
– Кароль загадаў, калі скончыцца ангельская гарачка, падабраць Аўгусту світу, – горка зазначае Бона. – Юнакоў ягонага ўзросту з дзяцей магнатаў. Яны ўсе ненавідзяць мяне.
Вечны Інквізітар холадна ўсміхаецца:
– Ангельская гарачка звычайна доўжыцца два тыдні, ваша вялікасць. Гэтага часу дастаткова, каб нарабіць… венецыянскіх таблетак.
Бона выдыхае скрозь сціснутыя зубы:
– Як жа я баюся, што майму сыну не дадуць заняць трон. Сколькі спроб было давесці, што ён – не сын Жыгімонта… Мярзотнікі. Спадзяюся, Альбрэхт Гаштольд не забыўся пра нашу дамову… І падтрымае каранацыю Аўгуста.
Вечны Інквізітар выяўляе зацікаўленасць:
– Кароль згодны?
Бона холадна ўсміхаецца:
– Я ўмею ўгаворваць. Згадзіўся зрабіць Аўгуста вялікім князем літоўскім, згодзіцца і аддаць карону.
– Не баіцеся, донна, што Гаштольд занадта шмат запросіць за дапамогу?
Каралева адыходзіць ад вакна:
– Нават не сумняюся, што запросіць. Але ж у нас ёсць… венецыянскія таблеткі.
Магнус мажа спіну Міхалу лекавай маззю.
– Чаму адразу не прыйшоў, навошта цярпеў, пакуль не ўтварылася запаленне?
Міхал неахвотна адказвае:
– Шляхціц не мусіць зважаць на боль. Тым больш такі.
Лекар дакорліва бурчыць:
– Цела – твой інструмент. Ты павінен сачыць за ягоным станам, як сочыш за вастрынёй свайго мяча.
Міхал уздыхае.
– Дзякую, пан Магнус. Вы заўсёды былі добрым да мяне.
– Дабрыня – рэчыва, якое немагчыма здабыць з адных душ і немагчыма вычарпаць у другіх.
Лекар заканчвае сваю працу, выпростваецца.
– Чаму закінуў заняткі лацінай?
Міхал устае, апранае кашулю.
– Я рыцар…
Магнус хмурыцца.
– У такім выпадку будзь ласкавы прачытаць, што піша пра вайсковую навуку Плутарх. Калі хочаш быць не проста бязмозглым мясам, якое кідаюць на чужыя мячы. Праз тыдзень раскажаш, што зразумеў. На лаціне.
Шпурляе Міхалу цяжкі том. Міхал ловіць кнігу, разгублена ўздыхае, але не наважваецца пярэчыць.
Маладыя рыцары трэніруюцца ў фехтаванні на драўляных мячах. Радзівіл Чорны ў пары са шляхціцам са сваёй світы, Станіславам Давойнам, таўсманым юнаком з невыразным тварам. Радзівіл Руды – з Міхалам Рашчынскім. Чорны б’ецца нервова, часта губляе меч. Руды і Міхал – зацята, па-майстэрску, але відаць, што Міхал куды больш моцны. З галерэі палацу назіраюць дзяўчаты – Ганна, Барбара і іх камерысткі Зося і Магдаленка, са смехам лічаць, хто колькі разоў выпусціў меч.
Унізе за бойкай уважліва назірае Сымон Жух, які адказвае за вайсковую падрыхтоўку моладзі. Да яго падыходзіць Радзівіл Геркулес, ягоная рука ўжо не на перавязі.
– Ну як поспехі маладых рыцараў?
Сымон Жух кланяецца, але не дагодліва, так, нахіляючы галаву – ён стары вой, не яму запабягаць перад сваім баявым камандзірам.
– Па-рознаму, ваша княская мосць. Руды – сапраўдны вой, увесь у вас. Чорны, ваш пляменнік, не так здатны да баявой справы. Яму нібыта нешта не дазваляе нанесці ўдар у поўную сілу. Хаця ўхіляцца добра ўмее.
Геркулес хмыкае, не адрываючы позірку ад бойкі.
– Брат мой Ян таксама саступаў мне ў бойцы на мячах.
Жух пасля некаторай паўзы асцярожна прамаўляе:
– Ваш сын выказаў жаданне ўзяць Міхала Рашчынскага за збраяносца. Гэта правільна. Міхал – чалавек надзейны, як і ягоны бацька быў. І моцы нябачанай вырасце. Не ў крыўду вашай княскай мосці сказана.
Радзівіл няўважна ківае:
– Што ж, няхай служыць.
Крычыць:
– Руды і Чорны, падыдзіце!
Бойка спыняецца, Руды і Чорны падбягаюць да Геркулеса.
– Трэцяга чысла адпраўляецеся да каралеўскага двара. Будзеце ў свіце каралевіча Жыгімонта Аўгуста.
Руды і Чорны радасна пераглядаюцца.
Геркулес паблажліва глядзіць на братоў.
– Так, вы будзеце ствараць уласную будучыню і будучыню ўсяго нашага роду. Як у свой час мы з Янам патрапілі ў світу да маладога Аляксандра Ягелончыка і назаўсёды захавалі ягонае сяброўства. Якое трывае нават пад ціскам клятай італьянкі. Асцерагайцеся яе.
Мікалай Руды нецярпліва перапытвае:
– Пан бацька, а калі вы дазволіце нам пайсці на вайну разам з вамі?
Геркулес паблажліва ўсміхаецца:
– Вайны яшчэ ніхто не пазбег, калі ўмее трымаць у руках меч. Прыйдзе і ваш час.
Старэйшы Радзівіл сыходзіць. Мікалай Руды кліча да сябе Міхала:
– Скажы, каб рыхтавалі нашы рэчы. Едзем у Кракаў, ты са мной. Арбалет галандскі не забудзь пакласці.
Маладыя княжычы вяртаюцца ў дом, на хаду радасна перамаўляючыся.
– Трэба адпаведнае адзенне… Каб не выглядаць смешнымі. Пры двары цяпер новая мода.
На такія разважанні Чорнага Руды толькі моршчыцца.
– Ты як дзеўка. Хто з нас насмеліцца пасмяяцца? На месца нахабаў ставіць!
Да Міхала, які збірае зброю і час ад часу касавурыцца на галерэю, дзе сядзяць дзяўчаты, падбягае Варакса. Вынаходнік злосна зрывае з шапкі Міхала залатое пёрка.
– Злодзей! Гэта ад майго механізму, які ты парушыў!
Міхал адной рукой бярэ хударлявага Вараксу за каўнер і адрывае ад зямлі. Яго твар спакойны, але ў ім такая моц і пагроза, што Варакса страшэнна пераляканы. Ён прыладжвае дрыжачай рукой залатое пёрка зноў на шапку Міхала.
– На, на! Падумаеш! Гэта ж нават не золата! Так, пазалочаная медзь! Я яшчэ зраблю!
Міхал акуратна ставіць Вараксу на месца і моўчкі сыходзіць, падабраўшы мячы. Дзяўчаты ў вакне пляскаюць у ладкі.
Варакса абражаны.
– Мядзьведзь пушчанскі… Трэба паспець паказаць майго арла да ад’езду княжычаў…
1529 г. Геранёны. Замак Гаштольдаў.
Гаспадар замка Альбрэхт Гаштольд, змрочны, не вельмі прыемны барадаты тыпус, даволі мажны, з запалымі вачыма, і сівымі доўгімі валасамі, дзелавіта збівае кулакамі і нагамі просьбіта ў простым каптане. Выштурхоўвае яго за дзверы. У куце пакоя за экзекуцыяй назірае спадчыннік Альбрэхта, адзіны сын гаспадара Станіслаў Гаштольд, хлопчык з тонкімі рысамі твару і трохі сплоханы.
– Лярва! Пагражаць рокашам хлопаў! Падаткі ім вялікія! Брахун!
Твар Альбрэхта чырвоны ад злосці.
– Але, пан бацька, я сам бачыў, як нашы сяляне закідалі камянямі карэту… І яны былі страшныя… Худыя, счарнелыя…
Альбрэхт усаджваецца за стол, на якім ляжыць вялізарны стос спісаных папер.
– Запомні, сын, як толькі ты дабраахвотна ад чагосьці адмовішся – у цябе паступова адбяруць усё. Ніколі не адмаўляйся ад магчымасці штосьці дадаць да свайго багацця, славы і ўлады.
Станіслаў паныла глядзіць у падлогу.
– Нас паўсюль праклінаюць, пан бацька…
Старэйшы Гаштольд толькі ўсміхаецца:
– Няхай. Калі табе плююць у спіну, значыць, ты наперадзе.
Але сын яшчэ не выказаў усё, што набалела:
– Яны кажуць, Гаштольды не маюць літасці… Хцівыя і акрутныя… Нас не любяць…
Альбрэхт паблажліва глядзіць на яшчэ нявопытнага спадчынніка:
– Пачынаюць папракаць – цытуй Біблію. Скардзяцца на ўціск – спасылайся на волю Божую. Адшкадуй на кляштар – станеш святым. Думаеш, я дарэмна наняў гэтага доктара Францыска Скарыну з Полацку напісаць наш радавод? Ён ужо знайшоў нам продка – рымскага князя Палямона… Хто заплаціць пісцу – застанецца героем. Сёння мы, Гаштольды – самыя багатыя ў гэтым краі. Мы запячатваем лісты чырвоным воскам, а не зялёным. Адны Радзівілы могуць з намі зраўняцца… Толькі таму, што іх шмат. Пакуль яшчэ шмат.
Падыходзіць да сына, кладзе рукі яму на плечы.
– Ты едзеш у Кракаў, да каралеўскага двара. Увойдзеш у світу каралевіча.
Станіслаў радасна ўскідваецца:
– Калі?
Альбрэхт задумваецца:
– Пошасць у Кракаве скончылася… Так што… трэцяга дня наступнага месяца. Пастарайся пасябраваць з Аўгустам. Адкрыю таямніцу… Да канца году каралевіч падзеліць з бацькам трон. А я стану ягоным намеснікам у Вялікім Княстве Літоўскім.
Станіслаў з асцярогай:
– А калі я каралевічу не спадабаюся?
Адказ бацькі гучыць жорстка:
– Пастарайся спадабацца. Галоўнае, каб клятыя радзівіляняты не сталі да яго бліжэй, чым ты. Не паўтарай маёй памылкі, сыне. Не пасябруй з радзівілаўскімі вырадкамі, як я ў свой час.
Станіслаў нейкі час наважваецца папытацца:
– А чаму ты іх так не любіш, пан бацька?
Альбрэхт глядзіць у вакно.
– Ёсць за што…
1506 г. Вільня. Каралеўскі суд.
Альбрэхта Гаштольда, нягледзячы на супраціў, выводзяць з залы каралеўскія жаўнеры. Гаштольд азіраецца, працягвае крычаць да кагосьці ў зале, дзе віруе зацятая сварка:
– Я не быў у змове з Глінскім! Гэта паклёп!
Услед за Гаштольдам выходзіць Мікалай Радзівіл.
– Проста маскоўскі цар яшчэ недастаткова прапанаваў, а ваша мосць хацеў абабраць абодвух гасудароў.
Гаштольд паглядае з нянавісцю:
– Ілжэц! Не дарую!
1519 г. Крэўскі замак.
Унізе, пад сценамі замка, ідзе бойка. Лятуць стрэлы. Страляюць гарматы. Альбрэхт Гаштольд, ухапіўся за мур змерзлымі пальцамі, напружана ўглядаецца ў далеч скрозь завіруху. Да яго падыходзіць ваяр з учарнелым ад стомы тварам.
– Ваша мосць, дапамога не прыйдзе. Выведнікі даклалі – віленскі ваявода не разаслаў каралеўскія лісты.
Гаштольд сціскае ў гневе кулакі:
– Кляты Радзівіл…
1520 г. Пад Полацкам ідзе бойка з войскамі Івана Грознага. Юры Радзівіл, увесь у гразі, стамлёна абапіраецца на меч, які ўторкнуты ў грудзі забітага ім жаўнера. Да Геркулеса падбягае ягоны ваяр:
– Ваша княская мосць, дапамогі няма! Войскі трокскага ваяводы ўсё яшчэ стаяць у засоцы!
Радзівіл сціскае сківіцы:
– Кляты Гаштольд…
Альбрэхт Гаштольд самазадаволена стукае рукой па стосе паперы на стале.
– Адзінае, за што я ўдзячны канцлеру Мікалаю Радзівілу – пакінуў мне ў спадчыну падрыхтаваны Статут… Закон нашай дзяржавы, сын!
Станіслаў недаверліва заўважае:
– Ты так доўга пішаш яго…
Альбрэхт здзекліва смяецца:
– Ну, можна сказаць, і пішу. Спасылкі на святое пісанне ніколі не лішнія. Па-праўдзе, Мікалай усё завяршыў перад смерцю, сем год таму. Але раз я ўжо дамогся гэтай пачэснай працы… Нашто спяшацца? Кожны год кароль плоціць мне за гэта добрыя грошы. І ў гісторыю ўвойдзе, Стасю, што Статут Вялікага Княства Літоўскага склаў Гаштольд! Помні, Станіслаў: усё – на карысць рода! Мы пішам законы. Мы – самі закон.
У замку Радзівілаў Магнус збірае ў адмысловы куфар зёлкі і мікстуры. Варакса ўважліва назірае і робіць паметкі ў сшытку. Лекар пахмура паглядае на нягеглага вучня:
– Каб можна было паслаць каго больш кемнага з княжычамі… Спадзяюся, ты хоць нешта засвоіў падчас нашых урокаў. Вось тут – лекі ад англійскай гарачкі, памажы, святы Антоній, каб не вярнулася. А тут – ад атруты. Правяраць будзеш кожны кавалак, кожны глыток, які ім пададуць. Які колер пакажа рэагент на аканіт?
Варакса ахвотна адазвае:
– Сіні, настаўнік. Калі адбылося атручванне – даць белую гліну.
Магнус працягвае іспыт:
– Цыкута?
– Рэагент будзе колеру дзіцячай мачы. Даваць атручанаму настойку кірказона, як раіў вялікі Тэафраст.
– Ягіпецкі пыл?
Варакса бадзёра прамаўляе:
– Чорны. Абясшкоджваецца слязамі саламандры.
Магнус скрушна ўздыхае:
– Сам бы адправіўся… Ды мне на вочы Луіджы Сфорца пакуль паказвацца нельга. Да італьянцаў не лезь… Вынаходніцтвамі сваімі не хваліся…
Варакса асцярожна цікавіцца:
– Настаўнік, а што вы скажаце пра мой апарат для адфільтроўкі ядаў?
Магнус працягвае пакаваць рэчы:
– Скажу, што пясок ён адфільтруе. А вось арсінакон – наўрад.
Варакса страшэнна пакрыўджаны:
– Я яшчэ дакажу ўсім…
На стале ў Магнуса працягвае круціцца ў закаркаванай колбе чорнае пяро гругана.
У садзе Радзівілаўскага палаца тлумна. Эолава арфа яшчэ не даробленая, абкружаная жэрдкамі. Але арол на яе вершаліне ззяе пер’ямі. Вакол арфы сабраліся гледачы – Радзівіл Геркулес, Радзівіл Руды, Радзівіл Чорны, князёўны Ганна і Барбара, іх камерысткі Зося і Магдалена, Сымон Жух, Міхал Рашчынскі, Якаб Магнус. Паглядаюць даволі скептычна. Варакса вельмі хвалюецца, кусае вусны. Націскае з сілай на падважнік унізе збудавання. Арол ажывае, уздымае крылы, распроствае пёркі. Яго дзюба адкрываецца… І адтуль вылятае несамавітае курлыканне-кудахтанне. Гледачы заходзяцца ад смеху.
Юры Геркулес першы перастае смяяцца.
– Хопіць ганьбіць сімвал нашага роду. Ніякай мяханікі, ніякіх штукарстваў. Зрабіць з цэльнага металу.
Варакса ўцякае праз кусты, глытаючы слёзы.
Міхал Рашчынскі набліжаецца да Ганны Радзівіл.
– Ваша мосць дазволіць развітацца? Я заўтра еду ў Кракаў з братамі вашай мосці…
Ганна намагаецца быць як мага болей фанабэрыстай:
– З чаго васпан узяў, што мяне цікавіць ад’езд збраяносца майго брата?
Міхал маўчыць нейкі час, адказвае задумліва:
– У нашым доме ў Белавежскай пушчы проста пад вакном расце шыпшына. Калючае голле, і такія пяшчотныя кветкі. Я ніколі не рваў іх.
У голасе Ганны нервовая насмешка:
– Таму што баішся калючак?
– Таму што мне дастаткова любавацца на прыгажосць. Яна ёсць… За гэта можна памерці.
Міхал спакойна глядзіць на дзяўчыну. Ганна бянтэжыцца, і ад гэтага раздражняецца:
– Мядзведзі нічога не разумеюць у кветках.
Сыходзіць. Міхал глядзіць ёй услед. Таму заўважае, калі яна кідае на яго позірк цераз плячо, намагаючыся зрабіць гэта незаўважна. У адказ Міхал ветліва кланяецца. Ганна, яшчэ больш раззлаваная ад таго, што слуга ўгледзеў яе цікавасць, прыспешвае крок.
1529 г. Кракаў. Сад пры каралеўскім палацы. Радзівіл Геркулес падводзіць да каралевіча Жыгімонта Аўгуста малодшых Радзівілаў.
– Ваша высокасць, дазвольце вам прадставіць майго сына Мікалая і майго пляменніка Мікалая…
Хлопцы цырымонна кланяюцца.
Чорны весела, па-змоўніцку падміргвае каралевічу:
– Мікалай ды Мікалай – можна пераблытаць, ваша каралеўская высокасць… Але ёсць добры і відочны выхад: ён – Мікалай Руды, а я – Мікалай Чорны.
Весела тузае сябе за валасы.
– Руды і Чорны – дакладна не пераблытаеце.
Каралевіч усміхаецца. Ён відавочна прасякнуўся прыязнасцю да Чорнага.
– Мне сказалі, Радзівілы жывуць у самых нетрах, у пушчы. Вы палявалі на зуброў?
Мікалай Руды з гонарам пацвярджае:
– Яшчэ як, ваша мосць! Пойдземце, раскажу!
У маленькім пакоі кракаўскага каралеўскага палаца сядзіць Варакса Семяновіч і праганяе рэчывы праз свае хітрыя прыстасаванні. У адной з колбачак забулькатала вадкасць і набыла зялёны колер.
– Дзейнічае! Цяпер засталося дадумаць схему крэсла-павука.
Бона Сфорца глядзіць праз вакно, як каралевіч Жыгімонт Аўгуст гуляе з новымі сябрамі. За яе левым плячом – Луіджы Сфорца, які таксама назірае за сцэнай у садзе.
– Я не змагла пераканаць караля, што юныя Радзівілы – не лепшая кампанія для майго сына.
Вечны Інквізітар адыходзіць ад вакна, нібыта яму не цікава.
– Гэта часовая непрыемнасць, ваша каралеўская вялікасць. Пакуль магнаты грызуцца між сабою, яны вам не страшныя.
Бона паварочваецца.
– Прынёс?
Вечны Інквізітар ставіць на столік куфэрак, падобны да маленькай шафы. Націскае на розныя выпукласці тонкай разьбы.
Куфэрак расчыняецца, унутры мноства маленькіх шуфлядачак, аддзяленняў, дзе захоўваюцца мініяцюрныя бутэлечкі.
– Наяўнасць гэтых рэчываў немагчыма выявіць, мая каралева. Гэта можа толькі адзін чарнакніжнік, я ведаў яго па Фларэнцыі. Цяпер яму далі прытулак Радзівілы. Але я вырву гэты гнілы зуб.
Бона глядзіць праз бутэлечку на святло:
– Як мала трэба, каб чалавек ступіў у човен Харона… Ты ведаеш, Луіджы, як ператвараецца найлепшае, празрыстае рэчыва ў атруту? А як ператвараецца шчырае, палкае каханне – у нянавісць? Сэрца прыпадабняецца алхімічнаму атанару, паліць і пячэ, і ніколі не астывае…
Вечны Інквізітар усміхаецца:
– Дарэчы, пра каханне… Звярніце ўвагу на гэтае аддзяленне…
Паказвае яшчэ адну патаемную шуфлядку.
– Рэчывы адсюль дапамогуць вам заўсёды быць жаданай для караля. Зялёная бутэлечка – вам, чырвоная – яму. Дастаткова кроплі…
Бона злуецца:
– На Геркулесе не спрацавала…
Яе суразмоўца паціскае плячыма:
– Моцны чалавек можа пераадолець юр.
Бона задумваецца, нейкі час глядзіць на свайго вернага паплечніка:
– Паслухай, Луіджы… А хто ты такі?
Вечны Інквізітар адступае на крок:
– Не разумею вашай мосці… Я – ваш сваяк…
Бона перабівае:
– Так сказаў мне мой бацька, калі ты з’явіўся ў нашым доме. Тады мой партрэт пісаў Леанарда з Вінчы. І ён збялеў, пабачыўшы цябе. І сказаў штосьці пра гругана… Хто ты?
Вечны Інквізітар нізка кланяецца:
– Ваш верны паплечнік у барацьбе з Радзівіламі.
Бона нейкі час углядаецца ў твар свайго названага сваяка і адварочваецца, падобна, ёй непамысна. Рознакаляровыя бутэлечкі злавесна блішчаць у куфэрку.
Станіслаў Аўгуст, Мікалай Руды, Мікалай Чорны і некалькі іншых юных прыдворных са смехам бегаюць і кідаюць адзін аднаму колца, якое трэба злавіць на палку, падобную да драўлянай шпагі. Станіслаў Гаштольд з палкай у руцэ – збоку, нібыта і ўдзельнічае ў гульні, але ніяк не можа злавіць колца. Урэшце, засмучоны, зусім адыходзіць. Часцей за ўсё колца апынаецца на палцы ў каралевіча, не без старанняў партнёраў па гульні. Старэйшыя прыдворныя, якія назіраюць збоку за забавай, хорам лічаць: “Дваццаць чатыры! Дваццаць пяць колцаў у яго высокасці!”
Жыгімонт Аўгуст весела крычыць:
– Здавайцеся! Я хутка буду каралём!
Да Станіслава, улучыўшы вольны ў гульні момант, падыходзіць Мікалай Чорны з прыветнай усмешкай.
– У мяне таксама не адразу атрымалася. Давай удваіх патрэніруемся…
Станіслаў Гаштольд падазрона глядзіць на “радзівілянятка”, але не можа ўстаяць супраць шчырай усмешкі. Нясмела ківае галавою і ўсміхаецца.
Юры Радзівіл Геркулес выходзіць з параднай залы кракаўскага каралеўскага палаца ўгневаны. Разам з ім Канстанцін Астрожскі, немалады, шырокаплечы, з сівой барадой. У залу, штурхаючы магнатаў, наперабой шчэмяцца ўсхваляваныя прыдворныя, якія жадаюць засведчыць пашану новаму каралю.
Геркулес з болем кажа Астрожскаму:
– Не магу паверыць, што яна ўтварыла гэта. Пры жывым каралі… Аддаць карону смаркачу…
Астрожскі таксама засмучоны.
– Ганьба… Але хіба не вы, ваша мосць, год таму ўгаворвалі мяне падтрымаць каранаванне малога Аўгуста на вялікага князя літоўскага?
Радзівіл хмурыцца:
– Гэта было на карысць княства. Наша зямля не мусіць залежаць ад кароны. Павінна мець свайго ўладара. А цяпер, калі гэтае дзіця стала каралём… Стары Жыгімонт глядзіць у рот італьянцы. Канец краіне.
Да магнатаў падыходзіць задаволены Альбрэхт Гаштольд.
– Хіба панства не выкажа сваю любоў да новага караля?
Геркулес адказвае скрозь зубы:
– Думаю, нашаму новаму каралю больш цікавыя цацачныя жаўнерчыкі, чым жывыя немаладыя ваяры.
У тоне Гаштольда чуваць здзек:
– Ай-яй-яй, няўжо панства гатовае здрадзіць прысязе?
Геркулес ледзь стрымлівае гнеў:
– Здрайца той, хто думае найперш не пра краіну, а пра сябе, ваша мосць. Вы не ведаеце такіх сярод нас?
Альбрэхт адказвае перабольшана ўзвышана:
– Гасподзь бачыць у сэрцах, пане Юры. Маё проста палае любоўю да караля і айчыны.
Канстанцін Астрожскі з пагардай адзываецца:
– Не спаліце ж той любоўю краіну, ваша мосць.
1530 г. Кракаў. Каралеўскі замак. Пасярод пакоя накрыты на чатырох чалавек стол. Міхал Рашчынскі трывожна пільнуе ля дзвярэй, каб не зайшлі староннія. Варакса прыладзіў на стале грувасткую прыладу, куды па чарзе апускае кавалачкі кожнай стравы.
Міхал шэпча:
– Хутчэй. Іх мосці зараз прыдуць на абед. Хіба не дастаткова макнуць у кожную страву рог адзінарога? Ці змусіць слугу пакаштаваць?
Варакса не перапыняе працы:
– Ты нічога не кеміш у тонкай навуцы, пушчанскі мядзведзь. Не гавары пад руку.
Заканчвае, выпростваецца.
– На гэты раз чыста.
Хавае прыладу па частках у куфар.
Міхал з нецярплівасцю глядзіць, як Варакса спрабуе падняць цяжкую валізу, выхоплівае ў яго, лёгка нясе да патайной дзверцы ля каміну. Варакса спыняецца:
– Чакай, трохі безаару не пашкодзіць… А то раптам зноў Руды дзесь па дарозе хлебануў віна, і зноў падсунулі з атрутай… Я тады ледзь увесь запас белай гліны не звёў.
Сыпле з адмысловай срэбнай бутэлечкі парашок у чатыры кубкі. Парадныя дзверы ў гэты час злёгку прыадчыняюцца, нібыта самі па сабе.
Міхал здзіўляецца, калі Варакса сыпле парашок у чацвёрты кубак.
– І Станіслава Гаштольда аберагаеш, сына ворага нашых паноў?
Варакса павучальна тлумачыць:
– Усе стварэнні Божыя маюць права на жыццё. А калі адзін за сталом атруціцца, хіба не падумаюць на тых, хто застаўся здаровы? Эх, мядзведзь ты пушчанскі…
Выходзяць з пакоя. Зараз жа расчыняюцца галоўныя дзверы, зазірае слуга з абыякавым тварам, падобным да недапечанай булкі, сустракаецца позіркам з Міхалам, які затрымаўся ў патайных дзвярах, ківаюць адзін аднаму. Міхал зачыняе за сабой дзверы, слуга расчыняе парадныя. Заходзяць маладыя княжычы – Руды, Чорны, Станіслаў Гаштольд і каралевіч. Падлеткі гучна смяюцца. Аўгуст працягвае расповед:
– А тады фрэйліна маёй маці, тая, што бародаўку на носе замазвае бяліламі, як паслізнецца на абгрызку… І як гахнецца на ўсе свае спадніцы…
Радзівіл Геркулес, вельмі напружаны, у пакоі свайго доктара сядзіць за сталом, заваленым паперамі і застаўленым бутэлечкамі. Перад ім вельмі сур’ёзны Магнус.
– Ты ўпэўнены, што ўсё гатова? Нам ёсць што прад’явіць каралю?
Магнус кланяецца:
– Доказы неабвержныя, як нябесная маланка. Подпісы сведкаў, атрутныя рэчывы…
Радзівіл глядзіць, як круціцца ў закаркаванай колбе чорнае пяро гругана.
– Я перамог у трыццаці бойках. Аднойчы прайграў. Жанчыне. Я быў юны, я знаходзіўся на чужыне, дзе вінаградныя гронкі свяціліся сонцам, а белы мармур награваўся так, што апякаў босыя ногі… Менавіта яна папрасіла мяне вызваліць цябе з лап інквізіцыі.
Магнус уздрыгвае:
– Вы мне не казалі.
Голас Радзівіла гучыць мройна і тужліва:
– Яна заколвала свае залатыя валасы такой вось… доўгай срэбнай шпількай…
Магнус узрушаны:
– Я ведаю, пра каго вы гаворыце… Я думаў, яна забылася на мяне… Яна…
Радзівіл перапыняе яго:
– Т-сс… Не называй імёнаў… Не кажы, што цябе з ёю звязвала. Хто ты ёй. Я тады не пытаўся – я проста зрабіў усё, што яна загадала. А потым… Потым яна прагнала мяне, сказаўшы, што я дурны хлапчыска. А калі я паспрабаваў залезці да яе праз балкон…
На залітым сонцам мармуровым балконе, абвітым вінаградам, юная прыгажуня заколвае ў высокую прычоску валасы. Малады Юры Геркулес спрабуе залезці да яе, але жанчына вельмі спрытна валіць яго за парэнчы, а калі той спрабуе зачапіцца, дастае з валасоў доўгую шпільку і наносіць удар.
Сталы Юры Геркулес расшпільвае каўнер кашулі, паказвае доўгі вузкі шнар на сваіх грудзях, гладзіць яго.
– Ведаеш, я нікога больш так не кахаў.
Магнус адварочваецца ад князя, з ягоных заплюшчаных вачэй коцяцца слёзы.
Геркулес працягвае гаварыць глуха і ўсхвалявана:
– Колькі ў мяне пасля было кабетаў… Яны прапускалі праз свае тонкія пальцы мае рудыя валасы, і называлі мяне Геркулесам, Апалонам, аддаваліся мне, як аддаецца вінаградная лаза сонцу… А я ўсё памятаю той балкон з белага мармуру, і лозы, якія яго абвілі, падобна змеям, і цёмныя пагардлівыя вочы… І сваю ганебную рэтырацыю. Я тады зразумеў, што магу прайграць толькі жанчыне. Ведаеш, на нейкую хвілю, калі я ўбачыў Бону, я ўспомніў… Мне падалося, яны падобныя… Ці не сталася тая міжвольная, грахоўная жарынка, імгненне юру – прычынай усіх гэтых смерцяў?
Магнус спрабуе змагчы хваляванне:
– Калі я вісеў на дыбе ў сутарэннях інквізіцыі, ваша княская мосць, я зразумеў, што невінаватых людзей няма. Кожны пры пэўных абставінах можа прыняць на сябе ўсе грахі сусвету. Але гэтак жа няма і бязгрэшных. Ёсць боль – ёсць надзея. Вы не прайграеце каралеве.
Гергулес горка пасміхаецца:
– Каралеве – так… А вось абражанай жанчыне… Срэбная шпілька ў маім сэрцы, Магнус.
1530 г. Прыслужніца Магдаленка скончыла заплятаць косы Ганне Радзівіл. Ганна чытае лісты. Барбара сядзіць побач у крэсле і гуляе ў дзіўную гульню – падкідвае і ловіць дошчачкай шарык на вяровачцы.
Ганна незадаволена заўважае:
– Хопіць стукаць… Яшчэ адна прыдворная замежная забаўка.
Барбара працягвае гуляцца.
– Нічога заганнага. Іначай брат не даслаў бы.
– Глядзі, каб бацька не заўважыў.
Магдаленка ўмешваецца ў размову паненак:
– Цяпер усе ў трык-трак гуляюць, ваша мосць. І каўнеры замаўляюць, як у каралевы. З галандскіх карункаў. Пані Любамірская, пані падканцлерава, пані чашнікава…
Ганна моршчыцца.
– Не стракачы.
– Яшчэ не ачунялі ад застуды, ваша мосць? Галава баліць? Я прынясу мікстуры, якую вядзьмак Магнус для вас зварыў.
Магдаленка выбягае з пакою.
Барбара, карыстаючыся тым, што няма прыслугі, хуценька пытаецца:
– Ганна, ад каго другі ліст? Няўжо ад збраяносца?
– З чаго б просты шляхціц мне пісаў?
Памаўчала, неахвотна працягнула:
– Даслаў малюнак. Шыпшына. Дзікая ружа. Не ведаю, навошта.
1530 г. Кракаў. Каралеўскі палац. Жыгімонт Стары незадаволена ўсаджваецца ў крэсла. Перад ім – Радзівіл Геркулес і Якаб Магнус, які трымае куфэрак.
– Я згадзіўся на гэтую сустрэчу ў памяць нашага старога сяброўства, Юры. Але я не памяняю свайго слова. Пасада канцлера, якая вызвалілася пасля смерці твайго брата, будзе належаць Альбрэхту Гаштольду. Радзівілы і так маюць уладу большую за маю.
Геркулес апускае вочы, каб не выдаць гнеў.
– Але Радзівілаў на гэтым свеце застаецца ўсё менш, ваша каралеўская мосць. Я прашу толькі аб каралеўскім правасуддзі.
Азіраецца на Магнуса. Алхімік выходзіць наперад, адчыняе куфэрак.
– Мы сабралі доказы таго, што смерці іх мосцяў Ганны Мазавецкай з Радзівілаў і яе двух яе сыноў, канцлера Мікалая Радзівіла, кашталяна Троцкага Яна Радзівіла не былі выпадковымі. Вось сведчанні… Вось вынікі даследванняў целаў… Вось выяўленая мною ў кожным выпадку атрута… Вось сведчанні, што атруту перадавалі са світы каралевы, а замаўляў такія рэчывы ў Фларэнцыі дарадца каралевы Луіджы Сфорца…
Жыгімонт Стары незадаволена прымае паперы, пачынае чытаць.
Расчыняюцца дзверы, у пакой, ганарыста закінуўшы галаву, заходзіць Бона Сфорца. За ёй – Луіджы Сфорца, Вялікі Інквізітар, і Альбрэхт Гаштольд. Магнус пры поглядзе на Інквізітара бялее.
Кароль у гневе:
– Як вы насмеліліся?
Бона рашуча бліскае блакітнымі вачыма:
– Мой кароль, я не змагла застацца ў баку, калі даведалася пра змову супраць вас і нашага сына!
Вечны Інквізітар паказвае на Магнуса:
– Вы ў небяспецы, ваша вялікасць! Гэты чалавек – вядзьмак! Ён быў асуджаны да спалення на вогнішчы і ўцёк невядомым чынам. З дапамогай д’ябла ён здольны звесці са свету любога нават на адлегласці!
Альбрэхт Гаштольд паказвае на Магнуса:
– Я абвінавачваю гэтага чалавека ў тым, што ён па загадзе свайго гаспадара, кашталяна троцкага Яна Радзівіла, атруціў ягоную жонку, маю сястру Лізавету! Гэты вядзьмак прыязджаў нібыта лячыць яе, а сам звёў у магілу. Чаму таксама ёсць сведчанні…
Падае каралю світкі.
Каралева дадае:
– І самае страшнае – разам з маладымі княжычамі Радзівіламі, якія ўвашлі ў давер да нашага сына, прыехаў вучань гэтага ведзьмака, які ўвесь час падсыпае атруту ў ежу яго высокасці Жыгімонта Аўгуста!
Па знаку каралевы ў пакой зацягваюць звязанага Вараксу. Той дужа перапалоханы, стаіць на каленях.
– Я ўсяго толькі правяраў ежу на адсутнасць атруты! Клянуся прасвятой Багародзіцай! Маладых Радзівілаў ужо сем раз спрабавалі тут атруціць! Прысягаю!
У пакой уносяць і кідаюць на падлогу прыбор, вынайдзены Вараксам для адфільтроўкі атруты, ягоную прыладу для падслухоўвання, а таксама нейкую дзіўную канструкцыю, што нагадвае павука. Да жаху прысутных, адна з “лапак” механізму пачынае згінацца і разгінацца з непрыемным скрыгатам.
Вечны Інквізітар пераможна паказвае на застрашлівы механізм:
– Што гэта, як не чараўніцтва?
Магнус са стогнам закрывае твар рукой, убачыўшы вырабы вучня.
Варакса плача:
– Прысягаю… Толькі навука… Толькі дзеля здароўя іх мосцяў… Я добры хрысціянін… Я пасціцца буду…
Вечны Інквізітар расцягвае вусны ва ўсмешцы:
– Думаю, на допыце гэты грэшнік раскажа ўсё, як ёсць.
Варакса трасецца ад жаху. Бона пераможна глядзіць у вочы Радзівілу Геркулесу. Той з прыкрасцю кусае вусны, бо разумее, што нядошлы Варакса падчас катавання пацвердзіць усё, што яму будуць падказваць.
У дзверы прарываецца Міхал Рашчынскі, параскідаўшы ахову. Падае на калені.
– Ваша каралеўская мосць, справядлівасці! Хай будзе ардалія, Божы суд! Я – збраяносец ягонай мосці Мікалая Радзівіла, і я сведчу, што гэты чалавек усяго толькі спрабаваў засцерагчы сваіх уладароў ад атруты. Я сам дапамагаў яму правяраць ежу. Варакса не мае рыцарскага звання і не зусім добрага розуму, вам любы пацвердзіць.
Варакса пры гэтых словах моцна ківае галавой у пацверджанне. Міхал цвёрда заяўляе:
– Праверце мяне Божым судом.
Жыгімонт Стары задумліва глядзіць на маладога рыцара:
– Што ж, так ужо было. Мой дзед Ягайла ўсумніўся ў вернасці каралевы Соф’і Гальшанскай. Падазрэнне ўпала на рыцара Генрыка з Рогава. Але той змог вытрываць усе выпрабаванні агнём, жалезам і вадой і пацвердзіў, што каралева не здраджвала каралю. Такім чынам мой бацька не быў з-за гнюснага паклёпу пазбаўлены трону, як бастард. Хай будзе Божы Суд. І мы ўсе станем прысутнічаць.
Магнус, уздыхнуўшы, выходзіць наперад.
– Ці варта сячы кусты, калі трэба пачынаць з дрэва? Пры чым тут мае вучні? Вам патрэбны я.
Альбрэхт Гаштольд ускліквае са злой радасцю:
– Так, менавіта ты, вядзьмак! Ніякіх займеннікаў!
Варакса разгублена ўстае з каленяў.
– Чакайце… На ардалію пойдзе настаўнік? Гэта… несправядліва! Ён стары! У яго… здароўя ж ніякага! А ён жа столькі людзей вылечыў! Мяне падабраў дзіцем паўмёртвага, калі ўся вёска ад пошасці вымерла, выхадзіў! Не, ён не павінен пакутваць! Лепш ужо… лепш ужо я!
Вечны Інквізітар здзіўлены.
– Што ў вас такое ёсць, Радзівілы, што за вас гатовыя ісці на пакуты ўсе гэтыя людзі?
Радзівіл Геркулес сціскае кулакі.
– Я гатовы выйсці з мячом супраць кожнага, хто абвінаваціць мяне ці гэтых маіх людзей!
– Майго дазволу не будзе, – важка прамаўляе кароль.
Магнус глядзіць амаль весела на Вялікага Інквізітара.
– Ну, сіньёр Луіджы, вы ж менавіта гэтага дамагаецеся… Давайце завершым тое, што не скончылі ў Фларэнцыі…
Вечны Інквізітар злавесна ўсміхаецца:
– Так, гэта будзе правільна.
– Я гатовы.
Радзівіл Геркулес глядзіць у вочы Боне.
– Калі вы пакалечыце ці заб’еце доктара, я не дарую…
Кароль моршчыцца:
– Мы абяцаем, што гэтага не здарыцца.
Міхал і Варакса крычаць, перабіваючы адзін аднаго:
– Я першы выклікаўся на ардалію!
– Гэта мае вынаходніцтвы!
Кароль раздражнёна ўстае, абводзіць суровым поглядам пакой, усе сціхаюць.
– Воляй сваёй загадваю захаваць справу ў таямніцы – пакуль не будзе даказана чыясьці віна. Абрыдла мне ваша варажнеча. І вось што… Пасля той гісторыі з Генрыкам з Рогава пана Гневаша, які распаўсюджваў ілжывыя чуткі, змусілі залезці пад лаўку і брахаць.
Радзівіл, Гаштольд і Вечны Інквізітар абменьваюцца ненавіснымі поглядамі, але не наважваюцца на каментары.
У сутарэннях Кракаўскага каралеўскага палаца паходні разганяюць змрок, але не жудасць. На драўляным станку для катаванняў – Якаб Магнус. Відаць, што яму вельмі балюча, але ён не крычыць, толькі сціскае зубы і стогне, ды пот сцякае па твары. Каля яго пільна назірае за працэсам катавання Луіджы Сфорца. У крэслах сядзяць Жыгімонт Стары і каралева Бона Сфорца. Таксама назіраюць за катаваннем Радзівіл Геркулес, яго сыны – Руды і Чорны, Альбрэхт Гаштольд і яго сын Станіслаў, Міхал Рашчынскі і Варакса Семяновіч. Апошні ўвесь час хрысціцца і мармыча малітвы:
– Госпадзе, клянуся, я выкіну ўсе свае механізмы… Больш ніколі…
Стогны Магнуса ўзмацняюцца.
Радзівіл Геркулес гучна заяўляе:
– Хопіць! Вы ўпэўніліся, што мой лекар гаворыць праўду! Ніводзін чалавек не змог бы сылгаць пасля такіх пакутаў!
Бона холадна адказвае:
– Толькі не вядзьмак. У ведзьмакоў ёсць абарона ад болю.
Геркулес стрымлівае гнеў.
– Ды вы ўжо святой вадой яго наскрозь вымачылі! Рытуал экзарцызму правялі!
Бона ўладна загадвае:
– Працягвайце.
Вялікі Інквізітар ківае, ягоны памочнік мацней закручвае кола, якое напінае вяроўкі, што расцягваюць Магнуса. Лекар здушана ўскрыквае.
Радзівіл раз’юшана глядзіць у вочы Боне.
– Спыніцеся!
Бона вытрымлівае ягоны позірк:
– Ваша мосць мяне не спыніць!
Варакса кідаецца на калені перад каралём:
– Ваша вялікасць, мой настаўнік памірае! У яго слабое сэрца! Зірніце… Цыяноз… Difficultatem spirandi…
Магнус выгінаецца, з яго горла вырываецца страшны хрып, тады сціхае. Відаць, што алхімік страціў прытомнасць.
Жыгімонт раздражнёна адводзіць вочы.
– Сапраўды. Хопіць. Я пераканаўся, што слугі Юрыя Радзівіла не спрабавалі нікога атруціць.
Альбрэхт Гаштольд абураны.
– Яшчэ рана!
Вечны Інквізітар таксама незадаволены.
– Ваша вялікасць, я не выкарыстаў адзін спосаб…
Кароль устае.
– Спраўдзі яго на сваім гругане.
Выходзіць з катавальні. За ім вельмі незадаволеная Бона, якая абменьваецца ненавіснымі поглядамі з Радзівілам Геркулесам. Да Магнуса кідаюцца Варакса і Міхал.
Варакса ў адчаі.
– Яго сэрца не б’ецца!
За дзвярыма катавальні Альбрэхт Гаштольд даганяе Радзівіла Геркулеса.
– Можа, яго вялікасць і паверыў. Але я – не. Наша справа не скончана.
1534 г. Сад палаца Радзівілаў. Ганна і Барбара, ужо падрослыя, ля эолавай арфы. Цяпер яна ва ўсёй прыгажосці, распроствае крылы залаты арол на навершы, і вецер грае на струнах дзіўную мелодыю. Дзяўчаты падпяваюць, кожная на свой лад. Барбара пачынае трэніравацца ў складаных бальных танцах, прысядае, круціцца, падае руку ўяўнаму кавалеру. Гворыць какетліва-халодна:
– Ваша мосць не павінны так палка пазіраць на мяне, мая сукенка зараз загарыцца ад позірка вашае мосці…
Ганна падыгрывае малодшай сястры, падае ёй руку ў фігуры танца:
– Ах, я б усё аддаў, каб той агонь, які паліць маё сэрца, хоць трохі адагрэў ваша…
Барбара насмешнічае:
– Толькі калі вы не просты бедны шляхцюк-цяльпук з Белавежскай пушчы, падобны да мядзведзя…
Ганна злосна выпростваецца, зразумеўшы намёк.
– Мне няма ніякай справы да нейкага збраяносца.
– А хто табе футра белай лісіцы прынёс?
Ганна намагаецца гаварыць холадна-грэбліва:
– Справа слугі – паляваць для гаспадароў.
Барбара хітра прыжмурваецца:
– А хто заглядаўся на таго мядзведзя пушчанскага, калі той рыцарскую карусель выйграў?
Старэйшая сястра адварочваецца, каб схаваць румянак.
– Гэта нічога, нічога не значыць! Чуеш?
Увагу дзяўчат адцягвае вершнік, які імчыць у замак.
Чорны плашч лунае за ім, а ў небе вершніка суправаджае чорны груган.
Барбара тужліва прагаворвае:
– Ад каралевы… Зноў…
Ганна злосна кусае вусны:
– У чарговы раз у суд бацьку пацягнуць. Калі тая Бона нашай зямлі наесца?
Барбара спалохана азіраецца, шэпча:
– Кажуць, яна прывезла з сабой з Італіі такія сукенкі, што відаць усе грудзі… І змушае прыдворных есці за сталом вострымі маленькімі віламі… Дае патрымаць куфэрак, а з яго выскоквае атручанае джала… Укол – і чалавек памірае.
Ганна глядзіць услед вершніку:
– А раптам зноў – на вайну… А нашы толькі вярнуліся з Лівоніі…
У прыбудове палаца Радзівілаў ляжаць параненыя – хто на кінутым на падлогу сенніку, хто проста на голых, сплямленых крывёй дошках. Чуваць стогны. Моцна кульгаючы, абапіраючыся на кульбачку, ідзе Магнус. За ім Варакса з валізай з доктарскім рыштункам.
Магнус азіраецца вакол.
– Вось, Варакса, сапраўдны твар вайны. Не там, у параднай зале, дзе вітаюць Радзівілаў-пераможцаў, а тут, дзе гніюць раны і кружляюць зялёныя мухі. Падай драўляны алей…
Варакса падае шклянку, Магнус пачынае апрацоўваць рану стогнучага хворага. Той на імгненне ачуньвае, пазнае Магнуса і слабымі рухамі намагаецца яго адагнаць.
– Не, не, не трэба мне тваіх д’ябальскіх лекаў…
Магнус сумна глядзіць на параненага, які зноў страціў прытомнасць.
– А гэта сапраўдны твар нашага часу. Лізаць боты тым, хто адпраўляе цябе на смерць, і пагарджаць тымі, хто спрабуе захаваць тваё жыццё.
Варакса не хоча ўдумвацца ў сумны сэнс словаў.
– Настаўнік, я амаль дарабіў крэсла-павука…
Забягае Міхал. Ён шукае параненых са свайго атраду. Заўважае Магнуса і Вараксу.
– Варакса! Пан Магнус! Вы ўжо ачунялі!
Доктар усміхаецца.
– Душа чамусь учапілася ў гэтае нямоглае цела, і ніяк не хоча вызвалення.
Міхал хітра прыжмурваецца.
– Часта ўспамінаў паміж бітвамі вашага Плутарха. Падчас бойкі, праўда, пра іншае думаў.
Ва ўсмешцы лекара заўважаецца туга.
– Навучыўся добра забіваць?
Міхал сур’ёзнее.
– Часам мне здаецца, што я для гэтага народжаны.
Сумна абводзіць вачыма параненых, што ляжаць проста на сене.
Магнус ціха прамаўляе:
– Ніхто не народжаны забіваць, Міхал. Ніхто.
Малады рыцар схіляецца над параненым, якога толькі што лекаваў Магнус.
– Як ён? Гэта з майго атраду, Антон Кудзелька. Ён добры вой.
– Жыць будзе. Калі не будзе надалей лічыць свайго лекара д’яблам.
Вочы Міхала гарэзна блішчаць.
– Прабачце, пан Магнус. Я, калі малым быў, таксама думаў, што вы вядзьмак. Мы вас баяліся так, што, калі трэба было да вас наблізіцца, сціскалі ў кулаку зубок часныку.
Міхал паварочваецца да Вараксы, стукае яго па плячы, той ажно прысядае.
– Варакса! Што новага вынайшаў?
Вучань лекара незадаволена, з выклікам бурчыць:
– Пабачыш хутка.
З прыхаванай зайздрасцю акідвае вокам ладную постаць Рашчынскага.
– Як ёсць мядзведзь…
Да Ганны і Барбары, якія застылі ў трывозе ля эолавай арфы, падыходзіць Мікалай Руды, за якім ідзе Міхал.
– Бацька кліча. Сур’ёзная справа.
Ганна дэманстратыўна не заўважае Міхала, які не адводзіць ад яе вачэй.
– Навошта ты ўзяў з сабой гэтага… мядзведзя?
Мікалай Руды паціскае плячыма.
– Між іншым, ён брату нашаму жыццё выратаваў пад Старадубам.
Ганна адказвае перабольшана холадна.
– Гэта гонар для слугі.
Міхал апускае з горыччу вочы. У пальцах ён круціць залатое пёрка.
Княжыч і яго сястра сыходзяць. Да Міхала набліжаецца Сымон Жух. Радасна абдымае Міхала.
– Вярнуўся, Міхалка! О, які ладны рыцар! Вось бацька парадваўся б! Чуў, ты павышэнне атрымаў?
– Так, я цяпер дзясяцкі, дзядзька Сымон.
– Малойца! Ваяр! Глядзіш, соцкім станеш, а там і палкоўнікам… Галоўнае, глядзі, не забывайся, хто ты. Магнат сёння золатам абсыпе, заўтра бізунамі. Як там, пад Старадубам, было? Горача? Чуў, ты Чорнага выратаваў?
Міхал сумна апускае вочы.
– Горача было, дзядзька Сымон.
1534 г. Старадуб. Войска Юрыя Радзівіла Геркулеса ўзяло горад. Азвярэлыя жаўнеры забіваюць усіх, хто трапляецца пад руку. Гінуць жанчыны, старыя, дзеці. Хтосьці з жаўнераў здзірае адзенне з дзяўчыны. Сцелецца чорны дым пажарышча. Чуваць выкрыкі: “Слаўся, Юры Радзівіл Геркулес! Вікторыя! Вікторыя!”
Маладая жанчына з успоратым жыватом ляжыць, прыціскаючы да сябе немаўля, якое крычыць, крычыць, залітае крывёй… Мікалай Чорны застыў у жаху, апусціўшы меч. Яго здранцвелыя вусны шэпчуць:
– Не жывёла чалавек… Бо душу мае і міласэрнасць… Не мусіць Божая істота праліваць кроў іншае Божае істоты… Дарунак Божы – чалавечае жыццё, на якое пасягаць права не маем…
На Мікалая Чорнага, які не заўважае нічога вакол сябе, налятае з шабляй рускі стралец. Ворага пераймае магутны Міхал Рашчынскі. Міхал, увесь у варожай крыві, захінае сабой Чорнага, забівае стральца, потым – двух іншых… На шлеме Міхала блішчыць прычэпленае залатое пёрка радзівілаўскага арла. Нарэшце падбягаюць на дапамогу жаўнеры войска Вялікага Княства Літоўскага. Узначальвае іх рыцар на кані. Ён прыўзнімае забрала. Гэта – Мікалай Руды. На яго шаблі – варожая кроў, крывёй запырсканыя латы, вочы захоплена блішчаць.
– Гой-гой, слаўная сеча! Рад, што ты жывы, браце! Памятай – дзяржальна і лязо! Мы разам!
Мікалай Чорны ціха прамаўляе сам сабе, не адрываючы вачэй ад скрываўленага немаўляці.
– Не лязо я, Руды. Не лязо…
Руды імчыць далей, выхапіўшы шаблю. Чорны рашуча ступае наперад і бярэ на рукі немаўля.
У садзе палаца Радзівілаў Варакса выпрабоўвае сваё чарговае вынаходніцтва. Ён сядзіць у незразумелай жалезнай канструкцыі, якая сапраўды нагадвае павука. Сабраліся гледачы – чэлядзь замка, у першых шэрагах Зоська і Магдаленка, заўсёдныя насмешніцы.
– Гэта, напэўна, крэсла з чыстца! Для пакарання грэшнікаў, якія не станавіліся на калені падчас месы!
– Ці тых цяльпукоў, што не ўставалі пры набліжэнні высакароднай дамы!
Варакса, хвалюючыся, моцна тузае падважнік… “Лапы” крэсла-павука зрушваюцца з месца з непрыемным скрыгатам, гледачы спалохана вішчаць. Варакса працягвае тузаць падважнікі… Але нешта ідзе не так, адна “лапа” застрае, і ўся канструкцыя валіцца набок, пад смех натоўпу.
У зале палаца Радзівілаў госці за балявальным сталом падымаюць келіхі за гаспадароў палаца. Крычаць “Віват! Слава Радзівілу Геркулесу! За яго трыццаць перамог!” Грае музыка, бегаюць блазны з бразготкамі. Адзін з гасцей, у строгім чорным адзенні, з вялікім крыжом на грудзях – Вечны Інквізітар. За сталом таксама Чорны і Руды Радзівілы. Мікалай Руды есць з апетытам, п’е, але на жаніхоў сясцёр і іх світу паглядае ганарыста. Чорны, наадварот, на ежу не налягае, усміхаецца, вядзе ветлівыя размовы, па звычцы ўсё прыкмячае і наладжвае сувязі. Месца на чале стала пакуль пустое. Юры Радзівіл Геркулес, перад тым, як усесціся побач з Барбарай Кола, якая на яго запытальна паглядае, гаворыць убаку з Ганнай і Барбарай.
– Будзьце прыветнымі са сваймі жаніхамі.
Ганна абурана азіраецца на гасцей:
– Са Станіславам Гаштольдам? Гэтым… слімаком? Сынам Альбрэхта, нашага ворага? Ён мяне ненавідзіць!
– Ты – Радзівіл! Гонар найперш пачуцця. Мы мусім выканаць загад караля. Ніхто не рады. Але бачыш – сядзіць пасланец каралевы, гэты паганец Луіджы Сфорца. Ён нічога не прапусціць.
Ганна паглядае па Вечнага Інквізітара і выпадкова сустракаецца з ім позіркамі. Дзяўчыну скаланае.
Кракаў. Каралеўскі палац. Жыгімонт Стары сядзіць у высокім крэсле. Твар заклапочаны. Па правую руку ад яго – каралева Бона Сфорца. На яе вуснах ветлая ўсмешка, а вочы з нянавісцю сузіраюць магнатаў, якія стаяць, намагаючыся адзін да аднаго не набліжацца – Юры Радзівіл Геркулес і Альбрыхт Гаштольд з сынам Станіславам. Побач з каралевай, за спінкай яе крэсла – Вечны Інквізітар, вядомы пры польскім каралеўскім двары як далёкі сваяк каралевы Луіджы Сфорца.
Кароль аб’яўляе:
– Я не хачу больш чуць скаргі яе вялікасці. Гарадзенскае староства перадаю ёй.
Бона хавае пераможную ўмешку. Гаштольд таксама зласліва крывіцца.
Раптам дзверы расчыняюцца. У пакой, ганарыста закінуўшы галаву і спрабуючы паводзіцца ўпэўнена, заходзіць малады каралевіч – Жыгімонт Аўгуст. Ён хоча сесці ў вольнае крэсла.
Бона звяртаецца да сына мякка, але за гэтай мяккасцю – сталь.
– Ваша высокасць, мой сын, вы яшчэ занадта юны для такіх сумных размоў, што тут вядуцца. Не напружвайце сваё слабое здароўе.
Каралевіч чырванее ад гневу і ўсведамлення сваёй бездапаможнасці.
– Але я…
Бона перабівае сына:
– Вы яшчэ паспееце ўзваліць на сябе цяжар дзяржаўных клопатаў, а пакуль даверце іх несці сваім бацькам.
Аўгуст кідае запытальны позірк на бацьку, але кароль толькі хмурыцца і паказвае жэстам, каб каралевіч сыходзіў. Жыгімонт Аўгуст, угневаны і прыніжаны, устае, спрабуе годна трымацца, калі выходзіць з залы.
Радзівіл Геркулес ступае наперад:
– Ваша вялікасць, дазвольце нагадаць, што гарадзенскае староства мне дасталося ва ўзнагароду за перамогу над тэўтонцамі, здабытую цяжкой цаной!
Кароль, хаваючы няёмкасць, кідае хуткі позірк на каралеву.
– Такая каралеўская воля.
Радзівіл Геркулес не стрымлівае дзёрзкіх слоў:
– Несправядлівая воля, ваша мосць!
Альбрэхт Гаштольд таксама ступае наперад:
– Дазвольце напомніць, пан Юры, што калі пасада канцлера мусіла стацца ўзнагародай маім подзвігам, ваш брат Мікалай навёў на мяне паклёп, я паўтары гады адседзеў у вязніцы за здраду, якой не ўчыняў… Вы нічога не скажаце пра гэтую несправядлівасць?
Бона задаволена назірае, як пачынаецца чарговая звада паміж магнатамі.
Жыгімонт Стары ўскідваецца рашуча:
– Хопіць! Мне надакучыла варажнеча паміж першымі асобамі майго каралеўства! Я хачу мець надзейную зброю, а не тую, што ў любы момант выслізвае з рукі, каб нанесці ўдар самой сабе. Час аб’яднаць роды. У цябе, Юры, дзве дачкі. Абедзве, здаецца, дасягнулі шлюбнага ўзросту. Адна стане жонкай твайго сына, Альбрэхт…
Гаштольд і яго сын Станіслаў абураныя.
– Другую дачку аддасі за сына яго мосці гетмана Астрожскага. Я сам яму паведамлю.
Бона выглядае ўзрушанай гэтай навіной – муж праявіў сваволю.
– Ваша мосць, ці не стане гэта паспешлівым крокам?
Кароль адказвае з націскам:
– Такая мая воля. Усё. Аўдыенцыя закончана.
Да раззлаванай Боны схіляецца Вечны Інквізітар, нешта шэпча ёй на вуха. Магнаты не наважваюцца спрачацца, па чарзе падыходзяць да манархаў, кланяюцца, развітваючыся. Юры Геркулес таксама схіляецца перад Бонай.
Бона ціха гаворыць яму:
– Я нічога не забываю, ваша мосць. Я пастараюся, каб з вамі абышліся па справядлівасці.
Жыгімонт Аўгуст падыходзіць да сваіх сяброў, Рудога і Чорнага, якія чакаюць яго ля вакна каралеўскага палаца.
Руды не вытрымлівае:
– Ну, што?
Жыгімонт Аўгуст намагаецца падацца спакойным.
– Прагнала.
Чорны асцярожна заўважае:
– Ваша высокасць заслугоўвае большай увагі з боку каралевы-маці.
Абурэнне каралевіча выплёхваецца:
– Ды лепш бы яе не было зусім, той увагі! Жыву, як заціснуты між двума шкельцамі… Таго няможна, гэтага няможна, вы яшчэ юны…
Руды кладзе руку на плячо сябра.
– Плюнь, Аўгуст! Паехалі лепш у Белавежу. На паляванне! Памятаеш, як у карчомцы посуд білі…
Маладыя людзі дружна рагочуць.
Каралевіч змрачнее.
– Калі адпусціць. Яна супраць, каб я быў з вамі. Але я мужчына! Пайшлі адсюль.
У палацы Радзівілаў працягваецца пір з нагоды заручын сясцёр Радзівілянак. Ганна азіраецца: побач з Вечным Інквізітарам сядзіць малады Станіслаў Гаштольд. Яго прыгожы нервовы твар выказвае грэблівасць, у бок Ганны ён пазірае з сапраўднай агідай. Станіслаў нічога не есць і не п’е, пакуль ягоныя прыбліжаныя не пакашуюць. Час ад часу Луіджы Сфорца штось шэпча яму на вуха, Станіслаў паглядае на Ганну з яшчэ большай грэблівасцю.
Барбара азіраецца на свайго жаніха – Іллю Астрожскага. Той сядзіць панылы, ні на каго не глядзіць.
Маршалак застолля Станіслаў Давойна ўстае:
– Ушануйма ж старым звычаем слаўных продкаў! Няхай прап’юць нявесты чары са сваймі жаніхамі! Віват!
Госці падхопліваюць “Віват!” Пад суровым позіркам Геркулеса Ганна і Барбара выходзяць на сярэдзіну залы.
Давойна ўрачыста аб’яўляе:
– Іх вяльможныя мосці пан Станіслаў Гаштольд і гетманаўна Ганна Радзівілянка!
Да Ганны падыходзіць Станіслаў Гаштольд. Падае кубак з віном. Дзяўчына злёгку дакранаецца вуснамі і аддае жаніху. Яе галава горда прыўзнятая, вочы паглядаюць ганарыста. Станіслаў адпівае і незаўважна для гасцей, але заўважна для нявесты, дэманстратыўна выплёўвае адпітае назад. Віно, як кроў, на ягоных грэблівых вуснах. Ён відавочна ўгневаны непакорлівым выглядам нявесты.
Маршалак робіць наступную абвестку:
– Ягоная мосць яснавяльможны пан Ілля Астрожскі, намеснік браслаўскі і вінніцкі, і ягоная мосць гетманаўна Барбара Радзівілянка!
Барбара выходзіць наперад, пераадольвае збянтэжанасць, ганарыста ўздымае галаву. Выкрыкі ў зале: “Пекната!”, “Анёл! Чыста анёл!”, “А што будзе, як гэта ружа расквітнее!”
Барбара і Ілля Астрожскі выконваюць цырымонію без асаблівай ахвоты, не гледзячы адно на аднаго, але пакорліва.
Твар Міхала, які стаіць у куце разам з іншымі дробнымі прыдворнымі, не запрошанымі за стол, выказвае пакуту.
Пакой лекара. Магнус перадае Вараксу бутэлечку з празрыстай вадкасцю.
– Удасканалены рэагент… Як толькі заўважыш, што Луіджы Сфорца ці ягоныя слугі штосьці дзесь пакінулі, да чагось датыкаліся – правярай.
Варакса хавае бутэлечку за пазуху.
– Не хвалюйцеся, настаўнік! Не спушчу з гадзюкі вачэй.
Позні вечар. Знерваваная Ганна хуткім крокам ідзе па знаёмай сцежцы сада, да эолавай арфы. За ёй спяшаюцца Зоська і Магдаленка, не вельмі задаволеныя тым, што змушаныя сысці з балю. Азіраюцца, перашэптваюцца.
Магдаленка абураецца:
– Лепш засталіся б, патаньчылі…
– А ты бачыў, як жаніх на нашу панну зыркае? Я б пабаялася яму руку падаць.
Прывіднае святло паходняў пераўтварае сад у чароўны, але трывожны, свет. З боку палаца чуваць шум застолля. Выкрыкі, нават стрэлы, музыка…
Раптам з кустоў на дзяўчат кідаюцца некалькі чалавек у шляхецкіх вопратках. Прыслужніцы ўцякаюць. Ганну моцна ўхапіў яе жаніх, Станіслаў Гаштольд.
– Не вельмі ветліва ўцякаць з уласных заручын, вам не здаецца, ваша мосць?
Ганна вырываецца, ён амаль удаецца гэта, але Гаштольду дапамагае адзін з ягоных сяброў.
– Вось сучка шалёная, ваша мосць… Дужая…
Дзяўчына дарэмна тузаецца ў руках шляхціцаў са світы Гаштольда.
– Гэта вы ашалелі! Што вы сабе дазваляеце?
Станіслаў невясёла ўсміхаецца.
– Тое, што можа дазволіць жаніх, мая красунька. А жаніх мае права не быць зганьбаваным. Жаніх мае права да вяселля праверыць цнатлівасць сваёй нявесты. Асабліва калі ёсць сумнівы.
Сябры Гаштольда з цяжкасцю стрымліваюць Ганну, якая працягвае вырывацца.
– Праўду кажа італьянец – дасведчаная кабета, а не дзеўка…
Чуваць гучнае насмешнае крумканне варон.
Ганна адчайна крычыць:
– Мой бацька вас заб’е!
Станіслаў Гаштольд паблажліва паціскае плячыма.
– За што? Мы нічога супраць звычаяў не робім! Вось і сведкі ёсць нашага шлюбнага ложка… А вось і ложак…
Валачэ Ганну да лаўкі ля эолавай арфы. Ганна крычыць, але што яе крыкі на фоне шляхецкай гульбы і страляніны! Гаштольд разрывае на ёй сукенку, задзірае спадніцу…
І адпраўляецца ў палёт у кусты, падкінуты штуршком неверагоднай сілы. Гэта Міхал Рашчынскі. Ён – адзін, але незвычайна дужы і незвычайна ўгневаны. Раскідвае нападнікаў, як мядзведзь – шчанюкоў.
Жаніх выхоплівае шаблю:
– Ты пасмеў падняць руку на Гаштольда! Скуру злуплю!
Міхал, страшны ў сваёй сіле і ўменні ёю карыстацца, ухіляецца ад зброі княжыча і выбівае у яго зброю. Прыкладвае поўхай так, што Станіслаў Гаштольд валіцца і замаўкае. Міхал лёгка падхоплівае Ганну, якая трасецца ад рыданняў, на рукі і хуткім крокам рушыць у бок палацу.
Пасланнік каралевы прыадхінае цяжкія парцьеры, глядзіць, як Міхал нясе прыкрытую ягоным плашчом князёўну. Насмешна хмыкае.
Устрывожаны Варакса паглядае на Магнуса, які ўсхвалявана ходзіць па пакоі.
– Вось што я скажу, мой вучань… Нікому не прызнавайся, быццам нешта ведаеш пра падзеі гэтай ночы… Калі хочаш жыць. Каму трэба – усё ведаюць… У Луіджы Сфорца шпегі… Мікалай Чорны таксама прыродную здольнасць мае да інтрыгаў. Радуйся, што цябе з тваймі масянжовымі вушамі ды крэслам-павуком лічаць за дурнячка. Не спяшайся падацца разумным. Маўчы. Калі што – бяжы да мяне.
Юрый Радзівіл Геркулес вельмі ўгневаны, ён ходзіць туды-сюды перад Ганнай, якая захінае на грудзях парваную сукенку і ўсё яшчэ ўсхліпвае. Яе твар і рукі – у барвовых плямах і драпінах.
– Заручыны разарваць – з каралём пасварыцца. Рашчынскага не пакараць – Гаштольд у суд пацягне… Зняславіць. Гэх… Шылахвостка ты… Чаго пацягнулася сярод ночы ў сад, дзе поўна п’яных бэйбусаў?
Ганна, нібыта не даючы веры пачутаму, глядзіць на бацьку.
– Няўжо пасля такога… ты змусіш мяне пашлюбавацца з гэтым мярзотнікам?
Голас Радзівіла Геркулеса гучыць жорстка.
– Вось калі пасля такога ён на табе не жэніцца – табе ў кляштар толькі застаецца ісці.
У пакой уваходзіць Мікалай Радзівіл Чорны.
– Перагаварыў… Уладзіў…
Радзівіл Геркулес нецярпліва паварочваецца да пляменніка:
– Ну? Якія ўмовы?
– Пра тое, што адбылося насамрэч, усе пагадзіліся маўчаць. Мы не падаем у суд за гвалт над нявестай. Гаштольды не падаюць у суд за скалечанне адзінага спадчынніка. Заручыны захоўваюцца. Пасланец каралевы, дарэчы, ужо распытваў… Але мае людзі сказалі ўсё, як трэба. Ганны ў садзе не было. П’яны афіцэр Міхал Рашчынскі без прычыны напаў на князя Станіслава Гаштольда. За што будзе сурова пакараны. Горлам.
Ганна ўздыхае ад жаху.
– Ён жа абараніў мяне… Не даў згвалціць…
Мікалай Чорны сурова глядзіць на сястру.
– Думаю, ён гатовы і аддаць жыццё за гонар сваіх гаспадароў. Такая ўмова.
Геркулес ківае.
– Мы добра аддзячым сваякам за ягоную вернасць.
Ганна з горыччу прагаворвае:
– У яго нікога няма… Але што – нам… Мы – Радзівілы… Пан брат, вядома, забыўся, што Міхал выратаваў яму жыццё.
Чорны не апускае позірк.
– Я ніколі нічога не забываюся, сястра. І ніколі не кідаю справу на паўдарозе.
Ганна нервова ходзіць па пакоі. Барбара з жахам паглядае на яе здрапаныя рукі, збіты твар.
– А што пані маці?
Ганна з горыччу смяецца.
– Налаялася. Мушу ладзіць з жаніхом. Прыгразіла – калі ўздумаю заступацца за Міхала ды апавядаць пра гвалт – зараз жа адправяць у кляштар.
Барбара ціха і трохі вінавата кажа:
– Астрожскі добры. Падарыў мне пярсцёнак.
Ганна ласкава ўсміхаецца Барбары.
– Ты прыгажэй за мяне, сястра. Ты сапраўды – як анёл… Цябе немагчыма не любіць.
Барбара кідаецца да Ганны, абдымае:
– Цябе таксама палюбяць… Гаштольд зразумее…
Ганна нервова смяецца.
– Ён ніколі не перастане мяне ненавідзець. А я ніколі не дарую яму. І з-за сябе, і што з-за яго загіне Міхал… А я нават развітацца не магу…
Вызваляецца ад абдоймаў сястры, рашуча прыкусвае губу.
– Чаму ж не… Ніхто не перашкодзіць мне развітацца з тым, хто аддасць за мяне жыццё.
Кідаецца да куфра, дастае плашч.
Барбара ў жаху шэпча:
– Ты шалёная!
Ганна захутваецца ў аксамітную накідку з каптуром.
– Што мне губляць? Мой жаніх ужо назваў мяне шалёнай. І да таго ж самадайкай.
Зачэрпвае з куфэрка пярсцёнкі. Выслізвае за дзверы, апусціўшы капюшон плашча. Барбара ў жаху апускаецца на калені і пачынае маліцца.
Спрацаваныя рукі гайдука Сымона Жуха задумліва круцяць пярсцёнак.
– Як загадае ваша княская мосць. Богаўгодная справа – развітацца з асуджаным… Што ж, няхай небараку Міхалу будзе суцяшэнне апошняе. Добра, што бацька ягоны не дажыў…
Ганна аддае яму яшчэ адзін пярсцёнак.
– Нікому не гаварыце.
Сымон Жух незадаволена хмурыцца і не бярэ пярсцёнак.
– Не першы год служу вашым княскім мосцям. Але толькі дзеля няшчаснага Міхала… Пойдземце, ваша княская мосць.
Поўня свеціць праз краты. Лязкаюць засаўкі. Хтосьці ўваходзіць у камеру. Дзверы за ім адразу зачыняюцца. Міхал уздымаецца.
– Хто тут?
Голас яго ўздрыгвае – ён не можа не пазнаць сваю даму нават у прыцемку.
– Навошта, Ваша мосць? Небяспечна…
Ганна адказвае з горкай насмешкай.
– Небяспечна… Ты ведаеш, што цябе задумалі караць горлам?
Міхал, памаўчаўшы, гаворыць амаль мройна.
– Рыцар і смерць… Едуць яны на адным кані, вечна. Памятаеце, у дзяцінстве мы разглядалі малюнак у старой кнізе?
Ганна ў адчаі сціскае рукі.
– Я нічога не магу змяніць…
– Вы прыйшлі. Гэта бясконца многа. Запэўніваю, буду маўчаць пра тое, што адбылося ў садзе.
Дзяўчына скаланаеца.
– Я не для таго… Слухай… Я не належу сабе. Я – маёмасць роду. Але так не будзе.
Рашуча скідае з сябе накідку. Набліжаецца да Міхала. Кладзе руку яму на грудзі.
– Ты бачыў, якая чакае мяне шлюбная ноч. Не хачу, каб ён… Гаштольд… быў маім першым. Не хачу ніколі не даведацца, як гэта – калі цябе кахаюць.
Міхал адхінаецца.
– Пра што вы…
– Пра тое, што сваім сэрцам і сваім гонарам я хачу распарадзіцца сама.
Ганна зноў дакранаецца да Міхала. Той затрымлівае яе руку.
– А да мяне прыйшлі таму, што нябожчык ужо нічога не раскажа?
Ганна пачынае гаварыць усё больш ціха, яе словы нагадваюць заклён.
– Таму, што бачыла ўсе твае позіркі, на якія не адказвала. Чула біццё твайго сэрца… Ты ведаеш, што калі набліжаўся да мяне, тваё сэрца так калацілася, што я магла чуць яго паскораны крок?
Прыкладае руку да сэрца Міхала, намацвае пад кашуляй штось цвёрдае, выцягвае – гэта залатое пёрка на ланцугу.
– Таму што смерць дае волю. Пазбаўляе фальшывай пазалоты.
Праводзіць пальцам па шчацэ Міхала.
– Таму што гэта ноч волі. Тваёй і маёй. Апошняя. Адзіная.
Прапускае між пальцаў пасмы густых валасоў Міхала.
– Скажы, што пра гэта не марыў.
Міхал, пераадольваючы сябе, з пакутай адказвае:
– Не скажу. Вышэй маіх сіл… Саладзей маіх сноў… Прабач, Госпадзе…
Прыціскае да сябе Ганну. Вусны дваіх зліваюцца ў пацалунку. Міхал і Ганна апускаюцца на падлогу.
У месяцовым святле, якое прабіваецца скрозь краты, двое кахаюць адно аднаго. Як у апошні раз. Дзесь іграе дзіўныя мелодыі эолава арфа.
Мікалай Чорны глядзіць у вакно, як ягоная сястра, захутаная ў плашч, вяртаецца хуткім крокам у свой пакой.
– Што ж ты нарабіла, сястра…
Вечны Інквізітар перастрэў Магнуса ў калідоры палаца Радзівілаў.
– А я ўжо думаў, з’еду, не развітаўшыся са сваім старым знаёмцам. Тваё цела яшчэ захоўвае неверагодную моц, Якаб Магнус. Пасля ўсіх маіх высілкаў ты працягваеш паганіць сваёй прысутнасцю Божы свет.
Магнус цвёрда глядзіць на ворага.
– Свет паганяць такія, як вы, ваша мосць. Колькі бязвіннай крыві на вашых руках?
– Толькі гнілая кроў грэшнікаў. Такіх, як гаспадары гэтага замка.
Вочы Магнуса ўспыхваюць гневам.
– Я не дам вам іх звесці са свету, як у Фларэнцыі звялі род Манучыні.
Вечны Інквізітар здзекліва ўсміхаецца.
– А, ты ўсё яшчэ памятаеш вядзьмарку Лаўру?
– Не пэцкайце яе імя сваім паганым ротам.
Луіджы Сфорца рады, што змог дастаць у лекара да жывога.
– Пэцкаюць імёны ўчынкі… А колькі ўсяго цікавага адбудзецца ў хуткім часе тут, Магнус! Буду сачыць за падзеямі, як у тэатры з уласнай ложы…
Магнус здзекліва кідае:
– Шкада, я не прысутнічаў у тым тэатры, калі ваша мосць за словы паклёпу супраць Радзівілаў выяўляла з сябе сабаку.
Вечны Інквізітар бялее пры згадцы пра ганьбу, якую давялося зведаць, калі яго змусілі гаўкаць па-сабачы за недаказанае абвінавачванне. Зразумела, што не забудзе і не даруе.
У сваім пакойчыку ў палацы Радзівілаў Варакса зноў працуе над хітрым механізмам крэсла-павука.
Дэталі час ад часу падаюць, Варакса незадаволена лаецца.
Забягае Магдаленка.
– Варакса, для яе мосці Ганны патрэбны адвар ад нестрававання.
Варакса не адрывае вачэй ад сваёй працы.
– Добра, зраблю…
Магдаленка не спяшаецца сыходзіць.
– А бялілы і чырванілы для мяне? Ну, Варакса, ты ж абяцаў…
Варакса гэтак жа заняты працай.
– Будзе час…
– Ну, Варакса… Ну калі ласачка…
Магдаленка цмокае хлапца ў шчаку. Той так здзіўляецца, што перарывае працу.
– Зробіш? Ну што табе варта?
Варакса хавае збянтэжаннасць, зноў бярэцца за механізм.
– Заўтра прыходзь
Магдаленка какетліва пазірае:
– Прыбягу!
Калі яна сыходзіць, Варакса ў разгубленасці кранае рукой месца, куды Магдаленка яго пацалавала. Злёгку мройна ўсміхаецца. Потым ягоны твар змрачнее.
– Ад нестрававання, значыць… Трэба настаўніку сказаць…
У пакоі Радзівіл Геркулес, Ганна і Мікалай Радзівіл Чорны.
Чорны аб’яўляе:
– Не скажу, што гэта далося мне лёгка, два месяцы перагавораў… Але… Як ні дзіўна, паспрыяў Луіджы Сфорца. Станіслаў Гаштольд нарэшце пагадзіўся прабачыць Рашчынскага. З умовай, што той будзе біты ля ганебнага слупа і адпраўлены служыць як далей.
Ганна ледзь стрымлівае крык радасці.
Геркулес задаволена ківае:
– Што ж, справядліва – захаваць жыццё такому слаўнаму вою… Ачуняе пасля пакарання – адправіць у войска ў Лівонію. Соцкім.
Князь кідае сярдзіты позірк на Ганну.
– А ты бяры прыклад з сястры. Маліся, менш на людзях бывай.
Ганна горача просіць:
– Ваша мосць, а дазвольце мне з’ехаць у кляштар да вяселля.
Геркулес пагаджаецца:
– Добрая думка. Хай сунімуцца плёткі.
Сымон Жух б’е пугай прывязанага да слупа Міхала Рашчынскага.
– А я ж казаў табе… Падалей ад паноў… Не давядзе да дабра… сяброўства з магнатамі… І з магнаткамі асабліва…
З-за кустоў, як калісь у дзяцінстве, назірае за экзекуцыяй Ганна. Адна яе рука прыціснутая да жывата.
Пакой лекара. Магнус зноў мажа зраненую спіну Міхала. На гэты раз Міхал скалечаны нашмат сур’ёзней.
– Цяпер будзеш ляжаць тыдзень.
– Не, мне трэба…
– Калі б ты лепей адрозніваў, што табе трэба, а што ты можаш сабе дазволіць, ты б не ляжаў тут. Як пачуваецца князёўна Ганна?
Міхал спрабуе ўзняцца, але са здушаным стогнам болю падае на ложак.
– Чаму вы пытаецеся…
Магнус змрочны.
– У яе нестрававанне. Нічога падазронага. Няхай. А што вы будзеце рабіць праз некалькі месяцаў? Чым ты ўвогуле думаў, хлопча?
Міхал разумее, што лекар усё ведае, глуха гаворыць.
– Я думаў, што мушу памерці… Я гатовы дзеля яе…
Магнус сумна перапыняе.
– Ведаю, ведаю… Я сам у свой час зрабіў падобнае глупства. Яна была высокага роду, а я ўсяго толькі малады доктар… Я паддаўся спакусе – і вось ужо дваццаць гадоў жыву на чужыне, на ўскрайку чужога гнязда. А яна… загінула. Я дапамагу вам.
Міхал зноў робіць спробу ўстаць.
– Я вечна буду маліцца за вас…
У садзе ля эолавай арфы. Да Ганны падыходзіць Міхал. Абдымкі, пацалункі… Князёўна шэпча:
– Ты скора ў войска… А заўтра я з’язджаю…У манастыры лягчэй будзе схаваць… тое, што здарыцца ў сакавіку.
Міхал шэпча:
– Магнус нам дапаможа. Вер яму. А я ніколі не пакіну цябе і дзіця… Вярнуся нават з пекла…
Эолава арфа плача.
Кракаў. Каралеўскі палац. Перад каралевай Бонай схіляецца Вечны Інквізітар.
– Яны ніколі не аб’яднаюцца. Гаштольды, Астрожскія і Радзівілы. Вашы ворагі працягваюць знішчаць адно аднаго. Вяселлі адкладзеныя.
Бона прыжмурвае вочы.
– Не супакоюся, пакуль не знікне апошні атожылак праклятага роду Радзівілаў.
У пакой заходзіць Жыгімонт Аўгуст.
– Ваша вялікасць, я хачу з’ездзіць на паляванне ў Белавежскую пушчу.
Бона ласкава, але цвёрда кажа:
– Вы яшчэ не ачунялі ад апошняй застуды, мой сын. А Радзівілы – не самая лепшая кампанія для вас.
Жыгімонт Аўгуст угневаны, аднак не наважваецца пярэчыць, кланяецца і сыходзіць.
Кляштар пад Гародняй. Цёмны пакой у сутарэннях.
Ганна нараджае. Ёй дапамагае Магнус. Барбара сядзіць побач з ложкам, трымае сястру за руку. Ганна заціскае рот хусткаю, каб не крычаць.
Нарэшце нараджаецца дзяўчынка. Яе адразу ж укладваюць у кошык, Магнус выносіць дзіця з пакоя.
Барбара жагнаецца.
– Слава Госпаду… Цяпер можна забыцца на гэты жах. Вярнуцца ў Нясвіж. Зрабіць выгляд, што нічога не было…
Знясіленая Ганна знаходзіць позіркам сястру.
– Няўжо ты… думаеш… што я забудуся на сваё дзіця, сястра?
Барбара ў адчаі:
– Ты шалёная!
Лівонія. Поле. Відаць, толькі што тут завершылася крывавая сеча. Ляжаць забітыя, чуваць адчайныя крыкі нейкай жанчыны. Стамлёны Міхал прысеў спінай да дрэва, кладзе побач меч. Дастае беражліва з-за пазухі ліст. Перачытвае, цалуе… На яго твары мройная ўсмешка.
Пакой лекара Магнуса ў замку Радзівілаў. Ганна Радзівіл стаіць, аголеная да пояса. Магнус моцна перацягвае палатном яе грудзі. Ганна моршчыцца.
– Як бы я хацела сама карміць сваё дзіця…
Магнус заканчвае працу.
– Яшчэ тыдзень, і малако знікне. Будзеце піць адвар, які прынясе Варакса.
Мікалай Радзівіл Чорны страляе з арбалета па мішэнях. Хоць меч ён трымае слаба, аднак у стральбе досыць трапны. Збаны з намаляванымі на іх смешнымі тварамі разлятаюцца адзін за адным. Каля Радзівіла стаіць на каленях Магдаленка.
– Ваша мосць, я праўда нічога не ведаю… Іх мосці Ганна і Барбара не ўзялі мяне з сабою манастыр. Яе мосць Ганна больш не давярае мне…
Мікалай Чорны зноў прыцэльваецца, страляе.
– А шпег каралевы табе давярае, значыць? Хіба не ты ўзяла ў яго ўчора ў карчме дваццаць залатых дынарыяў?
Магдаленка з жахам заломвае рукі.
– Ваша мосць, не пагубіце! Я бедная дзяўчына, сірата! Як я магла адмовіць пасланніку каралевы!..
– Будзеш дакладаць Сфорца толькі тое, што я табе кажу. Ясна?
Чорны ўмее кіраваць людзьмі, ад яго сапраўды сыходзіць небяспека. Магдаленка гэта адчувае, і аж трасецца ад жаху перад гэтым маладым, не дужа моцным чалавекам з пільным позіркам.
– Слухаюся, ваша мосць…
– Расказвай пра Ганну… Будзеш ілгаць – адразу зразумею.
Страляе ў мішэнь, Магдаленка ўздрыгвае.
– Княжна моцна змянілася…
У пакоі двух дачок гаспадара замка, Юрыя Радзівіла па мянушцы Геркулес, цёмна і ціха. Дрогкае святло свечкі. Даносіцца шум балявання, п’яныя выкрыкі, музыка. Старэйшая сястра, Ганна Радзівіл, сядзіць на ложку, схілілася над маленькім дзіцём, якое спіць. Барбара сядзіць ля дзвярэй на крэсле, уся напятая.
Ганна шэпча дзіцяці:
– Яшчэ хвілечку… Яшчэ праменьчык святла… Зорачка мая…
Барбара пагойдваецца ў крэсле, мармыча:
– Ты шалёная. Ты шалёная. Ты шалёная…
Ганна працягвае шаптаць:
– Не слухай цётку. Цётка добрая. Яна цябе лю-біць… Лю-біць…
Барбара нервова рэагуе:
– Нашу маленькую смерць? Любіць? Ты шалёная.
Дзіця ўскрыквае праз сон. Ганна нахіляецца ніжэй, Барбара скаланаецца.
– Тс-ссс… Люлі… Люлі… Прылятуць гулі… Прынясуць штосьці… Для маленькай Зоські…
Паварочваецца да Барбары.
– Не тузайся так. Міхал даў ёй макавы адвар.
Унізе крычаць асабліва гучна. Да крыкаў і музыкі далучаецца спрадвечная мова зброі.
Барбара ўскоквае, прыкладаецца вухам да дзвярэй.
– Сіл няма… Колькі я дапамагала табе хавацца з тваімі любошчамі… Пану бацьку маніла… Маці… Братам… Чула, ад цябе зноў жаніх адмовіцца хоча.
Ганна не адрываецца ад дзіцяці.
– Мне ўсё адно… Праўда, зорачка?
Барбара нервуецца.
– Табе ўсё адно – за сваім ляснічым свету не бачыш… А я гінуць не хачу. Не хачу! Ні ў кляштар, ні за драбязу якую выходзіць…
Ганна звяртаецца да соннага дзіцяці.
– Не слухай цётку, твой татусь – не ляснічы, ён рыцар. Ён проста родам з Белавежскай пушчы. Ваяр.
Барбара насмешна кідае:
– Слуга.
Ганна з’едліва адказвае, працягваючы размову з дзіцём:
– А цётачка ў нас будзе каралевай. Не менш. Паглядзім, што з ёй станецца, калі пакахае. Калі з’явяцца ў самой дзеткі…
Барбара пагардліва кідае:
– У шлюбе. Не бастарды.
Чуецца ціхі ўмоўны стук у дзверы. Барбара, спяшаючыся, адчыняе засаўкі. Азіраючыся, уваходзіць высокі плячысты шляхціц, Міхал.
– Ганусю, час…
Ганна асцярожна падае яму дзіця, Міхал цалуе і моцна абдымае іх абодвух… На нейкі час яны застываюць. Барбара глядзіць на іх з зайздрасцю. Міхал і Ганна асцярожна ўкладваюць дзіця ў кошык з накрыўкай.
– Яна прачынаецца… Хутчэй…
Міхал хавае кошык пад плашчом, выходзіць… Але адразу ж бегма вяртаецца. На калідоры шум, па каменнай падлозе гулка стукаюць абцасы некалькіх чалавек. Сёстры хаваюць Міхала ў цяжкую шафу, падобную да маленькага палаца. Мужчына прытульвае да сябе дзіця, якое пачало круціцца і хныкаць.
Дзверы з грукатам расчыняюцца. Першым уваходзіць Юрый Радзівіл Геркулес, за ім – Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Геркулес угневаны. Ягоны сын раззлаваны яшчэ больш. Мікалай Чорны захоўвае раўнавагу, аглядае ўсё пільным позіркам.
Геркулес звяртаецца да дачок:
– Віншую, пустадомкі. Абедзве атрымалі гарбуза.
Ганна і Барбара недаўменна сустракаюцца поглядамі.
– У мяне толькі што быў Ілля Астрожскі. Патрабуе скасаваць заручыны з табой, Барбара.
Барбара гнеўна прыкусвае губу. Мікалай Руды таксама ўгневаны:
– Ганьба на ім, не на нас! Закахаўся ў пазашлюбную дачку караля – от жа вартая падстава! Сястра ні ў чым не вінаватая!
Радзівіл Геркулес раздражнёна хмыкае.
– Яно б і так, каб учора не атрымаў пасланне ад праклятага Гаштольда – патрабуе разарваць заручыны свайго сына з Ганнай. За ейныя непрыстойныя паводзіны.
Шпурляе на падлогу скамечаны ліст і стамлёна ўсаджваецца ў крэсла.
– Піша, што ты нагуляла дзіця.
Ганна спрабуе схаваць жах.
– Паклёп.
Мікалай Руды горача пацверджвае:
– Вядома, паклёп. Выклікаць на двубой… Слізкія, сквапныя Гаштольды… Не разумею, як ты мог сябраваць з імі, Мікалай?
Пільны позірк Мікалая Чорнага між тым слізгае па пакоі, спыняецца на карункавым дзіцячым каптурыку, які выглядае з-пад ложка. Барбара заўважае, куды скіраваны позірк стрыечнага брата, жахаецца… Мікалай шматзначна ўсміхаецца і адводзіць погляд.
– З вашага дазволу, ваша мосць дзядзечка, пан-брат і мае шаноўныя сёстры, выйсця няма толькі тады, калі ты заўважыў, што з тваіх грудзей паказваецца лязо варожага мяча, загнанага ў спіну. Думаю, шлях ёсць… Кароль па-ранейшаму да нас міласэрны…
Геркулес выбухае гневам:
– Каб не гэтая клятая італьянка! Без каралевы не абыйшлося! Мала патруціла Радзівілаў! Няшчасная сястра мая з дзецьмі, княгіня Мазавецкая, твой, Мікалай, бацька, брат мой Ян, светлай памяці… Усіх звяла ў магілу Боначка, каб ёй мячом павячэраць…
Чорны астуджае дзядзьку:
– Атрута і меч – апошняе, да чаго трэба звяртацца. Я сам бяруся перагаварыць з каралём…
З шафы даносіцца нейкія гукі. Ганна і Барбара кідаюць у той бок трывожныя позіркі, Мікалай Чорны таксама паварочваецца, каб зірнуць на шафу.
Між Міхал спрабуе не даць дзіцяці закрычаць, усё шчыльней прытуляе да сябе…
Чорны асцярожна разважае:
– Магу прапанаваць такі ход… Раз Станіслаў Гаштольд не хоча жаніцца з Ганнай з-за нейкай… надуманай… прычыны, няхай пашлюбіцца з Барбарай. А Іллі Астрожскаму прапанаваць Ганну. Усё адно каралева ніколі не дазволіць яму ажаніцца з Беатай Касцялецкай. У жылах той каралеўская кроў, а раптам нашчадкі будуць на трон прэтэндаваць? Самі ведаеце, як Бона Сфорца пільнуе сваю ўладу. Яшчэ пагрозы няма – а яна выпраўляе кагось на той свет. Так што прыціснуць Астрожскага… Нікуды не дзенецца.
Геркулес глядзіць на дачок.
– Можа, і выгарыць…
Ганна з горыччу вымаўляе:
– Нас, вядома, ніхто не пытаецца?
Чорны ціха адказвае:
– Ну, мы ж не дапытваемся, наколькі праўдзівыя плёткі пра цябе, дарагая сястрыца.
Кідае шматзначны позірк на дзіцячы каптурык. Ганна бялее. У шафе зноў штось шаргоча.
Руды сціскае кулакі.
– Усё-ткі гэта несумленна… Мяняцца нявестамі… Як жупанамі. Толькі ардалія! Божы суд! Біцца, пакуль хтось не паваліцца!
Чорны павучальна гаворыць:
– Гасподзь не любіць, калі праліваюць кроў, у той час як дастаткова праліць словы. І вы, дзядзечка, каб у маладосці адказалі на схільнасць італьянкі, не адпрэчылі яе…
Геркулес бліскае вачыма, усё яшчэ сінімі, як вечаровае неба.
– Язык прытрымай, пляменнік! От парода… Увесь у Яна ты, Мікалай… Той таксама хітрыў, з ворагамі сябраваў… Але добра, няхай будзе па твойму.
Падыходзіць да дачок, кожную абдымае, цалуе ў лоб. Ганна ўсё больш нервуецца.
– Нічога… Мы – Радзівілы! Мы – сіла!
Мужчыны выходзяць з пакоя. Мікалай Чорны ідзе апошнім, азіраецца, ківае Ганне. Барбара кідаецца зачыняць дзверы.
– Ён ведае… Чорны заўсёды ўсё ведае…
Ганна імкліва тузае дзверцы шафы.
Міхал сядзіць нерухома, глядзіць перад сабой поўнымі жаху вачыма, нібыта ў нікуды. Яго рука па-ранейшаму захінае твар дзіцяці. Міхал прыбірае руку, галава дзіцяці бязвольна абвісае.
Сад ля палаца Радзівілаў. Восень. Дрэвы неахвотна губляюць лісце. Пад старой ліпай жанчына ў багатай сукенцы ніцма ляжыць на апалым лісці, абдымаючы грудок зямлі. Побач стаіць маладая дзяўчына, гожая, з рахманым тварам. Яна спалохана азіраецца.
– Ганна, час ісці… Госці збіраюцца… Мне не паспеюць надзець вясельны ўбор… І так хапае розгаласу – малодшая сястра ідзе да алтара раней за старэйшую. Прашу цябе, пойдзем… І ўсміхайся, усміхайся… Нібыта ты за мяне рада.
Жанчына цяжка ўздымаецца, абтрасае спадніцу, выцірае твар тонкай рукой.
– Няхай хаця б табе пашчасціць, сястрыца. Хай ніколі не будзе ў тваім жыцці такой магілы. На якой нельга напісаць нават сапраўднае імя.
Здымае з сябе срэбны медальён на ланцужку – залаты арол блішчыць у промнях восеньскага няпэўнага сонца, – становіцца на калені і закопвае ўпрыгожванне ў зямлю.
– Няма шчасця пад залатымі кры́ламі, Барбара.
У сінім восеньскім небе ціха кружляюць груганы.
Ліпень-жнівень 2018, Готланд.
Апавяданні
Староста Юзаф і булачніца Яўдахія
Апавяданне
Прывілей быў з пячаткай. Конь быў белы. Гарадская шляхта п’яная дармовай медавухай і дагодлівая.
–Віват пану старосце!
Новы ўладар места на скрыжаванні Свіслачы і Нямігі, попелу, касцей і травы, прысыпанай першым сняжком, уязджаў у свае ўладанні. Атрымаў пасаду не за ўсмешкі, за паслугі перад тронам.
Радзівіл, які ненавідзіць Радзівілаў.
З задавальненнем кіруе секвестраванымі маёнткамі сваяка Пане Каханку. І роднага брата, кумпана таго чырванатварага балбатлівага Пане Каханку, не прызнае.
Ёсць справядлівая помста ў горадзе, дзе калісьці камяні малоліся на муку.
–Віват ягонай вяльможнай мосці, пану старосце менскаму Юзафу Радзівілу!
–Гарбункі! Гарбункі!
Пан староста нацягнуў цуглі, белы конь, куплены за дзве шапкі дукатаў, скасавурыў незадаволена чорнае вільготнае вока, падобнае да пераспелай слівы…
–Каму свежыя гарбункі?
Твар пана Юзафа пачаў таксама набываць слівовае адценне…
Месцічы, прыдворныя, блазны, хціўцы, славалюбцы, падлабунькаўцы і пахлебцы – хавалі ўсмешкі. Хто ў рукаве адамашкавым, хто проста даланёй з радавымі сыкгнетамі прыкрываўся… Больш спрактыкаваныя лізункі нат рысачкай не змяніліся – толькі вочы… У вачах смех… Рогат… Кепікі…
Каб ім восцень у зубы!
–Каму свежыя гарбункі?
Ваявода абвёў налітымі крывёй вачыма панылыя відарысы новага ўладання. Шэрыя камяніцы, гнілыя платы… Менск… Замардуй, загадуй, закалаці яго трыста радзімцаў і з радзімчыкамі!
Ваявода заўсёды ведаў, што паблажлівая ўсмешка – тое, што знойдзе ён, перасыпаючы пясок любой паважлівай увагі і багавейлівага позірку…
Юзаф Радзівіл быў гарбунком.
Не дай Гасподзь камусьці з вас мець такое дзяцінства, як займеў ягоная мосць, яснавяльможны Юзаф Мікалай Радзівіл… Ягоны бацька Марцін урадзіўся разумным… Хаця й страшнаватым, як жабяня. Вочы – адно на Алатыр-камень глядзіць, другое – на востраў Авалон. Мо таму захапіўся ў свой час алхіміяй, каб незямныя веды захілілі зямныя недахопы?
Усё глыбей засмоктвалі яго мосць пана Марціна забароненыя веды…
Вось ужо ад алхіміі перайшоў да магіі… Трэба толькі ўпадобіцца ўсходнім уладарам.
Вось ужо хапаюць па ўсіх вёсках прыгожых дзяўчат і робяць з іх “кадэтак” – няшчасных гарэмніц пан Юзафа.
Вось чорны дым з тыгляў зносіць да неба тыя рэчывы, што самое неба адмаўляецца прымаць…
А ўласная сям’я, жонкі, дзеці, — то ж замінішча!
Маці Юзафа, рахманая Аляксандра з Бялхацкіх, не вытрымала ваўкалацтваў мужа, памерла… Другая жонка, пані Марта з Трэмбіцкіх, больш трывушчая…. Затое з-за сваіх спробаў выправіць мужніны блюзнерскія паводзіны – апынулася пад замком. На голых дошках, на хлебе й вадзе… Разам з усім вывадкам дзяцей, і сваіх, і ад першай жонкі-гаротніцы. Старэйшай сястры пана Юзафа пашанцавала – у пятнаццаць выдалі замуж. Адзін з малодшых братоў застаўся няўцямным калекам – з-за пабояў бацькі… Юзафу таксама перапала. Кулакі ягонай мосці Марціна Радзівіла назаўсёды пакінулі яго гарбатым. Гарбунком.
Нават калі брат Марціна, Геранім Радзівіл, узяў замак Чарнаўчыцы, вырваў як з воўчых зубоў, для Юзафа мала што змянілася.
Бо не з-за спачування да няшчасных сваякоў, а з-за хцівасці, каб захапаць невымерныя валоданні Марціна Радзівіла, напад ладзіўся.
Уладальніка Чарнаўчыц, прызнанага недзеяздольным, пасадзіў на ланцуг брат Геранім Радзівіл. Калі па-праўдзе, дык такі ж вар’ят. Малодшых дзетак Марціна забраў другі дзядзька, Міхал Казімір Рыбанька, вялікі гетман. Так што Дамінік Радзівіл, брат пана Юзафа, гадаваўся ў бліскучым Нясвіжы, разам з Пане Каханку. Балі, паляванні, каруселі рыцарскія… А Юзаф, спадчыннік, патрапіў пад апеку шалёнага дзядзькі Гераніма. Той жа палон, толькі больш выгодны.
Толькі ў дваццаць тры, калі Гераніма Радзівіла паглынуў чысцец, пан Юзаф Радзівіл змог заняць адпаведнае свайму статусу месца.
Вядома, знайшлі яму жонку… Гожую ды радавітую. Шляхта рукі-боты цалавала…
Але пан Юзаф ніколі не мог забыцца на таго верабейчыка, што прылятаў на вакно замка ў Чарнаўчыцах, а яны з мачахай і братамі-сёстрамі мелі адзіную ўцеху – карміць таго птаха крышкамі хлеба…
І вось цяпер:
–Каму свежыя гарбункі?
Староста варухнуў густа-сівым брывом, і хутка абразлівы крык сціх.
Яўдахія, гандлярка, не магла даўмецца – чым выкліканая несправядлівасць новага старосты? Вось ужо дваццаць год яна прадае на Высокім рынку ля ратушы свае вырабы – печыва на мяду, што называецца «гарбункі».
Напчатку яно называлася дулямі – раскатаная змейка салодкага цеста завязвалася ў вузел, пасыпалася макам, і – у печку.
Але «Каму салодкія свежыя дулі?» — не надта прывабна гучала. А паколькі печанае смакаццё атрымлівалася гарбаценькім, выкручаным – дык і прыдумалася… Гарбункі!
І шкаляры езуіцкага калегіюму (які пры каралі Стасю перастаў быць езуіцкім), і пісарчукі з магістрату, і юрысты з палестры, і мешчукі з Траецкага, і кавалі з Татарскага прадмесця – усе любілі гарбункі Яўдахіі… А той што… Перажыла напады на горад і татар, і шведаў, і маскоўцаў, і сваіх жа ліцвінаў… Ледзь ацалела, калі шпіталь і школу пры царкве Святых Казьмы і Даміяна разганялі. Дзівілася на Міхала Валадковіча, сябра сардэчнага Пане Каханку, які ў столь менскага магістрату пуляў і казань ксяндза Аблачынскага сарваў, прывёўшы на пляц перад Святадухавым касцёлам цыганоў і мядзведзяў… Нават прывід таго пана Міхала, расстралянага за бясчынствы ў сутарэннях ратушы, бачыла – махаў ёй праз вакно… Няма чаго Яўдахіі баяцца. Двух мужоў страціла, пяцёх дзетак пахавала, воспай перахварэла… Засталася, як палын пры дарозе. Вось і ратуюць гарбункі, духмяныя, з макам ды мёдам!
І ў царкву Святой Кацярыны прыносіла спадарыня Яўдахія сваё печыва, клала ў скрыні для жабракоў, накрытыя ільнянымі рушнікамі… А тое, што, зусім непагляднае, заставалася на дне яе кошыкаў, таксама знаходзіла спажыўца. Спадарыня Яўдахія, пакрэктваючы, спускалася па стромых берагах Свіслачы, і прыгаворваючы «Гыля-гыля-гыля!» сыпала мядовае крышыва ў ваду…
Незразумела, для чаго тут быў покліч да качак, але прыплывалі на пачастунак менскія цмокі – тлусценькія, чорныя, з тоўстай ільснянай лускою. І хапалі наперабой рэшткі тых гарбункоў, замілавана паглядаючы на спадарыню Яўдахію маленькімі залатымі вочкамі.
Як жа Менск – без мядовых гарбункоў з макам?
А вось жа — вымелі з пляцу булачніцу разам з прылаўкам, печывам і жальбамі…
Памалілася Яўдахія святой Юстыніі і святому Кіпрыяну, ды зноў паставіла цеста… Толькі не такое салодкае. Надта ж солана было ў горле ад слёз.
Але назаўтра на былое месца на Высокім рынку, утульнае такое, ля старога дуба, ёй нават стаць не далі. Пагнаў жаўнер у каршэнь.
Толькі ад юрысты аднаго, пакупніка заўсёднага, пачула Яўдахія спачувальнае:
–Не крычы больш «гарбункі». А то і ў казематы патрапіш.
Адгрымеў першы баль, на якім знаёміўся з мясцовай шляхтай новы староста. Ледзь удалося пану Юзафу адгаварыцца ад таго, каб таньчыць… А панове-браты ківаюць пудранымі парыкамі ды ўсмешкі топяць. Яшчэ б – уяўляюць, як гарбунок таньчыў бы… Люд паспаліты пацяшаў.
І вось зноў едзе пан староста на сваім белым коніку, няздрадлівым, разумным, па брукаваных і небрукаваных вулках места, заснаванага млынаром Мянескам…
–Гарункі! Гарункі!
Зноў нацягнуліся цуглі… На гэты раз пан староста сам пад’ехаў да кабеты, што насмелілася абразіць яго.
–Каштуйце мае гарункі, ваша мосць, свежыя!
І пабачыў пан Юзаф Радзівіл, староста менскі, мяшчанку ў шэрым каптанчыку і бялюткім каптуры, з вачыма светлымі і дабрэннымі, як беларуская крынічка, і гарбатую – куды болей за яго… Нібыта волат Мянеск даў ёй па плячах кулаком і прыціснуў да сугліністай глебы, змусіў ссунуцца ўніз, як халяву бота…
–Пачым гарункі твае, шаноўная пані?– ціха папытаўся пан староста, седзячы высока, як на шыбеніцы, на белым кані.
— Ды пакаштуйце так, без грошай, літасцівы пане! Хай блаславіць вас святая Юстынія!
Адкусіў пан староста кавалак печыва… І пазнаў смак. Бо акрамя мёду і маку, мелі цяпер гарункі – не гарбункі – булачніцы Яўдахіі прысмак палыну.
Кажуць, аднойчы ўладар, што захапіў палову свету, жорсткі, як жалеза, і акрутны, як цівуноў бізун, адмовіўся ад свайго царства і вярнуўся ў родны стэп, калі пачуў пах палыну свайго дзяцінства…
І пан Юзэф так ясна ўспомніў – пакой Чарнаўчыцкага замку… Драўляная падлога… Каменныя голыя сцены, шэрыя, як сны вязьняў, што страцілі надзею… Адзіны яркі лапік – неба ў вакенцы. Верабейка… І ветрык, які прыносіў праз краты горкі пах… Палыну ці слёзаў?
Пан Юзаф кінуў гандлярцы ўсё золата, што меў у кішэні.
–Прынось свае гарункі мне кожную раніцу. Іх карысна есці ўсім. Каб не забываць…
Чаго не забываць – прыдворныя лізункі не зразумелі, але скемілі, што гарбатая гандлярка цяпер у фаворы. І абавязкова трэба набыць у яе гэтае печыва… Гарбункі? А, не, яно цяпер называецца «гарункі».
Не марцыпаны, але нічога, з’ямо, каб у адпаведнасці быць…
Вы думаеце, што спадарыня Яўдахія цяпер пабагацела, наняла рамеснікаў, пашырыла сваю справу на ўсё былое Вялікае Княства і выкупіла патэнт на шляхецтва?
Не кожны кусае кавалак большы за свой рот.
Гандлярка аддала залатыя на царкву і працягвала пячы па два кошыкі гарункоў штодзень, падкормліваючы жабракоў, шкаляроў і свіслацкіх цмокаў…
Не так шмат нам трэба для шчасця, спадарове, насамрэч – у двух кошыках змесціцца.
А высокае паходжанне – хіба ўратуе ад прысмаку слёз у кожным кавалку?
Памерла Яўдахія праз дзве зімы, застудзіўшыся на Высокім рынку, паміж дзьвюма паводкамі і двума рокашамі месцічаў супраць уладаў.
Памёр і пан Юзаф Радзівіл, староста менскі.
Абдвум гарбункам магілы выкапалі такія самыя, як і стройным людцам.
Смерці ўсё адно, якімі былі іхнія спіны.
Смерці ўсё адно, хто быў старостам, хто гандляркай.
Менская ратуша была зруйнаваная і адбудаваная. Даўно страчаны рэцэпт гарункоў…
Толькі палын, які расце на адхонах Свіслачы і туліцца пад сценамі там-сям захаваных манастырскіх муроў, мае ўсё той жа гаркавы смак, які не дасць нікому з тутэйшых забыцца, скуль ён насамрэч родам.
А свіслацкія цмокі сумна глядзяць уверх праз забруджаную ваду залатымі вачыма і просяць печыва.
Падыдзіце як-небудзь, паназірайце…
2018
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
МАЎЧАННЕ МАНДРАГОРЫ
Аповед
Мандрагора крычала.
З крылцаў матылёў сцерушыўся каляровы пылок, і няшчасная жамяра пападала на зялёную траву праклятымі анёлкамі. Каб так умеў гарлаць ягоная мосць канцлер Астафій Валовіч альбо ягоная мосць Мікалай Радзівіл Руды, ганебны Люблінскі сойм прыпадобніўся б зграйцы прусакоў, якія ўцякаюць ад трапнага кідка гаспадарскага чаравіка ва ўсе шчыліны варыўні.
Але сойм адбыўся, ліцвіны патрапілі пад залачаны абцас Кароны, а асабліва наравістыя з дэпутатаў зарабілі выгнанне і блыталіся па свеце, як ваўкі, якім на шыі ўздзелі маністы са званочкаў.
Ды мізэрныя сутнасці кшталту бруднага карэньчыка са звяглівым характарам часам здольныя змяніць рух грувасткіх механізмаў цэлых дзяржаў. Варухнуцца лейцы — і зорнае кола выцісне іншую каляіну на чорнай далані вечнасці.
Хударлявага старога ў манаскай расе звалі Мнішак, і не быў ён ні італійцам, ні мніхам. Ён асцярожна выцягваў з чорнай зямлі белы падвойны корань, што пачварна нагадваў чалавечую фігуру. Учэпістыя жоўтыя пальцы старога, упэцканыя ў перагноі, не дрыжэлі ад вар’яцкага крыку. А што ж, васкавыя коркі для вушэй выпрабавалі яшчэ арганаўты, ратуючыся ад заваблівых спеваў сірэн.
Вучань старога чарнакніжніка Грэгар, нізкарослы і трапятлівы, як сітаўка, падставіў скураны мяшок. Туды і адправілася чароўная расліна, якая вырасла пад шыбеніцай. Праўда, ад тае шыбеніцы цяпер застаўся толькі згнілы слуп. Але аднойчы пасеянае зло не перастае прарастаць стагоддзямі.
Грэгар хуценька завязаў мех, быццам баяўся, што мандрагора выскачыць, выслізне, як ласка альбо гадзюка. Мнішак выпрастаўся, трымаючыся за паясніцу, асцярожна дастаў з вушэй васковыя коркі і шпурнуў у траву.
–Хутка вы зможаце схіліць да сябе любое сэрца і павесці за сабой любое войска, найяснейшы князь Вольша!
Малады рыцар у блакітным жупане, вышытым срэбрам, таксама вызваліў ад воску вушы – мандрагора, якую выцягваюць з зямлі, магла не толькі пазбавіць слыху, але й давесці да вар’яцтва. Зялёныя, як смарагд, вочы князя – адначасова жорсткія і наіўныя, як у дзікуна — уважліва вывучалі аскетычнае аблічча старога.
–Спадзяюся, ва ўсім гэтым няма ўдзелу нячыстай сілы і згубы для душы?
Мнішак адрывіста перахрысціўся ўпэцканай у чарназём рукою.
–Хоць мая манаская раса падманвае, бо я не мніх, але жыццё я прысвяціў Госпаду… і спазнанню таямніцаў ягонага свету. Тынктуру з мандрагоры робяць ва ўсіх кляштарах, і брыгіткі, і дамініканцы, і францысканцы, і спадчыннік прастолу святога Пятра такую ўжывае… Ні вашай душы, ні целу нічога не пагражае! Галоўнае, адпіваць трэба непасрэдна перад важнымі перамовамі, іначай настой траціць сілу…
У абыякава сінім небе кружляў сокал, падобны знізу да літары, з якой пачынаецца слова Вікторыя. Але да перамогі было далёка… Быў час паразы. Час, калі моцныя схіляюць галаву на плаху, каб не схіліць калені, а слабыя паміж вастрыём і дзяржальнам мяча ката абіраюць дзяржальна і самі караюць былых паплечнікаў. Час крыві, час Фартуны і прагі да ўлады.
Вольша адкінуў пяцярнёй валасы з ілба. Пальцы – арыстакратычна тонкія і моцныя, як належыць вою — былі знізаныя пярсцёнкамі. Нобіль і ў выгнанні павінен захоўваць гонар роду. Валасы светлыя, выбеленыя сонцам некалькіх краінаў, але некалькі жорсткіх войнаў яшчэ не ўпляліліся ў іх сівізной… У зялёных вачах маладога князя гарэла тая апантанасць, з якой і будуюць, і руйнуюць Вавілонскія вежы.
–Я адпомшчу за сваіх бацькоў і за братоў! Збяру войска, і вернецца залаты век княства!
Пальцы, знізаныя пярсцёнкамі, сціснулі маленькую шкляніцу, што вісела на шыі на тонкім срэбным ланцужку. Шкляніцу, падобную да ледыша на краі даху, упрыгожвалі срэбныя карункі ў выглядзе анёльскіх крылаў. Вадкасць у ёй не была атрутай. Такія шкляніцы-слёзніцы ўвайшлі ў моду ў Вялікім княстве дзякуючы каралеве-італійцы. У моманты найвялікшага гора ў гэтыя сасуды збіралі ўласныя слёзы – жонкі, каб паказаць, як гаравалі ў расстанні па сужонцах, удовы – у доказ гора, палкія кавалеры – дзеля сведчання кахання… Праўда, што насамрэч калбацілася ў шкляніцах апошніх – слёзы альбо падсоленая вадзіца – паспрабуй, правер… Было і яшчэ адно прызначэнне слёзніцаў – назапашваць слёзы гневу і роспачы, што могуць быць аплочаныя толькі крывавай помстай. Князь Вольша не плакаў, нават калі, ачуняўшы ад ранаў, даведаўся, што бацька і два браты забітыя, а ўладанні сканфіскаваныя на карысць Кароны – за “здраду”. У шкляніцы са срэбнымі анёльскімі крыламі гарчылі слёзы Вольшавай маці, што яна паспела выплакаць, пакуль не згасла сама, як забытая на падваконні свечка…
Тынктура мандрагоры, змяшаная з такімі пякучымі слязьмі, неадменна надзеліць уладальніка нечуванай уладай над душамі, якую мелі Аляксандар Македонскі, Барбароса, Карл Вялікі, па адным слове якіх тысячы радасна беглі ў безнадзейную бойку, як мурашы на сцяблу, нахіленаму над ручаінай, не зважаючы, што сцябло занадта кароткае, і напрыканцы чакае адхон і згубная вада… Кідаліся, рушылі, ірваліся, высцілалі сваймі трупамі дарогу для таварышаў – і перамагалі… Няма ў ліцвінаў такога правадыра, патрапіла калісь маланка ў вершаліну гонкай сасны, і застаўся толькі каржакаваты абсечаны наверсе ствол…
Нічога, князь Вольша можа такім правадыром стаць. Галоўнае, мандрагору знайшлі!
Стары Мнішак пастараўся, каб малады гаспадар не заўважыў у ягоным поглядзе цень горкай насмешкі. Колькі разоў бачыў стары, як рука, якой замахнуліся на Галіяфа, усяго толькі збівала шапку з галавы якогась з ягоных незлічоных слугаў… Колькі разоў адмыслова выкаваны меч, якім рыхаваліся здабыць карону, назаўсёды тупіўся аб карчомны стол альбо страчваў бляск у п’яной бойцы…
Мандрагора варухнулася ў скураным мяшку, як аглушаная, але яшчэ жывая змяя.
У мястэчку ля разбуранага замка, што калісь належаў продкам Вольшы, была ўсяго адна карчма, адна царква, адна сярэдняй злавеснасці вядзьмарка і адна прыгажуня, пад вакном якой шляхцюкі скрыжоўвалі шаблі ды спаборнічалі ў куртуазных прамовах. Так што падваконны дыярыуш з цукру вуснаў, зораў вачэй ды шоўку валасоў мог прагаўкаць напамяць нават мясцовы сабака…
Князь Вольша, пабываўшы ў карчомцы, не мог прамінуць куртуазны турнір – так, дзеля забавы, як, ідучы дваром, сарваць з куста парэчак гронку. Цёмныя, крыху санлівыя вочы мясцовай Чароўнай Дамы зірнулі з вакна з аблезлымі чырвонымі ваканіцамі, і сэрца рыцара не працяла ані маланка, ані залатая страла, хіба кальнула голка крыўды. Дачка нейкага войскага, які мусіў развозіць позвы мясцовай шляхце, адварочваецца ад маладога гожага князя, няхай і апальнага! Сведкі паблажлівыя ўсмешкі хаваюць. Стрэмка маленькая, але ж смыліць… Як заваёўваць трон, калі зваліўся са звычайнага зэдліка? Вольша намацаў на грудзях слёзніцу з тынктурай мандрагоры… Адна кропля – і дзеўка гатовая будзе русявымі косамі яму боты выціраць, а нахабныя местачковыя шляхцюкі – укленчыць перад будучым каралём…
Можа, так і сталася б – але не лёс быў князю Вольшы прамовіць ані слова, узмоцненага сілай мандрагоры, бо паслізнуліся ягоныя саф’янавыя боты на каменнным выступе пад прыгажуневым вакном. І, здаецца, і не высока падаць – але гахнуўся няспраўджаны кароль проста скронню аб лаўку, нацёртую да бляску азадкамі кавалераў, і зялёныя, як смарагд, вочы ўтаропіліся ў ліцвінскае неба здзіўлёна-разгублена: няўжо гэта ўсё? І поўз па мёртвай руцэ з пярсцёнкамі час, як матыль, з крылцаў якога абсыпаўся пылок.
Чарговая эскурсія заявілася ў правінцыйнае мястэчка на Кузьму ды Дзям’яна, што апякуюцца кавалямі ды швачкамі.
Але развучыліся маладыя кабеты ў гэтым мястэчку шыць жупаны, світкі ды андаракі. На мясцовы рыначак кожную суботу прывозілі дробныя гандляры транты, пашытыя ў Турэччыне ды ў Кітаі. Кофты з нашытымі блішчынкамі, нагавіцы з чорнай матэрыі, што агідна патрэсквала, калі пацерці, кажухі, якія з другога канца вуліцы ды ў прыцемку можна прыняць за зробленыя з сапраўдных скураў. І кавалі перавяліся. Няма каму служыць вогненнаму богу Жыжалю. Засталася адна царква, адна рэстарацыя для вяселляў, хаўтураў ды турыстаў, адна мясцовая краязнаўка, што матавілам матала нервы начальству наконт захавання “культурнай спадчыны”, ды замак, адну вежу якога паднавілі настолькі, каб вадзіць перад рэстарацыяй турыстаў. У вежы зладзілі музей, куды згрувасцілі ўсё, што змаглі: выпрашаныя ў сталіцы пару карцін з выявамі былых уладальнікаў замка, калаўроты-рушнікі, сабраныя па хатах. А галоўнае – рэчы са старой аптэкі, што яшчэ за палякамі працавала ў мястэчку. Маленькія вагі, ступкі, рознакаляровыя бутэлечкі для мікстураў, пушкі з пігулкамі, якія даўно страцілі лекавыя якасці…
–Гэтыя шпалеры былі моцнай атрутай, — танклявы голас старога загадчыка музея дрыжэў, быццам кола па брукаванцы, жоўтыя ўчэпістыя пальцы асцярожна трымалі за краёчак рарытэтны папяровы ашмётак.—У віктарыянскую эпоху ўвайшоў у моду зялёны колер, смарагдавы, малахітавы… А яго дасягалі з дапамогай мыш’яку, альбо, як называлі яго раней, аршэнніку. Гасцёўня, абклееная такімі шпалерамі, ператваралася ў смяротную пастку, загадкавыя смерці абсякалі адзін род за другім. Гаварылі пра фамільныя праклёны, помслівыя прывіды, зачараваныя дамы… А смерць хавалася ў прыгажосці шпалераў, парцьераў, дываноў… Нават альбом з каляровымі малюнкамі ў эпоху каралевы Вікторыі мог забіць – столькі ў ім утрымлівалася мыш’яку!
Малады чалавек з вачыма гэткімі зялёнымі, быццам іх колер утварыўся не без дапамогі мыш’яку, з моднай хіпстэрскай светлай бародкай уважліва азіраў прылады і сасуды, што грувасціліся на вузкіх сталах уздоўж сценаў, удаючы кабінет алхіміка. Раптам зялёныя вочы апантана бліснулі.
–Выбачайце, што гэта такое?
Экскурсавод змоўк, удзельнікі невялічкай экскурсіі – з дзясятак студэнтаў-медыкаў, якія не змаглі “адмазацца” ад пазнаваўчага падарожжа, незадаволена азірнуліся на аднакурсніка. Але ўслых абурацца не сталі: Алег Корвускі хлопец гарачы, ды й завязваць з ім размовы небяспечна. Завядзе ўлюбёную гаворку пра слаўныя часы Вялікага княства Літоўскага, каланізацыю ды тыранію, сам пад падазрэнне падпадзеш. Чаму такім, як Корвускі, вечна трэба больш, чым іншым! Колькі разоў ледзь не адлічылі за ўдзел у розных там пікетах…
Стары загадчык, аднак, не зазлаваў, пільна зірнуў на дзёрзкага наведніка, чый палец паказваў на мізэрны шкляны прадмет, падобны да ледзяша ў пацямнелых карунках аправы. Лядзяш быў пачэплены за ланцужок на звычайны цвік.
–Гэта слёзніца, малады чалавек, — нетаропка прагаварыў стары, яго аскетычны твар нібыта хаваў напружанае чаканне і надзею. – Адзін з самых цікавых экспанатаў. Шаснаццатае стагоддзе. У такі сасуд збіралі слёзы, пралітыя з нейкай важнай прычыны.
–Значыць, там па-ранейшаму – нечыя слёзы? – нецярпліва перапытаў малады чалавек, адкінуўшы з высокага ілба валасы проста пяцярнёй, на якой так і мроіліся пярсцёнкі. У шкляніцы сапраўды спачывала мутнае рэчыва.
Загадчык пакрывіў бледныя вусны ў падабенстве ўсмешкі.
–Невядома. Сасуд не адкаркоўвалі некалькі стагоддзяў, і мы не сталі. Ён герметычны, вялікая верагоднасць пашкодзіць каштоўную рэч. А зараз, — гід павярнуўся да іншых наведнікаў, — я пакажу вам сапраўдны атанор, алхімічную печ. Яна знойдзеная ў ацалелых сутарэннях замка.
Гоман сціх дзесьці ўнізе. У пакоі застаўся адзін зеленавокі юнак. Усё выявілася надта простым. Стары нават не зрабіў спробы змусіць нахабу пайсці з групай, хаця і кінуў на развітанне востры позірк на маладзёна, які ўдавана ўважліва вывучаў металёвую прыладу для фармавання лекавых свечак. Чаму слёзніца ніяк не ахоўваецца? Усё-ткі рарытэт… Можа, відэакамеры? Хаця ў правінцыйным музейчыку з аблезлым пластыкам і ад рукі напісанымі цэтлікамі – адкуль ім з’явіцца? А, усё роўна… Ужо ўвечары Корвускі апынецца вельмі далёка, некалькі важных перамоў — і імя новага нацыянальнага лідара хутка пачуе ўвесь свет! І вернецца слава народу, які гатовы адрачыся ад волі і імя. Бо ніхто не зможа не паслухацца чалавека, які пакаштуе тынктуру мандрагоры, настоеную на слязах!
Студэнт таропка дагнаў сваю групу. Сэрца калацілася, як меч аб чужыя даспехі. Слёзніца з чужымі слязьмі халадзіла пад кашуляй ільдзінкай.
Да цягніка заставалася паўтары гадзіны, і зеленавокі пайшоў у вакзальны буфет… Не забыўшыся замовіць там прадавачцы на беларускай мове “філіжанку кавы”, каб атрымаць асалоду ад разгубленасці і раздражнення яшчэ адной “не панімаю, гаварыце на чалавечаскім языку”.
А вось дзяўчына, што пацягвала гарачы шакалад, стоячы за столікам побач, на забаўны інцыдэнт не ўсміхнулася. Дзеўка як дзеўка, на вуснах размазаліся кроплі шакаладу, чырвоная, трохі палінялая куртка-пухоўка, санлівыя цёмныя вочы, русявыя валасы па-старасвецку заплеценыя ў касу. Корвускі сустракаўся з куды больш прыгожымі і ўжо, вядома, разумнейшымі, якія маглі паразважаць пра віталізм расстралянага крытыка Адама Бабарэкі, і пра апошні фільм Алекса Ванвармердама, і самі маглі з прыдыханнем папрасіць у кавярні філіжанку кавы.
Але гэтая дзеўка толькі слізнула па зеленавокім студэнце санлівым позіркам і адвярнулася… І на спробы загаварыць адмоўчваецца. Ды грэбліва адсоўваецца – ну так, Корвускі выпадкова скінуў локцем на мармуровую падлогу купленую ў буфеце канапку са склізкім салёным гурком і вяндлінай… Ведала б дурніца, хто з ёй побач! Чыё імя хутка стане вядомым усяму свету! Рука сама намацала пад кашуляй шкляніцу на пацямнелым срэбным ланцужку… Урэшце, трэба ж праверыць, ці праўда тынктура ў слёзніцы мае абяцаную моц, ці голас чалавека, які выпіў яе, здольны падпарадкаваць любога? Адна кропля… Для пробы… І выпраўляцца ў шлях без агіднага адчування паразы. Дробнай, нічога не вартай – але ж паразы!
Кропля была салёнай, як сапраўды сляза… П’янкое адчуванне ўласнай моцы змусіла выпрастацца, ганарыста расправіць плечы, пацягнуцца…
Гэта была не вельмі добрая ідэя. Чаравік паслізнуўся на салёным гурку і вяндліне з канапкі, скінутай на падлогу, рукі нязграбна ўзмахнулі, а скронь паляцела насустрач металёвай ножцы стала, выкаванай у выглядзе вычварнай расліны…
Хто наступіў на шкляны лядзяш, які вісеў на ланцугу на шыі няшчаснага маладзёна, цяжка сказаць: цікаўнага народу збеглася шмат. Празрыстая лужынка, усыпаная шкельцамі, высыхала на вачах.
Мандрагора маўчала.
2015
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Я НІКОЛІ НЕ СТАНУ ЛЁТЧЫКАМ
апавяданне
Магдалена яшчэ раз азірнулася на двух дзетак, якія захоплена ўзіраліся ў сіняе-сіняе савецкае неба на плакаце з надпісам “І мы будзем лётчыкамі!”
Чаго менавіта гэты плакацік быў прышпілены трыма іржавымі канцылярскімі кнопкамі да дзверцы канцылярскай шафы ў кабінеце начальніка аддзела НКУС, было не зусім зразумела. Магчыма, гаспадар кабінету натхняўся паміж допытамі ворагаў народу, гледзячы на пухленькія замілаваныя твары плакатных дзетак: ёсць дзеля чаго змагацца, надрывацца бруднай, цяжкой, няўдзячнай працай! Магчыма, ён любіў авіяцыю і сам калісьці марыў лётаць.
Магдалена адвяла позірк ад аптымістычна яркага плакату і перарывіста ўздыхнула: няўжо дзеткі, што сочаць за аэрапланамі, стануць шчаслівейшымі, калі знікне, напрыклад, выпускнік Менскай мастацкай вучэльні Нарушэвіч Вадзім Пятровіч, які проста не вельмі ўдала намаляваў канаючага ў ванне героя камуны Марата?
Ну так, у самім сюжэце ёсць намёк на забойства Кірава, ёсць і прыкметы буржуазнага фармалізму. Дзе тут ванна, дзе паедзенае вашыма цела гераічнага таварыша Марата, дзе падступная манархістка Шарлота Кардэ са сваім атрутным кінжальчыкам – разбяры яшчэ, як ніты распушчанага рознакаляровага швэдара.
Але мастак заўсёды з’яўляецца асобай падазронай, плыткай і здрадлівай. Як паверхня дрыгвы. Мала што замаскаваўся пад урадлівую зялёную палянку… А нутро гнілое, бяздоннае!
Магдалена яшчэ раз уздыхнула і прыкусіла пазногаць. Маці калісьці мазала ёй кончыкі пальцаў гарчыцай: каб дачка пазбавілася нявартай прыстойнай дзяўчынкі звычкі абгрызаць пазногці.
Але мама далёка. А таварыш маёр Пятро Свідрыгайлаў зараз вернецца. І сказаць яму “не, я перадумала” — адмовіцца ад самой сябе, ад таго, што лічыш сваім каханнем.
Дзеля Вялікага Кахання варта ж аддаваць жыццё? Тым болей, калі гаворка – не пра жыццё, а пра…
Магдалена не з павятовых паненак старасвецкай эпохі – яна нават фоткі з зацягнутымі ў карсеты постацямі пансіянерак-гімназістак зацята павырывала з матчынага альбому і пакідала ў печку. Не хоча гэткіх продкаў! Лепей, як у бацькавым альбоме – крамяныя жанкі ў паркалёвых сукенках, з насцярожанымі шырокімі сялянскімі тварамі…
Але ж і ў іх, зняволеных працаўніцаў, былі свае забабоны! І яшчэ якія. Не захавала цнатлівасць да вяселля, не афарбавала прасціну ў першую шлюбную ноч у сакральную барву – уздзенуць хамут на бацькоў ды будуць вадзіць па вёсцы, ганьбячы, што дачку не дапільнавалі. А што ўжо з самой вінаватай зробяць…
Дзікунства! Магдалена вывучала фізіялогію і ведае, чым адрозніваюцца мужчыны ад жанчын. І што жаночая цнатлівасць – інструмент рэлігійнага дурману. Маленькая анатамічная падрабязнасць, якую цемрашалы ўзвялі ў ранг святыні. Яшчэ адзін ланцуг для жанчыны! Магдалена чытала раман расейскага пісьменніка Ганчарова “Адхон”. Гераіня аддалася каханаму мужчыне, адважнаму рэвалюцыянеру Марку, а пасля спалохалася, падпала пад уплыў кансерватыўнага асяродку і – сушыце скошаную траву. Яна, Верачка, упадлая, загінулая, сапсаваная, як прадзіраўленае вядро. Усе плачуць, жыўцом хаваюць…
Вось глупства! Гэта ж не радзіму прадаць.
А фізіялагічны кантакт з прадстаўніком савецкіх органаў – што ў гэтым прыніжальнага? Усё роўна што медагляд разам з урокам фізкультуры.
Галоўнае – што? Галоўнае – не дапускаць і адцення думкі, што ў гэтым штосьці няправільнае, заганнае, прыніжальнае, злачыннае.
Таму што тады гэта і зробіцца прыніжэннем і злачынствам.
І зноў захочацца шукаць праўды, пісаць скаргі, уяўляць – вось, варта нажаліцца наркаму Берману, і той жахнецца – як маглі арыштаваць таленавітага камсамольца Нарушэвіча, як мог следчы Свідрыгайлаў прапаноўваць непрыстойнае камсамолцы Магде Парахневіч, якая праходзіла сведкай па справе? І выправіць усё таварыш Берман…
Ніхто нічога не выправіць. Спатрэбілася ўсяго два тыдні на агонію наіўнасці.
Урэшце, усе гэтыя магнаткі і шляхцянкі не пярэчылі ж, калі іх перад вяселлем правяралі на цнатлівасць, альбо пасля прылюдна яе пазбаўлялі. Пра гэта ў педтэхнікуме распавядалі на ўроку гісторыі, як прыклад распусты эксплуататарскіх класаў – калі віленскі ваявода Мікалай Радзівіл сватаўся да дачкі менскага ваяводы Крыштафа Завішы Барбары, змусіў яшчэ да вяселля, пасля заручынаў, даць яму “зведаць прыемную пасцель” з нявестай, да таго ж у прысутнасці шматлікіх сведкаў, бацькоў-Завішаў, суседзяў, прыслугі…
Вось дзе ганьба!
А Вадзім будзе вольны. Маленькае непаразуменне выправіцца, і мастак Нарушэвіч працягне ствараць свае дзіўныя палотны… Не робячы, вядома, такіх жудасных памылак, як на карціне з Маратам, цалкам адмовіўшыся ад буржуазнага фармалізму. Магчыма, пачне маляваць вось такія прыгожыя плакацікі з савецкімі дзеткамі і аэрапланамі.
Магдалена ганарыста ўскідвае галаву і спрабуе страсянуць каротка стрыжанымі русявымі валасамі. Як рэвалюцыянерка на барыкадзе французскіх камунараў.
Атрымліваецца, напэўна, не надта велічна. Няма ў яе больш русявай касы, якая так падабалася Вадзіму. Абрэзала – пасля першага ж візіту сюды і звароту “барышня”. Хацелася выглядаць больш сурова, па-пралетарску. І менш прывабна.
Адзін з белых гольфаў здрадліва споўз да шчыкалаці, зморшчыўся бездапаможна… І, вядома, якраз у той момант, як Магдалена нагнулася, каб яго падцягнуць, і расчыніліся дзверы кабінету.
Цікава, або таварыш Свідрыгайлаў валодае карысным для разведчыкаў уменнем хадзіць бязгучна, альбо гэта яна, Магдалена, так разнервавалася, што не пачула крокаў у гулкім калідоры Канторы.
Гэты будынак у горадзе называлі амаль багавейліва – Кантора. З вялікай літары.
А таварыш Свідрыгайлаў зусім не брыдкі. Лысаваты, нізкаваты, слінявыя адтапыраныя вусны… Затое… Затое ён узначальвае аддзел НКУС. І менавіта ад яго залежыць лёс маладога пшанічначубага мастака Вадзіма.
Што кепскага ў тым маёры Свідрыгайлаве? Магдалена чакала – раз выклікалі на допыт, будуць, як з ворагам, яна ж сяброўка злачынцы, а следчы ні разу голас не падвысіў. Калі адмовілася пацверджваць віну Вадзіма — прапанаваў дапамогу, спачуваў, даў самой вырашыць – падумай, дзяўчынка, ці варта трымацца такога ідэйна няўстойлівага юнака?
У таварыша маёра таксама ёсць маці, магчыма, і жонка…
Здаецца, заручальны пярсцёнак паблісквае на караткапалай руцэ з чорнымі валаскамі? Значыць, жонка ёсць… І дзеці, магчыма…
Два аэрапланы на плакаце заклалі чарговы круты віраж на фоне бязвоблачнага савецкага неба.
Магдалене дужа захацелася апынуцца ў кабіне аднаго з гэтых крылатых апаратаў. Высока над зямлёй. У абдоймах ветру і з п’янкой адарванасцю ад усяго.
Але давялося ўстаць з цвёрдага (толькі ўстаўшы, разумееш, да чаго цвёрдага) зэдліка і, намагаючыся трымацца годна, адказваць, гледзячы ў нібыта бясколерныя вочы маёра дзяржбяспекі Свідрыгайлава “Так, я падумала, я згодная”.
Калі б Вадзім быў не такі сарамлівы і далікатны… Магчыма, у іх з Магдай зайшло б далей, чым тры пацалункі, і цяпер яна пачувалася б лягчэй.
Магдалена памятала кожны з гэтых пацалункаў.
Першы, з прысмакам веснавога ветру – на ганку бібліятэкі імя Пушкіна, пасля сустрэчы з Якубам Коласам. Усе разышліся, а яны, нядаўнія слухачы, што выпадкова апынуліся на суседніх крэслах, яшчэ амаль незнаёмыя, усё спрачаліся, ці праўда герой трылогіі “На ростанях” Лабановіч – рэакцыйны персанаж, мягкацелы інтэлігент, як даказвалі народныя крытыкі на сустрэчы, і дзядзька Колас памыліўся, паддаўся буржуазнаму нацыяналізму.
Вадзім народным крытыкам не верыў. Як і будучай настаўніцы Магдалене. І заторкнуў ёй рот пацалункам. Кароткім, як стрэл, і гэткім жа аглушальным. І сам, адкаснуўшыся, застыў, спалоханы сваёй смеласцю. А Магдалена яму – па шчацэ… З усяго размаху… Як у раманах.
Другі пацалунак быў са смакам вішні.
Яны елі вішні ў майстэрні, дзе выпускнікі мастацкай вучэльні шчыравалі, хто з якой дозай ляноты, над дыпломнымі працамі.
З палотнаў паглядалі калгасніцы з рукамі і нагамі, падобнымі да тэлеграфных слупоў, чырвонаармейцы з квадратнымі сківіцамі і вачыма, што гарэлі, быццам агні ў паравозных топках. Уладзімір Ільіч Ленін – на трыбуне, на браневіку, у атачэнні кучаравых дзетак, барадатых салдат, згаладалых сялянаў… Толькі Правадыра ніхто не намаляваў – не заслужылі недавучаныя студэнты вучэльні права маляваць Правадыра. Так у гэтым годзе вырашыла кіраўніцтва. Мабыць, пасля мінулагодніх мітрэнгаў, калі аднаго дыпломніка давялося тэрмінова адлічваць – за скажэнне светлага вобліку.
Дзе той недавучаны дыпломнік дзеўся – нават пытацца баяліся.
А Вадзім маляваў касіянераў Кастуся Каліноўскага. Змучаных, галодных людзей, якія грэюцца ля вогнішча сярод зімовага лесу, не выпускаючы з рук пераробленую з косаў зброю… Магдалене, якая пазіравала для адной з фігур – маладой сялянкі-інсургенткі, узброенай сякерай, ужо тады трэба было насцярожыцца. Пра асобу Каліноўскага хадзілі спрэчкі – ці не пераважваў ў ягонай асобе рэакцыйны нацыяналізм? Дый Нарушэвіч, не, каб маляваў, як усе – проста і зразумела. Фарбы пераліваліся, што вада на паверхні віра, шэрыя постаці на карціне нагадвалі не людзей, а засыпаныя снегам ядлоўцавыя кусты, і несла ад іх тугою, а не сталёвай моцай рэвалюцыі. І ў кіслым вішневым соку, які сцякаў па вуснах Вадзіма і ягонай мадэлі, застываў на пальцах, было больш рэвалюцыйнай фарбы, чым у гэтай карціне.
Але Магдалена закахалася.
Нічога сабе – апраўданне?
Але іншага не было.
Проста ўся яшчэ па-юначы хударлявая, нязграбная постаць Вадзіма, доўгія пальцы з кранальна выпіраючымі костачкамі, светлы пушок на верхняй губе, з кропкамі вішневага соку, бурштывавыя рысачкі, якія можна заўважыць у блакітных вачах – любая падрабязнасць выклікала жаль і замілаванне, і хацелася адначасова абараніць, прытуліць – і быць заваяванай, абароненай…
Таму і здарыўся трэці пацалунак – з прысмакам дыму.
Дыму ад бульбоўніка, які палілі на гародах Грушаўкі, менскага прадмесця, у якім жыў Вадзім. Там, ля ягонай хаты, крывабокай, як пабітая жабрачка, яны і пацалаваліся апошні раз. Назаўтра Нарушэвіча арыштавалі.
Так што таварыш Свідрыгайлаў, каржакаваты, з адвіслымі вуснамі і лысінай, якая амаль непрыстойна паблісквала ў атачэнні чорных валасоў, мусіў стацца першым мужчынам студэнткі педвучэльні Магдалены Парахневіч.
Затое яна не першая і не апошняя, хто атрымаў такую прапанову. Трохі жаночай увагі – узамен за волю дарагога чалавека. Да здзіўлення – і нават жаху Магдалены, яе маці, былая гімназістачка, такая ўся строгая-прыстойная ў сваіх вечных белых каўнерыках, адразу адрывіста параіла: “Згаджайся. І не толькі дзеля мастака твайго клятага. Бо калі арыштуюць цябе – пытацца не стануць. Не толькі пад аднаго начальніка ляжаш”.
Гэта было сказана з такой горыччу, з выпакутаваным горам, што Магдаліне давялося доўга адганяць здрадлівыя думкі, ці не зведала маці штосьці падобнае… Ці такім добраахвотным быў яе шлюб з бацькам, малапісьменным чырвонаармейцам з сялянскай беднаты, які загінуў дзесяць год таму дзесьці ў прадразвёрстцы, ад кулі кулака?
Магдалена заўсёды лічыла, што гэта для маці гонар – народжаная ў шляхецкай сям’і, гэта значыць, у эксплуататараў, стала сяброўкай жыцця рэвалюцыйнага байца, рэабілітавалася.
Магдаленін татка, рудаваты мажны мацак з рэдкімі пярэднімі зубамі часта жартам паўтараў, як адну гадзюку буржуйскую выратаваў, за жонку ўзяў, у канцылярыю прыстроіў. Расказваў смешныя байкі, як вучыў няўдаліцу прасаваць-гатаваць.
Гэта гаварылася весела, тата пасля абавязкова прыабдымаў маці, уладна туліў да сябе, гучна цалаваў у бледную шчаку, у тонкую шыю, гулліва шчыкаў…
Цікава, а ці цалавала яго калі сама жонка?
Магдалена не магла ўспомніць.
Што ж, бывае страшней…
Але калі яна ўбачыла кушэтку…
Звычайную кушэтку ў куце кабінету, абцягнутую брунатным дэрмацінам, на якую таварыш маёр тым самым жэстам, якім у п’есе Астроўскага купец Паратаў кідаў пад ногі Ларысе Агудалавай шыкоўнае футра, кінуў патрапаную посцілку ў чырвона-зялёныя шашачкі…
Магдалену ледзь не званітавала.
Карціна ў стылі экспрэсіянізму, пра які распавядаў Вадзім. Вязаны чырвоны берэцік, белая блюзачка з камсамольскім значком, сіняя плісіраваная спаднічка, белыя гольфікі, духі “Белая чаромха”, чыстае каханне ў сэрцы, – і даматканая посцілка ў чырвона-зялёныя шашачкі…
Любка з іхняга тэхнікума, пра якую гаварылі – “гуляе”, хвалілася, як адзін служачы з наркамгандлю вадзіў яе ў рэстаран, дарыў манто, паіў шампанскім з ікрой, а ложак быў з прасцінамі з кітайскага шоўку, з вышытымі цмокамі!
Хутчэй за ўсё, Любка прылгала. Можа, не былі прасціны з вышытымі цмокамі, а манто – з чарнабуркі.
Але кушэтка з посцілкай…
Магдалена ўсхліпнула. І ёй падалося, што яна не так ужо моцна кахае даўгалыгага бялявага Вадзіка. А калі чужая рука лягла на яе плячо, падумалася: ды хай бы і пасядзеў той Вадзік. Многа не дадуць. Гаварылі – год пяць. Папрацуе на савецкіх будоўлях, можа, яшчэ і на карысць пойдзе…
Не, гэта немагчыма… Яна не вытрывае…
Маёр абвёў далоньмі яе цела, як быццам здымаў мерку для труны, і задаволена вымавіў нешта кшталту “Ды няўжо ж твой кавалер з табой ні разочку?”
Магдалена ясна ўсвядоміла, што ад яе жадання тут ужо нічога не залежыць.
Ёй было холадна нават тады, калі зверху навалілася цяжкое гарачае цела. Дрыжэлі вусны, рукі, калені, перахоплівала дыханне – як у палонцы… Напэўна, было б правільным, каб у гэты час у галаве гучала імя каханага, дзеля якога і… Але ў думках у такт успышкам болю круцілася пракаветнае – “Мама, мамачка…”
Здавалася, ГЭТА не скончыцца ніколі. У Магдалены нават слова не знаходзілася для таго, каб назвать, што з ёй робяць. Яна проста адчувала сябе кавалкам мяса.
Напэўна, цяпер яна зусім па іншаму перачытала б таўшчэзны том Ганчарова, пра ашалелую ад страты цнатлівасці павятовую Верачку.
“Не хачу! Не хачу! Не хачу!”
Самае страшнае, аказваецца – адчуванне, што нічога не вернеш. Не выправіш. Што па-іншаму ў тваім жыцці ўжо не будзе. Атрымлівай свой першы раз, Магдаленка, як лёс варажыў, ну і сама згадзілася. Два аэрапланы з перацягнутымі швамі крыламі, быццам няўклюдныя стракозы, кружлялі пад плямістай столлю кабінета начальніка аддзела НКУС, усё гучней зумкаючы. Нарэшце зумканне зрабілася невыносна гучным, і раптам настала ціша.
Магдалена ачуняла ад таго, што яе злёгку паляпвалі па шчоках. Не білі – а пяшчотна паляпвалі. Чорныя зрослыя бровы таварыша Свідрыгайлава варушыліся, як вусені – Магдалена толькі і ўперылася ў гэтыя бровы-вусені, не ў змозе ні зазірнуць у вочы свойму першаму мужчыне, ні ўслухацца ў тое, што ён гаварыў.
А ён жа і дагэтуль не маўчаў – нагаворваў штосьці ласкавае, абяцаў, супакойваў… Па-свойму ён быў да яе добры…
Галоўнае, каб зноў не дакрануўся! Таму што калі ён яшчэ раз да яе дакранецца…
Але маёр быў спрактыкаваным у псіхалогіі і на гэты момант цалкам задаволеным.
Белыя гольфікі, якія таварыш Свідрыгайлаў адмыслова не стаў з яе здымаць, выявіліся сапсаванымі. Барвовыя пісягі – як ад вішневага соку.
На посцілку Магдалена старалася не глядзець. Відаць, давядзецца гаспадару кабінету выкінуць… дэталь інтэр’еру. Хаця… Не дзіва, калі тая посцілка, нікчымная сведка і пакорлівы саўдзельнік, дзясяткі разоў адмывалася пасля такіх жа здарэнняў. І добра яшчэ, калі на ёй няма крыві стваральніцы-ткалі.
Сцэна ў майстэрні з Вадзікам, карцінамі і вішнямі раптам падалася нерэальнай і зусім нязначнай.
Магдалена разумела, што калі б зараз да яе дакрануўся Вадзік, яе гэтак жа заванітавала б. Успаміны пра ягоныя кашчавыя рукі і пушок на верхняй губе больш не выклікалі ні жалю, ні замілавання.
Маці нічога не спытала. Нічога не сказала, нават калі заўважыла, як дачка, намацаўшы ў кішэні забытыя скамечаныя гольфікі з чырвонымі плямамі, адчайна шпурнула іх у печку, ляснуўшы дзверцай, нібы баялася, што выпаўзуць з агню. Жанчына моўчкі, хутка падрыхтавала гарачай вады, чыстую начную кашулю, прынесла Магдалене ў ложак цёплы кубак малака. Пацалавала ў лоб – доўга, пяшчотна, нібы ачысціла ад усяго. Доўга сядзела ў куце пакоя, моўчкі глядзела ў цемру, сціснуўшы тонкія рукі.
Магдалена не хацела ведаць, пра што маці ўспамінае.
Вадзіма не выпусцілі. Яго асудзілі на пяць гадоў папраўчай працы і адвезлі, здаецца, ва Уржум. Пра гэта Магдалене распавёў Вадзімаў сябрук, худзенькі заіклівы Толька-акварэліст, які дакорліва глядзеў на дзяўчыну, што не выявіла ніякай цікавасці да лёсу былога каханага.
Так, рэдкія лісты Вадзіка яна нават не чытала. Яны былі напісаныя не ёй, а іншай дзяўчыне, якая ніколі не ляжала на кушэтцы, абцягнутай брунатным дэрмацінам, з накінутай зверху посцілкай у чырвона-зялёныя шашачкі. І свой партрэт – блакітнавокая дзяўчыначка ў белым берэціку, з пшанічнай касой і капрызлівымі вуснамі – засунула кудысьці на гарышча. Туды, дзе ляжалі старыя кнігі, друкаваныя лацініцай, стосы перавязаных вылінялымі стужкамі лістоў, ды засунутыя ў каробку ад чаравікаў чорная канфедэратка з кукардай, на якой скакаў невядома куды срэбны вершнік, і нечы пажаўцелы вясельны вэлюм з аблезлым вяночкам.
На гарышчы пылілася шмат нікому не патрэбных рэчаў.
Усё роўна праз тры гады на месцы гэтага дома падчас першай жа бамбёжкі –самалёты кружлялі ў сінім бязвоблачным небе, як на старым плакаце — утварылася вялізная варонка, і ніхто ніколі не спрабаваў адшукаць, што засталося ад тых, хто тут для чагосьці жыў.
2014
Людміла Рублеўская
АЛІГ’ЕРЫ Ў ЛУЖЫНЕ
Адно пафаснае падарожжа
Пабачыць Венецыю і памерці…
Не тое, каб я была настроеная настолькі радыкальна.
Хаця адна мая сяброўка і сцвярджае мройна – ах, якая была б рамантычная смерць! – але смерць прыгожай не бывае. Дый Іван Бунін, чый аповед нарадзіў рамантычны вобраз “смерці ў Венецыі”, апісаў даволі прыкрае здарэнне і даволі гідкага героя…
У нас, кніжных, свая пыха – мы, маўляў, і так усё ўявім. Вунь адлюстроўваў Пушкін італійскія ды гішпанскія ночы, хаця вальнадумны мулат быў невыязным з імперыі, і нам даволі ўяўнага. Але…
Забыць Венецыю, а заадно і Рым,
І Дрэздэн, і Верону, і Варшаву.
Ёсць толькі неба, шэрае, як дым,
Над горадам, з якога не з’язджаюць…– пісала я калісьці ў тузе па няздзейсненым, не бачыўшы ніводны згаданы горад.
Ці варта здзяйсняць? Ці варта правяраць, наколькі адпавядае фантазія сапраўднаму? Ці не расчараваўся б нашчадак беларускіх інсургентаў Аляксандр Грын, калі б патрапіў у Зурбаган, ці пазнаў бы Маркес сваё Маконда, а іспанскі канкістадор – Эльдарада?
Але мы наважыліся на вандроўку.
І вось вам — Польша і Чэхія транзітам… Мільгаюць вострыя шпілі храмаў і двухпавярховыя акуратныя дамкі, кукурузныя і сланечнікавыя палі па-вангогаўску пераліваюцца зялёна-жоўтым, скураныя пантофлі, купленыя за злотыя на памежным рынку, дазваляюць адпачыць ад туфляў, чэшскія ёгурты замяняюць абед на колах… Варшава, Брно… Бокам, спехам, маргіналіямі… Ускраіны гарадоў паўсюль падобныя: распісаныя графіці шэрыя бетонныя паверхні, маленькія крамкі з цыгарэтамі і сланечнікавым алеем…
Ад Чэхіі Беларусь атрымала нават пачатак уласнага кнігадрукавання. А яшчэ шмат, шмат чаго. І гусітаў-прапаведнікаў, якія круціліся пры вялікім князі Вітаўце, і суполку беларускіх студэнтаў 1920-х, якія, як прынята ў беларусаў, разбіліся на групоўкі і пачалі між сабой грызціся. Раман аднаго з іх, з нетутэйшым прозвішчам Вальтар, называецца “Роджаныя пад Сатурнам”. Віктар Вальтар памёр ад сухотаў, не заспеўшы Другую сусветную і сталінскія рэпрэсіі, якія дашугавалі да Чэхіі. Тады ў Празе паэтку Ларысу Геніюш, якой дастаўся архіў БНР, і яе мужа-доктара не змаглі абараніць суседзі ад “арганістаў”, і беларусы атрымалі “Споведзь”, напісаную ў сталінскіх лагерах.
Мы ж атрымалі ў чэшскім гатэлі наранак сасіску і булку з джэмам.
А першы прыпынак наш быў у Бадэне. Вядома, многія турысты пачалі шчабятаць падвойнае “Бадэн-Бадэн”. Аказалася, той, падвойны, у Германіі, гэты – “сольны”, у Аўстрыі, пад Венай. Знакамітыя тэрмальныя воды смярдзяць на ўвесь гарадок серавадародам. Калісьці ў іх папраўлялі здароўе рымскія легіянеры, плёхаліся Моцарт і Бетховен. Вундэркінд Амадэй напісаў тут кантату «Аве Верум Корпус», якую выканаў у мясцовым саборы, і месцічы ад тае пары лічаць, што твор належыць ім. Глухаваты Бетховен сачыніў на другім паверсе сціплага жоўтага дамка Дзявятую сімфонію, выклікаючы абурэнне суседзяў гучнай ігрой. Геній запісваў народжаныя натхненнем радкі проста на аканіцах, і гаспадар ягонай кватэры, каб адпомсціць неспакойнаму кватаранту, аднойчы зняў гэтыя шыбы і прадаў разам з нотамі.
Цяпер на доме шыльдачка… Турысты задзіраюць галовы да вакна і прыслухоўваюцца. Ціха гудзе кандыцыянер.
З прысвечанага 9-й сімфоніі фільма “Лекцыя нумар 21” італьянскага пісьменніка Бенаквіста, які падаўся ў рэжысёры, я даведалася, чым жа Бетховен гэтак назаліў гаспадару і іншым кватарантам. Калі Людвіг аглух, то, подчас працэсу сачынення адной рукой граў мелодыю, а другой з усяе моцы малаціў па піяніна – каб ніхто не мог разабраць, што ён сачыняе, і не скраў музыку.
Доказ — “Ода радасці”, асноўную тэму якой можна сапраўды лёгка сыграць пальцамі адной рукі.
Хваравіты Бетховен дакладна прымаў ванны ў бадэнаўскіх тэрмальных водах. Там жа лекаваліся і дамы – толькі абавязаныя былі апрануцца ад горла да пятак. Моцарт, напрыклад, прывозіў сюды лячыцца сваю жонку Канстанцыю.
З дамскім адзеннем звязаная і мясцовая легенда пра князя, у якога разбойнікі, два браты, захапілі жонку, а заадно яе тры спадніцы. Жонку вярнулі, спадніцы таксама, праз дзевяць месяцаў княгіня, якая доўга лячылася ад няплоднасці, нарадзіла спадчынніка – вядома, усё спісалі на лекавыя вартасці мясцовай вады.
Ха-ха… Браты- разбойнічкі, падобна, палепшылі княскую пароду. Але на гербе Бадэна даволі фрывольная выява – пара сужонцаў сядзіць у балеі. Плоднасць аднаўляюць, трэба думаць.
Смярдзючую цуд-ваду з фантанчыкаў лепш не піць. Не тое, што казляняцем станеш, але ж гэта лекі, рэкамендацыі доктара трэба…
Прыбіральня ля плошчы з аўтастаянкай бясплатная, але ля ўваходу, на століку, талерка: хто колькі адшкадуе. “Руса турыста” ў асноўным не адшкадоўваюць. Малады акуратны хлопец, што працуе ў прыбіральні, пабачыўшы, што кладу ў талерку еўра, здалёк крычыць сваё “данке шон!”
У краме Бадэна набылі некалькі круглых мініяцюрных бутэлечак з лікёрам “Моцарт”. Моцарт на цукерках, Моцарт на кубках… Бетховена чамусьці амаль няма, і нават Ёгана Штрауса – а гэта ж і ягоная “рэкламная вотчына”! Менавіта тут ён пачаў сачыняць, сварыўся з бацькам, які страшэнна не хацеў, каб сын рабіўся музыкам і складаў яму канкурэнцыю, нават разбіў аб сцяну купленую сынам скрыпку… Дарэчы, месца дзеяння аперэты “Лятучая мыш” – Бадэн, і вобраз п’янага начальніка мясцовай турмы, які скардзіўся, што зняволеныя разгойдваюць казематы, спісаны з кампазітарам са свайго сябрука, які сапраўды загадваў турмой.
А вось і крама з нацыянальным адзеннем. Яно вельмі дарагое – натуральна ж, хэнд-мэйд. Але гэтыя сукенкі-спаднічкі-картовыя пінжакі мусяць мець усе праўдзівыя аўстрыйцы, і носяць іх з гонарам, і не толькі на святы. З немаўлячага ўзросту апранаюць у свойскае – гэта да спрэчкі пра беларускія вышыванкі.
Турыстаў абавязкова вядуць да фантану ў стылю арт-нуво: над марскімі пачварамі ўзвышаецца грацыёзная фігура Ундзіны… Гэта выява дачкі ўладальніка аўтазаводу. Дзяўчыну звалі Мерседэс, і ясна, чаму аўто, якія рабіў ейны татулька, пачалі называцца адпаведна. Фабрыкантава дачка песціць мармуровае цела пад аўстрыйскім сонцам, і яшчэ раз сведчыць, што “як маеш грошы – дык і сам харошы”…
Аўтобус наш польскі, кіроўцы – два палякі: мажны ўпарты Станіслаў і меланхалічны вусаты Лешак. Абодва робяць выгляд, што не разумеюць расейскай мовы (асабліва калі ў іх просяць, напрыклад, кіпню). Круцяць польскія пёсенькі і час ад часу ўключаюць фільм пра хрысціянскую каталіцкую місію. У групе некалькі расіянаў. А мы з сябрамі размаўляем на беларускай мове. І хутка ў аўтобусе яна пачынае гучаць усё часцей – людзі пачынаюць да нас звяртацца па-беларуску, падчас экскурсій падыходзяць, ціхенька прызнаюцца, як ім прыемна чуць родную гаворку, што яны і самі б рады, толькі развучыліся… Расіяне маўчаць, трымаюцца разам.
Аўстрыя падобная да дзіцячага канструктара – шчаслівы вялізны дзіцёнак гуляецца з рознакаляровымі дамкамі, перастаўляе белых пухнатых авечачак па ярка-зялёных лугах, грувасціць горы на горы, пускае па іх вадаспадзікі і аблокі… Здаецца, у аўстрыйскім лесе кожны камень час ад часу праціраюць ад пылу. А ў кожным гарадку – храм, побач – якісь замак ці кляштар, і цалкам магчыма, што ў тым замку на скале сядзіць барон у -наццатым пакаленні.
Дарэчы, прачытала, што сюды, у Альпы, цяпер цугам едуць тыя, хто хоча памерці. У Швейцарыі, здаецца, узаконілі эўтаназію, ну і… А што? Дэкарацыі спрыяюць. Успомніць “Чароную гару” Томаса Мана, “Жыццё ўзаймы” Рэмарка… Тут самае месца для запаволенага, адсланёнага згасання смяротна хворых – сярод застылай, эльфійскай прыгажосці над аблокамі…
У гатэлі над аблокамі, дзе мы начуем, ціха-ціха… Раніцай выйдзеш на тэрасу – я ў паштоўцы? Горы, зялёныя, нібы пафарбаваныя, лугі, авечачкі, пара цацачных домікаў…
Італія адразу змяняе карцінку… Як быццам гралі на флейце, а цяпер – на трубе, замест гуашы – алей. Жоўтыя дамы з чарапічнымі дахамі, платаны, якія ўтвараюць навес над дарогай – я напачатку была ўпэўненая, што ўсе гэтыя ўрачыстыя цёмна-зялёныя прысады вядуць да могілак, руіны крэпасцяў… Нездарма лічыцца, што малады мастак абавязкова павінен памаляваць тут – каб адчуць “адкрытыя фарбы”.
Польскія кіроўцы прывезлі нас не на той прычал, з якога мы павінны былі адпраўляцца ў Венецыю, давялося тэрмінова шукаць іншы човен.
Корпус нашага катэра з драўніны, пляскаты – адразу згадаліся галеры. Што ж, не ўсе прыплывалі ў горад святога Марка як жаданыя госці, некаторыя — як рабы. На Корфу, дзе мы з сынам былі, венецыянцаў памятаюць як імперскіх захопнікаў, хоць і набудавалі яны там і крэпасцяў, і дамоў з калонамі.
Венецыя з усіх сілаў намагаецца прыпадобніцца стэрэатыпам пра яе. Гарбатыя мосцікі над цёмнай вадой каналаў? Калі ласка. Гандолы, сапраўды падобныя да чорных лакавых трунаў – параўнанне страшэнна абурае венецыянцаў – калі ласка. Карнавальныя маскі з пап’е-машэ і парцаляны, сцены, што нагадваюць пазелянелы, пацямнелы панцыр пракаветнай чарапахі, узорыстыя вакенцы з калонамі, быццам карункі старажытнага каўнера – калі ласка… Тое, што большасць масак зроблена ў Кітаі – справа іншая… Сапраўдную маску, зробленую майстрамі тут, на тваіх вачах, купіць дорага.
Венецыянак называлі залатавалосымі, меднавалосымі… Змрочны германец Дзюрэр, выхаваны ў строгім бюргерстве, быў пасланы ў абавязковае навучанне ў Венецыю… У яго ёсць партрэт венецыянкі – менавіта такой золатавалосай, пышнацелай, дзёрзкай… Гісторыкі любяць параўноўваць яго з партрэтам жонкі Дзюрэра – добрапрыстойнай фрау з пасагам, належнай пары для сумленнага рамесніка. Чорна-белая графіка скупа, з нядобрай прыдзірлівасцю выяўляе падслепаватую, хваравітую нямецкую кабету ў каптуры, побач з якой можна толькі з тугой успамінаць залатыя валасы дзёрзкай венецыянкі.
Дарэчы, той колер валасоў дасягаўся даволі непрыемным рэцэптам, са складнікамі кшталту аслінай мачы…
Міф пра тое, што Венецыя патроху сыходзіць у ваду, месцічы абурана абвяргаюць. Нікуды горад ільвоў, з прыпынкамі грамадскага транспарту на ўскрайку вады, не падзенецца!
Казанова, непрыгожы, але харызматычны і дужы авантурыст, напісаў цэлую кнігу пра тое, як збег адсюль, вось з гэтай венецыянскай турмы ў палацы Дожаў. Самазакаханы да хваравітасці скаральнік дамскіх сэрцаў, калі яго прасілі распавесці пра ўцёкі, патрабаваў для расповеду некалькі гадзінаў. А папросяць укласціся ў больш кароткі час — ганарліва адмаўляўся гаварыць увогуле нават дзеля каранаваных асобаў. У Венецыі лічаць, што ўцёкі былі інсцэніроўкай – насамрэч Казанову, груба кажучы, завербавала інквізіцыя, таму што да канца жыцця ён быў ейным шпіёнам.
Зняць гандолу каштуе каля ста еўра… Затое гандальеры, як і належыць, у паласатых строях і капелюшах, і калі не напяваюць, дык хаця б насвістваюць традыцыйныя песенькі… Стаць гандальерам можна толькі тады, калі хтось з іх памрэ і вызваліць месца ў цэху. Як у юрыстаў – кажа гід.
У знойдзеным гісторыкам Віталём Скалабанам страчаным рукапісе Максіма Танка – сцэнарыі фільма “Над Нараччу” — нарачанскія рыбакі плаваюць на чоўнах, як праўдзівыя гандальеры, спяваюць для беларускіх светлакосых прыгажунь… Ну і вядуць класавую барацьбу. Палескія “гандальеры”, вымушаныя карыстацца чоўнамі падчас паводкі, таксама спявалі… Ды нават наш Менск ператвараўся часам у сапраўдную Венецыю – калі разліваліся Свіслач і Няміга.
Эх, каб толькі гэта былі не балаты і не застойная вада Плябанскіх млыноў, а мора! Можна колькі заўгодна, як Радзівілы ў Нясвіжы, загадваць пракопваць “венецыянскія каналы”, але калі іх не запоўніць мора – гэта будуць проста канавы.
Бронзавы кандацьер Калеонэ працы настаўніка Леанарда да Вінчы і Батычэлі, вялікага Верокіа (скульптар быў маленькім прыгорбленым таўстунчыкам) пагардліва паглядае на нас: а няма чаго вышукваць асацыяцыі там, дзе іх быць не можа! “Беларускі Бальзак”, “беларуская Венецыя”, “беларускі віскі”… Цьху!
Кандацьер ці не адзіны помнік урадаўцу, які ёсць у Венецыі – там “культ асобы” лічыўся непрыстойным, дожа абіралі большасцю галасоў, ён заручаўся з морам (кідаў у яго пярсцёнак) і з дапамогай святога Марка кіраваў горадам, як роўны сярод роўных (ліберум вета і шляхецкая вольніца Вялікага княства!)
Дарэчы, гандальерамі часта былі жанчыны!
У маладосці я страшэна марыла пра падарожжы… Намалявала свай аўтапартрэт “На фоне Еўропы”, выкарыстаўшы для гэтага малюнак з каробкі ад абутку беларускай фірмы “Марка” ( дзеля справядлівасці, успомню, што пачынала перамалёўваць дачка). Прыгожанькі такі гарадскі пейзаж з брукаваным пляцам, дамкамі з чарапічнымі дахамі і вежай… Для мяне гэта была такая “Еўропа ўвогуле”. На пляцы святога Марка ў Венецыі я нарэшце спалучылася з тым старым малюнкам на абломку тоўстай дошкі, да якой я так-сяк прыбіла падабенства рамкі…
І галубы тут, на пляцы Сан Марка, ёсць. Тлустыя, нахабныя. Абсядаюць каваныя ліхтары, быццам упэўненыя, што таксама могуць свяціцца.
Не памятаю, якую манетку я кінула з узбярэжнай – цэнты, злотыя ці ўкраінскія капейкі – беларускіх металёвых грошай жа не чаканяць — але вярнуцца хочацца, бы ў дом, які толькі на хвілю прыадчыніў для цябе дзверы, каб падражніць таямніцай і залатым святлом гісторыі…
Праблемы з каналізацыяй у горадзе святога Марка маюцца – не зліваць жа ўсё ў мора! Пахне там-сям адпаведна…
Тут пахаваны Іосіф Бродскі і Стравінскі… Бродскі, які абяцаў у вершы, што “на Васільеўскі востраў прыдзе ён паміраць”, спачыў тут. Вакол запаветаў і апошніх слоў вядомых людзей зашмат накручана… Смерці ўсё роўна, каму належаў сатлелы плоцевы мех, усе роўныя перад збуцвеннем і болем. Ну, сказаў адзін чувак у агоніі “Святла паболей!”, дык угледзяць у тым ці не заклік да асветы ўсяго чалавецтва… А ён проста паміраў, і ў вачах цямнела…
У венецыянскай вільготнай зямлі ляжыць стваральнік “Рускага балету” Сяргей Дзягілеў… Паміраў цяжка, ад фурункулаў – наступства дыябету. Запомніўся страшны эпізод з успамінаў Сяргея Ліфара, маладога танцаўшчыка і палюбоўніка Дзягілева. Ліфар даглядаў апекуна ў апошнія дні, Дзягілеў памёр у яго на руках… Калі труну паставілі для развітання ў праваслаўнай царкве Венецыі, Ліфар хацеў туды зайсці — але нешта не пускала. Нібыта нейкая сцяна… Раз за разам прыгажун спрабаваў апынуцца ў храме — і кожны раз яго нешта спыняла. Тады яго гэтак апанавалі жах і адчай, што хлопец закрычаў і бегма ірвануўся ў вароты, і прарваўся, і спыніўся ажно ля алтара…
На магіле Дзягілева на востраве Сан-Мікеле заўсёды ляжаць балетныя туфлі, напханыя пяском, каб не знёс вецер…
У Венецыі памерці прыкольна. Але не хочацца. Усё роўна не пахаваюць жа побач з Бродскім, а складуць твае неапетытныя парэшткі ў труну і адправяць на далёкую балоцістую радзіму, стварыўшы прыкрыя клопаты процьме народу, як было, калі геніяльнага мастака Селяшчука захліснула хваляй на пляжы Тырэнскага мора.
У часы дожаў выгнанне з гораду прыпадабнялася выгнанню з радзімы. Былі не італьянцы і не беларусы – а венецыянцы і палачане, міланцы і гарадзенцы… З маленькіх годнасцяў, з лакальных адданасцяў толькі і магла вырасці вялікая годнасць вялікай радзімы. Любоў да чагосьці агульнага, глабальнага ўвогуле нетрывалая, быццам нехта спрабуе нацягнуць плёнку на занадта вялікі шар, яна лопаецца, рвецца, і праз дзіркі вылазіць наша традыцыйнае беспамяцтва, манкурцтва, мара “зваліць”… “Радзімалюбоў” мусіць трымацца за нешта вельмі канкрэтнае: хату з надрапанымі на дзвярах рысачкамі, якімі бацькі адзначалі твой рост, закінуты вадзяны млын, на якім у маленстве гуляў у хованкі, фотаздымак прадзеда ў канфедэратцы, могілкі, на якіх ты расчысціў надмагілле пазамінулага стагоддзя і назаўсёды запомніў выбітае на ім чужое імя, якое больш не памятае ніхто ў свеце.
Венецыя, вольны горад, дзе больш не фарбуюць валасы ў мядзяны колер аслінай мачой, заваяваны турыстамі… Але леў святога Марка паглядае з калонаў і фасадаў, гатовы скочыць… Не патоне яна, Венецыя… І турысты не затопчуць. Для іх тут кітайскія маскі і габеленавыя торбачкі з выявай каналаў і палацца. А сэрца горада – там, пад брукаванкай, і мы не чуем ягонага размеранага, пагардлівага стукату. Камедыя дэль артэ працягваецца, і ніхто не ведае, што хаваюць маскі і касцюмы.
Прататып венецыянскай маскі, дарэчы – касцюм чумнога доктара. Жудкая скураная маска, падобная да пачварнага птаха: “дзюбу” набівалі вохкімі травамі, якія нібыта забівалі заразу.
У кавярні каля Сан-Марка замовілі спагеці… І нават не пацягнуліся да прынесенага афіцыянтам-азіятам слоіка з чымсьці белым і сыпкім, нібыта буйная соль… Калі спагеці з’елі, аказалася, у слоіку быў сыр, наструганы так дробна, як мы не звыклі, і ім належала страву пасыпаць.
А хутка спазналі на сабе, што такое італьянскі сняданак: булка з джэмам. Гаспадар маленькага прыдарожнага гатэльчыку, аплеценага вінаградам, нібы выйшаў з камедый Гоцца і Гальдоне. Сквапны карчмар… І каты ў яго худыя, як селядцы.
Вось толькі пра Венецыю… Пра сон,
Пра мора, смерць ад пацалунку мора,
Пра вітражы гатычныя вакон,
Каменных львоў і друкаваны дворык
Забыць, забыцца… Што Гекуба нам,
Што мы Гекубе? Гамлеты без трона…
А нас чакаў Вечны горад. Можна сказаць, прарадзіма. Беларускія шляхціцы ж верылі, што паходзяць ад рымскага арыстакрата Палямона, які ўцёк з радзімы і пасяліўся ў нашых балатах і пушчах, заснаваўшы племя сарматаў.
Пра “залаты яблык” на купале рымскага храма святога Пятра складзена шмат легенд і напісана мастацкіх твораў. У адным аповедзе маленькі хлопчык быў апантаны марай ухапіць той залаты яблык, так што, нібы лунатык, залез на купал храма і загінуў. Гэтак японскі паэт Басё марыў прайсці на месяцовай дарожцы на вадзе… Пайшоў, патануў…
Вядома, папсаваў усім уражанне ад Рыма Дэн Браўн сваймі псеўдагістарычна-містычнымі канструкцыямі… З аднаго боку, як бы папулярызацыя вядомых артэфактаў – Ватыкан, “Боская камедыя”, “Тайная вячэра” Леанарда… З другога боку – лухта запамінаецца мацней… Таемныя змовы, фанатыкі-забойцы, пасланні з мінулага… Таму ў мазгах нашых сучаснікаў утвараецца часам эзатэрычная каша. Нічога, Рым не такое перацярпеў ад пісьменнікаў і мастакоў!
Чаго я чакала ад Рыма? Наўрад таго, што ён пачнецца з паездкі ў метро, падчас якой мы маглі пераканацца ў тым, што італьянцы любяць адкрыта выказваць свае эмоцыі ( то цалуюцца, то лаюцца). Яшчэ — з мурынаў, якія бегаюць па вуліцах, прапаноўваючы хусткі з надпісамі “Рома” і пластыкавыя Калізеі… З чаргі ў Ватыкан, у якой можна прастаяць дзень… Што патрапіў у іншую дзяржаву, разумееш, калі праходзіш памежны кантроль – гэта падобна да аэрапорту. Пра тое, што дзесьці побач Папа, неяк не задумваешся – толькі паказваюць: вось там іх, пап, выбіраюць, вось на гэты балкон выводзяць… А гэтыя вароты замураваныя, адчыняюцца раз у дваццаць пяць гадоў, хто паспее праз іх прайсці – таму адпусцяцца ўсе грахі.
Пры нас вароты былі замураваныя. Не лёс.
У Ватыкане ўвесь час трэба нагадваць сабе: “Гэта не копіі. Гэта арыгіналы”. І Апалон Бельведэрскі, і Лаакаон, і Торс… Цікавы персанаж, дарэчы, згаданы Торс, “настаўнік” Мікельанджэла. Ганарысты Буанароці называў настаўнікам скалечаную антычную статую – ні рук, ні ног, такіх інвалідаў пасля вайны называлі “самаварамі”. Затое ў гэтым абрубку адчуваецца моц, рух, прыгажосць… Як сцвярджаў расейскі пісьменнік Міхаіл Анчараў, твор мастацтва адрозніваецца ад вырабу рамесніка тым, што кожная ягоная частка з’яўляецца асобным творам мастацтва – і каб знайшлі толькі рукі Венеры Мілоскай, быў бы твор “рукі багіні”. Так і Торс… Каго ён выяўляў, хто яго стварыў? Мы не даведаемся ніколі. Можа, пры жыцці ягоны скульптар быў не самым паважаным і знакамітым, можа, сам Торс быў дэталлю якой-небудзь грувасткай, пампезнай кампазіцыі, якая праслаўляла зямных уладароў ці багоў і не выклікала асаблівага эстэтычнага трымцення? Можа, пакуль яго вянчала галава, у яе твар многія хацелі плюнуць?
Дарэчы, яшчэ адзін дзіўны экспанат – вялізная бронзавая шышка пініі ў двары. Можна прыняць за твор сучаснага мастацтва – але гэта выраб антычнасці… Яе знялі ў свой час з маўзалея Андрыяна. Дантэ згадаў тую шышку ў “Боскай камедыі”. Твар аднаго з гігантаў, убачаных у пекле, шырокі і доўгі, як “шышка ў Рыме ля Пятрова храма”.
Мікельанджэла, дарэчы, зусім не збіраўся распісваць Сіксцінскую капэлу. Бо не лічыў сябе мастаком. Але Папа сказаў – “Малюй. Мы вырашылі, што ты мастак”. І маляваў. Доўгія гады распісваў купал, на вышыні, на будаўнічых лясах, задраўшы голаў, так, што скрывіў пазваночнік і сапсаваў зрок – вочы сталі расфакусаваныя, каб разгледзець, мусіў падымаць прадмет над сабой. Сябе вялікі фларэнтыец выявіў на фрэсцы ў выглядзе насельніка чыстца з садранай скурай, а свайго галоўнага ворага – кардынала-крытыкана – у самым нізе пекла, ды яшчэ абвітым змяёй. Прычым змяя кусае кардынала за самае дарагое для мужчыны месца. Калі фрэска была скончана, “герой” сцэны раз’юшыўся… І нічога. Папа толькі пасмяяўся, маўляў, каб Буанароці цябе ў раі намаляваў, дык я мог бы паўплываць, а ў пекле сувязяў не маю… Разумеў, што мастак мае права маляваць так, як ён хоча – бо толькі так атрымліваюцца шэдэўры.
Сіксцінская капэла – галоўная прынада турыстаў. Там нельга размаўляць (але размаўляюць). Нельга фатаграфаваць (але крадма фатаграфуюць). Нельга надоўга затрымлівацца (але мяне ледзь скранулі з месца). Калі стаіш пад “Стварэннем свету”, чамусьці жыццё замаруджвае крок. Часу проста няма.
А яшчэ ўразілі сцены капэлы – адразу ідзе распісаны Мікельанджэла купал, потым – карціны Рафаэля, Бацічэлі ды іншых, а потым – імітацыя занавесаў. Здаецца, сапраўды вісіць цяжкая узорыстая тканіна. Хоць носам ткніся у роспіс – не расчаруешся.
Млявая фігура Адама – гэта яшчэ матэрыял, пазбаўлены току механізм, моцная рука Стваральніка вось-вось “падключыць” стварэнне да сусветнай энергіі… І гэтая мізэрная і непераадольная адлегласць паміж іх пальцамі – як узмах ляза смерці, бо калі гэтая адлегласць ёсць, хоць на таўсціню воласа – жыцця яшчэ няма. Сэнс фрэскі, сэнс усяе Сіксцінскае капэлы – менавіта ў гэтай адлегласці, недавершанасці, у гэтым “вось-вось” – і дакрануцца, спалучацца дух і плоць, творца і стварэнне… Але – пакуль не… Ёсць толькі намер, толькі рух насустрач… І ў гэтым вялікая трагедыя мастакоў усіх часоў – немагчымасць абсалютнага авалодвання матэрыяй, ажыўлення яе.
П’ету працы Мікельанджэла ў храме Святога Пятра адгарадзілі куленепрабівальным шклом: адзін маньяк кінуўся быў яе разбіваць з крыкамі, што занадта праўдападобна. Глядзець невыносна. Шкло як бы і празрыстае, але штосьці важнае адбірае.
А вось да правай ступні бронзавага Святога Пятра дакрануцца можна: вядома, загадаўшы жаданне. Ступню станьчылі далоні вернікаў так, што праз пару стагоддзяў яна, відаць¸ сатрэцца дарэшты. Надмагілля апостала няма – вядома толькі, што храм пабудаваны над яго пахаваннем. А вось магіла Рафаэля ёсць: над ягонай плітой, у нішы, цалуюцца два залатыя галубы. Што ж, каханак булачніцы Фарнарыны для ўсіх увасабляе каханне і мілату. Хаця, як і ўсе мастакі эпохі Адраджэння, быў яшчэ тым прайдзісветам. Жывапісцы, скульптары, музыкі, філосафы, паэты біліся на кулаках, пілі і спакушалі жанчын, атручвалі ворагаў, інтрыгавалі… Беларускі шляхціц Міхайла Глінскі ў гэты час таксама спрабаваў сябе ў Італіі як мастак, маляваў рымскіх натуршчыц, потым спакусіў герцагіню, пляменніцу папы, потым у карчме даў па галаве куфлем нейкаму задзіраку, а той выявіўся сваяком дэкана ўніверсітэта, дзе Глінскі вучыўся… Давялося ўцякаць, уладкаваўшыся матросам на карабель. Каб пасля разбіць татараў пад Клецкам, перабегчы да маскоўскага цара і быць аслепленым у сутарэнні па загадзе роднай пляменніцы – расейскай царыцы…
Італія Адраджэння — гэта эпоха мецэнатаў, яна вымагала змагацца за цёплыя месцы. Леанарда да Вінчы, быў, дарэчы, не вельмі ўдалым кар’ерыстам. Плацілі яму менш, чым іншым знакамітым калегам, працаваў недаравальна марудна, дый з-за ягоных вечных эксперыментаў з фарбамі фрэскі асыпаліся.
Так, шаснаццатае стагоддзе для рымлян – не даўніна. Петрарка і Дантэ, блукаючы па гэтых вулках, бачылі тыя самыя дамы, і той самы Калізей, што і мы. “Сенатары то спяць, то зноў равуць, і топяць аднаго адзін прыгожа. А што паэты тут? Паэты – п’юць, ці паміраюць – той, хто піць не можа”. Калісьці я, начытаўшыся хронік Святонія, напісала драматычную паэму “Пасля Цэзара”, часы якой адбываюцца ў эпоху Актавіяна Аўгуста.
Мяне цікавіла, чаму ўсе кандыдаты на трон такія добрыя-душэўныя, а варта ім атрымаць уладу – ператвараюцца ў тыранаў? Я пісала пра Тыберыя, таленавітага смелага юнака, якому маці, уладная прыгажуня Лівія, здабыла інтрыгамі трон, пры гэтым забіўшы ў сыне веру і чалавечнасць. З паэмы пры публікацыі “вынялі” тост старажытнарымскага паэта “Што тут паэт? У гэтым сквапным свеце за тое плоцяць, што нясуць у дом. А вершы – гэта зоры, гэта вецер, імгненне, што застыла пад сцілом… Што можам паказаць мы багацеям? На твар багіні – толькі лёгкі след. Не напалохаюць герояў цені, якія ажыўляе кіфарэд…”
Немагчыма ў творчасці зусім пазбегнуць антычных матываў… Але гісторыя чалавецтва пабудаваная на тым, што час ад часу нейкае пакаленне пачынае апантана абвяргаць і знішчаць тое, што створана папярэднікамі, абвяшчаючы гэта блюзнерствам ці “баластам на караблі рэвалюцыі”… Рым – выдатны прыклад таму. Рымляне паразітавалі на грэках, пераняўшы ў зваяваных іхнюю культуру, навуку і нават пантэон багоў – толькі памяняўшы Зеўсаў на Юпітэраў… Ну, гэта калі яшчэ не згадваць этрускаў, чые землі яны занялі. Калі запанавала хрысціянства – пачалі нішчыць статуі багоў і паганскія храмы… Нават сярод хрысціянаў былі прыхільнікі таго, што нельга рабіць выявы Бога… Мастацтва абвяшчалася грахоўнай раскошай, папы замаўлялі цудоўныя карціны, Саванарола іх паліў… Уся гісторыя – гэта вялікая сметніца, на якой мы знаходзім парэшткі, аскалёпкі, ашмёткі і па іх рэканструюем мінулае – на свой густ. Вось як тут – зазірнуў за вугал, на вузкую вулічку – а гэта вуліца Нагі. Дакладней, Ступака. Стаіць такі мармуровы, велічынёй з аўтамабіль… Кажуць, ад статуі Артэміды. Вуліца Коткі – і сапраўды, вось яна, маленькая, але ягіпецкая, котка, якой некалькі тысяч гадоў, сядзіць на карнізе і глядзіць белымі невідушчымі вачыма…
“Юпітэр, перад мармурам тваім віна адлею: Апалон – бяссілы… У вершах цэзар праслаўляе Рым узнёсла, аж да вогненнай магілы…”
Напэўна, каб прачуць — вось Калізей, Капітолій, Палацін, трэба было больш часу і моцы… Але пад вечар мы маглі толькі ўлегчыся на каменныя пліты пад сценамі амфітэатра, які памятаў Цэзара, Нерона і Спартака, і лена адбівацца ад нападаў азіятаў, якія настойліва прапаноўвалі пластыкавыя кубікі з выявамі рымскіх помнікаў па адным еўра…
Рома, ах, Рома… Радзівілы сталі князямі Рымскай імперыі – трэба ж было каралеўскім фаварытам здабыць прэстыжны тытул, каб падцерці нос магнатам, што лічылі сябе больш радавітымі. Пане Каханку жыў тут у выгнанні пасля паразы пад Слонімам у бойцы з войскамі Панятоўскага і расейцаў. Дзівіў італійцаў надзвычай тлустай ежай і пахвалёнамі, што мае “неразменны склют” – залатую манету, прычым велічынёй з жорнаў. У Рым у пятнаццатым стагоддзі ездзіў беларускі шляхціц Аляксандр Солтан, каб здабыць грамату ад папы, што ў Вялікім Княстве Літоўскім дазваляецца служыць па праваслаўным абрадзе – палякі-каталікі якраз пачалі “наязджаць”… Грамату здабыў, нават з’едзіў у Ерусалім і стаў рыцарам Гроба Гасподняга, але грамата не падзейнічала. У Вільні ў касцёлах Солтана абазвалі сабакам і не паверылі ягоным расповедам.
А вось падземны, катакомбны Рым мы не паглядзелі… Куды там… У Конан Дойла ёсць апавяданне пра помсту археолага. Ён заманіў суперніка, які загубіў ягоную нявесту, у сутарэнні, расказаўшы, што знайшоў месца служэння першых хрысціянаў… Сапраўды, знайшоў. І пахаванні, і падземны храм… Вось толькі пакінутая пад зямлёй ахвяра так і не выбралася наверх з лабірынтаў. Гэтак жа, як няшчасны Фартуната, замураваны ў італьянскіх катакомбах помслівым Мантрэзорам, героем аповеду Эдгара По “Бачоначак амантыльяда”.
Каменьчык ад Калізея адправіўся ў маю мінскую калекцыю камянёў.
Бывай, горад прыёмных сыноў ваўчыцы, Рамула і Рэма… Трошачкі ад цябе заўсёды будзе ў любым творы да сканчання чалавечае цівілізацыі, а мы, народ неўраў-ваўкалакаў і нашчадкі Палямона, гэта зразумеем лепей за іншых.
Па дарозе да наступнага гатэльчыку аказалася, што паны-кіроўцы няправільна занеслі ў навігатар назву мястэчка, у якім мы павінны начаваць. Ноч, італьянскія Альпы, вузенькія вясковыя дарогі, лес, мільгаюць разваліны крапасных сценаў і замкі… Сорак тры беларускія турысты згубіліся паміж расселін, скалаў і піній. Як у эпізодзе з аповесці Джэрома К. Джэрома пра ангельскі лабірынт, калі турысты ходзілі па коле, праходзячы ля аднаго і таго ж кавалка кінутай булкі, мы ездзілі па коле, пазнаючы адзін і той жа замак… Вось да Рыму трыццаць тры кіламетры… Праз гадзіну шыльда сведчыць, што да яго – трыцаць сем кіламетраў. Яшчэ праз гадзіну — трыцаць два. Як быццам Рома водзіць нас вакол сябе, навязаўшы на нябачную нітку. Дабраліся да начлегу толькі а палове першай ночы…
Калі рымскія цэзары хварэлі, да іх паслугаў былі тэрмальныя воды. Паводле легенды, тэрмы Сатурнія ўзніклі, калі Юпітэр шпурнуў дзіду ў змрочнага Сатурна ды не пацэліў, і з таго месца, куды зброя ўваткнулася, палілася гарачая вада. Ёсць тут, ніжэй, і спа-курорт, басейн якога запаўняе вада з чароўнай крыніцы. Але што тычыцца галоўнага вадаспаду Муліна ля старога млына, куды прывезлі нас – дык калі яго хацелі неяк асучасніць, пабудаваць памяшканні для наведнікаў, ну і, вядома, браць за купанне плату – месцічы зладзілі маніфестацыю пратэсту. І мы пабачылі тэрмы ў такім самым выглядзе, як калі ў іх плёхаліся этрускі ці лячыў скураную хваробу тыран Сула. Вадаспад гарачай вады, ад якой за вярсту пахне серавадародам, струменіць уніз з узгорка. З мінералаў утварыліся гэткія чашы, у якіх з задавальненнем сядзяць людзі… Мы прасядзелі дзве гадзіны. Літаральна не хочацца вылазіць. На дне – дзіўныя круглыя каменьчыкі, якія відавочна ўтварыліся з мінералаў і соляў, як утвараюцца ў арганізме чалавека. Здымкі з відамі тэрмаў Сатурнія дзіўным чынам нагадваюць карціну расейскага мастака Іванова “З’яўленне Хрыста народу”. Празрыстая вада, стракаты натоўп, хтось распранаецца, хтось хутаецца ў рушнік, адзежа раскідная па кустах і скалах… Іваноў большую частку жыцця правёў у Італіі, 20 гадоў маляваў эскізы да сваёй галоўнай карціны. Ці не можа быць, што прататыпам Іардану паслужылі тэрмы Сатурнія?
Праз партовы горад Чывітавек’ю проста праехалі – толькі прыхапілі экскурсавода. Хаця чакалася экскурсія. Аднак самае цікавае з гэтым горадзе, падобна, ягоная назва нібыта на птушынай мове. Падчас апошняй вайны ўсё разбамбілі. А вось па Грасэце мы прайшліся. Сярэднявечны гарадок, вакол якога захавалася высозная шырокая абарончая сцяна, якая ў плане ўтварае шасцікутнік. Па ёй можна гуляць, як па прысадах. Між дрэваў выставілі старажытнарымскія ванны. Турысты зараз жа паспрабавалі сфоткацца, залезшы ў іх. Быў у горадзе інстытут, які рыхтаваў рэстаўратараў – ды зачыніўся… Не грашовая спецыяльнасць. І экспанатаў археолагі навыкопвалі процьму – ляжаць у запасніках.
Наведвалі мы мястэчка ў час сіесты, а значыць, усё было, як вымершы. Нават гаварыць гучна было няёмка – нібы каго пабудзіш. У саборы трынаццатага стагоддзя – алтар Антонія Гіні і “Успенне” Матэа дзі Джавані… Увогуле, ад усведамлення мясцовага багацця проста дыханне перахоплівае – у любым, самым маленькім, мястэчку маецца якісь шэдэўр, за які наш нацыянальны музей душу заклаў бы, калі яна ў яго, вядома, ёсць… Джота, Батычэлі, Рафаэль, Фра Філіпа Ліпі, ці проста антычная скульптура, разваліны храма якойсці Мінервы…
У Грасэта ёсць турма і старажытны шпіталь Мізэрыкордыя, у якім зараз банк. Маюцца кляштары францысканцаў і кларысак… А як іначай – Святы Францыск Асізскі і ягоная сяброўка святая Кларыса — асобы ў гісторыі неаддзельныя. У маленькім храме францысканцаў вянчаўся артыст і спявак Андыяна Чэлентана. Ён сябруе з мясцовым пробачшам, вось і прыехаў… Каб ціха, без папарацы, ноччу ўзяць шлюб.
Там-сям у Італіі можна бачыць рэшткі памяці пра Мусаліні і фашыстаў. Рэшткі – таму што ўсё фашыстоўскае знішчаецца. Тут людзі таксама нацярпеліся… Помнік ля крапасной сцяны Грасэта, малацікавы шэры абеліск з пафаснымі арламі, відавочна ўзведзены ў часы Мусаліні, але ўвенчаны зоркай: пасля вайны, збіўшы ганебныя элементы, яго “рэабілітавалі”. Але ў адным месцы на сцяне мы ўсё-ткі пабачылі накрэсленую кімсьці свастыку: зараза гэтая час ад часу па ўсім свеце дае рэцэдывы.
Грасэта – гэта ўжо правінцыя Таскана… Калісьці тут было процьма малярыйных балатоў. Асушылі… Мясцовыя “людзі на балоце” забыліся, што такое твань і дрыгва. Аднаму з Габсбургаў, што асушыў тыя балаты, нават стаіць конны помнік на пляцы. Хоць дзесьці меліярацыя пайшла на карысць… Цікава, беларусы паставяць калі-небудзь помнік тым, хто асушыў іх балаты?
А раней тут заходзілася пасяленне этрускаў, якое называлася, між іншым, Руселы. Амаль па-славянску… На гербе горада – грыфон, які сведчыць, што гараджане паходзяць ад этрускаў. Калі беларуская шляхта лічыла, што паходзіць ад выгнанага рымскага князя Палямона, чаму яна не можа мець роднасныя сувязі з этрускамі?
Горад, дзе мы павінны былі спыніцца на пяць дзён, называецца Ліда дзі Камаёрэ. Насамрэч пасёлак Камаёрэ – вышэй, у гарах. А тут – пляжная зона. Мора ад нашага гатэлю “Перла дзі марэ” – зусім блізка. Пару хвіль… Але не ўсё так проста ў капіталістычным свеце: паколькі свайго ўчастку берага ў нашага гатэля няма, нам трэба паўгадзіны ісці да муніцыпальнага пляжу. Бясплатнага, а таму вузенькага, заціснутага між двума прыватнымі, зазвычай пустэльнымі, затое застаўленымі акуратнымі шэзлонгамі.
На вузенькай бясплатнай палосцы людзей, як камароў над дрыгвой. Адразу набягаюць мурыны, якія прадаюць посцілкі, сумкі і сонечныя акуляры. Маладая тайка ходзіць і прапаноўвае кропкавы масаж. А мы, белыя, паўночныя дзікуны, лезем у мора. На моры – хвалі. Вісяць сцяжкі – чырвоны і жоўты. Ніхто не купаецца. Але ў нас мала дзён у запасе і шмат стомы ад аўтобуса… Выратавальнікі, у асноўным чорнаскурыя, адразу проста свісцяць крэйзі турысто, што скачуць у крутых хвалях Лігурыйскага мора, потым ажно спускаюцца са сваіх вышак, стаяць на беразе, зусім па-італьянску жэстыкулююць, хапаюцца за галовы, зноў свісцяць… Але наша турыстычная група – у моры! Мы шчаслівыя!
Урэшце мы з мужам купляем у аднаго з настойлівых пляжных гандляроў ажно дзве вялікія посцілкі – чырвоную з чорнымі чарапахамі і белую, з выявай сонца месяцовага: надта нагадала сімвалы Францыска Скарыны. Так што цяпер у нас на канапе – посцілка, купленая на Лігурыйскім моры, у Тасканскай Рыўеры, у сенегальца-нелегала, зробленая, як засведчыў цэтлік, у Індыі, і выявіўшая скарынінскія знакі.
Дарэчы, нас адразу папярэдзілі, што калі прыйсці на пляж ноччу – штраф тысяча еўра.
Зразумела: ноччу выцягваць з хваляў ніхто не будзе… А твой труп – не самая лепшая рэклама курорту. Зноў успомніўся бедны Мікола Селяшчук…
Акрамя знаёмства з сіестай – дзесьці з гадзіны да чатырох горад вымірае, удасканалілі прадстаўленне пра італьянскае меню. Сняданкі сапраўды сціплыя. Але далей… У “Перлу” нашу мы засяліліся ўвечары, і пайшлі на першую італьянскую вячэру адразу з аўтобуса, стамлёныя, галодныя. Вячэра расчаравала: рэстаран прыгожы, сталовых прыбораў перад кожнай талеркай шмат, а на стале толькі вялікія місы з салатай з памідораў і агуркоў, сала, нарэзанае так, што праз лусты можна чытаць, сыр, масла, хлеб… Ну, што ёсць, тым і паспрабуем наесціся. Пад дзікаватыя позіркі італьянскіх афіцыянтак усе наклалі сабе на талеркі па дзесяць лустаў сала ды горы памідораў… Пад’елі. Той-сёй сабраўся ўжо ў нумары… І тут афіцыянткі перад кожным ставяць па цэлай місе макарон з мясам і падлівай. Людцы павесялелі, зжэрлі макароны… Афіцыянткі прыбралі пустыя місы. І раптам – прэга, сіньёры – кожнаму нясуць па талерцы з двума кавалкамі мяса ды бульбай. Як у народнай казцы пра мужыка, якога пан узяўся пачаставаць да адвалу, а той толькі скажа –“усё, наеўся”, але наступнае блюда зноў падчышчае. А потым у сваё апраўданне паказаў эксперымент са збанам, поўным каменьчыкаў, у які, аднак змясціўся яшчэ збан пяску, а потым і збан вады.
З’елі і гэтую страву. А італьянкі нясуць па пірожным…
І так кожны вечар. Асабліва ўсіх напружылі макароны – абавязкова цэлая міса, ці з мясам, ці з крэветкамі – паміж салатамі і асноўнай стравай… Так мы зразумелі эмпірычным спосабам, что вячэра італьянцаў – гэта сінтэз абеду і вячэры. Да таго пачыналася яна позна, а восьмай. Была і яшчэ фішка: карміць – кормяць, а піць не даюць. Раніцай, за сняданкам, пі, што хочаш: сок, гарбату, каву… А за вячэрай – хочаш не на сухую жаваць макароны, купляй ваду ці віно за еўра… Паколькі рэстаранныя цэны нават на мінералку паўсюль даражэй за крамныя, нашы людзі ў большасці давіліся ежай, але пітво не замаўлялі. Цярпелі, каб у нумары выпіць свайго. А што ж, мы з постсавецкай прасторы, мы эканомныя!
Італьянка Бона Сфорца прывезла ў Польскую карону і Вялікае княства Літоўскае шмат новага – у прыватнасці, прывучыла месцічаў есці гародніну (дагэтуль, напэўна, лічылася, што расліны ядуць тыя, каму не хапае грошай на мяса). Паказала, як есці відэльцам (яны напачатку былі двузубымі). Прывезла новыя ўборы – сукенкі з дэкальтэ, напрыклад. Ну і разнастайныя атруты. А, з’язджаючы, прыхапіла з сабою вялікі кавалак дзяржаўнай казны (Боначка, што звезла золата бочачку).
Гародніны італьянцы ядуць шмат і цяпер. Асабліва ўразіў камбайн, які збіраў на полі памідоры. І смецяць італьянцы больш, чым немцы і аўстрыякі… Пластыкавыя бутэлькі і пустыя абгорткі на ўзбочынах дарог – не навіна… І пра тое, што ітльянцы –шумная нацыя, праўда. У доме насупраць нашага гатэлю немаладая кабета выходзіць на балкон і ўзахліп плача – у яе захварэла ўнучка. “Мама мія!”. Суседзі таксама павыходзілі на балконы і абмярковаюць, спачуваюць. “Мама мія!” І нібыта і не працуюць нідзе, адна сіеста. Але хтосьці стварыў жа гэтыя акуратныя жоўтыя дамкі з чарапічнымі дахамі паміж вінаграднікаў, нехта зрабіў цёмна-чырвонае і густое, як кроў, к’янці, і ўсе гэтыя дызайнерскія штучкі, якімі так прыемна прыкрашаць жыццё і якія спакушаюць у вітрынах крамак і крамаў…
“Мама мія!”
У нас жа як: калі хто крычыць на ўвесь двор – дык крымінальнік ці п’яніца. Вы заўважылі, што зніклі нават рытуальныя крыкі маці “Вася, ідзі дадому! Ганна, абедаць!”? Дзеці гуляюць не ў двары, а ў суседнім пакоі за кампутарам.
Вось у час сіесты – цішыня…
З нашага гатэлю чуваць, як б’юць званы на невялікай званіцы традыцыйнага светла-жоўтага колеру… Калі дабраліся да яе, пабачылі і храм, але ён быў часткай комплексу. Вялікі прыгожы дом, сад з масточкамі, ручаінкамі, альтанкамі паміж дрэваў… Вось святар з акуратным белым каўнерыкам размаўляе са старэчамі, якія сядзяць у альтанцы за столікам і папіваюць гарбату. Усе бабулькі з перманентнымі завіўкамі, кудзеркі падфарбаваныя ў прыемны сіняваты колер, у стыльнай адзежы… Перад намі быў дом састарэлых камуны Камаёры пры нейкай хрысціянскай міссіі.
І, дарэчы, разваліўся яшчэ міф пра Еўропу, якая не чытае.
Яшчэ як чытае. На кожным кроку кніжныя крамы, у якіх ёсць пакупнікі. На стэндзе бліжэйшай ад нас, выстаўленым на вуліцу – “Майстар і Маргарыта” Булгакава, “Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага, Рэмарк, Бальзак, і, зразумела, Дантэ… Ёсць букіністычныя крамы. Ёсць кніжныя развалы. Чытаюць на пляжах, чытаюць у рымскім метро… Прычым папяровыя кнігі.
Я выкупіла альбомы пра Таскану і пра аднаго з самых загадкавых мастакоў свету – Эшэра, майстра аптычных ілюзій. Кніга даследуе, адкуль Эшэр браў матывы сваіх карцін. Аказваецца, у сярэднявечных малюнках дастаткова падобных ілюзій, дый у самой прыродзе – варта ўгледзецца ў ліст манжэткі, усыпаны кроплямі расы. Ну і італьянскія мястэчкі ў малюнках Эшэра пазнаюцца.
А потым са мной здарылася Фларэнцыя.
У маім рамане “Скокі смерці” дзейнічае таямніча-злавесны сярэднявечны лекар Гервасі Бернацоні, які стварае гадзіннікі, здольныя выклікаць масавы псіхоз – скокі смерці. Лекар, якога паклікалі на службу ў Вялікае Княства Літоўскае, родам з Фларэнцыі, і ўвесь час па ёй сумуе. Напрыклад, сваёй палонніцы, беларускай дзяўчыне Анэце гаворыць: “ Ты ведаеш, што такое лімон, сіньярыта? Адкуль… У яго смак няспелага агрэсту. А колерам ён нагадвае сонца Фларэнцыі… Мія кара Фларэнца…
Бернацоні тужліва зірнуў у вакно, за якім згушчалася вечаровая цемра”.
Сонца Фларэнцыі сапраўды сляпучае… І сама Фларэнцыя асляпляе.
Менавіта тут, у царкве Санта Кроче, што азначае Храм Святога Крыжа, нарадзілася такая з’ява, як сіндром Стэндаля. Аўтар “Чырвонага і чорнага” выйшаў на ганак гэтага храма і страціў прытомнасць ад перанасычанасці прыгажосцю.
І я яго разумею. І сёння ля асноўных артэфактаў Фларэнцыі, асабліва на пляцы ля храма Санта Марыя дэль Фьёр, дзяжураць хуткія дапамогі. Людзі млеюць ад захаплення!
Калі ў Сіксцінскай капэле перахоплівала горла ад неверагоднай прыгажосці – а галоўнае, ад таго, што ведаеш столькі з гэтай прыгажосцю звязанага, і не верыцца, што сам гэта бачыш, то Фларэнцыя – уся як Сіксцінская капэла. Уся – музей…
Вось – змрочны дом, аблямаваны рабрыстымі ахрыстымі пліткамі, і табе гавораць, што ў ім, ву-унь за тым вакном, Леанарда да Вінчы маляваў Джаконду… А ў гэтай непрыкметнай цэрквачцы, сярэднявечнай, з нізкай скляпеністай столлю – трохі нагадвае полацкую Свята-Еўфрасіньеўскую царкву – пахаваная Беатрычэ. Тая самая, якой Дантэ прысвяціў “Боскую камедыю”. Вось і надмагілле, у нішы над падлогай. Беатрычэ, замужняя шматдзетная кабета, і не падазравала пра палкія жарсці аднаго дзюбаносага паэта… Але каля ейнага надмагілля – вялікі кошык, увесь напоўнены цыдулкамі ад закаханых. Просяць Беатрычэ, каб дапамагла ў сардэчных стравах. Вось вам яшчэ адзін прыклад, як мастацтва перамагае рэальнасць, а міф важней за факт. Да таго ж непадалёк, у дворыку, на брукаванцы паказваюць профіль Дантэ, утвораны расколінамі ў камні. Каб ён быў бачны – паліваюць вадой. Там увесь час стаіць лужынка. Сапраўды, калі прыгледзецца, можна ўбачыць на мокрым камні карыкатурныя абрысы: доўгі загнуты нос, запалы рот… Прыводзіць на памяць выяву беларускага мысляра-ерэтыка Сымона Буднага. Графічная, здзеклівая выява… Насамрэч гэта і была карыкатура — Буднага апаненты намалявалі ў пекле, пагружанага па горла ў пякельную лаву. Але гэта адзінае вядомае нам прыжыццёвае адлюстраванне мысляра. Цікава, каб не было ў Італіі вальнадумства побач з цемрашальствам, магчыма, што і ад Дантэ застаўся б толькі гэты профіль на брукаванцы – баяліся б ляпіць ды маляваць блюзнера-паэта.
Магілы Дантэ ў яго любай Фларэнцыі, якая асудзіла яго на выгнанне, няма. Ён пахаваны ў Равене. Але ў саборы-пантэоне Санта Крочэ сімвалічнае надмагілле Дантэ маецца, і помнік тут жа на пляцы стаіць. А вось Мікельанджэла тут пахаваны сапраўды. Сумныя скульптуры аўтарства Вазары, якія ўвасабляюць навукі і мастацтвы, схіліліся над апошнім прытулкам генія. Тадышні ўладальнік Фларэнцыі Казіма Медзічы літаральна выкраў цела велікага суграмадзяніна з Рыму, вывез кантрабандай. Пры жыцці ўпарты Буанароці адмаўляўся вярнуцца ў родны горад, пакуль там не будзе адноўленая рэспубліка. Думаю, другі вялікі фларэнтыец, Леанарда да Вінчы, таксама хацеў бы тут ляжаць, але лёс занес яго, састарэлага, згалелага, з партрэтам Моны Лізы пад пахай, у Францыю… Ляжыць тут, у Санта Крочэ, Галілеа Галілей, народжаны ў Пізе, які таксама пражыў большую частку жыцця ў Фларэнцыі. А вось і надмагілле Макіявелі… Які вынайшаў нялюдскія прыёмы існавання ўлады – і сам ад іх загінуў. Ці шавец без ботаў, ці ўсё-ткі не быў ён настолькі пачварай, як гэта ў нас замацавалася? Нездарма ж з Макіявелі сябраваў вялікі Леанарда…
Але самая важная магіла ў Санта Крочэ для нас – Міхала Клеафоса Агінскага. Таго самага, што напісаў паланэз “Развітанне з радзімай”. Цёмная каменная “рама”, бюст, светлая смуткуючая фігура прыгажуні… Ліцвінскага магната павінны былі тут паважаць – калі пахавалі ў Санта Крочэ… Магіла на тым баку храма, што й Галілеа Галілея. Адзін давёў, што зямля круціцца, другі – што жыць без роднай зямлі немагчыма.
Чаму творчасць мастакоў менавіта тае эпохі нас так вабіць, уражвае, здаецца таямнічай і неспасцігнутай? Так, яны змянілі тэацэнтрычную сістэму на антропацэнтрычную, і чалавек, яго цела, ягоныя эмоцыі сталі галоўнымі для мастацтва. Але ж яны засталіся людзьмі жорсткага часу, калі жыццё каштуе менш, чым прыгожая карціна… Калі загінуў хлопчык, якога Леанарда пафарбаваў у залаты колер дзеля свята, для вялікага мастака гэта была найперш навуковая загадка. У прынцыпе, усё чалавецтва можа ўявіць такім пафарбаваным у золата хлопчыкам – ён бегае, радуецца, што такі прыгожы, што ўвасабляе бога, і не здагадваецца, што бліскучая фарба стане прычынай ягонай пакутлівай смерці, доўгай агоніі, калі ніхто не здагадаецца сцерці хоць частку пазалоты.
Пераход ад Сярэднявечча да Адраджэння: фрэскі ў Санта Крочэ вялікага Джота. Жыцце святога Францыска распавядае не толькі пра падзеі, але і пра эмоцыі герояў. Дагэтуль мастакі і не высільваліся, каб перадаць пачуцці. А мне цікава: няўжо, чым бязлітасней час, тым прыгажэй атрымліваюцца карціны ў мастакоў? Вось цудоўная капліца, спраектаваная геніем-архітэктарам Брунэлескі. Але пахаванняў няма: род, які мусіў мець тут свае ўрачыстыя надмагіллі, быў да апошняга немаўляці выразаны за ўдзел у закалоце супраць усемагутных Медзічы. Герб апошніх можна сустрэць у Таскане паўсюль: сем (радзей – пяць) шароў на шчыце. Кажуць, шары мусяць увасабляць пчолаў.
Фларэнцыя моцна пацярпела ад паводкі 1966 года. Залатыя вароты баптыстэрыя з рэльефамі з жыція Яна Хрысціцеля 14 стагоддзя, якія Мікельанджэла называў “Брамай у рай”, зараз схаваныя, на іх месцы – лазерная копія. Яшчэ адна копія гэтых дзвярэй – у Казанскім саборы ў Санкт-Пецярбурзе (расейцы, калі ўзводзілі сваю “паўночную Венецыю”, пераймалі ўсё самае лепшае). “Укрыжаванне” Чымабуэ трынаццатага стагоддзя з капэлы Паццы падчас паводкі цэлы дзень праляжала ў гразі, думалі, не адновяць…
Дарэчы, рэстаўрацыя тут не прадугледжвае “вылізванне”: адноўленыя дамы, напрыклад, не ззяюць навюткай цэглай, як у нас. Успомніць ганебны выгляд Лідскага замка, дзе нават не спрабавалі падабраць цагліны, падобныя да аўтэнтычных, і “латкі” відаць за вярсту…
Канчаткова сіндром Стэндаля дагнаў мяне на пляцы перад Санта-Марыя дель Ф’ёр, храма ў гонар Мадоны з Кветкай, і званіцы Джота. Не тое, што страціла прытомнасць перад карункавым фасадам з пяшчотнымі ружова-белымі мармуровымі пералівамі – але горла зноў перахоплівала, і ўсхліпваць пачала. А паколькі муж прызнаваў толькі фота па тыпу “Тут быў Вася”, давялося цяжка — патрабаванні стаць у кадр былі недарэчы… Навошта ўзрушанай, заплаканай фізіяноміі псаваць нетутэйшую прыгажосць?
Тут, на пляцы, спалілі энтузіяста-мніха Саванаролу… Гэтак жа, як ён паліў кнігі і карціны, бо быў перакананы, што створаная рукамі чалавека прыгажосць ёсць грэхам, і раскоша ўвогуле – грэх… Больш за тое, палымянымі прамовамі з кафедры той самай дэль Ф’ёр ён змог пераканаць у гэтым саміх мастакоў – і тыя пакорліва прыносілі свае карціны для вогнішча…
Джыралама Саванарола, арыстакрат, які чатыры гады быў дыктатарам Фларэнцыі, рэспубліканец, што абвесціў каралём Фларэнцыі Ісуса Хрыста і напісаў кнігу “Аб пагардзе да свету”, быў арыштаваны, катаваны, павешаны і затым спалены… Чаму? А хто пацерпіць, калі да яго штодзень урываюцца ў дом увішныя хлопчыкі са спецыяльнага атраду тамтэйшых хунвэйбінаў, каб прасачыць, ці не носяць гаспадары каштоўных упрыгожванняў і ўбораў, ці не гуляюць у карты ці на музычных інструментах… Крамольныя прадметы канфіскоўваліся і спальваліся на “вогнішчы фанаберыі”, вось тут, на гэтым пляцы…
Памятаю, з якім пякучым пачуццём чытала даклады спецыяльных камісій начатку 1930-х пра вываз мастацкіх каштоўнасцяў з Гомельскага, Віцебскага, Магілёўскага і Мінскага музеяў у Ленінград, у распараджэнне таварыства “Антыкварыят”. Габелены фламандскай працы, гравюры Дзюрэра, персідскія гравюры… Колькі павывозілі з Беларусі тагачасныя Саванаролы! Колькі паскрадалі цягам стагоддзяў разнастайныя акупанты! І ў нас жа меліся палацы і замкі, магнаты і меценаты, з калекцыямі, якія славіліся на ўвесь свет… А цяпер мы ўздыхаем і зайздросцім, не падазраючы, што былі не менш багатымі… Нават працы ўласных мастакоў не змаглі захаваць, і нам цяпер прывозяць іх палюбавацца…
А на пляцы Сіньярыі зноў можна было страціць прытомнасць. Ну добра, Давід Мікельанджэла, што там стаіць – копія, гэта вядома… Арыгінал тут жа, побач, у музеі, і рэгулярна абрушвае людзей у стан несвядомасці, ніхто не ведае, чаму. Але іншыя скульптуры на пляцы – арыгіналы! І Персей Бенвенута Чэліні, і Геркулес Бандынэлі, і шмат чаго іншага…
Вядома, дужа хацелася паглядзець у галерэі Уфіцы “Звеставанне” да Вінчы і “Нараджэнне Венеры” Батычэлі – карціны, цытаты з якіх рассыпаныя па ўсёй Таскане… Але пайсці групай не атрымалася – не набралася жадаючых, бо чароўнае слова “шопінг”, вядома, больш прывабнае, чым слова “музей”… А пайсці самім? Вольны час, які нам далі, быў абмежаваны, а ў чарзе мы маглі страціць тры, чатыры гадзіны і так і не дастаяцца… І нам параілі пайсці ў палацца Піцці, дзе ў галерэі Палаціна таксама някепскі збор карцін. Шлях пралягаў праз мост Понтэ Век’ё. Гэта адзіны старажытны мост, які не быў падарваны падчас апошняй вайны – Супраціўленне выратавала. Калісьці мост пабудавалі Медзічы, каб пераходзіць з аднаго свайго палацу ў другі па сцецыяльнай галерэі, увешанай карцінамі. На першым паверсе мосту, як і колісь, ювелірныя майстэрні.
Адразу ўспомнілася, што бард Зміцер Сідаровіч, які памёр незадоўга да нашай паездкі, у “цывільным” жыцці працаваў галоўным інжынерам – праектаваў масты. І, напэўна, не аднойчы мы па іх праходзілі, не здагадваючыся, што ў іх канструкцыях гучыць музыка барда, дудара, паэта.
У палацца Піцці таксама доўгая чарга, але сюды асноўная плынь турыстаў не даходзіць – усе ломяцца ў галерэю Уфіцы, як у Луўры – да Джаконды. Так бы мовіць, адзначыцца. За дзесяць хвілінаў дастаяліся, узялі білет на маршрут нумар два – галерэя Палаціна, музей срэбра, музей касцюмаў і штосьці яшчэ… А што вы хочаце – багаты купец Піцці замаўляў Брунэлескі такі палац, каб вокны ў ім былі, як дзверы ў Медзічаў, а двор – як увесь Медзічаў палац. А пасля тут была каралеўская рэзідэнцыя, і каралі дадалі раскошы і прыбудоў…
Дарэчы, карціны тут і вісяць не па нейкім музейным прынцыпе, а так, як гаспадары вешалі.
Больш за дваццаць залаў, ад падлогі да столі ў некалькі шэрагаў завешаныя шэдэўрамі… У асноўным эпохі Адраджэння.
Вось тут ліцвінскую пані зноў пацягнула на істэрычныя рыданні.
Я не ведаю, у чым сакрэт карцін менавіта гэтага перыяду, мастакоў менавіта гэтых школаў… Зноў паўтару — яны ў большасці не былі святымі, нейкімі асабліва чыстымі, узвышанымі… Распуснікі, грэшнікі, сквапнікі, уладалюбцы… Я памятаю, як абуралася працамі мастацтвазнаўцы Лосева, які пісаў, што гераіні Батычэлі – рахітычныя гараджанкі са скажонымі прапорцыямі, і расказваў, як вялікі Бенвенута Чэліні паламаў у чарговай бойцы нос вялікаму Мікельанджэла… Чаму менавіта праз гэтыя нявартыя інструменты выяўляецца тая дасканалая прыгажосць, пераўзысці якую немагчыма? Проста немагчыма! Цытаваць, інтэрпрэтаваць – так… Але не пераўзысці. А чаму асобныя абліччы з карцін скрозь некалькі стагоддзяў ГЛЯДЗЯЦЬ на цябе? Нават на адной, шматфігурнай, карціне можа адзін толькі персанаж на цябе сапраўды ГЛЯНУЦЬ…
Так, у аснове такой прыгажосці — рамяство. Напрацаванае цяжкой, настойлівай працай.
Але — і блюзнерства, адчайная смеласць. За любую такую карціну маглі спаліць. Выяўляць чалавека прыгожым, як Бог? Грэх! А яны, пабожныя і не самыя смелыя, выяўлялі – нібыта імі штось кіравала.
Там, у залах, сярод палотнаў Батычэлі, Рафаэля, Фра Філіпа Ліпі, Тыцыяна і Караваджа, Рубэнса і Ван Дэйка, Веласкеса і Рыбейра я атрымала тое, за чым ехала ў Фларэнцыю – эстэтычнае перанасычэнне. Пасля якога пачынаеш неяк па іншаму глядзець на ўсё.
Як?
Вось мы слухаем розныя асобныя музычныя інструменты. Мы іх нібыта ведаем, пазнаем… І раптам давялося пачуць аркестр, хаця пра сімфанічнае выкананне нават не падазравалі. Так і тут… Карціны раптам пачынаюць гучаць у магутнай сімфоніі… Узмацняючы адно аднаго, адцяняючы гучанне адно аднаго, зліваючыся ў нешта новае… Такое магчыма толькі тут, дзе ўсё ёсць інструментамі – столь, распісаная фрэскамі і ўпрыгожаная лепнінай, падлога, выкладзеная мазаікай, інтэр’еры каралеўскіх пакояў, нават пейзажы за вокнамі…
І яшчэ адно: мы ведаем з тае эпохі некалькі імёнаў, якія на слыху, якія зрабіліся моднымі… А ты стаіш у залах, дзе сотні, тысячы карцін не менш вартых, але імёны мастакоў табе нічога не гавораць. І разумееш па-іншаму гісторыю мастацтва ва ўсёй яе несправядлівасці. Напрыклад, мы якраз патрапілі на выставу Джакопа Лігоцы. Яго называюць “самым універсальным мастаком Сярэднявечча” – хаця ён жыў у адзін час з Вазары і Леанарда, якія ўвасабляюць Адраджэнне. Праўда, у ягоных карцінах сапраўды вводгулле “цёмных стагоддзяў”. Гульня са смерцю. Шкілеты, данс макабрэ… А яшчэ замалёўкі раслін і жывёл для атласаў і энцыклапедый (трэнд сезону – чароўны вялікавокі тушканчык). Эскізы княскіх убораў і шпалераў, келіхаў і графінаў у выглядзе дзівосных стварэнняў, кніжная графіка і абразы… Джакопа Лігоцы змяніў Вазары на чале Фларэнтыйскай Акадэміі мастацтва і дызайна… Ці многія ведаюць пра яго?
Калі мы дайшлі да залаў з сучасным італьянскім мастацтвам (гэта па тамтэйшых мерках дзевятнаццатае стагоддзе), было ўсё роўна што выйсці з прыветных марскіх хваляў на пляж. Цела вярнулася ў звыклы асяродак… Налілося цяжкасцю, адчула спёку…
Праз гэтыя залы мы проста прабеглі з адчуваннем падману.
У калідоры перад прыбіральнямі палацца Піцці вісяць карціны сучасных італьянскіх мастакоў-авангардыстаў.
Перад палацца, на адхоне, адпачываюць турысты. Адхон – з асаблівым пакрыццём, толькі знешне нагадвае асфальт: ён цёмны і не такі цвёрды. Паляжалі, зняможаныя, падумалі над жыццём.
Фларэнцыя, мія кара Фларэнцыя…
Мне заўсёды было цікава, як жыць у такіх месцах, калі – і гэта непазбежна – шэдэўры робяцца звыклай і нават абрыдлай рэальнасцю? Не думаю, што фларэнтыйцы ўвесь час перажываюць “сіндром Стэндаля” і плачуць ад узрушэння на сваіх пляцах… А ўвесь свет гэтым горадам скароны. Фларэнцыя стала месцам дзеяння папулярнай кампутарнай гульні “Асасін Крыд-2”, герой там нават забівае Саванаролу… У рамане Дэна Браўна “Інферна” сюжэт у асноўным таксама разгортваецца ў Фларэнцыі – тут шукаюцца разгадкі “Боскай камедыі” Дантэ, і злачынца труціць падземныя рэзервуары вады вірусам няплоднасці дзеля таго, каб чалавецтва не перавысіла межы сваёй папуляцыі… У Фларэнцыю вазіў свайго юнага протэжэ Сержа Ліфара Сяргей Дзягілеў, каб навучыць разумець мастацтва.
Думаю, і героі маіх твораў сюды вернуцца.
А наступная вандроўка наша была ў Пізу.
Вежа, якая падае… Адно з цудаў свету… Нават аматары шопінгу зацэняць. Экскурсія называлася “Вячэрняя Піза”. Паехалі ж удзень, гадзіны ў тры. Чаму меркаваўся вечар – зразумела: калі сонца заходзіць, мармур храмаў набывае пяшчотнае ружовае адценне, а ўночы вежу падсвечваюць… Мы гэтага не пабачылі.
Але і на дзённым сонцы Пізанская вежа выглядае файна. Не заўважыць яе цяжка: яна сапраўды высокая – уздым на вяршыню можа заняць хвілін сорак. І гожая, нібыта з каменных карункаў. Але ўражвае і храм, пры якім яна збудаваная, і баптыстэрый побач… Самае цяжкае – сфоткацца на фоне вежы так, каб не патрапілі ў кадр іншыя турысты. Іх тут, як блох. “Падпіраюць” вежу ў кадры, “трымаюць” яе на спіне ці на далані… Фотажабы з Пізанскай вежай даўно зрабіліся банальшчынай сеціва. Муж, праўда, сам не заўважыўшы, умудрыўся на адным кадры сфоткаць мяне так, што вежа стала працягам майго капелюша.
Пізанскі сабор неверагодна прыгожы. Паводле легенды, калі ён быў дабудаваны напалову, прыехаў рымскі папа, каб асвяціць будынак. Д’ябал раз’юшыўся і паспрабаваў зруйнаваць пабудову, учапіўшыся кіпцямі ў сцяну. Але малебен нячыстую сілу адпалохаў. Затое ў камені застаўся шэраг дзірак ад д’ябальскіх кіпцяў. Паводле легенды, той, хто зможа правільна гэтыя адмеціны пералічыць, здабудзе д’ябальскае шанцаванне. Толькі пакуль нікому не ўдалося. Колькі ні лічыш — вынікі ніколі не сходзяцца. Хаця студэнты перад кожнай сесіяй спрабуюць. Тут жа ўніверсітэт, праслаўлены імем Галілея, і ў студэнтаў шмат старых традыцый. Каб пашанцавала на іспытах, скачуць вакол сабору на адной ножцы, лічаць знакі ад кіпцяў д’ябла…
Дарэчы, наконт эксперыментаў Галілея – нібыта кідаў з Пізанскай вежы рэчы ды назіраў за траекторыяй палёту – месцічы кажуць, міф гэта. Хто ведае… Ёсць і другі міф: нібыта графаУгаліна, якога за ўдзел у змове замуравалі разам з ягонымі дзецьмі, тых дзяцей з’еў… Насамрэч хутчэй за ўсё на трупах знайшлі ўкусы пацукоў. Але вось на доме, дзе гэта адбылося, дасюль адмысловы металёвы кошык на прэнце — там была выстаўленая галава пакаранага змоўшчыка.
Дантэ Аліг’еры гэтую гісторыю пераказаў у “Боскай камедыі”… Жорстка дакараючы пізанцаў.
Замураваныя персоны ёсць і на Беларусі – Гальшанскі кляштар хаця б успомніць… А вось Пізанскіх вежаў у нас, бадай, больш, чым адна – маю на ўвазе пахіленых помнікаў… Вежы навагрудскага і крэўскага замкаў куды бліжэй да згубы, чым Пізанская – яна, дарэчы, надзейна ўмацаваная нейкімі супер-пупер-тэхналогіямі, што ператварылі зямлю пад ёю разам з фундаментам у маналіт.
Негры-сенегальцы ўпарта прапаноўваюць нам парасоны з выявамі славутасцяў Італіі і сумкі… Сумку мы набылі ў Фларэнцыі, скасціўшы цану ад трыццаці пяць еўра да дванаццаці. Не тое, каб я ўмела гандлявацца, проста сумка была не так ужо і патрэбная, мы ўжо і ў аўтобус селі, а гандляр усё скакаў пад вокнамі ды паніжаў цану… Нарэшце я выпхнула мужа, каб выкупіў тавар. Белая сумка са штучнай скуры, распісанай пад старажытную карту, прыдалася, каб склаці набытыя сувеніры. Абрастаеш імі падчас паездкі, як карабель водарасцямі… А я яшчэ і каменьчыкі ды ракавінкі збіраю адусюль. Напачатку яшчэ памятала, адкуль што прывезла. Пасля падпісвала – маркерамі, алоўкамі… Вы спрабавалі пісаць маркерам на кавалачку старой цэглы? Вось-вось… Пасля разабраць немагчыма.
Піза адзначылася ў маёй калекцыі белым каменьчыкам.
А вось у Ліда дзі Камаёрэ мы напаткалі антыкварную крамку. Выпадкова. Спрабавалі дайсці да гор – надта спакусна яны высіліся, здаецца, зусім побач, але дайшлі толькі да шашы. Вось там і была гэткая драўляная хібара, застаўленая разнастайным барахлом, ад плеценых крэслаў да бляшаных цукарніц і пажаўцелых фатаздымкаў невядома каго ў рамачках. Тыповы рэпертуар блышынага рынку. Гаспадар гэтага дабра, хударлявы месціч сярэдніх гадоў, падобна, там і жыў, бо нават сіесту праводзіў, рыхтуючы на жалезнай старажытнай рагульцы гарбату. Там я і выкупіла падсвечнік – “кандэлябру” – з жоўтага цяжкога металу, хутчэй за ўсё – латунь, у выглядзе цмока з адкінутымі крыламі і выгнутай доўгай шыяй, за якую можна “кандэлябру” трымаць, як за ручку. Гаспадар запэўніў, што рэч прывезеная з горада Лукка.
І сапраўды – калі мы апынуліся ў гэтым горадзе, пабачылі дакладна такіх цмокаў: у ліхтарах на пляцы, на фасадзе старога банка, у рашотках… Гід нам адразу паведаміла, што лукіянцы – людзі непрыемныя, славяцца як сквапнікі і нядобразычліўцы. Так што не дзівіцеся, маўляў, калі на вас будуць скоса паглядаць і сварыцца – лукіянцы чужых не любяць. Спрадвеку гэта быў горад купцоў, якія ведалі галоўнае: няхай у іншых гарадах пасмейваюцца, але, калі сустракаешся з чужынцам, лепш апрануць на сябе старое падзёртае адзенне, а новае і багатае прыхаваць. Іначай чужы купец паглядзіць, што тут жывуць багатыя людзі, і наступным разам прывядзе сюды войска. Хіба такая ментальнасць не ўласцівая беларусам? Бабулі хавалі прывезеныя дзецьмі з горада транты “на лепшы дзень” альбо “на смерць”, пакуль тая адзежа не спарахнее ці моль не пажрэ. Прызнацца суседу, што ў цябе добры набытак – нізавошта… Лепш прыбядніцца, паскардзіцца на няўдачу…
На адным з пляцаў Луккі стаіць помнік правадыру-патрыёту, якога падчас аблогі выдалі ворагам, каб улагодзіць. Небараку ў палоне закатавалі і забілі. Дантэ выкрыў лукіянцаў у сваёй універсальнай паэме. Праз колькі стагоддзяў прададзенаму патрыёту на няўдзячнай радзіме паставілі помнік… Нічога не нагадвае?
Тым больш назва “Лукка” паходзіць ад слова “балота”. Горад будавалі лігурыйцы, і былі тут балаты. А яшчэ калісьці тут сустракаўся трыюмвірат – Цэзар, Крас і Пампей. Горад тады быў багаты і вялікі. Цяпер на месцы тутэйшага калізея – пляц, па краях якога, паўтараючы авальныя абрысы калізея, дамы… Звонку непаглядныя. Але з самымі дарагімі ў горадзе кватэрамі. Экскурсаводка кажа – лукіянец нізавошта не ахвяруе грошай на грамадскія патрэбы, кшталту рамонта фасаду… Не ведаю, наколькі нагаворвала наша гід на месцічаў – у прынцыпе, нідзе нас не аблаялі. Хаця погляды сапрады сустракалі даволі калючыя: звычайна ўсе ў Еўропе ўсміхаюцца пры сустрэчы. А тут бабулькі, дзядулькі, раварысты і кіроўцы так паглядалі на зграю турыстаў, што перашкаджала ім рухацца па вузкіх брукаваных вулках, што непамысна…
У Лукке шмат дамоў-вежаў. На адным нават растуць дрэвы. Не абы-якія — дубы. На вышыні ў сорак чатыры метры. Кажуць, у пятнаццатым стагоддзі дубы тут ужо раслі.
На сцяне кафедральнага сабору Сан-Марцін – таксама цудоўнага, з ляпнінай, з карункамі калонаў – мы знайшлі выяву лабірынта. Надпіс сведчыць, што гэта схема менавіта таго лабірынта Дэдала, з якога выбраўся Тэсей, забіўшы Мінатаўра.
Ну, не ведаю… Муж, павадзіўшы пальцам, неяк вельмі лёгка знайшоў з таго лабірынту выйсце. І без дапамогі Арыядны. Мусіць, яму падаравалі б жыццё за гэта – у лабірынт Дэдала заводзілі асуджаных на смерць, але той, хто з першай спробы выходзіў, атрымліваў памілаванне.
На пляцы бязрукі мастак малюе, заціснуўшы пэндзаль зубамі. Яго карціны тут жа можна купіць. Побач гітарыст – грае штосьці з Бітлз. Лукка – горад музычны. Адсюль родам кампазітар Пучыні. І помнік яму стаіць. І музей. І ў тэатры граюць ягоныя оперы. Пучыні вельмі шмат курыў, і бронзавы – працягвае згубную звычку, ад якой і памёр.
У вітрынах вабяць лукіянскія прысмакі: пірагі з зялёнай накрыпкай, кшталту шпінату, вялізныя булкі. Мы абедаем у рэстаранчыку –сэлфі, дзе працуюць афіцыянткі-палячкі. У кошт – даволі сціплы – уваходзіць шклянка к’янці.
Дарэчы, цэны ў “сквапнай” Лукке не такія ўжо высокія. Магчыма, таму, што тут не гандлююцца: лукіянцы ведаюць, што са сваймі гандлявацца бескарысна, і адразу ставяць пажаданую цану.
На руцэ скульптуры святога Мікалая, якая прыкрашае царкву імя святога — пярсцёнак з сапраўдным дыяментам. Прыгледзеўшыся, можна заўважыць востры бляск. А ў другой царкве ў шкляной труне спачывае святая Зіта – апякунка прыслугі: лёкаяў, пакаёвак, афіцыянтаў. Вось да каго трэба было звяртацца героям рамана Элізы Ажэшка “Хам” і аповесці Змітрака Бядулі “Салавей”!
Да святой Зіты мы не патрапілі, але Лукка, абнесеная старажытнай сцяной, запомнілася…
І вось жоўтыя дамкі і зялёныя вінаграднікі Італіі змяняюцца аўстрыйскімі пейзажамі. Потым – Баварыя…
Экскурсаводка адразу пачала гаварыць, што Мюнхен – не галоўная “калыска фашыстоўскага путчу”… Рэакцыя экскурсаводкі, рускай, якая даўно тут жыве і любіць Баварыю, зразумелая. У гісторыі горада ёсць ганебныя старонкі. Тут у ратушы гаварыў сваю чалавеканенавісніцкую прамову Гебельс, тут пачыналіся пагромы, на Каралеўскім пляцы нацысты палілі кнігі… Цяпер кожны год 9 лістапада ў ратушы нямецкія школьнікі зачытваюць спісы габрэйскіх дзяцей, якія загінулі падчас Халакосту, а на Каралеўскім пляцы ўсе, хто жадае, зачытваюць старонкі з кніг, якія падлягалі тады спаленню. Нам паказалі нават так званую “залатую дарогу” – калі Гітлер загадаў паставіць на пляцы помнік сваім “героям”, гараджане, каб не ўскідваць руку перад тым помнікам, абыходзілі пляц завулкам. Вось іхні шлях і пазначылі, вызалаціўшы каменьчыкі брукаванкі. І хаця завулак празвалі “Завулкам баязліўцам”, ён, як кажуць, лічыцца сімвалам грамадзянскай смеласці. Часам смеласць – і ў тым, каб проста ўхіліцца ад удзелу ў ганебным. Затое цяпер за любыя праявы сімпатыі да фашызму – ускідванне рукі, выказванне, ужыванне сімволікі – неадкладны арышт і турма, і апеляцыі не прымаюцца. Нас адмыслова папярэдзілі, каб хтось з турыстаў не пажартаваў па-дурному, бо тады не давядзеш, што проста жартаваў.
Тут доўга жыў у якасці дыпламата расейскі паэт Фёдар Цютчаў. Ажаніўся з графіняй Ботмер, пасля – са сваёй старой палюбоўніцай Дзёрнберг, сябраваў з Шэлінгам і Гейне… Наша гід па Мюнхене мастацтвазнаўца Вера Гітнікава сцвярджае, што бачыла арыгіналы рукапісаў Цютчава: ён пісаў на нямецкай не толькі публіцыстыку і крытыку, але і вершы! Прычым самыя цяпер вядомыя як руская класіка. Іх нібыта перакладала на рускую паэтава дачка, кшталту “Люблю грозу в начале мая”. Нічога, што тая навальніца была ў Баварыі? Праўда, большасць расейскіх літаратуразнаўцаў сцвярджаюць, што Цютчаў пісаў вершы па-руску, яго, наадварот, перакладалі на нямецкую… Спрачацца не буду, няхай даследуюць спецыялісты…
Сёння Цютчаву ў Мюнхене стаіць помнік, ёсць мемарыяльная пліта на доме, яго творчасць прызнаюць часткай нямецкай культуры…
Мюнхен сустрэў дажджом. І гэта пасля сонца Тасканы… Нядзеля, усе крамы да адной зачыненыя. Хоць праз вітрыны палюбаваліся і тут нацыянальным адзеннем: яно, як і ў Аўстрыі, абавязкова ёсць у кожнай сям’і. Шалёныя грошы каштуе хвост, які прычапляецца ззаду да мужчынскага капелюша. Носяць яго толькі сябры манархічнага клуба. Бачыш, што ідзе такі дзядулька, у шляпе з хвастом – неадменна які барон альбо граф. А банцік на поясе фартуха сведчыць пра становішча жанчыны. У залежнасці ад таго, дзе ён – справа, злева, спераду – значыць, яна замужняя ці не, і ці гатовая да знаёмстваў.
Апоўдні мы пабачылі прадстаўленне, якое разыгрываюць фігуркі гадзінніка гатычнага сабору на Марыенплац: кароль з каралевай назіраюць рыцарскі турнір, танцоры выковаюць маўрытанскі танец… Пытанне – хто быў першы з такім гадзіннікам, Прага ці Мюнхен, аказалася рытарычным. Пражскі гадзіннік “Арлой” – пятнаццатага стагоддзя, а сабор – “навадзел”, неаготыка… Лепш бы не гаварылі пра ягоны ўзрост, далібог! Расчараванне…
Удалося з сябрамі ў вольны час пасядзець у мюнхенскай піўной, і не абы-якой – “У францысканцаў”. Манахі першымі пачалі тут варыць піва. Добра, што хлопец з італьянскага клубу, куды мы напачатку ламануліся, пачуўшы запыты пра “бір” і “міт”, параіў перабрацца туды, дзе традыцыйная кухня. У прыбіральні піўной плату з наведнікаў збірае мажная немалдая руская жанчына, чые плечы абхінутыя стракатай хуткай. Яна беспамылкова пазне тым, з кім можна гаварыць без перакладу.
Калі нямецкія назвы за вакном змяніліся польскімі, адчылі сябе амаль дома.
У Беларусь прыехалі а чацвёртай ночы. Тут было цёмна і холадна, але гэта была радзіма, дзе ў дзяцей скончыліся вакацыі.
Забыць Венецыю… А заадно і Рым…
Не дачакаецеся.
2014