Людміла Рублеўская
ДАГЕРАТЫП
Дэкадансны раман
КНІГА ЗНЕШНЯГА КОЛА
Раздзел першы. Пад’езд з шахматнай падлогай.
Гэта было ў той год, калі ўсе пачалі насіць кашулі ў краткі.
Быццам вуліцы запоўніліся каўбоямі.
Але пазнаваўся толькі статак.
Яшчэ ў той час у горадзе паўсюль замест асфальту клалі новую плітку. Дакладней, здзеклівае падабенства брукаванкі. Шэрыя ці ружаватыя бетонныя брускі мясцовай вытворчасці вельмі хутка трэскаліся, а паколькі зазвычай іх укладвалі ў вільготную зямлю — а халера яго чакаць, пакуль высахне, распаўзаліся ў бакі, як гнілое сукно, дыбіліся неахайнымі хвалямі, па якіх было нават весела скакаць. Тым больш у маіх Чаравіках. Менавіта так, з вялікай літары. Суперскія Чаравікі, якія ўдалося набыць хаця б ужыванымі, праз інтэрнэт, затое – чорна-бліскучыя, з цяжкой «жаўнерскай» скуры, прашытыя суворымі ніткамі… Хех! Навюткія такія ж за маю журналісцкую паўстаўку не купіш.
Дарэчы, яшчэ пашанцавала на гэтую паўстаўку, мне ж засталося апошні курс давучыцца, а ўжо цяпер не баліць галава пра размеркаванне.
Затое баліць – пра жытло. Праўда, якраз з’явіўся шанец гэтую праблему бліскуча вырашыць. Знаёмы хлопец з’язджае па нейкім гранце займацца сваёй біялогіяй-заалогіяй-пацукалогіяй, а паколькі акрамя тае пацукалогіі (ці прусакалогіі) нічога яго, падобна, па жыцці не цікавіць, прапанаваў сваю кватэру, у самым цэнтры места, абсалютова бясплатна ў карыстанне двум правінцыяльным студэнтачкам. На шчасце, Наста, мая сяброўка і суседка па здымным жытле, з’ехала на тыдзень да бацькоў, і ўсе ўражанні візіту – мне, мне адной!
Машыны ляцелі па праспекце так мэтанакіравана, быццам кожная везла сэнс жыцця, але мяркуючы па смуродзе, які пасля іх заставаўся, гэта быў не вельмі добры сэнс. Я дастала смартфон і патыцкала пальцам у экран, павялічваючы фрагмент карты з патрэбным мне домам. Ого, гэта той самы, з дзьвюма скульптурамі перадавых калгасніц на карнізе і кніжнай крамай на першым паверсе! Крутая кватэрка…
Высока нада мной перадавыя калгасніцы, прыціскаючы да магутных грудзей па снапе, перавязаным стужкай, пазіралі ў шэрае восеньскае неба цяпер ужо майго горада сляпымі каменнымі вачыма. І зерне ў іх каласах было каменнае. А млын заснавальніка горада, волата Мянеска, які перамолваў камяні, даўно спыніўся, і не было нікому справы да хлеба прамінулых стагоддзяў.
Пад’езд нагадваў пра тыя часы, калі па вітых лесвіцах з каванымі мадэрновымі балясінамі дзелавіта падымаліся людзі ў фуражках з зорачкамі, а той, за кім яны ішлі, кідаўся ў лесвічны пралёт…
Ды не, гэта я рамантызую. Ніхто не кідаўся… У гэтым я ўпэўнілася, калі працавала над серыяй артыкулаў пра беларускіх літаратараў з таварыства «Маладняк». Сядзелі па кватэрах і чакалі арышту – паэты, пісьменнікі, навукоўцы… Трэсліся пад коўдрамі, трымалі ў калідоры клуначак з неабходнымі для турмы рэчамі, прыслухоўваліся начамі да крокаў па лесвіцы: не, не да нас! Далібог, не да нас! І суцяшаліся: я ж нічога кепскага савецкай уладзе не зрабіў, я ж за яе, ёсць больш вінаватыя! Нават калі арыштуюць, разбяруцца! Ну не можа быць, каб вось так, нізавошта…
Магло. І было.
Я пісала артыкул за артыкулам, і з’яўляліся ўсё новыя імёны, вартыя згадкі… І пакуль гэта будуць друкаваць у газеце, якую распаўсюджваюць па бібліятэках, пакуль яна будзе заставацца беларускамоўнай, і пакуль будзе магчымасць працаваць у архівах, нават атрымліваючы менш, чым каштуюць неўжываныя мае боты, нават з тым, што даводзіцца пісаць шмат інфармацыйнай нецікавай лухты і бегаць з дыктафонам па начальніцкіх прэсухах – я не звольнюся…
Мне яшчэ ў дзяцінстве мама казала, што я “не ад гэтага свету”.
А па-мойму, дык кожны сам выбірае, у якім свеце яму жыць. Іх жа насамрэч многа, практычна паралельных, светаў, дзе ўмоўны шматок сена матляецца, падвешаны на вяровачцы, перад пысай даверлівага асла, змушаючы яго ісці ды ісці і валачы за сабой сваё жыццё.
Пра свой матывуючы «шматок сена» я вам распавяла…
А падлога ў гэтым пад’ездзе нагадвае шахматную дошку. Чорныя і белыя пліткі-ромбікі, быццам ты ўнутры атракцыёна, які стварае прасторавыя ілюзіі.
Атракцыён сапраўды быў… Такімі ж пліткамі-ромбікамі выкладзены пад’езд, дзе знаходзіўся музей аднаго савецкага паэты, пра які я напісала рэпартаж. Надта ж уразіла ўсё – і злавесна-ціхі пад’езд з каванымі балясінамі і вітражамі ў стылі арт-нуво, і вельмі савецкая экспазіцыя, дзе дэманстраваліся шматлікія ўзнагароды і пасведчанні паэта, а пра ягоную рэпрэсаваную радню і расстраляных сяброў — нічога… А паколькі я яшчэ згадала, што сюды рэдка ходзяць наведнікі, кабеты, якія кіравалі музеем, закідалі ўсе інстанцыі і мяне асабіста абуранымі скаргамі і патрабаваннямі нахабную і недасведчаную «привлечь по всей строгости». Якраз цяпер я была ў стадыі чакання… ну, не арышту – але чагось таксама непрыемнага… Праўда, звольняць наўрад – я ж дзеўка «пісучая», як у нашай тусоўцы кажуць… Але прыкра было, праўда. Затое гэтую прыкрасць можна выкарыстаць і для Справы – каб лепш зразумець сваіх герояў, якія таксама зведалі даносы і дурныя абвінавачванні.
А вось і патрэбная кватэра… На самым верхнім паверсе, дзесьці непадалёк вартуюць дах каменныя калгасніцы. Дзверы старыя, з натуральнага дрэва… Ад нумара засталася адна металёвая лічба, другую можна адгадаць па цёмным адбітку: «37».
Як для мяне, дык запомніцца на раз: самы расстрэльны год — 1937.
Блін, толькі не дрыжэць… Не чырванець, не пацець, не зглытваць сліну і не адводзіць вочы, як школьніца! А сэрца пад акампанемент званка білася ўсё хутчэй… Баязліўка, закаханая дурында…
Высокая і шэравокая прычына маёй панікі, Гальяш адчыніў і ветліва адышоўся ўбок, прапускаючы мяне ў кватэру. Вядома, ён быў у кашулі ў краткі. Зялёна-белыя.
–Прывітанне… Сімка.
Перад маім імем была зразумелая паўза. Звыкнуць трэба, так звяртацца да, у прынцыпе, сур’ёзнай дзяўчыны (спадзяюся, што ствараю менавіта такое ўражанне). Але сваё імя па пашпарце «Серафіма» я ненавідзела настолькі, што сама вырашыла з яго паздзеквацца. Сімка – гэта і мой нік у сеціве, і тэст падчас знаёмстваў. Калі пачынаюць перапытваць «Як, як?» альбо расцягваюць вусны ў паблажлівай усмешцы, я залічваю гэтых людзей у паралельны свет. Гальяш у свой час проста паціснуў руку і зазірнуў мне ў вочы шэрымі вачыма, такімі светлымі на смуглявым абліччы – не ад прыроды смуглявым, а ад загару вечных вандровак. Дый у самога імя было на сучасны слых дзіўнаватае. Гальяш, беларуская форма звыклага «Ілля».
Прызнацца, менавіта ягонае імя давала мне найбольшую надзею… Пэўна ж, чалавек дэманструе зацікаўленасць беларускай культурай, а значыць, мы паразумеемся?
Але я вельмі хутка пераканалася, што нічога ён не дэманструе. Проста, як і я, не любіць свайго імя па пашпарце.
Ён амаль увесь час маўчаў. Дзень народзінаў маёй аднакурсніцы быў шчабятлівы і крэатыўны, з «гадальнымі» піражкамі і конкурсам «дастань яблык з вады зубамі». Абслінены яблык я чапаць не стала, з піражка выняла праалееную паперку з абяцаннем «вялікага і светлага кахання», непрыкметна скамечыла і сунула ў кішэню джынсаў. Гальяш таксама пазбягаў «крэатыву», на спробы яго «раскатурхаць» адказваў белазубай усмешкай, а паколькі ён быў высокі, плячысты і няспешны, звалачы яго з канапы гвалтам было цяжка.
І што яму напрарочыў піражок імянінніцы, я так і не даведалася.
Толькі пад канец вечарыны Гальяш трохі разгаварыўся – пра апошнюю экспедыцыю… Я так і не ўцяміла, куды менавіта, але на балаты. Змрочныя такія, бясконцыя беларускія балаты. Расказваў цікава: пра чырвоныя ад журавін паляны, птушак, якія крычаць, бы немаўляты, параненага лася, якога выцягнулі з дрыгвы – а цалкам магчыма, ён проста сам пайшоў туды паміраць. Я глядзела, як хлопец падчас аповеду няўважна адкідвае даланёй доўгі русявы чуб, як пасміхаюцца ягоныя вусны з цвёрдым «мужчынскім» абрысам, як на шчацэ бялее маленькі стары шнар… І разумела, што ўліпла. І вельмі няўдала.
Гэты малады чалавек не цікавіўся беларускай літаратурай, у яго была дзяўчына, і ён у хуткім часе павінен з’ехаць за мяжу.
Пасля мы яшчэ некалькі разоў сустракаліся ў той жа кампаніі – глядзелі фестывальныя фільмы, потым абмяркоўвалі іх у кавярні, аднойчы Гальяш нават правёў мяне дахаты – ну, не тое што правёў, яму проста было па дарозе, і акрамя сяброўскіх размоў, нічога не адбылося…
А цяпер і не адбудзецца. І я буду жыць у гэтай кватэры з высокай столлю, з пафарбаванымі яшчэ за савецкім часам жоўтай крэйдавай фарбай сценамі і цяжкой бронзавай люстрай, у якой не хапае лямпачак… І вышукваць сляды былога гаспадара, і адгадваць, ад чаго ўтварылася гэтая драпіна на сцяне, і гэтая пляма на стальніцы…
–Праходзь, пакажу, дзе што.
А ў мяне ўзнікла пакутлівая дылема: здымаць ці не здымаць чаравікі? Зняць – выявіць сябе выхаванай дзяўчынкай, тым больш і гаспадар у гумавых сініх «хлёпанцах», як кажа мая бабуля, і такія ж запасныя «хлёпанцы» для гасцей стаяць у вітальні… Але вельмі верагодна, што чорныя мае калготкі парваліся на вялікіх пальцах, і я буду крадма і пакутліва сцягваць дзіркі ўбок, каб пальцы з іх не вытыркаліся, і больш ні пра што думаць не змагу, акрамя як заўважыць хлопец, што я ў дзіравым, альбо не.
Паркет чысты, але лакам не блішчыць… А, пашкандыбаю ў сваіх жаўнерскіх чаравіках, выяўлюся такой нефармалкай.
Падчас азнаямляльнай экскурсіі я глядзела ў шырокую спіну біёлага, і гэта моцна адцягвала ад успрыняцця інфармацыі, яна даходзіла да свядомасці як праз пылявы фільтр. “З суседзямі асцярожна, старыя «актывісты», зрэагуюць на любы гучны «чых». Кран падцякае, пастараюся памяняць перад ад’ездам пракладкі. На гаўбцы барахло, якое ўсё варта выкінуць, але калі знойдзеце, што скарыстаць – калі ласка. Ровар, дарэчы, яшчэ на хаду. Талеркі ўсялякія ды рондалі маюцца, мыць ці не мыць – вырашаць вам. Тэрарыумы-серпентарыі свае я дамовіўся ўжо, куды падзець, не зважай на іх. Вось кнігі і часопісы прашу ўсё-ткі не выкідваць. Мог бы – забраў, але за акіян валачы не выпадае. Да таго ж, можа, прыйдзецца вяртацца”.
Вычутае ў апошняй фразе змусіла здрыгануцца: «прыйдзецца». Гэта значыць, вяртацца не збіраецца.
Я нарэшце ўважліва азірнулася: так, гэта кватэра чалавека, які сабраўся ў бежанцы. Дыван згорнуты, як вялізны пыльны вусень. Перавязаныя стосы кніг ляжаць проста на падлозе, побач са спакаванымі валізамі, у расчыненых шафах гуляе паветра. Ой, а вось і згаданыя серпентарыі-терарыумы… У шкляных скрынках, адмыслова падсвечаных, неверагодна марудна варушыліся істоты, з якімі я не жадала мець ніякіх зносінаў, нават на адлегласці. Ніколі не зразумею людзей, якія могуць жыць побач з гэтай поскуддзю… Не, я ўсведамляю своеасаблівую прыгажосць і гэтай срабрыста-зялёнай змяюкі, што ляніва гоніць свае кольцы вакол нейкай карчажыны, і вунь таго гіганцкага павука, які трымаецца ўсімі расстаўленымі валасатымі лапамі за кавалак цагліны, і чарапахі, якая меланхалічна пускае бурбалкі, высунуўшы звыродліва маленькую галаву, падобную да гнілога карэньчыка, з-пад вады… Супер, усе прыгожыя, усе хай жывуць… Толькі не побач са мной!
Я кінула ўважлівы позірк на гаспадара кватэры: што з ім не так, не можа быць, каб чалавек, які спіць здаровым сном побач з жывым тарантулам, а той перабірае калматымі лапкамі, быў зусім нармальны…
З іншага боку, мае апантаныя архіўныя вышукі «за так» і слёзы над запырсканымі крывёй стэнаграмамі допытаў таксама камусьці падаюцца прыкметай душэўнай хваробы.
На пісьмовым стале стаяў расчынены ноўтбук, на маніторы якога млява плаваў, як яшчэ адна пачварка ў празрыстай скрынцы, лагатып Windows. А побач у шкляной рамачцы фота: Гальяш у кашулі ў краткі, толькі чорна-чырвоныя, а ля яго – галава да галавы – вясёлая прыгожая дзеўка ў каўбойскім капелюху і чорнай цішотцы. Гарэзлівыя цёмна-бліскучыя кудзеры дзеўкі змяшаліся з русявымі валасамі біёлага, які тады адрасціў іх ледзь не па плечы.
Гэта тая самая Лера, што чакае яго ў каліфарнійскім універсітэце.
Што ж, рушніком ім дарога… Будуць разам ездзіць па прэрыях і збіраць тарантулаў.
–Халера, здаецца, цэлы тыдзень рэчы перабіраў, але гэта ж кватэра дзеда і прадзеда, тут ва ўсіх закутках нейкая старызна, — вінавата прагаварыў Гальяш, азіраючыся па баках. — На антрэсолі і ў камору яшчэ нават не зазіраў.
–Дык давай дапамагу, — нечакана для самой сябе прапанавала я. І, злавіўшы разгублены позірк, паспешліва патлумачыла: –Мне ж, урэшце, тут жыць. Усё роўна буду прыбірацца.
Гальяш трохі павагаўся – так званая джэнтльменская паўза, потым крытычна агледзеў мяне – джынсы, чорная байка, цалкам прыдатная для нечарговага суботніка, пакорпаўся ў плеценай скрынцы, якая стаяла ў куце пакоя, і кінуў мне пад ногі паношаныя жаночыя чорныя паўкеды якраз майго памеру.
–З мяне гарбата.
Усё-ткі з ім проста… І паўкеды – не “хлёпанцы”, дзіркі ў калготах схаваюць (а дзіркі якраз былі, як я ўпэўнілася, сцягнуўшы нарэшце ў вітальні чаравікі).
Каб весялей працавалася, Гальяш уключыў на ноўце музыку, прычым падборка была самая дзіўная. Дэпрэсіўныя скавытанні «Металікі» змяняліся энергічным «Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы! Чаго хочаш? Долі лепшай!», меладычнае пяшчотнае «Алоха» гавайскага спевака Камакавівы, які загінуў, задушаны ўласным тлушчам – фолк-рокам фэнтэзійнага кшталту. Пра рыцараў, эльфаў і драконаў. Асабліва гаспадару падыходзіла песенька пра Міхеля, у якога ёсць калодзеж, дзе жыве Ундзіна. І нічогенька таму мужыку больш не трэба, ні гаспадыні ў хаце, ні золата, ні кароны, ні трона… Бо «у Міхеля ёсць калодзеж, у калодзежы ёсць Ундзіна».
Каб выцягнуць усе транты з кладоўкі, спатрэбілася не менш за гадзіну. Падшыўкі «Нового мира» і «Науки и жизни» сямідзясятых гадоў, перавязаныя «шпагатам» – скручанай з жаўтлява-брунатнай паперы вяровачкай, мех старога мужчынскага абутку, выцвілыя балоневыя курткі, радыёла, набор медыцынскіх баняк у палатняным мяшэчку… Музей сац-арта.
–Слухай, і не шкада табе з’язджаць? – не вытрымала я. Гальяш трохі прамарудзіў, перш чым кінуць у гару хламу, асуджанага на сметніцу, настольную лямпу на гнуткай металёвай ножцы, але без абажура, шнура і лямпачкі.
–А што я тут забыўся? – адказ прагучаў нечакана злосна-тужліва, нібыта той, хто гаварыў, сам сябе пераконваў. –Магчымасцяў для працы – трохі больш, чым ніякіх, выбіць фінансаванне экспедыцыі – лягчэй самому ў жабу ператварыцца. Тэма мая нікога тут не цікавіць, бо каўбасы ад яе не прыбавіцца.
–А родныя? – не здавалася я. – Не засумуеш?
–Маці без мяне цудоўна абыходзіцца ўжо дваццаць гадоў, — Гальяш страсянуў русявым чубам. – Жыве ў Швецыі, дзе ў яе іншая сям’я, і два мае зводныя браты там таксама па мне не плачуць. Бацьку ўвогуле не ведаю. Мяне выхоўвала бабуля. Яна калісь сышла ад майго дзеда — доктара навук і ўладальніка гэтай кватэры, у хрушчоўку да простага інжынера па пральных машынах. У той час, дарэчы, гэта была супертэхніка, кшталту нана-тэхналогій. Нічога сабе сямейка, так? Мае першыя ўспаміны – я лаўлю ў лазенцы павукоў, саджу ў слоік і адчуваю сябе непатрэбным і падкінутым, як Гары Потэр да Хогвардса.
Я агледзела ўпэўненую постаць гаспадара і не змагла ўявіць яго затурканым худзенькім Гары Потэрам у каморы альбо лазенцы. Да таго ж я ў сям’і расла маленькім баством, для якога тата прыладжваў на балконе гамак, мама шыла касцюмы прынцэсы, а бабуля не клала ў варыва цыбулі, якой я не цярпела, і мне цяжкавата ўявіць іншае дзяцінства.
–А я думала, ты ў гэтай кватэры вырас…
Гальяш шпурнуў у гару хлама гумавую грэлку калісьці бэзавага колеру.
–Дзед так і не ажаніўся другі раз і ўпарта ваяваў з бабуляй за права выхоўваць дачку, пасля – мяне. Я яго баяўся – ён быў чалавек дужа суворы. Бабуля так і тлумачыла свой учынак: маўляў, у экс-мужа зверху касцюмчык, а пад ім – ваўчыная скура. Напалохаў ён яе аднойчы моцна сваім… характарам. Неўзабаве пасля таго, як памерла бабуля, памёр і ён, такі вось… лебедзь-адналюб, перад смерцю адпісаў мне кватэру. Тут з шаснаццаці і жыву сам. – Малады гаспадар кінуў на мяне хмуры позірк і прамовіў, нібыта апярэджваючы пытанне, якое, відаць, апрыкрала чуць. — Нічога, спраўляюся. Ведаеш, я неяк прачытаў ва ўспамінах акадэміка Дзмітрыя Ліхачова пра ленінградскую блакаду цікавы эпізод пра лёс навукоўцаў. Этнографы вымерлі з голаду, матэматыкі, лінгвісты… Адны заолагі практычна ўсе выжылі, бо ўмелі паляваць.
Я абвяла позіркам сталінку: хаця зараз і рэзрух, і няма асаблівых дызайнерскіх вышукаў, але й дастаткова акуратна, павута па кутах не вісіць. П’янак тут дакладна не ўчынялі, плакатаў з рок-зоркамі на сцены не ляпілі. Нават абраз “Неапалімая купіна” ў куце, а пад ім лампадка. Ціхая кватэра інтэлігентнага хлопца з антыкварнай мэбляй з карэльскай бярозы і густоўнымі нацюрмортамі на сценах. Каб у мяне адпачатку такая была… Жыві – не хачу.
–Ведаеш, я таксама атрымліваю капейкі. І не скажу, каб мае тэмы былі запатрабаваныя ды перспектыўныя ў вачах уладаў.
–Ты думаеш, я з-за грошай з’язджаю? – Бач ты, абурыўся, шэрымі вачыма паблісквае. – Усё, што мне трэба – магчымасць працаваць. А тут яе не даюць. Тры гады таму атрымаў гумавай дубінкай па галаве і пярцовым газам у вочы за тое, што спыніўся паназіраць за, так бы мовіць, несанкцыянаваным мерапрыемствам. Зазнялі на камеру разам з іншымі, вылічылі, дзе працую, прасігналілі – і я паўгода працаваў на паўстаўкі, потым вярнуўся на месца, але без асаблівых перспектыў. Начальства разумнае, як бы і пакарала, і «захавала твар». Бабуля, старая камуністка, як даведалася, што на мітынгу быў, мяне «фашыстам» абазвала. Не, нічога тут не зменіцца. Колькі жыву – столькі чую ў нашай інтэлігенцкай так званай тусоўцы: «Валіць трэба. Валіць трэба!» Хто застаецца – ці няўдачнік, ці калабарант. Ну вось і я звалю. Буду героем.
Гальяш прамаўляў з горыччу і злосцю, за якімі адчуваліся сотні пакутлівых спрэчак і несправядлівых абвінавачванняў, у тым ліку ад ягонай дзяўчыны, якая, мусіць, і пастаралася ўгаварыць непрактычнага сябра на правільны крок.
–Я не лічу, што «зваліць» – гэта подзвіг, — асцярожна прамовіла я. – Калі аднаму вучонаму, спецыялісту па рускай літаратуры, пасля рэвалюцыі прапанавалі з’ехаць за мяжу, ён адмовіўся з каментаром «Месца ўрача – у чумным бараку».
–І пасля яго расстралялі, — злосна адрэзаў Гальяш. – Усё вырашана. Мяне чакаюць кракадзілы Амазонкі.
«І твая Лера», — раздражнёна дадала ў думках я. Але на рэўнасць і раздражненне ў мяне не мелася аніякага права.
Нейкі час мы працавалі моўчкі, дабраўшыся да антрэсоляў. На драбіны залезла я: прыступкі, калісьці пафарбаваныя ў ярка-чырвоны колер, былі здрадліва таненькія, ледзь не з фанеры, месцамі патрэскаліся, і Гальяша маглі не вытрымаць. Я здымала рэчы і перадавала біёлагу, уяўляючы, што было б, каб аднойчы ён замест скрынкі падхапіў на рукі мяне.
За апошнім экспанатам давялося лезці ў самы кут антрэсоляў. Гэта была скрынка з выцвілага юлёвага кардону з выцісненымі срэбнымі кветачкамі, акуратна перавязаная барвовай стужкай, як торт. Мяркуючы па памеру, у такой каробцы мог захоўвацца дамскі капялюш з вялікімі брыламі, пра які я заўсёды марыла, але так і не наважылася набыць. Знаходка адрознівалася ад іншых рэчаў, як тонкая доўгая цыгарэтка з ментолам ад папяросінаў, якія курыў мой дзед.
Гальяш няўважна дазволіў мне вывучыць экспанат. Я паставіла каробку на канапу і тузанула за аксамітную запыленую стужку.
Зверху ляжалі граматы з профілямі Леніна-Сталіна, выпісаныя на імя выкладчыка педтэхнікума Ігната Сымонавіча Масевіча, далей – загорнуты ў цэлафан стосік пажоўклых паперак, якія, аднак, не стала разглядаць, бо рука сама пацягнулася да антыкварнага альбома ў скураной вокладцы, з накладнымі металёвымі кветкамі, з вензелямі, якія яшчэ не страцілі пазалоту.
–Падобна, мы знайшлі твой сямейны архіў! – урачыста абвесціла я. Гальяш прысеў ля мяне, бязважка і павольна пагладзіў альбом, нібыта прыручаў звера, і разгарнуў. Вялікі здымак з літарамі ў куце «Фотоателье Нихель и К*” змусіў мяне захоплена ўздыхнуць. Сапраўдная дама-вамп: тонкі профіль, цёмныя бліскучыя валасы-карэ паказваюцца з-пад капелюша з кароткімі брыламі, доўгая прыгожая шыя, як у Ганны Ахматавай, рука ў карункавай пальчатцы манерна падносіць да ярка нафарбаваных маленькіх вуснаў цыгарэтку ў тонкім муштуку. Вочы вельмі светлыя і нейкія дзіўныя… Углядаюцца ў невядомую далеч, але быццам чакаюць не прынца пад пунсовымі ветразямі, а атрад гунаў у калматых скурах, якім трэба ўсадзіць па страле ў сэрца.
–Гэта хто? – выдыхнула я. Гальяш дастаў фотаздымак з акуратных паўкруглых разрэзаў, пераканаўся, што на звароце нічога няма, акрамя надпісу алоўкам: “Багуслава”.
–Магчыма, якаясь прабабка. Не ведаю.
Прагарнуў яшчэ адну старонку. На нас глядзелі людзі даўно прамінулай эпохі. У сурдутах, мундзірах, пышных спадніцах да падлогі і шчыльна зацягнутых гарсэтах.
–Ну вось гэта неадменна твой продак! – тыцнула я пальцам у фота чалавека ў дыхтоўным касцюме, пры гальштуку, але з тварам паляўнічага, вандроўніка ці ваяра. Вочы быццам свяціліся на загарэлым твары, і напэўна былі шэрага колеру, як у Гальяша, нос, здаецца, перабіты, валасы, таксама светлыя, адкінуты назад, адкрываючы высокі лоб. Подпіс лацінскімі літарамі: “Шымон Каганецкі”.
–Нагадвае артыста з прыгодніцкіх фільмаў пра пошукі скарбаў, — зазначыла я. – Хто гэта?
–Не ўяўляю, — напружана прагаварыў Гальяш. – Такога прозвішча ў сям’і ніколі не чуў.
–Ой, а гэтая мясціна мне знаёмая! – радасна сказала я, паказваючы на фотаздымак маёнтка: двухпавярховы будынак, масіўныя белыя калоны, герб над уваходам, не разабраць, які. – Гэта Энгельсаўка, непадалёк ад майго мястэчка. Мы туды ў грыбы ездзім. У будынку было лясніцтва, а цяпер нічога няма, вокны дошкамі забітыя. Разбураецца паціху. А герба над уваходам не памятаю, знішчаны, відаць, яшчэ да вайны.
–А як даўней тая Энгельсаўка называлася? – запытаўся Гальяш, якога, як я спадзявалася, усё больш чаплялі таямніцы мінулага. Да свайго сораму, я не магла дакладна ўспомніць. Нешта такое інфернальнае, замененае на ідэалагачна правільную назву, як Прапойск – на Слаўгарад.
Яшчэ ў альбоме былі пранумараваныя здымкі нейкіх этнаграфічных рэдкасцяў: каляднай маскі, каменнага стода, драўлянага слупа з грубай разьбой.
Наступным скарбам у юлёвай каробцы аказалася загорнутая ў белую сурвэтку, пажаўцелую на згінах, срэбная пласцінка. Калі мы пачалі круціць яе ў руках туды-сюды, разгледзелі на паверхні выяву мужчыны. Малады, са шляхецкімі вусамі, у канфедэратцы. Дагератып, тэхналогія першых фотаздымкаў! Відаць выяву кепска, затое захоўваецца лепш, чым папера. Але ні подпісу, ні лічбаў.
–У цябе дакладна арыстакратычныя карані, Гальяш! – з хваляваннем зазначыла я. Біёлаг паціснуў плячыма і зірнуў на мяне амаль вінавата.
–Нічога не магу патлумачыць. Бабуля памерла, дзед памёр, маці наўрад што ведае, яе радавод ніколі не цікавіў. Дзеда ненавідзела, з бабуляй сварылася – як жа, дачка-камсамолка збегла да імперыялістаў.
–Я дапамагу разабрацца з гэтымі дакументамі, — вырвалася ў мяне. –Я ж у архівах з падобнымі працую.
Ніколі не прапаноўвайце хлапцу, які вам падабаецца, нават страшэнна падабаецца, сваю дапамогу, калі ён сам не просіць. У іх, мужчынаў, інстынкт: апякаеш яго – ты “мамачка” альбо драпежніца, якая хоча яго акруціць, а калі вакол цябе трэба бегаць з марозівам і паліто – ты чароўная дама, якую ён, магчыма, заваюе, нягледзячы на цяжкасці.
–Дзякую, але гэта не гарыць.
Голас гучаў настолькі знарочыста абыякава, што я абурылася і засмуцілася. Бо абыякавасць да гісторыі, у тым ліку ўласнага роду, уважаю за такі недахоп разумовы і душэўны, што чалавек успрымаецца, як інвалід. Я не хацела б настолькі расчаравацца ў шэравокім біёлагу.
Я моўчкі паклала ў скрынку зноў загорнуты ў сурвэтку дагератып, а Гальяш ужо трымаў у руках пульхны сшытак у зялёнай пацертай вокладцы, яшчэ адзін экспанат з каробкі. Сшытак аказаўся ўвесь спісаны цвёрдым почыркам з вострадахавымі літарамі. Вельмі падобна на дзённікавыя запісы… Дата на першай старонцы – 1893 год – падалася мне чамусьці страшэнна знаёмай. Ах, так, гэта ж лічба з каменнага п’едэстала знакамітай скульптуры-фантана “Хлопчык з лебедзем”, зробленай у год адкрыцця ў горадзе водаправоду. Колькі я на першых курсах сядзела з сябрамі на лаўцы каля таго фантану, сузіраючы гэты надпіс. Дарэчы, пляц з фантанам празвалі “Панікоўкай” – бо хлопчыка, які пяшчотна прыціскае да сябе вялікую птушку, гарадскія жартаўнікі прыпадабнялі да персанажу рамана Ільфа і Пятрова “Залатое цяля”, старога шалбера Панікоўскага, што больш за ўсё на свеце любіў красці гусей.
Але перад намі дзённік, напісаны больш за сто гадоў таму! Подпіс уладальніка знайшоўся: “Багуслава Н”. Відаць, тая самая дама з цыгарэткай!
–Гэта табе таксама не цікава? – як мага больш холадна папыталася я.
Ну чаму, чаму патрапіла мне ўтрэскацца ў хлопца, які настолькі не падзяляе маіх інтарэсаў? Ды каб я на антрэсолях нашай хрушчоўкі такое знайшла, я б валяр’янку бутэлечкамі піла, абы сэрца ад радаснага ўзрушэння і прадчування таямніцаў не выскачыла! Але Гальяш усё-ткі, падобна, больш прыкідваўся абыякавым, чым быў. Ён кусаў вусны і вадзіў пальцамі па сшытку, быццам наважваўся… І нарэшце прамовіў глуха:
–Мне страшна.
Ад нечаканага прызнання ў слабасці, ад усведамлення, што я заслужыла такую шчырасць, я зноў расчулілася, расцяклася, як алей на цёплай патэльні.
–Чаму?
Гальяш задумаўся, паціраючы пальцам лоб, такі ж высокі, як у невядомага Каганецкага на фотаздымку.
–Гэта як бы ты азірнуўся назад, і замест дарогі, па якой ішоў, звычайнай такой, асфальтавай, пабачыў пракладзеную над прорвай хісткую кладку. Што ў маім мінулым, чыя кроў ува мне цячэ? Я па звярах ведаю, як шмат значыць парода. Магчыма, мой свет парушыцца, калі я гэта прачытаю, і я ніколі не стану ранейшым. У бальніцах нездарма не даюць хвораму на рукі гісторыю яго хваробы.
–Лічыш за лепшае зрабіць выгляд, нібы мы нічога не знаходзілі? – з выклікам прамовіла я. Гальяш уздыхнуў на поўныя грудзі, быццам рыхтаваўся да бойкі, і шчыра ўсміхнуўся (маё здрадлівае сэрца, вядома, трапятнулася).
–Я не дазволю сабе быць баязліўцам. Тым больш, я ж бачу, як цябе гэта ўсё цікавіць, і артыкулы твае чытаў… — (Чытаў! Трэба ж!) –Ты малайчына. Магчыма, штось і з гэтай каробкі выкарыстаеш у сваёй працы. Так што…
Гальяш абвёў вачыма загрувашчаны пакой.
–Бог з імі, з трантамі, заўтра сам скончу. Я абяцаў табе гарбату… Вось давай і зладзім вечар за гарбатай і чытаннем старых дакументаў. Ты сама сказала, умееш іх разбіраць, дык і агучыш.
–А калі за вечар не паспеем? – вырвалася ў мяне. Біёлаг неяк занадта ўважліва паглядзеў і павольна прамовіў:
–Тады працягнем назаўтра. Мой самалёт толькі праз тыдзень.
Спадзяюся, ён не заўважыў маёй радасці…
Тонкая змяюка нарэшце вырашыла запаўзці ў самы цёмны кут сваёй шкляной турмы і скруцілася надзейным клубком, чарапаха – не паверыце – усё гэтак жа пускала бурбалкі, магчыма, гэта была ў яе доўгатэрміновая медытацыя альбо натхнёныя спевы, тарантул… На тарантула я намагалася не глядзець, так што не магу сказаць, што ён рабіў у той момант. А мы з шэравокім шыракаплечым не маім хлопцам уселіся побач на канапу, засланую пледам, зразумела, у краткі, гарбата дымілася ў кубках з зялёнай паліванай керамікі, канапкі з вяндлінай, па хуценькаму зварганеныя мною, ляжалі гарой у талерцы з такой жа зялёнай керамікі, не хапала толькі агню ў каміне, як і самога каміну.
Я адсёрбнула гарбаты, салодкай «у чатыры лыжачкі», як мне падабаецца, разгарнула першую старонку таямнічага дзённіка і прачытала:
«3.10.1893. Я не люблю фатаграфаваць мёртвых дзяцей».
КНІГА ЎНУТРАНАГА КОЛА
Раздзел першы. Пан Ніхель і нахабныя студэнты.
Багуслава не любіла фатаграфаваць мёртвых дзяцей.
Праца ёсць праца. Асабліва калі за гэтыя post mortems адсыпаюць грошай, як вандроўнаму менестрэлю пад канец панскага вяселля.
Але ўвекавечванне нябожчыкаў было дурной модай, якая прыйшла ў забытае Госпадам мястэчка, добра пабадзяўшыся па Еўропе…
Уласна кажучы, усё, што сюды дабрыдала ў якасці новага-прагрэсіўнага-моднага, і было такім валацужным фацэтам з падпудранымі зморшчынамі… Тут даношвалі капялюшыкі фасону, якія ў Парыжы даўно пусцілі на зручныя фетравыя падэшвы для хатніх пантофляў, ахвотна куплялі патэнтаваныя эліксіры ад аблысення і грудной жабы, за якія ў Жэневе кагось даўно пасадзілі ў каталажку, бо ў тых цуд-мікстурах утрымлівалася конская доза свінцовай атруты… Насілі гарсэты з кітовым вусам і апраналі нанач шаўковыя сетачкі для валасоў, пілі какаву з размаляваных ружовымі кветачкамі парцалянавых кубкаў, манерна адставіўшы мезенцы, выпісвалі літаратурны дадатак да “Нового времени”, але чыталі толькі Надсана, і толькі таму, каб было што працытаваць у гасцях… Прыходзілі ў модную кніжную краму братоў Масевічаў, але куплялі толькі паштоўкі “Любі мяне, як я цябе” і стараліся нават не падыходзіць да паліцаў з падазронай літаратурай кшталту нямецкіх філосафаў, і ўжо, вядома, перабягалі на другі бок вуліцы, калі ў краме ў чарговы раз быў ператрус, і з яе дзвярэй выкідвалі проста на зямлю шкодныя выданні. І нават не думалі, што можна жыць неяк іначай, не сцінаючыся міжволі пры выпадковай сустрэчы з панам у форменнай белай фуражцы, а ў галаве пры гэтым мітусяцца непатрэбныя ўспаміны пра найменшыя праявы ўласнай нелаяльнасці… А раптам данеслі, напаклёпнічалі, і будзе пастарунак, суд, катарга, зацемка ў местачковай газетцы “пригрели змею на груди”, “заклеймим позором”, “выжжем каленым железом”… Дый нават няхай проста вытураць са службы і перастануць заўважаць на вуліцах…
Тутэйшым цяжка ўявіць, што хтосьці жыве, не ведаючы гэтага ліпучага, агіднага пачуцця, якое халодзіць і раз’ядае душу знутры і завецца Страхам.
Ён жа карысны, гэты страх, для існавання Імперыі – некаторыя лічаць, што ён увогуле неабходны, як клейстар, які змацоўвае дэталі казачнага горада Кіцежграда з пап’е-машэ ў вітрыне крамы дзіцячых тавараў. Так, на гэтай зямлі, якую яшчэ нядаўна адно за адным скаланалі няўдалыя паўстанні, кожны павінен усведамляць сваю недасканаласць, грахоўнасць, што падлягае пакаранню, і ад гэтага імкнуцца засведчыць сваю лаяльнасць – а найлепей гэта зрабіць, выкрыўшы яшчэ большага грэшніка, чым сам… Бунтаўніка, інсургента, рэвалюцыянера, бамбіста, бязбожніка, іншаверцу, масона альбо сепаратыста, які лічыць, што акрамя вялікага рускага народу тут маюць права жыць і мець сваю культуру нейкія іншыя “народнасці”…
Усё новае ў гэтым свеце здавалася падазроным.
Таму навіной, трохі небяспечнай і амаль неверагоднай, сталася ў мястэчку N фотаатэлье пана Вараксы Ніхеля і ягонай дачкі Багуславы.
Як усё, што змяняе жыццё, гэтыя асобы з’явіліся проста і нечакана.
Прыехаў, валюхаючыся, заляпаны гразёй экіпаж, нагружаны абцерханымі куфрамі. На мокрую брукаванку ступіў спадар у светла-шэрым касцюме-тройцы, капелюшы і круглых акулярах у тонкай жалезнай аправе. Падкруціў акуратныя пасівелыя вусы, ацаніў краявіды Наўя і тэатральна развёў рукамі:
–Натуральнасць і шчырасць! Я проста прагну адлюстраваць гэтыя рамантычныя лужыны і платы, хлявы і хлебадайныя лаўкі з дапамогай свайго апарату! Сусветная гісторыя не даруе, калі я гэтага не зраблю, таму мы застаемся, дарагая мая Багута!
Ягоная спадарожніца, паненка з паставай, якая бывае толькі ў ангельскіх гувернантак і асоб, што пазбягаюць выпадковых знаёмстваў, пакрывіла фанабэрыстыя вусны, нафарбаваныя цёмнай памадай, так што здавалася, быццам паненка толькі што насмакталася крыві:
–Не сумняюся, што райскія краявіды і арыстакратычныя фізіяноміі тутэйшага бамонду ўзнімуць ваш фатаграфічны геній, дарагі тата, на парнаскія вышыні… Як, дарэчы, гэтае бласлаўлёнае места называецца, забылася?
Пан Ніхель нечакана спрытна схапіў за плячук аднаго з цікаўных непаўналетніх месцічаў, мурзатага і кірпаносага:
–Малады чалавек, улучыце беднаму вандроўніку трохі ўвагі… Будзьце ласкавыя, нагадайце назву гэтага населенага пункта!
Тубылец змаргнуў рудымі вейкамі:
–Ч-чаго?
Ветлівы пан паправіў мезенцам акуляры і перапытаў, у мяккім тоне голасу пазвоньвала сталь:
–Мястэчка як называецца?
Хлапчук шмаргануў кірпатым носам і адказаў з недаверам, як бы не мог паверыць, што хтось на белым свеце можа быць такім недасведчаным.
–N, ясная рэч.
І вылупіўся на паненку, як на вылаўленую ва ўласнай студні русалку.
Лупіцца было чаго. Паненка была стрыжаная – цёмныя валасы звісалі з-пад строгага капялюшыка двума бліскучымі крыламі, ледзь дасягаючы падбароддзя. На госці быў модны кардыган у чорна-чырвоныя краткі, зашпілены на ўсе тузіны дробных гузікаў. Твар бледны, з вытанчанымі, але нібыта застылымі рысамі, а вочы колеру веснавога лёду такія светлыя, што зрэнкі і абадок вакол радужкі здаюцца асабліва цёмнымі, як і рэзка зламаныя бровы.
–Няхай будзе N, і нават з каптуром! – пакорліва згадзіўся пан у акулярах. – Думаю, што тут удасца зняць недарагое памяшканне для студыі.
Так у мястэчка на берагах звілістай рачулкі Наўкі, якая ніколі не гайдала на сваіх кволых хвалях ні ганарыстую купецкую ладдзю, ні баявы карабель з каляровым ветразем, прыйшоў Вялікі Прагрэс у выглядзе фатаграфічнага мастацтва.
Не тое каб месцічы не бачылі ніколі фотакартак – але былі яны справай дарагой, загадкавай, мала каму дасяжнай. У сем’ях мясцовай арыстакратыі побач з фамільным посудам захоўваліся даўнейшыя дагератыпы – срэбныя пласцінкі з цьмянымі выявамі бацькоў і дзядуляў. А фотакарткі на шчыльным кардоне, з віньеткамі і абрэзанымі зубчыкамі краямі мелі толькі тыя, хто выязджаў у Вільню, Варшаву, Менск ці Санкт-Пецярбург.
Ці трэба казаць, што напачатку пазычаць сваё аблічча таемнаму дэману з чорнай скрынкі пана Ніхеля баяліся нават прагрэсіўныя насельнікі горада N. У кожнага ў памяці сядзелі аповеды пра скрадзены след і праткнуты спіцай адбітак у лужыне.
Але паступова ў двухпавярховы зялёны будынак насупраць пажарнай часткі, у дзверы пад шыльдай “Фотаатэлье. Пан Ніхель і К*” завітвала ўсё больш месцічаў. Найчасцей замаўлялі сямейныя партрэты – з іх напружана пазіралі чапурыстыя матроны ў капотах і каптурах, мужчыны ў пінжаках і кашулях з накрухмаленымі каўнярамі, дзеці ў гімназічнай форме. Ну і, вядома, маладажоны, гордыя той светлай прышласцю, якой яшчэ не займелі і наўрад будуць мець – круглатварыя нявесты ў карункавых капелюшах, жаніхі з вялікімі далонямі ў цесных пальчатках, цяжкімі сківіцамі і глыбока пасаджанымі вачыма, здрадліва блакітнымі, як тутэйшае неба.
Пасля таго, як пана Ніхеля запрасілі ўвекавечыць гарадскую раду на чале з бурмістрам на фоне грандыёзнай будоўлі заводу па апрацоўцы драўніны па нямецкай тэхналогіі — адкрыццё таго заводу ў хуткім часе мусіла праславіць мястэчка N на ўсю імперыю, — паставіць на сервант фотаздымак з уласным абліччам стала не менш ганарова, чым выпісваць газету.
Сям’я Ніхеляў заняла ў горадзе прыблізна такое месца, як у афрыканскім племені ведзьмакі. Ніхто не спрабаваў іх закідаць камянямі, але запрасіць на гарбату ці папрасіць адрас краўца, які так зграбна пашыў касцюм пана Вараксы Ніхеля, нікому б у галаву не прыйшло. Ну хіба суседу-краўцу Навуму Гурэвічу, у якога шылі касцюмы і паліто нават бургамістр і паліцмайстар. Але ж гэта пан Гурэвіч, які нават пані бурмістрыху можа змусіць чакаць у чарзе, пакуль здымае мерку з булачніцы Манькі, бо вакол булачніцы, як вядома, за хвілю не абыдзеш.
Некаторыя асабліва нервовыя паненкі ўскрыквалі і страчвалі прытомнасць ад выбуху магнэзіі, якім суправаджаўся кожны здымак. Праўда, гэтак жа яны рэагавалі на магнетычныя сеансы італьянскага гастралёра, прыхільніка вучэння Месмера, спірытычныя сеансы таўсманнай егіпецкай жрыцы праездам з Мелітопаля, а таксама на навальніцы, гарматныя стрэлы ў дзень тэзаімяніцтва ягонай імператарскай вялікасці і ўсмешку маладога чарнавусага і буйначубага пана Адальфа Мянчынскага.
Менавіта з-за такога стаўлення, якое рабіла прыхадняў з фотакамерай адначасова і выбранцамі, і ізгоямі, ніхто асабліва не абураўся недзявочымі паводзінамі панны Багуславы, якая дапамагала бацьку ў ягонай таямнічай справе звыкла і спрытна, а часам бацька перадавяраў ёй увесь працэс. А як Ніхелі ў пакоі без вокнаў з дапамогай смярдзючых рэактываў, хімікаліяў ды варажбы пераносілі адбіткі са шкляных бромжэлацінавых пласцінаў на паперу, добрапрыстойныя месцічы нават ведаць не хацелі. Хіба што непаўналетнія насельнікі горада N распавядалі адзін аднаму страшныя гісторыі пра свае вылазкі ў пракляты дом – у гісторыях абавязкова прысутнічалі безгаловыя прывіды і зачараваныя скарбы, ды бедная ўдава Параска, якая зарабляла сабе на жыццё прыслугоўваннем ды самую крышку шаптаннем на ваду, распавядала пра пякельны смурод, што даносіўся з сутарэнняў фатаграфічнага дому. Да таго ж часцяком у тонкіх пальцах панны Багуславы бачылі і такі д’ябальскі прадмет, як тонкія доўгія цыгарэткі – дагэтуль у горадзе толькі старая пані судзейская курыла, праўда, не цыгарэты, а люльку з чорнага дрэва, што засталася ў спадчыну ад нябожчыка-мужа.
Усё мужчынскае насельніцтва горада N пагаджалася, што фатаграфічная паненка прыгожая. Але й пасля трох куфляў добрага піва з Ёселевай карчмы ніхто, нават пан Адальф Мянчынскі, не наважыўся б падысці да панны Ніхель з куртуазнымі намерамі.
Асабліва калі яна прагульвалася па мясцовых могілках.
А рабіла яна гэта так часта, як іншыя паненкі начышчалі абцасамі адзіны ў мястэчку брукаваны кавалак вуліцы паміж французскай кавярняй і домам бурмістра.
Ходзіць сабе такая фанабэрыстая танклявая гадаўка, захутаная ў шаль, паміж магіл, і толькі перахрысціцца застаецца ды скіравацца падалей, да царквы з нядаўна прыбудаванымі пазалочанымі “цыбулінамі”.
Так, нават цэрквы ў гэтым мястэчку былі нядобранадзейнымі – бо раней іх будынкі належалі альбо ўніятам, альбо каталікам. І няхай храмы перабудоўвалі і залацілі ім галовы, іхнія сцены, магутныя, разлічаныя на стрэл гарматы, памяталі занадта шмат… Кроў, крыкі, страх і нянавісць усмоктваюцца ў камяні і цэглу гэтак жа, як таемныя спадзяванні – у сны. Каб зноў і зноў вяртацца – ценем, адчуваннем, трывогай.
Падазроны край, падазронае мястэчка… Акрамя дзвюх цэркваў, у ім былі касцёл і дзве сінагогі, і нават лютэранская кірха, бо тут атрымалі дазвол пасяліцца немцы-лютэране. Некаторыя з іх мусілі спрыяць адкрыццю прагрэсіўнага дрэваапрацоўчага заводу, надзеі мясцовых уладаў на працвітанне.
Тое, што менавіта іншаверцы найчасцей наведвалі атэлье Ніхеляў, толькі пацверджвала вядзьмацкі статус фатографаў.
Дык вось, апошнім часам пан Варакса і панна Багуслава ўсё часцей выязджалі да нябожчыкаў. Бо калі паміраў хтось, не адлюстраваны на фотаздымках, асабліва дзіця, родзічы лічылі гэта вялікай ганьбай. Калі партрэт не паспелі зрабіць пры жыцці, нябожчыка фатаграфавалі, як жывога. Часта разам з сямейнікамі. Дзеля чаго апраналі труп у самае лепшае і надавалі патрэбную позу. Укладвалі ў рукі кабеце вязанне, мужчыне – кнігу, дзяўчынцы — ляльку. Хлопчыка маглі пасадзіць на драўлянага коніка. Асабліва жудасна атрымлівалася, калі нябожчык пачынаў калець, у яго не закрываліся вочы, і на фатаграфіі адбіваўся гэты каламутны, нетутэйшы позірк. Багуслава ўспамінала сярэднявечныя скокі смерці, у якіх жывыя павінны былі ўяўляць, што танчаць з мерцвякамі.
З жывымі дарослымі было лягчэй, а вось дзеці на памерлых братоў і сясцёр касавурыліся з жахам, асабліва калі іх прымушалі да мерцвякоў датыкацца, кідаліся ў плач, адштурхоўвалі тое чужароднае, схаладнелае, з інстынктыўнай агідай. Угаворы, крыкі, пагрозы дарослых… Вяночкі, карункі, васковыя кветкі… Пудра, памада… Дрыготка агіды жывых і пачарнелыя пазногці мёртвых… Заплаканая кабета са схаладнелым немаўлём на каленях расцягвае вусны ва ўсмешцы, не менш нежывой…
Чаму ў Багуславы ўсё яшчэ відовішча смерці адгукаецца болем? Каму-каму, а ёй павінна быць абыякава. Прынамсі, пан Варакса толькі хмыкае скептычна, калі дачка мімаволі адводзіць вочы ад асабліва выразных пост-мортэ і нервова зглытвае…
Сапраўды, зусім недарэчная сентыментальнасць. Смешна.
Сарданічны смех, Risus sardonicus – тая ўсмешка, падобная да выскалу, што застывае на тварах памерлых ад слупняку. Куты роту рэзка апушчаныя, бровы прыўзнятыя, сківіцы моцна сціснутыя…
Цікава, ці можна сфатаграфаваць самую смерць? Яе Жняцоў? Адыход душы, якая яшчэ не ўсведамляе, што пакінула свой зямны футарал? Адзін з піянераў фатаграфічнага мастацтва Іпаліт Байяр быў у такім адчаі, што французская Акадэмія вырашыла падтрымаць даследванні не ягоныя, а ягонага суперніка Дагера, які зрабіў свой фотаздымак у выглядзе тапельца. Апушчаная галава, скрыжаваныя рукі, аголены торс, на сцяне вялізны саламяны капялюш, на знак пакінутай жыццёвай мітусні з яе атрыбутамі… А прысутнасці смерці няма.
Вось на тым дагератыпе, што Багуслава зрэдку дастае са свайго куфэрка, смерць ёсць. Хаця малады чалавек на дагератыпе, у чамарцы і канфедэратцы, з задзірыстымі шляхецкімі вусамі, вясёлы і дзёрзкі, ягоныя светлыя вочы пазіраюць з-пад прамых густых броваў адважна і трохі іранічна, рука ляжыць на дзяржальні шаблі…
Але Багуслава бачыць тут смерць так выразна, як ваўкалак мечаную кулю.
Часам смерць бачная і ў адсутнасці трупа. На фотаздымку Франсуа Обера 1867 году – усяго толькі кашуля. Кашуля расстралянага імператара Максіміліяна. На белай тканіне з элегантнымі дэкаратыўнымі зашчыпамі – дзіркі ад куль з запеклай крывёй. І гэта страшна больш, чым відовішча трупа.
…Апошнія шкляныя пласцінкі з выявамі былі размешчаныя ў спецыяльныя ячэйкі драўлянай скрынкі, з рук змытыя рэактывы, якія пакідаюць на скуры жоўтыя плямы… За вокнамі загарлалі аптымістычныя пеўні горада N, перакідваючы адзін аднаму навіну пра тое, што жыццё працягваецца, быццам гульцы – падпалены скрутак, а той, хто ўпусціць, прайграе.
Званочак ля дзвярэй фотаатэлье пана Вараксы закалаціўся, быццам таксама хацеў далучыцца да хору сонечных вестуноў.
Наведнікаў было двое. Абодва маладыя, з такімі насцярожанымі позіркамі, нібы прыйшлі не ў фотаатэлье, а ў намёт да татарскага хана, ад якога ці ярлык на княжэнне, ці сякір-башка. Адзін, вышэйшы і плячысты, лабасты, з цёмнымі пышнымі кудзерамі і маленькай нігілістычнай бародкай, якая дзіўна спалучалася з па-дзіцячы пульхнымі вуснамі, быў у танным, але чыстым і адпрасаваным паліто, з-пад каўнера якога вызірала не звычайная кашуля, а вышыванка. Ягоны таварыш, больш шчуплы і рудавалосы, з рэдкімі вусікамі і трохі штучнай усмешкай, сіратліва хаваў рукі ў кішэнях патрапанага студэнцкага шыняля, а падбароддзе – у наматаным на шыю белым вязаным шаліку.
Студэнты ў зношаных шынялях — заказчыкі не самавітыя… Але пан Ніхель пакланіўся гэтак жа гжэчна, як бы да яго завітаў сам бурмістр.
–Чым магу дапамагчы панам? Партрэт? Групавы здымак?
Багуслава абыякава прыхілілася да сцяны, скрыжаваўшы рукі. Як ёй гэта надакучыла… Гэтая ветлівасць, гэтыя танцы на дроце…
Барадаты ў вышыванцы слізнуў вачыма па сценах, завешаных узорамі фатаграфічнага майстэрства: кацяняты ў кошыках, усмешлівыя дзеткі з ружамі і сабачкамі, паненкі ў капелюхах-клумбах з мройнымі вачыма…
Узоры падманвалі, як ім і належала. Праўда толькі ў тым, чаго нельга паўтарыць, пераняць. Самым адметным, бадай, быў партрэт Багуславы, зняты Ніхелем у багемнай манеры. Тонкі профіль, рука ў пальчатцы падносіць да ярка нафарбаваных вуснаў тонкую цыгарэтку ў доўгім муштуку… Барадаты зацікаўлена скасавурыўся на дзёрзкі партрэт, потым на Багуславу, і зноў утаропіўся ў гаспадара.
–У нас ёсць заказ. Выязны. Папрацаваць у маёнтку Жухавічы, на паховінах. Заўтра трэба там быць.
Голас госця гучаў з незразумелым выклікам.
–Жухавічы? – Пан Ніхель здзіўлена прыўзняў бровы. – Калі не памыляюся, за трыццаць вёрст, у самай Волатавай пушчы, а калі ўлічыць, што нядаўна была залева, дарогі паплылі… Не думаю, маладыя людзі, што магу пагадзіцца на такую замову – не ў тым я ўзросце, а дачцы тым болей не пасуе мясіць восеньскую гразь і блукаць па лясах.
–І ўсё-ткі мы спадзяемся вас угаварыць! – дзёрзка заявіў шчуплейшы юнак. – Справа надта важная. Высакародная. Ды вы ганарыцца будзеце, што паўдзельнічаеце!
Аж чырвоныя плямы ад узрушэння на запалых шчоках загарэліся. Пан Ніхель зычліва ківаў галавой, як добры дзядзька перад малечай, якое прапануе яму пакаштаваць булку, злепленую з пяску.
–Вы чулі пра графаў Каганецкіх, Радаслава ды ягонага сына Антонія? Знакамітых калекцыянераў, у якіх унікальныя зборы старажытнасцяў? –спытаўся вышэйшы. – Колькі курганоў раскапалі, старых капішчаў… Колькі па вёсках папаездзілі, збіраючы так званыя вядзьмарскія кнігі! Пан Антоній рэшткі маёмасці спусціў, якія бацька ягоны, пачынальнік калекцыі, не паспеў у карты прайграць, затое з усяго свету нацягаў рэліквіяў, ад афрыканскіх бажкоў да егіпецкіх мумій. Кажуць, рарытэты неверагодныя!
Цёмныя вочы юнака загарэліся, як у шчанючка, перад носам якога прабегла смарагдавая яшчарка, такая яму спакусная, бо на зуб яшчэ не каштаваў. Другі госць тужліва падтрымаў:
–І нікога з навукоўцаў да сваёй калекцыі за ўсё жыццё ні бацька, ні сын не дапусцілі. Толькі са слоў рэдкіх сведкаў пра яе вядома. Доктар Боўнар, сваяк Каганецкіх, называе Жухавічы дасканалым музеем шатана.
–Але ж аматар эзатэрыкі пан Антоній даўно памёр, наколькі я чуў, – ветліва, але з належнай доляй сухасці прамовіў пан Ніхель.
–А нядаўна памерла і ягоная ўдава пані Антаніна Каганецкая, згодна запавету мужа седзячы на той калекцыі, як сабака на сене! – барадаты кліент у нецярпенні ступіў наперад. – І ў бліжэйшыя два дні ў нас – адзіная магчымасць занатаваць для нашчадкаў хоць нешта! Прабачце, мы не прадставіліся. Я — Міхал Калоцкі, археолаг, магістрант Санкт-Пецярбургскай акадэміі…
— Давыд Масевіч, студэнт, будучы этнограф, — да вашых паслугаў! – пакланіўся шчуплы.
–Я працую над дысертацыяй па гісторыі Беларусі, — з выклікам заявіў Міхал. – Спрабую вярнуць гэтаму краю ўсё, што ў яго аднялі. Кожная рэч, якая дапаўняе нашу гісторыю, каштоўная!
Юнакі ўтаропіліся ў гаспадара, відавочна падрыхтаваўшыся абараняць свае ідэі.
–Што ж, я быў калісьці знаёмы з панам Аляксандрам Рыпінскім, маім калегам, які пасля няўдалага бунту быў змушаны жыць за мяжой і адкрыў у ваколіцах Лондана фотаатэлье па метадзе Дагера, — дабразычліва прамовіў Ніхель. – Апошнія свае гады ён жыў дзесьці пад Ліёзна, хадзіў па мужыцкіх вяселлях ды хрэсьбінах і запісваў старажытныя народныя песні. Кажуць, нават збіраў хрэстаматыю беларускай літаратуры. Але хто ж яе надрукуе…
Калоцкі, так і не вычуўшы належнай дозы іроніі, працягнуў:
–А тут такая катастрофа… – археолаг махнуў рукой, сціснутай у кулак, нібыта ўдарыў нябачнага ворага. – Спадчыннік Каганецкіх, чалавек, які ўсё жыццё цягаецца па нейкіх суматрах ды явах, прыехаў, каб пахаваць мачыху – і знішчыць бацькавы калекцыі! З блаславення, вядома, мясцовых святароў. Бязбожныя рэчы, ідалы…
–Цемрашалы! – з нянавісцю выгукнуў Давыд. – Мала ім таго, што столькі бясцэнных кніг з уніяцкіх кляштароў, абразоў мясцовай работы, прызнаных недастаткова праваслаўнымі, тут спалена!
Нешта надта госці шчырыя, гэтак лёгка раскрываюць свае нявернападданіцкае, сепаратысцкае нутро, — ляніва адзначыла Багута. Наіўныя? Ці ўладальнікі гэтага фотаатэлье чымсьці выклікалі іх давер? А вось гэта ўжо лішняе… Гэта ўжо нядобра…
–Пакуль спісаліся з тым спадчыннікам, графам Шымонам Каганецкім, пакуль атрымалі адказ — дазвол прыехаць і сфатаграфаваць экспанаты, тыдзень прамінуў! – горача працягваў Міхал Калоцкі.— Цяпер вы разумееце, чаму нельга марудзіць?
Пан Ніхель ні на каліва не страціў спакою.
–Думаю, на пахаванне вы ўсё адно безнадзейна спазніліся, і пані Каганецкая ўжо спачыла ў радавым склепе. Помніцца, я чытаў, што гетмана Радзівіла Рыбаньку хавалі цэлы год – забальзамавалі цела ды ладзілі хаўтуры на ўсё княства. Але не думаю, што паны з Волатавай пушчы замахваюцца на гэткія фараонавы звычаі. Што тычыцца дарагіх вашаму сэрцу экспанатаў… – пан Варакса нібыта ў роздуме падкруціў вусы. — Паважаю людзей, якія захопленыя сваёй справай. Але грандыёзныя ідэі дорага абыходзяцца, маладыя людзі. За звычайны выезд на пахаванне ці вяселле дзеля тузіну фотаздымкаў мы бяром не менш за трыццаць рублёў. А тут – справа для цэлай экспедыцыі, рахунак на сотні… Ведаю, што ў суседнім мястэчку адзін настаўнік мае апарат, калі вы прапануеце яму хаця б трыста рублёў…
–У нас ёсць трыццаць, — цвёрда гледзячы ў вочы пану Вараксу, прамовіў барадаты студэнт. – І больш дастаць няма дзе – мы спрабавалі, паверце. Нас з Давыдам у гэтым мястэчку ўважаюць за небяспечных дзівакоў. Нават Давыдавы сваякі, людзі заможныя, адмовіліся яму пазычыць! Забаранялі з Каганецкімі звязвацца… Каб быў час…
Фатограф камічна развёў рукамі: самі, маўляў, разумееце, панства, тады і размовы не варта весці. Сфатаграфаваныя красуні, выпускніцы мясцовай жаночай духоўнай вучэльні, пагардліва паглядалі з-пад ажурных брылаў капелюшоў на нахабных студэнтаў.
–І ўсё-ткі, я думаю, вы пагодзіцеся ехаць з намі, — прамовіў Калоцкі павольна, як ступаюць на тонкі лёд. – Вы не адмовіце нам, інакш… – Уздыхнуў, перазірнуўся с сябрам, наважваючыся, і сказаў, як з адхону скокнуў: — Інакш, прабачце, але паліцыя даведаецца, што вырабляецца ў лабараторыі гэтага атэлье і якія насамрэч выконваюць заказы вядомыя тэрарысты Ян Ранарыч і Багуслава Кленчыц.
Кацяняты на здымках ледзь не пахаваліся за пасярэбраныя рамачкі, таму што мізансцэна змянілася так хутка, быццам павярнуўся чароўны ліхтар. Багуслава стаяла за спінай археолага, трымаючы пад ягоным падбародзем вострае лязо стылету, а на шчуплага этнографа пазірала руля пісталету, які нібыта сам па сабе ўзнік у руцэ пана Вараксы. Студэнты, вядома, збялелі і спацелі, але не зварухнуліся.
–Гэта вам не дапаможа, — з ледзь заўважнай дрыготкай у голасе прамовіў Калоцкі. – Вы ж павінны разумець – мы не прыйшлі б з такой заявай да вас, не паклапаціўшыся пра сваю бяспеку.
–Ай-яй-яй, — дакорліва прамовіў Ніхель, ветласць якога цяпер, у спалучэнні з пісталетам, магла настрашыць. – Студэнты, вучоныя, прагрэсіўныя людзі – і даносчыкі, працуюць на паліцыю. Што скажуць у вашым асяродку, калі даведаюцца, што вы выкрылі рэвалюцыянераў, барацьбітоў з самадзяржаўем?
Госці апусцілі вочы, прызнаючы слушнасць заўвагі: слава агента паліцыі – не тое, чым можна ганарыцца ў ліберальна-інтэлігенцкіх колах, дастанецца такому лаяльнаму гарохавы вянок.
–Ну дык і не варта даводзіць да скрайнасцяў! – загаварыў Калоцкі, якому было страшэнна нязручна стаяць, задраўшы падбароддзе, а да шыі датыкаецца сталёвае джала – рука Багуты ніколі ў такіх выпадках не дрыжэла. – Падумайце, пан Ніхель! Навошта ўсё ўскладняць? Тры гадзіны на дарогу туды, столькі ж назад, дзень пафатаграфаваць – і ў разліку! Мы з Давыдам дамо слова гонару, што нікому пра вас не раскажам. З’едзем у Піцер – і зоймемся кожны сваёй справай.
Багуце надакучыла камедыя:
–А хто нам перашкодзіць забіць вас па дарозе ў тыя Жухавічы і знікнуць?
Пульхныя вусны магістранта-археолага ўздрыгнулі.
–Не думаю, што для вас ёсць сэнс з’язджаць да Калядаў, да таго, як адкрыюць дрэваапрацоўчы завод!
Багуслава прыціснула лязо шчыльней да шыі нахабы.
–Гэта ты пра што, мярзотнік?
Адказаў этнограф, якому нішто не ціснула на шыю, але голас гучаў здушана:
–Ну як жа, усе ведаюць, што на адкрыццё заводу прыедзе хтось з царскай сям’і, збярэцца ўсе начальства, арыстакратыя… Мы вырашылі, што вы невыпадкова атабарыліся ў гэтым мястэчку. Так што – дапамажыце нам, папрацуйце на навуку, і не прыдзецца ламаць уласныя планы.
Масевіч па-дзіцячы хлюпнуў носам і тут жа ганарыста задраў падбароддзе, пакрытае светлым пушком, каб не выглядала, што ён баіцца.
–Вы не адказалі на галоўнае пытанне – адкуль вы пра нас даведаліся?
Голасам Ніхеля можна было расколваць лёд. Археолаг зглытнуў, мімаволі касавурачыся вачыма за спіну, на магчымую сваю светлавокую смерць, і прахрыпеў:
–Выпадак. Я быў сведкам замаху на генерал-губернатара на Сянной. Паліцыянты хапалі ўсіх, хто быў у той час на вуліцы. Разам са мной вычапілі старога па мянушцы Ваўчура…
Пан Варакса апусціў пісталет.
–Балбатлівы недаробак той Ваўчура… Можаш схаваць нож, Багута.
–Між іншым, паліцыі ён не сказаў ні слова, — змрочна прамовіў археолаг, паціраючы шыю, на якой засталася заўважная драпіна. – Але я ніколі не забудуся, як стаім мы, заклаўшы рукі за галаву, у калідоры пастарунку, насамі да шэрай аблезлай сцяны, быццам створанай для таго, каб на яе пляваць, і я, раззлаваны ўшчэнт, шапчу, што правільна ўчынілі тэракт, абавязкова знайду тых герояў і да іх далучуся. Ваўчуру перасмыкнула, а пасля, калі мы апынуліся ў адной камеры, ён распавёў тое-сёе пра маіх герояў. І я зразумеў, які я дурань… Быў.
Калоцкі з выклікам паглядзеў на Вараксу. Багута пакрывіла бледныя вусны.
–Значыць, вы паразумнелі, а мы з Янам засталіся дурнямі?
–Ваўчура не казаў – дурныя… Ён казаў – пачвары.
Давыд у жаху стукнуў сябрука локцем у бок. Але пан Ніхель толькі расцягнуў вусны ва ўсмешцы, быццам яму падалі філіжанку кавы з вяршкамі.
–Як толькі нас не называюць, маладыя людзі. Мне больш падабаецца – інквізітары рэвалюцыі.
Багута скрывілася: яна не любіла пафас ілжэ-бацькі. Калоцкі таксама ледзь стрымаў скептычную ўсмешку.
Паўзу, даволі такі напружаную, парушыў вясёлы званочак: у атэлье сунулася жонка пана пісара, трымаючы на руках шчакастае немаўля ў каптуры, шчодра прыкрашаным карункамі і блакітнымі стужкамі. Пан Варакса схіліўся ў паклоне.
–Ах, як шкада, мая дарагая пані, што вы не прыйшлі трохі раней. Мы з дачкой мусім неадкладна ехаць на пахаванне. Самі разумееце – святая справа, пакінуць памяць аб нябожчыку несуцешным сваякам…
Што ж, зноў Варакса ўсё вырашыў сам. Падобна, студэнты перамаглі. Назаўсёды з’язджаць з гораду, дзе столькі сілаў укладзена ў падрыхтоўку тэракту, падводзіць усю арганізацыю, сапраўды было глупствам – пакуль ёсць хоць найменшая магчымасць усё здзейсніць.
Брычка, загадзя нанятая гасцямі, мусіла пад’ехаць праз гадзіну. Багуслава стамлёна прысела на плеценае крэсла, у якім перафатаграфаваўся не адзін тузін павятовых прыгажунь. Як абыдзецца Ніхель з непажаданымі сведкамі? Наколькі ведала Багута свайго настаўніка, той нічога не прабачаў і не забываў. Дзяўчына ўявіла два целы ў глухой лагчавіне, заваленыя галлём, і тужліва зацягнулася цыгарэтай, устаўленай у касцяны муштук. Але хіба яна можа асуджаць? Дваццаць хвілінаў таму фатографка была на валасіну ад таго, каб чыркануць стылетам па горле нахабнага юнака трохі мацней… Так, каб перарэзаць артэрыю. Чалавека ўвогуле можна забіць вельмі лёгка… Багуслава гэта ведала лепей, чым іншыя.
Так, пачвара. Вядома, пачвара…
Пра гэта ёй крычалі яшчэ дзяўчынкі ў пансіёне, у садзе, напоўненым водарам язміну і бэзу, на перапынку паміж арыфметыкай і Законам Божым. Яны штурхалі яе, шчыпалі – дачка катаржніка, здрадніка, паляка-фармазона, худая і бясколерная, як паганка. Такая і магла нарадзіцца толькі на атрутнай глебе сібірскай катаргі, выцягнутая адтуль нечай міласэрнасцю – усё-ткі дваранская кроў. Але не мела гэтая істота права знаходзіцца побач з будучымі палкоўніцамі і маёршамі… Дзяўчынкі ж заўсёды мараць пра вайскоўцаў, дужых, вусатых і ганарыстых, праўда?
Багуслава марыла толькі пра тое, каб яе пакінулі ў спакоі. І каб не чапалі адзінае, што засталося на памяць ад бацькоў, якія ляжаць у сібірскай зямлі, – срэбную пласцінку, дагератып з выявай адважнага прыгажуна ў канфедэратцы…
Вядома, партрэт бунтаўніка пансіянеркі і пастараліся адняць. Напэўна, каб ізноў пакараць хоць выяву даўно мёртвага злачынцы, як прынята ў дзікуноў і выключна вернападданых асобаў.
Багута не можа ўспомніць, як усё адбывалася. Хаця падзеі таго травеньскага дня дасюль пракручваліся ў памяці вядзьмарскім калаўротам. Проста яе шчуплае, але жылістае цела, звыклае да холаду і ўдараў, само ведала, што рабіць – імклівыя рухі яшчаркі, кідкі гадзюкі.
Магчыма, звычайныя хатнія дзяўчаткі разбегліся б адразу, сутыкнуўшыся с такім шалёным супрацівам, але тут вучыліся на казённы кошт сіроты, закінутыя атожылкі дваранскіх родаў, звыклыя да законаў зграі. Старонняга назіральніка здзівіла б, як білася Багута – з недзіцячай жорсткай развагай: найперш трэба заваліць вось гэтую зубастую, кірпаносую завадатарку з пукатымі вачыма і тоўстай русявай касой, укладзенай бублікам, астатнія адступяць. І з недзіцячай упэўненасцю, што калі не адбароніцца – заб’юць.
Зубастая таўсманая дзеўка захрыпела і павалілася на зямлю, вочы яе закаціліся.
–Забілі!
Вакол адразу апусцела, пацішэла… Да звону ў вушах пацішэла… А можа, гэта дзумкаюць пчолы, збіраючы дзівосны мёд кветак? І няхай карэнні кустоў, на якіх тыя кветкі ўзгадаваныя, усмакталі рэкі крыві і нечыстотаў, мёд будзе духмяны і салодкі.
–Вы, безумоўна, Багуслава Кленчыц!—Да маленькай забойцы, якая застыла на фоне квецені язміну і бэзу лялькай са зламанай спружынай, прыціскаючы да запэцканага крывёй калісьці белага фартуха дагератып, падыходзіў спадар у акуратным касцюме-тройцы, з такой ветлай усмешкай, нібыта знаходзіўся на дабрачынным кірмашы. – Ты малайчына. За свой гонар і за гонар такога бацькі, як твой, варта біцца!
Ён яе хваліць? Багута маўчала, насцярожана пазіраючы на незнаёмца. Няўжо ён увесь гэты час назіраў за бойкай? Чаму не ўмяшаўся? Але думкі блыталіся, бо краем вока бачылася тое, страшнае, што ляжала на траве… Дзіўна, але спадар пераступіў праз цела таўсманай пансіянеркі нязмушана, быццам цераз калоду, схіліўся да Багуты і загаварыў па-змоўніцку, упэўнена і амаль весела:
–Мяне завуць Ян Ранарыч, я быў добрым сябрам твайго бацькі, адважнага Марцыяна Кленчыца. Доўга шукаў цябе. І мяркую, што варта неадкладна адсюль забраць. Як ты думаеш, Багуслава?
Усё бліжэй чуліся крыкі… Дзяўчынка, з цяжкасцю пераадолеўшы здранцвенне, змагла толькі кіўнуць галавой, сціскаючы дагератып, аж краі балюча ўразаліся ў даланю.
Коні ў брычцы пана Яна былі хуткія і сытыя. Куды яны везлі? Якая розніца. Ад нечаканага апекуна пахла тытунем, дарагім адэкалонам і порахам.
Багута з маленства добра ведала пах пораху.
На начлег спыніліся толькі позна ўвечары, у прыдарожнай гасцёўні, прапахлай гарэлымі блінамі, кіслай капустай і гарэлкай. Першае, што сказаў пан Ранарыч дачцы свайго сябра, калі яны апынуліся сам-насам у пакоі, было:
–Ну вось, ты і пачала адлік сваёй помсты. З удалым пачаткам, панна Кленчыц!
І зноў усміхнуўся, добразычліва так, прыемна…
У яго такі талент – рабіць усё зразумелым, натуральным.
А Багуслава – каб магла тады крычаць, закрычала б, каб не адвучылі плакаць – плакала б… Але яна сапраўды была атручаным парасткам, пустазеллем, якое толькі выпадкова не выпалалі.
А яшчэ яна была прыроджаным забойцам.
Так сказаў пан Ян. Яму заставалася толькі адшліфаваць яе таленты і даць простыя і ясныя мэты. Высакародныя, а як жа. Што яшчэ можа ўтрымаць такіх, як яны, на мяжы вар’яцтва?
Інквізітары рэвалюцыі…
Няўжо і тым, сярэднявечным, інквізітарам у перапынках паміж прыступамі халоднай ятрасці ваяра і пякучага задавальнення, што зло пакаранае, было гэтак жа моташна ад саміх сябе? Гэтак жа расцякаўся ў грудзях халодны жах ад усведамлення – гэта назаўсёды, гэтая кроў на руках, як у Каіна, душа ў праказе смяротнага граху… Словы малітвы страшна вымавіць услых, бо вусны іх не вартыя… У царкве Багуслава дазваляла сабе стаць толькі ў прытворы. Яко мытар. Яко разбойнік. Душагубца. Хаця ў мэтах канспірацыі пан Ян патрабаваў, каб яны станавіліся наперадзе і выяўлялі іставую малітву. Выяўлялі, вядома, – не маліліся. Бо ў рэвалюцыянера адна вера – у змаганне. У тое, што ўсё, што яны робяць, урэшце прывядзе да чагосьці вялікага, светлага і справядлівага, нават калі ў тым светлым не будзе месца такім кроплям цемры, як яны.
Багуслава Ніхель. Багуслава Ніхто. Ці мог прыгожы юнак на дагератыпе апраўдаць яе?
Багуслава патушыла недапалак… У роце гарчыла, як ад палыновай настойкі. Фатографка часам шкадавала, што кінула ўжываць какаін, які на нейкі час даваў гарантаваную лёгкасць і ўпэўненасць. Але надта жахлівай падавалася пустэча, што непазбежна прыходзіла на месца лёгкасці. Надта не хацелася быць залежнай яшчэ ад чагосьці. Багута нагледзелася на людзей, у якіх трэсліся ад нецярплівасці рукі, калі яны даставалі з кішэні бляшаначкі з коксам. Экзальтаваныя паненкі, што нюхалі эфір – новая мода, якая, на шчасце, не дайшла да маленькіх мястэчак кшталту N – набывалі прыгожае сіняе адценне скуры і прыкметы старэчага маразму. Многія падсядалі на морфій… Асабліва пасля франка-прускай вайны – амаль усе жаўнеры вярнуліся з яе марфіністамі. Мала таго, што наркотык калолі параненым, і ўвогуле ад любой хваробы, але ўсе, ад навабранца да афіцэра, ужывалі атруту “для ўзняцця баявога духу”. Малады модны ўрач Зыгмунд Фройд настойліва раіў прапісваць морфій усім, бо сам зведаў ягонае “дабрадатнае” ўздзеянне, і быў уражаны, калі сусветны кансіліум калегаў вынес вердыкт аб шкоднасці “ўсемагутнага” рэчыва.
Што толькі не прыдумае чалавек, каб выйсці за межы сваёй вартай жалю, абрыдлай клеткі адчуванняў і асацыяцыяў, каб хоць трохі пабыць не сабой! Каб забыцца, што твой унутраны свет – усяго толькі пляцоўка вечнага змагання Бога і Звера.
Іх таварыш расказваў, як ягоны дзед неяк патрапіў на адну з тых “райскіх начэй”, якія ўчыняў у Вільні “кароль цынікаў”, былы палкоўнік канфедэратаў і расейскі шпіён Ігнацы Хацкевіч. Нараніцу прадзед пускаў сліну і плакаў, і яго давялося адправіць у маёнтак, дзе да канца жыцця яго карміла жонка з лыжачкі, а ён толькі енчыў, як хоча яшчэ хоць раз пабачыць дзівосы, што з’явіліся яму ў доме Хацкевіча ў дыме азіяцкіх зёлак.
Не, абыдзецца без дурману… Больш за ўсё Багута цаніла волю. Нават Ніхель гэта разумеў – і быў асцярожлівы, як з прыручаным леапардам.
А яшчэ чамусьці чапляла, што ў вачах гасцей, нахабных шантажыстаў і магчымых даносчыкаў, гэтых спешчаных юнакоў, бачылася пагарда, быццам на дне кубка з салодкім віном — мёртвы вусень, які не дажыў да крылаў.
Багута страсянула каротка стрыжанымі валасамі – яна фарбавала іх басмай у чорны, як крыло гругана, колер, і пайшла пакаваць сакваяж. Маёнтак у пушчанскіх нетрах – самае месца для крывавых таямніцаў. Трэба прыхапіць яшчэ адзін пісталет — той, з інкрустацыяй з зялёнага перламутру.
Раздзел другі. Спадкаемца маёнтка Жухавічы
Жалезныя вароты, упрыгожаныя іржавымі ваўчынымі галовамі, рыпелі, як быццам упрошвалі не пускаць падазроных гасцей. Прыслужнік, смуглявы змрочны тып з перабітым носам, у белай кашулі і скураной камізэльцы, са звязанымі на патыліцы ў неахайны хвост валасамі, сам падобны да ваўка, прыслухвацца да скаргаў старога металу не збіраўся. Ён няспешна адчыніў па чарзе абедзве паловы варотаў і абыякава кіўнуў прыбылым, маўляў, праязджайце. І нават галавы ім услед не павярнуў.
Вядома, на што тут глядзець… Брычка, так заляпаная гразёю, быццам яе дасталі з балота, і гэтак жа ўгвэзаныя пасажыры – двое маладзёнаў, адзін у студэнцкім шынялі, другі ў кажушку і вышыванцы, і светлавокая паненка ў габардзінавым паліто і ваўнянай дарожнай спадніцы, на падоле якой можна ўжо было штосьці сеяць. Хіба што сівавалосы пан з акуратна падкручанымі вусамі, у акулярах і капелюшы з вялікімі брыламі выглядаў фацэтна, нягледзячы на тое, што па пояс таксама быў у гразі.
Што ж, усе калюгі пералічылі, усім вожыкам пра свой кепскі настрой смачнай лаянкай давялі, нягледзячы на прысутнасць дамы. Якая, папраўдзе, выказвалася ціха, скрозь зубы, але найбольш выразна. Восеньскія тутэйшыя дарогі нездарма лічыліся самымі горшымі гэтак жа, як лясы – самымі гонкімі. У мясцовых лясах спаконвеку займаліся “шмальцаваннем” – вырабам попелу. Лепшыя сосны ішлі на мачты, і лёс ім быў горда ўзвышацца над хвалямі далёкіх мораў. Нягеглыя ж дрэўцы мусілі стацца чорным бязважкім рэчывам, попелам, не для таго, каб антычныя прарочыцы пасыпалі ім галовы, а каб быць запакаваным у звычайныя бочкі і сплаўленым на віцінах на далёкія паўднёвыя рынкі, а потым угнаіць чужую глебу, на якой ніколі не вырасце карабельная сасна. Многія жыхары невялікага, але гордага горада N былі нашчадкамі тых шмальцароў, з перапэцканымі па-мурынску тварамі, з вялікімі шурпатымі далонямі, у якія назаўсёды ўелася смала, што не паспела стаць бурштынам.
Не бракавала тут калісь і паляўнічых… Вадзіліся магутныя туры і лемпарды… Але ўжо ў XVI стагоддзі ўладальнік гэтых мясцін Крыштаф Радзівіл пісаў да Канстанціна Астрожскага, упрошваючы здабыць яму ў ягоных падапечных, маладых князёў Сапегаў, лемпарда дзеля звярынца. Бо ільва Крыштаф знайшоў, прывезлі з-за мора, а лемпардаў тутэйшых усіх выбілі.
Не дзіва – што можа лепей упрыгожыць драгуна ці крылатага гусара, чым зухавата перакінутая цераз плячо залацістая скура ў чорныя плямы!
Каго толькі не выбілі ў тутэйшых нетрах. Феніксаў, адзінарогаў, паўстанцаў… Даўно сцежкі гэтага лесу не тапталі ні туры, ні лемпарды. Дый мядзведзя, звыклага ліцвінскага тулягу, было сустрэць няпроста. Што з важным выглядам і паведаміў Багуславе археолаг-магістрант Міхал Калоцкі – ясна, з падтэкстам, каб супакоіць паненку наконт нападу звяроў. Багуслава тут жа халодна выказала шкадаванне, што не будзе ёй на кім практыкавацца ў кіданні стылету… Ну і крутанула ў пальцах маланкава выхапленае з рукава лязо, каб кола срэбнае ў паветры ўтварылася. Дзіцячы такі выпад… Надта ж захацелася нагадаць правільнаму юнаку, з кім звязаўся, а то ён нібы вызначыцца не можа, ці драпежная пачвара, ці эксцэнтрычная, але прывабная дама з імі едзе.
Калі шчыра, дык Багута зусім не так вольна пачувалася ў лесе – было ўладанне лесуноў для яе стыхіяй варожай і незнаёмай. Як пакінула пансіён – так усё па гарадах ды мястэчках і бадзялася з Ніхелем. Мінулае ўяўлялася шэрагам пракураных пакояў у прыдарожных гатэлях ды здымнымі кватэрамі з паркалёвымі шпалерамі і забытай кімсьці на трумо сетачкай для набрыяліненых валасоў. А сібірская тайга з успамінаў дзяцінства – гэта кшталту заснежанага пекла, дзе знікаюць збеглыя ссыльныя, толькі аб’едзеныя ваўкамі іхнія косткі знаходзяць па вясне.
А тут яшчэ шчуплы Давыд ускочыў на родны ўслончык ды пачаў расказваць сваё, этналагічнае. Маўляў, звяры ў лесе вакол Жухавіч зніклі таму, што тут, паводле пераканання мясцовых жыхароў, водзяцца ваўкалакі. Выдаў цэлы тузін баек пра пярэваратняў, запісаных ім асабіста ад гаваркіх бабулек ды дзядуляў. У жахалках фігуравалі зачараваныя пасы, што рассцілалі на шляху таго, каго задумалі гвалтам ператварыць у звера, і такія ж зачараваныя нажы, колькасцю ад пяці да дванаццаці, цераз якія ўжо самому ваўкалаку трэба перакульвацца, каб вярнуць чалавечае аблічча. Свісталі пазначаныя крыжам срэбныя кулі, разляталася на друз выбітае дужым звярыным целам вакно ў царкве – уздумалася ж камусь завалачы туды няшчаснага пярэваратня… Тут жа Давыд – ажно запалыя шчокі гарэлі румянкам — параўноўваў усё з замежнымі міфамі, напрыклад, што згодна сербскаму Намаканону па спісе1262 года «Влькодлаци лоуноу изедоше или слнце», што значыць, з’ядаюць месяц і сонца, а гэта дазваляе правесці паралель з салярным міфам і супаставіць ваўкалака як архетып з цмокам… У Старым Запавеце Іерэмія казаў пра “ваўка пустэльнага”, а Навухаданосар за грахі свае стаў напалову зверам. Адны з ікластых істотаў-двудушцаў мусілі заставацца ў скуры, пакуль не здымуць з іх праклён, іншыя пакрываліся поўсцю час ад часу. Было і мноства рэцэптаў, як пазнаць зачараванага. Зверам ён спрабуе падсмажыць мяса на вогнішчы, забытым пастухамі, возіць пысай па расістай траве – мыецца, тужліва вые на ўсход – моліцца, заўсёды самотны, а калі яго забіць і садраць скуру – пад ёй апынецца сатлелае чалавечае адзенне… Калі ж вяртаецца ў чалавечае аблічча, фізіяномія застаецца перакрыўленая, срэбра баіцца, пад поўню не выходзіць, і пах ад яго агідны… Яшчэ адна асаблівасць мясцовых ваўкалакаў – яны асабліва не любілі чужынцаў-нападнікаў. Прыйшлі шведы – ваўкалакі пагрызлі цэлы гарнізон. Татары лагер разбілі – таксама ноччу горлы ім параздзірала пачвара. Маскоўскае войска прыйшло да муроў мястэчка – маскоўцаў звер пагрыз. Французы заявіліся – таксама перапала ад ікластых… Давыд Масевіч тлумачыў тое архетыповай функцыяй татэму, абаронцы роду, якім у мясцовых неадменна з’яўляўся воўк, што пацверджваюць не толькі хронікі Герадота, але і некаторыя гербы мясцовай шляхты…
Карацей, як штурхнуў матавіла, дык да Вільні круціла.
Лес чорны, дарога гразкая, а там, дзе лес на нейкі час адступіў далей, і на змену гонкім соснам выкульгвалі скалечаныя, скурчаныя асіны, было яшчэ горш – балота. Шлях ператвараўся ў грэблю – па абодва бакі была дрыгва, над якой калісьці наслалі целы тых жа соснаў і прысыпалі зверху зямлёй. Па балатах Багуце ўвогуле ні разу не даводзілася вандраваць, за што яна была шчыра ўдзячная лёсу.
Дзякуй Богу, даехалі да Жухавіч засветла.
Таму што ў цемры было б яшчэ больш жудка… Глухі лес вакол, агароджа з ваўчынымі галовамі, якія шчэрацца з іржавых прэнтаў. У канцы прысадаў цямнее панскі дом з шэрага каменю, сіратліва свеціцца ўжо запалены самотны агеньчык ліхтара. Добра хоць, нехта з уладароў загадаў заміж соснаў пасадзіць уздоўж прысадаў ліпы – але гэтыя дрэвы, такія звычайна ветлыя, тут выглядалі, як згалелыя да рыззя старыя купчыхі. Яны ў адчаі цягнулі да неба рукі з лахманамі апошняй брунатнай восеньскай лістоты, якая ўжо і не памятае, што была залатой.
Калоцкі, які спраўляўся за фурмана, нацягнуў лейцы, утаропіўшыся з жахам і захапленнем на тое, што ўзвышалася злева паміж чорных целаў ліп. Багута недаўменна зірнула: на рудой траве ляжала некалькі вялізных камянёў, усцягнутых адзін на адзін, быццам волатава дзіця замест снежнай бабы ляпіла каменную. Збудаванне і сапраўды нагадвала жаночую фігуру: у верхнім камяні паўсляпыя страшныя выёміны-вочы, кірпаты нос, расселіна-рот, ніжэйшы камень раздвойваўся, як грудзі… Падобна, гэта быў старажытны стод, аб чым і перакідваліся вучонымі тэрмінамі студэнты.
–Глядзі, там далей, злева, Хорс! Далібог, выява Хорса! – Давыд саскочыў з брычкі і, паперхваючы, пашкандыбаў да чарговага рарытэту, на гэты раз драўлянага – пачарнелы патрэсканы слуп з падабенствам конскай морды наверсе. Міхал Калоцкі, кусаючы ад нецярпення пульхныя вусны, падагнаў за сябруком гнядога каня, цярплівага і панылага, якім толькі і можа быць бяспраўны найміт, што бясконца мяняе часовых гаспадароў. Студэнты разглядалі злавесны слуп, быццам наведнікі Мулен Руж красуньку, якая танцуе канкан. Як жа нязручна мець справу з энтузіястамі!
За спінай апошні раз бразнулі вароты. Багута азірнулася: слуга, старанна зачыніўшы ўсе засаўкі, ішоў пругкай размашыстай хадой, трохі пакульгваючы, услед за гасцямі, а за спінай яго – далібог – тырчэла стрэльба… Дзяўчына абмянялася позіркам з Ніхелем: спрактыкаваны стары ваяр таксама заўважыў патэнцыйную небяспеку. Такое правіла: у любым месцы, самым сяброўскім, прыкмячай, хто можа табе стаць супернікам у бойцы.
Вецер кінуў у твары па прыгаршчы халодных кропляў, Ніхель прыспешыў Калоцкага, той прыспешыў каня, і дом з век непатрэбнымі рэвалюцыйнай справе скарбамі пачаў набліжацца. Багуце карцела выхапіць у медзведзяватага Калоцкага лейцы, развярнуць брычку ды намётам – назад, да брукаваных вулак, пякарняў ды свежых газетаў.
Зноў сыпануў дробны дожджык, ад якога хацелася адмахнуцца, як ад машкаты. Дом быў выкладзены так званай разынкавай кладкай: паміж шэрых камянёў у расчынні цямнелі дробныя каменьчыкі, як разынкі. Вузкія вокны з аблезлымі драўлянымі рамамі, калісьці фарбаванымі ў белы колер, зялёна-шэрая, як спіна пракаветнай чарапахі, чарапіца на даху і навесе над ганкам, які абапіраўся на дзве нязграбныя калоны. Над уваходам мацаваўся высечаны з мармуру герб: падзеленае на дзве часткі поле шчыта, у левай частцы – рука ў рыцарскай пальчатцы трымае меч, у правай – прадказальна – ашчэраная ваўчыная пыса са смешна высалапленым языком, быццам геральдычны звер падрыхтаваўся лізаць цукровага пеўніка на палачцы.
Змяшанае з апошнімі промнямі дня святло ліхтара, павешанага на жалезны крук злева ад дзвярэй, нагадвала, што вось-вось сцямнее. Другі такі ж ліхтар свяціўся на доўгай прыбудове злева ад дома – стайні былі разлічаныя на некалькі дзясяткаў коней. Але ў рудой траве і гразі малавата слядоў калёс і капытоў. Ніхто не спяшаўся і сустракаць прыезджых, якія разгублена тапталіся перад ганкам, дом здаваўся мёртвым, бы леташняя павута.
Між тым наблізіўся кульгавы слуга, які ўпускаў прыхадняў у маёнтак. Пры больш пільным паглядзе ён нагадваў не лёкая, а ляснічага: абветраны смуглявы твар, якому ўмяціна злева на пераноссі дадае ваяўнічасці, хада і пастава чалавека, што часта вандруе пешкі і звык да небяспекі.
–Коней можаце паставіць у стайню, там, дзе гарыць ліхтар, — уладна заявіў смуглявы, няўважна махнуўшы рукой. – Спадзяюся, паны справяцца з гэтым. Рэчы таксама давядзецца занесці ў дом самім, — цяпер у голасе гучала амаль непрыхаваная здзеклівасць. – Прыслугі, перапрашаю, няма.
Міхал Калоцкі, як правадыр фатаграфічна-этнаграфічай экспедыцыі, ступіў наперад:
–А ці ёсць пан Шымон Каганецкі? Ён сам запрасіў нас!
Незвычайна светлыя на смуглявым твары шэрыя вочы раздражнёна збліснулі:
–Запрашаў? Правільней сказаць, дазволіў прыехаць. І не магу прызнацца, што надта гэтаму рады.
Вось табе маеш чорта ў буслянцы. Пан Варакса Ніхель ветліва пакланіўся, перахапіўшы ролю правадыра кампаніі ў Калоцкага:
–Трэба разумець, маем гонар бачыць перад сабой графа Шымона Антонавіча Каганецкага?
Гаспадар не зварухнуўся.
–Не ведаю, у чым вы бачыце гонар, але так, я граф Шымон Каганецкі. Спадзяюся, наша знаёмства будзе максімальна неабцяжарваючым для абодвух бакоў і нядоўгім. Калі б вы, пан Калоцкі, — гаспадар беспамылкова кінуў востры позірк на археолага, — не спаслаліся на аўтарытэт вельмі паважанага мною прафесара Заменцкага, я б адмовіў адразу. Скажу шчыра – мне не да вас. І, спадзяюся, умову маю памятаеце: ніякіх кранальных размоваў пра мае намеры, святую навуку і цемрашальства. І нікуды не заходзіць без майго дазволу. Інакш выганю.
Каганецкі сказаў гэта так, што не падлягала сумневу: як што ўпоперак – павыкідвае за браму з ваўчынымі пысамі адзін усіх, нават плячыстага Калоцкага. Праўда, пасміхнулася пра сябе Багута, гэты хамаваты графчык не падазрае, што гадзюкаў, такіх, як яна з Ніхелем, нельга чапаць нават за хвост. Пан Варакса зноў ветліва пакланіўся:
–Разумею вас як найлепей, літасцівы пан. Дазвольце прадставіцца: Варакса Ніхель, а гэта мая дачка Багуслава Ніхель. Мы – фатографы, нас нанялі гэтыя маладыя людзі за плату, ад якой мы не можам дазволіць сабе адмовіцца…
Багута ледзь чутна хмыкнула. Маніць, як шоўкам шые.
–Запэўніваю, мы зацікаўленыя зрабіць сваю справу як найхутчэй, і без усялякіх непрыемнасцяў… для абодвух бакоў, — Ніхель ліў словы алеем на аладкі.
Граф на гэты раз пакланіўся ў адказ, нібыта прызнаючы, што перад ім найменш вінаваты, гэткая нейтральная дзяржава:
–Што ж, заўтра ў вас будзе адзін дзень. Пасля вы павінны з’ехаць.
І рушыў у дом, кінуўшы цераз плячо:
–Пакоі займайце на першым паверсе ў левым крыле, якія хочаце. Прынамсі, там працеплена.
Калі граф ужо адчыняў дзверы, Давыд, ледзь стрымліваючы абурэнне, выгукнуў:
–Дык ці няможна запрасіць хоць якую прыслугу назаўтра! З намі ж паненка…
Шымон азірнуўся цераз плячо, ягоны профіль нагадваў бы, напэўна, італійцаў, каб не пашкоджаны нос, і паўтарыў на гэты раз проста стамлёна:
–Прыслугі няма. І не будзе. Пакуль я тут, у гэты маёнтак не прыйдзе ніхто з мясцовых.
–Вас так баяцца? – падала голас Багута.
–І баяцца, і ненавідзяць, — неяк дужа спакойна прамовіў граф. – Так што і вам не раю, пакуль гасцюеце ў мяне, выходзіць за агароджу маёнтка.
–Ого! – не вытрымаў Давыд, – Проста абложнае становішча… Чаму ж вы хоць сабакаў не прыхапілі?
–Не люблю сабак, — кінуў Каганецкі і зайшоў у радавы дом.
На дзвярах, за якімі схавалася ягоная пругкая ўпэўненая пастава, выразна бачыліся сляды ад куль. Светлая драўніна ў выбоінах яшчэ не паспела пацямнець і нават набракнуць вільгаццю.
Ужо ў ложку, такім вялізным, быццам у ім павінны былі займацца каханнем Брунгільда ды Зігфрыд, Багуслава ўспомніла, што падалося ёй у тоне кульгавага графа такім знаёмым: агіда. Агіда і нянавісць, скіраваныя да сябе. Але з чаго б гэтаму эксцэнтрычнаму багацею сабой пагарджаць? “Проста ва ўсім бачу цені ўласных хімераў”, — сумна вырашыла Багута і правалілася ў сон, цёмны і непрыемны, як сутарэнне са смаўжамі.
Абуджэнне было не менш дзіўным, чым усё навокал, і гэткім жа спалошным: нібыта проста над вухам ударыў звон, завібрыравала паветра, як паверхня вады, закалацілася сэрца…
Вось жа і адвучыла сябе баяцца – а сэрца ўсё роўна не слухаецца, калоціцца, тузаецца, як жабяня ў гарачай вадзе.
Металёвы звон яшчэ раз запоўніў сабой прастору… Што за выбрыкі? Багута, блытаючыся ў рукавах і гузіках, апранулася. Учора, ушчэнт змучаная, пры цьмяным святле адзінай вылучанай ёй свечкі, яна не паспела асабліва разгледзецца. Цяпер позірк спрактыкавана слізгаў, ацэньваючы абстаноўку: калі што, з вакна выскачыць будзе цяжка, рамы тоўстыя, зачыненыя наглуха, мусіць, ужо невядома колькі гадоў. Акрамя ложка на драўляных слупах-калонах у пакоі толькі шафа, грунтоўная, як у купцоў, з упрыгожванняў – парцьеры з букецікамі незабудак на ружовым фоне ды забытая парцалянавая пастушка з баранчыкам на стабурку. Та-ак, ні табе ваўчыных галоваў, ні паганскіх стодаў… Падобна, у гэтым крыле месціліся пакоі для прыслугі, вось якаясь пакаёўка альбо кухарка і стварала свой маленькі свет з кветачкамі ды авечачкамі пасярод панскага вар’яцтва.
Зноў ударыў звон, ці гонг? З суседняга пакою ўжо выходзіў Ніхель, фацэтны, як заўсёды, а ў канцы нецікава пустога калідору з абцягнутымі блякла-юлёвай тканінай сценамі чуліся санлівыя галасы студэнтаў – тыя быццам сунуліся на нелюбімую лекцыю.
Варакса шэптам нагадаў злоснай, як сагнаная з кветкі пчала, Багуце быць цярплівай “добрай дзяўчынкай”.
Добрыя дзяўчынкі ляжаць з перабітымі пазванкамі ў траве, і ў іх косах смела поўзаюць мурашкі.
Гэта сапраўды аказаўся гонг! Загарэлы па-плябейску граф са здзеклівай усмешкай, падганяючы прыпозненых на сняданак гасцей, наастачу ўдарыў у вялізны бронзавы дыск, упрыгожаны іерогліфамі, і той загайдаўся, завыў, падвешаны на спецыяльнай раме, як бы яго катавалі. Мусіць, з якога Тыбету прывезена.
Але нічога сабе сталоўня… Здавалася, яны апынуліся ў іншым доме. Хаця што тут дзіўнага: слугі жывуць сабе, паны сабе, не разумеючы, высмейваючы адно аднаго…
А гэтае памяшканне, нягледзячы на даўжэзны стол, здавалася, выраблены з аднаго гіганцкага бервяна, хутчэй нагадвае майстэрню дужа багемнага скульптара. Калісьці Багуслава з Ніхелем хаваліся з тыдзень у такой у Піцеры, калі шпегі выйшлі на іх след. Там таксама ўзвышаліся захутаныя ў мятыя палотны таямнічыя фігуры, проста на падлозе грувасціліся стосы кніг і кучы незразумелых артэфактаў.
Праўда, артэфакты тут нейкія недарэчныя. Вунь патрэсканы хамут, які, мусіць, цягала звычайная мужыцкая кабылка, а там — чалавечы чэрап, калісьці пераўтвораны ў кубак – і, відаць, досыць даўно. Срэбная аправа зусім счарнела, устаўленыя ў яе каменьчыкі пагубляліся, над пустымі месцамі тапырацца бездапаможна расціснутыя кіпцюры мацаванняў, быццам драпежная птушка ўпусціла здабычу. Бязвокае і бяззубае чучала маленькага кракадзіла, брунатнае ад узросту, падпаўзло пад плецены бок кошыка з батлеечнымі лялькамі – Багуслава не раз назірала прадстаўленні батлейкі на кірмашовым пляцы горада N, гэта было зусім не падобна на расейскіх балаганных Пятрушак. Цьмяна пабліскваюць шэрагі закаркаваных пыльных слоікаў і бутэлечак з каляровага шкла, у якіх плавае нешта цёмнае. Ці не дарэмна ірваліся сюды студэнты? Нешта не відаць вялікіх мастацкіх каштоўнасцяў.
–Харчаванне будзе паходнае, — адрывіста патлумачыў граф, які накінуў паўзверх кашулі і камізэлькі кароткую куртку са светлай замшы, што не дужа надало яму арыстакратычнасці. – Кіпень ёсць, гарбату і каву заварвайце на свой густ, вяндліну і хлеб нарэзаць не праблема…
Прынамсі, не заявіў, што раз кабета ёсць, дык і сняданак на яе сумленні. Праўда, вяндліну Багуслава сапраўды нарэзала сама – на амаль празрыстыя раўнюткія лустачкі, толькі нож мільгаў… Трэба ж было мець падставу шматзначна прамовіць: “Прынамсі, мяса я рэзаць умею”, каб паглядзець, як перасмыкне Калоцкага ды Масевіча, выдатна расчуўшых дваісты сэнс. Шчуплы этнограф – Багута падазравала, што ў хлапца канкрэтныя сухоты – запарыў гарбаты ў вялікіх кубках з дрэздэнскай парцалянавай фабрыкі, упрыгожаных кветкавымі арнаментамі. Калоцкі выявіў абыякавасць да гаспадарчых клопатаў, але памацаў шэрую каменную пліту, на якой свяціўся жоўтымі бакамі расейскі самавар, і заявіў, што на камені ўгледжвае рэшткі малюскаў даяцэнскага перыяду, так званыя “манеты фараонаў”, таму вельмі падобна, што камень прывезены з Егіпту. Граф пацвердзіў: дзед і бацька нацягалі ў дом дастаткова егіпецкіх рэчаў, мода была такая… Егіпецкая цывілізацыя ўяўлялася цэнтрам таемнай мудрасці, ключом да незямных сакрэтаў.
–Да сусветнага духу жадалі далучыцца? – з лёгкай насмешкай прамовіў Калоцкі, пасёрбваючы гарбату. Пан Шымон, які ўладкаваўся на зэдліку з лустай хлеба ды кубкам падалей ад кампаніі, спакойна адказаў:
–Калі юны Гегель пабачыў, як у ягоны родны горад заязджае Напалеон на белым кані, то быў упэўнены, што гэта і ёсць Сусветны дух. Калі павіяны бачаць усход сонца, яны ўздымаюць лапы і захоплена равуць. З’явы аднаго парадку.
Калоцкі раскалыхаўся, як брацкі звон:
–Вы хочаце сказаць, што ўсе высокія памкненні чалавечага духу…
–Усяго толькі жывёльны інстынкт, замаскаваны свядомаснымі канструкцыямі, бо чалавек ніколі не прызнае, што ён не разумнейшы і не маральнейшы ад жывёлы.
Вось табе і спадчыннік Жухавіч… Дзікунскае аблічча і вучоныя прамовы. Хаця чаму “дзікунскае”? Шляхетныя продкі, якія большую частку жыцця – бо жылі тады нядоўга – праводзілі ў ваенных паходах, таксама не выглядалі спешчанымі, іх твары – гетманаў, князёў, магнатаў, таксама былі абветранымі, у шнарах, плечы шырокімі, каб трымаць цяжкія латы, а рукі дужымі, звыклымі да зброі.
–Пан мае на ўвазе так званае “быдла”? – нейтральна папытаўся Ніхель. – Мужыкоў, якіх вашыя продкі трактавалі як хатнюю жывёлу і з чыёй працы жылі і набывалі егіпецкія камяні?
Багута вырашыла, што Ніхель толькі што папоўніў спіс дэспатаў, вартых знішчэння, жухавіцкім гаспадаром. Але пан Шымон толькі стамлёна пакрывіўся:
–Ну навошта так спрашчаць? Я заолаг. Бачу сутнасць, прыроду, а не абалонку. Для мяне людзі не дзеляцца на арыстакратаў і плебс. Хіба што з Сакратам пагаджуся, які падзяляў усіх на залатое, срэбнае, жалезнае і глінянае саслоўе, але не па паходжанні, а па здольнасцях – у сям’і “срэбнага” чыноўніка можа нарадзіцца “гліняны” някемнік, здольны толькі араць зямлю, а ў шаўца – “срэбны” вайскаводца. Насамрэч людзі – усяго толькі адзін з жывёльных відаў, як ваўкі альбо пацукі. Сацыяльныя адрозненні – гэта загана цывілізацыі.
–Даволі… прагрэсіўныя пагляды для нашчадка графскага роду, — працягнуў Ніхель, цяпер ужо з цікаўнасцю ўглядаючыся ў Каганецкага. Граф піў гарбату з парцалянавага кубка, як на дыпламатычным прыёме. З манерамі і этыкетам у яго, напэўна, пры неабходнасці праблем не мелася.
–Той, хто добра ведае звяроў, не можа быць высокай думкі пра чалавека. Усё, чым чалавецтва ганарыцца, спаконвеку існуе і ў чатырохлапых, крылатых ды хвастатых. Мастацтва, каханне, здольнасць ахвяраваць сабой дзеля бліжніх, любоў да дзяцей, павага да старых…
–Вы перабольшваеце, пан Шымон! – запярэчыў Давыд Масевіч, ледзь не выраніўшы сваю канапку. – Вы прыніжаеце чалавечы розум і пачуццё прыгожага! Дзе вы бачылі ў звяроў мастацтва?
Каганецкі акуратна паставіў на егіпецкі камень, побач з самаварам, недапіты кубак, пара над ім таньчыла, як празрыста-срэбныя змейкі.
–А вы бачылі, якія мазаікі выкладвае для сваёй самкі птушка-буданчык? З рознакаляровых каменьчыкаў, ягад, кветак… Мастак не здольны на такую фантазію. Вам нагадаць пра птушыныя спевы, якія беспаспяхова пераймаюць на сцэнах оперных тэатраў? Запэўніваю вас, вайсковы строй павіянаў альбо мурашоў зладжаны па ўсіх правілах ваеннай навукі. Звычайная пчала, вяртаючыся ў вулей, выконвае перад супляменнікамі складаны танец, у якім распавядае, дзе і на якой адлегласці ёсць меданосныя кветкі. Адзін мой калега пралічыў, што ў пчол розных месцаў зямлі свае дыялекты, і адзін і той жа элемент танцу ў нямецкай пчалы азначае 75 метраў, у італьянскай – 25 метраў, а ў егіпецкай – пяць.
Калоцкі і Масевіч не вытрымалі і дружна фыркнулі, граф, на дзіва, таксама ўсміхнуўся.
–Так, вучоных-энтузіястаў часта “заносіць”, думаю, вам гэта вядома на ўласным прыкладзе. Вучань Дарвіна Джордж Раманес, я з ім быў аднойчы ў экспедыцыі, напісаў кнігу “Розум жывёлаў”, у якой так ухваліў інтэлектуальную дзейнасць малпаў, варонаў ды іншых жывых істотаў, што хоць зараз стварай для іх універсітэты. Але я і сам бачыў, як грыф кідае з вышыні камень на гняздо страуса, каб разбіць яйка, а галапагоскі дзятлавы ўюрок дастае жамяру з трэшчынаў з дапамогай кактусавай калючкі. Вось вам працоўныя інструменты… Творчасць? Падчас экспедыцыі па Танзаніі ў нас знікла пустая бляшаная бочачка з-пад вады. Назаўтра мы пачулі ў джунглях, дзе не мелася згодна карце ніякіх паселішчаў, барабанны бой. Рушылі асцярожна туды… І пабачылі, як малады шымпанзэ, страшэнна горды сабой, выбівае рытм на нашай бочачцы, а супляменнікі захоплена яго слухаюць, пакрыкваючы ды пляскаючы ў ладкі. Чым не канцэрт Ігнацыя Падэрэўскага?
–Выбачайце, але чалавек мае маральнасць! – абурана выгукнуў Масевіч, адарваўшыся ад хлеба з сырам. Граф счапіў тонкія пальцы, як на лекцыі, і насмешна прымружыў вочы.
–Та-ак, ну, давайце зірнем на мараль… Дэльфіны падымаюць хворага таварыша да паверхні вады, каб даць удыхнуць паветра. А вы наведвалі калі-небудзь звычайную гарадскую багадзельню, дзе дажываюць свой век інваліды, гніючы зажыва? А хто з людзей можа пахваліцца такой любоўю да радзімы, як бусел, які пралятае тысячы вёрстаў, каб вярнуцца на нашыя балаты, такой вернасцю, як сабака, такім каханнем, як лебедзь? Звяры мудрэй за чалавека, бо толькі двухногія могуць гэтак бязлітасна знішчаць адно аднаго, быццам іх мэта – звесці ўласны род. Леў можа з аднаго кідка вырваць бок буйвалу. Але калі б’ецца з супольнікам за тэрыторыю альбо самку, ніколі не пусціць на поўную моц іклы і кіпцюры. У звяроў ёсць абмежаванне на сваю зброю, калі б’юцца з прадстаўніком уласнага віду. Толькі чалавек такога абмежавання не мае! Праўда, дадзеная яму ад прыроды зброя вартая жалю: пазногці крохкія, зубы тупыя… Але чалавек надзвычай вынаходлівы ў прыстасаваннях для больш зручнага забойства падобных да сябе.
–Вы не дужа любіце людзей? – спытала-сцвердзіла Багута, вывучаючы смуглявы твар, занадта нервовы для мізантропа. Граф перавёў на адзіную ў кампаніі кабету спакойны позірк шэрых вачэй.
–Той, хто кажа, што любіць дарагое наша чалавецтва цалкам, ці ілгун, ці сам сабе тлуміць галаву. Любіць можна таго, каго ведаеш, і ў абмежаванай колькасці асобінаў. Я сустракаў людзей, вартых любові і павагі. Няшмат, але мне досыць. І асабліва не люблю тых, хто спрабуе згаданае чалавецтва перавыхаваць, перарабіць на свой густ і, зразумела, ашчаслівіць. Як сведчыць гісторыя, агульнае шчасце такія дабрадзеі заліваюць чалавецтву ў глотку гвалтам, як расплаўлены свінец, і эпоху доўга ванітуе крывёй.
–Вы не верыце, што можна выправіць сацыяльную несправядлівасць? – Ніхель перастаў ветла ўсміхацца, шкельцы ў ягоных акулярах нібыта пацямнелі.
–Ну чаму ж, веру, нават чарнаскурых рабоў вызвалілі ад рабства, — прагаварыў Каганецкі. – Але любая высакародная справа прыцягвае зашмат паразітаў, якія высмакчуць урэшце яе сутнасць. Вось, адзін з экспанатаў сямейнага музею…
Граф падышоў да шафы з чорнага разнога дрэва, падобнай да труны, адчыніў шуфляду, якая жаласна зарыпела, і дастаў бясформны срэбны злітак памерам з два кулакі. Нават археолаг Калоцкі не змог вызначыць, што гэта было.
–Мой дзед вучыўся ў Віленскім шляхецкім інстытуце, — змрочна пачаў апавядаць граф. — Ён, як і многія студэнты, увайшоў у таемнае таварыства філарэтаў. У нармальным грамадстве мэты такога ўтварэння былі б толькі ўхваленыя: прысвяціць жыццё асветніцтву народа, збіраць ягоны фальклор, набываць веды. Весці цвярозы лад жыцця… Але тыраны заўсёды лічаць, што няхай лепей малады чалавек будзе блытацца па тлумных вечарынках з віном, паскуднымі песенькамі і дурнымі гульнямі ў фанты, чым стане развітай асобай, якой не загадаеш думаць так альбо іначай. Сяброў таварыства выкрылі, быў ганебны працэс з неадпаведна жорсткім следствам і прысудамі. Сенатар Навасільцаў раздзімаў справу, як мог, ператварыў падлеткаў у вачах царскага двара ў нейкіх усемагутных монстраў, чым зрабіў сабе кар’еру. Усе юнакі трымаліся годна, і падчас доўгіх катаванняў, і на судзе… А іхнія каты і даносчыкі, адпаведна, павагай не карысталіся.
Каганецкі правёў пальцам па пашкоджаным носе – Багута падумала, што ён, напэўна, увесь час памятае пра сваё калецтва, — і працягваў:
–Адным з самых непаважаных у Вільні стаў прафесар Аўгуст Бекю, выдатны фізіёлаг і гігіеніст, які першым пачаў рабіць на гэтых землях прывіўкі ад воспы, але вось – вырашыў, што ягоны абавязак змагацца з “адмарозкамі”, якія разгойдваюць сістэму. Ён дапамагаў Навасільцаву вынішчаць парасткі бунту… І ў хуткім часе пасля суда над філаматамі – катарга, высылка, здача ў салдаты – яго, па перакананнях віленчукоў, напаткаў Божы суд. Аўгуста Бекю забіла маланка проста ў ягонай спальні. А срэбныя манеты, якія ён нібыта атрымаў ад Навасільцава за сваю здраду і хаваў пад матрацам, сплавіліся вось у гэты злітак…
Калоцкі, які ў гэты момант трымаў у руках загадкавы прадмет, грэбліва кінуў яго на стол, ажно дзынькнулі лыжкі ў кубках.
–І як жа гэта апынулася ў вашым доме?
–Дакладна не ведаю, — змрочна адказаў пан Шымон. –Мусіць, спадчыннікі Бекю не надта гарэлі жаданнем трымаць дома такі сумніўны рарытэт, і дзед гэты “злітак Юды” ці выкупіў, ці выпрасіў на памяць. Дзеду тады пашанцавала, ён абышоўся толькі выключэннем з інстытуту, давучваўся ў Санкт-Пецярбурзе. Разумееце, у любога жывёльнага віду заўсёды спрацоўвае інстынкт – ратаваць моладзь, падлеткаў, якія працягнуць, абароняць род. А чалавек імкнецца сваім птушанятам з дзяцінства перабіць крылы.
–Вы сапраўды верыце ў Божую кару? – ляніва запыталася Багута, дэманстратыўна запаліўшы тонкую цыгарэтку ў касцяным муштуку. Яна ведала, як шалеюць ад такога відовішча старасвецкія паны, і манерна выдыхнула ў бок гаспадара струмень дыму, быццам насылала сурокі. Граф нібыта не заўважыў абуральных паводзінаў госці.
–Вось чым адрозніваецца сапраўды чалавек ад жывёлы – дык тым, што акрамя звера, у ім жыве і Бог. Але мы даем волю зверу, і Бог пакідае нас.
Ад таго, як граф гэта сказаў, Багуце стала непамысна. Гэта прагучала, як быццам чалавек паведаміў, што ў яго апошняя стадыя раку.
–Ну тады я ўвогуле не разумею вашай філасофіі, — Ніхель адкінуўся на зэдліку. – Да ўсяго вы яшчэ і забабонны чалавек. Але ж вы не будзеце адмаўляць, што прырода – гэта ланцуг стрававання, дзе ўсе ядуць адзін аднаго без усялякіх сантыментаў?
Граф нахмурыўся.
–А вы ўжо вырашылі, што я гатовы садзіцца за стол з дзікімі мядзведзямі? Я не толькі вучоны, але і паляўнічы. І без сантыментаў падстрэльваю трапяткую кранальную казулю, калі трэба карміць экспедыцыю, і гордага тыгра, на якога напароўся ў джунглях. Мне было восем гадоў, калі маю маці за тры вярсты адсюль, на дарозе, задзерлі ваўкі.
Госці агаломшана замёрлі, Багута ледзь не ўпусціла цыгарэту.
–Тады бацька прызначыў узнагароду ў дваццаць рублёў за кожную галаву ваўка ці ваўчаняці. З таго часу ў гэтых лясах драпежнікаў няма. Акрамя людзей, вядома. А да іх мне, прабачце, ніякай справы.
Вось яно што, дзіцячая траўма… Таму й такі дзіўны характар. Багуслава ледзь не пасміхнулася.
–Я разумею вашую нелюбоў да гэтых мясцін. Але ваш продак, сябар таварыства філарэтаў, не быў такі абыякавы да лёсу краю, — з абвінавачваннем у голасе заявіў Калоцкі. – Няўжо вам абыходзіць, што цэлы народ жыве, пазбаўлены асветы, без права на друкаванае слова і адукацыю на роднай мове, проста на тое, каб заставацца самім сабой? Няўжо вас больш хвалююць праблемы шымпанзэ Танзаніі?
Аблічча Каганецкага пацямнела.
–Вось толькі не трэба ўпікаць мяне абыякавасцю да беднага гаротнага народу і роднага куточка. Сумленне маё ўздумалі абуджаць? Тое, што я жыву не тут, прыязджаючы раз на год, не мой выбар, і абумоўлена дастаткова важкімі прычынамі. На жыццё сабе зарабляю лекцыямі, публікацыямі і здабычай рэдкіх звяроў для звярынцаў. Мая нябожчыца-мачыха, якая кіравала гаспадаркай пасля смерці бацькі, упэўнены, не прыгнятала нашых нешматлікіх арандатараў. Яе брат, доктар, якога я пакінуў усім тут распараджацца, таксама чалавек адукаваны, спагадлівы. Даходы ад нашых уладанняў у Жухавічах і Пагневічах збольшага ідуць на ўтрыманне ягонай бальніцы. Я нікому тут нічога не павінны. І пасля смерці пані Антаніны нічога мяне тут не трымае. – Каганецкі ледзь чутна ўздыхнуў, відавочна адганяючы прыкрыя ўспаміны. – І дом перадам для патрэб бальніцы. А тое, што знаходзіцца ў ім — зло, не меншае, чым гэты злітак. Што тут выклікае ў вас замілаванне? Кнігі заклёнаў, па якіх сурочана не адна бязвінная маладзіца? Вось гэты хамут, які ў вёсцы выкарыстоўвалі для пакарання нецнатлівых дзевак? Ці гэты паганскі стод, у драўніну якога ўелася кроў ахвяр? Сведчанне людскога паскудства? Можа, і добра, што не даводзіцца мне жыць сярод народа з такім “духоўным багаццем”. Ды каб не бацькаў запавет, які загадваў мачысе захоўваць тут усё непарушным, я даўно б ужо калекцыі гэтыя знішчыў. Цьху… Сцярвятнікі вы ўсе…
Каганецкі рэзка ўзняўся і, пакульгваючы, адышоўся ў другі канец пакоя.
–Вы проста не ведаеце свайго народу! – тонкі, трохі хрыплы голас Масевіча дрыжэў ад абурэння. – Тое, да чаго мае дачыненне сабранае тут – толькі адзін бок фальклору. А колькі мудрасці, дабрыні, прыгажосці і розуму можна знайсці ў народных песнях і легендах, казках і прымаўках! Вы чыталi працы Паўла Шэйна ці Івана Насовіча па беларускім фальклоры? Ці хаця б – вам жа гэта блізка – даследаванні Паўла Шпілеўскага пра ваўкалакаў… Вядома, не, што я пытаюся… – Давыд смешна махнуў рукой і працягнуў далей. – Я ж вырас у гэтым самым мястэчку N, у якім для вас, сталічных штучак, напэўна нічога цікавага. Але адна мая бабуля, беларуска, у дзяцінстве мне распавядала пра вужынага караля ў залатой кароне, што жыве на дне дрыгвы ў бурштынавым палацы і прыпаўзае на наш ганак апоўначы, другая, габрэйка – пра анёла, які кожны дзень кладзе на маю падушку нябачную карону з пер’яў. А калі выходзіла замуж мая цётка, малодшая сястра маці, на яе вяселлі танцавалі казачок, галападу, бейгеле, хасідл, а ў завяршэнне – кантрданс. Дзе на зямлі яшчэ можа быць такое скрыжаванне культур? І для чалавека, які сам знаходзіцца на такім скрыжаванні, які шукае сваё месца – тут яно знойдзецца. Павярніся да гэтай зямлі, шчодра палітай крывёй, ад якой адракаюцца нават родныя дзеці, і ты не будзеш чужынцам у самоце яе. Я захапіўся этнаграфіяй пасля таго, як знайшоў у доме цёткі «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці», патрапаную брашурку з сухім кляновым лістом замест закладкі. Яе ў 1867-м разаслаў па ўсёй Беларусі, шукаючы памагатых, мой цяперашні настаўнік, Павал Шэйн, сын магілёўскага купца-габрэя Мафіта Шэйна, вялікі вучоны і сябар Льва Талстога. У адным ягоным зборніку больш за тысячу беларускіх народных песень! Дарэчы, ён і сам іх цудоўна спявае… – Масевіч заперхаўся ад узрушэння, аддыхаўся і працягваў. – Уяўляеце, пару тыдняў таму я запісаў ад бабулькі на хутары, вёрст за дзесяць адсюль, песню “Англеза танец прамінада”. Старажытны ангельскі прыдворны танец англеза згадваецца ў курной хаце! Адкуль бабульчыны продкі гэта расчулі? Спыняўся на іхнім хутары падчас палявання якісь князь? Ці хтось служыў у палацы? А вы ведаеце, пан заолаг, што апошні адзінарог Еўропы быў злоўлены тут, на Беларусі? На Случчыне, асабіста князем Алелькавічам? І рог таго адзінарога значыўся ў рэестры скарбаў князя Гераніма Радзівіла. А яшчэ зуб дракона! Вас і гэта не цікавіць?
Каганецкі стаяў спінай да вакна, цень хаваў недахопы знешнасці, напяты сілуэт здаваўся выразаным з чорнай паперы: доўгія валасы ляжаць на ганарыста распраўленых плячах, рукі скрыжаваныя на грудзях, не хапае толькі шаблі пры баку.
–Не ўчыняйце мне іспытаў, літасцівыя паны! Я прафесар Венскага ўніверсітэту, а не студэнт. А вы – хто? Два местачковыя патрыёты плюс два нігілісты з фотаапаратам, прычым адзін з іх – дама-суфражыстка… Замілаванне родным куточкам і бедным мужычком не павінна даходзіць да абсурду. Да адмаўлення фактаў, якім паскудным можа быць той мужычок, і якія подласці творацца ў “родным куце” нават самымі прагрэсіўнымі людзьмі.
Заолаг зрабіў некалькі няроўных крокаў па пакоі, жадаючы, відаць, супакоіцца.
–Я не часта бываю на радзіме, але і да мяне тое-сёе даходзіць. Хто здаваў паўстанцаў расійскім жандарам? Свае ж. Хто адварочваўся, як толькі трымацца было нявыгадна, ад роднай мовы і сямейнай рэлігіі? Нашы, тутэйшыя. А ў 1881-м, калі забілі Аляксандра Трэцяга, пагромы дайшлі і да вашага ўлюбёнага мястэчка N, сям’я аднаго крамніка ажно ў Жухавічах ратавалася, і для мяне аднолькава быдлячая сутнасць і ў пралетарыя з цагельнага заводу, які з іконай наперавес ідзе біць вокны іншаверцам, і палымянага рэвлюцыянера, які гэта ўхваляе.
–Разумею, на што вы намякаеце. Але Вера Фігнер парвала “рэвалюцыйныя” лістоўкі, якія апраўдвалі такое “змаганне з эксплуататарамі”, і я з ёй салідарны, — Ніхель сунуў рукі ў кішэні, як заўсёды рабіў, калі хацеў, каб вораг не заўважыў ягоную гатоўнасць да бойкі. — Нельга вінаваціць увесь народ за кучку нягоднікаў і проста абдураных.
Каганецкі толькі пагардліва фыркнуў:
–Ды вы адзін аднаго ненавідзіце і зразумець не можаце, а хочаце зразумець “народ”. Прысягнуць магу – для вас за гэтым словам крыецца абстрактнае паняцце і апраўданне любых вашых пражэктаў і авантураў. Чароўныя словы “дзеля народа” – і вар’яцтва робіцца подзвігам. А самі, прыехаўшы, прыслугу сабе запатрабавалі! Усё, інтэлектуальны пралог скончаны. Слова сваё назад не забяру – фатаграфуйце і сёння ж вымятайцеся.
Гаспадар маёнтка рэзка павярнуўся і рушыў да выхаду, кульгаючы больш заўважна. У гэты момант шыба, ля якой ён толькі што стаяў, нібы ўзарвалася. У пакой заляцела, як шляхецкі наезд, восеньскае паветра.
Граф толькі азірнуўся з незразумелым выразам на разбітае вакно і хуткім крокам выйшаў з пакою, нічога не сказаўшы. Калоцкі і Масевіч, збялелыя, застылі, аднолькава ўгнуўшы плечы. Падаць на падлогу, хавацца, адпаўзаць? Ніхель з пісталетам у руцэ прыціснуўся да сцяны ля вакна, асцярожна вызірнуў праз утвораны прагал на двор.
–Думаю, стралялі з паляўнічай стрэльбы… Здалёк, усляпую. Добра, што ўсе дрэвы вакол будынка высечаныя, але лепей перад вокнамі больш не стаяць, спадарства.
— Ды што ж гэта… Ды як жа… Якога лысага чорта… – бязладна мармытаў Давыд Масевіч, абціраючы вільготны лоб. Калоцкі, спрабуючы стрымаць дрыготку вуснаў, падазрона ўтаропіўся на Ніхеля:
–Ці не за вамі гэта з’явіліся госці, пан Варакса?
–Думаю, што не, – Багуслава нажом выкалупала кулю з драўлянага пачарнелага слупа, які мусіў для продкаў увасабляць бога Хорса, і цяпер круціла яе ў пальцах, быццам здабытую са дна мора перліну. – Срэбрам, ды яшчэ пазначаным крыжам, у нас яшчэ не пулялі.
У маёнтку Жухавічы была раніца.
Раздзел трэці. Змрочная калекцыя Каганецкіх
Чаго толькі людзі не збіраюць! Чарапы ворагаў і парцалянавыя статуэткі пастушак, люлькі і пісталеты, засохлыя букецікі і сэрцы былых каханкаў… Менавіта калекцыю такіх забальзамаваных сэрцаў, паводле легенды, насіла пад сваёй неабдымнай спадніцай на жалезных абручах чароўная каралева Марго. Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст Трэці выразаў з паперы чалавечкаў і будынкі, Геранім Радзівіл збіраў голкі ды іншыя небяспечныя прадметы, якія яму падкладалі ненавіснікі ў ежу.
Продкі пана Шымона Каганецкага, падобна, апантана цягнулі ў пакоі прадметы, з дапамогай якіх чалавек зводзіў са свету бліжніх. Багуслава адчувала ў роце мядзяны прысмак, быццам выпіла атруты. Быццам зноў даводзілася фатаграфаваць мёртвых дзяцей. Артэфакты грувасціліся проста на падлозе вялікага пакоя, выкінутыя без усялякай павагі з шафаў, падрыхтаваныя да знішчэння. І пра прызначэнне гэтых дошчачак, клубкоў і скураных варонак проста не хацелася ведаць. Цяпер дзяўчына не так ужо асуджала цемрашала-заолага, які збіраўся гэтае “багацце” знішчыць.
–І як нябожчыца Каганецкая магла жыць у такім бедламе?
–А яна тут і не жыла.
Багуслава ледзь стрымалася, каб не выхапіць стылет: пан Шымон падышоў са спіны зусім бязгучна, як сапраўдны паляўнічы, нягледзячы на кульгавую нагу.
–Мачыха перасялілася ў іншы дом, у Пагневічах, адразу пасля смерці майго бацькі.
–Нічога дзіўнага…— прабурчэла Багута, змрочна назіраючы, як студэнты зацята варушаць экспанаты, быццам вароны падлу каля бойні, адбіраюць, што наступнае варта адлюстраваць для вечнасці. – А ў бацькі вашага як узнікла такое… захапленне?
–Калекцыю яшчэ дзед пачаў, — неахвотна адказаў Каганецкі. – Ён быў у нейкіх там тэасофскіх гуртках, укруціўся ў эзатэрыку. Ведаю, што першым экспанатам стаў срэбны злітак здрадніка Бекю. Яго гісторыя зрабіла на яшчэ зусім юнага дзеда такое ўражанне, што закупіў чатыры маланкаадводы найноўшай канструкцыі ў Нямечыне, за кошт якіх можна было пабудаваць яшчэ адзін дом, ды ўсталяваў на даху. Бацька іх чамусьці паздымаў. А ў калекцыю пачало дадавацца ўсё, звязанае з праклёнамі, сурокамі, варажбой.
–Егіпецкія артэфакты – гэта таму, што на тых, хто іх здабываў, таксама падаў праклён? – зацікавіўся Калоцкі, ягоныя шырока расплюшчаныя сінія вочы паглядалі па-дзіцячы сумленна. Гэткі сімпатычны прыстойны малады чалавек з высокім ілбом і даверлівымі пульхнымі вуснамі, увасобленая мара салонных паненак… Пан Шымон, аднак, зіркнуў на піцерскага магістранта раздражнёна, і зрабіў некалькі няроўных крокаў да вакна, каля якога ляжала палова драўлянай накрыўкі саркафагу, выразанай па форме цела і адпаведна размаляванай. З фрагмента твару нябожчыка раскоса пазірала адзінае цёмнае вока, нібыта егіпцянін задумліва выбіраў, у каго б тут выдраць вока да пары свайму.
–Так, егіпецкія рэчы, асабліва з грабніцаў, лічыліся самымі… праклятымі. – Каганецкі грэбліва тыцнуў наском бота ў саркафаг, нібыта ў ім калісьці быў пахаваны ягоны вораг. — Успомніце лёс экспедыцыі лорда Карнавона! Нават тыя даследчыкі, якія паспелі вярнуцца ў Англію, памерлі невядома ад чаго. Магчыма, дзед хацеў давесці, што гэта ўсяго толькі забабоны, кінуць выклік лёсу. Ва ўсялякім разе, пра чорныя месы ў Жухавічах ніякіх плётак не хадзіла, магічных рытуалаў тут ніхто не ўтвараў, цмокі золата не насілі, сталы не таньчылі воляю выкліканых духаў. Памёр дзед мірнай смерцю, ад хваробы нырак, пахаваны як хрысціянін, на могілках у Пагневічах. Бацьку пашанцавала менш – сышоў адносна маладым. Мне, падобна, пашанцуе яшчэ ў меншай ступені…
Пан Шымон абарваў сябе, быццам пачаў гаварыць лішняе. Ніхель, які наладжваў фотакамеру, павярнуўся да яго:
–Вы б усё-ткі адышліся падалей ад вакна, пан Каганецкі. З вашых паводзінаў магу выснаваць дзве гіпотэзы: альбо вам надакучыла жыць, альбо карціць пахваліцца зухаватасцю і падражніць дурных мужыкоў, якія відавочна прымаюць вас за ваўкалака. І ў першым, і ў другім выпадку нас чакаюць непрыемныя клопаты з вашым трупам. Тлумачэнні з паліцыяй, сапсаваная рэпутацыя… З чаго б нам увязвацца ў гэта, тым больш уражлівай дзяўчыне?
Заолаг кінуў незадаволены пагляд на фатографа, але ўсё-ткі адступіў углыб пакоя.
–Прашу прабачэння. Даю слова, што да вашага ад’езду пастараюся не перайсці ў становішча трупа.
І, памаўчаўшы, дадаў:
–Хаця не думаю, што вас з дачкой уразіць відовішча нябожчыка.
Вось табе маеш… Нешта западозрыў? Студэнты прагаварыліся? Налілі алею ў дзіравы збан… Але граф патлумачыў:
–Лічу так не таму, што вас запрашаюць фатаграфаваць пахаванні. У мяне ўражанне, што вы з дачкой прайшлі вайну… Ці на ёй знаходзіцеся. Я ж спецыяліст па паводзінах жывёлаў, а што тыпова для іх, тыпова і для чалавека. У таго, хто аднойчы змірыўся з прысутнасцю смерці, вочы іншыя…
–Як у вас? – рэзка папыталася Багуслава. Каганецкі апусціў шэры пагляд.
–Як у мяне.
Да чаго недарэчныя размовы… Усё, што варта ведаць – як найхутчэй сфатаграфаваць, што гэтыя маньякі, Калоцкі з Масевічам, палічаць патрэбным, і з’ехаць. Хай гэты вар’яцкі граф сам разбіраецца са сваімі хімерамі.
–Вось гэта яшчэ, калі ласка! – археолаг ласкава грувасціў на пакрыты белым палатном зэдлік, прыстасаваны як падстаўка для таго, што здымалі, палена з груба высечаным арнаментам, у якім угадваліся вочы і перакрыўленыя лапы. Адно такое палена ўжо гарэла ў печцы, бязлітасна рассечанае і засунутае туды гаспадаром дома пад тужліва-абураныя пагляды студэнтаў.
У пакоі ні абразоў, ні знака крыжа. Нават у сталоўні, дзе зваленая частка калекцыі, усё-ткі меўся ў куце стары абраз, з якога з дакорлівым сумам пазірала Прасвятая Багародзіца. А тут, відаць, самі ўладальнікі ўсведамлялі – не да месца святыя рэчы. Ганебна паказваць такое вачам святых – хаця ясна, что тыя вочы бачаць і скрозь сцены, і скрозь грэшную плоць.
Дарэчы, і ніводнага фамільнага партрэта. Магчыма, каб не засмучаць продкаў. Ну і змрочныя арыгіналы былі дзед і бацька кульгавага графчыка!
Багута падумала, што таксама не хацела б, каб юнак у канфедэратцы на ейным дагератыпе быў сведкам такіх-сякіх яе ўчынкаў.
За вакном сцямнела, хоць было яшчэ далёка да вечара. Кастрычнік, як самавіты млынар, няспешна развязваў поўны мех з буйным халодным зернем дажджу, каб сыпануць уніз, на марудныя жорны зямной цвердзі. Ніхель заявіў, што асвятленне надта кепскае, зараз усю магнэзію растрацяць на падсветку, і так увесь пакой задымілі, і лепш зрабіць невялікі перапынак на гарбату. Толькі давайце не станем гуляцца з небяспекай і ў сталоўню, дзе такія зручныя для забойства вокны, не пойдзем.
Адзіны фамільны партрэт якраз і выявіўся ў гасцёўні на другім паверсе, куды граф пусціў прыхадняў не больш ахвотна, чым свякруха нелюбімую нявестку да куфра са сваімі сукенкамі. Але ж тут было найбольш бяспечна – усяго два вакны, абароненыя ад вока стралка зашклёнай галерэяй з зімовым садам — ад яго застаўся толькі панылы сухі фікус ды шэраг пустых дзежаў, з якіх там-сям тырчэлі скурчаныя парэшткі раслінаў. З партрэту ў бронзавай рамцы з віньеткамі пазірала мажная дама з чорнымі зрослымі бровамі і цёмным позіркам. Напэўна, пад носам у яе былі вусікі – у Вялікім Княстве Літоўскім гэта лічылася прыкметай жарснай натуры. Менавіта з-за такіх вусікаў кароль Ягайла не жаніўся на старэйшай князёўне Гальшанскай, абраўшы не такую прыгожую, але маладзейшую і спакайнейшую Соф’ю. Але ў эпоху дырыжабляў і морфію белая скура і субтыльная фігура цаніліся вышэй, чым румянак, крамяныя формы і згаданыя вусікі, таму мастак іх і не намаляваў. Аднак і без гэтага жанчына на партрэце была ўладнай і суровай, не як каралева – хутчэй, як ахмістрыня. Белыя карункі старасвецкага каптура, што аздаблялі яе твар, здаваліся калючай шэранню.
–Пані Антаніна, — скупа патлумачыў Каганецкі. – Хай зямля ёй пухам… Не, асаблівай пяшчоты з яе боку не бачыў, але яна зрабіла для мяне вельмі шмат. Ніхто б таго не зрабіў.
Вось такое развітальнае слова.
–А вы адкуль родам, пан Ніхель? – нечакана папытаўся граф, які сам гарбаты піць не збіраўся, але прынёс знізу жалезны, трохі пагнуты імбрык з кіпенем, у той час як Багуслава зацягнула на падносе кубкі і срэбную цукарніцу ў выглядзе дамка з саламянай страхой. Работа была настолькі тонкая, што ў метале перадавалася кожная саломінка.
Та-ак, куды лепей было б цяпер сядзець у такой беднай хатцы, чым у гэтым фанабэрыстым маёнтку, у атачэнні восені, нянавісці і забойцаў.
–Я нарадзіўся тут, — памаўчаўшы, прамовіў Ніхель. –Праўда, не магу сказаць, што буду жыць тут. – Пасміхнуўся, падкруціў вусы. – Мне сапраўды давялося блізка пазнаёміцца са смерцю – трыццаць гадоў таму. У тутэйшых лясах і балотах.
Багуслава нават уздрыгнула: Варакса, пільны канспіратар, ніколі не дазваляў сабе раскрываць штось з уласнай біяграфіі. Ды яшчэ пры людзях старонніх, магчыма, небяспечных. Але Ніхель працягваў:
–Я не дваранін, мой бацька быў гадзіннікавым майстрам, зыгаршчыкам, як у нас казалі. Добрым майстрам. І кніжнікам. Любіў чытаць філосафаў і верыў, што грамадства мусіць быць адладжанае, як механізм: кожны рамеснік і земляробца круціцца на сваім стрыжні, шасцяронкі-чыноўнікі перадаюць адна адной рух, чапляючыся зубчыкамі, а ў цэнтры – спружына. Мысляры і асветнікі. Бацька лічыў, што воля – натуральнае права чалавека.
Каганецкі скептычна пахітаў галавой.
–Пусціць ідэаліста кіраваць – усё роўна што даць дзіцяці лейцы наравістых коней. Гісторыя з Фаэтонам, сынам Геліяса, які, зажадаўшы сам сесці ў бацькаву сонечную калясніцу, не ўтрымаў коней і ледзь не ўчыніў зямлі вогненнае пахаванне, павінна чамусьці вучыць.
–Найлепшае апраўданне ўсіх дыктатараў – што простыя людзі не здольныя да дзяржаўнай дзейнасці, — холадна сказаў Ніхель. – А між тым у 1606 годзе жыхары Магiлёва, даведзеныя да скрайнасцi рэпрэсiямi супраць праваслаўных — iм не давалi нi дзiця ахрысцiць, нi нябожчыка адпець, нi шлюб законны ўзяць, — паднялi паўстанне, разагналi раду, занялi ратушу. Правадыром быў стараста цэху саладоўнiкаў Стахор Мiтковiч. Абралi новую раду — у яе ўвайшлi простыя рамеснiкi, такія, як мой бацька, кавалi, збройнiкi, ганчары. І два гады гараджане самi кiравалi сваiм горадам!
Ніхель урачыста памаўчаў і працягваў сямейную гісторыю.
–Дык вось, аднойчы бацька быў змушаны тэрмінова везці адрамантаваны залаты брэгет заказчыку, які захацеў прадэманстраваць знаёмцам асаблівы перазвон гадзінніка на патрыятычны матыў. У Менску якраз былі кантракты – традыцыйныя з’езды шляхты, якія адбываліся на пачатку сакавіка кожнага году дзеля разлікаў па крэдытах ды маёмасных здзелак. Магнат знаходзіўся на прыёме ў Ашторпаў. Бацька з належным паклонам уручыў гадзіннік… А замест платы тут жа, пры ўсёй шаноўнай публіцы, атрымаў поўху – бо заказчык, які ўжо накаштаваўся шампанскага, вырашыў, што на ягоным атрыманым у падарунак ад высокай асобы брэгеце не хапае аднаго смарагда, а ў патрыятычнай мелодыі майстар-сепаратыст змяніў некалькі тактаў.
Фатограф гаварыў вельмі спакойна, нават з усмешкай. Так паляўнічы распавядае пра паядынак з тыграм, пухнатая скура якога ляжыць у гэты час пад ягонымі нагамі, бездапаможна рассцеленая перад утульным крэслам.
–Бацьку зацягнулі ў пастарунак. Я бег следам і душыўся слязьмі, але не маліў і не крычаў, бо ведаў: гэта ганебна. Бацька ўзяў мяне з сабой да Ашторпаў, каб паказаць так званы “свет”, пыхлівы, легкадумны і жорсткі… Паказаў. Заказчык, нават калі працверазеў, так і не прызнаўся, што памыліўся. Праўда, абвінавачванне сваё адклікаў, да суда не дайшло, бацьку назаўтра ж адпусцілі… Але за гэты час “злачынцу” збілі так, што дадому везлі непрытомнага, згрузіўшы кулём на воз. Праз пяць гадоў у атрад інсургентаў мы з бацькам пайшлі абодва. А потым маёй радзімай стаўся ўвесь свет.
Багуслава ўспомніла, што Ніхель не насіў з сабой гадзіннікаў, купляў толькі ёй. Яна думала, гэта проста прыхамаць… З іншага боку, дасканалая дакладнасць Вараксы ў абыходжанні з хімікаліямі, узрыўнымі ці фатаграфічнымі механізмамі заўсёды яе здзіўляла… Вось і разгадка: так мог працаваць спадчынны гадзіннікавы майстар, зыгаршчык.
Калоцкі, прыціскаючы да грудзей томік у пашарпанай чорнай скураной вокладцы, неяк збянтэжана паглядзеў на Ніхеля і прамовіў, быццам просячы прабачэння:
–А я дваранін.
Уздыхнуў, нібыта прызнаўся ў злачынстве.
–Род збяднелы, хоць і стары. Герб “Касцеша”. Бацька разарыўся, жаніўся другі раз на трохі багацейшай, удаве з двума дзецьмі. Я гадаваўся ў дзеда, бегаў басанож па лугах ды палях з сялянскімі дзецьмі, разам пасвілі коней і распавядалі страшныя гісторыі пра цмокаў, сустракалі Купалле і гарэзнічалі на вясковых вяселлях… Але, вядома, сваякі мне ўнушалі, што я шляхціц, што мы вышэй за простых людзей. Бабуля кожны вечар чытала мне Славацкага і Міцкевіча. Зразумела, калі падрос, і паступіў у гімназію на казённы кошт, а пасля ва ўніверсітэт на дзяржаўную стыпендыю, я на басаногае дзяцінства забыўся зусім. Заняўся скіфскай культурай. – Міхал Калоцкі скасавурыўся на Багуславу, нібыта хацеў пабачыць найперш яе рэакцыю.
– Вы мне вельмі нагадваеце скіфскіх стэпавых ваярак на конях, гнуткіх, дужых і бязлітасных, панна Ніхель. Прынамсі, я іх такімі ўяўляў… Як і валькірый – не мужападобнымі, з вырачанымі вачыма і цяжкімі сківіцамі, а вытанчанымі і бясхібнымі, як стылет…– Міхал, кінуўшы на Багуславу захоплены позірк, сарамліва адвёў вочы, як бы просячы прабачэння за няўчасны камплімент. — А аднойчы ва ўніверсітэце мы паўсталі супраць таго, што дваіх студэнтаў адміністрацыя за парушэнне дысцыпліны аддала ў салдаты. Атрымаўся сапраўдны бунт, да нас далучыліся студэнты з медыцынскага ды тэхналагічнага… Карацей, наарыштоўвалі паліцыянты народу пару соцень, сагналі ў Манеж… Вось сядзім, пакуль разбіраюцца з нашым лёсам. Чым заняцца? У карты? У фанты? Пасля такога прыступу высакароднай адвагі? Не варта герояў! І паколькі там нас было выхадцаў з розных куткоў імперыі, хтось прыдумаў у народніцкім духу: падзяліцца па нацыянальнасцях і зладзіць канцэрты культур. Украінцы паказалі свае песні ды скокі, расейцы, габрэі, чачэнцы, грузіны… А мы, беларусы, збіліся сіратліва ў куток – і прад’явіць няма чаго. Не ведаем. Сорамна так сталася… Давай кожны ўспамінаць, што там чуў у дзяцінстве, якія песні, хоць прыпеўкі… Як там словы прамаўляюцца… Здолелі тое-сёе адметнае падрыхтаваць. Але перажытае так нас уразіла, што калі ўсіх выпусцілі, мы вырашылі выправіць тую ганьбу і стварылі гурток беларускай моладзі. А я пачаў адкрываць для сябе гісторыю Беларусі, каб потым адкрыць яе для іншых.
Міхал раптам усмінуўся – не з выклікам, а шчыра, па-дзіцячы, і зноў зірнуў на Багуславу, ягоныя шчокі заружавелі.
Нешта зачаста ён пазірае на рэвалюцыянерку з нечаканым замілаваннем. Што ж, адзіная дама ў мужчынскай кампаніі – тут праз нейкі час і расамаху прымуць за Купалінку.
–Вы так горача агітуеце мяне за вартасці тутэйшай культуры, як быццам я вырас на Суматры, — з некаторым раздражненнем прагаварыў Каганецкі, нервова хаваючы рукі ў кішэні замшавай курткі. – Запэўніваю, што і мне даводзілася бегаць басанож па гэтых лугах, чуць купальскія песні ды няньчыны казкі-байкі. Слухаючы вас, можна падумаць, гэта нешта выключнае, нейкі подзьвіг… Мне не чужы гэты край, я ведаю, што мае продкі называлі сябе ліцвінамі, гінулі за волю гэтай зямлі, што і сёння хтосьці змагаецца за яе незалежнасць. Мне нават даслаў адзін мой сентыментальны знаёмца з Гародні ў Вену асобнік зборніка “Дудка беларуская” паэты Мацея Бурачка… Цікавая такая стылізацыя пад мужыцкія напевы. Прызнацца, мне больш спадабалася сваёю жарсцю прадмова да тае брашуры. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”… Але ў мяне зараз ёсць куды больш балючыя і неадкладныя справы, чым фальклор. Паверце, тое, што я згадзіўся вас прыняць – вялікая ахвяра.
Граф Каганецкі неяк тужліва зірнуў за вакно – праз двайныя шыбы, кватэры і зімовага саду, святло прасявалася скупа, як манеты з рук мытніка, і перавёў позірк на фатографку.
–А вы, мадэмуазэль, як і ваш бацька, грамадзянка свету?
Багуслава злосна сціснула вусны. Сустрэцца б з гэтым прафесарам Венскага ўніверсітэту на вузкай сцежцы без сведкаў, ды разікаў пяць прыкласці яго смуглявай нахабнай фізіяноміяй у гразь, ды другую нагу перабіць – тады з ягонага голасу, калі звяртаецца да яе, знікла б гэтая старасвецкая галантнасць з адценнем паблажлівасці. Што ж, калі Ніхель даў дазвол сваім прыкладам на шчырасць…
–Я нарадзілася ў Сібіры. У бараку для катаржнікаў. Расла ў прытулку. На радзіме продкаў упершыню апынулася ў шаснаццаць гадоў. Так што з успамінамі дзяцінства, купальскімі песнямі ды казкамі клапатлівай нянькі ў мяне кепска.
Каганецкі паглядзеў на Багуславу, потым на ейнага саманазванага бацьку:
–Цаню вашу шчырасць, спадарства. Даю слова, вашы расповеды не выйдуць за гэтыя сцены. Прынамсі, па маёй віне.
–Не сумняваўся ў вашай прыстойнасці, ваша светласць, — цырымонна пакланіўся Ніхель, беражліва паставіўшы кубак на столік з інкруставанымі вінаграднымі гронкамі. Багуслава схаладнела ад таго, як ён гэта прамовіў, і як пры гэтым пасміхнуўся. Гэтак ён усміхаўся шынкару ў Пензе, які цішком паслаў за паліцыяй, пакуль яны з Ніхелем пілі гарбату з малаком. Залез, падла, счакаўшы моманту, у іхнія рэчы, згледзеў стосік падазроных кніг.
Пукатыя зялёныя вочы шынкара, пакуль з іх знікала жыццё, нібыта выцвіталі, а з кута правага вока выкацілася адзіная дробная слязінка.
Цікава, граф паспее штось скеміць, калі давядзецца і яго…
Не, лепш выкінуць такое з галавы. Нашто ім з Ніхелем крывавы след? Трэба ж вярнуцца ў горад N, дажыць ціхамірным тубыльскім жыццём да Калядаў…
Калі, вядома, іх тут не перастраляюць шчырыя падданыя кульгавага графа.
Праца распачалася наноў, брудныя кубкі былі самым эгаістычным чынам забытыя на стале ў гасцёўні. Напэўна, нармальным людзям усведамленне, што ў вакно ў любы момант можа ўляцець куля, адбіла б усялякую ахвоту не тое што працаваць, але ўвогуле тут знаходзіцца. Але ніхто з прысутных, падобна, нармальнасцю і абвостраным пачуццём самазахавання не вылучаўся, хіба Калоцкі старанна адыходзіўся далей ад вокнаў ды зачаста пазіраў у іх бок.
Варакса засяроджана чараваў над фотаапаратам, Багуслава няспешна складвала адпрацаваныя пласцінкі ў спецыяльную цёмную скрыню, Калоцкі і Масевіч мітусіліся, як жыхары абложанага горада перад апошняй магчымасцю ўцячы. Сшытак, у які Масевіч перапісваў знятыя экспанаты, імкліва запаўняўся. Ад успышак магнезіі ўтварыўся смурод, быццам на фарбавальнай мануфактуры, так што даводзілася час ад часу рабіць перапынкі, каб выгнаць дым. А гаспадар змрочна расхаджваў па пакоі, увесь час пазіраючы на свой гадзіннік, просты, у корпусе з белага металу, без усялякіх упрыгожанняў. Падобна, адзінае, што цікавіла графа – калі ж госці нарэшце з’едуць?
Таму грымоты ў суправаджэнні бляску маланкі непрыемна агаломшылі яго. Навальніца ў кастрычніку? З’ява надзвычай рэдкая, як вядома, сведчыць пра тое, што зіма будзе кароткай. А яшчэ, што выправіцца ў шлях па гразкай дарозе, праз лес, цяжкавата.
Багуслава са здзіўленнем заўважыла ў светлых шэрых вачах на смуглявым твары адценне панікі. За вокнамі сцямнела, як ноччу, ад чаго маланкі бліскалі проста сляпуча.
–Дазвольце, мы застанемся да раніцы, — мармытаў Калоцкі.
–Гэта немагчыма. Вы можаце хаця б дабрацца да леснічоўкі, яна ўсяго ў гадзіне язды, – адрывіста гаварыў граф, паціраючы перабіты нос. – Паверце, там вам будзе куды бяспечней.
–Пан Каганецкі, — умяшаўся Ніхель. – Я не гару жаданнем затрымацца тут больш чым патрэбна дзеля выканання заказу. Але вы ж самі павінны разумець, што ехаць у такое надвор’е – вар’яцтва.
Каганецкі ўпарта нахіліў галаву, сцягнутыя зноў у хвост русявыя валасы цяжка ўпалі на левае плячо.
–Вы павінны з’ехаць. У маёнтку Жухавічы гэтай ноччу не застанецца гасцей. Не змушайце мяне да скрайніх мераў!
Чаго ён чапляецца, як пырнік на градзе?
–Сёння пачынаецца поўня! – нечакана азваўся Давыд Масевіч шматзначным тонам. – Магу паспрачацца на свой нататнік – вы, граф, менавіта гэтага баіцёся, што прыдуць паляўнічыя на ваўкалакаў, бо, згодна забабонам, у гэты час пераваратні набываюць звярынае аблічча. Але дзе логіка? Нашто заставацца аднаму прад небяспекай? Тым больш вам варта ці не праганяць нас, ці з’ехаць з намі.
–Не ваша справа, чаго і каго я баюся. Даю вам дзве гадзіны.
Нібыта ў пацвярджэнне словаў пана Шымона ўдарыў пярун, і па шыбах распаўзліся празрыстыя водарасці залевы.
Граф рэзка развярнуўся і пакульгаў з пакою. Праз нейкі час у канцы калідора пачуўся скрыгат, быццам адчыняліся цяжкія дзверы, і крокі… Але не ўверх па лесвіцы – а ўніз. Значыць, у доме ёсць яшчэ і сутарэнні з цікавым начыннем кшталту скелета Мінатаўра. Пускаць туды гасцей гаспадар відавочна не збіраўся.
Ніхель перазірнуўся з Багутай: што ж, ім не звыкаць да неспрыяльных дарог. Неяк дабяруцца. Прыгнечаныя студэнты, якія, аднак, не насмельваліся пярэчыць, спрабавалі вызначыць наастачу найбольш каштоўныя скарбы дома – Каганецкі дазволіў зазіраць ва ўсе пакоі першага паверху. Адзін з тых пакояў, з мядзвежай скурай на падлозе і вялікім камінам з белага мармуру, быў прысвечаны шаманству: бубны, звярыныя галовы, драўляныя ступы, расшытыя грубымі арнаментамі скураныя балахоны, косткі… Масевіч адразу распавёў, што згодна перакананням алтайцаў-целявутаў, шлях у шаманы даволі пакутлівы: хоць простыя смяротныя гэтага працэсу не заўважаюць, духі разразаюць кандыдата на кавалкі, аддзяляюць мяса і пералічваюць ягоныя косткі. Калі адной не хапае, чалавек павінен памерці, калі знаходзіцца лішняя – хоча-не хоча, стане шаманам. Потым яго цела збяруць, ажывяць і надзеляць дарам звязвацца з іншым светам. Калі ж дух, звычайна жывёльны, пад гук бубна ўсяляецца ў цела шамана, гэта таксама даволі пакутліва, няшчасны жрэц трасецца ў канвульсіях, закочвае вочы, пускае з роту пену…
–Я чытаў лісты з казахскіх стэпаў Адольфа Янушкевіча, паўстанцкага камандзіра родам з Дзягільна, што каля Койданава, — паспяшаўся дадаць сваё Калоцкі, нібыта баяўся паказацца менш дасведчаным, чым сябар. – Ён пісаў пра баксы – казахскіх музыкаў, якія авалодвалі майстэрствам ігры на кабызе, інструменце з дзвюма валасянымі струнамі, так, што ўмелі засяляць у сябе духаў. Я нават спецыяльна аналізаваў апісаны Янушкевічам абрад. Адзін баксы абматаў некалькі палачак анучамі, вымачанымі ў тлушчы, падпаліў і стаў маліцца, прымушаючы нячыстага ўвайсці ў сваё цела. Калі ж той нібыта ўвайшоў, пачаў “выдаваць страшныя гукі і кідацца па юрце, як звер”. Біўся галавою, ляскаў зубамі, круціўся туды-сюды так, што ўвесь пакрыўся пенай. А пасля прадказаў Янушкевічу і ягоным сябрам удалы канец экспедыцыі. Праз нейкі час наш зямляк напаткаў другога баксы і папрасіў паказаць ягонае майстэрства. Той пачаў граць і спяваць у такім тэмпе, што Янушкевіч піша, “не мог зразумець, як у яго так хутка язык круціўся, выклікаў розных багоў, святых і анёлаў, між якімі былі Ізраэль і Гаўрыіл”. А потым музыка сказаў: “Дайце мне сто нажоў, я з імі пагуляю”. Знайшлі чатыры нажы… Баксы паклаў іх сабе на плечы, загадаў абматаць пасам і стаў бегаць з імі па юрце. А потым утыркнуў тыя нажы ў сябе, і ніводнай кроплі крыві, і ніякай шкоды! Вось што такое моц самаўнушэння! – Калоцкі уздыхнуў нават з зайздрасцю. – Гавораць, некаторыя нашы продкі, калі біліся, таксама шалелі ад бойкі, і не адчувалі ранаў. Проста мы забыліся на іх уменне. Янушкевіч завяршае свой аповед так: “Вобраз гэтага шалбера ў чырвонай шапцы з казлінай бародкай, яго дзікая музыка і д’ябальскія спевы, юрта, асветленая цьмяным полымем свечкі, сніліся мне ноччу і мучылі, як блёкат ліхаманкі». Вунь, дарэчы, кабыз у куце і стаіць…
Кабыз быў падобны да маленькай лютні з дзіўна выцягнутым грыфам, і Багуславе зусім не хацелася кратаць ягоныя дзве струны, быццам гук мог абудзіць пачвараў. А замацаваны на каменнай падстаўцы шост з конскім чэрапам Масевіч абвесціў чыста беларускім артэфактам. Такім чынам, паводле запісаў Паўла Шпілеўскага, айчынныя пастухі падчас начлегу бараніліся ад злога духа Кумельгану, які шкодзіў статку. Конскі чэрап увасабляў галоўнага ворага Кумельгана, іншага духа па мянушцы Вазіла. Той быў падобны да чалавека, але з конскімі вушамі і капытамі, і дапамагаў зберагчы коней і ад хваробаў, і ад дзікіх звяроў.
Багута ўявіла, як два духі б’юцца за лёс табуна на паляне, у святле поўні, брыкаючы адзін аднаго капытамі (у Кумельгана яны, напэўна, таксама ёсць), і ўявілася гэта так падобна да паказальнай сутычкі цыркавых барцоў у паласатых трыко, што разабраў смех.
У другім пакоі выявілася шафа, набітая старой адзежай, зусім недарэчнай у панскім доме: кофты, андаракі, нагавіцы — выцвілыя, падраныя, смярдзючыя… Усё паношанае, належала зусім розным людзям: жабраку, паненцы, старому, немаўляці… Сакрэт патлумачыла прышпіленая да дзіцячай вязанай, калісьці зялёнай, кофтачкі акуратная цыдулка: рэч была з сурокам, ад якога дзіця памерла… Пазначаны год, вёска, імя дзіцяці, прозвішча вядзьмаркі… Мяркуючы па ўсім, артэфакт здабыў дзед сённяшняга ўладальніка.
Нават апантаныя навукай археолаг ды этнограф палічылі за лепшае паганую шафу адразу зачыніць і больш у той пакой не заходзіць, а вальнадумца Калоцкі яшчэ і перахрысціўся некалькі разоў у дзвярах.
Вось такі тут катыльён… Апошні, самы шалёны, танец балю…
Даследчыкі стаялі ў вітальні каля сваіх скрынак у некаторай разгубленасці. Міхал Калоцкі дык яшчэ і мокры, як карабельны пацук – выходзіў запрагаць каня. Масевіч адчайна перхаў у рукаў, намагаючыся рабіць гэта незаўважна. А на двары вар’яцела сапраўдная бура. Лес за агароджай з ваўчынымі пысамі выў і трашчаў, быццам між дрэваў ішла знішчальная вайна. Але чакаць не выпадала – бо і так надвячорак, яшчэ прамарудзяць, ноч заспее ў дарозе, нават да бліжэйшага жытла не дацягнуць.
У канцы калідора зноў бразнулі дзверы. Граф павольна кульгаў да гасцей, унурыўшы галаву. Багуслава паспрабавала ўявіць яго ў ролі прафесара, выкладчыка Венскага ўніверсітэта, за кафедрай… Дарэмна. Куды лягчэй – у экспедыцыі, са стрэльбай за плячом.
А на другім плячы – стракаты папугай, які крычыць: “Піястры! Піястры!”
Калі пан Шымон падняў вочы, Багуце падался, што яны неяк пацямнелі і падазрона блішчаць.
–Добра, я… не звер. Усё-ткі. Можаце заначаваць. З умовай – будзеце сядзець у левым крыле, дзе пасяліліся, нават у калідор не высоўвайцеся. Для натуральных патрэб продкі закупілі ў кожны пакой дыхтоўныя такія начныя вазы. Хлеб, вяндліну, ваду бярыце с сабой. Вячэрніх пасядзелак пры свечках і клавесіне не будзе.
Ды не, не падалося. Шкляны бляск склеры, пашыраныя зрэнкі, ноздры перабітага носу, амаль падобнага да італійскага, уздрыгваюць, пальцы, даволі прыгожай формы, нібыта перабіраюць клавішы… Багуслава надта добра ведала такія сімптомы. Ах-ха-ха, спадар заолаг, дык вы на какаіне сядзіцё? Ну ясна, чаму вас усё раздражняе.
–Яшчэ раз паўтараю: што б ні адбывалася ў гэтым доме, хоць вайна Белай і Чырвонай Руж, гэта не вашая справа, да раніцы вы сядзіце ў сваіх пакоях.
Памаўчаў, утаропіўшыся ў нейкую кропку, не слухаючы падзякаў ды запэўніванняў, дастаў з кішэні нагавіцаў бутэлечку са шкла колеру цёмнага бурштыну, адсёрбнуў нейкай вохкай бурды, прыслухаўся да ўласных адчуванняў, схаваў напой зноў у кішэню, развярнуўся і моўчкі сышоў.
Дакладна, какаініст са стажам.
Ніхель ніякага знаку дачцы не падаў – значыць, ноччу нічога ўчыняць не плануе. Затое Калоцкі, які нібыта спецыяльна затрымаўся ў калідоры, каб застацца з Багуславай сам-насам, раптам, нахіліўшыся, прашаптаў:
–Ночы восеньскія доўгія і страшныя. Вы не будзеце супраць, калі я складу вам кампанію? Хаця б ненадоўга…
Багуслава зазірнула ў сінія вочы, не зразумець – наіўныя альбо ілжывыя, позірк іх хуценька пераскочыў на бронзавы падсвечнік з жоўтай манастырскай свечкай у руцэ фатографкі. Ашалеў магістрант? Калоцкі загаварыў хутка, як бы баяўся, што яго перапыняць:
–Не падумайце, панна Багуслава, што я намякаю на штосьці непрыстойнае. Вы – мая валькірыя… Ну, вядома, я трохі страціў галаву, і калі б вы былі да мяне хоць трохі схільныя… Мы ж з вамі людзі без забабонаў… Але я буду шчаслівы, калі вы дазволіце проста паразмаўляць з вамі, ратуючыся ад гэтай страшнай самоты і прыгнятальнае атмасферы…
Ага, паразмаўляць. Вершы Надсана пачытаць. На свечку разам падзьмуць. Багуслава саркастычна пасміхнулася. Аднак не чакала такога спрыту ад археолага. Ён, відаць, спадзяецца, што вядомая рэвалюцыянерка падтрымлівае рэвалюцыйныя погляды на адносіны полаў?
–Не ўпэўненая, што гэта добрая ідэя.
Калоцкі працягваў нешта вуркатаць, шчыра так, даверліва, чырванеў, запінаўся… Папраўляў шаль на плячах Багуславы, дакранаўся нібыта выпадкова да яе рукі. Якая-небудзь пераспелая прыгажунька здалася б. Багуслава сапраўды не мела тут забабонаў. Не павінна была мець. У свой час Ніхель, калі заўважыў, як падрослая падапечная мэнчыцца, не разумеючы, што з ёй адбываецца, адкуль салодка-шчымлівы цяжар пад лыжачкай, што такое цьмяна-грахоўнае мроіцца, даў ёй пачытаць кнігі па жаночай фізіялогіі і некалькі добрых раманаў — Дастаеўскі, Бальзак, Гі дэ Мапасан, Заля… Раман “Мадам Бавары” Флабэра Багуславу проста абурыў – ну што за курыца тая Эма, няўжо не магла знайсці сабе карысны занятак? Толькі і шукала, да якога б мужыка прысмактацца, не разумеючы, чаму яны па чарзе стараюцца пазбавіцца ад паразіта, няхай гэта і чароўная амяла. Жульен Сарэль са стэндалеўскага “Чырвонага і чорнага” падаўся ёй куды больш блізкім… Ну а самы прыклад, вядома, належала браць з герояў “Што рабіць?” Чарнышэўскага, сапраўднага змагара і пакутніка. Вось толькі Багуслава не прызналася б нікому, што тэкст пакутніка чамусьці здаецца ёй куды больш бляклым і менш кранае, чым напісанае здраднікам Дастаеўскім.
А потым Ніхель патлумачыў, што выбрыкі юнага арганізму, у аснове якіх усяго толькі інстынкт размнажэння, могуць перашкодзіць Справе. Варта натуральныя патрэбы задавольваць. У шэрагах партыі не месца цнатлівым паненкам, якія чырванеюць і страчваюць прытомнасць пры кожным непрыстойным намёку. У людзей валявых і апантаных ідэяй жаноцкасць са слабасці павінна ператварыцца ў зброю.
Маладых людзей, з якімі можна здабыць першы пачуццёвы досвед, Багута не прыгледзела. Ніхель вельмі проста прапанаваў свае паслугі. Выканаў усё старанна, як выконваў кожнае заданне. Багуце не было непрыемна. Старэйшы таварыш пастараўся, каб ёй не было і няёмка, каб іх адносіны не змяніліся. Некалькіх разоў хапіла. Багуслава развіталася з ілюзіямі і непатрэбнай сарамлівасцю.
Ніхель ніколі больш не спрабаваў укласці выхаванку ў ложак, дурных намёкаў між імі не ўзнікала. Гэта было, як бы Багуце спатрэбіліся лекі, і ён іх даў. Дзяўчына ведала, што варта захацець, Ніхель зноў старанна і клапатліва выканае інтымны рытуал…
Але ёй не хацелася.
Відаць, гэтак некаторыя бацькі абараняюць дзяцей ад небяспекі стаць п’яніцамі: цягнецца малое да чаркі з гарэлкай – ну, на табе… Пі… Што, не смачна? Заперхаўся, зароўся? Ну вось і добра, другі раз век не захочаш.
Што праўда, двойчы Багуславе прыйшлося скарыстаць набыты досвед, выступіць у ролі спакусніцы. Выпадковы каханак, турэмны афіцэр, быў адзіным ключом да вызвалення таварыша. Другі, багацюшчы расфуфыраны князь, мусіў стаць добрым прыкрыццём і правесці ў палац губернатара, які ахоўвалі, як золата Нібелунгаў.
Гэта была праца, абавязак і неабходнасць. І асабісты выбар Багуты, добраахвотная ахвяра – Ніхель і другія таварышы ніколі б не змусілі яе. Гэтак жа, як ім у галаву не прыходзіла пагарджаць ёю за выкананае заданне. Як сцвярджаў “Катэхізіс рэвалюцынера”, напісаны “бесом” Нячаевым, “Рэвалюцыянер – чалавек асуджаны. У яго няма ні сваіх інтарэсаў, ні справаў, ні пачуццяў, ні прыхільнасцяў, ні ўласнасці, ні імя. Ён адмовіўся ад свецкай навукі, пакідаючы яе наступным пакаленням. Ён ведае толькі навуку разбурэння, для гэтага вывучае механіку, хімію, бадай што медыцыну. Ён пагарджае грамадскім меркаваннем, пагарджае і ненавідзіць цяперашнюю грамадскую маральнасць”.
Тое, што прасіў Калоцкі, было марнаваннем эмоцый і цялесных сілаў.
Сагнутая ўдвая постаць археолага, які прыхіліўся да сценкі, спрабуючы ўздыхнуць пасля ўдару пад лыжачку, адкідвала дзіўны цень на даўно не пакрываны лакам паркет, падобны да ценю сярэднявечнай гаргуллі.
Лупіў па чарапічным даху злосны кастрычніцкі дождж, тужліва шумеў лес, час ад часу выбухалі прыпозненыя грымоты, перхаў у ложку этнограф Давыд Масевіч, пакрыўджана хрыпеў у калідоры археолаг Міхал Калоцкі, глядзеў у цемру вачыма з пашыранымі зрэнкамі кульгавы граф, шчэрылася за хмарамі поўня.
У маёнтку Жухавічы наставала ноч.
Раздзел чацвёрты. Ноч абуджае звера
Згодна павер’яў байнiнгаў, аднойчы поўня апусцiлася на зямлю, i яе злавiла жанчына. Нябёсная госця вырвалася, але на яе паверхнi засталiся тлустыя плямы ад жаночых пальцаў.
Зразумела, поўня ў байнiнгаў, маленькага дзiкага народу адной з выспаў Новай Гвiнеi, была мужчынскага полу. А значыць, сэнс адзiн: жанчына — гэта бруд i небяспека быць злоўленым.
Багуслава ледзь не прыбiла тады, у сталоўнi, Каганецкага, якi, пасмiхаючыся, распавёў гэтую гiсторыю, час ад часу дэманстратыўна пазiраючы на непамытыя кубкi, пра якiя Адзiная-У-Кампанii-Кабета i не думала паклапацiцца.
I зараз поўня пасылала на зямлю нябачныя хвалi з-за шчыльных хмараў, якiя для яе не больш чым павуцiнкi для паляўнiчага, што шыбуе па лясной сцежцы. Час “цыганскага сонца” ва ўсе эпохі лічыўся спрыяльным для ўсялякіх нетутэйшых праяваў. І цяпер у доме штось грукатала, разбівалася… Але не воляю прывідаў. Відаць, гаспадар зацята нішчыў спадчыну. Абкурыўся ці нанюхаўся, відаць…
Пры гэтай думцы Багуце страшэнна захацелася курыць. І хацелася зрабіць гэта на свежым паветры, дзе не смярдзіць склепам і адсырэлымі пярынамі. Фатографка не цярпела замкнутай прасторы ад часоў пансіёну. Яна нават устала і патузала рамы вакна, за якім усё гэтак жа залева: дарэмна. Іх не расчынялі, магчыма, з часоў чырвоных абцасаў і пудраных парыкоў. Выйсці ў калідор? Забаронена…
Дзесьці пачуўся звон разбітага шкла, а потым – стрэл. Стралялі ў доме, са стрэльбы – вызначыла Багута. Трохі счакала – ніводныя дзверы не рыпнулі, ніхто з яе спадарожнікаў не наважыўся праверыць, што здарылася, хаця, мусіць, і папрачыналіся.
Ну і хай сабе ляжаць. Багуславу заўсёды злавалі правілы і забароны, навязаныя ёй чужымі людзямі. Калі б Бог слухаў пастуха, уся чарада паздыхала б. Нігілістка прыхапіла цыгарэты, абхінулася шаллю і рашуча паклала руку на мядзяную ручку дзвярэй, зробленую ў выглядзе… не, не ваўчынай морды, а шараговай ружы. Галоўнае – рухацца бязгучна.
Ну а калі ўжо апынулася ў калідоры, парушыла правілы – дык якога лесуна хавацца? І Багуслава, намагаючыся ўсё-ткі ступаць ціха, выправілся туды, дзе грукатала, ірвалася і страляла і адкуль цягнула смуродам сярэдняй велічыні пажарышча.
У каміне “шаманскага” пакоя палаў агонь. Языкі полымя ледзь не выскоквалі вонкі, узбуджаныя багатай здабычай. Граф у кашулі і скураной камізэльцы сядзеў перад камінам проста на разасланай на падлозе мядзвежай скуры, спінай да дзвярэй, меланхалічна браў з гімалаяў дзядоўскіх і бацькоўскіх экспанатаў, што грувасціліся па левую руку ад яго, па адной рэчы і скормліваў агню. Быццам качагар, які пільна падтрымлівае агонь у топцы параходу, што плыве скрозь начную буру. Прыхіленая да сцяны, адпачывала сякера, з дапамогай якой занадта вялікія прадметы бесцырымонна распалавіньваліся. Шкло ў створцы аднаго з вокнаў было разбітае, у пакой заляталі павевы мокрага ветру і шум дажджу. Стрэльба, што стаяла злева ад вакна, сведчыла, што стрэл не прымроіўся.
Граф трохі павярнуў галаву, рэзкія цені падкрэслілі абрысы запалай шчакі, выліцы, упартага падбароддзя прадстаўніка эксплуататарскага класу.
–Так і думаў, што калі і з’явяцца праблемы, дык з вамі, мадэмуазэль. Вы проста не ў стане трымаць слова?
–Я хачу выкурыць цыгарэту, — халодна цэдзячы словы, прагаварыла Багута, звыкла чапляючы на сябе маску – на гэты раз яна пераймала адметную паненку, якую пабачыла ў піцерскай багемнай кавярні. Тая заўсёды прыходзіла ў чорнай сукенцы шчыльна па фігуры, у гаржэтцы, з падведзенымі сурмой вачыма, рухалася лена і ўладна, а калі курыла, манерна трымаючы муштук, выцягвала доўгую шыю, быццам змяя рыхтавалася ўджаліць.
Струменьчык дыму цыгарэты спалохана выцягнуўся ўбок ад павеваў мокрага ветру.
Граф неахвотна ўзняўся з падлогі і стаў перад госцяй – здаецца, наркатычнае ап’яненне ў яго зменшылася, толькі стома ды туга ў рысах.
–Як бачыце, тут нават крэсла няма, вам прапанаваць. Дымна. І вакно разбітае. Ідзіце курыць у свой пакой.
–Затое попельніцы не трэба, — працягнула Багута і дэманстратыўна стрэсла попел проста на падлогу, засмечаную, як пасля візіту рабаўнікоў.
Пан Шымон злосна паглядаў на нахабную паненку, заўважна нервуючыся.
–Дакурыце – і сыходзьце. Вы не павінны тут быць.
І вярнуўся на сваё месца перад камінам, дэманструючы нежаданне падтрымліваць нават бачнасць этыкету. Падумаеш! Багуслава ўселася на падлогу непадалёк, дацягнулася вольнай рукой да кучы экспанатаў, ухапіла нейкі скураны скрутак і шпурнула ў агонь. Скрутак затрашчаў, задыміў, стаў курчыцца, як жывы… А што, можа, у ім злы жрэц калісьці зняволіў беднага духа? Каганецкі скасавурыўся, сціснуў сківіцы, але нічога не сказаў.
Нейкі час яны моўчкі сядзелі, па чарзе кормячы агонь, як жрацы паганскага капішча.
–І ўсё-ткі я не разумею вас, пан Шымон, — парушыла маўчанне Багуслава. – Здаецца, адукаваны чалавек, і дапускаеце такое… Няўжо вы не можаце давесці сваім землякам, што пераваратняў не бывае, прынамсі, вы – не ваўкалак? Чаму яны так у гэтым упэўненыя?
Каганецкі кінуў у камін штосьці падобнае да лапця.
–Вам хочацца маёй споведзі?
Лапаць сам па сабе падскочыў на вуголлях, нібыта апрануты на нагу з капытом. Багуслава зацягнулася цыгарэтай. Што агульнае было ў графа з яе таварышамі – непатрэбна ў размовах захоўваць усе гэтыя рэверансы, ветлівыя іншаказанні, якімі абараняюцца адзін ад аднаго людзі, каб не пакрыўдзіць, не наклікаць на сябе чужой злосці.
–Было б цікава.
–Я хіба раблю ўражанне чалавека, які направа-налева распавядае пра сваё асабістае жыццё? – лена абурыўся Каганецкі, памаўчаў – але, відаць, містычныя дэкарацыі і самота прыгняталі яго больш, чым ён жадаў паказаць, і граф, прымружыўшы вочы і прыслухаўшыся да чагосьці, замест таго, каб зноў праганяць госцю, прамармытаў “Час яшчэ ёсць”, і прапанаваў:
–Мена. Па справядлівасці. Я расказваю штосьці пра сябе, а вы – пра сябе.
Багуслава выдыхнула дым, паназірала, як ён растае ў паветры, быццам легкадумныя мроі юнацтва пра сусветную місію.
–Паспрабуем. Вы – першы.
Заолаг паварушыў вуглі качаргой, і яны ўспыхнулі з новай сілай, быццам агонь жадаў пакусаць нахабнае жалеза, якое даткнулася да яго вантробаў.
–Я вам казаў, што маю маці загрызлі ваўкі, калі яна вярталася ў экіпажы дамоў праз лес. Дык вось, я тады быў з ёю.
Багуслава нават забылася на маску ракавой жанчыны.
–Фурман загінуў адразу, я бачыў, як яго зваліў на дарогу звер, хапануўшы за горла. Помню, як ірваліся і хрыпелі коні, і лілася кроў з іх ранаў. А потым маці накрыла мяне сабой, і больш я не памятаю нічога. Засталося толькі… вось…
Граф закасаў левы рукаў, і Багуслава пабачыла на жылістай руцэ з напружанымі венамі пабялелыя шнары – сляды іклаў. Нешта яе падштурхнула пацягнуцца да іх пальцамі – учынак дурны, няветлівы і для Багуты неверагодны… Заолаг уздрыгнуў, зараз жа адняў руку, пазбягаючы дотыку, і апусціў рукаў.
–І так ўзнікла легенда, што вас пакусаў ваўкалак?
Каганецкі сядзеў, апусціўшы галаву.
–Пасля гэтага выпадку ў мяне развілася эпілепсія. Кадук, як кажуць у нашых мясцінах. Прыступы паўтараліся рэгулярна, я нават не мог паступіць у гімназію, да пятнаццаці гадоў вучыўся дома, у наёмных настаўнікаў. Толькі калі бацька ажаніўся з пані Антанінай, яе брат змог падабраць лекі, якія мне дапамаглі… Праўда, не да канца.
Багуслава абмерыла паглядам графа, мімаволі шукаючы сляды хваробы. Ён здаваўся дастаткова дужым, не параўнаць з Давыдам Масевічам. Але ж падучка была ў многіх вядомых людзей, трывушчых і ваяўнічых, і ў Юлія Цэзара, і ў Напалеона.
–Ну, эпілепсія… Вы ж не валіцеся з пенай на вуснах кожную гадзіну. Каб пераканаць людзей, што ў вас не сядзіць нячыстая сіла, дастаткова схадзіць на службу ў храм, да споведзі, да прычасця. Пераадолейце ўжо сябе як-небудзь.
Багута сказала тое, што параіў бы і Ніхель. Калоцкі павярнуў галаву ганарыста, як маршалак сойма да дробнага шляхціца, які верашчыць з апошняй лаўкі “ліберум вета”.
–Мне не трэба сябе пераадольваць у тым сэнсе, у якім вы разумееце. Я хаджу ў храмы. Малюся. Вера ў Бога закладзеная ў чалавеку. Францыск Асізскі лічыў, што Госпаду моляцца, як умеюць, і дажджавы чарвяк, і ластаўка, і воўк. Але калі я толькі зайду ў тутэйшую царкву, жывым не застануся. Мне не дазволяць такога блюзнерства.
Багуслава адчула, што субяседнік не перабольшвае.
–Ну і ну, што ж вы такое натварылі ў сваім навальнічым мінулым?
Граф нахіліўся да каміну і кінуў у агонь яшчэ адну вядзьмарскую кнігу – студэнты завылі б пры відовішчы такога злачынства. Чароўная кніга загарэлася, як і які-небудзь звычайны, заплямлены атрамантам падручнік па граматыцы, полымя абыякава гартала старонкі.
— Бацька ўжо быў жанаты з пані Антанінай, мы ўсе знаходзіліся ў царкве, на літургіі. А мне было кепска… Так кепска – як ніколі, нягледзячы на лекі доктара Боўнара. Усё плыло ў вачах, гукі зліваліся ў нейкі злосны шэпт: “Уцякай, уцякай…” Магу прысягнуць, што нехта прамовіў мне проста над вухам: “Прэч адсюль, звер”. І, разумееце, страх… Паніка. Жывёльная. Толькі напалоханая жывёла можа ўчыніць так, як я. Выскачыў з храма пасярод службы, расштурхаўшы людзей, праз вакно. Якое размяшчалася высока, у якім ззяў вітраж… Напэўна, я інстынктыўна і памкнуўся на святло з прыцемку храма. Не пытайцеся – нічога не памятаю, акрамя крыкаў, страху, болю. Мяне знайшлі ў лесе толькі праз тыдзень, прычым са зламанай нагой я ўмудрыўся зайсці даволі далёка. Праз год памёр мой бацька. Яшчэ праз пару гадоў я з’ехаў адсюль назаўсёды.
Багуслава кінула недапалак у камін.
–Н-да, легенду пра ваўкалака ў царкве, які выбівае вакно, я чула. Дык пасля таго выпадку вы і кульгаеце?
–Гэта перашкаджае мне не больш, чым зламаны нос, — з сумнай весялосцю прамовіў граф. – Ну, цяпер ваша чарга… Што самага паганага вы ўчынілі ў сваім дзяцінстве?
–Забіла аднакласніцу ў пансіёне.
І зарагатала, закінуўшы галаву. Самы лёгкі шлях схаваць страшную праўду – выстаўляць яе напаказ, як грубы жарт.
Каганецкі памаўчаў, на нейкі час варухнулася трывога – раптам паверыў? І Багуслава хутчэй распавяла іншае. Таксама праўдзівае.
–Мы з маці жылі ў Табольску, у доме, падзеленым на адсекі, як карабель. Карабель, які пацярпеў крушэнне пасярод ільдоў і снягоў. У кожным такім адсеку тулілася сям’я кагось з катаржанаў. Адны прыехалі да зняволеных сваякоў з пачуцця доўгу, другія з вялікай любові, альбо проста не было куды падзецца, і нават Сібір і разбойніцкае асяроддзе падаваліся не страшней прышласці на радзіме. Мая маці кіравалася каханнем. Нездарма зусім юнай паехала, не разважаючы, за чалавекам старэйшым, фактычна – малазнаёмым, узяла там жа, на катарзе, шлюб, нарадзіла мяне… І амаль адразу стала ўдавой.
Багуслава зіркнула на Каганецкага: той неадрыўна глядзеў у агонь.
–Роднага бацьку я не памятаю. Ніхель – прыёмны… У мяне было мала цацак. Нешта выразанае з цурбачкоў, улетку – лялькі, скручаныя з лапушыны. Але мяне заўсёды вабіла вострае, бліскучае, небяспечнае. У наш дом часта заходзілі жандары. У аднаго з іх быў маленькі пісталет, бліскучы, з інкрустацыямі – накладныя перламутравыя фігуркі звяроў. Як мне хацелася мець тую прыгожую цацку!
Багуслава тужліва ўтаропілася на шаманскі бубен, які глядзеў са сцяны, быццам пляскаты твар волата.
–І я сцягнула пісталет, калі жандар сядзеў за сталом у нашым бараку і частаваўся “паднашэннямі”. Дзеля гэтага чырванатварага тыпуса з абвіслымі вусамі, у якіх заўсёды застравала капуста, жыхары, а імі былі ў асноўным жанчыны, скідаліся з апошняга на гарэлку, назапашвалі самага смачнага, адрываючы ад сваіх дзяцей. Бо залежалі ад ягонай волі, ад ягонага настрою. Я сунула пісталет у сваю хованку: у канцы агульнага калідору, пад сляпым вакном, трэснула падлога, і дошчачка лёгка вымалася. Але жандары выдатна ведаюць усе хітрыкі паднадзорных. Яны пераварочвалі і трэслі наш дом-карабель, як праля мокрую бялізну ў тазіку. І знайшлі пісталет.
Багуслава прыкусіла зубамі завусеніцу на ўказальным пальцы, адарвала… Бязважкі шматок скуры прыліп да губы, і фатографка змахнула яго на затаптаную падлогу, быццам хацела хоць маленькай частачкай сябе адкупіцца ад нябачных суддзяў.
–Я нічога нікому не сказала. У доме плакалі і вылі, мужчын арыштавалі, жанчын цягалі на допыты, маю маці таксама. Сівелі валасы, дабаўлялася сінякоў… А я маўчала. Двое суседзяў знікла. А мяне цікавіла толькі, што пасля аднаго з іх, слесара, застаўся кронцыркуль, які я цішком падабрала, і на нейкі час гэтая рэч, металёвая, з вострымі кончыкамі, замяніла мне страчаны пісталет. Па-мойму, я так і не ўсвядоміла, што нарабілася з-за мяне.
Вецер выў.
Агонь трашчаў.
Каганецкі ўсё маўчаў…
Дурны вершык… Дурны вечар… Дурная кабета, развязала язык. У пекле балбатлівых прымушаюць лізаць распаленыя патэльні.
Гаспадар нарэшце прамовіў:
–Колькі вам было год?
–Пяць… Магчыма, шэсць.
Халодны павеў з вакна – гарачы дым з каміну…
–Вы надта рэфлексіўная. Вы не павінны займацца тым, чым займаецеся.
Большага глупства нельга сказаць, графчык. Рэфлексіўная…
–Не ўспрымаеце жанчыну-фатографа?
–Я пра іншае. Анархізм, нігілізм, сацыялізм… Гэта не для вас. Вас гэта ламае, змушаючы быць не тым, кім ёсць. Вы, што б з сябе ні строілі, звычайная кабета, чуллівая, цікаўная і даверлівая.
Багуслава зноў засмяялася б, каб так не раззлавалася.
–Вы агент ахоўнага аддзялення, граф? Усіх падазраецё ў сацыялізме?
Каганецкі кінуў на фатографку кароткі позірк і зноў утаропіўся ў вагонь, быццам бачыў там рудую ваўчыцу сабе да пары.
–У мяне ёсць сябар сацыяліст. Я не перашкаджаю яму верыць у тое, што ён хоча. Пакуль гэта не шкодзіць іншым людзям. І я здольны зрабіць высновы пра перакананні чалавека па асобных выказваннях. Няўжо вы з бацькам лічыце, што калі ўсё ва ўсіх адабраць і раздзяліць пароўну, настане агульнае шчасце? Ведаеце, я веру Генрыху Гейнэ, які сказаў: “Дзіўная справа! Ва ўсе часы нягоднікі намагаліся замаскаваць свае гнюсныя ўчынкі адданасцю інтарэсам рэлігіі, маральнасці і любові да Айчыны”.
Кроў кінулася ў твар Багуславе не ад сэнсу слоў, а ад тону, якім яны былі прамоўленыя – быццам субяседнік звяртаўся да ўбогага, які думае, што знойдзенае ім шкельца насамрэч каралеўскі дыямент.
–Я веру, што несправядліва, калі той, хто працуе ўсё жыццё — галадае, а той, каму пашчасціла нарадзіцца панам, шалее ад багацця, створанага чужымі рукамі.
Агонь успыхнуў, патрабуючы новай ахвяры. Каганецкі ўстаў, пацягнуўся па сякеру і адным ударам раскалоў драўлянае прыстасаванне, падобнае да хамута. Часткі кінуў у камін.
–Я, помніцца, гаварыў вам, што жывёлы не менш маральныя, чым людзі. Але няроўнасць і несправядлівасць таксама закладзеныя ў будову свету. Вам ніколі не прыходзіла ў галаву, чаму дзеці пачынаюць рабаваць раней, чым гаварыць? Калі мысляры даведаліся, што малпы дзеляцца адна з адной ежай, замілаваліся. Вось яно, братэрства ў прыродзе! Але назіранні заолагаў удакладнілі: дамінант статка кідае рэшткі ежы тым, хто перад ім прагінаецца, каб прынізіць. Можа кінуць — і некалькі разоў забраць. Каб ведалі сваё месца. У прыродзе няма роўнасці, панна Ніхель.
Граф паклаў сякеру, скрыжаваў рукі на грудзях і цешыўся сарказмам.
— Аднойчы правялі эксперымент. Пасадзілі павіянаў у вальер і навучылі іх рухаць паважнік, каб зарабіць жэтоны, якія можна абмяняць на ежу. І што? Адны зараблялі жэтон, другія яго выпрошвалі, трэція адбіралі. Тыя, што працавалі – напэўна, вы б назвалі іх пралетарыямі? – спрабавалі накапіць заробак, высільваліся. Але ў хуткім часе пераканаліся, што назапашанае ў іх усё адно адбяруць. І сталі працаваць без усякага энтузіязму, не больш, як на адзін жэтон, які адразу праядалі. Вось гэта і ёсць ваш сацыялізм. Грамадства, якое тупа працуе дзеля свайго банану ў дзень, бо больш не дадуць. Адрозненне ад малпаў у тым, што людзям можна ўнушыць, што калі ўсе жывуць аднолькава кепска – гэта справядліва, а тыя, хто адбірае лішняе – змагары за справядлівасць. А тады можна давесці, што гэта і ёсць шчасце. А ў тутэйшых людзей адна мара, можа, чулі прымаўку: каб можна было быць узімку катом, улетку пастухом, а на Вялікдзень папом.
Багуслава ўскочыла, не ў змозе далей слухаць гэты насмешна-халодны голас.
–Вы проста цынік!
–А вы наіўная дзівачка. Усё, цыгарэту, як бачу, вы дапалілі. Ідзіце ў ложак.
Пульс б’ецца ў скронях — гэта ад гневу. Развесіла вушы, слухаючы гатычны сентыментальны блёкат пра хворага хлопчыка. А тут ёсць толькі бессардэчны прыгнятальнік.
–А вы данесяцё пра свае беспадстаўныя падазрэнні ў паліцыю?
Каганецкі ганарыста ўскінуў галаву:
— Я не даносчык. Ідзіце і спіце спакойна. Ды пакіньце ж мяне ўрэшце, эмансіпэ.
Апошняя фраза ў яго вырвалася, як ад адчаю. Зноў адвярнуўся, падставіў перабіты нос халоднаму мокраму ветру, што заляцеў праз разбітую шыбу.
Вядома, гэта было б самым разумным – сысці… Але каб за мярзотнікам засталося апошняе слова? Багуслава, якую калаціла ад раздражнення, пачала прыладжваць новы папяровы цыліндрык, набіты бязважкай атрутай, у муштук… Вось выкурыць яшчэ гэта, і сыдзе. Хай панервуецца гаспадар. А той рэзка развярнуўся да нахабнай паненкі і прагаварыў скрозь зубы:
–Яшчэ крыху – і я вырашу, што ваша прамаруджванне – гэта завуаляванае запрашэнне саставіць вам кампанію ў ложку.
Калі ён спадзяваўся, што госця ад абразы збяжыць, дык моцна памыліўся. Кроў у скронях запульсавала так, што з-за яе шуму Багуслава не пачула б і сурмы апошняга суда. Цела само ведала, як абыходзіцца з ворагам.
Але чамусьці граф не ператварыўся, як малады Калоцкі, у падабенства гаргуллі, скурчыўшыся ад трапнага ўдару пад лыжачку. Затое рука Багуславы аказалася перахвачанай у запясці даволі моцна.
Вось цяпер мара прыкласці пана Шымона пысай у падлогу мела ўсе падставы спраўдзіцца. Але, як уласціва палкім марам, пачала рассейвацца, быццам дым над полем Ватэрлоа перад вачыма Буанапартэ. Фатографка забылася, што хацела абысціся “выхаваўчым” штуршком і кідалася на праціўніка, як раз’ятраная тыгрыца. Але вывераныя захваты і ўдары не дасягалі мэты, кульгавы псеўдаваўкалак лёгка сыходзіў, уварочваўся, перахопліваў… Напэўна, збоку гэта нагадвала вар’яцкі танец. Пад нагой у нейкі момант хруснуў муштук з недапаленай цыгарэтай.
А смуглявая пыса захоўвае ўсмешку!
У Багуты сам сабой апынуўся ў руцэ стылет. Знаёмая ятрасць, ад якой не раз перасцерагаў Ніхель, звужала сусвет да адной ненавіснай кропкі, якую хацелася неадкладна зрабіць крывавай. Вось ужо на запалай шчаце ваўкалака драпіна… Але Багута сама не ўцяміла, як апынулася прыціснутай спінай да дужага цела, насычанага жывёльным спрытам не менш, чым ейнае, а выкручаная рука згубіла стылет. Туман патроху разамгліўся. Багуслава адчувала за сабой паскоранае біццё сэрца мужчыны, напятасць ягоных цягліцаў, гарачае дыханне над вухам… Так не павінна быць! Яна шалёна ірванулася, але Каганецкі моцна трымаў валькірыю ў абдоймах, прыціскаючы да сябе, жалезныя пальцы ледзь не ламалі ейнае запясце.
–Я ж расказваў вам пра жывёлаў, якія не ўжываюць на поўную моц іклы і кіпцюры, калі б’юцца з адзінапляменнікамі, –прагаварыў задыханы голас. — Цяпер вы пераканаліся, што жывёлы мудрэй за вас?
–Пусці! – ірванулася Багута, мецячы ворагу абцасам у нагу – халера, на ім боты з высокімі халявамі, і з адчаем разумела сваю слабасць. Якая была і ў тым, што…так, прызнайся – нейкая сутнасць у табе атрымлівае насалоду – вось так стаяць, прыціснутай да чужога дужага цела, якое пахне дымам і палыном, і не хочацца вырывацца… Ганьба!
–Пушчу, але напачатку адплата. Шчырасць – за шчырасць, метка – за метку…
Пра што ён? Багуслава не паспела ўстрывожыцца, як адчула, што яе кусаюць…– ці цалуюць? — у шыю. Гэта было так недарэчна, асабліва гарачая млосная хваля, якая прайшла па целе ад пацалунку, што фатографка праз істэрычны смех толькі прамовіла:
–Я думала, вы пярэварацень, а не вурдалак!
–Я таксама думаў, што вы не кідаецеся на людзей з нажамі ні з поля вецер, — нарэшце адарваўшыся ад яе, прагаварыў Каганецкі, не аслабляючы захвату, і ад ягонага дыхання, што варушыла валасы на патыліцы, па скуры… як гэта пішуць у раманах? Прабегліся мурашкі? Цікава, як пан заолаг гэтых мурашак апісаў бы, іхнія паводзіны, знешнія характарыстыкі, колькасць лапак і спосабы размнажэння… Хаця… гэтым жа энтамолагі, здаецца, займаюцца, а ён мае справу з істотамі буйнейшымі.
–Супакоіліся? Можна вас адпускаць без небяспекі апрытомнець каля катла са смалою, з якога тырчаць ногі грэшніка?
На шыі дакладна застаўся выразны такі юлёвы след… Гэта ж граф за драпіну на шчацэ! Так… па-дзіцячы… А яна ж яго ледзь не зарэзала…
Як заўсёды пасля прыступаў шаленства пачынаўся адкат – што нарабіла, якія наступствы…
–Вось якія кавалеры вам па гусце, шаноўная панна Багуслава!
У голасе Міхала Калоцкага, які застыў у дзвярах скульптурай Немезіды мужчынскага полу, гучалі пагарда, нянавісць, крыўда… Грымучая сумесь, якая не можа не ўзарвацца.
Каганецкі нарэшце расціснуў рукі, і Багута адскочыла, мімаволі прыкрываючы далонню вільготны след графскай помсты.
–Не думаў, што вас прывабліваюць пашкоджаныя мазгамі арыстакраты!
Археолаг выглядаў сапраўды як вялізнае пакрыўджанае дзіця, пульхныя вусны уздрыгвалі. Вось жа… самцы! Прычым і справы ім няма, што самка… пардон, эмансіпаваная жанчына ніводнаму перавагі не аддавала, і ўвогуле – акрамя як кулаком пад дых, нічым адорваць не збіралася.
–Не забывайцеся, шаноўны, што вы ў маім доме! – граф, спрабуючы аднавіць дыханне, сцёр кроў з падрапанай шчакі, хутчэй сказаць – размазаў. – Стрымайце свой язык, іначай я знайду магчымасць вас заткнуць. Вярніцеся ў пакой.
Калоцкі злосна зіркнуў на Багуславу, але супакойвацца і не збіраўся. Сарвалі на вачах дзіцяці апошні калядны пернік з ёлкі…
–Я памятаю, што вы – гаспадар дому, і робіце нам ласку. Таму і папярэджваю. Вы не ведаеце, з кім звязаліся. Гэтая дамачка заб’е вас, не паморшчыцца.
Ну, археолаг, няўжо нават на навуку сваю каштоўную забыўся, пад пагрозу экспедыцыю ставіць, так усе дамовы рваць!
–Мяне не так лёгка забіць, пан Міхал, — спакойна прагаварыў граф.
–Ды каб вы ведалі, шаноўны, што гэтая асоба з сябе ўяўляе, наўрад у вас рука паднялася б яе абняць.
Вось як, а сам, значыць, пераадолеў бы грэблівасць?
–У яе рукі па локаць у крыві! Што, няпраўда, мадэмуазэль? Гэтая паненка –забойца!
Калоцкі цяпер не крычаў, а нібыта выплёўваў словы – і ад гэтага яны гучалі больш важка, і нечакана балюча. Пан Шымон брывом не зварухнуў.
–Я таксама забойца. І што цяпер?
— Цяпер мы ўсе пойдзем у ложкі, да раніцы не так шмат часу, — ветлівы спакойны голас Ніхеля быў, нібыта лінула на галовы халодная вада. Сычы — не сычы, давядзецца астыць.
Падобна, выканаць загад гаспадара не выходзіць са спальняў не ўдалося гэтай мілай ночкай нікому.
Халодны позірк фатографа слізгануў па скрываўленай шчацэ графа, ускудлачанай Багуславе і пляме на яе шыі, спыніўся на стылеце, які ганебна валяўся на падлозе. Тонкія бровы Ніхеля з дакорлівым недаўменнем прыўзняліся… У якія б ні ўвязаўся легкадумныя гульні, зброя – гэта сур’ёзна. Гэта тычыцца Справы. Багуслава змрочна ступіла наперад, падчапіла наском чаравіка стылет, падкінула, і вось ужо ён, бліснуўшы ў паветры, як плотка, схаваўся ў рукаве кардыгана. Каганецкі на гэтую дэманстрацыю толькі хмыкнуў. А ў Калоцкага, здаецца, таксама пачаўся “адкат”, як у Багуславы – пасля патопу эмоцый, якім дазволіў сябе паглынуць, усведамляеш наступствы. Мяркуючы па трывожных поглядах у бок фатографа, спацелы, як пасля лазні, Міхал гадаў, ці не прыб’юць яго на месцы. А тут яшчэ прыбег захутаны ў плед Масевіч, з хворым румянкам на шчоках, і накінуўся на сябрука:
–Зноў? Як у слонімскай экспедыцыі? Ты што, не можаш свой юр хоць на дзень закілзаць? Я апошні антыкварны том Ляконта прадаў, каб фурманку наняць, а ты ў чарговы раз за першай жа спадніцай саскочыў?
Вось як, а з выгляду археолаг добравыхаваны гімназіст, а не Казанова… Хто б дзятла ведаў, каб не ягоны нос… Калоцкі пачаў нешта мармытаць, Багуслава, намагаючыся не глядзець у бок графа, згрэбла з паркету рэшткі свайго ўлюбёнага муштука, сунула ў кішэню. Няма чаго рэчы, да якой краналіся яе вусны, гарэць у адным каміне з усялякай д’ябальшчынай. Шаманскі бубен паныла пазіраў на бясчынства, дождж ліўся, як слёзы ў расчуленага п’яніцы, агонь у каміне, дажоўваючы апошнія ахвяраваныя яму праклятыя скарбы, губляў ятрасць, а граф Шымон Каганецкі, страціўшы цярпенне, раптам зароў, як Галіяф на габрэйскае войска:
–Прэ-эч!
І нават за стрэльбу схапіўся.
–Гэць адсюль усе! Балаган! Сярод павіянаў у шлюбны перыяд спакайней! Ледзі Макбеты, Атэлы, Ягі, Гамлеты местачковага разліву… На поўню сумленнаму ваўкалаку павыць у самоце не дадуць. Можа, перастраляць вас усіх, каб не мучыліся філасофіяй?
Ніхель супакойваюча падняў рукі.
–Сыходзім, сыходзім!
Апошняе, што бачыла Багута, калі зачыняла за сабой дзверы ў шаманскую залу – пан Шымон Каганецкі стаіць, схапіўшыся рукой за лоб, і бязгучна рагоча, ажно згінаецца напалам.
Фатографка падняла вышэй каўнер, каб схаваць вурдалацкі пацалунак, і, адчуваючы сябе праштрафленай гімназісткай, падыбала ў ложак, пра які сёння начулася брудных намёкаў.
Балаган, сапраўды.
Раздзел пяты. Вяртанне ў Жухавічы
Каралева Бона Сфорца вельмі ганарылася тым, что прывучыла “дзікуноў”, жыхароў сваёй новай краіны, есці гародніну і зеляніну – бо ў Польшчы ды Вялікім Княстве галоўнымі на стале былі хлеб ды мяса. Траву грызці? Ад галадухі толькі! Яшчэ італійка прывезла ў Польшчу ды Літву моду на сукенкі з прыадкрытымі грудзямі, відэльцы і разнастайныя атруты, а калі ўцякала ў Італію, пасварыўшыся з сынам, забрала з сабой куфры, набітыя золатам ды каштоўнасцямі, і назаўсёды засталася для ліцвінаў “Боначкай, што звезла золата бочачку”.
Калі б па гэтай дарозе, ад Жухавіч да горада N, валачыць яшчэ і куфры з золатам, застраглі б падарожныя да маразоў. Нават фотаапарат і скрынкі з выкарыстанымі бромжэлацінавымі пласцінкамі даводзілася прытрымліваць абедзвюма рукамі, бо брычку неміласэрна гайдала па калюжынах, як карабель у шторм.
Добра, што дождж спыніўся – але ён і так нарабіў бяды, прыпадобніўшы месцамі Беларусь далёкай італійскай Венецыі. Прынамсі, калі колы з шумам рассякалі брудныя лужыны, і вада амаль даставала да дна брычкі, Багуслава шкадавала, што іхні экіпаж – не човен. Весялей было б плысці ды распяваць пад узмахі вясла, чым так ехаць па гразі ў паныла-варожым маўчанні. Толькі Масевіч, захутаны ў плед, перхаў, ды Ніхель час ад часу насвістваў вясёлую нямецкую песеньку. Там, дзе шлях праходзіў паўз балота, давялося вылезці з экіпажу, бо надта ж страшна хадзіла пад коламі гаць.
Уладальнік Жухавіч нават развітальнай прамовы не палічыў гасцей вартымі. Моўчкі зачыніў за імі вароты, развярнуўся і рушыў да свайго змрочнага дому, набітага чарадзейнымі прадметамі. Валасы, звязаныя на патыліцы, матляліся між лапатак, як ваўчыны хвост, на плячы вісела стрэльба.
Багуслава глядзела ўслед кульгаючай постаці, і надта паскудна было на душы, як бы падаравалі штосьці дарагое, крохкае, а ты сам яго ўпусціў, адкінуў, не разгледзеўшы толкам, не ўсвядоміўшы каштоўнасці.
Не пра тое думаеш…
Урэшце, яшчэ два месяцы, і здзейсніцца акт помсты, які іх арганізацыя рыхтавала некалькі гадоў, і брат каранаванага тырана разам са сваім выжлам, адказным за смерць адважных юнакоў, будуць пакараныя, і гэта змусіць падціснуць хвасты, задумацца аб магчымай кары іншых катаў і паразітаў. І гібель чалавека ў канфедэратцы, якому Багуслава так і не паспела прамовіць “тата”, яшчэ на трохі станецца недарэмнай.
Але ўнутры ўсё ледзянела ад трывогі – ці не праваліла яна заданне сваімі паводзінамі? Тым, што справакавала Калоцкага на выкрыццё, і залішне сама адкрылася перад графчыкам? Кармэн знайшлася… Шлюбныя танцы са стылетам… Таварышы не даруюць. Сама сабе не даруе. Праўда – як ракі, бо чырвоная юшка…
Яны з Ніхелем адсталі ад брычкі, каб перагаварыць без лішніх вушэй. Вядома, Варакса налаяўся на выхаванку за страту раўнавагі – рэвалюцыянер не павінен паддавацца пачуццям настолькі, каб губляць ці пускаць у ход без патрэбы зброю. Багуслава паныла згаджалася, мімаволі нацягваючы вышэй каўнер з таго боку шыі, дзе смылеў сіняк, ганебнае сведчанне яе слабасці, і з жахам чакала словаў – усё адмяняецца, сведкаў прыбраць…
–Не пераймайся, — раптам менш жорстка сказаў Варакса. – Нашым планам нічога не перашкодзіць. Студэнты атрымаюць свае фотаздымкі – і з’едуць. Наш правал – іх смерць, яны гэта ведаюць.
Фатографка пераскочыла праз глыбокую калюжыну і ледзь чутна з палёгкай уздыхнула.
–А граф той усё роўна не жылец, – спакойна працягваў Ніхель, і кроплі восеньскага бруду сцякалі па халявах ягоных ботаў, хаваючы глянец скуры. Сэрца Багуславы нібыта прапусціла некалькі тактаў сваіх доўгіх скокаў.
–Чаму?
Ніхель амаль весела глядзеў у шэрае неба, якое вызірала праз мокрыя лапіны соснаў, што звесіліся над дарогай ненадзейным шатром.
–Звярнула ўвагу, што за лекі ён п’е? Нават па паху магу вызначыць – атрута. Калі не атруціцца, дык яго прыстрэляць у бліжэйшыя дні – бо лезе на ражон, як спецыяльна дражніць мужыкоў. Ёсць там адзін зацяты, лічыць жухавіцкага пана вінаватым у смерці сына, якога задралі ваўкі.
–Калі ты пра гэта ўсё даведаўся? – недаверліва папыталася Багута. Ніхель пасміхнуўся, падкруціў вусы, якія трохі абвіслі ад вільготнага паветра.
–Адно з правілаў падпольшчыка – найперш збіраць інфармацыю. Памятаеш, мы прыпыніліся па дарозе ў карчомцы Ёселя? Некалькі манетаў, ветлівасць і адсутнасць грэблівасці – і ўсе мясцовыя плёткі ў кішэні.
Багута прыпомніла, як Ніхель, які і ўгаварыў студэнтаў заехаць у гэтае тлумнае месца, дзе падаюць някепскія клёцкі з ялавічынай, знік з пагляду на паўгадзіны, нават за стол не сеў.
–А калі не прыстрэляць і сам сябе не прыкончыць да канца тыдня, дык здадуць нашага баявітага графа ў павятовую вар’ятню.
–Хто? Якім чынам? Ён жа прафесар! Вядомы вучоны! – разгубілася Багуслава.
–Прафесар? – Ніхель пасміхнуўся, стрэсваючы з плашча некалькі хвіляў восеньскага дня, утвораных з рудога ліста, ігліцы і дажджавых кропляў. – Ты сама ў гэта верыш? Прынамсі, тут ніхто не верыць. Шаленец, бажаволак, валацуга, чарадзей, вядзьмак – іначай не называюць. У вар’ятні, звязаны мокрымі рушнікамі, будзе даводзіць, што ён вучоны. Эт-но-лаг…—Ніхель фыркнуў, і Багута зразумела, граф яго моцна раззлаваў. – Дырэктар лячэбніцы — ягоны сваяк, брат памерлай мачыхі, Людвіг Боўнар, падаў прашэнне аб прымусовым зняволенні няшчаснага вар’ята – у тым выпадку, калі той добраахвотна не пагодзіцца палячыцца.
–І спадчына Каганецкага дастанецца добраму доктару, — прагаварыла Багута.
Ніхель нахмурыўся.
–Якая нам справа? Няхай сабе паны грызуцца, як павукі ў залатым слоіку. Ты ж сама ўпэўнілася, граф агрэсіўны неадэкватны неўрастэнік.
Нікому не хочацца за гарачы камень схапіцца. Багуслава вытрымала выпрабавальны позірк Ніхеля, не змяніўшыся з твару. На тым размова была скончаная.
Сядзіць недароблены ваўкалак адзін пасярод стодаў ды шаманскіх бубнаў, паліць чароўныя кнігі, адстрэльваецца з вокнаў ад нябачнай нянавісці, і калі знікне ён у адной з павятовых больніцаў, каму справа? Магчыма, дзесь у Аўстрыі, ці ў афрыканскіх саванах і джунглях, і ёсць у Каганецкага сябры і паплечнікі, але хто з іх выберацца ў гэтую глухамань, на ўскраіну дзікай імперыі, каб адшукаць сляды дзівакаватага заолага? Тым больш, цалкам магчыма, што ён і сапраўды ўсё пра сябе выдумаў – лекцыі, экспедыцыі, універсітэт… Ці мала такіх самадзейных недавукаў, рыцараў дарогі, выдаюць сябе за вучоных? Не з такой фізіяноміяй, аднак.
А ў грудзях як бы засела нешта вострае. І як наяве чулася спакойнае, прамоўленае ў адказ на істэрычныя абвінавачванні Калоцкага: “Я таксама забойца. І што?” І ні ценю грэблівасці, падазронасці, якія няўмела хаваў палкі заляцаннік Міхал Калоцкі, гэткі чысты юнак, які апускаецца да жанчыны кепскай рэпутацыі з усведамленнем высакароднасці і самаахярнасці свайго ўчынку.
Мястэчка N сустрэла такімі ж бруднымі, калюжнымі вуліцамі, панылым гарланнем пеўняў, гергатаннем гусей ды яшчэ далёкай бязладнай музыкай – рэпетаваў аркестр пажарнай часткі. Трубач увесь час даваў недарэчную трэль, нібыта зрываўся голас у падлетка, і тады мелодыя перарывалася, а праз нейкі час немудрагелісты марш пачынаўся наноў са здзіўляючым энтузіязмам.
Гусей у мястэчку N разводзілі шмат, нібыта спадзяваліся, што яны выратуюць горад, як у свой час Рым, ад невядомых нападнікаў.
Нападнікі даўно ўзялі тут, што хацелі, а патэнцыйныя дзюбатыя ратавальнікі заканчвалі свой лёс на калядным стале, напханыя яблыкамі і чарнаслівам, і гэтак жа абыякавыя да перспектывы быць з’едзенымі, як тутэйшыя жыхары.
Брычка спынілася каля кнігарні, у вітрыне якой былі раскладзены запыленыя, век нікому не патрэбныя томікі. Яны жывапісна ляжалі ля падножжа гіпсавай скульптуры Мінервы, багіні ведаў. Тая туліла да магутнага цела неразумных дзетак, увасабляючых чалавецтва, што цягнецца да асветніцтва. Мясцовыя жыхары празвалі гіпсавую цётку ў тозе “Манькай-булачніцай”. Рэальная шматдзетная Манька аднойчы нават учыніла вэрхал, спрабуючы змусіць уладальнікаў крамы прыбраць ганебнага свайго двайніка, бо яна сама, прыстойная ўдава і ўладальніца даходнай пякарні, ніколі не ходзіць басанож і загорнутай у анучу, і дзеткі яе апранутыя, як належыць. Але сустрэлася з чэрствасцю і паганымі ўсмешкамі, якія, праўда, насмельваліся паказваць, толькі калі шаноўная ўдава паварочвалася абшырнай спінай.
У гэтым жа доме, дзе крама, на другім паверсе, жыў Давыд Масевіч – крама належала сваякам ягонай маці. Пакуль шчуплы этнограф, змучаны дарогай, перагортваў перад носам Ніхеля вялікі разлінаваны сшытак з перапісанымі пад нумарамі сфатаграфаванымі экспанатамі, і тлумачыў, што самае важнае, што найперш друкаваць, Багуслава саскочыла з брычкі, бо ногі сцерхлі, і лена пачала вывучаць вітрыну. Вочы спыніліся на зеленаватым томіку з залатымі ціснёнымі літарамі на вокладцы: “Prof. Simon Kogoneckij. Tierisches Verhalten in der Wildnis. Vena”. Побач ляжала яшчэ адна кніга той жа акадэмічнай серыі, з тым жа імем аўтара, пад красамоўнай назвай “Prof. Simon Kogoneckij. Beziehung zwischen Tieren. Das sogenannte Böse”, “Адносіны між жывёламі. Так званае зло”.
Багуслава глядзела на гэтыя тамы, і чула толькі ўласны пульс. Значыць, гэта праўда… Ён не маніў, кульгавы граф, асуджаны на кулю, атруту ці псіхушку.
Калоцкі дапамог фатографам выгрузіцца, намагаючыся не глядзець на Багуславу. Рамэа недароблены яшчэ ўмудраўся строіць з сябе пакрыўджанага! Багута злосна падхапіла скрынку з негатывамі, якую належала аднесці ў лабараторыю ў сутарэннях.
Так, наўрад цяпер удасца калі наведаць Жухавічы.
Кульгавая постаць аддаляецца ў бок праклятага дому…
Гарачае дыханне над вухам, чужыя моцныя пальцы змушаюць выпусціць стылет…
Як ён казаў, вера ўласцівая любой жывой істоце? Укладзеная ў нас ад нараджэння? Тады, Госпадзе, даруй сваім неразумным дзецям, што заблукалі сцежкамі звера заміж таго, каб ісці да Цябе! Уратуй яшчэ адну няшчасную душу…
Фатографка спускалася па крутых прыступках у лабараторыю. Так нельга пакідаць. З любога становішча ёсць выйсце… І пальцы самі сабой расціснуліся. Скрынка ўпала на прыступкі і пагрукатала ўніз. Зверху паказаўся спалоханы твар Калоцкага:
–Што з вамі, панна Ніхель?
–Са мной нічога… – напружана прагаварыла дзяўчына. – А вось з вашым скарбам, пане археолаг, шчыра прашу прабачэння, не ўсё добра.
Калоцкі ледзь не благаў: пасля рэвізіі пры чырвонай лямпе высветлілася, што дзесьці палова выкарыстаных шкляных пласцінак з бромжэлацінавым пакрыццем пабіліся, частка трэснула… Выявы паганскіх стодаў, шаманскіх бубнаў, калядных масак безнадзейна зніклі. Ніхель змрочна глядзеў то на Багуту, то на панішчаныя, як казна Рэчы Паспалітай пры Панятоўскім, негатывы. Калоцкі ўчапіўся абедзвюма рукамі ў кудзеры, і ў ягоных паглядах на валькірыю свяцілася сапраўдная нянавісць.
— Унікальныя выявы! Столькі працы! Мы так не дамаўляліся!
–Што ж, думаю, што змагу выправіць хаця б частку наступства сваёй няўклюднасці, — халодна прагаварыла Багуслава. – Дамова ёсць дамова. Я неадкладна вярнуся ў Жухавічы і сфатаграфую па другім разе ўсё, што змагу. Графа ўгавару як-небудзь. У сшытку ж перапісаныя ўсе нашы здымкі?
Вочы Калоцкага загарэліся надзеяй.
–Хоць штосьці аднавіць! Хоць стоды з галавой каня засняць! Той вар’ят многае, напэўна, панішчыў, але, спадзяюся, не ўсё.
–Суправаджаць мяне не трэба, я ўмею кіраваць коньмі, — рашуча сказала Багуслава, і на твары Калоцкага выразна адбілася палёгка.
Ніхель злосна ўтаропіўся ў падапечную.
— Ты ўсведамляеш, што нават калі выехаць проста цяпер, даедзеш, калі зусім сцямнее? Ты забылася, якая дарога? Што калі кола зляціць, вось паламаецца?
–Я не стану чакаць. Урэшце, да раніцы ў маёнтку можа не застацца ніводнага экспанату, — Багуслава з крывой усмешкай зірнула на археолага, той збялеў і пацвердзіў, што цягнуць час не варта, што ён будзе вельмі ўдзячны, і што дзеля навукі варта ахвяравацца…
Багута не стала выслухоўваць далей гэты пафасны блёкат і выйшла з лабараторыі. Была б яе воля – ніводнай выявы з чараўніцкай калекцыі не засталося б, як і самой калекцыі. Галоўнае — трэба прыхапіць з сабой пабольш зброі і набояў.
Ніхель перастрэў дзяўчыну ў дзвярах, нагружаную, як на вайну.
–Не рабі глупстваў. Каганецкі цябе можа на парог не пусціць. А ты падумала, што станеш рабіць, калі знойдзеш ягоны труп? У паліцыю звернешся?
Наравістаму і пуга не паможа. Багуслава ўпарта пазірала светлымі вачыма з цёмным абадком вакол радужкі, а нецярпенне паліла знутры, як воцату глынула.
–Гэта работа. Не затрымлівай мяне. Я ўсё вырашыла.
Ніхель з прыкрасцю прастагнаў і насунуў на галаву дарожны капялюш.
–А я спадзяваўся пасядзець увечары ў цэбры з гарачай вадой, адмыцца, адагрэцца… — І рашуча скамандаваў: –Пайшлі! Толькі па дарозе заскочым да Ёселя, прыкупім з сабой што перакусіць. І па булкі да Манькі-Мінервы заедзем. Падтрымаем гандаль шаноўнай удавы і ўласныя стомленыя містыкай арганізмы.
У такія моманты Багуслава на нейкі час верыла, што ў яе ёсць нармальная сям’я, і цяплела на душы. Праўда, невядома, радавацца ці трывожыцца, што з ёй едзе Варакса. Гэтак ангельская каралева не ведала, чаго ёй чакаць, калі запрасіла на службу піратаў кшталту Дрэйка. Іспанскія караблі тыя зладзюгі, вядома, патопяць, але ж і свайго купчыну пад ветразямі ці прапусцяць? Служэнне навуцы і дапамога заняпалым атожылкам арыстакратычных радоў не ўваходзілі ў спіс задачаў пана Вараксы Ніхеля.
Тым не менш яны выправіліся, заехаўшы яшчэ і ў аптэку Герца. Варакса з трывожна-мілай усмешкай папрасіў лекаў, якімі можна дапамагчы пры наркатычным атручванні. Едуць, маўляў, у маёнтак да сваяка, неўраўнаважанага маладога чалавека, які захапляецца какаінам ды іншай багемнай атрутай. Дык каб можна было, калі што, адратаваць, не пасылаючы па доктара… Атрапін на ўсялякі выпадак, дыгітал… Гатовыя заплаціць любыя грошы.
Рудавалосы аптэкар спачувальна паківаў галавой і вынес кучу лекаў, нават шпрыц ды кіслародную падушку, заламіўшы цану, як за філасофскі камень.
Дарога была гэткай жа цяжкой, гразкай, здрадлівай, і яе аднойчы перабег заяц. Вялізны, руды, ён нягегла выкідваў даўжэзныя заднія лапы, і быў ці хворы, ці надта стары. Ужо толькі ад адной такой кепскай прыкметы многія павярнулі б назад… А тут яшчэ і сцямнела, і дождж пасыпаўся, як гарох, хоць і блізка не быў такі ятрасны, як колішняя залева. Ліхтар, які матляўся на круку спераду брычкі, разганяў цемру ледзь-ледзь, абы не ўбіліся ў дрэвы. Няшчаснага каня падганяць было шкада. Адзін раз нават не туды збочылі – давялося вяртацца паўвярсты. Агароджу маёнтка заўважылі толькі тады, калі конь стаў перад замкнёнай брамай.
Але замкнёнай не на засаўкі – а на замок, які вісеў на тоўстай дужцы, зачэпленай за ланцуг, які з’ядноўваў два прэнты. Замок абыякава пазіраў адзіным вокам адтуліны для адсутнага ключа.
Гаспадара няма!
Пустэча маёнтка адгукнулася пустэчай у душы. Але Ніхель, з дапамогай ліхтара ўважліва агледзеўшы дарогу і замок на варотах, запэўніў, што зачыніцца дзікі гаспадар мог і знутры. Але, як ні гукалі, спрабуючы перакрычаць вецер, ніхто адчыняць не збіраўся. Давялося самім… Ніхель умеў і ангельскі сейф ускрыць – аднойчы таварышы з партыі спецыяльна нанялі аднаго вядомага “медзвяжатніка”, сівога інтэлігентнага дзядка, падобнага на дзьмухавец, дзеля практычных заняткаў. У Ніхеля, патомнага зыгаршчыка, выявіліся прыродныя здольнасці да гэтай справы.
І хутка нязваныя госці патрапілі за агароджу з ваўчынымі пысамі.
У канцы прысады больш не гарэў трывожны агеньчык. Затое свяціўся чырвонымі злавеснымі вуголлямі круг на двары, быццам куточак пекла, паволі паміраючы пад дажджом. Ясна – гаспадар данішчаў калекцыю. Не пашанцавала студэнтам.
Варакса трымаў напагатове пісталет, Багуслава кусала вусны: ці жывы пан Шымон? Тое, што ён не з’ехаў, пацвярджала, што ледзь заўважныя сляды на гразкай сцежцы былі толькі ад іх ранішняй брычкі, ды і конь графскі, белы, як туман, па-ранейшаму фыркаў у стайні, накормлены і дагледжаны, і вуглі ў вогнішчы яшчэ не дагарэлі…
Дзверы ў будынак таксама аказаліся зачыненыя. Звычайныя госці пацалавалі б замок ды сышлі.
Напалохалі харта апалай ігліцай. З гэтай перашкодай управіліся яшчэ лягчэй.
У доме смярдзела дымам і жудасцю. На крыкі ніхто не адгукаўся. Вырашылі разысціся, каб хутчэй абшукаць дом. Варакса запаліў газоўку, якую знайшлі ў вітальні, Багуслава ўзяла зняты з брычкі ліхтар-кажан… Рука чамусьці дрыжэла, і цені, здавалася, трэсліся ці ад жаху, ці ад рогату.
–Знойдзем труп – у паліцыю ісці нельга, — халодна заявіў Ніхель. – Прыйдзецца сляды замятаць.
–Яго не так проста забіць! – прашыпела Багуслава, у якой ад словаў Вараксы сціснулася сэрца.
–Толькі ў памяць пра твайго нябожчыка-бацьку дапамагаю дзявочым глупствам…— прагаварыў Ніхель і рушыў на другі паверх.
–Пан Шымон! Дзе вы?
Гаспадар не знайшоўся ні ў водным пакоі. Можа, ён і сапраўды выбег з дому? Носіцца па лесе, напіўшыся атруты, ці зваліўся пад кустом? Пакуль не развіднее, не знойдзеш.
Ліхтар высвеціў у куце сталоўні, сярод якой больш не ўзвышаліся захутаныя ў радно стоды, абраз Маці Божай Адзігітрыі. Вусны самі сабой варухнуліся:
–Калі ласка… Я не вартая… Я забойца… Я душу сваю загубіла… Але гаспадара гэтага дому – пашкадуй. Ён надта няшчасны.
Багуслава шаптала ціха-ціха, сама не разумеючы, чаму ёй так невыносна думаць пра смерць чалавека, які ёй зусім чужы. Якога яна сама яшчэ нядаўна хацела забіць. Святло ліхтара высвечвала сумныя вочы Багародзіцы, у якіх было дараванне для ўсіх. Прыступкі да неба…
А ёсць жа прыступкі ўніз… Багуслава ўспомніла, што Каганецкі спускаўся ў сутарэнні ў канцы калідора.
Тое, што абабітыя жалезнымі палосамі цяжкія дубовыя дзверы не былі зачыненыя, абнадзейвала. Ніхель спрактыкавана пакруціў у руках цяжкі замок з вытанчанымі дэталямі, які бездапаможна павіс на адчыненай дужцы, ацаніў дыхтоўную працу. Ангельскія майстры, не кожны злодзей узламае!
Яны спускаліся ўніз. Святло ліхтароў высвечвала атынкаваныя сцены ў пацёках, там, дзе тынкоўка асыпалася — цагляную кладку з аксамітнымі швамі моху…
Не было ні скарбаў, ні нават экспанатаў кшталту тых, што меліся наверсе, хіба некалькі пастаўленых адна на адну скрыняў у левым куце. Вялікае пустое памяшканне з калонамі, у якія былі ўмураваныя крукі, жалезныя кольцы. На адных нават ланцугі віселі, як у гатычнай вязніцы.
–Проста дэкарацыі для “Шыльёнскага вязня”…— прамармытаў Ніхель.
Багуслава адышла ўправа і раптам ускрыкнула…
–Што такое? – падскочыў Ніхель, бо ягоная выхаванка не мела звычкі ўскрыкваць ад узрушэння. Але і сам застыў на месцы:
–А матачкі мае…
Ля сцяны стаяла клетка, гэтак у рост чалавека. З тоўстых прутоў, якія яшчэ не страцілі бляск. У клетцы, проста на вільготных камянях, тварам да сцяны, ляжаў той, каго яны шукалі. Побач блішчэла пустая бутэлечка з цёмнага шкла.
Не варушыцца… Багуслава, як у сне, паднесла руку туды, дзе на яе шыі яшчэ адчуваўся пацалунак.
Ніхель прысеў перад дзверцай, таксама зачыненай на цяжкі ангельскі замок – у такую можна было толькі паўзком патрапіць, і падчапіў доўгую каляровую нітку, прывязаную да прэнту. На канцы матляўся ключ.
–Цікава, выходзіць, сам сябе зачыніў, і ключ на нітцы адкінуў падалей. Калі на нітцы — значыць, збіраўся адсюль выходзіць.
Пан Варакса працягнуў руку ў клетку, якая была даволі вузкай, шырынёй дзесьці метр, прыклаў пальцы да шыі замкнёнага, на якой блішчэў срэбны ланцужок.
–Жывы!
Яны выцягнулі графа з клеткі – той так і не апрытомнеў, панеслі наверх. Ніхель насмешна лаяўся, якія ж цяжкія гэтыя арыстакраты, таму, відаць, што крыві народнай напіліся, і не забыўся, перш чым сысці з сутарэння, пакласці ў кішэню бутэлечку з-пад падазроных лекаў.
Графа звалілі на ложак у першым-лепшым пакоі, дзе было адчынена. Здаецца, тут жыў Калоцкі. Пакой быў большы за той, дзе пасялілася ў першы прыезд у Жухавічы Багута, і быў больш “жывы”, чым астатнія. Мусіць, аж да самага прыезду страшнага ваўкалацкага графа тут месцілася сямейная пара прыслугі – трэба ж камусьці прыглядаць за маёнткам. Акрамя вялікага ложка, была яшчэ канапа, абцягнутая сінім трохі выцвілым паркалем, шафа, камода, застаўленая таннымі парцалянавымі статуэткамі. Амальгама ў люстэрках трумо пачала адслойвацца, ад чаго ўтварыліся жаўтлявыя плямы, падобныя да выцягнутых твараў.
Варакса перавярнуў Каганецкага на бок і скамандаваў Багуце:
–А цяпер, калі хочаш, каб твой граф прачнуўся, трэба зменшыць дозу атруты ў ягоным арыстакратычным арганізме.
Прывесці нядаўняга вязня да прытомнасці, каб даць лекі, прачысціць страўнік, не ўдалося, і Ніхель упароў у графскую вену, якраз побач са шнарам ад ваўчыных зубоў, укол.
–Усё, больш нічога зрабіць не магу.
Палюбаваўся відовішчам – непрытомны граф дыхаў ледзь чутна, кашуля выгвазаная, пад заплюшчанымі вачыма цені, зрэнкі, як пераканаўся фатограф, прыўзняўшы павека, пашыраныя так, што вочы здаюцца чорнымі… І паблажліва-насмешна прамовіў да Багуты:
–Ну вось табе твая цацка, забаўляйся. А я пайшоў уладкоўвацца. Трэба ў печку дроваў ці кніжак падкінуць, а то так усё выстыне, што не заснем.
І акуратна зачыніў за сабой дзверы.
Шчокі Багуславы запалалі ад сораму і гневу. Можа, тады і яна для Ніхеля цацка? Нічога забаўнага ў гэтай сітуацыі няма. Канешне, наіўна было спадзявацца, што Вараксу можна падмануць маніпуляцыяй з негатывамі. Ён зразумеў яе зацікаўленасць лёсам кульгавага арыстакрата, яшчэ калі папярэджваў пра панскую грызню ў слоіку. Што ж ён задумаў? Нашто насамрэч прыехаў з ёй сюды чалавек, які, на памяці Багуты, ніколі нічога не рабіў дарэмна, але толькі з карысцю для Справы – менавіта так, з вялікай літары… Як другія прамаўляюць “Бог”.
Але зараз трэба клапаціцца пра іншае. Па ўласным дачыненні да морфію ды іншых рэчываў, што даюць здрадлівыя хвіліны шчасця і самазабыцця, Багуслава пераканалася – калі чалавек пасля дозы па-за свядомасцю, нічога не зробіш, пакуль сам не адаспіцца, не адмарыць належнае.
Галоўнае, каб прачнуўся… Багута асцярожна намацала пульс – гарачая, аднак, рука, і цяжкая, нават цяпер адчуваецца, колькі ў ёй сілы. А пульс таненькі, як нітка добрай пралі, і часты.
А гэта вялікае спакушэнне – глядзець на моцнага і гордага чалавека, мацнейшага за цябе, які знаходзіцца ў бездапаможным стане, у прыніжэнні, у тваёй уладзе… Ты цяпер можаш зрабіць з ім усё, што захочаш – і ён ніколі не даведаецца. Багуслава прысела на край ложка, правяла пальцам па носе мужчыны, які ляжаў перад ёй – палец акрэсліў выёміну злева, на пераноссі… Профіль старога ваяра, так бы мовіць. У эпоху мячоў і дзідаў, напэўна, не было мужчыны без адмецінаў на твары. Вось гэтую драпіну на шчацэ пакінуў нядаўна стылет адной неўраўнаважанай рэвалюцыянеркі. У праёме кашулі пабліскваў ланцужок. Багуслава расхінула каўнер, зноў асцярожліва, як злодзей, — на ланцугу вісеў праваслаўны крыж. Веруючы пераварацень, аднак. І срэбра не баіцца.
На ілбе Каганецкага блішчэлі ў цьмяным святле лямпы дробныя кроплі поту.
Фатографка рэзка прыняла руку, якой пацягнулася была да ілба мужчыны.
Што яна робіць…
Нават тады, калі давялося прымаць заляцанні турэмшчыка ды князя, не было так сорамна. Было… непрыемна, як на прыёме ў доктара, часам гідка, але падтрымлівала ўсведамленне слушнасці ўчынку, ды што там – быў нават гонар за свой подзвіг, за ахвяру дзеля справы рэвалюцыі. Яны, абранцы, вышэй за звычайную мараль.
Цяпер апраўданняў не мелася. Бо… непрыемна не было, нааварот… Зусім-зусім наадварот… А забаўляцца, як з цацкай, з непрытомным чалавекам… Багуслава ўскочыла, разгублена гледзячы на смуглявы зблажэлы твар. Лепей знайсці Ніхеля…
Ясна было адно – пакідаць хворага без прыгляду нельга. Можа ванітамі захлынуцца, могуць сутаргі пачацца. Ды і недарэмна ж ён сябе, мусіць, у клетцы замкнуў. Ніхель яшчэ раз уздыхнуў і прапанаваў заначаваць у адным пакоі з патэнцыйным ваўкалакам.
–Урэшце, я неаднойчы з катаржнікамі-крымінальнікамі побач спаў, якія маглі зарэзаць за адну цыгарэту. Ні разу не падлавілі.
Багуслава, згараючы ад сораму пры ўспаміне, як рукі нібыта самі цягнуліся дакрануцца да непрытомнага гаспадара маёнтка, рашуча заняла месца на канапе, і Ніхелю давялося падзяліць ложак з графам. Гэта не павінна было стацца нязручным, бо ложак памерам з невялікі карабель. А праводзіць ночы ў небяспечным месцы, сплючы па чарзе, інквізітарам рэвалюцыі даводзілася часта.
Але нішто не парушыла спакой Жухавіч да самай раніцы. Толькі поўня часам цьмяна свяцілася, як бяльмо, праз хмары. І пад гэтым хворым паглядам, падобным на пагляд са здымка пост-мортэ, варушылася ўнізе, як магільныя рабакі, чорнае голле дрэваў, і фыркалі коні, і выплывалі здані, звыродлівыя пародыі на жыццё… І апошняя ў вёсцы вядзьмарка, скурчаная і сцямнелая, як чарнакорань, дакладна ведала, што да наступнага маладзіка памрэ, і вельмі пакутліва. Бо ніхто не прыйдзе патрымаць яе за руку, каб пераняць згубную шатанскую сілу.
Гэта была ціхая рамантычная ноч.
Раздзел шосты. Ваўкалак і ягоны доктар
Прыстойная паненка ў Вялікім Княстве Літоўскім, нават калі яна дачка магната, павінна была ўмець спячы свянцоную бабку. Сама, уласнымі рукамі замясіць цеста, паставіць у печ. І пасля госці, пакаштаваўшы прысмаку, дружна захапляліся: добрая гаспадыня атрымаецца! Сармацкіх звычаяў пільнуецца дзяўчына, значыць, можна сватоў засылаць.
У Швецыі ў тых жа мэтах паненка мусіць умець прыгатаваць дэсерт “Прынцэса”, шматслойны, з тварожным начыннем і абавязкова з зялёнай міндальнай глазурай.
Багуслава навучылася запякаць у гліне мяса трапна падбітай каменем качкі, смажыць дзічыну на прутках і, калі што, некалькі дзён абыходзіцца без ежы.
На гэтым яе кулінарныя здольнасці, што наўрад уразілі б нават самага непатрабавальнага шляхціча, заканчваліся.
І што? Яна не з тых, каму дораць лілеі, плятуць флердаранжавыя вяночкі і чакаюць ля алтара з належным хваляваннем.
А булкі Манькі-Мінервы ўсё роўна пераўзысці нельга. Варта толькі запарыць да іх гарбаты. Агонь Багута магла здабыць нават з пяску, імбрык на графскай запыленай, запавуціненай кухні адшукаўся…
Апрытомнеў Каганецкі якраз тады, калі Багуслава зайшла ў пакой з двума кубкамі гарачай гарбаты ў руках. Паколькі трэцяй рукі ў госці не мелася, прытрымаць дзверы не ўдалося, і яны зачыніліся за спінай з задаволеным і падступным грукатам…
Каганецкі падхапіўся і сеў на ложку, напяты, як напалоханы звер. Вочы, якія зрабіліся ўжо нармальнага шэрага колеру, аглядалі пакой, нібыта шукаючы шлях да ўцёкаў, пальцы камечылі коўдру, русявыя валасы рассыпаліся па плячах, як быццам імі нядаўна падмяталі падлогу.
–Не раю выскокваць у вакно, рамы наўрад праломіце, — ветліва прагаварыла Багута, паставіўшы кубкі на трумо, што какетліва прысела на выгнутых ножках.
Ніхель, які сядзеў на канапе, як звычайна зашпілены на ўсе гузікі, і ўважліва прагортваў сшытак Масевіча, кінуў праз акуляры востры позірк на графа:
–Добрай раніцы, ваша светласць. Галава не баліць? У вачах шымпанзэ не скачуць, у барабаны не б’юць? Павіяны сонцу не моляцца пасярод пакоя?
Каганецкі як не чуў насмешак, а ўзяўся нервова і пільна разглядаць уласныя рукі, быццам думаў убачыць на іх, як ледзі Макбет, чыюсьці бязвінную кроў.
З рук крывавыя дарожкі не крапалі, пад пазногцямі не застралі шматкі чужой скуры, таму на смуглявым абліччы адбілася палёгка.
–Дзе вы мяне знайшлі? – глуха спытаў, не паднімаючы вачэй, заолаг, нібыта баяўся пачуць адказ.
–Там, куды вы сябе засадзілі, — спакойна адказаў Ніхель, адклаў сшытак і падняўся, як настаўнік перад вучнем, што не вывучыў урок. – І вельмі хачу пачуць адказ, чаму адукаваны чалавек гэтак шчыра лічыць сябе пачварай з народных казак? Вы Праспэра Мерымэ начыталіся? Ёсць у яго аповед “Локіс”, у якім такі ж граф, як вы, толькі больш дагледжаны, ператвараецца ў мядзведзя і забівае каханую нявесту. Эпілепсія і наркатычнае ап’яненне такога эфекту, мушу вас расчараваць, не дадуць.
–Гэта не падстава для насмешак…– глуха прамовіў граф, выціраючы дрыжачай рукой лоб. – Гэта малавывучаная хвароба, якая робіць мяне вельмі небяспечным. Панна Багуслава, выйдзіце…
Апошнія словы Каганецкі прагаварыў такім здушаным тонам, што Багута здагадалася абсалютова правільна і хуценька падсунула бліжэй да графа, які схіліўся з ложка, парцалянавую начную вазу – ваўкалака ванітавала. Прычым ён так энергічна махаў рукой у бок фатографкі, што тая чыста ад шкадобы сапраўды палічыла за лепшае выйсці і даць чалавеку паразмаўляць пра высокае з фаянсавым сябрам.
Калі праз нейкі час Багуслава вярнулася, вакно было — неверагодна – але расчыненае, павута, што назапасілася між рамамі, звісала неахайнымі махрамі, у пакоі гарэзаваў восеньскі вецер, а Каганецкі, трохі зеленаватага колеру, сядзеў, намагаючыся трымаць спіну прама.
–Пан Ніхель распавёў мне, што вас змусіла вярнуцца, кранальны аповед пра разбітыя негатывы, — прагаварыў ён да фатографкі здушаным голасам, у якім, аднак, чуўся гнеў. – І мушу прызнацца, не лічу гэта вартым апраўданнем.
–Баіцеся, што ператворыцеся ў звера на нашых вачах? – насмешна прамовіла Багуслава, хаваючы за іроніяй няёмкасць.
–Любыя страшныя паданні маюць у аснове нешта цалкам рэальнае, — трохі хрыпата заявіў Каганецкі. – Думаеце, вурдалакі – гэта казкі? Але ёсць рэдкая хвароба парфірыя, пры якой парушаецца склад крыві. Скура робіцца бледнай, пасля – цямнее, не выносіць сонечнага святла, ад якога пакрываецца пухірамі і трэскаецца. Пашкоджваюцца храшчы – а значыць, пачварна змяняюць форму нос, вушы, пальцы. На зубах з’яўляецца брунатны налёт, дзёсны робяцца сухімі і жорсткімі, ад чаго здаецца, што павялічваюцца зубы, асабліва калі агаляюцца разцы. Арганізм не ўспрымае часнаку з-за сульфонавай кіслаты, якая там утрымліваецца. А калі хворы парфірыяй памірае, праз нейкі час змены, выкліканыя хваробай, праходзяць, і тады можа ўсчацца вэрхал: нябожчык выглядае лепей, чым пры жыцці! Зубы пабялелі! Значыць, альбо галаву яму адсячы, альбо асінавы кол у грудзі, каб не смактаў па начах кроў.
У акулярах Ніхеля люстравалася постаць пазелянелага Каганецкага.
–І ў чым праяўляецца ваша хвароба?
–Я забіваю людзей, — глуха прамовіў граф і прыўзняўся. – Выбачайце, але мне трэба на другі паверх, у свой пакой.
Дапамогі ён не прыняў, ішоў, гайдаючыся, сам, але і загадваць гасцям, каб не сунуліся за ім, не стаў. Або разумеючы, што зваліцца можа ў любы момант, або проста мала што кеміў у хворым тумане ці сіл не было сварыцца.
Гаспадарскі пакой не вызначаўся ні асаблівай раскошай, ні велічынёй. Вузкі ложак з драўлянай спінкай, засланы бела-карычневым пледам, пісьмовы стол з двума стаўбуркамі, які мог бы стаяць у кабінеце сярэдняй рукі чыноўніка, ды кніжная шафа, што не змяшчала ўсіх сваіх багаццяў. Кнігі грувасціліся на яе версе, былі запхнутыя паўзверх таварышак, якім пашанцавала заняць месца на паліцах. Хіба што на камодзе, як адносная прыкмета раскошы, стаяў адмысловы бронзавы гадзіннік з надпісам “Tempus fugit”, “Час бяжыць” Гадзіннік быў зроблены ў выглядзе паравоза “ў анфас”, перад ім атлет з паголенай галавой, трымаючыся за цяжкія кольцы, спрабаваў спыніць наступ бязлітаснай машыны. Справа атлета, вядома, была ад пачатку безнадзейная. Побач, на пульхным альбоме для фотакартак, як на п’едэстале, святлеў партрэт у белай авальнай рамачцы: вельмі прыгожая дзяўчына, падобная да гераінь моднага мастака Вільгельма Катарбінскага, спевака Смерці, млява нахіліла твар, яе цёмныя вочы-вішні здаваліся такімі даверлівымі, сумнымі, але адчувалася, што маленькія вусны любяць усміхацца…
Багуслава заўважыла, што партрэт быў першым, на што паглядзеў граф, калі зайшоў у пакой. Гэта яшчэ больш прыгнятала, бо са сваёй цяперашняй госцяй Каганецкі нібыта назнарок намагаўся не сустрэцца позіркам.
А вось закратаванае вакно спрыяла змрочным развагам.
Заолаг, хістаючыся, як марак на палубе ў шторм, падышоў да камоды, дастаў з шуфлядкі знаёмую бутэлечку з цёмнага шкла, адкаркаваў, паднёс да вуснаў…
Ніхель нездарма па-ранейшаму лічыўся лепшым баевіком партыі. Праўда, і Каганецкі цяпер быў зусім саслабелы, хоць і не паказваў. Праз пару секундаў ён аказаўся не па сваёй волі ўсаджаны ў фатэль, а бутэлечка паблісквала ў руках фатографа.
–Зараз жа аддайце!
Граф ускочыў, але Ніхель толькі дакорліва паматаў галавой і мякка штурхнуў хворага на месца.
–Не варта нервавацца, дарагі пан Шымон, усё роўна вы зараз не баец.
–Маіх сіл яшчэ хопіць, каб зладзіць з вамі!
Кулакі графа сціснуліся, ён падабраўся, нібыта каб скочыць – што ж, нават паранены тыгр небяспечны, калі яго дражніць. Багуслава ціха прагаварыла:
–Калі ласка, супакойцеся. Мы прыехалі не для таго, каб вам нашкодзіць.
Граф кінуў на госцю незразумелы позірк і зноў утаропіўся ў Ніхеля:
–Забіраць мае лекі – гэта не шкода?
–Вы хоць ведаеце, наколькі яны атрутныя? – сур’ёзна папытаўся фатограф.
–Ведаю. І змірыўся з пабочнымі эфектамі. Пранцы таксама лечаць атрутным мыш’яком, а гангрэну ўвогуле – агнём і пілой.
Каганецкі перавёў позірк на падлогу, нібыта на гэтым пашарпаным паркеце былі вымаляваныя сакрэтныя руны, і глуха паўтарыў:
–Аддайце.
–Добра, я вярну вам вашу атруту, хаця каб я ноччу не зрабіў вам укол атрапіну – вы б не прачнуліся… Але вярну, калі вы дакажаце, што яно таго вартае.
–Вартае? – хрыпла закрычаў Каганецкі і ўскінуўся, як апошні абаронца крэпасці, які не жадае, каб вораг здагадаўся, што сцены засталіся без вояў.— Хочаце пераканацца?
І нечакана бесцырымонна ссунуў з ложка плед, падушкі, коўдру, агаліўшы драўляную спінку, пакрытую цёмна-бурштынавым лакам.
Багуслава з непаразуменнем і міжвольным жахам заўважыла на паверхні выразныя драпіны, па некалькі паралельна, быццам тачыў кіпці вялікі звер. Прыгледзеўшыся ўважліва, дзяўчына пабачыла, што такія драпіны ёсць на ўсіх драўляных дэталях.
–Стары ложак увогуле давялося выкінуць, — змрочна заявіў Каганецкі.
Ніхель пакратаў драпіны ў дрэве.
–І вы хочаце нас упэўніць, што гэта – вашых рук… пардон, пазногцяў справа?
Каганецкі зноў глядзеў у падлогу, плечы былі апушчаныя, як у Атласа, тытана, якому ўзвалілі на спіну купал нябёсны.
–Паверце, я хацеў бы знайсці любое іншае тлумачэнне. Але, калі прачынаўся пасля прыступаў, было… вось такое. Шчасце яшчэ – апошнім часам толькі раз на год, блізу таго дня, калі загінула мая маці. Пані Антаніна прызнавалася, што такімі начамі да мяне баяліся заходзіць. Я… выў, усё крышыў, часам выскокваў праз вакно – пакуль не паставілі краты. Я не ведаю, што рабілася ў такія моманты з маёй косцевай сістэмай, з сілай цягліцаў. Бо не памятаю. Затое памятаю, як прачынаюся – а ў маім роце смак крыві. Чужой. Быццам я грыз свежае мяса. І на руках кроў, пад пазногцямі… Скрываўленае птушынае пер’е на падушцы, ці звярыная поўсць… Страшней за ўсё, праўда, калі пер’яў і поўсці не было, толькі кроў. Гэта сведчыла, што я мог напасці на…
–…на чалавека, — працягнуў Ніхель. – Вельмі цікавая гісторыя. І калі пачаліся вашы прыступы?
–Пасля выпадку ў царкве, пра які я распавядаў вашай дачцэ. Калі выскачыў праз вітраж пасярод службы. Да гэтага была проста эпілепсія.
Граф стамлёна ўсеўся і счапіў рукі, сціснуў так, што збялелі костачкі.
–Удакладню: пасля таго, як ваш бацька ажаніўся, і вы пачалі прымаць лекі, падрыхтаваныя братам вашай мачыхі, – роўным тонам зазначыў Ніхель, які ўсеўся ў крэсла насупраць.
Каганецкі адказаў злосным позіркам:
–Разумею, на што вы намякаеце. Што сваяк мяне труціць. Але ягоная мікстура вылечыла мяне ад эпілепсіі, і замест таго каб гібець тут, усімі пагарджаным вар’ятам, я змог скончыць універсітэт, аб’ехаць увесь свет, заручыцца з цудоўнай дзяўчынай. Вы думаеце, я не спрабаваў ратавацца? Я заняўся біялогіяй, каб зразумець, што са мной адбываецца. Звяртаўся да святароў і наведваў святыні. Крыж спакойна цалую, ад прычасця мяне не курчыць. Хадзіў да дактароў – усе, як адзін, казалі, што я здаровы, як навабранец у гусары. Толькі раз на год прыязджаю сюды, каб перачакаць некалькі дзён прыступу і не прынесці шкоды.
–І для гэтага зрабілі клетку ў сутарэннях, — сцвердзіла Багута, ледзь стрымліваючы гнеў.—Чыя была ідэя?
–Пана Людвіга, — спакойна прамовіў Каганецкі.— І лепей я буду сядзець у клетцы ці на ланцугу, чым… Я шмат думаў пра містычны бок гэтай справы. Згадзіцеся, майго дзеда і бацьку, гледзячы на іх калекцыю, цяжка назваць нармальнымі. Любы святар сказаў бы – прадалі душу д’яблу. Магчыма, іх грахі адбіліся на мне. Я б даўно… скончыў з гэтым, калі б не верыў, што ўтвару яшчэ большы, недаравальны, грэх. Я – пакаранне сваёй радзімы, панове. Але не наважваюся несці ў іншае месца свой праклён. Гэтак пракажоны вяртаецца да маці, і тая яго не праганяе. Да таго ж, гэты дом, напоўнены злом, самае месца для пачвары.
На вакне паблісквала кволае павуцінне, і малы шэры павучок з усяе моцы намагаўся зрабіць сваё сіло больш смертаносным. Што ж, для якой-небудзь мошкі ён і сапраўды быў неадольнай бязлітаснай пачварай. Вось толькі хутка дом, пакінуты гаспадарамі, выстыне так, што і павучок, і ягоныя патэнцыйныя ахвяры стануць нічым, як сурокі і праклёны даўніх гадоў.
–Вы казалі пра забойствы… Вы дакладна ведаеце, што кагось забілі? – Ніхель быў настойлівы, як імператарскі следчы. Пан Шымон падняў на яго памутнелыя ад пакуты вочы.
–Я нікому пра гэта не расказваў… Мой бацька памёр, сказалі, ад хваробы сэрца. Пані Антаніна прывяла мяне ў пакой, дзе стаяла труна, і пакінула сам-насам з нябожчыкам, каб я мог развітацца без сведкаў. І я заўважыў пад кепска зашпіленым каўняром бацькі глыбокія крывавыя драпіны ад кіпцюроў. Мачыха на мае пытанні адказвала так ухіліста, паглядала на мяне з такім жахам…
–…што вы зрабілі “правільныя” высновы, — сярдзіта працягнула Багута.
–Зрабіў, — памаўчаўшы, прамовіў Каганецкі. – А што б вы на маім месцы падумалі? А аднойчы, праз гады, хлопчык з суседняй вёскі, рудзенькі такі кірпаносы смаркач, пачаў кідацца ў мяне шышкамі і крычаць: “Пераварацень!” І я даўмеўся, дарослы дурань: жартам пагразіўся, маўляў, калі я пераварацень, дык хай цяпер баіцца, што я яго загрызу. А хлопчык спалохаўся, расплакаўся і ўцёк. Думаю, паскардзіўся бацькам. Пані Антаніна тады вельмі на мяне сварылася – навошта самому падкідваць ежу пляткарам? Потым настаў страшны для мяне час. Я прачнуўся ўвесь у крыві. Чужой, зразумела, крыві. Памятаю вочы прыслугі, якая гэта ўбачыла. А потым мне расказалі, што хлопчык, які пакрыўдзіў мяне, знік. Нібыта пайшоў у лес у арэхі, адстаў ад сябрукоў… Гэта бацька таго хлопчыка пільнуе мяне са стрэльбай са срэбнымі кулямі, пакляўся забіць. Дарэчы, усе пра гэта ведаюць.
Голас графа гучаў стамлёна, як бы ён расказваў пра нудныя будзённыя справы. Багуслава злавіла скептычны позірк Ніхеля.
–Чаму вы думаеце, што датычныя да знікнення дзіцяці?
–Зразумела, дакладна не ведаю, бо нічога не памятаю, — раздражнёна адказаў Каганецкі. – Бог літасцівы да мяне хаця б тым, што дае забыццё.
– А ваша нявеста здагадваецца пра гэты… данс макабрэ? – Багуслава пастаралася, каб у пытанні не прагучала ценю асабістай зацікаўленасці.
Граф кінуў хуткі позірк на партрэт на камодзе.
–Вы можаце ўявіць сабе маладога чалавека, які расказвае паэтычнай дзяўчыне, у якую закаханы, што раз на год можа з’есці жыўцом зайца альбо прыпозненага мінака? Калі мы пазнаёміліся, гэта быў самы шчаслівы для мяне час. Я вучыўся ва ўніверсітэце, не адчуваў ніякіх сімптомаў хваробы, нават прапусціў візіт сюды – быў у вельмі цікавай экспедыцыі, і – нічога, абышлося. Сустрэў Кацярыну, якая прыехала з бацькамі ў Вену з Расіі… Яна адказала на мае пачуцці, нягледзячы на маё калецтва. Я напісаў радасную навіну мачысе. Пані Антаніна параіла ўсё-ткі прыехаць у небяспечны дзень у Жухавічы. Прыехаў, але, шчаслівы тым, што пазбавіўся праклёну, нават лекі не піў — і тут здарылася гісторыя з хлопчыкам. Вядома, я не стаў рызыкаваць жыццём каханай і паўтараць сюжэт Праспэра Мерымэ. Яна выйшла замуж за іншага дзесяць год таму.
Сорамна, але Багуслава адчула пры гэтай звестцы палёгку.
–І цяпер вы добраахвотна з’яўляецеся сюды штогод і, напіўшыся атруты, па некалькі дзён праседжваеце ў клетцы? – ветліва папытаўся Ніхель.
–Так. Пан Людвіг прыглядае за мной.
Ніхель пабоўтаў перад вачыма вадкасць у бутэлечцы.
–А добрая штука… Яшчэ і языкі развязвае.
І пільна паглядзеў на графа, як зыгаршчык на сапсаваны гадзіннік, перш чым назваць кліенту цану за рамонт.
–Я правільна разумею, што вы згодныя на ўсё, каб вырашыць сваю… ікластую праблему?
–Вы сумняецеся? – халодна прагаварыў Каганецкі і абцёр рукой лоб. –А цяпер дайце лекі…
–Не раней, чым перагавару з вашым доктарам, – упэўнена заявіў Ніхель і ўзняўся. – Вы ўжо абавязаныя нам жыццём, пан Шымон. Калі я дапамагу вам вылечыцца… раз і назаўсёды, вы можаце паабяцаць, што выканаеце маю просьбу?
Заолаг кінуў на Ніхеля іранічны позірк:
–Вы не толькі фатограф, але і экзарцыст-аматар?
Але, памаўчаўшы, глуха адказаў:
–Гэта падобна да казкі, у якой невылечна хворы дае падобнае абяцанне самазванаму лекару. Але мы не ў казцы. Тэарэтычна – так, магу паабяцаць. Просьбу выканаю. Калі гэта не будзе заказ на забойства ці кашчунства. Я, як вы правільна зразумелі, даведзены да той ступені адчаю, што каб перада мной стаяла непісьменная жабрачка альбо юрад з цвінтара і дэкляравалі мяне вылечыць, паабяцаў бы тое самае. Але маё выздараўленне застаецца тэорыяй, спадарства.
–Толькі і ў мяне ўмова! – заявіў Варакса. – Вы не станеце ўмешвацца ў маю размову з панам Людвігам, не раскажаце пра тое, што мы знайшлі вас у клетцы і пасвечаныя ў таямніцу вашай хваробы, і не будзеце прымаць ніякіх лекаў з рук доктара да сканчэння нашай з ім гутаркі.
–Усе вашы падазрэнні дарэмныя, шаноўны Пінкертан, — стамлёна прамовіў Каганецкі. – Доктар Людвіг – чалавек з бездакорнай рэпутацыяй, дабіўся ўсяго ў жыцці сам. Думаеце, ён стаў бы рабіць лекі, экспертыза якіх скасавала б яго кар’еру? Не думаю. А цяпер дазвольце мне пабыць аднаму…
Ніхель рашуча ўзяў Багуславу пад локаць і вывеў з пакоя.
–Ну, дарагая, давай працаваць. Тут, вядома, мала што пазаставалася – але трэба заказ выканаць, каб студэнты адчапіліся. А ваўкалаку нашаму варта адаспацца.
Але важдацца з фотаапаратам Ніхель пакінуў Багуту. А сам узяўся за даследаванне змесціва забранай у графа бутэлечкі. Разліў вохкую празрыстую вадкасць па шклянках, нешта даліваў, змешваў… Недарэмна ў іх асяродку жартавалі, што Ніхель можа зрабіць бомбу нават з аўсянай кашы і рондаля.
Чаму ж насамрэч у гісторыі пана Шымона можна верыць? Багута памятала, як адна пансіянерка, кволенькая ціхмяная дзяўчынка з падслепаватымі вачыма, якія вечна слязіліся, трапіла ў карцэр за нюханне эфіру – распаўсюджаная звычка ў пансіянерак, толькі ніхто больш не папаўся, акрамя гэтай недарэкі. Якая да таго ж не выносіла цемры і замкнутых памяшканняў. У карцэры з ёй надарылася нервовая гарачка. Дзяўчынка крычала страшна, не сваім голасам, і кідалася ў бакі з такой сілай, што яе не маглі стрымаць некалькі дарослых выхавацелек. Усе шапталіся пра бесаў і апантанне… Але, звязаная рушнікамі і напоеная святой вадой, небарака проста заснула, а пасля не памятала нічога. Толькі вырваная з дзвярэй ручка нагадвала пра здарэнне.
Дык чаму ў юнака не магла падчас нервовага прыступу гэтак жа ненатуральна, па-жывёльнаму, павялічыцца сіла?
Багуслава зрабіла на бромжэлацінавай пласцінцы адлюстраванне стода з галавой каня. Праўда, пра тое, што гэты абрубак дрэва — галава каня, фатографка нізавошта б не здагадалася, каб не колішнія тлумачэнні этнографа ды археолага. Радасць будзе Калоцкаму… А больш мала чым можна было парадаваць. Дробныя экспанаты разам з прывязаным да іх старажытным злом знайшлі сваю вогненную смерць, нібы граф старанна працягваў традыцыі мясцовых шмальцоўшчыкаў, вось каб яшчэ патрапіў наладаваць попелам бочкі. Шафа, дзе захоўвалася зачараванае адзенне, стаяла пустая, як труна вурдалака, які выйшаў на паляванне. Згарэлі чарадзейныя кнігі і шаманская вопратка, лялькі ў скрынцы і калядныя маскі. Засталіся егіпецкі камень ды паламаны саркафаг, але якім чынам могуць яны паспрыяць захаванню гісторыі края — невядома.
Што ж, няхай студэнты-шантажысты падзякуюць і за тое. Будуць яшчэ і каменныя стоды зазнятыя, што стаяць ля прысадаў. Незразумела, якім чынам іх збіраюцца знішчыць – але Багуслава падазравала, страх і нянавісць мясцовых жыхароў дасягнулі такой мяжы, што калі гаспадар штосьці і пакіне цэлым, знойдуць спосаб даламаць. У дрыгву завалакуць, урэшце. Тутэйшая дрыгва чаго толькі не прымала… Кажуць, цэлыя палацы ў яе нетрах хаваюцца.
Таму першай новага госця якраз і сустрэла фатографка, якая здымала прытулены пад бярозай, як пачварна павялічаны грыб, чырванаваты камень з высечанымі ў ім вачыма і ротам-шчылінай. Другі камень, пляскаты, быў пакладзены на яго ў якасці “капелюша”.
Госць пад’ехаў на двуколцы, запрэжанай сытай рудой кабылай. І нічогенька ў ім не нагадвала ні Яга, ні Макбета. Звычайны такі інтэлігентны сівы дзядзечка ў капелюшы з мяккімі брыламі, з чорнай жалобнай стужкай на рукаве, з абвіслымі вусамі на мяккім абліччы з носам-бульбінай.
Дзядзечка з цяжкасцю вылез з экіпажу, дастаў з кішэні вялікі ключ і звыкла адамкнуў замок на браме. Цяпер ясна, чаму Каганецкі нідзе не скарыстаў засовы – чакаў візіту. Госць заехаў на двор і… Відовішча кабеты с фотаапаратам, якая спакойна працягвала займацца сваёй таямнічай справай, змусіла прыезджага ледзь не перажагнацца, як пры з’яўленні прывіду.
–Што… што пані тут робіць? Гэта прыватная ўласнасць!
Багута акуратна падкруціла колца на апараце да патрэбнага ўзроўню і толькі тады павярнулася да госця.
–Са згоды пана Шымона Каганецкага ў маёнтку працуе этнаграфічная экспедыцыя. З кім маю гонар размаўляць?
Дзядзечка быў не просты і не баязлівы, але не адразу змог схаваць сваю разгубленасць і незадаволенасць.
–Я брат нядаўна памерлай мачыхі пана Каганецкага, доктар Людвіг Боўнар. І я вельмі здзіўлены, што сваяк, які да таго ж і мой пацыент, прымае гасцей. Яго здароўе апошнім часам пагоршылася.
–А мы нічога падобнага не заўважылі, — як мага больш шырока ўсміхнулася Багуслава. – Падаецца, пан Шымон цалкам здаровы.
Як фатографка і разлічвала, гэтая заява зусім збіла пана доктара з тропу. Ён нават на нейкі час страціў мову. Але нездарма доўгія гады меў справу з вар’ятамі, таму, звыклы да выкрунтасаў чужой логікі, адперхаўся ды асцярожна папытаўся:
–Ці дазволена мне будзе даведацца, літасцівая пані, калі вы апошні раз бачылі пана Каганецкага, і дзе менавіта?
Гаворыць – як масла мажа, а ў вачах трывога, быццам у касіра ў час раптоўнай рэвізіі. Ясна, пан быў упэўнены, што сваяк наглытаўся мікстуры ягонага прыгатавання і ціха загінаецца ў клетцы ў сутарэннях. Не будзем спадара расчароўваць. Ці будзем? Багута зноў узялася наладжваць фотаапарат і знарочыста няўважна адказала:
–Ды пару гадзін таму мы ўсе каву пілі ў гасцёўні.
Доктар зноў заперхаўся… Ад такіх нечаканых заяваў у яго, глядзіш, і сухоты ўваб’юцца.
–Яшчэ раз прашу прабачэння, літасцівая пані, а ці многа вас у экспедыцыі? Пану Шымону шкодзіць тлумная кампанія, да таго ж у доме жалоба.
А гэта ўжо называецца рэкагнасцыроўка. Колькі ворагаў, дзе, што за яны…
–Ды мы яму не перашкаджаем, — ветліва адказала фатографка, цяпер пільна вывучаючы каменны стод з ротам-шчылінай, быццам менавіта гэты пачварны камень быў паважаным госцем, а той, што сядзеў у таратайцы – каменным бескарысным балваном. – Займаемся кожны сваёй справай, служым вялікай навуцы. – Багута падпусціла ў голас пафасу – калі гаворыш такім тонам, абавязкова трэба закаціць вочы ўверх. А цяпер пасентыментальней.– Пан Шымон, сам навуковец, вельмі гасцінны і мілы гаспадар, мы так удзячныя яму за дапамогу. Выбачайце, пан Людвіг, у нас яшчэ шмат спраў.
Вызначэнні “гасцінны і мілы” да пана Шымона на фоне Жухавіч гучалі дзіка.
Багуслава зноў узялася за маніпуляцыі з фотаапаратам, усім сваім выглядам намякаючы: а ехаў бы ты, дзядзька…
І той тузануў лейцы.
І зараз аб’явіцца ў доме раптоўна, як восеньскія грымоты.
А вось гэта кепска… Трэба тэрмінова папярэдзіць Ніхеля, каб госць не заспеў яго за хімічнымі доследамі. Багуслава не доўга думала, улюбёны пісталецік сам сабой слізнуў у руку.
Ад стрэлу ўсхадзіліся вароны, як гандляркі на Ніжнім рынку. Рудая кабылка, відавочна не прывучаная да баявых умоваў, ледзь не перакуліла таратайку, і замест таго каб паперці да дому, пачала кідацца ўбакі. Доктар, з усяе моцы нацягваючы лейцы, ашалела азірнуўся. Багуслава шырока ўсміхнулася і няспешна сунула пісталет за пояс:
–Выбачайце, але надта ж вароны псавалі кадр. Мастацтва і вялікая навука вымагаюць ахвяраў!
Пан Людвіг праявіў годную доктара па нервовых хваробах вытрымку, здушыў словы, што рваліся з ягоных вуснаў, і нарэшце змусіў спалоханую кабылу везці яго да дому з гербом з ваўчынай пысай.
Фатографка, аднак, зараз жа страціла цікавасць да несапсаванага варонамі кадра і хуценька пачала спакоўваць маёмасць фотаатэлье “Ніхель і К*”.
Вядома, джэнтльмен не павінен быў бы дазволіць кволай дзяўчыне валакці на плячы цяжкі апарат з трыногай.
Але джэнтльмэнаў каля дому не назіралася, драўляны бог Хорс мог толькі па галаве, паваліўшыся, стукнуць, а Багуслава ніколі не лічыла сябе кволай. Неяк не да таго ўсё жыццё было. Таму і данесла ўсё да будынку сама, ды яшчэ подбегам.
І якраз патрапіла на душэўную бяседу між Ніхелем і панам Боўнарам, які трымаў у руках абавязковую доктарскую прыналежнасць — скураны сакваяж. Фатограф і доктар паспелі адзін аднаму прадставіцца і займаліся слоўнай эквілібрыстыкай, прычым Боўнар увесь час касавурыўся ў той бок калідору, дзе знаходзіўся ўваход у сутарэнні. Відаць, карцела пераканацца, што там няма сваяка.
Багута акуратна паклала фотаапарат на стаўбурок, прыхінула да сцяны падстаўку.
–А вось і мая дачушка, Багуслава! – радасна заявіў Ніхель, ні на драбніцу не выклікаўшы радасці ў адказ ад субяседніка.
–Мы ўжо знаёмыя з паненкай, — пакланіўся трохі сухавата пан Людвіг, пад капелюшом якога хавалася палыселая макаўка. – Прыемна бачыць, як жанчыны асвойваюць здабыткі прагрэсу. Думаю, фатаграфія можа добра паслужыць медыцыне. Напрыклад, дазволіць зафіксаваць міміку хворых, калі…
Доктар перарваў прамову пра бліскучыя перспектывы шлюбу медыцыны і фатаграфіі, бо з другога паверху па лесвіцы з дужа рыпучымі прыступкамі спускаўся гаспадар уласнай графскай персонай. У ясным пане Шымоне Каганецкім нічога не нагадвала ні змучанага патэнцыйнага ваўкалака, які валяўся на каменнай падлозе сутарэння, ні спрытнага воя, які лёгка ўхіляўся ад стылету шалёнай фатографкі ля каміну “шаманскай залы”, ні змрочнага тыпуса, падобнага да лясніка, які сустрэў этнаграфічную экспедыцыю ў Жухаве… Чорны жалобны касцюм, зашпілены на ўсе гузікі, беллю першаснегу ззяюць каўнер і манжэты кашулі, шаўковы гальштук колеру восеньскай ночы завязаны на дасканала цвёрды вузел. Русявыя валасы акуратна зачасаныя, рукі арыстакратычнай формы, але зусім не кволыя, не спешчаныя, лёгка кратаюць парэнчы… Каб не загар ды не перабіты нос – зусім быў бы рафінаваны свецкі пан. Вось цяпер верылася і ў ягонае прафесарства.
Да задавальнення Багуславы, пан Людвіг не кінуўся да сваяка з абдоймамі, пацалункамі і шчаслівым мармытаннем наконт незямнога шчасця бачыць. Гаспадар і госць паціснулі адзін аднаму рукі цалкам па-сяброўску, але дастаткова стрымана.
–Рады, што ты добра сябе адчуваеш, Шымон, але лячэннем пагарджаць з твайго боку – недаравальна.
— Я памятаю, — адрывіста сказаў Каганецкі, апускаючы шэрыя вочы.
–І я ў чарговы раз прапаную: кладзіся ў маю бальніцу… Дарэчы, твой персанальны дон Радрыга, той няшчасны вар’ят са стрэльбай, які ў цябе страляе, зноў сядзіць у палаце для шаленцаў, напоены бромам, і я вельмі шкадую, што паслухаўся цябе мінулы раз і выпусціў яго. Але давай пагаворым сам-насам, пайшлі наверх, я цябе агледжу…
Боўнар гаварыў так, як павінен гаварыць доктар: уладна-даверліва. Ну як такому адмовіць… Багуслава разгублена паглядзела на Вараксу: няўжо нельга не дапусціць, каб добры доктар, якому яна давярала не больш, чым гаспадыня ювелірнай крамы – сарокам, застаўся сам-насам з гаспадаром?
Але Ніхель толькі тузануў куточкам роту, маўляў, хай сабе.
–А пасля мы ўсе вып’ем гарбаты! – радасна прагаварыў Варакса. – Не так часта ўдаецца пасядзець у інтэлігентнай, навуковай кампаніі, каб абмеркаваць апошнія навіны прагрэсу!
Каганецкі кінуў на фатографа змрочны позірк і моўчкі пайшоў наверх са сваяком.
А калі праз нейкі час лесвіца сумленна зарыпела, папярэджваючы, што па ёй спускаюцца, Ніхель спрытна перакуліў над адным з расстаўленых на стале парцалянавых кубкаў, упрыгожаных намаляванымі пазалочанымі кветкавымі гірляндамі, бутэлечку з цёмна-бурштынавага шкла.
Сталоўня цяпер больш нагадвала сваё першапачатковае прызначэнне, пазбавіўшыся практычна ўсіх змрочных экспанатаў. Нават драўляныя стоды пасля фатаграфавання былі вынесеныя з дому дзеля не вельмі ўрачыстага аўтадафэ. Толькі бронзавы гонг маўчаў сабе, так і спакушаючы хоць лёгенька стукнуць у ягоныя шырокія грудзі і абудзіць нетутэйшыя гукі нябёсных гор. Граф змрочна пацягваў гарбату, у якую Варакса шчодра дадаў вохкіх зёлак, і нават не спрабаваў удаваць з сябе гасціннага гаспадара і падтрымліваць салонную гаворку. Затое доктар стараўся, як мог – расцягваў вусны ва ўсмешцы, абмяркоўваў з Ніхелем ідэі маладога Зыгмунда Фройда наконт лячэння жаночай істэрыі, няслушнасць жывёльнага магнетызму і фізіягномікі.
–Ну чаму ж, фізіягноміка мае пэўныя практычныя досведы! – запярэчыў Ніхель. – Вось па вашым твары, пан Боўнар, я вызначыў бы, што вы – арыстакрат, дваранін з радаслоўнай у некалькі стагоддзяў. Ці не так?
Вочы доктара зрабіліся чамусьці жорсткімі, трохі адвіслая ніжняя губа на імгненне пагардліва прыўзнялася.
–Я не вельмі веру, што прыналежнасць да старажытнага роду і высакароднасць натуры – тоесныя паняцці, а значыць, фізіягноміка тут бяссілая. Наш род дастаткова старажытны, але быў пазбаўлены дваранства.
Ніхель трохі памаўчаў, нібыта просячы прабачэння за тое, што закрануў балючую тэму, але асцярожна працягнуў:
–Многія патрыятычна настроеныя, смелыя людзі патрапілі ў такое ж становішча трыццаць з лішнім гадоў таму…
–Гэта здарылася раней, — цвёрда заявіў Боўнар. — Мой дзед быў удзельнікам падзеяў у Віленскім універсітэце.
–Надзвычай цікава! – Ніхель падкруціў вусы і захоплена ўсміхнуўся. – Значыць, прадзед пана Каганецкага і ваш дзед разам бралі ўдзел у высакароднай барацьбе за свабоду роднага краю і шчасце народа!
Багуславу трохі перасмыкнула ад пафасу, які ліўся гарачай цукровай глазурай. Але разлік Ніхеля быў дакладны: Боўнара таксама перасмыкнула.
–А як звалі вашага паважанага дзеда, пан Людвіг?
–Альдон, — неахвотна адказаў доктар.
Даведаўшыся ад Каганецкага, што прадзед таго іменаваўся Радаслаў, Ніхель пачаў спектакль пад назовам “колькі сентыментальнага пафасу можна змясціць у адзінку часу”.
–Альдон і Радаслаў! Магчыма, яны былі не проста баявымі таварышамі, а братамі па духу, як Гектар і Ахіл. І ратавалі адзін аднаму жыцці, і кляліся ў вечнай дружбе! Нездарма ж сем’і парадніліся…
–Мне нічога не вядома пра такую сувязь, — сур’ёзна адказаў Каганецкі. – Ні бацька, ні мачыха на гэтую тэму пры мне ніколі не гаварылі, не думаю, што нашы продкі добра ведалі адзін аднаго.
–Я веру ў руку лёсу! – заліваўся салаўём Ніхель.— Напэўна, вы, пан доктар, былі рады, калі ваша сястра, няхай зямля ёй будзе пухам, выйшла замуж за такога ж героя, як ваш дзед?
–Героя? – Доктар нарэшце трохі страціў раўнавагу, на ягоных абвіслых шчоках з’явіліся ружовыя плямы. – Так, героем быў наш дзед, які змагаўся да апошняга з царскімі войскамі, які ледзь не згніў у Бабруйскай крэпасці, дзе яго трымалі ў каменнай яме, але каты не змаглі дабіцца ад яго ні слова раскайвання. Ён памёр на катарзе, а ў нас адабралі ўсё — маёнтак, шляхецтва, магчымасць атрымаць добрую адукацыю. Нават прозвішча давялося змяніць – на прыдомак да яго. Мы калісьці былі Трапацкія-Боўнар. Бацька змушаны быў вывучыцца на ляснічага, а чаго каштавала мне паступіць у медыцынскі інстытут і дабіцца права выехаць пасля за мяжу для ўдасканальвання практыкі – гэта толькі які-небудзь Стэндаль можа апісаць. А Радаслаў Каганецкі быў самым шараговым здраднікам.
Граф рэзка паставіў кубак на сподак, аж недапіты напой выплюхнуўся на белы абрус.
–Пан Людвіг, папрашу вас…
–Прасіць можаш, але гісторыі не перапішаш, — жорсткая ўсмешка перакрывіла твар Боўнара, здавалася доктар пастарэў на дзесяць гадоў. – Праўда рэдка бывае прыемнай. Я добра ведаю працэс філаматаў. І ад сведкаў, і з дакументаў. Радаслаў Каганецкі быў маладым магістрантам і асістэнтам прафесара Бекю, які ўзначальваў выяўленне змоўшчыкаў. А паколькі многія філаматы знаходзіліся з панам Каганецкім у добрых адносінах, і неаднойчы ён трапляў у кампаніі, дзе вяліся шчырыя гаворкі – ну а што з захопленых юнакоў узяць — ён змог добра дапамагчы следству.
–І вашага дзеда ён таксама выдаў? – удакладніў фатограф.
Пан Людвіг памаўчаў, кусаючы ніжнюю, трохі адвіслую, губу, быццам дужа не хацеў даваць адказ, але выціснуў з сябе:
–Так.
–Чаму вы пра гэта мне ніколі не расказвалі? – Каганецкі ўскочыў з-за стала і адышоўся да вакна, разбітае срэбнай куляй шкло ў якім было застаўлена дошкай.
–А навошта? – пан Людвіг счапіў далоні ў замок, як бы адгароджваўся ад сумоўцаў. – Ты ж такі разумны… Мог бы і сам скласці два і два. Усе філаматы – хто на катарзе, хто ў высылцы, хто ў выгнанні, хто ў магіле, а твой дзед атрымлівае пасаду ў Маскве, чын за чынам, ордэн Святога Станіслава і становіцца графам. У той час, як нават падазрэнне ў дачыненні да бунтаўнікоў касавала кар’еры. Вядома, срэбранікі Бекю, расплаўленыя пакаральным агнём, апынуліся ў гэтым доме невыпадкова. Дзед твой, містычна настроены, пералякаўся, калі даведаўся пра смерць старэйшага здрадніка. Лічыў сябе праклятым. А як па-мойму, такім і быў.
–Чакайце, пан Людвіг, як жа вы дапусцілі, каб ваша сястра выйшла замуж за сына таго, хто стаўся прычынай няшчасцяў сям’і? – не вытрымала Багута.
Плямы на шчоках доктара зрабіліся ўжо барвовымі, вочы ліхаманкава блішчэлі.
–Мы і блізка не падышлі б да Каганецкіх. Пан Антон сам пачаў заляцацца да маёй сястры. Яна таксама, як і ён, цікавілася акультызмам, круцілі недзе разам стол, духаў выклікаючы, прабач, Божа… Не, я не падзяляў захапленняў Антаніны. Але і не перашкаджаў – я супраць рэзкіх дзеянняў, калі маеш справу з маніяй. І калі яна захацела выйсці замуж за Антона Каганецкага, які збіраў чарадзейныя кнігі і паганскія стоды… Што ж, гэта было справядліва. Хаця б камусь з Трапацкіх-Боўнар вярталася дваранскае званне і радавы маёнтак, маю на ўвазе Пагневічы.
–Не можа быць… Пагневічы заўсёды належалі Каганецкім… – прамармытаў, захінаючы твар рукамі, пан Шымон.
Боўнар злосна засмяяўся.
–Толькі пяцьдзясят гадоў, насамрэч. Ты мусіў чуць, што сканфіскаванае ў інсургентаў перадавалася добранадзейным грамадзянам імперыі.
— Вы ж ведаеце, пан Людвіг – мне нічога тут не трэба, — прагаварыў Каганецкі. — Каб не тастамент бацькі, які забараняў штосьці тут мяняць да смерці пані Антаніны, я б даўно панішчыў калекцыю, а дом перадаў пад бальніцу. І Пагневічы будуць вашы.
–Я ведаю, што ты шчодры і шчыры чалавек, Шымон, — нейтральна прамовіў доктар.
А Багуслава ўсхадзілася:
–Таму вы і не маглі дапусціць, каб ён жыў нармальна, завёў сям’ю?
–Панна Багуслава, вы занадта шмат сабе дазваляеце! – здушана прамовіў Каганецкі, зрабіўшы некалькі крокаў ад цяпер ужо бяспечнага вакна.
Вочы доктара прымружыліся.
–Я часта маю справу з хворымі фантазіямі пацыентаў, падобна, цяпер той жа выпадак. Не ведаю, што вы напрыдумвалі, мілая паненка, але Шымон быў сур’ёзна хворы задоўга да нашай з ім сустрэчы.
–Лікантропіяй? – насмешна прамовіла Багута.
–Маніяй, – адказаў доктар, які ўсё больш і больш страчваў раўнавагу. – А я за час сваёй практыкі бачыў столькі розных маній, што перастаў чамусьці здзіўляцца. Чалавек можа лічыць сябе зэдлікам і суткамі стаяць, скурчыўшыся ў адной позе. Можа ўявіць сябе оперным спеваком – і ў яго раптам з’явіцца дасканалы барытон, які знікне, варта толькі хваробе адступіць. Лунатык у сне бегае па карнізах і нацягнутых дратах, хаця пабудзі яго – па адной дошцы падлогі не пройдзе. Думаю, вы ведаеце пра тое страшнае здарэнне з ваўкамі, якое перажыў у дзяцінстве Шымон. А тут яшчэ радавыя паданні – вы ж бачылі ваўка на гербе Каганецкіх, страшныя мясцовыя казкі… Я не здзіўлены, што ў няшчаснага хлопчыка развілася менавіта такая манія.
–Але я ні разу не чуў, каб маніі лячылі мескалінам, які выклікае самыя моцныя і праўдападобныя галюцынацыі, — нечакана жорстка заявіў Ніхель, маска ветлівага жыццярадаснага паночка зляцела з яго… Як з доктара – маска добразычлівага павятовага лекара. Пан Людвіг пачырванеў, ягоныя пальцы ўвесь час сціскаліся і расціскаліся, нібыта ловячы нябачную жамяру.
–Не разумею, пра што пан гаворыць.
–Я зрабіў аналіз мікстуры, якой вы лечыце графа. Вядома, рэактываў у мяне пад рукой няшмат, і нават каб былі – калі б дагэтуль я не сустракаўся з гэтым надта рэдкім у нашых краях рэчывам, я б яго не пазнаў. Але вось. Вылічыў… – Ніхель не ў знак сабой ганарыўся. — І так у вашы лекі накалбачана сродкаў, якія паслабляюць кантроль свядомасці, выклікаюць панічны стан, а плюс конская доза мескаліну… Ад яе нават апошні флегматык пачне лавіць бесаў альбо ўяўляць сябе варонай у палёце.
–Вы кажаце няпраўду! – ускінуўся Каганецкі. – Каб не гэтыя лекі…
–Вы былі б здаровым чалавекам, — запэўніў Ніхель.
–Не веру!
Каганецкі перавёў позірк на доктара, які ўвесь пакрыўся потам і ўтаропіўся ў адну кропку, быццам бачыў, як набліжаецца штосьці жахлівае, але там была толькі старасвецкая камода з бронзавымі ручкамі.
–Што вы зрабілі з панам Людвігам!
Граф гатовы быў ухапіць Ніхеля за грудкі, але той толькі прымірэнча развёў рукамі:
–Усяго толькі правёў эксперымент! Доктар запэўніваў, што прыгатаваныя ім лекі бяспечныя, а вы ж ведаеце, што добрыя, самаахвярныя дактары нярэдка выпрабоўваюць свае рэцэпты на сабе. Таму ён і прыняў, праўда, не ведаючы таго, уласную цудадзейную супрацьваўкалацкую мікстуру.
Доктар неяк дзіўна затросся і споўз на падлогу, падтрыманы Каганецкім.
–Вы ні разу не бачылі, граф, як пераўтвараецеся ў ваўка. Ну вось і паглядзіце збоку.
Варакса стаяў, злёгку пагойдваючыся ўзад-уперад, як настаўнік, які вырашае, якую задачку зараз даць прыціхламу класу для кантрольнай, і з навуковай цікаўнасцю назіраў, як вочы доктара пад напалову апушчанымі павекамі круціліся, цягліцы патузваліся…
–Зараз ён упэўнены, што рухаецца… Знешнія праявы часовыя – пасля будзе проста глыбокі сон. Але свядомасць працягне бачыць прыдуманую рэальнасць. Мескалін ужываюць індзейцы Чылі, каб перажыць досвед выхаду са свайго цела… Звычайна ўяўляюць сябе ў выглядзе жывёлы альбо птушкі. Прычым галюцыянацыі падлягаюць кіраванню. Яны паўтараюцца, чалавек можа ў прымроеным свеце бачыць сябе ў тым абліччы, у якім хоча, вярнуцца ў тое ці іншае месца. Гэтым карыстаюцца жрацы, скіроўваючы паддоследных, скажам, у краіну мёртвых, на сустрэчу з патрэбным духам.
Голас Ніхеля гучаў спакойна і ўпэўнена.
–Адкуль такія веды? – глуха прагаварыў Каганецкі, які стаяў на каленях ля доктара, падтрымліваючы яго галаву.
–І мне давялося таксама шмат дзе падарожнічаць, пан заолаг. Тым больш наш зямляк Ігнацы Дамейка, філамат і ўдзельнік паўстання 1830-га, зрабіўся рэктарам Чылійскага ўніверсітэту, і я меў да яго рэкамендацыйныя лісты. Трэба было мне нейкі час пабыць удалечыні ад Расійскай імперыі…
Багуслава прысела побач з Каганецкім.
–Давайце аднясем доктара ў ложак. Думаю, ён не хутка прачнецца.
Граф асцярожна вызваліўся, паклаўшы галаву Боўнара на падлогу, узняўся. Удзячнасці на ягоным твары не было і следу.
–Вы разбуральнікі! Я не веру ніводнаму вашаму слову! Я ведаю вас тры дні, а пана Людвіга – амаль трыццаць гадоў! Апаілі чалавека, якому я абавязаны жыццём, абвінавачваеце яго ў змове супраць мяне… Каб ён хацеў мяне забіць – даўно забіў бы. Мог проста не садзіць у вар’ятню таго небараку са стрэльбай, і я даўно спачываў бы ў радавым склепе са срэбнай куляй у вантробах.
–Ну, кулю празэктары дасталі б, — холадна адпрэчыў Ніхель.– А хто тады напісаў бы тэстамент? Вы былі патрэбныя доктару жывым, але залежным толькі ад яго. А вось цяпер за вашае жыццё я не даў бы і дзіравага шэлега.
–Глупства! – закрычаў граф, валасы ўпалі на ягоны твар, і ён адкінуў іх рукой, вярнуўшы сабе неахайнае дзікаватае аблічча вандроўніка. – Пані Антаніна столькі перажыла з-за мяне… З такім, як я – страшна! Сёння – тая самая ноч! За апошнія гады я толькі адзін раз правёў яе прытомны. Я не ведаю, што магу вытварыць, і ведаць не хачу. Лепей – так, у блёкаце… Дайце мне мае лекі, або забяру сам!
Ніхель моўчкі паставіў на стол сакваяж доктара, адчыніў. Бутэлечкі колеру цёмнага бурштыну, напоўненыя таямнічай вадкасцю, стэтаскоп, малаточак ды іншыя звыклыя медыцынскія прылады… А таксама рэвальвер на шэсць набояў, зараджаны, як пераканалася Багута. А Ніхель дастаў нешта, загорнутую ў анучу. Разгарнуў… Збліснула нешта вельмі падобнае да маленькіх садовых грабляў, з вельмі вострымі зубчыкамі.
Фатограф пакруціў прыладу ў руках.
–Нічога не нагадвае?
І, не дачакаўшыся адказу ад графа, пераступіў праз цела доктара і пайшоў хуткім крокам на другі паверх.
Багуслава кранула змрочнага заолага за рукаў:
–Ну што ж вы, пойдзем за ім… Праўду трэба ўмець прымаць.
Вось і падрапаны ложак. Ніхель з сілай правёў сталёвымі грабелькамі па драўлянай спінцы… І там утварыўся дакладна такі самы след, як іншыя, быццам ад кіпцюроў.
–Вось і сакрэт вашай хваробы, пан Каганецкі.
Раздзел сёмы. Пакаранне звера
Даўнейшыя ліцвіны ведалі: каб у безвыходным становішчы выклікаць чароўнага каня, які знясе цябе па край свету, трэба падпаліць тры шматкі авечай поўсці: чорнай, шэрай і рудой, абстрыжанай абавязкова на свята Настусі, апякункі авечай.
Невядома, ці быў у калекцыі графаў Каганецкіх гэты набор для выклікання прывіднага каня, але апошні з роду, падобна, быў зараз гатовы ім скарыстацца. Пан Шымон трывожна глядзеў на сваяка, што кідаўся на ложку, дзе яшчэ нядаўна ляжаў ён сам, вызвалены з клеткі.
–Не атруціцца, не пераймайцеся, ягоная доза была меншай, чым ваша, атрыманая ў некалькі заходаў, — спакойна патлумачыў Ніхель. – Магу прысягнуць – і кроў, у якой вы прачыналіся, і птушынае пер’е на падушцы – дэкарацыі. Як і драпіны на шыі нябожчыка. І ў вакно ў царкве вы скочылі, таму што вас умела накіравалі.
–Можа, скажаце, што і зніклага хлопчыка мачыха з братам спецыяльна забілі, каб на мяне зваліць? – нервова прагаварыў Каганецкі.
–Ну што вы, — усміхнуўся Ніхель, шкельцы ў ягоных акулярах здаваліся двума магічнымі люстэркамі. — Боўнары, на мой погляд – не такія брутальныя злачынцы. Бедны хлопчык, напэўна, сапраўды заблукаў, а гэта выкарысталі. Пан Людвіг прафесіянал, ён жа вас вылечыў ад першапачатковай хваробы. Проста адны і тыя ж лекі, у залежнасці ад канцэнтрацыі таго ці іншага рэчыва, дзейнічаюць па-рознаму. І нічога выключнага ў вашай гісторыі няма. Адзін з маіх кліентаў, што прыходзіў у атэлье дзеля кабінетнага партрэту, гэткі “высакародны бацька” з сівымі бакенбардамі, расказваў пра выпадак у суседнім павеце. Там таксама адзін шляхцюк з-за спадчыны спрабаваў давесці да вар’яцтва пляменніцу. Заарганізаваў з’яўленне прывідаў паводле радавых легендаў… Але нешта перамудрыў, так, што выклікаў бунт мужыкоў, якім штучныя прывіды таксама бяды нарабілі. У свой час нават Марціна Радзівіла, магната з уласным войскам, сваякі абвясцілі вар’ятам і ўзялі над ім апякунства. А вы, сірата з эпілептычнымі прыпадкамі, увогуле лёгкая здабыча. Дарэчы, параіў бы вам яшчэ зрабіць эксгумацыю цела вашага бацькі… Ды не тузайцеся так, што ж вы такі нервовы. Ну а цяпер вы гатовы выканаць маю просьбу, як абяцалі, граф?
Каганецкі з цяжкасцю адвёў вочы ад доктара Боўнара, які доўжыў прыгоды ў толькі яму бачным свеце, і сумна ўтаропіўся ў суразмоўцу. Ягоны смуглявы твар, здавалася, трохі збялеў.
–І што вы ад мяне хочаце, Пінкертан, за ваша расследаванне?
–Каб вы жаніліся на Багуславе. Узялі шлюб у царкве.
Не, фатограф зусім не жартаваў. Як кажуць на Украіне, барані нас, Божа, ад пана Яна, казінага кажуха, саламянага капелюша, вярбовых дроў.
–Лухта! – Багута адчувала сябе, быццам яе аблілі гарачай смалой, і вось-вось зверху высыплюць мех пер’яў. – Навошта табе гэта, Варакса?
Ніхель супакойваюча пагладзіў яе па плячы, дзяўчына сярдзіта скінула яго руку.
–Ну-ну… Вам неабавязкова гуляцца ў сямейную пару, закупляць каптуры з карункамі і дзіцячыя хадункі. Але Багуслава павінна атрымаць статус законнай графіні Каганецкай. А тады вы, пан Шымон, адразу выправіце ёй пашпарт, з якім можна ездзіць за мяжу. Думаю, не трэба вам ужо тлумачыць, хто мы і чым займаемся. Тым больш падрабязнасці я магу распавесці толькі ў тым выпадку, калі вы згодзіцеся стаць адным з нас ці калі мне давядзецца вас пасля забіць.
–Баюся, ні першае, ні другое не варыянт, — насмешна пакланіўся граф.
Ніхель гэтак жа пакланіўся ў адказ.
–Таму спынімся на вашым, так бы мовіць, ліберальным сузіральным спачуванні. Якім бы вы ізгоем у гэтай краіне сябе ні лічылі, граф, ваш тытул застаецца сапраўдным і адкрывае дзверы ў такія месцы, куды чалавеку простаму не патрапіць ніколі. Для нас такі легальны спосаб проста неацэнны. Калі ў вас ёсць забабоны наконт гонару рода – дык ваша нявеста шляхцянка, і па маці, і па бацьку, і народжаная ў законным шлюбе.
Каганецкі разгублена зірнуў на Багуславу, і ад позірку ягоных шэрых вачэй у яе душы паднялася гарачая хваля, вось-вось затопіць, не вынырнуць…
–Я адмаўляюся! – выдыхнула дзяўчына. – Што за фіглярства… Мяне ўсё адно могуць выкрыць! Абыходзіліся дагэтуль фальшывымі пашпартамі, будзем і далей…
–Ты павінна да Калядаў стаць сапраўднай графіняй Каганецкай, — жорстка прамовіў Ніхель. – Граф прадставіць цябе, як сваю жонку, у так званым вышэйшым крывасмоцкім свеце… І няхай тады з’язджае па навуковых справах. Упусціць такі шанец?
Багуслава разумела, што Ніхель вельмі нават мае рацыю. Як гаворыцца, бакалаўру, не драмайце, бярыце пірог ды кусайце… Легальны пашпарт! Статус графіні! Як гэта прыдасца… Да таго ж яны з Ніхелем ужо колькі біліся, спрабуючы патрапіць у спіс дапушчаных на ўрачыстыя мерапрыемствы, калі прыедзе хтось з імператарскай сям’і на адкрыццё дрэваапрацоўчага заводу! Ніхель усе надзеі ўскладаў, што яму дазволяць здымаць там, але пайшлі чуткі, што гэтага гонару будуць удастоены толькі спецыяльна прывезеныя з Пецярбургу майстры камеры абскуры. А новаспечаная графіня Каганецкая, да якой прыцягнутая, няхай і нядобразычлівая, цікавасць усяго павету, несумненна будзе сярод ганаровых гасцей – трэба ж мець магчымасць абгаварыць выскачку, папрыніжаць яе, маўляў, дарагая залатовачка, каля рубля ляжала.
Але Багута не магла… Ну проста не магла пагадзіцца… Гэта было ўсё роўна як доўга чакаць, пакуль апусціцца проста ў рукі срэбрагалосы жаўрук, а добры дзядзечка са стрэльбай кінуў яго табе скрываўленым камяком, які ўжо ніколі не зможа ні ўзляцець, ні заспяваць.
–Вы таксама зацікаўленыя, граф, — ветліва звярнуўся Ніхель да Каганецкага. — Калі ў вас будзе законная жонка – без яе згоды вас не змогуць гвалтам запхнуць у лячэбніцу, прызнаць недзеяздольным, адабраць маёмасць. Не ведаю, ці здагадваецеся вы, што ваш сваяк, на выпадак, калі адмовіцеся добраахвотна легчы ў ягоную бальніцу, падаў прашэнне аб прымусовым змяшчэнні вас туды як небяспечнага для самога сябе і бліжніх маньяка.
Каганецкі нервова прайшоўся па пакоі, кінуўшы змрочны позірк на цела Людвіга Боўнара.
–Згаджайцеся! Ціхае вянчанне, некалькі кароткіх сумесных візітаў – і адпраўляйцеся ў Вену. Як альтэрнатыва – палата для шалёных у павятовай лячэбніцы, уціхамірвальная кашуля, паголеная галава, ледзяны душ, электрашок і замглёная хімікаліямі свядомасць… Вы ж бачылі неаднойчы, як згасаюць у няволі жывёлы. Вам хочацца такой жа долі для сябе? Да таго ж,– твар Ніхеля неяк дзіўна тузануўся, – можаце мець яшчэ і прыемнасць… Вас жа з Багуславай фізічна цягне адно да аднаго… Яна дастаткова прывабная ў ложку.
Апошнія словы, напоўненыя жоўцю, нібыта міжволі вырваліся ў Ніхеля – няўжо банальная рэўнасць? Багуслава сцялася, як ад холаду. Граф ірвануўся да фатографа:
–Не смейце гаварыць у такім тоне пра панну!
–Ну вось, вы самі прызнаеце, што яна вам неабыякавая! – прымірэнча развёў рукамі Ніхель. –Згаджайцеся, выбару ў вас няма.
Каганецкі вінавата глянуў на Багуславу, якая стаяла, утаропіўшыся некуды ў кут, і адчувала, што яшчэ трохі – і ганебна расплачацца.
Граф змрочна загаварыў:
–Адчуваю сябе Сехісмунда, прынцам з п’есы Кальдэрона, які паводле прадказання зорак павінен быў стаць жорсткім, як звер, і таму бацька трымаў яго на ланцугу ў вязніцы, дзе той, аднак, паказваў сябе як філосаф і паэт. Тады яго пашкадавалі, перанеслі ў палац, запэўнілі, што вязніца – толькі сон, а ён – магутны кароль. Аднак, атрымаўшы ўладу, Сехісмунда якраз і праяўляе сябе як жорсткі звер. Таму я пагаджуся на вашы ўмовы – але толькі пасля апошняй праверкі… Былі ў маім жыцці непрыемныя выпадкі, якія я аніяк не магу вытлумачыць падступнасцю пана Людвіга. Чакайце…
Каганецкі выскачыў з пакоя, пачуліся ягоныя няроўныя паспешлівыя крокі на лесвіцы. Багуслава са сціснутымі кулакамі падышла да Ніхеля:
–Ненавіджу! Як ты можаш гэтак прыніжаць мяне?
Фатограф на імгненне адвёў вочы, але ягоны інтэлігентны твар зноў выказваў толькі ветлівасць.
–За свае непрыстойныя словы прашу прабачэння. Гэта было няварта рэвалюцыянера. На нейкую хвілю прачнуліся патрыярхальныя інстынкты – аддаю сваю жанчыну другому… Прабач…
Ніхель схіліў галаву ў пакаянным паклоне.
–А ўсё астатняе – мусіш прыняць. Не дазваляй, каб дурныя жаночыя слабасці ператварылі цябе ў здрадніцу. Ты ведаеш, што мы робім са здраднікамі.
Багуслава ўскінула на настаўніка светлыя вочы – калі бывае ільдзяны агонь, гэта пра яе пагляд.
–Ты мне пагражаеш? Пасля ўсяго…
–Я хачу, каб ты не забывалася, хто ты! – жорстка прамовіў Ніхель. – І хто – ён. Слабак, нашчадак здраднікаў. Табе падабаецца ягонае дужае цела, дзікае аблічча вандроўніка… Скарыстайся! Спатоль цялесную прагу, каб яна не перашкаджала на шляху, але каб галава заставалася халоднай, каб прынесці карысць Справе! Помні, хто ты!
Я – забойца… Багуслава сціснула тонкія вусны… Чамусьці словы Ніхеля, такія справядлівыя, падаліся ёй няправільнымі. Скарыстацца… Так, як Ніхель даў ёй свае паслугі ў ложку – і прыняў узамен ейныя. У, так бы мовіць, гігіенічных мэтах.
Якія яны ўсё-ткі пачвары. Міхал Калоцкі меў рацыю.
Між тым вярнуўся граф, трымаючы ў руцэ спісаную паперчыну. Русявыя валасы звязаныя ў хвост, вочы глядзяць асуджана-сумна.
–Вось…
Ніхель паправіў акуляры і ўчытаўся ў акуратныя літары:
–“Я, Шымон Антонавіч Каганецкі, па ўласнай волі сыходжу з гэтага жыцця…” Што за блёкат?
–Гэта на ўсялякі выпадак, — цвёрда патлумачыў граф, адабраў у Ніхеля паперку, акуратна склаў і дэманстратыўна сунуў у кішэню. – Я не стану піць лекі, але гэтую ноч правяду ў клетцы. І папрашу вас, Багуслава, аказаць мне паслугу… – граф зірнуў на навязаную яму нявесту. – Вы паназіраеце за тым, што са мной адбываецца. І калі пераканаецеся, што я ўяўляю небяспеку для людзей, што мяне не вылечыць — зрабіце ласку, пастаўце свінцовую кропку. Думаю, неабавязкова срэбную, пазначаную крыжам – свінец таксама добры сродак. Лячэбніца – гэта сапраўды… пакутна. А калі я застаюся маньякам – на свабодзе мяне пакідаць нельга. Можаце паабяцаць, што зробіце гэта? Пасля ўкладзеце зброю мне ў руку, а пан Людвіг засведчыць самазабойства. Калі верыць вашым высновам – з задавальненнем.
Багуслава стаяла, знешне спакойная, але ўнутры ўсё трымцела.
–Перастаньце ламаць камедыю, граф, — раздражнёна прамовіў Ніхель. – Разумею, вас так запалохалі, што вы ўласным вачам і адчуванням не дасцё веры. Адпраўляйцеся ў вашу клетку, абрастаць поўсцю. А раніцай, ужо выбачайце, калі пабегаць ваўком не здарыцца, пойдзеце пад вянец. Думаю, мне ўдасца ўгаварыць аднаго папа на тэрміновае вянчанне.
У сутарэннях было халадней нават, чым на вуліцы, і сыра. Здавалася, любая рэч за некалькі гадзінаў тут павінна пакрыцца плесняй. А гукі набывалі незвычайную выразнасць. Кожная кропля падала на камяні, як свінцовы шарык, галасы мацнелі, як у храме. Багуслава прымацавала ліхтар на адмысловы крук на сцяне, і цені спалохана шугануліся па кутах, быццам нават яны, бясплоцевыя, баяліся двух жывых істотаў, якія прыйшлі на заходзе сонца сюды.
–Дзякую, што не адмовілі мне, — патэнцыйны ваўкалак, стоячы перад клеткай, узяў Багуславу за руку цёплай сухой рукой, раптам схіліўся і пацалаваў яе даланю. – Я буду бласлаўляць вас… дзе б раніцай ні апынуўся.
–Не магу сказаць пра сябе тое самае, — Багута пастаралася, каб голас прагучаў як мага больш насмешна і халодна. – У мяне надзвычай арыгінальнае спатканне з… жаніхом.
–Прабач, я ведаў, што раблю табе балюча… Але хачу, — я эгаіст, я пачвара, — каб цяпер са мной была менавіта ты. — Каганецкі раптам абхапіў далонямі твар Багуславы і пацалаваў яе… І вусны яго былі гарачымі і пяшчотнымі, а сам ён быў моцны і адчайны, і гэта ўсё было ўпершыню. Бо тое, што зведала Багуслава дагэтуль – мужчынскія дотыкі, пацалункі, ласкі — было як пясочныя кулічыкі, няхай і ўпрыгожаныя кветачкамі ды каменьчыкамі, у параўнанні з сапраўдным хлебам. І ўсё было вельмі правільна: ягоныя пальцы, што сціскалі яе плечы так, што, напэўна, застануцца сінякі, і ягоныя ўладныя вусны, і тое, што ў двух чалавек не было будучыні.
Пры любым раскладзе.
Ён паглядзеў у яе светлыя вочы:
–Паабяцай, што ў цябе хопіць мужнасці… Калі што…
–Як толькі ў цябе вырасце хвост, прыстрэлю, не хвалюйся.
Багуце хацелася дзіка засмяяцца ад абсурду сітуацыі. Каганецкі тройчы перахрысціўся, прачытаў кароткую малітву, залез, сагнуўшыся, у клетку, выпрастаўся.
–Замыкай.
Яна павярнула два разы ключ у адтуліне цяжкога ангельскага замка і паклала яго ў кішэню кардыгана.
Граф і тэрарыстка глядзелі адно на аднаго праз краты.
–Што цяпер? – яе вусны гарэлі.
–Ну, у нас як бы ноч перад вяселлем. Можам уявіць, што гэтыя прэнты – аналаг мяча, які ў сярэднявеччы рыцары ноччу клалі між сабой і дамай сэрца, каб не спакусіцца. Будзем весці духоўныя бяседы, – Каганецкі белазуба ўсміхнуўся.
–Пра норавы шымпанзэ?
–Не горшая тэма… Галоўнае, ні ў якім разе не адчыняйце клетку, нават калі я раптам пачну маліць аб гэтым, не падыходзьце занадта блізка, трымайце навідавоку пісталет, – зноў перайшоўшы на шляхетнае “вы”, Каганецкі шчыльней захінуў чорнае паліто і ўсеўся проста на падлогу, абапёршыся спінай аб сцяну, і глядзеў на тэрарыстку адсланёна, як мастак на рамантычны пейзаж.
–А калі вам у прыбіральню захочацца? – рэзка папыталася Багута, каб зруйнаваць гатычны пафас.
–Тады я папрашу вас адвярнуцца, — насмешна адказаў Каганецкі. – Мне падаецца, вы звыклі да паходнага жыцця, як і я, дзе не да ўмоўнасцяў і этыкету.
Звычка да паходнага жыцця, аднак, не ўратуе ад раматузу, які вельмі верагодна падорыць сядзенне на халодных камянях. Багуслава падсунула бліжэй да клеткі, да адной з калонаў, пустую скрынку, з тых, што грувасціліся ў куце… Нармальны пункт назірання. А граф што, так і збіраецца валяцца на падлозе?
–Самы кепскі мой начлег быў не тут, — паведаміў Каганецкі. – А ў Малайзіі. Мы пацягнуліся ў джунглі, каб паназіраць за снамангамі – так называюць там гібонаў… Дождж ідзе, як быццам яму за гэта плоцяць. Зямлю хаваюць расліны, падобныя да папараці, але зваротны бок пяшчотных светла-зялёных карункавых лістоў увесь усыпаны вострымі калючкамі, якія раздзіраюць скуру да крыві. А на зямлі – п’яўкі. Варта спыніцца дзесь на адкрытым месцы, і вакол цябе – быццам жывы дыван. Спаўзаюцца, заразы, ці на цяпло, ці на трымценне глебы… Паўзуць, ды яшчэ ўвесь час падымаюць галовы, як маленькія змеі, каб лепей зарыентавацца, і залазяць паўсюль. А калі жывёлы знаходзяцца побач, і трэба не варушыцца і маўчаць… Пекла!
–Аднойчы я прасядзела дзесяць гадзінаў на карнізе чатырохпавярховага дома, трымаючыся за скульптурную выяву багіні цнатлівасці Артэміды, — прамовіла Багуслава. – Быў сакавік, ноч і дождж, і ў мяне так скалелі пальцы, што я не адчувала іх і прывязала сябе да багіні шалікам. У кватэры, дзе мы спыніліся, быў ператрус, каля дому дзяжурылі жандары. Пад раніцу яны сышлі, і мне ўдалося залезці на дах і спусціцца па пажарнай лесвіцы на другую вуліцу.
–Мабыць, жандары ўсё ж небяспечней, чым п’яўкі, — задумліва прамовіў Каганецкі, не выявіўшы ніякага жадання распытаць пра падрабязнасці рэвалюцыйнай дзейнасці.—Але і тыя, і другія рэагуюць на нейкі рух, на нечае цяпло… Не, сярод п’явак мне камфортней, чым пад людскім наглядам.
–Добрае выйсце — з’ехаць і забыцца…— горка прамовіла Багута. – Мы з вамі – часцінкі лістабою, які ўвесь час учыняе бура на гэтай зямлі. Зрывае і зрывае лісты, і зносіць іх па ўсім свеце. Мой бацька быў чалавек здольны і смелы. Ён, распавядаў Ніхель, у сваім маёнтку зладзіў мануфактуру па вырабе сілікатнай цэглы – запрасіў майстроў з Галандыі. Што б яшчэ карыснага змог зрабіць – не ведаю… Але быў сасланы на катаргу – і сібірская зямля паглынула яго, як і маю маці, рамантычную шляхцянку… А колькі іх, таленавітых, у сібірскай зямлі! А я – хто? Сваякоў не засталося, маёнткі канфіскаваныя, вырасла ў Сібіры. Мне здаецца, я дасюль прывыкаю да гэтага краю, які да шаснаццаці гадоў не бачыла. Ніхель увогуле лічыць сябе “грамадзянінам свету”…
–А вось гэта глупства,— прамовіў граф, які сядзеў на камянях вязніцы, быццам ля падножжа дуба пасярод жывапіснай паляны.— Не бывае жывых істотаў “увогуле” – хіба ўсялякія стыхійныя духі, прыдуманыя сярэднявечнымі алхімікамі. Кожны звер, птушка, жамяра маюць свой род і арэол бытавання. Птушка з выраю вяртаецца да адной і той жа няўтульнай скалы, Адысей мкнецца да неўрадлівай Ітакі… Ёсць вельмі падобныя між сабой віды птушак, на выгляд не адрозніш, але калі яны спяваюць сваім абранніцам начныя серэнады, спевы розных відаў адрозніваюцца ў некалькіх трэлях… І ў такіх выпадках птушкі адна адну не зразумеюць і не спарваюцца. Гэта значыць – Гасподзь не хоча, каб нейкі род знікаў. У кожным родзе, у кожным народзе закладзены ахоўны код: мова, вера, традыцыі, характар….
–А дзе ж гэты код у тутэйшых? У беларусаў, як называюць жыхароў гэтай зямлі Калоцкі і Масевіч? – з горыччу спытала Багуслава. – Людзі мясцовыя нават не ведаюць, як сябе называць! Мая маці казала, што мы – палякі. Бацька – ведаю са слоў маці, якая яго абагаўляла – называў нас ліцвінамі. У пансіёне мне ўнушалі, што я руская.
–І ўсё-ткі мы належым гэтай зямлі, — задумліва прагаварыў Каганецкі.— На нас – яе пячатка, яе блудных дзяцей, якія дораць свае здольнасці каму заўгодна, толькі не ёй. У нашым універсітэце, у Вене, шмат выхадцаў адсюль. Я не памятаю, каб хоць хтосьці з іх назваў сябе беларусам. Адзін я здзівачыў, назваўшыся.
–А што толку? – прамовіла Багуслава. – Хто будзе памятаць вас тут? Вось, дзесьці за сто вёрст адсюль – радавы маёнтак маіх продкаў, дзе жывуць іншыя людзі, прыхадні, якія праз пакаленні будуць лічыцца карэннымі мясцовымі, а я – назаўсёды – чужынка.
–Як і я…— задумліва прагаварыў Каганецкі, раптам перасунуўшыся бліжэй і схапіўшыся тонкай моцнай рукой за краты. – Паслухайце… І ўсё адно мы – беларусы. Мой бацька, я, Людвіг Боўнар, Калоцкі, Масевіч, няшчасны Панас са сваймі срэбнымі кулямі, вы, Ніхель… Магчыма, у гэтым, у трывушчасці, у здольнасці прыстасавацца, выжыць, прытаіўшы сапраўдную сваю сутнасць, і ёсць наша асаблівасць, наш крыж, таўро, выпаленае на нас сотнямі войнаў, мільёнамі пакутаў? Тут было скрыжаванне культур, кожнае мястэчка – гэта царква, касцёл, сінагога, мячэць ды яшчэ і кальвінісцкі збор… Тут змешваліся розная кроў і розная вера, сустракаліся візантыйская дэспатыя і еўрапейскае вальнадумства… У гэтай алхіміі не магло не выплавіцца нечага адметнага, непаўторнага. І яно не можа проста так знікнуць. Паглядзіце: паўстанне – за паўстаннем, у выніку лепшыя – ці загінулі, ці апынуліся за межамі, забарона на вышэйшую адукацыю – тысячы таленавітых юнакоў зноў з’язджаюць… І ўсё адно – аднекуль тут бяруцца таленты, якія жывяць іншыя культуры!
–Ваша праўда, – задумліва прагаварыла Багуслава. – Ніхель згадваў паўстанца Ігната Дамейку, які стаў нацыянальным героем Чылі… Адольф Янушкевіч даследваў побыт казахаў. Вы, пан Каганецкі, друкуеце навуковыя працы ў Аўстрыі і Германіі.
Багуслава прысунулася таксама бліжэй, цяпер граф быў ад яе на адлегласці выцягнутай рукі, глыбокія цені надавалі ягонаму твару сумную ўрачыстасць.
— Нашы знаёмцы, Калоцкі ды Масевіч, страшэнна мяне раздражнялі, але пасля знаёмства з імі мне ўпершыню прыйшла ў галаву такая думка… Калі-небудзь тут узнікне ўніверсітэт, дзе ўсё будзе на беларускай мове, – раптам сказаў Каганецкі. – Я не дажыву. Але ў гэтага народа хопіць моцы нарадзіць тых, хто напоўніць яго сцены сваім талентам.
–А для гэтага павінна абрушыцца імперыя, — упэўнена прагаварыла Багуслава. – Павінна разбурыцца сістэма, якая знявольвае і асобнага чалавека, і асобныя народы. Якая знішчае ўсіх, хто думае не так, верыць не так і карыстаецца не той мовай. Сістэма, якая трымаецца на гвалце, страху і мане, у якой чалавек не мае права жыць, дзе хоча, толькі таму, што ён іншай веры, а таленавіты юнак не можа атрымаць адукацыю, бо не таго саслоўя. Калі галодны бунт уціхамірваецца кулямі, а паэту забараняецца пісаць, як дыктуе яму талент. Мы зробім усё дзеля таго, каб гэтая сістэма развалілася.
Каганецкі мацней сціснуў прэнт.
–А якім коштам? Якімі сродкамі, Багуслава? Няўжо вы думаеце, што калі заб’яце пэўную колькасць людзей у гэтай дзяржаве, астатнім будзе жыць больш шчасна? І хто прыйдзе на змену цяперашнім уладарам? Былыя тэрарысты, для якіх жыццё чалавека – парушынка?
Багуслава ўскочыла са сваёй скрынкі – цяпер яны былі зусім блізка адно ад аднаго.
–Адразу відаць, што вы – унук здрадніка!
–А я і не гуляю ў праведніка, — жорстка адказаў Каганецкі. – Мае продкі пакаленнямі трымалі прыгонных, білі іх на стайні, садзілі ў рагаткі… У экспедыцыях я міжволі выконваў “місію белага чалавека”, і колькі заўгодна можна спачуваць непісьменным бедным плямёнам, але калі ад сквапнасці, падлючасці і баязлівасці наймітаў можа загінуць экспедыцыя, калі бачыш, што тубыльцы вось-вось ператворацца ў гіенаў, а падлай станеце вы, белыя, сытыя, багатыя, уладальнікі такіх каштоўных бліскучых прадметаў… Я не саромеўся ўжываць сілу, якую некаторыя неразвітыя розумы толькі і шануюць. – Граф сціснуў кулак, і Багуслава ўявіла, як у стэпе ці гарах у ім заціснуты пісталет, шабля ці бізун. — Людзі не павінны так абыходзіцца з людзьмі, згодны. Я ведаю, што самадзяржаўе мусіць скончыцца, што так, як цяпер – нельга, ганебна… Але што прапануеце вы, Багуслава? Бомбы? Раздзяленне на прыгнятальнікаў і прыгнечаных, і першых усіх – пад нож? Як было падчас французскай рэвалюцыі, калі вулічны патруль адпраўляў на гільяціну ўсіх, хто меў “спешчаныя” рукі, і не мела значэння, гэта барон, вучоны, музыка, ці настаўнік… Каму сталася лепей, калі забілі Аляксандра Другога? Ён рыхтаваўся да ліберальных рэформаў, а пасля ягонай гібелі выбухнуў час цемрашальства, падазронасці…
–З-за такіх, як вы, і пануе цемра! – Багуславу калаціла ад гневу. – Па-вашаму, трэба сядзець, чакаць, пакуль усё само зменіцца? Не чапаць катаў, няхай яны нас вешаюць, б’юць бізунамі, ссылаюць у Сібір?
–Ёсць іншыя шляхі дзеля зменаў у грамадстве, акрамя брутальных забойстваў, якія толькі даюць падставу для ўзмацнення рэпрэсій,— упэўнена сказаў Каганецкі.
–Агітацыя, прапаганда, мірныя мітынгі, несупраціў… Вы, можа, талстовец, ваша светласць? Ну, напісаў Леў Талстой ліст Аляксандру Трэцяму з просьбай памілаваць царазабойцаў, і што, цар прыслухаўся? Ненавіджу “пакутнікаў за народ” на словах! Някрасаў сачыніў кранальны верш пра тое, як бедны хлопчык пакутліва загінуў, калі ўскочыў на задок карэты, дзе па звычаі былі насованы цвікі дзеля абароны ад такіх спрытных мальцоў. На наступны ж дзень верш абляцеў увесь горад, усе павыдзіралі са сваіх карэтаў гэтыя злашчасныя цвікі… Раптам людзі бачаць – едзе адна, з цвікамі на задку. Абураны натоўп спыніў шыкоўны экіпаж, і з яго выйшаў… Хто б вы думалі? Аўтар згаданага верша Мікалай Някрасаў!
Каганецкі паківаў галавой.
–Вы самі здзівіцеся, калі пераканаецеся, колькі фарысеяў у вашых жа колах. Людзі паўсюль аднолькавыя, Багуслава. Дарвуцца да ўлады – і пачнуць ператварацца ў такіх самых дэспатаў, якіх звалілі, ці яшчэ горшых. Канвент адправіў на эшафот Людовіка XVI, Рабеспьер паслаў на гільяціну Дантона, Рэвалюцыйны Трыбунал прысудзіў да адсячэння галавы Рабесп’ера… Вы вельмі мала бачылі ў жыцці добрага, і мала ведаеце жыццё. Праўда, мне і самому не выпадае асабліва чым тут пахваліцца… Але ўсё ж – не толькі я сяджу зараз у клетцы, але і вы. Не толькі я жыў дасюль пасярод маны – але і вы. Каб было не так – вы не мелі б таго пачуцця віны, якое пячэ вас знутры і змушае да цынізму. У вас самой няма перакананасці ў справядлівасці таго, што робіце, і вас гэта прыгнятае.
Як чорта ні хрысці, усё адно: “У балота пусці”.
–Граф Шымон Каганецкі, ягоная светласць! – здзекліва прасіпела Багуслава скрозь зубы. – Ніхель мае рацыю, вы сапраўды – наш вораг.
–Ну дык забіце мяне. Зброя ў вас пад рукой, — сур’ёзна прамовіў заолаг.
Багуслава, калоцячыся ад гневу і незразумелай тугі, наставіла на яго пісталет. Каганецкі не зварухнуўся, трымаючыся абедзвюма рукамі за краты і не апускаючы нахабных шэрых вачэй, у якіх люстравалася цьмянае святло лямпы.
–Прычакаю, калі ў вас хвост адрасце, — рэзка кінула дзяўчына і ўселася на скрыню, паклаўшы пісталет на калені. Пасля ўспышкі гневу па скуры, як заўсёды, прайшлася марозная хваля.
–Што ж, хутка поўнач, — прамовіў Каганецкі і таксама ўсеўся на старое месца, падпёршы спінай вільготную сцяну. – Магчыма, мне не доўга ўдасца падтрымліваць… чалавечую гаворку.
Багуслава пастаралася выраўняць дыханне – Ніхель вучыў гэтак вяртаць кантроль над эмоцыямі. А ён жа баіцца… Граф сапраўды баіцца – гэтай ночы, сябе, таго, што можа адбыцца… Магчыма, таму і завязаў гэткую гарачую дыскусію! Падобна, што ён гатовы быў справакаваць заўчасны стрэл!
–Вы што, сапраўды верыце, што ў вас вырастуць поўсць і хвост? – усё яшчэ злосна прамовіла Багута.
Каганецкі стамлёна заплюшчыў вочы і адкінуў галаву.
–Не ператварайце мяне зусім ужо ў дурня. Зменіцца не фізіялогія, а паводзіны. Свядомасць. І як гэта будзе выглядаць…
Так, яму сапраўды страшна. Злосць адпусціла Багуславу.
–Вы ж заолаг, біёлаг, павінны быць знаёмыя і з псіхалогіяй не толькі жывёлаў. Спраўджваецца тое, чаго чакаеш, чаго баішся. Пераадолейце свой страх – і пазбавіцеся ад фобіі!
–Я ведаю, — апусціў галаву граф, валасы неахайна звісалі на сіратліва падняты каўнер паліто, так, што можна было прыняць заолага за жабрака. – Але больш за ўсё мы баімся таго, чаго не ведаем. Сведчанне – экспанаты нашай сямейнай калекцыі. А я з дзяцінства жыву сярод аповедаў пра ваўкалакаў. Бачылі наш герб?
–Так…— ускінулася Багута. – І доктар згадваў пра нейкія радавыя паданні. У вас што, сапраўды былі ў продках ваўкалакі?
–Былі, — сур’ёзна сказаў Каганецкі. – Магчыма, гэта проста водгулле паганскіх часоў, калі хтось з прапрадзедаў быў жрацом або правадыром у племені, дзе татэмам прызнаваўся воўк. Герадот апісваў, быццам у тутэйшых лясах жылі неўры, якія маглі ператварацца ў ваўкоў. Магчыма, мае продкі валодалі дарам берсеркерства – як скандынавы. У беларусаў такое апантанне падчас бойкі таксама было распаўсюджанае, і таксама лічылася, што чалавек ператвараецца ў звера. Толькі звярыныя здольнасці ў сямейных сагах падаваліся як станоўчыя – яны прачыналіся ў нас, калі трэба было бараніць радзіму ад чужынцаў. Нібыта як толькі ворагі спыняліся побач на начлег падчас поўні, старэйшы ў нашым родзе ператвараўся ў ваўка і забіваў прыхадняў.
–Сапраўды, карысная здольнасць, — згадзілася Багуслава.—Магчыма, вам варта… як гэта модна цяпер гаварыць? – прымірыцца са сваім унутраным зверам? Тым болей – вы заолаг, у вас гэта лёгка атрымаецца… І замест таго каб баяцца сваёй другой натуры – зможаце яе выкарыстаць. Уяўляеце, спатрэбіцца вам паназіраць за якой рэдкай жывёлінай – раз, на чатыры лапы сталі – і падкрадайцеся, колькі ўлезе… І прыпасаў не трэба ў экспедыцыю браць. Дачакаліся поўні, адрасцілі іклы – і па здабычу… А як рамантычна можна выгульваць свайго мужа, такога чатырохлапага, у шыкоўнай пухнатай скуры, на ланцугу!
–Спадзяецеся выдрэсіраваць ваўка? – фыркнуў Каганецкі, які, на шчасце, не зазлаваў на чорны гумар рэвалюцыйнай нявесты. – Няўжо вы з тых эмансіпэ, якія прымаюць мужчын толькі пасаджанымі на ланцуг і ўтаймаванымі?
Багуслава задумліва пакруціла ў руках пісталет – свой улюбёны, з інкрустацыяй з зялёнага перламутру ў выглядзе ліста папараці.
–Я чытала кніжачку адной такой паэткі, што ходзяць у шалях і капелюшах і робяць выгляд, быццам пад іхнімі нагамі камяні Вальгалы, а не местачковая запляваная шалупіннем семак брукаванка. Ну, вы самі ведаеце такую паэзію, манерна-містычную, дзе у кожным радку Дыянісіі да Цытэры, Даэроны ды Тамрыелі. Але адзін верш цудоўненька можа пакласціся на нашу сцэну… Ён напісаны на аснове антычнага падання: калі пры сустрэчы воўк першым пабачыць чалавека, чалавек знямее.
Багуслава страсянула стрыжанымі валасамі, быццам яны яшчэ былі светлымі і доўгімі, і прадэкламавала, напачатку па-блазенску, але потым усё больш сур’ёзна:
–Воўк, ты ўбачыў мяне не першым.
Я не страціла слоў – о, не.
Мне здалося, што ты залежаў,
Дзікі звер, ад хатняй мяне.
Шкода бачыць, як ты, магутны,
Па траве, як вужака, поўз,
І пагляд твой зрабіўся мутны
Не ад злосці – адчайных слёз…
Фатографка як бы мімаволі ўстала і наблізілася да клеткі, адкуль на яе глядзелі ўважлівыя шэрыя вочы.
–Звер, скуголіў ты так, бо ведаў,
Што ў мяне, пяшчотнай такой,
Столькі жорсткасці воўчай гэткай,
Колькі ўлады ёсць над табой.
Багуслава наблізілася ўшчыльную да клеткі і ўзялася за краты. Пісталет адцягваў кішэню кардыгана.
–Не здыму я з цябе, ваўчышча,
Зачарованы ланцужок,
Каб вярнуўся ў сваё аблічча,
Каб ізноў да людзей прыйшоў,
Каб устаў, малады, прыгожы,
Засмяяўся, пацалаваў…
На Купалле так лёгка можна
Заблукаць між высокіх траў…
Словы злавесна гулка раздаваліся пад нізкімі зводамі сутарэння, быццам гучала старажытная замова.
–Не! Забуду, пераступіўшы,
Праз пакуту тваю – на ўсё.
Як свяціліся, быццам вішні,
Вочы, поўныя воўчых слёз,
Як стагнаў ты, не змогшы болю,
І завыў на мае сляды.
І кацілася рэха полем
У далёкія гарады…
Апошнюю страфу Багута прагаварыла амаль шэптам, углядаючыся ў свайго звера:
–І каціліся з неба знічкі,
І вянкі па рацэ плылі…
Ты ў ваўчыным жывеш абліччы,
Мой… адзіны… на ўсёй зямлі…
Ён ўстаў і паклаў гарачыя далоні паўзверх ейных, што сціскалі халодныя прэнты.
–Я ж табе гаварыў, не набліжайся… Гэта небяспечна…
–Я ведаю.
Пацалунак скрозь краты, з якіх ты вольны выйсці – усё роўна што ананасы ў шампанскім… Прыгожа да манернасці…
–Нагадвае сцэну з оперы…— з некаторай няёмкасцю прамовіў Каганецкі, які, адарваўшыся ад вуснаў сваёй магчымай забойцы, адразу ж адышоўся, прытуліўся спінай да халоднай сцяны. – Прабачце… Сам парушыў правілы бяспекі. Думаю, лепей будзе памаўчаць, каб не правакаваць нешта падобнае.
–Добра, давайце памаўчым, — нягучна згадзілася Багуслава, якой таксама было няёмка. Урэшце, яна не сентыментальная дзяўчынка, і не такое яшчэ бачыла ў жыцці, каб перажываць з-за неўрастэнічнага арыстакрата, які спрабуе вызначыць, вар’ят ён ці не. Няшчаснаму жаўнеру, якога прыгаварылі з-за нязначнай правіны да шпіцрутэнаў, такія б праблемы!
Багуслава зноў уселася на сваю скрынку, прытулілася спінай да калоны… Тут было так ціха… Як у чэраве біблейскага кіта, які паглынуў прарока Іова за тое, што не хацеў ісці прарокаваць смерць грэшнаму гораду. Дзесьці ішлі дажджы, выў вецер, злодзеі задумвалі свае нядобрыя подзвігі на пагібель добрым людзям – а тут было ціха… Так, што Багуслава нават задрамала.
Пабудзіў яе стогн… Ці рычанне?
А-ёй, гэта ж не адна гадзіна прамінула… Што там робіцца з яе паднаглядным?
Багута зняла з крука лямпу, падкруціла як мага болей кнот, каб дадаць святла, і паднесла да клеткі. Граф ляжаў на спіне, проста на камянях, павярнуўшы набок галаву, заплюшчаныя вочы пад павекамі круцяцца… Вось – зноў стогн скрозь зубы… Нейкі… нечалавечы?
А раптам ён сапраўды ператвараецца ў звера? У пачвару? Багуслава разумела, што гэта глупства, забабоны, графская манія, але… На хвілю нават захацелася, каб тут быў Ніхель, рацыянальны, рашучы, нязломны… Што ж рабіць? Зразумела, Варакса строга наказаў – што б ні здарылася, графа не прыстрэльваць… Пакуль не ажэніцца. Вось ажэніцца, выправіць пашпарт – тады хоць скуру з яго лупі на дыванок.
І ўсё-ткі… Раптам…
Пакуль яшчэ не лапа, рука: роўна падстрыжаныя пазногці, пальцы прыгожай формы, але не слабыя, і здрапаныя па-пралетарску – ясна, столькі стодаў пасек граф уласнаручна за апошнія суткі… У куточках вачэй накмеціліся зморшчынкі… Адна, глыбейшая – між броваў, густых і прамых – такія бываюць у людзей, якія не ўмеюць хітрыць. На ўпартым падбароддзі ўжо, здаецца, прабіваецца шчэць… Ці поўсць?
Каганецкі зноў застагнаў-захрыпеў і адвярнуўся да сцяны. Спіць? Перакідваецца ў звера? Ці… памірае? Мінулай ноччу ледзь не памёр жа! А раптам і сёння трэба даць яму ўкол? Ну чаму Ніхель пра гэта не падумаў…
Нешта зусім ціха ляжыць… Дыхання амаль не чутно… Не чутно?
Багуслава доўга не раздумвала, ключ двойчы павярнуўся ў замку, і вось яна ўжо ў клетцы са зверам.
Фатографка паставіла лямпу на камяні падлогі і нерашуча схілілася над мужчынам. Зноў яна разглядае яго, вывучае з нейкай хваравітай цікаўнасцю… Быццам першы раз у жыцці ўбачыла іншага чалавека. Здавалася, за сузіраннем гэтага зусім не класічнай прыгажосці аблічча Багуслава магла праседзець вечнасць… Як углядаючыся ў плынь вады ці ў танец полымя.
Вядома, чалавек заўсёды знойдзе, як сябе апраўдаць. Я гэтага хачу, значыць, мне гэта трэба, а раз мне гэта трэба, я гэтага дамагуся.
Багуслава апраўдвала сваю прагную цікаўнасць… ну, скажам, медыцынскім наглядам.
Та-ак, поўсць не расце… І кіпцюры не вылазяць – а Багуслава ўжо так ярка ўявіла, як гэта адбываецца, і яе хапае за горла страшная лапа…
За руку яе ўсё-ткі схапілі, але не лапай, а рукой. Граф глядзеў у яе светлыя, як лёд, вочы сваймі шэрымі вачыма, у якіх не было, на шчасце, вар’яцтва:
–Вырашылі ўсё-ткі прыстрэліць мяне?
Трэба ж, калі яна паспела прыставіць пісталет да ягонай галавы? Цела зноў само спрацавала…
Багуслава павольна апусціла зброю.
–Вы стагналі. Мне падалося, што…
–Што перад вамі воўк? – Каганецкі сеў – у клетцы было занадта мала месца для дваіх, і яны апынуліся непатрэбна блізка адзін ад аднаго. – І вы не прыдумалі нічога лепей, чым залезці сюды?
–Праспявалі трэція пеўні. Поўня страчвае сваю сілу, – прашаптала Багуслава, чамусьці не робячы спробы вызваліць руку.
–Першыя пеўні пяюць, калі ўзыходзіць зорка Канопус, –таксама шэптам сказаў Каганецкі, не адводзячы вачэй. – Другія пяюць – калі зорка гэтая хаваецца за далягляд. Трэція — на золку, але насамрэч – у чатыры гадзіны ночы… У кастрычніку ў гэты час да сонца яшчэ далёка.
–Але пеўні праспявалі, і цемра больш не мае над табой моцы.
–Наша цемра ў нас…– яго вусны здрыгануліся, і Багуслава зразумела, што зараз зноў пачнецца спектакль пад назовам “я пачвара, прэч ад мяне”.
–І святло ў нашых душах ёсць. Ты ж сам казаў…
Каганецкі асцярожна – як прыручаюць лясное кацяня – правёў рукой па яе шчацэ, адсунуў чорную пасмачку валасоў.
–Ніколі не думаў, што да мяне ў клетку аднойчы падсадзяць пару…
–Ной знайшоў жа па пары кожнай тварыне Божай…
Яна сама наблізіла свае вусны да ягоных… А потым… потым было ўсё роўна, што вакол – сталёвыя прэнты, вільготныя камяні сутарэння, напоўнены чужым злом маёнтак і чорны лес, што страсаў апошнія залатыя лісты, быццам раскаяны грэшнік, які рыхтуецца прыняць схіму і адмаўляецца ад зямной любасці і прыгажосці.
Вось яно як бывае… Аказваецца, і так бывае – калі… кахаеш, хаця пра каханне не было сказана ні слова… Проста пасля такога ніколі больш не захочаш інакшых дотыкаў і ласак, бо гэта будзе такая мана, ад якой памрэ сэрца.
–Думаю, больш гатычнай шлюбнай ночы не было ні ў кога, — задыхана прамовіў Шымон, раскінуўшы рукі так, што адна высунулася праз краты за межы клеткі, а другая абдымала атынкаваную сцяну з вільготнымі рагамі. – Ніводны раманіст не прыдумае!
–Ты і праўда збіраешся ўзяць са мной шлюб? – адсланёна папыталася Багута, чыя растрапаная галава ўтульна ўладкавалася на аголеных грудзях няздзейсненага ваўкалака.
–Панна Багуслава, вы згодны выйсці за мяне?
Прагучала так урачыста, што фатографка не стрымала смеху:
–Нешта наш раман з табой раскручваецца ў адваротным напрамку. Прапанова рукі і сэрца пасля ночы кахання… Цяпер, напэўна, будзем знаёміцца?
–Някепская ідэя… – ягоная рука слізганула па яе плячы, пад расшпіленую кашулю, перашкаджаючы думаць пра штосьці іншае… – І як вас, ясна панна мая, насамрэч завуць?
Багуслава страсянула галавой ад казытлівага шэпту над вухам:
–Багуслава Кленчыц.
–Хутка ты станеш графіняй Каганецкай, — ён уладна прыціснуў яе да сябе. – Не таму, што мяне змушае слова, дадзенае пану Ніхелю. А таму, што не хачу цябе адпускаць. Я так вырашыў яшчэ тады, перад камінам, калі ты мяне ледзь не зарэзала. Але ж хіба я думаў, што ў мяне з’явіцца сэнс жыць? Цяпер – ён у нас абодвух ёсць.
На хвілю ў гэта паверылася… Але дзяўчынка са светлай касой, з пукатымі блакітнымі вачыма, у карычневай гімназічнай форме ўстала з травы і пагразілася пальцам, шыя яе была ненатуральна скрыўленая.
Не забывайся, хто ты!
–Мяне не так лёгка затрымаць, Шымон. — Багуслава выслізнула з ягоных абдоймаў і паднялася, зашпільваючы кашулю. Гарсэтаў рэвалюцыянерка не прызнавала, але на жаночым адзенні ўсё роўна мелася, як на яе густ, зашмат гузікаў, аплікаў і шнурочкаў, так, што часам хацелася іх паабрываць, як цяпер. — Я не з тых, каго можна пасадзіць ля агменю і пакласці на калені вышыванне.
–Я ведаю…—ён таксама ўзняўся і абхапіў яе за плечы. – Зразумей, мне ўсё роўна, хто ты, што зрабіла і мяркуеш зрабіць. Нават калі аднойчы зноў палічыш патрэбным забіць мяне. Я таксама не анёл. Але калі ваўкі абіраюць сяброўку, гэта на ўсё жыццё. Я буду з табой. Захочаш ты ці не, дазволіць гэта Ніхель, ваша арганізацыя, паліцыя, Трэцяе аддзяленне, міжнародная ліга суфражыстак і хто заўгодна, ці не.
Ён няўважна сунуў рукі ў рукавы змятай кашулі, не клапоцячыся пра зашпільванне гузікаў, падняў з падлогі сваё шматпакутнае чорнае паліто і глыбока ўздыхнуў, быццам наважваўся на страшнае.
–Ну што, час выйсці з клеткі… І прызнаць, што ўсё-ткі Боўнары – навалачы, а я – даверлівы дурань. Да таго, як развіднее, яшчэ колькі гадзінаў. І хаця для нас абодвух, як я разумею, не ў навіну праводзіць ночы на голай зямлі і камянях, усё-ткі прапаную перабрацца ў больш традыцыйны ложак.
Раздзел восьмы. Пачвары местачковага жыцця
Гадзіннік на камодзе графскага пакоя, у выглядзе паравозу, які дарэмна спрабуе спыніць атлет, празвінеў ажно дзевяць разоў. Неба за вакном пачало з чорнага рабіцца сумна шэрым, як мокрая тынкоўка альбо радно, якім мастак завесіў сваё палатно.
Таму што неадольна хацелася верыць, што за гэтай шэрасцю, варта тузануць за яе краёчак, адкрыецца каляровы святочны пейзаж.
Толькі ніхто не мог знайсці, дзе ж край панылай завесы.
Багуслава млява разглядала сябе ў пачэпленым на сцяне невялікім авальным люстэрку, якое нібыта было закрапанае дажджом – адслаілася амальгама.
–Напэўна, ты ўсё-ткі звер, вось, пакусаў мяне, нягоднік…
Каганецкі гнутка ўзняўся з ложка, падыйшоў са спіны, правёў па яе шыі рукой, потым вуснамі:
–Гэта пацалункі, а не ўкусы, мадам. А ў вас такая неверагодна пяшчотная…м-м-м… скура… што на ёй павінны заставацца сляды ад найлёгкага дотыку.
–Ай, ты калючы…– Вывернулася яна, усё яшчэ не ў змозе адвесці вачэй ад свайго твару, з якім рама люстэрка з’яднала аблічча яшчэ некалькі дзён таму незнаёмага чалавека. Ёй падавалася, што з яе адлюстраваннем адбылася складаная хімічная рэакцыя, быццам праявілі негатыў, ды ў атрыманае светлае фота яшчэ і дадалі фарбаў.
–Вось гэта – укус, — страшэнна задаволены Шымон прадэманстраваў люстэрку чырвоную пляму на сваім плячы.
Якраз да пары следу ад ваўчыных зубоў на ягоным жа перадплеччы, прысаромлена падумала Багуслава, па чыёй віне і з’явілася адмеціна на смуглявым графскім целе.
–Дзякую…—раптам ціха сказаў Каганецкі і пацалаваў яе ў растрапаную макаўку. – Падумаць толькі – я рыхтаваўся да самай страшнай ночы ў маім жыцці… – ён перарывіста ўздыхнуў, быццам не хапала паветра. — У некаторых відаў жамяры ёсць звычай, паводле якога самка пасля… працэсу з’ядае свайго партнёра, і мне заўсёды падавалася гэта неверагодна агідным і страшным. Ведаеш, я, здаецца, так цябе кахаю, што лёгка пагадзіўся б нават на такі сыход.
–Дзякую за неверагодна вытанчаны камплімент, — з’едліва прагаварыла Багута, не ведаючы, смяяцца ці абурацца, што яе толькі што назвалі людажэркай.
Але словы і кпіны не мелі значэння, бо яны прамаўляліся як бы павярхоўна, так, лухта, бязглуздае шалупінне, якое прыкрывае сапраўдную размову, хвалюючую лучнасць.
–Трэба здабыць табе белую сукенку, — задумліва прамовіў Каганецкі, не адрываючы позірку ад іх постацяў у люстэрку. – Хачу, каб усё было, як належыць.
Багуслава, не паварочваючыся, падняла руку і запусціла тонкія пальцы, якія дасканала ўмелі забіваць, у ягоныя зблытаныя доўгія валасы. Ёй з першай сустрэчы хацелася так зрабіць.
–Ага, вясельную сукенку, яшчэ з аб’ёмістым турнюрам, ста футамі карункаў і кошыкам шаўковых ружаў… Не дурэй. Калі хочацца белага – магу загарнуцца ў прасціну. Хаця прасціны ў тваім маёнтку пахнуць склепам.
–Можна паглядзець сукенкі ў куфрах, што засталіся ад маці, — трохі памарудзіўшы, прамовіў Каганецкі. – Я ні разу туды не зазіраў, бацька, па-мойму, таксама.
Багуслава азірнулася, правяла рукой па ягонай няголенай шчацэ: гэта была кранальная, цяжкая для яго, напэўна, прапанова… Сэрца сціснулася ад таго, што ўсё роўна яна не зможа апраўдаць такі давер. Не зможа застацца з ім. Яна, забойца, належыць Справе, якая толькі яе і апраўдвае.
–Чакай, пагляджу, ці на месцы тыя куфры.
Шымон улез у нагавіцы і, як быў, басанож, аголены да поясу, з распушчанымі валасамі да плеч, смуглявы, з належным наборам шнараў на кандацьерскім целе – быццам перанесены сюды з нейкіх экзатычных выспаў, выйшаў за дзверы. Багуслава пачула ягоныя па-звярынаму ці па-паляўнічаму лёгкія крокі па калідоры. Вось жа кульгавасць не перашкаджае яму ні спрытна рухацца, ні падарожнічаць на далёкія адлегласці. А можа, ён усё-ткі пераадольвае слабасць і боль, толькі не паказвае?
Нявеста… Ёй даводзілася выдаваць сябе за жабрачку, прасталытку, сястру міласэрнасці, свецкую даму, багемную мастачку… Прымяраць белы вэлюм яшчэ не здаралася.
І так хацелася забыць, што гэта ўсяго толькі гульня… Дзеля Справы…
Здаецца, паненка, ты загразла ў гэтай дрыгве так, што любыя спробы выбрацца толькі зацягваюць глыбей. Таму што і выбірацца не хочацца. Бо там, на дне, чакае Вужыны Кароль і бурштынавы палац.
Графу Каганецкаму пасавала б іншая нявеста. Вось такая, з чыстым, незамутненым злачынствамі і прагай помсты позіркам, з цнатлівымі вуснамі, з пяшчотнай ручкай, што падпірае яшчэ па-дзіцячы пульхную шчаку… Багуслава ўзяла ў рукі партрэт былой графскай нявесты, што стаяў на камодзе побач з гадзіннікам, на альбоме для фота. Вядома, рэўнасць была зусім недарэчы. Недарэчы было і злавацца на гэтую невядомую дзяўчыну, але Багуслава не здолела здушыць гнеў. Як магла гэтая красунька, якой дасталося каханне Шымона Каганецкага, адмовіцца ад яго? Яна што, не адчувала ягонай пакуты? Губы закапыліла і адступілася? Суцешылася з іншым… Ды каб хтосьці разумны, настойлівы, шчыра неабыякавы да лёсу кульгавага хлапца з ліцвінскай пушчы распытаўся ў яго пра ягонае жыццё, сабраў некаторыя факты, зрабіў пэўныя высновы, дык інтрыга Боўманаў скончылася б ужо даўно, і ў пана Шымона Каганецкага быў бы іншы шлях.
І не зірнуў бы ён на цябе, дачку катаржаніна, забойцу…
Багуслава паставіла на камод партрэт і ўзяла альбом у скураной вокладцы з металёвымі накладкамі ў выглядзе кветак. Сямейныя здымкі… У самой Багуславы, акрамя аднаго дагератыпу, нічога з мінулага не мелася.
Яна ўселася на ложак, дзе граф столькі разоў прачынаўся ў жаху, і адгарнула старонку… Вось маленькі Шымон Каганецкі. Апрануты, як дзяўчынка, у доўгай кашульцы з фальбонамі, на каленях у прыгожай кабеты ў светлай сукенцы з каўняром пад горла, з высокай прычоскай… Багута ўявіла, як у гэтую схаваную каўняром тонкую шыю ўгрызаюцца ваўчыныя зубы… Не, лепш не ўяўляць. А вось, пэўна, старэйшы Каганецкі – прадстаўнічы мужчына, вусы, бакенбарды, вочы, як у Шымона, толькі вусны з пагардлівай такой складкай, дыхтоўны касцюм, з кішэні звешваецца тоўсты залаты ланцуг гадзінніка.
Сямейныя здымкі былі толькі да таго часу, калі здарылася страшнае на лясной дарозе. Пасля адразу пачыналіся сведчанні студэнцкіх гадоў Шымона Каганецкага. Маладыя дзёрзкія твары, прыўнесеныя ў кадр атрыбуты навукі: кнігі, мікраскопы, нават шкілет, на чэрап якога хтосьці са студыёзусаў, што згрувасціліся побач, уздзеў капялюш, а ў выскаленыя зубы ўставіў люльку. А вось Шымон у экспедыцыях. На фоне гор, са стрэльбай за плячыма, у скураной куртцы, з барадой, толькі вочы свецяцца… У стэпе, трымаючы за аброць каня, нагружанага хатулямі… І, зразумела, са сваімі ўлюбёнымі звярыма: вітаецца за руку з шымпанзэ, трымае на каленях маленькую пуму – заўсёды ж яго цягнула да блізкага знаёмства з драпежніцамі, вось пазіруе, седзячы на слане, не раўнуючы раджа.
І ён без гэтага таксама не зможа, — ясна ўсвядоміла Багуслава. Без падарожжаў, без прысмаку волі і небяспекі. Будзе рвацца нават з залатой клеткі.
Як і яна.
І калі б іх удвох адпусцілі на волю… Падарожнічаць па заснежаных сцежках і распаленых сонцам травах, спаць у намётах, прыціснуўшыся адно да аднаго, цалавацца ў засені платанаў, смажыць на вогнішчы ўздзетую на пруткі, толькі што злоўленую ў празрыстым халодным ручаі стронгу…
Не, гэтага не будзе ніколі. Багуслава страсянула галавой, каб адагнаць блюзнерскія мроі, і перагарнула старонку альбома.
А вось і рамантычная частка біяграфіі. Шымон са сваёй нявестай. Урачыстыя, шчаслівыя… Вось яна адна – у альтанцы, з карункавым парасончыкам, прыціскае да твару букет. Фу, якая банальная кампазіцыя… Багуслава не ўтрымалася, каб не дастаць асцярожна фота і не зірнуць на адварот: так і ёсць, сентыментальны подпіс, маўляў, вечна буду помніць, вечна твая…
Ага, нядоўга трымалася твая вечнасць, паненка!
На апошніх старонках месцілася некалькі групавых здымкаў. Шымон на нейкіх навуковых канферэнцыях, у кампаніі з панамі, якіх можна было ўявіць толькі за кафедрамі ці ў прэзідыумах, а вось, пэўна, ён з сямействам сваёй будучай жонкі…
Погляд на гэты просты здымак, ад якога так і патыхала мяшчукоўскім ціхім шчасцем, змусіў Багуславу здранцвець.
Побач са шчаслівай нявестай, якая цнатліва паклала ручку на сагнуты локаць жаніха, стаяла паўнаватая дзяўчына з круглым тварам, трохі пукатымі светлымі вачыма і радасна ўсміхалася, паказваючы буйныя зубы.
Грукнулі дзверы, адчыненыя без усялякага піетэту босай нагой.
–Вось што знайшоў… Можа, табе закароткае, але можна неяк задрапіраваць, ці што…
Шымон Каганецкі занёс у пакой на выцягнутых руках светлую старасвецкую сукенку, ад якой патыхала нафталінам так, што нервовая моль магла страціць прытомнасць, нават знаходзячыся на іншым паверсе.
Пабачыўшы, на што ўтаропілася Багуслава, граф нахмурыўся, кінуў сукенку на ложак і паспрабаваў узяць альбом з ейных рук.
–Не варта над гэтым пераймацца. Усё прамінула, усё адбалела.
–Чакай…—змярцвелым голасам прамовіла Багуслава. – Хто гэта, вось тут, на здымку?
Каганецкі ўгледзеўся ў альбом.
–Ды проста адна дзяўчына, нават не сваячка Кацярыны. Яе ўдачарылі Каціны бацькі пасля нейкага няшчаснага выпадку, расла ў іх доме, як кампаньёнка адзінай дачкі. Яны, здаецца, выдалі яе замуж, далі добры пасаг.
–Не памятаеш, як яе завуць?
Голас Багуславы гучаў так, што Шымон спалохаўся.
–Ды што з табой? Ніякім бокам гэтая паненка ні да мяне, ні да нашага краю не датычная. Вельмі шараговая асоба, ніякай містыкі. Завуць… Вольга, так, дакладна, Вольга Паніна. Ды што з табой робіцца? Ты як прывіда ўбачыла.
Багуслава выпусціла з рук альбом, які тут жа падхапіў устрывожаны Каганецкі.
–Проста я трынаццаць гадоў пражыла ва ўпэўненасці, што гэтую дзяўчыну забіла.
Ніхель стаяў на першым паверсе з імбрыкам у руках, як быццам спецыяльна чакаў, пакуль пан Шымон і Багуслава сыдуць па лесвіцы. Ягоная ўсмешка была шчырай, як банкаўская аблігацыя.
–Ну што, даражэнькая мая, бачу, у цябе ўсё ўдалося! Я ў табе не сумняваўся! Віншую! І вас, граф, з тым, што выйшлі на двух, а не на чатырох канечнасцях. Пап’ем кавы, і ў шлях!
Багуслава прымружыла вочы, бо ёй здавалася, што нават позіркам яна зараз можа забіць свайго настаўніка. Мала той страшнай праўды, якая ёй адкрылася… Некалькі цынічных словаў – і ўсё напружанне, увесь жах і шчасце гэтай ночы зведзеныя да задання, якое Багуслава паспяхова выканала. Спакусіла ненармальнага графа і ўзяла на кароткі ланцуг.
Толькі тое, што Шымон цвёрдай рукой сціснуў яе плячук, дапамагло стрымацца. Яшчэ настане час усё з’ясаваць і звесці рахункі.
А ў пакоі, тым самым, са стодамі, гонгам і разбітым вакном, дзе чакаў на занадта доўгім стале сціплы сняданак, сядзеў, як нічога не было, на венскім крэсле пан Людвіг Боўнар, быццам на доктарскім кансіліуме. Твар доктара пажаўцелы, пад вачыма прыпухла, але погляд досыць цвёрды. Ніякага раскайвання, сораму, боязі Багута, як ні хацела, не заўважыла ў гэтых азызлых рысах. Толькі змрочная іронія.
–Цябе можна павіншаваць, Шымон? – Такім ветлівым голасам пасля гульні ў карты, жадаючы захаваць годнасць, звяртаюцца да таго, хто выйграў усе твае грошы. – Не думаў, што ты наважышся ажаніцца, але гэта тваё права.
— Пра мае правы лепш не разважай, — скрозь зубы прамовіў Шымон і цырымонна падвёў Багуславу да крэсла.
Ніхель ззяў, як успышка магнэзіі.
–Пан Людвіг цалкам згадзіўся, што сямейнае жыццё стане найлепшымі лекамі для ягонага пацыента, тым больш у такім выпадку не пацерпіць рэпутацыя пана Боўнара. Рэпутацыі ж так лёгка разбураюцца… Людзі ахвотна вераць нават чуткам, што хтосьці з дактароў дае пацыентам атруту. – Фатограф кінуў позірк на адрасата намёкаў, пераканаўся, што той адпаведна тузануўся, і працягваў далей размову з падвойным дном. — Мы з дачкой аднойчы праязджалі мясцовасцю, дзе быў халерны бунт. Няшчасных медыкаў, якія змагаліся з эпідэміяй, абвінавацілі ў тым, што яны атручваюць студні і не лечаць людзей, а заражаюць, і небаракаў-эскулапаў лавілі, збівалі ды кідалі ў тыя студні. Доктар-забойца – гэта, я вам скажу, персанаж, які асуджаны на агульную нянавісць.
Пакой, ачышчаны ад экспанатаў містычнай калекцыі, здаваўся пустэльным і няўтульным, як Рым пасля адыходу гунаў. Боўнар акуратна наліў сабе ў кубак гарбаты, паднёс да носу, прынюхаўся і спакойна адсёрбнуў.
–Так, доктар-забойца персанаж не самы прыемны.
Багута міжволі адчула недарэчную павагу да гэтага чалавека, які не саромеўся здзеквацца над безабаронным хлопчыкам. Але баязліўцам гэты нягоднік дакладна не быў. Нават тое, што прыехаў правяраць свайго паддоследнага адзін, без сведкаў, у такую глухамань – сведчыла пра смеласць. Наяўнасць зброі ў сакваяжы – пра тое, што рыхтаваўся абараняцца. А цяпер ён п’е ці не з таго кубка, у якім яму паднеслі атруту, цудоўна ўсведамляе, што яго могуць зараз забіць ці здаць у паліцыю – але і не ўспацеў…
–А судовае разбіральніцтва, следства – гэта так непрыемна і доўга… Нават калі ёсць рэчавыя доказы і адпаведныя фотаздымкі, – гэтак жа бязвінна працягваў Ніхель. Доктар толькі крыва пасміхнуўся.
–Маеце рацыю, шаноўны. Разумны чалавек стане пазбягаць такога на любых умовах.
–Скажыце мне толькі адно, пан Людвіг, перш чым мы развітаемся з вамі раз і назаўсёды, — раптам цвёрда сказаў Шымон Каганецкі. – Ад чаго насамрэч памёр мой бацька?
Боўнар зірнуў на чалавека, якога труціў доўгія гады, і ўсё-ткі адвёў вочы.
–Можаш забіць мяне, Шымон, але да смерці твайго бацькі я не датычны. Тваё пытанне варта было задаць маёй сястры.
Каганецкі ірвануўся з крэсла, схапіў сваяка за грудкі, ледзь не прыўзняўшы над падлогай, і так прыклаў да сцяны, што са столі пацерушыўся век не мецены пыл.
–Што з ім зрабіла пані Антаніна? Гавары! Ці мне і праўда патрабаваць эксгумацыі, апаганіць бацькаву магілу?
Доктар у моцных руках заолага цяжка дыхаў, але не спрабаваў вызваліцца і не выказваў панікі.
–Ты нічога не давядзеш, Шымон. Ні атрутных рэчываў, ні прыкметаў гвалтоўнай смерці не будзе, я ж у свой час іх не знайшоў. Сястра мая знесла свае грахі на той свет. Адзінае, што магу выказаць, – мой швагра памёр ад моцнага спалоху.
–Так, я помню выраз ягонага твару, калі ён ляжаў у труне, — прагаварыў Каганецкі, страсянуў галавой, быццам жадаючы пазбавіцца страшнага ўспаміну, і гнеўна ўтаропіўся ў сваяка.
–Я не буду падаваць на вас у суд.
Яшчэ раз прыклаў таго да сценкі і грэбліва выпусціў з рук, быццам драпежнік, які пераканаўся, што здабыча не толькі мёртвая, але і пачала гнісці, адыйшоўся.
–Дажывайце свой век у Пагневічах – я напішу дарчую, чужога мне не трэба. Але ў тэстаменце маім вас не будзе. І вас, спадзяюся, больш у маім жыцці не будзе. – Каганецкі адкінуў рэзкім рухам валасы, што закрывалі твар, і дадаў больш стрымана, але з не меншым гневам. — Я цаню, што вылечылі мяне ад дзіцячай хваробы, таму дарую, што калечылі мяне, дарослага. Каб больш я вас не бачыў. Іначай мне цяжка будзе справіцца з жаданнем засадзіць вас у тую клетку, дзе я правёў не самыя лепшыя ночы свайго жыцця, і забыцца вас адтуль выпусціць.
Ніхель задаволена падкруціў вусы, нібыта яму паказалі прыемную аперэтку. Багуслава апусціла руку, якой намацвала ў рукаве стылет. Крывавага фіналу ў гэтай амаль класічнай трагедыі не будзе. Вядома, Шэкспір ці Сыракомля перапісалі б усё па-свойму, але далучаць паліцыю было апошнім, на што б кожны з прысутных пагадзіўся.
Шымон усеўся на месца, Боўнар нервова папраўляў каўнер і гальштук, гледзячы ў падлогу.
–І не раю спрабаваць абвесціць Шымона вар’ятам, — скрозь зубы прагаварыла Багуслава. – Іначай і трупа вашага не знойдуць.
Пан Людвіг падхапіў сакваяж, у якім больш не мелася ні пісталета, ні фальшывых кіпцюроў, ні бутэлечак з мескалінам.
–Веру. На вяселле напрошвацца не буду.
Рушыў да дзвярэй, але ля выхаду затрымаў крок, азірнуўся і нібыта неахвотна загаварыў:
–І ў якасці вясельнага падарунка – добрая парада. Ты не можаш адмаўляць, Шымон, што я ўсё-ткі не аднойчы за гэтыя гады ратаваў тваё жыццё. Паталогія ў табе ёсць, спадчынная псіхічная хвароба, і ты мне быў цікавы як навуковы прэцэдэнт. Вы ўзялі з майго сакваяжу разам з іншым нататнік Радаслава Каганецкага. Раю вам, панна Багуслава, пачытаць яго, перш чым звязваць свой лёс з кімсьці з гэтага роду. Можа, клетка для вашага жаніха, унука згаданага Радаслава, падасца вам сумнай неабходнасцю. Я не забойца. Таму і папярэджваю: у горад N у бліжэйшыя два дні не ездзіце. Калі меркавалі вянчацца там, лепш адкладзіце свой шлюб. Я разумею – вы зараз жа збіраецеся да алтара, бо баіцеся ўсё-ткі, што я магу перашкодзіць.
–Цябе ніхто не баіцца, — важка сказаў Каганецкі, таксама ўзняўшыся. – Насмелься толькі стаць паміж мной і гэтай жанчынай – знішчу. Якая небяспека, па-твойму, чакае нас у горадзе N?
Доктар уздзеў капялюш і крыва пасміхнуўся:
–Непарадкі з уціхамірваннем.
Багуслава і Шымон трывожна глянулі адзін на аднаго, Ніхель перастаў усміхацца:
–З чаго вы ўзялі? Мае назіранні пра гэта не сведчаць.
–Вашы назіранні значаць не больш, чым ёд для лячэння сіфілітычнай язвы, — пагардліва кінуў доктар, як сапраўдную манету побач з фальшывай. – Вы ж ведаеце, хутка адчыніцца гэты выбітны завод, пра які кожны дзень стракоча павятовая газетка. Прыедуць важныя персоны са сталіцы, калі не імператар – дык хтосьці з вялікіх князёў. У чаканні ўрачыстасцяў мясцовыя чыноўнікі гатовыя платы і брук уласнымі языкамі вылізаць, калі будуць ведаць, што іх старанне заўважаць. Вось камусьці прыйшло ў галаву – а можа, даслалі з Пецярбургу таемны ўказ – ачысціць горад наколькі магчыма ад небяспечных элементаў, а гэта значыць – іншаверцаў, іншаземцаў, вальнадумцаў ды ўсіх падазроных.
–Вось у гэта веру, — з нянавісцю прагаварыў Ніхель. – Да гвалту ўлады заўсёды гатовыя.
Боўнар паціснуў плячыма – маўляў, хочаце – верце, хочаце – не.
— Горад жа з гісторыяй, у сямнаццатым стагоддзі бараніўся ад маскоўскіх войскаў так, што расейцы гарматамі сцены на друз паразбівалі, а тады палову месцічаў выразалі. Затое гараджане, што засталіся жыць, пасля адыходу асноўнага войска, выразалі ноччу маскоўскі гарнізон да апошняга барабаншчыка. Мае продкі таксама пастараліся, — ганарыста пасміхнуўся доктар. – Падазроны горад. Не ведаю дакладна, што адбудзецца: ці шчырыя энтузіясты “за веру, цара і Ацечаства” пойдуць яго ачышчаць, ці шпегі падбухтораць купку пралетарыяў ды студэнтаў пабіць вокны эксплуататарам, лавачнікам няшчасным. Галоўнае, вынік: падстава ўладам умяшацца, хуценька навесці парадак, пра што зухавата адрапартуюць. А тады пачнецца расправа. Ператрусы ўчыняць, кагось з гораду выселяць “для іхняй жа бяспекі”, кагось арыштуюць. Многія і самі паз’язджаюць – на час ці назаўсёды. Мне ў бальніцу, ва ўсякім выпадку, даслалі сакрэтны ліст, каб не ўздумалі хаваць у сябе пад выглядам хворых падазроных людзей. Зараз ламаем з калегамі галовы, як лаўчэй замаскіраваць няправільных пацыентаў. Ну ўсё, бывайце!
–А мы з вамі яшчэ пабачымся, пан Людвіг, як дамаўляліся, не забывайце! – кінуў у спіну доктару Ніхель. Боўнар злосна адказаў цераз плячо:
— Хацеў бы, не забудуся.
Багуслава зразумела, што Варакса, маючы на руках доказы Боўнарава злачынства, збіраецца таго выкарыстоўваць для Справы бязлітасна і бессаромна.
І шкадаваць доктара не хацелася.
Тым больш на хвілю з яго твару нібыта спаўзла маска змрочнага спакою – і такой шалёнай нянавісці Багуслава не бачыла ніколі. Асабліва ў тым кароткім позірку, які Боўнар кінуў на былога пацыента – так не пазіраюць пераможаныя, так глядзяць на смяротнага ворага, для якога завостраць яшчэ не адно лязо, каб усадзіць у спіну, і не адну стралу змажуць атрутай.
Доктар сышоў, больш не намагаючыся трымаць спіну прама.
А навіна, якой наўрад ад добрых пачуццяў падзяліўся доктар, была страшнай.
—Ідыёты! — Ніхель нервова хадзіў па пакоі, як быццам ваўкалакам стаў ён. – Спадзяюцца трымаць усё пад наглядам! Ды ніколі натоўп, які ап’янеў ад гвалту і беспакарання, сам не спыніцца!
Цень слізгаў за ім па сцяне, як старанны шпег.
–Гэта ж ваш улюбёны народ, дзеля якога вы гатовыя лезці ў пятлю! – з’едліва заўважыў Каганецкі.
–Натоўп – не народ, не блытайце, — няўважна кінуў Ніхель, заняты сваімі думкамі. – Багуслава, на пару словаў!
Ніхель схапіў выхаванку за руку і вывеў у калідор, не зважыўшы, як тая грэбліва вызвалілася з ягонага захопу. Па калідоры блукаў скразняк, быццам прывід пакутліва шукаў выйсце з няўтульнага дому.
–Як хочаш, але ўгавары графа, што нам трэба тэрмінова вяртацца ў N! – загадна прамовіў пан Варакса.
–Навошта? – недаверліва папыталася Багуслава, якая ведала, што старэйшы таварыш не адыходзіў ад планаў ні на крок.
–Ты ўяўляеш, што будзе, калі падпаляць наша атэлье? – жорстка спытаў Ніхель. Багуслава збляднела. Запас бомбаў, нітрагліцэрыну, дынаміту ў іхняй лабараторыі быў такі, што разнясе цэлы квартал. Толькі што пазбавіўшыся ад цяжару забойства, не хацелася ўзвальваць на сябе новы, яшчэ большы.
–А што да нашага дому дабяруцца, вельмі верагодна, — працэдзіў скрозь зубы знерваваны Ніхель. – І калі гаспадароў не будзе, дакладна залезуць. Лабараторыя наша для мясцовых цікаўных невукаў – як завадная лялька для дзіцяці, так і карціць зламаць і паглядзець, што ўнутры. Правакатары знойдуцца. І тады – канец усім планам. А з-за тваіх любошчаў мы так хутка выправіліся ў шлях, што я не паспеў схаваць хімікаліі ды рыштунак, усё для вырабу дынаміту пакінуў на стале, толькі газеткай накрыў.
–Не можа быць! – вохнула Багута, бо не магла прыпомніць, каб Ніхель падобным чынам памыляўся. Варакса з прыкрасцю цыкнуў скрозь зубы.
— І стары карась на кручок трапляе. А Параска павінна прыйсці прыбірацца, і хоць я ёй забараніў спускацца ў лабараторыю – чаму бабе не залезці туды з лепшымі намерамі? Ці ўнук яе, падшыванец Колька, ушчыміцца, і не дай Бог што там зачапне, выкліча хімічную рэакцыю… З тым поспехам маглі адразу студэнтаў прыкончыць ды з’ехаць, не ўлазячы ў жухавіцкую драму.
–І што мы зробім, калі вернемся і будзе напад? З пісталетаў адстраляемся? – халодна папыталася Багута. Ніхель задумліва крутануў у руцэ пісталет, які заўсёды хаваўся ў рукаве.
–Паглядзім па абставінах. Карацей, трэба ехаць. Ты ж з графам збіраешся вянчацца? Вось і павянчаецеся. А ён нам, калі што, будзе выдатным прыкрыццём. Абшукваць графа, уладальніка маёнтка, прафесара Венскага ўніверсітэту, ды графскіх амаль сваякоў – не тое самае, што двух прыхадняў-фатографаў.
Каганецкі пакаваў свае сумкі для падарожжаў верхам. Рэчаў у яго было няшмат. Калі ў пакой зайшла Багуслава, ён якраз засоўваў у сядзельную сумку матчыну белую сукенку.
–Адпраўляемся ў Вену. Галоўнае – да вакзалу дабрацца. Не пакіну цябе з гэтым вусатым вупыром ні на хвілю. Фактычна, слова, дадзенае яму, стрымаю – абвянчаемся, пашпарт табе выпраўлю… Але ад сябе не адпушчу, хай не спадзяецца.
Багуслава разумела, што ён сто разоў мае рацыю. Што цяпер, калі выкрыты падман Ніхеля, яна можа і мусіць змяніць сваё жыццё. Але не магла… ну проста не магла вось так адразу адрынуць усё, ува што верыла доўгія гады, што было сэнсам яе жыцця, дазваляла глядзець у вочы юнаку на дагератыпе і казаць: “Я за цябе адпомшчу”. І баялася таго, што можа ў выпадку аслушэнства ўчыніць Ніхель.
–Нам трэба вярнуцца ў N, — нежыццёва прагаварыла Багута.
–Ты жартуеш? – Каганецкі падыйшоў і страсянуў яе за плечы. – Ты ведаеш, што такое непарадкі і іхняе ўціхамірванне ў гэтай дзікунскай імперыі? Зараз жа на коней – і рушым у супрацьлеглы бок. Калі гэты, твой так называны бацька, паспрабуе нас затрымаць – пашкадуе.
Багуслава сумна ўсміхнулася: так, Шымон спрытны і дужы, і справіўся падчас бойкі з ёю, але з Ніхелем… Ніхель умее забіваць нават гузікам альбо аркушам паперы і ніколі не вагаецца.
–Разумееш, могуць загінуць людзі… Я павінна ехаць. І Ніхель – так, ён страшны ў сваёй бязлітаснасці. Але ён з трынаццаці гадоў быў для мяне ўсім. Бацькам, настаўнікам, таварышам, каханкам…
Апошняе слова яна вымавіла цераз сілу – і Каганецкі нахмурыўся, пачуўшы. Але ілгаць не хацелася.
–Ён столькі разоў ратаваў мне жыццё… Вылечваў, калі прастывала. Дапамагаў выбіраць сукенкі… Калі я захацела атрымаць адукацыю – уладзіў на Бястужаўскія курсы, хаця для гэтага трэба была куча падробных дакументаў і грошай, і мне ўдалося амаль два гады пахадзіць на лекцыі, пакуль нешта не западозрыла камісія Валконскага па выяўленні нядобранадзейных курсістак. Ніхель займаўся са мной хіміяй, навучыў фатаграфіі… Зразумей – я не магу проста так узяць і ўсё кінуць, асабліва калі належыць прадухіліць страшны выпадак. – Багуслава пагладзіла шчаку Шымона, абвяла пальцам цвёрды абрыс ягоных вуснаў. — Уяві: ты падчас вельмі важнай, дарагой табе справы ўспамінаеш, што пакінуў у зачыненым пакоі незагашанай свечку, і ад яе вось-вось загарыцца дом, поўны бездапаможных людзей… Няўжо ты зараз жа не адкладзеш усё і не вернешся?
Каганецкі цяжка ўздыхнуў:
–Цябе не пераканаць, разумею. Добра, з’ездзім у N. Чакай…
Ён пакорпаўся ў кішэні і дастаў залаты пярсцёнак, цьмяны, падрапаны, з дробнымі чырвонымі каменьчыкамі, якія складаліся ў кветку, падобную да вяргіні.
–Фамільнае… Дзед не паспеў прайграць у карты, а бацька – змяняць на чарговую мумію.
Пярсцёнак якраз налез на безыменны палец Багуславы. Шымон пацалаваў яе тонкую руку і прамовіў, гледзячы неяк тужліва:
–Я чуў песню пра чалавека, якому наваражылі, што ягоны лёс вырашыць нехта па імені Такен, які жыве высока ў гарах. І хаця ўсе ўгаворвалі не будзіць ліха, смяльчак узброіўся і адправіўся шукаць невядомага Такена, каб выклікаць на бой. Прыйшоў у горы і ва ўвесь дух выкрыкнуў страшнае імя. Ад рэха здарыўся абвал, пад якім небарака і загінуў. Я цяпер адчуваю сябе, быццам адпраўляюся да Такена.
Багуслава, не ў змозе справіцца з трывогай і жалем, абняла Шымона, прыціснулася да яго, як да апошняга паратунку, прапусціла праз пальцы пасмы русявых валасоў, як скнара – залаты пясок:
–Я не хачу жыць, калі з табой што здарыцца. Давай так… Ты будзеш чакаць мяне на вакзале ў Вільні…
Падняла вочы… І пабачыла з-за пляча Каганецкага акуратнага ветлівага Ніхеля, які праз прыадчыненыя дзверы скіроўваў пісталет у спіну графа.
Пан Варакса ўсміхнуўся, і Багуслава цвёрда прагаварыла, каб чуў нязваны сведка:
–Едзем у горад N. Там царква, дзе нас павянчаюць. Ад лёсу не схаваешся.
Дажджу не было, затое ўсчаўся вецер. Ён выў, нібыта празрысты злы воўк, страсаў халодныя кроплі з ігліцы, кідаўся на мінакоў, быццам юрад, выпрошваючы капейчыну або спрабуючы паведаміць страшнае прымроенае прароцтва. Шлях размок, як хлеб у місе з квасам. Там, дзе па абодва бакі дарогі была дрыгва, глеба стала пругкай, адчувалася, што пад коламі – грэбля, насцеленая над безданню і прысыпаная пяском, і вось-вось бездань паглыне гэтыя жаласныя спробы абмежаваць яе прагу ахвяраў і волі.
Вецер біўся ў шчыльную тканіну навеса над брычкай, як у ветразь, так што здавалася, быццам экіпаж вось-вось ператворыцца ў віціну і паплыве наўзбоч дарогі. Багуслава завязала шаль паўзверх капелюша, канцы адчайна луналі ў паветры. Дарогай амаль не размаўлялі. Багута баялася, што Ніхель адчуе яе расчараванне і агіду і здагадаецца, што яна больш не хоча ягонай улады над сабой. Не хацелася, і каб слухаў іх з Шымонам размовы. Урэшце, вочы таксама могуць шмат сказаць. Багуслава проста прыхінулася да краю брычкі і глядзела на вершніка, які ехаў то побач, то трохі апярэджваючы экіпаж, у залежнасці ад дарогі. Вецер трапаў ягоныя русявыя валасы, змушаў час ад часу прыгінаць галаву, калі дзьмуў проста ў вочы… І больш за ўсё хацелася, каб зноў пад’ехаў блізка і працягнуць насустрач руку, каб на імгненне адчуць дотык ягонай рукі…
Усяго толькі дотык – а быццам электрычнасцю працінае ўсё цела і быццам у гэтай адной кропцы цялеснага кантакту на імгненне засяродзіўся вялікі сэнс вялікага сусвету.
У такія моманты Ніхель упарта насвістваў арыю Папагена з оперы Моцарта.
“Я ўсім вядомы птушкалоў…”
Але Багуслава больш не баялася быць злоўленай птушкай.
Яны абодва вырваліся са сваіх клетак – кульгавы нашчадак здраднікаў, якому з дзяцінства даводзілі, што ён звер, і дачка пакаранага інсургента, звыклая да думкі, што яна – забойца.
А яны былі проста з тых заблукалых дзяцей гэтай зямлі, якія не ведаюць, хто яны, і вераць тым, каму не варта.
Бо так спакон веку тут рабілася гісторыя.
Раздзел дзявяты. Палац вужынага караля
Мястэчка сустрэла цішынёй. Толькі вецер ганяў па апусцелых вуліцах рудое лісце ды ашмёткі садраных афішак пра візіты ў горад N заезджых магнетызёраў, спевакоў і дрэсіроўшчыкаў, вядома, праездам у Парыж альбо Вену.
Вена з універсітэтам і вальсам далёка, а тут было павятовае мястэчка, якое прыціхла ў трывозе. Багуслава ўспомніла верш без подпісу з адной левай газеткі:
Тут, у мястэчку, для шчасця – надзейны камплект:
Месца для танцаў, пякарня, шынок і аптэка.
Ёсць варажбітка, сказаць: ты кароль, не валет,
Ёсць пастарунак – вартуе спакой чалавека.
Кафе-шантану няма, ды вось-вось завядуць.
А балаганаў хапае. Вакол балаганы.
Маецца рэчка, каб з мосту пляваць у ваду,
Ёсць і паэт. Дэманструе багемы заганы.
Млын вадзяны, як належыць, прытулак чарцей.
Могілкі ёсць, сінагога, царква і званіца.
Школа, дзе вучаць на мове чужынцаў дзяцей,
Пустка, дзе можна напіцца, кахацца, забыцца.
Тут у мястэчку, не любяць складаных размоў.
Воля? Якая? Кнігарня? Навошта, спадарства?
Ціха рачулка нясе між крутых берагоў
Воды свае запляваныя ў соннае царства.
Можа, калісьці чыгунка сюды забрыдзе,
Можа, народзіцца геній у хатцы тутэйшай.
Ходзіць паэт з ліхтаром і шукае людзей,
І асыпаюцца лісцем маўклівыя вершы.
Багуслава, хоць усялякага набачылася за не вельмі доўгае жыццё, не магла ўявіць: няўжо знаёмыя ёй местачкоўцы будуць біць вокны сваім не багацейшым ад іх суседзям, з якімі сустракаліся кожны дзень на вуліцах і кірмашах, у якіх замаўлялі боты, сукенкі і тарты з крэмам безэ, толькі за тое, што тыя не так думаюць альбо ходзяць у іншы храм? Не, гэта ўявіць было немагчыма. Калі яны апынуліся на Беларусі, Багуславу вельмі дзівіла тое, пра што гаварылі Масевіч і Каганецкі, дзіўнае спалучэнне культур, якога не мелася ў глыбінцы Расіі. Каталікі, праваслаўныя, габрэі, мусульмане, лютэране… У мястэчку N усе па святах выходзілі на адзін пляц, каб паглядзець батлейку ці выбраць лепшы кавун. Усе віншавалі маладых, калі ішло вяселле, і спачувалі жалобнай працэсіі, незалежна ад таго, на якія могілкі нясуць нябожчыка.
Багуслава ведала, што рэвалюцыя непазбежная, і падчас яе будуць вялікія ахвяры. Але справакаваныя агентамі сутычкі – гэта было брыдка. Гадзюка раз на год са скуры лезе, а здраднік – кожны дзень.
У фотаатэлье Ніхель найперш кінуўся ў лабараторыю, дзверы грукнулі ўнізе, быццам вечка скляпення.
Каганецкі стаяў са змрочным выглядам пасярод пакоя, дзе столькі месцічаў увекавечыла сваё аблічча на фоне намаляваных мармуровых калонаў, кошыка штучных кветак на каванай падстаўцы і ўласнай значнасці для сусвету. Кацяняты на фотаздымках вылуплялі наіўныя вочы на вучонага госця, нібыта баяліся, што ён іх зараз класіфікуе. У куце красаваўся стандартны партрэт імператара, наклеены на кардонку.
–Ніхель хоча, каб мы пакуль лічыліся добранадзейнымі грамадзянамі, — з няёмкасцю прамовіла Багуслава, перахапіўшы скептычны позірк графа на царскі партрэт. – Нам зараз гэта неабходна. Мы ні ў якім разе не мусім выклікаць падазрэнняў.
Каганецкі абняў яе і змусіў сустрэцца позіркам з ягонымі шэрымі вачыма.
–Я ж разумею, што ты ўблыталася ў нейкую небяспечную справу. Скажы, што вы рыхтуеце? Якім чынам цябе з гэтай авантуры выцягнуць?
Багуслава адчайна пакруціла галавой.
–Не магу сказаць…
Шымон расчаравана адпусціў яе, прайшоўся, пакульгваючы, па пакоі.
–Што ж, я ўсё роўна звязу цябе за мяжу адразу пасля вянчання, і хай твой настаўнік хоць…
Багута падскочыла да Шымона і ў спалоху закрыла яму рот даланёй.
–Ні слова… Ніхель не павінен ведаць, што я збіраюся з’ехаць з табой. І пра тое, што я пабачыла ў тваім фотаальбоме. Мы можам паспрабаваць толькі патаемна ўцячы. Іначай… Павер, табе лепей было б са мной не звязвацца.
Шымон, сын поўні, пацалаваў яе руку з пярсцёнкам, потым – вусны… Пацалунак зацянуўся. Час прадказальна застыў, нібы жонка Лота, што азірнулася на палаючы горад.
–Я ж сказаў, не пакіну цябе… – прашаптаў Каганецкі, нарэшце адсланіўшыся. — Аднойчы я выкраў рэдкага белага тыгра з заапарку азіяцкага вяльможы, які збіраўся прынесці незвычайнага звера ў ахвяру мясцоваму боству. Мне ўсе казалі, што гэта глупства, каб яшчэ дзеля выратавання людзей так рызыкаваць – але я быў малады, адчайны, і мне хацелася справядлівасці нават для звера. Я выкраду цябе ў твайго Цэрбера і ўсіх вашых цэрберанятаў…
На хвілю ў гэта паверылася. Багуслава лёгка пацалавала графа ў куточак вуснаў, пацерлася шчакой аб падбароддзе, якое ўжо не было такім калючым – пагаліўся, дзікун… Побач з Шымонам у суровай рэвалюцыянерцы нібыта прачыналася “ўнутраная котка”, хацелася лашчыцца, прыхінацца, грэцца аб яго, адчуваць ягоную скуру, дыханне, біццё сэрца… Няўжо гэта змогуць у яе адняць?
–Мы паспрабуем, мой ваўкалак… Абяцаю… Але гэта складаней, чым з тыграм.
А потым з’явілася цётка Параска, шчыльна абвязаная белай хусткай, у плюшавым каптанчыку, маленькая ростам, каржакаватая, з тых кабетаў, якія нібыта носяць на сабе ўсе клопаты зямныя, вырашаючы іх ціха, непрыкметна і менавіта так, як належыць. Прыслуга паставіла на падлогу кошык, накрыты хусткай. У пакоі з’явіўся пах свежага хлеба.
–А я ўсё чакала, калі вы вернецеся, вашамосць. Во, пабачыла, што коней у стайню паставілі, думаю, пайду, вячэру панам занясу. Страшна ж сёння ў горадзе, вокны б’юць.
–А хто б’е, цётачка Параска? – адразу папыталася Багуслава.
–А Бог іх ведае, панначка… – цётка пакорліва ўздыхнула. – Колька мой расказваў, у іх на будоўлю чалавек прыйшоў у картузе і расказваў, што нейкія сацалісты ў мястэчку развяліся, таму да нас цар-бацюхна прыехаць не хоча. Трэба тых заразаў выгнаць, тады цар з’явіцца і ўсім па срэбнаму келіху дасць. Пытаўся той у картузе, хто хоча сацалістаў паганяць, але ніхто не азваўся, пару чалавек толькі апойкаў, ды адзін дужа злы ў іх ёсць, крывароты, цэглу цягае. Таму ўсё адно, каго біць.
Шымон трывожна перакінуўся позіркамі з Багуславай:
–А якія ж у мястэчку сацыялісты, цётачка? Называў іх той чалавек?
Прыслуга прыгладзіла рукой край бялюткай хусткі, быццам баялася, што з-пад яе выб’юцца неслухмяныя пасмачкі валасоў.
–Не, не называў. Але з тымі, хто згадзіўся, доўга гаварыў і спіс ім паказваў. Хто, значыць, у мястэчку вораг цару.
–І хто там быў, у спісе? – нецярпліва папыталася Багуслава. – Нас, выпадкам, не згадвалі?
Цётка некалькі разоў спалохана перажагналася.
–Барані Божа, дзетачка… Чаго ж вы там будзеце? Не ведаю, хто. А вы, вашамосць, мусіць, не з нашых краёў? – Цётка не змагла пераадолець цікавасць і звярнулася да Каганецкага, чый дарагі касцюм і ганарысты выгляд не маглі яе не ўсхваляваць.
–Я жаніх панны Багуславы, граф Шымон Каганецкі, — пакланіўся заолаг.
Ветліва так пакланіўся, усмешліва…
–Ці не з Жухавіч пан будзе? – неяк насцярожана прагучала.
–Гэта мой маёнтак, — стрымана адказаў Шымон.
Багуслава была ўпэўненая, што Параска, якая любіла пагаварыць на тэму – як знайсці паненцы добрага жаніха, узрадуецца, пачне віншаваць, распытваць, калі вяселле… А цётачка чамусьці збляднела і, хаваючы вочы, схапілася за кошык:
–Ну, я пайду на варыўню, вячэру згатую… Вады трэба нанасіць… Печку працепліць, а то хата ўжо выстыла… Я ўчора прапальвала, але дух выйшаў… Барані нас, Маці Божая… Святы Кіпрыяне, святая Іусцінія, святы Хрыстафор, святы Баболя… — спалоханае мармытанне прыслугі сціхла за дзвярыма на варыўню. Багуслава з няёмкасцю зірнула на Шымона – ці не зачапіла яго такое стаўленне цёткі, якая, падобна, начулася гісторый пра жухавіцкіх ваўкалакаў. Але Шымон толькі сумна ўсміхнуўся, і Багуслава абхапіла яго, прыціснулася, быццам хацела адагрэць.
–Выканай маю просьбу, калі ласка…—шапнуў ёй на вуха ваўкалак. –Прымер сукенку маёй маці…
Шылі, як па Багуце… Толькі рост трохі не супадаў: Багуслава была вышэйшай. Аголеныя плечы, карункавыя рукавы, доўгія, аж да костачак пальцаў, верх – паласа са срэбнага муару, расшытага перлінамі, талія заніжаная, як цяпер не носяць, мноства дробных гузікаў-перлінаў збягаюць ад выёміны між грудзямі ўніз, як скочваюцца расінкі…
–Паабяцай, што не будзеш фарбаваць валасы ў чорны колер…—прашаптаў Шымон, асцярожна, ледзь датыкаючыся, абводзячы далонямі абрысы фігуры нявесты.
–Можа, табе не спадабаецца… Мае валасы – попельныя… Бясколерныя…
–Спадабаецца… Любая мая мятлушка…
Хвіліны паўзлі марудна, як смаўжы. За вокнамі па-ранейшаму ціха, як не бывае ў мястэчку. Ні катрынкі, ні заклікаў тачыльшчыкаў, старызнікаў, малочнікаў, ні смеху дзятвы. Толькі завываў вецер, ды дзесьці адчайна брахаў сабака. Прыслухаешся – здаецца, чуваць далёкія крыкі… А можа, мсціцца? У пажарнай частцы праз дарогу стаялі напагатове калёсы з бочкай, напоўненай вадой, і насосам, самотная фігура чарнела на вяршыні пажарнай каланчы.
–Праз гадзіну пачне цямнець, вось і ўсё абыдзецца, — сказаў Ніхель, які нарэшце выпаўз са скляпення, задаволены, як пацук з панскай каморы. Багуслава паверыла: магчыма, сюды непарадкі і не дойдуць – цэнтральная вуліца, начальства не захоча псаваць яе выгляд.
Колы самотнага экіпажу расплюхвалі лужыны на вуліцы нечакана гучна ў застрашлівай цішы. Едуць даволі хутка…
Экіпаж спыніўся ля фотаатэлье, і адразу ж у дзверы нехта загрукатаў.
–Адчыніце, дзеля Бога! Ёсць хто? Панна Багуслава, пан Ніхель, вы вярнуліся?
Міхал Калоцкі ўваліўся ў фотаатэлье, адразу сваім выглядам адпрэчыўшы надзею на “ўсё абыдзецца”. Потны, валасы ўскудлачаныя, на падрапанай шчацэ кроў, каўнер кашулі наросхрыст, гузікі вырваныя з мясам, быццам цягалі археолага за каўнер, зверху накінутае захляпанае гразёй чорнае паліто, а цёмныя вочы проста шалёныя. Як з ваўкалацкага вяселля.
–Дзе здымкі экспанатаў з Жухавіч? – голас, аднак, гучаў па дзелавому адрывіста. –Давайце ўсё, што ёсць, у любым выглядзе. Негатывы, дык негатывы. У Піцеры праявяць.
Ніхель быў ветлівы, як гандляр падвялымі кветкамі.
–Што здарылася, пан Міхал? А дзе ваш шаноўны сябар, Давыд Масевіч?
–Давыд там, застаўся… У сваякоў, у доме з кніжнай крамай, — нервова махнуў рукой Калоцкі за вакно. – Упарты, як п’яны певень. Гаварыў яму – уцякай, не захацеў. А цяпер позна. Нейкая банда па вуліцах ходзіць, гарлаюць, што трэба з гораду выганяць сацыялістаў. Як убачылі кнігі ў вітрыне – раз’юшыліся, і давай шкло біць. Хоць бы краму не падпалілі. Нікога з іх не ведаю, хіба пару апойкаў.
–А вы чаму ўцякаеце? – злосна спытала Багуслава, якая паспела пераапрануцца ў звыклы кардыган у краткі і дарожную брунатную спадніцу.
Калоцкі кінуў незадаволены позірк на яе, на графа, але калі і бачыў у тым шчаслівага суперніка, цяпер было не да рамантычных двубояў.
— Я тут нядобранадзейны, за мной паліцыя сочыць. Вось, толькі што спрабавалі збіць… Камнем шпурнулі, — Калоцкі паказаў на скрываўленую шчаку, якая пачала заўважна апухаць. – Мне хавацца ў мястэчку не выпадае. Не заб’юць – дык адлупцуюць да паўсмерці, а потым яшчэ паліцыя навесіць невядома што… А ў мяне праца, дысертацыя! За гэтыя фотаздымкі куратар з універсітэту абяцаў на кафедру ўзяць. Я служу навуцы! Давайце негатывы, і мы ў разліку. Хутчэй, мяне чакае экіпаж, пашкадавалі добрыя людзі, падвязуць да чыгункі. А коней і брычку, на якіх у Жухавічы ездзілі, самі вернеце Гаўрылу Лешчанцу. Мы з ім разлічыліся.
Ніхель падкруціў вусы і пайшоў па скрынкі ў сутарэнне. Каганецкі грэбліва прагаварыў:
–А хіба пан Масевіч не мае таксама права на карыстанне гэтымі здымкамі? Што ж вы яго абыходзіце?
Археолаг ад нецярпення прыстукваў па падлозе чаравікам.
— Калі Давыд прыедзе ў Пецярбург, я, вядома, з ім падзялюся. Але ж ён пакуль толькі студэнт, манаграфій не піша.
–І, магчыма, вярнуцца ва ўніверсітэт пасля сённяшніх падзей яму не ўдасца, — змрочна зазначыла Багута. Калоцкі прыгладзіў дрыжачай рукой растрапаныя кудзеры, паправіў парваны каўнер.
–А што я мог зрабіць? Дазволіць сябе прыкончыць? Вас там не было, вы не бачылі, як гэта! Чалавек трыццаць з дубінкамі, дручкамі, сякерамі… Сярод іх падазроныя персоны, усіх пад’южваюць. Пані Мамантавай, у якой на чытаннях Караленку абмяркоўвалі, вокны пабілі. Настаўніка Кагутова, які збіраў подпісы на скарзе супраць бурмістра, ледзь не затапталі. А кніжная крама Масевічаў – гэта ж “гняздо анархіі”. Іх і так ледзь не штомесяц абшуквалі, колькі літаратуры сканфіскавалі! Давыд крычаў, што будзе абараняцца… Чым, чарніліцай? Апошняе, што я заўважыў — кнігі паліць пачалі. Усё, мне час…
Калоцкі падбег да Ніхеля, які вярнуўся ў пакой, выхапіў у таго з рук скрынкі з негатывамі і выскачыў за дзверы, не вітаючыся. Адразу ж пачулася лясканне пугі, мокры стук капытоў і плёханне колаў па лужынах горада N.
Багуслава выскачыла за госцем на ганак, угледзелася ў той бок, адкуль прыехаў экіпаж. Прыцемак барвавеў. Пажар! Але фігура на каланчы, якую яшчэ трохі было відаць на фоне цёмна-сіняга неба, што абяцала выспеліць гронкі зорак, нават не зварухнулася.
–Вар’яты… – прамармытаў Каганецкі. – Сёння моцны вецер… Агонь не будзе разбіраць, які дом паліць.
Вярнуліся ў хату прыгнечаныя. Ніхель зараз жа зачыніў дзверы.
–Усё, цяпер сядзім ціха. Багута, дарагая, пакажы пану Шымону свой пакой.
Ясна, спадзяваўся, што прага пабыць сам-насам, якую ён лёгка чытаў у іхніх рухах і позірках, пераб’е ўсе іншыя думкі. Але Багуслава ўспомніла Масевіча, і як ён тут стаяў, не вельмі прадстаўнічы на фоне плячыстага сябра, і, пераадольваючы страх, пагражаў ім з Ніхелем выкрыццём, і як захоплена распавядаў легенды і паданні, і пра сваё дзяцінства, спрабуючы пераканаць усіх – трэба любіць гэты край, гэты народ і нават гэтае мястэчка…
–Мы не можам проста так сядзець і чакаць, — прагаварыла Багуслава. –Трэба паглядзець, што там з Масевічам, магчыма, ён і ягоныя хатнія параненыя…
–Забудзься, — жорстка сказаў Ніхель. – Да вялікіх стратаў не дапусцяць. Ты ж чула – гэта ўсяго толькі правакацыя. Нагоняць жаўнераў, і будзе ціхенька, як заўсёды. Не стаў пад пагрозу Справу. Займіся жаніхом. Пан Каганецкі, — Варакса ветліва ўсміхнуўся графу.— Спадзяюся на вашу разважлівасць. Перацярпіце гэты дзень у замкнутай прасторы – вы ж звыклі.
За вакном нехта прабег, лямантуючы, войкаючы, але нягучна, як бы ў спалоху, што пачуюць. Крык аддаляўся, і ніводныя дзверы, ніводнае вакно не расчынілася. Ніхель не зварухнуўся, але важка прамовіў:
–Поспех нашай Справы прывядзе і да таго, каб падобнае больш не паўтаралася. Ты, Багута, хочаш вылечыць адну балячку, а трэба лячыць усё цела ад воспы. Ідзіце, маладыя… Адпачніце. Назапасьце гнеў і нянавісць, каб спраўдзіць у больш спрыяльных умовах.
Пан Варакса развярнуўся і зноў рушыў у лабараторыю.
Багуслава вычакала, пакуль грукнуць дзверы, кінулася ўніз і замкнула іх на засаўку.
— Цяпер бяжым!
Перад тым як выскачыць з атэлье, Каганецкі, са стрэльбай за спінай, прыпыніўся, каб сарваць са сцяны партрэт Багуславы.
Вецер збіваў з ног, цемра наплывала на горад, дзе яе было досыць у сэрцах. Сухую лістоту гнала па дарозе, як быццам ратаваліся ад будучага белага патопу зімы казачныя істоты, падобныя да гномаў.
–На адным кані далёка, вядома, не заедзем, — з сумнівам прагаварыў Каганецкі, сядлаючы свайго белага Баярда. – Але за горад як-небудзь выберамся, галоўнае – да карчмы дабрацца, там рамізнікі заўсёды спыняюцца.
Калісьці Багуслава разглядала малюнкі ў рыцарскіх раманах і ўяўляла, як, падобна іншым прыўкрасным дамам, стане падарожнічаць на адным кані са сваім рыцарам, гэтак грацыёзна седзячы побач. Рыцар быў, хаця й трохі кульгавы і без латаў, конь меўся, і нават белы, але сядзець удваіх у адным сядле аказалася страшэнна нязручна і мулка. Шымон кінуў на луку сядла складзеную папону, пасадзіў Багуславу перад сабой, абняў адной рукой:
–Пацярпі…
Патрапаў па шыі каня:
–І ты пацярпі, дарагі… Нейкі час будзе цяжкавата.
Грацыёзнасці відавочна не хапала. Затое збоку выкраданне нявесты выглядала, як належыць, рамантычна.
Чым бліжэй яны пад’язджалі да другога канца горада, дзе месцілася кніжная лаўка, тым больш прыцемак расквечваўся барвовым і памаранчыкавым, неба пералівалася рознымі колерамі амаль па святочнаму, але гэта было страшнае свята.
Яны ўжо амаль даехалі да ўскраіны, калі пачуўся адчайны крык:
— Супакойцеся, людзі! Успомніце, што вы не звяры! Што вы робіце, у доме жанчыны, старыя!
У адказ — бязладны гул грубых галасоў.
–Гэта Давыд!
А голас адчайна гарлаў:
–Людзі, суседзі! Дапамажыце! Не сядзіце, як здрайцы, не адседзіцеся па норах сваіх! Усе разам абаронімся!
Не трэба было ні аб чым адзін з адным дамаўляцца, тлумачыць, пераконваць. Шымон павярнуў каня…
Першае, што яны пабачылі – языкі полымя высоўваліся з вокнаў, быццам у будынак загналі велізарнага звера, які там цалкам не змяшчаўся. Агонь уладарыў у разбітай вітрыне, ад статуі Мінервы застаўся толькі гіпсавы друз. Яшчэ больш дзіўным і вычварна-святочным рабіла пейзаж тое, што ўсё навокал было ўсыпанае белымі аркушамі паперы – у краме гандлявалі і канцылярскімі таварамі. Нехта, відаць, забаўляўся, учыняючы штучную завіруху, таму што нават ясень, які рос ля крамы, побач з самай дарогай, быў нібыта ў сумётах: у ягоныя густыя галінкі з сухімі рудаватымі завушніцамі паначаплялася паперы, аркушы трымцелі на вятры, як белыя хустачкі тых, хто хоча здацца на літасць ворага.
Агонь шалеў. Людзі, што стаялі вакол, некаторыя з паходнямі ў руках, пачыналі адыходзіць падалей. Мяркуючы па тварах, перад “праведнай справай” ачышчальнікаў добра пачаставалі дармовай гарэлкай. Яны тапталіся па разарваных кнігах, сярод якіх былі і, напэўна ж, працы прафесара Каганецкага.
–Так і трэба фармазонам! – віскнуў нехта, але крык не падхапілі. Проста змрочна наглядалі, як бы баючыся таго, што нарабілі.
–Вызваліце дзверы, нягоднікі! – у вакне паказаўся бледны твар Давыда. Вось яно што! Аўтадафе – гэта ўжо зусім не па-людску…
А пажарныя нібыта не бачаць! Ясна, знаку начальства не падае. Кніжная крама трохі наводдаль ад іншых дамоў, спадзяюцца, што згарыць “гняздо вальнадумства” без аніякай шкоды і “ў назіданне” іншым.
У паветры прагучаў стрэл. Людзі заазіраліся…
Белы конь змусіў нападнікаў разарваць кола. На кані прыехалі двое: мужчына са смуглявым тварам, шэрыя вочы яго свяціліся гневам, і дзяўчына з кароткімі чорнымі валасамі, гнуткая і спрытная, як змяюка. Абодва саскочылі на зямлю проста перад крамаю, мужчына наставіў на натоўп стрэльбу:
–Разыдзіцеся! Вы што, на катаргу захацелі? Душагубцамі зрабіцца? Людзей жыўцом паліце?
У разбітай, разрабаванай краме за ягонай спінай вар’яцеў агонь, і прайсці праз яго было немагчыма. А дзверы збоку, якімі карысталіся жыхары дома, чые пакоі месціліся на другім паверсе, былі сапраўды заваленыя – да іх нацягалі ламачча, прыпёрлі перакуленай лаўкай. Багуслава таропка пачала расцягваць завал.
–Гэта таксама сацалісты! Фатографка-курва! – правішчэў голас злева з-за спінаў. – Бі іх!
Граф яшчэ раз стрэліў у паветра, цэлячыся вышэй галоваў.
–А ну, разысціся! – грымнуў ён такім голасам, якім, напэўна, звык уціхамірваць дзікіх драпежнікаў. І двухногія драпежнікі горада N таксама трохі прыціхлі, пасунуліся назад, той-сёй і заазіраўся, ці праўда не сысці.
–Пан Шымон, злева! – крыкнуў Давыд і шпурнуў з вакна цяжкі прадмет, магчыма, падсвечнік, туды, адкуль таксама пачуўся стрэл – нехта з нападнікаў быў узброены.
Шымон адразу захінуў сабой Багуславу, якая, спяшаючыся, расцягвала завал. Граф справіўся б з гэтым хутчэй, але дужы суровы мужчына з ружжом уздзейнічае на натоўп куды больш, чым танклявая дзяўчына з пісталецікам. Мігатлівыя водсветы пажару надавалі смугляваму чалавеку з перабітым носам падабенства з жалезнымі кандацьерамі і ландскнехтамі, сабакамі вайны сярэднявечча.
–Вар’яты!
У адказ у графа паляцеў камень. Спалоханы Баярд іржаў, біў капытамі, кідаўся па двары, таксама спрыяючы таму, што мярзотнікі адбегліся падалей.
На шчасце, дзверы ўдалося вызваліць. З іх адразу вываліліся задыханыя, закашляныя ад дыму людзі – сівы мужчына хіліў да сябе пераляканую немаладую кабету ў каптуры, другі, маладзейшы, хаваў за сабой хлопчыка гадоў дзесяці. Выбег і Давыд, наставіўшы на нападнікаў сапраўдную масайскую дзіду, упрыгожаную пукам рознакаляровых стужак, з шырокім лязом-наканечнікам. Рудыя валасы кніжніка смешна тапырыліся.
–Усё жыццё марыў, каб мяне вызваліў з асаджанага замка рыцар на белым кані, ды яшчэ разам з прыўкраснай дамай!
Этнограф не быў баязліўцам.
–Масевіч, выводзь сваякоў, мы затрымаем гадаў! – крыкнула Багуслава, пад прыкрыццём паваленай на бок лаўкі выхапіла пісталет і стрэлам збіла картуз з высокага хлапца. Шымон прыладзіўся побач і выбіў куляй у бялявага мужыка дручок. Мужык войкнуў і кінуўся прэч, схапіўшыся за руку. Другія нарэшце таксама ўсвядомілі небяспеку і шугануліся ўбакі, хаваючыся за дрэвы.
–Вось так і будзем хадзіць разам на паляванне ў джунглі, — задаволена прамовіў Каганецкі.
Багуслава зноў на хвілю ўявіла – якім можа быць жыццё разам з Шымонам, і ажно туга па тым, няздзейсненым, перахапіла дыханне. Вось яны едуць конна па дарозе, дзесьці высока ў гарах, сонца ўзыходзіць, вакол ціха-ціха, паветра свежае, як сырадой, і так спакойна, так шчасна…
Вецер падхапіў чырвоныя штандары полымя, што высоўваліся з вокнаў блюзнерскага дома, і яны прагна выцягнуліся, загулі… Гарачыня рабілася амаль нясцерпнай, Багуслава адчувала, як ледзь не патрэскваюць ад жару валасы.
–Разыходзьцеся, людзі, Хрыстом Богам прашу! – пракрычаў Каганецкі. – Хопіць на сёння! Ідзіце па дамах, спаць!
Нападнікі бязладна загарлалі з-за плоту, брудная лаянка мяшалася з пагрозамі ў бок сацыялістаў, іншаверцаў, іншаземцаў ды інародцаў. Рэйд па выкараненні вальнадумцаў пагражаў перарасці ў пагром. Ачмурэлыя ад гарэлкі, гвалту і ўсведамлення слушнасці сваёй місіі тубыльцы не жадалі заканчваць начное свята. Багуслава пацэліла ў паходню ў руцэ высокага хлапца ў кажуху, і той пад спалоху і злосці шпурнуў яе ў бок сацыялістаў. Палка, абматаная прасмоленай палаючай анучай, застрала ў галінах ясеня. Адразу ж успыхнулі сухія галінкі і папяровыя лісты, што застралі ў іх, дрэва цяпер нагадвала вогненныя валасы багіні пекла…
І, як на бяду, усчаўся страшэнны вецер… Такі, які ломіць слабыя дрэвы і слабую волю падарожных. Вогненныя аркушы сарваліся з галля і паляцелі ў паветры, быццам лісты са скаргамі да анёльскага войска… Анёлы ж не толькі рахманыя ды замілаваныя. Сярод іх ёсць ваяры з вогненнымі мячамі ў руках, гатовыя да сканчэння свету караць зло.
–Княгіня Вольга так знішчыла горад драўлянаў… — нервова прагаварыла Багуслава. – Прывязалі вераб’ям пукі саломы, падпалілі – і ўсе стрэхі ў хуткім часе загарэліся…
–І нейкая вышэйшая справядлівасць у гэтым ёсць…—прамовіў Шымон, назіраючы, як расцвітаюць злавесныя чырвоныя кветкі на дахах дамоў па ўсёй вуліцы.
Вось цяпер звон пажарнай часткі аж захлынаўся, галосячы ва ўсё жалезнае горла… З’явіліся аднекуль і жаўнеры з крыкам: “Разысціся!”.
Але пакуль тое настане, спіна калом стане. Вогненныя вершнікі скакалі над горадам, вецер шалеў, і хаця дзесьці згушчаўся прыцемак, тут было светла, як днём… Пакуль дым не прыбіўся да зямлі, як цмок. Але нават скрозь ягоную смярдзючую завесу бачылася, як дом за домам станавіліся ў вогненныя шыхты.
Нарэшце вогненны парад скончыўся, але гэта было дужа эфектнае заканчэнне – як феерверк у фінале балю. У канцы вуліцы светлы слуп з шумам узняўся ў неба, быццам чарговы прарок удастоіўся размовы з анёламі.
–Завод гарыць!
Пад адчайны перазвон праехала падвода з бочкай, паскакалі конныя пажарныя.
Вуліца ажыла, адкрываліся вокны, дзверы, спалоханыя месцічы выбягалі з дамоў і адчайна прасілі дапамогі, адразу забыўшыся, як толькі што не зважалі на такія ж крыкі.
Вось калі горад N горка пашкадаваў, што не захацеў бараніць бліжніх сваіх ад купкі мярзотнікаў, што вырашыў ахвяраваць часткай сваёй душы дзеля абяцаных царскіх кубкаў. Маленькая ранка выявілася перарэзанай артэрыяй… За маўклівую зраду належала заплаціць.
Але плаціць не хацелася нікому. Асабліва начальству – вось нейкія ў мундзірах і паліто, перагаворваюцца, заскокваюць у экіпажы, мітусяцца, вырашаюць, што рабіць, хто акажацца вінаватым.
Бо рахункі былі буйныя: амаль дабудаваны супер-завод, мяркуючы па ўсім, палаў так, што добра, калі падмуркі застануцца. З ім згаралі надзеі на працвітанне мястэчка, прыток капіталаў, уласную чыгуначную станцыю, кафе-шантаны, тэатры і казіно… І, вядома, на візіт прадстаўніка імператарскай фаміліі, ухвалы з Пецярбургу і Масквы, ордэны і пасады, урачыстую цырымонію і грандыёзны баль, дзеля якога мясцовыя паненкі ўжо развучвалі вальсы, а шляхцюкі замаўлялі сурдуты.
Адчай, як вядома, абвастрае чуццё ў прыняцці рашэнняў. І вінаватыя былі знойдзены.
–Сацыялісты завод падпалілі! Вунь яны, фатографы!
Папраўдзе, фатографка была адна, але галоўнае, егеры гукнулі “Ату!”
Багуслава ледзь не зарагатала ад абсурду сітуацыі. Бедны Шымон, тэрарызм, аказваецца, заразны, як і лікантропія.
А яна ўжо спадзявалася, што ім зараз, у агульнай паніцы і неразбярысе, удасца ўцячы… І зноў апынуліся ў становішчы абкладзенага звера, тым больш да ўзброеных калацінамі бабаяў мусілі далучыцца жаўнеры.
Ясна было, што іх задаволяць і трупы тэрарыстаў. Ад Ігната Грынявіцкага, які ўзарваў Аляксандра Другога, ім досыць было адной галавы – якую заспіртавалі і паказвалі на допытах сведкам.
На шчасце, гармідар у гэтай частцы горада N усё ўзмацняўся. Разгараліся пажары, сыпаўся попел і ахопленыя агнём незразумелыя ашмёткі, як на Пампею і Геркуланум. Нават п’яныя “ачышчальнікі” ўспомнілі, што ў кожнага дом, на які таксама мог перакінуцца пажар, і пабеглі правяраць бяспеку гасподы. Мала хто ўсведамляў, каго менавіта належыць цяпер хапаць. Дах дома з кніжнай крамай абрушыўся, узвіхурыўся попел, паляцелі іскры…
Шымон спрабаваў паклікаць спалоханага Баярда, гружанага сядзельнымі сумкамі, у адной з якіх ляжала светлая, амаль вясельная, сукенка. Невядома, ці ўдалося б беламу каню вывезці дваіх “тэрарыстаў”, але па вуліцы загрукаталі колы экіпажу, і адзін з жаўнераў, што бег на захоп злодзеяў, упаў носам у попел і пясок. Той, хто прыехаў на брычцы, не збіраўся палохаць, цэліцца ў картузы і паходні. Ён забіваў. І ўмеў гэта рабіць дасканала.
–Багута! Граф! Сюды!
Ніхель прытрымаў каня, на брычцы быў апушчаны скураны навес, і двое спрытных людзей змаглі ўскочыць на выратавальны экіпаж.
Фатограф упэўнена ўпраўляўся з гнядым паслухмяным канём, кіруючы яго па неасветленых вулках – Варакса шмат разоў прадумваў шлях адыходу пасля дыверсіі на адкрыцці дрэваапрацоўчага заводу. Белы графскі конь, як і належыць вернаму слузе, скакаў за брычкай.
Якія розныя былі ў іх лёсы, у гэтых двух коней… Белы і гняды… Арыстакрат і прасталюдца конскага свету…
За горадам, не даязджаючы да карчмы Ёселя, Ніхель спыніў брычку.
–Да чыгуначнай станцыі ехаць не варта. Нас там дакладна будуць чакаць. Скіруемся туды, дзе бяспечна.
Багуслава ў прыцемку не магла разгледзець ягоны твар, голас настаўніка гучаў роўна, як заўсёды. Але ёй было страшна ўявіць, што хавалася за гэтым спакоем і роўняддзю.
Яна нават не адразу ўсведаміла, што яны едуць у напрамку да Жухавіч.
Каганецкі абняў Багуславу, сціснуў яе плячук, шапнуў:
–Нічога, пераначуем у маёнтку, заўтра адправімся ў бок Гародні. У медыцынскім інстытуце ў мяне надзейныя сябры, дапамогуць. А там праз Польшчу – у Вену… Ты ўсё адно станеш Каганецкай.
–Не думаю, што Багуславе варта адпраўляцца ў Вену, — ветлівым цвёрдым голасам прамовіў Ніхель, які ўмеў расчуць нават найціхі шэпт. – Цаню ваш намер выканаць сваё абяцанне, граф, хаця вы не зусім далікатна ў адносінах да мяне яго выконваеце. Але пасля вянчання вы адправіцеся да сваіх малпаў адзін. Хіба ты не патлумачыла яму гэта, Багута?
Так, разумней за ўсё было б працягнуць гульню, зылгаць… Але не пасля падзей апошніх гадзінаў, падобных да начнога блёкату. Не пасля таго, як замкнула Ніхеля ў сутарэнні, як згарэў завод, а значыць, уся падрыхтоўка тэракту дарэмная… Багуслава і так выявіла сябе здрадніцай.
–Я паеду з ім, — прамовіла фатографка, намагаючыся, каб голас не дрыжэў. – Ты мусіў зразумець, Варакса, што нашы з табой шляхі адгэтуль разышліся.
Сказала – і аж зледзянела ўнутры ад уласнай смеласці. Ніхель памаўчаў, тады працягнуў гэтак жа спакойна:
–Не думаў калісьці пачуць ад цябе такія словы, дзяўчынка. А пра пана Шымона ты падумала? Бачыш, чым скончылася для яго блізкае знаёмства з табой? Ён зараз сам будзе аб’яўлены небяспечным злачынцам. Навошта было прадстаўляцца цётцы Парасцы? Першы жандар распытае – і ўсё, ператрасуць вашы Жухавічы, дабяруцца да Вены.
Сосны сашчаплялі над дарогай касцістыя лапы, між якімі праглядала яшчэ не начное, але ўжо цёмна-сіняе неба з цяжкімі кроплямі зораў – кожная, здавалася, гатовая вось-вось сарвацца і ўпасці на гэтую грэшную зямлю.
–Я змагу абараніць сябе і сваю жонку, пан Ніхель, — холадна прагаварыў граф. –У Еўропе мяне ведаюць як навукоўца, у мяне ёсць сябры, мяне паважаюць…
–Ці будзе іх павага распаўсюджвацца на вашу жонку? – пагрозліва прамовіў Ніхель. – Я разумею, вы – паляўнічы, падарожнік, шмат бачылі і перажылі. Але вы не ўсведамляеце да канца, што такое – чалавек з душой забойцы. Ты яму не спрабавала тлумачыць, Багута?
Раней пры падобных згадках Багуслава сціналася, і вельмі дакладна ўсведамляла, што – інакшая, што ў яе свой, асаблівы і небяспечны шлях, апраўданы толькі змаганнем у імя высокай мэты, і не для такіх – мешчукоўскія радасці. І раней яна пакорліва прыняла б сваё наканаванне і рушыла далей за Ніхелем. Але цяпер жорстка прамовіла:
–Я не забойца, Варакса. Ты ілгаў мне. Ад самага пачатку ілгаў. Тая дзяўчынка, з якой я пабілася ў пансіёне, не памерла.
Варакса памаўчаў, трымаючы ў руках лейцы, як праўдзівы фурман. Белы Баярд, які перабіраў нагамі каля брычкі, фыркнуў, нібыта ад абурэння.
–Што гэта мяняе? Ты хацела яе забіць.
–Не прыкідвайся, што не разумееш! Навошта ты змусіў мяне столькі гадоў адчуваць сябе пачварай? Я амаль штоночы бачыла ў сне тую мёртвую пансіянерку!
Горла перахоплівала ад гневу і адчаю. Каганецкі сціснуў руку Багуславы, і яна змагла трохі выраўняць дыханне.
Вецер спрабаваў сарваць з шыі шалік, але толькі змушаў ягоныя канцы біцца і курчыцца, як ад болю.
–Табе не хапала цвёрдасці, — з жалем прагаварыў Ніхель. — У цябе таленавітае цела, добрая рэакцыя, каардынацыя… Але я заўсёды за табой дарабляў чорную працу. Ты не змагла нават смяротна параненага карчмара дабіць. Я спадзяваўся, усведамленне, што на тваім рахунку ўжо ёсць жыццё ворага, дапаможа табе ў Справе. Памыляўся. Ты такая ж, як твой бацька. Марцыян быў адважны, але занадта мягкацелы. Ён здаўся расійскім жаўнерам, калі прыгразілі, што пераб’юць прыслугу ў ягоным маёнтку. Ну, здаўся – а яны ўсё роўна ўсіх перастралялі, нібыта за супраціў. Слабак.
Шымон рэзка падаўся наперад:
–Гэта завецца высакароднасцю. Якасць, якая, здаецца, вам зусім не ўласцівая.
Ягоныя пальцы перапляліся з пальцамі Багуславы… Ніхель задумліва прамовіў:
–Што ж, мая кампанія, падобна, вам залішняя. Ды і мне, шчыра кажучы, хацелася б трохі пабыць наводдаль і абдумаць, што пачуў. Граф, вы не супраць заняць маё месца, а мне ці не дазволіце праехацца на вашым жарабцы? Я някепскі вершнік. Здаецца, коні адпачылі і можна рушыць далей.
Каганецкі не вагаўся і прыняў лейцы. Па-праўдзе, так было лепей. Яшчэ калі паднялі верх брычкі, каб захінуцца ад ветру, і запалілі ліхтары, стала амаль утульна. Быццам яны былі ўдвох ва ўсім свеце. Багуслава прыціснулася да графа, які абдымаў яе адной рукой, і ёй не хацелася нават гадаць пра прышласць, таму што імгненне было напоўненым, як страмянны келіх у гасціннага шляхціца.
Яны выехалі на адкрытую прастору – тут пачыналіся балоты. За апошнія дні пяты раз праязджалі гэтай дарогай, нібыта вадзіў лясун.
–За намі пагоня, — напружана прамовіў Ніхель, і Багуслава, азірнуўшыся, пераканалася, што далёка-далёка рухаецца агеньчык. Гэта мог быць выпадковы мінак, але ў падарожных былі ўсе падставы для трывогі. Трэба хаця заехаць у лес… Коней прыспешылі, як маглі.
Колы падскоквалі на карчажынах… А вось і пругкая глеба – там, дзе кладка над дрыгвою. І тут зусім блізка прагучаў стрэл… І другі… Гняды конь рэзка шарахнуўся ўбок, кола адляцела, і брычка пасунулася проста ў дрыгву, перакулілася…
Багуслава адразу па грудзі правалілася ў твань. Мокрая, слізкая, халодная смерць клікала на дно… Моцная рука пацягнула ўверх.
–Трымайся!
Шымон Каганецкі ўхапіўся за адзіную на краі дрыгвы асіну, што выгнулася дугою, але трывала, а другой рукой падцягваў да сябе Багуславу. Каля асіны ўзвышаўся валун з трэшчынай, што нагадвала вялікі крыж – нібыта гатовы надмагільны помнік. А ў сярэдзіне дрыгвы брычка паволі пагружалася ў чорную ваду, страшна хроп і іржаў гняды конь, касавурачыся цёмным вокам, у якім блішчэла зорка, толькі шыя небаракі і заставалася над зялёнай паверхняй. Бедны працаўнік-конь, наймальнікі якога нават не запаміналі ягонае імя.
На кладцы, спакойна назіраючы за відовішчам, стаяў Ніхель з пісталетам у руцэ.
–Навошта? – задыхаючыся, пракрычала Багуслава.
–Сама ведаеш, — ветліва адказаў Ніхель. – І мне, можа, упершыню шкада, што давядзецца выканаць свой абавязак. Не меркаваў такога сыходу…
У голасе яго ўсё-ткі пачуўся цень тугі.
–Калі я загіну, Багуслава зноў будзе з вамі! – здушана прамовіў Шымон. – Дык хай – толькі я… Выцягніце яе!
— Не кажы такога, Шымон! – крыкнула Багута. – А ты, Варакса, будзь ты пракляты! Мой бацька ніколі б такое не ўчыніў!
Паспрабавала дастаць пісталет – але яго на месцы не аказалася. А ад шпурнутага стылету Ніхель лёгка ўхіліўся.
–Вось бачыце, граф, ваша прапанова няслушная, — скрозь зубы прагаварыў фатограф і выстралам перабіў тонкі ствол асіны… Стараючыся патрапіць як бліжэй да пальцаў графа.
Асінка, на якой усё яшчэ заставалася некалькі круглых дрыготкіх лістоў, выпрасталася, загайдалася, усё яшчэ скурчаная, усё яшчэ – дрэва здрады, а не выратавання.
Каганецкі распрастаў рукі па паверхні дрыгвы, што адразу паглынула яго па грудзі, спрабуючы запаволіць шлях уніз:
–Багута, не рабі рэзкіх рухаў, пастарайся супакоіцца, трымайся за мяне…
У твань упалі сядзельныя сумкі, знятыя з Баярда. Ясна: рэвалюцыянеры чужога не бяруць. І здраднікаў не шкадуюць. Непадалёк страшна заіржаў, забіўся гняды конь, і сціх… Дзе ж дно ў гэтай прорвы?
Ніхель апошні раз, седзячы на белым кані, які нібыта не заўважыў гібелі сутаварыша-плябея і бядотнае становішча нядаўняга гаспадара, зірнуў на дрыгву, у якой вось-вось павінны былі знікнуць двое чалавек. У прыцемку Багуслава не магла разгледзець выраз твару свайго апекуна – можа, і да лепшага. Яна чакала, што ён вось-вось іх даб’е…. Але стрэлаў не прагучала. Ці гэта была слабасць старога баевіка, ці, наадварот, жорсткасць – каб здраднікі памучыліся перад смерцю? Хто ведае… І вось ужо стукат капытоў усё аддаляецца і аддаляецца…
–Я ўсё роўна ні пра што не шкадую… – задыхана прагаварыў Шымон, спрабуючы асцярожна намацаць штось больш цвярдзейшае, чым багна.
Па твары Багуславы ўперамежку з балотнай вадой цяклі слёзы, грудзі перахоплівала плачам.
–Я ўсё-ткі забойца! Каб я цябе не пакахала… Каб не паехала другі раз у Жухавічы… Ты б, можа, выжыў! Няхай у лячэбніцы – але быў бы жывы!
–Глупства! Я проста не павінен быў вяртацца ў N, мусіў схапіць цябе ды звезці проста з Жухавіч за мяжу!
Бедаванне, як бы яно магло скласціся, заўсёды бясплённае.
Шымон ірвануўся да спакуснай карчажыны, але гэта аказалася толькі нейкая гнілая водарасць, і апусціўся ў ваду з галавой, так, што Багуслава адчайна закрычала, сама здзівіўшыся, які хрыплы ў яе голас. Але Каганецкі вынырнуў, на смуглявы твар, такі бледны ў свеце зорак, наліпла раска.
–Вось жа, родная зямелька нагадвае, што я ўсё-ткі належу ёй, а не малайскім джунглям, — задыхана прамовіў, адплёўваючыся, заолаг. – Паспрабую зняць пас… Выкарыстаем як вяроўку…
Прасвятая Багародзіца, не папусці… Даруй… І Багуслава закрычала – адчайна, з усяе моцы, як ніколі ў жыцці не даводзілася:
–Па-ма-жы-це!
Ёй было ўсё роўна, хто гэта пачуе, няхай і пагоня. Сапраўды, нехта едзе.
–Мы тут! Сюды!
–Панна Багуслава, граф! Я ж адразу за вамі, сказаць, што Калоцкі вас здаў, і на ўсіх станцыях вас будуць чакаць. Добра, дадумаўся, куды рушылі. А тут вось яно як… А Божухна…
Давыд Масевіч паставіў ліхтар на край кладкі, каля каменя з крыжам, і напружана ўглядаўся ўніз.
–Чакайце, я зараз…
Шматпакутная асінка ўсё-ткі скончыла свой век – этнограф, захлынаючыся ад кашлю, пераламаў-перасек яе ля камля з дапамогай вялікага нажа, прывязаў, спяшаючыся, на канец палкі аброць.
–Бярыцеся!
Шымон ірвануўся з усяе моцы…
–Атрымалася! Багуслава, падцягвайся…
Але калі ён зрабіў свой рэзкі рух наперад, Багуслава выпусціла яго, сваё адзінае апірышча… І цяпер у яе вачах імкліва згасалі зоры. У рот, нос залівалася смярдзючае балота, субстанцыя радзімы.
Яе зноў пацягнулі наверх. Багуслава пакутліва адкашлівалася… Як холадна! Не адчуваецца ні рук, ні ног… Гэтай ноччу на траве мусіць быць шэрань, вясельны вэлюм смерці. Свядомасць адплывала некуды ў іншы свет, дзе няма ні бомбаў, ні жалезных клетак, ні пакорлівых мястэчак, ні іх ачышчальнікаў.
Шымон вярнуўся за ёю, а значыць, вымушаны быў кінуць выратавальную калаціну. Яны зноў тонуць у сэрцы дрыгвы. Як недарэчы здраджвае цела. Тады, калі сядзела на каменнай гаргульі, пратрымалася ўсю ноч. А тут, у ледзяной вадзе балота, хапіла пятнаццаці хвілінаў. Галасы даносіліся як скрозь вату.
–Вы надта далёка цяпер адплылі… Нічым не дастану!
–Давыд, я зараз штурхну Багуславу наперад… Будзе толькі адна спроба, на больш мяне не хопіць. Абвяжу яе пасам, а ты чапляй. Зрабі ўсё, каб яна жыла, абяцаеш? Гатовы?
Няўжо цела зноў ляжыць на цвёрдым? Нехта расціраў яе вушы, шчокі, каб прывесці да прытомнасці. Багуслава прыўзнялася, яе калаціла.
–Абхініцеся!
На плечы легла паліто, але цяпла не дало, нібыта не было больш у свеце ні цяпла, ні святла.
–Д-дзе? Шымон… Ён д-дзе?
Чаму Давыд хавае вочы?
Багуслава, спатыкаючыся, кінулася, ці хутчэй папаўзла, да дрыгвы. У святле ліхтара яе паверхня здавалася такой роўнай і надзейнай, быццам па ёй можна хадзіць, бегаць, таньчыць, але таньчылі на ёй толькі балотныя агеньчыкі ды загубленыя душы.
–Я спрабаваў… Ледзь сам не патануў. Вось, нават сумкі выцягнуў. А пан Шымон адразу – з галавой, як толькі вас выштурхнуў… Больш нават не паказваўся на паверхні.
Мармытанні Давыда здаваліся блёкатам. І яна ірвалася туды, да свайго Вужынага караля, у ягоны бурштынавы палац, што на дне балота… А шчуплы, руды Масевіч, невядома, адкуль сіла ў яго ўзялася, не пускаў, і ўсё мармытаў пра тое, што трэба жыць.
КНІГА ЗНЕШНЯГА КОЛА
Раздзел другі. Сляды на твані
Гальяш з сілай правёў далонямі па твары:
–“Тытанік”, блін… Па-беларуску…
Я адклала ўбок зялёны сшытак з пажаўцелымі старонкамі, спісаны цвёрдым дробным почыркам. Усё роўна зараз ні слова вымавіць не магу. Толькі ўсхліпваць.
Сапраўды, “Тытанік” па-тутэйшаму. Заміж акіяну з чыстай вадзіцай – смярдзючая дрыгва. Хлябчыце і маўчыце.
За вокнамі зноў згушчалася восеньская цемра, але зор не было відаць. Адкуль зоры там, дзе лупяць штучныя абыякавыя вочы ліхтары ды клубіцца смуроднае дыханне машын? Гальяш усхапіўся з канапы, якую мы ўгвэзалі за суткі чытання знойдзеных на антрэсолі дакументаў так, што варта было дзеля яе прыдумаць гіганцкую пральную машыну, і ўсхвалявана захадзіў па пакоі.
–Што за паскудства гэтыя сямейныя гісторыі! Недарэчныя, несправядлівыя смерці – і ніякага следу. Падумаць толькі, і гэты альбом з фотаздымкамі і дзённік, калі не містыфікацыя, мусілі пабываць у дрыгве…
Я, выцершы слёзы, ад якіх усё перад вачыма расплывалася, уважліва перагледзела старонкі: там-сям пакарабачаныя, з падцёкамі, яны ўсё-ткі захаваліся добра, атрамант не расплыўся нідзе.
–Напэўна, дарожныя сумкі графа Каганецкага былі з дыхтоўнай скуры, не прапускалі ваду. Таму і не патанулі.
Гальяш з размаху ўсеўся на канапу, аж спружыны віскнулі, нервова расшпіліў каўнер кашулі ў краткі. Цяпер ён яшчэ больш быў падобны да свайго продка з фотаздымка: ускудлачаныя русявыя валасы, высокі лоб, адчайныя шэрыя вочы на смуглявым абліччы.
–Там яшчэ штосьці напісана?
Я перагарнула апошнюю старонку.
–Так. Запіс зроблены праз год пасля папярэдняга.
Я адпіла даўно астылай гарбаты і зачытала:
–“23.10.1894. Дзеля чаго мне жыць, я зразумела толькі праз месяц пасля таго, як загінуў мой дарагі незабыўны Шымон. Цяпер, спадзяюся, я да канца свайго жыцця буду глядзець у любыя шэрыя вочы – на твары нашага сына. Давыд стрымаў слова, якое даў Шымону: ён самы адданы і верны чалавек на свеце. Мы перабраліся ў Вільню, Давыд перавёўся ў тутэйшы ўніверсітэт, падалей ад здрадніка Калоцкага. Бедны Давыдзе: ён зусім хворы, і нават не гады, дні палічаныя… Магчыма, я прыму ягоную прапанову аб фіктыўным шлюбе і ўсынаўленні: Ігнат мусіць вырасці ў бяспецы, без плямаў на паходжанні. Але сэрца маё засталося ў бурштынавым палацы. Падумаць толькі: нават белая сукенка ацалела з майго няздзейсненага вяселля! А адзінае маё каханне… Я спадзяюся толькі, што ўдасца зноў вярнуцца да тае кладкі над прорвай, дзе стаіць камень з крыжам, і выплакаць хоць частку слёз. Спадзяюся, мой сын і дзеці сына таксама не забудуць дарогі туды”.
Мой голас зноў сарваўся.
–Значыць, мяркуючы па нашым прозвішчы, прабабка ўсё-ткі пабралася шлюбам з этнографам Масевічам, — задумліва прагаварыў Гальяш. – Але насамрэч мы – не Масевічы, а Каганецкія.
Я стрэсла з пледа ў краткі, якім была засланая канапа, крошкі і абгрызкі і расклала паперы з цэлафанавага скрутка.
–Та-ак, што з гэтых папер вынікае… Твой прадзед, Ігнат Шымонавіч, бачыш, імя па бацьку ў яго ўсё-ткі захавалася, стаў выкладчыкам педтэхнікума. Вунь колькі грамат у яго… Вынаходнік, перадавік, удзельнік ВДНГ…
–Гэтую кватэру вылучылі менавіта яму, — пацвердзіў Гальяш. –Але дзед пра яго нічога не распавядаў.
Я вывучала пасьянс з чужых лёсаў, раскладзены на пледзе ў краткі.
— А не распавядаў таму, што твой прадзед быў арыштаваны ў 1937-м. Вось даведка: загінуў ад сардэчнай недастатковасці ў медпункце Сіблагу ў 1942-м. Я такіх даведак нагледзелася. Закатуюць чалавека, расстраляюць – і пішуць сваякам: “ад сардэчнай недастатковасці”. Добра, калі яшчэ адразу паведамяць. Здаралася, цягам гадоў слалі нябожчыку лісты і перадачы.
Гальяш узяў пажаўцелую паперу, як рэдкага павука:
— Цікава, прабабка Багуслава яшчэ жыла, калі яе сына, як і бацьку, пагналі ў Сібір?
Я ўявіла, што гэта магло значыць для няшчаснай жанчыны, і здрыганулася.
–Даведка пра рэабілітацыю Ігната Масевіча… Выдадзена жонцы, Ульяне Масевіч-Кароціч. О, цікавы дакумент… Копія скаргі на шкодніка Ігната Масевіча, супрацоўніка аддзела машынабудавання Наркамата мясцовай прамысловасці, ад рабочага-вынаходніка Аляксея Хведаровіча самому Сталіну. Не, ты паслухай, якая жэсць: “Ваша искринасть Иосиф Виссарионович и, прастота душы к прастым людям всего мира вазбудили в моей души мужаство отарваць Вас на нескалька минут ад гасударсцвиных дел”… Бла-бла-бла… “Я прастой рабочий в области изабритатильской работы задался целью быть настаяшчим изабритателем… Я хачу аписать вам Иосиф Виссарионович судьбу аднаго маего изабритения имянуемага «Камбинираваная машына для праизвоцтва трудаёмких работ». Машына придназначина для выпалненья работ да трицати наиминаваний»… Бла-бла бла… “Маё образаванье састаит из 3 класав церковна-прихадской школы. И вот кагда рабочий изабритатиль ктомуже малаграматный являится в камитет па изабритеньям в области машынастраения с изабритеньем, имеюшчым бальшое значене для народнага хазяйства нашай Родзины то вызвау прастест среди членов камитету, имеюшчых спецыяльнае абразаванье и занимаюшчых высокия должнасти. Некаторыя люди (И.С. Масевич) занимаюшчые высокия должнасти ишчо не лишаны чьванства и не могут равнадушна атносица к важным изабритеньям сделаным прастыми людьми и тармазят их продвижению…”
Я адарвалася ад даўжэзнага ліста на некалькіх аркушах, які пакідаў адчуванне, быццам цябе прымусілі есці крэйду.
–Нагадвае сцэну з раману братоў Стругацкіх “Казка пра Тройку”… – змрочна азваўся Гальяш. – Там таксама быў такі вынаходнік, толькі замест “камбінаванай машыны для працаёмкіх работ” прынёс камісіі “эўрыстычную машыну”, адзін да аднаго старую машынку-друкарку, якая магла адказаць на любое пытанне, праўда, адказы друкаваў сам вынаходнік. Прынцып дзеяння дзед тлумачыў проста: “У ней внутре неонка”.
–А Хведаровіч свой цуда-агрэгат зрабіў з аўтамабільнага рухавіка. Але за гэтую “камбінаваную машыну” Ігната Масевіча, падобна, звольнілі з камітэту. Рэзалюцыя чырвоным алоўкам: “Неадкладна пакараць вінаватых у зацісканні рабочага вынаходніка”. Дзякуй Богу, што цяпер не трыццатыя гады. Колькі такіх Хведаровічаў пішуць у нашу рэдакцыю! Ім вяртаюць дурны рукапіс – яны цябе вінавацяць у антыдзяржаўнай дзейнасці. І нікога на тры літары не пашлеш, нават калі бачыш, што ўзровень – “у ней внутре неонка”. Хутчэй журналіста пакараюць “за абыякавыя адносіны да чытачоў”. А вось гэта ўжо тычыцца твайго дзеда. Таксама граматы… “Лепшаму выкладчыку вучэльні”…
–Дзед хацеў паступіць у Маскоўскі ўніверсітэт, — раптам сказаў Гальяш. – Я ўспомніў адну размову бабулі. У дзяцінстве, вядома, не звярнуў увагу… А бабуля распавядала, што дзед лічыў сваё жыццё сапсаваным, бо яго не прынялі на вучобу ў Маскву, потым не пусцілі на ўсесаюзную алімпіяду па фізіцы, дзе ён спадзяваўся заняць першае месца. Нешта з ягонай біяграфіяй было не так. Цяпер разумею – сын ворага народа.
–І акупацыю, магчыма, яны з маці перажылі тут, у Мінску, — згадзілася я. – Ён жа малы быў… Добра, што ацалелі. Так што характару было дзе сапсавацца. Пра сваю прабабку і яе сям’ю нічога не ведаеш?
Гальяш пакруціў галавой, запусціў пальцы ў русявыя валасы, як у адчаі.
–Я ж сказаў, нічога! Ні пра каго!
Зноў ускочыў, захадзіў па пакоі, кусаючы вусны.
–А працы Шымона Каганецкага мусяць дзесьці быць! Цяпер мне здаецца, што я сустракаў гэтае прозвішча ў навуковай літаратуры. Абавязкова знайду… І… я павінен з’ездзіць у Жухавічы!
Шэрыя вочы глядзелі разгублена і адчайна.
–Добра, з’ездзім, — сказала я, намагаючыся, каб мая рэпліка прагучала не надта хутка і не надта радасна.
І тут зноў запілікаў скайп на ноўце. Маю патаемную радасць як абламала. На маніторы ззяў гожы твар Леры, яе цёмныя кудзеркі былі перацягнутыя зялёнай банданай с малюнкамі мядзведзікаў Тэдзі.
–Зая, а ты купіў ільняныя абрусы з сурвэткамі? Чатыры наборы, я ж прасіла.
Госпадзе, а яна ўжо з акцэнтам гаворыць! Ці за год набыла, ці падкрэслівае, што ўжо нетутэйшая?
Шымон стаў так, каб захіліць ад мяне ноўтбук, і я, узяўшы пусты кубак, ціха выйшла на варыўню. Але ўсё роўна працягвала чуць размову, амаль аперэтачную.
–А што яшчэ з тваёй зачуханай Беларусі тут каго зацікавіць? Кніжкі пра Вялікае княства Літоўскае? Цукеркі? О, дарэчы, цукерак набудзь. Толькі якіх-небудзь прыкольных. Ну, там, “Любімая Аленка”, з дзяўчынкай савецкай у хустачцы… Помню яшчэ смешны шакалад “Теленок Борька”. Увогуле, будзеш якія сувеніры купляць – лепей пабрутальней, пагрубей. Аўтэнтыка, этнаграфія, тыпу там лапці, каўшы… З савецкай сімволікай пакоціць.
–Слухай, гэтая “зачуханая Беларусь” яшчэ нядаўна была тваёй радзімай, тут твае бацькі жывуць, дзяды-прадзеды ў зямлі ляжаць.
–У цябе што, прыступ местачковага патрыятызму? Збегай на плошчу Незалежнасці, пакланіся помніку Леніну і ачуняй.
Далей я прапусціла частку размовы – таму што змусіла сябе адцягнуць увагу на агні, якія беглі па праспекце, нібыта адлучаныя цемрай ад машынаў, самі па сабе, балотныя агеньчыкі вялікага балота.
Чамусьці ўспомнілася, як некалькі год таму па гэткім жа начным праспекце мяне везлі ў бальніцу – падхапіла свіны грып. Дакладней, гэта мы адзін аднаму казалі – “свіны грып”, а міністэрства “па ахове здароўя ад грамадзянаў” сцвярджала, што гэта паніка, падрыўныя чуткі, ніякай эпідэміі… Людзі валіліся, як мухі ад дыхлафосу, у аптэках разабралі ўсе марлевыя павязкі і няшчасны арпетол, які нібыта падымаў імунітэт, а насамрэч хутчэй даваў надзею, што неяк усё ж лечышся. Бо тэмпература не збівалася, людзі згаралі з пнеўманіяй. Маладыя, моцныя, паміралі за некалькі дзён. І ніякія лекі не дапамагалі, таму што вакцыну ад “атыповай пнеўманіі” міністэрства не закупіла. Затое вытворцы арпетолу, арбідолу ды іншых шараговых прэпаратаў ад вірусаў азалаціліся.
Бязлюдныя вуліцы, фігуры з заматанымі да вачэй тварамі… Цішыня… Разгубленыя, злыя дактары, якім не дазволена пісаць у картках сапраўдны дыягназ…
Мяне везлі ў “хуткай”, я глядзела на жоўтыя агні праспекту, машыны, што праслізгвалі міма, і думала, што, магчыма, еду ў апошні шлях.
У бальніцы было пекла. Людзі з тэмпературай сорак градусаў па Цэльсію сядзелі ў калідорах, абсоўваліся са сценаў. Асабліва цяжка хворым даставаліся інвалідныя крэслы. У многіх у руках цямнелі здымкі іх лёгкіх са сведчаннем страшнай хваробы. Кожны мусіў прайсці немудрагелісты шлях: аналізы – рэнтген – накіраванне ў палату… Хаця палаты даўно былі запоўненыя. Калідоры таксама. І чарга ў прыёмным пакоі амаль не рухалася, некаторыя сядзелі ў гэтых фарбаваных бляклай зялёнай фарбай сценах з раніцы… Я адчувала, што больш не вытрымаю. Адшукала, хістаючыся і трымаючыся за сцены, адзінага доктара – маладую дзяўчыну ў марлевай масцы… На маю абурана-адчайную просьбу – “ды чалавечнасць у вас ёсць ці не?”, доктар зарыдала. Яна тут таксама з раніцы, другія ўрачы пахварэлі. Лекаў няма. Месцаў у бальніцы няма… Выпісала мне хаця б накірунак на рэнтген.
Яшчэ праз гадзіну мне сказалі, што да пнеўманіі пакуль не дайшло, толькі бранхіт… Па шчаслівым, задыханым званку прыехала мая сяброўка Насця і забрала мяне на таксоўцы.
Цяпер я магу трохі ўявіць, што такое – смяротная хвароба і вызваленне ад яе. Як у графа з ягонай лікантропіяй.
Цікава, ці жыў бы граф Каганецкі на Беларусі? Ці прыехаў бы працаваць у новаствораны ўніверсітэт у 1920-х?
Вядома, старых спяцоў у трыццатых панішчылі, як ворагаў народа… Але ж ён паспеў бы штось стварыць! Застацца ў гісторыі краю! Было б што адшукваць у архівах. А так – дзе тая Вена, дый нямецкую мову я ведаю на ўзроўні “іх бін аус Вайсрусланд”, нічога не расчытаю. Каб хоць у Польшчы ягоная светласць на навуковай ніве падвізаўся…
Між тым скайпавая размова пагучнела так, што я не змагла далей прымушаць сябе не слухаць.
–А чым кепска напачатку – лабарантам? Не бэбі-сітэрам жа! І зарплата большая, чым у твайго прафесара, разоў у дзесяць! Які “гастарбайтэр”? Зноў пачынаеш? Ну, ведаеш, зая, свае амбіцыі пакінь у саўку, дзе атрымліваюць сто даляраў і ганарацца, што такія інтэлектуальныя і абраныя. Здагадалася: у цябе, як у жаніха перад вяселлем, капрызы псіхікі. Супакойся. Кахаю цябе. Цалую. Чакаю.
Гальяш зайшоў на кухню з такой фізіяноміяй, быццам адбыў урок нялюбай фізкультуры, дзе не змог падцягнуцца патрэбную колькасць разоў.
Жанчына не павінна змушаць мужчыну здаваць нарматывы. Паміж двума закаханымі ўсё – норма, усё – на вышэйшую адзнаку.
–Прабач… – мармытнуў біёлаг, кінуўшы вінаваты позірк. – І так нервуюся перад ад’ездам. А тут яшчэ жухавіцкая гісторыя…
Гальяш цяжка ўздыхнуў.
–Мне трэба ісці…—прагаварыла я, разумеючы, што заставацца нельга, і ён не папросіць, а каб папрасіў, мне належала б горда адмовіцца. Мінулая ноч мая прайшла тут – але мы прыляглі толькі пад раніцу, на пару гадзінаў, у розных пакоях, не распранаючыся. І з гэтага таксама вынікала – не пашкодзіць добра выспацца і прывесці сябе да ладу. – Заўтра, калі не перадумаў, паедзем да мяне на радзіму, у горад N, адтуль дабярэмся да Энгельсаўкі.
–Давай хоць да тралейбуса правяду… – з няёмкасцю прамовіў Гальяш. – Цёмна… А ты не мая прабабка, стылет у рукаве не носіш.
Усю дарогу мы маўчалі… Але, упэўнена, думалі пра адно і тое ж: падзеі стогадовай даўніны пракручваліся ў свядомасці, як тэлесерыял. Фотаатэлье з выявамі кацянятаў, страшныя пост-мортэм, дзёрзкія студэнты, пусты маёнтак з зачараванымі рэчамі, бойка мужчыны і жанчыны перад камінам, жалезная клетка ў сутарэнні, пажар на заводзе, дрыгва, паверхня якой паволі заціхае, прыняўшы ахвяру… Я ўвесь час спалучала вычытаныя, уяўленыя карціны з сучаснымі краявідамі роднага мястэчка… І яны ніяк не спалучаліся. Ну хіба што ёсць у нас фабрыка па вытворчасці запалак. Але ці гэта мадыфікацыя таго самага дрэваапрацоўчага заводу, які задумвалі век таму будаваць, я не ведала. Яшчэ хіба пачарнелая пажарная каланча на тым самым месцы тырчыць. Але нічога падобнага да будынку, у якім магло б месціцца фотаатэлье, насупраць яе няма. Шэры простакутнік Дома быту, у якім дакладна не замовіш ні сурдут, ні сукенку з турнюрам, гаражы ды пустыр, на якім спачываюць іржавыя шкілеты старых машын.
Ні пра тэракт на заводзе, ні пра тэрарыстаў у горадзе, ні пра пагромы ў нас нічога не расказвалі. Я не магла ўявіць, што сто гадоў таму ў маім N мелася капялюшнае атэлье, выпякаліся венскія булачкі, у кніжнай краме стаяла гіпсавая Мінерва і прадаваліся манаграфіі аўстрыйскага вучонага… Ды ў нас апошнія дваццаць гадоў увогуле кніжнай крамы ў горадзе не было! Толькі аддзел у “супермаркеце” (бяру гэтае слова ў двухкоссе) з наборам дэтэктыўных томікаў Марыніных-Данцовых-Усцінавых. У нас, у горадзе N, балі? Карэты? Аркестр? Фотаатэлье з дэкаданснай дамай? Вось Дом культуры маецца. Бетонна-дыхтоўны, з вялікай актавай залай, на сцэне якой ладзяць канцэрты местачковыя таленты. Царква ёсць, так званая “мураўёўка”, касцёл захаваўся. Сінагогі даўно няма, дый габрэяў амаль не засталося. Нават мая лепшая сяброўка дзяцінства Іна з’ехала з бацькамі ў зямлю абетаваную, цяпер толькі лістуемся праз інтэрнэт. Толькі габрэйскія могілкі засталіся, за запалкавай фабрыкай, з надмагільнымі плітамі, што амаль ураслі ў зямлю. Звычайнае, ціхае мястэчка. З якога я так ірвалася з’ехаць у сталіцу.
Родны кут, родны кут… Ды ў мяне ўражанне, што ў беларусаў спакон веку ў крыві іншае – “зваліць”з таго куточка…
Я ж нават калі захварэла на той свіны грып, бацькам не паведаміла. Не таму, што баялася – расхвалююцца, самі, не дай Бог, заразу падхопяць. А каб не пачалі адгаворваць ад вучобы так далёка. Не змусілі перавесціся бліжэй да дому, як адразу намаўлялі.
Для горада N у мяне адзін варыянт падзеяў: сталіца – гэта супер, там усё добра, і іначай быць не можа. Нават калі мне давядзецца варыць на абед уласныя чаравікі, не вярнуся ў зацень запалкавай фабрыкі.
І чым тады я лепшая ад Гальяша, якога спрабую прысаромець непатрыятычнымі паводзінамі?
У сваёй часовай кватэры, прапахлай спаленым мною пазаўчора амлетам, я доўга стаяла пад душам, змываючы стому і дарэмныя надзеі. З-за знойдзенага сямейнага альбому ніхто ад’езд у Амерыку не адменіць. Але заўтра ў мяне будзе яшчэ адзін дзень побач з каханым чалавекам.
Так, яшчэ глыбей загразла ты, паненка, у сваёй дрыгве.
Назаўтра Гальяш чакаў мяне на аўтобуснай станцыі з квіткамі ў руках, быццам мы зараз пойдзем на спектакль.
На драму. У некалькіх актах. Да фіналу дапаўзае толькі адзіны другарадны персанаж.
–Ведаеш, чарга затрымалася: адна дзяўчына выкупіла білет на маршрутку па інтэрнэце, а касірка, немаладая цётка, ніяк не магла зразумець, дзе ж гэты білет цяпер узяць. Патрабавала ад дзяўчыны раздрукоўку, дакумент нейкі матэрыяльны, карацей. Дзеўка гаворыць код замовы – касірка: “Білет пакажыце!”. Паўгадзіны разбіраліся, не разабраліся…
Гальяш быў зноў у кашулі ў краткі, толькі ўжо іншай, чорна-чырвонай, той самай, у якой сфатаграфаваўся разам з Лерай, у цёмна-шэрай куртцы з капюшонам, джынсы запраўленыя ў высокія чаравікі, падобныя да маіх. Я амаль чакала, што ў яго за спінай акрамя заплечніка будзе тырчэць стрэльба.
Стрэльбы не было, затое фотаапарат, з прафесійным даўжэзным “ствалом”, меўся.
І адразу нацэліўся на мяне, каб занатаваць маё смешнае аблічча: бо я была ў матчыным капелюху з абвіслымі брыламі колеру зімняй вішні, які надта ўдала прыкрываў мае вечна хворыя вушы ад ветру, а яшчэ я абматалася шалікам у дробныя чорна-белыя шашачкі, так званай “арафаткай”. А з-пад капелюха звісаюць дзве рудыя, абы як заплеценыя коскі, перацягнутыя чорнымі гумкамі.
Я ледзь стрымалася, калі Гальяш пачаў, пасмейваючыся, тлумачыць пра “жывапіснасць” майго аблічча.
Спазнялася я проста, спадар. Іначай дзесяць разоў перапранулася б, нафарбавалася, валасы падвіла, іншы капялюш, які некуды, як на злосць, заваліўся, надзела…
Пакуль ехалі, мы з дапамогай майго смартфону пашнырылі па сеціве. Энгельсаўка сапраўды раней была маёнткам Жухавічы. Нават прозвішча Каганецкіх згадвалася. Але з 1894 году яна ўжо належала Людвігу Боўнару. У адной судовай справе ён даказваў права на спадчыну. І валодаў доўга, гадоў дваццаць. Хто потым атрымаў маёнтак – я не ведала. Але па любому быў уладальнікам нядоўга. Рэвалюцыя, грамадзянская вайна… Немцы, палякі, бальшавікі… Будынак рэквізавалі, зладзілі ў ім бальніцу. Потым, у апошнюю вайну, немцы таксама размясцілі там свой шпіталь. Па чутках, была палата, у якой трымалі мясцовых дзетак, каб браць кроў для параненых акупантаў. Жах які! Маёнтак проста прыцягваў да сябе зло…
Ну а лясніцтва тут размясцілі пасля вайны.
Як толькі мы апынуліся ў N, Гальяш адразу пачаў шчоўкаць фотаапаратам… Аж няёмка. Знаёмыя месцічы ходзяць, касавурацца, а гэты здымае. Людзі ж запалоханыя. Падумаюць, што праверка якая. А калі праверка, значыць, пасля вымовы ад начальства – разборкі, а тады і звальненне… А куды асабліва пойдзеш працаваць у гэтым мястэчку?
Таму я ўпарта цянула біёлага на другі прыпынак, дзе нам належала сесці на іншы аўтобус, які два разы на дзень ездзіў у Жухавічы. Так што да мяне дахаты, на шчасце, не было часу заходзіцца. Таму што як патлумачыць бацькам, чаму прывяла не свайго хлопца? І так суседзі нарасказваюць ім, наплявузгаюць… Вунь як дзівіцца паштарка, ледзь ровар у слуп не скіравала.
Ну навошта ён здымае і здымае гэты павалены плот са скурчанай ігрушай, ствол увесь у вузлах і трэшчынах, быццам паднялі са дна мора… Хатку, крытую даўняй дранкай… Аўтэнтыкі захацеў!
Я ніколі не жыла ў вясковай хаце. Бацька і маці пажаніліся яшчэ ва ўніверсітэце, а калі патрапілі сюды па размеркаванні, як маладым спецыялістам, ім адразу вылучылі аднапакаёўку з лоджыяй у двухпавярховым шэрым дамку, складзеным з сілікатных цаглінаў, мёртвых і шэрых, у адрозненне ад сапраўдных, чырвоных, са слядамі пальцаў майстра-цагельшчыка — з такіх будавалі замкі і храмы.
Як я марыла, каб побач быў замак! Нейкі час прымала за яго нават пажарную каланчу… І як замірала сэрца, калі дзесь у траве чырванелі патрушчаныя цагліны… Ці не рэшткі замка?
Можа, і таму я так захапілася гісторыяй і раскопваннем ейных падмуркаў?
Аўтобусік на Жухавічы тросся, быццам няспынна скардзіўся на неспакойную старасць. Я заглядзелася ў вакно – ні на што, проста бываюць такія моманты здранцвення, адсланення… І раптам усвядоміла, што Гальяш ужо нейкі час вывучае мяне нейкім дзіўным позіркам. Пабачыў, што я вярнулася з летуценняў, і спытаў:
–Паслухай, а навошта ты гэта ўсё робіш?
Я ўздрыгнула, як заспетая за нечым непрыстойным. Гэта ён пра што? Патэнцыйны граф крыва пасміхнуўся.
–Ну, едзеш са мной… Дакументы дапамагала разбіраць… Хату чысціла…
Я пастаралася, каб голас мне не здрадзіў.
–Павінна ж я расплаціцца за дармовае жыллё.
Біёлаг апусціў галаву, хмыкнуў, і зноў дзіўны позірк:
–Ну а калі б я скасаваў дамову, і ніякага дармовага жытла? Ты б са мной не паехала?
Няўжо ён падазрае… Няўжо я выдала неяк сябе, закаханая дурніца… І ён намякае, што мая такая ўвага яму непрыемная. Залішняя. Так, сабрацца… Мармытнуць абыякава:
–Мяне ўсё роўна цікавяць гістарычныя расследванні…
На шчасце, небяспечная размова перарвалася – мы прыехалі. Але на прыпынку апынуліся адны-аднюткія. Ды каму магло тут што спатрэбіцца – ні будынкаў, ні людзей, ля шашы бетонны слуп з памятай бляшанай шыльдай з раскладам аўтобусаў, лес, прарэзаны дарогай з коркай падсохлай гразі, у якой выразна адбіліся рубчыкі шынаў.
Па гэтай дарозе мы і рушылі. Гэта быў не той шлях, якім ехала ў Жухавічы брычка з фатографамі. Графскі дом паказаўся за плотам з бетонных квадрацікаў у профіль. Жалезныя вароты, яшчэ з бляшанымі зорачкамі на іх, ляжалі на зямлі ў якасці дыванка.
–Ну вось, мая спадчына… — насмешна-трывожна прамовіў Гальяш.
Тут сапраўды можна было ратавацца толькі іроніяй… Дом даўно пазбавіўся прыбудоваў і ўсялякіх архітэктурных лішкаў. Толькі аблезлыя калоны перад уваходам стаялі, як ногі даўно памерлага слана. Над дзвярыма, дзе калісьці красаваўся герб з ваўчынай пысай, бачыўся прамавугольны след ад сарванай шыльды і чорныя дзіркі мацаванняў. У некаторых вокнах першага паверху захаваліся краты ў выглядзе сонейка. Можа, бачылі такія, савецкага часу: у куце – круг, ад яго па ўсім перыметры разыходзяцца промні-прэнты. Быццам прыдумалі здзеклівы сімвал, згадваючы беларускі адраджэнцкі лозунг “Загляне сонца і ў наша ваконца”.
Ціха, бязлюдна… Толькі вецер шасціць сухімі лістамі.
Біёлаг, не адрываючыся, глядзеў на тое месца над дзвярыма, дзе вісеў калісьці герб.
–Паслухай, Сімка, калі я – нашчадак Каганецкіх, калі ўва мне іх кроў, значыць, мне маглі перадацца і іхнія якасці… Спадчынныя хваробы і праклёны…
–Гэта ты наконт чаго? – напружана папыталася я, надта ўжо сур’ёзны твар быў у майго спадарожніка. – Пра лікантропію? Здзекуешся? Ты ж вучоны… Нават у дзевятнаццатым стагоддзі разумныя людзі змаглі давесці, што ваўкалацтва няшчаснага графа – містыфікацыя.
Гальяш прайшоўся туды–сюды, неяк нервова азіраючыся на панылыя краявіды занядбанага радавога гнязда.
— Ну, нездарма ж у гербе была ваўчыная пыса. І ўсе гэтыя мясцовыя паданні… Выпадак у царкве… Калі прадзед выскачыў праз вакно. Багуслава, вядома, усё вытлумачыла галюцынагенамі, якімі паіў графа доктар Боўнар. Але ж і да жаніцьбы старэйшага Каганецкага са злавеснай Антанінай Боўнар з Шымонам не было ўсё гладка… А з яго бацькам, дзедам? Што за пачварная калекцыя? Няўжо яе збіралі толькі ад спалоху перад выпадкам са здраднікам Бекю, ад уражання містычным срэбным зліткам? Не веру… Гэта нейкая душэўная псота…
Я ажно разгубілася. Хлопец, якога я кахала, ніколі не даваў падставы западозрыць яго ў містыцы.
–Нагледзеўся серыялаў пра вампіраў ды іншую нячыстую сілу? Баішся, што ў цябе хвост вырасце?
Гальяш Масевіч, які насамрэч быў Каганецкім, закінуў твар да неба, якое было то безнадзейна шэрым, то з сінімі лапікамі волі.
–Госпадзе, ну як жа я не ўмею весці такія размовы…
Перавёў позірк на мяне.
–Магчыма, мае продкі проста пакутвалі на нейкую псіхічную хваробу, спадчынную манію.
Як жа мне хацелася абняць яго, прытуліцца, пагладзіць ягоны мужны твар, правесці пальцам па абрысе прамых густых броваў…
–Магчыма, у тваіх даўніх продкаў гэта была проста карысная баявая якасць. Хаця б тое самае берсеркерства – шал падчас бойкі, адсюль і легенды пра панішчаных чужынцаў. Пра гэта і ў дзённіку Багуславы гаворыцца.
Гальяш змрочна хмыкнуў.
–У такім выпадку, калі Каганецкія пачалі знявольваць у сабе звера, замест таго, каб ставіць яго на варту краю супраць чужынцаў, змусілі віляць хвастом і слугаваць ім, звер ператварыўся ў праклён. У хваробу. Пачынаючы са здрадніка Радаслава Каганецкага, які выдаў філарэтаў.
Вецер рыўкамі гнаў па патрэсканым асфальце поліэтыленавы пакет, быццам прывід мядузы. Прывід пагардліва шаргатаў.
–Я кепска пачуваюся ў час поўні… – Гальяш не ўсміхаўся. – Я гэта не адразу зразумеў. У пэўныя дні – бяссонне, начныя жахі…
–Ну і што? – здзівілася я. – У свеце хапае людзей, як гэта, селеназалежных. Адны балюча рэагуюць на ўспышкі на сонцы, другія – на фазы месяца.
— Я магу быць… жорсткім. Таму стараюся не біцца і не сварыцца.
Я шчыра не разумела, што яго трывожыць. Відаць, бабуля, а пасля тая самая Лера, убілі небараку ў галаву, што калі ён пярэчыць ім ці сярдуе – ён кепскі. Я проста не магла ўявіць яго, такога спакойнага, інтэлігентнага, у гневе.
–Буду ведаць, што ты – Халк, герой амерыканскіх коміксаў. І калі цябе раззлаваць, зробішся зялёны і вялізны.
Ветрык зноў прашамацеў па зарослым быльнягом двары маёнтка, быццам злодзей залез да паноў. Але ўпэўніўся, што красці няма чаго, і хуценька ўцёк. З галінкі сасны раптам сарвалася сарока, пранесла чужыя навіны і знікла ў лесе.
–Табе не страшна знаходзiцца тут, сам на сам са мной? — раптам папытаўся Гальяш. — Вунь на табе нават чырвоны каптурок адпаведна сiтуацыi. А раптам ува мне прачнецца воўк?
Біёлаг крануў мой капялюшык колеру зiмовай вiшнi за брыло, пагладзіў па касе – каб я не пафарбавалася, была б яна не рудой, а попельнай. Калі мне і было страшна – дык самой сябе, каб не захлынуцца пачуццямі. Таму што ўпершыню Гальяш дакранаўся да мяне не выпадкова.
–А Лера цябе баіцца?
Біёлаг не ўздрыгнуў, не адвярнуўся.
–Яна бачыць мяне толькі звонку, праз краты. А ты, здаецца, зайшла ў клетку.
–Багуслава не збаялася, i я не збаюся, — вымавiлi мае непаслухмяныя вусны.
Патэнцыйны амерыканец зноў кiнуў на мяне нейкi дзiўны позiрк i рашуча штурхнуў аблезлыя дзверы графскага маёнтка. Яны былi замкнёныя, але чыста сiмвалiчна. Бо не забранае кратамі, з выбiтай рамай вакно справа ад дзвярэй сведчыла, што будынак даўно перастаў ад кагосьцi абараняцца, як знявечаны жабрак, што ляжыць ля паперцi i нават не спрабуе адсунуцца ад чужых крокаў.
Калiдоры з аблезлай падлогай, стандартныя канторскiя пакоi… Рэшткi выцвiлых танных шпалераў, некалькi крэслаў з паламанымi ножкамi… Пад нагамi агiдна, як косткi, хрумсцела бутэлечнае шкло. Абрыўкi газетаў, пустыя бляшанкi з-пад кансерваў, рыззё, падэшвы ад абутку… Усё назапашвалася гадамi. І характэрны для такiх памяшканняў пах: грамадскай прыбiральнi i памыйкi. Цалкам магчыма, што ў гэтай кучы знаходзiлiся i рэчы з чужым злом, сурокамi, праклёнамi… Такое ж нязводнае.
На другi паверх падняцца не атрымалася: лесвiца абвалілася, праз дзiравы дах пазiрала катарактнымi вачыма неба.
Ходу ў сутарэнне таксама не знайшлi. Затое ў яго лёгка было залезцi звонку, праз падвальнае вакно, таксама без кратаў, без шыбаў, з няроўнымi краямi абламанай цэглы. Мусіць, яго выламалі ў сцяне ўжо ў нашым стагоддзі – Багуслава ж не згадвала, што ў сутарэнні ёсць вокны. У Гальяша знайшоўся дыхтоўны лiхтарык, i хаця тут таксама ўсё засмечана, i нават валялiся iржавыя часткi ложкаў яшчэ бальнiчнага перыяду маёнтка, готыкi адчувалася больш. Мяне перасмыкнула, калi я падумала, што, магчыма, менавiта тут фашысты трымалi няшчасных дзетак-донараў…
З-пад тынкоўкi агалiлася амаль уся цэгла — а ёй стагоддзi тры, не менш. Быццам усё залiта запеклай крывёй. Каржакаватыя калоны, нават умураваныя ў iх жалезныя кольцы засталiся. Усё, як апiсвала Багуслава Нiхель. Толькi клеткi няма.
Апошнi з Каганецкiх рэзка слiзгануў лiхтарыкам па сценах, быццам закрэслiваў iх.
–Ведаеш, усё чакаю, калi ж адчую поклiч продкаў… i нiяк. Смурод, сум, бруд… Пойдзем адсюль, Чырвоны Каптурок! А то ў мяне кiпцi вырастуць.
Вось жа, далася яму тэорыя са спадчыннай лiкантропiяй… Штопраўда, чалавек, якi ў дзяцiнстве размаўляў у лазенцы з павукамi, а падрослы, трымае дома змей, не можа не валодаць чорным гумарам.
Стаўшы перад ганкам, мы яшчэ раз агледзелi будынак. Сiнi лапiк неба над паўзруйнаваным дахам вызiрнуў, як сцяг войска, якое iдзе на дапамогу абложнiкам.
–Адрэстаўраваць — якi б цуд атрымаўся! – услых падумала я. — Канец васямнаццатага стагоддзя. Вунь там яшчэ фрагменты фрызу…
–А ў мяне гэты дом не выклiкае цёплых пачуццяў. — Гальяш апусцiў фатаапарат, якiм толькi што цэлiў у заўважаны мной фрыз, падобны да следу ад шыны. — Пэўна, назапашаная колькасць зла зашкальвае. Падобнае я адчуваў, калi быў на экскурсii ў маёнтку Салтычыхi — памятаеш, знакамiтая расейская душагубка, якая прыгонных дзяўчатаў катавала? Кажуць, што там загубленыя душы проста вiюцца, раяцца… Дый наўрад сюды рэстаўратары дойдуць. У нас жа лiчаць, лепей занядбаныя руіны знесцi ды на іх месцы новенькi дом з сiлiкатных блокаў збудаваць. — Гальяш падбiў нагой кавалак цаглiны, i той адскочыў, як напалоханы звярок. — Памятаю, мы ездзiлi ў заказнiк Барбастэла, дзе зiмоўе кажаноў, дужа рэдкiх — еўрапейскiя чарнавушкi. Зімоўе проста ў старым форце Брэсцкай крэпасцi. Аказалася, нейкiя п’янтосы туды залезлi, скiнулi шыфер — а там пачваркi нерухомыя! Ну i давай іх душыць, як булгакаўскі Шарыкаў катоў… Ледзь не сотню раздушаных звяркоў мы знайшлi. Мiлiцыя крымiнальную справу завяла… Але, ведаеш, нават мiлiцыянты стрымлiвалi ўсмешкi: знайшлi вучоныя дзівакі злачынства!
Гальяш лаўчэй закінуў заплечнік на спіну.
–Добра, хопіць з мяне агледзінаў спадчыны.
Проста ад ганку за агароджу, у лес вяла яшчэ адна дарога, у патрэсканай асфальтавай скуры, калісьці абсаджаная дрэвамі — ад іх засталіся адны пні, вакол тырчэлі голыя пруты кустоўя. Па гэтай дарозе, безумоўна, і прыехалі ў Жухавічы госці ў брычцы. А вось і пацверджанне — валун, ружовы, з выбоінамі, што нагадваюць вочы і шчыліну роту. Паводле апісанняў з зялёнага сшытка, зверху павінен быў ляжаць пляскаты камень-шапка… Стод! З калекцыі Каганецкіх, які фатаграфавала Багуслава Ніхель!
Гальяш некалькі разоў таксама шчоўкнуў ружовы камень. Я выразна бачыла, што сітуацыя ўсхвалявала графскага нашчадка — хоць ён і спрабаваў выяўляць з сябе скептычнага такога, меланхалічнага маладзёна. Але вось, зноў кусае вусны, і цягнецца рукой адкінуць з ілба русявыя валасы, хаця іх зараз жа верне назад вецер.
–Цікава, ці выкарыстаў атрыманыя негатывы Міхал Калоцкі?
Гальяш не адгукнуўся, зноў аглядаючыся па баках, нібыта чакаў нападу. Сапраўды, у ім, як і ў ягоным продку з фотаздымка, прысутнічала нешта… звярынае. Небяспека, дужасць, грацыя, уласцівая драпежнікам. І адначасова безабароннасць: ані хітрасці, ані здольнасці прыстасоўвацца. Такія, калі што вырашаць, на рагаціну палезуць, не збочаць. Замест інтрыгі — двубой. Расчаруецца — сыдзе.
Цікава, чым жа яго так зачапіла Лера? Адной гожасці для ваўкалака мала…
Раздзел трэці. Вяртанне ваўкалака.
Калісьці ў дзяцінстве я чытала казку, у якой раілі гераіні: заблукаеш – пакланіся на ўсе чатыры бакі і папрасі: “Лес, бацюхна, адпусці!”
Памятаючы гэты надзейны рэцэпт, я больш-менш спакойна паставілася да выбару маршрута.
Бо мы, не згаворваючыся, рушылі па дарозе, што вяла ад ганку Жухавіч праз лес. Па сумніўнай такой дарозе, якую чамусьці не паказваў навігатар на маім смартфоне. Дзесьці тут мы з маці калісьці збіралі грыбы… Але хіба я што толкам памятаю? У мяне ўвогуле, так бы мовіць, тапаграфічны крэтынізм. Мая мінская сяброўка дужа весяліцца, калі я, у дваццаць пяты раз ідучы да яе ў госці, усё блукаю паміж трох дамоў, гадаючы, каторы ейны.
Мапа сведчыла, што мусілі мы выйсці на шашу… Рана ці позна.
Асфальт закончыўся адразу за межамі маёнтка. Кіламетраў праз пяць я ўсвядоміла, што шаша з’явіцца хутчэй позна, чым рана. Неба зноў зацягнулі хмары. Гальяш кінуў на сухую траву, ля камлёў гонкіх соснаў, заплечнік.
–Спыняемся! Прабач, я цябе зусім загнаў. Я ж звык да вандровак…
У біёлагавым заплечніку знайшоўся і шаргатлівы бліскучы турысцкі дыванок, які не прапускае холад, і тэрмас з гарбатай, і канапкі… Я магла дадаць толькі пачку печыва “Фестывальнае” і бутэльку мінералкі “Мінская-4”.
Ідыётка, вядома… Нармальная дзеўка, выпраўляючыся ў вандроўку з хлопцам, ад якога так млее, піражкоў бы напякла, курыцу ў фальзе, віно… Гальяш сунуў мне ў руку канапку з вяндлінай і паловай салёнага агурка:
–Еш, Чырвоны Каптурок… А то занадта ты… эфемерная, адны вочы…
Было ціха-ціха, толькі вецер шаргатаў не абляцелымі яшчэ сухімі лістамі.
–Слухай, даўно хацеў спытаць — адкуль у цябе такая любоў да беларушчыны? — Зноў гэты дзіўны позірк шэрых вачэй, нібыта на птушку невядомай пароды. — Прабач, але звычайна людзі з правінцыі так намагаюцца паказацца гарадскімі, сталічнымі… Нават акцэнт вынішчаюць.
–Разумееш, — я пакутліва шукала словаў, — у сям’і маёй па беларуску ніхто не размаўляў. Мама — настаўніца рускай мовы, бацька выкладаў матэматыку, якую я шчыра ненавіджу. А потым я даведалася, што адзін з маіх прадзедаў у дваццатых быў беларускім паэтам, сябрам літаратурнага аб’яднання ў Мсціслаўлі. Вучыўся там у педвучэльні. Калі пачаліся рэпрэсіі трыццатых, ягоных сяброў-паэтаў аднога за адным пахапалі, паарыштоўвалі. Каго расстралялі, каго — у лагеры… Напэўна, і дзеда цягалі, хаця і не забралі. Ён назаўсёды кінуў пісаць… Больш за тое, у яго засталося ўстойлівае перакананне, што беларуская мова — гэта небяспечна. І пасля вайны дачцы сваёй ён, франтавік, гэта ўнушыў. А тая — сваёй дачцы… Калі я пра ўсё гэта даведалася, і знайшла старыя часопісы з публікацыямі прадзеда і ягоных забітых сяброў, мне падалося гэта настолькі несправядлівым…
Я пераламіла ў пальцах тонкую шурпатую галінку, падабраную ў траве.
— Уяві, колькі нашых такім чынам запалоханыя — проста генетычна. А цяпер нам трындзяць, што беларусы самі не хочуць сваёй мовы. Ты ж вось перажываеш, калі знікае нейкі від рукакрылых, ці там вераб’іных… Няўжо знікненне цэлай мовы, вялізнай жывой стыхіі, народа з ягонымі культурнымі адметнасцямі — меншая трагедыя?
Нашчадак Каганецкіх акуратна складаў у заплечнік недаедкі.
–А без пафасу можаш?
Я пакрыўджана ўскочыла з дыванка. Дарэмна… Усё дарэмна… Чужы… Не мой…
Мы ішлі моўчкі хвілінаў дваццаць. За гэты час не праехала ніводная машына.
–Я не хацеў цябе крыўдзіць… — ціха прамовіў мой спадарожнік. — Я ж таксама ў свой час… захапляўся, падзяляў… Пагоню на заплечнік нашыў. Н.Р.М. слухаў. А потым… Час ідзе, нічога не мяняецца, усе між сабой сварацца, нават унутры ўласных тусовак такая грызня ідзе… Вось звяры — яны паўсюль на адной мове гавораць. А тут Лера знайшла магчымасць працы для мяне за мяжой.
–Ты не падобны да таго, каго пхаюць па жыцці, быццам калёсцы.
Я ўсё яшчэ была злая і расчараваная і прыспешыла крок. Гальяш дагнаў мяне, крануў за плячо. Моцы скінуць ягоную руку я ў сабе, аднак, не знайшла.
–Лера гэта ведае, павер. Таму і нервуецца. Гуляе ў клапатлівую нявесту. Не ўсім жа пашчасціла быць такімі, як ты, Сімка…
Гэта ён пра што? Я рэзка спынілася і азірнулася. Шэрыя вочы глядзелі з сумам. Прагным сумам.
–У цябе ёсць нешта такое… Непарушнае… вартае… Камертон, з якім ты ўсё звяраеш. Унутраны компас… Так кажаны, сляпыя, няўклюдныя, смешныя, могуць арыентавацца ў самых складаных лабірынтах, у якіх загінуў бы і Мінатаўр. Я… зайздрошчу табе, Сімка.
Я раздражнёна насунула глыбей сваю недарэчную чырвоную шапку. Носьбіт высокай духоўнасці… Пасля таго як я папрацавала ў дзяржаўным выданні, ад слова “духоўнасць” мяне ванітуе. Перабор там з гэтым словам. Калі няма чаго сказаць пра змест кнігі ці выставы, гавораць пра іх духоўнасць. Калі дзяўчына не падабаецца, як… дзяўчына, самы час паразважаць пра яе высокія духоўныя якасці.
–Тут не лабірынт. Тут балота.
І як прыгаварыла… Таму што яно сапраўды пачалося… айчыннае балота. Лес раптам расступіўся ўбакі, нібыта нехта прыкрыкнуў на дрэвы, пагнаў далей, каб вызваліць месца для важнай дзеі. Купіны з сухой травой, няшчасныя асінкі, хмызняк ля дарогі… Праўда, вада між купінамі не блішчэла, зялёнай раскі таксама не відаць. Сушняк. Прывітанне меліяратарам.
–Тут водзяцца кулікі… — мармытаў за маёй спінай Гальяш і здымаў, здымаў фотаапаратам… А я думала, што, мабыць, гэта менавіта тое балота, дзе…
Раптам я рэзка спынілася. Нібыта ўдарылася аб нябачную сцяну.
На краі дарогі святлеў урослы ў зямлю камень, а да яго прыхілены жалобны вянок. З зялёнай штучнай хваіны, трохі выцвілай, прыкрашанай грубаватымі тканевымі кветкамі. Я ўпала на калені, адсоўваючы сухія сцябліны, што перашкаджалі агледзець знаходку.
Да каменя была прымацаваная шыльда з жоўтага металу, а на ёй выгравіраваны надпіс:
“Сымон Антонавіч Каганецкі, прафесар. 1855–1893.
Багуслава Марцыянаўна Кленчыц-Масевіч. 1867–1934”.
Гальяш навёў на камень фотаапарат, націснуў на кнопку… І застыў у пакутлівым маўчанні.
–Значыць, яна ўсё-ткі адправілася да свайго вужынага караля… — прамармытаў ён. Мае вусны дрыжэлі.
–Мы ж не ведаем, ці сама кінулася ў дрыгву, ці, можа, згодна запавету яе тут пахавалі… Усё-ткі пражыла доўга.
Я дакранулася да каменя, у якім сапраўды пад шыльдай змяіліся накрыж трэшчыны. Восеньскі ветрык падзьмуў мне ў твар, быццам нехта прывітаўся.
–Мяне вось што больш цікавіць: хто гэтую шыльду зрабіў? Хто вянок прынёс? У гэтым жа годзе, мусіць, наведвалі. Бачыш, і месца расчышчанае. Каб усё зарасло — мы б гэтага каменя і не заўважылі б.
Я ўстала і азірнулася: дрыгвы ніякай, купіны, асінкі… А дзесьці пад імі ляжаць продкі майго ваўкалака. Сына поўні, унука балота…
Гальяш скінуў на зямлю заплечнік, як быццам вярнуўся дахаты.
–Малітвы ведаеш?
Я падумала і кіўнула. Не вялікая з мяне верніца, але заўсёды важу з сабой дарожны складны абразок, папяровы, а на адвароце – некалькі малітваў. Зараз дастану, зачытаю, як умею… Можа, і за супакой штось успомніцца…
“Госпадзе, памяні душы спачылых рабоў тваіх…”
Мы сядзелі на бліскучым дыванку непадалёк ад помніка Шымону і Багуславе, быццам на Радуніцу ці Дзяды, і глядзелі на высахлае балота.
–Колькі таямніцаў тут застаецца… – задумліва гаварыў Гальяш. – Знайсці працы Шымона Каганецкага, працы Калоцкага, знайсці невядомых, што даглядаюць гэты помнік… Дый пра лёс рэпрэсаванага прадзеда, Ігната Сымонавіча, даведацца варта… Дзе ягоная магіла? Можа, у Сібіры, непадалёк ад месцаў, дзе нарадзілася ў катаржным бараку ягоная маці і загінулі бабуля і дзед?
І тут зайграў мелодыйку “Лэт май піпл гоў” смартфон майго спадарожніка. Лера, вядома… Але Гальяш моўчкі паглядзеў на экранчык, на якім высвечвалася аблічча каханай, і адключыў сілкаванне.
–Тут магчымыя тры варыянты, пра невядомых… – Я схавала рукі ў рукавах курткі, як у муфту. Усё-ткі вечарэла, пачало халадаць. – Пра месца гібелі графа ведала няшмат чалавек. Давыд Масевіч – і гэта могуць быць ягоныя сваякі, сама Багуслава – але апошні з роду ты, ну і Ніхель… Але ён мусіў памерці раней за тваю прабабку. Праўда, здараецца, асабліва злых людзей Бог трымае на гэтым свеце дужа доўга, як гнілы арэх, які ніхто не падбірае, і ён валяецца ў траве год за годам. Карацей, параспытваць трэба, пашукаць…
Гальяш з тугой глядзеў на купіны і асінкі. Страціў сваю раўнавагу ён у Жухавічах…
А між тым бледная зорка неахвотна зірнула ўніз, як быццам страшэнна ёй не хацелася так рана заступаць на начную варту. А вось амаль незаўважны, прывідны абрыс месяца… Поўня. Нешта рана… Я зірнула на гадзіннік: пяць вечара. І як бы мне ні хацелася і далей сядзець тут, на бліскучым турыстычным дыванку, побач з чужым жаніхом, час перарываць медытацыю ды выпраўляцца з гэтай пустэльнай дарогі да шашы. За столькі часу ніводнай машыны… Толькі цяпер, здаецца, матор гудзе…
І праўда, у бок Жухавіч кіравалася аўто. Чорны джып, падобны да сярдзітага бульдога. Можа, паляўнічыя?
Каля нас машына спынілася. Нязводны расійскі шансон распавядаў пра вабноты злодзейскага жыцця.
“Девочки мы мурочки,
Гасим в пол окурочки,
Это вам не фраеров,
Приблатнёных к курочке”.
Дзверы адчыніліся, і выйшаў кіроўца… У скураной куртцы, накінутай паўзверх чорнай майкі, з каротка стрыжанай галавой і тварам, такім жа бульдогападобным, як джып.
–Маладыя людзі, не падкажаце, дзе тут бліжэйшы кемпінг? Навігатар здох, заблукалі…
А вочы ў заблукалага, як кавалкі празрыста-каламутнага бутэлечнага шкла. І нумары на машыне не беларускія. З усходу госці.
–Там, куды вы едзеце, кемпінга дакладна няма, — азірнуўшыся, спакойна адказаў Гальяш, нават не робячы спробы прыўстаць. – Вяртайцеся на шашу.
Але мінак не збіраўся так лёгка адчапляцца. Ён спыніўся позіркам на мне.
–А не жадаеце з намі праехацца? Нам бы чыста месца для пікніку знайсці. Шашлычок пасмажыць… Вы ж мясцовыя, падкажаце, дзе спыніцца.
Гальяш няспешна ўзняўся.
–Дзякуем за прапанову, але вы ўжо самі як-небудзь. Наперадзе – закінутае лясніцтва, пляцовак для шашлыка не бачыў.
А з джыпа вылез яшчэ адзін, таксама ў скураной куртцы, з пляскатым, як недапечаным, тварам:
–Ды кінь, добрая кампанія нікому не зашкодзіць, пацан. Ты нас з дзяўчынай пазнаём.
І — фокус атрымаўся! – побач з ім узнік яшчэ адзін асобнік жывёльнага віду хомо, хаця й не зусім сапіенс, дакладны блізняк таварышаў.
Тры джыпісты, тры вясёлых дрына…
–Дзяўчына, далучайцеся да нас! У нас каньяк, шакаладныя цукеркі… Сядзенні мяккія.
А вось цяпер – ой… Пясец прамым маршрутам з тундры.
З джыпа даносілася развясёлае:
“Фильтруй базар свой, мухомор, когда быкуешь,
Получишь бритву в зеньки мерзкий фраерок.
Кого ты, падла, на панель стоишь фалуешь?
Беги, пока перо не засадила в бок!”
Балота маўчала.
Я разгублена зірнула на Гальяша. Ён выпрастаўся, дастаў рукі з кішэняў… Так, ён дужы і плячысты, толькі адзін з прыхадняў не ніжэй за яго, але ж не баец… Тыповы такі малады высакалобы навуковец. Дый што адзін – супраць траіх? А вакол за колькі кіламетраў – ні душы, крычы не крычы… Уцякаць? Я азірнулася цераз плячо: няроўная паверхня балота, у якім калісь бясследна патанула брычка з гнядым канём, не была падобнай да стадыёну… Але я, нязграбна прыўстаўшы, пачала ўсё-ткі патроху спаўзаць у той бок з адхону, трымаючыся адной рукой за камень з шыльдачкай.
–Дзяўчына да кампаній не прывыкла, яна сціплая. Вы, спадарства, на шашу вяртайцеся, там кавярні прыдарожныя… І дзяўчаты ёсць, пазнаёміцеся.
Гальяш гаварыў вельмі спакойна, ветліва, як быццам утаймоўваў дзікіх звяроў.
–А нам гэтая падабаецца! – заявіў трэці браток-блізнюк, з носам, расплюснутым так, быццам ягоным тварам раўнялі сцены, як кажуць, нарадзіла маці, ды не аблізала. – З коскамі, вачастая… Не бойся, красунька, з намі весела! Не пакрыўдзім! Потым дамоў цябе адвязем з музыкай! Кідай свайго фраера!
–Дзяўчына не хоча з вамі ехаць.
На гэты раз голас Гальяша гучаў важка і цвёрда. Кіроўца расплыўся ва ўсмешцы – відаць, бойка з фраерам таксама ўваходзіла ў вячэрнюю забаўляльную праграму.
–А што ты за яе вырашаеш? Хто ты такі?
Калі Гальяша ўдарылі першы раз, я закрычала… Дакладней, заверашчала і кінулася на мярзотніка, заціснуўшы ў руках, як высветлілася пасля, тэрмас… Ну што я, пяцьдзясят два кіло з тэрмасам, магла зрабіць з бандытамі? Але я была не здольная разважаць – бо крыўдзілі Яго!
І мяне з задавальненнем абхапіў сваймі ручышчамі дзядзька з прыплюснутым носам. Я магла тузацца, брыкацца, круціцца – гэта было ўсё адно як патрапіць у цэментавы мяшок.
–Адпусці яе! – голас Гальяша гучаў пагрозліва нізка і хрыпла… Быццам з чужога горла.
–А то што ты зробіш?
І тады ён зароў… Звярыны, нізкі рык, але ні разу не ваўчынае выццё.
Прыхадні засмяяліся.
–О, як ты можаш! Як у рэкламе шакаладнага батончыка!
А я, выкручваючыся з абдоймаў бандыта, захлынаючыся ад агіднага паху каньяку, поту і рэзкай парфумы, бачыла тое, чаго не заўважалі яны. Як за спінай Гальяша ўсё больш выразна праступаў круглы твар поўні, і вочы ў яго рабіліся белымі… Выскальваліся зубы… На вуснах паказвалася пена…
Калі яго ўдарылі яшчэ раз – кулаком у грудзі – ён не зрабіў спробы ўхіліцца, але быццам не заўважыў удару. Нават не зварухнуўся, падобна, як бы ўдарылі ў дрэва. Так што бандыт нават са здзіўленнем паглядзеў на ўласны кулак.
Але надта доўга разглядаць працоўную частку свайго цела яму не давялося. Таму што Гальяш скочыў на іх… Не магу падабраць іншага слова.
Не, ён не аброс поўсцю, не займеў іклаў, не наўчыўся рабіць эфектныя сальта… Проста ад усяе свядомасці ў яго як бы застаўся адзін інстынкт: знішчыць ворагаў. А цела само ведала, што рабіць. І гэта атрымлівалася страшна і бязлітасна.
Усё ў гэтай казцы было наадварот: Чырвоны Каптурок без піражкоў, высакародны воўк з піражкамі, злыя паляўнічыя з кулакамі…
Як і апісвалі паводзіны берсеркаў: неадчувальнасць да болю, незвычайная моц цягліцаў, падвышаная хуткасць рэакцыі… Песня з аўтамагнітолы пра фраера суправаджалася гэткім рэальным саунд-трэкам з баевікоў, у асноўным з тых словаў, якія цэнзары замяняюць агідным піпіканнем. Цэнзурная частка гучала прыблізна так: “псіх пацан пад кайфам сука пусці больна сука псіх укусіў ён мяне ўкусіў руку зламаў псіх упораты не валіцца гад нічога не бярэ сука грышаня едзем ну іх беларусаў шалёных заводзь дзверцу адарваў сука балюча кроў жа ідзе ўкусіў зламаў сука”.
Калі джып, з дзверцай, якая матлялася на адным мацаванні, з’ехаў туды, адкуль з’явіўся, адчайна падскокваючы ў каляінах, я стала перад сваім ваўкалакам.
Ну, напэўна, хтосьці мог і напалохацца, не ведаю. Вочы светлыя-светлыя, зрэнак амаль не відно, можна падумаць, што свецяцца, рот увесь у крыві… А галоўнае – раве. Па-звярынаму.
І глядзіць зараз на мяне з гэтых светлых вачэй звер.
І цягне да мяне лапы…
Уцякай, Чырвоны Каптурок, сказала б мудрая казачная мараль.
Але я ніколі не любіла мараль у канцы казак. Асабліва пасля працы ў дзяржаўнай газеце.
І не было ў мяне чырвонага каптура, дарэчы, бо я згубіла яго, калі барукалася з бандытам. І не мелася ні боязі, ні агіды. Таму што я кахала так, што каб Гальяш ператварыўся і ў сапраўднага ваўка, пацягнулася б да яго, як да адзінага свайго сонейка…
А Гальяш стаяў і глядзеў, трохі пагойдваючыся, але я разумела, што ён мяне не бачыць. Ягоныя рукі пагрозна прыўзняліся… Магчыма, зараз ён успрымае мяне, проста як яшчэ адну перашкоду… Тым больш трэба дапамагчы яму прыйсці да свядомасці, каб чагось кепскага не ўтварыў! Ступіла наперад, паклала рукі яму на плечы – а яны нават праз куртку адчуваліся, як каменныя, зазірнула ў твар і чамусьці ў мяне вырвалася:
–Шымон!
Я зараз жа паправілася:
–Гальяш! Гальяш! Ты мяне чуеш?
Скрозь выскаленыя зубы вырваўся звярыны рык. Але я нават не адхіснулася.
–Гальяш!
Ягоныя вочы пачалі трохі прыпадабняцца звычайным, шэрым… Раптам у іх мільгануў звярыны спалох… Паніка… Я паспешліва абцёрла ягоны твар ад чужой крыві ўласным шалікам-арафаткай:
–Усё добра! Я з табой!
Ён усё яшчэ баяўся – звер у ім баяўся… Як лунатык, калі, раптоўна абуджаны, бачыць сябе ў незнаёмым месцы… І такі жаль, такая любасць кроілі маё сэрца, што я, як апошняя дурніца, абшчаперыўшы яго, прыціснуўшыся, каб прагнаць ягоны спалох, пачала няўмела і бязладна цалаваць ягоную шыю, падбароддзе, вусны, яшчэ скрываўленыя, прыгаворваючы нешта супакойваючае, вечную замову, словы якой прыходзяць да жанчыны ў патрэбны момант, нібыта з сутарэнняў векавой памяці.
А потым яго сагнула напалам… І я прытрымлівала яго, яшчэ нядаўна напоўненага жывёльнай моцай, пакуль ён з агідай паласкаў рот гарбатай, жорстка адціраў рукі вільготнымі сурвэткамі… А потым спытаў:
–Табе… не страшна?
Нарэшце амаль сваім голасам, толькі нізкаватым і хрыплаватым.
–Не… — ціха адказала я і апусціла вочы… Горка, што больш я яго не пацалую, сорамна, што скарысталася непрытомнасцю, лашчыла чужога мужчыну… Як цяпер у вочы яму глядзець…
Але Гальяш прыўзняў мой твар за падбароддзе, і я сустрэлася позіркам з вачыма, зноў звыкла шэрымі:
–Ведаеш, я не пакіну цябе ў сваёй кватэры. Адну не пакіну. Дзе мне яшчэ адшукаць такую ўтаймавальніцу…
А праз стагоддзі – а менавіта столькі, па маіх адчуваннях, доўжыўся пацалунак, Гальяш пагладзіў мае растрапаныя валасы.
–Ведаеш, аднойчы ў мяне нешта падобнае было. Але я стрымаўся, не дайшоў да шалу. Нягоднік, які напісаў на мяне данос, паспеў уцячы, а Лера адлівала мяне вадой. З фантану. Зачэрпвала шапачкай для басейну – збіралася вечарам схадзіць на плаванне – і плюх мне ў фізіяномію… А потым завяла да доктара. Мне забаранілі хвалявацца. Таблеткі год глытаў. І я страшэнна баяўся, што звар’яцею.
Ясна, а Лера, зразумела, яго гэтым палохала, а сябе выстаўляла, як адзіна магчымую выратаваўцу і захавальніцу таямніцы.
–Я ніколі не пасаджу цябе ў клетку, — прашаптала я.
–А калі мне стане горш? – жорстка спытаўся Гальяш. – Калі я стану небяспечны? Я ж шмат чытаў пра гэта… Лікантропія – як і парфірыя, хвароба цалкам рэальная. Форма псіхозу. Стагоддзе таму некаторыя лічылі яе формай істэрыі.
–Ты – такі тыповы беларус, — прамовіла я, праводзячы, як калісьці марыла, пальцам па ягоных густых бровах. – Нам увесь час унушалі, што мы – спакойныя, цярплівыя, талерантныя такія. А як толькі адыходзім ад гэтай нормы, пачынаем бараніць сваю годнасць – адмарозкі. Падонкі. Чаму мы павінны быць бяспечнымі, як кісель? Ешце нас лыжкай? Памятаеш рэпавую песню з прыпевам “Беларусы – шалёны народ”? Калі доўга заганяць у сябе гнеў, ён рана ці позна выбухне шалёным супрацівам. Я не баюся твайго звера. Не бойся і ты. Сёння ён нас выратаваў.
Мы стаялі над магілай двух закаханых, якая знаходзілася на дне высахлага балота.
Але цяпер, калі поўня ўсё больш выразна праяўлялася на восеньскім небе, быццам нехта ўсё бліжэй падносіў ліхтар з таго боку нацягнутага сіняга палатна, я бачыла, што паміж купінаў у некалькіх месцах паблісквае вада.
Дрыгва нікуды не падзелася.
І мы нікуды не падзенемся ад сваёй дрыгвы. І калі пчолы бароняць вуллі свае, то дрыгву бароняць ваўкалакі.
Ну гэта я ўжо так, сцябаюся.
Таму што шчаслівая.
Таму што побач са мной мой каханы, нашчадак племені неўраў, таму што зараз мы дойдзем да шашы, і спынім машыну, і даедзем да горада N, пад асфальтам якога дзесь таксама схаваная нейкая дрыгва, і я пазнаёмлю бацькоў са сваім хлопцам…
І няхай я не ведаю, паляціць ён паслязаўтра за дзесяць мораў ці не, урэшце мы з ім будзем жыць у Беларусі, бо яна жыве ў нас, дрыгва з уяўнай роўненькай паверхняй, па якой не варта прагульвацца. І кожны, пашукаўшы, знойдзе ў сямейных сховішчах дагератып, з якога гляне смелымі, дапытлівымі вачыма закатаваная гісторыя, і давядзецца адказваць, ці жыве Беларусь.
ПАТАЕМНАЯ КНІГА
“Я – Радаслаў Анупрыевіч Каганецкі, шляхціц герба “Люпус”…
Я – Радаслаў Каганецкі, граф, стацкі радца, кавалер ордэна Святога Станіслава…
Я – Радаслаў, сын Анупрыя, унук Гальяша, бацька Антонія, звяно ў ланцугу роду… Іржавае звяно ў іржавым ланцугу…
Нашто я пішу пра сябе словы, якія маюць значэння не больш, чым рассыпаныя фальшывыя перліны? Пакуль блішчэлі, сабраныя ў каралі – былі каштоўнасцю, адзнакай самавітасці.
Але парвалася тонкая нітка, і вось яны ляжаць на камянях падлогі, і любы латруга бачыць, што яны ўсяго только падробка, нічога не вартая, не маючая назвы…
Я – нішто.
Багоўка, якая паспрабавала сцерці з бліскучых чырвоных крылцаў чорныя плямы, але паколькі яны і былі часткай крылаў – засталася вартым жалю чорным рабаком з абламанай здольнасцю лётаць.
Я ўсё жыццё ішоў насуперак свайму лёсу. Я не хацеў быць тым, кім мне наканавана, таму што ўважаў гэта за глупства і за грэх.
Мае продкі адзін за адным гінулі ў барацьбе бескарыснай і няўдзячнай, і ніхто не дажываў нават да сарака.
Самы стары ў родзе быў мой прадзед, які ў сорак пяць гадоў атрымаў шастапёрам па галаве падчас нямога сойму.
Мы ж, Каганецкія, не можам маўчаць, нават калі ўвесь сойм знямелы.
Бацька пайшоў за Касцюшкам.
Генерал Тадэвуш зазнаў паразу, але слава ягоная была большай, чым ягоная ганьба. Ён вызначыўся ў Амерыцы, пакрасаваўся ўдосталь на шахматнай дошцы часу ў лаўравым вянку… А ягоных пешак зжэрлі і забыліся на іх.
Я не хацеў быць пешкай. Я не хацеў паміраць у дваццаць пяць ці трыццаць з прыгожым лозунгам на разбітых вуснах. Не хацеў даваць волю гневу, які змушае нас адзін за адным кідацца на дзіды з белымі ад шалу вачыма… Я хацеў быць з Каралінай, вывучаць натуральныя навукі, сядзець вечарамі ля каміну і расказваць унукам казкі…
Мой унук палохаецца мяне, быццам звера. Караліна памерла са спалохам у вачах. Багацце, што прыплывала да мяне, я лёгка аддаваў нявартым за ігорным сталом, таму што набытае імі там, яно прыхоплівала з сабою частку майго праклёну, частку маёй пустэчы.
Яны ўсе думаюць, што я збіраю д’ябальскія рэчы, каб назапашваць сілу зла.
Хіба можна вылечыцца, назапашваючы хваробы?
Я проста запаўняю пустэчу ўнутры, выкупляючы грахі так, як параіў адзін юрад, а я дастаткова таксама юрад, каб яму паверыць. Перахопліваю лісты зла, якія былі пасланыя іншым адрасатам.
Хваравітае, балючае задавальненне – глядзець на рэчы, якімі загубленая чыясьці душа – таго, хто іх рабіў, замаўляў, зачароўваў. Кратаць смертаносныя экспанаты і адчуваць, што ты сам — жывы… Усё яшчэ жывы. У адрозненне ад тых высакародных юнакоў, што абяцалі ўсім здабыць шчасце і волю, а здабылі кайданы толькі для сябе.
Але я тых юнакоў не забіваў. Прынамсі, уласнаручна. Я забіў толькі аднойчы. Калі дазволіў радавому праклёну кіраваць сабой. Калі чужая кроў апякла мой рот, як воцат, а Караліна глядзела на мяне з захапленнем і жахам. Я ж заступіўся за яе гонар!
Толькі я не хацеў ні ў вязніцу, ні ў вар’ятню.
І я пагадзіўся, узамен за свабоду, каб мяне пасадзілі на ланцуг і ператварылі ў сабаку.
Яны маглі зрабіць гэта і літаральна…
А так – у мяне была пашана ў лаяльным грамадстве, пасада і тытул, землі і падданыя. Вядома, я маліўся. Я маліўся столькі, што каб за кожную малітву мне давалі кроплю вады – стварыў бы яшчэ адно возера. Слаў грошы кляштарам. Знаходзіў суцяшэнне ў Святым Пісанні, і спрабаваў зрабіцца рахманым і прабачаць ворагаў сваіх. Але заставаўся занадта ганарлівым. Таму калі мяне абражалі, проста маўчаў і адыходзіўся ўбок – разам з бяссілай нянавісцю.
Не, я ніколі не лічыў сябе здраднікам. Здрадзіць можна тым, хто табе быў дарагі, каму абяцаў сваю вернасць. А мне на ўсіх было начхаць. Я заўсёды быў сам па сабе. Пачварай. Зверам.
Hundswuth.
Так называлася мая спадчына.
Першы Каганецкі з нашага радаводу служыў князю Вітаўту і быў сваяком паганскага жраца Ляздзейкі, якога лічылі сынам ваўка. Менавіта ад яго і перадалося нам тое, што я ў сабе ненавіджу. Я прачытаў у Ёзэфа Раўгемонта пра Hundswuth: “Бяда пачынаецца з укусу жывёлы. Праз працяглы час у ахвяры з’яўляюцца першыя сімптомы: няшчасныя баяцца дзённага святла, пагружацца ў ваду і пачынаюць кідацца, як у шаленстве, кусаць і кружыцца. На іх уласна нерухомых тварах спазмы цягліцаў уцягваюць вусны і агаляюць язык і зубы, пена выступае з роту, і жахлівыя гарлавыя гукі выдаюць гэтыя змучаныя істоты”.
У нас, якія носяць атруту ў крыві, прыступ выглядае не так. Мы не баімся святла, не баімся вады, і мы не ахвяры.
Але я больш не хачу быць забойцам. Я хачу парваць ланцуг. Я ненавіджу свой род, ненавіджу гэтую зямлю, за якую мусіў загінуць, як усе мае продкі.
Але калі мой сын першы раз прынёс выкуплены ім у Дрэздэне зачараваны прадмет, каб папоўніць маю калекцыю, я зразумеў, што бяссілы.
Мой сын, якому я перадаў свае погляды, і забараніў раз і назаўсёды ўдзельнічаць у бунтах, і загадаў пазбягаць вайсковай службы і двубояў, сварак і звадаў – усяго, што можа выклікаць гнеў і абудзіць радавы праклён, таксама будзе ўсё жыццё пакутваць і суцішваць у сабе звера, згінацца і запэўніваць сябе, што жыве, як належыць, і яго будзе смактаць унутры гэтая страшная пустэча… Якой не зведалі нашыя продкі, што лёгка паміралі і жылі весела і бясстрашна, хаця й нядоўга.
Яны ведалі, што іх стварылі як адмысловую зброю, і выконвалі сваё прызначэнне. У іх былі зацятыя ворагі і верныя сябры, жанчыны глядзелі на іх, як аднойчы на мяне мая Караліна – з захапленнем і дамешкам жаху, што толькі дадае вастрыні каханню…
Я надламаў сцябло роду. Стачыў звяно ланцуга.
Ці будзе аплочаная мая ахвяра? Ці знойдзе спакой душы хтосьці з маіх праўнукаў? Ці будзе гэтая зямля калісьці да нас ласкавай, ці перастане патрабаваць крывавых ахвяраў?
Не ведаю”.
2013