Публекацыя ў дадатку да газеты “Новы час” “Літаратурная Беларусь” ад 28.02.2020 https://novychas.by/pdf/litbiel_2020_02.pdf
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
ДЭКАДАНСУ ВАМ У СТУЖКУ
Памяці Юрыя Блінова
* *
Кветкі і жвір –
паспрабуй пераліць у санату.
Гукаў няздзейсненых
не пераўеш у вянкі.
Сонца вышэе,
і спальвае крылы крылатых.
Вецер змяёю слізгае з бяссілай рукі.
Кветкі і жвір –
суразмоўцы не тое, каб надта.
А дакрычацца праз іх да цябе не магу.
Толькі ўзнікае адкульсць,
усплывае саната,
Што сачыняюць ля смерці –
альбо на бягу.
Смерць абагнаць,
у кашчавае кінуць аблічча
Проста – усмешку…
Ты думаў, даруе яна?
Кветкі і жвір…
Быццам танк Леанарда да Вінчы,
Час абганяе
цяжкая ад гукаў труна.
Ноты прабілі раяля драўлянае вечка.
Кветкі і жвір
перасыпалі боль і ману.
Смерць абагнаць…
Неўзнарок…
І апошняю ўсмешкай,
Быццам свянцанаю вербачкай,
нас сцебануць.
***
Кожны, напэўна, хоць раз блукаў па могілках , не ў змозе знайсці чыюсьці магілу і не ведаючы, што час ад часу праходзіць над сваёй.
Шукаць і не знаходзіць знаёмыя магілы
У зарасцях кустоўяў, на тле чужых вянкоў.
Хаваюцца, нібыта пакрыўдзілся: “Мілы,
Што ж доўга не з’яўляўся? Чаго цяпер прыйшоў?”
Шукаць той лапік глебы, што быццам прывязаны
Да зніклага аблічча, да вечнае душы…
Захуталіся дрэвы ў гатычныя сутаны.
На помніках партрэты падміргваюць: “Бяжы!”
Шукаць часцінку праху, што сталася травою,
Казюркаю, пялёсткам… А неба ўсё цямней.
Ніхто не застаецца сабою ў перагноі.
А з кім я размаўляю – не ведаць спакайней.
Нябожчыкаў атрады палеглі, бы ў казармах.
Пустыя футаралы, разбітыя муры.
Блісне над крыжам зорка, туман паўзе на мармур.
“Ну, мілы, прывітанне! Знайшоў? Дык гавары!”
***
Вось так паміраем – таму, што бракуе цяпла.
Вось так навучаемся шчыра ілгаць і ўсміхацца.
Нібыта на волі,
ды наша вязніца – са шкла.
Руку працягні — і сустрэнеш сцяну, а не пальцы.
Мы доўга цярпелі, чакаючы новай вясны.
А потым увесь каляндар перайшоў на лацінку.
Мы доўга чакалі, а ўселіся ў крэслы — Яны,
Не мы, што ніколі не ўмелі гандлярыць на рынку.
Калі нават люты яны назавуць “сакавік”,
У нас аргументаў аспрэчыць не болей, чым шчасця.
Мы ў слоікі разам з кампотам закручваем крык.
А раптам прыдасца? Памрэм — у каморы загляньце.
Вось так мы адлічваем нашы шумерскія дні.
Гліняных таблічак накрэслілі вам на расстанне.
Вы піце кампоцік, нашчадкі. А ты не мані,
Дурны каляндар, бо ніколі вясна не настане.
* * *
Вось такія расповеды, сябра, за кубкам віна.
Не фалернскага, не – проста танны кагор з цынамонам.
Абрастае дыпломамі, бы лішаямі, сцяна.
А сапраўдныя знакі – у зморшчынах вечных бяссонняў.
Вось такія размовы… Мы жалімся – часу няма.
Масянжовыя твары гадзіннікаў быццам сцякаюць.
І халодныя рукі аб нас не сагрэе зіма,
Мы не маем цяпла – скразнякамі выстуджвае памяць.
Слоў сухіх — як галля, што гатовае ўпасці ў камін, —
У дарунак адсыпем. Мы – вечныя, з племя адметных
Як іртуць на падлозе, сабраць немагчыма хвілін –
Хоць адна ды закоціцца ў шчыліну памяці беднай.
* * *
Ёй карцела быць птушкай.
Не арліцай, не чаіцай, не канарэйкай, крый Божа –
Аніякай экзотыкі.
Шэрай, зусім непрыкметнай,
Толькі б птушкай.
З тых істотаў,
Што бульбы не сеюць, ні проса,
Не ткуць, не друкуюць…
І не мэнчацца, ці дасканала спявалася ўчора.
Ёй карцела быць птушкай.
Ёй гарланяць: дэдлайн!
Дзе артыкул, аповед, малюнак?
У цябе ж зараз лекцыя,
Сходка, планёрка, патоп і халера…
А яна ўсё дзяўбе
Нейкі шэры батон на асфальце,
Потым пырх – і на даху,
І ёй да халеры – халера,
І патоп, і дэдлайн,
І адсутнасць гнязда і кармушкі,
І што Бог не стварыў яе
Чайкай, арлом, канарэйкай.
У далонях Святога Францыска
Стыгматы і зерне.
Хопіць кожнаму птаху.
Пайшлі,
Пазбіраем па пёрку на крылы.
***
Ну што табе яшчэ?
Ты п’еш сярод магіл.
На дзень народзін свой да мёртвага паэта
Прыйшла. Не супраць ён
паслухаць шоргат крыл
Або твае радкі з прастуджанага лета.
Ну што табе яшчэ?
Даволі слухачоў
На могілках старых, заселеных адменна.
Падставіў твой паэт гранітнае плячо.
Нябожчык пры жыцці быў, кажуць, джэнтльмэнам.
Ад невідушчых воч пракісне аж віно.
А словы й без таго пракіслі і загаслі.
А што іх шкадаваць?
Змяшаюцца ў адно
Пітво, каб выпраўляць рацыянальнасць часу.
Каб хтось цераз гады – у твой таемны дзень –
Да помніка прыйшоў іх выдыхнуць у слоту.
Дапіта ўсё віно.
Рукой махае цень.
А заўтра – немата,
А заўтра – на работу.
ЯШЧЭ АДЗІН ПАЭТ
Папяровыя птахі злятаюць у студню двара.
Між каменных скрыжаляў у рунах вакон і плакатаў.
Як няшмат патрабуецца
Для заканчэння дабра
Там, дзе вараць пяльмені і танную ладзяць гарбату.
Як няшмат патрабуецца, каб развітацца з сабой,
І з усім пагадзіцца, што чуеш ад больш сацыяльных.
Папяровыя птахі злятаюць. Пусцее пакой.
Адгароджаны душы нібыта пародаю скальнай.
Абібочына ты і лайдак, і нічога няма
На варыўні, пяльмені – і тыя даеў у суботу.
Ты з усімі згадзіўся, і з чорнага сшытку дарма
Птушаня папяровае шчыміцца, просіцца лётаць.
І дзяўбецца радком проста ў сэрца, крылаты байструк,
Нежаданы, няпрошаны, доказ, што ты нездаровы.
Крыж ваконнае рамы
Чамусьці выслізвае з рук,
І зніжаецца зграя тваіх груганоў папяровых.