Жарсці па Лёдніку

Жарсці па Лёдніку


Паказаць Беларусь не ў лапцях, а як еўрапейскую краіну, у якой ёсць замкі, палацавыя інтрыгі і таямніцы, высакародныя рыцары і дамы, за якіх варта біцца, вандроўныя тэатры і музыкі, — такім быў мэсэдж праекта гістарычнага фэнтэзі. Экранізацыя рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча» ўжо завершана, выхад на шырокі экран адбудзецца, калі кінатэатры здымуць абмежаванні ў наведваннях.


Людміла Рублеўская, якая пастаянна прысутнічала на здымачнай пляцоўцы, прызналася: «Пашанцавала, што ў нас з рэжысёрам карціны Аляксандрам Анісімавым было неверагоднае супадзенне ў бачанні таго, што і як павінна адбывацца».

Найперш яе ўразіў маштаб падзеі: каб увасобіць фільм, на здымкі прыязджала каля дваццаці фур!

— Гэта ж якая вялізная адказнасць! Імкнулася дапамагчы, каб столькі высілкаў не прайшло марна, — дзялілася пісьменніца ў гутарцы з карэспандэнтам «ЛіМа». — Але каб у здымачнай групы не склалася ўражанне, што аўтар паўсюль ходзіць і кантралюе, старалася ўсё рабіць максімальна тактоўна. А аднойчы зламала нагу і некаторы час не магла выходзіць з дома. Але ўсё адно чытала сцэнарый таго, што планавалася здымаць. Неяк заўважыла, што сцэна, якая мелася быць сувязным звяном паміж двума эпізодамі, аказалася выкрасленай. Давялося званіць і будзіць рэжысёра, які адсыпаўся пасля начной змены, каб пераканаць у неабходнасці пакінуць тое, што палічылі лішнім. Ён прафесіянал, адразу ўсё зразумеў і паставіўся да справы з вялікай адказнасцю, сцэнарый перапісалі і хутка знайшлі патрэбнага акцёра. Сцэну знялі…

Калі адбываліся здымкі, усе адчувалі велізарную напругу, работы было вельмі шмат, спалі літаральна па некалькі гадзін, працавалі на выездзе ноччу. Цяпер, калі ўсё скончылася, адчуваецца сум па тым часе. Людміла Рублеўская згадала найбольш уражлівыя моманты, што адбыліся ў працоўным рэжыме. Так, каб зняць сцэну палявання ў Станькаве, барзых (рэдкая парода сабак, якую складана разводзіць) збіралі з усёй Беларусі. Сабакі павінны былі бегчы нібыта за аленямі. Але ж у Станькаве  — запаведнік, таму алені там нахабныя: яны не збягалі ад сабак, а лезлі за пачастункам і перашкаджалі здымкам… У патрэбны міг гаспадары не змаглі перахапіць сабак  — тыя збеглі ў лес. Іх гадзіны дзве вылоўлівала палова здымачнай групы і гаспадары па ўсім масіве. Толькі й чуваць было на ўсё наваколле, як клікалі гадаванцаў: «Цэза-а-а-р!», «Акварэ-э-э-элька!..»

— Ёсць у фільме і тыя істоты, якія для мяне ўвасабляюць мудрасць, памежжа паміж светамі: існым і метафізічным, жывым і мёртвым, — гэта ўлюбёныя мае птушкі — крумкачы, — распавяла пісьменніца. — Калі здымалі сцэну пакарання, што ўчыніў Пранціш Вырвіч над выкладчыкам лаціны, вароны павінны былі вылятаць з шафы. Іх выпускалі з рук асістэнты, седзячы на шафе… А гукарэжысёр Уладзімір Сухадолаў дадаў імітацыю лопання крылаў з дапамогай скураных пальчатак (гэтым прыёмам карыстаюцца ў падобных выпадках). Гледачы нічога не западозраць, таму што пры накладанні гукаў атрымалася ўсё надзвычай натуральна.

Кампазітар Віктар Капыцько напісаў для фільма цудоўную музыку — ён працаваў з «Полацкім сшыткам», старажытнымі кантамі. Фінальная бойка адбываецца на фоне старажытнага канта «Багародзіца», што лічыўся гімнам Вялікага Княства Літоўскага. Продкі нашы, якія біліся пад Грунвальдам, спявалі гэты кант, яго цытуе ў творах Караткевіч. Музыка надзвычай запамінальная… Аздобіў аўтэнтычнай беларускай музыкай сцэны фільма і Яраш Малішэўскі: гучаць дуда, ліра, варган, а ў фінальнай сцэне Яраш спявае пад мандаліну.

Фільм, дарэчы, здымаўся як серыял: чатыры серыі па 46 хвілін. Самым балючым для аўтара і рэжысёра было выразаць з усяго адзнятага поўны метр — тое, што гледачы ўбачаць на экранах кінатэатраў. Колькі бліскучай, таленавітай ігры засталося па-за кадрам! Наперадзе — агучка з удзелам усіх акцёраў і серыяла, і поўнага метра па-беларуску.

Галоўны герой Лёднік, у вобразе якога увасобіліся найлепшыя рысы беларускага характару: высакароднасць і спрактыкаванасць, чуллівасць і прывязанасць да роднага, гумар і бясстрашша, аказаўся неўміручым: ён выходзіў пераможцам у самых безнадзейных абставінах, выратоўваўся ў самых страшных калатнечах. Ён не ў стане адпусціць аўтара і цяпер: завершана работа ўжо над шостай кнігай. Там дадаецца дзеючая сіла Чорная Меланхолія, але ёсць спадзеў, што Лёднік адужае і яе.

— Пісала гэта паралельна з работай над фільмам. Нічым больш не магла займацца, «вырвічыядай» былі заняты ўсе думкі. Так што прыгоды працягваюцца! — натхняе пісьменніца.

Яна БУДОВІЧ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.