Чаму дачка бабруйскага старасты развялася з лоўчым літоўскім

https://zviazda.by/be/news/20201109/1604931990-chamu-dachka-babruyskaga-starasty-razvyalasya-z-louchym-litouskim

Кранальныя гісторыі кахання… Колькі разоў яны былі падставай для напісання літаратурных сюжэтаў, палотнаў і п’ес… Прычым нярэдка ў рэальнасці гісторыя аказваецца зусім не такая ўжо кранальная, а часам проста брыдкая.

18 верасня 1743 года ў Рэчы Паспалітай адбыўся скандал: вялікі лоўчы літоўскі Міхал Антоній Сапега развёўся з жонкай, Кацярынай Людвікай з Сапегаў.

Ды не проста развёўся — шлюб быў прызнаны несапраўдным. Прычына — блізкае сваяцтва сужэнцаў, а на такі шлюб імі ў свой час не было атрымана благаславенне ад вышэйшых царкоўных улад.

Шлюб паміж сваякамі ў магнацкіх сем’ях, на які патрэбны адмысловы дазвол, — справа не выключная. Гэтак Багуслаў Радзівіл загарэўся ажаніцца са сваёй падапечнай, багатай сіратой, стрыечнай пляменніцай Марыяй — хоць быў кальвіністам, грошай адваліў Папе Рымскаму нямерана. У фантастычную суму ў два мільёны злотых абышоўся шлюб са стрыечнай сястрой Тэафіляй Дамініку Радзівілу.

А што ж Сапегі пасквапнічалі?


Сястра фаварыта

Давайце перанясёмся ў самы пачатак гэтай гісторыі, 29 чэрвеня 1733 года. Пятнаццацігадовая Кацярына Людвіка, дачка бабруйскага старасты Яна Сапегі, выходзіць замуж за свайго стрыечнага брата Міхала Антонія, якому дваццаць два гады. Ці магло быць паміж маладымі людзьмі каханне, якое змусіла забыць пра асцярогу?

На партрэтах Міхал Антоній выглядае вельмі прывабна: круглы мяккі твар, цёмныя разумныя вочы… Вядома, што ён валодаў куртуазнай навукай, быў цалкам свецкім чалавекам. Вучыўся ў Кёнігсбергу. Пісаў вершы, перакладаў Вальтэра.

А Людвіка тры гады таму асірацела — памёр яе бацька, Ян Сапега, стараста бабруйскі, вялікі гетман літоўскі. Той самы інтрыган, які перабег у Расію і, па водгуках іспанскага пасла герцага Лірыя-Бярвіка, выглядаў наступным чынам: «Толькі адна была ў яго добрая якасць, што быў ён вельмі адважны. Тры разы бунтаваў ён супраць свайго караля, і таму змушаны быў з’ехаць у Расію, дзе з-за ўплыву пры двары сына яго, улюбёнца імператрыцы Кацярыны І, узвялі яго ў фельдмаршалы. Ён не ведаў нават самых першых асноў вайсковага майстэрства, не меў ані кроплі розуму, быў звяглівы, уладны, напіваўся штодзённа, быў ілгун і здольны ўсё ўчыніць дзеля дасягнення сваёй мэты».

Дзеля гэтай мэты — улада і багацце — Ян Сапега спачатку сватаў свайго сына Пятра Паўла да малодшай дачкі ўсясільнага фаварыта Пятра І Меншыкава. Але пасля смерці цара і пападання Меншыкава ў няміласць заручыны былі без усялякіх сантыментаў скасаваныя, і Пётр зрабіўся фаварытам… імператрыцы-ўдавы. Кацярына, як вядома, была з беларускага роду Скаўронскіх, яе бацька працаваў садоўнікам у Сапегаў, у іх маёнтку, які знаходзіўся ў Мінску, дзе зараз Кастрычніцкая плошча.

Каб спыніць плёткі, царыца ажаніла юнага каханка са сваёй пляменніцай, Соф’яй Скаўронскай. Калі Кацярына памерла, Пётр зразумеў — трэба ўцякаць. І вярнуўся на Радзіму разам з неверагоднымі сваімі багаццямі. Каб далей удзельнічаць у інтрыгах: кароль Аўгуст Моцны памёр, пачалася эпоха бескаралеўя. На трон прэтэндавалі сын памерлага манарха Аўгуст і Станіслаў Ляшчынскі, на апошняга паставілі Сапегі. Ім належала аднавіць моц роду: толькі што прайгралі сапраўдную вайну, калі магнаты Рэчы Паспалітай аб’ядналіся супраць занадта магутнага клана.

Пётр Павел Сапега і ўзначаліў цяпер сям’ю і стаў апекуном малодшай сястры. Так што вельмі падобна, што шлюб паміж Людвікай і Міхалам Антоніем проста ўмацоўваў палітычны саюз: Міхал таксама збіраўся ўвайсці ў партыю Станіслава Ляшчынскага. Пятнаццацігадовая дзяўчынка стала звычайным інструментам у палітычных інтрыгах. І тут было не да рэлігійных тонкасцяў. Тое, што шлюб не абставілі як след, пасля некаторыя гісторыкі расцэньвалі як зададзенасць: маўляў, ці адзін бок, ці другі меркаваў выкарыстаць гэта.

Нараджэнне ў вязніцы

Час для Міхала Антонія быў надзвычай бурлівы. У тым жа 1733 годзе ён спрабуе атрымаць званне палкоўніка Ваўкавыскага павета, але дарэмна. Магчыма, новы кароль Станіслаў Ляшчынскі адорыць сваіх прыхільнікаў?

Ляшчынскі, які, дарэчы, ужо другі раз спрабаваў замацавацца на троне Рэчы Паспалітай, спадзяваўся на дапамогу Францыі, бо ягоная дачка стала жонкай французскага караля. Але ягоны сапернік, сын памерлага Аўгуста ІІ, меў падтрымку Расіі — 20-тысячнае войска рушыла апошняму на дапамогу.

12 верасня 1733 года Станіслаў Ляшчынскі, пераапрануты ў гандляра, змог дабрацца праз Германію да Кракава і на выбарчым сойме быў абвешчаны каралём. Але з’явілася расійскае войска, і няўдалы манарх уцёк. А 5 кастрычніка ўжо быў каранаваны Аўгуст ІІІ.

А для маладой пары, Людвікі і Міхала Сапегаў, пачаўся жах. Асабліва, вядома, для юнай жонкі. Міхала Антонія як прыхільніка Ляшчынскага арыштавалі расіяне і перавезлі ў Рыгу. З мужам была і Кацярына Людвіка.

Маладажоны знаходзіліся пад арыштам. У якіх умовах, невядома, апрача аднаго: Кацярына была цяжарная. Там, у палоне, яна нарадзіла дачку. Польскі гісторык Войцэх Крэгсайсен піша пра тую дзяўчынку толькі адно: «Лёс невядомы».

Можаце сабе ўявіць гэта! Шаснаццацігадовая маці, уцягнутая ў палітычныя інтрыгі братам і мужам — стрыечным братам, сядзіць у вязніцы, страчвае дзіця….

У жніўні 1734 года расійская царыца Ганна Іванаўна паабяцала Міхалу Антонію Сапегу вызваленне, калі за яго паручыцца вялікі гетман Міхал Вішнявецкі.

Ян Са­пе­га.

Ян Са­пе­га.

Паляванне за пасагам

Што ж, мяняць партыі для магнатаў было справай звыклай. Міхал Антоній выходзіць на волю. У 1736-м Ляшчынскі канчаткова адрокся ад прастола, і Міхал Антоній на пару са шваграм Пятром пачалі ўдзел у палітычных інтрыгах. Міхал нарэшце з вялікай цяжкасцю атрымлівае званне вялікага лоўчага літоўскага… Змагаецца і за спадчыну роду. Напрыклад, каб надворны падскарбі Юзаф Францішак Сапега даў за сваёй дачкой Тэрэзай, якая збіралася замуж за Гераніма Радзівіла, толькі пасаг, а астатнія ўладанні завяшчаў яму, Міхалу Антонію, і яго брату Юзафу — няма чаго аддаваць маёмасць Сапегаў ворагам-Радзівілам.

Кацярына Людвіка, мяркуючы па ўсім, не магла забыцца пра перажытае. Пра тое, як абышліся з ёю абодва браты. Яна таксама не была рахманая авечка. Дастаткова зірнуць на яе партрэт сталага ўзросту: сапраўдная амазонка! Яна стане адной з арганізатарак Барскай канфедэрацыі, будзе змагацца з братам Пятром за палітычны ўплыў… Судзілася з братам і за маёнткі, якія дасталіся яму ад маці. Пётр быў гулец, шмат прайграваў, вечна знаходзіўся ў пазыках. Ды яшчэ быў такі жорсткі, што сяляне ў ягоных уладаннях бунтавалі. У свой час захацеў правярнуць палітычную махінацыю: дамаўляўся даставіць са Швецыі 10 тысяч жаўнераў у падтрымку Станіслава Ляшчынскага, але толькі вялізныя сумы прыліплі да ягоных пальцаў. Давялося суіснаваць з Чартарыйскімі і каралём Аўгустам ІІІ. Для таго выдаў Аўгусту змову прускага рэзідэнта ў Варшаве, за што атрымаў месца ваяводы смаленскага. І тут жа таемна прапанаваў французскаму прынцу Франсуа Луі дэ Канці ўключыцца ў барацьбу за польскую карону… І атрымліваў ад французаў за ўяўнае спрыянне па тысячы дукатаў у год.

Бедная Кацярына Людвіка… Вядома, што на фоне гэтых інтрыг у яе нарадзілася яшчэ адно дзіця ад Міхала Антонія. Брат Міхала, Юзаф Станіслаў Сапега, запісаў пра гэта ў сваім дзённіку. Маленькі Ян нарадзіўся ў 1735-м і памёр у 1737-м.

Міхал Антоні Сапега.

Міхал Антоні Сапега.

Пірог не па зубах

У 1742-м пачынаецца справа аб разводзе… Хто яе пачаў? Улічым, што Міхал Антоній, яшчэ не атрымаўшы пацвярджэння аб скасаванні шлюбу, пасватаўся да Тэрэзы, дачкі Юзафа Францішка Сапегі, якая тады ж развялася з Геранімам Радзівілам. Недарэмна ў свой час гэтак перажываў за ейную маёмасць…

Князь Геранім увайшоў у гісторыю як акрутны тыран, што задушыў Крычаўскае паўстанне. У п’есе Уладзіміра Караткевіча «Маці Урагану» гераіня гэтак праклінае князя: «Вось што будзе з табой. Адна жонка, з Сапегаў, ужо ўцякла ад цябе. Жанчыны любяць тыранаў, але толькі не скупых, не халодных і не нудных, як свіная чума. Уцячэ і другая. І трэцяя. І ўсе — з вялікаю ганьбай для цябе, напладзіўшы табе сотні ворагаў… І ні ад адной бабы ў цябе не будзе дзяцей, бо Бог пракляне чэрава кожнай жанчыны на час, калі яна з табой».

Тэрэза Сапега была першай жонкай князя Гераніма, уладальніка Слуцкага замка, і сапраўды ўцякла ад яго — з дапамогай прыдворнага доктара Бахстрома, які пашкадаваў зняволеную юную прыгажуню. Але стаць жонкай Міхала Антонія адмовілася.

Міхал абраў іншую выгадную нявесту. На гэты раз пайшоў па-банку: пасватаўся да Тэклі Радзівіл, удавы вялікага гетмана літоўскага Міхала Вішнявецкага. Гэта той самы Вішнявецкі, які вызваліў з палону ў Рызе Міхала Сапегу і яго юную жонку. Тэкля была старэйшая за Міхала на восем гадоў, затое невымерна багатая — да ўласнай спадчыны далучаліся ўладанні двух мужоў-нябожчыкаў.

З гэтым шлюбам Міхал пралічыўся: і Сапегі засталіся незадаволеныя, і Радзівілы, якія самі прэтэндавалі на згаданыя багацці, і Чартарыйскія, і Вішнявецкія… Смачны пірог усім здаваўся занадта вялікім для аднаго нахабніка, тым больш што Тэкля памерла праз два гады пасля шлюбу, усё пакінуўшы ўдаўцу. Нават брат Юзаф адвярнуўся ад Міхала, пабаяўшыся, што той надта моцна ўзнясецца. Чартарыйскія перасталі падтрымліваць Міхала Антонія… Ён пасля загладзіць сваю віну тым, што ажэніцца з маладзейшай на 19 гадоў Аляксандрай Чартарыйскай. Рэзідэнцыя пані Аляксандры была ў замку ў Высокім, але ў 1748-м там усчаўся пажар. І сужэнцы пераехалі жыць у Слонім, атрыманы ў спадчыну Міхалам ад Тэклі Радзівіл. Вось і пачалі Міхал і Аляксандра ператвараць гэты горад у сядзібу муз, што давершыць наступны муж пані Аляксандры, Міхал Казімір Агінскі. Бо Міхал Антоній, апантаны збіральнік багацця, так і памёр бяздзетны.

Бедны, але каханы

А Кацярына Людвіка не стала абіраць багатага ды ўплывовага мужа, хоць магла. «Наелася», відаць, дынастычных здзелак. Замест шлюбу па разліку ў 1745-м яна выйшла за прыдворнага Сапегаў, Альберта Паўла Жыўну.

Мяркуючы па ўсім, той Жыўна быў не роўны Кацярыне. Больш за тое — ён, здаецца, і шляхціцам не з’яўляўся, а гэта ўжо зусім мезальянс. Што пацвярджае факт: Жыўна атрымаў шляхецкую годнасць пасля вяселля ад імператрыцы Марыі Тэрэзы, па адных звестках — у 1756 годзе, па другіх — у 1745-м. Шляхецтва было падорана яму разам з прыдомкам фон Ліліенгоф, так называўся маёнтак Кацярыны Сапегі ў Сілезіі. Ясна — адбылося тое пры пратэкцыі Кацярыны Людвікі. Яна ж сама да канца жыцця называла сябе Сапегай, а паколькі шляхцянкі дадавалі сабе званне мужа, выкарыстоўвала пасаду першага мужа — вялікага лоўчага. З Жыўнам Кацярына мела дваіх сыноў, якія працягнулі род. І наколькі ў гэтым шлюбе спраўдзіліся мары пятнаццацігадовай дзяўчынкі, якая выходзіла замуж у эпоху бескаралеўя, хто ведае?

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.