Пра гэтую тройцу — Пранціша Вырвіча, Баўтрамея Лёдніка ды іхнюю стваральніцу — пісьменніцу і журналістку Людмілу Рублеўскую — ужо ведаюць у Беларусі. Серыю авантурных раманаў чытаюць пераважна ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі, студэнты, старшакласнікі, аматары айчыннай літаратуры. Цяпер ідзе шырокі розгалас пра новыя раманы пісьменніцы. І рыхтуецца да выхаду на экраны мастацкі фільм, зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» (рэжысёр Аляксандр Анісімаў) паводле аднаго з іх.
Фота litvin.pl
Сустрэцца з Людмілай Рублеўскай тварам да твару ў Мінску — вельмі лёгка, найперш нам, калегам-журналістам. Вядомы многім Дом прэсы на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 10 А — тут і яе даўняе рабочае месца. Зрэшты, была раней пара, калі мы ўвогуле хадзілі адным калідорам: Людміла працавала напрыканцы 1990‑х загадчыцай аддзела літаратурнай крытыкі ў газеце «Літаратура і мастацтва», мы ж — у тым самым будынку непадалёк ад Плошчы Перамогі (па вуліцы Захарава, 19) з 1996‑га ўкладвалі свае сілы, творчую энергію ў часопіс «Беларусь». Ну а з гэтай восені, так складваецца «жыццёвая авантура», мы і ўвогуле аказаліся ў адной структуры: Выдавецкім доме «Звязда». Рэдакцыя часопіса «Беларусь. Belarus», нагадаем, у гэтым ВД — са жніўня 2018‑га. Людмілу Рублеўскую нядаўна запрасілі ў «родную газету на роднай мове» — такім слоганам «Звязда» сябе пазіцыянуе на першай старонцы — загадваць аддзелам культуры. Праўда, гутарылі мы з калегай, калі пэўная нявызначанасць была ў яе лёсе. Як сама «вольная» на той час ад афіцыйных працоўных абавязкаў суразмоўніца жартавала, бераг адзін пакінула, і да другога не прыстала. Мы ж нічуць не сумняваліся, што без працы журналістка, да таго ж і вядомая пісьменніца, не застанецца. Ды і прапановы, казала, паступаюць з розных бакоў самыя розныя.
Шчырая, нязмушаная вераснёўская размова ў нас атрымалася ў адной з утульных кавярняў непадалёк ад Дома радыё: пад гарачую гарбатку, без доўгіх прыцірак і прыглядак. Гаварылі мы не толькі пра літаратуру ды лёсы раманных герояў Пранціша Вырвіча, Баўтрамея Лёдніка (у серыі раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча» ўжо шэсць твораў!) — але і пра іх стваральніцу, пра некаторыя моманты беларускай гісторыі, адметнасці народнага менталітэту. З родавых каранёў пісьменніцы і пачынаем размову.
Таямніцы Рублеўскіх і Часлаўскіх
— Людміла Іванаўна, можна меркаваць, што і вашы родавыя карані нейкім чынам заглыбленыя ў шляхецкае асяроддзе, якое вы з такімі цікавымі падрабязнасцямі апісваеце ў раманах серыі «Авантуры Пранціша Вырвіча». Нешта ж вас, мусіць, прыцягнула ў даўні час, у ХVІІІ стагоддзе? Нейкая энергетычная повязь усталявала творчы кантакт, альбо часавы партал з той, яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай беларускай мінуўшчынай.
— Мала што ведаю, на жаль, пра свае радаводы. Бо ў 30‑х гадах амаль уся мая радзіна пацярпела ад рэпрэсіяў. Хто быў сасланы, хто расстраляны. Бабулі выжылі — мая родная, Пелагея, ды яе сястра Вольга, з якой поруч прайшлі ўсё жыццё, дапамагаючы адна адной. Кожная засталася на пачатку вайны з дзіцем на руках — гэта мая маці, Галіна, і яе стрыечны брат Аляксандр, які ўжо, на жаль, памёр. Бабулі мужна неслі кожная свой жыццёвы крыж і нічога нікому не расказвалі. Мяркую, мудрыя жанчыны, шмат усяго перажыўшы, такім чынам бераглі нашчадкаў.
— А з якіх месцаў родавыя вашы карані?
— Бацька, ведаю, быў недзе з Магілёўшчыны, з усходняга Палесся, а родавыя карані маці — з Міншчыны: з Пухаўшчыны, калі дакладней казаць. Па бацьку я з роду Рублеўскіх, па маці — з Часлаўскіх. Пра мамін род ведаю трошкі больш, а па лініі бацькі вельмі мала: бо ён з намі не жыў. І не было магчымасці ў мяне ні пра што яго распытаць. Ведаю толькі: татава мама, Варвара Рублеўская, загінула ў часе вайны ў Гомелі — яна была настаўніцай. А бацька ягоны, мой дзед, быў сасланы ў Сібір яшчэ ў 1937‑м. І мае бацька ды яго сястра тады яшчэ апынуліся ў дзіцячым доме.
— Сасланы дзед ваш быў «за паходжанне», як тады казалі?
— Я не ведаю. Нічога па той лініі пакуль не знайшла. Вось па лініі маці ведаю такое: шмат Часлаўскіх паехалі перад вайной у Ленінград. На заробкі. А там заўсёды, традыцыйна беларусаў было шмат. І Часлаўскія там жылі, бабуля мая будучая таксама. Ды я не ведаю нават, дзе мая маці нарадзілася. Здаецца, у Піцеры. Але родзічы мае настолькі шыфраваліся, як цяпер кажуць… І ўсё ж я знайшла ў «Адкрытым спісе» — ёсць такія звесткі пра рэпрэсіі ў інтэрнэце — і мамінага дзядзьку, і яе стрыечнага дзеда… Часлаўскія былі адукаваныя людзі, працавалі ў Піцеры на чыгунцы. Вось, прыкладам, Часлаўскі Якаў Усцінавіч, 1877 года нараджэння, быў братам майго прадзеда Максіма Усцінавіча. Родам з вёскі Люцыя Ігуменскага павету — гэта і ёсць наша «родавое гняздо». Працаваў у Ленінградзе кладаўшчыком галоўнага матэрыяльнага складу Акцябрскай чыгункі. Арыштаваны ў 1937‑м., па прысудзе асобай тройкі пры УНКУС па Ленінградскай вобласці расстраляны 18 снежня 1937 года па вядомым 58‑м артыкуле: як «вораг народу». У 1937‑м быў арыштаваны і 5 студзеня 1938‑га расстраляны Часлаўскі Мікалай Раманавіч, 1910 года нараджэння, галоўны кандуктар станцыі Ленінград-Пасажырскі-Віцебскі, родам з тае ж вёскі Люцыя. Наколькі я разумею, гэта быў стрыечны брат бабулі. А бабуля мая Пелагея працавала там жа, на чыгуначнай станцыі, вагаўшчыцай. Уявіце сабе: як пачалі знішчаць там «клан польскіх шпіёнаў Часлаўскіх», то колькі ж нацярпелася маладая кабета! Дзіва што ацалелыя з нашага роду ўцяклі з Ленінграду. Каб патрапіць у пекла вайны на Беларусі — вёску Люцыю спалілі з жыхарамі, а мая будучая маці, малая, ледзь уцякла з замкнёнай падпаленай адрыны. І што цікава: у следчых справах мой стрыечны прадзед праходзіць як беларус, а Мікалай Часлаўскі — як паляк…
— Так, вельмі складаны быў час, драматычны… Такое з нашай гісторыі не выкрэсліш. І добра, што цяпер ідзе пераасэнсаванне тых жорсткіх падзей, у тым ліку і літаратурнае — мы ведаем, і ў вас ёсць творы, з тым часам спалучаныя.
— Перад вайной мая бабуля з будучай маёй мамай, малюсенькай зусім, і сястра бабулі з сыночкам ірванулі дадому, на Беларусь. Мама казала мне, што як ні плакала потым, як ні прасіла «раскажы пра сваякоў, хто мой бацька быў» — нічога не даведалася. Ні слова. Мяркую, нежаданне зноў перажыць той боль спрацоўвала, і страх таксама. Многія ж людзі, якія перажылі цяжкія гады, вайну, не любяць тое прыгадваць. Толькі вось жа лёс: і тут яны патрапілі ў самую вайну, ізноў страху нацярпеліся. (Вёска цяпер — у Навасёлкаўсскім сельсавеце Пухавіччыны. На пачатку ХХ стагоддзя Люція значылася ў Цітвянскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. У часе Другой сусветнай вайны з канца чэрвеня 1941‑га да пачатку ліпеня 1944‑га была ў нямецкай акупацыі. У 1944‑м была спаленая, загінула 48 жыхароў. — Аўт.) Непадалёк там і вёска Скрыль-Сладаба… Тыя мясціны, мяркую, добра ведае краязнаўца Алесь Карлюкевіч — ён жа з тых краёў родам.
Беларускі характар у гістарычных рэаліях
— Як добра, што вашы героі з моцнымі характарамі, што ім уласцівае пачуццё гонару, шляхецкасць — а не забітасць і прыніжанасць. А былі ж і такія тэндэнцыі ў гісторыі народа: нашым продкам прыпісваўся нейкі комплекс адсталасці, непаўнацэннасці. Маўляў, усё лепшае — ці то на захадзе, ці то на ўсходзе. Але не тут! Арыенціры зменьваліся ў залежнасці ад таго, пад чыёй уладай аказваліся нашыя землі. Вядомы такі цікавы факт пра бацьку паэта Максіма Багдановіча: інтэлігента-настаўніка Адама Багдановіча. У ягонай вядомай кнізе «Пережитки древнего миросозерцания у белорусов» (упершыню выйшла ў Гродне ў 1895 годзе) знаходзім развагі пра «Северо-Западный край» як «западлы край», Адам Рыгоравіч піша так: «И жизнь белорусса, и его творческая деятельность резко отмечены печатью неразвитости, отсталости, забитости». Маўляў, за цяжкаю працай не было ў людзей часу думаць, жыць духоўным жыццём: «В песнях же обрядовых и бытового содержания нет того могучего лиризма, свидетельствующего о силе и свежести чувства, который такъ выгодно отличает великорусскую песню; почти все они бледны, отрывочны, невыдержаны, отзываются какой-то пришибленностью творчества, духовной бедностью». А вы ж у сваіх раманах паказваеце годную, шляхецкую, прыгожую Беларусь. Чаму ж так стала, што шляхецкі той гонар быў страчаны? Можна меркаваць, што Багдановічу «такое» стаўленне да роднай культуры было ўбіта некім у галаву, калі чалавек такім няразвітым успрымаў свой народ?
— Думаю, што менавіта ўбіта… І тым не менш пад канец жыцця Адам Рыгоравіч і сам крытычна расцэньваў тую сваю даследчыцкую працу. Варта згадаць, што сам ён паходзіў з бедных сялян, адукацыю атрымліваў у царкоўна-прыходскіх школах, семінарыях.
— А шляхецкае закваскі ў ім, відаць, не было, каб таму неяк супрацьстаяць?
— Не было, абсалютна! Якая шляхта? Яшчэ пасля так званага Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, з 1795‑га ўсё тут пайшло на звод.
— А характар, як вядома, у вялікай ступені фарміруе асяроддзе…
— Так, і ўсю імперскую прапаганду пра забіты народ Адам Багдановіч ды дзясяткі тысяч іншых вучняў прымалі ў галовы і сэрцы абсалютна шчыра. Што да Адама Рыгоравіча, то ён, як кажуць, са скуры вылузваўся, каб быць рускім, замацавацца ў рускай культуры. Атрымаўшы адукацыю, пнуўся патрапіць у кола расійскіх пісьменнікаў, інтэлектуалаў. І ўрэшце нават парадніўся з Максімам Горкім… Дарэчы, падаецца мне, што ягоная першая жонка — Марыя Мякота, маці Максіма Багдановіча — не была настолькі нацыянальна свядомай, як пра тое часам цяпер пішуць. Бо такі быў час. І варта ў тую рэальнасць хоць трохі паглыбляцца, калі хочаш тых людзей, іх учынкі разумець. Менавіта так, дарэчы, я і раблю, выпісваючы авантуры маіх герояў Пранціша Вырвіча ды Баўтрамея Лёдніка ў яшчэ больш аддаленым ад нас часе: у ХVІІІ стагоддзі. Што да Максіма Багдановіча, то, хутчэй за ўсё, быў ён вельмі чуйным да таго, што адбывалася навокал, і самастойна як асоба, творца выспяваў. А тады ж узнялася ўжо іншая хваля ў грамадстве. Ішла бурная пераацэнка стаўлення да нацыянальных меншасцяў, да іншых культур. Прычым тое ішло паралельна з рэвалюцыйнымі працэсамі. Было важнаю часткай той ідэйнай плыні. Быў, як мы памятаем, на парадак дня вылучаны такі лозунг: права кожнай нацыі на самавызначэнне.
— А Максім жа бунтар быў па натуры — таму яго і прывабілі такія ідэі, сама беларуская мова.
— Безумоўна! І скажу вам такую рэч — з выхадам у нашую рэальнасць. У мяне ж таксама, як і ў беларускага юнака ў Паволжы, не было ведання беларускай мовы, бо я нарадзілася ў сярэдзіне 60‑х і жыла ўвесь час у горадзе, у рускамоўным асяроддзі. Але ж я мову вывучыла, і таксама ў падлеткавым узросце. І я дакладана ведаю, што тое магчыма. Што не абавязкова цябе павінны такім, нацыянальна свядомым, выхоўваць. Ты, калі захочаш, калі тое табе вельмі патрэбна, можаш зрабіць гэта сам. Дайсці да роднае культуры сваім розумам — калі ён у цябе ёсць. І калі ў цябе ёсць гэты адметны складнік, гэткае прыроджанае і абвостранае пачуццё справядлівасці ў характары. А Максіму ж было чым тады захапіцца! Скажам, дастаткова было пачытаць адну брашуру Паўла Шэйна, які заклікаў адукаваных людзей збіраць фальклор. Там усё вельмі дакладна, матывацыйна, я б сказала, напісана. Былі таксама іншыя падобныя рэчы, а бібліятэка ў доме Багдановічаў, мы ведаем, сабралася немалая. (Рыхтуючы тэкст да друку, мы знайшлі цікавы тэкст Людмілы Рублеўскай пра ўраджэнца Магілёва, фалькларыста Паўла Шэйна. Яна піша: «С его брошюрки, призывающей собирать фольклор и инструктирующей, как это делать, начался путь в науку для многих известных людей. Шейну присылали собранные песни, сказки, пословицы, легенды отец Максима Богдановича Адам Егорович, будущий академик Евфимий Карский, классик белорусской литературы Янка Лучина…» — Гл.: «Ці пяюць у вас, Гануля, гэту песню?» — СБ, 21.06.2016. — Аўт.)
— І ад бунтара-Максіма перакінем масток да вашага героя. Само прозвішча Вырвіч мае корань ад слова вырываць. Яно вельмі экспрэсіўнае, можна сказаць, бунтарскае. Згадаем і нашага супляменніка Аляксандра Грына — рамантыка з велізарнай энергіяй, які пры царызме і ў турме за рэвалюцыйную агітацыю сядзеў. А бацька ягоны, Стэфан Еўзебіуш Грынеўскі, быў з Віцебшчыны родам (з маёнтка Якубенкі: цяпер тэрыторыя Глыбоцкага раёна). І за ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага быў сасланы ў Сібір. Дык вось, як вы лічыце: у беларускіх рамантыках часта ўнутры «прыхаваныя» бунтары — як ваш Вырвіч?
Баўтрамей Лёднік (акцёр Іван Трус), Людміла Рублеўская і Пранціш Вырвіч (акцёр Георгі Пятрэнка) на здымках фільма. Начная змена ў павільёне «Беларусьфільма». 2019 г.
— Пачну з таго, што вы слушна заўважылі наконт унутранай энергетыкі прозвішча героя маіх раманаў. Дарэчы, у Пятра Васючэнкі, светлай памяці, таксама быў герой Антоні Вырвіч — як бы суаўтар ягонай аповесці «Прыгоды аднаго губашлёпа. Аповеды пра Валентага». Наколькі мне вядома, у рэальнасці адзін з ягоных студэнтаў меў прозвішча Вырвіч. Але ж сам Васючэнка хутчэй пра сябе, пад тым прозвішчам прыхаваўшыся, пісаў: пра свае прыгоды ў студэнцтве. А яшчэ Пётр Васілевіч таксама, як і я, спрабаваў сфармуляваць свае меркаванні пра беларускі нацыянальны міф. Даследаваў беларускія архетыпы. І ён, у прыватнасці, параўноўваў беларускі нацыянальны характар з дрыгваю. І мне тое вельмі падабаецца! Класічная дрыгва, калі глянуць на яе збоку — гэта проста палянка: зялёненькая ды роўненькая. Здаецца, няма ніякіх там загагулін, усё бачна, усё зразумела. Толькі ж паспрабуй ты па ёй прайсціся…
— І ў гэтым сэнсе назву рамана Івана Мележа «Людзі на балоце» з «Палескай хронікі» можна прачытваць не толькі як даследаванне характараў палешукоў, але і больш глыбока ды шырока — з поглядам, экстрапаляцыяй на ўсю Беларусь і ўсіх беларусаў.
— Пэўна што так. Жыццё беларусаў — гэта змаганне за жыццё на скрыжаваннях, на раздарожжах Еўропы, на цывілізацыйным, як кажуць, разломе. Пра тое яшчэ Ігнат Абдзіраловіч хораша напісаў, было, у свой час у кнізе «Адвечным шляхам» — і тое даследванне актуальнасці сваёй не страціла. Безумоўна, пісаў Абдзіраловіч, у белнацхарактары ёсць і тыя архетыпы, і тыя: з Усходу і з Захаду. Гэта значыць і візантыйская дэспатыя, і заходняе вальнадумства. Беларусь выступае як мяжа паміж Усходам і Захадам. Але ёсць у нас талерантнасць і пагодлівасць, выпрацаваныя стагоддзямі выжывання — гэта такая павышаная здольнасць да прыстасавання, выжывання ў неспрыяльных знешніх абставінах, якой іншым разам папракаюць беларусаў. Часам нават называюць тую якасць прыстасаванствам.Але ж паміж такімі паняццямі ёсць відавочная і немалая сэнсавая розніца. У Абдзіраловіча ўсё тое вытлумачана гістарычнымі рэаліямі. Уявім сабе такі жорсткі гістарычны факт: беларусы ў часе сваёй гісторыі перыядычна вынішчаліся больш чым напалову. І ў такіх умовах фарміраваўся наш нацыянальны характар. Але талерантнасць і пагодлівасць спрацоўвае ў нас, як кажуць, на падсвядомым узроўні толькі да пэўнае мяжы. Бо калі мы па гэты час жывем-існуем-развіваемся, то ёсць, безумоўна, і механізмы выжывання, ёсць і код зберажэння ўсёй нацыі — не проста асобных людзей. У любых умовах, самых неспрыяльных і катастрафічных, ён усё роўна будзе спрацоўваць.
За кулісамі авантурных раманаў
— У нэце пішуць пра вашыя творы як беларускае фэнтэзі. І вось ужо з гэтае восені шосты раман з серыі «Авантуры Пранціша Вырвіча» пачаў друкавацца ў часопісе «Полымя». Скажыце, калі ласка: чаму, адкуль гэта ўсё развіваецца? Чаму пішацца?
— Я не ведаю. Яно неяк само. Я не вінаватая, бо яно само так творыцца (смяецца).
— Тады паставім пытанне так: яно вамі кіруе ці вы ім?
— Калі дакладней сказаць, то яны кіруюць: Вырвіч і Лёднік.
— Удвух?
— Удвух.
— Гэтае адно, якое ўвасоблена ў двух, бярэ вас за каўнер і загадвае: пішы?
— Эх, таямніца творчасці… Я калі стаўлю кропку пасля чарговага тома, то кажу: усё! Апошні! А яны жывуць далей. І я, здаецца, ведаю, што з імі будзе. Але мае героі мной сапраўды кіруюць. Бо ва ўсіх творах свая ўнутраная логіка ёсць.
— Апішыце нейкі момант, калі такое адчувалася неяк асабліва, яскрава?
— У трэцяй кнізе, напрыклад, я вырашыла майго Пранціша Вырвіча ажаніць. Бо думала, што кніга тая будзе апошняй. Думалася: трылогія — гэта прыгожа, і хопіць.
— Дазвольце ўдакладніць. Ажаніць — гэта значыць паставіць кропку на ўсіх ягоных авантурах?
— Зрабіць шчаслівым! А са шчаслівым героем ужо нецікава. Я ж і нявесту яму выпісала… Якая пакажа Пранцішу, як ён перавыхаваўся, і які пакручасты жыццёвы шлях прайшоў. Бо гэта не проста раман авантурны, прайдзісвецкі, але ж і ментар-раман, ці раман-выхаванне.
— Яшчэ, здаецца, у даследчыкаў літаратуры ёсць некаторыя крытэрыі, каб вызначаць: удалося жыццё ў героя ці не. Лічыцца, у прыватнасці, што калі герою ў літаратурным творы (ці ў казцы) даюць у рэшце рэшт пасля ўсіх выпрабаванняў годную жанчыну, то тым самым прызнаецца і ягоная вартасць, годнасць.
— А там асаблівая жанчына была: прыгонная актрыса. Раней пра тое Пранціш і падумаць не мог — на князёвен арыентаваўся. А тут ужо дарос і да таго, што можа з такой ажаніцца. Бо ў іх вялікае каханне, выключнае. Але гэта, пры бліжэйшым маім разглядзе, усё роўна супярэчыла ўнутранай логіцы рамана. Таму што пры ўсім пры тым шляхецкі гонар, той самы стрыжань Вырвіча, ніяк не мог паступіцца кар’ерай, становішчам. Безумоўна, ён мог бы ажаніцца — ды ў далейшым быў бы няшчасным.
— Так што ягоная абранніца, даючы шчасце Пранцішу, магла б зрабіць яго няшчасным…
— Карацей, гэта было б ужо не тое. І самае галоўнае: дзяўчына, якую знайшла я для майго героя, настолькі самаахвярная і закаханая, што ніяк не магла дапусціць такога: зрабіць няшчасным каханага чалавека. І вось атрымалася так, што я ўжо раман дапісала. Сябры пачыталі — падказалі: нелагічна… Я перапісала фінал. Але ж уявіце сабе: калі адсылала яго на адзін з інтэрнэт-рэсурсаў, у электронную бібліятэку, то хоць можа і дзесяць разоў пераправерыла, ды чамусьці даслаўся той чарнавы, першы варыянт. Які я нібыта знішчыла. І пасля добра што я той пасыл пераправерыла. Выставілі ж той, дзе Вырвіч шчасліва жэніцца! Шукаю — і не магу знайсці правільную версію. Настолькі героі супраціўляліся. Вырвіч-такі хацеў застацца з сваёй Раінай. Я ледзь знайшла на нейкай флэшцы падпраўлены варыянт. Хуценька выслала. Ды за той час, пакуль першы варыянт вісеў у нэце — можа ноч… — яго паспелі нейкія піраты ці робаты перапампаваць. І менавіта ён па электронных бібліятэках разышоўся. І сёння «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча» вандруюць у сеціве ў двух варыянтах. Так я міжволі, можна сказаць, стала аўтаркай постмадэрнісцкага рамана, у якім могуць быць дзве канцоўкі. І таму калі я пісала чацвёртую частку, то пастаралася зрабіць так, каб было ўсё лагічна суаднесена і з адной канцоўкай, і з другой.
— Вашы кнігі афармляе мастачка Вераніка Шніп…
— Так, гэта мая дачка, старэйшая. Ёсць яшчэ малодшы сын Максім. Абодва мастакі. Вераніка цяпер мае прозвішча Клімашэвіч, яна вельмі цікавы дызайнер па інтэр’ерах. Магу толькі марыць? што з нашай з Віктарам Шніпам негаспадарлівасцю ды мінімалізмам агораем калі-небудзь які-небудзь куток кватэры зрабіць па яе выкшталцоным праекце… У нас з мужам, дарэчы, і ўнук ёсць, Канстанцін: яму ўжо тры годзікі. Так што і ў гэтай рэальнасці жыццё прадаўжаецца — не толькі ў раманнай ды паэтычнай.
— Шэсць раманаў ёсць ужо ў «авантурнай» серыі. А ці будзе працяг?
Падчас здымкаў стужкі «Авантуры Пранціша Вырвіча»
— Цяжка пакуль сказаць. Мне добра пішацца, калі ёсць адпаведны душэўны настрой. Вось шосты раман пісаўся, калі здымаўся кінафільм. Я больш ні пра што іншае і думаць тады не магла. Гэта была вар’яцкая, цяжкая праца. Я кажу: дзесяць гадоў жыцця тое каштавала…
— А як усё гэта ў вас атрымліваецца, працуючы ў штодзённай газеце?
— Усё дзякуючы галоўнаму рэдактару, які мне дазволіў самой планаваць свой час, ездзіць на здымкі. А ноччу я пісала раман.
— Вы набіраеце тэкст на камп’ютары альбо пішаце ў адпаведнасці з той эпохай, у якой адбываюцца дзеі — гусіным пяром?
— (Смяецца.) Ад часу Вырвіча гусі ў Мінску перавяліся. На камп’ютары, вядома ж, пішу.
— Складваеце нейкі папярэдні план-эскіз у часе працы? Тое, кажуць, Іван Мележ рабіў, пішучы сваю «Палескую хроніку»?
— Мне такое пісанне, з планам, нецікавае, бо галоўнае ў гэтай справе — сублімацыя. Пасля шалёнай газетнай працы яшчэ зноў нейкі план? Ой, не! Гэта ж мой вольны час. Адны пасля працы ў тэлевізар, а я — у раман. Як пішацца — так і пішу.
— Імпульс унутраны рухае, натхненне? Вы як паэтка ўвасабляеце вобразы, што нараджаюцца ў пэўны момант? Ці ў вашым выпадку працуе нейкая іншая «тэхналогія»?
— У пэўны момант зразумела: паэзію і прозу нельга падзяляць. Хоць проза і паэзія прыходзяць як бы па розных каналах. Таму ўсе тыя вобразы, якія маглі б увасобіцца ў вершах, — усё аддаю ў прозу. Таму ўсе мае раманы, заўважце, насычаныя вершамі. Хоць я аўтарства прыпісваю іншым героям. Гэта нібы такая гульня ў мяне самой з сабою.
— Вы прыслухоўваецеся да меркаванняў літаратурных крытыкаў, і што кажуць чытачы пра вашыя творы?
— Усе свае раманы, калі дапісваю, даю чытаць добраахвотным рэдактарам з маіх сяброў і знаёмых, бетам — сёння так гэтая прылітаратурная з’ява называецца. Чытаюць, выказваюць свае меркаванні. Я ім заўсёды вельмі ўдзячная. Імкнуся да таго, каб гісторыкі былі сярод маіх бета-чытачоў. Чым больш вачэй паглядзіць — тым лепш, тым чысцей будзе. І я вельмі ўдзячная ўсім, хто змог нешта сваё ў нейкім рамане разгледзець. Прыслухоўваюся да меркаванняў. Першы мой рэдактар — гэта муж, пісьменнік Віктар Шніп. Мае раманы чытаюць Ганна Кісліцына, Ганна Бутырчык. Аксана Бязлепкіна. Вядома, мой перакладчык з Пінска Павал Ляхновіч, які, дарэчы, добры знаўца зброі і баявых мастацтваў. Гісторык Георгі Барташ заўсёды знаходзіць нейкія гістарычныя неадпаведнасці. Скажам, пісаць мне пра Лівонскі ордэн ці Тэўтонскі? Калі ты не спецыяліст, то можаш нешта не тое напісаць. Пакуль пантофлямі гісторыкі ў мяне, дзякуй Богу, не кідаюць. Бо і сама я вельмі шмат працую з гістарычнымі дакументамі. У прыватнасці, з алічбаванымі архівамі — у мяне ёсць немалая бібліятэка. Калі дзе што трэба — звяртаюся да першакрыніц. Раней кансультавалася ў нечым з Адамам Мальдзісам. І дырэктарка Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры й мастацтва Ганна Запартыка, помніцца, мне дапамагала. І Дзяніс Марціновіч, і Міхась Казлоўскі, краязнаўца з Маладзечна, таксама нешта падказвалі. Карацей — у мяне шырокае кола сяброў, добрых людзей, кансультантаў, якім я давяраю. Імкнуся, каб не было нейкіх неадпаведнасцяў у тэкстах. Якія б фантастычныя падзеі ні адбываліся, але гістарычны фон мусібыць як мага больш праўдападобным.
— Ці прыходзіў да вас калі Уладзімір Караткевіч, каб выказаць сваё меркаванне пра напісанае?
— (Усміхаецца) Уладзімір Сямёнавіч заўсёды ў мяне за плячом. За правым.
— Нам падаецца, што вы сёння — нібы ягоная спадчынніца ў духоўным плане. І ён жа таксама пагуляць любіў, пагарэзаваць у творах. Згадаем «Ладдзю Роспачы», ягонага Гервасія Выліваху…
Сямейны партрэт. Віктар Шніп з жонкаю Людмілай, сынам Максімам, дачкой Веранікай, зяцем Паўлам, унукам Канстанцінам ды сабакам Герміонай. Мінск, студзень 2018 г.
— Без Караткевіча не ведаю, якой бы я была пісьменніцай. І ўвогуле: дзе б я была, і што б пісала. Безумоўна, уплыў Караткевіча на мяне ў свой час быў надзвычай моцным. За што я дасюль яму ўдзячная. Маладой яшчэ была, калі ён памёр у 1984‑м. Ведала, што жывы, і думала: калі-небудзь сустрэнемся.
— Вы свой раман вызначаеце як ментар-раман (раман-выхаванне) ды раман-падарожжа…
— Ну так неяк атрымліваецца. Мае героі адзін аднаго ў часе іх авантур выхоўваюць. Яны ў часе развіцця дзеяння, ходу падзей растуць як асобы. Шліфуюцца адзін аб другога — як нож аб асялок, ці два нажы адзін аб другі.
— Містыку, мы заўважылі, як спружыну сюжэту вы часам выкарыстоўваеце.
— Ну тое й Караткевіч рабіў. Але ж і ў яго ёсць нібыта містыка і потым яе «развенчванне». Проста ёсць у жыцці таямніцы, якія мы да пары да часу не ведаем. А ў майго Баўтрамея Лёдніка да таго ж і незвычайныя здольнасці ёсць. Але тое наўрад ці варта расцэньваць як містыку. Гэта хутчэй, сказала б, неспазнаная цалкам рэальнасць.
Гутарылі Іван і Валянціна Ждановічы
З творчай біяграфіі пісьменніцы
Людміла Рублеўская, сапр.: Людміла Іванаўна Шніп (5 ліпеня 1965, Мінск) — беларуская паэтэса, празаік, літаратурны крытык, журналістка. Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве, закончыла беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржуніверсітэта.
Працавала загадчыцай аддзела крытыкі ў часопісе «Першацвет», загадчыцай аддзела мовы ў газеце «Наша слова», рэдактаркай аддзела крытыкі, потым літаратуры штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 2002‑га — літаратурным аглядальнікам газеты «СБ-Беларусь сегодня». Цяпер рэдактар аддзела культуры газеты «Звязда».
Аўтарка больш чым 30 кніг, сярод якіх зборнікі паэзіі «Крокі па старых лесвіцах», «Замак месячнага сяйва», «Рыцарскія хронікі», «Шыпшына для пані», зборнікі прозы «Сэрца мармуровага анёла», «Пярсцёнак апошняга імператара», «Ночы на Плябанскіх Млынах», «Сутарэнні Ромула» ды іншых, кніг гістарычных эсэ «Рыфма цаною ў жыццё», «Рыцары і дамы Беларусі» ды іншых. Аўтарка драматычных паэм «Пасля Цэзара», «Апошнія гастролі Агасфера» ды іншых.
Як крытыку ёй уласцівыя пошукі новых шляхоў, формаў, спосабаў прыцягнення ўвагі да беларускага прыгожага пісьменства як да актуальнага феномена сучаснай еўрапейскай і сусветнай культурнай прасторы. Людміла з’яўляецца мадэратарам і арганізатарам шматлікіх літаратурных дыскусій.
Паэзіі Людмілы Рублеўскай уласцівы экзістэнцыйны роздум і напружаны псіхалагізм, рэфлексіўная медытатыўнасць спалучаецца з іранічным досціпам.
У празаічным цыкле «Старасвецкія міфы горада Б*» сінтэзавала антычныя міфы і рэаліі беларускага мястэчка XІX ст. Гісторыяцэнтрычныя творы Людмілы Рублеўскай адкрываюць трагічныя старонкі беларускай гісторыі, даследуюць праблемы захавання нацыянальнай самабытнасці, культурнай ідэнтычнасці, а таксама захавання цэласнасці асобы ў таталітарным грамадстве. Пісьменніца займаецца тэмай сталінскіх рэпрэсій, у раманах «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» і «Сутарэнні Ромула» гэта разгортваецца ў мастацкае даследаванне. Дзеля дасягнення мэты аўтарка звяртаецца да «гульнёвага» арсеналу постмадэрнісцкай літаратуры, актуалізуе асобныя матывы і вобразы «гатычнага» рамана, фэнтэзі, дэтэктыва, меладрамы. Дзеянне часта адбываецца паралельна ў розных часах, фантазія спалучаецца з дакументальнай асновай.
Піша казкі. Кніжка «Прыгоды мышкі Пік-Пік» — спроба стварэння сучаснай беларускай гарадской міфалогіі для дзяцей, «Карона на дне віра» — легенды і паданні пра паходжанне раслін з гатычнай афарбоўкай і экскурсам у гісторыю Беларусі.
Авантурна-прыгодніцкі цыкл «Авантуры Пранціша Вырвіча» распавядае аб прыгодах у XVІІІ стагоддзі збеглага шкаляра Менскага езуіцкага калегіюму Пранціша Вырвіча і доктара з Полацка Баўтрамея Лёдніка.
Творы Людмілы Рублеўскай перакладзеныя на дзясяткі моў свету. Выйшла кніга «Гульня ў Альбарутэнію» ва Украіне (2012), «Прыгоды мышкі Пік-Пік» у Польшчы (2007).
Людміла Рублеўская — уладальніца медаля Францыска Скарыны і прэміі Саюза журналістаў Беларусі «Залатое пяро». У 2017 годзе за раман «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» (чацвёрты ў серыі) пісьменніца ўганараваная Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі «Найлепшы празаічны твор».
2 каментарыя
Дзень добры! Выпадкова даведалася пра вашы кнiгi – i не магу спынiцца
Дзякуй вялiкI за кожную з iх.
Маю адно пытанне: як вы выбiраеце iмены для персанажау? Мы чакаем дзяучынку i хацелася б знайсцi беларускае iмя, лiцвiнскае.напрыклад, Раiна… пiшуць, што гэта имя арабскага паходжання.. Але у вас яно гучыць па-беларску
Буду удзячна за параду, дзе и як шукаць.
Дзякуй
Дзякую за добрыя словы! Насамрэч я выбіраю імёны герояў па старых слоўніках — Ластоўскага, Станкевіча, Насовіча,шукаю ў мемуарах і старых дакументах. І звычайна гэта проста забытыя беларускія формы звычайных імёнаў. Раіна згодна “Расійска-крыўскага слоўніка” Ластоўскага — гэта форма імені “Рэгіна”) Калі знойдзеце гэты слоўнік, там напрыканцы ёсць адмысловы дадатак беларускіх форм імёнаў.https://knihi.com/none/Padrucny_rasijska-kryuski_bielaruski_slounik.html#1 Магчыма, тое-сёе вы знойдзеце ў слоўніку асабовых імён Усціновіча https://app.box.com/s/2hk4ujybiyg8y5w2b88xwv83ux1nx1eg Хай шчасціць!)