Таямніцы архіва майстра з «Паддашка».

Таямніцы архіва майстра з «Паддашка». ​Мастак Яўген Кулік ратаваў Верхні горад і высмейваў шаблоны


Калі мы з мужам наведваем Кальварыйскія могілкі, якія непадалёк ад нашага дома, заўсёды праходзім звыклым маршрутам, пазначаным для нас магіламі беларускіх дзеячаў. Янка Лучына, Вячаслаў Адамчык, Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Алесь Пісьмянкоў, Алесь Асташонак ды іншыя… Цэлы беларускі культурніцкі некропаль… Абавязкова спыняемся і каля помніка, на якім белымі літарамі на чорным граніце напісана «Яўген Кулік» і даты жыцця: «31 кастрычніка 1937 — 12 студзеня 2002».


Яўген Кулік. Аўтапартрэт.

Яўген Кулік. Аўтапартрэт.

Легендарны мастак, беларускі патрыёт, ён помніцца ўсім. Хваравіты, прыгорблены, сціплы, ён проста гарэў тым агнём, які быў ува ўсіх славутых адраджэнцаў, абаронцаў нацыянальнай культуры. У 1960-я ў яго майстэрні ўтварыўся сапраўдны дысідэнцкі салон, які назвалі «На паддашку». А яшчэ кажуць, што ён быў адным з заснавальнікаў нацыянальна-рамантычнай плыні беларускага пасляваеннага мастацтва… Успомніць яго афармленне «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага ці серыю «Замкі Беларусі» — сапраўдныя шэдэўры.

У маладосці, кажуць, быў высокі, пад два метры… Але з-за рэдкай хваробы суставаў згорбіўся, косці зрабіліся крохкія. Неяк пад канец жыцця, паслізнуўшыся і ўпаўшы, атрымаў дванаццаць пераломаў…

Але працаваў да апошняга. І паспеў шмат — палаючы такім агнём… І не толькі ў колькасці намаляванага. Мяркуйце самі: ён быў старшынёй Камісіі па народным мастацтве і рабоце з народнымі майстрамі пры Саюзе мастакоў БССР, займаўся збіраннем і экспанаваннем творчай спадчыны Алены Кіш, Язэпа Драздовіча, Апалінара Пупко, уваходзіў у гісторыка-мемарыяльную камісію Саюза мастакоў БССР, у моўную камісію Беларускага фонду культуры і Рэспубліканскі савет Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, і гэта яшчэ не ўсё.

І вось нядаўна на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва з’явілася навіна: завяршылася навуковая апрацоўка архіва Яўгена Куліка. Неверагодна багатага, у якім не адно пакаленне даследчыкаў зробіць адкрыцці. Дакументы паступілі ў БДАМЛіМ ад сястры мастака, Тамары Сяргееўны Мінкевіч і яго сяброў. Як пазначана на сайце, «у выніку навуковага апісання быў складзены вопіс № 1, які складаецца з 12 раздзелаў, усяго сфарміравана 1434 справы (11049 дак.) за [1784]-2019 гг.».

Вялізнае багацце! Чаго вартая адна «Фотатэка па гісторыі Беларусі і іншых краін», у якой звесткі па археалогіі, нумізматыцы, архітэктуры, гісторыі… Агромністая калекцыя рукапісаў, кніг і перыядычных выданняў за 1903—1998 гг., калекцыя гістарычных, этнаграфічных і картаграфічных дакументаў, самы ранні датаваны 1887-м…

Дакументы знаходзяцца ў адкрытым доступе, таму давайце разам з вамі трохі зазірнём у гэты ўнікальны фонд.

Хлопчык з Паўночнага завулка

«44-ты год, і немцы пакідаюць Мінск, а Саветы яшчэ не прыйшлі. Я памятаю гэта, таму што я быў удзельнікам гэтага. І квартал гарыць… І пабеглі мы, і схаваліся мы рэшткамі ацалелымі сямейства на Замчышчы гістарычным, у акопах, у траншэях. Абарончыя траншэі былі пракапаны прама на беразе Свіслачы, гэта яшчэ раней яны былі, я не ведаю, ад каго. І там хаваліся жыхары вынішчаных кварталаў Мінска.

І, значыцца, мы колькі дзён чакалі прыходу Саветаў у гэтых траншэях. І есці не было нічога, таму што маці ўхапіла з дому толькі слоік патакі і хлеб. І яшчэ што было — свечкі, але іх есці было немагчыма. І чакалі гэтыя тры дні. І вось калі самалёт, відаць, савецкі, на нізкай адлегласці ад зямлі так уносіўся над намі, а мужыкі нейкую бляху недзе ададралі і накрывалі гэтыя траншэі, каб засцерагчыся, магчыма, ад асколкаў ці ад куль. Вось так.

А потым сустракалі Саветы, гэта ўжо другая гісторыя».

Гэта ўрывак з убачаных мною ў архіве ўспамінаў Яўгена Куліка, як пазначана на папцы з некалькімі старонкамі тэксту — «Расшыфроўка магнітафоннага запісу гутаркі Я. С. Куліка з Г. Г. Сокалавым-Кубаем (10 жніўня 1997 г.), зробленая Т. С. Мінкевіч». (Сокалаў-Кубай — вядомы мастацтвазнавец, сябар Куліка, які не раз бываў «На паддашку».)

Чытаем жа ўспаміны далей… Атмасферна, нечакана, з захаваннем асаблівасцяў маўлення апавядальніка:

«Пасляваеннае ліхалецце было багатае на розныя крымінальныя здарэнні, у горадзе арудавалі розныя банды, у тым ліку і славутая «Чорная кошка». Разносіліся розныя страшныя чуткі з гэтай нагоды. У нас, небагатых, не было чаго рабаваць, але і мы, асабліва дзеці, пачувалі сябе па начах ніякавата. Але рэчаіснасць апярэджвала пагалоскі. Жахлівыя чуткі разносіліся па Мінску пасля таго, як 3 студзеня 1946 года на карнавале з нагоды Новага года ў клубе НКУС на пляцы Волі (цяпер называюць домам Шменкеля) па недаглядзе, а хутчэй за ўсё, з дыверсіі, жыўцом згарэлі ці паразбіваліся некалькі сотняў маладых хлопцаў і дзяўчат. Звесткі пра гэта яшчэ доўга скаланалі горад».

А што мяне асабліва зачапіла ў гэтых успамінах — дык мы з мастаком, хоць разбегліся ў часе, былі суседзямі! Ён жыў у Паўночным завулку, гэта непадалёк ад новай станцыі метро «Плошча Францішка Багушэвіча». Мы часта ходзім па тым завулку, дзе засталіся ўзоры драўлянай архітэктуры векавой даўніны — на жаль, назіраем, як іх становіцца ўсё менш, а тыя, што захаваліся, занепадаюць ці перабудоўваюцца… І гэта вельмі хвалюе — даведацца, што там было ў  1946—1948 гадах. Напрыклад, мясцовыя дзеці ўзімку любілі на таратайцы — гэта выгнуты адпаведным чынам жалезны прут, на які станавілася па некалькі чалавек, — з’язджаць па крутым схіле ад сярэдзіны Паўночнага завулка да вуліцы Карла Лібкнехта. Сапраўды, і сёння там можна заўважыць схіл, хоць не такі круты, але ўсё забудавана так, што па ім не пакатаешся…

З замалёвак Яўгена Куліка падчас падарожжа па Беларусі.

З замалёвак Яўгена Куліка падчас падарожжа па Беларусі.

Ці вось яшчэ дэталь: «Старэйшыя пацаны з нашага наваколля займаліся і такім промыслам. На вуліцы Карла Лібкнехта каля чыгуначнага пераезда месцілася гароднінная база. Як толькі машына, нагружаная гарбузамі, капустай ці іншай буйной агароднінай, выязджала з яе, хлопцы з прутамі з загнутымі вострымі канцамі кідаліся да яе і начэплівалі на пруты ўсё, што траплялася, і знікалі са здабычай».

Можна яскрава ўявіць, як па раёне, яшчэ не забудаваным «хрушчоўкамі», бегае малы Яўген, маючы з сабою лусту чорнага хлеба з тонкім слоем павідла, выдадзеную маці — увесь наедак на паўдня. «1947 год. Нялёгкае жыццё, карткі на хлеб». Бацька працаваў ахоўнікам на мясакамбінаце, маці ўладкавалася на абутковую фабрыку імя Кагановіча. Да буйных палітычных свят выдавалася на душу па тры кіло мукі. «Вельмі запомнілася гэтая сталінская мука…Чэргі займалі напярэдадні, дзяжурылі ўсю ноч, складаліся спісы, нумары пісаліся хімічным алоўкам на руках». А назаўтра — цісканіна, у якой перамагалі найбольш дужыя. Малы Яўген быў адпраўлены ў такую краму, якая знаходзілася ў падвальным памяшканні — часам людзі ў чарзе так душыліся, што былі смяротныя выпадкі. Як прайсці да прылаўка, дзе па спісах чарга іх сям’і? «Падшыванца па галовах перадалі з навалачкай у руках».

З успамінаў даведалася, што «ў самым нізе Паўночнага завулка», у «старасвецкай сядзібе з высокімі вокнамі, завешанымі даўгімі светлымі гардзінамі», жыла сям’я са шляхецкім прозвішчам Нартыш-Брук — малы Яўген сябраваў са сваім равеснікам Колькам з гэтай сям’і… Магчыма, і сёння апісаны дом застаўся, прынамсі, ёсць падобны — але ўжо з праселым дахам, забітымі дошкамі вокнамі…

Апісвае Яўген Кулік і «Вугал» — месца, дзе вяліся купля-продаж, на скрыжаванні вуліц Мяснікова і Калектарнай. Там старэйшая сястра Яўгена Галя перапрадавала цукеркі-падушачкі, якія выраблялі гарадскія ўмельцы. А да чыгункі Яўген з Галяй хадзілі «ў трэскі» — збіраць драўляныя ашчэпкі, кавалкі драўніны, каб было чым прапаліць печку.

Дарэчы, знайшла цікавыя звесткі пра тое, што ў раннім маленстве з будучым мастаком адбыўся выпадак, які пазней палічылі прарочым. Маці з немаўляткам на руках пераходзіла праз Нямігу — яшчэ да таго, як славутую раку замуравалі ў трубах пад зямлёй. Яе выток быў жа непадалёк ад нас, у пачатку сучаснага праспекта Дзяржынскага. Была галалёдзіца, маці паслізнулася ды ўпусціла дзіця ў раку. Рака, на шчасце, зусім неглыбокая, абышлося… Але сямейныя лічылі, што такі хрост у гістарычнай вадзе паўплываў на лёс Яўгена, прадвызначыў цікавасць да старасветчыны.

Яўген Кулік. Ілюстрацыя да рамана Уладзіміра Караткевіча.

Яўген Кулік. Ілюстрацыя да рамана Уладзіміра Караткевіча.

Ратаванне Плошчы Свабоды

А вось яшчэ адна цікавая папка, у якой — аўтограф выступлення Яўгена Куліка ў 1975 годзе ў оперным тэатры, на абмеркаванні праектаў па будаўніцтве… тэатра імя Янкі Купалы.

Вы, дарэчы, ведалі, што ў 1975-м усур’ёз абмяркоўвалі ўзвядзенне на тэрыторыі Плошчы Свабоды «здания универсального зала многоцелевого назначения на 4 тысячи мест», дзе і меркавалася размясціць тэатр?

«На нашу думку, месца для будаўніцтва тэатра выбрана абсалютна адвольна і бяздумна. Прыняцце рэкамендацый праграмы конкурсу выкліча знішчэнне апошніх рэштак гістарычнага цэнтра Мінска, якія захаваліся пасля папярэдніх паспешлівых і неабгрунтаваных рэканструкцый і пераробак», — абураецца Яўген Кулік. Некалькі наступных старонак даклада перакрэслены алоўкам — відаць, гэта той тэкст, які аказаўся залішні для агучвання з прычыны часу, там падрабязна апісваецца, як, у якім годзе «ў ахвяру рублю былі прынесены гісторыя і архітэктурная спадчына», то бок хроніка разбурэння старога Мінска.

Далей у дакладзе Яўген Кулік пералічвае, якія помнікі архітэктуры ці іх рэшткі насамрэч знаходзяцца на тэрыторыі, што прапануецца пад новую забудову, і падлягаюць знішчэнню. Гэта і былыя муры мужчынскага базыльянскага кляштара першай паловы XVІІ ст., будынкі былога жаночага базыльянскага кляштара, год узвядзення — 1650, Дом масонаў, дом Ваньковіча, гандлёвыя рады і гэтак далей, усяго дзевяць пунктаў. Уявіце толькі, што згаданыя помнікі архітэктуры, якімі мы сёння любуемся ў адноўленым Старым горадзе, маглі не існаваць! Каб не рупліўцы, накшталт Яўгена Куліка.

Разглядае мастак у сваім выступленні і прадстаўленыя на конкурс праекты, асноўны закід — «Ні адзін з прадстаўленых праектаў нават у малой ступені не адлюстроўвае нацыянальную архітэктурную традыцыю». Заўважае мастакоўскім вострым вокам і плагіятчыну:

«Скажам, у праекце пад дэвізам «Вянок» верхняя частка будынка рашаецца пад яўным уздзеяннем новага опернага тэатра ў Вільні», «Яўна ўсходні каларыт мае праект «Красный квадрат с диагональю», «Зусім сярэднеазіяцкі выгляд мае будынак на праекце «000222». Плаўная крывізна далёкаўсходніх пагад натхняла, нам здаецца, аўтараў конкурснага праекта пад дэвізам «Тэатр і горад». «У мадэрным стылі заходняга ўзору выкананы праект «Матылёк» — нагрувашчванне цыліндрычных, авальных, вінтападобных формаў». «Пляцоўку касмадрома нагадвае будынак у праекце «Васьміграннік», альбо найноўшы аэравакзал — праект «Салют». Эксперт выказваецца дастаткова з’едліва: «Прабачце, але хвалёны «Залаты квадрат» хутчэй нагадвае падземны гараж, а не будынак нацыянальнага тэатра». «Дзівосная мешаніна прамавугольных і цыліндрычных аб’ёмаў з формамі мадэрна канца XІX ст. «а ля рюс» суіснуе ў праекце «Черный треугольник».

Асабліва абурае Яўгена Куліка, што многія аўтары бязлітасна перапланіроўваюць раён, нават тыя ўчасткі Старога горада, якія не маюць дачынення да праекта тэатра, пры гэтым і там гістарычная забудова падлягае зносу. Толькі адзін пракект пад дэвізам «Теоктит» Кулік ухваліў за тое, што аўтары імкнуліся цалкам захаваць існуючую забудову, пераносячы новы будынак на вуліцу Інтэрнацыянальную, а каб гарманізаваць праект з асяроддзем, адмыслова ўжывалі матывы мінскай архітэктуры 30-х гадоў.

Але выснова ўсё ж адна: ніводны з прадстаўленых праектаў цалкам не адпавядае важнай задачы стаць памяшканнем для нацыянальнага тэатра, і месца для будаўніцтва непадыходзячае.

Дарэчы, ёсць у архіве яшчэ адзін цікавы рукапіс, адкуль тое-сёе працытавана ў дакладзе — «Хроніка тэрору архітэктараў». Там Яўген Кулік па гадах, пачынаючы з 1930-40-х, пералічвае факты зносу гістарычных будынкаў Мінска. Цэркваў, касцёлаў, сінагог, могілак, маёнткаў, жылых дамоў… Напрыклад, у пункце 1949 г. значыцца:

  • «знос будынка б. дамініканскага кляштара і касцёла (пачатак XVІІ ст.),
  • перабудова будынка б. кафедральнага касцёла (1712 г.)
  • знос будынка з комплексу езуіцкага кляштара (присутственное место) з вежай (XVІІІ ст.)».

Нездарма Кулік аб’ехаў усю Беларусь, замалёўваючы архітэктурныя помнікі, робячы візуальную рэканструкцыю зруйнаваных, у чым яго ўсяляк падтрымліваў Уладзімір Караткевіч. У 1978 годзе, дарэчы, мастак стварыў адну з найлепшых сваіх работ — станковую ілюстрацыю да новага рамана Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», у якой адлюстраваў панараму старажытнага Гродна.

На шчасце, у выпадку з конкурсам на праект тэатра грандыёзнае будаўніцтва, якое знішчыла б вядомую нам Плошчу Свабоды, так і не адбылося.

«Памятка плагиатору»

Як вы ўжо ўпэўніліся, Яўген Кулік не цярпеў фальшы, халтуры, умеў падмячаць запазычанні — і меў смеласць выказвацца… Аднойчы яго за гэта нават выключылі з Акадэміі мастацтваў… Здарылася такое, калі рэктарам акадэміі быў Аскар Марыкс, славуты тэатральны мастак славацкага паходжання, чалавек сталы, заслужаны, можна сказаць, легендарны. Адзін са студэнтаў (не Кулік, наколькі мне вядома) схаваўся ў шафу падчас рэктарскага прагляду студэнцкіх работ, потым пераказаў таварышам, што гаварылі выкладчыкі, абмяркоўваючы іх плён. Ясная справа, што паміж сабой выкладчыкі дазваляюць сабе агучыць рэзкія ацэнкі… Студэнты абурыліся, а Яўген Кулік тады назваў выкладчыцкае абмеркаванне «судзілішчам». Вось і пацярпеў… Яшчэ раз сітуацыя паўтарылася, калі Яўген дазволіў сабе востры жарт у прысутнасці аднаго прафесара. Але абодва разы таленавітаму студэнту далі магчымасць працягнуць навучанне.

Тое, што не ўсякую крытыку, асабліва суб’ектыўна-эмацыянальную, варта выказваць публічна, з цягам часу разумеюць усе. Але занатаваць яе хаця б для сябе хочацца. У фондзе Яўгена Куліка ёсць унікальная рэч — макет сатырычнага альбома «Памятка плагиатору» (як варыянт, аўтар разглядаў назву «Памятка плагиатора»). У асобных папках — матэрыялы да гэтага альбома. Як вялікі знаўца сусветнага мастацтва, і класічнага, і сучаснага, Яўген Кулік мог адразу пазнаць на карцінах калег, сучасных яму беларускіх мастакоў, запазычанні… Вось гэтаму ён і прысвяціў свой альбом. Пабудаваны той так: фатаграфуецца карціна ці фрагмента карціны вядомага мэтра, а побач, у тым жа памеры, даецца фота падобнага фрагмента ці карціны з прасторы сусветнага мастацтва. Так што любы скептык адразу бачыць падабенства кампазіцыі, паставу рук ці аблічча персанажа. Старонкі альбома аздабляюцца выказваннямі з Бібліі пра крадзяжы, афарызмамі пра плагіят. «Правда всплывёт на поверхность, но теперь она для этого должна глубоко нырнуть. Станислав Ежи Лец», «Кто работает на совесть, а кто и на других заказчиков. Эмиль Кроткий». «Все, что вы написали, пишете, и еще только хотите написать — уже давно написала Ольга Шапир, печатавшаяся в Киевской синодальной типографии. Ильф. Записные книжки». На вокладцы альбома — Мона Ліза ў хустцы Алёнкі…

Глядзіцца альбом з незвычайнай цікавасцю… Характэрна, што зазвычай двайнікі лягчэй знаходзяцца ў карцін на афіцыёзныя тэмы — там больш месца шаблонам. Ахоп для параўнання ў Куліка наздзвычай шырокі. Напрыклад, да адной класічнай беларускай карціны Кулік знаходзіць двайніка ў мексіканскага мастака Ароска, да другой — у румынскага мастака Перахіма.

Зразумела, чаму альбом не быў надрукаваны. Я сама засумнявалася, як расцэньваць гэткі артэфакт… Дырэктар архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, у якой я спыталася пра лёс «Памятки плагиатора», мяркуе, што гэта было для ўнутранага карыстання аўтара, ён працаваў над альбомам, так бы мовіць, каб «спусціць пару». Вядомая мастацтвазнаўца Надзея Вусава распавяла мне, што запазычанні ў мастацтве, падобныя згаданым у альбоме, сустракаюцца паўсюдна. Цяжка пазбегнуць, каб, скажам, становішча рук персанажа на тваёй карціне ніколі за стагоддзі існавання выяўленчага мастацтва ні на якой іншай карціне ўжо не было адлюстравана. Часта мастакі адмыслова робяць цытаты, інтэрпрэтацыі. З іншага боку, шаблоны — бяда «афіцыйнага» мастацтва, а ў Яўгена Куліка было асаблівае непрыняцце гэтай з’явы. Сатырычны альбом «Памятка плагиатора» можна расцэньваць як жарт, ад якога ягоныя «ахвяры» не робяцца менш таленавітымі. Тым не менш унікальны артэфакт існуе і зрабіўся ўжо часткай гісторыі.

Пісьменніца Галіна Багданава ў эсэ пра Яўгена Куліка піша: «Наш Кулік не кожны. Наш Яўген Кулік быў мастаком і сваё балота не столькі хваліў, колькі парадкаваў, шукаючы на ім трывалыя купіны, па якіх можна ісці наперад. Гэтымі купінамі для яго заставаліся наноў адкрытыя, разгорнутыя для ўсіх старонкі гісторыі і ягоны ўласны архіў, дзе былі сабраныя самыя цікавыя публікацыі з газет і часопісаў».

Мы з вамі закранулі толькі асобныя фрагменты з архіва Яўгена Куліка. Незлічоныя багацці гэтых сховаў яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў і ўдзячных карыстальнікаў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.