- 29.07.2022 16:37
- Аўтар:
- Людміла Рублеўская
- Культура, Літаратура
Апошні месяц лета, час, калі паспявае ўсё, час збору ўраджаю… Жнівеньскія дні да Успенскага посту лічыліся асабліва добрымі для вяселляў.
Праўда, у літаратуры добрыя вяселлі апісваюцца куды радзей, чым пакручастыя гісторыі кахання… Зрэшты, Леў Талстой сцвярджаў, што «апісваць жыццё людзей так, каб абрываць апісанне на жаніцьбе, гэта ўсё адно што, апісваючы падарожжа чалавека, абарваць апісанне на тым месцы, дзе вандроўнік трапіў да разбойнікаў». Калі пісьменнік і паказвае вяселле герояў, дык яно павінна быць незвычайным і сімвалічным… Давайце пагартаем старонкі беларускай класікі і паглядзім, як яе героі бяруць шлюб.
Вяселле на гразкай грэблі
Гераіня мележаўскіх «Людзей на балоце» Ганна Чарнушка выходзіць замуж не па каханні… Пасварылася з мілым сэрцу Васілём Дзятлікам, а тут сватаецца да яе, бяднячкі, праходу не дае багацей Яўхім. Вось і пайшла на злосць…
Мележ пяшчотна любіў роднае Палессе, таму апісанні змовін, падрыхтоўкі да вяселля і самога свята сакавітыя і падрабязныя. Бацька і мачыха Ганны гаруюць: «Разорыць нас вяселле етае! Толькі ж і паддавацца вельмі — сарамата! Зяць такі!..» Падчас вяселля Ганне здаецца, што яна бачыць страшны сон… Аўтар не шкадуе сімвалаў, якія намякаюць, што не да дабра гэты шлюб. У царкву выпраўляюцца «пад віск дудкі, плач гармоніка і буханне бубна», «Ганне кінуліся ў вочы музыкі ў лапцях, аблепленыя гразёю да кален». А вось на недаробленай грэблі вазы заселі. «…гразь была пад самымі драбінкамі. Вось-вось на сена, на сядзенне ўспаўзе. І да ўсяго — коні сталі. Як ні гразіўся, ні сцябаў іх скураной пугай паганяты, як ні пяліся яны, ашалела водзячы вачыма, воз не кранаўся… Калі выпаўзлі на сухое, спыніліся, пасаскоквалі з вазоў. Жмутамі сена, што выцягвалі з-за драбінак, сціралі гразь з конскіх жыватоў і ног, з калёс, чысціліся, прыбіраліся самі. Яўхімавы хлопцы, хто сам не вельмі вырабіўся ў твані, з рогатам завіхаліся каля Яўхіма: здымалі боты, выкручвалі анучы, абціралі штаны.
— От дак жаніх! — чулася адтуль іржанне. — Самой Захарысе ў пару! І тая спужалася б!..
Ганне таксама было клопату: хоць пераседзела грэблю на возе, фарбаваную світку і андарак гразь пабіла, нібы шротам…»
Так што чытач разумее: нічога добрага бедную палескую прыгажуню не чакае ў доме багацеяў Глушакоў.
Госці на патэльні
Беларускі пісьменнік-адраджэнец Ядвігін Ш., ён жа Антон Лявіцкі, любіў складаць прыпавесці… Напрыклад, пра тое, як удава-каршуніха выдавала замуж дачку за маладога каршунка. Усіх птушак запрасілі: «салавейку: ён, калі завядзе, ажно за сэрца хапае,— так яно і трэба на вяселлі! Пару галубкоў: для прыкладу, як маюць жыць маладыя. Сароку — канешне трэба: па ўсёй ваколіцы разнясе, якое важнае было вяселле. Удота…
— Мамка,— перапыніла маладая, — я памятаю, як ты яшчэ малую мяне накарміла раз удотамі, — надта смярдзючыя яны…
— Маўчы, дурная! — прыкрыкнула на дачку каршуніха.— Маладая ты — не ведаеш яшчэ, як на свеце жыць! Смярдзючы ўдот — то праўда; але калі прыбярэцца дый нашугірыцца, дык іншаму здаецца, што і трэба яму смярдзець: ад важнасці, значыцца. Прасіць і цецерука: у яго такая гутарка, што ніхто яе не разбярэ; вось і будуць думаць, што надта нешта разумнае! У музыкі клікнем дзятла з жаўной: хай у барабаны таўкуць. Дразда — падсвістваць, бач, майстар. Бухайлу, хоць аддае балотам, але да дуды складзен. На цымбалах добра рэжа бусел, але з ім нам не варта займацца: праз лад ужо насаты».
Баялася птаства да драпежнікаў ісці, хоць тыя і дакляравалі на кіпцюры рукавіцы ўздзець… Але ж як ад такога вялікага гонару адмовіцца?
«І ці дасцё веры: былі там цецярук, дрозд, усе другія, толькі не ў гасцях, а… на скаварадзе!»
Карацей, не хаўрусуйся, просты люд, з панамі і не спадзявайся на іх ласку.
Завяршылася стрэлам
У паэме Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады» трое сяброў з падробнымі дакументамі прабіраюцца праз нямецкія тылы на фронт, да сваіх.
«Уваходзім мы смела ў сяло,
Чуем гоман і крыкі,
З вокнаў шлях залівае святло,
Чутны гукі музыкі.
Дакументы ў кішэні ляжаць,
Мы распытваем каля ганку
Аб вяселлі сялянку.
Ладзіць гэта вяселле
Мядзведзкі —
Прыслугач нямецкі.
Ён судзіўся калісь за падпал
Птушкаводчае фермы.
Стаў ён старастам,
хату прыдбаў,
І балюе цяпер ён…
За Мядзведзкага замуж ідзе
Пад пагрозай дзяўчына,
Бо бацькі яе ў лютай бядзе,
Сын — бядзе той прычына.
Камуніст ён.
Мядзведзкі бацькам
Пагражае даносам.
Замуж мусіць пайсці іx дачка
Пад смяротнай пагрозай».
Невясёлае тое вяселле… Вёска аб’явіла байкот, гарманіст іграць адмовіўся… Бацька-скрыпач вымушаны іграць сам.
«Мы на твар маладое глядзім:
Не відно ні крывінкі,
Быццам тут не вяселле зусім,
А памінкі…
Тут па струнах скрыпач
Водзіць светлым
смычком пад прымусам,
Не «лявоніха» сцелецца — плач
Над вясельным абрусам».
Баявітыя госці не змаглі прайсці паўз такую несправядлівасць… Хоць мы так і не даведаемся, адкуль прагучаў стрэл, які пакараў злачыннага жаніха.
Права першай ночы
Сумнае вяселле атрымалася і ў «Беларускай баладзе XV стагоддзя» Янкі Сіпакова, напісанай ад асобы нявесты.
«Што ж ты, дзень мой,
канчаешся хутка, —
Дай хоць промні
твае расчасаць.
Затрымайся яшчэ на мінутку,
Пасвяці мне яшчэ
хоць мінутку, —
Не хачу я цябе адпускаць…»
Так гаруе гераіня… У чым прычына? Выходзіць замуж за каханага, і пачастунак ёсць, і госці пяюць ды скачуць…
«Што ж ты, раніца,
цэдзішся рана?
Ці ў цябе спачування няма?
Бачыш, замуж іду я за Яна —
За раба я выходжу, за Яна,
І рабою раблюся сама».
Такая вось трагедыя: вольная дзяўчына выходзіць замуж за прыгоннага, і на наступны дзень сама страціць волю. Як толькі ўзыдзе сонца, яна, як і муж, зробіцца ўласнасцю пана, які прышле па яе цівуна.
«…І ўжо сонейка ля небакраю
Зашыпела… А што я зраблю?!
Я сама сябе гэтак караю,
І каханнем, і раем караю,
Бо я ж Яна больш волі люблю!»
Калі ўзнік курган
Бралі шлюб і героі Янкі Купалы… Не, не ў знакамітай «Паўлінцы» — там нават сватання толкам не зладзілі. А вось у паэме «Курган», у якой Гусляр кінуў выклік злому князю і быў пахаваны жыўцом, дзеянне адбываецца якраз падчас вяселля.
«Раз бяседа вялікая
ў князя была:
На пасад дачку княжну садзілі;
За сталом він заморскіх
крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.
На вяселле-разгул наплыло,
як на сход,
Госці знатных зусюль,
за паўсвету,
Гэткай гучнай бяседы
не помніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльянтаў,
саетаў!..»
Сапсаваў усё вяселле стары Гусляр, калі замест таго, каб услаўляць маладых, пачаў выкрываць прыгнятальнікаў. Маўляў, «Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом, — Гэта косці бядноты рабочай».
Дарэчы, пасля жорсткай расправы над Гусляром вяселле працягнулася.
«Толькі князеўскі хорам гудзеў,
не маўчаў:
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь
кончыў, пачаў:
Шлюб-вяселле ўсё княжны
гулялі».
Пастка для камара
Максім Багдановіч, які рос далёка ад любай Беларусі, выдатна ведаў беларускі фальклор, не ў апошнюю чаргу дзякуючы бацьку-фалькларысту. У казцы «Мушка-зелянушка й Камарык-насаты тварык» ён па-майстэрску абыгрывае народны сюжэт пра няўдалую жаніцьбу камарыка. Загубіла яго жонка-лайдачка, хоць вяселле адыгралі як мае быць:
«Авадзень быў камаровым
старшым дружкам,
Рассыпаўся дробным макам
перад мушкай.
Матылькі — баяры,
пчолачкі — баяркі,
Спрытны, шпаркі,
асабліва як да чаркі.
А найстаршая баярачка —
чмяліха
Так спявала,
аж баяр пабрала ліха:
Госці спорна п’юць-ядуць
ды размаўляюць,
А музыкі граюць,
дыхту заўдаваюць…
Нават мёд быў і чмяліны,
і пчаліны.
Хрушч вялізны так гарэлкі насмактаўся,
Што зваліўся ды ў куточку
адсыпаўся.
Восы ў шатах чорных
з жоўтымі стрычкамі,
Проста елі мушку злоснымі
вачамі.
А яна ля мужа сціпленька
сядзела
І зялёненькай спаднічкай
зігацела».
Шлюб як маскіроўка
У рамане Івана Шамякіна «Шлюбная ноч» партызанская разведчыца Валька пакахала маладога чыгуначніка-падпольшчыка Сцяпана… Нават завочна з ім распісалася ў партызанскім атрадзе. Прыйшла наведаць наваспечанага мужа — а ў доме вяселле. Сцяпан жэніцца з іх агульнай знаёмай Машай, прыгажуняй-разведчыцай, прысланай з Масквы. Валька разумее, што вяселле, хутчэй за ўсё, несапраўднае, для маскіроўкі… Але як стрымаць боль, не выказаць рэўнасць? Яна ж выдае сябе тут за Сцяпанаву сястру. Да таго ж сярод гасцей — акупанты, да Валькі заляцаецца паліцай…
«Я пайшла да «маладых». Пяць крокаў — ад парога да акна, ля якога яны сядзелі. А здалося, што ішла я даўжэй, чым пяцьдзесят вёрст з атрада да горада. Я ішла на сваё вяселле. І я трапіла на вяселле… Вось ён, мой муж, у чорным касцюме, у беласнежнай сарочцы са смешным гальштукам-бабачкай. Ніколі не паверыла б, што мой Сцяпан начэпіць калі-небудзь такую бабачку. Скажы, калі ласка, які інтэлігент! Але чаму побач з ім замест мяне стаіць у прыгожым белым плацці (пра такое плацце я марыла) гэтая высокая з падмаляванымі бровамі і нафарбаванымі губамі жанчына?… Але не маю я права глядзець на яе так. У яе ўжо і без таго спалоханы твар. A ніхто не павінен палохацца. Ніхто. Hі я. Hі яна. Няхай немцы баяцца нас. А мы любім адна адну. Я люблю цябе, Маша».
Пасля вяселля Сцяпан ідзе падаваць знакі савецкім самалётам, якія бамбяць эшалоны… Яго схопліваюць. Машу арыштоўваюць, калі яна прыкрывае адыход Валькі.
Пад гранне прывіднага музыкі
Героі цудоўнай прыпавесці Уладзіміра Караткевіча «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў» сваё каханне абаранілі. Прыгажуні Марты дабіваўся магнат… Але «Плюнула яна на ўсё і пайшла за Янука Прынаду, у якога нічога не было, акрамя няновых портак ды старой стрэльбы. А і сама яна выскачыла за яго толькі ў андараку, кофце, ды хусцінцы»:
На вяселле сваё прыйшлі маладыя ў халупу каля замка. Ніхто болей — пабаяліся, бо ведалі: з’явяцца па маладых ноччу з замка.
«Сядзяць, глядзяць у агонь і смяюцца, як дзеці. Вось і ўсё вяселле. Тут цёпла, а за дзвярыма вецер, і яны трох: Янук, Марта і Каханне».
Раптам з’яўляецца нейкі стары.
«— Сядай бліжэй да агню, — і Янук пасунуў большую груду саломы бліжэй да вогнішча. — Тут табе і цяплей будзе і сушэй. Шкада, што гэта адзінае, чым можам цябе пачаставаць.
— Галодныя, а смеяцёся. Дзірка ў галаве, а ён рагоча.
— А што, каб плакалі, было б лягчэй?
— Ды што гэта ў вас тут? — спытаў сівы ды вусаты.
— Вяселле, бацька».
Аказалася, што госць — знакаміты скрыпач Бан Жвірба, у напеве якога «чуўся начны прыбой ліп на раздарожжы, спеў верасу пад капытамі баявых коней, песня кахання ў заранцы, шолах азёрных хваль, крык вадзянога бугая ў дрыгве і посвіст ветру ў байніцах разбураных вежаў — усё тое, што ёсць наш край». І сказаў Бан Жвірба, што будзе ён на гэтым вяселлі іграць. І ўсё наваколле, забыўшыся на страх, сышлося, каб мець магчымасць паслухаць легендарнага музыку. Маладым нанеслі падарункаў гару… Больш за тое — калі з’явіўся пан з гайдукамі, нічога не змог зрабіць, бо зачаравала яго музыка вялікага скрыпача, і аддаў ён усё золата, што меў пры сабе, і пайшоў.
«І варушылася бузіна на могілках, дзе спачываюць продкі, і сосны шумелі, і чуўся голас:
«Ты чалавек. Ты такі і слабы і смяротны. Шабельны лепшы ўдар песні найгоршай не варты».
Але і гэта яшчэ не ўсё… Калі сышоў Бан Жвірба, Марта і Янук даведаліся, што музыка гэты ўжо месяц як памёр. І прывід іграў ім.
«— Значыць, ён пашкадаваў ваша каханне… нават адтуль, дзе нічога не чуюць».
Хай жа грае для кожнага сапраўднага кахання гэтай зямлі скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў, пушчаў спрадвечных і светлых азёр, і хай на вяселлях гэтай зямлі гучаць спрадвечныя беларускія песні.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ